***

Мы крочылі побач

рука ў руку

да пляча плячо

твар у твар

вочы ў вочы

у рот рот.

Так мы ступалі, крочылі

нага ў нагу,

пакуль ты ня збочыла.

І цяпер вока за вока,

цяпер – зуб за зуб.

Усё, што ты з сабою забрала,

я выскубу, адгрызу —

вярну сабе ўсё,

да сябе вярнуся…

Забяру сабе свае вочы,

з твару змыю твой твар,

адляплю ад вуснаў твае вусны,

вырву руку з рукі.

І калі сэрца сьцісьнецца ад адчаю,

я буду шаптаць, як мантру,

што ты – родная,

баючыся паверыць,

што ты чужая.



Загрузка...