Кандрат сяк-так здабываў будаўнічыя матэрыялы, але нарэшце справа была зроблена. Хата атрымалася прасторная, на два пакоі, з верандаю. Белая печ красавалася ў правым куце, жоўценькая падлога з сасновых дошак цешыла вока.

У кастрычніку перанеслі рэчы, зварыла Ульяна абед, паелі ўсёй сямейкай. Хораша ў хаце, як на свята. Кандрат з палёгкаю ўздыхнуў. Цяпер ніхто не скажа, што мае права на гэтае жытло. Калі Аўдзей хоча, няхай засяляецца ў старую бацькаву хату.

— Цяпер і памерці не страшна, — задаволена сказаў ён Ульяне.

— Цяпер сама пажыць, — з усмешкаю азвалася жонка. — Мы трохі вызваліліся ад працы, дык мо наведаем маю сястру ды запросім на ўлазіны. З самае вясны яе не бачыла, усё справы ды справы.

— Яна не такая занятая, магла б і сама наведаць нас.

— Не хацелася мне ў старую хату нікога запрашаць, цяпер жа не сорамна людзям паказаць, што мы з табою пабудавалі.

— Добра, сходзім у нядзелю, — паабяцаў Кандрат.

З дзяцей дома заставаліся Віталік і Сярожка, які вярнуўся дамоў са спецінтэрната. Дачка Ала вучылася на швачку ў Гродне, старэйшы Алег служыў у войску. У нядзелю Малаша з Сярожкам засталася дома, а Кандрат з Ульянаю і Віталікам выправіліся ў госці. Добра там пасядзелі і пагаманілі. Кандрат не ўтрымаўся, каб не выпіць лішнюю чарку. Ішоў па дарозе, хістаючыся з боку ў бок, як матрос па палубе. Міма праносіліся машыны, асляпляючы фарамі. Ён злаваў і лаяўся:

— Ух, навалач! Скуль вас столькі ўзялося на нашу галаву! Ненавіджу іх! — сказаў ён Ульяне. — Забралі наша поле, наша жыццё! Усё лепшае забралі! Я колькі гадоў ездзіў, зарабляў, потым будаваўся, недаядаў, капейку да капейкі складаў. А яны муруюць сабе будынак за будынкам і раздаюць за так кватэры чорт ведама каму! Донер ветэр!

Кандрат з маладых гадоў вынес гэтую нямецкую лаянку і ўжываў яе значна часцей, чым звычайны мат, бо яна была больш мудрагелістай.

— Аўдзей кватэру атрымаў! Вада халодная, вада гарачая, газ, калі ласка! А я да смерці буду насіць ваду з калодзежа! Не, я не зайздрошчу! Наадварот, ганаруся, што ўсё зрабіў сваімі рукамі, сваімі мазалямі! Мае дзеці будуць мець у спадчыну хату ад бацькі, яшчэ і садок пасаджу! Усё ў мяне будзе! — ён прамаўляў са злосцю, шырокія ноздры раздзімаліся.

Міма пранеслася машына. Кандрат памахаў ёй кулаком услед і крыкнуў:

— Гэй вы, набрыдзь смярдзючая, вы нам усю зямлю спаганілі сваёю атрутаю! Гэтая станцыя штодня ў дзве трубы пыхкае дымам, яшчэ і машыны тудысюды шнуруюць! Слухайце, а чаму гэта яны ездзяць, а мы пешкі сунемся! Ды яны павінны нас на руках насіць, што мы такую зямлю ім падаравалі! Кандрат азірнуўся, убачыў, што іх даганяе машына і кінуўся ёй наперарэз, махаючы рукамі і крычучы:

— Стой, паскуднік! Стой, кажу!

Завішчалі тармазы, машыну развярнула на месцы і недзе там пад машынаю апынуўся Кандрат. Ульяна загаласіла, кінулася да мужа. У святле фараў убачыла ягоную скрываўленую галаву. Ён быў непрытомны.

Кандрат так і не прыйшоў да памяці. Тры дні яго патрымалі ў рэанімацыі. А потым душа ягоная адляцела на вечны спачын. Над яго труною Ульяна галасіла на ўсе могілкі, называла словамі, якіх ён ад яе жывы ніколі не чуў, саколікам ды ясным месячыкам. Малаша плакала ціха, нешта прамаўляла сама сабе і ніяк не магла ўзяць да розуму, чаму Бог забраў у яе некалі маленькую дачку, потым маладога мужа і сярэдняга сына, а цяпер і самы малодшы Канд­рат выправіўся за імі. Чым яна ўгнявіла Бога, што столькі стратаў выпала на яе долю, ці ж можна гэта перажыць, не звар’яцець, не акалець самой? Нельга, каб дзеці паміралі раней за маці!

Пасля пахавання ў хаце ўсталявалася гнятлівая цішыня. Малаша крыўдавала на Ульяну і ўнука, што не ўтрымалі Кандрата. Ужо ж яны ведалі, які ён нястрыманы, калі п’яны. Але нічога нельга было паправіць. Бог забраў сына, а з Богам не паспрачаешся.

Каб суцешыць маці, па вечарах пачаў заходзіць Аўдзей, сядзелі з Ульянаю за сталом, вячэралі, выпівалі пляшку самагонкі, згадвалі Кандрата. Мала­ша дрэнна адчувала сябе, ляжала на печы, маўчала, не мела сілы гаварыць. Удзень яна яшчэ трохі варушылася, а пад вечар знемагалася, старасць паступова падбіралася да яе. Глядзела яна на Аўдзея і Ульяну, думала, няхай бы ён кінуў жонку з чужыны, а прыйшоў да нас, дык і зажылі б мы няблага. Ульяне ж яшчэ дзяцей трэба падгадаваць.

Калі Аўдзей заседжваўся дапазна, па яго прыходзіла Таіса, сціпла прымошчвалася на ўслоне, каля парога, маўчала, слухала гаворку, пасля лагодна пачынала ўгаворваць мужа вярнуцца дамоў. Ульяна моўчкі ціснула Аўдзею на нагу пантофлем пад сталом, як ён разумеў, прапаноўвала застацца. Але ён шкадаваў Таісу і сыходзіў разам з ёю. Аднойчы жонка сказала Аўдзею:

— Калі табе падабаецца Ульяна, дык бяры з хаты, што хочаш, і ідзі да яе, я табе слова супраць не скажу.

— А чаго гэта я да яе пайду? — абурыўся Аўдзей. — У мяне ёсць свая хата і жонка.

Ён перастаў хадзіць у новую Кандратаву хату. А потым дазнаўся, што занемагла маці, паклалі яе ў бальніцу і сказалі, што позна старая звярнулася, нават аперацыю не ўзяліся рабіць. Малаша згарэла хутка, за нейкія тры тыдні. Перад смерцю яшчэ пабачылася з Аўдзеем і незадаволена сказала:

— А ты, дурань, купі на мае памінкі тры пляшкі гарэлкі.

Ён ведаў, чым была незадаволена маці: не тую жонку сабе выбраў у маладосці і цяпер адмовіўся ад Ульяны. Хвалявалася Малаша за лёс унукаў, хацела, каб Аўдзей стаў ім бацькам. А ён не мог пакінуць Таісу, хоць сварыўся з ёю, часам біў яе, але лічыў самаю прыгожаю і разумнаю жанчынаю. А Ульяна была яму чужая і не патрэбная.

— Даруй, маці, калі што не так, — толькі і сказаў ён у адказ.

Ён выканаў яе запавет, купіў на памінкі тры пляшкі гарэлкі і выпіў з нейкім выпадковым чужым чалавекам на верандзе за вечар. Недзе апоўначы прыйшла па яго Таіса і амаль непрытомнага прывяла дамоў.


41

Пасля смерці Кандрата і Малашы Ульяніна хата зусім апусцела, пуста было і ў каліце. Якія заробкі ў калгасе? Хіба дадуць сена карове, салому на падсціл ды кармавых буракоў свінням. Але нядоўга заставалася Ульяна толькі з малодшымі сынамі Віталем і Сярожкам. Прыйшоў з войска Алег, адразу ўладкаваўся на працу, дык у хаце з’явіліся такія-сякія грошы. Ульяніна душа пачала адтаваць. Яна чакала, што хутка павінна вярнуцца з вучэльні Ала, дык і будуць зноў усе разам. Але дачка прыслала ліст, што збіраецца замуж за нейкага хлопца з Казахстана, а таму, як толькі яго дэмабілізуюць, паедзе знаёміцца з ягонымі бацькамі. Ульяна напісала дачцэ, што таксама хацела б пазнаёміцца з будучым зяцем, але адказ прыйшоў з Казахстана. Ала была ўжо там. Ульяне нічога не заставалася, як павіншаваць дачку ды выслаць пасылкаю загадзя назапашаны пасаг: настольнікі, ручнікі, коўдру ды іншую розную дробязь, неабходную ў гаспадарцы, каб не казалі пра дзяўчыну, што прыехала на ўсё гатовае да свякроўкі, а мела ўласныя рэчы ды часцей згадвала маці.

Ульяна зусім супакоілася, зрэшты, яна не адна ўдава на вёску. Рана цяпер адыходзяць на той свет мужчыны. Што зробіш, трэба змірыцца. Яна была шчаслівая і тым, што трое яе сыноў пры ёй, а большага шчасця ёй і не трэба. Ды Ульянін спакой нечакана забрала Палкоўнічыха, нахабная маладзіца, якая мела траіх малалетніх дзяцей. Невядома дзе пазнаёмілася яна з Алегам, які пачаў да яе хадзіць ды прапіваць з ёю грошы. Дайшло да таго, што аднойчы Алег аддаў ёй увесь заробак за месяц. Ульяна не вытрымала і надвячоркам пайшла сварыцца. Палкоўнічыха адчыніла дзверы з цыгарэтаю ў руцэ і спытала:

— Што табе трэба, цётка?

— Хачу пра Алега з табою пагутарыць...

— Ах, пра яго? Ну, заходзь! А ты хто яму будзеш? Маці? А я думала бабуля, — зарагатала Палкоўнічыха. — Паслухай, Танька, што робіцца, да нас Алегава маці прыйшла.

У калідор высунулася кудлатая жаночая галава з п’янымі вачамі, якая прамовіла:

— Давай яе сюды, за стол.

Палкоўнічыха падштурхнула Ульяну, скіроўваючы яе на брудную кухню, дзе на стале стаяла пустая пляшка гарэлкі і толькі распачатая з «чарнілам».

— Заходзь, заходзь, я Алега люблю. Ён добры хлопец, не скупы. Выпі з намі чарку.

— Не буду я з вамі піць! — заўпарцілася Ульяна, з агідаю пазіраючы на брудную кухню. — Я прыйшла сказаць, каб ты пакінула майго сына ў спакоі.

— Нашто табе твой сын? Мо ты сама будзеш з ім спаць? — зарагатала Палкоўнічыха.

— Як у цябе язык павярнуўся такое сказаць? Яму трэба добрая дзяўчына, каб ажаніцца ды сям’ю стварыць, а не такая гуляка, як ты.

— Гэта я гуляка? Ды ў мяне муж палкоўнік быў, у Афгане загінуў! — выпучыла магутныя грудзі гаспадыня.

— Увесь горад ведае, што твае дзеці ад розных бацькоў, а ты й сама не ведаеш ад каго! Палкоўнічыха задрыпаная знайшлася!

— Паслухай, Танька, яна мяне ў маёй хаце з граззю змяшала! Што мы з ёю зробім?

— Намылім шыю, расквасім нос і размажам суку па сцяне, — адказала хаўрусніца і, хістаючыся, паднялася з-за стала.

Абедзве п’яныя жанчыны наваліліся на Ульяну, пачалі малаціць кулакамі па чым папала. Толькі тое, што яны дрэнна трымаліся на нагах, выратавала госцю. Яна адштурхнула іх і рынулася да дзвярэй. Ужо на лесвічнай пляцоўцы Палкоўнічыха ўхапіла Ульяну за крысо паліто і не выпускала, валаклася следам. На дварэ іх дагнала Танька. Яны наваліліся на Ульяну, кінулі на лаўку, не адпускалі.

— Што зробім з ёю? — спытала Палкоўнічыха.

— Халера яе ведае. Мо каменем галаву расквасім?

— Алег пакрыўдзіцца.

— Давай прывяжам да дрэва, няхай пастаіць і падумае, на што яна замахнулася! Захацела ўласнага сына пазбавіць кахання! Ты чуеш, старая, мяне твой Алег кахае без памяці! — сказала Палкоўнічыха. — Не чапай ні мяне, ні яго, бо я цябе прыдушу!

Зняможаная Ульяна маўчала і ўсё тузалася, каб як вырвацца з агідных абдымкаў. Пакуль мажная Палкоўнічыха трымала Ульяну, хаўрусніца адвязала вяроўку, што была прымацаваная паміж слупамі для сушкі бялізны. Праз нейкіх пяць хвілін Ульяна ўжо стаяла прывязаная да дрэва і плакала ад безвыходнасці. Чакала, мо нейкі чалавек дапаможа ёй. Але ўжо сцямнела і чамусьці, як на злосць, на вуліцу ніхто не выходзіў. Недзе праз паўгадзіны яна нарэшце ўбачыла Алега, які кіраваўся да Палкоўнічыхі, паклікала яго:

— Сынок, дапамажы мне.

Алег пра ўсё здагадаўся, не стаў нават нічога пытаць, бо дома Віталь яму сказаў, што маці пайшла сварыцца да Палкоўнічыхі. Ён разрэзаў вяроўку сцізорыкам і сказаў Ульяне:

— Не чапай яе, мама. Яна адчайная, я сам не ведаю іншы раз, што ад яе можна чакаць. Кахаю яе, не замінай нам.

— Калі кахаеш, дык жаніся, чаго швэндаешся, — ні дома, ні ў дарозе.

— Не хоча яна. Волю любіць.

— Самадайка яна! Галаву табе тлуміць! Не будзе ў цябе жыцця з ёю, сынок.

— Без яе мне таксама не жыць.

— Божа літасцівы, зусім хлопец розум страціў, — заплакала Ульяна. — Яны мяне там ледзь не забілі, а ты зноў пойдзеш туды? Ды ці мала дзяўчат навокал?!

— Пайду, — упарта адказаў Алег, але працягваў весці маці пад руку.

Так яны і прыйшлі разам дахаты, але сын дома не затрымаўся. Ульяна

толькі з дакорам і крыўдаю паглядзела яму ўслед. Старэйшага сына яна лічыла самым разумным і прыгожым. А выйшла — памылілася.

— Як ты можаш ісці туды! Яна ж ледзь не забіла мяне! — крыкнула яна сыну ў спіну, ён нават не азірнуўся. — Дык і не прыходзь! Заставайся з тою самадайкаю!

Думала сын у сенцах не пачуе. Аднак памылілася і шмат разоў пашкадавала, бо Алег пасля гэтага застаўся жыць у Палкоўнічыхі.


42

Шкада было Ульяне Алега, але нічога не зробіш, мусіць, такі ягоны лёс. Дома заставаліся яшчэ два сыны, Сярожка і Віталь, з якімі таксама хапала клопатаў. Малодшы так-сяк заканчваў дзясяты клас, а сярэдні швэндаўся без усялякай справы ці на дварэ, ці ішоў у Сіньгорад. Дома зімой асаблівай працы не было, хіба што накалоць дроў ды прынесці вады. Карову Ульяна не трымала пасля таго, як памерла Малаша. Малако можна і ў краме купіць, праўда, не такое смачнае, як сваё, аднак і турботы ніякае не ведаеш, заплаціў грошы — і пі на здароўе. Дарэчы, яе хлопцы больш любілі гарэлку, чым малако. Такія ўжо ўдаліся, мусіць, у бацьку. Усяго гаспадаркі было ў Ульяны, што куры. Планавала вясной пры нагодзе купіць парасятка, каб да каляд мець скварку.

Менавіта тады ў вясновую пару раптам вярнулася дамоў Ала з малою дачушкаю. Сказала маці, што муж яе прыраўнаваў да некага, яна пакрыўдзілася і паехала дамоў.

— Навошта ты паспяшалася? Ці мала што ў жыцці бывае! Можна ж было разабрацца ды і жыць.

— Пра што ты, мама, кажаш? Як разабрацца? Я наогул нічога не разумела, што яны кажуць на сваёй мове. Завёз мяне ў нейкі кішлак, дзе ўсяго дзесяць гліняных хатак. Мне іхняе жыццё не спадабалася. Там усё не так, як у нас.

Голас у Алы быў гнусавы, але ад абурэння і нянавісці нават з’явіліся ў ім нейкія металічныя ноткі. Ульяна глядзела на дачку і не пазнавала, іншая яна стала, пасталела, узмужнела.

— Прыехала, дык і добра, я хоць на ўнучку сваю пагляджу, палашчу яе, папешчу. А каб жыла ў тых казахаў, дык, мусіць, і не сабралася б дахаты наведацца.

Ульяна ўзяла на рукі дзяўчынку з вузкімі чорнымі вочкамі і пляскаценькім тварыкам, ды ўсё ж вельмі прыгожанькую, прытуліла да грудзей, пацалавала ў лоб, потым узняла высока, усміхнулася малой, і тая адказала радаснаю ўсмешкаю, прызнаючы сваю бабулю.

— Анжэлка! Анжэлка! Якая прыгожанькая ты ў нас расцеш! Шкада, што дзед Кандрат яе не бачыць, вось быў бы задаволены. Алегава Палкоўнічыха нам унука не народзіць, у яе сваіх ужо трое. Цяпер шмат дзяцей ніхто не заводзіць. Алег да нас не прыходзіць. Яна яго, мабыць, не пускае. Не інакш, як прычаравала хлопца.

— Мне вельмі хацелася прыехаць цяпер, напярэдадні майго дня нараджэння. Каб мы сабраліся ўсе разам. Трэба і Алега паклікаць. Даўно не бачыліся. Я помню, як ён мяне малую няньчыў і на руках насіў, — сказала Ала.

— Што і казаць, добры быў наш Алег, пакуль з гэтаю выдраю не звязаўся. Пашлём Сярожку, мо ўгаворыць яго, — сказала Ульяна.

Праз дзень Ульяна прыгатавала добрую вячэру, купіла пляшку гарэлкі. Без Малашы перастала гнаць самагонку, не тое, што ленавалася, а не хацела лішні раз уводзіць сыноў у спакусу. Паселі за стол, чакалі Алега. Не прыйшоў, мабыць, Палкоўнічыха не дазволіла. Выпілі па чарцы за здароўе імянінніцы, а таксама за малую пляменніцу, і пляшка апусцела.

— Дай, маці, яшчэ гарэлкі. Мы ж толькі вусны памачылі! — папрасіў Віталік.

— І хопіць. Бач на яго, яшчэ вусы не выраслі, а ўжо давай яму гарэлку!

Сярожка таксама нешта патрабавальна прабурчаў, па барадзе ў яго цякла сліна, выглядаў агідна, але сямейнікі ўжо звыклі да ягонага твару і не звярталі ўвагі.

Ульяна ўстала з-за стала і сказала:

— Пабалявалі і годзе! Буду посуд прыбіраць.

— Маці, дай грошай, я пайду яшчэ хоць «чарніла» пляшку куплю, — папрасіў Віталь.

— Адчапіся, няма ў мяне грошай.

— Гондэ, у кішэні, я ж бачыў, — Віталь пацягнуўся да матчынай кішэні.

Яна адхіснулася. Ён незнарок штурхнуў яе. Ульяна зачапілася за паморшчаны ходнік і звалілася на падлогу. Бразнулі дзверцы грубкі.

— Дурань ты! — крыкнула Ала на Віталіка і памкнулася, каб падняць маці, але тая ляжала на баку нерухома.

Дачка прыпала да яе грудзей, каб паслухаць, ці б’ецца сэрца і ў жаху адхіснулася.

— Ты забіў яе! — закрычала яна.

— Я не хацеў! Ты ж бачыла! Я не вінаваты! Яна сама крутнулася, упала і стукнулася аб зашчапку грубкі.

— Сярожка, паглядзі за малой, — крыкнула Ала. — Я пабягу па хуткую.

— Можа, патэлефанаваць ад Ленінкі? — прапанаваў Віталь.

— Я сама хутчэй дабягу, тут нейкіх трыста метраў.

Сапраўды, бальніца была блізка, Сіньгорад не паспеў разрасціся і стаяў побач з вёскаю. Ала выбегла з хаты, а Віталь нахіліўся над маці, тузаў яе за рукаў, спадзяваўся разбудзіць нерухомае цела і знямелыя вусны. Ён плакаў, седзячы на падлозе. Сярожка сеў побач і таксама завыў неяк ненатуральна, па-звярынаму. Заплакала малая на ложку. На яе ніхто не звяртаў увагі.

Віталю здалося, што мінула цэлая вечнасць, пакуль вярнулася Ала з дзяўчатамі ў белых халатах. Доктарка канстатавала, што Ульяна мёртвая.

— Я ў міліцыю, — сказаў Віталік і выйшаў з хаты ў адной белай расцягнутай майцы.

— Апраніся! — крыкнула яму Ала наўздагон, але ён нічога не пачуў, адна жудасная думка свідравала ягоны мозг: «Я забіў сваю маці!»

Гэтая думка паўтаралася бясконца, быццам ён сам сабе выносіў прысуд, бо разумеў, што пасля гэтага не мае права жыць, вяртацца дамоў, глядзець у вочы братам і сястры. Адначасова ўзнікала слабое апраўданне: «Яна сама. Я не вінаваты. Г эта няшчасны выпадак.»

Пасля блытанага прызнання і тлумачэння, пасля званка дзяжурнага міліцыянера на станцыю хуткай дапамогі, Віталя пасадзілі ў асобны пакой, дзе ён скурчыўся ў кутку і спрабаваў сагрэцца. Яго калаціла так, што зуб не трапляў на зуб, сутарга зводзіла ногі. Ён сціскаў сківіцы, каб не закрычаць. Потым раптам яму зрабілася горача. Галава і ўсё цела палалі ў пякельным агні. Ён разадраў майку і скінуў яе з плячэй. А потым ужо і не помніў, як рваў яе на кавалачкі і жаваў, быццам сам сябе хацеў знішчыць, раструшчыць, каб і следу не засталося. Калі раніцай міліцыянер прыйшоў па яго, каб яшчэ раз дапытаць, ад майкі нават ніткі не засталося.


43

З Віталем у міліцыі разабраліся хутка, ён узяў усю віну на сябе. Меліся сведкі. За ненаўмыснае забойства маці суд прысудзіў яму кару — восем гадоў зняволення. Яго завезлі адбываць тэрмін у турму. Некалькі разоў Ала наведвала брата, а найчасцей пасылала няхітрыя пасылкі: сала, тлушч, цыбулю, цыгарэты, нешта з бялізны. Асабліва раскашаваць не даводзілася, працавала на будоўлі, зарабляла мала, а трэба ж было і за малую ў садку плаціць і дровамі запасацца ды і Сярожку ўтрымліваць за свой кошт, бо якая ў яго тая пенсія. А яго ж абуць ды апрануць трэба.

Віталік пазнаёміў Алу з нейкім сваім хаўруснікам па турме Ігарам. Вязень і дзяўчына пачалі перапісвацца. Ігар пісаў прыемныя лісты, расказаў пра сябе, што сядзіць з-за ўласнага маладога глупства, у час бойкі на танцах стукнуў аднаго хлопца пад дых, а ён аказаўся слабаком, там на месцы і памёр, мусіць, не столькі ад болю, колькі ад страху. Рос Ігар без бацькі, маці колькі гадоў таму пакінула гэты свет, яму засталася хата ў прыгарадзе Магілёва, туды ён і збіраўся вярнуцца пасля вызвалення. Папрасіў Алін фотаздымак, а калі атрымаў, дык напісаў, што дзяўчына яму вельмі спадабалася. Хутка ён вызваляецца і прапаноўвае ёй руку і сэрца.

Ала звыкла да ягоных лістоў, нецярпліва чакала іх. Незаўважна Ігар завалодаў яе душою і думкамі. Была перакананая, што з ягоным вызваленнем яна распачне новае жыццё. Праўда, хвалявалася за Сярожку: хто яго дагледзіць? Ды Алег паабяцаў узяць гэты клопат на сябе.

У Магілёў Ала паехала з Анжэлкаю. Ігар сустрэў іх на вакзале, прыехаў з нейкім сваім прыяцелем на машыне. Абняў і пацалаваў каханую, пагладзіў па галоўцы Анжэлку, пахваліў, што прыгожая дзяўчынка. Прывёз дамоў, завёў у брудны пакой з абадранымі шпалерамі і старою замусоленаю мэбляю. «Нічога — падумала Ала, — адмыю, адшарую». Гаспадар накарміў гасцей, і вельмі рана паклаў адпачываць з дарогі. Ала зразумела, што яму хацелася палюбіцца з ёю. А ёй Ігар знешне здаўся зусім не прывабным: нізкарослы, на кароткіх нагах, лысаваты, звычайны, на такога ў натоўпе ўвагі не звернеш. Не хацелася ёй спяшацца, пачынаць жыццё адразу з пасцелі, думала проста пагасцяваць, агледзецца, але не атрымалася. Ужо ў тую першую ноч яна адчула, які ён жорсткі і непрадказальны, але падумала, што засумаваў чалавек у турме па жаночай ласцы, вось і не трываецца яму атрымаць усё і адразу.

Так пачалося іхняе сумеснае жыццё і доўжылася гады тры. Ала зноў падалася на будоўлю, Анжэлка пайшла ў першы клас. Ігар уладкоўвацца на сталую працу не спяшаўся, а штодня некуды ездзіў са сваімі хаўруснікамі, якія, як ён казаў, танна куплялі ў сялян свіней, бульбу, гуркі, памідоры, чарніцы, парэчкі, а потым усё гэта перапрадавалі на рынку па значна больш высокай цане. Прынамсі, такія-сякія грошы ў яго вадзіліся. З першага дня ён папярэдзіў Алу, каб на яго заробкі не разлічвала. Яна прэтэнзій не мела. Зарабляла не шмат, але на сябе і Анжэлку хапала. Ды ў хуткім часе Ігар пасварыўся, прынамсі, ён так тлумачыў, з былымі хаўруснікамі. З’явіліся нейкія новыя сябры, якія нічога не зараблялі, а найчасцей прыходзілі да Ігара, каб выпіць.

У адзін з восеньскіх вечароў Ала вярнулася з працы з пакункамі, прынесла харчы і застала дома вясёлую кампанію. Хлопцы ўжо ўсё, што мелі, павыпівалі і з надзеяй пазіралі на маладзіцу.

— Мо ты якую пляшку прынесла? — спытаў Ігар.

— Яшчэ чаго не хапала, выпіўку табе насіць! — адказала яна раздражнёна.

— Дык зрабі нам што паесці, — прапанаваў гаспадар.

— Ага, зараз, разагналася! Мала што цябе кармлю, дык яшчэ і алкаголікаў сваіх хочаш мне на шыю павесіць! Пайшлі прэч адсюль, расселіся, як на імянінах! — пачала яна выганяць мужавых хаўруснікаў.

— Не чапай маіх сяброў! Я за іх горла ўсялякаму перагрызу! — закрычаў Ігар.

Але мужчыны, адчуваючы, што ім нічога добрага не перападзе, панура ўсталі з-за стала і папляліся да выхаду. Ігар пайшоў іх праводзіць. Ала спытала ў Анжэлкі, як яе справы ў школе. Малая адказала, што ўсё добра, толькі Максім Малюк чамусьці да яе чапляецца і тузае за касу.

— Патрывай, я ў суботу прыйду ў школу, пагутару з гэтым паскуднікам, — паабяцала маці і звыкла прынялася варыць вячэру.

Анжэлка ўмасцілася на канапе, гартала кніжку. Ігар уварваўся ў пакой злосны, як раз’ятраны бык.

— Хто ты такая, каб тут распараджацца?

— Здаецца, яшчэ сёння была тваёю жонкаю, — спакойна адказала Ала.

— Ты жонка? — з пагардаю спытаў Ігар і брыдка вылаяўся. — Ды такіх жонак у мяне — хоць гаць гаці.

— Не лайся, тут дзяўчынка!

— Што? Мо я яшчэ павінен у вас прабачэння прасіць за нецэнзурныя словы? Вымятайся з маёй хаты са сваёй...

Ён не дагаварыў, схапіў Анжэлку і шпурнуў на падлогу, а сам лёг на канапу. Ала дапамагла падняцца дачцэ, спытала, што ёй баліць?

— Каленам моцна выцялася і локцем, — паскардзілася дзяўчынка.

Ала агледзела даччыны болькі, на калене і локці красавалася па сіняку, пацалавала, падзьмухала, каб хутчэй зажывала.

— Ты навошта дзіця крыўдзіш? Што яна табе зрабіла? — спытала разгневаная жонка.

— Маўчы, бо зараз абедзвюх прыкончу і ў агародзе закапаю, ніхто слядоў не знойдзе. Мне не першы раз! — адказаў Ігар, пыхкаючы толькі што прыкуранай цыгаркаю.

— Ты — забойца! Яшчэ і выхваляешся гэтым! Божа мой, з кім я звязала свой лёс!

— Маўчы! Задушу! — зароў Ігар, устаючы з канапы і накіроўваючыся да Алы.

«Зараз зноў будзе біцца», — з адчаем падумала яна. У яе душы ў гэты момант прачнулася натура бабы Малашы, якая ўмела бараніць сябе і сваіх дзяцей! Ала схапіла са стала вялікі кухонны нож, якім толькі што крышыла капусту на салату, ступіла першай да яго, усадзіла ў пукаты жывот і адскочыла ўбок. Сама здзівілася, як лёгка ўвайшоў нож у цела, быццам у масла. Ігар сагнуўся папалам, цяжка выдыхнуў і ўпаў на падлогу. Вакол яго расцяклася лужына крыві і яшчэ нечага смярдзючага.

Ала абняла дачку і сказала:

— Не бойся, Анжэлка, ён нас больш і пальцам не кране.

— Мама, там кроў!

— Гэта віно, чуеш, як смярдзіць! Пойдзем адсюль.

Ала завяла дачку да суседзяў, выклікала міліцыю і хуткую дапамогу, вый­шла на вуліцу, застыла каля весніц у чаканні. Усё жыццё прамільгнула перад ёю за тыя дваццаць хвілін, пакуль з’явіліся міліцыянеры і дактары. Яна не разу­мела, чаму ёй пры жывых бацьках не шанцавала з маленства. Мусіла вучыцца восем гадоў у спецінтэрнаце на казённых харчах, ад якіх заўсёды хацелася есці. Насіла казённае адзенне, а потым яшчэ тры гады гэтак жа існавала ў вучэльні. Жыццё замужам за казахам не дадало радасці. А што датычыцца Ігара — дык гэта наогул не жыццё было, а кара Божая невядома за што. Самая страшнае, што пакутавала не толькі яна, але і дачка. Дзяўчынка расла вельмі ўражлівая і знерваваная, адмаўлялася называць айчыма бацькам, хоць ён упарта гэтага дамагаўся. Навошта? Невядома. Мо хацеў іншы раз казырнуць перад сябрамі, маўляў, глядзіце, які я шчаслівы, усё ў мяне, як у людзей.


44

За наўмыснае забойства Ала была асуджана на дванаццаць гадоў турмы. Дачку яе забралі ў дзіцячы дом. Яна пісала лісты Анжэлцы так часта, як толькі дазваляла турэмнае начальства, гэта падтрымлівала ў расстанні абедзвюх. Яны апантана марылі пра сустрэчу. Ала рабіла ўсё для таго, каб нічым не правініцца, не парушыць турэмны парадак. З жанчынамі, якія адбывалі пакаранне разам з ёю, не задзіралася, засяроджаная на сваім клопаце пра дачку. Ніхто Але пасылак не прысылаў, ніхто не падтрымліваў, яна выжывала толькі вялікім жаданнем зноў сустрэцца з Анжэлкаю.

Пашчасціла з амністыяй, ёй удвая скарацілі тэрмін, і яна раптам апынулася на волі. Найперш паехала да Анжэлкі ў дзіцячы дом і забрала яе адтуль. Абедзве былі такія шчаслівыя, што трымалі адна адну за руку, не жадаючы нават на момант разлучацца. Маці не магла налюбавацца на сваю чарнявенькую, па-ўсходняму прыгожую дачку. Дзяўчынка вырасла, пятнаццаць гадоў — той пераходны ўзрост, калі ўжо страчваецца падлеткавая вуглаватасць, і праступаюць абрысы будучага дзявочага хараства.

Ала вырашыла ехаць спачатку ў Ляды, бо даўно не атрымлівала стуль ніякіх вестак, ніхто ёй не адказваў на лісты: ні Алег, ні Віталь. Крыўдавала на іх, няўжо цяжка тры словы сястры напісаць?

Плот каля хаты ляжаў покатам, вокны выбітыя, дзверы расчыненыя. Мэблі ніякай, толькі пасярод хаты валялася нейкае бруднае рыззё. Ала зразумела, што з братамі здарылася нешта нядобрае. Пайшла пытаць да суседзяў. Цётка Вольга, жонка Міколы Ленінкі, запрасіла яе ў хату, пасадзіла за стол, пачала частаваць абедам.

— Ды скажыце, нарэшце, дзе мае ўсе?

— Паабедайце спачатку, а потым пагутарым. Усё раскажу. Якая ў цябе дачушка прыгожая, проста лялечка!

Ала хуценька пасёрбала боршч, закусіла прасяною кашаю, ад узвару адмовілася і падрыхтавалася слухаць. Цётка Вольга ўздыхнула і сказла:

— Мацуйся, Алачка, горка казаць, але тваіх братоў нікога ўжо няма на гэтым свеце.

— Як? Чаму? — спытала Ала, не даючы веры цётчыным словам.

— Пэўна, такі лёс.

Анжэлка, якая дапівала ўзвар, адставіла шклянку, насцярожылася.

— Кажыце ўжо, кажыце, як ёсць, — папрасіла Ала.

— А дзяўчынка?

— Няхай слухае, яна і не такое бачыла, беднае маё дзіця, — Ала абняла дачку. — Яна ў мяне мужная, уся ў бабу Малашу. Кажыце.

— Пачалося ўсё з таго, што Палкоўнічыха аддала Алега лячыцца ад алкагалізму на сорак дзён. Якраз у гэты час выпусцілі Віталіка з турмы, не ведаю, як там і што было, але злыгаўся ён з Палкоўнічыхаю. Алег вярнуўся з лячэння і заспеў іх тут разам у ложку голых і п’яных, паглядзеў на іх, пабудзіў, павітаўся, сказаў, маўляў, рады быў пабачыцца. Пайшоў да Палкоўнічыхі на кватэру і засіліўся на яе калготках. Так ужо Віталік плакаў на ягоным пахаванні. Але што цяпер зробіш? Мёртвага слязамі не падымеш. Застаўся Віталік жыць з Сярожкам удвох. Ні працы, ні грошай няма. Сяргеевай інвалідскай пенсіі толькі на тры дні на гарэлку хапала. Звязаўся Віталік з валацугамі, укралі ў чалавека свінню, за гэта твайго брата зноў у турму пасадзілі на два гады. Сярожка застаўся адзін.

Ала ўсхліпнула, не маючы сілы стрымліваць слёзы і ўяўляючы, як яе хворы брат бедаваў тут адзін.

— Не плач, Алачка, — сказала цётка Вольга, — мы іх аплакалі за цябе і за ўсю радню.

— Кажыце, кажыце.

— Сярожка хадзіў у пякарню хлеба прасіць, на рынку дзе якога гурка ці памідора хто-небудзь даваў. Да Палкоўнічыхі наведваўся па старой памяці. Каля яе дома і знайшлі яго мёртвага. Людзі казалі, што, мусіць, яна яго з акна выкінула, вельмі ж пабіты быў. Але ніхто ў суд не падаваў і вінаватых не шукаў. Пахавалі і яго.

— Дзе тая Палкоўнічыха? Невядома, што з ёю зраблю! — ускрыкнула госця.

— Няма яе. Памерла, згарэла ад гарэлкі.

— Што з Віталікам? — спытала Ала, не маючы сілы стрымліваць слёзы, дачка таксама плакала.

Цётка Вольга выцерла вочы ражком хусткі і працягвала аповед:

— Віталік вярнуўся з турмы і пачаў жыць з Тумбаю Мікітаваю.

— А хто гэта? — спытала Ала.

— Гэта з Янавічаў маладзіца такая, п’яніца. Гналі яны самагонку ды прадавалі. Тым і зараблялі сабе на жыццё. Але аднойчы прыйшлі да іх нейкія людзі, нешта яны не паладзілі паміж сабою, усчалася бойка. Тумба памерла адразу, а Віталік яшчэ тры дні пажыў і сканаў. Усе твае браты цяпер на кладах, толькі магілы іхнія ў розных месцах раскіданыя.

— Наведаю іх, — сама сабе сказала Ала.

— А што ты будзеш далей рабіць?

— Прадам хату і паеду ў Магілёў. Я пісала на ранейшае месца працы, мяне абяцалі ўзяць і ў маласямейцы дадуць пакой. Там не хапае тынкоўшчыкаў-маляраў, а ў мяне трэці разрад, — не без гонару сказала Ала.

— Дай божа, каб усё ў цябе атрымалася.

Ала развіталася з суседкаю, вярнулася ў бацькаву хату, знайшла ў каморы лісты фанеры, заставіла вокны, памыла падлогу.

— А дзе ж мы спаць будзем? — спытала Анжэлка.

— На печы, — адказала з усмешкаю Ала. — Печ накорміць, напоіць і спаць пакладзе. Яна галоўная гаспадыня ў хаце. Пойдзем у горад, павесім аб’яву, што хата прадаецца, а заадно наведаем майго дзядзьку Аўдзея. Некалі я хадзіла да яго ў ванну мыцца з бабаю Малашаю.

Старая цётка Таіса сустрэла гасцей прыязна, дзядзька таксама ўсміхаўся, праўда, прамаўляў ён марудна і неразборліва, быў паралізаваны. Правая рука з пакручанымі пальцамі вісела, як нежывая, і нага адна таксама дрэнна слухалася, ён з цяжкасцю перамяшчаўся з кульбакаю па кватэры, засланай дываном. Усё тут было, хоць і небагата, але добра абстаўлена і чысценька прыбрана.

Гаспадыня прысунала нізкі столік да канапы, паставіла няхітрыя пачастункі: бульбу, гуркі, каўбасу, запрасіла гасцей павячэраць, пацікавілася Аліным жыццём, спачувальна згадвала яе братоў ды бацькоў.

— Гарэлка вінаватая, — сказаў дзядзька Аўдзей. — Каб я не піў ды не курыў, дык мо яшчэ і здаровы быў бы. А так во сяджу, як пень трухлявы.

— Добра разважаеш, а каб сто грамаў паднесла, дык не адмовіўся б! — папракнула цётка Таіса.

— А што, успомніў бы маладосць! Колькі я тае гары перапіў, мо цыстэрну ці дзве.

— Г арбатага магіла выпрастае.

— А як жыве ваш Міця? — спытала Ала.

— У Мурманску ён служыў на падводнай лодцы, цяпер на пенсіі. Там і кватэру атрымаў. Дзяцей у яго няма, а жонка любіць ездзіць толькі на цёплае паўднёвае мора. Бывае ён у нас гады ў рады. Як паўміраем, дык мо і на пахаванне не паспее, — з горыччу сказала цётка.

На развітанне яна падаравала Анжэлцы прыгожую кофтачку, што прыпасла невядома калі і для каго, мо для нявесткі, а Але квяцістую хустачку, абняла, пацалавала і сказала:

— Добра, што хоць вы выжылі. Без вайны, без пошасці ледзь не ўвесь род звёўся. Будзьце здаровыя, дзеткі, няхай вам Бог памагае.

Ала з Анжэлкаю выйшлі прыцемкам з пад’езда, узяліся за рукі і спыніліся.

— Куды цяпер? — спытала дачка.

— Паабедалі мы і павячэралі, цяпер зойдзем у гастраном, купім штонебудзь на сняданак. Заўтра наведаем тваіх дзядзькоў на могілках, а потым, як хату прадамо, паедзем пачынаць з табою новае шчаслівае жыццё. І нікому не дазволім яго сапсаваць.

Ала ішла і думала, што занадта моцна яе бацька прырос да зямлі, вось і выкарчавала яго віхура часу разам з карэннем. А дзяцей, як бязроднае насенне, разнесла па свеце, закружыла, але не здолелі яны без бацькоўскай падтрымкі пусціць карані на гэтай зямлі, а таму без пары пайшлі ўглыб яе прарастаць травою.

Ля гастранома дзве бабулі сварыліся з-за пляшкі са сметніцы. Адна была худзенькая і прыгорбленая, другая — мажная з выпучаным наперад жыватом і белымі кудзеркамі вакол ілба, як у маладосці.

— Гондэ мае пляшкі! — даводзіла тоўсценькая. — Ты каля свайго гастранома збірай!

— А мо ты купіла гэты гастраном, што камандуеш тут? — абуралася хударлявая.

Ала адразу пазнала іх: гэта былі Бабціна Луця і Сабакарова Стэпка, усміхнулася сама сабе радасна, што пабачыла дзвюх старых жыхарак Лядаў, якія даўно сталі гараджанкамі, капаючы рыдлёўкамі пад траншэі родную зямлю. Не павіталася з імі, ведала, што яны яе не помняць, вельмі мала жыла яна ў вёсцы. Здзівілася толькі, што жанчыны хоць і пастарэлі, але знешне мала змяніліся. Пэўна, не рабілі зла, таму і не сказіліся іхнія твары. Іншага чалавека сустрэнеш праз дзесяць гадоў і не пазнаеш.

Пашчасціла Але хутка, хоць і танна, прадаць бацькаву хату нейкаму чала­веку пад дачу. Апошні раз яна пераступіла родны парог з горкім і цяжкім разуменнем, што больш ніколі не вернецца сюды. Азірнулася ад весніц, агледзела пусты двор. Вочы заслаліся слязьмі. На нейкі момант яна нібы аслепла, добра, што Анжэлка вяла яе за руку.


ЭПІЛОГ

Прамінула паўсотні гадоў з таго часу, як пачалося будаўніцтва электрастанцыі. Гарадок вакол яе вырас кампактны, прыгожы і не вельмі вялікі. З усходу ён шчыльна падступіў да Лядаў. На поўдзень ад вёскі расцягнуліся цёплы і халодны каналы ад станцыі да Сіняга возера. З захаду і поўначы вёску акаляюць прыватныя катэджы работнікаў электрастанцыі, пабудаваныя на былых паплавах ды балотцах, яны дадаюць сваім гаспадарам шмат турбот з-за высокага ўзроўню вады ў глебе. Вёска паціху памірае. Большасць хат пустуюць. Карэнных жыхароў засталося мала. Іхнія нашчадкі рассеяліся па неабсяжнай тэрыторыі былога СССР і нават далёкага замежжа. Прынамсі, унучка Антося Самоты выйшла замуж за амерыканца і забрала з сабою аўдавелую на той час маці. Некаторыя прыжыліся ў прыватызаваных кватэрах гарадка.

На пахаванне Міколы Ленінкі сабраліся маладзейшыя яго суседзі, бо сярод мужчын ён у вёсцы быў на той час найстарэйшы, пражыў болей за восемдзесят гадоў. Праўда, Харунжы дацягнуў амаль да дзевяноста, але памёр ён раней. Прычынаю стала тое, што раптам сярод белага дня загарэлася сынава хата, дзе бездапаможны стары жыў апошнім часам. Казалі, быццам была няспраўная электраправодка. Хату патушылі. Харунжага гэтая падзея так узрушыла, што ён увесь час паўтараў: «Ой, бяда! Бяда! Бяда!» Мусіць, згадалася яму, як некалі праз яго выгарала з дзясятак хат у вёсцы і падумалася, што гэта кара за той наўмысны падпал яму на старасці апынуцца без даху над галавою. Пасля таго перапалоху ён у хуткім часе сканаў.

Ленінка памёр не сваёю смерцю. На той час ён пахаваў сваіх лепшых сяброў маленства Антося Самоту, Аўдзея Селіча, Сеню Голубава і разумеў, што вось-вось настане ягоная чарга. Хвароба навалілася нечакана і так даймала, што ад болю ён скрыгатаў зубамі. Выпрошваць абязбольваючыя пілюлі ў дактароў не ўмеў і не хацеў, скардзіцца таксама не жадаў. Патрымалі яго трохі ў бальніцы, абследавалі і выпісалі дахаты паміраць. Жонка не адыходзіла ад яго ні на крок, назаляла ўвагаю і спагадаю. Аднойчы, не маючы магчымасці трываць боль, Ленінка наўмысна спыніў гадзіннік і сказаў жонцы, каб ішла ў майстэрню ды паладзіла механізм.

Калі яна вярнулася, дык застала мужа ў пятлі. Вольга пасля ягонай смерці пражыла толькі паўгода і пайшла ўслед за Ленінкам. Яшчэ адна хата апусцела ў Лядах.

Цяпер самы старэйшы мужчына ў вёсцы Якім, дваюрадны Аўдзееў брат, яму таксама ўжо за восемдзесят. Ён цяжка хварэе. Нядаўна з-за гангрэны ампутавалі нагу, якую ён загадаў закапаць у магіле маці. Спадзяецца, што там яна будзе пад надзейнаю аховаю, аднак ведае: нагу забраў Іван Банадысін, якога ён некалі ўтапіў, каб ажаніцца з ягонай дзяўчынаю. Ці быў Якім шчаслівы з жонкаю, не ведае, не меў з чым параўноўваць, пражылі неяк абыякава. Яна таемна шкадавала Івана, што загінуў без пары, і кахала толькі яго. Якім усё жыццё сумняваўся, ці тую дзяўчыну ўзяў за жонку, вельмі ж халодная і злосная аказалася яна. Увесь час шукаў, чым падсаладзіць жыццё, еў шмат цукру, у выніку — дыябет, ад якого немагчыма вылечыцца, застаецца толькі пажыццёва калоць уколы: ужо ўсе сцёгны, як ён кажа, на дзірках, а іншага выйсця няма.

Клемава Вера дачакалася ўсё ж свайго Аверку з турмы праз трыццаць гадоў. Праўда, вярнуўся ён з жонкаю і сынам. Але аднойчы ўбачыў Веру, пачуў яе голас і не здолеў больш трываць. Развёўся з жонкаю, падаўся да каханай. Пражылі разам нядоўга. Замаркоцілася Вера, што чужую долю паламала, ды і памерла.

Антось Самота адышоў у лепшы свет на кані, з-за высокага ціску зваліў яго інсульт. Упаў ён на родную зямлю, як даспелы яблык, і болей не падняўся. Хавалі нябожчыка сонечным жнівеньскім днём. Якраз тады камбайн малаціў снапы ў дварах калгаснікаў. Уся вуліца была заслана свежаю саломаю. Па гэтым золаце і павезлі на могілкі Антося Самоту ў суправаджэнні жонкі, шасці дачок, мноства ўнукаў, родзічаў, суседзяў і аднавяскоўцаў.

Стэпка Сабакарова ўсё жыццё адпрацавала грабаром, капала зямлю, працуючы на будоўлі, ужо будучы на пенсіі, прыбілася да баптыстаў, стала добраю верніцаю, замольвала свае старыя грахі. Хаця ці можа быць грэшным каханне? Памерла яна ў сваёй аднапакаёвай кватэры, якая пасля яе смерці дасталася пляменніку.

Гэля Юстынава двойчы няўдала выходзіла замуж, выгадавала трох сыноў, да пенсіі працавала мулярам, на гэтай цяжкай працы на марозе, слоце ды гарачыні прызвычаілася да гарэлкі, спілася і заўчасна памерла. Такі ж лёс напаткаў і Люську Новікаву. Лёс даў ёй бацькоў п’яніц, яна пайшла іхнім шля­хам. У дзевяностыя гады з’явіліся ў Сіньгорадзе свае прадпрымальнікі, з Янавічаў. Былі яны ў маленстве моцныя, бы грыбкі. Так іх маці з замілаваннем называла. Выраслі яны, а мянушка засталася. Асноўны бізнес Грыбкоў складаўся з таго, што яны танна скуплялі кватэры ў алкаголікаў, даводзілі да ладу і прадавалі іх дорага. Трохпакаёвыя кватэры Г элі і Люсі памянялі на аднапакаёвыя, заплацілі гаспадыням трохі грошай, што дало падставы гэтым няшчасным жанчынам яшчэ больш піць і хутчэй сысці ў магілы.

Шура Хроімаў, які кахаў Люсю Новікаву, працаваў на будоўлі, хаця ў яго была адна мара — стаць кінамеханікам. Кожны вечар пасля працы ён бавіў час у кінабудцы з дзядзькам Мішам. Маці аддала Шуру ў прымы ў вёску, якая знаходзілася за возерам. Аднойчы ён апоўначы вяртаўся зімой напрасткі праз возера дамоў і праваліўся пад лёд. Знайшлі яго толькі вясною.

Бузюміха, нягледзячы на жыццёвыя мітрэнгі, аказалася доўгажыхаркаю. Пражыла амаль дзевяноста гадоў, пакінула шмат прыгожых унукаў і праўнукаў, ляжыць цяпер на кладах побач з мужам. Яе Анісім на фотаздымку — малады мужчына, яна — бабулька ў хустачцы.

Пакуль яшчэ ліпяць на свеце Таіса ды Луця Бабціна — дзве тутэйшыя доўгажыхаркі. Апошняя так і не выйшла замуж, жыве адна, маці яе даўно памерла. Пачуваецца яшчэ няблага, з-за самоты любіць пагутарыць з прадаўшчыцамі ў краме ці з гандляркамі на рынку. На лаўках ля пад’езда цяпер ніхто не сядзіць, таму Луця сноўдаецца па горадзе проста для таго, каб сустрэць каго з даўніх знаёмых, а іх з кожным годам робіцца ўсё меней. Таіса кволіцца, яе, як і раней, даймаюць хваробы, перанесла некалькі аперацый, пра якія гатова бясконца расказваць кожнаму сустрэчнаму, пільна сочыць за ціскам і рэгулярна п’е патрэбныя лекі, тым і трымаецца. Да яе прыходзіць два разы на тыдзень сацыяльны работнік, які трохі прыбірае ў кватэры і прыносіць патрэбныя харчы. Таму яна толькі ў вельмі добрае надвор’е выбіраецца з кватэры.

Многія людзі, якія некалі жылі ў бараку, разляцеліся па свеце. Сярод іх, кажуць, нямала знакамітых і добра ўладкаваных. Нямала хто застаўся ў гора­дзе. Жывуць годна, працуюць. Але ж хапае і тых, у каго не ўдаўся лёс, напрыклад, пра Вінчышку дайшлі весткі, што аднойчы, п’яны, ён абліў бензінам сваю жонку Маню і спаліў...

Кандратава хата ўсё яшчэ стаіць беспрытульная. Той няўдалы дачнік, які яе купіў, паехаў некуды на заробкі і як згінуў.

Своеасаблівым помнікам тым людзям, якія жылі тут, працавалі, кахалі, гаравалі стаіць сучасны Сіньгорад ды электрастанцыя. Горад, пры будаўніцтве якога пераплялося столькі чалавечых лёсаў, адбылося столькі самых розных падзей: сумных і светлых, як бывае ў сапраўдным жыцці.

Загрузка...