— А ты які будзеш? — спытала яна, усё ж не верачы ў сур’ёзнасць ягоных намераў, усміхаючыся, пазіраючы з-пад ілба.

— Я таксама пастараюся быць добрым мужыком, хачу дзяцей, хачу шчасця.

— Пажывём — пабачым, што нам жыццё пакажа.

— Ці можна прыйсці да цябе дамоў, каб з бацькамі папярэдне пазнаёміцца? — спытаў ён, упэўненасць з яго зляцела, ён баяўся адмовы.

— Прыходзь. Чаго ж. Будзем знаёміцца, — яна заўсміхалася, — тут жа за працаю свету не бачылі. Толькі ў цягніку адпачылі ды выспаліся.

Кандрат праседзеў каля Ульяны цэлы дзень, нават хлопцы пачалі з яго кпіць, але ён не зважаў, а толькі спакойна адказаў:

— Не чапайце, у нас каханне.

Ульяна засаромелася, яе твар заліўся чырванню. Яна нават пакрыўдзілася, але Кандрат супакоіў яе:

— Не звяртай увагі на гэтых баламутаў, яны зайздросцяць нам.

Сапраўды, па вяртанні ў Ляды Кандрат прыйшоў неяк лістападаўскім надвячоркам да Ульяны, пазнаёміўся з яе бацькам, сказаў пра свае сур’ёзныя намеры. У Янавічах пра Кандрата ведалі мала. Ён з’явіўся добра апрануты, у новым паўпаліто, будучага цесця адразу стаў называць бацькам. Стары Каленік паслухаў хлопца і застаўся задаволены, думаючы пра яго, што хоць і сірата, а не разгубіўся, ездзіць на заробкі, не ветрагон, гаспадар у хаце, і сказаў:

— Няхай дачка сама вырашае, а я пярэчыць не буду.

Ульяна згадзілася. Так усё і вырашылася. Праз тыдзень Кандрат прыйшоў са сватамі, вяселле прызначылі на Каляды. Пасля гэтага штовечар малады хадзіў да сваёй Ульяны цалавацца ды мілавацца, а Малаша жыла ў шчаслівых турботах перад вяселлем сына. Планавала забіць парсюка, нагнаць самагонкі, трэба было дамовіцца з рыбакамі наконт рыбы, каб на стале было больш разнастайнай ежы. Прыкідвала, каго з родзічаў запрасіць, каму які пасад даць ды нікога не пакрыўдзіць. Была задаволеная сынавым выбарам, нарэшце яна займее разумную нявестку, здатную да ўсялякай сялянскай працы. Пра Ульянінага бацьку ведала, што чалавек ён майстравіты, добры гаспадар, на яго дапамогу ды параду заўсёды могуць спадзявацца маладыя, а ёй, Малашы, застаецца толькі дачакацца ўнукаў ды дапамагаць іх гадаваць. А пра большае шчасце яна і не марыла. У старэйшага сына дзяцей не было, мабыць, жонка трапілася няздатная, ды і сам ён, як і бацька, хварэў на сухоты. Аўдзеева Таіса таксама не разгоніцца, каб шмат дзяцей нарадзіць, як вялося спрадвеку ў сялянскіх сем’ях. Была перакананая: у Кандрата ўсё будзе ладам.

Пасля вяселля маладая пераехала на сталае жыццё да Кандрата, узяла на сябе ўсю хатнюю працу. Малашы заставалася толькі хадзіць на вячоркі, прасці, жыць бесклапотна ды чакаць унукаў. Стары Каленік не мог дазволіць, каб яго Ульянка тупала па земляной падлозе. Таму дамовіўся з лесніком, нарэзаў з Кандратам дрэва, напілаваў дошак і разам з зяцем паклаў добрую падлогу. Малаша не магла нарадавацца на новых сваякоў, якія не пакідалі Ульяну без увагі, а дапамагалі харчамі, нават сена воз далі, калі не хапіла яго Малашынай карове. Яно, вядома, нявестцы патрэбна было добрае харчаванне, бо яна адразу зяцяжарала. Ды восенню з’явіўся ў Малашы здаровенькі і прыгожанькі ўнучак Алег, вельмі падобны з твару на Кандрата, што асабліва ўсцешыла яе. Нікога яшчэ яна так не песціла і не любіла, як гэтае немаўля. Сваіх дзяцей гадаваць не было калі, хворы на сухоты муж заставаўся з дзецьмі, а яна працавала за сябе і за яго. Ён вельмі добра даглядаў дзяцей. Неяк Малаша і Дамінка, дзве маладыя гаспадыні, забыліся пакінуць у печы чыгун з цёплаю вадою. Яму спатрэбілася падмыць дзіця. Дык ён з крышаноў зліў вадкасць і выкарыстаў на гэтую патрэбу. Цяпер Малаша як бы адпрацоўвала і сваё страчанае маладое мацярынства, і абавязкі бабулі.


26

На лета Таісе прапанавалі працу ў калгасным дзіцячым садку, які абсталявалі ў вялікай хаце суседкі Марыі Тронь, высокай ладнай жанчыны. Яна ўзначальвала брыгаду агароднікаў, вырошчвала гуркі, памідоры, цыбулю, перац. Мела двух сыноў. Малодшы Мікола служыў у войску мараком. У тое лета ён якраз прыехаў на пабыўку. Ліза, як і ўсе вясковыя дзеці, з захапленнем разглядвала ягонае марацкае адзенне: белую сарочку, бесказырку са стужкамі. Ёй хацелася паслухаць, пра што ж расказвае марак сваім сябрам, якія сабраліся ў ягонай хаце. Яна падбягала да акна, дзе тоўпіліся хлопчыкі, заглядвала ў яго і чула брыдкія словы, якімі Мікола перасыпаў свой аповед. Мацюкі быццам адкідвалі яе ад акна. Але цікаўнасць перамагала. Яна зноў падбягала да акна і зноў адлятала ад яго, як напалоханая птушка. У яе засталося адчуванне, што знешнасць маракоў вельмі падманлівая. Звонку яны прыгожыя і цікавыя, але калі пачынаюць гутарыць з некім, адразу губляюць прывабнасць.

Старэйшы Марыін сын Андрэй працаваў даяром у калгасе і славіўся вялікімі надоямі на ўвесь раён. Гэта была рэдкая з’ява, каб хлопец рабіў справедку жаночую справу. Але так ужо атрымалася, што муж Марыі загінуў на вайне, а яна мусіла працаваць у калгасе і гадаваць двух сыноў. Вось і дзяліла хатнія абавязкі са старэйшым сынам, які не цураўся ніякае працы, добры вырас хло­пец.

Праца ў садку лічылася лёгкаю, Таісу ўзялі туды, бо яна мела даведку ад доктара, якая забараняла ёй працаваць на полі. У гэты ж садок уладкавалі і малога Міцьку. Ліза была школьніца, але ў садку і ёй знаходзілася дзе-якая справа: за малымі паназіраць ці памагчы чым на кухні. Цяпер у яе з’явілася шмат вольнага часу, які яна бавіла на рэчцы. У садок хадзіла дачка старшыні калгаса, Лізіна равесніца, Светка. Яе бацькі вельмі аберагалі, яна толькі збіралася ў першы клас. У святочныя дні, калі садок не працаваў, Ліза хадзіла ў госці да Светкі. Там яна чытала сяброўчыны кніжкі, але яны былі нецікавыя. І не падабаліся Лізе. Напрыклад, у адной каляровай кніжцы быў вершык пра жанчыну, якая любіла насіць капялюш, які ёй падыходзіць, як карове сядло. Гэты верш быў падобны на плётку, а пляткарыць, на Лізіну думку, брыдка. Іншы раз Свеціна мама пры Лізе спрабавала накарміць пульхную дачушку, а тая ўпарта адмаўлялася ад ежы. Жанчына пагражала дачцэ:

— Калі не будзеш есці, аддам Лізе.

Перакормленая Света пачынала есці мёд з булкаю ці яшчэ якія прысмакі, ад якіх яе вярнула. Ліза не ведала смаку мёду, але разумела, калі Света не хоча яго есці, дык, мусіць, той мёд ці што там яшчэ ёй даюць, вельмі нясмачнае. Ліза любіла цукеркі. Каштавала яна іх толькі на Новы год, калі ў школе давалі падарункі. Яна збірала паперкі, у якія былі загорнуты цукеркі, чытала надпісы. На адной абгортцы было напісана «Радій» (з націскам на другім складзе), што перакладалася з украінскай мовы, як «радуйся». Невядома скуль, мо чула па радыё, але Ліза ўжо ведала, што радзіем называецца нейкае шкоднае рэчыва.

Света збіралася ў першы клас грунтоўна. Ёй купілі карычневую сукню з прыгожым карункавым каўнерыкам, бліскучы партфель, а, галоўнае, чаму ўжо нават Ліза зайздросціла, сяброўцы абяцалі зрабіць да першага верасня вялізны і прыгожы букет з вяргіняў і маёраў. Адна вясковая цётка вырошчвала гэтыя кветкі і абяцала старшынёвай дачцэ падараваць іх на першы дзень вучобы. Ліза таксама хацела б прыйсці ў школу з такімі ж кветкамі, але дзе іх узяць? Яна помніла, як у першым класе ёй падаравалі прыгожы букет, а потым настаўнік аддаў яго іншай дзяўчынцы. З таго часу яна марыла, што аднойчы ўсё ж прыйдзе ў школу з вялізным букетам. Там будуць вяргіні і маёры і яшчэ мноства розных прыгожых кветак. Што яна збіралася рабіць з гэтым букетам, не ведала, толькі хацела яго абавязкова мець. Такім уяўлялася яе дзіцячае шчасце. Хаця шчасце магло быць зусім іншым, напрыклад, праехаць на кані.

Аднойчы ў абед яна ўбачыла цётку Марыю Тронь, якая прыехала ў двухколавай брычцы па нейкай патрэбе да сваёй хаты.

— Куды вы паедзеце? — спытала Ліза.

— На агарод, — адказала суседка. — Хочаш са мною?

Ці ж трэба было пытаць у Лізы? Яна проста засвяцілася ад радасці, што мае магчымасць праехацца ў брычцы праз усю вёску. А як цікава пабачыць той агарод!

— Ну, залазь у брычку, — сказала цётка Марыя, падсадзіла Лізу ў зручны драўляны вазок, лёгенька сцебанула каня, і той затрусіў па пыльнай дарозе.

Хоць на вуліцы было вельмі горача, у вазку ад хуткай язды Ліза пачувалася выдатна. Ветрык ахалоджваў твар, лашчыў нябачнымі далонямі, мусіць, радаваўся, што можна палётаць навыперадкі з канём. Сустрэчныя віталіся з цёткай Марыяй, а Лізіна душа перапаўнялася гонарам, што яна едзе на агарод па важнай справе побач з брыгадзіркай.

Агарод знаходзіўся ў нізінцы на другім беразе рачулкі, якая жывіла памідоры і гуркі з вялізным лісцем, бы ў лопухаў. Хлопцы і дзяўчаты выбіралі гародніну і складвалі ў скрынкі.

— Кого цэ ты прывэзла, тітко Марыя? — спытаў нейкі хлопец.

— Нарочону тобі, прыглядайся, Санько, — усмешліва адказала брыгадзірша.

Лізе зрабілася няёмка, быццам яе ўжо прасваталі. Яна саромелася размоў пра замужжа.

— Бач, якая гарна діўчынка, — нахвальвала Марыя сваю пасажырку, чым зусім збянтэжыла малую.

Брыгадзірка саскочыла з брычкі, дапамагла Лізе спусціцца на зямлю і павяла яе паміж памідорнымі і гурочнымі загонамі.

— Бачыш, які мы багаті, — сказвала цётка Марыя. — Ты тут побудь, а я піду і побачу, як моя брыгада працюе.

Ліза села на нейкую драўляную скрынку і доўга чакала, назіраючы за людзьмі. Толькі пад вечар цётка Марыя сабралася завезці Лізу дамоў. Дзяўчынка з’явілася перад мамай шчаслівая, гатовая расказаць, дзе была ды што бачыла. Маці сустрэла яе грозным воклічам:

— Куды прапала на цэлы дзень?

— Я з цёткай Марыяй ездзіла на агород.

— Тата табе зараз пакажа такі агарод, што дзясятаму закажаш!

Ліза зразумела, што яе зараз будуць караць і на гэты раз, мусіць, балюча, гарачымі лупсякамі. Яна кінулася з хаты, нырнула ў бульбоўнік пад абрыкосінаю, прыпала да нагрэтай за дзень глебы і затаілася.

Ужо прыцемкам маці выйшла з хаты і пачала клікаць дачку. Ліза не адгукалася. Толькі калі пачула абяцанне, што біць не будуць, выйшла са свайго спрата і насцярожана пайшла дахаты.


27

Аўдзей ведаў, што з Лядаў прыехаў Хведар, па мянушцы Жаўнер, з маці і сястрою, спярша спыніўся таксама ў Антося Самоты, а потым і гэтым перасяленцам далі нейкую хату. Мянушку атрымаў зямляк з тае прычыны, што ў маленстве марыў стаць жаўнерам, бо там давалі бясплатна адзенне, абутак і зброю. Вясковаму хлапчуку, які рос без бацькі, здавалася вялікім шчасцем магчымасць жыць на дзяржаўны кошт. Аднак жаўнерам ён стаць не паспеў, таму што Саветы прагналі палякаў. Давялося Хведару стаць салдатам, але служба яму не спадабалася. Чамусьці жонку з дочкамі Жаўнер з сабою не ўзяў. Людзі казалі, што сумеснае жыццё ў іх не ладзілася.

Аўдзей пазбягаў сустрэч з Хведарам з-за даўняй сутычкі. Якраз у той час, калі пан мусіў уцякаць са свайго маёнтка, вяскоўцы кінуліся захопліваць сабе загоны на ягонай зямлі. Тады і счапіліся Хведарава маці Агатэля з Малашаю за кавалак поля. Аўдзей разгублена стаяў і не ведаў, што рабіць. Агатэля тым часам здзёрла з Малашынай галавы хустку, тузала за валасы, а Жаўнер дубасіў кулакамі.

— Сынку, тваю маці б’юць, а ты стаіш! — у адчаі крыкнула Малаша.

Аўдзей схапіў сучкаваты калок і з размаху апусціў на галаву Хведару, той

заліўся крывёю і пабег уцякаць. Следам за ім падалася Агатэля. Свой кавалак поля Аўдзей з Малашай адваявалі, але гэта было дарэмнае змаганне. Прыйшлі Саветы і па-свойму падзялілі зямлю. У той час Хведар і Аўдзей былі падлеткамі, але хіба такое здарэнне забудзецца і даруецца? Прыхаваная варожасць засталася жыць у душах абодвух хлопцаў. І цяпер ва ўкраінскай вёсцы іх зноў звёў лёс. Як ні ўхіляўся Аўдзей ад сустрэчы з былым ворагам, жыццё прымусіла яго скарыцца і змірыцца. Жаўнера накіравалі працаваць на тую самую свінаферму, дзе працаваў Аўдзей. Хведар сам падышоў да яго, працягнуў руку для вітання. І хоць Аўдзею вельмі не хацелася, ён мусіў паціснуць руку Жаўнеру, але душа яго не прымала гэтага вітання, і першае, што зрабіў Аўдзей, пайшоў і памыў рукі.

З гэтага дня як ні стараўся Аўдзей размінуцца з Жаўнерам, той усё роўна знаходзіў магчымасць пабачыцца з ім. Дайшло да таго, што Аўдзей пачаў адчуваць нежаданне хадзіць на працу, бо там трэба вітацца з Хведарам, рабіць выгляд, што яны ледзьве не таварышуюць. Разважаў сам сабе, што нельга гэтак доўга насіць крыўду ў душы, але не мог змірыцца, не разумеў, чаму ён абавязаны штодня сутыкацца з чалавекам, якога не любіць, не паважае. Вялікая Жаўнерава галава, агромністыя ступакі і сам ён, непаваротлівы бамбіза, выклікалі ў Аўдзея агіду. Усё часцей яму прыходзіла ў галаву думка папрасіць начальства, каб далі яму якую іншую працу. Але быў ён з тых маўчуноў, якія на цвярозую галаву лішняга слова не скажуць. Так і трываў, пакуль пад восень не захварэў. Раптам стала балець нага, прастуджаная яшчэ ў маленстве, калі пасвіў статак. Пад каленам утварылася некалькі нарываў, скуль цякла сукравіца, нага распухла, як калода. Аўдзей ужо і на вуліцу не выходзіў, цэлымі днямі ляжаў у ложку. Найчасцей яго наведваў Антось Самота. Разам яны слухалі радыёпрыёмнік, разважалі пра падзеі ў свеце. А Ліза дзівілася, навошта яны слухаюць гэтыя размовы, лепш бы песні якія ўключылі. Скуль было ведаць малой, што ў канцы пяцідзясятых гадоў разгаралася халодная вайна паміж СССР і Амерыкай. Абедзве дзяржавы назапашвалі ядзерную зброю, спаборнічалі ў магутнасці сваіх войскаў. Сяляне Антось з Аўдзеем страшыліся новай вайны, адну яны ўжо перажылі падлеткамі, галадалі, існавалі ў жудасці. Антосю дасталося больш, бо яго вывозілі на прымусовую працу ў Германію, дзе ён напоўніцу хапіў ліха, працуючы на заводзе. Баяліся яны не толькі за сябе, але і за дзяцей. Што іх чакае, якая будучыня? Аднойчы Антось уважліва паглядзеў на Лізу і спытаў:

— Ты кім хочаш быць, як вырасцеш?

— Лётчыкам, — упэўнена адказала яна.

— Не, дзяўчат у лётчыкі не бяруць, — сказаў ён, а сам падумаў: «Калі і дзяўчаты пачнуць скідваць атамныя бомбы, дык жыццё на зямлі спыніцца».

— Чаму? — здзівілася і не зусім паверыла дзядзьку Ліза.

— Мужчынская гэта справа.

Тата таксама пацвердзіў, што лётчыка з Лізы ніколі не атрымаецца. Яна расчаравана зашылася ў куток і задумалася, калі нельга быць лётчыкам, дык кім жа яна тады будзе? Адказу на гэтае пытанне яна яшчэ не ведала. Перабірала ў памяці розныя прафесіі, але ні адна не падабалася ёй.

Таіса, каб палепшыць прыгнечаны Аўдзееў стан, пачала браць кніжкі ў бібліятэцы і чытаць услых. Ён і сам чытаць умеў, дзве зімы хадзіў у поль­скую школу, але дадаўся яшчэ адзін удзячны слухач, Антось Самота, які быў непісьменны, і з вялікай цікавасцю далучыўся да таго сумеснага чытання. Не толькі раманы прываблівалі сюды Антося. З першай сустрэчы спадабалася яму Таіса, гаваркая, усмешлівая, жартаўлівая. Са сваёю Антоляю, непрыгожаю, з вуглаватаю мужчынскаю паставаю, ён пабраўся па разліку. Як вярнуўся з Германіі, не меў дзе жыць. Маці з сястрою і яшчэ дзве гаротніцы, Бабця з Луцяю, туліліся ў цесным хлеўчыку, прыстасаваным пад жытло, бо хаты іхнія пагарэлі. Тады і падаўся ён у прымы да Антолі, якая жыла з сястрою Маняю ў прасторнай хаце, пры якой быў даволі вялікі пляц зямлі. Жончын бацька за польскім часам працаваў вартаўніком у аканома Кубіцеля, таму сям’я лічылася даволі забяспечанай. Дочкі ў вартаўніка былі надта ж непрыгожыя, выпетраныя, з грубымі рысамі твару, але нязлосныя і добрыя. З-за гэтае жаніцьбы і празвалі Антося Юдэлям, бо толькі з хітрасці такі прыгожы хлопец мог узяць замуж непрыгожую Антолю. Але часцей называлі яго ласкава Юдэлька. Што і казаць, употай зайздросціў Антось Аўдзею, які ўзяў сабе прыгожую жонку без каровы і без хаты, і жывуць людзі ў такім жа калгасным жытле ў аднолькавых умовах. Не спатрэбілася Антосю ні Антоліна хата, ні карова. А цяпер жыві век з кабетаю, да якой ніякіх пачуццяў, акрамя абавязкаў. Бачылі вочы, што бралі, цяпер ешце, хоць павылазьце. Іншы раз Антось пытаў у Аўдзея:

— Колькі рэйсаў за ноч робіш? — уяўляючы, што такую жонку, як Таіса, трэба кахаць і кахаць.

Сябар адмоўчваўся, толькі загадкава ўсміхаўся.

За месяц, пакуль Аўдзей ляжаў у ложку, прачыталі «Яму» Купрына і «Ціхі Дон» Шолахава. Ліза іншы раз таксама слухала, як мама чытае кніжкі, але часцей яе выпраўлялі на другую палавіну хаты, бо гэта былі кніжкі для дарослых. Таму дачка папрасіла маму, каб яна ўзяла ёй якую дзіцячую кніжку.

У наступны раз яны пайшлі ў бібліятэку разам. Нарэшце бібліятэкарка завяла на дзяўчынку фармуляр і дала маленькую кніжачку, якая называлася «Жывы капялюш». Дома тую кніжку Ліза прачытала за дзесяць хвілін. Апавядалася там пра ката, на якога ўпаў капялюш, бедная жывёліна мусіла поўзаць па хаце. Бязглуздае апавяданне Лізе не спадабалася, на другі дзень яна зноў прыйшла ў бібліятэку і атрымала такую ж тоненькую і нецікавую кніжку. Яна перастала хадзіць у бібліятэку не толькі таму, што там не давалі ёй добрых кніжак, а з’явілася сапраўды цікавае чытанне. Цётка Марыя Тронь пачала запрашаць яе да сябе па святочных днях і нядзелях. У яе збіраліся суседкі, давалі Лізе ў рукі «Кабзар» Тараса Шаўчэнкі, і яна чытала доўгія паэмы пра жаночую долю. Маладзіцы слухалі, выціралі слёзы, блізка да сэрца прымалі пакуты прыгонных сялянак, бо і самі шмат чаго перажылі ў жыцці. А Ліза зразумела, што ёсць на свеце цікавыя кніжкі, толькі тая бібліятэкарка іх не ведае. Яна падумала, як вырасце, купіць у краме шмат кніжак, зробіць дома цэлую бібліятэку і будзе чытаць кожную вольную хвіліну. Можа, і дзядзьку Антося запросіць, ён жа чытаць не ўмее, а вельмі ўважліва слухае. А калі некалькі раздзелаў прачытаюць без яго, дык просіць расказаць яму, што там здарылася яшчэ. Каб дзядзька Антось захацеў, дык Ліза навучыла б яго чытаць. Ён вельмі здольны, хоць і непісьменны, а пакуль быў у Германіі, вывучыў нямецкую мову. Мусіць, не мае часу, каб вучыцца, ці не хоча? А шкада...


28

Хоць трымаўся Аўдзей годна, нягледзячы на боль і пастаянную тэмпературу, іншы раз, пакуль Таіса была занятая хатнімі справамі, ляжаў і спяваў розныя песні. Перабіраў усе, якія толькі ведаў. Аднак гэты ўяўны аптымізм палёгкі не прыносіў. Мясцовая доктарка прыпісала Аўдзею ўколы. Медсястра цэлы месяц з дня ў дзень прыходзіла і выконвала прызначанае лячэнне, ды паляпшэння хворы так і не адчуў. Нагу скурчыла, яна ўжо не разгіналася. Дактары з райцэнтра прыйшлі да высновы, што пацыенту патрэбна тэрмінова аперацыя. Далі машыну хуткай дамамогі, каб завезці Аўдзея ў абласную бальніцу. Яго суправаджала Таіса. Прыехалі з накіраваннем у адну бальніцу, але хворага не прынялі, сказалі, што няма месцаў. У іншай бальніцы адмовілі таксама, спасылаючыся на тое, што хвораму патрэбна занадта складаная апе­рацыя, такую тут ніхто не возьмецца рабіць. Падказалі яшчэ адзін адрас, дзе працуе выдатны хірург Панамарчук, можа, той возьмецца. Дзень ужо хіліўся да вечара, начаваць няма дзе, дома засталіся адны дзеці. Паехалі ў тую бальніцу. Але і там адмовіліся браць Аўдзея на лячэнне. Таіса з адчаю сказала доктарцы:

— Дамоў яго не павязу! Пакіну на ганку! Памрэ, дык хоць нехта будзе адказваць.

Зрабіла выгляд, што пайшла з бальнічнага двара, а сама назірала з-за рога будынка. Па Аўдзея прыйшлі дзве медсястры, пасадзілі ў інвалідную каляску. Ён махнуў Таісе рукою, маўляў, ідзі, я застаюся. Толькі тады яна супакоілася і паехала дамоў. Праз тыдзень наведала яго. А ён ужо вясёлы, на мыліцах выйшаў да яе. Нага выпрасталася — удала прафесар Панамарчук зрабіў аперацыю. Пасядзелі, пагаманілі, на развітанне Аўдзей сказаў:

— Больш не прыязджай. Не трэба пакідаць дзяцей адных ды нервавацца. Дай мне грошай на дарогу. Як выпішуць, сам дабяруся.

Яна выйшла з бальнічнага двара, прайшлася па горадзе, раздумваючы, ці ехаць на вакзал, ці лепш пагаласаваць на ўзбочыне ды папрасіцца на якуюнебудзь спадарожную машыну. Убачыла гаспадарчую краму, з цікавасці ўвайшла, нагледзела невялікі чыгунок, у якім добра будзе варыць бульбу і набыла яго. Зазірнула таксама ў гастраном ды купіла хлеба. Грошай засталося зусім мала, не хацелася траціць апошнія капейкі на аўтобусны білет. Яна накіравалася на ўскраіну горада, на магістраль. Ёй пашанцавала, бо хутка спынілася грузавая машына, і шафёр прыкладна яе ўзросту весела падміргнуў і спытаў:

— Куды табі, молодычка?

— Да Мар’янаўкі, гэта вёска перад Сафіеўкай кіламетры за тры.

— Знайдэмо...

— Вялікі дзякуй, бо ў мяне мужык у бальніцы, а дзеці адны дома.

— Звідкіля сама родом?

— З Беларусі.

— Знаемо і таку зэмлю, — пасміхнуўся шафёр.

Пакуль ехалі, дык ён усё хапаў Таісу за калена, ці імкнуўся абняць, яна адбівалася, сварылася, але ён не зважаў, а толькі смяяўся ды хітра паглядваў на яе. Калі пад’ехалі да Мар’янаўкі, шафёр не спыніў машыну, а сказаў, маўляў, даедзем вунь да той пасадкі і адпачнём. Таіса зірнула ў акно, убачыла аднавяскоўцаў, якія працавалі на полі, выхапіла з торбы чыгунок і закрычала:

— Спыніся, бо зараз вокны паб’ю!

Ён нічога не адказаў, толькі зацята ціснуў на газ і круціў руль. Таіса з раз­маху стукнула па лабавым шкле, яно звонка дзынькнула і трэснула. Шафёр рэзка затармазіў, кінуў на жанчыну азвярэлы позірк, расчыніў дзверцы кабіны, штурхнуў яе, што яна паляцела потырч, выкінуў услед за ёю торбу і паімчаў па трасе. Таіса паднялася, атрэслася, памацала плячо, якое вельмі балела, патупала ўвярэджанай нагой, прамармытала сабе:

— Вось дык праехалася... Ледзьве шыю не зламала, але дзякаваць богу, быццам абышлося. Каб ты праваліўся, сабака! Скаціна бязрогая! — накульгваючы, патупала дамоў.

Яна больш не ездзіла ў горад, чакала Аўдзея дома. А яго ўсё не было і не было. Ужо не ведала, што і рабіць, мо зноў рынуцца ў адведкі. Але аднойчы лістападаўскім раннім надвячоркам расчыніліся дзверы — і на парозе ўзнік Аўдзей. На шыі ў яго вісела вязка абаранкаў — падарунак дзецям. Ён абапіраўся на мыліцы і ўсміхаўся. У хату вярнулася радасць.

Яшчэ месяц пабыў Аўдзей на бальнічным, раз у тры дні ездзіў з Антосем у райцэнтр на перавязкі, а потым вярнуўся на працу і з радасцю даведаўся, што Хведара перавялі на куратнік. «Самае найлепшае для яго месца: курэй шчупаць», — задаволена сам сабе пасміхнуўся Аўдзей. Пайшоў на стайню запрагаць свайго гнядога коніка, які, падобна было, узрадаваўся яму, пахітаў грываю, патупаў капытом ды спакойна падставіў шыю пад хамут.

— Ты ўжо на працы! Ачуняў! — пачуў за спінаю знаёмы голас Антося Самоты. — Ну, здароў!

— Як мае быць, — бадзёра адказаў Аўдзей, паціскаючы руку земляка.

— Мусіць, яшчэ баліць нага?

— Ці яна дурная балець? — адказаў пытаннем Аўдзей. — І весела дадаў. — Чуў, Жаўнера на куратнік накіравалі, курэй шчупаць.

— Яму не да курэй, ён Падалянку мацае.

— Ажаніўся, ці што.

— Сышоўся, жывуць разам, а жонцы і дочкам пасылкі шле. Ведаеш, у Лядах вялікія перамены наспяваюць.

— Якія?

— Электрастанцыю збіраюцца будаваць. Брат прыслаў ліст, піша, што тэхнікі рознай прыгналі, людзей на працу набіраюць, пачалі дарогу да Лядаў напрасткі праз лес пракладаць.

— Бач ты, усё-такі бяруцца будаваць. Гэта ж я калі з геолагамі працаваў, яны мне казалі, што будзе вялікае будаўніцтва, а я не надта верыў.

— Думаю, ці не вярнуцца дамоў, — заклапочана сказаў Антось. — Брат піша, што мой плот ужо нехта разабраў на дровы. Яшчэ трохі тут пажыву, дык і хату расцягнуць. Ведаеш, нешта замаркоціўся я, дамоў хочацца. Украінскія пшанічныя булкі смачныя, але наш чорны жытні хлеб мне мілейшы...

— Не ведаю, што табе параіць, Антось. Сам жыву, нібы на раздарожжы. Дактары кажуць, што Таісе клімат не падыходзіць. Ціск у яе высокі, галава часта баліць. Я таксама толькі што з хваробы выкараскаўся. Скуль яна ўзялася? Столькі гадоў мінула, і раптам выявілася, драмала з маленства, ад добрага жыцця ці што на нас хваробы нападаюць?

— Павінна ж нешта быць у чалавека кепска, — засмяяўся Антось. — Калі ўсё будзе добра, дык сапсее чалавек, сябе Богам уявіць. Ну, будзь здаровы, забягай калі.

— Цяпер забягу. Цяпер куды хочаш дабегчы магу.

Антось падаўся запрагаць свайго каня, а Аўдзей сеў на воз і паехаў у бок фермы, разважаючы пра тое, што і ў гэтым калгасе можна жыць, але ж дома лепш. Тут таксама не цукар. У багатай калгаснай каморы можна было ўзяць усё: крупы, гародніну, мяса, нават спечаны хлеб. Голад нікому не пагражаў.

Але ж за гэтыя харчы пасля давядзецца разлічвацца з заробку, калі вельмі шмат набіраць рознае ежы, дык потым не будзе чаго атрымліваць. А без жывой капейкі што за жыццё. Два разы на год выплачваюць заробак, а грошы кожны дзень трэба. Дзеці падрастаюць, накарміць і апрануць мусіш. Добра, што Таіса ўмее прадаць на базары ў горадзе яйкі, зерне — усё што ўдаецца зарабіць ці падабраць у калгасе, што дрэнна ляжыць. А на радзіме ні кала, ні двара. Кандрат ажаніўся. У яго свая сям’я. Зноў у матчыну хату вяртацца, каб дзве нявесткі ля адной печы таўкліся? Зноў у калгас? Працаваць за пустыя працадні? Безумоўна, калі б дзе ў горадзе мець якое жытло і працу, дык неяк лягчэй было б зводзіць канцы з канцамі. Нічога, час пакажа.

На ферме сутыкнуўся са старшынёй калгаса, павітаўся.

— Аўдзей, даўно хотіў тобі сказаты, як надумаў зостатыся тут назоўсім, дамо тобі тую хату, у якій ты жывэш.

— Трэба падумаць, з жонкаю параіцца.

— Воно так. Думайтэ.

Старшыня ўзмахнуў рукою на развітанне, ускараскаўся ў брычку і пагнаў каня. Быў ён чалавек яшчэ малады, бадай, Аўдзееў равеснік, але ж вельмі тоўсты, здавалася, што аднойчы скура не вытрымае змесціва і паплыве тое, што пад ёю хаваецца, проста на зямлю. У вёсцы далі яму мянушку Люлька, ці таму, што люльку курыў, ці мо ў люльцы доўга залежаўся, ці мо з-за таго, што чэрава ў яго неяк асабліва калыхалася ў час хады. Хоць ён мала хадзіў пешкі, а звычайна ездзіў на двухколавай брычцы.


29

Паколькі Аўдзей так і не сабраўся адказаць старшыні, ці застанецца ён жыць у вёсцы, дык большую палавіну хаты вясною аддалі пад вырошчванне шаўкапрадаў. Паставілі стэлажы, на іх наслалі белую паперу, а па ёй рассыпалі маленькіх чорных чарвячкоў, даглядаць якіх прызначылі некалькі жанчын, у тым ліку і Таісу.

Ліза ад першага дня разам з мамай з вялікай цікавасцю назірала за шаўкапрадамі. Чарвячкі спачатку ляжалі непрыкметныя і бездапаможныя. Жанчыны прыносілі некалькі зялёных галінак шаўковіцы, раскладвалі на стэлажах, а гэтыя маленькія істоты прагна з’ядалі лісточкі і раслі. Хутка яны ператварыліся ў вялікіх тлустых белых вусеняў. І цяпер ужо цэлы воз галінак трэба было на дзень пражэрлівым стварэнням. Яны толькі і рабілі, што жавалі і жавалі. Аб’едзенае голле ніхто не прыбіраў. Яно ператварылася ў пасцель для чарвякоў, а зверху ўкладвалі ўсё новы галінкі. За ноч шаўкапрады моцна награвалі пакой сваім дыханнем. Але жанчыны вельмі асцярожна адчынялі форткі, каб не было скразнякоў, бо іхнія гадаванцы моглі прастудзіцца і захварэць. Тады ўся праца прападзе.

Ліза ездзіла ў сад разам з жанчынамі, якія ламалі тутавыя галіны і складвалі на воз, потым пешкі вярталіся назад. Абапал дарогі праз сухі, ушчэнт высмалены гарачым сонцам стэп, ляжалі жмуты сплеценых чырвоных сцёблаў. Жанчыны іх называлі «рак». У гэтым слове было нешта страшнае, якое асацыявалася з чалавечаю хваробаю. Ліза баялася браць у рукі гэты жмут, падобны да пераблытанага дроту. Дзівілася, што тут не растуць ніякія кветкі, толькі ў гародчыках у гаспыдынь раскашуюць мальвы ды аксаміткі. У дзеда над Дняпром можна сустрэць пяшчотныя дробныя званочкі і рамонкі, духмяную мацярдушку і цыкорый, а ў затоцы дзівосна прыгожыя белыя лілеі і жоўтыя гарлачыкі. Ліза прыслухоўвалася да гаворак маладзіц, рабіла нейкія свае дзіцячыя высновы. Праязджалі міма вялікай хаты, дзе ў двары немаладая кабета з кубка палівала на рукі хлопцу.

— Шчаслыва жінка, мужа з войны прычэкала, трох сыніў мае, — сказала адна жанчына, іншыя згодна паківалі галовамі.

Ліза зразумела, што жанчына, якая выгадавала трох сыноў, карыстаецца ў вёсцы павагаю. Да цёткі Марыі Тронь таксама добра ставяцца, у яе два сыны. І ўжо сваім наіўным дзіцячым розумам спасцігала, што трэба мець дзяцей, каб пра цябе гэтак жа хораша казалі.

Цэлае лета шчыравалі жанчыны ля тых шаўкапрадаў. Ажно Лізе трохі надакучыла за імі назіраць, яна пачала ўсё часцей збіраць ягады, якія даспелі на тутавых дрэвах. А потым і жанчыны перасталі вазіць голле чарвякам, бо тыя страцілі ўсялякую цікавасць да ежы, а пачалі звіваць коканы.

Аднойчы Ліза падслухала, што жанчыны збіраюцца наведаць Падалянку, якая нарадзіла дзіця ад Хведара Жаўнера. Сярод жанчын была мама, таму Ліза пайшла разам з імі, маючы на гэта ўсе падставы. Казалі, што Падалянка працавала настаўніцаю, была яна не тутэйшая, а з нейкага Падолля, дзе яно знаходзіцца, Ліза не ведала. З размоў жанчын яна зразумела, што Падалянцы вельмі не пашанцавала, бо яна нарадзіла без шлюбу, і радні тут няма ніякае, няшчасная жанчына, вартая жалю і спачування.

Хата ў Падалянкі была вялікая, але пустая. Злева стаяла печ, спра­ва — стол з услонам, насупраць дзвярэй — ложак, на якім ляжала Падалянка, маладая змораная жанчына. Побач з ёю папісквала дзіця. Някліканыя госці паспачувалі гаспадыні, спыталі, мо ёй трэба чым дапамагчы. Яна адмовілася ад дапамогі, бо яе даглядала суседка. Ліза са шкадаваннем глядзела на дзіця і думала, што ў маленькага ніколі не будзе роднага бацькі, а мо толькі чужы айчым. Бездапаможна шукала адказ на пытанне, якое даўно даймала яе: «Чаму бацькі пакідаюць сваіх дзяцей?» Мусіць, каб хто з дарослых і паспрабаваў адказаць ёй, дык адказ быў бы вельмі разгорнуты і павучальны. Зрэшты, у той час дзеці не задавалі бацькам няёмкіх пытанняў.

Жанчыны развіталіся з парадзіхаю, выйшлі на двор і пачалі абгаворваць Жаўнера, які на радзіме пакінуў двое дзяцей, ды і тут яшчэ жанчыну падмануў і ўмыў рукі.

— Я чула, што ён наогул дамоў збіраецца, — сказала Таіса.

Гэта была чыстая праўда. Бо лядчукі паціху пачалі вяртацца дамоў. Першым паехаў Антось Самота са сваёй вялікай сям’ёй, цяпер і Жаўнер з маці і сястрою сабраўся ў дарогу. Смаленцы з’ехалі яшчэ раней. Толькі Таіса з Аўдзеем ніяк не маглі адважыцца на нешта канкрэтнае: заставацца ці ехаць.

Да восені шаўкапрады зніклі, Ліза нават не заўважыла, як гэта здарылася, а таму вельмі шкадавала. Яна ведала, як прадуцца ніткі на верацяно. Няўжо і шаўкапрады маюць свае маленькія потасі і верацёны? На сухіх галінках насцілу засталіся толькі белыя шарыкі коканаў, якія калгасніцы сабралі своечасова, пакуль не прачнуліся кукалкі і не пашкодзілі прадзіва, а таму няблага зарабілі за сваю клопатную працу.

Насціл з галінак Таіса папаліла ў печы, стэлажы вывезлі ў калгасную камору, вызвалілі другую палавіну хаты. І зноў паўстала пытанне: ехаць ці заставацца? Вырашылі ехаць. Аўдзея цягнула ў Ляды, бо там пачыналася будоўля, можна было знайсці працу. Таісе не хацелася, каб яе муж вярнуўся зноў у тое асяроддзе, дзе без меры п’юць самагонку, дзе свякроў спявае песню, каб муж счарніў жонку на чорную галку. Яна схіліла Аўдзея ехаць да яе бацькі. Яны зарабілі трохі грошай, за іх можна будзе купіць паблізу хату, перавезці бліжэй да радні.

Ліза ціха радавалася таму, што нарэшце вернецца ў дзедаву вёску, да свайго любімага Дняпра. Хацела нешта прывезці ў падарунак цёці Полі. Прыгледзела брошку — пластмасавую гронку чырвоных ягад з зялёнымі лісточкамі за тры рублі і ўпрасіла маму купіць яе. Калі заставалася адна, любавалася, як ёй здавалася, такой прыгожай рэччу, і была перакананая, што цёці Полі яна спадабаецца.

Старшыня не пярэчыў рашэнню Аўдзея, разумеў, кожнага чалавека цягне на радзіму, нават машыну даў, каб завезці былых калгаснікаў на вакзал у абласны цэнтр. А багажу ў іх набралася даволі шмат: па-першае, заробленая пшаніца і семкі, па-другое, ужо трохі рэчамі абжыліся, не кідаць жа гэтае гаспадарчае дабро, набытае з такою цяжкасцю.

Бацька Таісы і сястра Поля быццам з радасцю сустрэлі гасцей. Стары нават пайшоў у суседнюю вёску і дамовіўся купіць хату, якую можна было перавезці, перасыпаць ды падладзіць. Але заўпарцілася Поля, сказала, што спярша няхай бацька пабудуе сабе хату, а потым — Таісе. Усё паўтаралася. Некалі бабуля Аксіння не хацела, каб сын будаваў хату для жонкі, а распачала сваю будоўлю. Цяпер Поля думала пра сваю карысць. Яе можна было зразумець. У вайну аўдавела, сама гадавала сына. Калі бацька не пабудуе новую хату, з чым яна застанецца? А ў Таісы ёсць муж, грошай зарабілі, не прападуць. Калі хочуць, няхай самі будуюцца, як усе людзі. Бацька стары, яму з калгаса вязуць рознае начынне ладзіць, калі гэта ён паспее ўсё зрабіць пры слабым здароўі. Таіса з Аўдзеем зноў апынуліся на раздарожжы: што рабіць? Выйсця не было, вырашылі вяртацца ў Ляды.

Ліза не хацела нікуды ехаць. Найлепш ёй было б застацца тут. Хаця за тыя гады, пакуль яна не была ў дзедавай вёсцы, шмат што змянілася. Сын цёці Полі Віця вырас і вучыўся ў Магілёве. Дзед прыкметна пастарэў, маўчаў, на Лізу не звяртаў ніякае ўвагі. Яна помніла яго іншым, ласкавым і ўсмешлівым. Ды і цёця Поля быццам счужэла. Падораную брошку ні разу не надзела, нават не прымерала. Ліза з жалем зразумела, што час знішчае ўсё лепшае, і нельга вярнуць тое, што ты некалі пакінуў, помніў і любіў. Яна не стала прасіць цёцю Полю, каб дазволіла застацца ёй тут. Ведала — не пагодзіцца. Ды і мама, мусіць, не захоча пакідаць дачку. Дзеці — людзі паднявольныя, ва ўсім залежаць ад бацькоў, настаўнікаў і іншых дарослых людзей.

Ліза сумавала перад разлукай з любым куточкам, гадзінамі сядзела ў дзедавай лодцы на беразе ціхай затокі Дняпра, назірала за стракозамі з вялізнымі пукатымі вачамі і празрыстымі крыламі, за вадамеркамі, якія нястомна коўзаліся па паверхні вады, любавалася лілеямі і гарлачыкамі, сачыла за касякамі малькоў і вялізнымі шчупакамі, што падплывалі да самага берага. Нават не спрабавала іх лавіць, ведала, рыбу ў вадзе голымі рукамі не зловіш. Душой яна ўбірала кранальнае хараство бярозак і асінак на гары і спакой старой грушыдзічкі, удыхала духмяны водар хмелю, які прагна абвіваў гнуткую каліну, і асцерагалася калючак ажыны, хоць і любіла яе кіславатыя ягады, каб усё гэта панесці ў сваім сэрцы, сумаваць па ім і марыць пра вяртанне сюды зноў.


30

У Лядах зямля ўпарта супрацьстаяла людзям і машынам, калі яны распачалі будаўніцтва. Першы экскаватар адважна рушыў у пракаветную дрыгву, каб капаць катлаван пад падмурак электрастанцыі, але яго засмактала ў чорнае прадонне. Будаўнікі пачалі дзейнічаць больш асцярожна, перш асушылі пляцоўку, выбралі торф і толькі тады ўзяліся за справу.

Мясцовая моладзь кінулася наймацца на працу, бо на будаўніцтва патрабавалася мноства людзей. Справа знайшлася ўсім. Сабакарова Стэпка, Бабціна Луця і шмат іншых дзяўчат, якія былі зусім непісьменныя, пайшлі землякопамі. Барбарыны дочкі паспелі скончыць пачатковую школу, таму ўладкаваліся тынкоўшчыцамі. Каб авалодаць прафесіяй і здаць на разрад, трэба ўсё ж нешта пачытаць ды адказаць на пытанні. Мікола Ленінка хацеў працаваць шафёрам, але на той час такія спецыялісты не былі патрэбныя, таму ён падаўся ў электрыкі, прадбачыў перспектыву гэтай прафесіі, пэўна ж, на элетрастанцыі яны будуць галоўныя. Бузюмішын хлопец са сваімі аднагодкамі наняліся мулярамі. Падлеткі, што скончылі па восем класаў, імкнуліся паступіць у электратэхнічны тэхнікум, што ў Маладзечне. Толькі Малашын Кандрат нікуды не ішоў. Ён з пагардай пазіраў на здраднікаў, якія не хацелі працаваць на зямлі, а шукалі лёгкага хлеба, не верыў, што за тыя грошы, якія людзі зараблялі на будоўлі, можна неяк пракарміцца і апрануцца. Ягоная сялянская душа адчувала адно: без уласнай бульбы, жыта, гародніны чалавеку не пражыць. Ягоныя рукі, спрэс пакрытыя шэрымі бародаўкамі, быццам да іх прысталі камякі зямлі, прагнулі працы, напругі і задавальнення ад зробленага. Скура на ягоных далонях была такая тоўстая, што ніякія мазалі яе не бралі. Жыццё ў горадзе здавалася яму ненадзейным. Вунь як было з Аўдзеем, звольнілі з працы і куды хочаш ідзі, як хочаш жыві. А зямля заўсёды гатовая служыць чалавеку, абы ён толькі не шкадаваў сілы працаваць на ёй з любасцю і жаданнем.

На будаўніцтва, якое афіцыйна называлася Дзяржаўная раённая электрычная станцыя — ДРЭС, прыехала мноства чужых людзей, для іх будавалі трохпавярховікі, для начальства — катэджы, астатніх сялілі ў вагончыках, якіх тут было шмат, нават у палатках. Той-сёй з халасцякоў кватараваў у вясковых гаспадароў, каб заадно харчавацца няхітраю сялянскаю ежаю. Некаторыя паспешліва жаніліся на мясцовых дзяўчатах, свежых і цнатлівых. Падбіралі самых маладзенькіх. Бузюмішына Надзя, якой толькі споўнілася васямнаццаць, таксама выйшла замуж за прыезджага хлопца, на дзесяць гадоў старэйшага за яе. Вясковыя жанчыны нахвальвалі маладога, казалі, што хлопец добры, непітушчы і багаты, налічылі ў яго ажно васямнаццаць сарочак. У дадатак да ўсяго быў ён сірата, чым выклікаў у кабет яшчэ большае спачуванне.

Усіх прыезджых мужчын, незалежна ад таго, чым яны займаліся, называлі мантажнікамі. Сярод чужой моладзі было шмат буянаў. Яны па святочных днях і нядзелях напіваліся, прыходзілі ў вёску на танцы ці швэндаліся ад няма чаго рабіць, учынялі бойкі паміж сабою ці з тутэйшымі хлопцамі, якіх называлі гондамі. Біліся да крыві, так што ляжалі покатам, не здатныя нават варухнуцца, як на полі бою.

Вясковая моладзь пераймала лад жыцця прыезджых. Цяпер па вечарах толькі падлеткі ды няўдаліцы збіраліся на вячоркі ў навакольных сёлах. Моладзь хадзіла ў клуб, дзе паказвалі кіно і наладжвалі танцы. З гэтае нагоды нават склалі прыпеўку на матыў вядомай польскай песенькі: «Ціха вода бжэгі рве...»:

Ціха вода — чумергес,

Выпіў шклянку — і на ДРЭС.

Кандрат ненавідзеў гэтую чужую навалач. Адзін ваяваць з кампаніяй не адважваўся, але часам лавіў якого мантажніка і даваў яму кухталёў, каб не таптаў смурод чужую зямлю. Аднак неяк трапіўся яму такі адважны мантажнік, што не толькі надаваў Кандрату кухталёў, але брыдка аблаяў ды пагнаўся за ім у двор, крычучы:

— Стой, гонда недарэзаны!

— Маці! — крыкнуў Кандрат, баронячыся ад цяжкіх кулакоў. — Мяне мантажнік б’е!

Малаша схапіла ў сенях з лавы сякерку і кінулася на дапамогу сыну. Яна, разгневаная і ваяўнічая, быццам з-пад зямлі вырасла перад чужынцам, цюкнула яго сякеркаю ў лоб, той заліўся крывёю і пабег з двара.

— Чаго ты, дурню, бярэшся біцца з дужэйшым за сябе, — папракнула Кандрата маці.

— Скуль я мог ведаць, што ў яго кулакі, як бязмены...

— Мусіць, у цябе скура свярбіць, што чапляешся да абы-каго.

— Няхай не ходзяць тут! Гэта наша вуліца!

— Была наша, ды ўсё забралі. Якое поле мелі мы пад Янавічамі! Колькі я ў яго ўклала працы! Цяпер там Харунжы з хаўруснікамі сабе пляцы бяруць. У ваколіцах ведала я кожную лагчынку і балацянку, а цяпер нічога не пазнаць, перакапалі, бы свінні лычамі...

Кандрат уздыхнуў. Ён марыў пабудаваць новую хату не на старым котлішчы, а дзе-небудзь далей ад гэтага вэрхалу на скрыжаванні, на выгане ці ў гайку, каля Харунжага, каб глеба была ўрадлівая, не такая, як тут на ўзгорку. У Ленінкі ды ў Клема, якія жывуць насупраць, значна лепш родзяць капуста і гуркі ў нізінцы. На хату трэба мець грошы. А зарабіць Кандрат іх мог толькі адным спосабам, ездзячы на Украіну. Гэта ён і рабіў з году ў год, складаючы капейку да капейкі і не дазваляючы Ульяне ніякіх непатрэбных пакупак.


31

Калі Аўдзей вярнуўся ў родныя мясціны, дык не пазнаў іх. На былым полі стаяла каля дзясятка трохпавярховых будынкаў, вуліцы часткова пакрытыя бетонам. Прайшлі далей і ўбачылі прамтаварную краму.

— Ды тут заблудзіцца можна, — усміхнулася Таіса.

— Мусіць, мне тут праца знойдзецца, — сказаў Аўдзей, пазіраючы на высокі вежавы кран каля будынка, на якім працавалі муляры.

Прыйшлі ў Ляды, у двары іх сустрэў Кандрат і трое ягоных малалетніх сыноў. Кандрат абняў брата і задаволена сказаў, паказваючы на малых:

— Гондэ мае лётчыкі!

Адзін дзень патаўкліся госці разам з гаспадарамі ў хаце, разважаючы, дзе каму жыць, а потым Аўдзей з Таісай пачалі абжываць камору з адным акенцам, грубкаю і земляною падлогаю. Паміж сценамі якраз умясцілі два ложкі: адзін для сябе, другі для дзяцей. Праўда, каб паставіць дзіцячы ложак давялося трохі падчасаць сцяну, бо замінала грубка. Замест стала служыла Малашына скрыня, ля яе паставілі ўслон. Была тут яшчэ і шафа, паточаная шашалем і пафарбанаваная блакітнаю фарбаю, здабытая гаспадыняю ў той час, калі ў чарговы раз мянялася ўлада. На падлогу паклалі ліст фанеры.

Першым паглядзець, як яны ўладкаваліся, забег Антось Юдалька. Дома застаў толькі Таісу і Лізу, павітаўся, пахваліў каморку, якую яны няблага абставілі, даў па яблыку гаспадыні і дачцэ, спытаў пра жыццё-быццё. Таіса пачала скардзіцца на здароўе.

— Вой, Антаселя, зусім я занемагла. Усё ў мяне ў сярэдзіне баліць, а галава расколваецца. Мусіць, хутка памру. Ужо і на смерць усё падрыхтавала. Ці ты дапаможаш хоць яму выкапаць?

— Вой, Цімафееўна, пра што гаворка! Я табе такую яму выкапаю, што ўсе нябожчыкі на могілках пазайздросцяць! — засмяяўся госць.

— Люблю я тваю ўсмешку! Добры ты чалавек! Такія рэдка сустракаюцца, — шчыра сказала Таіса, пазіраючы Антосю ў вочы.

Гэты позірк працяў да сэрца. Так і карцела Антосю прыгарнуць мілую маладзіцу да грудзей, але стрымаўся і паспяшаў пакінуць чужое жытло далей ад граху.

Міцьку з Лядаў вывезлі зусім малым, у яго памяці не захавалася ніякіх успамінаў, таму ён з цікавасцю выйшаў з весніц, аглядаў вёску. Раптам да яго падбег Клемаў баран і тыцнуў рогамі ў грудзі. Малы зваліўся, а толькі падняўся на ногі, як баран зноў пхнуў яго. Міцька зароў з усяе сілы, бездапаможны перад гэтаю страшнаю рагатаю жывёлінаю. На дапамогу прыйшла Клемава сястра Вера, якая прагнала барана, падняла хлопчыка, выцерла запэцканыя рукі і апратку, пашкадавала і пацалавала. Праз акно ўбачыла іх Таіса, выбегла з хаты ратаваць сына. А Міцька ўжо ачомаўся на добрых Верыных руках і сказаў маці:

— Як вырасту, яе замуж вазьму.

Жанчыны засмяяліся: Таіса весела і замілавана, Вера — з прыхаваным сумам, бо і сама марыла некалі займець дзяцей ад свайго Аверкі, а яго ўсё трымалі ў турме.

Ліза пры першай жа нагодзе аббегла і агледзела наваколле. У канцы вёскі заўважыла нечыю новую клуню, а старой таполі на скрыжаванні, дзе некалі яна бавілася апалымі кутасікамі, ужо не было, нават пня не засталося. Затое поплаў быў на месцы, і сажалка сінела халоднаю вадою. Зірнула ў бок Янавічаў з надзеяю ўбачыць ветраны млын, але не знайшла яго і пашкадавала. Раней ён вельмі ўпрыгожваў прастору, навошта яго раскідалі? Ці не таму, што хлеба ўдосталь у краме? Няхай бы стаяў проста для прыгажосці. Хацелася яшчэ наведаць гаёк, але дзень выдаўся ветраны і дажджлівы, яна адклала тую вандроўку.

Так выпала, што ў той жа дзень Клем запрасіў Малашу і яе сямейнікаў на гадавіну па сваёй жонцы. Былі там яшчэ некалькі суседзяў ды родзічаў, якіх Таіса не ведала. Побач з гаспадаром, якому было гадоў шэсцьдзясят ці болей, сядзела маладжвая кабета і шчасліва ўсміхалася. Цёпла згадвалі Клемаву жонку Еву, хвалілі, што была добрая маці і гаспадыня. Таіса слухала і не верыла сваім вушам. Ведала, што ўсе суседзі лічылі Пеўніху ведзьмаю, баяліся і пазбягалі лішні раз мець з ёю стасункі. Смерць усіх прыбірае. Вось і ведзьма памерла раней за сваіх равесніц, не дапамаглі ёй яе чары. Аднак няўжо для таго, каб цябе ацанілі і палюбілі, трэба памерці?

Гэтая вячэра вельмі мала нагадвала памінкі. Пасля трэцяй чаркі гаспадар зацягнуў песню «Последній нонешній дзянёчак...», якую ён прывёз з Першай сусветнай вайны, дзе пораху панюхаў, у акопах пасядзеў, і паранены быў. Сваю мілую суседачку за сталом называў «драгацэннай жабушкай», таксама выраз прывезены з таго ліхалецця. Падслухаў тыя словы ад паручніка, які мілаваўся з медсястрою-каханкаю ў шпіталі.

Клемава знаёмая была з Вайцехаў і найраней сабралася дахаты. Гаспадар пакінуў гасцей на сястру Веру, а сам пайшоў праводзіць госцю. Даўгавата яго не было, а вярнуўся ён моцна запэцканы зямлёю.

— Ці ты, дзядзька Клем, зямлю носам араў, ці бабу кахаў? — засмяяўся Кандрат.

— А бадай яго. Спатыкнуўся, ледзь шыю не зламаў, — адказаў гаспадар, але ніхто яму не паверыў, усе зразумелі, што «жабушка» спакусіла Клема.

У той вечар гаворка найбольш круцілася вакол будоўлі ды вяскоўцаў, якія знайшлі там працу і добра зарабляюць. Адзначалі, што нават былы старшыня калгаса Рогаў пайшоў туды працаваць начальнікам аддзела кадраў.

— А я не пайду, — сказаў Кандрат. — Ці за тыя сто ці семдзесят рублёў у месяц я здолею пабудаваць новую хату? Ды разыдуцца тыя грошы абы-куды. А як паеду на Украіну, дык адразу некалькі тысяч прывязу, а яшчэ зерня тону. Тады і будзе з чаго падмурак закладаць.

— Цёмныя мы, не ведаем, дзе наша доля, а дзе бяда, — разважліва сказаў Клем. — Помніце, як некалі Банадысь утапіўся толькі з-за таго, што Нічыпар яго падмануў і сказаў, быццам уступіў у калгас, маўляў, і ты паспяшай, бо спознішся. Банадысь паверыў, пайшоў ды запісаўся і аказаўся першым калгаснікам у Лядах. А як даведаўся праўду, дык так набраў у галаву, так спалохаўся, што пабег у возера смерці шукаць. А мы вось ужо колькі год у гэтым калгасе — і нічога, жывыя! Цяпер мае сыны на будоўлі працуюць, зарабляюць. Я задаволены... Зрэшты, хто чаго варты, той тое мае, — падвёў рысу ў гутарцы гаспадар і зірнуў на гадзіннік, які цікаў на сцяне.

Госці зразумелі, што пара разыходзіцца, ноч на дварэ, і пачалі паціху ўставаць з-за стала, хто моўчкі, а хто і з песнямі.

Таіса доўга не магла заснуць у тую ноч, усё думала, што яно ёсць на самай справе тое каханне? Клем пражыў з Еваю ўсё жыццё, а не паспеў мінуць адзін год пасля яе смерці, як у яго ўжо завялася жаданая «жабушка». Ганя кляўся і бажыўся, што кахае яе, Таісу, а ягонага кахання і на тры гады не хапіла. Вось і Аўдзей быццам кахае, але п’яны жорсткасцю знішчае лепшыя пачуцці. Ды і бацька яе быццам і вельмі кахаў маці, а як аўдавеў, таксама хацеў прывесці новую жонку ў хату, ды Поля не дазволіла. Выходзіць, няма вечнага кахання. Як жа гэта наогул атрымліваецца, што чужы чалавек раптам становіцца найраднейшым, а потым раптам усё рушыцца, знікаюць прыязнасць і захапленне, а застаецца толькі расчараванне і нянавісць? Згадаўся ёй дваюрадны брат Кастусь, у якога яна малою пільнавала дачку Анютку, бо жонка сама не ўпраўлялася. Было гэта яшчэ да вайны. Няшчасная доля выпала брату, хоць быў ён хлопец відны, высокі і дужы. Ажаніла яго Гарпіна на сабе, як усе казалі, праз чараўніцтва. З твару яна была прыгожая, але нарадзілася калекаю, адна нага мела выгляд капыта. Людзі казалі, што яна чытала Чорную кнігу і займалася вядзьмарствам. Першы яе мужык пажыў з ёю колькі гадоў, а потым утапіўся ў Дняпры, другі наогул некуды згінуў.

Кастусь вярнуўся з войска, гуляў каля школы з хлопцамі ў футбол, шынель павесіў на плот. Прыйшла Гарпіна, спытала, чый гэта шынель, калі даведалася, што Кастусёў, узяла яго і пайшла, сказала толькі:

— Няхай прыйдзе і забярэ.

Як пайшоў Кастусь па сваю апратку, дык і застаўся ў Гарпіны. Маці яго, цётка Куліна, плакала і ўпрошвала сына пакінуць злую чараўніцу, але нічога не памагало. Праз год Гарпіна нарадзіла дачку. Ціха і мірна жыла сямейка, калі прыйшла да іх Таіса няньчыць немаўля. Гарпіна гаманкая, Кастусь маўклівы, задуменны, балела яму спіна, з вялікай сілы падарваўся на калгаснай працы, таму ў вольную часіну грэўся на печы ды гартаў тую саму Чорную кнігу, якая ляжала на комінку.

Аднойчы раніцаю сказаў, што пойдзе ў сельсавет па нейкай справе. Г арпіна таўклася каля печы, а Таіса калыхала Анютку. Раптам крук, на якім вісела калыска, абарваўся і калыска паляцела на падлогу. Дзіця зайшлося ад плачу. Гарпіна кінулася да малой, праклінаючы мужа, што ён такі няздара, нават калыску не мог прымацаваць як след, ледзь дзіця праз яго не забілася.

Малая хутка супакоілася, толькі спалохалася, нічога не пашкодзіла, а Г арпіна ўсё пасылала праклёны на мужаву галаву. Потым спахапілася, што трэба бялізну зняць, паслала няньку. Таіса залезла па драбіне на вышкі і ўбачыла, што Кастусь стаіць.

— Што ты тут робіш? — спытала яна.

Ён нічога не адказаў. Таіса кранула яго рукой — ён бязважка хітнуўся, узняла вочы ўгору — убачыла, што вісіць ён на дроце, прымацаваным да кроквы. Ад жудасці закрычала, старчма паляцела з вышак, добра, што ўнізе быў гной, бо ў сенцах стаяла карова, дык дзяўчо не пакалечылася.

Потым прыйшлі родныя і суседзі, знялі Косцю. Ляжаў ён на ўсю кухню, здаецца, яшчэ даўжэйшы стаў, чым пры жыцці. Такое было ягонае каханне, што і жыць з Гарпінай не мог, і пакінуць яе не здолеў, выбраў смерць, каб вызваліцца ад нядолі.

Анютку забрала да сабе цётка Куліна. Вельмі ж бедавала маці, галавою аб сцяну білася, не магла змірыцца са стратаю сына. Тады прыставілі Таісу да цёткі сачыць, каб яна з сабою чаго благога не ўчыніла. Так і хадзіла малая за Кулінаю ўслед, ні на крок не адступала. Цётка карову доіць — Таіса пры ёй, грады поле — таксама. Кулінін муж, дзядзька Хведар, любіў Таісу як родную дачку. Сядуць абедаць, ён яе возьме на рукі і які кавалачак мяса знойдзе ў крышанах, ёй дае. У дзядзькі і цёткі таксама было дзіўнае каханне. Пасварацца яны за што-небудзь, Хведар складзе ў мех чыгунок, яшчэ якія мужчынскія прычындалы і пойдзе ў лес. Цётка Куліна з Таісаю сунуцца за ім следам і ўпрошваюць, каб вярнуўся дамоў. Урэшце лад і згода зноў вярталіся ў сям’ю.

Ужо наколькі Таісін бацька кахаў сваю Хрысціну, але аднойчы і яны нешта непаладзілі, дык ён так раз’ятрыўся, што ўсе гаршкі з вазонамі пакідаў у парог ды паразбіваў. Цяжка пражыць жыццё з чалавекам, папярэджваючы ўсе ягоныя жаданні, патураючы прыхамацям, бо пры гэтам трэба забыць на сябе, здрадзіць сваёй душы, памкненням і марам. Ці варта так жыць, ці справядліва губляць сябе, растварацца ў іншай асобе дашчэнту?


32

Аўдзею адразу знайшлася праца ў брыгадзе бетоншчыкаў, тым больш што ён меў пасведчанне, атрыманае на іншай будоўлі аб чацвёртым разрадзе. Такім чынам, якія б там заробкі ні былі, а ён будзе атрымліваць толькі трохі менш за брыгадзіра. Г эта яго цалкам задавальняла і надавала гонару.

Таісе прапанавалі капаць зямлю разам з Антолькаю Сабакароваю і Луцяю Бабцінаю. Яна адмовілася, ведала, што з яе ціскам там працаваць не здолее, таму пакуль гадавала Міцьку ды займалася хатняю гаспадаркаю, развяла курэй, трымала іх у хлеўчыку, збітым з дошак. На даху гэтага няхітрага збудавання пасадзіла цыбулю ў скрынцы, чым вельмі здзівіла лядчукоў. Яны кожны раз, праходзячы міма, тыцкалі пальцамі ў бок цыбулі і пасмейваліся. Гэтая маленькая Таісіна гаспадарка ўсё ж дапамагала выжываць сям’і на мізэрны Аўдзееў заробак.

Малаша вельмі злавала на Таісіных курэй, якія грэбліся ў двары, а іншы раз забягалі і на грады, нагою прытоптвала разгрэбеную зямлю і праклінала нявестку і яе жыўнасць. Давялося адгарадзіць каля куратніка маленькую вальеру, каб куры не хадзілі на волі.

У Аўдзея, хоць ён і жыў пакуль у вёсцы, пачалося новае гарадское жыццё. Хата, гарод і двор цяпер належалі малодшаму брату, а Аўдзей тут быў толькі кватарантам. Калі надыходзіла нядзеля, Аўдзей сумаваў без працы і бурчаў сабе пад нос: «Што рабіць? Хоць у калкі галаву саджай...» Ішоў у краму, купляў пляшку гарэлкі і напіваўся. Але піць аднаму было нецікава. Кандрата дома не было, ён у чарговы раз з’ехаў на заробкі. Таму Аўдзей пачаў запрашаць да сябе дамоў халастога хлопца Гену з брыгады бетоншчыкаў, якому было выгодна ўзяць пляшку, прыйсці ў госці, паабедаць ды павячэраць. Калі гарэлка заканчвалася, Аўдзей з Генадзем ішлі гуляць на ДРЭС.

Таісу непакоіла і раздражняла, што зноў паўтараецца старое, як было з Ганем, які таксама хадзіў гуляць адзін і вяртаўся дамоў пад ранне. А потым, калі яна з’ехала, наогул пабраўся з былою палюбоўніцаю.

Таіса ўшчувала Аўдзея, калі ён прыходзіў позна з прагулянкі. Ён адказваў, што ў свой вольны ад працы час мае права павясяліцца і добра адпачыць, каб потым з новай сілай працаваць цэлы тыдзень. Гэтая размова патроху перарастала ў сварку, а часам і ў бойку, таму жонцы даводзілася ўцякаць з хаты і сярод ночы туляцца па суседзях. Ліза назірала за гэтаю калатнечаю ў сям’і і з адчаем думала: «Навошта так жыць? Навошта заводзіць дзяцей? Дзеля чаго яны сварацца і брыдкасловяць, б’юцца і мірацца? Як гэта можна забыць і дараваць?.. Я ніколі не пайду замуж. Мне будзе добра адной.»

Кандрат пасля вяртання з заробкаў паводзіў сябе ў двары як гаспадар, якому ўсе павінны падпарадкавацца. Калі яму здавалася, што Міцька спрабуе крыўдзіць ягоных дзяцей, хапаў, што трапляла пад руку, малаток ці кій, і бег разбірацца. Але Таіса пільна сачыла, каб нічога дрэннага не здарылася з сынам, і паўставала на шляху Кандрата. Ён ненавідзеў яе, лічыў, што яна прыкідваецца хворай, ухіляецца ад працы на будоўлі гэтак жа, як некалі ні дня не згадзілася працаваць у калгасе, і злосна пытаў:

— Хітрая, калі ўмірацьмеш?

— Пасля цябе, — адказвала яна.

На тым гаворка абрывалася, яны разыходзіліся, атручваючы ўласныя душы нянавісцю і пагардай. Але Кандрат быў перакананы, што брат з сям’ёю жыве тут часова і ніякіх правоў не мае на бацькаву хату. Толькі ён, малодшы сын, павінен дагледзець маці да смерці.

Ліза пайшла вучыцца ў школу, на гэты раз рускую. Поколькі на бабінай скрыні гатаваць хатнія заданні было нязручна, яна запісалася ў групу падоўжанага дня і з’яўлялася дамоў толькі пад вечар. У першых дзвюх чвэрцях у яе яшчэ былі тройкі па беларускай і рускай мовах, але да канца года яна выправілася і атрымала добры табель, у якім былі толькі дзве чацвёркі, а ўсе астатнія адзнакі толькі выдатныя.

Вясной баба Малаша дазволіла Лізе пасадзіць у гародчыку кветкі, дала нейкага насення, нешта дзяўчынка выпрасіла ў Бузюмішыных дачок. Летам пад вокнамі старой хаты закрасавалі аксаміткі, настуркі, астры і яшчэ нейкія кветкі, назвы якіх Ліза не ведала. У гайку яна накапала ландышаў і таксама пасадзіла ў гародчыку, цяпер любавалася кветкамі, старанна даглядала, палівала, палола і ведала, што нарэшце яна займела магчымасць з’явіцца першага верасня ў школу з букетам. Шкада толькі, што не было тут маёраў, пра якія яна марыла некалі, жывучы ва ўкраінскай вёсцы. Але спадзявалася, што калінебудзь знойдзе насенне і тых кветак.

На лета школьнікам выдалі спіс літаратуры. Ліза набрала ў школьнай бібліятэцы кніжак і запоем чытала. Часам хадзіла па знаёмых мясцінах, на балотца, дзе па-ранейшаму плавалі галавастыя пранікі, якія потым ператвараліся ў жаб, звіваліся чорныя п’яўкі, а луг стракацеў мноствам кветак. Цяпер яна дабіралася ажно да гайка, дзе жыў Харунжы. Зялёны востраў акружалі равы, напоўненыя чорнай вадой, абсаджаныя з двух бакоў высокімі дрэвамі. Толькі ў адным месцы на востраў быў перакінуты мост з тоўстых бярвенняў. Сярод ліп, дубкоў, алешын сустракаліся і вішні, якія вабілі спелымі ягадамі. Унізе рос маліннік. У бабы Малашы не было ў агародзе ніводнае вішні, таму

Ліза аднойчы знарок пайшла ў гаёк, каб паласавацца там ягадамі. Залезла на дрэва, зрывала вішні, уяўляла, што іх зараз процьма ў дзедавым садзе. Знізу раптам пачуўся голас:

— Ці ты садзіла гэтыя вішні, што гондэ рвеш іх?

Гэта была Харунжыха, якая ледзь не ўвесь гаёк лічыла сваёй уласнасцю. Ліза злезла з вішні і пайшла, не азіраючыся. Зрабілася прыкра на душы, быццам учыніла нешта непрыстойнае. Было крыўдна, бо Харунжыха таксама не садзіла гэтыя дрэвы. Яе сядзіба ў іншым баку гайка.

Каб летам паесці ягад, трэба было або прыляпіцца да жынчын, якія ішлі ў лес у чарніцы, або пашукаць пакінуты хутар, дзе яшчэ не здзічэў і пладаносіў сад. Ліза хадзіла ў чарніцы, у грыбы, па шчаўе, калі толькі было з кім, але ў гэтым ёй не заўсёды шанцавала. У вёсцы былі жанчыны, якія добра ведалі тутэйшы лес, а таму не жадалі мець ніякіх кампаньёнаў, асабліва чужых дзяцей, за якіх, крый божа, яшчэ давядзецца адказваць. Аднойчы Ліза з мамаю і Міцькам увязаліся за Юстыніхаю. Спачатку ішлі поруч. А потым Юстыніха набрала такую хуткасць, што яе і на ровары, мусіць, ніхто не дагнаў бы. Ліза з мамаю мо подбегам угналіся б за гэтаю маленькаю, але надзвычай хуткаю на ногі жанчынаю, але ж тармазіў Міцька, які час ад часу прасіўся на рукі і не мог гэтак хутка хадзіць.

Адсталі яны ад Юстынхі, паціху дайшлі да лесу, ягады збіралі ўдоўж дарогі, не заглыбляліся ў нетры, каб не заблудзіцца, а пасля нечакана напаткалі пакінуты хутар, нарвалі там кошык вішань, папілі смачнай вады з яшчэ жывога калодзежа і шчаслівыя вярнуліся дамоў. Як кажуць, не было б шчасця, ды няшчасце памагло. Хаця ў кожнага свая памыснасць, толькі не ўсе гэта разумеюць і не заўсёды могуць належным чынам ацаніць тое, што ім пасылае лёс.


33

Праз год Аўдзею далі пакой у бараку, дзе на дзвюх кухнях варылі на прымусах абеды васямнаццаць гаспадынь, а па калідоры бегала мноства дзяцей рознага ўзросту. Тут жыў рабочы люд, размаіты па нацыянальнасці і светапоглядах, але аб’ядноўвала іх вялікая будоўля і аднолькавыя ўмовы жыцця, дзе прыбіральня і калонка з вадою былі на вуліцы. Паступова Ліза пазнаёмілася з жыхарамі гэтага шумнага, як вулей, жытла.

Злева ад іхняга пакоя жыла сімпатычная і ладная пара з маленькаю дачушкаю. Гаспадар Максім меў дзядзьку ў Амерыцы, які прысылаў маладым прыгожыя рэчы. Дзяўчынку сваю яны апраналі, як лялечку, Ліза любіла з ёю гуляць.

Справа жыла прыгожая і высокая маладая жанчына Зося, да яе заляцаўся высачэнны, з вырачанымі вачамі Шамрай, страхапудны з выгляду. Ён ездзіў на грузавой машыне і часта некуды вазіў сяброўку, мусіць, да яе бацькоў у вёску.

Насупраць жыў Віктар з Волагды, жанаты на тутэйшай Мані, мелі яны дзве малыя дачкі. Г аспадар да капейкі аддаваў заробак жонцы, а потым кож­ную надзелю прасіў: «Дай рублішко на вінчышко». Яго інакш у бараку не называлі, як Вінчышка.

Далей жыла тоўстая рыжая мардоўка. Муж у яе быў худзенькі і маленькі чалавечак, абое працавалі на земснарадзе, як яны казалі, матросамі. Дачка Маруська ўдалася ў маму, такая ж рыжанькая і вясёлая. Мардоўка з захапленнем казала пра яе: «Мой Маруське хітры, як старый баб!» Мардоўка была на дзіва руплівая гаспадыня, яна наварвала варэння, запасалася на зіму салёнымі гуркамі і квашанаю капустаю, як ніхто. Казалі, што яна з мужам разабрала падлогу і выкапала сабе склеп, каб захоўваць прыпасы. Таіса ўзялася няньчыць Маруську, бо для малой не было месца ў садку, але менавіта Ліза вазілася ўсё лета з дзяўчынкаю, а заадно ласавалася мардоўчыным варэннем.

За кухняю жыла сівая ленінградка Жэня Коршунава. Яна шмат курыла, хварэла на сухоты. У сорак выглядала на шэсцьдзясят. Але толькі адна яна ўлівалася ў мужчынскую кампанію, якая па нядзелях і святочных днях гуляла ў карты ці дружна піла гарэлку на кухні зімою, а летам — на вуліцы за драўляным сталом.

У левым канцы калідора заўсёды было асабліва тлумна. Там таўкліся чацвёра сыноў Тонькі-татаркі, няўрымслівай моцнай маладзічкі, якая ад няма чаго абуць бегала сярод лета па ваду ў валёнках. Мела яна адны туфлі на свята, але берагла іх. Сястра яе мужа жыла ў процілеглым канцы барака. Пашанцавала ім аказацца побач.

У правым канцы калідора было заўсёды ціха. Там жыў хваравіты малады гаспадар, Арцём Захаруша, які атруціўся нечым у войску і цяпер быў на інваліднасці, чытаў кніжку, у якой апісваліся розныя лекавыя расліны, але адчувалася, што ён надта слабы. Арцём сядзеў дома з маленькаю дачкою, а Ліза любіла заходзіць да іх у пакой, дзе заўсёды было вельмі чыста, а на сценах віселі плакаты з прыгожымі кітаянкамі. Іншы раз Ліза брала ў Арцёма пачытаць кніжку пра лекавыя расліны, бо ў яе сталі з’яўляцца на твары прышчы, і яна шукала лекаў. Вычытала, што серпарэзнік робіць скуру прыгожай і гладкай, але гэтая трава ёй не дапамагала.

Далей жыў халасцяк Галюк са старою маці. Ён быў шызафрэнік, аднойчы зімой у яго здарыўся чарговы прыступ хваробы. Галюк цэлы дзень насіў ваду з калонкі, цалаваў яе і хрысціў, вусны прыкіпалі да мёрзлага жалеза, крывавілі, а ён не адчуваў болю і ўсё насіў ваду, паліваў клямкі, зямлю вакол прыбіральні і вакол барака. Потым яго забрала хуткая дапамога, больш яго ніхто не бачыў, бо ягоная маці таксама некуды з’ехала.

Наогул людзі ў бараку мяняліся вельмі часта. Кожны з іх быў нечым адметны. Нарыклад, у аднаго чалавека было напісана на ступнях: «Ну, пайшлі». Ён часта хадзіў басанож, каб усе бачылі ягоную татуіроўку. Другі чалавек усё хваліўся сваёю маладою і прыгожаю жонкаю і спяваў прыпеўку:

У маёй мілахі ляхі

Сорак дзевяць дзесяцін,

Хоць я хлопец без рубахі,

Апрацоўваю адзін.

Жыхарамі барака былі рабочыя людзі, простыя і звыклыя да розных жыццёвых нязручнасцей. Толькі аднойчы на месяц пасялілася тут нейкая начальніцкая сям’я. Гаспыдыня, худая і высокая, хадзіла ў атласным халаце па калідоры, як прывід, ні з кім не віталася і не размаўляла, а гаспадара ніхто толкам і не разгледзеў, бо яго рана забірала райкамаўская машына, а потым прывозіла позна ўвечары.

У бараку Аўдзей яшчэ больш запіў. Тут знайшлася яму кампанія. У нядзелю з самага ранку мужчыны ўжо дамаўляліся, як ім лепш бавіць час. Збіраліся за сталом, гуляючы ў карты, складваліся па колькі рублёў, пасылалі ганца ў гастраном, потым яшчэ і яшчэ. Аўдзей быў не гаваркі, але меў добры голас і хораша спяваў. Яго слухалі, яму падпявалі, і толькі тады, як лічыў, ён адчуваў сябе чалавекам самай высокай пробы. Пітва заўсёды было мала, мужчыны трэслі жонак, учынялі сваркі і бойкі. Дзень заканчваўся шумна, там і тут чуўся лямант, грукалі дзверы, плакалі дзеці.

Ужо напярэдадні нядзелі Таісу трэсла ад прадчування таго, што зноў у хаце будзе бязладдзе. Ні ўсчуванні, ні пагрозы — нішто не дапамагала. Так жылі ўсе навокал у кожным з дзясятка баракаў, пабудаваных на былым полі. Усе гэтыя здаровыя і маладыя мужчыны адарваліся ад зямлі і сялянскай працы, а тут, у горадзе, не знаходзілі сабе годнага занятку ў вольную часіну, акрамя як піць гарэлку. Гэта называлася ў іх адпачынкам, а другога яны не ўяўлялі, не маючы ніякіх іншых захапленняў і цікавасці.

Па абедзе Аўдзей прыйшоў да Таісы патрабаваць грошы. Тая дастала з-за рамкі спіс даўгоў, колькі і ў каго з суседзяў пазычыла. Грошай, якія зарабляў Аўдзей, не хапала на самае неабходнае: на самую простую ежу — бульбу з кефірам ды на мінімум адзення, каб не свіціць голымі азадкамі. Там, дзе ў сям’і працавалі муж і жонка, можна было яшчэ неяк абыходзіцца. Таму Таіса, жывучы ў бараку, прыстасавалася трымаць курэй і свінчо ў хлеўчыку за баракамі, дзе людзі нарабілі шмат такіх розных збудаванняў, хто на што быў здатны.

— Што ты мне тыцкаеш гэтую паперыну?

— Грошай няма. Ёсць толькі даўгі...

— Дык ідзі пазыч яшчэ.

— Ідзі сам і пазычай! У каго цяпер перад зарплатай ёсць грошы?

— Ты мне мазгі не кампасіруй, зараз як плясну!

Аўдзей замахнуўся, каб стукнуць Таісу — і тады паміж імі паўстала Ліза, каб абараніць маці. Ён адмахнуўся ад дзяўчынкі адным рухам далоні — тая паляцела ў кут і моцна стукнулася галавою, але не заплакала. У хаце раптам усталявалася дзіўна цішыня, быццам Аўдзей сам спрабаваў зразумець, што ён зараз зрабіў.

Ліза паднялася, апранула паліто, моўчкі выйшла з пакоя. Толькі на вуліцы дала волю слязам крыўды. Трыванне скончылася, яна зразумела, што больш не можа жыць у сям’і, назіраць сваркі і бойкі, яна наогул нікога больш не хоча бачыць. Пойдзе пешкі да цёці Полі, можа, тая ўсё ж не прагоніць яе з хаты, можа, і дзед пашкадуе? Колькі ж гэта ёй давядзецца ісці? Кіламетраў, можа, трыста ці болей? Калі ў дзень праходзіць па трыццаць кіламетраў, дык праз дзесяць дзён яна ўжо будзе ля свайго Дняпра. А можна і на таварным цягніку трохі пад’ехаць, тады будзе яшчэ хутчэй. Яна зараз не думала пра тое, дзе будзе начаваць, што будзе есці. Усё гэта не мела значэння. Галоўнае, што яна нарэшце адважылася вырвацца з гэтага пекла. Халодны кастрычніцкі вецер дзьмуў у твар і астуджаў злосць і нянавісць, якія кіпелі ў душы, высушваў слёзы. За горадам яна супакоілася і пайшла па бетонцы ў бок райцэнтра. Усё было вырашана. Яна ні пра што не думала, нічога не баялася, а проста ішла да першай чыгуначнай станцыі, якая была за васямнаццаць кіламетраў ад гарадка.

Ужо далёка за горадам яе дагнала мама, спытала:

— Куды ты ідзеш?

— Дамоў не вярнуся! — цвёрда адказала Ліза.

— Добра, але мне трэба ж ведаць, куды ты сабралася?

— Пайду да цёці Полі.

— А як жа я? Як Міця? Як мы будзем без цябе?

— Нашто я вам? Пакіньце мяне ў спакоі!

— Што суседзі скажуць! Як я жыць буду без цябе? — Таіса заплакала, яна ведала ўпартасць сваёй паслухмянай дачкі, калі ўжо тая нешта надумала, дык яе не пераканаеш.

Матчын плач разжалобіў дзяўчынку, яна пачала вагацца.

— Пойдзем, дачушка, дадому. Цябе ніхто больш ніколі не кране. Аўдзей сам спалохаўся, што зачапіў цябе! Ён разумее, што вінаваты. Пойдзем! Я ж памру без цябе! Пашкадуй мяне! Я і так хворая! Гэты вечны ціск! Міцька застанецца сіратою пасля маёй смерці. Хто ж яго выгадуе?

Маці плакала. Ліза спынілася і сказала:

— Добра, я вярнуся. Але паабяцай, што летам ты адпусціш мяне да цёці Полі. Я больш ніколі сюды не вярнуся!

— Добра, добра, я завязу цябе на канікулах сама. Толькі пойдзем дамоў! Прашу цябе!

Ліза вярнулася. Аўдзея ўжо дома не было. Яна распранулася, легла на ложак, адвярнулася да сцяны, заплюшчыла вочы і аціхла. З гэтага дня яна перастала называць айчыма татам.


34

Пакуль Ліза жыла ў хаце бабы Малашы, яна сябравала з Маняю Бузюмішынаю і Гэляю Юстынаваю. Але Маню ў шостым класе адправілі вучыцца ў школуінтэрнат разам з малодшаю сястрою, бо іхняя маці ад нуды і гора пасля смерці мужа захварэла на сухоты і цэлы год лячылася, ляжала ў бальніцы, а потым у спецыяльным санаторыі. У хаце засталіся толькі старэйшы сын, які працаваў на будоўлі, ды сярэдняя дачка, якая заканчвала восьмы клас. Надзя была замужам і атрымала пакой у адным з баракаў. Нягледзячы на тое, што гаспадыні дома не было, дзеці і без яе прытрымліваліся ранейшых звычаяў: на Сёмуху каля іхняй хаты зелянелі прынесеныя з лесу бярозкі, а падлога высцілалася аерам, на Вялікдзень фарбавалі яйкі, наогул спраўлялі ўсе святы, як вялося спрадвеку.

Ліза часта згадвала той выпадак, калі ёй нарэшце замест зялёнай штапельнай сукенкі купілі сінюю школьную форму, а Маня з Бузюміхаю прыйшлі паглядзець. Сяброўка сказала маме, што і ёй трэба купіць абноўку да навучальнага года.

— Ты на Лізу не глядзі. У яе ёсць бацька, — строга сказала Бузюміха.

Маня змоўкла, а Бузюміха пахваліла сукенку. Ліза, ведаючы пра бязладнае жыццё сваіх бацькоў, падумала тады з крыўдаю і адчаем: «Хіба гэта бацька?»

Да Гэлі Юстынавай Ліза наведвалася часта. Найбольш з-за таго, што на вышках іхняй хаты было шмат кніжак, якія далі ў нагрузку да швейнай машыны, купленай Гэлінаю маці. Юстын на вайне быў паранены ў нагу, чамусьці тая рана ніяк не гоілася. Ліза некалькі разоў бачыла, як ён сам сабе рабіў перавязку. Яму як ветэрану плацілі пенсію, таму, у адрозненне ад іншых калгаснікаў, у гэтай сям’і вяліся грошы.

Ліза брала ў сяброўкі кніжкі дамоў. Сама Г эля чытаць не любіла, таму іншы раз прасіла Лізу пачытаць ёй што-небудзь. Яны залазілі на печ і гадзінамі Ліза чытала «Вечары на хутары» Гогаля, гэты пісьменнік сяброўцы асабліва падабаўся. Іншы раз яны хадзілі разам на Сіняе возера, якое было далекавата ад хаты бабы Малашы, таму раней Ліза там ніколі не была. Яно было прыгожае і такое вялізнае, што на тым беразе лес быў ледзьве бачны шызай палоскай. Гэля сказала, што раней возера было яшчэ прыгажэйшае, але земснарад спаскудзіў бераг, намыў гару жоўтага пяску з дна. А для чаго? Невядома.

Аднойчы разам дзяўчынкі хадзілі нават на балота ля возера ў журавіны. Там было цікава і страшнавата, бо мох пад нагамі калыхаўся, пагражаючы праваліцца і нечакана паглынуць хадака ў чорнае прадонне.

Пасля таго, як Лізіны бацькі перасяліліся ў барак, яна ўлілася ў гурт гарадскіх дзяцей. Сябравала з Лорай Піліпавай, якая прыехала аднекуль ажно з-пад Урала. Сям’я яе качавала з будоўлі на будоўлю, аднак Лора чамусьці ніколі не згадвала тыя мясціны, дзе жыла раней, мусіць, тут ёй больш падабалася. Бацька яе працаваў прарабам у электрыкаў, а строгая маці была хатняю гаспадыняю, пільна сачыла за Лорай і малодшаю дачкою Адай. Паколькі бацька быў начальнікам, дык усе ў іхняй сям’і былі даволі адкормленыя, нават дзеці. Лора, вясёлая, няўрымслівая і вельмі таварыская, выглядала амаль спелаю дзяўчынаю, з даволі пышнымі формамі, хаця была ўсяго на год старэйшая за Лізу. З ёю было прыемна сябраваць.

З хлопчыкаў Ліза найбольш вылучала Барыса Велясевіча, сына свайго першага настаўніка, які некалі ў Лядах запісаў яе ў першы клас. Ліза ведала, што Вячаслаў Уладзіміравіч больш не працаваў у школе, а служыў у міліцыі. Ёй вельмі хацелася пабачыць яго, які ён у міліцэйскай форме, але ні разу так і не пашанцавала сустрэцца. Затое з Барысам яны бачыліся амаль штовечар. Былі канікулы. Падлеткі па вечарах выходзілі, як яны казалі, штурмаваць стометроўку, гэта азначала шпацыраваць па галоўнай вуліцы Леніна. У гэты час амаль уся моладзь выходзіла на прагулянку. На рагу ля барака, дзе жылі халасцякі, штораз Ліза бачыла Стэпку Сабакарову, якая чакала, калі нехта з хлопцаў запросіць яе да сябе ў госці. Цяпер ёй было за трыццаць, непрыгожая, з грубымі рысамі твару, але акуратна апранутая, хударлявая, яна стаяла нерухомая і наструненая, як слуп, нават, не пераміналася з нагі на нагу. У яе душы жыла вялікая прага кахання. Яна была гатовая кахаць усялякага вечна, хто толькі пакліча. Але як у Лядах, так і ў горадзе яе выкарыстоўвалі раз ці два і праганялі. Сваім маладзенькім пляменніцам яна скардзілася, што нейкі Піня цалуе яе праз газету і наогул закрывае ёй твар, мусіць, саромеецца. Шкадавала таго сарамяжлівага хлопца і іншых, якія выпадкова трапляліся ёй, і не пераставала спадзявацца, што недзе сярод гэтага мноства мужчын ёсць яе адзіны, які ніяк не можа яе адшукаць.

Нават неразлучныя Бабця з Луцяю выпаўзалі надвячоркам на вуліцу. Дачка ж яшчэ была нестарая, ёй таксама хацелася пабыць сярод моладзі, але маці яе адну нікуды не пускала. Ім пашанцавала, прафсаюз выдзеліў аднапакаёвую кватэру, бо іхняя халупка патрапіла пад знос. Цяпер яны, былыя вяскоўцы, сталі паўнапраўнымі гараджанамі, па вечарах не мелі што рабіць, ні агарода, ніякай жыўнасці не трымалі, тэлевізара яшчэ не завялі, вось і выходзілі ўвечары на людзей паглядзець, на лаўцы ля пад’езда пасядзець ды трохі прайсціся. Былы рабочы пасёлак, які называлі проста ДРЭС, нарэшце быў прызнаны горадам і займеў назву Сіньгорад, утвораную ад Сіняга возера.

На гэтай жа вуліцы Ліза аднойчы бачыла, як яе настаўніца нямецкай мовы Шалапутава (даў жа Бог прозвішча) проста на вуліцы цалавалася з нейкім мужчынам і знелюбіла яе за гэта, а заадно і нямецкую мову. Пра Шэлю, так называлі гэтую настаўніцу вучні, і халастога Мяфодзьевіча, які вёў заняткі ў хлопчыкаў па вытворчым навучанні, у школе хадзілі розныя плёткі. Зрэшты, яны вельмі пасавалі адно аднаму: Шэля — фарбаваная бландзінка, а Мяфодзьевіч — чорны, як жук, нават на носе ў яго тапырыліся валасінкі. Цяжка сказаць хто распускаў пра іх розныя плёткі, але ў школе ўсе ведалі вершык наступнага зместу:

Мяфодзьевіч і Шэля

Паехалі ў Альшэва,

Аварыя случылась —

Ды кіндэр палучылась.

Звычайна Ліза ўважліва прыглядалася да мужчын, ці не сустрэне падобнага на сябе, раптам нейкім лёсам занясе ў гэты гарадок яе бацьку. Вунь колькі людзей наехала сюды з усяго Савецкага Саюза. Не магло ж так быць, каб яны больш ніколі не сустрэліся, гэта ёй здавалася вельмі несправядлівым

Падлеткі латашылі сады каля начальніцкіх катэджаў. Дзяўчаткі вартавалі, а хлопцы пералазілі цераз платы і рвалі запазуху яблыкі, потым разам елі ў маладым парку на лаўцы. Удзень хадзілі на закінутыя хутары, дзе таксама знаходзілі садавіну. У святочныя дні сноўдаліся па дамах, дзе вялося будаўніцтва. Аднойчы гуртам зайшлі ў пакой, а дзверы зашчоўкнуліся, каб выйсці з нечаканага палону, ім давялося скакаць з другога паверха, добра, што пад акном была вялізная гара пяску.

Ліза заўсёды трымалася каля Барыса, праўда, так яго ніхто не называў. Меў ён мянушку Вялес, ад свайго прозвішча Велясевіч. Гэты быў бялявы, худы, але даволі дужы падлетак, які, здавалася, нікога і нічога не баяўся. Мусіць, за гэта і падабаўся Лізе.

— Вялес, навучы мяне моцна свістаць на пальцах, — папрасіла яна аднойчы.

Барыс ахвотна згадзіўся, паказаў, як трэба класці пальцы ў рот, прыціскаць да іх язык, а потым моцна дзьмуць — і атрымаецца свіст. Ліза была стараннаю вучаніцаю, і ўжо праз некалькі вечароў яна пасвіствала, калі стаяла на варце.

Разам яны ездзілі навыперадкі на роварах. Ліза брала айчымаў ровар, калі ён прыязджаў з працы. Аднойчы на скрыжаванні ледзь не падляцела пад машыну, бо не ведала, што ў яе двухкалёснага каня ёсць тармазы.

— Ты парушаеш правілы дарожнага руху, — сказаў Лізе Вялес.

— А як яго спыніць?

Барыс засмяяўся і паказаў Лізе, як трэба тармазіць. Яна зразумела, што магла загінуць пад коламі машыны, каб не сябрава навука.

Аднойчы яна сказала, што вельмі хоча пабачыць ягонага бацьку Вячаслава Уладзіміравіча ў міліцэйскай форме. У адказ Барыс нядобра пасміхнуўся і адказаў:

— Я і сам хацеў бы яго бачыць.

Ліза не звярнула ўвагі на гэтыя словы, падумала, што сябар жартуе. Але раптам Вялес знік, а ў выніку распаўся і гурт падлеткаў, бо не было завадатара. Ліза крыўдавала на Барыса, яна лічыла яго сваім сябрам, а ён не папярэдзіў і некуды знік. Яна згадала, што ў апошнія дні ён быў нейкі злосны і раздражнёны. Падумала, што Барыс нечакана некуды паехаў з бацькамі, толькі праз месяц даведалася, што яго забралі ў турму за забойства дзяўчыны.

Барыс даведаўся, што ягоны бацька заляцаецца да нейкай жанчыны з той самай вёскі Альшэва, пра якую спявалі вучні ў прыпеўцы пра Шэлю і Мяфодзьевіча. З крыўды, нянавісці і злосці ён падпільнаваў дачку гэтай кабеты і застрэліў з бацькавай табельнай зброі. З-за таго, што сын скарыстаўся бацькавым пісталетам, арыштавалі і Вячаслава Уладзіміравіча.

Ліза шкадавала свайго першага настаўніка, думала, што дарма ён пайшоў працаваць у міліцыю. Каб у яго не было пісталета, Барыс не займеў бы зброі. Шкада было і тую невядомую дзяўчыну, якая так недарэчна загінула ў сямнаццаць гадоў. Усіх шкада, і нічога нельга паправіць. Цяпер Барыса пасадзяць на некалькі гадоў у турму, а Ліза паедзе да цёці Полі. І яны ніколі больш не сустрэнуцца. Яна ўжо ведала пра незваротнасць часу, бо шмат разоў даводзілася разам з бацькамі мяняць месца жыхарства, назаўсёды развітвацца з мясцінамі і людзьмі, якія запалі ў душу, а потым насіць у сэрцы ўспаміны і смутак па назаўсёды страчаным часе, падзеях, адчуваннях і ведаць, што ніколі і нічога больш не вернецца. Пражытае бязлітасна, назаўсёды застаецца ў мінулым, ад гэтага балюча сціскаецца сэрца, нават іншы раз хочацца заплакаць.


35

Ліза заканчвала восьмы класс і спадзявалася, што будзе паступаць у будаўнічы тэхнікум, каб быць бліжэй да цёці Полі і дзеда. У іх жа ёсць вялікі сад і агарод, можна будзе хоць якой бульбы прывезці, ды неяк існаваць на стыпендыю. У школе яна вучылася старанна, спадзявалася, што чацвёрак у атэстаце будзе мала. Пераважна сядзела дома ды рыхтавала хатнія заданні. Сяброўкі яе ўсе былі занятыя кожная сабой. Г эля казала, што сустракаецца з нейкім мантажнікам, збіраецца за яго замуж. Яна ленавалася выконваць хатнія заданні, сядзела ў класе чырвоная і тоўстая, быццам распухла. Было відно, што дзяўчына цяжарная, але ніхто ёй нічога не адважваўся казаць. Настаўнікі, напэўна, таксама ведалі, што творыцца з гэтаю васьмікласніцаю, але хацелі найхутчэй выдаць ёй атэстат і выправіць са школы, каб факт цяжарнасці вучаніцы не лёг ганебнаю плямаю на педагогаў.

Гэля расказвала Лізе, што яна зусім не хоча хадзіць у школу, але каханы мантажнік прымушае яе скончыць восем класаў, вось і вымушана рабіць выгляд, што вучыцца, а на самай справе маладыя ўжо заручыны справілі, падалі заяву, засталося толькі аформіць шлюб. Гэля была пераростак, на два гады старэйшая за астатніх вучняў у класе, позна пайшла ў школу, шкадавалі бацькі, што ўдалося дзіця маленькае ростам. Яны не надта разумелі, для чаго наогул дзяўчынцы хадзіць у школу. Цяпер, калі Гэля сабралася замуж за нейкага прыезджага хлопца, яе маці, Юстыніха, засумнявалася, ці варта дачцэ звязваць лёс невядома з кім. У сяле заўсёды цікавіліся не толькі залётнікам, але яго бацькамі ды родам. Яна раіла дачцэ выходзіць замуж за суседскага Шуру Хроімавага, але Гэля і слухаць не хацела пра гэтага альбіноса, з валасамі і вейкамі белымі, як у парасяці, да таго ж быў ён таўставаты і лянівы. Нішто яго не цікавіла, акрамя кіно. Цэлымі днямі ён праседжваў у будцы кінамеханіка, перамотваў плёнкі і шмат разоў глядзеў адны і тыя ж фільмы. Гэта для яго было найвялікшае шчасце. Любіў, калі ў кінабудку заходзіла Люська Новікава, маці якой працавала прыбіральшчыцай у клубе. Тады яны разам глядзелі фільмы. Люська нешта расказвала, смяялася, а ён маўчаў і чырванеў. І гэта таксама было таемнае Шурава шчасце. Ён бачыў, якая прыгожая Люська, і ведаў, што яна пасмяецца і пойдзе, каб назаўсёды забыць яго. А твар у яе сапраўды быў занадта дасканалы і тонкі, такія малююць толькі на іконах. Люська і сама не здагадвалася, якая яна прыгожая, пасля восьмага класа паехала вучыцца на тры гады на тынкоўшчыцу, а Шура пайшоў працаваць на будоўлю. Так яны і разлучыліся, як пасля аказалася, назаўсёды.

Лора Піліпава, якой Ліза прапанавала разам рыхтавацца да экзаменаў, адмахнулася і сказала, што ёй няма часу, бо яна крадком ад бацькоў сустракаецца з Севам.

— Які Сева? Я яго ведаю?

— Ведаеш, ён з Лядаў. Яго яшчэ ўсе стылягам называлі.

Ліза ўспомніла, калі яны жылі ў бабы Малашы, міма вокнаў часта хадзіў высокі хлопец у шэрым пінжаку, штанах-дудачках з высокім рыжаватым чубам. І гальштук у яго быў з пальмамі, дзе ён такі змог раздабыць, невядома.

— Успомніла... Дык ён жа дарослы...

— Так, ён працуе. З ім цікавей, чым з нашымі смаркачамі. Ведаеш, учора мама нешта пранюхала і не пусціла мяне на спатканне. Я ледзь на вушах не стаяла. Яна прывязала мяне да ложка, а сама пайшла на вуліцу, каб не чуць, як я раву.

— І што? Спатканне сарвалася?

— Не сарвалася. Як толькі бацькі паснулі, я вылезла праз акно і пабегла да яго ў вёску. Мы гулялі да самага світанку. Хадзілі ажно на возера. Там так прыгожа і ціха. Толькі пад ранне пачалі птушкі спяваць. Потым праз акно я вярнулася дамоў. У нядзелю пойдзем загараць на возера на цэлы дзень.

— А як жа экзамены.

— Ды гары яны гарам! Здам я іх! Мне ж медаль не трэба, — Лора бесклапотна засмяялася. — А ты ўсё зубрыш?

— Паступаць збіраюся.

— Куды?

— У будаўнічы, каб бліжэй да дзеда.

— Будаўнікі мала зарабляюць. У майго бацькі заробкі лепшыя. Як скончу школу, пайду да яго ў брыгаду. Электрык — прафесія вельмі перспектыўная.

— А мне падабаецца будаўніцтва. Ты нават не ўяўляеш, што тут, дзе стаіць наша школа, будынкі, клуб некалі было чыстае поле. Я помню яго. А цяпер — тут горад. Я хачу паехаць у Сібір, будаваць у тайзе новыя гарады, каб там было светла і ўтульна людзям. І ніякіх баракаў!

— Ведаеш, мы жылі трохі ў Сібіры, — пасміхнулася Лора. — Нічога там добрага няма. Стаяць баракі, іх да цябе там набудавалі, зімой холад сабачы, а летам камары кусаюцца, як сабакі. Мой бацька сказаў неяк, што там сабачае жыццё.

Ліза задумалася, узважваючы пачутае. Сваё адчуванне Сібіры яна выне­сла з песні:

Снятся людям иногда

Голубые города,

У которых названия нет.

Так яна сабе і ўяўляла: тайга, блакітны на світанку горад, шмат ліхтароў, што і ноччу на вуліцах светла, як днём. А ў небе — яскравыя бухматыя зоркі. І шмат шчаслівых людзей, якія ніколі не сварацца паміж сабою, умеюць сябраваць, любіць, кахаць.

— Вы жылі ў нейкім старым горадзе, а я пабудую новы.

— Жадаю поспеху. А я не хачу больш у Сібір. Мне б куды-небудзь у Крым ці на Каўказ. Там цеплыня, мора, садавіна. Ты бачыла мора? Ты каштавала персікі і вінаград?

— Не, не бачыла. Каштавала толькі абрыкосы, кавуны і дыні.

— Калі б ты пабачыла мора, дык больш нікуды не захацела б стуль ехаць. Дарэчы, там таксама можна будаваць нешта.

— Каб ты пабачыла мой Дняпро, — летуценна прамовіла Ліза, — прыгажэйшай ракі няма на свеце. Ніякае мора з ім параўнаць нельга.

— Кожны кулік сваё балота хваліць. Няма ў нас ні мора, ні Дняпра, а ёсць возера, там мы і будзем адпачываць, загараць і трохі думаць пра экзамены. Я ўсё роўна траякоў за чвэрць нахапала, так што не варта мне тут асабліва высільвацца, а ты грызі граніт навукі. Табе трэба, бо давядзецца ісці ў бетоншчыцы, як твой бацька.

Гэтыя Лорыны словы Лізу пакрыўдзілі, яна адказала:

— Усялякая справа годная.

— Дык чаму ж ты ў прыбіральшчыцы не пайшла, як мы на грамадскіх пачатках размяркоўвалі шэфскую дапамогу клубу?

— Прыбіральшчыц там і без мяне хапае, — агрызнулася Ліза. — Не люблю грамадскую работу. Не падабаецца...

— Наш камсамольскі сакратар сказаў бы, што гэта крайні эгаізм і індывідуалізм, вельмі шкодная з’ява ў грамадстве.

— Мяне не цікавіць, што і хто скажа. Бывай.

— Бывай, не забывай.

Яны разышліся. Кожная з іх ужо прыкладна спланавала будучы шлях, але жыццё ўсё паламала і зрабіла па-свойму. Таіса ўзялася на лета няньчыць суседчына дзіця. Ёй было не да Лізіных выбрыкаў, калі заўсёды не хапае гро­шай. У сям’і два школьнікі, якіх трэба абуць і апрануць. Яна і думаць забылася, што абяцала дачцэ адпусціць яе да цёці Полі.

Пасля экзаменаў Ліза спытала ў маці:

— Калі мы паедзем да дзеда?

— Як мы можам паехаць? Бачыш, я дзіця няньчу. Трэба табе новую сукенку да школы купіць.

— Я ж паступаць хацела.

— На наступны год абавязкова паедзем. А цяпер зусім няма грошай. Ты ж бачыш, колькі ў мяне даўгоў. Ад аванаса не хапае да палучкі. Ледзьве канцы з канцамі зводзім. А тут кожны месяц дадаткова будзем атрымліваць па пятнаццаць рублёў! Як жа можна адмовіцца? Ды і суседку нельга падвесці. Куды яна падзенецца са сваёю малою?

Ліза ведала, што суседка нарадзіла без мужа, было ёй ужо гадоў пад сорак, і сапраўды, не было на каго разлічваць. Што ж, трэба людзям дапамагаць. А хто дапаможа Лізе? Як пратрываць яшчэ адзін год?


36

Лора Піліпава ў дзявяты клас не прыйшла. Хадзілі чуткі, што яна зацяжарыла, ездзіла некуды ў Расію да родзічаў і зрабіла там аборт. Ліза не хацела верыць гэтым плёткам. А калі ажно ў лістападзе выпадкова сустрэла сяброўку на вуліцы, дык здзівілася, як тая памажнела, стала падобная больш на дарослую маладую жанчыну, чым на юную дзяўчыну.

— Чаму ты не прыйшла ў школу? — здзівілася Ліза.

— Ты ж ведаеш, я вучыцца не люблю. Пайду ў вячэрнюю, неяк атрымаю атэстат.

— А цяпер, што будзеш рабіць?

— Працую ў татавай брыгадзе.

— Падабаецца?

— Цікавей, чым у школе. — А ты паступала? — у сваю чаргу пацікавілася Лора.

— Не атрымалася. — А як твой стыляга?

— У войску служыць.

— Заходзь калі, — запрасіла Ліза.

— А як там у класе?

— Няма нашага класа. Гэля выйшла замуж і некуды паехала са сваім мантажнікам. Шмат хто з вясковых дзяўчат падаліся вучыцца на ткачых у Іванава, што за Масквою. Некаторыя пайшлі няньчыць дзяцей да начальнікаў. Той-сёй паехаў на новую будоўлю з бацькамі. Так што ў нас цяпер у большасці новыя вучні, што прыйшлі з вясковых васьмігодак, пераважна дзяўчаты.

— Сумота, відаць, там у вас?

— Якая розніца, кожны ж для сябе вучыцца.

— Пайшлі са мною ў вячэрнюю школу, — прапанавала Лора. — Я папрашу тату, ён і цябе возьме на працу.

— У мяне ж яшчэ пашпарта няма. Я ў школу пайшла ў шэсць гадоў.

— Ты такая малая? — здзівілася Лора. — Ну, тады расці яшчэ.

Яны развіталіся, але да вясны так ні разу і не сустрэліся, розныя ў іх былі заняткі і інтарэсы. Лора ўдзень працавала, увечары хадзіла ў вячэрнюю школу. У Лізы была іншая праблема. Яна якраз трапіла ў той выпуск, калі з адзінаццацігодкі зрабілі дзесяцігодку. За два гады новыя выпускнікі павінны былі засвоіць праграму, разлічаную на тры гады. Цяпер старшакласнікам настаўнікі проста чыталі лекцыі. Больш здольныя юнакі і дзяўчаты паспявалі засвоіць матэрыял, слабакі ледзьве цягнуліся на тройкі.

У наступны раз Ліза пабачылася з Лораю на могілках. Тутэйшых людзей хавалі пад крыжамі. На магілах памерлых гараджан ставілі жалезныя чырвоныя пірамідкі з зоркамі. Пакуль будавалася станцыя, пірамідак стала некалькі. Першым пахавалі шыбеніка, які засіліўся на вышках бальніцы яшчэ ў час яе будаўніцтва. Наступным стаў мантажнік, які зваліўся з вышыні і разбіўся. Ліза помніла, што ягоная труна стаяла ў клубе, і ўсе прыходзілі развітвацца з ім, а на могілках казалі жалобныя прамовы.

Была тут пахавана прыгожая дзяўчынка Галя з доўгімі косамі, якая ўтапілася. Ляжаў тут і муж Бузюмішынай Надзі, той самы багаты сірата, які раптам захварэў і памёр. Яго Ліза бачыла жывым толькі некалькі разоў. Быў ён невысокі, чарнявы, кідаўся ў вочы не тутэйшай, усходняй прыгажосцю.

Была тут і магіла Банадысінага Івана, яго Ліза трохі помніла. Гэта ён некалі на Украіне, калі ўсе жылі ў хаце Антося Самоты, спяваў пра дзяўчыну, з якою яе маці не дазваляе жаніцца. Яго ўтапіў у возеры айчымаў дваюрадны брат Якім. Ліза чула, як бацькі ціха абмяркоўвалі гэты страшны выпадак. Падслепаваты Якім ніяк не мог выбраць сабе дзяўчыну, усе яны яму былі на адзін твар. Банадысін Іван працаваў разам з ім на земснарадзе ды ўсё нахвальваў сваю Палаю Сердзюкову. Якім таксама паспрабаваў падступіцца да той прыгажуні, якую так упадабаў Іван, але дзяўчына не захацела з ім нават размаўляць. Казалі, што ён аднойчы пачаставаў Івана гарэлкаю, а потым стукнуў па галаве і спіхнуў у возера, калі дзяжурылі разам у начную змену. Івана пахавалі, вінаватых не знайшлі, а Якім праз колькі месяцаў ажаніўся з Палаяю, якая, мусіць, не надта кахала яго, бо нарадзіла толькі аднаго сына, такога ж падслепаватага, як ягоны бацька.

Ляжала тут пад маленькім крыжыкам немаўлятка. Гэта быў адзіны сын Антося Самоты, пра якога ён марыў. Шэсць дачок раслі і гадаваліся, а сёмы сын памёр, пражыў толькі два тыдні.

Сёння павінны былі хаваць Севу Стылягу, які загінуў у войску. Усяго і паспеў гэты хлопец у сваім жыцці, што пакрасавацца ў штанах-дудачках ды пакахаць Лору Піліпаву. Яго прывезлі на могілкі салдаты ў закрытай труне са шкельцам, за якім нічога нельга было разгледзець. Над труною плакалі маці, сястра, нейкія яшчэ жанчыны. Толькі Лора стаяла з сухімі вачамі і нікога не заўважала навокал. Ліза не адважылася падысці да яе і вывесці з цяжкога одуму.


37

Кандрат дарэмна спадзяваўся атрымаць пляц пад хату ў гайку або на выгане. Калі ён прыйшоў да начальства, дык аказалася, што ўся зямля ўжо даўно падзеленая. Кандрату зноў прапанавалі нейкую выспу за вёскаю. Што і казаць, ён тады пакрыўдзіўся на ўсіх. Як жа можна трываць такую несправядлівасць? Усе, хто даўно працуе на будоўлі і да калгаса не мае ніякіх адносін, атрымалі лепшыя пляцы! Клем размясціўся ў самым гайку на востраве, ужо і зруб паставіў! А хто ён такі? Што зрабіў для калгаса? Ды ён заўсёды працаваў толькі на сябе! Узяў замуж дачку заможнага чалавека, які ездзіў на заробкі ў Амерыку і прывёз грошай. У яго і старая сядзіба вялікая, з садам, канец агарода ўпіраўся ў лужок, дзе была воля качкам ды гусям. Ля хаты ў Клема расла асінка, якая трапятала кожным лістком, а ў двары — тры вялізныя яліны, на якіх прыжыліся вавёркі. Гэта хто ж мог сабе дазволіць елкі ў двары вырошчваць. У Малашы адна яблынька, ды і на той горкія яблыкі, есці немагчыма.

Кандрат помніў, як напрыканцы вайны, калі Ляды вызвалілі ад немцаў, у войска пачалі браць мужчын, чый узрост падпадаў пад мабілізацыю. Прыйшла позва і Клему. Ён выправіўся разам з усімі ў райваенкамат, а па дарозе ўцёк і ўпотай вярнуўся дамоў, доўга хаваўся. Клеміха папрасіла Кандрата з Аўдзеем дапамагчы абмалаціць жыта. Аднойчы хлопцы згледзелі Клема на вышках у клуні, зарослага барадою, ажно не пазналі яго, спалохаліся. Клем схаваўся не адзін. Да ягонай сястры Веры заляцаўся Аверка, малады і прыгожы хлопец. Яго таксама прызвалі ў войска. Прыйшоў Аверка перад самай мабілізацыяй да Клема, каб дазволіў ажаніцца з каханаю дзяўчынаю. Той запярэчыў, маўляў, не аддам сястру, ты на вайне згінеш, а яна ўдавою застанецца. Калі хочаш, схавайся пакуль, а пасля, як усё сціхне, пажэніцеся.

Аверка схаваўся дрэнна, у хуткім часе яго арыштавалі і пасадзілі ў турму на дваццаць пяць гадоў. Ён яшчэ і да гэтага часу ўсё даседжваў свой тэрмін, нават смерць Сталіна не дазволіла яму атрымаць жаданую волю. Калі вайна скончылася, Клем вылез са сваёй схованкі, і па яго прыйшлі вайскоўцы. Кандрат помніў, як вялі суседа праз вёску да сельсавета, старога, страшнага, за­рослага барадою. Але Клем неяк адкруціўся, мо таму, што быў ужо стараваты, не годны для таго, каб ваяваць, дык яго мо праз які год ці два адпусцілі. І гэтаму баязліўцу далі найлепшы пляц! За што? Мо за хабар? Вядома. Тры ягоныя сыны працуюць на будоўлі, грошай куры не клююць. Цётка Дамінка як удава, муж якой загінуў на вайне, таксама збіралася будавацца каля Харунжага. Як загінуў дзядзька Саўка, сорамна каму прызнацца! Людзі казалі, што рабаваў у Берліне нейкую кватэру, а немец-гаспадар яго за гэта застрэліў. У Дамінкі зусім новая хата, пастаўленая перад самай вайной. Яна ў калгас на працу не ходзіць, яе дзеці, Якім і Алеся, на будоўлі працуюць, толькі Алёша ў войску служыць! Што і казаць, няма справядлівасці на свеце!

Пабедаваў Кандрат, падумаў, з жонкаю і маці параіўся ды і вырашыў ставіць новую хату на старым котлішчы, толькі адсунуць яе трохі ад скрыжавання, а то ж было, што ўсялякая навалач па шыбе рукамі шкрабала. Хацелася зрабіць будыніну прасторную, каб дзецям было вольна, як-ніяк трох сыноў і дачку нарадзіла яму Ульяна. Выхоўваў ён дзяцей у строгасці, але з любоўю. Не дазваляў, каб нехта чужы іх крыўдзіў, сярод нашчадкаў нікога не выдзяляў, ставіўся да ўсіх аднолькава добра. Старая маці падтрымлівала такі спосаб выхавання. Калі куплялі цукеркі, дык на ўсіх дзялілі пароўну. Толькі гарэлку налівалі па ўзросце. Старэйшым трохі ў чарачкі, а малодшым у коркі ад пляшак. Малаша лічыла, што гарэлка — найлепшыя лекі ад усялякай хваробы цела, а яшчэ весяліць душу, разнявольвае, нават у будзённы дзень прыносіць адчуванне свята. Таму кожны раз, калі гналі самагонку, яна абавязкова частавала ўнукаў, каб застрахаваць іх ад магчымай немачы.

Як ні раўняў Кандрат сваіх дзяцей, а яны атрымаліся розныя. Першы Алег быў здаровы і кемлівы хлопец. А вось наступныя Сяргей і Ала аказаліся хворыя ад нараджэння. Дактары называлі іх п’янымі дзецьмі і папярэдзілі Ульяну, каб з п’яным мужыком не спала, калі не хоча мець яшчэ аднаго калеку. Жонка крыўдавала з-за дзяцей на Кандрата, пачала раздражнёна пакрыкваць на яго, называла Бурсам і курваю. А малы Сяргей пераймаў і паўтараў пачутае ад маці, заганяючы карову: «Пайшла, Бульса кульва!»

Сяргея адразу прызналі інвалідам ад нараджэння, быў ён дурнаваты, з ягонай тоўстай ніжняй губы заўсёды сцякала сліна. Па Але спачатку не было відно ніякіх адхіленняў ад нормы, але калі пайшла ў першы клас, тут і выявілася, што яна няздатная засвойваць школьную праграму, таму яе, як і Сяргея, накіравалі ў спецыяльны інтэрнат.

Чацвёрты сын нарадзіўся здаровенькі, назвалі яго Віталем. Жонка знарок вышуквала нейкія рэдкія і прыгожыя імёны дзецям, якіх раней ніхто не ведаў у вёсцы. Як усялякія бацькі, Ульяна і Кандрат спадзяваліся, што Бог не абдзеліць іхніх дзяцей шчасцем. Безумоўна, муж быў максімалістам, хацеў, каб ягоныя хлопцы лёталі высока, называў іх лётчыкамі. Прынамсі, будучае іхняе жыццё ніяк з вёскаю і зямлёю не звязваў. Ульяна не хацела адпускаць далёка ад сябе дзяцей, але ж Ала і Сяргей змалку вымушаны былі жыць не дома. Нічога, сын вернецца дахаты. І за дачку Ульяна была спакойная. Дзяўчыну ўсё роўна трэба аднойчы выпраўляць замуж да чужых людзей. Няхай прывыкае.

Малаша таксама думала, што дзеці павінны жыць як мага даўжэй пры бацьках, каб меней няшчасцяў выпадала на іх. У гэтай вялікай сям’і яна пачувалася ўжо часам лішняю, але ж, пакуль Кандрат ездзіў на заробкі, яе яшчэ часта бачылі з касою і вялізнаю ношкаю сена (як дужаму мужыку падняць) за плячыма. Яна выкошвала дзе якая была трава ў гарадскім парку, па ўзбочынах дарог, на той тэрыторыі, якая была адведзена пад будоўлю, але пакуль пуставала. Сама назапашвала сена карове на цэлую зіму, бо калгас сенакос іхняй сям’і не даваў з-за таго, што гаспадар быў на заробках. Наогул яна па старой звычцы прыберагала плуг, барану і розныя сельскагаспадарчыя прылады, бо ведала, раптам можа ўсё памяняцца, тады гэтыя рэчы спатрэбяцца. Як і шмат хто са старых людзей, баялася перамен. За савецкім часам так і не навучылася хадзіць у краму і нешта купляць, не ўмела лічыць грошы.

Ульяна працавала ў паляводчай брыгадзе, каб восенню атрымаць буракі і зерне, дадаткова брала дзялку, якую палола разам са свякрухаю. На гаспадарцы працы заўсёды шмат, не паварушышся, дык зімою не мецьмеш што на зуб пакласці.

Кандрат штогод ездзіў на заробкі, а Ульяна з Малашаю цягнулі мужчынскую і жаночую працу, наколькі ў каго хапала моцы. Маючы чацвёра дзяцей, нявестка не заўсёды ўпраўлялася прыбраць у хаце ды своечасова памыць бялізну, усё спасылалася на цеснату. Казала, маўляў, каб была хата падзеленая на кухню і чыстую палавіну, дык лягчэй было б парадкаваць, а ў гэтым катушку, што пяць крокаў ад парога да покуці, немагчыма сачыць за чысцінёй. Малаша таксама спадзявалася пажыць яшчэ ў новай хаце і паглядзець, якая там будзе прыгажосць.

У канцы восені вяртаўся Кандрат, тады працы было менш. Доўгімі зімовымі вечарамі кожны сабе знаходзіў нейкі занятак: гаспадар плёў кош, ці проста сядзеў ля грубкі, падкладваў паленцы і смаліў махорку, старэйшы ўнук Алег рабіў хатнія заданні, а малодшы Віталь падсаджваўся да маці ці да бабулі, каб прылашчылі яго, пашкадавалі, вельмі ж ласкавае дзіця ўдалося.

У адзін з такіх вечароў Малаша папрасіла сына:

— Запісаў бы ты, Кандраце, мае песні. Памру і панясу з сабою, што ведаю. А ў мяне песень тых, не злічыць!

— Каму трэба твае песні? Вунь па радыё штодня іх столькі спяваюць, што Божа літасцівы, невядома скуль яны бяруцца. А за гэта ж, мусіць, і грошы некаму плацяць.

— Ай, спяваюць яны абы-што. Гондэ ў мяне песні дык песні. Ты запішы, я табе таксма заплачу.

— Колькі? — зацікаўлена спытаў Кандрат.

— Па рублю за песню.

— Дамовіліся. Алег, дай чысты сшытак і ад сунь трохі свае падручнікі, — сказаў бацька сыну, які якраз рашаў задачы.

Малаша села бліжэй да стала, пачакала, пакуль Кандрат заточыць аловак і пачала напяваць першую песню:

Ой, стары, стары,

Што нам Бог дае,

Што ў нашым садку

Зязюля куе.

У песні апавядалася пра гаротную долю маладой замужняй жанчыны, якая засумавала па бацьках, абярнулася зязюляю і прыляцела дамоў.

— Не спяшайся, маці, я не паспяваю.

Малаша паўтарыла словы больш марудна, а Кандрат старанна запісваў.

Пасля трэцяй песні ён спыніўся і сказаў:

— Плаці грошы.

— Заплачу, ты пішы, пішы.

— Я хачу бачыць свой заробак, — заўпарціўся сын.

Малаша палезла на печ, дастала са сваёй схованкі тры рублі і аддала сыну.

— Выдатна, — задаволена адказаў Кандрат, кладучы паперку ў кішэню. — Заўтра святая нядзелька, куплю сабе пляшку і выпью за тваё здароўе. А зараз працаваць ужо нельга, бо сонейка зайшло.

— Хітры ты, Кандрат.

— Не бядуй, маці, яшчэ ўся зіма наперадзе. Запішам твае песні.

Яшчэ колькі разоў зарабляў Кандрат у маці па траяку, так непрыкметна і

вясна настала, а там ужо было не да спеваў. Ды і не ведала Малаша, што з тымі запісамі рабіць, каму іх аддаць, каб не прапалі. Аднак летам ёй пашчасціла, прыехаў у вёску нейкі малады мужчына, па ўсім было відаць, што разумны чалавек, бо ўжо з залысінамі, а з ім дзве маладзенькія дзяўчыны і запісалі на магнітафон (яны тады толькі з’явіліся) Малашыны скарбы. Амаль цэлы дзень яна спявала ім і жніўныя, і вясельныя, і валачобныя песні. Моладзь стамілася, а яна — ніколечкі. Песні спяваць — даваць роздых душы і адпачынак целу. Потым часткова праслухалі запіс — Малаша ад радасці ажно засмяялася і ціха сказала:

— Вялікі дзякуй вам, дзеткі, што паслухалі. Перадала я вам маю спадчыну, спадзяюся, што не прападзе, мо які спявак і па радыё праспявае, а я паслухаю. А не, дык самі спявайце. А мне пасля гэтага ўжо і паміраць не страшна.

— Што вы, бабуля, жывіце сто гадоў, — сказаў малады навуковец.

— Пажыву яшчэ, сынок, пажыву, мне няма куды спяшацца, — зноў засмяялася Малаша незвычайна маладым смехам.


38

Ліза заканчвала дзявяты клас і марыла, што нарэшце яна паедзе паступаць у тэхнікум, і, калі пашанцуе, дык мо і застанецца ў горадзе, бліжэй да дзеда і цёці Полі. Насталі канікулы, але паездка ўсё адкладвалася, найперш з-за таго, што Ліза павінна была адпрацаваць вытворчую практыку на бетонным вузле. Цэлы месяц яна вымушана была хадзіць на працу, аднастайную і нецікавую. Разам з рабочымі сачыла за прапарачнымі камерамі, даставала з формы бардзюры, прыступкі, перамычкі, а найчасцей сноўдалася без справы па тэрыторыі вузла, смажылася на сонцы ды чакала канца змены.

Нарэшце мама сабралася ехаць да дзеда разам з Міцькам і Лізаю, якая вельмі радавалася, што яе надзея патроху збываецца. Цягніком прыехалі раніцай на вакзал, а стуль аўтобусам. Пакуль дабіраліся да дзедавай вёскі, Ліза з радасцю прыслухоўвалася да гамонкі жанчын, ажно сэрца яе заходзілася ад задавальнення, калі яна слухала такі знаёмы ёй з маленства дыялект.

Раней аўтамабільная траса праходзіла праз дзедаву вёску. Цяпер дарогу праклалі сярод поля кіламетры за тры ад селішчаў, таму падарожнікі выйшлі з аўтобуса насупраць дзедавай хаты, але да яе трэба было яшчэ доўга ісці. Аднак гэта быў прыемны шлях, абапал якога цягнулася жытнёвае поле. Удалечыні за ім відналіся высокія таполі, якія раслі ля дзедавага агарода. Ліза ўяўляла, як яна выбежыць на высокі бераг Дняпра і будзе доўга любавацца ракою, памяць пра якую насіла ў сэрцы, як найвялікшую каштоўнасць.

У Таісы былі іншыя ўспаміны. На гэтым полі ў час вайны немцы расстралялі яе дваюрадную сястру Арыну з сынам і дачкою, а родныя нават не змаглі пахаваць яе, ноччу прыпаўзлі і так-сяк прысыпалі зямлёю. Бо на гэтым беразе Дняпра былі немцы, чырвонаармейцы — на тым. Пахавалі Арыну толькі пасля вызвалення. Адкапалі і на саначках завезлі дамоў. Саначкі былі кароткія, ногі нябожчыцы ў самаробных панчошках з воўны валакліся па зямлі. Пры жыцці Арына была вельмі прыгожая. А цяпер твар яе распляскала цяжарам зямля, зрабіла не падобным на ранейшы. Нябожчыцу абмылі, апранулі ў чыстае. Новых панчох не было, дык ногі абгарнулі палатнянымі анучамі. Дзяцей паклалі ў адну труну, Арыну — у другую, так і пахавалі.

Горкія ўспаміны даймалі Таісу па дарозе. Вунь там, злева, стаяла нямецкая зенітная кропка, а немцы-зенітчыкі прыходзілі ў вёску патрабаваць масла, сала ды яек. Адзін толькі чамусьці прасіў малака, мусіць, быў хворы. Часам якой ежы прынясе, каб толькі на малако памяняць. Потым бачыла яго Таіса мёртвым на полі, а вясною, пасля вызвалення, школьнікі звозілі забітых немцаў у акопы і засыпалі тут жа на гэтым полі.

Шмат людзей забрала вайна з вёскі, ды яшчэ і пасля вайны падлеткі падрываліся на мінах. А пасля — тыф, голад, і зноў страты, страты... А колькі ахвяр забрала вайна ва ўсім свеце і ўявіць цяжка.

У дзедавым двары першым сустрэў гасцей калматы чорны сабачка Жучок, спачатку пачаў брахаць, а потым быццам прызнаў сваіх і завіляў хвастом. На ганак выйшла цёця Поля, абдымала ўсіх ды цалавала. Выйшаў дзед з-пад павеці, дзе ён займаўся сваёю адвечнаю працаю, — ладзіў нейкае калгаснае начынне, стрымана павітаўся, паўсміхаўся ў рыжаватыя вусы.

Ліза найперш пабегла да Дняпра, спынілася над стромаю і доўга глядзела на спакойную роўнядзь вады. Насупраць дзедавага агарода Дняпро адступаў, а паміж ім і старыцаю быў зялёны востраў. У разводдзе ўся гэтая прастора залівалася вадою, а потым, калі ўзровень вады апускаўся, зноў узнікаў востраў. Ліза пабегла ўніз да вады. Проста з-пад ног скочыла вялізная жаба і плюхнулася ў ваду. Бераг быў мокры і гразкі. Каля яго прымкнутыя тры лодкі, адна з іх — дзедава. Ліза села ў лодку, разглядвала белыя лілеі, жоўтыя гарлачыкі, сачыла за вадамеркамі, якія снавалі па вадзе. Вялізныя стракозы з пукатымі вачамі кружыліся над вадою. Нічога тут не змянілася за той час, пакуль Ліза жыла ў іншай мясціне. Ёй так хацелася адвязаць лодку, узяцца за вёслы і паплысці далёка-далёка. З гары мама паклікала абедаць. Ліза сама сабе сказа­ла, што яна яшчэ сюды прыйдзе і заспяшалася ў хату.

Цёця Поля была ўзбуджаная і вясёлая, радавалася гасцям. Так ужо вядзецца ў вясковых жыхароў, што радыя яны кожнай новай сустрэчы, бо жывуць адасоблена, у межах свайго селішча. Нават дзед сам сабе ўсміхаўся ў вусы і падміргваў Міцьку. Па абедзе кожны заняўся сваёю справаю. Таіса з Поляю пайшлі аглядаць агарод, Міцька падаўся да дзеда пад павець разглядаць ягоны багаты цяслярскі арсенал. А Ліза засела за падручнікі. Чвэрць яна скончыла добра, толькі дзве чацвёркі было ў атэстаце: па нямецкай мове, якую яна недалюблівала з-за настаўніцы Шэлі і па фізкультуры, бо часам прапускала заняткі. Да таго ж не здала адзін нарматыў, не здолела прабегчы пяцьсот метраў, моцна закалола ў баку, таму сышла з дыстанцыі. Наогул не любіла яна бегаць і скакаць па камандзе. Іншая справа, калі гуляць, напрыклад, у баскетбол ці валейбол, там хоць нейкі вынік ёсць і задавальненне ад перамогі. Ліза больш любіла баскетбол, дзе можна было шмат рухацца, гуляла добра, яе нават уключылі ў зборную каманду школы.

Два тыдні праляцелі хутка. Ліза сядзела за падручнікамі, паўтарыла ўсё, што хоць ноччу разбудзі, магла адказваць на ўсялякае пытанне з праграмы за восем класаў па матэматыцы, мове і літаратуры. Калі да прыёмных экзаменаў засталося зусім мала часу, аднойчы па абедзе Ліза сказала маці, што пара везці дакументы ў тэхнікум. Таіса нездаволена паглядзела на яе і адказала:

— Адкладзі сваё паступленне яшчэ на год. Няма ў мяне грошай.

— Як адкласці? А для чаго я валакла падручнікі?

— Так атрымалася. Трохі не разлічыла я.

Гэтую гаворку чулі дзед і цёця Поля, але ніхто Лізу не падтрымаў. Дзяўчына зразумела, што яны не хочуць, каб яна была тут. Што ж, яна больш не будзе паступаць у той тэхнікум, знойдзе іншае месца. Ёй няма на каго разлічваць, толькі на сябе. Трэба выбіраць завочную або вячэрнюю форму навучання. А цяпер зноў давядзецца вяртацца дамоў. Як ёй не хацелася слухаць кожную нядзелю лаянку, перажываць за маці, якая мусіла ўцякаць сярод ночы невядома куды, каб не быць пабітай.

Ліза адчула, што зараз заплача ад крыўды, таму імкліва выйшла з пакоя. Спусцілася да дзедавай лодкі, адвязала, узялася за вёслы. Слёзы засцілалі вочы, яна, як сляпая, нічога не бачыла перад сабою, не заўважала, што на гары трывожна шумелі дрэвы, хвалі плёскаліся ў бакі лодкі, а вёслы дрэнна слухаліся яе слабых рук.

Неба нечакана завалаклося хмарамі, як звычайна бывае перад навальніцай. Ліза правяла лодку праз вузкую пратоку ў Дняпро, і яе панесла на імклівых і высокіх хвалях. Гэта была не тая знаёмая з маленства лагодная і спакойная рака. Зараз яна віравала, злавала, кідалася на лодку высокімі хвалямі. Ліза ўжо нават і не грэбла, таму што не хапала сілы падымаць вёслы і змагацца з ветрам. Спалохана пачала клікаць на дапамогу, але на беразе нікога не было. Высокая хваля пераскочыла праз борт і напалову напоўніла лодку, дзве наступныя перавярнулі яе. Галавою Ліза моцна стукнулася аб борт і больш нічога не помніла і не ведала.

Знайшлі яе на другі дзень у суседняй вёсцы, куды вынесла тапельніцу цячэннем, сукенка зачапілася за куст і затрымала Лізу, не занесла далёка. Пахавалі дзяўчынку на высокім беразе Дняпра, побач з бабуляю і іншымі продкамі і назаўсёды пакінулі з любаю ракою. Дзед пасадзіў на магіле стромкую таполю, якая вельмі хутка ўзялася расці, быццам набіралася маладой нерастрачанай сілы ў нябожчыцы.


39

Пасля смерці Лізы ўсю сваю любоў і пяшчоту Таіса аддавала сыну. А ён, каб вызваліцца з-пад яе апекі, усё часцей знікаў з дамоўкі, пачаў наведваць секцыю байдарачнікаў, што страшэнна палохала маці, у якой вада ўжо забра­ла адно дзіця. Калі Міця затрымліваўся, Таіса хадзіла яго шукаць на канал, што злучаў возера з электрастанцыяй. Ён крыўдаваў і злаваў, сварыўся з маці, пагражаў, што ўцячэ з дому. Тады яна плакала ад бездапаможнасці, не ведаючы, як паладзіць з сынам. Аднойчы ён доўга не вяртаўся з трэніроўкі. Таіса занепакоілася, пайшла на канал, але на байдарачнай станцыі сустрэла толькі вартаўніка, які сказаў, што трэнер і спартсмены даўно разышліся па хатах. Яна спытала пра Міцю. Вартаўнік запэўніў яе, што ўсе хлопчыкі жывыя і здаровыя, паздавалі байдаркі і пайшлі дамоў.

Таіса ледзь не подбегам кінулася ў горад, але Міці дома не было. Пайшла да трэнера. Той запэўніў, што Міця быў у гурце хлопцаў, якія вярталіся з кана­ла. Абышла ўсіх ягоных сяброў, але ніхто нічога пэўнага не мог сказаць. Яна зразумела: з сынам здарылася нешта дрэннае. Не мог жа ён прапасці невядома дзе. Пачала абыходзіць гаражы і хлеўчыкі, якіх людзі набудавалі без ніякага дазволу. Клікала і прыслухоўвалася, ці не пачуе сынаў голас. Падалася да вагончыка, што самотна чарнеў у вечаровым паўзмроку на стадыёне: вагончык, у якім распраналіся спартсмены перад гульнямі і трэніроўкамі. Увайшла ўсярэдзіну, заўважыла скрыню, клямка якой была зачынена на калочак. Адкінула века і ўбачыла Міцю, ён ужо быў амаль непрытомны ад недахопу кіслароду, выцягнула яго на паветра, пачакала пакуль аддыхаецца, спытала:

— Хто цябе тут зачыніў?

— Браты Харытончыкі.

— Я ж у іх была. Яны сказалі, што нічога не ведаюць.

— А хто ж прызнаецца.

— За што?

— Пабіўся я з малодшым. Яны на мяне наваліліся і загналі сюды.

— Сынок, сынок, ты ж мог загінуць. Навошта табе гэтыя бойкі, ці ты хочаш быць падобным на свайго бацьку?

Міця маўчаў, ён яшчэ не ведаў, на каго яму належыць быць падобным, ці на бацьку, ці на трэнера, ці, можа, на якога героя, які здзейсніў подзвіг і загінуў маладым. Пра такіх часта расказвала піянерважатая. Часам Міця забягаў у яе кабінет. Гэта была жанчына гадоў трыццаці, маленькая, круглая, як яблык, мела сваіх дзяцей, мусіць, таму характар у яе быў добры і памяркоўны. Яна дазваляла хлапчукам пастукаць палачкамі ў барабан, патрубіць у горн. Сярод цікаўных падлеткаў выбірала найбольш здольных гарністаў і барабаншчыкаў, каб на ўсялякі выпадак было іх некалькі ў запас.

Да дзясятага класа Міця канчаткова вызначыўся, што пойдзе ў падводнікі. Як Таіса яго не адгаворвала, нічога зрабіць не магла. Ён лёгка паступіў у вучылішча, хоць не быў выдатнікам з-за ляноты і абыякавасці да школы.

Класная кіраўніца выдала яму дрэнную характарыстыку, якую ён выкінуў, а ў ваенкамаце сказаў, што згубіў. Там яму напісалі новую паперыну, і сухапутны паляшук пайшоў вучыцца плаваць па моры. Ён выбраў свой лёс самастойна, хоць часам і страшыўся абранага шляху, але стараўся адкідаць дрэнныя думкі, а цешыўся толькі добрымі.

У той дзень, калі Міця ад’язджаў на вучобу, Таіса двойчы пабыла ў райцэнтры і ўсё ж заспела сына на вакзале. Ён саромеўся яе прысутнасці, усё выпраўляў дахаты, а яна стаяла, пакуль будучых курсантаў не пагрузілі ў вагон, і цягнік ціха не адплыў ад перона. Дамоў вярнулася з адзеннем сына, згарнула яго, паклала пад падушку, так і спала цэлы месяц, пакуль не прыйшоў ад яго ліст, што ён залічаны курсантам у вучылішча.

З ад’ездам сына нічога не змянілася ў адносінах Аўдзея і Таісы. Ён цвярозы быў паслухмяным і добрым чалавекам, а калі напіваўся, зарываўся і шукаў зачэпку, каб набіць жонку. Гэтаму было сваё тлумачэнне. Толькі добра выпіўшы, ён адчуваў сябе чалавекам. Тады ён хораша спяваў на людзях, нікога не саромеўся і не баяўся. Мог пасварыцца і пабіцца з усялякім, адстойваючы сваю думку ці інтарэсы, наогул адчуваў сябе ўладаром свету. Цвярозы пачуваўся неадукаваным і коснаязыкім. Акрамя таго, што гарэлка разнявольвала душу і развязвала язык, яна давала вялікую сілу. Прынамсі, так яму здавалася. І нічога, што на другі дзень балела галава. Ён разумеў: арганізм патрабуе падмацаваць вынік. Цяпер ён піў не толькі па нядзелях, але знаходзіў мноства прычын, каб выпіць шклянку і пасля працы, для гэтага прыберагаў сабе грошы, не ўсе аддаваў Таісе. Яны засталіся ўдваіх, можна было ўжо не надта эканоміць, не трэсціся над кожнаю капейкаю. Тым больш, што да гэтага часу Аўдзей ужо атрымаў кватэру, абставіў яе. Цяпер Малаша прыходзіла да яго мыцца ў ванну і нахвальвала гэтую вялікую зручнасць.

Таіса ўладкавалася на працу гардэробшчыцаю ў клуб. Дзвюх зарплат хапала на малую сям’ю. Ён нават іншы раз пасмейваўся з жонкі і прапаноўваў жыць кожнаму на свае заробкі, ведаючы, што Таіса атрымлівае ледзь не ўдвая менш. Яна сварылася, называла яго крывасмокам і іншымі непрыемнымі словамі. Аўдзей спачатку аджартоўваўся, маўляў, пана клянуць, а ён таўсцее, а потым і сам заводзіўся. Так пачыналася чарговая сварка, якая пагражала скончыцца бойкаю.

Таіса, кожны раз чакаючы мужа з працы, нервавалася, спрабуючы адгадаць, які ён сёння прыйдзе, цвярозы ці п’яны, і загадзя рыхтавалася да сустрэчы. Іншы раз казала яму:

— Сына мы выгадавалі, давай разыдземся па-добраму. Бяры сабе, што хочаш з хаты, толькі дай мне спакой, я стамілася ад гэтай калатнечы.

— Я табе разыдуся, — пагражаў ён, — цябе заб’ю і сам павешуся!

І яна разумела, што кахае ён яе, а дурноту дае яму гарэлка, не цяміць, што робіць, як нап’ецца. Аднойчы вырашыла напалохаць яго ды і праверыць ягонае каханне.

Аўдзей увайшоў у кватэру, дзверы былі незамкнёныя. Ён здзівіўся, што ні ў двары, ні дома жонкі не застаў. Убачыў адчыненую кладоўку, міжвольна падумаў, мо якія злодзеі пагаспадарылі. Зазірнуў туды і ўбачыў, што Таіса павесілася, па барадзе цякла сліна, галава схілілася на бок. Ён нема закрычаў і кінуўся да дзвярэй.

— Я жывая! Жывая! — закрычала Таіса. — Куды ты. Я падманула цябе.

Аўдзей ашалела глядзеў на яе, хапаў праветра ротам, як рыба, і не мог прамовіць ні слова. «Кахае», — заспакоена падумала яна.


40

Амаль дзесяць гадоў будаваў Кандрат хату. Наймаў людзей, прасіў дапамогі ў цесця і Аўдзея. Нават Таісін брат Рыгор, чалавек майстравіты і кампанейскі, прыязджаў і два тыдні дапамагаў пакласці падлогу. Наогул Рыгор лёгка адклікаўся на просьбы сястры, бо адчуваў ускосную віну перад ёю. Яшчэ ў маладосці ён пасля таго, як вярнуўся з войска, прыехаў да яе. Час тады быў цяжкі і галодны. Таіса працавала афіцыянткаю ў рэстаране, зарабляла мала, на той час ужо разышлася з першым мужам. Грошай ёй самой ледзь хапала, каб здымаць кватэру ды ўтрымліваць сябе і дачку. А тут брат зваліўся, трэба ж было нечым карміць хлопца. Яна ўзяла без дазволу кухара кавалак мяса з лядоўні, за гэта яе звольнілі з працы. Тады яна вымушана была завербавацца ў Растоў, а Рыгора наогул лёс закінуў ажно ў Казахстан. Дасталося ёй у той вярбоўцы, але стуль вярнулася з новым мужам, дык, пэўна, такі быў яе лёс. Рыгор вельмі хацеў, каб сястра пераехала да яго бліжэй на Магілёўшчыну, казаў, што дапамог бы хату паставіць, але сястра адмаўлялася, маўляў, ад дабра дабра не шукаюць. Мае яна двухпакаёвую кватэру, дык і хопіць. Нашто ёй тыя мітрэнгі з будаўніцтвам новае хаты? Рыгор не згаджаўся. Хіба можна параўнаць уласны дом са шпакоўняю на трэцім паверсе?

Загрузка...