Частка першая

Кабінет міністра ўзгадненняў Вяршылы Віктара Паўлавіча. Першае, што кідаецца ў вочы, — вялізны пульт з тэлефонамі. Тэлефонаў многа, некалькі дзесяткаў. Паабапал пульта сядзяць дзве тэлефаністкі. Яны ўвесь час здымаюць тэлефонныя трубкі і коратка, ціха адказваюць. Часам, у залежнасці ад важнасці званка, яны просяць міністра зняць трубку тэлефона-«дублёра». «Дублёры» стаяць у яго на стале, пад рукой. Тэлефоны звоняць бесперапынна, на розныя галасы.

За сталом засяроджаны Вяршыла. Побач Нюра Мілашкіна за маленькім столікам на колцах. На століку дзве папяровыя гары. Нюра аўтаматычна, як робат, бярэ паперу з адной гары, кладзе яе на стол перад міністрам. Той, ледзь зірнуўшы на паперу, падпісвае яе. Падпісаныя дакументы Нюра кладзе на другую гару. Міністр камандуе: «Сіні!.. Зялёны!.. Чырвоны!..» Яго каманды падобныя на каманды хірурга ў час аперацыі: «Пінцэт!.. Скальпель!.. Зажым!..» Нюра аўтаматычна, імгненна падае міністру каляровыя алоўкі.


Вяршыла. Сіні!.. Чырвоны!.. Зялёны!.. Сіні!.. Чырвоны!.. Чорны!.. Нюра! Я прасіў чорны! А ты падаеш мне зялёны!..

Нюра. Ой, прабачце, Віктар Паўлавіч!..

Вяршыла. Я ж так і наблытаць магу… Зялёны!.. Чырвоны!..

Нюра. Закажыце вы факсіміле, Віктар Паўлавіч. У век аўтаматыкі і электронікі пісаць рэзалюцыі ад рукі…

Вяршыла. Сіні!.. Нельга, Нюра… Што такое факсіміле?.. Чырвоны!.. Бюракратызм і казёншчына… Факсіміле можа кожны паставіць… Зялёны!.. А мы ж маем справу з людзьмі… Чорны!.. Убачыць чалавек маю рэзалюцыю ў арыгінале «Ад-мо-віць!» і будзе задаволены… Таму што зразумее… Яго паперу чыталі! Над ёй думалі!.. А не проста ўзялі і адмахнуліся… Чырвоны!.. Чалавечыя адносіны да справы, Нюрачка, вышэй за ўсё!..

Нюра. Не шкадуеце вы сябе, Віктар Паўлавіч. Жыццё ў чалавека адно. Трэба хоць крышачку і пра сябе падумаць.

Вяршыла. Што ты, Нюрачка, гаворыш? Чорны!.. Прыйшоў учора дадому і родную жонку не пазнаў. Кажу, вы па якім пытанні, таварыш?.. Чырвоны!.. Думаеш, я помню, як маіх дзяцей завуць?

Нюра. Дзіўна, што яны ўвогуле ў вас ёсць!

Першая тэлефаністка. Яго няма. У яго сёння прыёмны дзень.

Вяршыла. Чорны!..

Другая тэлефаністка. Ён заняты… У яго народ… Хвілінку! Віктар Паўлавіч! Вазьміце трэці…

Вяршыла. Што здарылася?

Другая тэлефаністка. Універмаг на Маскоўскай гарыць. Пытаюць, каго раней выклікаць — пажарнікаў ці міліцыю?

Вяршыла. Прывыклі чужой галавой думаць! Нават такога пытання самі вырашыць не могуць! (Націскае кнопку селектара.) Аддзел сумненняў?

Голас з дынаміка. Слухаю, Віктар Паўлавіч!

Вяршыла. Сцяпан Сцяпанавіч… Вось тут мне звоняць… Універмаг на Маскоўскай гарыць. Пытаюць, што рабіць?

Голас з дынаміка. Няхай тушаць, Віктар Паўлавіч!

Вяршыла. Гэта не адказ, Сцяпан Сцяпанавіч! Гэта я і без цябе ведаю. Калі няшчасны выпадак — трэба адразу тушыць. А калі яны самі яго падпалілі?

Голас з дынаміка. Як гэта — самі?

Вяршыла. Проста. Зрабілі растрату на вялікую суму і, каб схаваць канцы, падпалілі. Вось і думай, каго туды раней пасылаць? Пажарнікаў ці пракурора? (Паўза.) Ты думаеш, Сцяпан Сцяпанавіч?

Голас з дынаміка. Думаю, Віктар Паўлавіч… А які ў іх таваразварот?

Вяршыла. Адкуль я ведаю? Пачакай… (Звяртаецца да другой тэлефаністкі.) Зіна, спытай, які ў іх таваразварот?

Другая тэлефаністка (у тэлефон). Які ў вас таваразварот?.. (Міністру.) Кажуць, заняўся другі паверх…

Вяршыла. Я ў іх не пра паверх пытаю! Мне патрэбен іх таваразварот!

Другая тэлефаністка (у тэлефон). Міністр пытае ў вас не пра паверх, а пра таваразварот… Колькі? (Міністру.) Дзвесце мільёнаў.

Вяршыла. Гэта сур’ёзна. Ты чуеш, Сцяпан Сцяпанавіч?

Голас з дынаміка. Чую, Віктар Паўлавіч. Дзвесце мільёнаў…

Вяршыла. Што ім рабіць?

Голас з дынаміка (пасля паўзы, шчыра). А д’ябал яго ведае!

Вяршыла. Бюракрат ты, Сцяпан Сцяпанавіч! Тут, разумееш, вялікі універмаг гарыць! А ты мяне на параду да д’ябла пасылаеш! Залічы яго ў штат, калі ён разумнейшы за цябе!.. (Здымае трубку тэлефона-«дублёра».) Вы мяне слухаеце?.. Ужо трэці? Ён што ў вас? З пораху зроблены?.. А чаму так хутка дайшло да трэцяга паверха?.. Вось гэта якраз і наводзіць мяне на думкі… Значыць, так. Слухайце мяне ўважліва і пастарайцеся нічога не пераблытаць. Выклікайце ў такой паслядоўнасці… Спачатку следчага па асабліва важных справах. Няхай ён прычыну знойдзе. Затым міліцыю, а потым пажарнікаў. (Паклаў трубку.) Усё, Нюрачка. Астатняе развязі маім намеснікам. Зараз без пяці дванаццаць. А прыём назначан на дванаццаць. Колькі ў нас сёння запісалася?

Нюра. Сёння мала. Чатыры чалавекі.

Вяршыла. Добры сімптом. Хто? Па якой справе?

Нюра (зазірнуўшы ў сваю запісную кніжку). Крутая Ніна Іванаўна. Дырэктар фабрыкі лёгкага і сярэдняга адзення.

Вяршыла. Ясна. Зацвердзіць новыя мадэлі.

Нюра. Загуменная Кацярына Антонаўна. Пенсіянерка.

Вяршыла. І тут ясна. Павялічыць пенсію…

Нюра. Ды не. Хоча пагаварыць з вамі аб парушэнні сацыялістычнай законнасці.

Вяршыла. Во пенсіянеры пайшлі! Контрразведка! Усё бачаць, усё ведаюць! Далей хто?

Нюра. Залівака Іван Пятровіч. Вынаходнік.

Вяршыла. Чакай, чакай… Хтосьці штосьці мне пра яго гаварыў. А вось хто і што — не памятаю.

Нюра. І апошні, Мурашка Мікалай Ягоравіч.

Вяршыла. Хто? Адкуль?

Нюра. Ні хто, ні адкуль — не гаворыць.

Вяршыла. Ну, хоць з якой галіны? З якога горада?

Нюра. Гаворыць, што ўсё скажа толькі вам.

Вяршыла. Не падабаецца мне гэтае інкогніта! Вось з яго давайце і пачнём. Папрашу цябе, Нюрачка, запісваць нашу размову.

Нюра. Добра, Віктар Паўлавіч…

Выходзіць, штурхаючы перад сабой столік з дзвюма папяровымі гарамі.

Першая тэлефаністка. Я ж вам сказала… Ён заняты! У яго сёння прыёмны дзень… Не ведаю… Пазваніце ў канцы дня.

Другая тэлефаністка. Хто? Хвілінку… Віктар Паўлавіч, здыміце ВЧ.

Вяршыла (зняўшы самую вялікую трубку самага вялікага тэлефона). Вяршыла слухае… А!.. Гэта ты, пагарэлец! Прывітанне! Ты на маім месцы пасядзеў бы!.. Тут, браце, такія пажары!.. Ну і добра, што згарэў!.. Цьфу! Я хацеў сказаць: вельмі дрэнна, што згарэў. У яго дзвесце мільёнаў таваразвароту… А пры чым тут я? Рэкамендацыю на тушэнне пажару я выдаў… (Да другой тэлефаністкі.) Зіна! Праз колькі мінут мы выдалі рэкамендацыю на тушэнне універмага?

Другая тэлефаністка (зірнуўшы ў запісы). Праз пятнаццаць мінут…

Вяршыла. Ну вось!.. Рэкамендацыю на тушэнне пажару мы выдалі вам праз пятнаццаць мінут. Пасля таго як атрымалі сігнал трывогі. Ты калі-небудзь вырашаў справы за пятнаццаць мінут?.. Ну, хіба я вінаваты, што следчага па асабліва важных справах не аказалася на месцы? Няхай сядзіць там, дзе яму належыць сядзець!.. Разбірайся, браце, са сваім універмагам сам! Сам падпаліў, сам і тушы!.. Ды не, гэта я так жартую… А пры чым тут боцман?.. Будзь здароў! У мяне прыёмны дзень.

Уваходзіць Нюра, за ёю — Мурашка з вялікім чамаданам.

Мурашка (сарамліва і баязліва, яшчэ ад парога). Добры дзень вам!

Вяршыла. Добры дзень. Праходзьце. Сядайце.

Мурашка ідзе з чамаданам і, чырванеючы ад няёмкасці, садзіцца на самы ўскрайчык крэсла каля міністэрскага стала. Чамадан ставіць каля ног.

Вы сюды адразу з поезда?

Мурашка. Не…

Вяршыла. А гэта? (Паказвае на чамадан.)

Мурашка (сарамліва). Тут… маё вынаходніцтва…

Вяршыла. Такое вялікае?

Мурашка. Ага… Такое…

Вяршыла. Значыць, вы таксама вынаходнік?

Мурашка. Ага. Таксама.

Вяршыла. Прозвішча? Імя? Па бацьку?

Мурашка (хуценька ўзняўшыся з крэсла). Мурашка… Мікалай Ягоравіч. Вы можаце проста, па прозвішчу…

Вяршыла. Вы сядайце. У нас такі парадак. Нюра, ты пішаш?

Нюра. Пішу, Віктар Паўлавіч.

Вяршыла. Колькі вам гадоў?

Мурашка (прыўзняўся з крэсла). Пяцьдзесят два…

Вяршыла. Сядайце, сядайце!.. Даруйце за фармальнасці. Але мы вядзём сацыялагічнае даследаванне. Хто і на што скардзіцца. І ў каго больш скаргаў — у старых ці ў маладых.

Мурашка. Ага… Я разумею.

Вяршыла. Адукацыя?

Мурашка (узняўшыся, сарамліва). Незакончаная вышэйшая…

Вяршыла. А калі больш дакладна?

Мурашка. Тры курсы політэхнічнага…

Вяршыла. Вы сядайце, сядайце. Што ж вам перашкодзіла, Мікалай Ягоравіч, закончыць поўны курс? Вы ж былі ўжо, калі можна так сказаць, на фінішнай прамой!

Мурашка (зноў узнімаецца). Захапленне…

Вяршыла. Сядайце. У нагах праўды няма. Ох, жанчыны! Колькі яны падножак нашаму брату даюць!

Мурашка. Ды не… Я захапіўся вынаходніцтвам.

Вяршыла. І што ж вы вынайшлі, Мікалай Ягоравіч?

Мурашка (узнімаецца і падае міністру паперу). Спачатку прачытайце вось гэта…

Вяршыла. Што гэта? Анатацыя?

Мурашка. Не… Даведка аб стане майго здароўя…

Вяршыла. А навошта яна мне? Вы ж, спадзяюся, не ў касманаўты прыйшлі запісвацца? Я не доктар.

Мурашка (просіць). Я вас вельмі прашу! Прачытайце!..

Вяршыла. Навошта?

Мурашка. Я абышоў ужо многа інстанцый. І ўсюды патрабавалі даведку аб стане майго здароўя. Хто ў канцы размовы, а хто — у сярэдзіне… Я вас вельмі прашу! Прачытайце!

Вяршыла. Ды не буду я чытаць! Я ж і так бачу, што вы здаровы! Як той Мурамец!

Мурашка (раптам падае на калені перад сталом міністра). Малю вас, таварыш міністр!

Вяршыла (спалохана ўскочыўшы). Што вы! Што вы, таварыш Мураўёў! Зараз жа ўстаньце! Устаньце і сядзьце!

Мурашка. Не ўстану, пакуль вы не прачытаеце!

Вяршыла. Як вам не сорамна, таварыш Мураўёў! Устаньце! Сядзьце!

Мурашка. Не ўстану, пакуль не прачытаеце!

Вяршыла. О, Божа мой! Давайце вашу паперку! (Амаль выхоплівае паперку з рук Мурашкі.) Я прачытаю вашу даведку пасля таго, як вы сядзеце!

Мурашка (сядаючы). Дзякую! Шчыра дзякую!

Вяршыла (садзіцца з вялікім аблягчэннем). Фу!.. Ну і напалохалі вы мяне, таварыш Мураўёў! Здаровы, дарослы чалавек… І раптам такое… Фу! Першы раз у маёй практыцы.

Мурашка. Даруйце… Больш не буду.

Вяршыла (разгортвае даведку і чытае). «…Выдадзена грамадзяніну Мурашку Мікалаю Ягоравічу… Пяцьдзесят два гады… Жанаты… У тым, што грамадзянін Мурашка Мікалай Ягоравіч абсалютна здаровы… На ўліку ў псіханеўралагічным дыспансеры не стаіць… (Спатыкнуўшыся на апошніх словах, з некаторым падазрэннем, уважліва паглядзеў на Мурашку.) У лячэнні патрэбы не мае…» Подпіс… Пячатка… (Хутчэй машынальна, чым свядома, паглядзеў даведку на святло.) Ну, я ж казаў, што вы — Ілья Мурамец! (Налівае з графіна шклянку вады і залпам выпівае.) Чаму вы, Мікалай Ягоравіч, прыйшлі іменна да нас? А не ў інстытут? Не на завод?

Мурашка. Я абышоў усіх… Без вашай рэзалюцыі ніхто не бярэцца ўкараняць.

Вяршыла. Што ж вы такое вынайшлі? Што-небудзь нумарное? Сакрэтнае? Га?

Мурашка. Справа ў тым, Віктар Паўлавіч, што я… прыдумаў дурамер…

Паўза.

Вяршыла. Дура… Што-што?

Мурашка. Дурамер. Апарат такі…

Вяршыла. Апарат? Навошта?

Мурашка. Для вымярэння чалавечай дурноты…

Вяршыла. Так-так… цікава-цікава… (Раптам зарагатаў і адразу ж абарваў смех.) Вы што? Сур’ёзна?

Мурашка. Вельмі… Я патраціў на яго ўсё жыццё… Інстытут пакінуў…

Вяршыла. Не-не, пачакайце!.. Вы сапраўды сур’ёзна? Дзе ж гэты ваш…

Мурашка. Дурамер? Вось тут. (Паказвае на чамадан.)

Вяршыла. Такі маленькі?

Мурашка. Ага… На мікрасхемах і паўправадніках.

Вяршыла. І вы заўсёды носіце яго з сабой?

Мурашка. Бачыце, Віктар Паўлавіч… Хтосьці ўжо тры разы пранікаў у маю кватэру і разбіваў апарат ушчэнт. Я аднаўляў яго па чарцяжах. Я зрабіў пяць экземпляраў усёй дакументацыі і хаваю яе ў розных месцах. Адзін — у камеры хавання на вакзале. Тройчы рабілі замах на маё жыццё. Двойчы хацелі ўтапіць, калі я купаўся ў возеры…

Вяршыла (крыху спалохана). Як? Якім чынам?

Мурашка. Проста. Хапалі за ногі і цягнулі на дно. Адзін раз адбіўся. Другі раз ледзь адкачалі… А яшчэ раз на мяне хацела наехаць чорная «Волга» без нумарных знакаў.

Вялікая паўза.

Вяршыла (зусім разгублена). Так-так-так… Мікалай Ягоравіч… Зрабіце ласку… Пакажыце-ка вашу даведачку…

Мурашка (з гатоўнасцю). Калі ласка!.. (Працягвае даведку.)

Вяршыла (спахапіўшыся). Не-не! Не трэба! Гэта я проста машынальна… Падумаў пра нешта сваё, а з языка сарвалася зусім іншае… На нашай рабоце, Мікалай Ягоравіч, звар’яцець можна! (Убачыўшы, што Мурашка ўсё яшчэ трымае даведку ў руцэ.) Не-не! Не трэба!.. Лічыце, што я не надта ўдала пажартаваў. Прабачце…

Мурашка. Калі ласка, Віктар Паўлавіч, калі ласка… Я прывык. Не вы першы так жартуеце…

Вяршыла (страшэнна разгублены і не ведае, што рабіць). Так-так-так… (Да першай тэлефаністкі.) Хто так настойліва дабіваецца?

Першая тэлефаністка. Тэлебачанне.

Вяршыла. Што ім трэба?

Першая тэлефаністка. У нашым горадзе нарадзілася чацвярня! Чатыры хлопчыкі! Упершыню за ўсю гісторыю!

Вяршыла. Цудоўна! Шкада, што не я бацька!

Першая тэлефаністка. Яны пытаюць, як падаваць? Як факт у панараме навін? Або прысвяціць ім спецыяльны выпуск?

Вяршыла. Няхай зробяць і тое, і другое. Спецвыпуск ды яшчэ з анонсам паглядзяць усе!.. (Да Мурашкі.) Значыць, вы прыдумалі…

Мурашка. Дурамер, Віктар Паўлавіч.

Вяршыла. Так-так-так… І што ж вы хочаце з ім рабіць?

Мурашка. Арганізаваць серыйную вытворчасць.

Вяршыла. Серыйную?.. Навошта?

Мурашка. Каб усіх пагалоўна праверыць і дакладна ведаць…

Вяршыла. Што ведаць?

Мурашка. Хто ёсць хто…

Вяршыла (з тайнай надзеяй тэлефаністкам). Дзяржаўных званкоў няма?

Першая тэлефаністка. Няма, Віктар Паўлавіч. Звычайныя…

Вяршыла. Так-так-так… Дык, кажаце, серыйны выпуск?

Мурашка. Ага, серыйны. Гэта мэта майго жыцця.

Вяршыла. Добранькая ў вас мэта, Мікалай Ягоравіч!.. Вось што, Нюрачка. Пакліч сюды маіх намеснікаў.

Нюра выходзіць.

(Тэлефаністкам.) Тэрміновага нічога няма?

Другая тэлефаністка. Нічога, Віктар Паўлавіч.

Вяршыла (яўна марудзіць, выйграе час). Прабачце, Мікалай Ягоравіч… (Набірае нумар па ВЧ.) Ну, як там твой універмаг? Датла?.. Прычына невядомая?.. Як гэта, чаму?.. Павінен жа я цікавіцца? Усё-такі дзвесце мільёнаў таваразвароту! Дзе ты іх зараз возьмеш?.. Ды не здзекуюся я, а спачуваю! Будзь здароў! (Кладзе трубку.)

Уваходзяць Нюра, Папсуева і Міралюбаў.

Мурашка (падхапіўся з крэсла). Добры дзень вам!

Вяршыла. Сядайце, таварышы. Прашу пазнаёміцца. Таварыш Мураўёў…

Мурашка. Мурашка я…

Вяршыла. Прабачце!.. Інжынер-вынаходнік…

Намеснікі недаўменна глядзяць то на Вяршылу, то на Мурашку.

Папсуева (сурова, як на допыце). Аўтарскія пасведчанні ёсць?

Мурашка (хуценька ўзнімаецца, сканфужана). Няма…

Папсуева. Ніводнага?

Мурашка. Ніводнага.

Папсуева. Ну, такіх вынаходцаў!.. Я пярэчу!..

Вяршыла (паказвае рукой Мурашку, каб той сеў). Пачакайце, Тамара Цімафееўна… Вы ж яшчэ не ведаеце, супраць чаго пярэчыце.

Папсуева. А мне і ведаць не трэба! Я пярэчу супраць усіх, у каго няма афіцыйных дакументаў на вынаходніцтва!.. Дарэчы, што ён вынайшаў?

Вяршыла. Таварыш Мурашка прыдумаў… дурамер…

Паўза.

Папсуева. Што прыдумаў?

Вяршыла. Апарат для вымярэння чалавечай дурноты…

Паўза. Папсуева нечакана, як раней Вяршыла, зарагатала і таксама, як ён, рэзка абарвала смех.

Папсуева. Глупства!

Вяршыла. Ды не, Тамара Цімафееўна… На самай справе.

Паўза.

Папсуева. І дзе ж ён… гэты градуснік?

Мурашка (паказвае на чамадан). Вось тут…

Паўза.

Вяршыла (у прысутнасці намеснікаў трымае сябе больш упэўнена і смела). Я папрашу вас, Мікалай Ягорававіч… Зрабіце нам, калі ласка, афіцыйнае паведамленне. Гэта мае намеснікі… Папсуева Тамара Цімафееўна… Першы намеснік. І Міралюбаў Ягор Фёдаравіч…

Мурашка. Вельмі прыемна! Вельмі прыемна!.. (Ускочыўшы, па чарзе кланяецца абодвум намеснікам.)

Вяршыла. Самыя вопытныя нашы спецыялісты. Усе складаныя пытанні мы заўсёды вырашаем сумесна. Пачынайце!

Мурашка (узнімаецца, разгублена). З чаго пачынаць?

Папсуева. Ну, хоць бы з таго, па якому прынцыпу дзейнічае гэты ваш… бязмен?

Мурашка. На мікрасхемах і паўправадніках…

Папсуева. Я не пра тое! Для яго трэба рыхтаваць спецыяльныя тэсты? Ці яшчэ што?

Мурашка. Не, тэсты не патрэбны. Паказанні апарата рэгіструюцца на спецыяльнай шкале… У працэнтах…

Папсуева. У працэнтах чаго?

Мурашка (нясмела). Працэнты паказваюць, колькі ў чалавеку дурноты…

Паўза.

Папсуева. І што? Гэта адразу відаць?

Мурашка. Ага, адразу…

Усе ашаломлена маўчаць.

Папсуева (нечакана). У вас ёсць даведка аб стане вашага здароўя?

Вяршыла (паспешліва). Ёсць-ёсць! Я правяраў… (Хуценька паправіўся.) Я глядзеў…

Паўза.

Міралюбаў (зацікаўлена). І вы можаце паказаць нам яго зараз?

Мурашка (стаўшы зусім іншым чалавекам). Вядома! (Кідаецца да чамадана і адкрывае яго.) Спачатку ён быў у мяне вельмі грувасткі. Стацыянарны… Потым я зрабіў яго партатыўным. Каб можна было карыстацца ў любых умовах… (Расказваючы ўсё гэта, імгненна разгортвае апаратуру: вымае з чамадана шкалу з вялікай чырвонай стрэлкай і ўстанаўлівае яе на тэлескапічнай штанзе, выцягвае з чамадана элегантнае складное бліскучае крэсла. Над спінкай храміраваны да сонечнага зіхацення паўабруч, падобны на той, якім абсталявана кожнае стаматалагічнае крэсла. У глыбіні сцэны ставіць два магутныя дынамікі, затым ужо вымае і вельмі асцярожна ставіць на стол перад міністрам невялікі ярка-чырвоны апарат з бліскучымі тумблерамі, кнопкамі, рычажкамі. Хуценька злучае апарат правадамі з крэслам, дынамікамі і штангай.) Вось і ўсё.

Вяршыла. Так хутка?

Мурашка. На зборку патрабуецца не больш сямі-васьмі мінут. Шмат разоў хранаметраваў.

Вяршыла (з некаторай асцярогай разглядваючы апарат). І ўсё ж мне не зусім зразумела, як ён дзейнічае?..

Мурашка (паказваючы на храміраваны паўабруч). Вось тут знаходзіцца адзін датчык…

Папсуева. Значыць, гэты рагач павінен дакрануцца да чалавечай галавы?

Мурашка. Ага. Датчык павінен увайсці ў непасрэдны кантакт з шэрым рэчывам мозгу…

Папсуева. Як гэта — непасрэдны?! Вы што? Трэпанацыю чэрапа будзеце кожнаму рабіць?

Мурашка. Што вы! Не! Датчык улаўлівае біятокі мозгу праз чарапную каробку.

Паўза.

Папсуева. Значыць, падвопытны павінен пакласці галаву на гэтыя вілы?

Мурашка. Ага…

Папсуева. А калі ён не захоча рабіць гэта добраахвотна? Вы будзеце прымушаць сілком?

Мурашка. Не… Я прадугледзеў і такі варыянт. (Націскае кнопку, і металічнае крэсла набывае такое палажэнне, пры якім галава чалавека абавязкова дакранецца да паўабруча.) Я ўжо працую над больш дасканалым апаратам…

Міралюбаў (з цікавасцю). Чым ён будзе адрознівацца ад гэтага?

Мурашка. Ён будзе лавіць біятокі мозгу з адлегласці трох-пяці метраў…

Папсуева. Ну, ведаеце!.. Лавіць біятокі мозгу з-за вугла — супрацьзаконна! Усё роўна што чытаць чужыя пісьмы ці падслухоўваць тэлефонныя размовы! На гэта ў нас ніколі не пойдуць!

Вяршыла (з некаторай трывогай паказваючы на апарат). А гэты яшчэ не ловіць на адлегласці?

Мурашка. Гэты — не. Ён працуе па прынцыпу непасрэднага кантакту.

Міралюбаў (з вялікай цікавасцю разглядаючы апарат). Вы сказалі, што сюды ўманціраваны адзін датчык. (Паказвае на бліскучы паўабруч.) А дзе другі?

Мурашка (паказвае на цэнтр сядзення крэсла). Другі знаходзіцца вось тут…

Папсуева (нечакана ўзрываецца). Ну, гэта ўжо чорт ведае што такое! Пры чым тут гэтае месца? Тут жа мазгоў, наколькі я ведаю, няма і быць не можа! Вы ўжо загадзя, знарок праграмуеце непаўнацэннасць чалавека!

Мурашка. Тут знаходзяцца так званыя адчувальныя… Вельмі адчувальныя зоны Захар’іна-Хеда…

Вяршыла. Чые зоны?

Мурашка. Захар’іна-Хеда… Яны вельмі тонка рэагуюць на малюсенькі дотык… Гэта медыцынскі тэрмін — Захар’іна-Хеда… Біятокі мозгу рухаюцца па пазваночніку. Па спінным мозгу. Уверх ідзе плюс, уніз — мінус…

Папсуева. Вы ведаеце, адкуль ідзе плюс, адкуль — мінус? Вы ўпэўнены, што не наадварот?

Мурашка. Праверана шмат разоў. Уніз ідзе толькі мінус…

Міралюбаў. Было б нелагічна, Тамара Цімафееўна, калі б уніз ішоў плюс, а ўверх — мінус!

Вяршыла. Растлумачце нам, калі ласка, Мікалай Ягоравіч, прызначэнне гэтай шкалы. На ёй апроч лічбаў ёсць яшчэ і літары…

Мурашка. Стрэлка на шкале паказвае ўзровень інтэлекту чалавека. Калі яна стаіць на цэнтры, на літары «Н», значыць, «норма». Гома нармаліс…

Вяршыла. Далей управа літара «Д»…

Мурашка. Яна стаіць на лічбе «пяцьдзесят». Гэта азначае, што ў чалавеку толькі пяцьдзесят працэнтаў розуму…

Вяршыла. А астатнія пяцьдзесят?

Мурашка (вінавата). Дурнота…

Міралюбаў. Значыць, пяцьдзесят працэнтаў — гэта ўжо «Д»?

Мурашка. Ага…

Вяршыла. Ці не занадта строга вы падыходзіце да гома сапіенс?

Мурашка (вінавата). Гэта не я… Такія міжнародныя стандарты.

Папсуева. Адкуль вы ведаеце міжнародныя стандарты? За мяжой ужо ёсць аналагічныя апараты?

Мурашка. Апаратаў няма. Але ёсць спецыяльная літаратура…

Папсуева. У чыіх перакладах вы яе чыталі? Дзе, хто і калі яе выдаваў?

Мурашка. Я чытаў у арыгіналах. У працэсе работы над апаратам я авалодаў англійскай, французскай, нямецкай, кітайскай і хіндзі…

Міралюбаў (са спачуваннем). А кітайскай і хіндзі навошта?

Мурашка. Вельмі мудрыя народы…

Вяршыла (працягваючы вывучаць шкалу). Вось тут у канцы шкалы ў вас стаяць адразу дзве літары «П» і «Д». Што гэта?

Мурашка (сканфужана). Тое ж самае, што і «Д»… Толькі… у закончаным выглядзе.

Папсуева (з абурэннем). Такіх, таварыш Мурашка, у нашай краіне няма і быць не можа! «П» і «Д» — гэта ўжо знявага чалавечай асобы!

Міралюбаў. Прабачце, Тамара Цімафееўна… Я вельмі сумняваюся, што ідыёт можа быць асобай.

Папсуева. Ягор Фёдаравіч! У нашай краіне кожны чалавек — асоба!

Міралюбаў. Зладзюга, злачынец — таксама?

Вяршыла. Таварышы! Таварышы! Вы ўхіліліся ад мэты нашага пасяджэння. Мы з вамі абмяркоўваем канкрэтную вынаходку. І выказвацца мы павінны таксама канкрэтна і дакладна. Абстрактная філасофія тут недарэчы. Мікалай Ягоравіч… А вось гэта, левая частка шкалы… Тут зноў такія ж лічбы і літары «Т» і «Г».

Мурашка. Адхіленні могуць быць і ў другі бок… «Талент» і «Геній».

Паўза.

Вяршыла (падхапіўшыся). Паслухайце! Гэта ж у прынцыпе мяняе ўсю справу! А я ўвесь час сядзеў і думаў… Што мне карціць? Што мяне непакоіць? Цяпер усё зразумеў! Абсалютна ўсё!

Мурашка. Даруйце…

Вяршыла. Чаму вы, Мікалай Ягоравіч, надумаліся вымяраць дурноту?

Папсуева (яшчэ не зразумеўшы Вяршылу). Вось іменна! Чаму? І прымушаць праходзіць гэтую зневажальную праверку?!

Вяршыла. Вы прыходзіце да чалавека і адразу падазраяце ў ім патэнцыяльнага «Д»! А калі ён талент альбо нават геній?

Папсуева (усё яшчэ не разумеючы Вяршылу). Вось іменна! А ў нас большасць такіх!

Мурашка (разгублена). Калі не вымяраць дурноту, нічога нікому не дакажаш…

Вяршыла (з натхненнем ад уласнага адкрыцця). А калі вымяраць на вашым апараце не дурноту, а… мудрасць?!

Мурашка (яшчэ больш разгублена). Вы хочаце сказаць, што трэба перарабляць апарат?

Вяршыла. Ні ў якім разе! Усё застаецца, як было! І шкала тая ж самая!.. Толькі трэба гаварыць чалавеку, што мы вымяраем яго мудрасць! Разумееце? Мудрасць!.. «Дурамер»! Фу! Гэта ж гучыць абразліва! Вульгарна! Не дурамер, а мудрамер! Мудра-мер!

Мурашка. А што рабіць са стрэлкай?.. Яна ж усё роўна будзе аб’ектыўна паказваць узровень інтэлекту…

Вяршыла. І цудоўна! І няхай паказвае! Што яна пакажа? Адхіленне? Адхіленне ад чаго? Ад мудрасці! Не знайшлі мудрасці? Ну і што з таго? Але ж затое мы шукалі яе! Шукалі! І чалавеку прыемна, і аспект зусім іншы! Падумайце… Якога ж узроўню мы дасягнулі, калі пачалі вымяраць мудрасць! Усё! Вырашана! Назавём апарат мудрамерам!

Міралюбаў. Віктар Паўлавіч… А калі стрэлка пакажа «Д» ці нават, прабачце, «П»-«Д»?

Вяршыла. Ну і што? Нічога страшнага. Проста чалавеку не хапае трохі мудрасці. Толькі і ўсяго! Мікалай Ягоравіч! На якой лічбе ў вас літара «Д»?

Мурашка. На лічбе «пяцьдзесят»…

Вяршыла. Вось так і будзем пісаць: «Таварышу Іванову не хапае пяцідзесяці працэнтаў мудрасці». А хто ведае, колькі яе павінна быць? Трыццаць? Пяцьдзесят? Сто?

Міралюбаў. Нейкая двайная бухгалтэрыя атрымліваецца…

Вяршыла. Згодзен. Але яна неабходна. Мы ж не можам напісаць у афіцыйным дакуменце, што рэкамендуем у серыйную вытворчасць нейкі «дурамер»… Што пра нас падумаюць? Што ўсе мы тут трошкі таго… (Круціць пальцам каля скроні.)

Папсуева. Значыць… Вы ўсё ж хочаце…

Вяршыла. Назваць дурамер мудрамерам! Нюра! Папраў у пратаколе з самага пачатку. Напішы: «Абмяркоўвалі апарат, які прапанаваў таварыш Мураўёў…»

Мурашка. Мурашка я…

Вяршыла. Прабачце!.. «…апарат, які прапанаваў таварыш Мурашка Мікалай Ягоравіч… Пад назвай мудрамер…»

Папсуева. Віктар Паўлавіч… Вы сапраўды хочаце рэкамендаваць гэты… кіпяцільнік?

Вяршыла. А чаму і не, Тамара Цімафееўна?

Папсуева. А вы ўсё добра прадумалі?

Вяршыла. Што вы нас палохаеце, Тамара Цімафееўна?

Папсуева. Зараз зразумееце… Дазвольце задаць некалькі пытанняў таварышу Мурашку…

Вяршыла. Ну вядома, Тамара Цімафееўна. Сваё рашэнне мы павінны прыняць калегіяльна.

Папсуева. Тым больш… Таварыш Мурашка! Вы ўпэўнены, што ўсе людзі пажадаюць сесці ў ваша… электрычнае крэсла? Добраахвотна! Без прымусу!

Мурашка. Упэўнены. Кожнаму чалавеку хочацца ведаць, хто ён на самай справе. Чаго ён варты? І што ён можа?

Папсуева. Упэўнены, што кожны зацікаўлены?

Мурашка. Кожны!.. І дзяржава таксама…

Папсуева. Я б на вашым месцы ўстрымалася гаварыць ад імя дзяржавы! Хто вам даў такое права?

Мурашка. Мы выйграем мільярды, калі пасадзім дурняў на іх месца!

Папсуева. А вы ведаеце, дзе іх месца?.. Нюра! Аб’яві зараз па селектары супрацоўнікам міністэрства… Кожны, хто хоча, можа зайсці ў кабінет міністра і праверыць узровень свайго інтэлекту. (Да Мурашкі.) Колькі часу займае працэдура?

Мурашка. Некалькі секунд. Апарат рэагуе вельмі тонка…

Папсуева (да Нюры). Скажы, што гэта зойме ўсяго некалькі секунд.

Вяршыла. Тамара Цімафееўна! Навошта ж у маім кабінеце рабіць вавілонскае стоўпатварэнне?

Папсуева. Ніякага стоўпатварэння не будзе. У нас народ дысцыплінаваны. Будзе жывая чарга.

Вяршыла. Нюра! Растлумач людзям, у чым справа. Каб не падумалі, што гэта новая атэстацыя.

Нюра (націснуўшы кнопку селектара, у мікрафон). Усе мяне чуюць?

Галасы з дынаміка.

— Усе!

— Што здарылася, Нюрачка?

— Шэф выклікае?

— Для чарговай накачкі?

Нюра. Увага ўсім! Зараз у кабінеце Віктара Паўлавіча знаходзіцца вынаходнік Мікалай Ягоравіч Мурашка. Ён стварыў апарат, на якім за некалькі секунд можна праверыць узровень свайго інтэлекту, сваіх здольнасцей і магчымасцей. Кожны, хто жадае, можа зайсці сюды і праверыцца. (Паўза.) Вы мяне зразумелі?

Паўза.

Галасы з дынаміка.

— А навошта гэта?

— Для якой мэты?

— Гэта загад ці просьба?

— Ні фіга сабе!

Нюра. Віктар Паўлавіч запрашае толькі тых, хто жадае. (Выключае селектар.)

Вяршыла. Дзякую, Нюра. Паглядайце, каб у прыёмнай быў парадак.

Першая тэлефаністка. У яго зараз людзі… Вельмі важнае пытанне… Дзяржаўнага значэння. Пазваніце ў канцы дня.

Другая тэлефаністка. Віктар Паўлавіч! Ужо трэці раз звоняць з міністэрства здароўя!

Вяршыла. Па якім пытанні?

Другая тэлефаністка. Пытаюць, што рабіць са спаборніцтвам хірургаў? Які паказчык лічыць самым галоўным? Колькасць аперацый ці колькасць тых, хто выжыў пасля аперацыі?

Паўза. Вяршыла задумаўся.

Вяршыла. Ну, вядома, колькасць аперацый! Хірург не вінаваты, калі нехта памрэ пасля аперацыі. Можа, хворы быў ужо ў безнадзейным стане?

Другая тэлефаністка. А калі памрэ ў час аперацыі?

Вяршыла. Такую аперацыю ў спаборніцтве не залічваць. Ставіць прочырк. Зіна! Гаварыце ўсім, што я заняты!.. Калі ласка, Тамара Цімафееўна. Працягвайце…

Папсуева. Адкажыце мне, таварыш Мурашка, на такое пытанне… Ну, запусцім мы гэты ваш… градуснік у серыю… Дапусцім нават такое, што справа дойдзе да масавай праверкі… Дапусцім, што мы выявім гэтых самых… непаўнацэнных… А што далей рабіць? Звальняць іх з работы?

Мурашка (горача). Абавязкова! Для таго ж я і прыдумаў свой апарат! Для ўсеагульнай масавай чысткі! Хай зямля гарыць у дурняў пад нагамі!

Папсуева. Нават так? Не ведаю, не ведаю… За невыкананне плана… За маральнае разлажэнне здымаюць. А вось каб за дурноту… Такое не памятаю…

Міралюбаў (пакрысе заводзіцца). Таму што раней, Тамара Цімафееўна, не ведалі — разумны ён ці…

Папсуева. Добра, добра, Ягор Фёдаравіч! Ну, выкрылі вы яго, так сказаць, і звонку і знутры. Нават знялі з пасады. Яму ж трэба адразу даваць другую пасаду! За яго гарой прафсаюзы паўстануць. Наша заканадаўства не прадугледжвае пакарання за… адсутнасць некаторай часткі мудрасці. Не дасцё ім ніякай работы — яны ўзбунтуюцца. Беспрацоўныя заўсёды бунтуюць. Вось я і пытаю… Што вы будзеце з імі рабіць?

Мурашка (нерашуча). Можна адкрыць для іх курсы павышэння кваліфікацыі…

Папсуева. Лікбез? Школы! Універсітэты! Акадэміі!.. Каб усіх перавучыць? Адкуль узяць сродкі? Пры нашым напружаным бюджэце!.. (Паўза.) Бачыце, таварыш Мурашка, якую праблему вы нам падкідваеце? Цяпер у нас усё ціха, спакойна. Дурняў нібыта і зусім няма…

Вяршыла. Давайце дамовімся… Мы ж інтэлігентныя людзі!.. Не будзем ужываць у размове гэтае непрыгожае слова! Будзем называць іх, ну, скажам… «кліентамі».

Папсуева. Прабачце!.. «Кліентаў» нібыта і зусім няма. І ўсе задаволены…

Міралюбаў. Значыць, будзем жыць па-ранейшаму! Як страусы!

Папсуева. Як страусы!.. Даведайся мы — і адразу ўзнікне столькі праблем!..

Вяршыла. Ну, Тамара Цімафееўна… Вы ўжо зусім нас запалохалі!

Папсуева. Не, Віктар Паўлавіч… Я вас не палохаю. Я вас чэсна папярэджваю… А вазьміце вы праблему ў больш канкрэтным ракурсе, з другога боку… Дапусцім, што наладзім мы выпуск гэтых самавараў… Ну і што? Хто іх купіць? Дзяржава? Прыватныя асобы?

Міралюбаў. Усе купяць!

Папсуева. Не будзьце наіўнымі, Ягор Фёдаравіч!

Міралюбаў. На экспарт будзем пастаўляць! За валюту! За долары!

Папсуева. Там збыту не будзе. За мяжой дурань… Прабачце!.. «Кліент» доўга не пратрымаецца. Там яго адразу раскусяць. Воўчыя законы! Канкурэнцыя…

Вяршыла. Тамара Цімафееўна! Не чапайце міжнародныя праблемы! Яны і без таго складаныя. Вернемся да нашых, унутраных… Нюра! Скажы там, у прыёмнай… Няхай заходзяць па чарзе.

Нюра выходзіць.

Папсуева. Хто будзе правяраць?

Вяршыла. Як хто? Мы з вамі.

Папсуева. Не! Я маю на ўвазе масавую праверку. Пасля таго як ваш прымус будзе зроблены. Калі будзе зроблены… На каго ўскласці такія адказныя функцыі? На прафсаюзы? Не справяцца! На народны кантроль? Яму народных пісьмаў хапае! Значыць, трэба ствараць яшчэ адзін вельмі адказны орган. У той час, калі мы скарачаем штаты!..

Першая тэлефаністка. Віктар Паўлавіч! Даруйце… З міністэрства школ.

Вяршыла. Што яны хочуць узгадніць? Падручнікі, ранцы, партфелі, форму, прычоскі мы ўжо даўно зацвердзілі.

Першая тэлефаністка. Яны пытаюць… Спаць першакласнікам у школе ці не спаць?

Вяршыла. Спаць? У школе?! Яны што там? Звар’яцелі? У школе трэба вучыцца! Веды набываць! А не спаць!

Першая тэлефаністка. Дык гэта ж першаклашкі, Віктар Паўлавіч! Шасцігодкі. У дзіцячым садзе ў такім узросце спяць пасля абеду.

Паўза.

Вяршыла. Скажыце, няхай спяць. Дзеці — наша будучыня. Яны павінны быць здаровымі. Іх трэба берагчы.

Першая тэлефаністка. Яны пытаюць яшчэ, дзе паставіць ложкі? Спальні ж у школе не прадугледжаны…

Вяршыла (нарэшце не вытрымлівае і ўзрываецца). Дзе?! У сябе на галаве!!! Пакуль дзеці будуць спаць, няхай стаяць нерухома, як слупы! І трымаюць ложкі!..

Уваходзіць разгубленая Нюра.

Нюра. Нікога няма, Віктар Паўлавіч. Толькі наведвальнікі…

Вяршыла. Як нікога! Можа, селектар быў не ўключаны?

Нюра. Ды не, усе ж адказвалі. Вы самі чулі.

Вяршыла. Можа, няправільна зразумелі? Нюра, абыдзі, калі ласка, усе аддзелы і ўпраўленні. Запрасі сюды ўсіх жадаючых. Толькі жадаючых! Ніякай агітацыі. Ніякага прымусу.

Нюра выходзіць.

Папсуева. І потым… З іх жа смяяцца будуць! Здзекавацца!

Вяршыла (не зразумеўшы). З каго смяяцца?

Папсуева. З «кліентаў». Гэта ўнясе разлад у наша маналітнае грамадства! Раздоры! Антаганізм! Не бяруся нават прадказваць. Страшна падумаць!..

Міралюбаў. Паслухаць вас, Тамара Цімафееўна, дык можна падумаць, што палавіна нашага грамадства — «кліенты»!

Папсуева. Не, чаму ж… Ёсць, вядома, і геніі. Можа, нават і ў нашым міністэрстве. Але зараз яны не ведаюць, што яны геніі, і спакойна працуюць. А калі даведаюцца? Яны ж запатрабуюць павялічыць ім зарплату. Як мінімум у два-тры разы! А ў нас штатны расклад, фонд заработнай платы. Каб трымаць аднаго генія, прыйдзецца скараціць адзін, а то і два аддзелы!..

Вяршыла. Я не згодзен з вамі, Тамара Цімафееўна! Вы дагаварыліся да таго, што і геніі нам не патрэбны! Лепш адзін геній, чым два ці тры аддзелы!

Папсуева. Віктар Паўлавіч… Возьмеце вы гэты… тэрмастат дадому? Каб праверыць, скажам, жонку?

Вяршыла (крыху сумеўшыся ад нечаканасці). А што? Гэта нават цікава…

Папсуева. Вы так думаеце? А калі высветліцца, што ваша жонка разумнейшая за вас? Ну, не на пяцьдзесят… А на дваццаць пяць працэнтаў? Ці толькі на пятнаццаць? Толькі на пятнаццаць! Яна ж даведаецца пра гэта!

Вяршыла (схамянуўшыся, шчыра). Жудасць.

Папсуева. А калі высветліцца, што вы разумнейшыя за яе працэнтаў на пяцьдзесят?

Вяршыла. Гэта ўжо лепш…

Папсуева. Лепш? У сто разоў горш! Ваша жыццё зробіцца пеклам! Вы ж згрызяце сябе! Чаму такую недарэку-лахудру ў жонкі ўзяў? Чаму на ёй свет клінам сышоўся? А я — міністр! Я ж бы мог ажаніцца з доктарам навук!.. І ўсё. Канец сямейнай ячэйцы. А на ячэйках, між іншым, уся наша дзяржава трымаецца…

Міралюбаў. Вы — дэмагог, Тамара Цімафееўна!.. Рэактыўны самалёт не трэба было рабіць! Можна зваліцца і разбіцца! Атам не трэба было расшчапляць! Можна ўзарвацца! Смерць тэлевізару! Ад яго можна аслепнуць!.. Далоў тэлефон! Ён губіць жывыя, непасрэдныя сустрэчы!..

Вяршыла. Ягор Фёдаравіч! Мы сабраліся для таго, каб выслухаць розныя думкі.

Міралюбаў. Хіба гэта думкі? Гэта ж нейкае цемрашальства!

Вяршыла. Не трэба, Ягор Фёдаравіч. Супакойцеся.

Міралюбаў. Не магу я супакоіцца!

Папсуева (спакойна). Я не дэмагог, Ягор Фёдаравіч. Я — рэаліст. А вы — карась-ідэаліст! Дон Кіхот!.. Вы не ведаеце ні сучаснага жыцця, ні сучасных людзей… Віктар Паўлавіч… У вас ёсць добра знаёмы дырэктар завода адпаведнага профілю?

Вяршыла. Вядома, ёсць. Сябра маленства і юнацтва. На адной парце дзесяць гадоў сядзелі…

Папсуева. Спытайце ў яго, ці возьмецца ён за выпуск гэтага вашага… керагаза.

Вяршыла (тэлефаністкам). Злучыце мяне з Какашынскім. 64-17-31. (Здымае трубку і чакае.) Прывітанне, Леў Сяргеевіч!.. Як у цябе з загрузкай абсталявання?

Голас з дынаміка. Нармальна. Уперад не лезем і ззаду не застаемся. А што?

Вяршыла. Ці можна размясціць на тваім заводзе адзін вельмі цікавы і перспектыўны апарат? Не складаны для асваення…

Голас з дынаміка. Вага?

Вяршыла. Вага чаго?

Голас з дынаміка. Твайго апарата!

Вяршыла (прыкрыўшы далонню трубку, шэптам пытаецца). Колькі важыць ваш апарат?

Мурашка (таксама шэптам). Трыццаць пяць кілаграмаў!

Вяршыла (па тэлефоне). Трыццаць пяць кілаграмаў!

Голас з дынаміка. Рэалізацыйная цана?

Вяршыла (шэптам). Колькі арыенціровачна ён будзе каштаваць?

Мурашка (шэптам). Не больш як трыста рублёў.

Вяршыла (па тэлефоне). Не больш як трыста рублёў…

Голас з дынаміка. Жартаўнік ты, Віктар Паўлавіч! У мяне падлік ідзе на тысячы тон і на дзесяткі мільёнаў рублёў. А ты што хочаш мне падсунуць?

Вяршыла. Ты хоць бы спытаў, што за апарат?

Голас з дынаміка. Не мае значэння! Хоць перпетуум-мобіле. З мяне здымаюць скуру за тоны і мільёны!

Вяршыла. Апарат незвычайны! Дзівосны! І ўсім патрэбен! Табе таксама.

Голас з дынаміка. Гэта ўжо лірыка, Віктар Паўлавіч. Вось скажы мне асвоіць верталёт ці падводную лодку — за тыдзень асвоім. А трыццаць пяць кілаграмаў не пад сілу. Не пацягну!.. Прабач, у мяне нарада тэхнолагаў. Вітаю!

Паўза.

Папсуева. Ну што, Віктар Паўлавіч?

Вяршыла. Прадпрыемства мы знойдзем. Не ў цяжкай, дык у лёгкай прамысловасці. Пусцім па графе «тавары народнага спажывання».

Папсуева. А хто будзе заказчыкам?

Уваходзіць разгубленая Нюра.

Нюра. Нікога няма, Віктар Паўлавіч… Ніводнага чалавека! Усе кабінеты пустыя…

Паўза.

Вяршыла. А дзе яны?

Нюра. Не ведаю… Зніклі кудысьці.

Вяршыла. Як гэта зніклі? Усе?

Нюра. Усе…

Вяршыла. І члены калегіі таксама?

Нюра. І члены калегіі…

Вяршыла. Дзіўна… Можа, яны на прафсаюзным сходзе?

Папсуева (з сарказмам). Або на канцэрце мастацкай самадзейнасці!..

Вяршыла. Пакіньце вашы жартачкі, Тамара Цімафееўна!.. Да абедзеннага перапынку яшчэ гадзіна, а людзей ужо няма!

Папсуева. Я не здзіўлюся, калі праз гадзіну наша міністэрства ўспыхне, як бочка з порахам! Ад кароткага замыкання, шаравой маланкі, вібрацыі ці гравітацыі! І мы ператворымся ў попел разам з гэтай (паказвае на крэсла, апарат і дынамікі)… фігай.

Вяршыла (ледзь стрымлівае сябе). Будзем заканчваць абмеркаванне. Вы, Тамара Цімафееўна, як я разумею, — супраць?

Папсуева. Як кожны разумны чалавек на маім месцы. Катэгарычна!

Міралюбаў. Значыць, вы, Тамара Цімафееўна, — разумны чалавек? Гома сапіенс? А ўсе мы — малпы! Папугаі! Кракадзілы?! (Пачынае лічыць, каб супакоіцца.) Адзін, два, тры, чатыры, пяць, шэсць, сем…

Вяршыла. Спакойна, Ягор Фёдаравіч! Не забывайце, што Тамара Цімафееўна — намеснік па пярэчаннях. І мы яшчэ раз пераканаліся, што яна не дарма есць свой хлеб…

Міралюбаў. За тое, што Тамара Цімафееўна піша «забараняю!» — у яе адны падзякі! За тое, што я пішу «дазваляю!» — у мяне адны вымовы! Сем строгіх з апошнім папярэджаннем! Адзінаццаць строгіх з занясеннем. Без занясенняў я ўжо і не лічу!..

Папсуева (са здзекам). Кожнаму сваё, Ягор Фёдаравіч!

Міралюбаў. Адзін, два, тры, чатыры, пяць, шэсць… дзевяць… Віктар Паўлавіч! Я хацеў бы ведаць! Чаму чалавека не садзяць у турму, не вешаюць, не расстрэльваюць за тое, што ён забараняе? Чаму яго з усіх бакоў абсыпаюць падзякамі за тое, што ён губіць? Думкі! Прапановы! Ідэі! Вынаходніцтвы!

Папсуева (з іроніяй). Вы мяне маеце на ўвазе, Ягор Фёдаравіч?

Міралюбаў. У тым ліку і вас, Тамара Цімафееўна!

Вяршыла. Ягор Фёдаравіч! Тут не месца вырашаць такія пытанні.

Міралюбаў. А дзе месца? Дзе? Скажыце! І я туды адразу ж пабягу! Палячу! Папаўзу! Адзін, два, тры, чатыры, пяць…

Другая тэлефаністка. Віктар Паўлавіч! Пяты раз звоняць будаўнікі.

Вяршыла. Скажыце, што я заняты! Што мяне няма!

Другая тэлефаністка. Але яны ведаюць, што вы тут і што вы прымаеце наведвальнікаў.

Вяршыла. Тады скажыце ім, што я… памёр!

Другая тэлефаністка (разгублена). Так прама і сказаць?

Вяршыла. Так прама і скажыце. Узяў і памёр! Часова…

Другая тэлефаністка (па тэлефоне). Вы ведаеце… Ён памёр… Узяў і памёр… Часова…

Вяршыла. Проста канец свету! Не хочуць думаць! Не хочуць ні за што адказваць! Кожны другі ідзе на работу, а галаву дома пакідае! (П’е ваду з графіна.) Прабачце… Ягор Фёдаравіч, вы за апарат?

Міралюбаў. Аберуч! Гэта адкрыццё веку! Электрычнасць, лазер і атамная энергія, разам узятыя!

Папсуева. Нарываецеся на чарговую вымову, Ягор Фёдаравіч. Не хапае ранейшых?

Міралюбаў. А хоць сто!.. Мы з вамі разглагольствуем пра перабудову дзяржавы! Свету! Сусвету! А пачынаць трэба з чалавека! Хто ён? Навошта ён? Што ён можа?

Папсуева. І «кліентаў» перарабляць будзеце?

Міралюбаў. Ідыётаў — таксама, Тамара Цімафееўна. Трэба ад іх пазбаўляцца! Любымі сродкамі!

Вяршыла. Ягор Фёдаравіч! Мы ж дамовіліся не ўжываць абразлівых тэрмінаў!

Міралюбаў. Хопіць! Набалбаталіся! Будзем называць рэчы сваімі імёнамі! Або мы іх! Або яны нас! Міру паміж намі быць не можа!

Папсуева. Я на вашым месцы, Ягор Фёдаравіч, не была б такой катэгарычнай. Пры сучаснай дэмаграфічнай сітуацыі… «Кліенты» неабходны нам, як лакмусавая паперка. Адкуль разумны будзе ведаць, што ён разумны, калі побач не будзе… «кліента»?

Міралюбаў. Адзін, два, тры, чатыры, пяць, шэсць… дзевяць… (Спакойна.) Усё, Віктар Паўлавіч… Вы сказалі, што абмеркаванне закончана. Я не разумею, чаму вы цягнеце…

Папсуева. Вы нават не ўяўляеце, на што вы замахнуліся!

Вяршыла. Тамара Цімафееўна… Вы непаслядоўныя. Спачатку вы заяўлялі, што «кліентаў» у нас зусім няма! Што ў нас адны толькі асобы, таленты і геніі. Цяпер вы намякаеце на дэмаграфічную сітуацыю. Дык усё ж… Ёсць «кліенты» ці няма іх? Калі ёсць, то мудрамер патрэбен. Калі іх няма, то і мудрамера баяцца не трэба!

Папсуева (упершыню разгубілася). Я пра выгады дзяржавы клапачуся…

Міралюбаў. Якія выгады, Тамара Цімафееўна? Яны ж, гэтыя… «кліенты», краіну спусташаюць! Каб не яны, мы б ужо даўно ў камунізме жылі!

Папсуева. Вы такімі словамі, Ягор Фёдаравіч, не кідайцеся…

Міралюбаў. Я хутка камяні буду кідаць! Гранаты! Бомбы!

Вяршыла (страціўшы цярпенне). Хопіць!.. Спыняю спрэчкі! Будзем зацвярджаць і рэкамендаваць.

Папсуева. Што рэкамендаваць? Ката ў мяшку?

Другая тэлефаністка. Віктар Паўлавіч! Прабачце… Зноў будаўнікі! Яны звоняць бесперапынна.

Вяршыла. Вы сказалі ім, што я памёр?

Другая тэлефаністка. Яны кажуць: жывога ці мёртвага, але давайце.

Вяршыла. Божа мой! Нават памерці спакойна не дадуць!.. Скажыце ім, што на гэты раз я планы карэкціраваць не буду! Не тыя часы!

Другая тэлефаністка. У іх ЧП, Віктар Паўлавіч!..

Вяршыла. Ат! У іх кожны дзень ЧП! Цэгла ёсць — раствору няма! Раствор ёсць — цэглу не падвезлі! Або санвузел замест кухні паставілі!

Другая тэлефаністка. Не, Віктар Паўлавіч… У іх палац абваліўся. Ад даху да падмурка…

Вяршыла (спачатку не ўсвядоміўшы пачутага). Ат! Падумаеш! На дзень раней ці на дзень пазней… (Паўза.) Які палац?

Другая тэлефаністка. Той, што на паўгода раней тэрміну пабудавалі. Ну, памятаеце, пра яго ўсе газеты пісалі, тэлебачанне паказвала. Нават у праграме «Час»…

Вяршыла. Наколькі я ведаю… У такіх выпадках ствараюць спецыяльныя камісіі для расследавання прычын…

Другая тэлефаністка. Дык вось старшыня гэтай камісіі і звоніць вам.

Вяршыла. Цікава, што яму ад мяне трэба? Ён прычыну знайшоў?

Другая тэлефаністка. Знайшоў. Дужа многа зэканомілі.

Вяршыла. А эканомію куды падзелі?

Другая тэлефаністка. На прэміі пайшла…

Вяршыла. І міністр узвядзення гмахаў таксама атрымаў?

Другая тэлефаністка. І міністр…

Вяршыла. Колькі?

Тэлефаністка піша лічбу на паперы і моўчкі падае яе Вяршылу.

Другая тэлефаністка. Ён не толькі прэмію, ён яшчэ і ордэн за гэты палац атрымаў.

Вяршыла. Дык што хоча ад мяне старшыня камісіі? Ён павінен званіць не мне, а пракурору! Самаму галоўнаму! Самаму генеральнаму!

Другая тэлефаністка. Ён не ведае, што рабіць з прэміяй…

Вяршыла (крычыць). Рабацяг не чапаць! Яны не вінаватыя! Яны выконвалі загад! А ў міністра прэмію адабраць! І… ордэн таксама…

Другая тэлефаністка. Нельга адабраць, Віктар Паўлавіч. Міністра няма.

Вяршыла. Як гэта няма? А дзе ён?

Другая тэлефаністка. Пайшоў на павышэнне.

Вяршыла. Куды?

Тэлефаністка зноў піша нейкае слова на паперы і моўчкі падае яе Вяршылу. Той, азірнуўшыся, хуценька спальвае над сталом, як шыфраграмы, абедзве запіскі. Здымае пінжак, акуратна вешае яго на спінку крэсла.

Ягор Фёдаравіч… Падыдзіце да мяне, калі ласка… Бліжэй… Не бойцеся, я вас не ўкушу… Ягор Фёдаравіч, я прашу вас… Ушчыпніце мяне…

Міралюбаў, нічога не разумеючы, бездапаможна азіраецца на прысутных.

Я вам загадваю, Ягор Фёдаравіч! Ушчыпніце мяне!

Міралюбаў (страшэнна разгублены). Ушчыпнуць міністра… Нават па загаду… Прабачце, я не магу…

Тады рашуча ўзнімаецца Папсуева, адсоўвае ўбок Міралюбава і з усяе сілы шчыпае Вяршылу за руку. Вяршыла нечакана рагоча дзікім, вар’яцкім смехам.

Вяршыла (раптоўна абарваўшы смех). Адключыць усе тэлефоны! Абрэзаць усе правады! Пакуль мы не закончым абмеркаванне! Нас няма! Мы памерлі! Усе да аднаго! (Паўза.) Мікалай Ягоравіч, у вас усё гатова для эксперымента?

Мурашка. Апарат гатоў. Можна пачынаць.

Міралюбаў. Я прапаную зрабіць перапынак. У мяне валідол у стале застаўся…

Вяршыла. Добра… Аб’яўляю перапынак на пятнаццаць мінут!


Зацямненне

Загрузка...