Частка другая

Той жа кабінет міністра ўзгадненняў. Нюра, тэлефаністкі, абступіўшы мудрамер, разглядаюць яго, мацаюць рукамі, шэптам размаўляюць між сабой. Убачыўшы, што ідзе Мурашка, разбягаюцца і займаюць свае месцы.

Уваходзяць Папсуева, Вяршыла і Міралюбаў. Садзяцца.


Вяршыла. Можна пачынаць, Мікалай Ягоравіч?

Мурашка. Можна, Віктар Паўлавіч…

Вяршыла. Ну, хто першы? (Паўза.) Добраахвотнікі ёсць?

Папсуева (здзіўлена). Вы хочаце пачаць з нас?

Вяршыла. А з каго? Паколькі ўсе нашы супрацоўнікі некуды зніклі, пакажам прыклад мы… Сядайце, Тамара Цімафееўна!

Папсуева. Я?! Гэта вы мне?

Вяршыла. Вам, вам, Тамара Цімафееўна! Вы — мой першы намеснік. Таму з вас і пачнём. Тым больш што вы самі прапанавалі не купляць ката ў мяшку.

Папсуева. Вы сумняваецеся ў маёй прафесійнай кампетэнтнасці? У маіх здольнасцях?

Вяршыла. Іменна таму, што я не сумняваюся ні ў вашых здольнасцях, ні ў вашай кампетэнцыі, Тамара Цімафееўна, з вас і пачнём. Вы так бліскуча даказалі сваю эрудыцыю. Столькі аргументаў прывялі ў абарону сваёй пазіцыі… Вы для ўсіх нас будзеце… як вы сказалі? Лакмусавай паперкай! У лепшым сэнсе слова.

Папсуева. Але ж і Ягор Фёдаравіч…

Вяршыла. Ягор Фёдаравіч! Адны эмоцыі! Сваімі аргументамі вы загналі яго ў вугал. Прабачце, Ягор Фёдаравіч. Але я хачу быць аб’ектыўным.

Міралюбаў. Згодзен з вамі, Віктар Паўлавіч. Уся мая аргументацыя не варта пазногця на мезенчыку Тамары Цімафееўны!

Папсуева. У рэшце рэшт, я — жанчына! Можа, вы загадаеце і распрануцца перад вамі?

Вяршыла. Мікалай Ягоравіч, распранацца для кантролю не трэба?

Мурашка. Не. Апарат ловіць біятокі праз адзенне.

Вяршыла. Чуеце, Тамара Цімафееўна? Распранацца не трэба.

Папсуева. Я блізарукая. Я не бачу адсюль ні шкалы, ні стрэлкі. А мне хацелася б самой…

Міралюбаў. Я пастаўлю крэсла перад самай шкалой.

Мурашка (збянтэжана). Прашу прабачэння… Я не папярэдзіў… Апарат мае гукавую сігналізацыю…

Вяршыла. Якую сігналізацыю?

Мурашка. Музычную.

Вяршыла. Растлумачце.

Мурашка. Усё вельмі проста… На пэўным участку шкалы гучыць пэўная музыка. Адначасова з лічбамі-паказчыкамі яна абазначае ўзровень інтэлекту.

Вяршыла. Цікава! Які ў вас рэпертуар?

Мурашка. Класічны… З маленства люблю класіку. Чыстую, сапраўдную. Не ў сучаснай аранжыроўцы.

Вяршыла. Гэта вы здорава прыдумалі! Значыць, я, седзячы за гэтым сталом, магу пачуць… Хто ёсць хто?

Мурашка. Іменна так.

Вяршыла. Што ў вас азначае літара «Н»?

Мурашка. Норма. Гома нармаліс…

Вяршыла. І што будзе іграць гэтая літара?

Мурашка. Танец маленькіх лебедзяў з балета Пятра Ільіча Чайкоўскага «Лебядзінае возера».

Вяршыла. У вас нядрэнны густ. Ну, а калі дойдзе да літары «Д»?.. Ну, калі трапіцца чалавек… з адсутнасцю некаторай часткі мудрасці?

Мурашка. Міхал Клеафас Агінскі. Паланез «Развітанне з радзімай»…

Вяршыла. Ну, навошта ж вы, Мікалай Ягоравіч, такую цудоўную музыку аддалі літары «Д»?

Мурашка (канфузліва). Бачыце, Віктар Паўлавіч… Я ў кожны музычны сігнал заклаў падтэкст…

Вяршыла. Ну, які ж падтэкст можа быць у літары «Д»?

Мурашка. Падтэкст развітання…

Вяршыла. Развітання з радзімай?

Мурашка. Не… Развітанне з пасадай, са сваёй ранейшай працай… З пэўнымі матэрыяльнымі дабротамі. Такое развітанне крышку сумнаватае…

Вяршыла. Вы лічыце, што яму ўсё ж прыйдзецца развітвацца?

Мурашка. Упэўнены. Інакш навошта ж праверка?

Паўза.

Вяршыла. Хм… Увогуле нейкая рацыя ў вашым рэпертуары ёсць… Ну, а літары «П» і «Д»… Поўны «кліент»… Як будзе ён гучаць?

Мурашка. На гэтых літарах у мяне запраграмаваны туш.

Вяршыла. Дзе ж логіка? На літары проста «Д» у вас паланез Агінскага. А на «ПД» — туш!.. Туш — гэта ж гімн! Яго іграюць толькі на ўрачыстасцях! На святах!

Мурашка. Я думаў, што выкрыць «ПД» — гэта таксама свята…

Вяршыла. Якое ж тут свята? Чаму радавацца?

Мурашка (збянтэжана). Свята розуму… Вышэйшай справядлівасці.

Вяршыла (сваім намеснікам). Як на вашу думку? Логіка ў гэтым ёсць?

Папсуева. Лухта несусветная!

Міралюбаў. Выдатна задумана! Брава!

Вяршыла. Так… Пяройдзем на левую палавіну шкалы. «Т». Гэта што?

Мурашка. Талент…

Вяршыла. А «Г»?

Мурашка. Геній…

Вяршыла. Як у вас агучан талент?

Мурашка. Аляксандр Парфіравіч Барадзін. Арыя князя Ігара «О, дайце, дайце мне свабоду!». З оперы «Князь Ігар».

Вяршыла. Падтэкст зразумелы без тлумачэнняў… А чым вы зарадзілі літару «Г»?

Мурашка. Міхаіл Іванавіч Глінка. «Слаўся!»

Вяршыла (не адразу). Вы можаце зараз прадэманстраваць, як гэта ўсё гучыць?

Мурашка. Ухаластую датчыкі не ўключаюцца. Камусьці з вас трэба сесці ў гэтае крэсла.

Вяршыла. Ну што, Тамара Цімафееўна? Апробуйце рэпертуар!

Папсуева. Віктар Паўлавіч! Вы ведаеце мяне ўжо не адзін год. Ведаеце, што ў мяне вышэйшая адукацыя!.. Прэміі, граматы, падзякі! Нават урадавыя ўзнагароды! І вы ўсё яшчэ мне не давяраеце? Сумняваецеся?

Вяршыла. Іменна таму, што не сумняваюся, я і прапаную пачаць з вас. Я, напрыклад, упэўнены, што апарат выдасць вам «Т» або нават «Г».

Папсуева. Я ж вам сказала… Я — жанчына!

Вяршыла. Так… А некалі, у добрыя старыя часы, урачы нават халеру і чуму на сабе выпрабоўвалі… Можа, вы рызыкнеце, Ягор Фёдаравіч?

Міралюбаў. На даным этапе, Віктар Паўлавіч, мне гэта супрацьпаказана.

Вяршыла. Чаму? І вы баіцёся?

Міралюбаў. Не, Віктар Паўлавіч, не баюся… Але я зараз знаходжуся ў такім заведзеным стане… Сёння ў мяне полюсы памяняліся… Увесь плюс уніз пайшоў. А ўверх — мінус… Баюся скампраметаваць апарат.

Вяршыла. Так… значыць, і вы выйшлі з гульні… Нюра! Ты збіраешся паступаць ва універсітэт. Не хочаш праверыць сябе перад паступленнем?

Нюра. Не, Віктар Паўлавіч.

Вяршыла. Чаму? Ты ж разумніца! З паўслова ўсё разумееш! З табой працаваць адна асалода!

Нюра. Памыляецеся, Віктар Паўлавіч. Я — вар’ятка…

Вяршыла. Нюра! Гэта ж… самапаклёп.

Нюра. Не, не паклёп, Віктар Паўлавіч… Я люблю чалавека… А ў яго сям’я, дзеці… Ён мяне зусім не любіць. І не палюбіць ніколі… Я гэта ведаю. І ўсё роўна жыць без яго не магу… (Раптам ускочыла і выбегла.)

Вяршыла. Так… Ну што ж… Нічога не застаецца…

Паўза.

Першым у крэсла сяду я… А вы ўслед за мной! (Узнімаецца без асаблівага энтузіязму.)

Папсуева (становіцца перад крэслам). Я вам гэта не дазволю.

Вяршыла (здзіўлена). Тамара Цімафееўна! Ну, што вы баяліся за сябе, я разумею… А чаму вы баіцёся за мяне?.. Паколькі вы не хочаце быць лакмусавай паперкай, ёю буду я! (Робіць крок да крэсла.)

Папсуева. Толькі цераз мой труп!

Вяршыла. Што з вамі, Тамара Цімафееўна? Адкуль такі страх?

Папсуева. Я баюся не за вас!

Вяршыла. А за каго? За мудрамер?

Папсуева. За тую высокую інстанцыю, якая… назначыла вас міністрам!

Вяршыла. Не разумею…

Папсуева. Ніхто, у тым ліку вы самі, не мае права сумнявацца ў правільнасці рашэння гэтай інстанцыі! Калі вас назначылі — значыць, вы таго варты!..

Вяршыла (не адразу). Нас усіх назначылі сюды…

Папсуева. Іменна! Таму ніхто з нас не мае права верыць нейкаму сепаратару больш, чым… Ніхто! Інакш мы можам дакаціцца чорт ведае да чаго!..

Вяршыла з палёгкай садзіцца ў сваё міністэрскае крэсла і згаджаецца з Папсуевай, хоць выгляду не падае. Уваходзіць Нюра і сядае за свой стол. Хавае мокрыя вочы.

Вяршыла. Што ж рабіць у такім разе? Апарат мы абавязаны праверыць… Каб даць сваё заключэнне. Мы сваімі вачамі павінны бачыць яго ў рабоце!

Папсуева (адчуўшы, што небяспека адступіла). Ёсць прапанова… У вашай прыёмнай наведвальнікі. Вось давайце іх і праверым!

Паўза.

Вяршыла. А калі яны не дадуць згоды?

Папсуева. Трэба зрабіць так, каб яны не здагадаліся, што гэта праверка.

Вяршыла (падумаўшы). Рабіць гэта тайна, не папярэдзіўшы… Нядобра!.. Нават на магнітафон нельга запісваць чалавека, калі ён не ведае…

Папсуева. Але ж гэта не афіцыйная праверка! Вынікі яе застануцца паміж намі! Мы ім ходу не дадзім!

Паўза.

Вяршыла. Можа, правядзём гэтую працэдуру ў вашым кабінеце?

Папсуева. Можна і ў маім. Але ж яны запісаліся на прыём да вас. І ведаюць, што вы пачалі прыём.

Паўза. Вяршыла думае.

Вяршыла. Добра… Прымаем такое рашэнне… Мы займаемся сваёй справай, а таварыш Мурашка — сваёй…

Мурашка. Віктар Паўлавіч! Мне трэба, каб кожны абавязкова сеў у крэсла з датчыкамі.

Папсуева. Ну, гэта не праблема. Ягор Фёдаравіч! Адсуньце ад стала мяккія крэслы і пастаўце гэтае…

Міралюбаў і Мурашка коцяць мяккія крэслы ў куткі кабінета. Мурашка ставіць сваё крэсла каля стала, правярае правады.

Вяршыла. Мікалай Ягоравіч… Каб не кідацца ў вочы і не выклікаць падазрэння… Сядзьце крыху далей. Вунь за той столік. Вам будзе зручна?

Мурашка. Безумоўна. (Садзіцца за столік у глыбіні сцэны.)

Міралюбаў (адчуваючы сябе ніякавата, як і Вяршыла). Можа, нам увогуле пайсці?

Вяршыла. А хто будзе пратакол падпісваць? Мы павінны засведчыць усё, што адбудзецца, калегіяльна!.. Нюра, з каго пачнём?

Нюра. Відаць, з бабулі. Восемдзесят два гады. І прыйшла яна самая першая.

Вяршыла. Восемдзесят два?.. Ёй ужо няма куды спяшацца. Давайце пачнём з вынаходцы. Мне ўжо нехта званіў пра яго. Не памятаю хто. Сказалі, што гэта будучы нобелеўскі лаўрэат. У яго нешта незвычайнае… Мікалай Ягоравіч!.. Вы толькі не адразу… Дайце нам пагаварыць з чалавекам. Вырашыць пытанне. А потым ужо, к канцу, уключайцеся.

Мурашка. Зразумеў.

Вяршыла. Зрабіце ласку, нагадайце рэпертуар. Каму што?

Мурашка. Гома нармаліс… Танец маленькіх лебедзяў.

Вяршыла (запісваючы для памяці). «Танец маленькіх лебедзяў».

Мурашка. Літара «Д». «Кліент»… «Развітанне з радзімай».

Вяршыла (піша). Агінскі. «Развітанне з радзімай».

Мурашка. «ПД»…

Вяршыла. Не трэба расшыфроўваць. Запомніў. Туш… (Піша.) Падумайце ўсё ж, чым замяніць. Ёсць у гэтым «свяце розуму», як вы сказалі, нейкая нацяжка. Дайце яму што-небудзь не наша… Замежнае. Які-небудзь рок ці блюз…

Мурашка. Віктар Паўлавіч… У мяне ж толькі класіка.

Вяршыла. Пашукайце што-небудзь з заходняй класікі.

Мурашка. Падумаю… Левая палавіна шкалы. «Т»…

Вяршыла. Памятаю. Талент. «О, дайце, дайце мне свабоду!» (Піша.) Што ў вас далей?

Мурашка. «Г». Геній. «Слаўся!» Міхаіла Іванавіча Глінкі.

Вяршыла. Падумайце над літарай. Непрыемна гучыць. Рэжа вуха.

Мурашка. «Слаўся!» непрыемна гучыць?

Вяршыла. Я пра літару кажу, а не пра музыку. Музыка цудоўная! Ну што, таварышы, пачнём? (Паўза. Выпівае вады з графіна. Хвалюецца.) Нюра! Будучага нобелеўскага лаўрэата!

Нюра выходзіць і адразу вяртаецца. За ёй у кабінет улятае Іван Пятровіч Залівака.

Залівака (вітаючыся з кожным за руку, кожнаму гаворыць). Залівака Іван Пятровіч! Вынаходнік!

Вяршыла (паказваючы на выпрабавальнае крэсла). Сядайце, Іван Пятровіч.

Залівака. Не магу! Гару! Пылаю! У мяне кожная секунда на ўліку! Хачу тварыць для дзяржавы! Для народа! (Бегае па кабінеце.)

Вяршыла. Тады і я мушу ўстаць. Каб размаўляць з вамі нароўні. (Прыўзнімаецца з крэсла.)

Залівака. Што вы! Што вы! (Валіцца ў эксперыментальнае крэсла.) Вам Міхаіл Сямёнавіч званіў?

Вяршыла. Хто? А… Званіў.

Залівака. А Пал Палыч?

Вяршыла. Званіў…

Залівака. Значыць, вы ўжо ў курсе?

Вяршыла. У агульных рысах…

Залівака. У вас ёсць магчымасць увайсці ў гісторыю сусветнай навукі!

Вяршыла. Якім чынам?

Залівака. Зусім проста! Вось на гэтай паперцы трэба вашай рукой накрэсліць некалькі слоў! «Выдзеліць сродкі на паспяховае завяршэнне навуковай працы Залівакі Івана Пятровіча». Бачыце, колькі людзей ужо напісалі гэтыя словы? Пятнаццаць! Вы будзеце шаснаццатым! І больш ад вас нічога не патрабуецца!

Вяршыла (беручы ў Залівакі паперу). Колькі сродкаў трэба для паспяховага завяршэння вашых даследаванняў?

Залівака. Ат! Дробязь! Трыццаць мільёнаў. І мы адразу ж выйграем эканамічнае спаборніцтва з капіталізмам! Згадзіцеся, што гэта варта не трыццаці мільёнаў! Мільярды! Трыльёны!

Вяршыла. У чым сутнасць вашага вынаходніцтва? Мы павінны ведаць, на што санкцыяніруем трыццаць мільёнаў.

Залівака. Вынаходніцтва?! Адкрыццё!

Вяршыла. Хай будзе так. Некалькі слоў пра ваша адкрыццё…

Залівака. Я працую над вывядзеннем новай пароды курэй-нясушак. Яны будуць кудахтаць не пасля таго, як знясуць яйка, а перад гэтым! Разумееце? Да яйка! Куд-куд-куды! Куд-куд-куды!

Вяршыла. А якая розніца, калі яны будуць рабіць гэтае самае «куд-куд-куды»? Да яйка ці пасля яго?

Залівака. Што вы? Велізарная! Агромністая! Мы створым адзіны цэнтр у краіне са спецыяльнай апаратурай. Цэнтр будзе звязаны прамым провадам з усімі куратнікамі. Гм… Я хацеў сказаць — з усімі птушкафермамі і птушкафабрыкамі. Па спецыяльнаму сігналу з цэнтра ўсе куры пачынаюць кудахтаць. Разумееце? Уся краіна адразу куд-куд-куды! Куд-куд-куды!

Вяршыла. А што далей?

Залівака. Вы яшчэ не зразумелі?! Далей усе куры нясуць яйкі! Адразу па ўсёй краіне!

Вяршыла. Дык яны і без спецыяльнага сігналу нясуцца…

Залівака. Ха! Мы ж будзем падаваць сігнал для кудахтання не адзін раз у дзень, а два! Тры! Пяць разоў! Пяць яек у дзень ад кожнай курыцы! Уяўляеце? Мы ж усю краіну закідаем яйкамі!.. Што краіну? Свет! Мы не толькі людзей… Мы свіней, кароў, авечак будзем карміць яечняй! Вось вам і вырашэнне бялковай праблемы! (Ускочыў і зноў забегаў па кабінеце.)

Вяршыла. Сядзьце, Іван Пятровіч! Сядзьце!..

Залівака. Не магу! Не сядзець — дзейнічаць трэба!

Вяршыла. Вы мяне прымушаеце… (Прыўзнімаецца з крэсла.)

Залівака. Даруйце! Забыўся! (Валіцца ў крэсла.)

Міралюбаў. У мяне адно пытанне да Івана Пятровіча…

Вяршыла. Калі ласка, Ягор Фёдаравіч… Гэта мой намеснік.

Залівака (ускочыўшы, кланяецца). Вельмі прыемна! Вельмі! (Падскочыўшы, цісне руку Міралюбаву.) Хоць мільён пытанняў! Любыя! У мяне на кожнае пытанне па тры адказы! А, Б, В!

Міралюбаў. Скажыце, Іван Пятровіч… А певень вытрымае?

Залівака. Што вытрымае?

Міралюбаў. Ну… Каб курыца несла некалькі яек у дзень? Ён жа таксама прымае нейкі ўдзел у гэтай справе.

Залівака. Канечне, яму будзе нялёгка! Давядзецца папрацаваць закасаўшы рукавы. Але ў мяне і гэтая праблема прадугледжана. Мы кожнай курыцы дадзім па персанальным пеўню. Як ва ўсіх пярнатых і млекакормячых!

Вяршыла. Вы ўжо правяралі сваю ідэю?

Залівака. А як жа? У лабараторных умовах! На адной курыцы! (Бегае па кабінеце.) Прабачце! Забыўся. (Валіцца ў крэсла.)

Вяршыла моўчкі ўзнімаецца.

Вяршыла. І які вынік?

Залівака. Цудоўны! Казачны! Вось акт аб эксперыменце! Вось пратакол і заключэнне вучонага савета! Вось рэзалюцыі сямі міністраў! Пісьмы двух акадэмікаў, якія падтрымліваюць ідэю і гатовы самі прыняць удзел у эксперыменце… Праўда, абодва яны на пенсіі! Але ў прынцыпе гэта не мае значэння.

Вяршыла (праглядаючы паперы). На што вы хочаце патраціць гэтыя трыццаць мільёнаў?

Залівака. Трыццаць — гэта толькі для пачатку! Так сказаць, на нулявы цыкл! Мне патрэбны НДІ куразнаўства, вылічальны цэнтр і свая эксперыментальная база. Як бачыце, прашу мінімум. У маштабах краіны — гэта капейка. Грош! А выйгрыш — трыльёны!

Вяршыла. Ваша думка, Тамара Цімафееўна?

Папсуева. Праблема бялка — самая вострая біялагічная праблема ў свеце. І калі б удалося яе вырашыць… Сапраўды Нобелеўскай не шкада.

Вяршыла. Што скажаце вы, Ягор Фёдаравіч?

Міралюбаў (філасофскі). Адной вымовай больш, адной — менш.

Вяршыла. Нюра! Зялёны!

Нюра. Калі ласка, Віктар Паўлавіч. (Працягвае зялёны аловак.)

Вяршыла (узняўшы аловак). Значыць, уся краіна адразу?..

Залівака. Уся! Куд-куд-куды! Куд-куд-куды! А потым горы яек! Манбланы! Гімалаі!..

Залівака не паспявае дагаварыць. Аглушальна грыміць туш. Усе аж уздрыгнулі ад нечаканасці. Туш прагрымеў адзін раз, другі, трэці…

Вяршыла. Эй вы там, на палубе! Спыніце музыку!

Залівака. Што вы! Не трэба! Гэта ж так сімвалічна!

Вялікая паўза.

Вяршыла думае, сумняваецца і нарэшце адсоўвае ад сябе паперы.

Вяршыла. Вось што, Іван Пятровіч… Пакуль што я не магу падпісаць вашу просьбу…

Залівака (страшэнна ўражаны такой нечаканасцю). Не можаце? Чаму?!

Вяршыла. Бачыце, якая справа, Іван Пятровіч… У вас тут не хапае адной рэзалюцыі… І таму я не магу падпісаць…

Залівака. Як не хапае? Там пятнаццаць рэзалюцый і ўсе станоўчыя! Рэзалюцыі сямі міністраў! Нават міністра фінансаў! Што вам яшчэ трэба?

Вяршыла. У вас няма рэзалюцыі міністра харчавання. А ваш інстытут будзе падпарадкоўвацца яму. Патрэбна яго віза, Іван Пятровіч…

Залівака. Лічыце, што яна ў вас ужо ёсць! Там у мяне цётка і дваюрадны брат працуюць!.. Адтуль мне адразу сюды?

Вяршыла (без асаблівага энтузіязму). Адтуль да нас…

Залівака. Вельмі ўдзячны! Вельмі! Не развітваюся. Праз гадзіну буду ў вас! (Вылятае з кабінета.)

Паўза.

Вяршыла. Вы ўпэўнены, Мікалай Ягоравіч, што ваш апарат… даў правільную ацэнку?

Мурашка. Больш чым упэўнены.

Вяршыла. А чаму так гучна?

Мурашка. Надта высокі ўзровень біятокаў мозгу.

Вяршыла. Звар’яцець можна. У яго ж пятнаццаць рэзалюцый! Сем міністраў! Дактары навук! Акадэмікі! Заключэнне вучонага савета! І ўсе ж яны думалі! Хоць адным паўшар’ем… І то атрымліваецца многа!

Міралюбаў. А можа, усе яны — яго цёткі і дваюрадныя браты?

Вяршыла. Пакіньце, Ягор Фёдаравіч!.. Я сур’ёзна…

Мурашка. Апарат нават зашкаліла…

Вяршыла (з жахам). А я ж ледзь не падпісаў! Проста гіпноз нейкі! (Паўза.) Што ж атрымліваецца, Мікалай Ягоравіч? Што ваш апарат выратаваў нам трыццаць мільёнаў?

Мурашка (вінавата). Выходзіць, так…

Вяршыла (усё яшчэ ніяк не можа супакоіцца). Але ж міністры! Акадэмікі! Пратакол! У вас, Мікалай Ягоравіч, хоць адзін міністр стаіць за спіной? Хоць адзін акадэмік? На худы канец — ну хоць бы доктар навук? Адзін!

Мурашка. Ніводнага… На словах усе — за. А паперкі, рэзалюцыі — ніводнай…

Папсуева. Адна пісаная рэзалюцыя важыць больш, чым сто вусных! Трэба было паверыць акадэмікам. Нам сумнявацца ў іх кампетэнцыі…

Мурашка. Апарат працуе нармальна. Галавой ручаюся!

Папсуева. Што мы панясём высокаму начальству, калі яно нас пакліча? Вашу галаву? Ці апарат?

Вяршыла. Што ж рабіць? Нам трэба дакладна ведаць, а не прыблізна!

Папсуева. Трэба прадоўжыць выпрабаванні. Калі апарат зноў зрэагуе алагічна… Выкінуць яго разам з аўтарам!

Вяршыла. Тамара Цімафееўна!

Папсуева. А што? Жылі спакойна, мірна… Пісалі рэзалюцыі. Ніхто ніколі не сумняваўся ў іх правільнасці! А цяпер? Сядзім і ламаем галаву.

Паўза.

Вяршыла. Нюра! Хто там наступны?

Нюра. Дырэктар фабрыкі лёгкага і сярэдняга адзення Крутая Ніна Іванаўна і тры яе асістэнткі.

Вяршыла (да Мурашкі). Вы можаце праверыць усіх чатырох адразу?

Мурашка. Не. Толькі па адной.

Вяршыла (да Нюры.) Няхай уваходзіць адна. Без асістэнтак…

Нюра (адчыніўшы дзверы). Уваходзьце, Ніна Іванаўна!

Уваходзіць Крутая.

Крутая. Добры дзень!

Вяршыла. Добры дзень! Зноў вы, Ніна Іванаўна?

Крутая. Зноў я, Віктар Паўлавіч.

Вяршыла. Сядайце… (Паказвае на выпрабавальнае крэсла.)

Крутая. Крэсла ў вас нейкае дзіўнае. Раней я не бачыла яго ў вас!

Вяршыла. Сучасны дызайн… Мастакі мудрагеляць. З чым на гэты раз, Ніна Іванаўна?

Крутая. Усё з тым жа, Віктар Паўлавіч. Як заўсёды. Зацвердзіць асартымент нашых будучых тавараў.

Вяршыла. Для чаго існуе ваш уласны міністр?

Крутая. Для накачкі. А справу можаце вырашыць толькі вы. За вамі апошняе слова.

Вяршыла. Лёгка жывецца вашаму міністру! Як у Хрыста за пазухай. Пакажыце ваш асартымент…

Крутая кладзе перад ім паперы і пачынае ўважліва аглядаць крэсла, у якім сядзіць. Усе напружана назіраюць за ёй. Толькі Вяршыла чытае паперы і робіць адзнакі алоўкам.

Навошта вам столькі трусоў? На дзесяць гадоў наперад? То вы кажаце, што вам мужчын не хапае, а то вы трусы плануеце аж на тры арміі!

Крутая. Нашы даследаванні паказалі, што яны хутка зношваюцца ад сучасных крэслаў. Штаны тыя нічога, вытрымліваюць. А вось трусы, паколькі яны з бавоўны, выходзяць са строю датэрмінова.

Вяршыла. Вы ж ведаеце, што бавоўны не хапае! Рабіце з сінтэтыкі!

Крутая. Спрабавалі. Мужчыны ў адзін голас запратэставалі. Сказалі, што адчуваюць сябе як у панцыры. І іскры ўначы сыплюцца… Вельмі ўжо кволы ваш брат пайшоў. Раней палатняныя насілі і не скардзіліся. А цяпер, бачыце, падавай вам чыстую бавоўну!

Вяршыла (узнімаючы галаву ад папер). Ну, ведаеце… Гэта ўжо самае сапраўднае марнатраўства!

Крутая. Што вы маеце на ўвазе?

Вяршыла (далікатна паказвае на свае грудзі). Гэтыя самыя… прыстасаванні. Тры мільёны! Яны ж будуць ляжаць мёртвым грузам на базах! А зменіцца мода… Іх жа потым на цюбецейкі ці кепкі не перайначыш!

Крутая. Вы ведаеце, колькі ў нас жанчын?

Вяршыла. Ну, не на кожнай жа назе яны іх носяць?

Крутая. Яны іх носяць… Калі б вы іх там насілі, Віктар Паўлавіч, вы б без роздуму падпісалі на дзесяць мільёнаў! Каб з дзесяці адзін выбраць!

Вяршыла. Значыць, бераце не якасцю, а колькасцю? Асуджаная практыка!

Крутая. Ну, а што ж рабіць, Віктар Паўлавіч? Закупіце нам французскае абсталяванне, французскія матэрыялы…

Гучыць танец маленькіх лебедзяў.

Што гэта ў вас? Музычная паўза? Аэробіка?

Вяршыла. Не… Гэта нашы тэхнікі апаратуру правяраюць. (Паўза. Вяршыла думае, вагаецца.) Добра, Ніна Іванаўна… Я вам стаўлю не тры мільёны, а пяць. Дзесяць — гэта вы ўжо занадта! Пяці мільёнаў на першы раз хопіць?

Крутая. Ну, Віктар Паўлавіч! Не чакала! Шчыра прызнаюся… Думала, што і за тры мільёны давядзецца з вамі ўзагрудкі!.. А вы такі царскі падарунак нам паднеслі!

Вяршыла. Ну, павінен жа я быць рыцарам? Жанчыны — мая слабасць… Ёсць яшчэ пытанні, Ніна Іванаўна?

Крутая. Ёсць. Трэба зацвердзіць некалькі новых мадэляў на летні сезон. Мы хочам выпускаць іх з літарай «Н» і атэставаць на Знак якасці.

Вяршыла. Дзе вашы мадэлі?

Крутая. Тут. (Падышоўшы да дзвярэй, кліча.) Сорак пяць — дзевяноста!

Уваходзіць першая асістэнтка, брунетка. Прафесійным крокам ходзіць перад сталом, робіць прафесійныя позы манекеншчыцы.

Мадэль сорак пяць — дзевяноста. Мастак-мадэльер Марына Стрыжова. Касцюм рэкамендуецца для загарадных прагулак. Звярніце ўвагу… Сучасны модны сілуэт, сучасныя тканіны… Але гэта не проста касцюм, а касцюм-загадка…

Вяршыла. Загадка?

Крутая. Дапусцім, жанчына не паспявае вярнуцца з загараднай прагулкі або дачы дадому, каб пераапрануцца. А вечарам яна павінна быць у тэатры. Мы прадугледзелі і такі варыянт. Прагулачны касцюм становіцца вячэрнім…

Асістэнтка робіць некалькі рухаў, і чорныя штруксы ператвараюцца ў вельветавую спадніцу-максі.

Вяршыла (з захапленнем). Геніяльна! Гэта якраз тое, што трэба сучаснай жанчыне! Зацвярджаю. Давайце вашу наступную мадэль!

Крутая (падышоўшы да дзвярэй). Сорак сем — дванаццаць!

Уваходзіць другая асістэнтка, шатэнка.

Мадэль сорак сем — дванаццаць. Мастак Ігар Прымакоў. Ансамбль для дома, на кожны дзень. Многія лічаць, што дома жанчына можа хадзіць у любым адзенні. Гэта вялікая і трагічная памылка! Жанчына павінна быць прыгожай і прывабнай заўсёды і ўсюды. І ў першую чаргу дома, перад мужам. Трываласць сямейных адносін залежыць ад хатняга адзення жанчыны… Хацелася б, Віктар Паўлавіч, звярнуць вашу ўвагу на такую характэрную дэталь, якая падкрэслівае поўную роўнасць сучаснай жанчыны з мужчынам, яе незалежнасць і самастойнасць. Усё тое, што дала ёй эмансіпацыя. Наш касцюм прадугледжвае элегантны рабочы пояс жанчыны.

Шатэнка імгненна вымае з сумкі пояс і зашпільвае яго на сабе.

Гэты пояс-патранташ трывала замацоўвае на жаночай таліі маленькі тапорык для рубкі мяса і сячэння дроў, нажоўку па дрэве і метале, малаток, пласкагубцы і кусачкі, два напільнікі, брусок і рашпіль, набор ножыкаў і нажніцы… Звычайныя і для бляхі. Праўда, прыгожа? І галоўнае — зручна, у любы момант усё пад рукой. Ніводнага лішняга руху!

Вяршыла (з захапленнем). Паслухайце!.. Гэта ж не мадэль! Гэта ж цудоўнае вынаходніцтва! На яго трэба адразу ж браць аўтарскае пасведчанне і запатэнтаваць! Абавязкова скажыце мне, калі выкінеце ў продаж. Гэта ж найлепшы падарунак на Восьмага сакавіка! Ды і на Новы год таксама!.. (Да асістэнткі.) Вы можаце ісці. Я віншую вас!

Шатэнка выходзіць.

Крутая (кліча). Пяцьдзесят — дзевяноста дзевяць!

Уваходзіць… Венера Мілоская ў вельмі смелым купальніку. Вяршыла нават прыўзняўся і абамлеў ад захаплення.

Мадэль пяцьдзесят — дзевяноста дзевяць… Мастак Уладзімір Юрын. Пляжны касцюм. Прашу звярнуць увагу на такую дэталь… Максімум адкрытага цела для сонца і паветра. Падабаецца?

Вяршыла, не адрываючы вачэй ад мадэлі, бездапаможна разводзіць рукамі.

Юрын — наш лепшы мастак. Спецыялізуецца на пляжных касцюмах.

Вяршыла. Гэта адчуваецца… (Да бландзінкі.) Падыдзіце бліжэй… Вось сюды… Сядайце ў гэтае крэсла… Расслабляйцеся… (Не тоячыся, любуецца прыгажосцю мадэлі).

Асістэнтка сядае ў крэсла і прымае позу зачаравання. Вяршыла зусім размяк. І тут нечакана загучаў паланез Агінскага «Развітанне з радзімай». Твар Вяршылы адразу закамянеў, набыў варожы выгляд.

Крутая. Ну як, Віктар Паўлавіч? Зацвярджаеце?

Вяршыла (не адразу). Апошнюю?.. Не…

Крутая. Што вы, Віктар Паўлавіч! Такі цудоўны ансамбль! Нарасхват пойдзе! Мы яго будзем прапаноўваць на Знак якасці!.. Падпісвайце!

Вяршыла. А на ім хопіць месца, каб паставіць Знак якасці?

Крутая (да асістэнткі). Ты можаш ісці, Галя…

Асістэнтка выходзіць яўна пакрыўджаная. Але выходзіць усё ж прафесійна-грацыёзна, як і трэба Венеры Мілоскай.

Я вас сёння не пазнаю, Віктар Паўлавіч! У чым справа? Вам жа спачатку спадабалася мадэль! Я ж па вачах вашых бачыла!

Вяршыла. Разумееце, Ніна Іванаўна… У кожным прадмеце павінна быць адзінства формы і зместу… Кожны касцюм… Як вам лепей сказаць?.. Павінен падкрэсліваць розум, інтэлект чалавека, яго сутнасць…

Крутая. Пры чым тут розум, Віктар Паўлавіч? Гэта ж пляжны касцюм! Навошта на пляжы інтэлект? Пляж — не інстытут кібернетыкі!

Вяршыла. Ніна Іванаўна… Я зацвердзіў усе вашы пазіцыі! А іх сто трыццаць сем. Гэтую пазіцыю я зацвердзіць не магу.

Крутая. Ну, павінны ж быць нейкія аргументы!.. Чаму?

Вяршыла. Гэты, з вашага дазволу, касцюм… Падман. Ён заводзіць чалавека ў ілюзорны, міражны свет. Ён адбірае ў чалавека інтэлект!

Крутая. Госпадзі! Даўся вам гэты інтэлект!.. На дэманстрацыі мод гэты касцюм спадабаўся ўсім!

Вяршыла. Ха! Касцюм!.. Фігавыя лісткі! Трыліснікі… Мы з вамі, Ніна Іванаўна, павінны думаць аб маральнасці і нявіннасці тых, хто будзе насіць такія… касцюмы! І хто будзе на іх глядзець!.. Я лічыў вас, Ніна Іванаўна, больш сур’ёзным кіраўніком…

Крутая. А я, Віктар Паўлавіч, ніколі не думала, што вы такі… пурытанін! Не давяраеце нашым лепшым майстрам! Яны атрымліваюць спецыяльныя прызы ў Лондане і Парыжы!

Вяршыла. Гэта вам не Лондан і не Парыж, Ніна Іванаўна!

Крутая. Бачу! Хто вы такі, што бераце на сябе смеласць выносіць прысуд рэчам, у якіх вы… Якія вы не зусім разумееце?

Вяршыла. Ах, не разумею?.. А чаму ж вы штодня бегаеце да мяне ўзгадняць свае мадэлі?

Крутая. Мяне прымушае рабіць гэта мой міністр!

Вяршыла. Ах, ваш міністр!.. А чаму ён сам не зацвярджае свае трыліснікі? Баіцца?

Крутая (падышоўшы да Вяршылы). Ведаеце, хто вы, Віктар Паўлавіч?

Вяршыла. Ведаю. Міністр узгадненняў.

Крутая. Не. Вы не міністр, Віктар Паўлавіч… Вы — пень у штанах! Пень на дарозе! Які ні аб’ехаць, ні абысці!.. (Выходзіць, моцна грукнуўшы дзвярамі.)

Няёмкая паўза: у прысутнасці падначаленых назвалі міністра пнём.

Папсуева. Прыгожы ансамбль…

Вяршыла. Прыгожы? Вы б яго надзелі, Тамара Цімафееўна?

Папсуева. Ну, ведаеце… пры маёй пасадзе… Я думала, што мужчынам такое падабаецца.

Вяршыла. Вы не былі мужчынам… Адкуль вам ведаць, пры вашай пасадзе, што ім падабаецца, а што не?..

Нюра. Віктар Паўлавіч… Там, у прыёмнай, яшчэ бабуля чакае…

Вяршыла. Якая бабуля?

Нюра. Пенсіянерка. Загуменная Кацярына Антонаўна.

Вяршыла. А-а! Зусім забыўся!.. Запрашай.

Нюра выходзіць і тут жа вяртаецца. Услед за ёй уваходзіць мілая, сімпатычная бабуля. Яна спынілася каля парога і корпаецца ў сумцы.

Праходзьце, бабуля, сюды. Бліжэй да стала. Што вы там спыніліся ў парозе?

Загуменная. Зараз, мае дзеткі, зараз… (Вымае з сумкі хатнія тапкі, надзявае іх замест старэнькіх, стоптаных пантофляў. Затым беражліва разгортвае насавую хусцінку і чапляе на жакет ордэн «Маці-гераіня». Толькі пасля гэтага ідзе да стала.)

Вяршыла (выходзіць ёй насустрач). Добры дзень, Кацярына Антонаўна! (Паказвае на тапкі.) А гэта вы навошта?

Загуменная. Ну што вы, таварыш міністр! У вас тут так прыгожа, так чыста!.. Ступіць боязна. Тут жа людзі прыбіраюць. Іх паважаць трэба.

Вяршыла. Сядайце, Кацярына Антонаўна, сюды. (Падсоўвае ёй выпрабавальнае крэсла.) Тут вам будзе зручна. А гэта ў вас што?

Загуменная. «Маці-гераіня»…

Вяршыла. Ух ты! Першы раз бачу зблізку. Колькі ж у вас дзетак?

Загуменная. Ай, не так ужо і шмат. Адзінаццаць…

Вяршыла. Адзінаццаць?! І ўсе жывыя?

Загуменная. Усе, дзякуй Богу. Ёсць сярод іх і ўрачы, і інжынеры, і старшыня калгаса. Нават адзін акадэмік ёсць.

Вяршыла. Вось гэта сямейка! (Да Папсуевай.) Вось з каго трэба браць прыклад, Тамара Цімафееўна!.. І ўнукі ёсць?

Загуменная. А як жа без унукаў? Раўнюсенька трыццаць тры. Па трое на кожнага. Вось праўнукаў пакуль малавата. Шасцёра ўсяго…

Вяршыла. Ну, ведаеце, Кацярына Антонаўна!.. Я б вам за такое Героя Савецкага Саюза не пашкадаваў! «Не то, что нынешнее племя!»

Загуменная. Ай, мае вы дзеткі! Цяпер жа людзям часу няма. Яны то тэлевізар глядзяць, то музыку круцяць, то на сходах розных сядзяць. Калі б было меней сходаў, можа б, і дзяцей было больш…

Вяршыла. Не забываюць яны вас?

Загуменная. Хто? Дзеткі? Ну што вы, таварыш міністр! Мае дзеці не такія. Кожнае свята прыязджаюць. І на Май, і на Кастрычнік, і на Новы год. Як панаедуць, то не ведаю, дзе пасадзіць, дзе каго пакласці! Хоць і пяцісценка, а месца не хапае.

Вяршыла. А як з гэтым?.. Матэрыяльна памагаюць?

Загуменная. Ай, і не кажыце, таварыш міністр! Кожны месяц па некалькі пераводаў. Не паспяваю і на пошту бегаць! Я ж яшчэ і пенсію атрымліваю. Хоць і невялікую, але ўсё ж атрымліваю. Ведаеце, колькі ў мяне на кніжцы? (Нахіляецца, шэптам.) Аж сем тысяч! Як раней, то, відаць, мяне ўжо даўно б раскулачылі!

Вяршыла. Ну што вы, Кацярына Антонаўна! Вашы грошы — святыя грошы!.. А сюды вы па якой справе? Як бачу, ніхто вас увагай не абыходзіць, ніхто не крыўдзіць…

Загуменная. Каб жа не крыўдзілі!.. Я ўжо ўсіх абышла, некалькі пар пантофляў стаптала. А праўды так і не знайшла. Вось у адным месцы мне і падказалі, што толькі вы і можаце мне памагчы.

Вяршыла. Вось чортавы бюракраты! Такога чалавека прымушаюць хадзіць па інстанцыях!.. А на каго ці на што вы скардзіцеся? Хто вас пакрыўдзіў?

Загуменная. Я не скарджуся, таварыш міністр… Даруйце, як вас па бацюшку?

Вяршыла. Віктар Паўлавіч…

Загуменная. Не скарджуся, Віктар Паўлавіч. Я прашу. За свае грошы прашу. А з мяне кпяць. Некаторыя нават гэтай самай… псіхічкай называюць.

Вяршыла. Такіх трэба здымаць з работы і… на пятнаццаць сутак! Каб дзесятаму заказалі! А што вы просіце, Кацярына Антонаўна?

Загуменная. Ай, дробязь, Віктар Паўлавіч! Нават няёмка гаварыць.

Вяршыла. Смела гаварыце. Мы вас правільна зразумеем. На тое мы тут і сядзім.

Загуменная. Дамавіну хачу заказаць.

Вяршыла (не адразу). Што заказаць?

Загуменная. Дамавінку. У якой на могілкі адвозяць.

Вяршыла. Наколькі я ведаю… Ёсць жа спецыяльныя камбінаты. А ў вашым раёне няма такога?

Загуменная. Камбінат-то ёсць. А мой заказ не прымаюць. Кажуць — не паложана.

Вяршыла (з абурэннем). Дажыліся! Дабюракраціліся! Дакаціліся! Нюра! Знайдзіце мне нумар іх камбіната. Я сам з імі пагавару!

Нюра. Зараз, Віктар Паўлавіч.

Вяршыла. Заява ў вас пры сабе?

Загуменная. Пры сабе, пры сабе, дзеткі. (Корпаецца ў сумачцы.) Вось заўсёды так… Калі трэба — як скразняком змахне… Ага! Вось яна. (Працягвае паперку Вяршылу.)

Вяршыла (яшчэ не разгарнуўшы заявы). Хто ж у вас памёр, Кацярына Антонаўна?

Загуменная. Ніхто, дзякуй Богу. Усе жывы і здаровенькі.

Вяршыла (са здзіўленнем). Для каго ж вы труну заказваеце?

Загуменная. Для сябе, мае дзеткі…

Усеагульнае ашаламленне. Папсуева круціць пальцам каля скроні, стараючыся, каб гэта ўбачыў Вяршыла.

Вяршыла. Для сябе?! Але ж вы яшчэ… Даруйце… Жывая!

Загуменная. А як жа я паспею заказаць, калі памру?

Вяршыла. Бабуля! У вас адзінаццаць дзяцей і трыццаць тры ўнукі! Няўжо яны не паклапоцяцца?

Загуменная. Ай, пра што вы кажаце, Віктар Паўлавіч! Вядома, паклапоцяцца. Але навошта ж ім лішні клопат?.. Хадзіла я ў той камбінат… Там заўсёды чарга. Людзі нервуюцца, плачуць, лаюцца… І на тых, хто жыве. І на тых, хто памёр… Ведаеце, колькі я за сваё жыццё ў чэргах настаялася? У-га! Па хлеб, па мыла, па керасін, паркаль, па муку, па масла, па сялёдку… Калі скласці ўсё гэта ў адно месцейка, дваццаць гадоў з майго жыцця выкрасліць трэба. Дальбог, не меней!.. Не хачу, каб мае дзеці праз мяне яшчэ ў чарзе стаялі. Непакоіліся… Перажывалі… Я ж не толькі дамавінку, я і стужкі да вяночкаў хачу заказаць. Ад іх імя… Няхай прыедуць яны на ўсё гатовае і паплачуць трошкі па мне… Яны ж у мяне вельмі харошыя! Занятыя ад ночы і да ночы… То канферэнцыі, то сімпозіумы, то футбол…

Вяршыла. Ну, матуля… Усякае чуць даводзілася. А такое чую ўпершыню. Аналагаў яшчэ не было. І дзе ж вы, прабачце, будзеце трымаць… дамавіну?

Загуменная. У хаце, за шырмачкай. А як адчую, што пара мая прыйшла, пераапрануся ва ўсё чыстае і лягу… І нікому ніякіх клопатаў. Толькі перад гэтым усім тэлеграмы пашлю…

Нечакана вельмі гучна загучала арыя князя Ігара «О дайце, дайце мне свабоду!».

Ой, якая прыгожая музыка ў вас! Проста сэрца ў ёй купаецца! А то цяпер як пачнуць дзьмуць — ва ўсім калгасе шыбы з вокнаў высыпаюцца…

Вяршыла (справіўшыся з хваляваннем). Можа, мяне і асудзяць, але просьбу вашу, Кацярына Антонаўна, я выканаю.

Загуменная (расчулена). Дзякую, сынок! Вось нездарма ж падказалі людзі да цябе ісці… Толькі ты ўжо, калі ласка, напішы, каб прыгажэйшая была. Грошы ў мяне ёсць. Я заплачу… Жыццё ў мяне ой якое было! Не дай бог нікому такога. То хоць паляжу ў прыгожым доміку. Гэты ж ужо апошні будзе…

Вяршыла. Напішу, каб самы прыгожы быў. І бясплатна.

Загуменная (спалохана замахала рукамі). Не! Не! Не трэба бясплатна! Што пра мяне людзі скажуць? Я ж багатая!.. Вось толькі, калі можна… Напішы ты, сынок, каб з дубу зрабілі… Я разумею, чаму ты так глядзіш на мяне. Думаеш, з глузду з’ехала бабка! Нібыта не ўсё роўна ёй, у якой дамавіне будуць яе костачкі тлець?.. Ды не… Мне ўсё адно… А раптам я яшчэ затрымаюся на гэтым свеце? А шашаль возьме ды і паточыць маю дамавінку… Калі яна будзе з простых дошак змайстравана. А дуб яму не па зубах…

Вяршыла (хутка піша і аддае заяву). Вось, Кацярына Антонаўна… Напісаў, каб без усякай чаргі! Самую прыгожую і абавязкова з дубу.

Загуменная. Дзякую, сынок! Праўду кажуць: свет не без добрых людзей. Дзякую! (Нізка кланяецца Вяршылу.) Хоць я ў Бога і не веру, але памалюся за цябе… Сардэчны ты чалавек, хоць і міністр! (Кланяецца Папсуевай і Міралюбаву.) І вам, дзеткі, дзякую! (Ідзе да дзвярэй, нізка кланяючыся. Там яна здымае тапкі, зноў надзявае пантофлі і, яшчэ раз пакланіўшыся, выходзіць.)

Вялікая паўза.

Папсуева. Вар’ятка нейкая! Трэба праверыць, ці не збегла яна з Навінак…

Вяршыла (не вытрымлівае і крычыць). Замаўчыце, Тамара Цімафееўна! Замаўчыце! Яна не вар’ятка! Яна разумнейшая за нас з вамі!..

Папсуева. Калі кожная бабуля захоча яшчэ пры жыцці заказаць сабе дамавіну, у чым будзем хаваць сапраўдных нябожчыкаў?

Міралюбаў (узнімаецца, падыходзіць да Папсуевай і, гледзячы ёй у вочы, пачынае лічыць). Адзін, два, тры, чатыры, пяць, шэсць, сем, восем…

Вяршыла (спакойна). Ягор Фёдаравіч… Сядзьце на сваё месца. (Падае першай тэлефаністцы кавалачак паперы.) Люда! Закажыце мне вось гэты нумар. Тэрмінова!.. Таварышы… Думаю, усе вы пераканаліся, што апарат працуе бездакорна. Яго трэба неадкладна зацвярджаць і запускаць у серыю. Паколькі думкі падзяліліся, пратакол зараз падпісваць не будзем. Справа не зусім звычайная. Я павінен параіцца…

Першая тэлефаністка. Віктар Паўлавіч! Здыміце пяты. Там абанент, якога вы прасілі…

Вяршыла (па тэлефоне). Мама? Гэта ты?.. Ага, гэта я, Віктар… Віця… Ды не, нічога не здарылася… Проста захацелася пачуць твой голас… Як ты там?.. Здароўе як?.. Я пытаюся, як здароўе?.. Можа, лякарствы якія патрэбны?.. Што я хацеў?.. Хачу сказаць, што ў нядзелю мы прыедзем да цябе ў госці… Ага… Усе… І Наташа, і дзеці… Мы засумавалі па табе… Гэта ж колькі не бачыліся!.. Не, на гэты раз не ашукаем… Абавязкова прыедзем… Да сустрэчы, мама! Цалую цябе… (Паклаў трубку, доўга сядзіць моўчкі.) Значыць, я пайшоў. Прашу не разыходзіцца і чакаць мяне. Вы, Мікалай Ягоравіч, таксама будзьце тут.

Мурашка. Добра, Віктар Паўлавіч. Буду чакаць…

Вяршыла выходзіць. Святло паступова гасне. Нейкі час на сцэне поўная цемра. Потым на сцэне пачынае святлець. Гэта ўжо раніца. Няма тэлефаністак і Нюры. Папсуева і Міралюбаў спяць там, дзе сядзелі… Вельмі асцярожна аглядаючыся, ціхенька ўзнімаецца Міралюбаў. Ён на пальчыках падыходзіць да выпрабавальнага крэсла, павольна абыходзіць яго, некалькі разоў дакранаецца да бліскучага паўабруча — спачатку адным пальцам, затым далонню, затым ужо абедзвюма рукамі. І боязна, і надта ж хочацца! Нарэшце ён асцярожна садзіцца ў крэсла. Паўза.

Пачынае гучаць танец маленькіх лебедзяў. Міралюбаў шчасліва ўсміхаецца, заплюшчыў вочы і слухае, слухае цудоўную мелодыю. Яму нават не хочацца ўзнімацца з крэсла. Але ён прымушае сябе ўзняцца. Ён на пальчыках, як балерына, танцуе танец маленькіх лебедзяў, выкідваючы такія фантастычныя па, якія і не сніліся маленькім лебедзям. Пад музыку, танцуючы, ён ідзе на сваё месца і, шчасліва ўсміхаючыся, засынае. Цяпер ужо, здаецца, па-сапраўднаму. Гома нармаліс! Большага ён і не хацеў.

Папсуева (ціха ўзнімаецца і падыходзіць да Міралюбава). Ягор Фёдаравіч!.. Ягор Фёдаравіч!.. (Грамчэй.) Ягор Фёдаравіч!..

Але шчаслівы Міралюбаў спіць, як дзіця. Папсуева падыходзіць да Мурашкі і таксама спачатку ціха, а затым грамчэй кліча яго.

Мікалай Ягоравіч!.. Мікалай Ягоравіч!.. Прачніцеся!..

Спіць моцным сном і Мурашка, супакоены тым, што нарэшце ў яго з’явілася рэальная надзея. Папсуева надзвычай асцярожна, кругамі падыходзіць да магічнага крэсла. Доўга не адважваецца, але вельмі ўжо вялікая спакуса, якая ўрэшце перамагае. Папсуева ціха, па сантыметры ў секунду, апускае сваё цела ў крэсла. Села, чакае. Маўчанне. Папсуева крыху паёрзала ў крэсле, прыўзнялася і зноў села. Адзін раз, другі… І раптам рэзка, аглушальна грыміць туш. Ён, як прашча, выстрэльвае з крэсла Папсуеву і ў адзін міг пераносіць яе на тое месца, дзе яна перад гэтым спала. Падхапіліся спалоханыя Мурашка і Міралюбаў. Толькі Папсуева «спіць». А туш грыміць! Уваходзіць Вяршыла.

Вяршыла. Што тут у вас адбываецца? Чаму такое землетрасенне? Хто ўключыў? Мікалай Ягоравіч! Спыніце музыку! Вы ж увесь горад на ногі ўздымеце!

Мурашка (завіхаючыся каля апарата). Нічога не разумею! Да апарата ніхто не падыходзіў. А яго зашкаліла і замкнула…

Папсуева (зларадна). Ну?! Цяпер бачыце? Без усякай прычыны і зашкаліла і замкнула! Я ж казала, што гэтаму сепаратару нельга верыць! А вы хочаце вырашаць ім чалавечы лёс!..

Вяршыла. Ды зрабіце ж вы што-небудзь, Мікалай Ягоравіч!

Нарэшце Мурашку ўдалося ўціхамірыць свой мудрамер. Ён націснуў нейкую кнопку, і ў кабінеце ўсталявалася напружаная цішыня. Усе ўважліва глядзяць на Вяршылу. Але на яго твары такая складаная гама пачуццяў, што прачытаць яе немагчыма. Ён нават знешне змяніўся, стаў нейкім іншым. Ён прайшоў за свой стол, сеў і доўга маўчыць.

Міралюбаў. Ну што, Віктар Паўлавіч?

Вяршыла (не адразу). Віншую вас, таварышы… Нас скарацілі…

Папсуева. Каго іменна?

Паўза.

Вяршыла. Усіх. Усё міністэрства. (Паўза.) Нас ператварылі ў інстытут мудраметрыі…

Папсуева. У што ператварылі?

Вяршыла. Навукова-даследчы інстытут мудраметрыі… Аклады на пяцьдзесят працэнтаў вышэй міністэрскіх.

Паўза.

Мурашка (разгублена). А як жа я? Што будзе з маім апаратам?

Вяршыла. Вас, Мікалай Ягоравіч, мы бяром у свой інстытут малодшым навуковым супрацоўнікам. Будзеце разам з намі ўдасканальваць апарат. На яго даводку нам далі дзесяць гадоў.

Мурашка. Што?! Якая даводка? Пра што вы гаворыце, Віктар Паўлавіч! Вы ж пераканаліся, што апарат дасканалы!

Вяршыла. Я вас разумею, Мікалай Ягоравіч!.. Нават, калі хочаце, крыху спачуваю… Але… Вы кажаце, не патрэбна даводка?

Мурашка. Не патрэбна!

Вяршыла. Тады растлумачце мне… Чаму яго раптам ні з таго ні з сяго зашкаліла і замкнула?

Мурашка. Не ведаю… Упершыню такое здарылася.

Вяршыла. Вось бачыце… А трэба! Абавязкова! Каб ніякіх нечаканасцей. У апарат «там» паверылі і далі нам дзесяць гадоў… на яго дапрацоўку.

Мурашка (ледзь не плача). Я ў канцы дня вам скажу, у чым справа. З ім жа ўпершыню такое! Не трэба дзесяць гадоў! Дайце мне дзесяць гадзін! Максімум дзесяць дзён дайце! Не больш!

Вяршыла па-сяброўску бярэ яго за плячо і адводзіць крыху ўбок.

Вяршыла (ціха, з асаблівым значэннем). Вы дзе працуеце, Мікалай Ягоравіч?

Мурашка. Зараз? Нідзе… Звольнілі… Скарацілі…

Вяршыла. Калі гэта здарылася?

Мурашка. Даўно. Шэсць гадоў назад.

Вяршыла. Жонка яшчэ не кінула?

Мурашка. Пакуль не…

Вяршыла. Дзеці ёсць?

Мурашка. Двое…

Вяршыла. Карміць іх трэба?

Мурашка. Пакуль яны мяне кормяць…

Вяршыла. І вы яшчэ супраціўляецеся… Мы ж вам даём пастаянную пасаду малодшага навуковага супрацоўніка… Вы не доктар навук?

Мурашка. Не, што вы!..

Вяршыла. І не кандыдат?

Мурашка. Не…

Вяршыла. Больш высокую пасаду даць не можам. Праз год ці два атрымаеце ступень і будзеце разам з намі даводзіць патрошкі, пакрысе свой мудрамер. Мы яго абавязкова зробім, Мікалай Ягоравіч!

Мурашка (крычыць). Навошта ж дзесяць гадоў?! Хопіць дзесяць гадзін!

Вяршыла. Так трэба, Мікалай Ягоравіч. Так трэба… Сама жар-птушка села ў вашы рукі, а вы яе трымаць не хочаце! Трымайце сваю жар-птушку мацней! Трымайце! А то…

Вяршыла не дагаварыў. У кабінет улятае Залівака. Пальцамі рукі ён паказвае «вікторыю». Захлынаючыся ад шчасця, ён нават гаварыць не можа — бегае і кожнаму па чарзе паказвае «вікторыю». Нарэшце з яго вырваўся пераможны кліч: «Вікторыя! Вікторыя!»

Мурашка ў роспачы падае ў выпрабавальнае крэсла, закрыўшы твар рукамі. І апарат запрацаваў. Урачыста і велічна, як гімн чалавеку, чалавечай мудрасці, гучыць «Слаўся!». Вяршыла, Міралюбаў і Папсуева ўздрыгнулі ад нечаканасці і міжволі сталі вакол Мурашкі ганаровай вартай. Стаў і Залівака, цяпер ужо паказваючы «вікторыю» пальцамі абедзвюх рук.

На гэтай урачыстай і велічнай ноце і закрываецца заслона.


1987

Загрузка...