Ужо птушкі пяюць ўсюды,

Ужо кветкі зацвілі...

«Вясна прыйдзе»,— кажуць людзі...

Но скуль прыйдзе і калі?

І нашто ж вясна нам, божа?

Мы адвыклі ад вясны...

Ёлкі ў лесе, мох на стрэсе

Зелянеюць заўсягды...

...У вершы «Пахавальны картэж» Сыракомля з маркотай пісаў, што на яго магілу прыйдуць толькі трое тых, хто кахаў яго, трое ворагаў ды яшчэ ветрык з роднае нівы і дожджык са свойскага неба. Аднак, калі ў 9 гадзін вечара 15 верасня 1862 года смерць раптам выбавіла паэта ад следства і ссылкі, аказалася, што сяброў у яго куды больш. За труной ішлі тысячы і тысячы гараджан — інтэлігенцыя, студэнты, рамеснікі з харугвямі сваіх брацтваў. Парадак ахоўвалі юнакі ў беларускай нацыянальнай вопратцы. Калі пад звон званоў картэж выходзіў з дома, у якім памёр Сыракомля, на поўдзень якраз з курлыканнем ляцеў жураўліны ключ, — і ўсе прысутныя міжвольна звярнулі позірк у бок далёкага выраю. На могілках Роса, ля помніка, на якім было напісана «Сканаў, граючы на ліры», нібы сімвалізуючы брацтва трох суседніх народаў, выступілі з прамовамі беларус Вінцэсь Каратынскі, паляк Тамаш Снарскі, літовец Эдвард-Якуб Даукша. «Сэнс жыцця нябожчыка, — гаварыў В. Каратынскі, — можна выказаць коратка: усю душу аддаваў ён дабру суайчыннікаў; думаючы пра іх, забываў аб іншым». Цяжка было больш дакладна ахарактарызаваць дзейнасць Сыракомлі пры ўмове, што да кожнага слова прамоўцаў прыслухоўваліся дзесяткі шпікоў.

Смерць «вясковага лірніка» балючым рэхам адбілася па ўсёй Беларусі, па ўсёй Расійскай імперыі. Так, «Иллюстрированная газета» ў 38 нумары за 1862 год змясціла некралог з партрэтам паэта і высока ацаніла яго творчасць: «Верш яго гучны, мяккі і адначасова моцны; нават дробныя творы вызначаюцца праўдзівасцю, прастатой і сардэчным пачуццём і моцнае робяць уражанне». Як паведамляў «Кур'ер віленьскі», усюды рабіліся грашовыя зборы ў карысць шматлікай сям'і нябожчыка. Некаторыя спісы ахвяраванняў кранаюнь да глыбіні сэрца. Напрыклад, з Пастаў паступіў такі спіс: «Франусь Гінко, вучань каваля, сірата, — 5 кап., Ганна Шэйма, кухарка, — 5 кап., Луцыя Мацкевіч, удава, рэкрутка, — 6 кап.». У тых жа Паставах адбылася жалобная цырымонія. У час яе на катафалку стаяў абвіты лаўрам партрэт Сыракомлі, а побач ляжалі перакуленая чарніліца, адкрытая кніга і чысты ліст паперы. У жалобных маніфестацыях у Мінску ўдзельнічалі звыш 600 гімназістаў, дэмакратычна настроеная інтэлігенцыя.

Ушанаванне памяці Сыракомлі паўсюдна атрымала палітычную афарбоўку. Многія параўноўвалі заўчасную смерць паэта з гібеллю заняволенай птушкі ў яго ж вершы «Смерць салоўкі». Трапіўшы ў клетку, лясны жыхар дарма імкнуўся заглушыць сваёй песняй грукат калёс на гарадскім бруку. Кволае горла салоўкі не вытрымала напружання, і спявак упаў мёртвы на дно ненавіснай клеткі. А хіба не такой жа клеткай была для паэта тагачасная царская імперыя?!

Пры жыцці Сыракомля марыў, каб яго песня не засталася без рэха. Што ж, мара паэта збылася. Яго творы выдаюцца сёння не толькі ў народнай Польшчы, але і на роднай беларускай зямлі, якую ён хацеў бачыць свабоднай і шчаслівай. Удзячныя нашчадкі памятаюць імя таго, хто быў на Парнасе прадстаўніком і абаронцам запрыгоненых сялян. Беларускія пісьменнікі ніколі не аддзялялі і не аддзяляюць гэтае імя ад беларускага пісьменства. Своеасаблівым наследаваннем «Вясковаму лірніку» Сыракомлі з'яўляецца аднайменны верш Янкі Лучыны. Яму ж належаць і першыя пераклады твораў свайго папярэдніка і настаўніка. Пачуццё павагі і любві да таленавітага земляка добра выказаў Янка Купала. У верасні 1912 года, калі адзначалася 50-годдзе з дня смерці Сыракомлі, разам з групай віленскіх літаратараў ён наведаў Барэйкаўшчыну, дзе захаваўся зроблены з жорнаў рабочы стол былога гаспадара. Купала сабраў букет палявых красак, звіў з іх гірлянду і ўквеціў гэты стол, за якім нарадзіўся не адзін натхнёны радок. А затым прачытаў свой новы верш «Лірнік вясковы». У запушчаным садзе ўзнёсла гучалі радкі:

Час патрапіць усё пакрышыць, адалеці,

Путы нават змарнеюць у плесні,—

Покі ж будзе душа хоць адна жыць на свеце,

Будуць жыці і лірнікаў песні.

Будзеш жыць! Будуць векі ісці за вякамі,—

Не забудуцца дум тваіх словы,

Як і слоў беларускіх, жывучы між намі,

Не забыўся ты, лірнік вясковы.

«З часовага ты вылузаўся даўно... — нібы працягваючы эстафету, звяртаецца сёння да Уладзіслава Сыракомлі Янка Брыль.— Ты жывеш сваім несмяротным, хвалюеш і радуеш».


ВІНЦЭСЬ КАРАТЫНСКІ

Лепшыя традыцыі Уладзіслава Сыракомлі працягваў і развіваў яго бліжэйшы паплечнік, вучань і асабісты сакратар Вінцэсь Каратынскі. У адрозненне ад свайго настаўніка і іншых тагачасных беларуска-польскіх пісьменнікаў, ён паходзіў не са шляхты, а з беднай сялянскай сям'і, што наклала выразны адбітак на яго грамадска-палітычныя погляды.

У жнівеньскім нумары польскага часопіса «Літва і Русь» за 1912 год ёсць нататка нейкага І. О. (магчыма, Яна Обста), дзе гаворыцца пра абставіны, пры якіх Каратынскі трапіў у дом «вясковага лірніка»: «Вінцусь, па мянушцы Кароткі (малы), пасвіў гусей у Сыракомлі. Аднойчы Паўліна, жонка Сыракомлі, убачыла ў яго торбе лемантар, пасля чаго яго сталі вучыць. «Малы Вінцусь», або «Вінцук Кароткі», пад іменем Вінцэнта Каратынскага заняў пачэснае месца ў нашай (польскай.— А. М.) літаратуры як аўтар кніг «Чым хата багата...», «Выпіў Куба да Якуба», «Таміла», а таксама многіх публіцыстычных прац і «лятучых» вершаў (часткова на беларускай гаворцы)». Пра свайго гадаванца, працягвае І. О., Сыракомля не забываў і пасля. Даведаўшыся аднойчы, што той застаўся без работы, запрасіў яго ў Барэйкаўшчыну дзеля дапамогі па гаспадарцы.

Аднак да нататкі І. О. трэба падысці крытычна. Як бачна з успамінаў сына паэта, Бруна Каратынскага, гэта прозвішча не звязана са словам «кароткі». Этымалагічна яно паходзіць ад беларускага сялянскага прозвішча Каратай, якое мелі продкі паэта. Выклікае сумненне і тое, што Каратынскі трапіў у дом Сыракомлі маленькім пастушком. Хутчэй за ўсё, першую сустрэчу абодвух паэтаў трэба датаваць 1851 годам. Якраз тады Сыракомля шукаў сабе памочніка для перапісвання завершаных твораў.

Вінцэсь Каратынскі нарадзіўся 15 жніўня 1831 года ў вёсцы Селішча Турэцкай воласці Навагрудскага павета. Сын аднаго з самых бедных сялян у ваколіцы, ён з цяжкасцю атрымаў нязначную адукацыю і нейкі час працаваў на Навагрудчыне хатнім настаўнікам («дарэктарам»).

У друку імя Каратынскага ўпершыню сустракаецца ў сярэдзіне 50-х гадоў. На старонках газеты «Кур'ер віленскі» і часопіса «Тэка віленьска» з'яўляюцца цыклы яго польскіх вершаў, а таксама публіцыстычныя артыкулы, пераклады з рускай, чэшскай (перакладчык перапісваўся з чэшскім грамадскім дзеячам В. Ганкам), нямецкай і французскай моў. Асаблівую цікавасць выклікаюць песні Беранжэ, перакладзеныя Каратынскім на польскую мову сумесна з У. Сыракомлем і выдадзеныя асобнай кніжкай у Вільні ў 1859 годзе. Да таго ж часу адносіцца супрацоўніцтва пісьменніка з рэдакцыяй «Слоўніка польскай мовы» С. Аргельбранда і іншымі энцыклапедычнымі выданнямі.

Да нас дайшлі лічаныя беларускія творы Каратынскага. Гэта — вершы «Уставайма, браццы, да дзела, да дзела!» і «Туга на чужой старане», вершаваны запіс у альбоме А. Вярыгі-Дарэўскага. Каратынскаму некаторыя даследчыкі прыпісваюць таксама аўтарства «Гутаркі старога дзеда», якая двойчы, у 1861 і 1862 гадах, ананімна выдавалася асобнай брашурай у беластоцкай друкарні Шварцэ.

Трэба адзначыць, што беларускіх вершаў Каратынскі напісаў значна больш. У 1857 годзе ён хацеў уключыць іх у польскі зборнік «Чым хата багата, тым рада», але паслухаў Сыракомлю і адклаў для сумеснага беларускага зборніка, які, на жаль, ніколі не ўбачыў свету. Вядома, што ў 1912 годзе гэтыя вершы яшчэ захоўваліся ў нашчадкаў паэта ў Варшаве. Аднак, па меркаванню польскага даследчыка М. Канапацкага, усе рукапісы загінулі ў час апошняй сусветнай вайны.

З названых беларускіх твораў Каратынскага найбольшую мастацкую каштоўнасць мае элегія «Туга на чужой старане», напісаная ў 1864 годзе, а затым пакладзеная на музыку жыхаром Навагрудчыны В. Клімовічам. Элегія кранае глыбінёй патрыятычных пачуццяў, якія перададзены ў форме, блізкай да беларускіх народных песень:

Ой, саколка, ой, галубка!

Не пытайся — не,

Што мне тошна, мая любка,

У гэтай старане...

Я ж зямліцу меў радную,

Быў слабодзен сам!

Ох, ці днюю, ці начую,—

Я ўсё там ды там!

Там гукнеш ў сардэчным краю —

Разлягнецца свет.

Тут гукаю, прамаўляю —

Адгалоску нет...

Там палосы сенажаці

Красны, як нідзе;

Стануць птушкі прыпяваць

У сэрцы аж гудзе.

Там дзяўчаткі на вячоркі

Словейкам радным

Кажуць казкі, прыгаворкі,

Душа ліпнець к ім.

На наш погляд, «Тугу на чужой старане» неабавязкова звязваць з нейкім канкрэтным момантам у біяграфіі аўтара. У 1864 годзе, пасля паражэння паўстання, у сібірскую ссылку адпраўляліся тысячы і тысячы патрыётаў. І магчыма, словы жальбы-тугі па роднай «зямельцы» паэт укладвае ў вусны аднаго з іх. Ва ўсякім выпадку, прытоены напамін аб трагічных падзеях 1863 года чуецца ў наступных радках элегіі:

Ах, цяпер жа, ой, палеткі

Роднага сяла

Не пазналі б тае кветкі,

Што там зацвіла!

Паглядаю праз аконца —

Чоран цэлы свет;

Усім людзям свеціць сонца,

Мне прасвету нет.

Бо за мною, прада мною

Поўна божых сёл,—

Усе ў грамадзе ды з раднёю,

Я адзін, як кол.

Адарвалі сіраціну

Ад сваёй зямлі.

Даўшы розум, хараміну,

Шчасця не далі...

Тая ж любоў да беларускай зямліцы гучыць у вершы, упісаным у «Альбом» Вярыгі-Дарэўскага 23 кастрычніка 1858 года. Прыехаўшы ў Вільню, беларуска-польскі пісьменнік Арцём Вярыга-Дарэўскі заклікаў тады да кансалідацыі ўсіх дэмакратычных сіл. Вінцэсь Каратынскі горача падтрымлівае віцебскага госця:

Далібог то, Арцім,

Што прыплыў ты к сваім!

І зямля тут твая,

І народ, як сям'я.

Ён з табою з вякоў

Адно цела і кроў;

Хоць няма каліты,

Да гамоніць, як ты;

Роўна з песні твае

Думу-думку снуе,

І не то абы з рук,—

Чалавек — не Пінчук.

Аўтар верыць, што Вярыга-Дарэўскі складзе песні

Аб суддзях, што як змей,

Аб слабодзе людзей,

Аб дабры, што бог дасць,

Як адрыне напасць!

Мастацкае слова, песня, сцвярджае Каратынскі, павінны выклікаць у людзей жаданне змагацца за лепшае будучае. Толькі тады яны пусцяць «пышы» (бутоны) у чалавечых сэрцах:

Цяпер песні нам сей,

То і ўзыдуць жывей,

То і пусцяць пышы —

Будзе хлеб для душы.

У вершы, прызначаным для альбома Вярыгі-Дарэўскага, адбілася і некаторая абмежаванасць поглядаў аўтара. У прыватнасці, беларускі народ для паэта — адзіная «сям'я». Верш сведчыць аб тым, што яго аўтар аддаваў пэўную даніну ідэям класавага салідарнаму. І ўсё ж, нягледзячы на гэта, паэзія Каратынскага выклікала жах у абмежаванай шляхты. Адзін з мясцовых польскіх шавіністаў пісаў у 1859 ці 1860 годзе: «Калі песні Каратынскага... прыжывуцца ў народзе, калі народ, які прыгнятаецца шляхтай, узненавідзіць яе, то з гэтым загінуць нашы надзеі быць палякамі...»

Найбольш спрэчным у спадчыне Каратынскага з'яўляецца верш «Уставайма, браццы, да дзела, да дзела!», напісаны ў 1858 годзе. У Вільню тады якраз прыехаў новы імператар Аляксандр ІІ. У гонар каранаванага госця Адам Кіркор разам са сваімі сябрамі Адынцом, Ходзькам, Тышкевічам і Маліноўскім выдаў хвалебны «Альбом», які быў уручаны імператару. Да «Альбома» прыклалі названы вышэй верш, «спісаны» Каратынскім «ад літоўска-рускай мужыцкай грамады», і аналагічны па зместу літоўскі верш М. Акялайціса. Абодва тэксты былі паралельна надрукаваны лацінкай і кірыліцай. Адзін экземпляр гэтага рэдкага сёння выдання захоўваецца ў Цэнтральнай бібліятэцы Акадэміі навук Літоўскай ССР.

Учынак Кіркора і яго сяброў выклікаў цэлую хвалю пратэстаў у польскім эмігранцкім (заўважым: пераважна рэакцыйным) друку. Юльян Клячка, Карнель Уейскі і іншыя называлі віленскіх літаратараў «адступнікамі», кляймілі за згодніцтва ў дачыненні да рускага царызму. З таго часу верш «Уставайма, браццы, да дзела, да дзела!» стаў адным з самых важкіх аргументаў, калі даказвалася ўяўная рэакцыйнасць Каратынскага.

Аднак канкрэтны аналіз верша сведчыць, што гэта далёка не так. Звернемся да тэксту, які пасля напісання, здаецца, нікім і ніколі не цытаваўся:

Уставайма, браццы, да дзела, да дзела!

З поўначы певень захлопаў крылом.

Ну жа, каб жыва работа паспела,—

Выслаць гасцінец жоўценькім пяском.

Дружна, грамада, ў сардэчнай ахвоце

Духам насілкі на плечы уздзень!

Ох, толькі ноччу няспорна ў рабоце.

Узыдзі нам, соўнейка! Прывядзі нам дзень!

Едуць к нам, едуць дарагія госці:

Зямель шырокіх моцны гаспадар,

Верныя служкі пры яго мілосьці,

Дабра і шчасця за ім доўгі шар.

Як хадзіў пан бог па земскай дарозе,

Кожны слаў світу ды зялёну віць.

Што ж разасцелем мы сваёй Успамозе?

Узыдзі нам, соўнейка! Скажы, што рабіць!

Гдзе яго прымем? Чорная святліца,

Залатых тканак не судзіў нам бог,

Што наймілейша — то матка-зямліца,

Жоўты пясочак на яе палёг:

Цябе ж на плечах, зямля дарагая,

Велькаму госцю пад ножкі нясу.

Ох, да расою пясок прамакае.

Узыдзі нам, соўнейка! Падбяры расу!

Зара-зарыца бяжыць ужо з неба;

Любачкі звёзды бліснулі жывей.

З богам, браточкі, канчайма, што трэба!

Лёгка на сэрцы, а вачам святлей.

Зарыца кажа: вы божыя дзеткі;

Звёзды маргаюць: братам стане пан...

Вот туман цёмны рынуў на палеткі.

Узыдзі нам, соўнейка! Разгані туман!

Божае сонца бліснула на галі,

Дзяньку вясёла гуляць на дварэ,

Шле да нас пташкі, каб пець памагалі,

Туман прагнала, расу падбярэ.

І наша сонца да нас прыбывае,

Дабро і шчасце рассявае ён...

Здароў будзь, велькі гаспадару краю.

Здарова будзь, соўнейка! Паклон! О паклон!

Пры павярхоўным знаёмстве можа здавацца, што перад намі — звычайны вернападданніцкі верш з поваду прыбыцця «зямель шырокіх моцнага гаспадара». Што ж, пасля ўступлення на трон Аляксандра II такое пісалі нават светлыя розумы. Нават Герцэн і Чарнышэўскі на нейкі час паверылі ліберальнаму шматслоўю новага імператара. Тады многім здавалася, што наступіла «пасевастопальская вясна», і малады Каратынскі не з'яўляўся выключэннем.

Аднак калі перачытваеш верш яшчэ і яшчэ, нельга не заўважыць у ім даволі празрыстага падтэксту. Умеранае славаслоўе па адрасу цара (заўважым, што, акрамя загалоўка, нідзе не названа нават яго імя, нават яго тытул) — гэта толькі вонкавая зачэпка, свайго роду шырма. Галоўнае для аўтара — звярнуць агульную ўвагу на тое, што далёка не ўсё добра на зямлі беларускай. Як можа радавацца беларускі народ прыезду «цара-бацюшкі», калі жыць прыходзіцца ў «цёмнай святліцы», калі «туман цёмны рынуў на палеткі»?! І што гэта за падарунак аўгусцейшаму манарху — жоўты пясочак неўрадлівай зямліцы, які да таго ж прамок расою?! Такі «падарунак» па тагачаснаму разуменню межаваў з крамолай!

Падносячы цару верш, напісаны на беларускай мове, Каратынскі і яго сябры хацелі тым самым падкрэсліць, што беларускі народ мае права на сваю пісьменнасць, сваю літаратуру. Не забудзем, што папярэднік Аляксандра II, Мікалай І, за 18 год да гэтага забараніў ужываць нават слова «Беларусь». І таму ва ўчынку віленскіх літаратараў было нешта ад дэмаршу: глядзіце, вы забараняеце мову нашага народа — і тым не менш яна жыве. На ёй напісаны верш, які ўручаны самому цару.

І яшчэ адна акалічнасць прымушае задумацца над вершам Каратынскага. У ім поўна алегорый: «работа паспела», «канчайма, што трэба», «узыдзі нам, соўнейка!» Звычайная квяцістасць? Не, такой сімволікі поўна ў тагачаснай польскай дэмакратычнай паэзіі. «Работа», «справа» ў ёй абазначае паўстанне, «узыход сонца» — прыход свабоды... Гэту алегарычнасць верша добра зразумелі сучаснікі Каратынскага. Так, У. Сыракомля ў нелегальным вершы «Сахар-мароз» заклікаў патрыётаў не верыць у вернападданніцтва віленскіх літаратараў, бо, «славасловячы» цару, яны ўмеюць зашыфроўваць свае сапраўдныя думкі ў алегорыях.

Аб тым, што па сваіх перакананнях Каратынскі быў дэмакратам, дасканала сведчаць яго польскія творы, дзе мы сустракаемся з той жа сімволікай. Там паэт мог больш свабодна і паслядоўна выказаць свае сапраўдныя погляды. У розных бібліятэках нашай краіны і Польшчы аўтару гэтых радкоў удалося адшукаць сем кніжак Каратынскага. Асаблівую цікавасць маюць дзве — «Чым хата багата, тым рада» і «Таміла».

«Чым хата багата, тым рада» (Вільня, 1857) была першай кніжкай маладога паэта. Улічваючы гэта, У. Сыракомля напісаў да яе невялікую прадмову прозай і вершам. Высока ацаніўшы здольнасці пачынаючага аўтара, падкрэсліўшы народнасць вытокаў яго творчасці, Сыракомля раіць яму заўсёды плакаць у часіны народных пакут, смяяцца — у часіны вяселля.

Тваю хай спагаду бяздольны адчуе,

Братам пакажы шлях да яснай зарніцы.

У тлуме спявацкім твой спеў не загіне,

Падзяку пачуеш ты ў роднай краіне.

(Пераклад У. Дубоўкі.)

Быццам бы ў адказ на парады свайго настаўніка, у вершы «Пастрыжэнне» Каратынскі піша, што ў хаце сваёй паэзіі ён можа пачаставаць чытача толькі хлебам з мякінаю: дзе ж знайсці прысмакі ў час народнага ліхалецця?! Але калі над роднай вёскай «тры сонейкі (!) заззяюць і душу агорне весялосць», тады паэт запросіць землякоў на іншую бяседу, на іншыя песні. Аб хуткіх пераменах і ўзыходзе сонца свабоды гаворка ідзе таксама ў вершах «Першы дзень вясны», «Любоў». Няхай яшчэ «ўсё ў свеце мароз сціскае ды сушыць», але ж некалі з'яднаюцца ў адно «любоў да сям'і, краіны, чалавецтва». Светлыя мары аб лепшым будучым паэт супастаўляе са змрочнай рэчаіснасцю. Вось верш «Перад новым ураджаем». У ім расказваецца пра селяніна, які адправіўся ў горад шукаць хлеба. Дарэмна герой верша спрабуе наняцца на работу, дарэмна прапануе купіць сплецены ім кошык, дарэмна просіць злоты на лякарства для жонкі. У горадзе абыякава аднесліся да чужога гора. Вяртаючыся дамоў, знясілены селянін загінуў у прыдарожнай канаве.

Аднак найбольшай творчай удачай Каратынскага з'яўляецца «абразок з народнага жыцця» «Таміла» (Вільня, 1858). Аўтарская прадмова дае падставу меркаваць, што спачатку паэма была задумана (ці нават напісана) на беларускай мове. І толькі цяжкасці з цэнзурай, з друкаваннем, відаць, прымусілі паэта звярнуцца да польскай мовы. Дарэчы, у паэме многа беларусізмаў: статак, пакалець, барыш з сябрам, гора, прэць, досвіткі і інш.

Паэма пачынаецца са звароту да «старога суседа» Нёмана, да старой наднёманскай вёскі. Паэт прыходзіць сюды, каб «адпачыць пад дахам з саломы», але які можа быць адпачынак, калі сяляне зрошваюць ніву потам, калі бачыш худую жывёлу, хаціны, бы на кастылях, і босых, напаўраздзетых дзяцей! Нялёгка жывецца галоўнаму герою паэмы старому Таміле: трэба пракарміць дзяцей, унукаў — а тут пуста ў гаршках, пачата апошняя баханка хлеба. Стараста Кандрат Луста і «добры» пан раяць Таміле прадаць на падаткі апошнюю жывёлу — пярэстага коніка. Адчай прымушае селяніна красці... Трагічны канец паэмы наводзіць чытача на думку, што далей так жыць нельга, што ў грамадстве трэба ўстанавіць такую ж гармонію, якая існуе ў прыродзе. Паэма заклікае не сядзець без справы, не азірацца на ідэалізаванае мінулае, а дзейнічаць: «Сама зямля ўраджаю не дасць, трэба яе апрацоўваць у цяжкіх клопатах».

Як вядома, беларускія пісьменнікі сярэдзіны мінулага стагоддзя тэорыяй літаратуры спецыяльна не займаліся. Аб іх поглядах на мастацтва мы можам меркаваць толькі ўскосна, па творах. У гэтай сувязі асаблівую цікавасць маюць «тлумачэнні» да паэмы «Таміла». У іх Каратынскі выказаў свае думкі аб мастацтве і яго суадносінах з жыццём. Уступаючы ў палеміку з уяўным крытыкам, які можа зганіць паэму за недасканаласць формы, паэт пераконвае, што мастацкі твор трэба перш за ўсё ацэньваць па тым, наколькі ён праўдзівы і тэндэнцыйны. «...Мастацкі твор без тэндэнцыі, — гаворыцца ў «тлумачэннях», — г. зн. без асноўнай мэтанакіраванай думкі, з'яўляецца мёртвым злепкам, фарфоравай статуэткай з ярка размаляванымі шчокамі». Тэндэнцыя — гэта «імкненне да праўды..., цэнтр, асноўная думка, душа твора». Мастаку нельга замыкацца ў «вежы» чыстага мастацтва, бо яго творчасць з'яўляецца «лінзай, якая канцэнтруе праменні, думкі сучаснага яму свету».

Патрабуючы, каб паміж мастацтвам і жыццём заўсёды былі дзейсныя, актыўныя адносіны, Каратынскі піша: «Канцэнтруючы ў сабе калектыўныя погляды грамадства на будучыню, у імя яе мастак мас права патрабаваць грамадскай рэформы там, дзе ён бачыць, што пэўныя адзінкі шкодзяць (калі так сказаць) інтарэсам будучыні, і мае права распараджацца ўсімі сродкамі заахвочвання і адштурхоўвання, абы толькі дзеля дасягнення сваёй высакароднай мэты не апускаўся да карыкатуры. Высакародная мэта з'яўляецца праўдзівай, а што праўдзівае, тое і прыгожае ў мастацкім сэнсе...» Хаця Каратынскі не ўжывае слоў «ідэйнасць», «рэалістычнасць», але, па сутнасці, змагаецца за іх. Погляды паэта на прыгожае ў мастацтве носяць на сабе адбітак эстэтыкі Чарнышэўскага, рускіх і польскіх рэвалюцыйных дэмакратаў.

А як тонка Каратынскі выказаў, наперакор цэнзуры, свае адмоўныя адносіны да тагачаснай рэчаіснасці! Вось ён заклікае збіраць фальклор, народныя песні, бо яны ўсё больш знікаюць «з-за адсутнасці пагодлівай хвіліны да спявання». Прыведзеныя словы набраны іншым шрыфтам, і таму чытач спыняў на іх увагу. Спыняў — і добра разумеў, што хацеў сказаць аўтар. Або вось яшчэ прыклад. Каратынскі асуджае паноў, якія ведаюць аб селяніне толькі тое, што ён «павінен на нас працаваць». Словы «на нас» зноў выдзелены. Яны сведчаць, што паэт разумеў сутнасць тагачасных класавых узаемаадносін у вёсцы.

Не варта падрабязна спыняцца на наступнай кнізе Каратынскага — «Выпіў Куба да Якуба» (Вільня, 1859), бо, як прызнаецца ў прадмове сам аўтар, у ёй няма паэзіі, а ёсць толькі дыдактычная проза, зарыфмаваная з мэтай адвучыць сялян ад п'янства. Трэба, аднак, падкрэсліць, што, у адрозненне ад Чачота і Дуніна-Марцінкевіча, якія вялі барацьбу з п'янствам у маральным плане, Каратынскі ўскрывае сацыяльныя прычыны гэтай з'явы. У кнізе недвухсэнсава гаворыцца, што нельга вылечыць народ ад п'янства і «маральнага здранцвення», пакуль ён знаходзіцца ў выключнай цемры і «матэрыяльнай беднасці».

Пяру В. Каратынскага належыць некалькі літаратуразнаўчых і гістарычных прац, якія спачатку друкаваліся ў перыёдыцы, а пасля выходзілі асобнымі выданнямі: «Некалькі падрабязнасцей аб сям'і, месцы нараджэння і маладосці Адама Міцкевіча» (Вільня, 1861), «Саламон Рысінскі» (Вільня, 1863), «Духоўнікі» (Варша,ва, 1866), «Цёлэк» (Варшава, 1867). У першай з іх, абапіраючыся на метрычныя запісы і іншыя крыніцы, аўтар сцвярджае (і досыць пераканаўча), што Міцкевіч нарадзіўся не ў Завоссі, а ў Навагрудку. Вельмі цікавая для беларускага чытача брашура «Саламон Рысінскі». У ёй даследуецца творчасць забытага пісьменніка XVII стагоддзя, які збіраў у Беларусі народныя прыказкі і ў 1618 годзе выдаў іх у друкарні Пятра Кміты ў мястэчку Любча над Нёманам. Каратынскі піша, што большасць прыведзеных прыказак «жыве да гэтага часу ў вуснах наднёманскага люду, у беларускай мове. Больш таго, у кнізе значная колькасць прыказак, якія ў аддаленых ваколіцах невядомы». Апошнія дзве працы Каратынскага сведчаць аб матэрыялістычных поглядах аўтара. Ён выступае супраць ідэалістаў, якія спрабавалі па-свойму растлумачыць доследы польскага оптыка XIII стагоддзя па прозвішчу Цёлэк, выкрывае модных тады спірытуалістаў.

Пераехаўшы пасля паражэння паўстання 1863 года ў Варшаву, Каратынскі амаль 30 год актыўна супрацоўнічаў у «Газэце варшавскей», многа пісаў для часопісаў «Тыгоднік ілюстрованы» і «Тыгоднік повшэхны». На іх старонках пісьменнік змясціў багата нарысаў і ўспамінаў аб грамадскім і культурным жыцці ў Літве і Беларусі напярэдадні паўстання 1863 года. Вялікую паслугу славянскім літаратурам аказаў Каратынскі, выдаючы ў 1872 годзе дзесяцітомны збор твораў свайго настаўніка Уладзіслава Сыракомлі, запаветам якога ён застаўся верны на ўсё жыццё.

Памёр Вінцэсь Каратынскі 7 лютага 1891 года. Польскі друк адгукнуўся на смерць шматлікімі некралогамі, у якіх адзначалася і роля нябожчыка ў развіцці беларускай літаратуры.


АДАМ ПЛУГ

У адрозненне ад Уладзіслава Сыракомлі і Вінцэся Каратынскага, пра беларускую спадчыну іх сучасніка і сябра Адама Плуга нельга сказаць амаль нічога пэўна га. Вядома толькі, што ён добра валодаў беларускай мовай, а ў 1849 годзе напісаў беларускае апавяданне «Кручаная баба». Па некаторых звестках, тэкст яго быццам бы друкаваўся ў віленскай перыёдыцы.

Але нават у тым выпадку, калі б Адам Плуг наогул не пісаў па-беларуску, яго імя ўсё роўна варта нашай памяці, бо ён нарадзіўся на беларускай зямлі, узнімаў у польскай літаратуры беларускую тэматыку, папулярызаваў здабыткі маладой беларускай літаратуры і сябраваў з яе вядучым прадстаўніком Дуніным-Марцінкевічам.

Упершыню Плуг і Дунін-Марцінкевіч сустрэліся, відаць, у 1856 годзе, калі першы з іх прыязджаў у Мінск і Слуцк з Украіны, дзе працаваў настаўнікам. Тады ж Плуг пабываў у гасцінным доме беларускага паэта. У выніку з'явіўся верш «Да В. Марцінкевіча, аўтара твораў на беларускай гаворцы», дзе госць высока ацаніў імкненне гаспадара стварыць на «сялянскай» мове прафесіянальную літаратуру (верш цытуецца ва ўласным падрадковым перакладзе):

Зачараваны сардэчнасцю ў тваёй цнатлівай хаце,

Я, літвін, падарожнік з падольскіх палёў,

Сэрцам адплачваю табе, браце-літвіне,

За добрае слова, за хлеб і соль.

Я для цябе — Плуг нібы, ты ж — ратай правы,

Ты сееш зерне па сялянскай мове,

Дзе з цягам часу над травой і пустазеллем

Узрастуць цудоўныя плады ўраджаю.

У канцы верша аўтар жадае Дуніну-Марцінкевічу:

Няхай твой пасеў збродзіць у сто разоў,

Няхай накорміць народ духоўным хлебам.

Цікава, што гэты верш упершыню ўбачыў свет тут жа, у Мінску, — у зборніку «Голас з Літвы», які выйшаў у кнігарні братоў Бейліных у 1859 годзе. У зборнік уключаны таксама адзін з першых перакладаў з беларускай на польскую мову — «Верш Вінцэнта Марцінкевіча да Апалінарыя Концкага, Манюшкі і Германа, перакладзены з беларускага дыялекту» (у арыгінале твор называецца крыху інакш: сярод гасцей замест Германа названы Сыракомля).

Аб паездцы ў Мінск Плуг расказаў па старонках варшаўскага часопіса «Крошка вядомосьці краёвых і загранічных» у карэспандэнцыі «Пісьмо Адама Плуга да Фелікса Пяткевіча», змешчанай пад рубрыкай «Рознае» ў № 265 і 267 за 1858 год. У гэтай карэспандэнцыі Плуг услед за Сыракомлем абараняе Дуніна-Марцінкевіча ад нападак сенатара Скібіцкага, які са старонак польскага выдання «Газэта варшавска» (№ 138 ад 19 мая 1856 года) папракаў аўтара «Гапона» за тое, што ён сваімі дыялектызмамі «псуе» польскую мову. «Шаноўны апанент забыў,— усклікае А. Плуг,— што, хоць і няўдзячнай з'яўляецца гаворка, на якой піша пан Марцінкевіч, яна ўсё ж перадае думкі шматтысячнага народа, значная частка якога сёння ўмее чытаць...» Аўтар карэспандэнцыі не сумняваецца, што творы Дуніна-Марцінкевіча спадабаюцца сялянам, акажуць уплыў на іх культурнае развіццё, на «паляпшэнне народных нораваў». Плуг дае свайму сябру парады, каб ён пісаў не толькі вершам, але і прозай, пазбягаў вульгарызмаў, больш клапаціўся пра рытміку радка.

Жыццёвы і творчы шлях Адама Плуга цесна звязаны з беларускай зямлёй і беларускім народам. Пісьменнік нарадзіўся ў 1823 (па іншых крыніцах — у 1824) годзе ў засценку Замосце ля Грэска. Сваё першае апавяданне «Пра тое, як людзі час марнуюць» («Падарожжа маёй думкі па вуліцах малога мястэчка») ён напісаў у 1842 годзе, будучы яшчэ вучнем Слуцкай гімназіі. Гэта — вострая сатыра на мяшчанства, на шляхту з навакольных засценкаў. Малады аўтар асудзіў п'янства і паразітызм местачковай «арыстакратыі», якая закрывала вочы на сялянскую галечу.

Пасля паўстання 1831 года бацька пісьменніка вымушаны быў прадаць Замосце і паехаць у фальварак Жукаў Барок над Нёманам, дзе служыў у Радзівілаў падлоўчым. З суседняга Залуча сюды часта прыязджаў У. Сыракомля. Яму ж Плуг прысвяціў свой першы верш «Гара Замчышча», дзе выкарыстаны матывы беларускіх народных казак. Наднёманскія мясціны хораша апаэтызаваны ў гутарцы «Жукаў Барок» (1848). «Усіх сялян з гэтай вёсачкі,— піша Плуг,— я ведаю як па сэрцах, так і з постаці, быццам усе яны належалі да маёй сям'і».

У сярэдзіне 40-х гадоў малады пісьменнік выехаў на Украіну, паступіў там у Кіеўскі універсітэт і наладзіў сувязь з перадавым кіеўскім часопісам «Гвязда». Пасля кароткага знаходжання на радзіме ў 1856 годзе Плуг надоўга асеў у Жытоміры, дзе выдаў першы том шасцітомнага збору сваіх твораў і ўдзельнічаў у паўстанні 1863 года, за што разам з жонкай быў пасаджаны ў турму. Апошнія сорак год жыцця наш зямляк жыў у Варшаве і рэдагаваў там часопісы «Клосы», «Вэндровнік», «Кур'ер варшавскі» і нават «Вялікую ўсеагульную энцыклапедыю» (1894-1899). За «пявучы» беларускі акцэнт варшавяне заўсёды лічылі яго «прышэльцам». Разам з А. Адынцом, В. Каратынскім і Ф. Вулей Плуг арганізаваў у Варшаве так званы «беларускі (па іншых крыніцах — «літоўскі») гурток». Памёр пісьменніку 1903 годзе.

Абсалютная большасць мастацкіх твораў Плуга тэматычна так ці інакш звязана з Беларуссю. Сярод іх вылучаецца паэма «Успаміны пра радзіму» («Айчынная песенька») (1856-1857). Аўтар гаворыць, што думкі яго заўсёды імкнуцца да шматпакутнай Літвы (як тады называлі і Беларусь). Цяжка там сялянам. «Яны жывуць у чорных хацінах, сілкуюцца чорным хлебам; часта галодныя, у галечы, прыгнечаны дарэмнай працай». Але прыгнёт не знішчыў у беларускім народзе лепшых чалавечых якасцей. У вёсцы ўсе людзі добрыя і цнатлівыя; у іх няма зайздрасці і пагарды. Паміж імі — сардэчная блізкасць, «бы паміж сватамі ці кумамі». Поўнасцю духоўная прыгажосць беларускага селяніна раскрыецца тады, калі яму дадуць асвету, калі перад ім паставяць іншыя, больш высокія мэты. Пад гаротнай доляй беларускай вёскі паэт смуткуе таксама ў паэме «Зачараваныя скарбы», фальклорнай па сваіх вытоках. Зачараваныя скарбы — гэта ўсе багацці, створаныя народнымі рукамі. Уладары гэтых багаццяў надзяваюць «ярмо на сялян», плацяць сваім слугам «ірванай вопраткай, чорным і жорсткім хлебам, нястрымным панскім гневам». У будучым усё павінна змяніцца. Зямныя скарбы, сцвярджае аўтар, будуць належаць тым, хто іх стварае.

Дзе б Плуг ні жыў — у Кіеве, Джурыне, Жытоміры, Варшаве, ён заўсёды захоўваў у сэрцы шчырую прывязанасць да родных беларускіх ваколіц. Глыбокім патрыятызмам вылучаецца аповесць «Споведзь. Урывак з жыцця майго сябра», апублікаваная ў 1849 годзе ў часопісе «Атэнэум». У пралогу да яе ёсць такія радкі: «Я заўсёды буду ўздыхаць па Палессі і Літве, па тых адвечных пушчах, балотах і пясках, лугах і азёрах. І адной кроплі з Нёмана не аддам за ўсе воды Днястра, Буга і Дняпра. Зрэшты, праслаўляйце ўжо сабе Падолію, слаўце Украіну, але не ўспамінайце, калі ласка, пра нейкую там Італію, нейкую Швейцарыю». У аповесці маляўніча апісаны лясы пад Бабруйскам, паляшук Рыгор, нясвіжскі, суддзя Гарбузок, які, бы з рукава, сыпле беларускімі прыказкамі накшталт: «Не будзі ліха, калі ліха спіць», «Каўтні, мой Бартуня, на другую ножку». Героі аповесці спяваюць беларускія народныя песні («Ажаніся — не журыся»). Сапраўднай энцыклапедыяй беларускага народнага побыту з'яўляецца вершаваны «Урывак успамінаў вашмоеці пана Якуба N», апублікаваны ў зборніку «Родныя гоні» (Вільня, 1854). Тут ёсць каларытныя апісанні купалля, куцці, шчадровак, вячорак, названы найбольш папулярныя народныя казкі і легенды.

Па свайму светапогляду Адам Плуг прымыкаў да тых прадстаўнікоў польскай шляхецкай дэмакратыі, якія заклікалі вырашыць сацыяльныя канфлікты шляхам маральнага ўдасканалення, узнаўлялі асветніцкую канцэпцыю «выхавання добрага грамадзяніна». Толькі ў час уздыму, звязанага з паўстаннем 1848 года, у апавяданні «Забойца дзяцей» пісьменнік ухваліў дзеянні селяніна Івана Басісты, які падпаліў жорсткаму пану гумно, і грамады, якая адмовілася пагасіць пажар. Аднак пазней, калі пачуліся абвінавачванні ў «дэмагогіі» і «рэвалюцыйнасці», Плуг адышоў ад левага крыла польскай дэмакратыі. У раманах «Няня» (1857), «Дух і кроў» (1859), аповесці «Марцін-хутарнік», гутарках «Бязрукі» і «Кіфар» сялянства ідэалізуецца, надзяляецца такімі рысамі, як набожнасць і пакорлівасць у дачыненні да паноў. З расчуленасцю аўтар расказвае ў рамане «Няня» (падзеі яго, дарэчы, адбываюцца ў ваколіцах Слуцка), як прыгонныя цалуюць панам рукі і ногі і нават збіраюць грошы, каб выкупіць сваім «апекунам» маёнтак. Героямі часта становяцца пакутнікі, якія замольваюць сваё «непаслушэнства». Побач з тым Плуг высмейвае саслоўную забабоннасць шляхты, сквапнасць маладой буржуазіі (гандляр Рыгор у тым жа рамане «Няня»), Аднак раманіст крытыкуе капіталізм з патрыярхальных пазіцый, бачыць у ім выключэнне, якое супярэчыць толькі этычным нормам,— і тут можна знайсці многа агульнага ў Плуга і Дуніна-Марцінкевіча.

Больш рэалістычная карціна жыцця розных слаёў беларускага і польскага грамадства дадзена ў творах 60-70-х гадоў — раманах «Афіцыяліст», «Бакалаўры», паэтычнай гутарцы «Сарока». Цікава адзначыць, што герой рамана «Афіцыяліст» Зазулевіч, які перасыпае свае гутаркі ў карчме беларускімі народнымі прыказкамі, у многім нагадвае марцінкевічаўскага Навума Прыгаворку.

Адам Плуг заняў прыкметнае месца ў гісторыі польскай літаратуры. На яго ранніх гутарках і паэмах ляжыць яўны адбітак рамантызму. Так, паэма «Звар'яцелы» з'яўляецца прамым наследаваннем міцкевічаўскім «Дзядам». Раманы і аповесці Плуга ў многім падрыхтавалі глебу для прозы польскага крытычнага рэалізму другой паловы XIX стагоддзя. Заслугоўваюць увагі шматлікія пераклады твораў Шэкспіра, а таксама публіцыстычныя і крытычныя артыкулы ў варшаўскім перыядычным друку. У іх прыводзяцца каштоўныя звесткі аб літаратурным жыцці ў Беларусі. На жаль, спадчына нашага земляка, шчырага прыяцеля беларускай літаратуры, вывучана яшчэ недастаткова і выдадзена далёка не поўнасцю.


АРЦЁМ ВЯРЫГА-ДАРЭЎСКІ

Разгляд творчасці беларуска-польскіх пісьменнікаў пачатку і сярэдзіны XIX стагоддзя будзе няпоўным, калі не ўспомніць імя Арцёма Вярыгі-Дарэўскага.

«Наддзвінскаму дудару», як называлі сучаснікі Вярыгу-Дарэўскага, не пашанцавала. Дзесьці згубілася большасць беларускіх і польскіх твораў пісьменніка. Некаторыя даследчыкі беспадстаўна залічвалі яго да стану рэакцыі. Больш таго, Вярыгу-Дарэўскага бесперапынна блыталі і блытаюць з польскім пісьменнікам Аляксандрам Вярыгам-Дароўскім (1815-1874), які жыў на Украіне і да Беларусі не меў ніякага дачынення. Напрыклад, польскі даследчык Л. Савінскі ў сваім шматтомным курсе айчыннай літаратуры зусім не ўпамінае імя Арцёма Вярыгі-Дарэўскага, а ўсе яго творы і нават псеўданімы прыпісвае Аляксандру Вярызе-Дароўскаму. Пра апошняга ў Савінскага сказана, што гэта быў чалавек перадавых поглядаў, вораг прыгонніцтва, але адначасова і вялікі штукар, містыфікатар. Пісаў ён многа, друкаваўся мала і тыражом усяго ў некалькі дзесяткаў экземпляраў. Звычайна падпісваўся псеўданімамі Артэніюш, Мізантроп, Чомбэр, Дуда, Салэцкі. Аляксандр Вярыга-Дароўскі, зазначае Савінскі, фальсіфікаваў і месца выдання кніг, «...бо друкаваў іх толькі ў Кіеве, Лейпцыгу, Бруселі і Парыжы, ніколі ж — у Магілёве, Венецыі або Дрэздэне».

Супастаўленне працы Л. Савінскага з сённяшнімі знаходкамі паказвае, што польскі даследчык многае блытаў. І памылкі яго — ад таго, што ён зліў у адну дзве зусім розныя асобы. Псеўданімы Артэніюш і Дуда — гэта скажоныя псеўданімы Вярыгі-Дарэўскага, які любіў падпісвацца Беларуская дуда або Артэміюш (польская форма імя Арцём). Адна з кніг «наддзвінскага дудара» — «Гутарка аб Сваяку» была выдадзена ў 1858 годзе магілёўскай кнігарняй І. Сыркіна. Праўда, пасля паўстання 1863 года гэту кнігу абвясцілі злачыннай, і таму мне не ўдалося адшукаць яе ні ў нашай краіне, ні ў Польшчы. Але захаваўся экземпляр твора, прызначаны для цэнзара П. Купальніка. Сёння ён захоўваецца ў Цэнтральнай бібліятэцы АН Літоўскай ССР. Захаваўся таксама каталог кнігарні Сыркіна. У той час, як іншых твораў у ёй налічвалася па 2-3 экземпляры, «Гутаркі аб Сваяку» было на складзе больш за ўсё — 530 экземпляраў. Значыць, Савінскі блытае і адносна тыражоў...

Польскага даследчыка, мабыць, уводзіла ў зман тое, што Арцём меў другое імя — Аўгусцін. Апрача таго, абодва Вярыгі былі амаль аднагодкамі. Арцём Вярыга-Дарэўскі нарадзіўся 23 кастрычніка 1816 года ў мястэчку Кублічы Лепельскага павета Віцебскай губерні. Яго бацька, Ігнат Вярыга, паходзіў са збяднелага шляхецкага роду. Адукацыю Арцём атрымаў у Забельскай гімназіі, дзе дасканала вывучыў рускую і польскую мову і літаратуру. У 1835 годзе паступіў на службу ў канцылярыю часовай рэвізійнай камісіі пры Віцебскім губернскім дваранскім дэпутацкім сходзе. Ажаніўшыся, набыў на Віцебшчыне фальварак Стайкі. Пасля смерці жонкі жыў там з дачкой Габрыэляй і братам Сымонам, які займаўся вывучэннем мінулага беларускага краю.

У сярэдзіне 50-х гадоў мы зноў бачым Вярыгу-Дарэўскага ў Віцебску. У яго доме адкрываецца прыватная бібліятэка для гарадской беднаты. Завязваюцца сардэчныя сувязі з віленскімі («Кур'ер віленьскі») і пецярбургскімі («Слово») польскімі перыядычнымі выданнямі. Паступова вакол Вярыгі-Дарэўскага канцэнтруюцца інтэлектуальныя і дэмакратычныя сілы Віцебска і Віцебшчыны. Пісьменнік часта раз'язджае з канспірацыйнымі мэтамі па Беларусі, бывае ў Вільні і Пецярбурзе. Адзін з біёграфаў Вярыгі-Дарэўскага, Д. Васілеўскі, сцвярджае, што ў час гэтых паездак былі нават устаноўлены кантакты з рускай рэвалюцыйнай арганізацыяй «Зямля і Воля». У сувязі з усім гэтым у канцы 50-х — пачатку 60-х гадоў над Вярыгам-Дарэўскім быў устаноўлены строгі паліцэйскі нагляд. 28 сакавіка 1861 года віцебскі губернатар Ц. Клушын тэлеграфаваў славутаму Валуеву, што ў цэнтры маніфестацый, якія адбыліся ў Віцебску ў сувязі з расстрэлам пяці варшаўскіх дэманстрантаў, знаходзіцца Арцём Вярыга.

Калі пачалося паўстанне 1863 года, Вярыга-Дарэўскі апынуўся ў гушчыні падзей. У яго фальварку Стайкі збіралі для паўстанцаў ружжы і пісталеты. Узброіўшы імі атрад віцяблян, Вярыга-Дарэўскі накіраваўся разам з ім у бок шашы Віцебск-Орша. Але блакіраваць шашу не ўдалося, бо на Дыманоўскай паштовай станцыі паўстанцы наткнуліся на стражнікаў і разбегліся. Камандзіру ўдалося незаўважна перабрацца ў Віцебск, дзе ён пачынае фарміраваць новы атрад. І тут у ІІІ аддзяленне паступае данясенне агенткі Настассі Карпавай. 6 мая 1863 года Вярыгу-Дарэўскага арыштоўваюць і прыгаворваюць да 8 год катаржных работ на горных заводах Сібіры. Разам з бацькам адправілася ў Сібір, паўтарыўшы подзвіг дзекабрыстаў дачка Габрыэля. Памёр пісьменнік у 1884 годзе дзесьці каля Якуцка. Сібірскі дзённік нашага земляка знаходзіўся ў руках польскага літаратара М. Дубецкага. Цяперашняе знаходжанне гэтага рукапісу невядома.

Арцём Вярыга-Дарэўскі быў адным з самых пладавітых беларускіх пісьменнікаў мінулага стагоддзя. А. Кіркор называе яго прозвішча ўслед за прозвішчам Дуніна-Марцінкевіча: «Другім з выдатнейшых беларускіх народных паэтаў і празаікаў з'яўляецца Арцём Дарэўскі-Вярыга. Ён апублікаваў «Гутаркі з пляндроўкі па зямлі латышскай», «Паўрот Міхалкі», «Быхаў», драму «Гордасць», паэму «Астульга» (мабыць, «Ахульга».— А. М.) і, урэшце, ідучы за прыкладам Марцінкевіча, пераклаў на беларускую мову ўсяго «Конрада Валенрода», ды пераклаў так цудоўна, што сілай і ўзнёсласцю радка здзівіў бы самога неўміручага песняра».

Памяць Кіркора захавала не ўсё з таго, што было напісана «наддзвінскім дударом» па-беларуску. Аб гэтым сведчаць пісьмы А. Вярыгі-Дарэўскага да А. Кіркора, якія нядаўна знойдзены Г. Кісялёвым у вільнюскім архіве. Т ак, у пісьме, датаваным 26 студзеня 1859 года, гаворыцца: «...Скончыў другую камедыйку для народа — «Хцівасць», паправіў і закончыў з прадмовай і тлумачэннямі аўтара «Конрада» і сваю прадмоўку дадаў. Гутаркі абрэзаў паводле патрабаванняў шаноўнага нашага пана Купальніка (віленскі цэнзар,— А. М.) і, кіруючыся парадай дарагога нам Адынца і вас усіх, прадмову замяніў іншай, беларускай. Камедыю трохактовую, гутаркі і некалькі польскіх паэмай хацеў быў цяпер табе паслаць, але не ўпэўнены, ці будзе якая карысць з тых, што я пакінуў, затрымаўся да тваёй шчырай размовы са мной... Ці прысылаць табе яшчэ: напрыклад, «Залажэнне Магілёва над Дняпром» паводле простанароднага падання, «Дзіця дзвюх матак», «Бяседа над Нёманам», «Бедны наш Лукаш», «Яшка і Цімошка» — паэмкі з беларускага жыцця — і іншыя?» І далей, у пісьме ад 19 жніўня таго ж года: «...Багата маю беларускіх рэчаў, з імі без цябе нічога не хачу пачынаць, але не пасылаю, бо не ведаю, што ты там робіш. Будзь са мною шчыры, мой Адаме, не зважай на мой уласны гонар! Калі табе без патрэбы пакінутыя грымзолі: «Паўрот Міхалкі», «Скромны ў бяседзе не страціць», «Быхаў» і драмка «Гордасць», адашлі іх мне, бо не маю чарнавікоў, і няхай бы дамашнія глупствы дамашнія молі і грызлі. Паэмку «Ахульга» мелася пані Сыракомлева, забраўшы ў мужа, перадаць пану Мамерту Рэнье. Не ведаю, ці здарылася так, а калі б яе атрымаць, быў бы шчыра ўдзячны. Вазьмі яе да сябе, калі можна».

На жаль, усе пералічаныя вышэй творы да нас не дайшлі. Цяжка сказаць, чаму так здарылася. Калі б яны былі аддрукаваныя тыражом у некалькі тысяч экземпляраў, як аб гэтым піша ў сваім курсе гісторыі славянскіх літаратур Кіркор, то яны захаваліся б дзе-небудзь у польскіх ці савецкіх бібліятэках (хаця пошукі яшчэ трэба працягваць). Значыць, хутчэй за ўсё, Кіркора тут проста падвяла памяць. Відаць, у пачатку 60-х гадоў, калі паміж лібералам Кіркорам і дэмакратам Вярыгам-Дарэўскім узнікаюць прынцыповыя рознагалоссі, віленскі выдавец адаслаў рукапісы «наддзвінскага дудара» ў Віцебск, і яны там загінулі ў час паўстання 1863 года і арышту аўтара — аднаго з кіраўнікоў паўстання ў Віцебскай губерні. Магчыма, камусьці пашчаслівіцца знайсці іх у паперах былых паліцэйскіх архіваў.

Сёння нам вядомы два беларускія творы Вярыгі-Дарэўскага: верш «Літвінам, запісаўшымся ў мой альбом на пажаданне» (урывак з яго друкаваўся ў брашуры Р. Зямкевіча «Адам Ганоры Кіркор») і ўрывак з оперы «Грэх 4-ты гнеў». Праўда, М. Гарэцкі называе яшчэ «Мужыцкую думку з ваколіц Віцебска на агалашэнне вольніцы» (1858), але сёння пра змест гэтага твора нельга сказаць нічога пэўнага.

Верш «Літвінам, запіеаўшымся ў мой альбом на пажаданне», поўная копія якога захоўвалася ў вільнюскага даследчыка Я. Шутовіча, быў напісаны ў 1858 годзе, калі Вярыга-Дарэўскі прыязджаў у Вільню, каб наладзіць сувязі з вызваленчымі коламі. Расчулены цёплымі запісамі віленскіх літаратараў у сваім «Альбоме», пісьменнік адказаў ім імправізацыяй, у якой па чарзе звяртаўся да ўсіх прысутных «свяціл». У вершы, які налічвае амаль 200 радкоў, ёсць таксама словы, звернутыя да В. Дуніна-Марцінкевіча:

Вінцук Дудар! Праўду гэту,

Гледзя на це, я пазнаў:

Што ты б усё аддаў свету,

А нічога б сам не браў.

Будзь здароў! Крапісь, лябедзька,

У сваёй ціхай думе,

Хоць жыццё часам, як рэдзька,

Мей што другое на ўме.

Творчай удачай Вярыгі-Дарэўскага, безумоўна, з'яўляецца вершаваны ўрывак з амаль невядомай нам оперы «Грэх 4-ты гнеў» (чацвёртым грэхам у каталіцкім «спісе» сямі галоўных грахоў лічыцца гнеў). Гэты ўрывак быў апублікаваны ў варшаўскім часопісе «Рух музычны» (№ 4-9 за 1859 год). У карэспандэнцыі, падпісанай псеўданімам Беларуская дуда, А. Вярыга-Дарэўскі пытаў: «А можа надвіслянскія браты цікавяцца паэзіяй сваіх наддзвінскіх братоў, сялян Белай Русі? Змяшчаем тут спробы, шчыра жадаючы, каб вы з імі пазнаёміліся, і не сумняваемся, што зразумееце. Гаворкі ж славянскіх плямён, хаця і раздзеленыя месцам і ўмовамі, усё-такі маюць шмат агульнага, і пры першым жа сутыкненні можна іх лёгка зразумець. Мы пераканаліся ў гэтым у час сустрэчы з сербамі і чытаючы чэшскую паэзію». Далей; у падмацаванне сваіх слоў аўтар цытуе «Гімн да абразу цудоўнай маці Божай Бялыніцкай над Дняпром» і фрагмент з названай вышэй оперы — лірычную «Думку салдаткі»:

«Плыві, плыві ты! Дзвіна серабрыся,

Аж там, у сама Балтыцькае мора;

І прыкаціся там, гдзе душа чыста

Майго Фядола прападаць з гора.

Не страш яго там маімі слязамі,

Ні аб рабятках не кажы худога;

Што па кусочках хаджу з сіратамі,

Не кажы, рэчка, а пацеш мілога».

Паплыла рэчка, слязінкай бліснуўшы,

З роднай зямелькі шэпчыць берагамі;

Бедна салдатка, дзетак абхінуўшы,

Рэчкінай думкі слухала з слязамі.

Паводле сведчання А. Семяновіча, поўны тэкст оперы «Грэх 4-ты гнеў» у 1863 юдзе канфіскавала віцебская паліцыя.

Значна больш твораў Вярыгі-Дарэўскага захавалася на польскай мове. Сярод іх — названая ўжо «Гутарка аб Сваяку», верш пра аднаго з кіраўнікоў паўстання 1863 года Эдмунда Ружыцкага, публікацыі ў «Руху музычным» і «Слове». У рукапісным аддзеле Цэнтральнай бібліятэкі АН Літоўскай ССР захоўваецца «Верш Марку Сакалоўскаму і Аляксандру Хадэцкаму, нацыянальнай гордасці, нашым любімым артыстам,— ад беларусаў». Сакалоўскі і Хадэцкі — вядомыя польскія музыканты, якія ў канцы 1859 года былі на гастролях у Беларусі. Вярыга-Дарэўскі сустрэўся з імі ў Магілёве. Ад імя роднай зямліцы, усіх тых, каму «баляць сэрцы», паэт дзякуе дарагім гасцям, музыка якіх «абуджала дух», выклікала ўзнёслыя пачуцці. Захаваўся таксама вершаваны «Адказ беларусам» А. Хадэцкага. З усяго гэтага вынікае, што і сам Вярыга-Дарэўскі свядома залічваў сябе да беларусаў і іншыя лічылі яго дастойным прадстаўніком беларускага народа.

Вялікую цікавасць мае вершаваная паэма «Гутарка аб Сваяку праз Беларускую дуду» (з папкі «Беларускія малюнкі», № 1), завершаная ў 1856 годзе ў Стайках. Лірычны герой адпраўляецца з родных берагоў Дзвіны і Дзісненкі ў далёкі Мінск. У горадзе юнака ўразілі яркія кантрасты: з аднаго боку — вонкавая пазалота, пышныя балі, з другога — бедныя рамеснікі, чыім потам здабыты багацці ўсіх тых, хто весела танцуе ў час народнага ліхалецця. Аўтар перасцерагае юнага героя, каб ён не меў нічога агульнага з арыстакратыяй, бо лепш быць пастухом ці бондарам, чым багатым панам, які толькі дбае пра грошы і ніколі не чытае кніжак, хоць часам і купляе іх дзеля ўяўнай культурнасці. У паэме мноства намёкаў на тое, што прадбачацца «цяжкія выпрабаванні і ахвяры», што трэба імкнуцца «да іншага, лепшага жыцця», што хутка на «гадаў»-паноў прыйдзе ліха — і тады ўся краіна ўступіць у «дэма» (так паэт называў на эзопаўскай мове дэмакратычны лад будучага).

Аб дэмакратызме і актыўнай патрыятычнай дзейнасці Вярыгі-Дарэўскага сведчыць таксама яго славуты «Альбом», які ўжо неаднаразова згадваўся раней. Арыгінал «Альбома» доўгі час лічыўся загінуўшым, але нядаўна Г. Кісялёў адшукаў яго ў фондах былога віленскага «Таварыства сяброў навукі».

«Альбом» А. Вярыгі-Дарэўскага прынцыпова адрозніваецца ад папулярных у мінулым стагоддзі сямейных альбомаў, куды заносіліся сентыментальныя вершыкі і чужыя сентэнцыі. Гэта — своеасаблівы нелегальны альманах, які пабываў у руках дзесяткаў людзей і, без сумнення, аказаў уздзеянне на іх перакананні. Запісы ў «Альбоме» зроблены жыхарамі самых розных гарадоў — Віцебска, Магілёва, Вільні, Мінска.

Адкрываецца «Альбом» вершам У. Сыракомлі «Ты клічаш мяне ў кнігу сваіх успамінаў». «Вясковы лірнік» выказвае надзею, што скромны «Альбом» аб'яднае «беларусаў з Літвой». Услед за вершам Сыракомлі ідуць творы вядомых тады польскіх пісьменнікаў І. Ходзькі, А. Адынца і іншых. Мінчанка Каміла Марцінкевіч, магіляўчанін Лявон Скрабук, віцяблянін І. Ляўданскі і нехта Леапольд Кандыба ўпісалі ноты розных песень. Сярод іх ёсць і «ўрывак падслуханай песні сумленнага і заўсёды беднага селяніна».

Найбольшую каштоўнасць у «Альбоме» Вярыгі-Дарэўскага для нас, вядома, маюць запісы на беларускай мове. Іх дзевяць. Гэта — кароткія вершы В. Каратанскага, Ялегіша Пранціша Вуля (Карафы-Корбута), Мамерта Рэнье, Мікалая Караткевіча, Якуба Т...кага і А. Рыпінскага, урывак з «Пана Тадэвуша» А. Міцкевіча ў перакладзе В. Дуніна-Марцінкевіча. Апрача таго, ёсць і запісы прозай. Так, нехта Эдвард Г. прызнаецца: «Ну, браточак! Прагукаў ты па-нашаму, і гутарку тваю спадабаў...» Аляксандр Рыпінскі ўспамінае пра нейкія даручэнні свайго суседа: «Іду, брат, па-твойму на мужыцкую свадзьбу аж у Бытрымава — так грошы табе после сам прывязу, а цяпер не маю часу. Гутаркі адсылаю, але после мне дасі». Усе гэтыя запісы сведчаць, што ў сярэдзіне XIX стагоддзя беларускай мовай карысталася куды больш адукаваных людзей, чым мы гэта ўяўляем сёння.

Большасць з названых аўтараў у сваіх вершах пішуць пра Вярыгу-Дарэўскага з глыбокай павагай і ўдзячнасцю, жадаюць яму новых поспехаў на ніве роднай паэзіі. Віцяблянін Ялегіш Пранціш Вуль (Уль) у вершы «Дудару Арцёму ад наддзвінскага мужыка» перасцерагае сябра, каб ён не зважаў на тое, што на яго «паноўе» крыкнуць «Шкоднік і місцюк»:

Грудзяй цэлай гудзі смела

На увесь мужыцкі свет,—

Што пасееш, будзе цэла,

Будзе некалі і цвет...

Сардэчна вітае наддзнінскага госця мінчанін М. Караткевіч:

Беларускі дудару,

Радасна таму гаспадару,

К катораму на парог

Пашлець цябе гасподзь бог.

Бо ты, мілы дударэнька,

Так іграеш харашэнька...

Як бог табе дапаможа,

Дуда твая многа ўзможа,

Бо голас з гасподняй рады

Ад Грамады да Грамады

Па зямельцы паляціць,

Увесь народ развесяліць...

А вось пачатак вершаванага запісу жыхара Вільні, вядомага рэвалюцыйнага дзеяча, сябра Савіча і Канарскага, Мамерта Рэнье:

Арцёмка дарагенькі,

Я цябе не забуду,

Дударэньку радненькі,

Дружочкам тваім буду.

На ад'ездным заспяваць

Для цябе хацеў бы я,

Да не цямлю, як зачаць,

Бо баліць душа мая.

Многія сябры высока ацэньваюць патрыятычную дзейнасць Вярыгі-Дарэўскага, яго імкненне згуртаваць усіх тых, хто ненавідзіць царызм. Нехта Ю. Гутковіч называе паэта «найлепшым з людзей» і дзякуе за тое, што не даў яму стаць рэнегатам. Нехта Паковіч успамінае аб заўзятых дыскусіях: што важней — слова ці справа і як ад агульных слоў перайсці да канкрэтных дзеянняў. Вядомы ўжо А. Хадэцкі піша: «Ты, брат, імкнешся да лепшага, ...марыш аб шчасці народа».

Усё сказанае вышэй Дае падставу сцвярджаць, што «наддзвінскі дудар» быў шчырым дэмакратам. У сваёй грамадскай праграме ён пайшоў значна далей, чым яго папярэднікі і сучаснікі Я. Чачот, Я. Баршчэўскі, У. Сыракомля, В. Каратынскі і В. Дунін-Марцінкевіч. Пераадольваючы груз шляхецкіх забабонаў і ілюзій польскага вызваленчага руху, Вярыга-Дарэўскі імкнуўся не толькі да звяржэння царызму, але і да сацыяльных пераўтварэнняў, да аграрнай рэвалюцыі, бо, як піша ў «Альбоме» А. Адынец, узбуджаў нянавісць да багатага панства. Творы Вярыгі-Дарэўскага, паўстанца 1863 года і катаржаніна, у многім кладуць пачатак новаму, рэвалюцыйна-дэмакратычнаму перыяду ў развіцці беларускай літаратуры.


ЮЛЬЯН БАКШАНСКІ

Яшчэ большай рэвалюцыйнасцю вызначаліся погляды ўраджэнца Смаргоншчыны Юльяна Бакшанскага. Хаця яго публіцыстычныя творы напісаны на польскай мове, але тым не менш імя Бакшанскага таксама варта, каб мы яго памяталі, бо рэвалюцыйная дзейнасць нашага земляка — адна са слаўных старонак шматпакутнай беларускай гісторыі.

...8 красавіка 1847 года на імя смаргонскага войта Ключэўскага прынеслі загадкавае пісьмо. Войт ведаў, што такога почырку з буйнымі друкаванымі літарамі не было ні ў кога з яго непасрэдных начальнікаў. Сургучная пячатка на канверце таксама выклікала недаўменне, бо на ёй вензелем спляліся зусім незнаёмыя ініцыялы. Разарваўшы канверт, войт знайшоў у ім тры лісточкі тонкай паперы, спісаныя тым жа буйным почыркам. Але паколькі за ўсю сваю службу Кучэўскі не навучыўся чытаць нават друкаванае, ён тут жа панёс пісьмо валасному пісару.

А ў валасным праўленні якраз сабралася многа прыгонных сялян. Адзін прыйшоў прасіць, каб адтэрмінавалі падаткі, другі — каб зменшылі прыгон, трэці — каб паскардзіцца на самавольства пана, які здаў у рэкруты апошняга з хаты кармільца. Ды ці мала было крыўд у прыгонных беларускіх сялян... З нізкім паклонам саступілі мужыкі дарогу свайму войту, а той горда падышоў да пісара і ткнуў яму пад нос таямнічае пісьмо. Змест пісьма здаўся пісару настолькі цікавы, што, не зважаючы на прысутнасць «непажаданых» асоб, ён пачаў чытаць яго ўголас:

«Да смаргонскіх сялян!

Нашы сяляне, або, як іх называюць, мужыкі, пачалі іграць вельмі важную ролю1 ў сённяшнім свеце; прычыны таму наступныя: 1-я, здаўна ўсім вядома, што амаль усю сілу народа складае клас, які называюць мужыкамі; 2-я, апрацоўка зямлі, а адсюль і ўсе сродкі пракарміцца знаходзяцца ў руках мужыкоў; 3-я, уся ваенная сіла складаецца з тых жа мужыкоў; 4-я, вышэйшы клас, або шляхта, мае маральную сілу — гэта значыць, асвету або розум; гэтая шляхта, убачыўшы слабасць неадукаваных сялян, задумала праз свой розум заўладаць сялянамі і панаваць над імі; 5-я, калі шляхта захапіла пад сваё панаванне мужыкоў, яна пачала вельмі злоўжываць сваёй уладай — забылася, што яны такія ж самыя людзі, як і ўсе, забылася і пра тое, што гэты клас корміць шляхту і абараняе ад ворага; шляхта пачала абыходзіцца з мужыкамі горш, чым з жывёлай; гэтым яна давяла іх да таго, што яны пачалі задумвацца над сваім няшчасным становішчам, пачалі набірацца розуму, пазнаваць сваю вялікую сілу; 6-я, з усіх мужыкоў першымі зразумелі сваё слёзнае становішча сяляне, якія жывуць у Галіцыі, што знаходзіцца ў Аўстрыйскай дзяржаве, і ў мінулым 1846 годзе яны супольнымі сіламі выразалі сваіх паноў і аканомаў. Страшэнны гэта шлях, але вельмі карысны для сялян! Паны і аканомы пачалі іх баяцца і таму перасталі іх прыгнятаць. Праз боязь імператар зменшыў паншчыну на два дні ў тыдні, зменшыў падаткі і земскія павіннасці, усе пачалі мужыкоў шанаваць і паважаць, як людзей. У нас у Літве (так тады звалі і Беларусь.— А. М.) у многіх месцах мужыкі пачынаюць згаворвацца з салдатамі аб тым, што ім трэба раптоўна зрабіць супольнымі сіламі.

Вось чаму смаргонскія мужыкі і мяшчане павінны, дагаварыўшыся з сабой і з салдатамі, якія кватаруюцца ў іх, напасці на афіцэраў, аканомаў і паноў, выразаць іх і затым патрабаваць, каб усім далі поўную свабоду,— у супрацьлеглым выпадку страшыць агульнай разнёй. Дастаць грошы, каб купіць нажы, вельмі лёгка, а гэта такім чынам: пайсці да рускіх падрадчыкаў, быццам бы наняцца на будаўніцтва чыгунак; за грошы, выдадзеныя ў задатак, купіць нажы, а на работу не ісці. Усё гэта трэба рабіць вельмі патаемна.

Гэтую адозву трэба паказаць усім старшынам».

Змест пісьма маланкай разнёсся па Смаргоні, а затым па навакольных вёсках і бліжэйшых паветах. З валаснога праўлення адозву забраў паліцэйскі прыстаў Банькоўскі, які хацеў перадаць яе па інстанцыях. Але здарылася так, што на некалькі гадзін Банькоўскаму прыйшлося адлучыцца з Дому, жонка ж дазволіла зняць копіі з таямнічай адозвы сваім знаёмым. Гэтыя копіі разышліся па наваколлю, выклікаючы жах сярод паноў і сялянскія хваляванні. Яшчэ не выкрыўшы аўтара адозвы, шэф TV акругі корпуса жандараў генерал. Буксгэўдан выказаў меркаванне, што пісаў яе чалавек, які добра ведае людзей, у чые рукі яна павінна была трапіць: «Усе гэтыя людзі надзелены такім характарам, што ні адзін з іх не мог захаваць у таямніцы змест адозвы; кожны з іх павінен быў разнесці па людзях гэты змест па сваёй непісьменнасці, неасцярожнасці і балбатлівасці».

20 красавіка акруговы начальнік дзяржаўных маёнткаў ужо даносіў віленскаму генерал-губернатару Мірковічу, што, пачуўшы пра адозву, на ўсёй Смаргоншчыне сяляне «збіраюцца натоўпамі, вядуць нарады і расказваюць адзін другому розныя неймаверныя рэчы...» Цікава, як трансфармаваўся змест адозвы ў свядомасці сялян. Прыгонная Міхаліна Адамкевіч сказала пры допыце, што адозва заклікала сялян, каб яны выразалі «паноў і афіцэраў». Юры Дурэйка, які быў у воласці пры чытанні адозвы, запомніў, што заклікала яна «зрабіць тое, што адбылося ў Аўстрыі, пайсці на чыгунку, купіць жалеза, зрабіць з яго нажы і ўсіх выразаць». У адным з маёнткаў трынаццацігадовая пакаёўка амаль слова ў слова паўтарыла сваёй пані тэкст крамольнай адозвы.

У канцы красавіка ўсіх мясцовых паноў агарнула трывога. Шляхціц Аляксандр Букаты, які пазнаёміўся з адозвай у кватэры Банькоўскага, паспешна вярнуўся ў свой маёнтак і прыняў меры, каб «адозва не трапіла ў народныя рукі». Калі ў доме пана Козела група яго суседзяў чытала копію, знятую з адозвы, гаспадар «асабіста закрыў усе дзверы, каб не чулі лакеі». Шляхціц Струміла з-пад Смаргоні хутчэй выехаў у Вільню, бо не быў перакананы, ці «прабыванне на вёсцы не пагражае небяспекай».

Неўзабаве ў Смаргонь асабіста выехаў генерал-губернатар Мірковіч і шэф жандараў Буксгэўдан. Была створана спецыяльная камісія па канфіскацыі ўсіх копій адозвы. У цэлым па Літве і Беларусі было выяўлена некалькі дзесяткаў копій, зробленых рознымі асобамі.

Па сургучнай пячатцы на канверце паліцыі ўдалося знайсці і аўтара таямнічай адозвы. Ім аказаўся дробны шляхціц Юльян Бакшанскі, чалавек з гераічнай біяграфіяй. Бацька яго меў невялікі маёнтак Тупалтшчына і адначасова працаваў аканомам у Смаргоні. Да паўстання 1831 года смаргонскі маёнтак належаў графу Пшэздзецкаму, а пасля быў канфіскаваны і перайшоў у рукі царскай дзяржавы. Становішча смаргонскіх прыгонных мала чым адрознівалася ад становішча ўсіх тагачасных сялян у Расійскай імперыі: яны ўвесь час дабіваліся павелічэння надзелаў і змяншэння падаткаў. У 40-я гады прыгонных прымушалі працаваць, выклікаючы войска і паліцыю. Дзеля гэтага ў мястэчку заўсёды знаходзіўся батальён салдат. Каб навесці парадак, з Пецярбурга прыбылі чыноўнікі па спецыяльных даручэннях.

Усё гэта бачыў у дзяцінстве і юнацтве Юльян Бакшанскі. Яго сэрца напаўнялася спачуваннем да паднявольных сялян і нянавісцю да іх прыгнятальнікаў. Стаўшы ў 1838 годзе вучнем Віленскай гімназіі, ён чытаў забароненыя вершы, удзельнічаў у рабоце тайных згуртаванняў. У 1841 годзе пятнаццацігадовага юнака арыштавалі і саслалі ў Разань, дзе ён бясплатна працаваў у губернскім праўленні па 14 гадзін у суткі. Бакшанскага пазбавілі нават права: выходзіць за горад і перапісвацца са сваякамі. Аднойчы ён спрабаваў расказаць аб сваім становішчы губернатару, але той цынічна адказаў, што ...дазваляе закончыць жыццё самагубствам. Даведзены да адчаю, Бакшанскі спрабаваў застрэліцца. Калі пасля выхаду з бальніцы ён напісаў скаргу на імя цара, яго на год кінулі ў турму.

У пачатку 1846 года Бакшанскага адпусцілі на волю. Але па-ранейшаму ён быў гатовы да любога самаахвярнага кроку ў імя свайго народа. Пазней Бакшанскі прызнаўся пры допыце, што яго фантазію распальвалі «паўстанні ў Аўстрыі і ў Кракаве, а таксама арышты людзей за палітычныя справы — ва мне гарэла нянавісць да ўлады, і, будучы патрыётам, я шукаў выпадку, каб адпомсціць».

Як бачна са следчых матэрыялаў, адозва «Да смаргонскіх сялян» была толькі першапачатковым этапам запланаванага сялянскага паўстання. Са слоў Бакшанскага відаць, што ён спецыяльна заключыў дагавор з кампаніяй па будаўніцтву маскоўскай чыгункі, каб бесперашкодна раз'язджаць па Смаргоншчыне і Ашмяншчыне і такім чынам весці рэвалюцыйную агітацыю сярод беларускіх сялян. Паўстаўшы, яны павінны былі накіравацца ў Вільню і ўзяць горад.

Адозва «Да смаргонскіх сялян» дазваляе зрабіць вывад, што яе аўтар па сваіх перакананнях быў рэвалюцыйным дэмакратам. Бакшанскі пераконвае сялян, што яны з'яўляюцца асноўнай вытворчай сілай грамадства, што прыгоннае права, прыгнёт чалавека чалавекам трэба знішчыць, бо ўсе людзі маюць аднолькавае права на свабоду і шчасце. Аўтар апраўдвае класавую нянавісць сялян да паноў і кліча сялян расправіцца са сваімі прыгнятальнікамі ўзброеным шляхам. Для гэтага трэба аб'яднацца з салдатамі, якіх таксама прыгнятаюць афіцэры. Знамянальна, што, як і Сыракомля ў «Добрых весцях», Бакшанскі спасылаецца на нядаўнія падзеі ў Галіцыі, дзе польскія і ўкраінскія сяляне рашуча распраўляліся са сваімі класавымі ворагамі. Але, адмаўляючы тагачасную рэчаіснасць, Бакшанскі не дае станоўчай праграмы, нічога не піша пра тое, якім павінен быць грамадскі лад пасля перамогі ўзброеных сялян.

Як сведчыць сучасны польскі гісторык Д. Файнгауз, апрача адозвы «Да смаргонскіх сялян», Бакшанскаму належыць таксама адозва да інтэлігенцыі, якую рэвалюцыянер збіраўся разаслаць ад імя тайнага Саюза сяброў чалавецтва. У гэтай адозве выразна гучаць патрыятычныя нацыянальна-вызваленчыя матывы. «Мы жывём у гістарычны час,— пісаў Бакшанскі.— Кожны дзень мы можам спадзявацца, што пачнуцца хваляванні ва ўсёй Еўропе, пачнецца вайна з агульным дэспатам. Кожны дзень мы можам спадзявацца смерці або доўгай і трывалай свабоды — для нас і нашых дзяцей».

Пасля паўторнага арышту Юльяна Бакшанскага быў зроблены старанны вобыск у доме Бакшанскіх у Тупальшчыне. Пры вобыску жандары знайшлі дзённік пятнаццацігадовай сястры рэвалюцыянера, Анелі Бакшанскай. Кожны радок дзённіка «палаў незвычайнай нянавісцю да ўрада». Маладую патрыётку аддалі за гэта пад строгі паліцэйскі нагляд.

Які ж далейшы лёс смелага рэвалюцыянера? Улічваючы, што Бакшанскі абвінавачваўся ў антыўрадавай дзейнасці ўжо другі раз, віленскі ваенны суд прыгаварыў яго да бестэрміновай катаргі. Потым кара была зменшана да дванаццаці год катаргі. Адбываў яе Бакшанскі ў Забайкальскай акрузе. Пасля амністыі вярнуўся ў 1858 годзе на радзіму.

Як бачна з мемуараў ураджэнца Валожыншчыны Яўгена Кавалеўскага, выдадзеных у пачатку XX стагоддзя ў віленскай друкарні М. Кухты, у 1863 годзе Бакшанскі разам са Святолдычам арганізаваў асобны паўстанцкі атрад з 20-25 чалавек. Але ў вёсцы Свечкі паміж Маладзечна і Гарадком царскія войскі разбілі паўстанцаў з дапамогай мясцовых сялян. Побач з іншымі ў баі загінуў і Бакшанскі. Яго цела пахавалі ля мястэчка Краснае, у Плябаніі.

У біяграфіі Юльяна Бакшанскага ёсць нямала загадак, якія яшчэ трэба высветліць савецкім і польскім даследчыкам. Аднак ужо і цяпер ясна, што гэта быў заступнік за народную справу, сапраўдны рэвалюцыйны дэмакрат.


НА КРЫЛЛЯХ НАРОДНАЙ ПЕСНІ

Да якога часу аднесці станаўленне беларускай нацыянальнай музыкі? Адказ на гэта пытанне адзіны: па-сапраўднаму яна пачала развівацца толькі пасля Кастрычніка. Але беларуская савецкая музыка ўзнікла не на голым месцы. Ужо былі даволі даўнія традыцыі. Ужо існавалі сотні запісаў і апрацовак беларускіх народных песень і танцаў, беларускія творы Грыневіча, Рагоўскага, Галкоўскага. У сваю чаргу ў іх таксама былі свае папярэднікі...

А між тым, калі чытаеш сёння працы некаторых даследчыкаў, узнікае ўражанне, нібы ў музычным жыцці Беларусі ў XIX стагоддзі быў суцэльны вакуум. Нібы тады мы не мелі сваіх кампазітараў і музыкантаў, сваіх імён, вартых памяці.

На самай справе ўсё выглядае інакш. Былі ў Беларусі кампазітары, пісаліся і выконваліся творы. На жаль, большасць з гэтых твораў загінула або яшчэ не знойдзена.

Амаль усе кампазітары, якія ў XIX стагоддзі нарадзіліся або жылі ў Беларусі, па гістарычнай традыцыі лічылі сябе палякамі. Але ўзраслі яны на беларускай глебе, натхняліся беларускай рэчаіснасцю, выкарыстоўвалі беларускія народныя мелодыі. І таму творы гэтых аўтараў стаяць ля вытокаў беларускай нацыянальнай музыкі.

Аб тым, што музычнае жыццё Беларусі было ў мінулым стагоддзі даволі інтэнсіўным, сведчаць наступныя звесткі, узятыя з розных даўніх крыніц.

Фларыян-Станіслаў Міладоўскі, кампазітар і піяніст (1819-1889). Нарадзіўся і доўгі час жыў у Мінску. Першапачатковую музычную адукацыю атрымаў ад бацькі. Потым вучыўся ў Мендэльсона ў Берліне. У 1861 годзе дырыжыраваў у Мінску сваёй аперэтай «Канкурэнты» (на словы Лапіцкага і Сыракомлі). Творы Міладоўскага друкаваліся ў самых розных гарадах Еўропы: у Вене — «Фартэпіянная саната для чатырох рук», у Парыжы — «Паланез для фартэпіяна», у Варшаве — тры «Мазуркі», у Вільні — два «Накцюрны». У Мінску, у друкарні Валіцкага, выдадзены «Паланез на чатыры рукі для Міхася і Іяасі», урыўкі з «Канкурэнтаў» і зборнік «Польскія песні». Творчасць Міладоўскага высока цаніў Ф. Ліст, з якім ён быў знаёмы асабіста. Напярэдадні паўстання 1863 года кампазітар апынуўся ў Францыі, у выгнанні. Там і памёр.

Міхал Ельскі, брат беларускага пісьменніка Аляксандра Ельскага, кампазітар, скрыпач і літаратар. Нарадзіўся 8 кастрычніка 1831 года на Міншчыне, у Лядах. Музычную адукацыю атрымаў у мінскага педагога і кампазітара Канстанціна Кржыжаноўскага. Пасля 1875 года асеў у сваім маёнтку Дудзічы ля Мінска. Выступаў з канцэртамі ў Кракаве і Франкфурце-на-Майне. Пісаў танцы і інструментальныя мініяцюры, якія ўбачылі свет у Кіеве ў 1852 годзе. У 1899 годзе выдаў у Мінску кнігу на польскай мове «Музычныя даследаванні». У часопісе «Эхо музычнэ» надрукаваў успаміны аб музычным жыцці ў Беларусі сярэдзіны мінулага стагоддзя. Запісваў ноты беларускіх народных песень і танцаў. Памёр у 1904 годзе.

Іяахім Глінскі, спявак, арганіст і кампазітар. Нарадзіўся ў 1853 годзе ў Будславе, памёр 16 сакавіка 1898 года. Удзельнік руска-турэцкай вайны 1877-1878 гадоў. Працаваў у Гродне арганістам. Пісаў музыку ка словы Міцкевіча, танцы і маршы. Пачаў оперу «Паята» па сюжэт з літоўска-беларускай гісторыі.

Канстанцін Горскі, скрыпач і кампазітар. Нарадзіўся З чэрвеня 1859 года ў Лідзе, памёр 31 мая 1924 года ў Познані. Вучань Рымскага-Корсакава і Концкага. Працаваў у Пензе, Саратаве, Тыфлісе. Аўтар оперы «Маргер» на словы У. Сыракомлі, выдадзенай у 1905 годзе ў Пецярбурзе.

Пра іншых кампазітараў звесткі яшчэ больш скупыя. Напрыклад, пра Пятра Карафу-Корбута вядома толькі, што ён жыў у Нясвіжы і Мінску, памёр каля 1840 года, іграў на 24 інструментах і выдаў дзесьці некалькі сваіх твораў. Пра Францішка Лапату — што жыў у Слуцку, быў піяністам і педагогам. Пра Якуба Ёдку — што ў 1880 годзе дырыжыраваў у Мінску выкананнем уласнага Марша. Пра Юзафа Шадурскага — што пісаў оперу «Тарас на Парнасе» (захавалася агністая «Лявоніха»). Пра Міхала Грушвіцкага — што жыў у Выганічах ля Ракава. Кампазітарамі, музыкантамі, спевакамі былі таксама вучань Шапэна вядомы мастак Напалеон Орда (1807-1883, жыў у Варацэвічах на Гродзеншчыне), мінскі кнігар Аляксандр Валіцкі, магілёўскі настаўнік Лявон Скрабэцкі, ураджэнец Мінска Уладзімеж Пухальскі (1848-1933) і іншыя.

У XIX стагоддзі з'явілася цікавасць да беларускіх народных песень. Іх словы і музыку запісвалі дзесяткі фалькларыстаў. У першую чаргу трэба назваць імёны М. Чарноўскай, І. Шыдлоўскага, Л. Галэмбёўскага, М. Нікіфароўскага, М. Федароўскага, Е. Раманава, П. Шэйна, У. Дабравольскага, Я. Карловіча, І. Насовіча, У. Вярыгі, Р. Зянкевіча. Напрыклад, Рамуальд Зянкевіч у 1851 годзе выдаў «Простанародныя песенькі пінскага народа» ў арыгінале і перакладзе на польскую мову. Збіральнік цікавіўся не толькі словамі, але і музыкай народных песень. У каментарыях да польскага вершаванага зборніка Зянкевіча «Рыфмаваныя спробы» (Вільня, 1856) гаворыцца:

«Геркулянум Крэмпскі — па прафесіі музыка. Сярод іншых твораў пісаў прыгожыя і поўныя характэрнага духу паланезы. Даючы ў Луніне (ля Пінска.— А. М.) урокі музыкі, вольныя хвіліны ён прысвячаў упрыгожванню мясцовага парку. Любіў таксама літаратуру і часам пісаў дасціпныя вершыкі. Наш пан Геркулянум, поўны здольнасці, пакінуў ужо гэты свет у пачатку мая 1854 года, амаль на васьмідзесятым годзе свайго жыцця.

Успамінаючы тут пра яго, я павінен падзякаваць яму за запісванне нот, паводле народнага голасу, да майго зборніка песень пінскага народа, які выйшаў у Коўне ў 1851 годзе. Гэтыя ноты яшчэ не надрукаваны і чакаюць зручнага выпадку».

На жаль, такі выпадак не здарыўся. Неўзабаве Р. Зянкевіч аслеп і памёр, а ноты, спісаныя рукой Г. Крэмпскага, дзесьці загінулі.

Цікава, што ў XIX стагоддзі беларускія народныя песні былі вельмі папулярны не толькі ў сялянскім, але і шляхецкім асяроддзі. Напрыклад, іх любіла спяваць нявеста А. Міцкевіча Марыля Верашчака («Да цераз мой двор»). Яны гучалі на маёўках філаматаў і філарэтаў. Б. Ліманоўскі прыводзіць словы віцебскага мемуарыста Максіміліяна Маркса аб тым, што ў доме апошняга беларускія народныя песні часта спявала ў фартэпіянным суправаджэнні будучая нацыянальная гераіня польскага народа Эмілія Плятэр. Беларускі мелас быў добра вядомы такім выдатным польскім кампазітарам XIX стагоддзя, як Фрэдэрык Шапэн і Мечыслаў Карловіч. Першы з іх, як сцвярджае ў артыкуле «Збіральнікі жэмчугу» У. Дубоўка, выкарыстаў беларускую народную песню «Вясёла бяседачка» ў пачатку сваёй «Вялікай фантазіі»; другі абапіраўся на беларускія мелодыі, добра вядомыя з дзяцінства, у сімфанічных творах «Тры векавыя песні» і «Літоўская рапсодыя».

Творы беларускіх кампазітараў XIX стагоддзя выконваліся як сваімі, так і прыезджымі музыкантамі. Канцэрты ладзіліся не толькі ў губернскіх і павятовых гарадах, але і ў маленькіх мястэчках. Амаль у кожным буйным маёнтку была свая капэла. Так, граф Рудольф Тызензауз меў у Жалудку музычны квартэт. Адзін з яго ўдзельнікаў, нехта Карчміт, іграў на скрыпцы славутага майстра Страдыварыуса.

Беларуская зямля ў XIX стагоддзі была багата юнымі музычнымі талентамі. Адным з такіх «вундэркіндаў» з'яўлялася Багуміла Юзафовіч. Як паведамлялася ў «Незабудцы» Я. Баршчэўскага, здольная музыкантка нарадзілася ў Гродне ў 1828 годзе. У сем год Юзафовіч выступала ў Вільні разам са скрыпачом Рэутам. У 1837 годзе на канцэрце ў Гродне іграла варыяцыі Радэ, а чатыры гады пазней выступала ажно ў Пецярбурзе. Часта лёс юных талентаў канчаўся трагічна. У трынаццаць год, пасля свайго першага канцэрта ў Вільні, памерла ад сухотаў дачка мінскага фартэпіяннага майстра, здольная скрыпачка з абсалютным слыхам, Бэці Крыгер. Не ад добрага жыцця пакончыў самагубствам скрыпач з Навагрудчыны Кароль Стравінскі. Пасля паўстання 1831 года яму пагражала ссылка ў Сібір або здача ў салдаты.

Самымі значнымі фігурамі ў музычным жыцці тагачаснай Беларусі былі Міхал Агінскі, Станіслаў Манюшка і Антон Абрамовіч. Па-рознаму яны ставіліся да беларускага народнага меласу, па-рознаму яго выкарыстоўвалі. Жывучы ў Беларусі, Міхал Агінскі тым не менш заставаўся выключна польскім кампазітарам. Але ён ужо праяўляў цікавасць да беларускай песні (мінскі мастацтвазнаўца Л. Фёдараў сцвярджае, што водгукі беларускіх жніўных песень чуваць у вядомым паланезе «Развітанне з радзімай»). Яшчэ больш цікавіўся беларускімі мелодыямі Станіслаў Манюшка. Яны выкарыстаны ў многіх яго песнях, оперных арыях і інструментальных творах. Урэшце Антон Абрамовіч ужо свядома лічыў сябе беларускім кампазітарам. Некаторыя яго інструментальныя і вакальныя творы цалкам заснаваны на беларускім матэрыяле.


МІХАЛ КЛЕАФАС АГІНСКІ

...Аднойчы, год дзесяць назад, выпадковасць прывяла мяне на невялікую чыгуначную станцыю Залессе, якая знаходзіцца паміж Маладзечна і Смаргонню. Цягнік пазніўся — і пасажыры стоўпіліся вакол танклявага юнака з рэдкім тады яшчэ партатыўным радыёпрыёмнікам у руках. Перадавалі канцэрт па заяўках, а ў ім — абавязковыя частушкі, «Падмаскоўныя вечары»... І раптам загучаў элегічны паланез Агінскага. Бадай, усе прысутныя да драбніц ведалі гэту празрыстую лірычную мелодыю, у якой зліваецца ў адно непаўторнае цэлае і горыч паражэння, і сум расставання з усім, што бясконца блізкае і роднае, і адначасова — фанфарны заклік, «пабудка» ісці ўперад, да перамогі. Творы сапраўднага мастацтва — а паланез «Развітанне з радзімай» адносіцца да іх — не старэюць таму, што кожная сустрэча з імі адкрывае нешта новае, сугучнае нашым думкам і пачуццям... Вось чаму ўсе пасажыры, якія былі на пероне, студэнты і чыгуначнікі, служачыя і калгаснікі, слухалі, бы зачараваныя і прыварожаныя да месца.

Скончыўся канцэрт. Адышоў кудысьці юнак — а ўсе маўчалі.

Першы парушыў цішыню пажылы ваенны.

— Кажуць,— уздыхнуў ён,— гэты самы Агінскі застрэліўся. Закахаўся без узаемнасці ў арыстакратку — і пакончыў жыццё самагубствам. Каля яго трупа знайшлі шматок паперы, спісаны нотамі...

— А я чуў,— перапыніў ваеннага сусед пенсіённага ўзросту,— што за рэвалюцыйную дзейнасць цар загадаў пасадзіць Агінскага ў каземат. У ноч перад расстрэлам вязень развярэдзіў сабе палец і ўласнай крывёю напісаў на сцяне паланез. Таму і называецца ён «Развітанне з радзімай»...

У гутарку ўмешваліся ўсё новыя і новыя людзі, пачаліся спрэчкі. Хтосьці з жанчын успомніў радыёперадачу, у якой расказвалася пра тое, што ў час паўстання 1794 года Агінскі безнадзейна закахаўся ў панну Ядвігу, якая памагла яму ўцячы за граніцу, выратаваўшы ад расправы царскіх улад. Нехта прыгадаў, што на поўдні Беларусі ёсць канал, які носіць імя Агінскага. І ніхто з прысутных не звяртаў увагі на старога калгасніка, які ўвесь час імкнуўся нешта сказаць. Толькі тады, калі падышоў цягнік і ўсе кінуліся да вагонаў, ён звярнуўся да мяне:

— Людзі кажуць, што калісьці ў Залессі жыў пан па прозвішчу Агінскі. Добры, справядлівы быў чалавек. Любіў ён слухаць вясковых музыкаў. Вунь той парк, тыя прысады, што цягнуцца да Віліі,— усё гэта сляды ягонай бытнасці.

У цягніку я доўга думаў над словамі старога. Перад гэтым мне прыйшлося працаваць у адным з вільнюскіх архіваў. Там у рукі трапіўся пажоўклы дакумент, пад якім стаяў подпіс: «Міхал Клеафас Агінскі». І дата: «14 мая 1820 года, Залессе». Міжвольна ўзнікла думка, а што, калі гэта — адзін і той жа Агінскі і адно і тое ж Залессе?!

Усхваляваны, я вярнуўся дамоў і пачаў гартаць старонкі энцыклапедый, кнігу Ігара Бэлзы «Гісторыя польскай музычнай культуры». Там былі партрэты Агінскага. Са старонак кніг дапытлівым, праніклівым позіркам глядзеў на мяне чалавек з вытанчанымі рысамі твару, у модным тады парыку.

З энцыклапедый і даследаванняў Ігара Бэлзы я даведаўся, што Міхал Клеафас Агінскі нарадзіўся 25 верасня 1765 года ў маёнтку Гузава (непадалёку ад Варшавы). Яго бацька паходзіў са старадаўняга роду, пачатак якому паклаў, атрымаўшы маёнтак Агінты, беларускі шляхціц Дзмітрый Глушонак. Дзяцінства будучага кампазітара праходзіла пераважна ў Слоніме, у доме дзядзькі, вялікага літоўскага гетмана Міхала Агінскага, па ініцыятыве якога, дарэчы, і быў пракапаны вядомы канал. У той час Слонім з'яўляўся буйным культурным цэнтрам. З прыгонных сялян гетман арганізаваў сімфанічны аркестр і тэатральную трупу, якая ставіла драмы, оперы і балеты. Будучага кампазітара ў Слоніме вучыў музыцы лепшы тагачасны выкладчык Казлоўскі. Пад яго кіраўніцтвам Агінскі напісаў некалькі фартэпіянных п'ес. Юнак пачаў марыць пра тое, каб стаць кампазітарам.

Аднак цяжкі для краіны час запатрабаваў ад Агінскага іншага. Падзеі прымусілі яго стаць дыпламатам, дзяржаўным дзеячам. У 25 год юнака накіроўваюць з важным даручэннем спачатку ў Галандыю, а потым у Англію. Неўзабаве ён ужо быў паслом. Даведаўшыся пра раздзел Польшчы, Агінскі вярнуўся на радзіму, прыняў удзел у паўстанні 1794 года пад кіраўніцтвам Касцюшкі. Пасля паражэння паўстання адважнаму патрыёту прыйшлося эмігрыраваць за граніцу. І толькі тады, калі на рускі трон уступіў Аляксандр І, кампазітару дазволілі вярнуцца на радзіму і нават увялі яго ў склад царскага сената, выбралі ганаровым членам Віленскага універсітэта. За сваё доўгае і бурнае жыццё Агінскі напісаў каля 60 вакальных і фартэпіянных твораў (з іх — каля 20 паланезаў). Цікавіўся ён і літаратурай: пісаў памфлеты, пераклаў з рускай мовы на французскую некалькі п'ес.

Аднак ні энцыклапедыі, ні кніга Бэлзы не давалі адказу на тыя пытанні, якія найбольш мяне хвалявалі. Ці меў Агінскі якое-небудзь дачыненне да Залесся? Дзе быў напісаны славуты паланез «Развітанне з радзімай»? Пачаліся пошукі. І вось у бібліятэцы Вільнюскага універсітэта ўдалося натрапіць на дзённік Агінскага, у якім расказвалася аб падзеях з 1788 да 1815 года. Упершыню гэты дзённік быў выдадзены ў 1827 годзе на французскай мове ў Парыжы. Затым у пачатку 70-х гадоў мінулага стагоддзя яго пераклалі на польскую мову і выдалі невялікім тыражом у Познані.

У першым томе дзённіка Агінскі падрабязна расказвае аб сваім удзеле ў паўстанні 1794 года. Вестка аб паўстанні застала кампазітара ў Навагрудку. Агінскі адразу ж сабраў 40 тысяч дукатаў і рашыў падацца з імі ў Прусію, каб там за іх набыць зброю. Адначасова ён адправіў у Варшаву пісьмо сваёй жонцы, каб яна таксама прыехала ў Прусію. Аднак на граніцы кампазітара затрымалі і прымусілі вярнуцца ў Вільню. Такім чынам, аказваецца беспадстаўнай версія аб тым, што ў час паўстання юны Агінскі безнадзейна закахаўся ў панну Ядвігу і тая быццам бы дапамагла яму ўцячы за граніцу. Па-першае, у 1794 годзе Агінскі быў ужо жанаты на Ізабеле Лясоцкай. Па-другое, у дні паўстання Агінскаму так і не ўдалося перабрацца праз граніцу.

Трэба адзначыць, што Агінскі быў буйным магнатам. Толькі ў Беларусі яму належалі дзесяткі маёнткаў, у тым ліку Ракаў, Іўе, Бялынічы, Гаўя. Але, як адукаваны і перадавы чалавек свайго часу, Агінскі адразу ж зразумеў усё значэнне касцюшкаўскага паўстання і стаў адным з важакоў гэтага народнага руху, накіраванага супраць царскага самадзяржаўя, ён заявіў Нацыянальнаму савету, што «прыносіць у дар радзіме сваю маёмасць, працу і жыццё». У Вільні ён зблізіўся з прадстаўніком Касцюшкі Ясінскім, за свае грошы ўзброіў атрад у 480 чалавек і па патрабаванню гараджан узначаліў яго. Тады ж Агінскі выступіў перад жыхарамі Вільні з палымянай прамовай, якая заканчвалася словамі: «Няхай жыве свабода, няхай жыве радзіма, няхай загінуць здраднікі!»

Цікавай для нас з'яўляецца акалічнасць, што атрад Агінскага дзейнічаў пераважна на тэрыторыі Беларусі. Першае хрышчэнне ён прыняў у баях каля Сол і Ашмян. Адсюль Агінскі хацеў падацца да Мінска. У сваіх мемуарах ён піша: «Калі б мне ўдалося бесперашкодна дабрацца туды, я наважыўся б глыбей уварвацца на Белую Русь, каб там узняць на паўстанне 12 тысяч сялян, якія знаходзіліся ва ўладаннях маёй сям'і, і даць ім свабоду».

Свае намеры Агінскі ажыццявіў толькі часткова. Разам з атрадам, абыходзячы варожыя групоўкі Цыцянава і Кнорынга, ён рушыў праз Вішнева на Валожын. Узяўшы амаль без бою гарадок, паўстанцы знайшлі там багатыя трафеі і тут жа раздалі іх мясцоваму насельніцтву. З Валожына Агінскі накіраваўся ў Івянец. Але там паўстанцы даведаліся, што Мінск добра ўмацаваны, і рашылі павярнуць назад. Сяляне, якія якраз з'ехаліся ў Івянец на святочны кірмаш, далі Агінскаму фурманкі для абозаў.

І вось атрад пачаў адступаць у напрамку да сяла Бакшта. Дарога была вельмі забалочана, перагароджана заваламі з дрэў. Каля вёскі Сакаўшчына ззаду раптам пачулася галёканне казакоў. Паўстанцаў акружалі царскія войскі. Каб спыніць пагоню, Агінскі загадаў спаліць мост цераз Заходнюю Бярэзіну, аднак казакі фарсіравалі раку ўброд і дагналі паўстанцаў ля Вішнева. Як успамінае ў сваіх мемуарах Агінскі, варожая куля прабіла яму ў баі капялюш. Загінуў бы і сам Агінскі, але яго выратаваў афіцэр Паўловіч, які ў крытычную хвіліну стрымаў за цуглі ашалелага каня свайго камандзіра. Пасля жорсткай сутычкі кудысьці зніклі каса паўстанцаў і асабістыя паперы кампазітара. Але асноўныя сілы атрада былі ўсё ж выратаваны. З-пад Вішнева Агінскі адступіў у Ашмяны, дзе злучыўся з асноўнай арміяй Ясінскага.

Затым Агінскі стаў камандаваць усімі літоўска-беларускімі паўстанцкімі войскамі. Як спецыяльны кур'ер ён ездзіў у Варшаву да нацыянальнага польскага героя Тадэвуша Касцюшкі. Размова двух патрыётаў была выключна сардэчнай. Вярнуўшыся ў Літву, Агінскі ўзначаліў некалькі паходаў да берагоў Дзвіны, на Браслаўшчыну. За яго галаву царскія ўлады ўстанавілі вялікую ўзнагароду. І калі паўстанне пацярпела паражэнне, Агінскі мусіў пакінуць радзіму. Разам з корпусам Дамброўскага ён перайшоў прускую граніцу, а затым з чужым пашпартам на імя Міхайлоўскага дабраўся да Вены. Пачалося васьмігадовае блуканне па чужыне: Парыж, Венецыя, Канстанцінопаль, Бухарэст, Ясы... Царскія ўлады наклалі руку на маёнткі Агінскага.

Вядомым кампазітарам Агінскі стаў яшчэ да паўстання 1794 года. Яго паланез фа-мажор, які мае таксама назву «Падзел Польшчы», з'явіўся цэлай падзеяй у гісторыі польскай музыкі. Яго ігралі ў Варшаве і Пецярбурзе. Варта заўважыць, што да гэтага паланез быў толькі бытавым танцам. Агінскі ж надаў яму жанравую завершанасць, увёў чаргаванне дзвюх тэм — мінорнай і мажорнай. У 1794 годзе ў творчасці кампазітара ўзнікаюць новыя, рэвалюцыйныя матывы. Ён піша паўстанцкія песні і маршы. У сваёй кнізе Ігар Бэлза выказвае здагадку, што Агінскаму належыць таксама вядомая «Мазурка Дамброўскага», якая пачынаецца са слоў «Яшчэ Польшча не загінула». Гэтая здагадка пацвярджаецца тымі радкамі мемуараў Агінскага, дзе ён успамінае, што пісаў маршы для легіянераў Дамброўскага і адзін з іх іграў у 1797 годзе для Напалеона. Потым, калі кампазітар вярнуўся ў царскую Расію, у яго былі ўсе падставы не прызнаваць аўтарства гэтага твора.

Як ужо гаварылася, Агінскі здолеў вярнуцца на радзіму толькі пасля таго, як на рускі трон уступіў Аляксандр І. 5 лютага 1802 года кампазітар прыехаў у Пецярбург. Агінскаму вярнулі ўсе маёнткі, якія, праўда, былі ў вялікіх даўгах. І тут на дапамогу прыйшоў састарэлы маладзечанскі граф Францішак Ксаверы Агінскі. Ён падараваў свайму пляменніку яшчэ адзін маёнтак - Залессе. У трэцім томе сваіх успамінаў аўтар элегічнага паланеза ўдакладніў, дзе знаходзілася тое Залессе: у 14 мілях ад Вільні, па дарозе на Мінск, непадалёку ад Маладзечна. Значыць, не памыляўся стары калгаснік, які казаў, што Залессе калісьці належала Агінскаму...

Калі не лічыць паездак у Пецярбург, Вільню і за граніцу, Агінскі пражыў у Залессі каля 20 год. Аднак у мемуарах аб іх гаворыцца вельмі і вельмі скупа. Не сказана нават, дзе быў напісаны паланез «Развітанне з радзімай». І гэта зразумела. Агінскі глядзеў на сваё захапленне музыкай як на дапаўненне да грамадскай дзейнасці і таму пра сваю кампазітарскую творчасць амаль нічога не пісаў.

Дзе ж тады знайсці матэрыялы пра залескі перыяд жыцця Агінскага? Пачаліся новыя пошукі, але яны доўгі час не давалі вынікаў. Давялося зрабіць запытанне ў Нацыянальную бібліятэку ў Варшаву. Неўзабаве адтуль прыйшоў адказ, што гэты перыяд асветлены ў другім томе манаграфіі Часлава Янкоўскага «Ашмянскі павет».

З даследавання Янкоўскага, які ў многім ішоў услед за кнігай Я. Тышкевіча «Вілія і яе берагі», відаць, што, стаўшы гаспадаром Залесся, Агінскі ператварыў яго ў буйны культурны цэнтр. На музычна-літаратурныя вечары сюды з'язджалася дваранская інтэлігенцыя амаль з усёй Беларусі і Літвы. На гэтых вечарах Агінскі звычайна іграў на першай скрыпцы, іспанец Эскундэра — на другой. Віяланчэль браў у рукі былы настаўнік — кампазітар Казлоўскі. Кожны з гасцей знаходзіў занятак па ўласнаму густу. Хто любіў музыку — той слухаў выступленне струннага квартэта або арыі з опер у выкананні італьянскага спевака Паліяні. Хто любіў жывапіс — той разглядаў карціны або альбомы. Аматары палітыкі акружалі спецыяльнага фельд'егера, які курсіраваў паміж Залессем і Пецярбургам, дастаўляючы свежыя навіны. Слава пра Залессе разносілася далёка навокал, і неўзабаве яго сталі называць «паўночнымі Афінамі». Польскі паэт Л. Ходзька напісаў у 1821 годзе паэму «Залессе», у якой праславіў прыгажосць навакольных мясцін і таленавітасць гаспадара. У князёў Агінскіх, успамінае мемуарыстка Г. Пузына, «былі тры прыгожыя дачкі, перапоўнены ж настаўніцамі і чужаземнымі гувернёрамі вясёлы і ажыўлены дом ператвараў цудоўнае Залессе ў зямны рай».

Агінскі карэнным чынам змяніў выгляд Залесся. Побач са старым палацам быў збудаваны новы. Яго ўзвялі па праекту прафесара архітэктуры Міхала Шульца пад кіраўніцтвам віленскага губернскага архітэктара Іосіфа Пусэ. Побач са старым французскім паркам садоўнікі заклалі новы, англійскі. Крыху далей размяшчаліся батанічны сад, звярынец, аранжарэя. Усе дарогі, якія вялі ў Залессе, былі абсаджаны дрэвамі. Паабапал віднеліся маляўнічыя альтанкі і капліцы, пабудаваныя ў антычным стылі. У парку Агінскі загадаў устанавіць помнік свайму былому гувернёру Жану Ралею, а таксама камень у гонар свайго аднадумца Касцюшкі. Аднак гэты камень не звязаны з сустрэчай Агінскага і Касцюшкі, якая, калі верыць аднаму з артыкулаў у беларускім друку, адбылася ў Залессі. На самай справе Касцюшка тут ніколі не быў. Ён назаўсёды пакінуў славянскія землі ў 1796 годзе, Агінскі ж атрымаў Залессе толькі ў 1802 годзе.

Свой дзень Агінскі праводзіў прыкладна так. З раніцы праглядаў газеты, чытаў мастацкую літаратуру, у тым ліку і рускую, дыктаваў сакратару памфлеты і мемуары. Потым звычайна ішоў на шпацыр у бок Віліі. Часта заглядваў у вёскі, пад сялянскія стрэхі, і слухаў там народныя песні. Вярнуўшыся дамоў, пісаў музыку. І нічога дзіўнага, што ў творах, напісаных па класічных канонах, часам пачынала гучаць беларуская народная мелодыя. Юзаф Казлоўскі, які доўгі час выкладаў у Пецярбурзе, пазнаёміў Агінскага са скарбамі рускага меласу. Пад уплывам свайго былога настаўніка Агінскі апрацаваў некалькі рускіх і ўкраінскіх народных песень. Як сведчыць Ч. Янкоўскі, менавіта ў Залессі напісана большасць паланезаў Агінскага, у тым ліку — вядомы ўсім нам ля-мінорны («Развітанне з радзімай»). Сённяшняму слухачу Агінскі вядомы пераважна па адным гэтым творы, адным з многіх, якія ўвайшлі ў два віленскія зборнікі 1817 года, выдадзеныя ў карысць дабрачыннага таварыства.

Агінскаму робіць гонар тое, што ён разабраўся ў сутнасці падзей 1812 года. Нягледзячы на ранейшую дружбу з Напалеонам, у дні Айчыннай вайны кампазітар рашуча стаў на бок рускага народа. Па дарозе з Залесся ў Мінск Агінскі запісаў у дзённіку, што Напалеону ніколі не пакарыць Расію, бо ён не ведае яе «патаемных сіл», не ўлічвае «фатальнай любві маскоўскага народа да сваёй радзімы». Напалеон не мог дараваць Агінскаму такога ўчынку. У Цэнтральным дзяржаўным гістарычным архіве Літоўскай ССР мне ўдалося выявіць успаміны Леанарда Ходзькі, асабістага сакратара кампазітара. У іх прыводзіцца такі факт. Пры адступленні, у ноч з 2 на З снежня 1812 года, Напалеон спыніўся нанач у маладзечанскім замку, дзе тады дажываў свой век дзядзька Агінскага, і пачаў папракаць старога за тое, што яго пляменнік аказаўся «здраднікам», перайшоў на бок рускіх. На гэта стары слушна заўважыў, што французы прыйшлі і цяпер уцякаюць, народ жа застаецца, застаецца Расія, і таму Міхал Клеафас, Агінскі паступіў правільна, як патрыёт, калі ў цяжкую для славянскіх зямель часіну прымкнуў да рускіх сяброў. Раззлаваны імператар ляпнуў дзвярамі, але нічога не пасмеў зрабіць хвораму субяседніку. Вярнуўшыся ў свой пакой, Напалеон дзве гадзіны паліў паперы, а затым заснуў на канапе. Князь Каленкур, які сцярог сон імператара, узяў вугаль і напісаў на каміне па-французску: «Напалеон І». Трэба ж было здарыцца, што праз суткі ў тым жа пакоі і на той жа канапе адпачываў Кутузаў. Убачыўшы надпіс на каміне, ён дабавіў: «et dernier» — «і апошні».

Вядома, як прадстаўнік свайго часу і свайго класа, як сенатар царскага сената, Агінскі часта памыляўся. Ён спачатку пераацэньваў ролю Напалеона, а потым Аляксандра І. Але ў рашаючыя хвіліны ён быў з народам, з рускімі сябрамі. Аб радыкалізме Агінскага сведчыць той факт, што ён часта заступаўся за прыгонных беларускіх сялян. Так, 18 студзеня 1812 года ён накіраваў Аляксандру І спецыяльнае пасланне, у якім звяртаў увагу, што пасля засухі сяляне галадаюць, што ім няма чым сеяць. Такое ж пасланне было адпраўлена ў наступным годзе. У ім выказваецца прапанова, каб для сялян, якіх аграбілі французы, зменшылі падаткі. У сваіх мемуарах Агінскі пісаў: «Агульная беднасць народа ў Літве (г. зн. у Беларусі.— А. М.) выклікала ў мяне пачуццё жалю».

Беларускую зямлю Агінскі пакінуў назаўсёды ў 1822 годзе. У сувязі з гэтым трэба прызнаць фантазіяй сцвярджэнне, якое нядаўна прамільгнула ў беларускім друку, нібы ў Залессі жыве сучаснік Агінскага, нехта Дудка. У дзяцінстве ён быццам бы іграў на скрыпачцы самому кампазітару, той пахваліў яго, пагладзіў па галоўцы, а вось цяпер яго сын пайшоў у першы клас музычнай школы і хораша іграе на баяне гэты самы паланез... Узнікае пытанне: колькі ж год павінна быць таму калгасніку?! Гэта, так сказаць, з галіны кур'ёзаў. Дарэчы, розных кур'ёзаў было поўна і ў жыцці кампазітара. Адзін з выдадзеных за граніцай паланезаў суправаджаўся гравюрай, на якой аўтар... страляў сабе ў скронь. У лонданскіх газетах паведамлялася, што Агінскі загінуў, перапраўляючыся з сям'ёй праз Ла-Манш. Кампазітар весела смяяўся над такімі легендамі, але яны, на жаль, датрывалі да нашага часу.

На самай справе Агінскі, вядома, не канчаў жыцця самагубствам. Ён пражыў за граніцай яшчэ 11 год і памёр 15 кастрычніка 1833 года ў італьянскім горадзе Фларэнцыя, дзе і пахаваны. Другая жонка Агінскага, Марыя дэ Неры — з першай ён развёўся ў 1802 годзе — засталася з дзецьмі ў Залессі. Старадаўні маёнтак паволі прыходзіў у запусценне. Урэшце ў час першай сусветнай вайны ад палаца засталіся адны напаўразбураныя сцены.

У Беларусі ўжо зроблены першыя крокі па ўшанаванню памяці Агінскага. Яго іменем названы смаргонскі ансамбль песні і танца, які з поспехам выступаў на радзіме кампазітара — у народнай Польшчы. Славутаму кампазітару прысвяцілі вершы беларускія, паэты А. Лойка і М. Купрэеў. А чароўны паланез Агінскага «Развітанне з радзімай», які часта выконваецца ў канцэртах, стаў адным з самых любімых твораў беларускіх аматараў музыкі.


СТАНІСЛАЎ МАНЮШКА

У другой палове верасня 1841 года ў Мінск прыехаў новы генерал-губернатар Мірковіч. Урачыстасці працягваліся пяць дзён. Быў арганізаваны канцэрт, у якім на дзіва зладжана выступіў гарадскі хор і аркестр пад кіраўніцтвам Вінцука Стафановіча. 23 і 24 верасня аматары паказалі два спектаклі. Выконваліся аднаактовыя п'есы на рускай мове — «Замкі на льду» і «Так, але інакш»; у заключэнне ішла польская камічная опера «Рэкруцкі набор».

Прозвішчы аўтараў «Рэкруцкага набору» яшчэ амаль нічога не гаварылі прысутным. Словы напісаў нікому не вядомы Вінцук Марцінкевіч, а музыку ў садружнасці з мінскім настаўнікам і скрыпачом Канстанцінам Кржыжаноўскім — Станіслаў Манюшка. Праўда, пра Манюшку ўжо крыху ведалі. Ведалі яго бацьку, Часлава Манюшку, заслужанага асветніка, які сядзеў у партэры тэатра. Чулі, што гэты аматар мастацтваў пасылаў свайго сына, Стася, вучыцца ажно ў Берлін, да славутага прафесара Рунхенгагена, што Стась выдаў там зборнік песень, а цяпер «сачыняе» недзе ў Вільні музыку. Хаця апошняе якраз і не ўкладвалася ў галовах мінскай арыстакратыі (навошта шляхціцу, ды яшчэ з даволі багатай сям'і, такая няпэўная прафесія?!), аднак слухалі оперу ўважліва. І не толькі таму, што дужа смешны сюжэт быў — пра тое, як палахлівага сына Гогама Бенатана хацелі ўзяць у рэкруты, як будучы рэкрут пераапрануўся ў адзенне сваёй сястры, а сястра ўцякла з дому з нейкім салдатам. І не толькі таму, што вельмі добра ігралі выканаўцы галоўных роляў — той жа Марцінкевіч, Мядынскі, Расадоўскі, Валатоўская. Усіх заінтрыгавала, што оперу напісалі мясцовыя аўтары, што іх можна пабачыць, паапладзіраваць ім. І апладысментаў не шкадавалі, быццам прадчуваючы, што адзін з іх, Станіслаў Манюшка, стане гордасцю польскай нацыянальнай музыкі, а другі, Вінцук Дунін-Марцінкевіч,— адным з пачынальнікаў новай беларускай літаратуры.

Опера «Рэкруцкі набор» была адным з першых твораў дваццацідвухгадовага кампазітара і першай спробай пяра значна старэйшага за яго паэта. Праз некалькі дзён, у 41 нумары, газета «Минские губернские ведомости» добразычліва ацаніла і музыку, і ігру самадзейных акцёраў, адзначыўшы, што «найзабаўней іграў сам аўтар — Марцінкевіч». Тут жа быў пераказаны змест оперы. Але сама опера — і партытура, і лібрэта — пасля недзе загінула. Ці то аўтары не надалі ёй сур'ёзнага значэння, ці то цэнзары пахавалі яе ў сваіх сталах... Дарэчы, такі лёс напаткаў не толькі «Рэкруцкі набор». У садружнасці з Дуніным-Марцінкевічам Манюшка напісаў аперэты «Спаборніцтва музыкаў», «Цудоўная вада», урэшце, «Сялянку» (так у Беларусі па традыцыі перакладаюць польскую назву твора «Ідылія»), Але, за выключэннем «Сялянкі», тэкст якой Дунін-Марцінкевіч выдаў у Вільні ў 1846 годзе, да сённяшніх дзён гэтыя аперэты не дайшлі. Лічылася, што ўсе яны знаходзяцца дзесьці ў Варшаве, у паперах Манюшкі...

І вось нядаўна, у час паездкі ў братнюю Польшчу, мне ўдалося знайсці два музычныя ўрыўкі з першых беларускіх аперэт, або камічных опер, як іх называлі тады,— «Рэкруцкага набору» і «Сялянкі».

...У Варшаве, на Закрачымекай вуліцы, стаіць старадаўні будынак. Гэта сядзіба Музычнага таварыства імя Станіслава Манюшкі. Тут, у бібліятэцы, захоўваюцца рукапісы кампазітара, яго пісьмы. Супрацоўнік бібліятэкі Анджэй Спуз прыняў мяне ветліва, але адразу ж расчараваў: не, манюшкаўскіх аперэт на словы Дуніна-Марцінкевіча ў бібліятэцы няма. Ёсць толькі адна арыя з «Рэкруцкага набору» — яе можна да заўтрашняга дня адшукаць. Невядома таксама, дзе знаходзяцца пісьмы Дуніна-Марцінкевіча да Манюшкі. Але можа што-небудзь ведае прафесар Вітальд Рудзінскі, аўтар некалькіх манаграфій пра Манюшку?

Званю на кватэру да прафесара Рудзінскага. Але ён таксама нічога не чуў пра пісьмы Дуніна-Марцінкевіча. Партытуры аперэт (а з імі і тэксты), падказвае прафесар, трэба шукаць у Ленінградзе, сярод нотнай калекцыі вядомага збіральніка графа Юсупава. Польскі гісторык А. Мілер пісаў калісьці, што туды трапілі раннія творы Манюшкі. Адначасова варта пашукаць і сярод рукапісаў Аляксандра Валіцкага ў Нацыянальнай бібліятэцы...

Назаўтра спяшаюся на плошчу Красінскіх, у рукапісны аддзел Нацыянальнай бібліятэкі. Адкрываю шэрыя папкі з паперамі Аляксандра Валіцкага. Вось яго аўтабіяграфічная аповесць «Густаў», дзе выказаны сімпатыі да беларускіх сялян. Вось віншаванні яго дачцэ, Савіцкай-Валіцкай, той самай, у кнігарні якой атрымліваў сваю пошту Янка Лучына. І ўрэшце — знаходка: ліст пажаўцелай нотнай паперы, спісанай дробным машошкаўскім почыркам. Цяжка стрымаць радасць: гэта ж арыя камісара з камічнай оперы «Сялянка»! У арыі адчуваецца пераклічка з беларускімі народнымі песнямі!..

А крыху пазней ветлівыя супрацоўнікі таварыства імя Манюшкі ўручылі мне абяцаную арыю з «Рэкруцкага набору». Нарэшце, думалася мне, я пазнаёмлюся з першым творам Дуніна-Марцінкевіча. Пазнаёмлюся з невядомым дагэтуль тэкстам камічнай оперы, якая першы і апошні раз выконвалася ў Мінску больш стагоддзя таму назад. Праўда, пакуль што тэксту гэтага — усяго два чатырохрадкоўі:

Час зусім нечакана

Знішчыў шчасны мой лёс,

Па радзіме каханай

Я праліў многа слёз.

Пазірае мне ў вочы

Гора чорнаю хмарай,

Плачу ўдзень я і ўночы

Над разбітаю марай...

(Пераклад І. Ралько.)

Чытаючы гэтыя радкі, я міжвольна падумаў, што яны ў многім стасуюцца і да аўтараў аперэты, людзей нялёгкага лёсу, чыё жыццё было прысвечана айчыне, беларускай зямлі. Мы па праву можам ганарыцца не толькі першым беларускім прафесіянальным паэтам Дуніным-Марцінкевічам, але і аўтарам музыкі да яго твораў. Вядома, творчая спадчына Станіслава Манюшкі належыць усім славянскім народам, усяму чалавецтву. Аднак асабліва блізкая яна палякам і беларусам. У сваіх творах Манюшка выразіў нацыянальны дух польскага народа. У гісторыі польскай музыкі ён заняў такое ж месца, як Глінка — у рускай, Сметана — у чэшскай. Адначасова з гэтым нам радасна, што Манюшка нарадзіўся на беларускай зямлі, чэрпаў натхненне з беларускага фальклору, апрацоўваў беларускія народныя песні. І таму музычная спадчына выдатнага кампазітара ўваходзіць у скарбніцу і беларускага народа.

Сям'я Манюшкаў мае вялікія заслугі ў культурным развіцці Беларусі. Адсюль выйшлі многія вучоныя-асветнікі. Адзін дзядзька кампазітара, Дамінік, арганізаваў у Смілавічах, ля Мінска, бясплатную школу для местачковай беднаты, вучыў там дзяцей рамяству, аддаў прыгонным сваю зямлю, увёў незалежны суд з удзелам сялян. Царскія ўлады скоса глядзелі на такія пачынанні і неўзабаве закрылі і школу, і суд. І Другі дзядзька, Казімір, закончыўшы Віленскі універсітэт, займаўся батанікай, выводзіў новыя гатункі раслін, чым звярнуў на сябе ўвагу прафесара Андрэя Снядэцкага, які прыязджаў да яго ў Смілавічы. Трэці, Юзаф, любіў па святах ставіць у гумне аматарскія спектаклі. Пасля іх вясковая моладзь танцавала «Лявоніху» ці «Мяцеліцу». Бацька кампазітара таксама быў перадавым чалавекам свайго часу — даволі здольным мастаком і паэтам. Непадалёку ад Мінска, ля Смілавіч, ён атрымаў у спадчыну фальварак Убель. 5 мая 1819 года тут, у сціплым драўляным доміку ля ціхай рэчкі Волма, нарадзіўся хлопчык, якому праз некалькі дзён на сямейнай урачыстасці далі імя Станіслаў-Ян-Эдвард-Казімір.

Дзяцінства будучага кампазітара прайшло на ўлонні беларускай прыроды, сярод беларускіх сялян. Вечарамі хлопчык хадзіў у вёску і прагна слухаў песні, якія спявалі, вяртаючыся з поля, дзяўчаты. Гэтыя мелодыі, вядома, адрозніваліся ад тых, якія іграла на фартэпіяна маці, Альжбета Манюшка. Былі прасцей і будзённей. Але хлопчыка вабіла іх своеасаблівая гармонія, задушэўнасць. Стась хутка запамінаў сялянскія песні, і яны, як піша польскі музыказнаўца Уладзіслаў Фабры, сталі тым зернем, з якога пазней вырасла «Галька».

А якая радасць ахоплівала Стася, калі бацькі, едучы на некалькі дзён у Смілавічы, у госці да дзядзькі, бралі яго. з сабой! Дзядзька жыў у палацы, які раней належаў Міхалу Агінскаму. Хлопчыка асабліва вабіў старадаўні гадзіннік. Казалі, што гэты гадзіннік, заведзены невядомай рукой, у поўнач адзвоньвае дзівосную мелодыю. Стасю вельмі хацелася пачуць яе. Аднойчы, калі ўсе заснулі, ён устаў з ложка, крадком прабраўся да гадзінніка і сціх у чаканні. І раптам Стасю здалося, што пакой напаўняецца таямнічымі гукамі. У начной цішы чуўся сярэбраны бой. Аднекуль разам з месячным святлом плыў казачны перазвон курантаў. Той самы перазвон, які многа год пазней загучаў у паланезе з трэцяга акта оперы «Страшны двор»...

Хлопчык рос. Каб даць яму адукацыю, з верасня 1830 года Манюшкі пасяліліся ў Мінску — спачатку ў драўляным доме Клімавіча на рагу вуліц Валоцкай і Дамініканскай, а потым у камяніцы Паляковай на Высокім рынку. Стась паступіў у мясцовую гімназію, стаў вучыцца музыцы ў Дамініка Стафановіча, брата вядомага ўжо нам дырыжора тэатральнага аркестра. У доме на Высокім рынку збіралася мінская інтэлігенцыя. Прыходзіў стары музыкант і масон Пётр Карафа-Корбут. Наведваліся мастакі Валянцін Ваньковіч і Ян Дамель. Асяроддзе, у якім фарміраваўся талент Манюшкі, было багатым культурнымі традыцыямі. Аднак востра адчуваўся прыгнёт рэакцыі. Пасля паражэння лістападаўскага паўстання 1831 года бацьку будучага кампазітара звольнілі са службы. «На некалькі наступных год ціхі домік Манюшкаў у Мінску пакрыла цень лістападаўскай ночы»,— піша ў сваёй манаграфіі прафесар Рудзінскі. Вясной 1835 года Стась быў вымушаны пакінуць гімназію. Вучыцца прыйшлося спачатку ў суседняй Вільні, затым у Берліне.

Закончыўшы ў 1840 годзе вучобу, Манюшка вярнуўся ў Вільню і ажаніўся з Аляксандрай Мюлер. Малады кампазітар зарабляў сабе на хлеб прыватнымі ўрокамі, а па нядзелях іграў у касцёле святога Яна на вялікім аргане, перавезеным сюды з Полацка. Выкраіўшы ж свабодную хвіліну, браўся за пяро і пісаў аперэты, кантаты, рамансы. Адну з аперэт, «Латарэю», у 1843 годзе з поспехам паставіла ў Мінску вандроўная трупа немца Шмідткопфа. Яна прывезла сюды для прэм'еры таксама чатырохактовую драму Анісе «Каспер Хаўзер». Музыку да драмы напісаў Манюшка. 16 лістапада 1843 года кампазітар паведамляў сям'і, што «Латарэя» мінчанам спадабалася. Варта адзначыць, што ў 1843 годзе ў Мінску Станіслаў Манюшка выдаў два сшыткі эцюдаў для фартэпіяна.

У пачатку 40-х гадоў завязалася дружба Манюшкі з Дуніным-Марцінкевічам. У выніку на свет з'явіліся чатыры названыя ўжо камічныя оперы. У 1843 годзе Манюшка пісаў жонцы пра адну з іх, «Цудоўную саду»: «...Першы акт ужо цалкам гатовы, а і другі, амаль увесь у чарнавіку, засталося толькі інструментаваць». Найбольшым поспехам, акрамя «Рэкруцкага набору», карысталася двухактовая «Сялянка», у якой сяляне гаварылі па-беларуску, а паны — па-польску. «Сялянка», відаць, была напісана ў 1844 годзе. Ва ўсякім выпадку, 23 мая 1844 года Альжбета Манюшка паведамляла жонцы кампазітара: «Марцінкевіч мяркуе ехаць сам і забраць (у Мінск.— А. М.) Стася — і яго цяжка пераканаць у іншым, бо ён абавязкова хоча паставіць сваю оперу на сёлетнім з'ездзе шляхты».

Аднак па невядомых нам прычынах першая пастаноўка «Сялянкі» адбылася толькі 9 лютага 1852 года. Сябры Дуніна-Марцінкевіча з энтузіязмам дапамагалі яму: Адам Шэмеш намаляваў дэкарацыі, у губернскай друкарні надрукавалі афішы. Для ўдзелу ў оперы пісьменнік прывёз сялянскі хор са свайго маентка Люцынка, а сам выступіў у ролі войта Навума. У дзень спектакля тэатральная зала ў доме Паляка, які, па сведчанню Рулікоўскага, згарэў у 1889 годзе, была перапоўнена. Са сцэны гучала музыка, заснаваная на беларускіх народных мелодыях. У оперы гаворка ішла не толькі пра каханне Юліі да паніча Лятальскага, не толькі высмейваліся касмапаліты, якія адракаліся ад роднай зямлі. Вуснамі Навума Прыгаворкі і іншых сялян паэт скардзіўся на цяжкі прыгнёт. Вось чаму опера не спадабалася ўладам і была забаронена. Праўда, яе ўсё ж удалося паставіць у Бабруйску, Віцебску, Нясвіжы, Слуцку і, здаецца, нават у Глуску.

Жывучы ў Вільні, Манюшка часта прыязджаў у Мінск, каб пагасцяваць у свайго беларускага сябра, пабачыць бацьку і сваякоў, якія к таму часу жылі ў Радкаўшчыне, ля Смілавіч. Па дарозе кампазітар любіў спыняцца ля вясковай карчмы і слухаць, як спяваюць беларускія сяляне, глядзець, як яны весяляцца. Аўгуст Іванскі, вучань Манюшкі, успамінае, што ў ліпені 1855 года ён паехаў са сваім настаўнікам у Мінск. «Затрымаліся мы,— піша Іванскі,— у .мястэчку Смаргонь. Я сядзеў на брычцы. Раптам Манюшка паклікаў мяне ў карчму, каб я — першы раз у жыцці — пабачыў беларускі танец, які зваўся «Мяцеліцай»... У карчмах і на плытах, плывучы па Віліі і Нёману, Манюшка знаёміўся з народнымі легендамі і песнямі, якія затым надавалі афарбоўку яго творам».

Часамі фальклорныя матэрыялы перасылаў кампазітару яго бацька. Так, у пісьме ад 26 лютага 1850 года знаходзім апісанне беларускага народнага танца «Мяцеліца» і песню, якой ён суправаджаўся,— «Сем дзён малаціла, шух, шах зарабіла...»

Заваяваўшы ўсеагульнае прызнанне, Манюшка па-ранейшаму сябраваў з Дуніным-Марцінкевічам. У 1855 годзе кампазітар адправіў з Мінска пісьмо вядомаму варшаўскаму крытыку Ю. Сікорскаму, рэкамендуючы яго ўвазе мінскіх кнігавыдаўцоў братоў Бейліных. Унізе ёсць і прыпіска Дуніна-Марцінкевіча: «Прысутнічаючы пры пісанні гэтага ліста, я хадайнічаю за маіх пратэктараў, г. зн. выдаўцоў маёй пісаніны. Бо я на старасць стаў песняром беларускага народа».

Асабліва памятным быў для Манюшкі прыезд у Мінск у кастрычніку 1856 года, калі тут праводзіліся шляхецкія выбары. На ўрачыстым вечары Дунін-Марцінкевіч прывітаў дарагога госця наступнымі радкамі:

А трэці дудар меж намі ўзрос, ён нам братка.

Яму Мінская зямелька родненькая матка!..

Трэці дудар як загудзе песенькі радненькі,

Бяды дый гора забудзеш, станеш весяленькі!

А так думкі прыуныўны соладка спявае,

Што за сэрца, баш кляшчамі, дзетачкі, хватае!

Адам Плуг, які прысутнічаў на вечары і пераклаў працытаваны вышэй «Верш Навума Прыгаворкі» на польскую мову, пад старасць, у 1896 годзе, падрабязна апісаў гэту сустрэчу ў артыкуле «Манюшка ў Мінску». Артыкул варты таго, каб працытаваць з яго некалькі абзацаў.

«Старыя гэта часы!— успамінае Плуг.— Бясспрэчна, сярод сённяшняга пакалення мала знойдзецца такіх, якія штосьці ведаюць пра Марцінкевіча. І таму варта яму прысвяціць тут некалькі слоў.

У тую эпоху ён быў вельмі дзейсны на пісьменніцкай ніве, выдаючы пад псеўданімам Навум Прыгаворка розныя вершаваныя і празаічныя творы на беларускай гаворцы («Сялянка», «Вечарніцы», «Гапон», «Цікавішся?— Прачытай!», «Дудар»); раней жа заваяваў папулярнасць, даючы канцэрты са сваімі вундэркіндамі, сыпам і дачкой. У 1856 годзе ён стала жыў у Мінску, дзе яго дачка Каміла, гэты ранейшы вундэркінд, была вельмі здольнай піяністкай і лепшай настаўніцай.

На ўрачысты банкет, апрача Манюшкі і Концкага, былі запрошаны з мастацка-літаратурнага асяроддзя: аўтар «Нашых песень» доктар Адам Пянкевіч, які выдаў выбраныя вершы польскіх пісьменнікаў...; аўтар вядомага ў свой час «Новага гістарычнага метаду» Антон Язвінскі; мастак, вучань Рустэма, Адам Шэмеш; карэспандэнт варшаўскіх газет, белетрыст Юльян Гарайн; Адам Герман, Трэстэр, піяніст і кампазітар; удзельнік мастацкага падарожжа Концкага і яго акампаніятар Людвік Навіцкі і, урэшце, малады скрыпач, вучань Концкага, Уладзіслаў Барташэвіч.

Натуральна, што, апрача артыстаў і літаратараў, прысутнічалі таксама многія з мінчан, як мужчыны, так і жанчыны. Ушанаванне ж заключалася ў тым, што гаспадар, які выступіў у суправаджэнні трох дзяўчат, прыбраных па-вясковаму, з вянкамі і букетамі ў руках, выказаў павагу да Манюшкі і Концкага вершам, напісаным на беларускай гаворцы. Верш пачынаўся ад слоў, якія вельмі дакладна трапілі ў тон народнай песні».

Затым дзяўчаты ўсклалі Манюшку і Концкаму на галовы вянкі, уручылі ім букеты. Пянкевіч ушанаваў кожнага з гасцей уласным вершам. Гутарка зацягнулася да поўначы. Усе з захапленнем слухалі Манюшку, які расказваў пра сваю оперу «Галька» і нават сыграў некалькі ўрыўкаў.

...Тую ролю, якую Манюшка адыграў у развіцці польскай музыкі, без перабольшання можна параўнаць з роллю Міцкевіча ў польскай паэзіі. Абодва яны змагаліся за народнасць мастацтва, абодва яны патрабавалі, каб яно было праўдзівым, выражала вялікія нацыянальна-вызваленчыя ідэі, абодва звярталіся да фальклорных багаццяў беларускага народа. Да Манюшкі выконваліся пераважна творы заходніх кампазітараў. Французскія песні гучалі ў маёнтках. Італьянскія оперы ставіліся ў тэатрах. Усё айчыннае было ў пагардзе і занядбанні. Праўда, мазуркі і паланезы Шапэна ўжо іграла ўся Еўропа. Ужо спрабавалі стварыць нацыянальны рэпертуар Эльснер, Стэфані, Курпіньскі. Аднак справіцца з гэтай задачай змог толькі Манюшка, ён браў у народа фальклорныя скарбы і вяртаў іх народу ў апрацаваным выглядзе. Вось характэрны прыклад. Аднойчы Манюшка звярнуўся да Яна Чачота з просьбай прыслаць вершаваныя тэксты. 22 снежня 1844 года Чачот накіраваў у адказ свае пераклады беларускіх народных песень. Некаторыя з іх кампазітар помніў яшчэ з дзяцінства, і таму музыка пісалася хутка і лёгка. У выніку з'явіўся цыкл «Песні прынёманскіх вёсак», уключаны затым па частках у вядомыя «Хатнія спеўнікі». Сярод дзевятнаццаці твораў на запісы Чачота асабліва вызначаюцца «Кум і кума», «Папрадуха». Апрацоўваючы беларускую народную мелодыю, Манюшка дабіўся ў «Папрадусе» незвычайнай вобразнасці. Слухаеш акампанемент — і, здаецца, чуеш, як у сялянскай хаце вуркоча калаўрот, бачыш, як папрадуха выцягвае з кудзелі доўгую-доўгую нітку...

Аднак самым каштоўным творчым здабыткам Манюшкі з'яўляюцца яго оперы. Сярод іх найбольшую папулярнасць заваявала «Галька», лібрэта да якой напісаў дваццацідвухгадовы варшаўскі паэт Уладзімеж Вольскі. 1 студзеня 1848 года оперу выканалі віленскія аматары. Хутка кампазітар паслаў партытуру ў Варшаву. Але «Галька» не спадабалася цэнзуры: хаця сацыяльны канфлікт у оперы быў падменены маральным, асабістым канфліктам ашуканай горскай дзяўчыны Галькі і паніча,— у творы адкрыта гучаў пратэст супраць прыгнёту. На пыльных паліцах варшаўскай тэатральнай бібліятэкі опера праляжала доўгіх дзесяць год.

Услед за «Галькай» Манюшка прыступіў да стварэння сваёй агульнавядомай «Байкі». Гэта быў невялікі сімфанічны твор, названы аўтарам «фантастычнай уверцюрай». У развіцці польскага сімфанізму «Байка» мела такое ж значэнне, як глінкаўская «Камарынская» ў развіцці рускага. Уверцюра вызначаецца глыбокай народнасцю, нацыянальнай самабытнасцю. Па свайму стылю яна падобна да «гавэнды», гутаркі, вельмі пашыранай у той час у польскай і беларускай літаратурах. Здаецца, быццам апавядальнік рассаджвае слухачоў, настройвае іх на ўзнёслы лад — і пачынае дзіўную казку пра даўно мінулыя дні.

Урэшце настала выпеставаная ў марах часіна. У першы вечар новага 1858 года варшаўскі оперны тэатр быў перапоўнены. Заняты ўсе крэслы ў партэры, трашчыць галёрка. Публіку прывабіла польскае імя на афішах. Не французскае, не італьянскае, а польскае — «Галька». Пасля уверцюры загрымелі апладысменты. Усе разумелі: нараджаецца свая, нацыянальная, опера. Яна ўжо існуе, жыве. Яна адпавядае таму нацыянальна-патрыятычнаму ўздыму, які панаваў у Польшчы напярэдадні паўстання 1863 года... Назаўтра «Гальку» паўтарылі. А там пайшоў трэці, пяты, дваццаты спектакль. Каля 1860 года оперу паставілі ў Гродне. Пра Манюшку загаварылі. Стаўшы дырыжорам Вялікага тэатра ў Варшаве, кампазітар пісаў адну оперу за другой — «Плытагона», «Графіню», «Вербум нобіле», стварыў на тэкст міцкевічаўскіх «Дзядоў» кантату «Прывіды», прасякнутую духам беларускай народнай музыкі. І ўрэшце, 28 верасня 1865 года ў сценах Вялікага тэатра ўпершыню прагучаў «Страшны двор» — вяршыня опернай творчасці Манюшкі.

«Страшны двор» убачыў свет у цяжкі для Польшчы час. Толькі што падаўлена паўстанне 1863 года. Тысячы патрыётаў сасланы ў Сібір, павешаны, расстраляны. Краіна апранулася ў жалобу. І раптам — опера. Не змрочная, не трагічная, а лірычная, жартаўлівая. Пра тое, як два браты, Стэфан і Збігнеў, далі слова ніколі не жаніцца, каб цалкам аддаць сваё жыццё айчыне, а потым не стрымалі абяцанне і закахаліся ў дзвюх сясцёр — Ганну і Ядвігу. Ці не будзе гэта блюзнерствам? Ці не насмяяўся аўтар над пачуццямі сваіх суайчыннікаў? Насцярожана сачылі слухачы за падзеямі ў першым акце. Але вось Стэфан пачаў сваю прачулую арыю, у якой аплакваў смерць роднай маці. І ўсе прысутныя зразумелі: герой аплаквае сваю шматпакутную маці-радзіму; кампазітар выказвае тое, што набалела на сэрцы ўсяго народа. Паміж залай і сцэнай устанавілася поўнае разуменне. Энтузіязм публікі ўзрастаў ад арыі да арыі, ад сцэны да сцэны. Урэшце раздаліся гукі мазуркі, вогненнай і велічнай. О не, не загінуў і ніколі не загіне народ, які здольны так танцаваць, які стварае такую музыку! Патрыятычны падтэкст «Страшнага двара» зразумелі не толькі слухачы. Царская цэнзура таксама зрабіла адпаведныя вывады і пасля другога спектакля забараніла оперу.

Загрузка...