У канцы 50-х і пачатку 60-х гадоў, калі Манюшка ўжо жыў у Варшаве, ён па-ранейшаму амаль кожны год па дарозе ў Радкаўшчыну, дзе жыў яго бацька, наведваўся ў Мінск. У адну з паездак, у 1861 годзе, ён пабываў у Каралішчавічах, ля Мінска, і з захапленнем пісаў пра мясцовы арган, зроблены мінскім умельцам Бяляўскім. Мінчане часта ўспаміналі пра свайго земляка. Так, Аляксандр Валіцкі пісаў у 1858 годзе, што Манюшка і Міладоўскі «былі да гэтага ў Літве як дзве пальмы на вялізнай пустыні, пад ценем якіх магла знайсці прытулак музыка, бо навокал бясплодныя пяскі. Цяпер Манюшка пакінуў нас...»

У сваіх пісьмах кампазітар часта ўспамінаў пра Мінск, пра Дуніна-Марцінкевіча. Аднойчы ён паведамляў жонцы, што нейкі багаты «жартаўнік» рашыў адпомсціць пісьменніку за прайграны ў судзе працэс і, ад'язджаючы, заказаў «пахавальны звон за спакой душы Марцінкевіча, а ў касцёле купіў саван і пахавальныя падсвечнікі і ўсю гэту пакупку паслаў яму на дом. Пачынаюць званіць у званы — ты ведаеш, што мінскія званы не любяць жартаваць і што гарадскім разявам толькі таго і трэба! І вось кожны пытае: па кім звоняць? Жабракі адказваюць, што памёр... Марцінкевіч, які жыў за губернатарскім садам. Вестка хутка распаўсюджваецца па ўсім горадзе. І трэба ж было здарыцца такой бядзе, што сам Марцінкевіч сустрэў людзей, якія неслі саван і падсвечнікі, і спытаў іх: — Каму нясуць? — Марцінавічу.— Якому?..— Скандал, вэрхал, паліцыя шукае віноўніка свавольства. Па ўсім горадзе шукаюць жартаўніка, а яго даўно і след прастыў». «Такія анекдоцікі,— іранізуе Манюшка,— уносяць разнастайнасць у жыццё гарадскога мяшчанства. Яны і цікавыя, і карысныя. Напэўна, Жулкоўскі (вядомы польскі камедыйны акцёр.— А. М.) быў родам з гэтага горада. А што датычыцца Вальтэра, то няма чаго і сумнявацца, што ён мінчанін. Не ведаю, чаму Мальер лічыў сябе французам, калі ў Мінску ледзь не паказваюць вуліцу, дзе ён нарадзіўся...»

Працаваць пад цэнзурным прыгнётам рабілася ўсё цяжэй і цяжэй. Апошнія оперы, «Парый» і «Бэата», адарваныя ад славянскай глебы, не прынеслі задавальнення. Знясілены штодзённымі матэрыяльнымі клопатамі, засмучаны атрыманай з Міншчыны весткай аб смерці бацькі, усхваляваны непаразуменнямі з дырэктарам кансерваторыі Концкім, Манюшка захварэў. 4 чэрвеня 1872 года, вяртаючыся з горада, ён упаў на лесвіцы свайго дома — адмовіла сэрца.

Сонечным чэрвеньскім днём Варшава праводзіла стваральніка польскай нацыянальнай оперы ў апошні шлях. Ад Кракаўскага прадмесця да Павонзкаўскіх могілак пахавальны картэж суправаджала восемдзесят, а то і сто тысяч варшавян. За труной ішлі артысты і рамеснікі, вучоныя і сяляне, пісьменнікі і рабочыя — увесь цвет польскай нацыі. Перад будынкам опернага тэатра, у якім убачылі свет амаль усе творы нябожчыка, працэсія спынілася. На ўзвышэнні заняў месца сімфанічны аркестр. Дырыжор узмахнуў палачкай — і загучала манюшкаўская музыка да «Галькі». Заплакалі скрыпкі над лёсам простай сялянскай дзяўчыны, якая стала ахвярай разбэшчанага паніча і скончыла жыццё самагубствам. Але ў музыцы чуўся не толькі боль за народнае гора. Як праменьчык светла скрозь начную цемру, праз тугу і трывогу прабівалася вера ў сілы народа. Вера ў тое, што ён мае права на шчасце і здабудзе яго.

Прагучала уверцюра — і картэж крануўся далей, на могілкі. І вось ужо аб драўлянае века труны глуха застукалі грудкі зямлі, узвіўся ўвысь жалобны рэквіем. Над магілай узрастала гара пышных вянкоў. А побач невядомая рука паклала сціплы букет першых васількоў. Відаць, іх прывезлі здалёку, бо кветкі прывялі. На чорнай стужцы — надпіс: «Станіславу Манюшку, сыну беларускай зямлі. Сіратой плача яна над гэтай труною». «Памёр геній, які заваёўваў розум і сэрцы»,— пісаў у жалобным некралогу Вінцэсь Каратынскі.

Манюшка памёр са спакойным сумленнем чалавека, які аддаў сябе высакароднай справе. Ён стварыў многа— 7 опер, 5 аперэт, 3 балеты, безліч інструментальных і вакальных твораў, апрацаваў 6 паланезаў Агінскага. Напісаў чатыры творы на словы Дуніна-Марцінкевіча і тым самым, па сутнасці, паклаў пачатак беларускай оперы. Ды мог стварыць больш. Засталіся недапісанымі оперы, няздзейсненымі задумы. Смерць перапыніла жыццё кампазітара ў росквіце сіл. Не стала вялікага мастака, вялікага патрыёта. Аднак засталіся жыць яго творы. З кожным годам яны заваёўвалі ўсё большае кола слухачоў, прыносілі радасць усё новым і новым пакаленням.

Асаблівую папулярнасць заваявала музыка Манюшкі ў Расіі. Яго «Галька» ставілася ў Пецярбурзе, Маскве, Кіеве. У ролі Стольніка ў ёй дэбютаваў як оперны спявак Фёдар Шаляпін. Ведаюць Манюшку і ў Савецкай Беларусі. На беларускую мову лібрэта «Галькі» пераклаў Янка Купала. Оперу рыхтавалі да пастаноўкі ў Мінску яшчэ ў 1919 годзе.

У дні Другога сусветнага кангрэсу прыхільнікаў міру ў Варшаве польскія сябры падарылі Ларысе Пампееўне Александроўскай партытуру оперы «Страшны двор». Неўзабаве гэты твор ў перакладзе М. Танка загучаў на беларускай мове са сцэны нашага опернага тэатра. На радзіме кампазітара ўстаноўлены абеліск, на якім на польскай і беларускай мовах высечана: «Тут, у фальварку Убель, 5 мая 1819 года нарадзіўся вялікі польскі кампазітар Станіслаў Манюшка». І ноты — некалькі тактаў арыі Ёнтэка з оперы «Галька». Вучні мясцовай Валмянскай школы стварылі ў сябе куток Манюшкі. Беларусь, якая нарадзіла і ўзгадавала вялікага кампазітара, цяпер ведае яго творчасць і па праву можа, як і польскі народ, лічыць яго адным з лепшых сваіх сыноў.

З 4 па 12 мая 1969 года ў БССР з поспехам прайшоў музычны фестываль, прысвечаны 150-годдзю з дня нараджэння Манюшкі. Ушанаваць памяць нашага земляка ў Мінск прыехалі польскія кампазітары і выканаўцы.

...Вярнуўшыся з Польшчы, я працягваў пошукі манюшкаўскіх аперэт на словы Дуніна-Марцінкевіча. У Ленінградзе, у публічнай бібліятэцы імя Салтыкова-Шчадрына, захавалася калекцыя князя Юсупава, аб якой прыгадваў прафесар Рудзінскі. Але ў картатэцы — амаль адны італьянскія творы. Бачна, князь пагарджаў усім славянскім... І тады з'явілася думка: а можа аперэты так і засталіся на Міншчыне? Ва ўсякім выпадку, пошукі трэба працягваць. І не ў адзіночку, а аб'яднанымі сіламі літаратараў, гісторыкаў, музыказнаўцаў, краязнаўцаў. Карпатлівая праца можа акупіцца знаходкамі. Аб гэтым сведчыць хаця б тое, што, як паведаміў нядаўна Мар'ян Фукс, польскі даследчык Уладзімеж Пожняк адшукаў у Вільні партытуру «Рэкруцкага набору». Трэба спадзявацца, што ў творчасці нашага выдатнага земляка будзе адкрыта яшчэ не адна новая старонка.


АНТОН АБРАМОВІЧ

Цікавасць да беларускага народнага меласу, якая нарадзілася ў самым пачатку XIX стагоддзя, асабліва ўзмацнілася ў 40-я гады, калі выйшлі зборнікі Я. Чачота і «Беларусь» А. Рыпінскага (Парыж, 1840). Даследчыкі аднагалосна прызнавалі, што беларускія народныя песні маюць высокую мастацкую вартасць. «У іх натуральных тонах,— пісаў Рыпінскі,— ёсць нейкая невыказная прывабнасць, чароўная сіла, якая ўзнімае сэрцы і захапляе, здзіўляе самой нават прастатой». Аўтар «Беларусі» прасіў кампазітара А. Савінскага, каб той запісваў па памяці беларускія песні і папулярызаваў іх у Парыжы, асабліва сярод эмігрантаў.

Ахвотна збіралі беларускія песні таксама аўтары, якія групаваліся вакол пецярбургскага гуртка Я. Баршчэўскага і польскага часопіса «Рубон». На старонках «Рубона» апублікавалі свае запісы і заўвагі аб беларускай народнай паэзіі Вінцук Рэут і Ігнат Храпавіцкі. Цікавіўся беларускім фальклорам польскі альманах «Рочнік літэрацкі» Р. Падбярэскага. У першым яго томе змешчаны чатыры беларускія песні, пакладзеныя на музыку або апрацаваныя Антонам Абрамовічам,— дзве народныя «Зязюлька» і «Дуда») і дзве на словы Я. Баршчэўскага («Гарэліца» і «Дзеванька»). Да трэцяга тома альманаха прыкладзены інструментальны твор таго ж Абрамовіча — музычная паэма для фартэпіяна «Беларускае вяселле».

Хто ж такі Антон Абрамовіч? Біяграфічныя звесткі аб ім амаль не захаваліся. «Слоўнік старажытных і сучасных польскіх музыкаў» (Парыж, 1874) абмяжоўваецца толькі адным агульным радком: «Кампазітар і піяніст, жыў у Пецярбурзе». У першым томе «Слоўніка польскіх музыкаў», выдадзеным у Варшаве ў 1964 годзе, таксама не ўказаны ні гады жыцця Абрамовіча, ні месца яго нараджэння (ёсць ускосныя звесткі, што кампазітар паходзіў з Варнян цяперашняга Астравецкага раёна, іншыя ж крыніцы глуха намякаюць на Віцебшчыну).

Крыху святла на жыццё і творчасць аднаго з першых беларускіх кампазітараў пралівае артыкул Р(амуальда) П(адбярэскага) «П. Антон Абрамовіч, музыка», апублікаваны ў трэцім томе альманаха «Рочнік літэрацкі». Тут жа ёсць і партрэт кампазітара: прывабны адкрыты твар, летуценны позірк, модныя тады бакенбарды...

Антон Абрамовіч, піша Р. Падбярэскі, «прабывае ў Пецярбурзе ўжо больш дзесяці год; ён вядомы публіцы сваімі музычнымі кампазіцыямі, а многім сем'ям — пільнай і грунтоўнай методыкай выкладання фартэпіяннай ігры». Сваю практыку педагог збіраўся абагульніць у падручніку «Школа для фартэпіяна». 10 сакавіка 1846 года пецярбургская публіка цёпла прыняла канцэртнае выкананне кампазіцыі Абрамовіча на тэму рускай народнай песні «Ты не паверыш, як мне ты люба».

Гаворачы аб «Беларускім вяселлі» і песнях на словы Баршчэўскага, Падбярэскі зазначае, што яны ўзніклі ў выніку зацікаўленасці «музыкай роднай старонкі». Абрамовіч «рашыў сабраць матывы народных песень і зрабіць з іх нешта цэласнае, накшталт музычнай паэмы». Праўда, працягвае Падбярэскі, «народныя мелодыі яшчэ выклікаюць двухсэнсавую ўсмешку салоннага дылетанта, прызвычаенага да італьянскіх арый». Але сапраўдная музыка павінна быць народнай: «Хіба «Вольны стралок» не патыхае паэзіяй дзікіх брэтанскіх лясоў? Хіба не гучаць у «Вільгельме Тэлю» свабодалюбівыя песні швейцарскіх гор?»

«Зусім натуральна,— піша ў заключэнне Падбярэскі,— што геній цэлага народа можа стварыць куды больш мелодый, чым геній паасобнага чалавека». Сапраўдным творцам, натхнёным музыкай з'яўляецца просты беларускі селянін. «І таму клапатлівае збіранне народных матываў з'яўляецца найвялікшай заслугай нашага кампазітара, з'яўляецца менавіта тым бокам яго дзейнасці, да якога (з радасцю для нас) павінны быць накіраваны ўсе яго намаганні, бо менавіта тут знаходзіцца шлях, які запэўніць яму выключную славу і ганаровае месца паміж кампазітарамі».

Музычная паэма «Беларускае вяселле» цалкам заснавана на беларускіх народных мелодыях. Яна складаецца з васьмі частак. Ва «Уступе» чуваць ціхія гукі дуды. Яны ўзмацняюцца, набліжаюцца, нібы прадвяшчаючы прыезд сватоў. Вось ужо тупочуць конскія капыты, грукочуць колы, бомкаюць званочкі пад дугой... Пачынаецца «Сватанне». Свае лірычныя пачуцці выказваюць Князь і Княгіня. Няўпэўненая ў сваім лёсе, горка плача, галосіць маладая. Яна склікае сябровак на «Дзявочы вечар». Раздаецца чуллівая песня, якой нявеста развітваецца з бацькоўскім домам. Наступныя часткі — «Прыезд у царкву», велічальны «Хор у царкве», «Бласлаўленне». Завяршаецца паэма бестурботна вясёлай «Кругавой». Усе ідуць у скокі. Усе радуюцца шчасцю маладых.

Некалькі інструментальных твораў Абрамовіча — «Фантазія для фартэпіяна», вальсы, мазуркі — уключаны ў «Музычны альбом», выдадзены Луцыяй Рыпінскай у Пецярбурзе ў 1852 годзе. Друкаваўся кампазітар і ў віленскім альманаху «Паментнік Науково-Літэрацкі».

Але, пэўна, гэта — толькі частка з напісанага здольным кампазітарам, творчасць якога, па сутнасці, кладзе пачатак беларускай музыцы ў поўным сэнсе гэтага слова.


НА ДАЛЁКІХ МЕРЫДЫЯНАХ

Так ужо склаўся лёс Беларусі, што ў мінулым стагоддзі многія яе лепшыя сыны не маглі працаваць на карысць сваёй айчыне і свайму народу. Члены тайных згуртаванняў філаматаў і філарэтаў, удзельнікі змовы Канарскага, паплечнікі братоў Далеўскіх, паўстанцы 1831 і 1863 гадоў, урэшце, першыя народнікі і першыя марксісты, яны пад прымусам пакідалі беларускую зямлю, ішлі на катаргу, у ссылку, у салдатчыну, эмігрантамі прабіраліся за граніцу.

Але і на далёкіх мерыдыянах, у сібірскай тайзе або дзікіх лясах Паўднёвай Амерыкі, нашы землякі не сядзелі склаўшы ў бяздзейнасці рукі. Яны памнажалі славу сваёй радзімы, адкрываючы і даследуючы чужыя кантыненты. Верныя свабодалюбівым, гуманістычным традыцыям свайго шматпакутнага народа, яны неслі свабоду іншым народам і іншым краінам. Беларусы былі заступнікамі і абаронцамі бурацкіх і казахскіх плямён, амаль дзікіх амерыканскіх індзейцаў. Беларусаў глыбока кранала гора негрыцянскага раба і знясіленага якута. Пазбаўленыя магчымасці працаваць непасрэдна для суайчыннікаў, яны працавалі для чалавецтва.

Аб слаўных сынах беларускай зямлі — адважных падарожніках, неўтаймаваных вучоных і здольных літаратарах — пойдзе гаворка ніжэй.


ІГНАТ ДАМЕЙКА

Вазьміце атлас і прыгледзьцеся да карты паўднёваамерыканскай краіны Чылі. Бачыце: ля Ціхага акіяна, там, дзе да яго падступаюць магутныя вяршыні Андаў, знаходзіцца горад Дамейка. А крыху паўночней — горны хрыбет, які носіць тое ж імя. Геолагі могуць назваць мінерал дамейкіт, батанікі — фіялку дамейкіяну, заолагі — малюска науцілус дамейкус. Аднак мала хто ведае, што ўсё гэта: і горад у далёкай краіне, і горны ланцуг, і кветка, і мінерал, і жывёліна — названа так у гонар нашага земляка, выдатнага рэвалюцыянера, вучонага і падарожніка Ігната Дамейкі. Сын беларускай зямлі, ён увайшоў у сусветную навуку, пакінуў прыкметны след у самых розных галінах чалавечых ведаў: мінералогіі і фізіцы, хіміі і металургіі, геаграфіі і батаніцы, геалогіі і педагогіцы, этнаграфіі і заалогіі. За свой доўгі жыццёвы шлях ён адкрыў багата залежаў серабра і медзі, напісаў 130 навуковых прац, якія друкаваліся на французскай, нямецкай, польскай, рускай, англійскай, іспанскай і іншых мовах.

...Кіламетрах у 15 ад Міра (цяпер Карэліцкі раён), над берагам рэчкі Уша, у пачатку мінулага стагоддзя стаяў драўляны палац з мудрагелістай вежай. Тут, у маёнтку Нядзведка, у сям'і старшыні Навагрудскага земскага суда Іпаліта Дамейкі 22 жніўня 1801 года нарадзіўся сын, якому далі імя Ігнат. Дзяцінства будучага вучонага прайшло ў беларускай вёсцы. Ігнат вельмі любіў слухаць народныя казкі, якія па вечарах расказвала старая прыгонная Тадора. Ад яе ж ён навучыўся гаварыць на беларускай мове.

У 1816 годзе, закончыўшы калегію ў Шчучыне, Дамейка накіраваўся ў Віленскі універсітэт. З затоеным дыханнем слухаў юнак лекцыі такіх выдатных вучоных, як Лелевель, Бароўскі, Франк, браты Снядэцкія.

Адначасова з Дамейкам у Віленскім універсітэце вучыўся другі слаўны сын зямлі беларускай, чыё імя ўжо тады было вядома аматарам паэзіі. Гэта быў геніяльны польскі паэт Адам Міцкевіч. Неўзабаве ён пазнаёміўся з Дамейкам і ўцягнуў яго ў тайнае таварыства філаматаў пад канспіратыўным імем Жэготы.

У Віленскім універсітэце Дамейка пасябраваў з многімі філаматамі. Сярод іх былі ўжо знаёмы нам Ян Чачот і выхаванец Мінскай гімназіі, адзін з першых польскіх паэтаў-рамантыкаў Тамаш Зан, высланы потым царскімі ўладамі ў далёкую Арэнбургскую губерню. З Вільні маладыя патрыёты часта выязджалі ў вёску, у тую ж самую Нядзведку, якая потым была ўвекавечана Міцкевічам у яго эпапеі «Пан Тадэвуш» (сцэна дуэлі паміж Дамейкам і Давейкам). У адну з такіх паездак Дамейка пазнаёміў Міцкевіча са сваёй стрыечнай сястрой Марыляй Верашчака. Звычайнае сяброўства хутка перарасло ў страснае пачуццё, трагічнае ў сваіх выніках: Міцкевіч не быў настолькі багаты, каб Верашчакі наважыліся аддаць за яго сваю дачку, і Марыля неўзабаве стала жонкай графа Путкамера.

У 1823 годзе царскім уладам удалося натрапіць на след тайных арганізацый. У турмы было кінута больш ста юнакоў. Камеры Міцкевіча і Дамейкі аказаліся побач — у сценах былога базыльянскага манастыра. Потым, апісваючы прабыванне ў гэтай турме ў трэцяй частцы паэмы «Дзяды», Міцкевіч вывеў свайго сябра Дамейку ў вобразе Жэготы. Той, хто чытаў паэму, памятае, што Жэгота расказвае зняволеным алегарычную байку пра д'ябла, які рашыў пасмяяцца над чалавекам і закапаў зерне капытом у зямлю, не ведаючы, што яно можа даць новыя ўсходы. І ў гэтых алегарычных словах быў глыбокі сэнс. Хаця царскія ўлады адправілі Міцкевіча і яго мужных сяброў у ссылку, хаця пад строгім наглядам паліцыі апынуўся ў вёсцы Заполле на Лідчыне, а потым у Жыбуртоўшчыне ля Дзятлава Ігнат Дамейка, зерне, кінутае філаматамі, не прапала дарэмна. Іх прыклад натхняў на барацьбу наступныя пакаленні.

У цёмную лістападаўскую ноч 1830 года, нібы працягваючы справу філаматаў, нападам на Бельведэр пачала ўзброенае паўстанне варшаўская моладзь. Неўзабаве яно перакінулася ў Літву і Беларусь. Ігнат Дамейка адразу ж прымкнуў да паўстанцаў. З важным даручэннем ён паехаў у наднёманскія лясы і па дарозе ледзь не загінуў ад рук тых жа паўстанцаў, якія па памылцы прынялі яго за шпіёна. Разам з іншымі мясцовымі патрыётамі непадалёку ад г. Ліды Дамейка далучыўся да арміі генерала Хлапоўскага і ў яе шэрагах змагаўся супраць царскага самаўладства. Паплечніцай Дамейкі была адважная жанчына Эмілія Плятэр. Пераапрануўшыся ў мужчынскі касцюм, яна ўзначаліла атрад кавалерыі і ў баі заўсёды першай кідалася ў атаку на ворага. Аднак, нягледзячы на гераізм такіх патрыётаў, як Эмілія Плятэр і Ігнат Дамейка, паўстанне пацярпела паражэнне — яго не падтрымалі прыгонныя сяляне. Разам з арміяй Хлапоўскага Дамейка вымушаны быў перайсці прускую граніцу і скласці зброю.

Па дарозе ў Францыю, у Дрэздэне, наш зямляк зноў сустрэўся са сваім студэнцкім сябрам Адамам Міцкевічам, які якраз працаваў над паэмай «Пан Тадэвуш». Пазней, калі абодва эмігранты нелегальна дабраліся да Парыжа, калі з-пад друкарскага станка выйшаў першы экземпляр паэмы, Міцкевіч падарыў яго Дамейку.

У Парыжы Дамейка апынуўся ў самым цэнтры эмігранцкага руху. Ён часта выступаў на мітынгах з палымянымі прамовамі, заклікаючы працягваць барацьбу з царызмам, зблізіўся з такім выдатным дзеячам эміграцыі, як былы прафесар Віленскага універсітэта Іяахім Лелевель. Адным з бліжэйшых сяброў Дамейкі стаў ураджэнец Слонімшчыны Міхал Валовіч, які ў 1833 годзе нелегальна вярнуўся ў Беларусь, спрабаваў тут узняць сялянскае паўстанне і быў за гэта павешаны ў Гродне. У Парыжы Дамейка хадзіў не толькі па патрыятычныя сходы. Ён наведваў лекцыі ў славутым Калеж дэ Франс, Сарбопскім універсітэце і Горнай школе.

У 1838 годзе Дамейка даведаўся, што ў Чылійскай рэспубліцы патрэбны выкладчыкі хіміі і мінералогіі. З дапамогай таго ж Міцкевіча быў аформлены кантракт на 6 год. Адпраўляючыся ў марское падарожжа на англійскім караблі «Спей», малады вучоны не падазраваў, што яго прабыванне ў далёкай краіне зацягнецца на 46 год і што Чылі стане для яго другой радзімай.

У Рыо-дэ-Жанейра Дамейка сышоў з карабля і, наняўшы некалькі мулаў і коней для перавозкі закупленага ў Парыжы лабараторнага абсталявання, адправіўся праз увесь кантынент у Чылі. У пустынях і стэпах падарожніка мучыла спёка, у дрымучых лясах трывожылі індзейскія плямёны антыподаў (так называлі тады дзікіх жыхароў супрацьлеглага паўшар'я), у гарах засыпаў снег, пагражалі абвалы. Але нястомны адкрывальнік мужна ехаў наперад. І вось за перавалам у стромкіх Андах ён сустрэў першых чылійцаў — жыхароў маладой паўднёваамерыканскай рэспублікі, якая толькі ў 1818 годзе вызвалілася ад прыгнёту іспанскіх каланізатараў. Гэта былі пераважна нашчадкі мясцовых індзейцаў. Свабодалюбівыя, яны стагоддзямі змагаліся супраць іспанскіх захопнікаў і выстаялі ў няроўнай барацьбе. З цікавасцю прыглядаўся Дамейка да стракатай вопраткі чылійцаў, пашытай з грубых шарсцяных тканін, да каларытных нацыянальных танцаў і гульняў.

Авалодаўшы за тры месяцы іспанскай мовай, малады вучоны пачаў чытаць лекцыі па хіміі і мінералогіі ў Горнай школе горада Какімба. Разам са сваімі вучнямі ён рабіў падарожжы ў горы, туды, дзе здабываліся серабро і медзь, золата і вугаль. З жахам глядзеў Дамейка на мясцовых шахцёраў, якім за мізэрную плату прыходзілася працаваць у невыносна цяжкіх умовах. Здабытую руду яны выносілі на спіне па маленькіх прыступках, высечаных у тоўстым бервяне, якое вертыкальна ставілася ў ствол шахты. У гэтых падарожжах Дамейка адкрыў і апісаў багата залежаў карысных выкапняў. Ён першы звярнуў увагу на мясцовую салетру, пасля чаго яна заваявала папулярнасць ва ўсім свеце як вельмі карыснае ўгнаенне. Вярнуўшыся з гор у Какімба, Дамейка паслаў ураду петыцыю, у якой запатрабаваў палепшыць умовы працы гарнякоў. І ўрад прыслухаўся да гэтага голасу.

У 1843 годзе скончыўся тэрмін дагавору аб прабыванні Дамейкі ў Чылі. Але вучоны застаўся ў чылійскай сталіцы Сант'яга, дзе яму прапанавалі месца прафесара фізікі і хіміі ў нацыянальным універсітэце. Вядома, і ў Сант'яга Дамейка часта марыў аб звароце на радзіму, сніў беларускія палі і лясы. Яму душна было ў мурах, узведзеных яшчэ іспанскімі канквістадарамі. І ўсё ж вярнуцца ён не мог, бо ў царскай Расіі яго чакала ссылка.

У Сант'яга Дамейка пазнаёміўся з пятнаццацігадовай дзяўчынай Гюзман дэ Сатамаер, якая неўзабаве стала яго вернай жонкай і памочніцай. На ўскраіне сталіцы вучоны пабудаваў сабе ўтульны домік, абсадзіў яго экзатычнымі дрэвамі. Тут, у строгім кабінеце, была напісана большасць яго навуковых прац. Тут, ля ўтульнага каміна, збіраліся лепшыя людзі Чылі — вучоныя, дзяржаўныя дзеячы — і раіліся, што зрабіць для прагрэсу краіны. Па заданню ўрада Дамейка распрацаваў і ажыццявіў школьную рэформу, пасля чаго навучанне ў Чылі стала больш дэмакратычным і агульнадаступным.

Хутка Дамейка адправіўся ў новае падарожжа — туды, дзе жыло амаль дзікае індзейскае племя араўканцаў. Па стромкіх скалах і вісячых мастах ляжаў шлях падарожніка ў глыбіню краіны. Часам прыходзілася перасядаць на плыт, з якога вельмі зручна было паляваць на драпежных пум. Індзейцы сустрэлі «бледнатварага» госця вельмі зычліва. Яны гаварылі яму аб сваім жаданні жыць у міры з еўрапейцамі, устройвалі ў яго гонар свае спартыўныя спаборніцтвы — так званую кузчу. У сваю чаргу Дамейка абдорваў араўканак бліскучымі пацеркамі, званочкамі і квяцістымі хусткамі. Вялікае ўражанне на вучонага зрабіла старажытнае індзейскае мастацтва, незвычайныя магільнікі.

Сваё чарговае падарожжа Дамейка апісаў у кнізе «Араўканія і яе жыхары», якая ў 1860 годзе выйшла ў Вільні на польскай мове і была перакладзена на многія мовы свету. У гэтай кнізе наш зямляк горача абараняў правы індзейскіх плямён, даказваў іх сумленнасць і гуманнасць. Характару індзейцаў, пісаў аўтар, «калі ўзяць яго ў нармальным стане, гэта значыць у стане міру, бо чалавек створаны для міру, а не для вайны, характару гэтаму, кажу, уласцівы ветлівасць, годнасць, здольнасць да самай узнёслай дабрачыннасці, гасціннасць, схільнасць да міру і парадку, любоў да айчыны, імкненне да незалежнасці хатняга вогнішча, прадбачлівасць, энергічнасць, павага. У гэтым характары ёсць усё, што павінна аздабляць сапраўднага грамадзяніна.

Людзей з такім гартам нельга «акаталічваць» зброяй, бо зброя можа іх вынішчыць і прынізіць. У гэтым выпадку заваяванне было б злачынствам, за якое прыйшлося б расплачвацца чылійскай крывёю».

І далей: «Не бачу ніякай неабходнасці, каб настойваць на каланізацыі гэтых зямель, якія належаць не ўраду, але працавітаму, сумленнаму і мужнаму народу, калі побач знаходзяцца такія ж абшары, якія з'яўляюцца ўласнасцю рэспублікі,— і пустынныя, як зямныя полюсы, і ўрадлівыя, нібы берагі ракі Імперыял».

І яшчэ, з усёй катэгарычнасцю: «Араўканскія індзейцы не з'яўляюцца дзікунамі. Я лічу іх больш цывілізаванымі..., чым іх прыгранічныя цывілізатары...»

У 1845 годзе Дамейка адправіўся ў небяспечнае падарожжа да дзеючага вулкана Антука. Моцны вецер і паток лавы не дазволілі вучонаму дабрацца да самага кратэра. Але затое наш зямляк зрабіў першае апісанне гэтага вулкана.

Удзячная чылійская грамадскасць выбрала Дамейку рэктарам універсітэта ў Сант'яга і потым тройчы перавыбірала яго на гэтай пасадзе. Ад рэктарства Дамейка адмовіўся толькі ў 1884 годзе і адмовіўся па гуманнай прычыне — у знак пратэсту супраць захопніцкай вайны Чылі з суседняй рэспублікай Перу. Прыняўшы адстаўку, чылійскі ўрад рашыў выпусціць у гонар нашага земляка памятны медаль і ўстанавіць яму самую высокую пенсію ў краіне — 6000 піястраў у год. У тым жа 1884 годзе, памеркаваўшы, што царскія ўлады ўжо не ў сіле нічога зрабіць яму, сусветна вядомаму вучонаму, Дамейка рашыў наведаць радзіму. З сабой ён вёз багатую калекцыю мінералаў у падарунак еўрапейскім універсітэтам.

І вось Еўропа. У Парыжы Дамейку ўрачыста вітаюць вучоныя Сарбоны. У Кракаве яму прысуджаюць навуковую ступень ганаровага доктара. Нa варшаўскім пероне яго сардэчна цалуе сябар студэнцкіх год вядомы паэт Антон Адынец, адзіны, апрача Дамейкі, філамат, які яшчэ заставаўся ў жывых. З Варшавы сябры спецыяльным вагонам накіроўваюцца ў Беларусь. Царскім уладам, вядома, не прыйшлося даспадобы гэта падарожжа — яны на чатыры месяцы затрымалі ў Гродне пашпарт вучонага. Але мясцовая інтэлігенцыя з энтузіязмам сустракала свайго земляка, чалавека з легендарнай біяграфіяй. Беларускія сяляне падносілі яму хлеб-соль, віталі народнымі песнямі. У Крошыне Дамейка і Адынец пасадзілі на памяць два дубкі, а вершаваны надпіс на камені ля дубкоў выбіў ім мясцовы каваль — відаць, жывы тады яшчэ Паўлюк Багрым. Нейкі час у Дамейкі нават была думка застацца на радзіме. Але хіба тут далі б яму спакойна жыць і працаваць?! Пабываўшы яшчэ ў Італіі і Палесціне, Дамейка разам з усёй сям'ёй зноў вярнуўся ў Чылі.

23 студзеня 1889 года ў Сант'яга перастала біцца сэрца патрыёта, падарожніка, вучонага. Дзень яго пахавання быў аб'яўлены днём нацыянальнай жалобы. Урад абвясціў Дамейку нацыянальным героем рэспублікі. На яго магіле быў пастаўлены мармуровы абеліск.

Памяць аб вялікім асветніку і гуманісту жыве ў Чылі і цяпер. Лаўрэат Ленінскай прэміі міру вядомы чылійскі паэт Пабла Няруда ў 1953 годзе назваў дзейнасць Дамейкі выдатнай, прагрэсіўнай дзейнасцю, якая прывяла ў Чылі да «рэарганізацыі прамысловасці, вышэйшага і сярэдняга навучання». Імя Дамейкі з удзячнасцю назвалі чылійскія парламентарыі, якія наведалі нашу краіну ў 1968 годзе. І гэта — заслужаная даніна павагі нашаму земляку, спадчына якога належыць адначасова тром розных народам — беларускаму, польскаму і чылійскаму.


АДОЛЬФ ЯНУШКЕВІЧ

Побач з Жэготам-Дамейкам адным са шматлікіх герояў трэцяй часткі міцкевічаўскай паэмы «Дзяды» з'яўляецца адважны рэвалюцыянер Адольф, прататыпам якога паслужыў таксама наш зямляк і таксама падарожнік Адольф Янушкевіч. Расказваючы аб ахвярах самаўладства, герой паэмы з горыччу вяшчуе, што ў царскай Расіі ўсіх патрыётаў чакаюць «Сібір, казематы ды турмы». Не ведаў Міцкевіч, што ў час, калі ён пісаў сваю паэму, такі лёс сапраўды напаткаў таго, хто быў прататыпам літаратурнага героя. У адрозненне ад Дамейкі, шлях яго ляжаў не на захад, а на ўсход...

Адольф-Міхал-Валяр'ян-Юльян Янушкевіч нарадзіўся 9 чэрвеня 1803 года ў Нясвіжы. Дзяцінства будучага рэвалюцыянера прайшло ў вёсцы Усаў (або Вусава) на Капыльшчыне, дзе яго бацькі арандавалі фальварак. На сабраныя грошы ў 1821 годзе яны купілі непадалёку ад Койданава (цяпер Дзяржынск) маёнтак Дзягільня. Адтуль васемнаццацігадовы Адольф накіраваўся на філалагічны факультэт славутага Віленскага універсітэта.

У 1821 годзе на старонках часопіса «Дзённік віленьскі» з'яўляецца першы паэтычны твор Янушкевіча — сентыментальная «дума» «Мелітон і Эвеліна». Як і Дамейка, малады паэт збліжаецца з членамі тайнага таварыства філарэтаў, з ідэйнымі кіраўнікамі віленскай моладзі А. Міцкевічам, Я. Чачотам, Ф. Малеўскім, Т. Занам.

Закончыўшы вучобу, Янушкевіч паехаў да ўкраінскіх сваякоў. Адтуль, з Украіны, накіраваўся ў падарожжа па Еўропе. У Рыме — новая радасная сустрэча з Міцкевічам. Славацкі, Лелевель, Гётэ — вось кола асоб, з якімі Янушкевіч сустракаўся ў 1830 годзе.

І зноў Украіна. Пачынаецца вызваленчае паўстанне 1831 года. Янушкевіч становіцца адным з кіраўнікоў «Легіі Літвы, Валыні, Падоліі і Украіны» — арганізацыі, якая ў многім працягвала традыцыі дзекабрыстаў. У першым баі адважны падпаручнік атрымаў сем ран і непрытомны зваліўся з каня. Сябры рашылі, што ён загінуў. Аднак Янушкевіча падабралі казакі. Пачалося вандраванне па этапах. Затым — каземат кіеўскай цытадэлі.

У час допытаў Янушкевіч паводзіў сябе надзвычай мужна. Калі б ён пакаяўся, спаслаўся на легкадумнасць — пакаранне было б значна мякчэйшае. Але Янушкевіч рашуча заявіў, што ўдзельнічаў у паўстанні «па перакананню», што «абавязак добрага сына Айчыны — ахвяраваць усім дзеля яе дабра». І таму 4 сакавіка 1832 года суд пад старшынствам фельдмаршала Сакена прыгаварыў паўстанца да пажыццёвага пасялення ў Сібіры, канфіскацыі ўсёй маёмасці і пазбаўлення дваранскага звання. Імператар усяе Русі Мікалай І да канца жыцця не мог дараваць Янушкевічу яго адважных слоў і заўсёды прыгадваў іх, калі гутарка заходзіла аб памілаванні.

У маі 1832 года Янушкевіч пад канвоем прыбыў у Табольск. Ссыльныя ўвесь час марылі аб свабодзе, арганізавалі змову. Яе ўдзельнікі хацелі ўзняць узброенае паўстанне, а затым праз Бухару і Індыю прабрацца ў Еўропу. Але змова была раскрыта. Янушкевіча адправілі ў яшчэ большую глушэчу — вёску Жалякова ля Ішыма. Праз год прыйшоў дазвол пасяліцца ў самім Ішыме. Туды, у далёкую Сібір, адрасаваў з Парыжа пісьмо Адам Міцкевіч. Польскі паэт выказаў спачуванне свайму аднадумцу, падбадзёрыў яго словамі аб тым, што прабыванне ў Сібіры «загартоўвае характар».

У Ішыме Янушкевіч пачаў цікавіцца побытам казахаў, іх звычаямі і фальклорам. Пра навуковыя назіранні даследчыка часта гаворыцца ў пісьмах да маці, брата і паэта Г. Зялінскага (яны апублікаваны Ф. Вратноўскім у 1861 годзе ў Парыжы). Так, у пісьме, датаваным 20 чэрвеня 1843 года, паведамляецца: «Я праязджаў паўз даволі высокія горы, апранутыя ляснымі шатамі, дзе было мноства мядзведзяў, ласёў і аленяў; уплаў перабіраўся праз рэчкі, аб якіх у Еўропе ніхто і не ведае, а на берагах іх упершыню за апошнія дванаццаць год чуў спеў салаўя... Бачыў я і плямёны кіргізаў (так Янушкевіч усюды называе казахаў.—А. М.), якія разам з велізарнымі табунамі коней і вярблюдаў вандруюць, аб'яднаўшыся па тысячы і больш юрт... Сустракаў я караваны купцоў, якія ішлі з Ташкента ў Каканд, табуны сайгакаў, дзікіх коней, якіх тут называюць куланамі, урэшце, вузкай дарогай быў вымушаны імчацца праз палаючы навокал стэп. Хіба ўсё гэта не цікава? Хіба не цікавей, чым нямецкія палі, засаджаныя бульбай, ці неапалітанскія басякі, што ядуць макароны? Тут я нідзе не бачыў збожжа, няма платоў; усюды — бясконцыя прасторы. Дыхалася свабодна, як арабу сярод пустыні».

У 1846 годзе Янушкевіч зрабіў больш працяглае падарожжа па Казахстану. Уражанні таго часу занесены ў «Падарожны дзённік», які таксама апублікаваны Братноўскім. Янушкевічу былі чужымі расавыя або нацыянальныя забабоны. Аўтар дзённіка ставіў казахаў упоравень з іншымі народамі. «Я ўсё больш пераконваюся,— пісаў Янушкевіч,— што кіргізы маюць вялікія разумовыя здольнасці. Як лёгка яны выказваюць свае думкі! Як яны ўмеюць абараняць свае інтарэсы і адначасова па-майстэрску абвяргаць сцвярджэнні праціўніка!» «Нягледзячы на свае недахопы, якія часткова тлумачацца адсутнасцю асветы, часткова ж — забабоннасцю рэлігіі, гэты народ не горшы за іншыя». У пісьмах да Зялінскага Янушкевіч расказаў аб казахскіх звычаях, аб выступленнях народных акынаў Арынбая і Цюбека, песні якіх вельмі расчулілі падарожніка і выклікалі роздум аб будучыні мясцовых плямён: «І ўсё гэта, падумалася, я ўласнымі вушамі чую ў стэпе, сярод народа, які ва ўсім свеце лічыцца дзікім і варварскім! Некалькі дзён назад я быў сведкам паядынку двух заўзятых груповак і са здзіўленнем апладзіраваў прамоўцам, якія ніколі не чулі пра Дэмасфена і Цыцэрона, а сёння перада мной выступаюць паэты, якія не ўмеюць ні чытаць, ні пісаць, аднак я захапляюся іх талентам, бо песні іх так многа кажуць маёй душы і сэрцу. Няўжо гэта дзікія варвары? Няўжо гэта народ, які назаўжды пазбаўлены лепшай будучыні, чым вечная пастушыная нішчымнасць?.. О, не! Народ, які падзелены такімі здольнасцямі, не можа заставацца чужым цывілізацыі: дух яе калі-небудзь пранікне ў кіргізскія пустыні, распаліць тут іскру святла, і прыйдзе час, калі сённяшні вандроўнік зойме пачэснае месца сярод народаў, што цяпер глядзяць на яго высакамерна, бы вышэйшыя касты Індыі на няшчасных парыяў».

Цікава, што Янушкевіч быў добра знаёмы з бацькам вядомага казахскага песняра Абая — Абаем Кунанбаевым. У пісьме да таго ж Зялінскага ён паведамляў: «Крыху старэй султана Барака бій Кунанбай; гэта таксама вялікая славутасць у стэпе. Сын простага кіргіза, надзелены ад прыроды здаровым розумам, дзівоснай памяццю і дарам выступаць, дзелавіты, ён клапоціцца аб дабры сваіх супляменнікаў: вялікі знаўца стэпавага права і прадпісання алкарана, ён добра ведае рускія статуты, якія датычацца кіргізаў; суддзя непадкупнай сумленнасці і ўзорны мусульманін, плебей Кунанбай здабыў сабе славу прарока, да якога з самых далёкіх аулаў спяшаюцца за бескарыслівай парадай маладыя і старыя, бедныя і багатыя».

У адрозненне ад іншых тагачасных этнографаў, Янушкевіч не толькі захапляўся «экзатычнасцю» побыту казахскіх плямён. Падарожнік бачыў сацыяльныя кантрасты, апісаў жахлівую галечу, у якой жывуць казахі-беднякі: «У кожнай юрце я спадзяваўся знайсці шчаслівых пасту хоў Аркадыі... На жаль, рэдка дзе мой позірк не сутыкаўся з сумнымі малюнкамі беднасці. Хваробы апанавалі менш маёмаснае насельніцтва... Сэрца разрываецца на часткі, калі бачыш столькі мучанікаў, якія просяць дапамогі». Казахі няшчадна эксплуатаваліся як царскімі чыноўнікамі, так і сваімі баямі-феадаламі. «Вось дык прадстаўнікі ўлад бывалі тут! — усклікае Янушкевіч.— Сапраўдныя разбойнікі... Амаль кожны з іх разглядаў сваю службу толькі як сродак для таго, каб здабыць багацце. Шнырыў у акружэнні казакоў, сеяў страх на ўсю ваколіцу, быў непераборлівы ў спосабах вымагання». Пыхлівыя баі перакладалі ўсе павіннасці на плечы бедняка, які «ўсё лета, бы негр, працуе на багацея, жыве казіным малаком, пражыцца на сонцы амаль голы, бо баіцца, каб яму рабаўнікі не здзерлі адзення,— і што ён мае ўзамен? Нейкі стары, зношаны халат, некалькі дзесяткаў сыркоў і жменю проса, каб было што пасеяць на наступны год». Янушкевіч рашуча ўзнімаў голас у абарону казахаў, прапанаваў адкрыць для іх фельчарскія пункты, прыслаць больш пародзістую жывёлу. Словы ссыльнага рэвалюцыянера не разыходзіліся са справамі: ён лячыў хворых на ліхаманку, мірыў і аб'ядноўваў варожыя плямёны, добрасумленна перапісваў мясцовае насельніцтва.

Апрануўшыся ў казахскі халат, нястомны падарожнік дабраўся да хрыбтоў Алатау, з захапленнем апісаў іх прыгажосць, расказаў пра гістарычную ўрачыстасць (байгу), арганізаваную ў гонар далучэння да Расіі пяці плямён Вялікай арды, захаваў для будучыні многія легенды, якія яму ля падножжа гор расказала сляпая дзяўчына Джазык. Казахі палюбілі Янушкевіча і лічылі яго сваім. «Бачна,— пісаў наш зямляк,— я пакрысе ператвараюся ў кіргіза, і юрта становіцца для мяне звычайным жыллём». І ўсё ж Янушкевіч сумаваў па Беларусі, па «берагах радзімага Нёмана», спадзяваўся на памілаванне. Ды дарэмна. «Адольф меў гонар застацца ў памяці і сэрцы векапомнага цара Мікалая І,— іранізаваў у 1861 годзе Ф. Вратноўскі.— Гэты няўмольны вораг кожны раз, сустрэўшы ў спісе сібірскіх ссыльных, якіх збіраліся адпусціць на волю, прозвішча Янушкевіча, хапаўся за аловак і са злосцю выкрэсліваў радок».

Доўгачаканае памілаванне прыйшло толькі пасля таго, як на трон уступіў Аляксандр ІІ. Янушкевіч вярнуўся да сваякоў, у Дзягільню. Але здароўе было падарвана. Рэвалюцыянер і паэт, падарожнік і вучоны, Адольф Янушкевіч памёр 19 чэрвеня 1857 года. Мясцовыя сяляне, з якімі ён любіў размаўляць на беларускай мове, праводзілі труну на дзягільнянскія могілкі.


БЕНЕДЫКТ ДЫБОЎСКІ

Цяжка нават пералічыць усе галіны навукі, у якіх сказаў сваё важкае слова наш выдатны зямляк Бенедыкт Дыбоўскі. Як і Дамейка, ён быў здзіўляюча адукаваным чалавекам. Географ і заолаг, медык і антраполаг, літаратуразнаўца і лінгвіст, ён з'яўляўся таксама відным грамадскім дзеячам, адважным рэвалюцыянерам, якога царскія ўлады прыгаворвалі да павешання, а потым саслалі на катаргу ў Сібір. Дзённікі Дыбоўскага, яго апісанні падарожжаў па Сібіры і Далёкім Усходзе, чытаюцца як захапляючы мастацкі твор. Выдатны вучоны прайшоў доўгі і зайздросны жыццёвы шлях: ён пражыў без малога сто год і за гэты час напісаў 130 навуковых даследаванняў на самыя розныя тэмы. У глыбокай старасці прыйшло заслужанае прызнанне: незадоўга да смерці, у 1927 годзе, Дыбоўскі быў выбраны членам-карэспандэнтам Акадэміі навук СССР.

Адносна даты і месца нараджэння Бенедыкт Іванавіча Дыбоўскага біёграфы разыходзяцца. Некаторыя з іх лічаць, што вучоны нарадзіўся 12 мая 1833 года ў маёнтку Тонвы Мінскага павета. Аднак сам Дыбоўскі ў сваіх дзённіках называе маёнтак Адамарын таго ж павета. Тут жа аўтар прызнае, што нарадзіўся ў 1830 годзе.

Бацькі будучага вучонага з'яўляліся дваранамі сярэдняй заможнасці, вельмі адукаванымі і прагрэсіўнымі людзьмі. Яны далі сваім дзецям добрую хатнюю падрыхтоўку. Старэйшы з іх, Бенедыкт, адрабіўшы пад кіраўніцтвам гувернёра ўрокі, звычайна бег да невялікага стаўка ў садзе і гадзінамі нерухома глядзеў на дзівоснае жыццё рыб і іншых жыхароў воднага царства. Часта хлопчыка брала з сабой бабуля. Яны разам ішлі на луг збіраць зелле, а затым неслі яго хворым прыгонным сялянам. Ужо тады, бачачы народныя пакуты, хлопчык цвёрда рашыў, што стане ўрачом, каб дапамагаць абяздоленым землякам.

Сярэднюю адукацыю Бенедыкт Дыбоўскі атрымаў у Мінскай гімназіі, дзе тады выкладалі людзі, вельмі далёкія ад навукі. Вось што піша аб іх сам Дыбоўскі: «Настаўнікі не мелі на нас уплыву. Дзяжурныя педагогі — француз Жако і немец Шмэль — адбывалі свае абавязкі, бы селянін паншчыну, навучанню моў тут не прыдавалі ніякага значэння; хто не ведаў іх з дому, той у гімназіі вывучыць не мог. Рускую мову ў малодшых класах выкладаў Багаўленскі, які не ўмеў ні заахвочваць да вучобы, ні ўтрымаць хлопчыкаў у дысцыпліне. Урокі нямецкай мовы там жа вёў нехта Шуман, здаецца булачнік па прафесіі. Настаўнік гісторыі Катанскі — гэта п'яніца і фанатычны прыхільнік праваслаўя. Апрача падручніка, ён нічога не ведаў і загадваў завучваць яго механічна. Прысланы з Полацка настаўнік рускай мовы і літаратуры Грабеншчыкаў праследаваў усіх і ўсё. Не ведаючы ні літаратуры, ні мовы, ён мучыў вучняў дзіўнымі патрабаваннямі і гэтым адштурхоўваў ад вучобы. Для паўнаты малюнка трэба ўспомніць і пра выкладчыка лацінскай мовы, п'яніцу, грубіяна і хабарніка Анраеўскага. Божаму закону нас навучалі невукі, цынікі і п'яніцы ксяндзы Бейнаровіч і Навіцкі. Апошні звычайна расказваў нясціплыя анекдоты. Адзінай светлай асобай, якая адрознівалася ад іншых настаўнікаў, быў Радзевіч. Выпускнік Маскоўскага універсітэта, былы асістэнт пры кафедры фізікі ў Маскве, ён захапляў нас усебаковымі ведамі, тактоўнасцю і выдатным выкладаннем. Адразу ж, пасля прыезду ў Мінск, ён арганізаваў у гімназіі метэаралагічную станцыю, вучыў нас запісваць назіранні: у кабінеце фізікі мы самі рабілі розныя доследы. Радзевіч пакрысе знаёміў нас нават з неабавязковымі прадметамі, напрыклад з пачаткамі хіміі».

Нягледзячы на такія неспрыяльныя ўмовы, схільнасць да дакладных навук, у прыватнасці да прыродазнаўства, пачала праяўляцца ў Дыбоўскага менавіта ў Мінскай гімназіі. Без кіраўнікоў і без падручнікаў, успамінае вучоны, «мы разводзілі млекакормячых жывёлін, птушак, рыб, заклалі ў агародзе Падалінскіх маленькі акварыум. Жыхароў для яго дастаўляў нам Піліп Кунцэвіч, рыбак, які жыў над Нямігай; нярэдка мы самі лавілі рыб у рэчцы. Аднойчы я ледзь не адкрыў цікавую і важную з'яву, а менавіта метамарфозу рыб».

Закончыўшы гімназію, восенню 1853 года Бенедыкт Дыбоўскі паступіў на медыцынскі факультэт Дэрпцкага (цяпер Тартускага) універсітэта. Там ён зацікавіўся рыбамі Прыбалтыкі і прысвяціў ім некалькі навуковых прац. Дзякуючы незвычайным здольнасцям Дыбоўскі атрымаў ступень доктара медыцыны і хірургіі і застаўся пры універсітэце, каб падрыхтавацца да прафесарскай дзейнасці. Аднак удзел у дуэлі з адным нягоднікам, а затым у антыўрадавых дэманстрацыях перашкодзілі яму. Прыйшлося пакінуць Расію, выехаць у Германію. Некалькі год Дыбоўскі працаваў над вывучэннем эмбрыялогіі насякомых на кафедрах Берлінскага і Вроцлаўскага універсітэтаў.

У 1862 годзе Бенедыкт Дыбоўскага выбралі прафесарам заалогіі і параўнальнай анатоміі Галоўнай школы ў Варшаве. Лекцыі маладога вучонага захаплялі моладзь сваёй свежасцю, рэвалюцыйнасцю. Дыбоўскі адным з першых у Еўропе стаў прыхільнікам тэорыі Дарвіна аб эвалюцыйным развіцці расліннага і жывёльнага свету. Вучоны даказваў, што ніякага бога няма, што ўсе расліны і жывёлы ўзніклі шляхам натуральнага развіцця. Дыбоўскі зблізіўся з падпольнай арганізацыяй, якая рыхтавала паўстанне супраць царызму, і стаў выконваць яе даручэнні. У пісьме да прафесара Талька-Грынцэвіча вучоны ўспамінае: «З 1862 года я належаў да тайнага Віленскага таварыства ў Варшаве. У сакратарыяце Літвы і Беларусі я выконваў абавязкі надзвычайнага камісара. Напярэдадні паўстання 1863 года мяне паслалі ў Беларусь, каб даведацца аб праведзенай падрыхтоўцы; вясной, у час паўстання, мяне накіравалі з такой жа мэтай у Літву». У час гэтых паездак Дыбоўскі мог пазнаёміцца з палымяным беларускім рэвалюцыянерам Кастусём Каліноўскім.

Царскія жандары не даравалі вучонаму ўдзелу ў паўстанні. Вясной 1864 года Львоўскага арыштавалі і пасадзілі ў славуты Х павільён варшаўскай цытадэлі. Толькі ўмяшанне нямецкіх вучоных выратавала адважнага патрыёта ад пакарання смерцю, якая была заменена бестэрміновай катаргай у Сібіры. «У вагоне,— прыгадваў тыя цяжкія хвіліны Дыбоўскі,— калі цягнік крануўся, я вярнуўся да раўнавагі, зноў адчуў сябе моцным і ўпэўненым у будучыні. Тады прыйшлі на памяць пушкінскія радкі:

У глыбіні сібірскіх руд

Хавайце гордае цярпенне...»

Гэтае гордае цярпенне Дыбоўскі захоўваў на ўсім доўгім этапным шляху праз Пецярбург, Маскву, Ніжні Ноўгарад — у Сібір. Як урач, па дарозе ён аказваў медыцынскую дапамогу хворым, падбадзёрваў ссыльных сардэчнымі гутаркамі. У сваіх дзённіках вучоны расказвае, што перадавая руская грамадскасць з вялікай сімпатыяй адносілася да польскіх паўстанцаў. У Маскве ссыльным паціскалі рукі, нягледзячы на ўдары нагаек, кідалі кветкі. Па дарозе Дыбоўскі любаваўся акаляючай прыродай. Асабліва захапіўся ён прыгажосцю бяздоннага возера Байкал і магутнай Ангары, якая бярэ з яго пачатак. «Нейкае невыказнае пачуццё цікаўнасці паявілася ў мяне да гэтай рэчкі і асабліва да гэтага возера»,— запісаў тады ў сваім дзённіку вучоны.

З Чыты разам з іншымі ўдзельнікамі паўстання Дыбоўскага накіравалі ў сяленне Сівакова. Там для катаржан былі створаны невыносныя ўмовы. Але рускія калегі не забылі пра вучонага. Неўзабаве пры дапамозе Сібірскага аддзела Рускага геаграфічнага таварыства ён атрымаў дазвол на пераезд у сяленне Дарасун. Там пачаліся даследаванні расліннага і жывёльнага свету Прыбайкалля. Гады катаргі ператвараюцца ў гады плённай навуковай дзейнасці.

Да Дыбоўскага ў біялагічнай навуцы панавала думка, што раслінны і жывёльны свет Сібіры нічым істотным не адрозніваецца ад расліннага і жывёльнага свету Усходняй Еўропы, што фауна Байкала вельмі бедная і наогул не заслугоўвае ўвагі. Дыбоўскі ж меркаваў, што кожная вобласць у залежнасці ад існуючых там фізіка-геаграфічных умоў павінна мець свой адметны раслінны і жывёльны свет. Здагадка пацвердзілася. Дыбоўскі адкрыў і апісаў дзесяткі відаў птушак, рыб, насякомых, прасцейшых жывёлін, якія не сустракаліся нідзе, апрача Сібіры. Ён таксама даказаў, што сібірскія віды пераважна адрозніваюцца ад еўрапейскіх. Некаторыя з Іх пазней былі названы імем Дыбоўскага.

Летам 1868 года вучонаму дазволілі пасяліцца ў Култуку, невялікай вёсачцы на беразе Байкала. Пачаліся напружаныя даследаванні возера. Разам з сябрамі Гадлеўскім і Ксенжапольскім Дыбоўскі браў пробы вады, замяраў глыбіню, вывучаў жывёльны свет. У выніку было знойдзена 18 зусім новых відаў рыб. Хаця работы праводзіліся па праграме, зацверджанай Рускім геаграфічным таварыствам, на іх прыходзілася затрачваць асабістыя грошы. Даследаванні не спыняліся і ў летнюю спёку, і ў зімнюю завіруху. Некаторы час адкрывальнікі Байкала жылі ў юрце, устаноўленай на санях. Сабакі лёгка дастаўлялі юрту на любы ўчастак пакрытага лёдам возера. Нярэдка энтузіястаў замятала снегам, нярэдка пры снеданні яны абмяжоўваліся кавалкам чорнага хлеба. На дапамогу часта прыходзілі мясцовыя жыхары — бураты. Дыбоўскі быў у іх жаданым госцем, бясплатна лячыў іх, абараняў ад самавольства царскай адміністрацыі. Свае назіранні над побытам буратаў даследчык заносіў у дзённік, які мае вялікую этнаграфічную каштоўнасць.

Даследаваннямі Байкала і Ангары, а таксама навакольных гор і лясоў Дыбоўскі займаўся на працягу пяці год. Адсюль у еўрапейскія музеі было адпраўлена звыш 2500 экземпляраў прэпарыраваных птушак і звыш 100 000 экземпляраў насякомых. Многія з іх і сёння захоўваюцца ў музеях Масквы, Ленінграда, Варшавы, Кракава. Адначасова праводзіліся замеры тэмпературы і ўзроўню вады ў Байкале. 30 сакавіка 1876 года вучоны ўзяў першую і адзіную да 1925 года серыю тэмператур да глыбіні 1320 метраў. Быў зроблены таксама першы хімічны аналіз вады. За ўсё гэта Геаграфічнае таварыства ўзнагародзіла Дыбоўскага малым залатым медалём.

Даследчыка вабілі нязведаныя прасторы Далёкага Усходу. Разам з камісіяй генерал-ад'ютанта Скалкова Дыбоўскі адправіўся па Амуры ва Уладзівасток. Частку дарогі ён ехаў разам з выдатным падарожнікам Пржавальскім.

У 1877 годзе дзякуючы хадайніцтву Геаграфічнага таварыства Дыбоўскаму дазволілі вярнуцца на радзіму. Ён пабываў у Адамарыне, наведаў у Варшаве свайго настаўніка, віднага заолага Тачаноўскага, устанавіў сувязі з пецярбургскімі вучонымі. Яму прапанавалі кафедру ў Томскім універсітэце, работу ў сталічных музеях. Аднак Дыбоўскі сумаваў на неабсяжных прасторах Сібіры, па яе мужных і загартаваных людзях. І таму ён папрасіў прызначыць яго акруговым урачом далёкай Камчаткі. Дабраўшыся туды, вучоны павёў нялёгкую, але высакародную барацьбу з праказай і іншымі заразнымі хваробамі. Жадаючы даказаць, што мясцовыя жыхары не належаць да нейкай ніжэйшай расы, ён займаецца антрапалогіяй. Пад яго рэдакцыяй выходзяць слоўнікі камчадальскай, бурацкай і іншых моў. Дыбоўскі памагаў мясцовым жыхарам палепшыць матэрыяльныя ўмовы, на ўласныя грошы завёз туды аленяў. Назіранні гэтага перыяду вельмі цікава выкладзены ў кнізе «Пра Сібір і Камчатку».

У 1884 годзе Дыбоўскі вярнуўся ў Еўропу і ўзначаліў кафедру заалогіі ў Львоўскім універсітэце, заняўся сістэматызацыяй і абагульненнем сабранага матэрыялу. К таму часу працы вучонага перакладаліся і выдаваліся ў розных краінах свету.

Бенедыкт Дыбоўскі з радасцю сустрэў вестку аб перамозе ў нашай краіне Кастрычніцкай рэвалюцыі. Ён не змог пераехаць у Савецкі Саюз, але падтрымліваў цесную сувязь з савецкімі вучонымі — даваў парады нашым рыбаловам і жывёлаводам, прапанаваў арганізаваць на Байкале пастаянную гідрабіялагічную станцыю. Акадэмія навук неўзабаве ажыццявіла гэту ідэю Дыбоўскага. Адно з суднаў станцыі назвалі імем выдатнага падарожніка.

Мясцовыя рэакцыянеры не маглі дараваць Дыбоўскаму яго палітычных перакананняў, дараваць таго, што ён быў непрымірымым ворагам капіталістычнага прыгнёту, выкрываў рэлігійнае цемрашальства. Па свайму светапогляду Дыбоўскі з'яўляўся рэвалюцыйным дэмакратам, паслядоўным матэрыялістам. Калі ў 1930 годзе вучоны памёр, тысячы працоўных Львова выйшлі праводзіць яго ў апошні шлях. Нягледзячы на пратэсты клерыкалаў, як удзельніка паўстання 1863 года, Дыбоўскага хавалі з воінскімі ўшанаваннямі.

У нашай краіне, а таксама ў народнай Польшчы ўшаноўваецца памяць аб нястомным падарожніку. Яго навуковай спадчыне прысвечаны кнігі польскіх даследчыкаў. Нядаўна ў Польшчы выйшла паштовая марка з партрэтам Дыбоўскага. Навуковыя вывады нашага земляка ўлічаны пры праектаванні Брацкай ГЭС на Ангары. У 1875 годзе вучоны пісаў пра Байкал і Ангару: «Якая была б гэта магутная крыніца энергіі, калі б мясцовыя жыхары маглі ёю карыстацца!» Цяпер збылася даўняя мара Дыбоўскага. Там, дзе ён адным з першых праводзіў навуковыя даследаванні, дае ток буйнейшая ў свеце электрастанцыя.


КАНСТАНЦІН ЕЛЬСКІ

Да ліку нястомных працаўнікоў навукі належыць таксама наш зямляк Канстанцін Ельскі. Гэта быў усебакова адукаваны чалавек, рамантык па натуры, якога ўсё жыццё вабілі далёкія краіны і новыя адкрыцці.

Канстанцін Міхайлавіч Ельскі нарадзіўся 17 лютага 1837 года ў вёсцы Ляды Смілавіцкай воласці Мінскай губерні. Спачатку хлопчык вучыўся ў Мінскай гімназіі, а затым, закончыўшы яе на «выдатна», паступіў на медыцынскі факультэт Маскоўскага універсітэта. Пасля вывучаў батаніку і заалогію на матэматычна-прыродазнаўчым факультэце Кіеўскага універсітэта. Атрымаўшы ступень кандыдата, юнак яшчэ два гады наведваў педагагічныя курсы. А калі ў Кіеўскім універсітэце адкрылася вакантнае месца выкладчыка, Ельскі падаў заяву. Яго конкурсная работа была ўзнагароджана залатым медалём, а яе аўтар пачаў чытаць лекцыі студэнтам.

Аднак выкладчыцкая дзейнасць не задавальняла маладога вучонага. Ён марыў пра экзатычныя краіны. Да таго ж пасля паражэння паўстання 1863 года ў царскай Расіі наступіла чорная ноч рэакцыі. Усё гэта прымусіла Ельскага падацца за мяжу. Без пашпарта ён перайшоў у Бесарабію. Але тут яго высачылі турэцкія жандары. Без грошай у кішэні Ельскі апынуўся ў Канстанцінопалі і, каб зарабіць на хлеб, расфарбоўваў для турэцкіх школ геаграфічныя карты, удзельнічаў у розных геалагічных экспедыцыях.

У 1865 годзе сябры дапамаглі Ельскаму перабрацца ў Парыж. Але і тут не было адпаведнай работы. Даведаўшыся, што з Тулузы ў Гвіяну, паўднёваамерыканскую калонію Францыі, адпраўляецца ваенна-транспартны карабель, Ельскі напісаў заяву на імя міністра марскога флоту з просьбай выдаць яму бясплатны білет пасажыра самага ніжэйшага класа. Неўзабаве прыйшоў дазвол.

Зборы былі нядоўгімі. Усе свае калекцыі вучоны бясплатна раздаў калегам. Расчуленыя такой бескарыслівасцю, сябры сабралі яму на дарогу 150 франкаў. І вось вецер надзьмуў парусы фрэгата «Амазонка», які рушыў па воднай гладзі на паўднёвы захад, да таямнічых берагоў Амерыкі. На караблі знаходзілася некалькі соцень палітычных вязняў. Іх накіроўвалі на катаргу ў калоніі. У Ельскага не было нават сваёй каюты, ён спаў на падлозе, падаслаўшы старыя канаты, або ў гамаку, падвешаным да мачты.

Праз многа год, вярнуўшыся ў Еўропу, Канстанцін Ельскі падзяліўся сваімі дарожнымі ўражаннямі са слухачамі курсаў пры Прамысловым музеі ў Кракаве. Адначасова, абапіраючыся на свае ранейшыя пісьмы з Амерыкі, ён рыхтаваў да друку нататкі пра падарожжа. Але закончыць іх перашкодзіла хвароба. Частка гэтых успамінаў убачыла свет у Кракаве ў 1898 годзе, пасля смерці аўтара. Гэта — невялічкая кніжка пад назвай «Папулярна-прыродазнаўчае апавяданне аб прабыванні ў французскай Гвіяне і часткова ў Перу».

Ельскі пачынае расказ з таго, як у свой час іх карабель прычаліў да вострава Мадэра. Пасажыраў у момант акружылі мясцовыя жыхары. Абарваныя і галодныя дзеці за кожнай кінутай манеткай давалі нырца ў глыбіні мора. Але чым мог дапамагчы ім малады падарожнік, калі ў яго не было нават грошай, каб купіць крыху бананаў, якіх ніколі раней не бачыў?

У жніўні 1865 года карабель прыбыў у Кайену — гандлёвы і адміністрацыйны цэнтр французскай Гвіяны. Ельскага ўразілі кантрасты каланіяльнага горада: з аднаго боку — багатыя ўласнікі велізарных плантацый кавы, какавы, цукровага трыснягу, з другога — негры, мясцовыя індзейцы, мулаты, крэолы, усе тыя, у каго не белы колер скуры, хто за паўцаны, а то і проста дарма працуе на ненасытных еўрапейцаў. Асабліва жорстка праследаваліся індзейцы. «У час адкрыцця Гвіяны,— піша Ельскі,— яны жылі на ўсім абшары краіны, на ўзбярэжжы мора і ўздоўж рэк. Потым жа, заняволеныя, прыгнечаныя і пакрыўджаныя еўрапейцамі, індзейцы помсцілі, і за гэта на іх рабілі аблавы». Не лепшым быў лёс і ў завербаваных каланізатарамі азіяцкіх кулі: «Спачатку з імі заключалі кантракт усяго на некалькі год, абавязваліся адаслаць іх на радзіму. Але на самай справе да тых рабочых, якія не гавораць па-французску, адносяцца не лепш, чым да рабоў; сярод іх значная смяротнасць — і, кажуць, вяртаецца іх на радзіму менш паловы».

У Кайене за нязначную плату Ельскі ўладкаваўся памочнікам фармацэўта ў бальнічнай аптэцы. Кожную свабодную хвіліну ён выкарыстоўваў для падарожжаў у навакольныя дрымучыя лясы. Там вучоны збіраў і апісваў расліны, насякомых, птушак. Прэпарыраваныя чучалы адсылаліся ў музеі Еўропы. Адных павукоў Ельскі паслаў каля 300 экземпляраў. Вучоным адкрыты і ўпершыню апісаны не адзін новы від раслін і жывёл (адзін з відаў лаўра потым быў названы імем адкрывальніка). Сабраны Ельскім матэрыял даў іншым вучоным магчымасць зрабіць значныя абагульненні.

У трапічных джунглях падарожніка на кожным кроку падсцерагала небяспека. То ў ліянах прытойваўся ягуар, то побач з лодкай высоўвалася зяпа кракадзіла. Асабліва цяжка было даставаць змей. «Аднойчы,— успамінае Ельскі,— калі мы вечарам сядзелі ля стала, мне паведамілі, што каланісты даставілі велізарную вужаку. Гэта быў боа-канстрыктар даўжынёй звыш трох метраў і з выгляду зусім не пашкоджаны. Заплаціўшы 5 франкаў і дабавіўшы бутэльку віна, мы паклалі вужаку ў скрыню і зачынілі яе. Пры гэтым жывёліна кінулася на аднаго з нас, але не паспела ўкусіць, бо мы прыціснулі вечка. Назаўтра пасля работы ўсе служачыя бальніцы сабраліся, каб паглядзець на вужаку. Боа пачаў так моцна рыкаць, што можна было пачуць за кіламетр, і рыкаў бесперапынна амаль гадзіну. Такі зычны голас вужакі здзівіў усіх нас, бо, здаецца, ніхто з прысутных не чуў раней, каб боа рыкалі, ды яшчэ так гучна. Другі раз я паклаў у вялікую скрыню прынесенага мне боа-цэўрыса, які меў мо паўтара метра ў даўжыню. А калі ўрачы, як звычайна, сабраліся пасля дзяжурства ў маёй кватэры, аказалася, што хтосьці прынёс жывога пацука. Усе аднагалосна патрабавалі, каб я кінуў яго вужацы. Пацук першы зачапіў боа і ўцяў яго некалькі разоў, урэшце яны сашчапіліся. Вужака хапіла зяпай галаву пацука і імгненна, бы пружына, абвілася вакол яго і так праляжала да вечара. Потым боа аслабаніў ахвяру, але не праглынуў яе. Наступныя дзесяць дзён ён нічога не еў і ўрэшце здох. Як выявілася потым, у вужакі быў пераламаны хрыбетнік».

«У Сен-Ларэнц,— успамінае Ельскі ў кнізе,— здарыўся такі выпадак. Плывучы па рацэ разам з каланістамі, жандар убачыў у вадзе велізарную вужаку, боа-мурына, і застрэліў яе. Здымаючы скуру, заўважылі, што вужака мела ў страўніку праглынутага кракадзіла даўжынёй з метр, а той, у сваю чаргу, праглынуў меншага кракадзіла. Боа-мурына быў настолькі доўгі, што, змераўшы яго, склалі адпаведны дакумент: 7 метраў! Здараліся выпадкі, калі вужакі нападалі на людзей. Аднойчы той жа жандар забіў качку і палез за ёй у ваду. Раптам яго схапіла за плячо вужака і пачала цягнуць у вір. Жандар здолеў вызваліцца, але са страху потым захварэў на малярыю і лячыўся ў кайенскім шпіталі. Сляды вужачых зубоў застаюся на ўсё жыццё».

Наколькі небяспечнымі з'яўляліся змеі, нават мёртвыя, сведчыць такі выпадак. Аднойчы сябры Ельскага злавілі ў час прагулкі маладзенькага ягуара. «Ноччу,— піша падарожнік,— з'явілася яго маці і з рыканнем абышла дом. Яе візіты паўтарыліся некалькі разоў. Каб пракарміць ягуара, мы стралялі лятучых мышэй і птушак. Але па меры росту ягуар станавіўся ўсё больш ненажэрным; тады яму ахвяравалі курэй. А калі не стала і іх — гарэзлівы ягуар схапіў галаву высушанай вужакі, раскусіў яе, наткнуўся на ядавіты зуб — і здох».

Звычайна Ельскі падарожнічаў па лясах у суправаджэнні індзейцаў. Вучоны высока цаніў іх здольнасці, бачыў у карэнных жыхарах Амерыкі паўнацэнных людзей, якія маюць усе правы на свабоднае і шчаслівае жыццё. «Ходзяць яны ціха і хутка,— пісаў Ельскі пра індзейцаў,— прыкмячаюць на дрэвах нават маленькіх птушак, шэрых і нерухомых, выдатна вызначаюць, які звер пакінуў след на зямлі. Умеюць яны пераймаць голас кожнага звера; у лесе могуць дастаць літаральна ўсё, бо ведаюць карысныя ўласцівасці кожнай расліны, кожнага дрэва». Ельскі смуткаваў з поваду таго, што індзейцаў становіцца ўсё менш і менш, што яны не вытрымліваюць сутыкнення з еўрапейскай «цывілізацыяй», са сквапнымі купцамі, якія за бутэльку гарэлкі набывалі ад іх розныя каштоўнасці. Са свайго боку, мясцовыя жыхары, якіх Ельскі бясплатна лячыў, вельмі паважалі нашага земляка, называлі яго «добрым белым», дапамагалі яму ў паляванні на акул і чарапах, папаўнялі яго калекцыі новымі экземплярамі раслін і жывёл.

Прабыўшы ў Гвіяне звыш чатырох год, К. Ельскі пераехаў у Перу, дзе пражыў яшчэ амаль 10 год. Увесь гэты час вучоны падтрымліваў сувязі з еўрапейскімі музеямі, навуковымі арганізацыямі і паасобнымі вучонымі, выконваў іх заказы. Ён бесперапынна працаваў над рознымі вынаходствамі: то адкрываў сакрэты кітайскай чорнай тушы, то ўдасканальваў спосаб захавання засушаных насякомых. Вельмі цікавымі з'яўляюцца звычаі і абрады жыхароў Паўднёвай Амерыкі, якія Ельскі назіраў у Перу, а затым апісаў у сваіх успамінах.

У сталым узросце вучоны вярнуўся ў Еўропу, ажаніўся і пасяліўся ў Кракаве. Няўрымслівы даследчык па-ранейшаму поўны розных планаў. Ён піша даследаванне «Аб узаемнай залежнасці геалагічных з'яў», удзельнічае ў экспедыцыях у Брэтань і Далмацыю. Яшчэ за некалькі дзён да смерці, якая наступіла 26 лістапада 1896 года, Ельскі працаваў над падручнікам па заалогіі.

Біяграфія Ельскага не вельмі багата на фантастычныя эпізоды, эфектыўныя прыгоды. Нягледзячы на тое што яго шлях пралягаў па экзатычных краінах, ён ні разу не тануў, не трапляў у кіпцюры драпежнага звера, не абрываўся са скал. І ўсё ж жыццё нашага земляка — гэта бесперапынны подзвіг, яркі прыклад штодзённага працавітага служэння навуцы, чалавецтву. Падарожнік і ўрач, батанік і заолаг, географ і геолаг, ён пакінуў прыкметны след у развіцці прыродазнаўства мінулага стагоддзя.


У ПОШУКАХ СТАРАДАЎНІХ РУКАПІСАЎ

Гісторыя беларускай літаратуры XIX стагоддзя поўна белых плям. Спіс яе здабыткаў куды меншы, чым спіс страт. Колькі твораў знішчана няўмольным часам і ваеннымі завірухамі, колькі назаўсёды загінула ў шуфлядах цэнзарскіх сталоў і шафах следчых камісій! Сярод іх — беларускія вершы П. Багрыма, У. Сыракомлі, В. Каратынскага, зборнікі «Скрыпка беларуская» і «Беларускія расказы» Ф. Багушэвіча, паэмы «Гануся», «Андрэй» і «Віялета» Я. Лучыны, польскія п'есы В. Дуніна-Марцінкевіча, гутаркі і драмы А. Вярыгі-Дарэўскага, пераклады А. Абуховіча і многае-многае іншае, што сёння нам вядома толькі па назве або невядома зусім.

Пра некаторых беларускіх пісьменнікаў мінулага стагоддзя мы ведаем толькі адно: яны былі! Вось змест сціплай нататкі ў газеце «Гоман» (1916, № 12): Яну Шэмету-Палачанскаму (нарадзіўся ў 1826 годзе ў Даўгінаве, памёр у 1905 годзе) належаць беларускія паэмы «Даўгінаўскі пагром», «Вяселле ў Беляка», «Барысаў камень», вершы «Да братоў у пакоях», «За чаркай», «На дзяды», «Думы ў полі» і інш. Частка з гэтых рукапісаў, паведамлялася ў нататцы, захоўваецца ў дачкі пісьменніка ў Цюмені. Аўтар гэтых радкоў пры пасрэдніцтве цюменскай абласной газеты спрабаваў у 1968 годзе адшукаць сляды тых рукапісаў, але сібірскія краязнаўцы адказалі, што прамыя нашчадкі Шэмета-Палачанскага памерлі некалькі год назад, а далёкія сваякі нічога канкрэтнага не ведаюць...

Або вось радкі з верша «Я клічу вас...», які падпісаны псеўданімам Горэвід:

Я клічу вас...

...даволі, годзе

Цярпець, галеці дый маўчаці!

Пара зварушыцца з магілы!

Сабраці ўсё, што есці сілы!

Ланцугі цемрачы парваці

Ды вольным быці нам — народзе...

Па мужнасці, па рэвалюцыйнасці гэты верш, бадай, не мае ў XIX стагоддзі сабе роўных. І напісаны ён вопытнай рукой. Але хто аўтар гэтых радкоў? На жаль, нават Р. Зямкевіч, у паперах якога верш «Я клічу вас...» захоўваўся побач з вершам «Палякам у дзень 3-га мая», ведаў толькі тое, што пад псеўданімам Горэвід хаваўся даволі адукаваны беларускі селянін.

Ва ўмовах, калі не захаваліся асабістыя архівы беларускіх пісьменнікаў XIX стагоддзя, калі бясследна загінулі многія лепшыя творы і нават цэлыя зборнікі, набываюць асаблівую каштоўнасць кожная архіўная знаходка, кожны новы рукапіс, адкапаны з забыцця. Аб некаторых пошуках і знаходках пойдзе гаворка ніжэй. Праўда, не заўсёды пошукі завяршаліся ўдачай. Часта на змену надзеі прыходзіла расчараванне. Але аб расчараваннях і няўдачах таксама варта расказаць: магчыма, гэта дапаможа ў пошуках іншым.


ПІСЬМЫ НАВОДЗЯЦЬ НА СЛЕД

...Рукапісны аддзел Цэнтральнай бібліятэкі Акадэміі навук Літоўскай ССР. У высокіх старадаўніх шафах тут захоўваецца многа матэрыялаў па гісторыі беларускай літаратуры: польскія вершы Ф. Багушэвіча і восем сшыткаў з вершамі А. Гурыновіча, артыкулы Б. Тарашкевіча і аўтографы А. Абуховіча, пісьмы Р. Зямкевіча і запісы беларускіх народных песень. І гэта заканамерна: доўгія гады Вільня была асноўным цэнтрам развіцця нашага пісьменства.

Большасць твораў і дакументаў, якія маюць адносіны да гісторыі нашай літаратуры і раней захоўваліся ў Віленскім беларускім музеі, трапіла ў так званы Віленскі беларускі фонд (ВБФ, цяпер — Фонд 21). Гэты фонд ужо даволі добра вывучаны даследчыкамі. Але ці няма цікавых матэрыялаў у іншых фондах аддзела? Напрыклад, у Фондзе аўтографаў (ФА) ці Асноўным фондзе (АФ)?

Пошукі аказаліся плённымі: у Фонд аўтографаў трапіла карэспандэнцыя вядомых віленскіх кнігавыдаўцоў Завадскіх. Тут ёсць пісьмы многіх польскіх аўтараў, якія ў свой час жылі на тэрыторыі Беларусі. Сярод іншых карэспандэнтаў сустракаюцца прозвішчы А. Мастоўскай з Заслаўя, Т. Урублеўскай з Дзісны, В. Замбржыцкага з Оршы. У пачатку мінулага стагоддзя яны ўносілі пасільны ўклад у развіццё культуры на беларускіх землях. А вось тоненькая папка з невядомымі пісьмамі В. Дуніна-Марцінкевіча (ФА-743). Яны адрасаваны прадстаўніку другога пакалення выдаўцоў — Адаму Завадскаму.

Пісьмы В. Дуніна-Марцінкевіча даюць уяўленне аб матэрыяльным становішчы пачынальніка прафесіянальнай беларускай літаратуры, аб акалічнасцях, пры якіх друкаваліся і распаўсюджваліся яго кнігі. Як відаць з пісьма, датаванага 4 снежня 1856 года, Дунін-Марцінкевіч друкаваў свае творы ў Завадскага на ўласны кошт, а затым частку тыражу пакідаў на камісію ў віленскіх кнігарнях, частку ж распаўсюджваў сам. Як правіла, продаж кніг беларускага пісьменніка ішоў вельмі марудна, асабліва ў Вільні: тыраж «Сялянкі», надрукаванай у 1846 годзе, заставаўся нераскупленым нават праз дзесяць год.

Са знойдзеных пісем бачна, што ўзаемаадносіны паміж пісьменнікам і кнігавыдаўцом былі далёка не ідэальныя. Дадзім слова самому Дуніну-Марцінкевічу. У тым жа пісьме ад 4 снежня ён звяртаецца да Завадскага з наступнай скаргай:

«Вяльможны Мосці Дабрадзею! Бойся, пан-дабрадзей, бога! Пан, відаць, замест майго рахунку праз памылку пераслаў мне чыйсьці іншы — бо я загадзя паслаў пану з Мінска крыху грошай, а потым, будучы ў Вільні, атрымаў ад Варачкі 200 рублёў і з іх поўнасцю задаволіў пана-дабрадзея; тады ж пан раіў, каб я забраў усе мае кнігі, а я прасіў, каб частка іх засталася ў пана на камісіі — і ніякага доўгу за мной няма. Па-другое, пан-дабрадзей лічыць за перасылку 150 экземпляраў 2 рублі 65 капеек — аднак жа на расходы па перасылцы паслаў я тады з панам Беліновічам 4 рублі серабром...

Вельмі прашу пана-дабрадзея прыслаць мне бліжэйшай поштай 40 экземпляраў «Сялянкі», бо сумленная Беларусь смяротна патрабуе гэтага твора, і, каб я меў хаця б з 300 экземпляраў, усё роўна прадаў бы. Не сходзяцца мае і вашы рахункі, але што ж рабіць — толькі не залічвай пан-дабрадзей на мяне тое, што ўжо заплачана...»

Наколькі можна меркаваць з пісьма, датаванага 17 сакавіка 1851 года, Дунін-Марцінкевіч часта знаходзіўся ў такім цяжкім матэрыяльным стане, што не мог нават купіць сабе нумар часопіса, у якім гаворка ішла аб яго дзецях. Пісьменнік просіць у Завадскага пазычыць яму хаця б на ноч экземпляр «Бібліотэкі варшавскей» за кастрычнік 1850 года: «Менавіта там ёсць артыкул аб ігры маіх дзяцей — я заўтра аднясу. Толькі хачу прачытаць». З аналагічнай просьбай Дунін-Марцінкевіч яшчэ раней звяртаўся (і, відаць, без выніку) у кнігарню М. Аргельбранда (ФА-1824).

Што ж гэта за артыкул, аб якім ідзе гутарка ў пісьме аўтара «Гапона»? З цяжкасцю ўдалося адшукаць чацвёрты том «Бібліотэкі варшавскей» за 1850 год. У ім сапраўды змешчана рэцэнзія І. Сікорскага «Канцэрт маленькіх піяністаў Камілы і Міраслава Марцінкевічаў, дадзены ў Варшаве 15 і 23 жніўня г. г.». Адзначыўшы, што вышэйшыя колы грамадства ўсё яшчэ празмерна захапляюцца заходнім мастацтвам і не цэняць айчыннага, аўтар піша пра юных Марцінкевічаў: «Вось да нас прыбылі два маладыя таленты з ціхага літоўскага Мінска; гэтыя таленты настолькі выдатныя, што ў іх бачны геній». Рэцэнзент адзначае, што госці ігралі ў рознай манеры: «Ігра чатырнаццацігадовай Камілы вызначаецца спакойнай завершанасцю, закругленасцю, раўнавагай, урэшце, думкай, настолькі ўжо развітай, што яна заклікае маладую артыстку, нягледзячы на адсутнасць адпаведнай адукацыі, да выражэння на паперы ўласных твораў». Для малодшага ж Міраслава характэрны «сіла і адвага, якая часамі пераходзіць у дзёрзкасць». Вядомы варшаўскі музыказнаўца падрабязна разглядае выкананне кожнага нумара (у праграму канцэртаў уваходзілі творы Шапэна, Мендэльсона, Ліста). Выказаны і некаторыя крытычныя заўвагі, пажаданні.

У тым жа Фондзе аўтографаў, побач з пісьмамі В. Дуніна-Марцінкевіча, захоўваецца 8 пісем да Завадскага іншага Марцінкевіча — Гераніма (ФА-742). У іх гаворыцца аб выданні польскай драмы «Падарожны» і зборніка «Несістэматызаваныя творы». Указваецца і адрас карэспандэнта: горад Віцебск. Адразу ж прыходзіць думка: гэта той самы Геранім Марцінкевіч, аб якім А. Семяновіч пісаў у «Беларускай драматургіі», што ён у 1862 годзе паставіў у Віцебску беларускую камедыю «Аказія пры Палкоўніцах». Значыць, варта адшукаць і яго польскія творы. Але старанныя пошукі ў мінскіх і вільнюскіх бібліятэках не давалі вынікаў. Толькі выпадкова ў вільнюскай букіністычнай кнігарні ўдалося натрапіць на зборнік вершаў Г. Марцінкевіча, які выдадзены ў Вільні ў 1845 годзе... А можа што захавалася ў матэрыялах Віленскага цэнзурнага камітэта?

І вось перад намі — арыгіналы драмы «Падарожны» (АФ-441) і зборніка «Несістэматызаваныя творы» (АФ-589). Першая з іх дазволена цэнзурай да друку 28 кастрычніка 1859 года, другі — у чэрвені 1857 года. Пяро цэнзара выкрасліла пры гэтым многія радкі і нават цэлыя абзацы, у якіх у той або іншай форме гаварылася аб неабходнасці адмены прыгоннага права, аб росце рэвалюцыйных настрояў у краіне напярэдадні паўстання 1863 года.

У «драме з праўдзівага здарэння» «Падарожны» мы знаходзім тую ж самую сімволіку, тыя ж самыя алегорыі, якія характэрны для тагачаснай польскай паэзіі, звязанай з нацыянальна-вызваленчым і антыпрыгонніцкім рухам. Галоўны герой твора, таямнічы падарожнік, прыязджае ў родны горад над Дзвіной. Бачачы людское гора і чэрствасць магнатаў, на нейкі час ён губляе цікавасць да жыцця, хоча памерці. Але бура, што ўзнімаецца за акном, выводзіць героя са здранцвення, ёгі зноў гатовы дзейнічаць у імя таго, каб яго землякі былі шчаслівыя. Ён упэўнены, што «зло, якое нас гняце, з'яўляецца часовым: прад сілаю ахвяр скорыцца злачыннасць», што вызваленне залежыць не ад цудаў, а ад «магутнасці народаў». Апошняе чатырохрадкоўе драмы, дзе гаворыцца аб тым, што ад слоў пара перайсці да спраў, закрэслена рукой цэнзара П. Купальніка.

Яшчэ больш жорстка паступіла цэнзура са зборнікам «Несістэматызаваныя творы». Так, у артыкуле «Гаспадары — стары і малады» выкраслена некалькі старонак, на якіх даказваецца, што «так быць не павінна, інакш быць мусіць», што трэба хутчэй адмяніць прыгоннае права і ўраўняць у правах сялян з панамі. У іншых артыкулах зборніка аўтар гаворыць аб патрэбе сумесных намаганняў, аб тым, што бескультур'е беларускай вёскі абумоўлена беднасцю селяніна. Зборнік сведчыць, што Геранім Марцінкевіч быў перадавым для свайго часу чалавекам, блізка прымаў да сэрца не толькі нягоды свайго народа, але і гора іншых народаў. Напрыклад, у артыкуле «Увагі і назіранні» наш зямляк гнеўна пратэстуе супраць гандлю неграмі і тут жа дабаўляе, што «часамі яшчэ больш ганебным бывае гандаль сярод цывілізаваных класаў грамадства». А ў замалёўцы «Канцылярыст» знішчальна высмеяна віцебскае чыноўніцтва. Яно вельмі далёкае ад народа і ўвесь час праводзіць за чаркай ды гульнёй у карты.


З ПЯЧАТКАЙ АЛЯКСАНДРА ЕЛЬСКАГА

Адным з першых гісторыкаў беларускай літаратуры і збіральнікаў беларускіх рукапісаў быў Аляксандр Ельскі (1834-1916), стрыечны брат падарожніка К. Ельскага. Чалавек ліберальна-буржуазных поглядаў, ён усё жыццё эвалюцыяніраваў управа і пасля рэвалюцыі 1905 года адкрыта перайшоў на рэакцыйныя пазіцыі. Ельскаму належыць некалькі вершаваных і празаічных брашур на беларускай мове — «Сынок!» (1895), «Выбіраймася ў прочкі!» (1896), «Слова аб праклятай гарэліцы і аб жыцці і смерці п'яніцы» (1900), «Гутарка аб том, якая мае быць «Зямля і воля» сельскаму народу» (1906) і іншыя. Усе яны вытрыманы ў духу буржуазнага асветніцтва, прымітыўныя па свайму мастацкаму ўзроўню і таму маюць сёння толькі гісторыка-літаратурнае значэнне.

У спадчыне Ельскага ёсць таксама многа прац на польскай мове. Яны прысвечаны пераважна мінуламу Беларусі, яе эканоміцы. Цікава, што некаторыя з гэтых прац («Заўвагі аб сялянскім пытанні», «Нарыс нораваў шляхты») былі прыхільна сустрэты прагрэсіўнай грамадскасцю і адмоўна — рэакцыянерамі. Як пад уласным прозвішчам, так і пад псеўданімамі Бацян з-над Пцічы і Літвін-грамадзянін Ельскі змясціў у розных газетах і часопісах («Край», «Кур'ер віленьскі», «Хвіля») дзесяткі артыкулаў і карэспандэнцый. Найбольш цікавыя з іх — «Слоўца аб старым Заслаўі» («Край», 1888, № 16), «Марыя» Мальчэўскага ў маларусах і беларускіх перакладах» («Край», 1889, № 7), «Пра беларускую гаворку» («Край», 1885, № 5, 6), «Юбілейная нататка пра беларускую літаратуру» («Край», 1889, № 29), «Нататкі аб падарожжы па Мінскай губерні» («Тыгоднік повшэхны», 1880), «Слоўца аб матэрыялах, якія служаць для даследавання беларускай гаворкі, этнаграфіі і літаратуры» («Хвіля», 1886, № 17-23). Апошні артыкул быў з нязначнымі зменамі змешчаны ў VIII томе польскай «Вялікай агульнай ілюстраванай энцыклапедыі» (1892). Урэшце,. Ельскі пераклаў на беларускую мову першую частку паэмы А. Міцкевіча «Пан Тадэвуш» (Львоў, 1892), выдаў зборнік «100 прыказак, загадак, прыдумак і гавэндаў для пажытку беларускага народа» (Вільня, 1908).

Як бачым, Ельскі пакінуў вялікую і шматбаковую, хоць і супярэчлівую ў ідэйных адносінах, літаратурную і навуковую спадчыну. Яго шматлікія брашуры выклікалі ў свой час ажыўленыя спрэчкі вакол беларускага пытання. Аднак куды большую паслугу Беларусі рабіў Ельскі, збіраючы ў сваім маёнтку Замосце помнікі беларускага пісьменства, старадаўнія рукапісы і аўтографы. Дом пісьменніка ператварыўся ў сапраўдны беларускі музей. У прыватнасці, вядома, што туды трапілі рукапісы са славутага куфра, які ў доме Дуніна-Марцінкевіча бачыў у час вучобы Ядвігін Ш.

Але пасля першай сусветнай вайны багатыя зборы Ельскага бясследна загінулі. Хадзіла глухая гаворка, што сваякі пісьменніка часткова вывезлі іх у Варшаву. Значыць, сляды трэба шукаць там...

І вось — першая знаходка. У аддзеле рукапісаў Нацыянальнай бібліятэкі ў Варшаве ў мае рукі трапляе тоўстая «Кніга для запісу асоб, якія аглядаюць зборы ў Замесці, пачатая ў 1882 годзе» (№ 5087). На першай старонцы стаіць асабістая пячатка Аляксандра Ельскага. Усяго ў кнізе — 255 запісаў. Музей наведалі славутыя тады вучоныя Катарбінскі, Здзяхоўскі, Федароўскі, Талька-Грынцэвіч, пісьменнік Вайсангоф. Ёсць запісы на рускай, французскай, нямецкай і нават дацкай мовах. А вось і радкі на беларускай мове: «Прабыў я колькі днёў у шаноўнейшага пана Аляксандра Ельскага...» (далей неразборліва). І яшчэ, вершам (запіс ад 12 верасня 1892 года):

Дзесяць лет праляцела,

Мой ты мілы браце,

Як глядзеў тыя скарбы

У Тваёй пекнай хаце.

Дзіўлюсь я той працы

І гэтай вытрвалосці,

З якой усё ідзе

У пана ягамосці.

Дай жа божа, мой братка,

Табе доўга жыці

Тай верна служа богу

Век шчаслівым быці.

Твой, братка, адналетак

Саван Пранцісь Ельскі.

Акрылены першым поспехам, я пачаў пільна гартаць справу за справай. Дзень за днём праседжваў у старадаўнім палацы на плошчы Красінскіх. Ды ўсё дарэмна: рукапісы з пячаткай Ельскага больш не трапляліся. Тады ўніклівы знаўца бібліятэчных багаццяў пані Алодыя Грычова параіла мне звярнуцца да фондаў, якія набыты нядаўна і таму яшчэ не апісаны. І вось — новая радасць: невялікі сшытак пад назвай «З-над Іслачы або лякарства на сон, апавяданне Навума Прыгаворкі ў 2-х частках» (№ 6358 акц.). Пазнаю характэрны почырк В. Дуніна-Марцінкевіча...

Паэма «З-над Іслачы» напісана ў 1868 годзе, калі Дунін-Марцінкевіч бязвыезна жыў у невялікім фальварку Люцынка, размешчаным на беразе хуткай рачулкі Іслачы. Уся краіна тады балюча перажывала паражэнне ў паўстанні 1863 года. Водгукі народнай трагедыі чуваць і ў паэме. Аўтар скардзіцца, што наступілі цяжкія часіны, але не траціць надзеі на лепшы заўтрашні дзень, бо «толькі слабы плача, калі яму балюча, не падае духам чалавек моцнай волі!»

Асабліва балюча паэту, калі ён бачыць, як спусташаюць людзей «спекуляцыя», новыя, капіталістычныя адносіны. У паэме паказаны адзін з такіх «спекулянтаў» — выскачка Сабковіч. Яшчэ нядаўна ён пасвіў жывёлу, потым стаў аканомам, без літасці ашукваў сялян і выдае сябе за важнага пана, абыгрывае ў карты суседзяў ды хоча набіць кішэню багатым пасагам. Магчыма, што Сабковіч, які потым, у 1870 годзе, стане галоўным героем п'есы «Залёты», быў рэальнай асобай, суседам Дуніна-Марцінкевіча.

Паэма «З-над Іслачы» напісана на польскай мове, але ў ёй ёсць і беларускія ўстаўкі накшталт:

Ах, калі б мне зранку

Гарбаты хоць шклянку,

І цюцюну люльку,

Дзяўчыну Анульку;

Гарбату я піў бы,

Цюцюнец курыў бы,

Дзяўчыну Анульку

К сэрцу прытуліў бы.

Куды больш, чым у Нацыянальнай бібліятэцы, папераў Ельскага захоўваецца ў варшаўскім Галоўным архіве старажытных актаў (АГАД). У ім ёсць спецыяльны «Архіў Прозараў і Ельскіх». Праўда, дакументы гэтага фонду прысвечаны пераважна гаспадарчым, маёмасным справам. Але пад нумарам 140 удалося адшукаць дзве тоўстыя папкі пад назвай «Матэрыялы, якія датычацца беларускай літаратуры, 1517-1896, 1896-1911». Тут — копіі вядомых твораў Багушэвіча, Сыракомля «Гутаркі старога дзеда», экземпляры перакладаў на беларускую мову кніг «Сігнал» М. Гаршына (1891) і «Да свайго бога» М. Зыха (Стэфана Жаромскага) (1904), карэктурныя адбіткі, бібліяграфія беларускіх твораў (асобна па XVI, XVII і XVIII стагоддзях), урэшце, пісьмы К. Каганца, Р. Зямкевіча, В. Іваноўскага і іншых. Так, у недатаваным пісьме Р. Зямкевіч просіць Ельскага, каб той дапамог яму ўстанавіць гады жыцця Рыпінскага і Вярыгі-Дарэўскага, салідарызуецца з адмоўнымі адносінамі Ельскага да «Нашай нівы», дзе І. Луцкевіч «паступаў неэтычна» з рукапісамі, паведамляе, што паслаў Ельскаму два беларускія вершы, датаваныя 1794 і 1858 гадамі. У пісьме ад 21 сакавіка 1909 года той жа Зямкевіч выказвае жаданне пазнаёміцца з неапублікаванымі творамі Дуніна-Марцінкевіча, якія захоўваліся ў Ельскага.

У папцы пад нумарам 140 захоўваецца таксама сшытак з вершамі беларускага сялянскага паэта канца XIX стагоддзя Мікалая Марозіка. Пра гэтага аўтара да апошняга часу вядома было толькі, што пад псеўданімам А. Шункевіч ён апублікаваў у газеце «Минский листок» (1889, № 18) беларускі дыдактычны верш «Сцяпан і Таццяна». Апрача таго, у «Лістках календара» Максіма Танка гаворыцца, што сябар Ф. Багушэвіча, З. Нагродскі, успамінаў перад смерцю, нібы Марозік чытаў беларускія вершы на адкрыцці ў Вільні помніка Кацярыне II.

І вось — цэлы сшытак вершаў амаль невядомага аўтара. На жаль, асабліва радавацца няма падстаў, бо вершы Марозіка прымітыўныя, напісаны на такім вось «узроўні»:

Бо як голька гаспадара ў карчму панясло,

Дак і поле травою зарасло.

І як стаў да карчмы прывыкаць,

То нечым і поле пахаць.

І як пачаў гарэлку любіць,

То незашта і кабылы купіць...

— і гэтак далей на цэлых 360 радкоў.

У канцы працытаванага вышэй «Сачынення пад рыфму на п'янства і гультайства» аўтар паведамляе пра сябе наступнае: «Саставіў селянін Мінскай губерні Навагрудскага павета Нягневіцкай воласці сяла Лаўрышава Мікалай Фёдараў Марозік 1890 года. Усіх сачыненняў маю больш пятнаццаці на розныя тэмы».

Урэшце, аб маштабах збіральніцкай дзейнасці Ельскага красамоўна сведчаць яго пісьмы, адрасаваныя вядомаму польскаму раманісту Ю. І. Крашэўскаму. Яны знаходзяцца ў Ягелонскай бібліятэцы ў Кракаве (рукапіс № 6508). Першае пісьмо адпраўлена з Варшавы ў Дрэздэн 18 верасня 1870 года. Апынуўшыся пасля паўстання 1863 года ў цяжкім матэрыяльным становішчы, Ельскі хоча пры дапамозе Крашэўскага прадаць сваю калекцыю эскізаў: «Яшчэ нядаўна я быў незалежным чалавекам, літоўскім гаспадаром. Непрэтэнцыёзны, ціхі і старанны шукальнік айчынных памятак, я ў свой час сабраў значную калекцыю, у тым ліку збор эскізаў і малюнкаў вядомых нашых мастакоў. Сёння ж у выніку агульных прычын я даведзены да матэрыяльнай руіны, пазбаўлены незалежнага становішча і таму вымушаны зарабляць на кавалак хлеба і, з-за адсутнасці сродкаў, быў бы рад збыць у аматарскія рукі некаторыя памяткі, сабраныя з такой стараннасцю і такім коштам».

Што ж гэта за памяткі, аб якіх гаворыць Ельскі? Як вынікае з далейшага тэксту пісьма, сярод іх былі творы Чаховіча, братоў Смуглевічаў, Бароўскага — усяго каля 250 эскізаў і малюнкаў. Апрача таго, Ельскі меў каля 1000 гравюр, палотны Бакіярэлі, Дамеля, Лямпі, Ноля і нават адзін арыгінал Рэмбранта. Частку з іх калекцыянер адправіў Крашэўскаму ў Дрэздэн, але той, відаць, не знайшоў пакупніка. 25 сакавіка 1873 года Ельскі паведамляе, што атрымаў эскізы назад.

У другім пісьме Ельскі просіць Крашэўскага, каб той памог яму дастаць аўтографы Тургенева, Ходзькі, Сташыца і іншых славутых людзей. Усяго ў калекцыі Ельскага было каля 2000 аўтографаў. Нязначная частка з іх трапіла ў Цэнтральны дзяржаўны архіў літаратуры і мастацтва БССР.

Карэспандэнцыя Ельскага пралівае пэўнае святло і на творчыя справы пісьменніка. 22 ліпеня 1876 года ён паведамляў Крашэўскаму, што «рашыў зрабіць паслугу нашаму народу, перакладаючы на беларускую мову «Сем вечароў» вядомага Юзафа Супінскага». На жаль, пераклад гутарак папулярнага польскага эканаміста свету так і не ўбачыў, бо не знайшлося аматара, які фінансаваў бы выданне. Высока адзываючыся ў пісьмах аб «сумленным» беларускім народзе, Ельскі адначасова востра крытыкуе мясцовую польскую шляхту, якая марнатравіла і марнатравіць «багацці айчыннай зямлі, бы паразіт».


ЗАПІСНАЯ КНІЖКА ПАЎСТАНЦА

У рукапісным аддзеле Нацыянальнай бібліятэкі ў Варшаве маю ўвагу прывабіла невялікая, пажаўцелая ад часу запісная кніжка (рукапіс № 6540). На першай яе старонцы каліграфічным почыркам выведзена: «Нататкі паўстанца 1863 года ў магілёўскай турме». Далей ідзе неразборлівы подпіс. Невядомы ўладальнік кніжкі, якога царскія ўлады прыгаварылі да катаржных работ, прызначыў яе сваёй нявесце Ядвізе. Аб гэтым сведчыць прачулае прысвячэнне. Развітваючыся з нявестай, аўтар просіць Ядвігу зберагчы кніжку, калі тая трапіць у яе рукі, захаваць для гісторыі імёны тых, хто ахвяраваў жыццём у імя вызвалення радзімы. Ці атрымала нявеста кніжку і якім чынам гістарычная рэліквія трапіла ў Варшаву — невядома.

У запісной кніжцы пакінулі аўтографы ўдзельнікі паўстання 1863 года, якія адбывалі пакаранне ў магілёўскай турме. Вось некалькі запісаў: «Аляксей Вайніловіч, вучань з Магілёўскай губерні, прыгавораны да вечнай ссылкі ў Сібір», «Уладзіслаў Корбут — родам з Мінска», «Гордан Пароскі — вучань Слуцкай гімназіі», «Альфрэд Завада, з Гродзенскай губерні, Шчучын, да катаргі на 8 год», «Эдвард Матушэвіч, фартэпіянны майстар з Мінскай губерні і павета». Сярод вязняў — многа студэнтаў Маскоўскага універсітэта і Горы-Горацкага земляробчага інстытута. Запісная кніжка пацвярджае вывад гісторыкаў А. Смірнова і Г. Кісялёва аб тым, што на Магілёўшчыне (у атрадах Звярждоўскага) у паўстанні 1863 года ўдзельнічалі пераважна разначынцы, дробная шляхта. Сяляне тут яшчэ верылі «добраму цару», пад уплывам царскіх чыноўнікаў глядзелі на паўстанне 1863 года як па панскую «інтрыгу» і таму часта выдавалі паўстанцаў. Пра гэта сведчыць і знойдзеная кніжка. На 15-й старонцы яе намаляваны селянін. Пад малюнкам — подпіс на беларускай мове: «Звяжы пана — грошы будуць!» Тут жа змешчаны сатырычны верш аб тым, як магілёўскаму губернатару Беклямішаву ўдалося перацягнуць на свой бок сялян і разам з імі звязаць паўстанцаў. У кніжцы цытуюцца найбольш папулярныя паўстанцкія песні, верш У. Сыракомлі «Лялька».

Знойдзеная ў Варшаве запісная кніжка цікава яшчэ і тым, што ў ёй многа гаворыцца пра Тамаша Грыневіча. Усім у памяці раман У. Караткевіча «Нельга забыць». Асабліва ўсхваляваў чытачоў подзвіг аднаго з герояў рамана, Усяслава Грынкевіча, расстралянага за ўдзел у паўстанні, і подзвіг яго жонкі, якая спяшалася прывезці вестку аб «памілаванні» і спазнілася на некалькі трагічных мінут. І вось з запісной кніжкі бачна, што ва Усяслава Грынкевіча ёсць рэальны прататып — Тамаш Грыневіч, расстраляны ў Рагачове адначасова з двума братамі — афіцэрамі Манцэвічамі. Пад датай 1 чэрвеня 1863 года ў запісной кніжцы ёсць верш Грыневіча «Песня прыгаворанага да смерці паляка». Аўтар верыць, што справа свабоды не загіне, «пакуль жыве славянскае племя». Дзеля вызвалення трэба паказваць народу прыклады гераізму і самаахвярнасці. Перамога не прыйдзе сама сабой: «Полымя раптам не ўспыхвае — яно пачынаецца з іскры». А далей ідзе верш, прысвечаны ўдаве Грыневіча, той самай, якая спазнілася на некалькі мінут. Невядомы аўтар захапляецца яе мужнасцю, якая, на яго думку, будзе па-сапраўднаму ацэнена і ўзнагароджана толькі тады, калі краіна вызваліцца з няволі. У. Караткевіч, зразумела, не чытаў гэтых вершаў, не ведаў пра існаванне запісной кніжкі, але, як мастак, пранік у дух тагачасных падзей і таму застаўся верны гістарычнай праўдзе.


У ПОШУКАХ БАГУШЭВІЧАЎСКАЙ ШКАТУЛКІ

Імя выдатнага паэта Францішка Багушэвіча (1840-1900) добра вядома ўсяму беларускаму народу. Лепшыя вершы палымянага дэмакрата, напісаныя гадоў 80-90 таму назад, і сёння хвалююць, кранаюць сэрцы чытачоў шчырай любоўю да свайго народа і нянавісцю да яго ворагаў. Паэт непахісна верыў, што раней ці пазней абяздолены беларускі мужык зажыве вольна і шчасна.

Францішак Багушэвіч пісаў у цяжкі час, калі царскія ўлады ўсяляк забаранялі беларускае друкаванае слова. Свае зборнікі «Дудка беларуская», «Смык беларускі» і апавяданне «Тралялёначка» паэт выдаў за межамі Расійскай імперыі, хаваючыся пад псеўданімамі Мацей Бурачок і Сымон Рэўка з-пад Барысава. На «Дудцы беларускай» значыцца, што яна надрукавана ў кракаўскай друкарні У. Л. Анчыца; на «Смыку беларускім» — што яго выдаў у Познані Р. Нікульскі.

Аднак далёка не ўсё напісанае Багушэвічам убачыла свет і дайшло да нашых дзён. У некралогах, прысвечаных смерці паэта, гаворыцца, што ён выдаў (або падрыхтаваў да друку) зборнік «Скрыпка беларуская». На жаль, самыя старанныя пошукі зборніка не далі пакуль што вынікаў. Загінулі таксама апавяданні Багушэвіча, яго перапіска з многімі выдатнымі сучаснікамі, у тым ліку пісьмы ад Элізы Ажэшкі. Праўда, часам даследчыкам удаецца адкапаць сеё-тое са спадчыны пісьменніка. Напрыклад, нядаўна Г. Кісялёў знайшоў у Вільнюсе яго пісьмы да польскага вучонага-філолага Яна Карловіча. Але гэта — толькі кропля ў моры таго, што трэба адшукаць. Калі б сёння ў рукі літаратуразнаўцаў трапіў асабісты архіў Багушэвіча, мы разгадалі б не адну творчую таямніцу і ўзбагацілі б гісторыю беларускай літаратуры XIX стагоддзя новымі цікавымі старонкамі.

Дзе ж шукаць гэты архіў? У Кушлянах, дзе Багушэвіч правёў апошнія гады жыцця, не засталося нічога. Мясцовыя старажылы сцвярджаюць, што драўляную шкатулку, у якую паэт складваў свае рукапісы і карэспандэнцыю, у 1946 годзе хтосьці з унучак вывез у Польшчу. Апрача таго, у Кракаве і Познані сярод папераў Анчыцаў і Нікульскага магла аказацца запаветная «Скрыпка беларуская», маглі захавацца аўтографы «Дудкі беларускай» і «Смыка беларускага». Значыць, трэба ехаць у Польшчу...

Пошукі ў Кракаве прынеслі адны расчараванні. Супрацоўнікі бібліятэкі Ягелонскага універсітэта дапамаглі мне ўстанавіць, што архіў Анчыцаў пакуль што не трапіў у дзяржаўныя сховішчы. Але яшчэ жыве ўнучка У. Анчыца. Можа, паперы -засталіся ў яе?

— Не,— адказвае Зоф'я Тржэбіцкая.— Папераў майго дзядулі ў мяне няма. Яны ўсе засталіся ў будынку друкарні па Звежынецкай вуліцы. Калісьці яна належала майму дзеду, а цяпер — дзяржаве. Пагаварыце з дырэктарам.

— На жаль, нічым не магу вам дапамагчы,— разводзіць рукамі дырэктар друкарні.— На паддашку сапраўды захоўваецца частка архіва Анчыцаў. Але паперы яшчэ не ўпарадкаваны. Апрача таго, тут знаходзіцца архіў толькі ад 1901 года, калі друкарня пераехала на Звежыкецкую з Сенатарскай. Вас жа цікавіць пачатак 90-х гадоў мінулага стагоддзя. Не ўяўляю, што сталася з архівам друкарні па Сенатарскай. Можа, што памятае сябар Анчыцаў, уладальнік букіністычнага магазіна на Шчэпаньскай плошчы Мар'ян Кржыжаноўскі? Калісьці ён сам быў кнігавыдаўцом.

— Так, памятаю,— старэчым шэптам паведамляе гаспадар магазіна.— Памятаю, што Анчыц выдаваў нейкі зборнічак на беларускай мове. Але калі яго перапраўлялі нелегальна праз граніцу з Расіяй, увесь тыраж канфіскавалі і спалілі. Так, магчыма, зборнік называўся «Скрыпачка». А што датычыцца архіва друкарні па Сенатарскай — нічога не памятаю. Стары Анчыц наогул не паважаў паперы, усю дакументацыю трымаў у кішэні. А ўрэшце, спытайцеся ў майго сябра і равесніка Казімежа Віткевіча. Вось яго адрас.

— Сёння ўжо цяжка ўзнавіць гэта ў памяці,— сказаў прафесар Віткевіч.— Калі з часам успомню што — напішу вам.

Такім чынам, кола замкнулася. Не ўдалося таксама знайсці нейкія сляды прабывання Багушэвіча ў Кракаве на IV з'ездзе польскіх прыродазнаўцаў. Не ўдалося высветліць, што сабой уяўлялі унікальныя рэчы, якія, па словах Н. Роўбы, беларускі паэт ахвяраваў Нацыянальнаму музею ў Кракаве. Заставалася адзіная надзея на Познань, дзе ў 1894 годзе нехта Р. Нікульскі «сваім коштам» выдаў зборнік «Смык беларускі».

У Познані мяне сардэчна сустрэлі прафесар М. Вайцяхоўская і намеснік дырэктара бібліятэкі Познанскага універсітэта М. Паўлікоўскі. Яны ахвотна і зацікаўлена дапамагалі ў пошуках. Ды ўсё дарэмна. Праўда, пры пошуках высветліліся немалаважныя акалічнасці. Аказалася, што ў канцы XIX стагоддзя такога шрыфту, якім набраны «Смык беларускі», не было ні ў адной познанскай друкарні. Ніякіх слядоў ад зборніка не захавалася ў актах гарадскога паліцай-прэзідыума, дзе абавязкова рэгістравалася кожнае выданне (пры ліберальнай прускай цэнзуры адпадала патрэба друкаваць зборнік нелегальна). Урэшце, польскім спецыялістам, а М. Паўлікоўскі ўзначальвае познанскую рэдакцыю «Слоўніка людзей польскай кнігі», зусім невядома прозвішча Р. Нікульскага. Значыць?..

— Значыць,— падхопліваюць маю думку субяседнікі,— «Смык беларускі» друкаваўся не ў Познані. Звярніце яшчэ ўвагу: у нашай бібліятэцы няма ніводнага экземпляра гэтай кнігі, у той час як у варшаўскіх і кракаўскіх бібліятэках ёсць па некалькі экземпляраў. Гэта таксама важкі аргумент.

— Калі б кніга выдавалася ў нас,— гаворыць у заключэнне М. Вайцяхоўская,— то прозвішча выдаўца напэўна змянілі б у адпаведнасці з польскімі нормамі на «Мікульскі». Відаць, Познань указалі для таго, каб заблытаць царскую цэнзуру і жандараў.

Што ж, вывад зусім лагічны, хоць і несуцяшальны. «Смык беларускі» маглі аддрукаваць, скажам, ва Усходняй Прусіі, у Тыльзіце, дзе тады выдавалася не адна беларуская кніга. Але дзе ўзяць доказы?! Эх, каб знайшлася таямнічая багушэвічаўская шкатулка... Трэба хутчэй ехаць у Ольштын, дзе павінна жыць адна з трох унучак паэта, Канстанцыя Пшэднікоўская. Нягледзячы па нядзельны дзень, міліцыя дапамагае мне ўстанавіць адрас. З хваляваннем еду на ўказаную вуліцу — а там выяўляецца, што Канстанцыя Пшэднікоўская пераехала ўжо ў Сопат. Працягваць жа пошукі перашкаджае план камандзіроўкі...

Наведаць Канстанцыю Пшэднікоўскую ўдалося толькі праз два гады, калі мне пашчасціла адпачываць якраз у тым самым курортным гарадку Сопат. Маім спадарожнікам быў шчыры сябар беларускай літаратуры і яе папулярызатар у Польшчы Мацей Канапацілі. У сціпла абстаўленай кватэры пас сустрэла дачка адзінага сына Багушэвіча, хударлявая жанчына год пяцідзесяці. Тут жа знаходзілася праўнучка паэта і нават маленькі прапраўнук. За традыцыйнай чорнай кавай пачалася шчырая гаворка. Канстанцыі Пшэднікоўскай радасна было пачуць, што ў Савецкай Беларусі шануюць памяць яе дзеда, што яго творы вывучаюцца ў школах. Гаспадыня распытвала пра багушэвічаўскі помніку Жупранах, пра нядаўні юбілей паэта, смуткавала, што не змагла ўдзельнічаць ва ўрачыстасцях. Пасля наступіла мая чарга зацікаўлена пытацца:

— Скажыце, калі ласка, што сталася з рукапісамі вашага дзеда? Ці ведаеце вы што-небудзь пра лёс ягонай драўлянай шкатулкі?

— Так,— адказала мне гаспадыня.— Да 1946 года шкатулка захоўвалася ў нашым доме ў Кушлянах. Былі там беларускія і польскія вершы, апавяданні, пісьмы да дзеда, а таксама граматы караля Станіслава Аўгуста, які надаў сям'і Багушэвічаў шляхецкія прывілеі.

На мае пытанні, куды ўсё гэта падзелася ў 1946 годзе і ці была шкатулка вывезена; ў Польшчу, Пшэднікоўская толькі развяла рукамі. Шкатулку проста пабаяліся ўзяць, бо час быў яшчэ неспакойны. Разам з мэбляй яе пакінулі старой жанчыне, якая доўга дапамагала Пшэднікоўскім па гаспадарцы, а потым стала сваім чалавекам у доме. Ёй было сказана закапаць або схаваць шкатулку.

— А як прозвішча той жанчыны? — спытаў я з надзеяй.

— Не памятаю,— адказала Пшэднікоўская.— Звалі мы яе проста Мальвінай. Прыпамінаю толькі, што ёй было тады каля 65 год і што была ў яе дзесьці дачка.

Тут жа Пшэднікоўская прыгадала, што ў Кушлянах таксама засталіся два партрэты Багушэвіча, намаляваныя вядомым мастаком Андрыёлі, і розныя асабістыя рэчы паэта. Узамен іх Мальвіна павінна была даглядаць хворага стрыечнага брата Пшэднікоўскай.

Потым гаворка пайшла пра тое, як раней выглядаў дом Багушэвічаў. Пакуль не позна, трэба было б па магчымасці ўзнавіць у доме ўсё так, як было 70 гадоў назад,— Канстанцыя Пшэднікоўская ахвотна згадзілася б даць адпаведныя парады.

На развітанне ўнучка палымянага дэмакрата сказала мне, што вельмі добра было б, калі б урэшце ўдалося адшукаць тую Мальвіну, а разам з ёю — і запаветную шкатулку.

Вярнуўшыся з Польшчы, я адразу ж, не чакаючы нават канца водпуску, пачаў пошукі: дарагі быў кожны дзень, бо мог адысці ў нябыт патрэбны чалавек. У першую чаргу дарога прывяла мяне ў Ашмяны, у музей Багушэвіча.

З Ашмян я накіраваўся ў Жупраны. Разам з мясцовай настаўніцай Л. Пількоўскай адшукаў там унучатага пляменніка Багушэвіча П. Вянцкоўскага. Ён сказаў, што памятае такую старую жанчыну ў багушэвічаўскім доме, але зноў жа з-за даўнасці не можа прыгадаць яе прозвішча. Вянцкоўскі накіраваў мяне да кушлянскага старажыла Юльяна Свірыды.

Пакланіўшыся магіле Багушэвіча на жупранскіх могілках, кружным шляхам — паводкаю якраз разбурыла мост — пайшоў я ў Кушляны. Вось і дом, дзе (як сведчыць мемарыяльная дошка) «нарадзіўся, жыў і працаваў» аўтар «Дудкі беларускай», хаця на самай справе паэт нарадзіўся далёка адсюль, у Свіранах. Цяпер у гэтым доме знаходзіцца бібліятэка імя Багушэвіча. Але дзверы аказаліся на замку. Затое мне пашчаслівілася сустрэць стоража гэтага дома, Міхала Ляпеху. Звычайны селянін, ён страсна любіць творчасць свайго земляка, расказвае розныя паданні, якія склаліся пра Багушэвіча. Гэта ён добраахвотна даглядае алейку, што вядзе да Лысай гары, і дрэвы на ёй, пасаджаныя самім паэтам, і падае слушную думку, што тут трэба стварыць багушэвічаўскі парк.

Дарэчы, мясцовыя старажылы расказалі пра цікавы факт. Паміраючы, Багушэвіч спецыяльна завяшчаў, каб яго магіла нічым не адрознівалася ад магіл простых сялян...

Разам з новым знаёмым мы пайшлі шукаць Юльяна Свірыду. Яго жонка адразу прыгадала, што ў доме Багушэвічаў калісьці такім «сваім чалавекам» была Мальвіна Трусевіч. Але яна памерла дзевяць гадоў назад. Праўда, у Кушлянах жыве яе дачка, Марыя Дудэк. Нарэшце, падумалася мне, знойдзены нейкі канкрэтны след! Абнадзееныя, мы пайшлі далей.

І тут жа надзея змянілася расчараваннем. Марыя Дудэк не жыла са сваёй маці. Мальвіна Трусевіч памерла ў доме нейкіх перасяленцаў з Беласточчыны. Цяпер гэтыя перасяленцы выехалі, і выехалі невядома куды. У доме ж іншага перасяленца, па прозвішчу Сац, Марыя Дудэк бачыла партрэты Багушэвіча. Але гэты Сац таксама нядаўна выехаў кудысьці.

Такім чынам, мае пошукі запаветнай шкатулкі пакуль што не далі жаданых вынікаў. Магчымы тры варыянты. Можа, непісьменная Мальвіна Трусевіч не прыдала паперам ніякага значэння і знішчыла іх. Можа, рукапісы Багушэвіча недзе засталіся ў зямлі ці ў нейкай схованцы ў Кушлянах. Можа, яны трапілі да тых перасяленцаў, у доме якіх памерла Мальвіна Трусевіч. І гэтыя людзі цяпер нават не падазраюць, якія скарбы знаходзяцца ў іх руках. Я спадзяюся, што чытачы кнігі, асабліва школьная моладзь, дапамогуць у далейшых пошуках рукапісаў Багушэвіча і яго партрэтаў. Трэба высветліць, куды пераехалі тыя жыхары Кушлян, у доме якіх памерла Мальвіна Трусевіч, і ці ўзялі яны з сабой драўляную шкатулку.


ПА СЛЯДАХ АРХІВА АБУХОВІЧА

Аб няўдачных пошуках у Польшчы можна было б расказваць доўга. Не ўдалося, напрыклад, знайсці архіў Р. Зямкевіча (кажуць, пасля смерці збіральніка ён трапіў да Ю. Галомбэка, дом якога быў разбураны фашысцкай бомбай), пісьмы В. Дуніна-Марцінкевіча да С. Манюшкі і А. Плуга, пісьмы Я. Лучыны да выдатнай польскай паэтэсы М. Канапніцкай і многае іншае. Пра адну з такіх няўдач хочацца расказаць падрабязней, каб, магчыма, навесці на след некага іншага.

Яшчэ ў 1963 годзе, пасля таго як на старонках газеты «Літаратура і мастацтва» быў змешчаны мой артыкул аб выніках першай паездкі ў Польшчу, паштальён прынёс пісьмо з Саратава. Вядомы дзеяч беларускага літаратурнага руху 20-30-х гадоў Язэп Дыла (Тодар Кулеша) пытаў, ці не ўдалося мне дзе-небудзь натрапіць на паперы беларускага пісьменніка XIX стагоддзя Альгерда Абуховіча. У пісьме гаварылася, што недзе ў 1921 годзе Язэп Дыла сустрэў на слуцкім рынку дачку паўстанца 1863 года Казіміра Падгорскага-Аколава. Яна паведаміла, што Альгерд Абуховіч, таксама ўдзельнік паўстання 1863 года, памёр у іх доме і што пасля яго смерці засталіся рукапісы і кнігі. У прыватнасці, у зборнікі розных паэтаў свету (напрыклад, Петраркі) былі ўкладзены лісткі з перакладамі на беларускую мову. На пытанне Я. Дылы, куды ўсё гэта падзелася, жанчына адказала, што і рукапісы, і бібліятэка вывезены яе братам у Варшаву.

Атрымаўшы пісьмо, я пачаў пільна вывучаць усё, што звязана з асобай Альгерда Абуховіча. Але біяграфічных звестак захавалася небагата. Пісьменнік парадзіўся ў заможнай шляхецкай сям'і ў 1840 годзе. Вучыўся ў Слуцкай кальвінскай школе, але, здаецца, не скончыў яе. Падарожнічаў па Еўропе. Потым вярнуўся ў Слуцк, дзесьці тут працаваў. Падпісваўся псеўданімам граф Бандынэлі. З твораў Абуховіча захаваліся каларытныя мемуары, дзе расказваецца аб жыцці і норавах у Беларусі ў сярэдзіне мінулага стагоддзя, ды саркастычныя байкі «Ваўкалак» і «Старшына», на якіх ляжыць яўны адбітак баек Крылова. Астатняе ж, як бачна з пісьма Я. Дылы, засталося ў доме баявога сябра беларускага пісьменніка-дэмакрата Казіміра Падгорскага-Аколава.

У Саратаў я адказаў, што, апрача перакладу на польскую мову байкі Крылова «Вяльможа», падпісанага псеўданімам граф Бандынэлі, ніякіх папераў Абуховіча не бачыў і што бліжэйшым сваяком таго Падгорскага-Аколава можа быць польскі пісьменнік, аўтар зборніка «Беларусь», Леанард Падгорскі-Аколаў, які памёр у 1957 годзе, займаючы пасаду дырэктара музея А. Міцкевіча ў Варшаве...

І вось гартаю варшаўскую тэлефонную кнігу. Знаходжу: Стэфанія Падгорская-Аколаў, таксама пісьменніца. Званю... Сваякі расчароўваюць: гаспадыня памерла год назад. Але, кажуць яны, у Варшаве жыве іншая Стэфанія Падгорская-Аколаў, стрыечная сястра былога дырэктара міцкевічаўскага музея. Яе адрас: Маршалкоўская, дом нумар...

— Так, мой стрыечны брат паходзіў са Слуцка,— кажа мне з мяккім «крэсовым» акцэнтам старая жанчына.— Ці засталіся пасля яго смерці якія-небудзь паперы Абуховіча? На гэта пытанне лепш адкажа родная сястра Леанарда Падгорскага-Аколава Ірэна Хадакоўская. Жыве яна ў прыгарадзе, але я з хвіліны на хвіліну чакаю яе ў госці.

У той вечар я так і не дачакаўся Ірэны Хадакоўскай. А назаўтра ўжо трэба было ад'язджаць. Але, атрымаўшы маё пісьмо, Хадакоўская прыпяла ўсю справу блізка да сэрца і актыўна далучылася да пошукаў. Яна апытала шматлікіх сваякоў. І вось праз два гады прыйшло несуцяшальнае пісьмо: «Мне вельмі прыкра, што не змагла вам дапамагчы ў пошуках кнігазбору п. Абуховіча. Дочкі майго сваяка са Слуцка Казіміра Падгорскага-Аколава ўжо не жывуць, а ніхто з маіх знаёмых нічога пра гэта не ведае».

А можа паперы Альгерда Абуховіча так і засталіся ў Слуцку?!


ЗНАХОДКІ Ў КНІЖНЫМ МОРЫ

Як ужо гаварылася, мноства твораў беларускай літаратуры XIX стагоддзя загінула ў рукапісах, так і не пабываўшы пад друкарскім прэсам. Але нават у тым выпадку, калі пісьменніку ўдавалася абысці ўсе перашкоды цэнзуры і выдаць сваё дзецішча ў краіне або за яе межамі, твор таксама не быў застрахаваны ад небыцця. Яго маглі канфіскаваць непасрэдна ў друкарні, як гэта здарылася з марцінкевічаўскім перакладам «Пана Тадэвуша» А. Міцкевіча. Яго маглі забараніць праз нейкі час пасля выхаду. Так было, напрыклад, з многімі кнігамі пасля паўстання 1863 года. Толькі ў адным спісе 1864 года (Цэнтральны дзяржаўны гістарычны архіў у Ленінградзе, ф. 779, воп. І, с. 19) сярод забароненых выданняў значацца: В. Марцінкевіч, «Люцыяна»; А. Бацькевіч, «Сельскагаспадарчая гутарка паміж літвінамі»; В. Каратынскі, «Саламон Рысінскі»; У. Сыракомля, «Нёман ад вытокаў да вусця»; А. Плуг, «Поўны збор твораў, серыя трэцяя»; Ю. Ляскоўскі, «Беларускі бандурыст»; М. Лойка, «Чытанка для забавы малых дзяцей» (Мінск, 1860); Л. Вечар, «Кветкі летуценняў» (Мінск, 1860) і іншыя. Хаця гэтыя кнігі напісаны на польскай мове, аднак маюць самае непасрэднае дачыненне да гісторыі Беларусі і беларускай літаратуры. Забарона была настолькі дзейснай, што, скажам, «Кветак летуценняў» мінчаніна Л. Вечара (Л. Шчарбовіча) мне не ўдалося знайсці ні ў адной бібліятэцы.

Урэшце, многія кнігі, выдадзеныя за межамі Расійскай імперыі, канфіскоўваліся жандарамі на граніцы, праз якую іх пераносілі нястомныя і самаахвярныя кніганошы. Мабыць, такім чынам загінулі амаль усе тыльзіцкія выданні. З іх да нас дайшла толькі адна брашура «Дзядзька Антон», перакладзеная з польскага арыгінала Ш. Дыкштэйна на беларускую мову рэвалюцыянерам Мар'янам Абрамовічам. Аднак са слоў старога літоўскага друкара Марціна Янкуса вядома, што такіх выданняў было больш. У літоўскіх друкарнях Тыльзіта на грошы, атрыманыя М. Абрамовічам з Мінска, былі набраны беларускі лемантар, апавяданне «Ян Скіба» і яшчэ дзве-тры кніжкі, невядомыя сёння нават самым заўзятым бібліяфілам.

Беларуская літаратура XIX стагоддзя багата бібліяграфічнымі загадкамі. Было ці не было кніжнае выданне «Скрыпкі беларускай» Ф. Багушэвіча? Існавала ці не існавала выданне «Вязанкі» Я. Лучыны 1891 года? Друкаваліся ці не друкаваліся названыя Кіркорам творы А. Вярыгі-Дарэўскага? Выдаваўся ці не выдаваўся Чачотам нейкі «Кароткі слоўнік», названы ў адной амерыканскай бібліяграфіі? Пералік такіх пытанняў можа заняць цэлую старонку...

Ва ўмовах, якія ніяк не спрыялі беларускаму друкаванаму слову, кнігі хутка рабіліся бібліяграфічнай рэдкасцю. І таму сёння нас радуе кожная знаходка, кожнае адкапанае з забыцця выданне, звязанае так ці інакш з Беларуссю і беларускімі аўтарамі. Пошукі такіх кніг не заўсёды заканчваюцца ўдачаю, звязаны з цяжкасцю. Напрыклад, адзіны вядомы экземпляр польскага зборніка А. Рыпінскага «Паэзія» (1853) захоўваецца ажно ў Лондане. Нягледзячы на добры дзесятак год старанных пошукаў, мне не ўдалося натрапіць на след, скажам, «Слоўніка меней зразумелых беларускіх слоў» В. Каратынскага, «Баечак і забавак прозай і вершам» С. Кубліцкага (Гродна, 1887), сатыры С. Пазурадзерскага «Да вялікай капітулы Смаргонскага ордэна» (Вільня, 1816), зборніка Р. Зянкевіча «Вяселле» (Вільня, 1857), некалькіх падручнікаў і слоўнікаў, выдадзеных у Полацку сіламі выкладчыкаў езуіцкай акадэміі.

Аб некалькіх цікавых бібліяграфічных знаходках пойдзе гаворка далей.


У БАРАЦЬБЕ З САМАЎЛАДСТВАМ

Некалькі год назад Генадзь Кісялёў выказаў на старонках «Полымя» надзею, што з цягам часу будзе напісана гісторыя Мінскай гімназіі, са сцен якой у XIX стагоддзі выйшлі многія выдатныя вучоныя, дзеячы літаратуры і мастацтва. Сярод іх у першую чаргу трэба назваць імёны Бенедыкта Дыбоўскага, Станіслава Манюшкі, астранома Міхала Грушневіча, антраполага Феафіла Худзінскага. Выкладчыкамі гімназіі працавалі людзі, якія многае зрабілі для пашырэння асветы на беларускай зямлі.

Калі будзе пісацца летапіс Мінскай гімназіі, пачэснае месца ў ім павінны заняць успаміны настаўніка Фердынанда Шаблоўская. Яны выдадзены жыхаркай Радашковіч Зоф'яй Кавалеўскай («Мінскія абразкі 1850-1863 гг.», Вільня, 1912). Аўтар гэтых мемуараў у сярэдзіне мінулага стагоддзя выкладаў у Мінскай гімназіі геаграфію. Быў ён чалавекам перадавых поглядаў, разначынцам. Шаблоўскі выйшаў з беднай мяшчанскай сям'і. Каб зарабіць на яе ўтрыманне, ён мусіў адначасова з вучобай у гімназіі займацца рыбалоўствам. Толькі дзякуючы настойлівасці і імкненню да ведаў Шаблоўскі закончыў Маскоўскі універсітэт. Затым малады географ некаторы час працаваў у канцылярыі мінскага губернатара, а з 1851 года пачаў выкладаць у гімназіі. Пасля паражэння паўстання 1863 года Шаблоўскага звольнілі з пасады.

У мемуарах Шаблоўская нямала старонак прысвечана гісторыі Мінскай гімназіі. Яе папярэдніцай была гарадская школа, заснаваная езуітамі ў 1641 годзе. У 1773 годзе яна была ператворана ў свецкую школу і перададзена ў распараджэнне Нацыянальнай адукацыйнай камісіі. Пасля далучэння Беларусі да Расіі тут увялі выкладанне рускай мовы. Першым яе выкладчыкам з 1799 года быў нехта Захарэвіч. Праўда, у цэлым выкладанне вялося на нізкім узроўні. У 1801 годзе губернатар Карнееў пісаў пра школу: «Вядома, у ёй вывучаюць многія прадметы, але вучні нічога не ўмеюць».

Становішча палепшылася ў 1802 годзе, калі школу ператварылі ў гімназію і перадалі ў Віленскую вучэбную акругу. З 1803 да 1831 года гімназіі аказваў дапамогу Віленскі універсітэт, які пасылаў сюды сваіх візітатараў. Першым дырэктарам гімназіі быў нехта Цэйс. Зразумела, вучыліся тут пераважна дзеці буйной і сярэдняй шляхты: у 1821 годзе шляхецкага паходжання былі 302 вучні, мяшчанскага — 7. Сяляне аб вучобе сваіх дзяцей нават і не марылі.

І ўсё ж, нягледзячы на паходжанне, у палітычных адносінах гімназісты былі дыферэнцыраваны. У той час як сынкі арыстакратыі адносіліся да царскіх улад лаяльна, а часам нават дапамагалі ім высочваць «бунтаўшчыкоў», многія дзеці так званай шарачковай шляхты ўдзельнічалі ў нелегальным руху, накіраваным супраць сацыяльнага і нацыянальнага ўціску. Шаблоўскі ўспамінае, што ў 1848 годзе ў сувязі з рэвалюцыйнымі падзеямі на Захадзе пачалося браджэнне і ў Мінскай гімназіі. Спярша былі выключаны за «крамольныя» выказванні вучні Масальскі і Дмахоўскі. Потым у гімназіі прапаў партрэт цара Мікалая І. Рэшткі партрэта былі знойдзены ў двары сярод смецця. А калі ў гімназію наведаўся архірэй, моладзь павыбівала вокны.

З асаблівай сілай «вальнадумства» вучняў Мінскай гімназіі праявілася ў час падзей 1863 года. Многія гімназісты змагаліся ў паўстанцкіх атрадах са зброяй у руках. Шаблоўскі называе прозвішча першакласніка Бароўскага, якога прывезлі ў Мінск з групай акрываўленых вязняў. Дванаццацігадовы паўстанец стойка пераносіў усе пакуты. Вучань восьмага класа Сулістроўскі разам з Ю. Бакшанскім загінуў пры акружэнні ля вёскі Свечкі пад Маладзечна. Тыя ж гімназісты, якія заставаліся ў Мінску, наладжвалі нелегальныя сходы, спявалі патрыятычныя песні, высмейвалі баязліўцаў, якія адседжваліся ў горадзе. Справа дайшла да таго, што паліцэйскія ўлады ля дзвярэй гімназіі паставілі спецыяльную варту на чале з маёрам Варанцом. Зразумела, што пасля паражэння паўстання рэпрэсіі не абмінулі і Мінскую гімназію. Калі да 1863 года тут займалася каля 600 вучняў, то пасля «школьнай рэформы» іх засталося ўсяго 240.

Мемуары Ф. Шаблоўская даюць багаты матэрыял для характарыстыкі нораваў, якія панавалі ў Мінскай гімназіі сто гадоў таму назад. Ва ўспамінах гаворыцца пра яе лепшых настаўнікаў (так, рускую літаратуру тады выкладаў Далматаў, рускую мову — Васільеў, польскую вядомы філолаг Чапялінскі). Мемуарыст дае цікавыя карціны грамадскага і культурнага жыцця ў Мінску ў сярэдзіне мінулага стагоддзя. Горад, нягледзячы на саракатысячнае насельніцтва, нагадваў хутчэй вёску. Пра каналізацыю нават і не марылі. На вуліцах стаялі бяздонныя лужыны. А калі ўспыхвала халера, бяднейшая жыхары паміралі сотнямі — такі дрэнны быў санітарны стан горада. Зімовымі вечарамі на вуліцах паяўляліся ваўкі. Соннае жыццё правінцыяльнага Мінска парушалася толькі мо такімі «падзеямі», як вяселле аднаго са Свентажэцкіх, які для вясельнага картэжу фарбаваў коней з чорнага колеру ў белы. І ўсё ж у нетрах па-вясковаму ціхага горада выспявалі сілы, якія ўзнялі на Міншчыне полымя паўстання 1863 года. Шаблоўскі падрабязна расказвае аб кіраўніках паўстання, аб рэпрэсіях царскіх улад, аб Каміле Марцінкевіч — дачцэ паэта Дуніна-Марцінкевіча, пасаджанай у мінскі астрог. Усхваляваныя старонкі прысвячае мемуарыст афіцэру рускай арміі Міхалу Цюндзявіцкаму, расстралянаму ў Мінску за распаўсюджванне «Мужыцкай праўды».

Успаміны Ф. Шаблоўскага з'яўляюцца цікавым дакументам эпохі, бо праліваюць святло на стан адукацыі ў сярэдзіне мінулага стагоддзя ў Беларусі наогул і ў Мінскай гімназіі ў прыватнасці.


«ДАГІСТАРЫЧНЫ ДЗЁННІК» КОРЗАНА

Выпускніком Мінскай гімназіі быў таксама вядомы польскі гісторык Тадэвуш Корзан. Яго мемуары выдадзены ў Кракаве крыху пад іранічным загалоўкам «Мой дагістарычны дзённік».

Тадэвуш Корзан нарадзіўся ў 1839 годзе ў Мінску, тут правёў дзяцінства і юнацтва. Першы раздзел «Майго дагістарычнага дзённіка» (дарэчы, надрукаваны ў 1908 годзе ў «Мінскім календары») называецца: «Мінск у сярэдзіне XIX стагоддзя». Аўтар расказвае аб паўсядзённым жыцці мінчан, аб культурных падзеях у горадзе.

Як і Ф. Шаблоўскі, Т. Корзан вобразна апісвае норавы, якія панавалі ў Мінскай гімназіі. За самую нязначную віну вучняў ставілі на калені, за больш буйную, напрыклад за чытанне нелегальных вершаў,— секлі публічна розгамі. Аднойчы даведзены да адчаю вучань парэзаў партрэт цара Мікалая І. «Дзяржаўнага злачынца» тут жа здалі ў салдаты... Хаця выкладанне ў гімназіі вялося на даволі высокім узроўні, але казённая праграма задавальняла далёка не ўсіх вучняў. Многія з іх, у тым ліку і аўтар успамінаў, бралі яшчэ прыватныя ўрокі ў вядомага педагога і паэта І. Легатовіча, карысталіся паслугамі бібліятэкі, арганізаванай мовазнаўцам Ф. Чапялінскім. Гімназісты часта наведвалі спектаклі мясцовага тэатра (аўтар успамінае аб пастаноўцы «Марыі Тудар» В. Гюго). Моладзь, як правіла, была «асвоеная з беларускай мовай» — у кнізе прыводзіцца нямала беларускіх прыказак у арыгінальным гучанні.

Цікава склаўся лёс Т. Корзана пасля заканчэння Мінскай гімназіі. У 1855 годзе будучы гісторык паступіў у Маскоўскі універсітэт, дзе звязаўся з нелегальнымі студэнцкімі арганізацыямі. У Маскве Корзан пазнаёміўся з Борзабагатым, які ў 1863 годзе кіраваў паўстаннем на Навагрудчыне, філолагам Я. Карловічам. Пасля заканчэння універсітэта — выкладчыцкая работа ў Коўне, удзел у патрыятычных маніфестацыях. З Коўна Т. Корзан пісаў карэспандэнцыі ў герцэнаўскі «Колокол». А затым — арышт і ссылка ў Арэнбургскую губерню. Менавіта ў ссылцы наш зямляк пачаў сістэматычна займацца гісторыяй старажытнага свету і сярэдневякоўя.


У МІЦКЕВІЧАЎСКІХ АЛЬМАНАХАХ

Мне было вядома, што ў альманаху «Памяці Адама Міцкевіча», выдадзеным у 1890 годзе рэдакцыяй пецярбургскага часопіса «Край», друкаваўся артыкул Аляксандра Ельскага «Адам Міцкевіч у Беларусі». Аднак пошукі ў бібліятэках і антыкварыятах не давалі жаданага выніку: занадта мізэрным быў тыраж выдання. І вось аказалася, што кніга ёсць зусім побач — у аддзеле замежнай літаратуры нашай рэспубліканскай бібліятэкі імя У. І. Леніна.

Альманах «Памяці Адама Міцкевіча», у які ўвайшлі многія матэрыялы, надрукаваныя раней у «Краі», з'яўляўся безганарарным выданнем. Увесь даход ад яго быў прызначаны на перавоз цела геніяльнага польскага паэта з Парыжа ў Кракаў. З артыкуламі аб міжнародным значэнні творчасці Міцкевіча выступілі аўтары з Францыі і Англіі, Германіі і Даніі. Аб сувязях паэта з рускай літаратурай пісаў Л. Палонскі, з украінскай — І. Франко, літоўскай — Будрыс.

Аб тым уплыве, які аказаў на творчасць Міцкевіча беларускі фальклор, аб першым славянскім перакладзе «Пана Тадэвуша», зробленым В. Дуніным-Марцінкевічам, расказаў на старонках альманаха А. Ельскі. Працытаваўшы выказванні польскіх і рускіх даследчыкаў, у прыватнасці Бяссонава, аўтар артыкула робіць слушны вывад, што «Беларусь мае неаспрэчнае права ганарыцца Міцкевічам». У заключэнне А. Ельскі прыводзіць два чатырохрадкоўі з невядомага дагэтуль беларускага верша Дуніна-Марцінкевіча, верша лірычнага, поўнага тугі і затоенай крыўды на сучаснікаў, якія не зразумелі і не падтрымалі песняра:

Як доўгі Нёман — я з лірай усцяж іду,

Праз горкі, брады і бары,

Ад сяла да слабады —

І думачкі свее (мабыць, сее,— А. М.) дуда.

Збягаліся людзі, слухалі, да няўцям —

Не зразумелі мяне хутка —

Я слёзы абцёр, хоць сэрцу жутка —

Ды н далей пайшоў сам...

Побач з А. Ельскім у альманаху выступілі і іншыя аўтары з Беларусі — Ю. Такажэвіч-Годзі (парыжскі выдавец польска-літоўска-беларускай газеты «Змова»), І. Дамейка, А. Марбург і інш. У кнізе прыведзены аўтографы многіх міцкевічаўскіх твораў і розных дакументаў.

Загрузка...