III. Мужычае жыцьцё

Мужычае жыцьцё


Божа, Божа, твая воля!

(Хоць і, можа, гэта грэх!)

Што за жыцьце, што за доля —

Проста плач бярэ і сьмех!

Чорна ў хаце, непрыбрана,

Парасяты пад палком,

Павуцінаю заткана

Столь і кут над абразом.

Дзеці ўстануць пасьля ночы —

Крык, хоць вушы затыкай,

Дым з камінка лезе ў вочы,

Дзед сярдуе — ая-яй!

А як часам дзе зьбярэцца

Ў хаце з пару шчэ жанок,

Сварка тая не зьвядзецца —

Дзень грызуцца за гаршчок.

А ўмяшаюцца мужчыны —

Ну і пойдзе латата!

Паўплятаюцца ў чупрыны,

Рэдка стане барада.

Так і век ператаўчэшся,

I няма таго дабра,

Покі жыць ты прыбярэшся —

Паміраць табе пара.


Песьня над калыскай


Аа-аа, мой сынок!

Аа-аа, мілы!

Не крычы, ня плач: дарэмна

Ты патраціш сілы;

А бязь сілы, мой сынок,

Жыць на сьвеце трудна…

Ой ты, вецер, не шумі,

Не сьпявай так нудна!

Спаць Міхаську не даеш…

Сьпі, мой сын маленькі!

Я цябе пакалышу —

Ай, люлі-люленькі!

Што цябе чакае, сын?

Што твая за доля?

Можа, й ты пот будзеш ліць

У чужое поле?..

Будзеш летам ты хадзіць

На плыты, на згоны,

З Коўна матцы прынясеш

Хоць гарсэт чырвоны…

А то, можа, купіць пан

Твае рукі, сілы?

Паднявольным будзеш ты,

Сын мой, да магілы!

А мо ў школку пойдзеш ты,

Будзеш чалавекам, —

Без навукі цяжка жыць

Гэтым трудным векам.

Кінеш матку, па чужых

Ты па людзях пойдзеш

I на шчасьце нападзеш,

Долю сваю знойдзеш.

Матку ўспомніш ты сваю,

Як цябе люляла,

Як табе ўначы ня раз

Песенькі сьпявала.

I гасьцінца мне прышлеш,

Не забудзеш маткі.

Вось уцешуся тады,

Аж запляшчу ў ладкі!..

Аа-аа, мой сынок!

Люлі, люлі, мілы!

Ой, ня плач ты, не крычы,

Набірайся сілы!


Першы заработак

Дома


— Ну, Алесь, брат, — за абедам

Кажа бацька сыну, —

Годзе бегаць дармаедам,

Красьці садавіну,

Таптаць сьцежкі ў агароды,

Рэзацца па хаце.

Ты ўжо ўходзіш, брат, у годы, —

Колькі яму, маці?

Роднай матцы сэрца ў грудзях

Зьлёгку затраслося.

«Ці не хоча аддаць ў людзі?» —

Ў думках праняслося.

Сам Алесь сямігадовы,

Як ліст, скалануўся,

Бо ў тэй бацькавай прамове

Страх яму пачуўся.

Апусьціў ён нізка вочкі,

Глыбей ў кут падаўся.

— Ну, што сьціхнуў, як упрочкі

Ты ад нас сабраўся?

— Дай хоць з’есьці, адчапіся!

Вось прыстаў к дзідяці!

Еж, Алеська, не журыся! —

Не ўцярпела маці. —

Пойме гутарку якую,

Чуць за хлеб узяўся.

— Няхай есьць, ці ж я шкадую? —

Бацька адазваўся. —

Еж, Алесь, чаго надзьмуўся

Ты, як мыш на крупы?

Ці ад ночы не ачнуўся?

Расплюшч свае лупы!

Глянь у вочы мне!

Сьмялее! Во, так! Малайчына!

Еж, бо крупнік адубее, —

Кажа ён да сына.

Паабедалі зь бядою,

Спаражнілі місы.

Абцёр бацька вус рукою,

Твар і лоб свой лысы.

— Ну, дык вось што — чуеш, хлопча? —

Годзе так бадзяцца, —

Няхай качка цябе стопча, —

Трэба чым заняцца.

Згодзен пасьвіць ты ўсё лета

Ў Курганах каровы?

Шэсьць рублёў даюць за гэта

Ды халацік новы.

— Ой, няхай бы пабыў дома! —

Зноў гаворыць матка. —

Ну, куды ён, мал, вядома,

Рана пасьвіць статка,

Толькі высахне у лыка,

Нябось, пасьвіць — мука!

— Ат! патрапіць — невяліка

Гэтая навука!

Будзеш пасьвіць? — тут у сына

Бацька запытаўся. —

Ото дзіва! Малайчына!

Я не ашукаўся.

Ты ў мяне хлапец рахманы,

Вось люблю за гэта!

Працаваць вучыся зрана,

Ў маладыя леты.


Перад выпраўкай


У Алеся думак многа,

Ды ўсе думкі новы.

Твар сур’ёзны, бы ў старога,

Нахмураны бровы.

Кінуў ён гульню зь сябрамі —

Трэба дбаць на хату,

Памагаць ён будзе маме,

Бацьку, сёстрам, брату.

Цяпер бацька адзін б’ецца

З ранку аж да ночы,

Так працуе, што пот льецца,

Лезуць на лоб вочы.

Гэтаксама адна маці —

Праўда, дасьціпная, —

Адна ў полі, адна ў хаце,

Корміць, абмывае.

Мала зь дзевак дапамогі —

Драбяза ўсё, дзеці!

Сам ён толькі, дзякуй Богу,

Жыць здужае ў сьвеце.

Без падмогі, сам сабою:

Ён — дзяцюк, хлапчына,

Носіць ён вядро з вадою,

Як стары мужчына!

Потым думкі непрыметна

Далей залятаюць —

Чужаніцы непрыветна

З Курганоў мігаюць.

Матка страхаў наказала

Пра жыцьцё з чужымі,

Як Алеся навучала,

Каб ужыцца зь імі.

— Трэба змоўчаць, хоць часамі

Скрыўдзяць або ўшчуюць,

Хоць нядобрымі славамі

Злосна пажартуюць.

Будзь паслушны і цярплівы,

Ня лазь у гароды,

Не марнуй ты людзям нівы,

Не рабі ім шкоды…

Адным словам, страх нагнала

На Алеся матка,

I так міла яму стала

Родная іх хатка!

Ды нічога не парадзіш,

Калі служба трэба,

Калі беднасьць, як паглядзіш,

Сама просіць хлеба.

Дый Курганы не за морам —

Восем вёрст ад дому,

Над ракою, за тым борам, —

Мейсцы ўсе знаёмы.

Так хлапчынка разважае,

З думкамі гамоніць,

Дух надзеяю ўздымае

I трывогу гоніць.

У вузельчык вось увязан

Скарб яго убогі,

Станік тонкі падпяразан —

Жджэ Алесь дарогі.

Моцна ж сэрца забалела,

Як ён выйшаў з хаты,

Але плакаць не пасьмела,

Бо йшоў збоку тата.


У чужых


— Добры дзень вам, ягамосьці!

— Добры дзень!.. Сядайце.

— Ну, вось я прывёў і госьця,

Мал ён, выбачайце.

— Э, нічога, акрыяе,

Дый ён хлопец слушны.

Гадкоў з восем, мусіць, мае?

— Сем у дзень задушны.

У куточку прыхіліўся

Ціха каля лавы

I на ўсё Алесь дзівіўся,

Пазіраў, цікавы.

Глянуў ён у кут украдкам

На таго сьвятога,

Што напісан быў зь ягняткам

I глядзеў так строга.

Ён зірнуў на Мікалая

I на Юр’я зь зьмеем,

На сьвятых, што і ня знае

I назваць ня ўмее.

За сталом былі мужчыны

I стары між імі,

У каторага маршчыны

Зьлеглі пад вачыма.

Лоб высокі, безвалосы,

Голы, як калена,

Вусы быццам бы йшлі з носа,

Белыя, як пена.

Пазіралі дзеці скрыва

Зь печы і з прымурка

На Алеся як на дзіва

Ці якога турка.

А тым часам стол убралі

Пляшка і дзьве чаркі;

Ў печы весела пішчалі,

Гаманілі скваркі.

Селі піць барыш мужчыны.

Дзед, падняўшы чарку,

Кажа: «Дай Бог толк з хлапчыны

Нам у гаспадарку!..

Ходзь, Алеська, сюды, брацік!

Бліжай, бліжай, браце!

Распраніся, скінь халацік,

Будзь як свой у хаце».

Падышла і гаспадыня,

Жвавая кабетка:

— Павесь шапачку, мой сыне!

З’еж от скварку, дзетка!

Будзеш дужшы, небажатка,

Пасілкуйся крышку! —

I падносіць хлапчанятку

Гарэлкі ў кілішку.

Круціць хлопчык галавою —

Піць, моў, не бярэцца;

Скварку, згробшы пяцярнёю,

Есьць, аж нос той гнецца…

— Ну, сынок, служы здаровы,

Даглядай скацінку.

Будзеш дома на Пакровы…

Не нудзіся ж, сынку.

Разьвітаўся бацька зь імі

I пайшоў дадому.

Ой, маркотна між чужымі

Хлопчыку малому!


Ня вытрымаў


Моцна хлопец занудзіўся

Па сям’і, па маме,

Як бы сьвет тут зачыніўся

Ў гэтай нуднай яме.

Ўсё тут дзіка, нецікава,

Бы ў яловым лесе,

Кожны вугал неласкава

Глянуў на Алеся.

Ўсё ня гэтак, як там, дома:

Лавы, печ старая,

Кожна рэч тут незнаёма

I яму чужая.

Ўсё — качэргі і ваконцы

На нуду наводзяць,

I тут нават ня так сонца,

Як там, дома, ўсходзіць.

Ды і людзі не такія,

Іншая гаворка,

I алешнікі ня тыя,

Ня той луг, узгоркі.

Выйшаў з хаты, прытуліўся

Пад грушаю ў полі

I так моцна засмуціўся,

Бы ў якой няволі.

На дарогу пазірае,

Што вядзе дахаты,

Што, як стужка, агібае

Цёмны лес кашлаты.

I так мілы хлопцу сталі

Родныя палеткі,

Лес, што нікнуў ў сіняй далі,

Ўзгоркі, межы, кветкі,

Хаты, гумны, варывенькі,

Цэрква на грудочку…

Эх, як міла, весяленька

У сваім куточку!

А тут хата, як адрына,

Як хлеў, — сьвету мала.

I надумаўся хлапчына

Даць адгэтуль драла.

Многа думаў так і гэтак —

Не бярэ нічога!

А з палетка на палетак

Скача, йдзе дарога…

Ён назаўтра ўстаў ранютка,

Аж да ўсходу сонца,

Чуць што глянуў дзень ціхутка

Ў хату праз аконца.

Наш Алесь перахрысьціўся,

Глянуў на палаці,

А там дзед той разваліўся,

Але ціха ў хаце.

Згроб свой клуначак пад паху —

Загадзя сабраўся, —

Асьцярожна, поўны страху,

Да дзьвярэй падкраўся

I ціхутка — стук у дзьверы,

Шугануў у сені!

Сэрца білася бязь меры,

Трэсьліся калені.

Ён кулём, як ліс у норы,

За хлявы, ў задворкі…

Заплыў месячык за горы,

Чуць мігалі зоркі.

Вось Алесь прычхаў дадому,

Стаў на прыгуменьні.

Страшна ў хату йсьці малому —

Гора-утрапеньне!

Што рабіць тут, не згадае.

Мо назад вярнуцца?

Плача хлопчык, аж рыдае,

Сьлёзы так і льюцца.

Выйшла матка, плач пачула,

Бачыць — іх служака!

Матку жаласьць агарнула —

Шкода небараку!

— Што ж ты плачаш? Ідзі ў хату…

Ня плач, супакойся.

— Ой, баюся, мама, таты!

— Ня з’есьць ён, ня бойся!

Бацька ўстаў і абуваўся,

Зірк — Алесь у хаце!

Бацька толькі засьмяяўся:

— Ты ўжо дома, браце?

Той калоціцца ўсім целам,

Як бы грэшнік страшны,

Думаў ён, што ў сьвеце цэлым

Ён — самы няшчасны.

Апусьціў сваю галоўку,

Клуначак трымае,

Кулачком уціхамоўку

Сьлёзкі выцірае.

— Ну, што гэта за работа?

Адурэў ты, Грышка!

Ён — зусім дзіця, блазнота,

Зелен, як пурышка…

Дзе служыць яму, дзіцяці?

Ну, куды ж? Націна! —

Стала бацьку чысьціць маці

I крычаць за сына.

— Мне б тут трэба раскрычацца,

Розум твой жаночы!

Брыдка будзе паказацца

Тым людзям у вочы!..

Ах, лайдак, пястун пракляты!

Лезь на ручкі к маме! —

Плюнуў бацька, выйшаў з хаты,

Стукнуўшы дзьвярамі.


У школку


Ярка на камінку

Смольны корч палае,

Бацька на калодцы

Лапці выплятае.

Латае халацік

На услоне матка:

Ў школку заўтра пойдзе

Іх сынок Ігнатка!

Сын васьмігадовы

Корчык падкладае,

З бацькавай работы

Вочак не спускае.

Сьветлая галоўка

Мысьлямі занята,

Многа ўсякіх думак

У вачох Ігната!

— Ну, Ігнат, глядзі, брат,

Не дурэй, вучыся.

Годзе жыць бязь дзела —

За буквар вазьміся!

Будзь старанным, сынку,—

Станеш чалавекам,

Будзеш ты чытаць нам,

Цёмнікам, няўмекам,

Што у кнігах пішуць,

Што мы ў сьвеце значым,

Бо мы самі цёмны,

Сьвету мы ня бачым.

Слухай, што настаўнік

Гаварыць там будзе

Пра навуку, кнігі

I аб цёмным людзе.

А старанны будзеш,

Да навукі здатны —

Я прадам кароўку

I кажух астатні, —

Ты ж ідзі ў навуку,

Толькі, брат, вучыся.

Дык, глядзі ж, сыночак,

Шчыранька вазьміся!

На гульню пустую

Плюнь, махні рукою,

Каб і я і маці

Цешылісь табою.

На казаньне бацькі

Адказаў Ігнатка:

— Буду я вучыцца,

Як ты кажаш, татка!

А як спаць улёгся,

Думкі мімаволі

Гаманілі ў сненьні

Хлопчыку аб школе.


Плытнікі


Клунак за плячамі,

Згорбленыя сьпіны, —

Валіць чарадамі

Люд на сплаў, віціны.

Босыя іх ногі,

Твар іх загарэлы,

Вопратка убога,

Чуць прыкрыты целы.

Ззаду ледзь ступае,

Хлеб вязе кабыла.

Нокае, гукае

На яе Кірыла…

Жарыць-скварыць сонца,

Ліст не скалыхнецца,

Горача бясконца,

Рагамі пот льецца.

Срэбрам адлівае,

Як люстэрка, Нёман,

Зранку не сьціхае

Над вадою гоман.

Ад крыку-лаянкі

Аж дрыжыць паветра:

— На «барбару», Янка!

— Гартоль бяры, Петра!

— Закідай шырыгу!

— Прысам папхні ўліва!

Варушыся! Мігам!

Ня сьпі ў шапку! Жыва!

А заднік бяз толку

Бусаком махае.

Галаўнік Міколка

Бэсьціць яго, лае.

Гнецца плыт дугою,

Прэ яго да гаку,

Быстраю вадою

Ломіць, як вужаку.

На мель узагнала.

Крык, сярдзіты голас.

Порткі паскідалі,

Ўсе ў вадзе па пояс.

Бомы ўсе пабралі:

— Рразам, хлопцы! рразам!

Ну, яшчэ! Што сталі?

Ну, яшчэ наляжам!

Вецер загуляе —

Хвойнік, лозы гнуцца.

Плытнік спачывае,

Як сабака ў будцы.

Плытнік гнецца ў полі,

Мерзьне ён у холад,

Ведае нядолю,

Ведае і голад.

Што ж? Бядота гоніць,

Толькі сілы траціш,

Толькі косьці ломіць,

Як хваробу схваціш.

*

Эх ты, доля, доля!

Голад ты, галота!

Не свая тут воля,

Не свая ахвота.


Доля батрачкі


Маці ў службу выпраўляе

Родную дзяціну,

Выпраўляючы, хавае

Горкую сьлязіну.

— Будзь паслушная, дачушка, —

Навучае матка, —

Дагаджай чужым ты, служка,

Ды цярпі, дзіцятка!

Не адзін раз твае вочкі

Заплывуць сьлязою.

Твая доля цямней ночкі —

Цяжка быць слугою!

Бо ня ўважыць чужаніца

Ручак тваіх белых,

Поту выльецца крыніца

З шчочак загарэлых.

Ўстанеш летам раней зоркі,

Пойдзеш перша ў поле…

Ох, дачушка, хлеб твой горкі,

Горка твая доля!

Маці дочку разважае,

Сябе цешыць стара,

Жаль да сэрца падступае,

Як чорная хмара.

Вось дзяўчына ўжо гатова,

Пакідае хатку.

— Ну, матулька, будзь здарова! —

I цалуе матку.

— Ну, бывай!.. — I не ўтрывала

Бедная матуля.

Жаль сьлязамі ёй прарвала,

Твар да дочкі туліць.

Выйшла маці ўсьлед за ёю,

Стала ля парогу

I, падпёршы твар рукою,

Зорыць на дарогу,

На дарогу-пуцявіну —

Там яе Гануля, —

Ды за сьлёзкаю сьлязіну

Роніць-лье матуля.

Доўга матка так глядзела,

Дочку праважала,

Покі хустка яе бела

З вочак не прапала.


За падаткі


Колькі ўжо раз за падаткі

Стараста пужае!

Ой, няхай іх! Горка зь імі,

Хто таго ня знае!

Аж тут пісар прыязджае

Разам з старшынёю…

Ой, нічога ж не парадзіш

З горкаю бядою!

— Пачакайце, калі ласка!

І — бух ім у ногі!

А назаўтра я Красульку

Пацягнуў за рогі.

Зарыкала так жалобна

Бедная жывёла,

I мне сэрца гэтым рыкам,

Як нажом, парола.

Жонка плача, лямантуе…

Гэтак па дзіцяці,

За труною йдучы, плача

Хіба толькі маці…

Я йшоў збоку, і здушылі

Горла мне залозы.

Ў поле выйшаў — паліліся

З вачэй самі сьлёзы.


На прадвесьні


Эх, наперла ліха-гораі

Ні сяніны, ні зярна.

А тут сьнег яшчэ ня скора

Згоніць цёплая вясна.

У кішэні ні грашынкі,

Хата поўная дзятвы!

Ні паленца, ні лучынкі —

Хоць у землю лезь жывы.

Папалілі, пераелі, —

Нічагутка ані ў зуб!

Хлеба толькі да нядзелі,

На два разы ўсяго круп!

А даўгоў ты нахватаўся,

Таму дзесяць, таму пяць…

Ось дзе, Грышка, ты папаўся:

Чым ты будзеш аддаваць?

Эх, наперла ліха Грышку —

Рук няма за што зацяць!

Хіба вып’ем па кілішку —

Лягчэй будзе гараваць.


Панас гуляе


Што мне жонка! Што мне дзеці!

Эх, Панас, ваўсю гуляй!

Ёсьць шчэ мерка жыта ў клеці,

Хаім, піва падавай!

Напляваць мне на падатак.

Што мне земскі, старшына!

Хаім, люльку на ў задатак, —

Дай мне царскага віна,

Дай мне булку на паўзлоты

Ды прыпраў мне селядца!

Ўсё прап’ю: халат і боты…

Пачынай, Панас, з канца!

Вось ідзе Панас, сьпявае,

Страшыць жонку і дзяцей,

Кулаком усім махае,

Пабудзіў усіх людзей.

Дома ён разбушаваўся,

Ды вяроўку дзед прыпас…

Пад сталом ноч пракачаўся

П’яны зьвязаны Панас.


Мужык


Я — мужычы сынок,

Ні двара, ні кала,

Поле — жоўты пясок,

Хата ў землю ўвайшла,

Не жыву, а гнію,

Прападаю, як мыш…

Глянь на долю маю,

Глянь на цяжкі мой крыж!

Я балоты сушу,

Надрываю жывот,

Я за бесцань кашу,

Рыю землю, як крот.

Ўсе вуглы і куты

Сваім целам я зьмёў,

Сьсек і лес, і кусты

I дарогі правёў,

Ды ня езджу па іх,

А хаджу пехатой

Ў рваных ботах старых,

Часьцей босай нагой.

Збудаваў я палац,

Многа фабрык, мастоў.

Сам жа голы, як бац, —

Пары дзьве рызманоў.

Пад аконьнем ня раз

Я зь мяшэчкам хадзіў,

Міласьціны у вас

Хрыстом-Богам прасіў.

Мяне мочыць раса,

Мяне сонца пячэ,

А у песьнях маіх

Сьляза ціха цячэ.

Я па сьвеце хадзіў,

Косьці ўсюды занёс,

Я на землю праліў

Многа сьлёз, многа сьлёз.

То ня дуб у бары

Заскрыпеў, застагнаў —

Гэта я без пары

Богу душу аддаў.

Нудна звоняць званы,

То мацьней, то замруць,

Адзін дзяк ля труны —

Гэта прах мой нясуць.

На магілцы маей

Крыж трухлявы стаіць,

А над прахам касьцей

Вольны вецер шуміць.

Я — мужычы сынок,

Я ня маю дарог.

Мая школка — шынок,

Маё жыцьце — астрог.


Пахаваньне


Чую звон я нудны,

Рэдкі, невясёлы.

Дзень сягоньня будны,

Не сьвяткуюць сёлы.

Чую прычытаньне,

Чую плач я нечы,

Скончыўся зараньне

Век твой, чалавеча.

Вось труну я бачу,

Кучка йдзе народу.

Колькі жалю, плачу!

Жонцы мужа шкода,

Мужа маладога,

Добрага Рыгора,

I сабе у Бога

Просіць сьмерці з гора.

Сёстры плачуць горка

Вуйнымі сьлязамі:

«Ой, Рыгор, Рыгорка!

Што зрабіў ты з намі?»

Двое дзетак з краю —

Бедныя сіроткі!

Цяжка будзе, знаю,

Вам, мае блазноткі!

Ззаду дзед сагнуўся —

Нудна, жаль старому.

Падышоў, вярнуўся

Скора поп дадому.

О, мой братка родны!

Ой, мужык ты бедны!

Ўсё жыцьцё галодны,

Худы, чорны, бледны.

Хто табе уважыць?

Хто паспагадае?

Сушыць доля, пражыць,

Гне, не аглядае.

Біўся ты, як рыба,

Часу ты ня ўседзіш…

У зямельцы хіба

Шчасьце ты угледзіш.

А памёр — ні знаку,

Звон адзін пазвоніць,

Ў яму, небараку,

Кінуць, пахароняць…

Смутна і ціхутка…

Могілкі з крыжамі.

Круцяцца блізютка

Галкі над палямі.

Жаль скаваў мне грудзі,

I нуда напала…

Каб вы зналі, людзі,

Як мне цяжка стала!


Наша доля


Наша доля нас ня знае,

Жыцьце наша — ноч і цьма.

Жар улетку нас даймае,

Цісьне холадам зіма.

Не красуе наша ніва,

Луг ня цешыць нам вачэй.

Гне к зямлі нас праца жыва

I ў труну кладзе дзяцей.

Наша жыцьце не вясёла…

Ноч і цьма на нас ляглі.

Нашы хаты, вёскі, сёлы

Сівым мохам абрасьлі.

Нашы сьлёзы незьлічоны,

З нас крывавы льецца пот…

Люд забіты, люд хрышчоны,

Абяздолены народ!..


*** Мы ходзім спатыкаемся…


Мы ходзім спатыкаемся,

Бадзяемся, як пьяные;

Мы з голадам зрадніліся,

Худые, абарваные.

Асьмеяны, аблаяны,

Гразёю мы абмазаны,

Багатымі мы скрыўджэны.

Няволею мы звязаны.

У балоты мы адціснуты,

Загнаны мы у шчыліны;

I вочы нам завязаны,

I вушы нам зачынены.

Адно мы добра ведаем:

Хоць вечна мы блукаемся,

А ўсё-ж такі, хоць некалі,

А праўды дапытаемся.


Загрузка...