II. Родные абразы

Я не знаю


Я ня знаю сам, браточкі,

Чаму мне так мілы

Буры, плач асеньняй ночкі,

Сьпеў яе пастылы,

Лесу гоман, гуд нястройны,

Шум лазы ў балоце,

Баязьлівы, неспакойны

Шолах у чароце.

Я ня знаю, чым мне дораг

Від палёў благенькіх,

Нудны клік у родных горах,

Вербак рад крывенькіх.

Маё сэрца, маё вока

Цягне хвоя тая,

Што у лузе адзінока

Сохне-умірае;

Жаралісты дуб высокі,

Колісь поўны сілы;

I той крыжык адзінокі,

Вартаўнік магілы,

Дзе так сумна ветры веюць,

Точаць дол пясчаны,

Дзе чыесьці косьці тлеюць,

Чыйсьці прах схаваны…

Я ня знаю, я ня знаю,

Чым я так прыкуты

Да тваіх, мой родны краю,

Вобразаў пакуты!


Нашэ сяло


Між узгоркаў над ракою

Выглядае сіратою

Наша беднае сяло.

Убраў стрэхі мох калматы,

Набок скрыўленыя хаты,

Як бы ў дол яно ўвайшло.

I зьліліся ў плех будынкі,

Ў шыбы ўсаджаны лучынкі

Ці анучак цэлы жмут.

Спарахнела наша школа,

Згніў паркан увесь наўкола —

Школка горбіцца, як склюд.

Збоку вербачкі крывыя,

Бы кабецінкі старыя,

Нуднай кучкаю стаяць.

Нёман ногі ім змывае,

Вецер голькі іх люляе,

Лісьці жаласна шумяць.

На прыгорку ў аддаленьні

Насып, крушнямі каменьне,

Смутна крыжыкі стаяць.

А ўнізе пад іх нагамі,

Спаласканыя сьлязамі,

Косьці родныя ляжаць.

Плачуць ветры над магілай,

Зь песьняй нуднай і пастылай

Пралятаючы удаль.

Як успомніш кут свой родны,

Кут закінуты, галодны,

Сьцісьне сэрца горкі жаль.


Наш родны край


Край наш бедны, край наш родны!

Лес, балоты і пясок…

Чуць дзе крыху луг прыгодны…

Хвойнік, мох ды верасок.

А туманы, як пялёнка,

Засьцілаюць лес і гай.

Ой ты, бедная старонка!

Ой, забыты Богам край!

Наша поле кепска родзіць,

Бедна тут жыве народ,

У гразі жыве ён, ходзіць,

А працуе — льецца пот.

Пазіраюць сумна вёскі,

Глянеш — сэрца забаліць.

На дварэ — паленьне, цёскі,

Куча сьметніку ляжыць.

Крыж збуцьвелы пры дарозе,

Кучка топаляў сухіх…

Сьцішна, нудна, бы ў астрозе

Ці на могілках якіх.

А як песьня панясецца —

Колькі ў песьні той нуды!

Уцякаў бы, бег, здаецца,

Сам ня ведаеш куды.

Край наш родны, бедна поле!

Ты глядзіш, як сірата,

Сумны ты, як наша доля,

Як ты, наша цемната.


Вёска


Цесна зьбіты нашы хаты,

Як авечкі ў летні жар, —

Для вагню тут корм багаты,

Як укінецца пажар.

Хлеўчык, пограб і гуменцы

Пад адзін зьліліся плех,

Трэскі ўсаджаны ў акенцы,

Замест шкла — радняны мех.

Загародка пад аконьнем,

Блісьне кветка дзе-нідзе.

Зельлем глушыцца, драсёньнем

Мак, цыбулька на градзе.

Зелянеюць два-тры клёны,

Гляне ліпа дзе з-за хат,

Дзе-нідзе садок зялёны,

Нізкіх вішань чэзлы рад.

Граблі, сані пад страхою,

Колы, сошка, барана,

Кол з хваёваю мятлою

Ўбіты ў дол каля вакна.

Многа тут гразі ў нягоду,

Многа пылу ў летні жар.

Тут дабра ня бачыць зроду,

Тут марнее гаспадар.

Тут нуда жыве людская,

Прыпынілась гора тут;

Сьмерць дзяцей, хвароба злая

Тут знайшлі прытульны кут.


*** Вось старая хатка…


Вось старая хатка,

Садзік невялічкі.

Малады алешнік

Па краях крынічкі.

З краю лес высокі;

Тут жа, каля хаты,

Дзьве старыя вербы,

Дуб каржакаваты.

Ў пералівах кветак

Зьзяе луг зялёны,

Луг шырокі, пышны,

Як бы цар ў кароне.

Далей, за лугамі,

Легла поле кругам,

Зрэзана сахамі,

Баранамі, плугам.

Зелянеюць межы

Вузкія, як стужкі,

Дзе-нідзе чарнеюць

Між загонаў грушкі…


Мужычая ніва


На мужычым полі

Цягнецца палоска…

Зельле яе глушыць,

Абвіла бярозка.

Навальніца з градам

Каласы скруціла,

Ветрам паламала,

Дожджыкам прыбіла.

Сіняя валошка,

Травы разрасьліся,

Палыны на межах

Густа упляліся.

Ой, мужыча ніва!

Ты — сіротка ў полі:

Няма табе шчасьця,

Няма табе долі!

Ой ты, ніва наша!

Ці ж ты не арана?

Ці ж мужычым потам

Ты не палівана?

Ці то кепска сонца

Сьвеціць над табою,

Што зрасла ты густа

Дзікаю травою?

Заплылі вадою

Ўсе твае разоры,

Пакапалі мышы

Па загонах норы.

Птушкі ў сінім небе

Плачуць над табою,

Што зрасла ты, ніва,

Палыном, травою…

На мужычай ніве

Каласы пустыя…

Ці ня шкодны полю,

Сьлёзы вы людскія?!


Хлебароб


Цёплы вечар. Ціха ўсюды.

На заходзе сонца.

Хмаркі захад чуць заслалі

Тонкім валаконцам.

Зьзяюць хмаркі ў пазалоце,

Пажарам палаюць.

За гарою ціха-ціха

Песьні заміраюць.

Выйшаў рольнік з хаты ў поле

Ды па межах ходзіць,

Каб пабачыць сваім вокам,

Як Бог жыта родзіць.

Твар сур’ёзны ў селяніна,

Важны, задуменны,

Ходзіць, рукі залажыўшы

За той пас раменны.

Леглі гожымі радамі

Вузкія загоны,

Апранула зямля-матка

Кажушок зялёны.

Густа жыта маладое

Поле ўсё акрыла,

Лапушное, сакаўное —

Проста глянуць міла.

Сям-там колас раскрывае

Свой пучок зялёны,

Дзе-нідзе ўжо яго вусік

Блісьне на загонах.

Селянін глядзіць з уцехай,

Ходзячы ў тым дары…

Так ні поп, ні ксёндз ня ходзяць

Пры сваім алтары.


Жніво

Сялянскім жанчынам


Рэдкае збожжа, травы палавіна,

Колас ня гнецца зярном да зямлі.

Знаць, нешчасьліва была та часіна,

Як кідалі зерне сяўцы па ральлі.

Выйшлі на поле вось жнеі зь сярпамі,

Ў лапцях лазовых, а хто без лапцей;

Ніва пустымі шуміць каласамі,

Ніва ня цешыць жаночых вачэй.

Цяжка ўздыхнуўшы, збанкі пастаўлялі,

Клункі на межы паклалі жанкі.

Бабы старыя свой твар пажагналі,

Моўчкі за працу ўзяліся дзяўкі.

Горача ў полі. Эх, жар дакучае,

Праца марудна, бясконца цяжка!

Сьпіну і плечы ім боль адбірае,

Аж дзервянее у жнеек рука.

Збэрсана жыта, чапляецца колас;

Жменю нажне — разагнецца жняя,

Жыта паложыць на скручаны пояс…

Цяжкая, жнейка, работа твая!

Ціха на полі у поўдзень гарачы!

Хоць бы дзе кусьціка рэдзенькі цень.

Толькі ў калысцы плач чуеш дзіцячы,

Толькі над вухам зьвініць авадзень…


Жытні колас


На саломцы тонкай

У траве густой

Сьпее адзінокі

Колас сіратой.

Ці то птушка божа

Кінула зярно,

Ці то заняслося

Бураю яно,

Ці зь дзіравай торбы

Конік чый згубіў,

На чужую скібу

Зерне пасадзіў, —

Неба яго знае,

Як сюды папаў,

Хто ад роднай нівы

Зерне адарваў…

Сушыць яго сонца,

Хіліць вецярок.

Ные сірацінка,

Плача каласок.

Плача, што няма з кім

Думку падзяліць,

Смутную галоўку

Ціха прытуліць

Да другой галоўкі,

Да другіх грудзей

I шаптаць аб шчасьці

У цішы начэй.

Апусьціўшы нізка

Тонкі паясок,

Ные сірацінка,

Плача каласок.

Плача, што дарэмна

Тут расьце ў глушы,

Што нідзе ня згледзіш

Роднае душы,

Што яго зярняткі

Птушкі падзяўбуць,

Белую саломку

Ветрыкі паб’юць.

I, падняўшы ўгору

Стромкі валасок,

Ные сірацінка,

Плача каласок.


Вярбіна


Над вадою адзінютка

Пахілілася вярбіна;

Ные бедная ціхутка.

Ці ж то ёсьць у ёй кручына?

Мые Нёман ёй карэньні,

I дурэе вецер зь ёю,

А пад нізам чарадою

Ціснуць ногі ёй каменьні.

Ёсьць кручына немалая,

I шуміць яна так нудна,

Бо ёй доля не спрыяе,

Бо расьці ў каменьнях трудна…

Так і ты, народ наш бедны,

Як вярбіна, проці волі

Доўга носіш пояс медны,

Гнешся ты, як крыж у полі!


Палесскіе абразы


Цёмны бор, кусты, балоты,

Кучы лоз і дубняку,

Рэчкі, купіны, чароты,

Мора траў і хмызьняку;

Мосьцік, зложаны зь бярвеньняў,

Брод і грэбля кожны крок,

На дарозе рад карэньняў,

Крыж, пахілены набок;

Пералескі, лес, паляна,

Старасьвецкі дуб з жарлом,

Хвоя-веліч на кургане

З чорным буславым гняздом;

Гразь, пяскі, лужок зялёны,

Шум крынічкі з-пад карча,

Шэлест лісьцяў несканчоны,

Крык у небе крумкача;

Вербы, груша-сіраціна,

Нізкарослы цёмны гай…

Гэта ты, балот краіна!

Гэта ты, палескі край!


Дарога


Між палёў шырокіх,

Як зьмяя якая,

Цягнецца дарога,

Вузкая, крывая.

Наабапал грушы

Разрасьліся ў полі,

Нізенькі яловец

Чэзьне, бы ў няволі.

Тут мужык працуе,

Чорны ўвесь, як сажа.

Крыж на перасеках

Аб пакуце кажа.

Коціцца цялежка,

Б’ецца аб каменьне,

Хлебароб на поле

Глядзіць ў задуменьні…

Ой, дарога-сьцежка,

Вузкая, крывая!

I ты, жыцьцё наша,

Ты, доля, такая!


Чугунка


Ў два рады між палёў

Роўна рэйкі ляглі,

Рэжуць нетры лясоў,

Точаць грудзі зямлі.

Дзе стралою ляцяць,

А дзе дужкай бягуць

Цераз горы і гладзь,

Сьмела рэчкі сякуць.

Эх, і быстры ж той гон!

Толькі пыхкае дым.

За вагонам вагон

Мчыцца зьмеем ліхім.

Мчыцца ўночку і ўдзень,

Толькі поле дрыжыць,

Так ні конь, ні алень,

Ні арол не ляціць.


Могілкі


Круглае поле. Узгоркі, каменьне.

Лес па краях, як сьцяна.

Ціха навокала. Нудна на сэрцы.

Птушка ня крыкне нідзе ні адна.

Могілкі ў полі адны-адзінюткі.

Праслы гнілыя на дол паляглі.

Крыж пахіліўся гаротна-журботна.

Многа іх, многа ляжыць на зямлі!

Дзе-нідзе дрэўцы — бярозка, хваінка;

Дожджык магілкі размыў, спаласкаў.

Вось дзе ад гора мужык адпачыне,

Вось дзе ён думкі-згрызоты схаваў.


Родные песьні


Вісьне скарга уздоўж Нёмна,

Беларусі сына.

Як ты бедна, як ты цёмна,

Родная краіна!

Зьбіты ў кучу твае вёскі,

Стрэхі ў дол уходзяць.

Смутнай песьні адгалоскі

Лес, курганы родзяць.

Крыж збуцьвелы, знак пакуты,

Тут і там чарнее.

Даль паўнютка ціхай смуты —

Жаль на душу вее!

Ўсё ў табе, мой родны краю,

Апавіта горам:

I той вецер, што дзьме з гаю,

Што шуміць над борам;

Тыя песьні, што на полі

Жнеі запяваюць;

Тыя думкі, што да болю

Сэрца калыхаюць.

Ва мне смутак, гора гэта

Водгульле знаходзіць,

Сэрца, жалем абагрэта,

Песьні смутку родзіць.

Няхай плачам у тэй далі

Песьня разальецца,

Каб усе на сьвеце зналі,

Як нам тут жывецца.


Загрузка...