Стрэл «Акацыі»


— Асцярожней, гэта вельмі далікатны груз, — прыкрыкнуў на салдат штабс-капітан Аляксей Храптовіч. Пяцёра шараговых сцягвалі з чыгуначнай платформы ў кузаў грузавіка вялікую, вышынёй у чалавечы рост, драўляную скрыню.

— Не хвалюйцеся, Аляксей Міхайлавіч, хлопцы дасведчаныя, за апошні час столькі грузаў перацягалі, не пералічыць, — унтэр-афіцэра Івашчанка заступіўся за падначаленых, — Дарэчы, а што там?

— Новая машына Чарнышова, — адказаў штабс-капітан, не адрываючы позірка ад скрыні з гербамі артылерыйскага ўпраўлення Генеральнага штаба і Расійскай імператарскай акадэміі навук на баках.

— Ну, цяпер-та, дакладна патрапім, — усміхнуўся Івашчанка.

— Не выключана, — хмыкнуў Аляксей.

Да платформы пад’ехаў легкавы аўтамабіль. Адкрыты Мэрсэдэс чорнага колеру з адкідным верхам з брызенту. Бразнулі дзверцы і да назіральнікаў шырокім крокам накіраваўся афіцэр у чорным шынялі.

— Аляксей Міхайлавіч, галубок, рады вас бачыць, — маёр-артылерыст працягнуў далонь для поціску, — як справы ў Пецярбургу?

— Усё як заўсёды, Мікалай Сцяпанавіч, бюракратыя і цяганіна, — няпэўна адказаў Храптовіч.

— А мы ў Арлоўцы, бач, толькі вас і чакаем, — працягнуў маёр, моцна сціскаючы далонь Аляксея. — Столькі пускаў няўдалых было. Палім ледзь не кожны дзень: то недалёт, то пералёт, то ўвогуле невядома што. Вылічальнік гэты паравы так-сяк фурычыць. Спрабавалі ўручную разлічыць, да дзе там. Тыдзень кешкаліся і зноў міма. Уся надзея на машынку гэтую вашую новую, — Мікалай Сцяпанавіч кіўнуў у бок грузавіка, — электрычную.


***


Мэрсэдэс ехаў хутка. Дарога была роўная як стол, ні выбаінкі, ні купіны. Шафёр у прыцемненых акулярах-кансервах лёгка трымаў руль правай рукой, а левую разпаволена паклаў на дзверцу, нібы сталічны кіроўца таксаматора.

— Як бачыце, Аляксей Міхайлавіч, пакуль вас не было, — маёр павысіў голас, каб перакрычаць шум ветру, — мы тут скончылі дарогу ад Царыцына. Бетоннае пакрыццё! Дарог такога класу больш нідзе ў Расіі няма.

Легкавы аўтамабіль абыходзіў шматлікія грузавікі і конныя падводы, што рухаліся па шырокай роўнай дарозе ў абодва бакі. Амаль усе машыны былі армейскімі. Храптовіч злавіў сябе на думцы, што бачыў такое перасоўванне вайсковай тэхнікі толькі каля лініі фронту, але Царыцын знаходзіўся ад фронту за тысячы вёрст.

Справа ад дарогі за лесам віднеліся коміны новага металургічнага завода Круппа, пабудаванага пасля пачатку вайны на месцы ўзарванага французскімі дыверсантамі завода Дзюмо. Побач знаходзіўся новы зброевы завод і электрастанцыя. Наперадзе, там, куды ляцела шэрая роўнядзь дарогі, падымаліся з-за гарызонту яшчэ два коміна. Толькі яны не былі завадскімі.


***


Мэрсэдэс спыніўся каля бетоннага бліндажа. Шырокі пляскаты прастакутнік быў пакрыты сеткай, сплеценай з карычневых і зялёных шматкоў. Каля ўваходу ў бліндаж стаялі на варце два салдаты з аўтаматамі сістэмы Фёдарава ў руках. Над масіўнымі металічнымі дзвярыма была прымацаваная таблічка з трыма літарамі «ПАВ» — пункт артылерыйскіх вылічэнняў.

За бліндажом на прамавугольнай бетоннай пляцоўцы ўзвышаўся вялізны металічны цыліндр, які, звужаючыся, сыходзіў далёка ў неба — стратасферная гармата.

— Акацыя, — прамовіў Мікалай Сцяпанавіч, вымаючы з унутранай кішэні шыняля пасведчанне, — Як бачыце, Аляксей, мантаж Гіяцынту практычна завершаны. Дарэчы, без дапамогі немцаў мы б так хутка рады не далі.

— Пахвальна, — штабс-капітан паглядзеў у бок другога цыліндру, які стаяў на аддаленні, і працягнуў дакументы вартавому.

— Праходзьце, — радавы павярнуў тумблер на сцяне і створкі дзвярэй сталі павольна раз’язджацца ў бакі.


***


Унутры бліндажу было цёпла і вельмі светла. Храптовіч з нязвычкі заміргаў ад яркага электрычнага святла. Вузкі калідор вывеў афіцэраў у прасторнае памяшканне, дзе раней стаяла паравая вылічальная машына. Няўдалы артылерыйскі вылічальнік паспелі дэмантаваць і збудавалі на яго месцы металічны памост, куды павінна была стаць новая машына інжынера Чарнышова. Да памосту было падведзена некалькі электрычных кабеляў.

Шырокія вароты ў іншым канцы залы расчыніліся. У памяшканне заехала грузавая каляска са скрыняй, якую суправаджаў Храптовіч. Салдаты і тэхнікі ў белых халатах прыняліся адымаць драўляныя панэлі, вызваляючы машыну ад палону. Штабс-капітан і маёр назіралі за іх дзеяннямі з-за аднаго са сталоў.

— Вось, ўдакладнены разлік каардынатаў цэлі, — Аляксей Міхайлавіч паставіў на стальніцу невялікі сакваяж, ўнутры якога ляжаў стос прадзіраўлены кардонных лістоў. — Навукоўцы запэўнівалі, што цяпер памылкі быць не павінна.

— Выдатна, — усміхнуўся Мікалай Сцяпанавіч, — калі ўсё пойдзе як трэба, то гэтая вайна можа скончыцца вельмі хутка.


***


Праз два дні электрычны артылерыйскі вылічальнік Чарнышова быў змантаваны і апрабаваны. Вынік перасягнуў чаканні. Шпіёны і інфарматары з Парыжа паведамілі, што пробны снарад лёг роўна ў цэнтр горада, і нават знёс верхавіну металічнай вежы Эйфеля. З Стаўкі па тэлеграфе прыйшлі віншаванні і новы загад — пры наступным стрэле выкарыстоўваць спецыяльны снарад.

Храптовіч ў прысутнасці рускіх і нямецкіх артылерыйскіх афіцэраў асабіста павярнуў рубільнік, які ўключае машыну. Вылічальнік — металічная шафа з некалькімі дзесяткамі паліц — ледзь чутна загудзеў. Вантробы машыны асвятліліся святлом сотняў невялікіх электрычных лямпаў. Штабс-капітан адкрыў сакваяж, дастаў з яго стос кардонак і паклаў яго ў прымальную прыладу машыны. Заляскалі шасцярэнькі і лісткі зніклі ў вантробах машыны.

— Каардынаты загружаныя, — выразна прамовіў ён.

Да машыны наблізіўся тэхнік і перадаў Аляксею Міхайлавічу яшчэ адзін стос картак — апрацаваныя дадзеныя аб вільготнасці паветра і атмасферным ціску ад сіноптыкаў. Наступны пачак — напор і хуткасць ветру на розных вышынях. Вылічальнік размерана паглынаў інфармацыю. Электронныя лямпы гарэлі цёплым, прыглушаным святлом, нібы ўнутры шкляных колбаў знаходзіліся не металічныя ніткі напальвання, а невялікія свечкі.

— Дадзеныя па зарадзе, — прамовіў штабс-капітан, прымаючы з вантроб машыны свежапрабітыя кардонныя лісты.

— Зарад Акацыі — 17 042 пуда, 17 фунтаў і 5 залатнікоў пораху, затрымка парахавых рухавікоў снарада на 25 секундаў поўнай магутнасці, — тэхнік хутка перавёў пазнакі на картцы ў зразумелыя лічбы.

— Прыгатаваць гармату да стрэлу!


***


Аляксей Міхайлавіч не мог бачыць, перашкаджалі тоўстыя бетонныя сцены ПАВ, але ведаў, што цяпер на парахавым складзе звышдакладныя насыпныя машыны запаўняюць цыліндр зарада порахам у разлічанай колькасці. Магутны паравы кран падымае зарад і ўздымае яго на чыгуначную платформу. Манеўровы электравоз падштурхоўвае платформу з зарадам да падножжа гарматы. Тэхнікі настройваюць секундамер парахавых рухавікоў снарада. Салдаты ў чорных прагумаваных камбінезонах і супрацьдымных масках загружаюць у снарад ёмістасці з цёмнай алеістай вадкасцю. Гідраўліка штурхае платформу са снарадам у ствол, услед за снарадам ў прыладу ўваходзіць зарад. Казённая частка зачыняецца. Акацыя гатовая да стрэлу.

У бліндажы ўсе заміраюць у чаканні каманды. Афіцэры, салдаты, тэхнікі — усе стаяць з адкрытымі ратамі, берагуць вушныя перапонкі.

— Агонь!

Капсуль падпальвае зарад. Выбух неймавернай сілы выштурхвае снарад са ствала. Металічны конус з велізарнай хуткасцю ўгрызаецца ў паветраную прастору. Сілы выбуху хапае, каб выпхнуць шматтонную даўбешку за межы зямной атмасферы. Там на вышыні трохсот вёрст снарад на імгненне замірае. Спрацоўваюць запалы парахавых рухавікоў, што часова ўтрымліваюць яго ад зваротнага падзення. Пазіцыя гарматы блізу Царыцына знаходзіцца на тым жа мерыдыяне, што і цэнтр Парыжа. За той час пакуль снарад вісіць нерухома, Зямля пад ім робіць пэўны абарот. Такім чынам, калі спрацоўвае верхні штурхальны парахавы зарад і снарад пачынае падаць, ён знаходзіцца ўжо не над Арлоўкай, а над Манмартрам.


***


«Цемра Егіпецкая ў Парыжы» — абвяшчаў загаловак адной з пецярбургскіх газет, што даставіў у Царыцын ліцерны цягнік. «Тысячы памерлых, дзесяткі тысяч атручаных», «чорны газ знішчыў горад», «Францыя пераможана». Храптовіч адклаў газету, устаў і накіраваўся да століка, каб наліць сабе каньяку. Сёння Аляксей Міхайлавіч ў другі раз у жыцці сур’ёзна задумаўся пра самагубства.


Загрузка...