Сын ветра


Паскарэнне прыціскае цябе да крэсла. Верашчыць зумер перагрузкі. У вачах цямнее. Ты адчуваеш, што вось-вось страціш прытомнасць. Слабы гравітацыйны кампенсатар, якім абсталяваны твой карабель, не спраўляецца са стартавай нагрузкай. Вас аб гэтым папярэджвалі падчас кароткага навучання — скампенсаваць велізарнае паскарэнне ад катапульты амаль немагчыма. Проста ніхто не казаў, што яно пераносіцца настолькі пакутліва.

Ангар, знішчальнікі, катапульта — усё імгненна знікае. Адлятае за спінку крэсла з паскарэннем у дзясяткі «ж», пакідаючы цябе сам-насам з бязмежным абшарам космасу. Перагрузка паступова спадае. Табе становіцца лягчэй. Карабель пераходзіць на сталую хуткасць. Зялёныя агеньчыкі на прыборнай панэлі паведамляюць табе пра спраўнасць усіх сістэм. Ты супакойваешся. Зараз ты гатовы выканаць сваю задачу.

Новыя кропкі на радары аддзяляюцца ад вялікага паралелепіпеда — авіяноснага крэйсера «Дон» — і накіроўваюцца ў твой бок. Ты не адзін. Дзве кропкі збліжаюцца з квадратам, якім абазначаны твой карабель, і бяруць курс паралельны твайму. Звяно ў зборы.

— Сікорскі, ты як? — голас у слухаўках.

— Нармальна, — адказваеш ты.

— Удачы. Удачы нам усім, — апошнія словы, далей рэжым радыёмаўчання.

Бартавы кампутар разлічвае сумесную траекторыю і задае вектар цягі для рухавіка. Ты зноў адчуваеш паскарэнне. Звяно накіроўваецца да мэты. У цябе ёсць некалькі хвілін, каб падумаць. Потым не будзе часу.

Хата, бацькі, сябры, вучэбка, вайна. Не тое. Яе погляд. Яе вусны. Цёплая шаўкавістая скура, мяккія валасы. Ты ўспамінаеш вашую апошнюю сустрэчу перад адпраўкай на «Дон». Ты заўважыў яе ў натоўпе на ўскраіне стартавай пляцоўкі. Яна пабачыла цябе ў групе новаспечаных пілотаў, што ішлі да транспартнага карабля. Некалькі секунд вы глядзелі адзін аднаму ў вочы. Затым ты падняў далонь угару, каб памахаць на развітанне, і схаваўся ў металічным чэраве транспартніка.

Запішчаў радар. На краю экрана ўзнікла шэрая кропка, за ёй яшчэ адна і яшчэ. Праз імгненне шэрыя кропкі становяцца чырвонымі — аб’екты не прайшлі запыт «свой-чужы». Ты адчуваеш, што твае далоні змакрэлі, стала цяжка дыхаць. Варожыя знішчальнікі на радары імкліва набліжаюцца да твайго звяна.

Ты пераключаешся ў ручны рэжым кіравання. Твой карабель з вялікай нацяжкай можна назваць знішчальнікам. Корпус ад грамадзянскага міжпланетніка абсталяваны армейскім рухавіком і лёгкім узбраеннем. Выбіраць не даводзіцца. Знясіленая вайной планета не можа забяспечыць запатрабаванні ваенна-касмічнага флоту ў поўным аб’ёме. Даводзіцца выкарыстоўваць тое, што ёсць. Зрэшты, збіваць варожыя знішчальнікі — гэта не твая задача. Табе проста не пашчасціла нарвацца на перахопнікі.

Гудзе назапашвальнік лазернай турэлі. Ізноў пішчыць сігнал перагрузкі. Ты закладваеш віраж, выходзячы на сустрэчны ворагу курс. Звяно паўтарае твой манеўр. Звініць радар — ракетная пагроза. Ты ліхаманкава ўспамінаеш, што трэба рабіць у такіх выпадках. Твой сумарны налёт не перавышае дзесяці гадзін і ўсё на сімулятары — фронту былі тэрмінова патрэбныя пілоты. Суседні карабель выстрэльвае касету цеплавых пастак. Адна з выпушчаных супернікам ракет выбухае ў мешаніне падманных цэляў. Ты заўважаеш гэта краем вока і ціснеш на спуск. Да кантакту тры секунды. Лазер б’е ў бок бліжэйшага знішчальніка. Напэўна трапляе. Беспаветраную прастору вакол твайго карабля пранізваюць магутныя энергетычныя струмені — варожая атака. Загараецца і тут жа згасае выбліск з левага борта. У тваім звяне цяпер два караблі.

Кантакт. Супернік праносіцца міма. Зялёныя і чырвоныя кропкі на радары імкліва разыходзяцца. Табе пашчасціла. Нават калі ворагі задумаюць развярнуцца для пераследу, ім вас не дагнаць. Ты ўключаеш фарсаж і твой карабель уздрыгвае, паскараючыся. Цэль ужо блізка.

Выведка здолела здабыць каардынаты варожага лінкора. Тактычны рэзерв у невялікім аддаленні ад сферы фронту. Супернік планаваў увесці яго ў бой на самым праблемным участку на ўскраіне сістэмы. Гэты лінкор твая цэль. Твая і яшчэ трыццаці такіх жа пілотаў, як ты. Зрэшты, іх ужо дваццаць дзевяць. Ці менш.

Рознымі курсамі звёны павінны выйсці да цэлі. Прадрацца скрозь караблі заслоны і ісці на прамы кантакт з лінкорам. Прамы кантакт гучыць неяк будзённа. Таран. Вось як ты завеш мэту сваёй місіі. Для яе ў кармавым адсеку прызапашана адна дробязь — вадародная боегалоўка. Менавіта таму ў цябе такая слабая лётная падрыхтоўка, а ў твайго карабля такое мала магутнае ўзбраенне і моцны рухавік. Ты не павінен ваяваць з варожымі асамі, твая мэта — таран. На апошнім інструктажы казалі, што зусім не абавязкова прабіваць ашалёўку лінкора. Хопіць выбуху ў радыусе дзвюх-трох кіламетраў ад карабля суперніка. Але ў цябе з іншымі пілотамі быў свой угавор: героем будзе той, хто падарве сябе як мага бліжэй да ворага. Маладзёвае блазенства і дурасць — сказаў бы капітан, калі б даведаўся пра ўгавор. Але для цябе ўсё сур’ёзна.

І вось, нарэшце, з’яўляецца шанец паказаць сябе. На экране радара ўзнікае вялікі чырвоны паралелепіпед. Вакол яго рой кропак. На мяжы ахопу радара ты заўважаеш яшчэ некалькі зялёных агеньчыкаў. Вашы пілоты заходзяць на цэль. Ад лінкора адзін за адным, насустрач вам ляцяць перахопнікі. Ты не актывуеш турэль. Перанакіроўваеш максімальную магутнасць на рухавік. Цэль блізка. Цябе атачае чорная глыбіня космасу, з мільёнамі яскравых кропак-зорак. Некаторыя з іх рухаюцца. Радар верашчыць пра ракетную атаку. Ты хапаеш штурвал. Супрацьракетны манеўр на фарсажы ледзь не пазбаўляе цябе прытомнасці. Ракета метэорам уносіцца ўдалячынь.

Лінкор. Чорная кропка. Цямней, чым міжзоркавая прастора. Толькі таму ты можаш яго бачыць. Кропка расце. Набывае аб’ём і форму. Працуюць зенітныя турэлі. Другі карабель твайго звяна знікае з радара.

Лінкор усё бліжэй. Ты перастаеш зважаць на мітусню зялёных і чырвоных кропак на радары. Ты сканцэнтраваны на варожым караблі. І на кнопцы актывацыі бомбы. У боегалоўкі ёсць аўтаматычны выбухоўнік, які спрацоўвае пасля смерці пілота. Але гэта яшчэ адзін пункт вашага угавора: ты павінен сам падарваць карабель. Ужо бачны бартавы нумар лінкора. Рубка. Рухавік. Гарматы. Лазерным стрэлам твайму караблю зразае кансоль з рухавіком. Але ты працягваеш несціся да цэлі па інэрцыі.

Успаміны. Яе погляд. Валасы. Ветрык. Пацалунак. Ты націскаеш на спуск. Выбух.


Загрузка...