ЗА СПАТКАНАЕ ШЧАСЦЕ…


* * *

За сялом палавеюць жыты,

Росна песня дзявочая ўзносіцца:

«Твой пярсцёнак, ды твой залаты,

Мне на ручаньку правую просіцца...»

На свае нам пацэліць кругі —

Непрамая дарога, няблізкая.

Дар сярэбраны, дар дарагі

На маёй ды на левай паблісквае.

Ад Расстання да Стрэчы ляцець:

Два прыстанкі ўвабралі прычалы ўсе.

...Над ваколлем трымціць залацень

Жыта й песні, яна —

не канчалася б!..

Пасярод наступальнай слаты

Так раптова надарыцца просінцу!

«Твой пярсцёнак, ды твой залаты,

Мне на ручаньку правую просіцца...»

1977



ТЫ

Быў.

І не было.

Пры выпадковых,

Неназолістых спатканнях зрэдзь

Бестурботна ападалі словы

З доляю ні радаваць, ні грэць.

Быў.

І не было.

Не бачна воку,

Як карэнне дастае з зямлі

Над ільдамі, камянямі

сокі,

Каб у дрэва

песню лета ўліць.

Дзёрзка выбухнула лістота —

Твая пяшчота.

Што яна шукала ў маім лёсе?

Сцверджання?

Бунтоўнай праваты?

Што шукала — ці знайсці ўдалося?

Быў.

І не было.

І раптам — Ты!..

1976



ГАЛЬФСТРЫМ

Раскавана дыхае Гальфстрым!..

I, як там, дзе шчодрыя пасаты

Дотыкам да вычарнелых дрэў

Квеценню абсыпалі сукі —

Бачу я, як расцвітаюць людзі

Лепшымі галінамі душы!

Бо к табе, адзінаму на свеце,

Вырваўшыся з даўкай нематы,

Як Гальфстрым з Фларыдскае пратокі,

Цяжка, безаглядна, як Гальфстрым,

Хлынула к табе маё каханне.

Хто ты мне?

Нашто ты мне?

Чаму

Аддзяліць цябе ўжо немагчыма

Ад жыцця майго,

Як немагчыма

Ад зямлі нябёсы аддзяліць?

Ды хіба пытаюць у Гальфстрыма

Пра ягоны выбар акіяна,

Пра ягоны выбар берагоў...

Ён бурліць — і адступаюць айсбергі,

І ў далонях шыраты паўночнай

Дарам найвышэйшай справядлівасці

Фарбы поўдня дзёрзка раскашуюць!

Ці ж не чуеш ты

І ці ж не бачыш,

Што—

да недаўмення —

перавернуты

Свет сцюдзёных, непрытульных вод,

Што ўжо незваротна-новы свет

Явай непаўторнаю пануе?!

Не змаўчы маўчаннем таго вострава,

Дзе Гальфстрым знаходзіць сваю гібель —

...I ўсё роўна рвецца да яго!

1972



* * *

Паводле Маі Львовіч


Хто ты мне?

Як мне цябе назваць?

Як гукаць?

Па імені якому?

Як цябе пытацца?

Як казаць?

Як твае шляхі абавязаць

Непазбежнасцю —

да майго дома?

Хто ты мне?

Майму ты сэрцу — хто?

Як назваць...

Нашто шукаць імёны?

І пытацца,

І казаць — нашто?

Так табой азораны мой дом,

Промню незамглёны.

1976



* * *

«Палюбі мяне! Палюбі мяне...» —

Прашаптаў і асек дыханне...

Хістанулася ранне

У расчыненым насцеж акне.

Скаланулася да глыбінь

На пагоду свежа і золка...

«Палюбі мяне, палюбі!..» —

Трапятнулі зраселыя зёлкі.

Голас хутка мацнеў і рос,

І ўжо там, дзе яснелі далі, —

«Палюбі!..» —

Светлякі бяроз

Неба звон загайдалі!

Ты, як промень, прыціхлы быў,

А над нашым асмяглым летам —

Страсны голас планеты:

«Далюбі!.. Палюбі!.. »

1976



* * *

Як мне прывыкнуць да самой сябе,

Цяперашняй, невызначальна новай?

Адкуль,

З якой неспасцігальнай сховы,

І рухі гэтыя мае,

І словы?

У рос пытаюся —

Яны маўчаць.

У зор пытаюся —

Яны маўчаць.

А прыйдзеш ты,

Запознены, здарожаны,

Шапне крывінка кожная:

«Харошы мой!..»

Пратрубіць безагляднасць раскавана!

Як мне прывыкнуць да сябе —

Каханай?

У рос пытаюся —

Яны маўчаць.

У зор пытаюся —

Яны маўчаць.

А ты ўсміхаешся шчасліва...

1976



* * *

Той краёчак далягляду

І дагэтуль прад вачыма:

Дзве

ляцелі

аблачыны

Па краёчку далягляду!

Паасобку,

Ды суладна,

Так напеўна,

Так парыўна,

Побач, поруч,

Неадрыўна

ад краёчка далягляду!

Незліянае адзінства,

Блізкасці, і меж улада,

І нятоеная радасць —

Па краёчку далягляду!

Разам, —

І падмен не трэба!

Роднасць, —

І даволі платы!

На краёчку далягляду —

У самым сэрцы свайго неба!

1977



* * *

Я рада, што так адбылося

(Як чыста ўзрунела трава!..).

Я ўдзячна нялёгкаму лёсу:

Я рада, што мне сумаваць,

Што мне захлынацца тугою,

Нязбытнай ні ўдзень, ні ўначы

(Якое паветра тугое!..),

Гадзіны і вёрсты лічыць

І ведаць, што, позна ці рана,

Кранеш маю пасму з брыва

І ціха прамовіш: «Я рады,

Я рады, што мне сумаваць...»

1977



* * *

Кажы мне ласкавыя словы,

Дары пяшчоту мне сваю,

І прызабудуся вяснова,

На ўскрайку шчасця пастаю...

Хай хоць на момант ашукаю

І немагчымасць, і бяду,

Так хораша і нечакана

Вакол мезенца абвяду!

І сіл прыбудзе мне нанова,

Прад непапраўнасцю ўстаю, —

Кажы мне ласкавыя словы,

Дары пяшчоту мне сваю.

Не ўсё збываецца, і, мусіць,

Пара змірыцца з гэтым нам.

Але пакуль душа не хлусіць,

Што песня ты ў мяне — адна,

Мая апора і аслона

У безнадзеі на краю —

Кажы мне ласкавыя словы,

Дары пяшчоту мне сваю.

1977



РОДНАСЦЬ

Падумаць толькі, што нас падзяляла...

Ты ж быў у маім лёсе!

Ды цяпер

Такое адчуванне, што не знала

Ніколі я сапраўднага цябе.

Падумаць толькі...

Спела столькі часу

Прыхільнага сяброўства цеплыня,

Каб раптам натуральна так пачаўся

Адлік інакшы новым нашым дням.

Усё, жыло падспудна што, употай,

Цяпер лунае, за вітком віток.

Няпэўны сум

свядомай стаў маркотай,

І радасць адшукала свой выток.

Падумаць толькі: мне ты

не прысніўся, —

Іначай

як бы стацца так магло,

Што страх

набыў акрэсленыя рысы

І яву

спадзяванне набыло,

Што знойдзе чалавек, чаго шукае,

Пакуль,

пакутай моцная,

расце

І ў сэрцы прага роднасці людская

Не саступае месца

пустаце.

1977



* * *

Я люблю цябе...

а ты — не слухай!

Я люблю цябе...

а ты — не чуй!

Бэзам

ускіпела завіруха,

І пялёсткаў шчасця не лічу.

Ні адна

не ўваражыла кветка

Рук тваіх,

вачэй тваіх,

ні губ.

Ходзіць студзень

непадкупным

сведкам

Самае раскошнае

са згуб!

І шугае маем

завіруха,

І пялёсткаў шчасця

не лічу.

Я люблю цябе...

а ты — не слухай,

Я люблю цябе...

Быццам слоў такіх і не

існуе,

а ты — не чуй!

Быццам

і не сказаны былі...

Радасць гэта

нас перавяснуе

На спрагнелай радасцяў

зямлі.

Нездарма

шалее завіруха,

І пялёсткаў шчасця

не лічу!

Я люблю цябе...

а ты — не слухай,

Я люблю цябе...

а ты — не чуй!

1976



НЕ У РЫМ ВЯДУЦЬ ДАРОГІ

Так хораша

не можа доўга быць —

Недаўгавечна шчасце чалавечае.

Адказваць на каханне часта нечым,

Хоць ненатольна прагнецца любіць.

Так хораша не можа доўга быць.

Пакуль

адчужанасць не знае нас,

Пакуль

адно ў адно мы пераліты,

Пакуль

між трох мільярдаў на Зямлі ты

Адзіны мне,

і я ў цябе — адна.

Адчужанасць яшчэ не знае нас.

Не ў Рым дарогі ўсіх людзей вядуць,

А да вякамі снёнай узаемнасці.

Не бачыла, як ты масты свае масціў,

Ды помніла, што я цябе знайду.

Не ў Рым дарогі ўсіх людзей вядуць.

1976



* * *

Сказала: «Лепей саматой».

Не лепш.

Сказала: «Так прасцей».

Куды як проста!..

І хлеб, з табой не дзелены, —

Не хлеб.

І шлях —

Абраны быццам не па росту.

Гайдаў Сусвет.

Упёрлася ў куток.

Лячыў парыў.

Прыгорбіла натома.

Як ні рыхтуй сябе загодзь —

Ніхто

Не можа да самоты быць гатовы.

А вёрсты ўсе ўмяшчаюцца ў адну

Адлегласць —

На працягнутую руку.

Даверліва ўсміхнуцца.

Працягнуць.

І збаўлены ад адзіноты мукі.

Звычайны рух.

Магутней, і глыбей,

І справядлівей той касмічнай прорвы,

Якая

Адрачэннем ад цябе

Лядзяна зеўрае;

«Не руш,

Не роўня».

Чым далей ад паверхні мы зямлі,

Тым даступней нам яе глыбіні.

Імя тваё мне

Не перабаліць.

Ніколі.

Знаю.

Быў і ёсць.

Любімы.

1978



ВАСІЛЁК

Само лета ў імені тваім,

Само лета.

Цэлы лёс наш аказаўся ім

Абагрэты.

А высокай радасці куток

Не абжыты...

Ходзіць хваляй, чыстай і крутой,

Поле жыта.

Расхінуцца раптам каласы —

Проста ў вочы

Таямніцай смутку і красы —

Васілёчак...

Столькі лета ў імені тваім!

1977



* * *

Панянькавала за свой век нямала

Мар, і памкненняў, і жаданняў я,

А заклінаю так, як заклінала:

Хай беражэ цябе любоў мая.

Заступіць хай усе шляхі-дарогі

Любой нягодзе і любой слаце,

Каб, як хваробы, роспачнай знямогі

Ніколі не спазнаў твой доўгі дзень.

Якім ты ёсць і стаць якім гатовы, —

Хай светлай будзе лёсу каляя! —

Ад злой няўдачы, ад ліхой намовы

Хай беражэ цябе любоў мая.

За сэнс высокі, што жыццё займела,

За мой

вясёлкаю замкнёны круг,

Дажджынкай шызай ці сняжынкай белай

Я прыпаду к табе і паўтару:

Дзе б ты ні быў, якой бы ні была я

І кім бы для цябе ні стала я, —

Хай над табою ластаўкай крыляе,

Хай беражэ цябе любоў мая.

1977


Загрузка...