МЁДУ СЛЯЗІНАЧКА СВЕЦІЦЦА…


РУКІ МАЦІ

Як соладка спіцца

У роднай хаце,

Калі пасцель табе

Слала маці.

Як хораша ранкам

Прачынацца,

Калі да сняданка

Будзіць маці.

Як рупна сонца

З паўдня прыпякае,

Нада мной узнятае

Матчынымі рукамі.

Ператомлена ўздрыгваюць

Рукі маці:

Як кара, шчасце

Неба трымаць ім!

На крокі твае,

Як на песню,

Галаву ўзнімаю.

Пакуль іх чую,

Мне жыць не страшна,

Мама.

1977



ДЗЕВЯТАЕ МАЯ

Доўга цень на долю падаў,

Я свой ясны дзень шукала, —

А яго закалыхала

Ноч

на белым голлі саду.

Ледзь шчакой крануся вецця —

Абсыпаюць цветам промні.

Як цябе, глыбока помню:

Мірам

гэта ўсё завецца...

1977



ГАТЭЛЬ «МІНСК», 374

Тры дні і ночы праляцелі, як тры пчолкі,

Як рупныя тры пчолкі,

Што з венчыка да венчыка,

З травінкі да сярожынкі,

Ад коціка ракітнага

Да сонцасходнага падбелу,

Ад звішнявелай, прахалоднае кісліцы

(Салодкай, як кляновік)

Да полымя ліловага пралескі —

Тры пчолкі шчыравалі —

Тры дні і ночы —

І неслі ў цёмны вулей майго сэрца

Пылок —

Сухі, гаркавы, залачавы —

Нектар

Маіх нябёсаў і зямлі:

Прыхільнасць і любоў сябрыны.

Мёду

слязіначка

свеціцца:

Тры дні і ночы праляцелі, як тры пчолкі...

1977



* * *

Вечар задуменна

Сеў каля дзвярэй.

Аказаўся вечар

Раніцы мудрэй.

Згінула няпэўнасць,

Знаю, што чакаць.

Ад слязы бяссільнай

Высахла шчака.

Хай вам светла будзе,

Усім, каго люблю!

Промнем вечаровым

Смутак спапялю.

Свет такі адзіны,

Дык чаго ж яшчэ?

Чарадою птушкам

Весці лёт

лягчэй.

Шляху немінуча

Сонцам набракаць.

Прагай скрыжавання —

Да рукі

рука.

І не размінуцца...

Травы ці ў расе?

Задуменна вечар

Пад дзвярыма сеў.

1975



НАДЗЕІ, ЯКУЮ ПРЫВЯЛІ ЗА РУКАЎ

Ты ўсё перамінаешся ў парозе?

Шкада, не ўласнай воляю прыйшла...

Ну што ж! Праходзь.

З тваіх сясцёр цвіла

Тут не адна, ды час іх

памарозіў...

Ах, тыя, хто прывёў цябе сюды, —

На свеце найдарожшыя мне людзі.

Хай кожны крок іх крокам шчасця будзе

Праз доўгія, пагодныя гады!

Прысядзь на хвілю. Я не затрымаю.

Даруй, затрымваць —

проста не хачу.

За ўсё на свеце тут жыццём плачу.

(Нібыта ў тым бальзакаўскім рамане,

Шматок шчыгрыну менее ўваччу...)

Ты мне — чужая,

хоць цябе сюды

Паслалі найдарожшыя мне людзі —

Хай кожны крок іх крокам шчасця будзе

Праз доўгія, пагодныя гады!

Твая вясёлкавасць не ўскалыхне.

Таму, хто яваю не ашуканы,

Навошта мыліцы самападману?

Пакінь мяне.

1975



* * *

Забойства

Адбылося.

Што магло

Прадухіліць яго,

Калі

Бяссільны сам апоўдзень аказаўся,

А людзі

Так былі сабой заняты,

Што нават не заўважылі

Няшчасця:

Відушчасць —

Дар бязлітасны да тых,

Хто ім валодае;

Таму і рэдкі...

І лёталі разгублена стрыжы

Над скамянелай постаццю

Жанчыны,

Замерлай

Над надзеяю сваёй,

Заўжды такою кволай

І жывучай,

Цяпер

Імгненна гэтак

Бездыханнай;

Хапіла

Аднаго аблічча той,

Каго калісь кахаў

Яе каханы, —

Падчас

Знішчальней смерці

Хараство...

А той,

Хто для загубленай надзеі

Ужо адным ёй існаваннем быў

Уладаром вады

Жывой і мёртвай,

Не ведаў,

Што

Забойства

Адбылося...

1976



ЗНІЧКА

Дыпціх

1

Адны вучоныя сцвярджаюць:

Не ў дваццаць першае стагоддзе,

А ў пацяпленне на планеце

Няўхільна чалавецтва йдзе.

А беззаганныя машыны

Адначасова і бясстрасна

Вучоным іншым памагаюць

Зямлі вылічваць халады.

I, каб не стыць у адзіноце,

Мы так стараемся наблізіць

Да нашае планеты

Зоркі.

А людзям усё роўна золка,

Так часта безнадзейна золка.

2

І ты мне зорку абяцаў,

І падарыў яе ў шуканні

Цяпла спагады і любові.

І ў нас адліжнела на сэрцы,

Бо мы не ведалі яшчэ,

Што зорка тая наша —

Знічка.

Цяпер жа, ведаючы ўсё

Пра справядлівасць нашай знічкі,

Не хочам ведаць анічога,

І ў страху перад халадамі

Зноў прагнем зоркі —

Сэрца друга.

1977



БЕЗ ЦЯБЕ

А мне ўсё лепей без цябе.

Працую — не гарую.

Спакойнай сіле не слабець —

Магу звярнуць гару я.

Бясплённа дзень не праміне,

На мары не патрачу.

Смяюся, калі смешна мне,

А плачацца — не плачу.

Так, мне ўсё лепей без цябе.

Жніво наспела ў часе.

Ні тлуму, ні трывог цяпер.

...I ні хвіліны шчасця.

1977



* * *

Абступіце мяне,

людзі,

атачыце,

Ні на міг

не выпускайце з свайго кола:

Ваша тлумнасць неабходна,

як ніколі,

Каб забыць мне,

што цвітуць валошкі ў жыце.

Каб не помніць,

каб не слухаць,

каб не бачыць

Сінім-сінія і свята,

і гаркоту,

Каб мінальнай іх

не прагнуць мне спякоты

З безразважнаю

адвагаю дзіцячай.

Не праходзіць для душы беспакарана

Логікі

і пачуцця

несумяшчальнасць. —

Ды цнатліва,

і банальна,

й незвычайна

Перапёлку з васільком вянчае ранак!

Абступіце мяне,

справы,

атачыце,

Ні на міг

не выпускайце з свайго кола:

Ваша ўлада неабходна,

як ніколі,

Каб не помніць,

што крычаць валошкі ў жыце...

1977



БЯЗЛАДНАЯ РАЗМОВА

Пагаварыць з табою трэба мне,

А я пакутна падбіраю словы:

Зусім дзяўчынка ты ў маіх вачах,

А я ў тваіх чытаю столькі болю...

Як недарэчна, што душы мудрэць,

Мужнець ёй толькі ад рубцоў уласных

І раны, што скрывавілі мяне,

Цябе не ўберагуць ад ран тваіх.

Паслухай, сёння, калі што й скажу

І прыгадаю пачуццё, якое

Абразай падсякалі, як з абрэза,

Не думай, што цябе хачу суцешыць

Падобнасцю людскіх перажыванняў:

Не ўсцешыла б мяне бяда чужая,

Хай і ў мінулым гэтая бяда.

Цяпер, калі па валасах маіх

Усё натхнёней чыркае галубка

Крылом з'інела-белым,

Я хачу

Упэўніцца, ці гэтак, бы ў юнацтве,

Да новых ран маё гатова сэрца...

1977



* * *

«Прапашчы чалавек!..» —

І адкаснуцца,

З недаравальнасцю напагатоў,

Уласнай цнотаю прыстойналюбца

Надзейна асланіцца, як шчытом?

А той дзівак, знявераны, знябыты,

Спусцелы на нічыйнай паласе,

Свой мулкі скарб, апошні, непрапіты —

Сваё каханне —

да цябе нясе...

«Прапашчы чалавек...»

Як бы не ўсе мы

Па-свойму прападаем, хто з чаго...

Часцей зусім не тое жнем, што сеем,

Заместа жураўля — каб хоць шчыгол...

Аднак, і па-над самай прорвай змрочнай,

Калі няма ні волі ўжо, ні сіл,

Ратуюць нас каханых нашых вочы,

Каб да жыцця і сэнсу ўваскрасіць.

Любоў мо й судзіць, ды з пляча не рубіць.

Дык што ж,

уяўна праведныя,

мы

Не думаем, а хто ж руку нялюбым

Падасць

у іх усёрашальны міг?..

1978



ПЕРШЫ СНЕГ

Над даляглядам вечар устае,

У шыбы вецер апантана ляскае,

І снег, і снег, як спозненая ласка.

...I гэтак жа, як ласка, растае.

Яшчэ лісты самотныя гараць,

Яшчэ не ўся трава ў зіму ўмарожана.

Не гавары са мной неасцярожна,

Пяшчотай выпадковаю не рань.

На недавер мне сіл яшчэ стае,

Не веснавосць з вясёлкавымі краскамі, —

А снег, а снег, як спозненая ласка,

І гэтак жа, як ласка, растае...



ЖАРТ

У шчасця майго

Тваё аблічча,

Твой голас,

Твае вочы і ўсмешка.

Нават дзверы не стамляліся

Чакаць твайго стуку.

І ён раздаўся нарэшце:

«Гэта я, тваё шчасце. Адчыні!»

Але што гэта?..

Не тое аблічча,

І голас не той,

І не тыя вочы і ўсмешка.

Не паспела я

Абурыцца такім самазванствам,

Як пачула:

«Ах, якая ты смешная!

Жарту зноў не пазнала?

Гэта ж я,

Твая адзінота!»

1977



* * *

Лякаюцца: вярнулася зіма...

І ў доказ гэтай з'явы абуральнай

Паказваюць на снег, як на замах

На жаўруковы спеў світальны,

На кані крык і на бусліны крок

Па ўчора абагрэтай лугавіне, —

А сёння

покавак зялёных кроў

Ад маразоў раптовых стыне.

Вярнулася зіма? Так. Зацвіла

Натхнёнай, апантанаю завеяй!

Ды ў халады працяглыя,

з крыла

Буслінага страсаныя,

не веру!

Не марна прагнуў распусціцца бэз,

На ледаход так галасілі кані

Не марна:

каб прачнулася ў табе,

Што сонца

ўсё-такі цябе шукае!

1977



* * *

Жанчына вясну прыручала —

У глечык ваду набірала

І ставіла ў глечык галінку,

Счарнелую ад маразоў.

Жанчына вясну прыручала,

Святлейшы куток выбірала,

Каб зазелянела галінка,

Счарнелая ад маразоў.

І дзіўна было, і тужліва:

Як мала для покаўкі трэба,

Каб з сілай расплюшчыць павекі

І цветам глянуць на свет.

І дзіўна было, і тужліва:

Як мала для покаўкі трэба,

Так мала, як чалавеку,

Каб цветам акінуўся свет.

Жанчына вясну прыручыла,

Што ненадоўга — знала,

Што нерат сцюдзёны плесці

Завеям яшчэ не раз.

Жанчына вясну прыручала...

Нема галінка крычала

Белым суквеццем пра шчасце,

І крык той у сэрцы не гас.

1976



АЛХІМІЯ

Маўчаць твае словы...

На раскрыллі карычневай страказы

Насцярожаны час

Неўтаймавана трапеча

І абарочваецца

Транзістарным голасам касманаўта,

Які канстатуе,

(Маўчаць твае словы...)

Што наша планета ўся ў хмарах,

Мноства хмар —

І над сушай,

І над акіянамі.

(Маўчаць твае словы...)

Мне здаецца,

Я ведаю шлях,

Па якому вяртаецца сонца!

(Маўчаць твае словы...)

З хваляваннем бяру:

Промень пагляду,

Каліва ўсмешкі,

Даверлівасць рук,

Ненатольнасць пацалунка,

Злучаю ўсё гэта ў колбе сумнення,

(Маўчаць твае словы...)

Грэю, грэю дыханнем сваім,

Аж пакуль не ўпадзе

На раскрылле карычневай страказы

Чыстае, быццам слязіна,

«Люблю».

1976



* * *

Трывалае, трывушчае ты,

Сэрца.

Цябе,

Нібы стыхія першабытная,

Смяротна перапоўніць пачуццё,

Цябе,

Як промнем лазерным,

Пратне

З бязлітаснаю асалодай

Узаемнасць,

А ты

На гэтай прывіднай мяжы

Неверагоднасці і явы —

Ты тут адно і ўсведамляеш

Сябе жывым!

1977



ПЕСНЯ МАТЧЫНАЙ МАЛАДОСЦІ

Святлом і ценем хвілю працяло:

Знарок ці незнарок?

Сабе ці мне? —

Вяртае мама песняй маладосць сваю:

...Насыпаў пшанца

Аж па каленца,

Наліў вадзіцы

Аж па крыліцы.

Галубка не есць,

Галубка не п'е,

На круту гару

Усё плакаці йдзе.

— Галубка мая,

Шызакрылая,

Якая ўдалася

Ты журлівая!

Ой, ёсць у мяне

Семсот галубоў.

Лятай, выбірай

Па сэрцу любоў.

— Ой, лятала я,

Выбірала я.

Не знайшла такога,

Як страціла я...

...А на старой бярозе за акном

Кажнюткі ліст імя тваё калыша.

А за парогам кожная сцяжынка

Звіваецца ў дарогу — да цябе

І што ні міг, сваёй кажнюткай нотай

Святло і цень складаюць гімн — табе.

1972



БЫЛО РАССТАННЕ

Было расстанне назаўжды.

Так трэба, ведалі абое.

І два каменных гарады

Нас падзялілі між сабою.

Далоні ўладныя свае

Раўніва ўсклалі нам на плечы,

Сказалі:

«Помніць недарэчы» —

І ўкінулі ў віры свае.

Міналі месяцы, гады.

Сцяна няведання ўставала.

Было расстанне назаўжды.

Не ўспамінаў.

Не ўспамінала.

Вясну, хоць заплаці ўтрая,

За восені слату не купіш,

Дзе непрыкаянасць мая

Уселася ў чырвоным куце.

Было расстанне назаўжды.

А колькі ж лютых мінавала? —

І хваляй весняе вады

Сцяну як маем змаявала.

Чытаю твой кароткі ліст,

Які, як парастак нязломны,

Прабіўся з нашага калісь

У дзён цяперашніх улонне.

І змоўклі стражы-гарады,

І на скрыжалях іх заззяла:

Не забываў,

Не забывала.

Было расстанне. Назаўжды?

1977



ЗА СОСНАМІ—МОРА

Пляменніку Ланку


І

Упарта, пругка

сэрца мора б’ецца.

У памяць — хвалю шызую — ступі:

Разгубленасці ўзрост мінуў, здаецца —

Трывогам месца саступіў.

У цяглых сосен праз гушчэўе веек

Глядзіць сцярожка неба сінізна.

О, боязь за другога чалавека!..

Адна ты робіш чалавека з нас.

Адна ты нешта ў гэтым свеце значыш.

На поўдні зноў хмурына усплыла...

На золку чайкі, як жанчыны, плачуць,

Страсаюць цішу з белага крыла.

II

Дзень натхнёна вяслуе пунсовым вяслом,

Выплываючы з мора.

Колькі вас, для каго сёння не прынясло

(Як і ўчора)

Ані ўзнёслых мінут, ні жывучай тугі,

Ні хвіліны жадання

Нескарона рассунуць

(хоць на крок)

берагі

Свайго існавання...

След на ўбітым пяску ўвачавідкі зацёк

Каляроваю пенай.

Акунаюцца целы ў хвалі

(лёсы ў быццё)

Раўнадушна і лена.

З сытай зморай гайдаюцца на ружовай вадзе.

І спрасонак

Ледзьве-ледзь адзначаюць: плыве міма дзень

На вёслах пунсовых.

III

«Табе лягчэй: ты ўжо змірылася».

...Ківаю галавою згодна,

Сачу, як цвёрда і лагодна

Выводзіць мора штось кірыліцай.

Такое мернае, пакорнае

Сваім дыханнем галубіным.

...Трагічным знакам бур глыбінных —

Палоска

на ўзбярэжжы

чорная.

IV

Хваля доўга вагалася ў незнаёмых глыбінях,

Прымервалася, выбірала,

Нарэшце —

Спружыніста ўскочыла,

Рассмяялася белазуба,

Падалася ўсім целам —

І вось

Пасяродку ўтравелага лета,

Як суніцы,

Зоры збіраю, —

Так ускінула хваля крутая мяне.

Упіваюся сілай сваёй нечаканай,

Халадзею ад думкі,

Што гэта ўсяго на імгненне.

Я падоўжу ўладу над часам! —

Я замкну чароўную хвалю,

Абгараджу, прыпыню!

...Ні прасторы галавакружнай,

Ні зор.

Смяецца над загародкамі

Стыхія.

V

На ўзморы туман беспрасветна-густы,

Аж сонцу на неба не ўзбіцца.

Замкнёны рашуча на ключ залаты

Чаканні, каторым не збыцца.

І кінуты ключ залаты у ваду,

У горкую продань марскую.

І зманьвай не зманьвай цяпер —

не прыйду,

Гукай не гукай —

не пачую...

VI

Не да мора прыбеглі сосны —

З мора выбеглі свет паглядзець.

У трывозе за лёс людзей

Зелянеюць яны

і сохнуць.

VII

Хвалюецца салёная разлога,

Дзень, як бурштын, хаваючы на дне.

Усё ўспамінам стане,

і дарогу

Перамяце, засыпле ранні снег.

А ўдома загудзе на ветры голле,

У волкай цемры цяжка зашуміць —

І уваскрэсне,

І падкоціцца да горла:

Стрывожанае мора,

Дзюны.

Мы...

11-18.07.1975

Дубулты


Загрузка...