Дзея першая

Сцяна невялікага касцёла, прабітая амаль на ўсю даўжыню цяжкім дальнабойным снарадам. Аграмадны чорны пралом. Гурбы рудога, бы ссохлая кроў, друзу. Злева і справа захаваліся невялічкія прадаўгаватыя акенцы з вітражамі, трошкі лепкі, і ўсё. Астатняе на зямлі.

Па будынку мітусяцца людзі. Побач, зусім побач грымоты бою. Выбухі, кулямётныя чэргі, чырвоныя бліскавіцы ў вітражах. Мабыць, гэта КП. Хрыпаты голас тэлефаніста не дазавецца:

— Победа, Победа — я Заря… Победа, Победа — я Заря… Ну куды ж ты падзелася? Победа, родненькая, — я Заря…

Чуваць і іншыя галасы:

— Куды?! Куды, маць вашу! Што ён робіць? Дай Гарбачэўскага! Назад! Назад, я сказаў! Прапускайце іх… Пяхоту, пяхоту адсякайце!!!

— Першы замацаваўся…

— Перанясі агонь!

— Бі па леваму флангу… Там у іх танкі аднекуль!

— Сурнач! Хапай усіх каго можна — дуй налева да Гарбачэўскага. Скажы, загадай, каб… Адным словам — дуй! Там разбярэшся.

— Победа, Победа — я Заря… Победа, Победа — я…

З грымотаў бою выдзяляецца прарэзлівы посвіст цяжкога снарада. Набліжаецца, мацнее…

— Лажысь!!

Выбух! Процілеглая сцяна здрыганулася і амаль уся абрынулася на людзей. Узнік яшчэ адзін пралом. Слуп сонечных промняў скрозь пыл урываецца ў будынак. Гэта толькі здавалася, што на вуліцы прыцемкі. А на вуліцы быў веснавы сонечны дзень. Усё раптоўна сціхла. І заместа кулямётных чэргаў сыпануў свой пошчак салавей. Далёка праз пралом бачны спакойны лес, роўненькі зялёны луг, зверху звісаюць галіны нябачнага дрэва, што расце каля будынка. Нейкі час усё нерухома. Потым у адным месцы з-пад бітай цэглы выкараскаўся кантужаны тэлефаніст, усё яшчэ прыціскаючы да вуха разбітую тэлефонную трубку. Ашалела хаўкае ротам.


Тэлефаніст (глядзіць шырока адкрытымі невідушчымі вачыма і ідзе на сцяну). По-бе-да… По-бе-да… — Я — Заря… Я — Заря… (Натыкаецца на сцяну, паварочваецца, ідзе па бітай цэгле да пралому насустрач сонечнаму святлу.) По-беда… Родненькая… По-бе-да-а-а… (Падае вонкі.)

Спявае-заліваецца салавей. Паўза. Здалёк павольна-павольна ідзе Дзерваед. Брудны, запылены, расхрыстаны, без каскі. Колькі яму гадоў, цяжка вызначыць. Можа, сорак, а можа, і трыццаць. Сівы ўвесь, нават бровы сівыя. Змучаныя вочы ўвесь час глядзяць пад ногі. Цягнучы за рэмень аўтамат і спатыкаючыся, прайшоў праз разбіты будынак да сцяны, прытуліўся да яе, споўз на зямлю. У адной з ніш, дзе звычайна стаяць каменныя постаці, узнікае маладая бялявая Жанчына з дзіцем на руках. Доўгая, вышываная чырвоным белая-белая сарочка. Стаіць і калыхае дзіця. Бязгучна, запаволена.

Дзерваед (цяжка). Жывы, жывы я, Мар’я… Хочаш не хочаш, а жывы… Даруй ты мне… Нацярпеўся… Так нацярпеўся…

Мар’я не адказвае. Калыхае дзіця.

Пуста ў маім сэрцы, Мар’я… Выкіпела ўсё… Адпусці ты маю душу! Хоць трошкі на вайну спішы. Хоць трохі, Мар’я…

Мар’я не адказвае. Калыхаючы дзіця, знікае. Праз пралом уваходзіць Бушцец. Стомлены каржакаваты хлопец гадоў пад трыццаць. Гаворыць заўсёды зацята і нервова. Вочы сухія.

Бушцец (прысеў ля процілеглай сцяны, зняў каску, выцер пот). Цэлы, партызан?..

Дзерваед. Цэлы…

Бушцец. Мяне адзін, сука, прыкладам гваздануў… Кацялок трашчыць… Гальчанскага не бачыў?

Дзерваед. Не…

Бушцец. Дай глынуць чаго-небудзь…

Дзерваед здымае пагнутую біклагу. Трасе над вухам.

Дзерваед. Нямашака… Выцекла… Асколкам, здаецца, чапанула…

Бушцец. Шчасціць табе…

Дзерваед. Ага…

Бушцец. Каго з нашых бачыў?

Дзерваед. Кроў вытры… (Моўчкі глядзіць перад сабой.)

Бушцец (нервова). Ну, чаго ты глядзіш? Чаго глядзіш?

Дзерваед. Цяжка мне…

Бушцец. Мне лёгка! Так лёгка — палячу хутка…

Дзерваед. То добра…

У праломе з’яўляюцца яшчэ два байцы. Хударлявы, з бледным тварам Салянік вядзе Адуванчыка з перабінтаванай галавой. Гэта зусім хлапчук. І сапраўды падобны на адуванчыка. Галава ў белых кучаравінках, толькі ў адным месцы над левай скроняй валасы не растуць. Плача. Салянік адпусціў таварыша, зняў каску, зняў з пляча аўтамат, перахрысціўся.

Бушцец. Што, Адуванчык, атрымаў на абаранкі?

Адуванчык. Балі-іць…

Бушцец. Ідзі ў санбат… (Да Саляніка.) Апостал, завядзі яго…

Адуванчык (хныча). Вуха, паскуда, адгрыз… Счапіліся ў траншэі… У яго цясак, а ў мяне аўтамат… Адзін аднаго за рукі — і танцуем… Ён мяне нагой ззаду, я яго нагой ззаду… Худы, стары, а жылісты… І так я яго, і так… Як абцугамі за рукі схапіў! А потым хавальнік свой раскрыў, зубы жоўтыя, рэдкія, і за нос мяне — цап! Я морду ўбок, а ён за вуха, барбос паганы! І грызе… Я крычу, а ён грызе…

Бушцец. Ты б яму яшчэ што-небудзь падставіў…

Адуванчык. Ну як я буду без вуха? З аднаго боку падсмалены, а з другога без вуха!

Бушцец. У цырк пойдзеш… Людзей смяшыць…

Адуванчык. Дзякуй, Мішка Гальчанскі падаспеў… Закалоў гада, а то ён бы мяне саўсім загрыз…

Бушцец. А дзе Гальчанскі?

Адуванчык. Адкуль я ведаю? Ён далей пабег…

Салянік. Супакоіўся Мішка… Каля брамы ляжыць… Крокі тры да сцяны не дабег…

Бушцец. Мо параніла?

Салянік (паківаў галавой). Я яму вочы закрываў…

Бушцец (уздыхнуў). Значыць, закурым яго табачок… (Пакорпаўся ў кішэнях, дастаў замусолены пачак «Казбеку». Да Дзерваеда.) Бяры, партызан… Казаў, калі што-якое — на памінкі вам пакідаю. А да Берліна дойдзем — перад Гітлерам выкуру, а акурак у яго на лбе затушу…

Дзерваед (бярэ папяросу). Не затушыў…

Адуванчык. Дай і мне…

Бушцец. Кашляць будзеш…

Адуванчык (злосна). Дай мне!!

Бушцец. Чаго крычыш? У мяне вушы цэлыя… (Да Саляніка.) Мацвей, пацягнеш сатанінскага зелля? Бяры, бяры… Памяні Мішку Гальчанскага…

Салянік. Я памяну… (Папяросу не бярэ.)

Кураць. Паўза.

Бушцец (задуменна глядзіць на дымок ад папяросы). Ну, вось і ўсё, Мішка… Старыя твае і дзеткі малыя ў Ленінградзе з голаду памерлі ў блакаду, жонку на фронце забіла, сам ты пяць разоў быў паранены і два разы кантужаны і лёг касцьмі на чужой зямлі перад канцом вайны… (Нервова затушыў папяросу аб уласную далонь.) Два гады пад адным шыняльком спалі, з аднаго кацялка елі, па чарзе наркомаўскую пілі! Мне б зараз выць, валасы на сабе рваць, а я куру яго папяроску, і хоць бы… Нават рады, сволач, што не мяне сёння, а яго паклалі…

Салянік. Ужо і плакаць не можаш?..

Бушцец. Чым плакаць?! Калі б па адной слязінцы на кожную смерць, на ўсё, што бачыў, ды я б па кропельцы распляскаўся ад Ржэва да Германіі…

Салянік. Цяжка табе будзе… Калі ўсё высахла.

Бушцец. Ідзі ты!

Паўза.

Адуванчык (падышоў да Дзерваеда). Дзед, а мне нашыўку дадуць?

Дзерваед. Што?

Адуванчык. Нашыўку, кажу, дадуць за вуха ці не? Ну, як у Гальчанскага былі… Раненне ўсё-ткі… Лёгкае…

Бушцец. Нашыўкі за раненне ад кулі даюць, а не ад гнілых зубоў.

Адуванчык. Дык мне ж яго не пацукі адгрызлі, а фашыст! Якая розніца, куляй ці зубамі? Вайна во-во скончыцца, а на гімнасцёрцы адны гузікі… Хоць бы нашыўку якую…

Салянік (ціха). Госпадзі, дай нам сілы…

Бушцец. Каму ты молішся, ахламон? Гэта ж касцёл!

Салянік. Бог адзін…

Бушцец. Тут, можа, Гебельса хрысцілі, а ён моліцца, прыдурак. Адуванчык, папрасі, хай ён табе нашыўку вымаліць…

Дзерваед. Не чапай чалавека… (Да Адуванчыка.) А ты за нашыўкамі не ганіся… Хопіць з цябе нашывак і на сэрцы… Жывым трэба застацца…

Адуванчык. А мяне не заб’юць… Я яшчэ маленькі быў, матцы цыганка гадала на мяне… Па жылках… У мяне тады на твары жылкі такія сіненькія былі… Кажа, хай вады баіцца. Ад агню, ад кулі і ад сухот на ім закляцце ляжыць… А вады хай баіцца. Во! Агонь мяне і не ўзяў… Нас палілі… Прыходзяць, каля печы рукі пагрэлі, пытаюцца: «Матка, яйка, млеко, шпек партызант даваль?» Не, кажа, няма, не ведаем… «Шлехт, кажуць, плёхо, капут». Да печкі тварамі паставілі. У маткі сястрычка маленькая на руках. Матка просіць: «Паночкі, каб жа толькі не больна дзеткам было… Не страляйце больна…» А Зоська на вуха шэпча: «А гэта не шчакотна… калі страляюць?» Шчыкоткі баялася. Шчыкотна ж не было. І больна не было… Яны нас абушком па галаве кожнага… Каб не мучаліся, значыць… (Да Саляніка.) Слухай, Мацвей, а я тады бога трызніў… Гэта не грэх, бога трызніць?

Салянік. Гэта знаменіе…

Бушцец. Цьфу!

Адуванчык. Знаменіе… Стаю, здаецца, на снезе… Вакол ні душы… Ні хат, ні дрэў… Як вымерла зямля. Адзін роўны снег. Бог падыходзіць. З барадой і лысінай, усё як паложана… Здароў, кажа, Лёня… Здароў, кажу, хоць цябе і няма. Даю табе, Лёнька, медаль… Здымае сонца з неба і давай мне на галаву адзяваць… А яно гарачэннае! Мазгі ў чэрапе закіпаюць… Плачу, адпіхваю яго, а ён сонца мне як кепку на галаву…

Салянік. Благадаць на табе, Леанід…

Адуванчык. Галавешка на мне была, а не благадаць! Ачуняў, а яна во тут во, каля скроні дагарае… Выпаліла ўсё да мяса… І валасы не растуць…

Дзерваед. Ты б іх зачэсваў на гэта месца…

Адуванчык. Так што я ні агню, ні кулі не баюся… З агню тады нехта вынес, у партызанах адбыў, амаль год ваюю, і хоць бы драпіна… Кулі побач ціўкаюць… Ціў-у-у, ціў-у… Вуха толькі во сёння. І то не куляй.

Бушцец. Майму дзядзьку цыганка нагадала: загінеш ад гарэлкі. Напужа-ала — дваццаць гадоў не піў… Нават піва. І загінуў.

Салянік. Пачаў, значыцца…

Бушцец. Суседка над намі жыла. Яе мужык любіў гэта дзела. Пачала аднойчы ганяць яго, непачатую пляшку праз акно выкінула, а дзядзька на лавачцы сядзеў… Бутэлькай «Московской особой» па цемечку — цюк! І гатоў. Загінуў ад гарэлкі… (Нечакана.) А пахаваюць у брацкай?

Дзерваед. Каго?

Бушцец. Мішку…

Дзерваед. Схадзі зірні…

Бушцец. Не пайду! Нікога мёртвага не бачыў… Ні маткі, ні бацькі, ні сясцёр… І яго не хачу! Схадзі ты… Га, партызан? Скажы, даруй за мяне… Схадзі, партызан… Ну, чаго ты глядзіш? Сходзіш?

Дзерваед. То добра… Нешта з маладых нікога няма…

Бушцец. Усё ў кучу, як авечкі, лезлі. Толькі заляжам — са ўсіх бакоў да мяне паўзуць! Куды, маць вашу?! Па кучах толькі і лупяць. Усё адно паўзуць, вочы вытрашчыўшы. Мяне Мішка ў атаках і блізка да сябе не падпускаў. Смерць, кажа, дыхае нада мной, а ты побач — і табе пападзе… Адчуваў, ці што?

Праз пралом уваходзіць старшына Дугін. Камандзір аддзялення. Спакойны, высокі, мудрыя і трошкі жорсткія вочы. У руках нясе тэрмас, біклагу, рэчмяшок. Падышоў да байцоў, кінуў усё на зямлю, прысеў на тэрмас.

Дугін. Хто Саляніка бачыў?

Бушцец. Вунь ён святых разглядвае… Мацвей!

Салянік. Што?

Дугін. Цьфу! А я яго па траншэях шукаю… (Да Дзерваеда.) Партызан, чаму без каскі быў?

Дзерваед. Забыўся…

Дугін. Я табе забуду! (Да Адуванчыка.) Што ў цябе, малы?

Адуванчык. Вуха…

Дугін. Моцна?

Адуванчык. Баліць…

Бушцец. Гальчанскага забіла.

Дугін. Бачыў…

Дзерваед. Яшчэ хто?

Дугін. Усё… Больш ніхто не прыйдзе. Якавенку мінай яшчэ ў сваім акопе да атакі… Гураў і Варонін у санбаце. Гураў, мабыць, выкараскаецца… У яго тут (паказаў на грудзі) скразное… Варонін цяжкі… І ў шпіталь не павязуць — паўжывата выдрала… Адваяваўся… Так што сёння нам лафа… Па паўлітру на брата наркомаўскай выйдзе… З трэцяга ўзвода падкінулі… Там саўсім піць няма каму. Пастраення не будзе, строіць няма каго… Усёй роце падзяка за вышыню… Так што будзем вячэраць, хлопцы… Давай, партызан, сцяліце плашч-палатку… Хто хоча, можа НЗ адкрыць. Хаця тут усяго хопіць… Бушцец!

Бушцец. Што?

Дугін. Не што, а я! Хадзі сюды…

Бушцец (падыходзіць). Ну, я…

Дугін (шэптам, зацята). Ты ў склепе быў?

Бушцец. У якім склепе?

Дугін. Ты тут Ваньку не строй… Пакажы сваю фінягу!

Бушцец, крыва ўсміхнуўшыся, дастае з-за спіны трафейны эсэсаўскі корцік, падае Дугіну. Той разглядвае.

Бушцец. Ну што ты, старшына… Я б яго выцер ці ў сажалцы спаласнуў… Бачыў, там сярод двара сажалка? Лебедзі чорныя плаваюць… Любяць, паскуды, чорнае… А што там у склепе, калі не сакрэт? (І нечакана ўзвіўся.) А калі б ён быў і ў крыві?! Што з таго?! Я з атакі, а не з бульварчыка!

Дугін. Разгаворчыкі! (Спакойна, вяртаючы корцік.) Адным словам, вось што, Сярожа: загад Вярхоўнага ты ведаеш… Ведаеш ці не?

Бушцец. Ну, ведаю…

Дугін. Не «ну»…

Бушцец. Так точна, таварыш старшына! За жорсткае абыходжанне з мірным насельніцтвам або з ваеннапалоннымі…

Дугін. Вось іменна… Ведаеш. Ты мне блізкі чалавек… Брат. Але азвярэць, стаць такімі, як яны, я табе не дам! Чуеш? Яшчэ што-небудзь… я цябе без трыбунала… Сам… Усёк?

Бушцец. Усёк.

Дугін. Мы з табой славяне, Сярожа… І прыйшлі сюды заваёўваць сімпатыю…

Бушцец. А я на немцы жаніцца не збіраюся. Сімпатый мне не трэба.

Дугін. Мне таксама. Тваім дзецям можа спатрэбіцца.

Бушцец. Чаму ж яны пра гэта не думалі?

Дугін. Мы з табой не яны! Я так думаю… Пытанні ёсць?

Бушцец. Табе сны сняцца, Дугін?

Дугін. Я чацвёрты год не высыпаюся…

Бушцец. А я засынаць баюся! Загад… Вярхоўны ў Маскве, а я тут… Бацька, маці, сястрычкі маленькія зямлю параць… Жонку ў канцлагеры спалілі… Мяне ад Люські з вясельнага стала ўзялі пасля першай чаркі… «Горка» нават не крычалі! Ведаеш, што мне сніцца?! Ад самага Ржэва! Вяселле маё. Сядзім за сталом усе ў белым… І перад кожным чарка… А ў чарцы кроў заместа віна… І ўсе госці глядзяць на мяне! Я з Люськай павінен выпіць… Тады і ім не давядзецца… Я ўстаю, бяру гэтую чарку… І прачынаюся… Халодны пот, а ў роце салёны смак… (Жорстка.) Пытанні ёсць?!

Дугін. Пайшлі вып’ем… Вайна хутка скончыцца… І трэба будзе жыць… Разумееш, жыць…

Бушцец. Жыць…

Падыходзяць да расцеленай плашч-палаткі. Дзерваед і Адуванчык ужо сабралі на стол, расстаўляюць кружкі.

Дзерваед. Другі фронт адкрываць?

Дугін. Што?

Дзерваед. Тушонку мерыканскую, кажу…

Дугін. Давай…

Бушцец (да Саляніка). Мацвей, грамульку возьмем ці граху баішся?

Салянік. Чаму ж… Гэта як быццам памінкі… На памінках можна. На памінках не грэх…

Дзерваед разлівае гарэлку. Дайшоў да Адуванчыка.

Бушцец. Куды ты яму столькі?

Адуванчык. А ты баішся, што табе не хопіць? Не баісь. Лі, дзед…

Бушцец. Ты ж з зямлі не падымешся, певень бязвухі…

Адуванчык. Што табе маё вуха?! (Адчайна.) Вып’ю! Усё сваю долю вып’ю! Назло.

Бушцец. Старшына, скажы…

Дугін. Хай п’е.

Дзерваед (скончыўшы разліваць). Маўчаць будзем?

Бушцец. Ты і так бы язык праглынуў… Толькі глядзіць… Чаго?

Дугін. Што маўчаць? Давайце, хлопцы… (Вельмі-вельмі проста, звычайна, ледзь не абыякава.) Памянём нашага таварыша Мішку Гальчанскага і маладзейшых, Якавенку, Вароніна…

Салянік. Вароніна нельга… Жывы ж…

Дугін. Наўрад… Ідзі, кажа, старшына, мне сумна робіцца… І ўсміхаецца… Твар нейкі светлы.

Салянік. Грэх…

Бушцец. Заткніся ты, расстрыга!

Дугін (да Бушцеца, жорстка). Сядзь! Віны нашае перад імі няма… Ад куль з нас ніхто не хаваўся… Хай ім будзе пухам зямля чужая, а вам дай бог выжыць… Давайце, хлопцы…

Усе выпілі. Але закусваць не сталі. Сцішыліся неяк і ўсё ж памаўчалі. А за будынкам буяе чужая вясна. І пошчак салаўя разліваецца ў прасторы, ляціць да самага неба і, здаецца, запаўняе ўсю зямлю. І так ён, гэты пяшчотны спеў, не дапасоўваецца ні да руін, ні да байцоў, стомленых цяжкім боем, ні да часу, што, здаецца, во-во разарве сэрца.

Бушцец (не вытрываў). Ды змоўкне ён, сука, ці не?!

Схапіў аўтамат і з рукі часануў доўгай чаргой у той бок, адкуль далятае пошчак.

Дугін (вырываючы аўтамат). Ты што, здурэў?!

У праломе з’яўляецца Жанчына ў светлым.

Дзерваед (ціха). Даруй, Мар’я…

Дугін. Што?

Пошчак салаўя.

Зацямненне.


Ноч. Ціхая, веснавая. Не змаўкае настырны салоўка. Перад чорным праломам у белай сарочцы, накінуўшы шынельку, сядзіць Дзерваед. Глыбока ў праломе, нібы здань, мроіцца воблік светлай Жанчыны з дзіцем. І ці не гэты воблік песню спявае:

Ой, чыё ж та поле,

Чые ж та пракосы?

Чыя ж та дзяўчына

Распусціла косы…

Дзерваед. Чаромха цвіце, Мар’я… Бульбу б цяпер садзіць… Зямля цёплая… Дыхае… Можа, паспею… Пазней трохі… Яно нічога… Дробненькая будзе… Не хадзі ты за мной, Мар’я. Не адводзь ад мяне бяду… Смерці не баюся… Жыць страшна…

Ой, чыё ж та поле,

Чые ж та пракосы?

Чыя ж та дзяўчына

Распусціла косы…

Падыходзіць Дугін. Жанчына з дзіцем знікае.

Дугін. З кім гэта ты?

Дзерваед. Так… Адзін…

Дугін. Чаму не спіш? (Не чакаючы адказу.) І я не магу… Зоркі сёння нізкія… Пасля першай кантузіі як быццам душу з цела выбіла… І тады во такія яны былі… Буйныя, халодныя, аж звіняць… Ляжу, і, здаецца, як з паветра ўвесь… І мяне цягне ўгору, цягне, кожная зорачка мяне засмоктвае, нібы выліваюся некуды туды к чортавай матары… Пад бомбамі не страшна, а тут… (Зірнуў угору.) Чаго? Зоркі і зоркі… Зараз неба абвалачэ… Мабыць, дождж будзе… Чаго ты маўчыш?

Дзерваед. А што казаць?

Дугін. Пахваліўся б, расказаў, як партызаніў…

Дзерваед. Страляў…

Дугін. Дома хто-небудзь ёсць?

Дзерваед. Нікога…

Дугін. А былі?

Дзерваед. Усе былі…

Дугін. Фюрэры за гэту вайну ніколі не расплоцяцца з людзьмі…

Дзерваед. Мы плаціць будзем. Гітлеры шалеюць — мы плоцім… Скажы, старшына: чаму яны нараджаюцца? Гітлеры?

Дугін. Страшна не тое, што яны нараджаюцца, а тое, што людзі ім верыць пачынаюць… (Паўза.) Выпіць хочаш? Мне ротны віна даў… У склепе знайшлі…

Дзерваед. Можна…

Дугін. Усё адно спаць не буду… Зоркі нізкія…

Дзерваед. Слухай, старшына, папрасі ротнага — хай нашага малога куды перавядзе. Ён і так нацярпеўся… Наскочыць, дурань, на кулю… А яму жыць трэба… Душа яшчэ расце… Зялёны… Мо і забудзецца… Папрасі… У яго дзеці павінны быць прыгожымі…

Дугін. Ладна… А цябе яшчэ раз заўважу ў атацы без каскі — скажу ротнаму, каб на «губу» пасадзіў… Ясна?

Дзерваед. Ага…

Крадучыся, уваходзіць Бушцец.

Дугін. Дзе швэндаешся?

Бушцец (спалохаўся). Цьфу, чорт! Думаў, на вартавога напароўся!

Дугін. Дзе быў?

Бушцец. У мястэчку… Сімпатыі заваёўваў…

Дугін. Сяргей!

Бушцец. Не, не, старшына, усё нармальна… Так пахадзіў, паглядзеў… Агародчыкі капаюць… У нас магілкі, а яны агародчыкі… У нас крыжы скалочваюць, а яны шпакоўні… І не баяцца!

Дзерваед. А чаго ім баяцца?

Бушцец. Ну, канечне… Мы добранькія… Вунь партызан учора свой НЗ адной немцы аддаў… Пляваць хацелася…

Дугін. А ты б плюнуў і супакоіўся…

Бушцец. Не магу! Ведаеце, зазірнуў у адзін домік… Чысценька ўсё, акуратненька, сцяжынкі жоўтым пясочкам пасыпаны, свечка гарыць, на раялі нехта дрэнькае… Заходжу. Сядзіць маладая немка. Прычэсаная, рукі белыя, пальцы доўгія, у халаціку… Стаў, гляджу… Паварочваецца, зубы паказвае, гадаўка… Шуберт, кажа… Гляджу і маўчу… Падымаецца, курва, халацік расшпільвае! Маўляў, бітэ, рус Іван, атрымлівай кантрыбуцыю… Нашы дзяўчаты сажай твары мазалі, адна, я чуў, кіслатой сваю прыгажосць спаліла, а гэта халацік расшпільвае з усмешачкай…

Дугін. Далей…

Бушцец. Што далей? Стаіць, паскуда, голая, гладкая… і ўсміхаецца… Плюнуў — і ходу… Глядзець не магу на іх! Трасе! Вось калі мёртвы немец ляжыць — пацалаваць гатовы!

Дугін. Ідзі спаць…

Бушцец. Закурыць дайце…

Дугін (падае цыгарэты). На…

Бушцец. Не… Партызан, дай свае махоркі… Ну, чаго глядзіш?

Бярэ ў Дзерваеда паперы і махоркі і, скручваючы цыгарку, адыходзіць у цемень.

Дзерваед (нечакана). А яму лепей загінуць…

Дугін. Ты што, з глузду з’ехаў?! Малады, дурны, гарачы… Дый перажыў…

Дзерваед. А ты не перажыў?

Дугін. Ва ўсіх нас душы выхаладзіла… Не хутка сагрэемся.

Дзерваед. Можа, й памрэм халоднымі…

Дугін. Кінь!

Дзерваед. Жонка, старшына, за мной ходзіць… З дзіцем… Спаленыя… Другі год ходзіць.

Дугін. Расказаў бы… Лягчэй будзе…

Дзерваед. Лягчэй не будзе…

Дугін. Раскажы.

Дзерваед. Што расказваць? Хлеб яна нам пякла, мая Мар’я, значыць… Для ўсяго атрада… Мы ёй мукі прывозілі, яна і пякла… Выдаў нехта… Аднойчы з разведкі ішлі, пяцёра нас было… Удала схадзілі, добрую разведку неслі… Брыгаду потым уратавалі… Да мяне зазірнулі… Мар’я толькі на стол паставіла, я з дзіцёнкам пазабаўляўся, прыбягае белая: «Хлопчыкі, немцы ў Максютках!» З хаты выскачылі, да лесу паўзлі, а яны і адтуль пруць ланцугом плячо ў плячо… На дарозе машын дзесяць… Куды? Хоць скрозь зямлю праваліся! Палоска жыта была каля хаты… Запаўзлі, залеглі… Жыта высокае, добра ў тым годзе ўрадзіла… Пад’ехалі, гергочуць нешта, у хату ўвайшлі… Ляжым, не дыхаем… Пяцёра нас усяго. Двое сувязных саўсім без зброі… Ляжым… Бачу праз калоссе — муку з сенцаў выносяць! У мяне ўсё абарвалася! Адкуль у адзінокай бабы ў такі час гэтулькі мукі?.. І каму?.. Яснае дзела, каму… А на расправу яны лёгкія… Павярнуў галаву да камандзіра — той белы як палатно, шэпча дрыжачымі губамі: «Разведка, разведка…» І на сумку на сваю паказвае. Потым эсэсавец Васілька выносіць… На руках гушкае, забаўляецца, смяецца… І сынок смяецца… Адлягло трохі ад сэрца… Пашкадуюць, думаю… Смяецца ж…

Паўза.

Дугін. А потым?

Дзерваед. А потым хату запалілі… Я сівець пачаў… Мар’ю не вывелі… І стрэлу чуваць не было… Не ведаю, што з ёй зрабілі… З хаты не выводзілі…

Паўза.

Дугін. Гавары, яшчэ гавары…

Дзерваед. Васілька (захліпнуўся паветрам)… Не магу!!! Разоў дваццаць спрабаваў расказваць… не магу…

Дугін (жорстка). Гавары!

Дзерваед. Аддыхаюся… Перад хатай антонаўка старая расла… За кашульку на сучок зачапіў, самі адышліся… горача стала… Хата гарыць, Васілька ад крыку на яблыньцы заходзіцца, я зямлю зубамі грызу… Пачуў, як па валасах холад пайшоў… І ўсё. У атрад хлопцы прынеслі… Яблыкі на антонаўцы печанымі сталі… Мар’я з Васількам за мной ходзіць… Вінаваты я…

Дугін. Чым ты вінаваты? Што ты мог зрабіць?

Дзерваед. Зрабіць я, канечне, нічога не мог… Мне трэба было з імі разам… А я ў жыце ляжаў… Сівеў і ляжаў… Да гэтага часу перад сваёй душой апраўдваюся: выскачыў бы — хлопцаў засыпаў, а разведка важная была… План карацельнай экспедыцыі неслі… Брыгаду ўратавалі… Цэлую брыгаду… Што там Мар’я з Васількам? Праўда?

Дугін. Тут не па арыфметыцы трэба…

Дзерваед. А па чым?

Дугін. Не ведаю… Можа, калі-небудзь хто-небудзь разбярэцца…

Дзерваед. Да шаптухі хадзіў… Ведаеш, што сказала? Кроў трэба нявінную праліць за Мар’ю і Васілька… Тады іх душы супакояцца… А я ўчора кансервы свае аддаў… Дзіцёнак змораны, залатушны, нават не плача, стогне толькі… Якая там кроў?..

Дугін. Ведзьма нейкая сказала гэта табе.

Дзерваед. Не трэба… Гэту ведзьму два разы расстрэльвалі…

Дугін. Каску ў атаках усё ж адзявай…

Дзерваед. Не заб’юць… Мяне ўжо забілі… У жыце… Звечарэла мая душа…

Дугін. Пойдзем, партызан! Вінца трафейнага цяпнем… Памянём тваю Мар’ю і сына…

Пастаялі. Паслухалі салаўя.

Чуеш? Спявае, гад…

Дзерваед. То добра…

Пайшлі ўглыб. Салавей спявае. Паўза. Потым збоку шпарка выходзіць санінструктар Ліда. За ёй, трымаючыся за шчаку, выбягае Бушцец.

Бушцец. Ты што, звіхнулася?

Ліда. Я табе казала — не трэба!

Бушцец. Усе спачатку кажуць «не трэба». Нашто па мордзе лупіць?

Ліда. Я не спачатку, я ў канцы, Сярожа… Не чапай мяне, калі ласка…

Бушцец (падыходзіць). Ды ладна…

Ліда (жорстка). Сяргей!

Бушцец (таксама жорстка). Так бы адразу і сказала! Нашто рукамі махаць?!

Ліда. Балюча?

Бушцец. Балюча… (Пасля паўзы.) Што, знайшла з зорачкамі на плячах?

Ліда. З зорачкамі… Толькі ў вачах.

Бушцец. Ух ты! Гэта вясна з нямецкім салаўём на цябе дзейнічае… (Паўза.) Ну, а са мной і без зорачак не блага было? Пагрэлася і ў кусты?

Ліда. Я не грэлася… Я цябе адагрэць хацела…

Бушцец. Слаба нешта грэла. Плакала больш…

Ліда. Хацела, каб і ты заплакаў…

Бушцец. Ну-ну… І шмат для каго ты цёпленькай была? Толькі без рук!

Ліда (нечакана проста). Шмат… Даруй, Сярожа… Холадна мне з табой і страшна…

Бушцец. Чаго прыйшла?

Ліда. Пакліч Дувянца…

Бушцец. Каго-о-о?! Адуванчыка?

Ліда. Мне перавязку трэба зрабіць…

Бушцец. Ноччу?

Ліда. Пакліч…

Бушцец. Ну, Лідэс! Ну, драпежніца! Ты ведаеш, колькі яму гадоў?

Ліда (нервова). А колькі мне?! Ты ведаеш?! Што, рукі не тыя? А колькі вашай крыві на гэтыя рукі вылілася, ты ведаеш? Грудзі не тыя? А колькі я прапаўзла на гэтых грудзях, ты ведаеш?

Бушцец (ніякавата). Усё правільна… Зіма канчаецца — трэба гняздзечка віць… Нашто ён табе? На гады свае не глядзі. Ты даўно перарасла іх. Па акопах і бліндажах раскідала за вайну…

Ліда. Сабяру…

Бушцец. Не збярэш, дурненькая… Табе не Адуванчык, а такі, як я, патрэбны… Я цябе зразумею. У нас з табой вайна… Адна на дваіх. А ён нецалаваны, Лідка… Яго жанчыны там… падрастаюць. Яго ўсё там. За Перамогай…

Ліда. А дзе маё?

Бушцец. А тваё тут… у акопах. І ты ў іх застанешся назаўжды! Вайна нас з табой ніколі не адпусціць… Ты гэта разумееш? Кветачкі, месяц над рэчкай, салодкі салоўка — гэта прайшло міма…

Чутны грымоты навальніцы.

Таму, каля каго рваліся снарады, вясновая навальніца да самай смерці артналётам здавацца будзе… Мы з табой, Лідка, усё паклалі для Перамогі… І жыццё сваё. І душы. Ты дзіця хочаш?

Ліда. Я жанчына…

Бушцец. А я не хачу! Нікога пасля сябе не хачу пакідаць! Якія дзеці ў мяне могуць нарадзіцца? Не хачу, каб і яны раслі дзеля такога…

Ліда. Гэта вайна апошняя…

Бушцец. Ага. Залечаць раны, забудуць мёртвых… І зноў пачнуць… Праўда, нам з табой гэта ўжо не страшна. Я да вайны крыві баяўся… А цяпер у рукапашных баюся прамахнуцца, ударыць не трапна. Так вось пад левую лапатку — рраз! Ты ведаеш, мне гэта падабаецца… А кроў… Забыўся, якая яна… У сне бачу ружовую… Як віно… Адуванчыка я зараз паклічу…

Ліда (падышла да яго, нечакана прытулілася). Сярожа…

Бушцец (зразумеў, што гэта ласка не жанчыны). Вось гэтага не трэба!

Ліда. Спыні сваю душу, Сярожа…

Чутны грымоты навальніцы.

Бушцец. Дождж будзе?

Ліда. Будзе…

Бушцец. Спыні дождж, Ліда…

Ліда. Сярожа…

Бушцец. Пусці!

Пайшоў. Ліда прысела на друз. Слухае грымоты. Праходзіць Салянік.

Салянік. Чаму ты, Лідка, не спіш?

Ліда. Пагадай мне, дзядзька Мацвей…

Салянік. Я не ўмею…

Ліда. А калі ў бога не верыш, маліцца можна?

Салянік. Можна. Хто-небудзь пачуе…

Ліда. Я буду жыць, дзядзька?

Салянік. Захочаш — будзеш… Ідзі спаць.

Адыходзіць. З глыбіні Бушцец цягне за руку Адуванчыка. Той упіраецца.

Адуванчык. Пусці, я табе сказаў!

Бушцец. Давай, давай…

Адуванчык. Што табе трэба, Мазепа дурны?!

Бушцец (падвёў яго да Ліды). От! Цёпленькі… Акурат для сугрэву — з пасцелі падняў…

Хацеў яшчэ нешта сказаць, але не сказаў. Павярнуўся і хутка пайшоў. Ліда глядзіць на Адуванчыка. Той на яе.

Адуванчык. Ну што?

Ліда. Сядай, я табе павязку змяню…

Адуванчык. Дык ты ж у дзень мяняла…

Ліда. Яшчэ змяню… Але калі ты хочаш спаць — ідзі спі…

Адуванчык. Спаць не хачу… Мяняй…

Сядае. Ліда пачынае разбінтоўваць яму галаву.

Ліда. Кроў прысохла… Не баліць?

Адуванчык. Не…

Ліда. Лёнька, чаму цябе Адуванчыкам завуць?

Адуванчык. Мішка Гальчанскі празваў… Калі ў роту прыйшоў, у мяне з гэтага боку валасы саўсім не раслі… Ён засмяяўся і кажа: «Зірніце — Адуванчык!» Так і завуць… Мішку забіла, а мяне завуць…

Ліда. Хочаш шакаладу? Еш, ты ж любіш салодкае…

Адуванчык есць. Ліда пяшчотна разбінтоўвае.

Адуванчык. А адкуль у цябе шакалад?

Ліда. Лётчыкі падарылі…

Адуванчык (аддае). Не хачу!

Ліда. Ну што ты, дурненькі?.. У мяне толькі з табой душа жыць пачала… Не думай нічога…

Адуванчык. Я не думаю…

Ліда. Я ні ў чым не вінаватая: ні перад табой, ні перад сабой… Але ты ўсё адно даруй мне…

Адуванчык. Не трэба, Ліда…

Ліда. Табе што-небудзь гаварылі пра мяне?

Адуванчык. Я не слухаў…

Ліда. Ведаеш, бацька, адыходзячы на фронт, сказаў маці: «Даруй мне… калі я загіну… Я табе дарую, калі не дачакаешся». І ты мне, Лёнька, даруй…

Адуванчык. За што?

Ліда. Не ведаю, але даруй… Я цябе не дачакалася… Чатыры гады полымя, кроў, смерць побач… кожны дзень. Мне схавацца за каго-небудзь хацелася… я і хавалася… А потым баяцца перастала… Нават клікала не адзін раз… З вашага аддзялення хлопец такі чарнявы, на цыгана падобны, з ранай у жывот… Як яго?

Адуванчык. Варонін…

Ліда. Як звалі?

Адуванчык. Не ведаю… Ён з папаўнення… Малады…

Ліда. Малады… Усміхаецца, а слёзы з вачэй… Сястрычка, я не плачу, гэта мне пяском у вочы ад выбуху… Дай вады, кажа, усё адно ж горай не будзе… Губы кусае, крычаць саромеецца… Я ад палаткі адышлася, на калені стала і… прашу… Смерці прашу: забяры яго, прашу, зрабі ласку, забяры… Вяртаюся — ён ужо сцішыўся… Толькі ўсмешка засталася… І вочы на сонца глядзяць. Гэта ж жудасць! Смерці маліцца… Яе ж праклінаць трэба… (Паўза.) Са мной нешта сталася, Лёнька, калі я сустрэлася з табой… Па начах у сне чую: плача нехта… Так тоненька, жаласліва ўсхліпвае… Я не вушамі, я сэрцам гэта чую… Ведаеш, хто гэта? Мае ненароджаныя дзеці плачуць… Да святла просяцца… Баюся, што пасля ўсяго гэтага я нарадзіць не змагу… Жыць застаецца мала — трэба яшчэ выжыць… Толькі б выжыць… Толькі б выжыць…

Яркая бледна-блакітная бліскавіца шуганула з неба. І ўслед за ёй траскучы ўдар грому. Адуванчык упаў на калені і нервова прытуліўся тварам да Ліды. Тая моцна прыціснула яго да сябе.

Што ты, што ты, дурненькі… Гэта ж не снарад… Гэта навальніца.

Адуванчык. Я снарадаў не баюся… Я перуна баюся…

Ліда. Чаго?

Адуванчык. Ён перад вайной да нас у хату залятаў… Такі белы мячык. Акно было адчынена, ён і прыплыў… Мы вячэралі — ён над сталом і павіс… Маці схапіла чыгунок дый накрыла яго. Як чахнула перад самым носам! Я потым месяц заікам быў… Бацька кажа: нешта нядобрае будзе… Угадаў: праз месяц вайна пачалася. А мяне з таго часу, як навальніца надыходзіць, — трэсці пачынае. Снарады побач вухкаюць — не страшна, толькі рот раскрываю, а то вушам балюча, а як навальніца — гатовы пад зямлю залезці…

Ліда. Гэта пройдзе… У цябе хоць хто-небудзь застаўся?

Адуванчык. Бацька, можа, жывы, яго на вайну забралі… А так нікога… І вёскі няма. І суседзяў. Палілі нас…

Ліда. Усё хутка скончыцца… І будзе ціха-ціха на зямлі… І я буду тваёй сястрой… І маці… Гэтаму я навучылася за вайну. Мы паедзем куды-небудзь далёка, дзе няма папялішчаў і руін, дзе шмат-шмат цішыні… Дзе журчыць чыстая рэчка… І будзем успамінаць толькі наша дзяцінства, нашых мам, школу, як нас прымалі ў піянеры… І ніколі-ніколі не ўспомнім вайну… А калі надыдзе навальніца — я заспяваю, і ты не пачуеш, як неба разрываюць грымоты... І пярун ужо не будзе прадвеснікам бяды…

Абдымае яго, плача.

Адуванчык. Не трэба, Ліда… Не плач.

Ліда. Гэта не слёзы, Лёнька… Гэта душа мая смяецца…

З’яўляецца Жанчына з дзіцем на руках.

Адуванчык. Пачакай, Ліда… Нехта глядзіць на нас…

Ліда. Усе спяць.

Адуванчык. Глядзіць!

З неба на зямлю абрынуўся ласкавы веснавы дождж.

Зацямненне.


Гэткія ж самыя руіны. Вельмі падобныя на першыя. Магчыма, гэта быў музей ці палац які-небудзь. Паўзмрок. Успыхваюць крывавыя бліскавіцы, выбухі. Так падобна ўсё гэта на навальніцу, ды гэта не навальніца. Гэта бой. Прарэзліва енчаць міны, захліпваюцца ад злосці аўтаматы, цінькаюць кулі. У будынак урываюцца байцы. Дзерваед на сярэдзіне схапіўся з некім, пакаціўся па друзу. Цяжкое дыханне, глухія гукі ўдараў. Падбягае Бушцец.


Бушцец. Галаву! Адвярні галаву, партызан!!! Пусці яго, суку!

Кароткі ўзмах корціка, хрыпаты стогн.

Цэлы?! Бяры аўтамат…

Дугін. Дзед! Вазьмі левае акно! Малы, прыкрывай яго!

Адуванчык. Ад каго тут прыкрываць? (Кідаецца да пралому.)

Дугін. Куды лезеш, маць тваю?!

Адуванчык. Што табе мая маці?!

Дугін. Біце доўгімі чэргамі, прыціскайце іх да зямлі! Зараз назад палезуць! Астатнія па аднаму за мной!

Дугін, Бушцец і Салянік па чарзе знікаюць у праломе. Дзерваед становіцца ля акна. Адуванчык падбягае.

Дзерваед. Куды?! Глядзі ззаду!

Адуванчык. Ідзі ты к чорту! Ззаду нікога няма!

Дзерваед. Не лезь!

Страляе. Недзе зусім блізка прашыпела зялёная ракета. Страляніна паступова заціхае.

Здаецца, замацаваліся… Дзякуй богу… (Паклаў аўтамат на падаконнік, стомлена прытуліўся да сцяны.) Хадзі, Лёнька, закурым…

Адуванчык (пакрыўджана). Сам куры…

Дзерваед. Чаго ты?

Адуванчык. А вы? Чаго вы мяне за свае спіны хаваеце? Цябе вунь да ордэна прадставілі, а ў мяне і нашыўкі няма…

Дзерваед. Нашто табе ордэн, дурань?

Адуванчык. На грудзях насіць!

Дзерваед. Свой аддам, калі дадуць…

У праломе з’яўляецца разгарачаны Бушцец.

Бушцец. Дзе Салянік?

Дзерваед. З вамі ж пабег…

Бушцец (узбуджана). Ротны загадаў далей не лезці… Зараз іх «кацюшамі» прычэсваць будуць. Гэй, Адуванчык! Вушы сёння цэлыя? Ты, партызан, паглядвай… Ці мала што ў іх наўме… Ох, вясёленькі бой быў!

Дзерваед. Нашто ты яго?

Бушцец. Каго?

Дзерваед. Палоннага…

Бушцец. Ён жа сядзеў на табе, пень! Які палонны? Вораг не здаецца — яго знішчаюць! Хто сказаў?

Дзерваед. Я ў яго аўтамат выбіў…

Бушцец. О-ё-ёй! Дайце яму крылы — анёлам будзе! (Зацята.) Мабыць, мала… яны вас білі…

Дзерваед. Не табе казаць, як нас білі!

Бушцец. Жаласнік, тваю дывізію! Ты яшчэ з Гітлерам у Берліне пацалуйся! Ладна! Пайду шукаць яшчэ аднаго праведніка… Толькі б выжыў, паскуда… Толькі б выжыў! (Знікае ў праломе.)

Дзерваед (хапае аўтамат). Ашалела дзеўка! Куды яна лезе? Куды?! (Крычыць.) Паўзі, дурная! Лажысь! (І часануў доўгай чаргой у акно. У адказ загрукатаў нямецкі аўтамат. Дзерваед страляе да тае пары, пакуль у акне не з’яўляецца Ліда, кідае аўтамат, хапае дзяўчыну, цягне ў будынак.) Што ў цябе ў галаве, прыпадачная?!

Ліда. Невідзімкі, дзед. Невідзімкі ў галаве… Дзе Лёнька?

Дзерваед. Лёня!

Адуванчык. Ну што?

Ліда. Ты жывы?

Адуванчык. А ты не бачыш?

Ліда. І я жывая… (Корпаецца ў санітарнай сумцы, дастае некалькі плітак шакаладу.) Вось я табе прынесла трафейнага. У бліндажы знайшла…

Дзерваед. Што ты будзеш рабіць!

Ліда. Еш, Лёнька… А я пабягу… Параненыя там. Сёння нешта параненых шмат… (Падыходзіць да Дзерваеда.) Дзед, гэта праўда, што сэрца заўжды бяду чуе?

Дзерваед. Праўда…

Ліда. Нуда мяне смокча апошнія дні… Аж мутарна… (Шэптам.) Дзед, родненькі, паберажыце вы яго! Гэта ратунак мой, маё збавенне…

Дзерваед. Ідзі, Лідка… Усё будзе добра…

Ліда (падышла да Адуванчыка). Лёнька…

Адуванчык. Што?

Ліда. Нічога… Я пайду…

Адуванчык. Ідзі…

Ліда. Ты б хоць дзякуй сказаў…

Адуванчык. Дзякуй…

Ліда (правяла рукой па яго валасах). Як у цябе павязка?

Адуванчык. Нічога. Добра.

Ліда рэзка павярнулася і пабегла ў пралом. Адуванчык падыходзіць да Дзерваеда.

Дзед, шакалад будзеш?

Дзерваед. Табе маці сніцца, Лёнька?

Адуванчык. Сніцца, а што?

Дзерваед. Падумаеш дрэнна пра жанчыну — праклянеш сваю маці…

Адуванчык. Я нічога не думаю!

Дзерваед. То добра…

Адуванчык. А да чаго ты гэта?

Дзерваед. Так…

У праломе з’яўляецца Салянік.

Салянік. Як вы тут?

Дзерваед. Чакаем…

Салянік. Дзякуй богу, у нас усе цэлыя… На левым фланзе дрэнна… Там у іх дот быў. Пятрок, чаму яны не скараюцца? Канец жа… Усё адно канец.

Дзерваед. Чаму д’ябал богу не скараецца? Таму што — д’ябал…

З’яўляецца Бушцец. Падыходзіць да Саляніка.

Бушцец. Пакажы аўтамат…

Салянік. Нашто?

Бушцец. Пакажы аўтамат, сволач!

Дзерваед. Чаго ты?

Бушцец. Не лезь, партызан!

Салянік (падае аўтамат). На…

Бушцец бярэ аўтамат, дастае з яго дыск. І раптам з маху б’е Саляніка па твары.

Бушцец. Паскуда!

Дзерваед. Ты што робіш?!

Бушцец. На, зірні, усе патроны цэленькія, змазка свежая. Ніводнага разу, сука, за атаку не стрэліў… Мы павінны! Ён чысценькі, а мы — чэрці! Ён на беражку пастаіць, а нам за яго ў крыві купацца?!

Салянік. А табе гэта падабаецца…

Бушцец. Праз цябе, гадаўка, лёг Мішка Гальчанскі, Якавенка, Варонін і ўсе астатнія… (Трасе дыскам.) Гэтыя кулі, можа, ад іх смерць адвялі б…

Салянік. З імі я заўжды побач быў… Ні за іх, ні за цябе ніколі не хаваўся… Не мая віна, што…

Бушцец. Не твая? (Спрытна забівае дыск у аўтамат.) Ану, станавіся да сцяны!

Адуванчык. Ты што?! У штрафбат захацеў?

Бушцец. Я з сорак першага ў штрафбаце! Станавіся!

Салянік. Не рабі гэтага, Бушцец… Прашу цябе… Не бяры і гэтага на сваю душу… Хопіць.

Бушцец. Не клапаціся пра нашы душы. Ідзі да сцяны!

Салянік. Як хочаш… (Ідзе.)

Адуванчык (у адчаі). Дзед!!!

Салянік. Толькі я адвярнуся… Ладна?

Бушцец. Ну не! Мішку Гальчанскаму ў твар стралялі…

Салянік. Як хочаш…

Бушцец падымае аўтамат.

Дзерваед (цяжка). Пакладзі!

Бушцец. Што?

Дзерваед. Пакладзі аўтамат на зямлю…

Бушцец. Шкада? Табе шкада?! А ты ўспомні, як тваіх палілі… Што рабілі з тваёй Мар’яй?! Як тваё дзіця пяклося на сучку з яблыкамі! Ён у іх не хоча страляць! Чаго глядзіш?!

Дзерваед. Пакладзі аўтамат на зямлю…

Адуванчык. Сяргей, кінь! Ну яго к чорту, не трэба… Супакойся… Я табе сёння сваю порцыю наркомаўскай аддам…

Дзерваед (да Саляніка). Адыдзі ад сцяны… Не корчы з сябе… На Хрыста ты не падобны… (Да Бушцеца.) А ты пакладзі аўтамат…

Салянік адыходзіць ад сцяны. Бушцец стаіць нерухома. З’яўляецца Дугін.

Дугін. Ты што, аглух? Кінь зброю!

Бушцец шпурнуў пад ногі аўтамат і, цяжка дыхаючы, прысеў на друз.

Атака яшчэ не скончылася, хлопчыкі… Што такое?

Усе маўчаць.

(Злосна.) Што такое, я пытаюся, дзед?!

Дзерваед. Нічога. Пагаварылі…

Дугін (падымае аўтамат). Чый?

Салянік. Мой… Я не страляў…

Дугін. Не чую…

Салянік (крычыць). Я не страляў! І раней не страляў! Верую я!!

Дугін. Вось цяпер чую… (Паўза.) А гэта трыбунал, Мацвей…

Салянік. Я ведаю…

Дугін. Толькі зараз даведаўся?

Салянік. Не трэба, старшына… І раней знаў… Я грэшны, слабы чалавек…

Дугін. Значыць, зброю ўсё-ткі ўзяць узяў… І думаў як-небудзь ціхай сапай да канца вайны пратупаць… І перад богам чыст, і людзі задаволены… І вашым і нашым… Але бог шэльму меціць… Не атрымалася…

Салянік. Я ў атакі разам з табой бегаў, старшына… Не хаваўся…

Дугін. На перадавой не схаваешся, Мацвей… Дзед, дай махоркі… (Падыходзіць да Дзерваеда, пачынае круціць цыгарку.) Што ж нам, бедным, рабіць? Га, партызан? Чалавек пад трыбунал пойдзе, а нам з Гітлерам трэба да канца разлічыцца… (Закурыў, падышоў да Саляніка.) Як думаеш: боскае пракляцце і смяротны грэх на нашым Дзерваедзе ляжыць?

Салянік. Я вам не суддзя…

Дугін. Я не казаў, каб ты нас судзіў. Я толькі спытаўся. Як? Ты? Думаеш?

Салянік. Бог раз і назаўжды сказаў: не ўбій… Нікога! Нідзе! Ніколі! Нізашто! А чалавек, да крыві прывыкшы, адразу выйсце знайшоў: а калі хто супраць бога? Значыць, можна! А калі не тымі пальцамі хрысціцца? Можна! А калі ерэтык? На касцёр яго! Хто забівае «во славу божию», гэткі ж забойца, як і той, хто забівае за кашалёк! Бог сказаў: не ўкрадзі! А калі крадзенае? Можна! Святое дзела! Не пажадай жонкі бліжняга… А ў мяне любоў! Можна! Што нам святое ні скажы — мы ўсё перакруцім, пераверцім і падгонім пад сябе… Не жыццё, не абставіны прымушаюць нас грашыць, а похаць душы нашае…

Дугін. Амінь?

Салянік. Не трэба…

Дугін. Хто ў цябе дома застаўся, Мацвей?

Салянік. Бацька, маці, жонка і дзеці…

Дугін. Усе жывыя?

Салянік. Дзякуй богу…

Дугін (дагаворвае за яго). …які нашымі рукамі, крывёй, грахом нашым не пусціў звера ў твой дом. Лёгка быць святому, Мацвей… калі ты адзін, у пустыні! У мяне, можа б, і хапіла сілы здохнуць з голаду, а чужога не ўзяць… А калі побач малое дзіця з голаду памірае? Тады што? Глядзець і думаць пра «не ўкрадзі»?!

Салянік. Папрасі!

Дзерваед. А не дадуць?..

Салянік. Тады ўкрадзь…

Дугін. Ага!

Салянік. Але ніколі не думай, што зрабіў добра…

Дугін. А калі прыйдуць у мой дом і на вачах у мяне заб’юць майго бацьку, раскрыжуюць маці, згвалтуюць сястру… Што мне рабіць? Папрасіць? Адуванчык, што твая маці ў іх прасіла: «Паночкі, не страляйце дзетак больна»? І што?!

Бушцец, як у сне, трасучыся, пачынае падымацца, сціскаючы аўтамат.

(Не паварочваючыся да яго.) Табе было сказана: пакладзі аўтамат на зямлю! (Бушцец сеў.) Дык што ж мне, грэшнаму, бог параіць, Мацвей?

Салянік маўчыць.

Правільна... Забі, але не думай, што гэта добра. Дык я і без бога ведаю, што гэта дрэнна… Ты колькі на фронце? А я забіваю з сорак першага! І з сорак першага знаю: не ў кожным немцу сядзіць Гітлер… Большасць з іх няшчасныя, простыя людзі… Але я буду страляць! І біць трапна! Да канца! Таму што ваюю супраць д’ябла! Праўда, ён у Берліне, але тут, у акопах, яго анёлы… Як там у вас: ці адракаешся ад д’ябла і анёлаў яго… Адракаюся!

Салянік. Ім таксама кажуць, што з імі бог… А мы д’яблы…

Дугін. Ма-аленькая розніца ёсць. Я не праліў ні кроплі нявіннай крыві…

Салянік. Загадаюць — пральеш…

Дугін. Не!!! Сустрэну партызан, дзяцей тых, хто паліў тваю Мар’ю, — я іх не зачаплю! Руку сабе да локця адсяку, але не зачаплю! Не ўбій!.. Яно ў яго было… (Паказаў на Дзерваеда.) Калі жонку з дзіцем на смерць аддаў, каб іншых не забілі… Ты думаеш, яму кара гасподня страшная? Ды ён ужо быў у пекле. Тут, на зямлі…

Дзерваед. Не трэба так, старшына…

Дугін. Трэба! (Да Саляніка.) Дай запалку. Патухла… (Зноў прыкурвае. Паўза.) Усё! Пагаварылі, і досыць… Зараз артпадрыхтоўка… Пойдзем далей… Раней сядзем — раней выйдзем… (Вельмі проста.) Бяры аўтамат, Мацвей…

Салянік стаіць нерухома.

Бяры...

Салянік маўчыць. Паўза. Дугін дастае з аўтамата дыск.

Хлопцы, у каго патронаў мала?

Дзерваед. У мяне…

Дугін. На, дзед… (Аддае дыск Дзерваеду, а пусты аўтамат Саляніку.) Ротны з зампалітам у суседнім будынку… Здай зброю і пра ўсё далажы… Мне некалі. Зараз атака… Малы, завядзі яго…

Бушцец (хрыпата). Я завяду.

Дугін. А, мабыць, і не трэба… Ты ж сам, Мацвей, дойдзеш? Праўда?

Салянік. Дайду… Не насі на мяне злосць…

Дугін. Будзь здароў.

Салянік пайшоў у пралом. Дугін падыходзіць да Бушцеца.

Устаць!

Бушцец. Што? (Падхапіўся.)

Дугін. Ты хто? Вярхоўны Галоўнакамандуючы? Пракурор? Суддзя, каб чалавека да сценкі ставіць?

Бушцец. Я — франтавік! Я маю права…

Дугін. Тады ў каменданцкі ўзвод шуруй! А ў маім аддзяленні ніхто перад носам зброяй махаць не будзе! Усёк?

Прарэзлівы посвіст. Усе падаюць на падлогу. Бліскавіца на ўвесь пралом. Выбух. Пыл. Цішыня. Байцы падымаюць галовы.

Адуванчык. Нічога сабе дзеўбанула… (Падымаецца, падыходзіць да Дугіна.) Старшына, ну на які д’ябал трэба было яго з абозу браць?..

Дугін. Людзей не было. Вышыню браць трэба… і маўчы!

Адуванчык. Я маўчу.

У праломе, без каскі, шэры ад пылу, скурчыўшыся, з’яўляецца Салянік.

Дугін. У каго ёсць пакет? Дайце пакет!

Дзерваед. Зараз!

Салянік. Не трэба, хлопцы… Нічога не трэба… Даруйце мяне…

Дугін (да Адуванчыка). Збегай за Лідкай… Яна на КП… (Адуванчык знікае ў праломе.)

Салянік (да Бушцеца). Даруй, Сяргей… Праўда твая… Толькі ты спыніся… калі можаш… Падыдзі, Пятрок…

Дзерваед падыходзіць.

Дзерваед. Што, Мацвей? Што?

Салянік. Адпусці мне грахі мае…

Дзерваед. Што ты! Не веру я… Не веру…

Салянік. У бога можна не верыць, трэба жыць па ім…

Дзерваед. Ты не бойся, Мацвей, не бойся…

Салянік. Я не баюся… На ўсіх нас на зямлі адна душа… Тыя, хто мучае, забівае, — пройдуць па слядах пакутнікаў, па жыцці ахвяр сваіх… Пекла тут… На зямлі… І ачышчэнне чалавека… Госпадзі, што ж ты з намі робіш? Што ж ты робіш?

Прыбягаюць Адуванчык і Ліда.

Ліда. Зараз, зараз, дзядзька Мацвей… (Корпаецца ў сумцы.) Што гэта ты?

Салянік. Не трэба, дачушка… Пасядзі так. Памаўчы…

З кароткім шыпеннем над будынкам праносяцца снарады гвардзейскіх мінамётаў.

Дугін. Пачалося! Рыхтуемся, хлопцы… Чакайце чырвонай! Артналёт кароткі будзе… Адуванчык! Памажы тут…

Адуванчык. Што тут памагаць?

Дугін (злосна). Рабі, што сказана!!

Дугін, Дзерваед, Бушцец падбеглі да вокнаў, чакаюць.

Ліда. Дзядзька Мацвей, ну што мне зрабіць? Што мне зрабіць?

Салянік. Заспявай…

Ліда. Што?

Салянік. Што хочаш… Заспявай, Лідка… Жаночая песня — малітва… Пра косы ведаеш? Гэта… ой, чыё ж та… поле… (Заціхае.)

Ліда. Не ведаю…

Салянік. Усё адно заспявай…

Ліда. Не ведаю!!

У праломе з’яўляецца Жанчына з дзіцем. І палілася чыстая ціхая песня:

Ой, чыё ж та поле?

Чые ж та пракосы?

Чыя ж та дзяўчына

Распусціла косы…

Крывавым заравам успыхнула ракета.

Дугін. Пайшлі, мужыкі! Лапаткі ў рукі — пакажам ім кузькіну маць! Ура-а-а!!!

Усе выскокваюць праз вокны. І грознае, страшнае «ўра» пакацілася над зямлёй, перарасло ў крык-стогн «а-а-а». Стрэлы, выбухі, тупат тысяч ног па зруйнаванай зямлі.

Ой, чыё ж та поле,

Чые ж та пра...

Песня абрываецца.

Зацямненне.

Загрузка...