Смутак пакiнутага дзiцяцi праявiў у Сьцяпанавай памяцi сварку мацi на яго, калi, абражаны яе поўхаю, адбягаўся ён за весьнiчкi, на вулiцу, дзе пакутлiва ўслухоўваўся, цi яна ня клiча яго вячэраць. Прыкiдваўся тады, што гуляе: ражном рысаваў ля плоту рыбу, тлустага акуня. Працягвалася гэтак да зьмярканьня. Сябрукi, асаблiва рыжы Вiцька, зайздросьцiлi Сьцяпану таго, што не дастанецца яму ад бацькi. ("А мой татка як ляснуў мяне, во, тут, дык я аж скруцiўся на месцы", - паведамляў рыжы.)

На пэроне зьявiўся дзяжурны руху. За iм калывалiся пасажыры (гусяняты за квактухаю).

Фары паравоза, бы фантастычная пагоня, падкрадалiся зь цемрадзi, адкуль прыйшоў Сьцяпан.

У Беласток цягнiк прыбыў глыбокай ноччу; звыш гадзiны прастаяў ён на разьезьдзе, сярод зарасьнiкоў, у якiх пяяў салавейка.

Сьцяпан, змораны дарогаю, нахабна спынiў на прывакзальнай вулiцы таксi i ўпрасiўся на другога. Яму не ўдалося-б такое, калi-б п'яны тып, што вяртаўся iм з пагулянкi, не пазнаў яго, дзякуючы ўладжанай справе, зь якою ён прыходзiў да Сумленевiча. "Я ведаю, што вы, пане, не пазнаеце мяне, i нiчуць не крыўдую на вас за гэта, - плёў ён Сьцяпану. - Усiх, хто прыходзiць да вас, запамятаць вам, вядома, немагчыма. Я гэта разумею. Вы, пане, добры чалавек,i таму, як убачыў я вас на вулiцы, адразу крыкнуў: "Стань!" Не, кiраўнiк?!" - зьвярнуўся ён да таксiста, якi не адказаў яму.

Дома нiхто ня ўстаў на прыезд Сьцяпана.

Кiра спала. Цесьць, начны госьць, нездаволена бурчэў за сьцяною. Сьцяпан папоцемку распрануўся. Ён падумаў, што было-б лепш заначаваць яму ў знаёмага. Хаця-б i ў таго члена камiсii.

Балела Сьцяпану калена.

Кiра беспрытомна вымавiла незразумелае слова. Сьцяпан пачуў, што яна храпе, неглыбока. Каб заснуць, ён успамiнаў нуднае. З вулiцы далятала бзычаньне запозьненай машыны й скакала па бiблiятэчнай шафе ў пакоi лапiнка сьвятла ад электрычнай лямпачкi на слупе, што насупроць акна. "Яны, у цэнтры, прызвычаеныя да падатлiвасьцi людзей, якiх выклiкаюць да сябе. Ня лiчацца зь iмi? Звычайна, ня лiчацца, i ўсё! Шукаюць яны кiя на старшыню? Няхай. Я ня буду чаранком iх палкi! Дачулiся там пра мае разлады й, бачыш, надумалiся пакарыстацца мною, пакуль хаджу я па волi... Гiдасьць!"

Дагэтуль дасьведчанае Сьцяпанам уяўлялася яму благiм сном, якi, некалi не без зацiкаўленьня, выслухаюць у кампанii. Таварыскасьць урадоўца наглядаецца ў настроi сяброўскiх п'янак, што наладжваюцца ва ўтульным пакоi юрыдычнага дараднiка каапэратыву, да якога рэдка заходзiць начальства. Або ў габiнэце загадчыка няважнага сэктару, асобы з вышэйшай адукацыяй, пра якую вядома, што ўжо нiчога не чакае ад будучынi.

25

Працавалася Сумленевiчу ў гэты дзень лёгка. Бываюць моманты, калi справы амаль самi афармляюцца - дастаткова дакрануцца да iх сваёй актыўнасьцю. Дзейнiчае закон шчасьлiвага зьбегу акалiчнасьцяў, якi называюць сьпеласьцю сытуацыi.

Ён закончыў аналiз стану разьвiцьця паслугаў у бельскiм аддзеле. Пiсаў дакумант зь перапынкамi; не хапала Сьцяпану агляду, што не дазваляла яму скарыстаць прыдатнасць падрабязных зьвестак. I толькi ў гэты дзень, раптам, усё сталася яму зразумелым i ясным. (Справаздача камiсii, яе значэньне як бы паменшала ад таго.)

Калi цесьць зьявiўся перад вячэрай - Кiра дзесьцi прападала - Сьцяпан прыкiнуўся хворым i папрасiў у цешчы таблетак ад галаўнога болю (яна мела iх цэлую аптэку).

Браўся Сьцяпан чытаць кнiжку, наўздагад, калi ўзьнялася сварлiвая гутарка...

- Што ты сабе думаеш? - загаварыў да Сьцяпана цесьць, прыглядаючыся да ягонай кнiжкi, быццам муляр да цэглы. - Рабi штось, каб цябе не зьелi! Чаму ты не пагаворыш са старшынёю, га?

- З кiм?

- Яшчэ пытаеш - з кiм, гаўняк ты!

- А ён - сыфiлiтык!

- Ты заглядаў яму пад хвост?

- Даволi паглядзець на яго нос...

- Ня совай, мацi, свайго языка, куды ня трэба, - адсек ён старой, якая, Сьцяпан добра таго не дачуў, баранiла зяця. - Я бачыўся з бухгальтарам, сказаў ён да Сьцяпана.

- Я не прасiў вас аб тое.

- Слухай, Сьцяпан, бухгальтар падлiчыў, што страты ад твайго падпалу машыны складуць каля пяцiдзесяцi тысяч, менш, чымсьцi спадзявалiся. Вядома, страхавальнае бюро...

- Дадасьць.

- А каб ты ведаў тое.

- Ну й няхай.

- Што - няхай? Будзеш ты плацiць, як за кавалерскае дзiця, старшынi за шкоду.

- Буду.

- Як гэта - буду?

- Звычайна, плацiць.

- Але, паслухай: у страхавальным бюро працуе твой калега, Антон. Ён ведае цябе, памятае, разумееш? Вы, ну, вучылiся разам...

- Не памятаю такога...

- Чорт, а не чалавек! Чаго ты, урэшце, хочаш?

- Мне балiць галава.

- Яна табе яшчэ ня так забалiць!

- Чаго вам трэба ад мяне?

- Ты, паслухай, узяў маю дачку, i я не дазволю на тое, каб яна пакутавала за табою! Ты - мужчына! - павiнен клапацiцца пра дом, сям'ю, дабрабыт. Мець жонку - гэта табе не раскоша. Гэта абавязкi! Беручы бабу, трэба ведаць, што робiш...

Сьцяпан не аказваўся. Яму хацелася пашчыпаць старога зласьлiвымi слоўцамi наконт яго паводзiнаў. Ён, аднак, раздумаў, паўстрымаўся. Гэта супакоiла iх, абодвух.

- Я ведаю, што раблю, - сказаў Сьцяпан.

- Наўрад, - адказаў яму цесьць i закурыў моцную папяросiну. Ён, наогул, мала курыў або й зусiм. - Як, скажы, з табою гаварыць?..

- Выкруцiцца ад пакараньня я не магу. Гэта абазначала-б мне папасьцi ў залежнасьць. Хочаце, каб я быў мужчынам, i, адначасова, намагаецеся зламаць маю цьвёрдасьць, кiнуць мяне на каленi перад начальнiкамi, перад бухгальтарам, якi заварвае гарбату старшынi, перад калегам, якi, чаго добрага, будзе разносiць па горадзе сьмехi пра мяне. Нашто?

- Дзе тут у цябе сесьцi? - стары разгледзеўся наўкола i ўзяў крэсла, што стаяла перад тэлевiзарам. - Мы, Сьцяпан, гаворым пра рознае. Твая фанабэрыя давядзе цябе да турмы!

- У мяне - фанабэрыя?

- Ага, у цябе.

- Нечуванае! Мы, можа, сапраўды гаворым пра рознае?

- Так, але ня ў тым сэньсе, пра якi ты думаеш.

- Дык у якiм-жа?

- А ў такiм, што табе, брат, напляваць на лёс чалавека, якi даверыўся твайму слову.

- Ах, якi высокi тон, - Сьцяпану дранцьвела барада. - Але, прабачце, не магу сьцямiць, калi я даў слова? Я ведаю, каго вы маеце на думцы...

Цесьць перабiў яго:

- Запамятай: разводу ня будзе! I ты будзеш танцаваць так, як табе зайграюць, - яго зрэнкi засмужылiся. - Iначай, зробяць зь цябе кашу!..

Цесьць схапiўся й пачаў хадзiць па пакоi, гледзячы сабе пад ногi. Сьцяпан, закрыўшы кнiжку, сказаў:

- Я разумею ваш неспакой, але вы зашмат сабе дазваляеце ў вадносiнах да мяне. Прытым, вы не жадаеце заўважыць, што я, усё-такi, не буян. А калi ўжо нехта павiнен баяцца суду, дык ня я.

- Ведаю, ведаю я твае iдэйкi, - ён спынiўся перад Сьцяпанам. - Хто мог падумаць, што ты паверыў у iх, як баба ў чорта? Гэта-ж у галаве не зьмяшчаецца! Трэба быць дурнем першага гатунку, каб наважыцца на такое... Ах, з кiм я гавару, - ён няўмела загасiў папяросу. - Шчасьце, што ў вас дзяцей няма, а то было-б - хоць ты аб печ галавою... I як думаеш ты далей жыць з гэткiмi мазгамi?

Сьцяпан прайшоў у калiдор, абуўся там i зьняў зь вешалкi плашч. Цесьць выйшаў за iм.

- Ты што? Ня хочаш са мною гаварыць?

- Мы ўсё сабе сказалi.

- О не, хлопчык, мы iначай пагаворым. - Ён адабраў Сьцяпану плашч. Дакладна разважым разам усе "за" й "супроць". Як у судзе. Ужо час.

- Калi ласка, - Сьцяпан: "Няхай толькi пачне ён рабiць зь сябе дабрадзея, дык тады я растапчу яго!.."

Пасядалi яны неяк урачыста.

- Ты, Сьцяпан, адукаваны чалавек. Зразумееш мяне. Прынамсi, зразумееш, стары зацiснуў далонi ў вадзiн кулак. - Так я лiчу...

- Абяцаю вам.

- Пастарайся, галубок. Гэта будзе ў тваiх iнтарэсах.

- Не сумняваюся, - iранiчна ўсьмiхнуўся Сьцяпан.

- Сьмейся ты, сьмейся... Старому прызнаеш рацыю. Я, у маладосьць, таксама ня быў лепшы. Ну, так, - цесьць паглядзеў у вакно. - Табе трэба пагаварыць з калегам са страхавальнага бюро. Зараз гэта самае галоўнае. Суд возьме пад увагу суму стратаў...

- Мы, здаецца, мелiся весьцi гаворку больш прынцыповую, - прыпомнiў цесьцю Сьцяпан.

- Хочаш?

- Хачу.

- Ну добра, - цесьць усеўся выгадней. - Добра. Справа, вось, выглядае так: захацеў ты, сынок, зажыць бяды й гэтак яно будзе.

- Калi я захацеў таго, дык нашто перашкаджаць мне ў гэтым?

- Ты - усур'ёз?

- Усур'ёз, - Сьцяпана ахоплiвала незразумелая весялосьць. - Вы, хiба, не пераканалiся ў тым?

- Сьцяпан, - сказаў цесьць, i жылы на яго шыi павяроўчалi. - Калi ты ня зьменiсься, дык давядзецца табе пакiнуць наш дом.

- Нам дадуць кватэру няхутка, - ён адказаў яму пасьля некаторага маўчаньня. - Чарга за iмi надта-ж вялiкая, а знаёмых у будаўнiчым каапэратыве ў вас, дарагi цесьць, няма.

- Ну...

- Не прападзем, бацька...

- Гавары за сябе.

- I за Кiру.

Стары скрывiўся й нешта прамармытаў.

Зьявiлася цешча.

- Хадзеце вячэраць, - сказала яна, акiнуўшы iх чуйным позiркам.

- Дурыш нам галаву! - вызьверыўся на яе цесьць. - Мне цяпер не да ежы, сказаў ён жаласьлiва. - Яго кармi! - кiўнуў галавою ў бок Сьцяпана. - Яму трэба многа есьцi, каб мець сiлу ваяваць за праўду...

- Дзе Кiра? - запытаў Сьцяпан.

- Павiнна ўжо быць дома, - адказала яму цешча й хуценька павярнула назад. - Iдзеце, пакуль гарачае...

Сьцяпан устаў. Цесьць гняўлiва прыгледзеўся зяцю.

- Рабi як хочаш, Сьцяпан, - кончыў ён гаворанае. - Я табе ня вораг. Сказаў, што думаю: губiш ты сябе. За нiшто губiш! З дурноты! Думаеш, што камусьцi ты гэтым дапаможаш? Сьвет выратуеш? Сьвет пасьмяецца зь цябе, пасьмяецца й спакойна сядзе сьнедаць. А ты - у турму! Так. Такiя, як ты, не павiнны жанiцца, блытаць жыцьцё iншым. - Ён памаўчаў. - Я не пахваляў Кiрынага выбару... Прадчуваў...

- Дзякую, цесьць, за шчырасьць.

- От, няма за што, хлопчык. Не дай Бог жыць з тваiм характарам.

- Дачка падзяляе вашы думкi? - запытаў Сьцяпан. Па яго нутры дрыготкай хваляй прабег холад. "Гэта было непатрэбнае пытаньне. Стары здагадваецца, што памiж намi няма згоды. Больш таго - узьнiк разлад або й варожасьць... Ён ведае! Кiра раструбiла й па знаёмых. Зьмянiлася яна, сьцётчала. Я кахаю яе зараз дзiўна, што й называецца прызвычаенасьцю, той абыякавасьцю, якая, быццам вада, залiвае агонь пачуцьцяў, радасьцi..."

- Я не пытаў яе.

- Што?

- Кажу: ня ведаю, якой думкi Кiра пра цябе, - паўтарыў цесьць. - Ну, хадзем есьцi, раз мацi нас клiча, - i ён накiраваўся ў кухню, па-качынаму.

26

Потым Сьцяпан бесьперашкодна выбраўся на шпацыр. Старыя як быццам усьцешылiся гэтым, усё роўна што разьвiтаньнем з госьцем, якi ўжо абрыд. Iдучы сьцямнелай вулiцай, у яе канец, пад выганы, Сьцяпан рыхтаваўся канчаткова вырашыць тое, што надоўга застанецца важным яму. Сьцяпану было неабходна пераўсьвядомiць сутнасьць свайго каханьня да Кiры. У ёй назiралася штораз мацнейшая схiльнасьць да ўладарнiцтва, уласьцiвая жанчынам, якiя, выйшаўшы замуж, жывуць пры бацькох, знаходзячы ў iх штодзённую апору сабе. ("У мяне пачаткi сiрочай хваробы..." - закпiў зь сябе Сьцяпан.)

Зрабiлася яму лягчэй.

Навокал трываў бязьлюдны спакой. Хiтра мiргаючы, падпаўзалi агнi вялiкага гораду, акружалi Сумленевiча ад флянку, як бы па-дзiцячаму гуляючы ў вайну. У вадлеглай цеменi прасоўвалiся сьветлячкi машынаў з запаленымi фарамi; аўтобусы, бы парваныя пацеркi, скоўзвалiся ў зарнiчную адтулiну Зялёнай алеi.

Сьцяпан пачуўся далёка й добра.

У балотцы за начальнiцкiмi агародамi квакала жаба. У садовай глушы сьвяцiлася ваконца альтанкi. Неўзабаве яно пагасла, але на мiг зноў загарэлася, быццам сыгналячы пра небясьпеку. Ветрык даносiў адтуль ахапкi бесклапотнай гаворкi ў заканчэньне прыемна праведзенага вечару. I, вось, разыходзяцца там. Двое. Мужчына i жанчына.

- ...будуць чакаць, - нешта сказаў мужчына.

Жанчына засьмяялася.

- Пусьцi, досыць! - папрасiлася яна. Яшчэ сказала, а потым: - Iдзi ўжо. Мяне ня трэба праводзiць. Чуеш? Ну, па, бывай... Буськi.

Сьцяпану здалося, што гэты голас ён ня раз чуў. "Чыясьцi жонка?" - падумаў ён, менавiта, аб шлюбнай здрадзе.

"Падгледзець мне чужую бяду? Чаму-б не? Сам-жа я жанаты, i хто дасьць заруку, што ў цябе ня здарыцца падобнае? Толькi, цi гэта не абарона табою пляткарскай цiкаўлiвасьцi? Ах, чыненае знаходзiць апраўданьне", - Сьцяпан з салодкiм неспакоем у грудзях чакаў прыблiжэньня постацi; яго засланяў кусьцiк. Яму нават уявiлася, што якраз ён, Сумленевiч, тут усяму прычына: спакушае суседачку, каб вывесьцi яе на пухкi луг i зацалаваць там да бяспамяцi, шукаць у ёй таго, чаго ня можа даць яму Кiра...

Жанчына прайшла. Яна зьлёгку спатыкнулася й цiха ўскрыкнула ад таго, пастаяла, быццам прыслухоўваючыся нечаму падазронаму. Сьцяпан стаiў дыханьне. Калi-б яна рушыла ў кiрунку на яго, дык уцякаў-бы ад яе ўнiз, дзе багонца й нiзкарослы алешнiк. ...Асьцярожна памаячыў ён за ёю. "Яна жыве недзе тут..."

З вулiцы насупроць, зiгзагам, вылазiў матацыкл, на якiм п'яна гарлапанiлi. Згледзеўшы ў пражэктарным сьвятле самотную грэшнiцу, тыя спрабавалi пад'ехаць да яе й, струцiўшы раўнавагу, перакулiлiся на сярэдзiну дарогi; матор, трохi пахрыпеўшы, зацiх.

- На-а-ага-ааа!!.. Янэк, нага!.. - якiсьцi зь iх стагнаў, i, у непагашаным бляску, мiтусiлася пужлiва растапыраная людзiна, кiдаючы на блiзкiя хаты дапатопныя ценi.

Ва ўцякаючай спутаным крокам моднiцы Сьцяпан - вачом сваiм ня верачы! пазнаў Кiру! Па галаве пазнаў ён Кiру, па нiжэйшым левым плячы яе i па адзеньнi. Па аглядцы, хоць яе не ўлавiў ён у яркай смузе. Гэта была яна! Ён раней прадчуў - па голасе, па сьмеху задаволенасьцi мужчынам, калi вылузвалася яна зь яго рук, з абдымкаў...

Даганiць Кiру?

Увайшоў у маладую збажыну...

Памакрэлыя ад расы нагавiцы прылiпалi яму да лытак, ногi грузнулi ў рыхлай ральлi. На Самулёвым пагорку старажавала вышка, за якою маленечкiмi iскаркамi папярэджвала пра сваё йснаваньне высакавольтная лiнiя.

"Кiра гэта - там? Я ператомлены, у мяне дрэнна са зрокам, дажыўся я жахлiвай трызны! Ня можа таго быць, каб у альтанцы, у домiку, у той цацачнай будцы, зь якой напамаджаныя морды абнюхваюць вяргiнi ды язьмiны на загонiках, яна зыходзiлася з кiмсьцi, каму, пэўна, напляваць на яе, на мяне, на ўсё! Зь якiм-небудзь засранцам, залатавусным набабнiкам або сынком багатага бацькi, Сьцяпан абмацаў кiшэнi ў пошуках папяросаў. - Не гарачыся, Сумленевiч, пачакай: iдзi, паглядзi ды запамятай нумар сядзiбы, агароду, i правер у адмiнiстрацыi, хто там гаспадар. Тады ўжо й думай. Ня стой ты, а яшчэ лепш бяжы за жанчынай, яна адыйшлася не далей, як на сто крокаў, i сачы за ёю, каб упэўнiцца, цi Кiра яна? Спатрэбiцца - перапынi яе, нешта прыдумай, каб, у выпадку памылкi, сказаць ёй: выбачайце. А калi, усё-такi, акажацца, што яна... ну..." - ён павярнуў наўскасы, папоцемку абмiнаючы клiчучых на дапамогу. Каля платоў наскочыў на Сьцяпана сабака, чорны як ноч, зь белым грэбенем зубоў, i, дастаўшы абцасам па носе, працягла заскавытаў.

На ненармальна апусьцелай вулiцы Сьцяпан пабег, з радасьцю сьцьвярджаючы, што наперадзе нiкога няма.

Дома зьдзiвiла Сьцяпана ня тое, што Кiра даводзiла сябе да парадку, вычышчваючы спаднiцу й папраўляючы прыгожую прычоску, але - яе вочы. Пасьпешна зачынiўшы за сабою дзьверы, ён сказаў: - Добры вечар, Кiра.

Памiж iмi, мажлiва, няхутка дайшло-б да пераломнай размовы, й, некаторы час, маўчалi-б яны кожны пра сваё, калi-б не яе ўмельства валодаць сабою, на хаду пазбывацца разгубленасьцi.

- Дзе гэта ты быў? - адказала яна на яго прывiтаньне. - Глянь, якiя ў цябе нагавiцы! Мо' валяўся...

- Я не тваёй натуры, - адсек ён.

- Што ты маеш на ўвазе?

- Хочаш ведаць?

- Ня скажаш мне?

- Падумаю, - Сьцяпану ўсё здавалася, што ўблытваецца ён у лiшняе. I непапраўна шалёнае, у чым будзе потым шкадавацца.

- Дзякую табе за тое, што хоць у дачыненнi да мяне ты думаеш, - зьедлiва адказала яму Кiра. Гэта быў яе намёк.

Сьцяпанам панесла:

- Я не пацярплю, Кiра, твайго зазнайства, круцельства й, наогул, адносiнаў да мяне звысоку!

- Го-го, - пакiвала яна галавою, не адхiляючыся ад люстра. - Ты дасканала ахарактарызаваў сябе. Не дасьцiпна, праўда, ды затое коратка. Наступную тыраду прашу вымаўляць цiшэй - людзi сьпяць.

- Можаш мне сказаць, дзе ты была? - ён запытаў яе амаль шэптам. Яму перасохла ў горле.

- Пра тое-ж я запытала цябе, - зашаптала яна, крыўляючы яго зь неспадзяванай весялосьцю.

"Яна шчасьлiвая!" - зразумеў Сьцяпан. Ён нахiлiўся, каб разбуцца (ад запэцканых пантофляў адвальвалiся камякi гразi). З-над вушэй выцякаў у яго пот, утвараючы на барадзе кроплi.

- Я, Кiра, хадзiў на шпацыр i бачыў, як вывалiлiся тыя два на матацыклi... - ён паглядзеў на яе спадылба, ня могучы разьвязаць шнуроўку, якая безнадзейна зашмаргнулася.

- Вывалiлiся?.. Дурнi!

Гаварылi яны далей шэптам. Ды ня гэта ўразiла Сьцяпана; яна, адразу прыкмецiў ён тое, страцiла на сваёй самаўпэўненасьцi i ўзялася, зусiм бяз сэнсу, прырэзваць свае маляваныя пазногцi. I ўся яна неяк адразу стаiлася.

- Я клiкаў цябе, - махляваў Сьцяпан. - Ты ня чула мяне?

- Не-а, - Кiра ня здолела сабрацца ў сабе, пстрыкала манiкюрнай прыладаю, прыкiдваючыся ўважлiвай да робленага. - А дзе ты мяне клiкаў? - яна не падняла галавы. У яе чырванела шчака.

- Калi ты не пачула, дык рэшта няважная, - адказаў ён галасьней: "Божа мой, я суцяшаю сябе тым, што Кiра не захлусiлася? Што ёй не ўдаецца вылгацца й яна выдае сябе? У яе няма прадуманай хiтрасьцi, якая зьнiшчае пачуцьцi. Але, што здарылася?" - Кiра, скажы, ты разьлюбiла мяне? - Сьцяпану падабалася расейскае "разьлюбiла". (Мацi, часамi, сьпявала падчас сваяцкiх застольляў пад Беластокам...)

- Гэта што? - адказала Кiра. - Новы варыянт тваёй барацьбы за шчасьце? Цi мо' гэта спроба перавыхаваць жонку, якая зазналася? Шантажам! - яна падыйшла да шафы. - Адыйдзi, дай мне месца...

- Гэта спроба, Кiра, запытаць цябе, чаго ты сядзела ў домiку на агародах? - выказаў ён словы, якiх баяўся. Яна павярнулася да яго з адчайнасьцю ў вачох:

- Ах, во, што цябе мучыць... Сочыш ты за мною? - глуха крыкнула яна на яго. - Нiчога лепшага ты ня ўмееш рабiць?! Чалавек вялiкай амбiцыi, ха-ха, зважае, каб ня стацца раганосцам, ха-ха-ха... Манiфэст усекаапэратыўнай рэвалюцыi павесiў ён на цьвiчок i стрымгалоў паiмчаў за нявернай палавiнай, каб адпужаць ад яе ў поле магутнага адзiнца, што самотна рохкае ў разорах. Якi ўпадак!

- Жартуеш! - бялеў Сьцяпан.

Ён, пастрашнелы, выпрастаўся ва ўвесь рост.

- Гэта ты жартуеш, калi ня ведаеш таго, - яна падступiлася да яго ўпрытык. - Заводзiш гульню ў дабрадзея, за якую iншыя плацяць. Табе няясна, га? Ах, табе нiшто й нiколi ня будзе яснае, - Кiра раптоўна адвярнулася ад Сьцяпана й выйшла ў пакой, скiдаючы зь сябе блюзку. - Няшчасная я...

- Адну хвiлiнку, - пратэставаў Сьцяпан. - Ты, Кiра, мае справы кiнь i адказвай на пытаньнi. Чуеш?

- Што гэта значыць, твае справы й мае справы?

- З кiм ты сустракаесься?

- Хочаш запытаць: каму я яшчэ даю, апроч цябе?

- Не грубiянь...

- Ты, Сьцяпан, мае справы таксама кiнь, - яна аглянулася на яго ад атаманы. - Так будзе нам лепш.

- I гэта гаворыць мая жонка?

- Як i ты, мой муж...

- Я маю права ведаць...

- Як i я, чаму ў цябе мокрыя нагавiцы!

- Iшоў я цераз збожжа...

- Прытуляючы дзеўку да грудзей?

- Якую дзеўку?! Я... я...

- Ведаю - ты нюхаў за мною, бы чырвананосы сышчык, - сказала Кiра са спакоем. Яна расьсцiлала пасьцель.

- Ня буду я з табою спаць.

- Слушна. Другiм быць - ня гонар.

- Хто ён?

- Малады, моцны i сьвядомы сваёй мэты.

- Гэтай мэтай зьяўляесься, вядома, ты?

- Яму - так.

- А табе - ён?

- Не.

- Не?

- Не.

- Дык хто? Або - што?

- Не, хто. Ты!

- Я?

- Ага.

- Скажы мне гэта яшчэ раз, - ён зацiснуў кулакi.

- Калi ласка: ты!

- Як гэта я павiнен разумець?

- Звычайна, стасуючыся да тваёй тэрмiналёгii - зло перамагаю я... злом!

- Ты, мабыць, п'яная?

Сьцяпан нацэлiўся ўдарыць Кiру па шыi, ззаду. Перашкодзiў гэтаму воклiч цешчы: "Лягайце вы спаць! Ужо ноч сьвятая!"

- З маладым можна прахлiснуць i паўлiтра, - Сьцяпан сказаў гэта Кiры з абыякавай iронiяй. - Тады адбываецца сьмялей...

- Так?

- Пытаеш?

- У вопытнага - чаму-б не?

- Кiра, не рабi зь мяне такога, як сама ты.

- Згодна. Хоць адно з нас захавае чысьцiню.

- Я цябе не пазнаю, Кiра. - У яго галаве мацнеў шум, i, ад слабасьцi, яму падкошвалiся ногi. - Што з табою?

- Сачыў-жа - ведаеш.

- Але: чаму, чаму?

- Чаму? - яна зьняважлiва надзьмула губкi. - Бо я не жадаю стацца саламянай удавою! Не разумееш, што я ратую цябе ад змураванага яшчэ за царом беластоцкага цэнтрала? - Кiра спалохана змоўкла; энергiчна падбiла падушку, ажно пасыпалася зь яе пер'е.

- За што?!

- За абняслаўленьне старшынi ўчынiлi-б яны табе наступны суд. Сьведкi ўжо падрыхтаваныя. I дакумэнтацыя.

- Дакумэнтацыя? Якая?

- А такая, на падставе якой было-б табе даказана, што ты публiчна ганьбiш добрае ймя кiраўнiка ўстановы, трэба дадаць, узорнай установы. Сьцямiў?

- Гм, - зьдзiвiўся Сьцяпан.

Кiра расшпiлiла станiк.

- Ёсьць пiсьмовыя паказаньнi наконт таго, як ты ляпаў языком розную ерась ды неверагоднiцу пра каапэратыў i яго старшыню, актывiстаў i кiраўнiчых работнiкаў, у рэшце рэшт, i пра асобы, выконваючыя ўладу... Яны, твая сябрына, на ўсе чатыры капыты каваныя, Сьцяпан, - яна апусцiла майткi й, голая, скамандвала: - Падай мне пiжаму, я памыюся...

- Хi...

"I як цяпер цалаваць яе, адбымаць, тулiцца? Гэта-ж будзе ашуканае каханьне! Падробленае яно, бы мёд ад пчолаў, якiх круглы год кормяць нечым штучным, цукрам, - боль пранiзваў Сьцяпана, быццам пазалетась, перад вясельлем, калi, пакутуючы ад запаленьня падкосьнiцы, апынуўся ён у iнстытуце зубной хiрургii, дзе з дапамогай доўгiх шпiлек праводзiлi яму блякаду нерваў скiвiцы. Халодны боль! - А з кiм-жа яна? Божа, дай мне цярплiвасьцi! Стары гаварыў, што разводу ня будзе. Мо' й ня будзе?.. Прызналася яна аднаму мне? Я-ж кахаю яе, халеру! - Сьцяпан заплакаў нема, па-мужчынску. - Ну, Кiра фiзычна аддалася... Якая розьнiца - ва ўяўленьнi цi фiзычна? Або хiба раз я марыў пра тое, як гэта навалiцца-б на тую цi iншую прыгажуню! I, несумненна, сталася-б яно так, калi-б была на тое нагода. Так. Але з жанчынай, кажуць, iначай... У яе не бывае раздваеньня душы й цела, у ёй гэта - адзiнае. Яна, чаго добрага, гатовая спадабаць i гвалтаўнiка, калi ён праявiць невядомае ёй умельства. Гм, да чаго-ж можна дадумацца! - ён выцерся насавой хустачкай, бруднай i прапацелай. - Кiра хоча мяне, й гэта самае галоўнае. Ды чаму яна пайшла да якогасьцi мужчыны? Кажа: гэта я ратую цябе! Як? Даючы раскошу камусьцi, хто намераны спляжыць мяне? Каму, каму, каму, чорт вазьмi??!"

Кiра вярнулася з ваннага.

- Зачынi, Сьцяпан, акно. Я распараная, магу застудзiцца, - загаварыла яна, як бы ў нiчым не бывала. - У нас працякае кран. Ты пазванi ў адмiнiстрацыю, каб далi новую пракладку. Не забудзь таго, Сьцяпан.

- Ага...

- А працу давядзецца табе зьмянiць, - Кiра вярнулася да недаказанага. - I то зь першага. Заўтра пагаворым аб гэтым з татам. Хадзем ужо спаць. Позна, па iлбе й носе расшмароўвала яна сабе крэм.

"Вада супакойвае", - Сьцяпан нiчога не адказаў ёй.

Яна дадала:

- I я вазьму сабе працу.

- Ты, Кiра, ужо працуеш.

- Перастань, Сьцёпа! - аблiла яго гнеўным позiркам. - Не мая ў гэтым вiна, i трэба забыць...

- З кiм ты дабiлася таго?

- Я не казала табе?

- Не.

- Са старшынёю.

- З гэтым падлам?!

- А з кiм ты думаў?

- Гэта яго агарод там? - дапытваўся ён. Адчуваў Сьцяпан, як у iм усё недзе апускаецца, як мярцьвеюць яму ступнi i дзеравянее патылiца, па-дзiцячаму дрыжыць барада.

- Яго.

- Я заб'ю цябе, Кiра.

- Але перад тым - пасьпi.

- Кiра-а!!.

Яна схапiлася.

- Мама!! - крыкнула Кiра, упёршыся плячыма ў сьцяну. - Не дурэй, Сьцяпан, ну!

У дзьвярох зьявiлася цешча. Яна шмат чула, й гэта было вiдаць па яе зусiм ня сонным твары.

- Чаго ты хочаш ад яе? - старая грузна прасунулася дапераду. - Ня муч ты нас! Адкуль i ўзяўся ён такi? Ах, Божа мой, Божа!..

- Хто каго тут мучыць?! - выскалiўся Сьцяпан.

- Ты што хацеў ёй зрабiць?

- Даць, курве, па мордзе!

- Што ты сказаў?! - загрымеў з глыбiнi спальнi цесьць.

- Тата! - вiскнула Кiра, й гэтага было ўжо дастаткова.

Сьцяпан ступiў да жонкi й замахнуўся на яе.

- Ста-ань!!! - цесьць з ашаламляльнай лёгкасьцю падскочыў да Сьцяпана й схапiў яго за грудзi. - Табе жыць абрыдла, га?!

- Пусьцеце-е! - вытузваўся Сьцяпан. - Я йду ад вас.

- Нiкуды ты ня пойдзеш, паганец! - прасiпеў стары.

- Але. Змарнаваў дзяўчыну, й цяпер ён пойдзе сабе гуляць, - сакатала цешча. - Хто яе зноў замуж возьме? Разумны якi знайшоўся!

- Я болей ня муж ёй.

Кiра закурыла. Яна выглядала на курку, якую выгналi з рассаднiка; ад крыўды забылася выкрычацца.

- Ну, гаўняк, абсядзь, кажу табе! - цесьць цяжка адступiўся, як бы спадзеючыся разьюшанай бойкi. - А ты дзе ўночы цягалася?! - вызьверыўся ён на дачку. Сьцяпан здагадаўся, што стары карыстаецца прыёмам нiкому не прызнаваць рацыi; знакамiта суцiшыў ён авантуру. - Куды ты бегала, цябе пытаю?!

Спрытная, Кiра вiнавата маўчала.

- Ну, Кiрачка...

- Выйдзi, Альбiна, - цесьць у гневе называў старую Альбiнай, пасьля чаго яна не адзывалася. З гэтым iмем зьвязаная, вiдаць, абразьлiвая ёй прыгода.

Наступiла цiшыня, у якой чулiся перабрэхi сабакаў у панадворках.

Калi засталiся ўдваiх, Кiра сказала:

- Сьцяпан, выслухай мяне да канца.

I гэта паўстрымала яго.

- Слухаю.

- Памятаеш, Сьцяпан, як старшыня гасьцяваў у нас у Каляду?

- Так.

- Ён быў тады адзiн.

- Так.

- Бяз жонкi.

- Каб прымерыцца да цябе, - упiкнуў яе Сьцяпан.

- Тут i ўся загадка, - Кiра не прыняла яго выклiку.

- Якая?

- Ён - iмпатэнт, - сказала яна грубую дурноту, але з крышынкай зьдзеклiвасьцi на вуснах.

- Гэты буйвал? Не хлусi, Кiра! - ухапiўся ён за нешта нечуванае.

- Сьцяпан, - яе аблiчча пасуровела. - Я не здрадзiла й ня здраджваю табе. Прашу: павер ты мне. I калi-б ня гэтая няшчасная выпадковасьць, нам лягчэй даўся-б той паварот жыцьця, на якiм абое мы апынулiся. Я ўчынiла табе, Сьцяпанка, гiдасьць не таму, што яна сапраўды адбылася, але таму, што ты наткнуўся на яе.

- Усё роўна, што на каровiн ляпняк, - ён зласьлiвiў ёй. Яго хiлiў сон, i гэта была добрая пазнака.

- Бачу, што няхутка мы зможам быць сардэчнымi сабе.

- Сардэчнымi? - Сьцяпан усьмiхнуўся пад ногi. - Столькi разоў мы сказалi сабе ўсё, што было галоўным кожнаму з нас паасобна... Суду, значыць, ня будзе?..

- Ня будзе, Сьцяпанка, мiлы мой! - ажывiлася Кiра. - Старшыня накiруе справу так, што страты ад падпалу яго машыны акажуцца невялiкiмi й цябе засудзяць толькi ўмоўна...

- Цудоўна!

- Сьмейся ты з суду, якi абыйдзецца без турмы! Дадуць табе, скажам, тых умоўных восем месяцаў, ну, год. От, скажаш суду, што незнарокам... Зрэшты, дакладна абмяркуем яшчэ...

- Са старшынёй?

- Ня будзе ўжо патрэбы гаварыць зь iм, Сьцёпа.

- Пазлавалi, пазлавалi, i пасьцелька пагадзiла iх - заўтра скажа пра нас твая мацi. Маладыя, зялёныя... Вырастуць, дык i скура пацьвярдзее iм. Да Кiрушкi маёй дабраўся сiвы дзед, ды што ён мог зрабiць ёй, дзеўцы як рэпа. А зяцёк, булава, як ня вырачыўся на яе, быццам сямёх яна на сабе вазiла! I было гэта за што, Альбiна, га? Свары, крыкi на цэлую вулiцу... Людзi падумалi пра лiхое, - крыўляў Сьцяпан.

- Адстань ты ад мацi.

- Эт, нiчога благога я пра яе асабiста не сказаў.

- Слухай, дарагi: пасьля бойкi рукамi не махаюць. Спрабуй ты пабыць справядлiвым i дадумайся да таго, што ва ўсiм гэтым рызыкую я й толькi я! Па ўласнай, непрымушонай волi.

- У мяне, Кiрушка, узьнiкла зараз дапушчэньне, што ты вынайшла аргумант, надта-ж зручны табе аргумант, якiм пакарыстаесься, калi Бог дасьць табе здароўе, зь любасьцю. Пры маiм характары нагоды для таго, ой, будуць.

- Сьвiньня!!!

- Асьмельваюся заўважыць, шаноўная дама, што ўжылi вы слова жаночага роду, якое ня надта падыходзiць да мяне, мужчыны. Але я разумею вашу заклапочанасьць: як-жа прыраўнаць мяне, напрыклад, з...

- Сьцi-i-хнi-iii!!! - яна заткнула вушы, й зь яе вачэй сыпалiся сьлёзы, трохi як у лялькi, якую вырабляюць немцы. - Сьцi-iхнi!.. Сьцiхнi...

Цешча ўрачыста прачынiла дзьверы.

- Дакуль ты, Сьцяпан, будзеш гэтак зьдзеквацца над ёю, - прамовiла яна.

- Шок, - тлумачыў старой Сьцяпан, - паскудны шок у яе, якiх тысячы штодзень. Амiяку ёй, Кiры, пад нос! Няхай дыхне iм, дык умомант зрэнкi пакруглеюць ёй. Ого, амiяк. Зараза! - гаварыў ён са сьцiшнаватай дабрадушнасьцю. - Ну, я пайшоў...

- Дочанька, Кiранька, ты чуеш мяне? Кiра, ня трэба... Ну, ня трэба... Ляж, а я каля цябе, ну, цiха, ша-а... Вось так, адпачнi... Я пагашу сьвятло...

27

Сьцяпан беспамылкова трапiў у вагарод старшынi. Ён узламаў сьмешны замок на хiсткiх дзьвярох альтанiкавага домiку, запалiў лямпачку ў ружовым абажуры, распрануўся да трусоў ды разьлёгся на турысцкiм ложку са скрыпучымi спружынамi. Губы сьпяклiся яму ад смагi; ён устаў, каб напiцца вады з крану, й, тады, угледзеў банку з фарбай. Пашукаў пэндзля, зьдзертага й шырокага; iм напiсаў пад стольлю СТАРШЫНЯ+КIРА, а знадворку - ад вугла да вугла - IМПАТЭНТ. (Эмаль абцякала, дарабляючы лiтарам сьцёблы; Сьцяпан некалькiмi падоўжанымi мазкамi вывеў гарызанталь, прыдаючы ўсяму выгляд дзiвацкага квяцiстага арнаманту.)

У якiмсьцi задворку сьпяваў адурэлы певень. I не знайшоўся другi, якi-б адказаў яму.

На ўсходзе паясьнела неба, i Сьцяпана змарыў сон.

Адзiн з тых сноў, падчас якiх не было яму адпачынку; галава запаўнялася думкамi. "I што ты пра ўсё гэта скажаш? - пытаў Сьцяпан у Сьцяпана, якiм ужо перастаў быць. - Твая Кiра зусiм не дзiва нейкае, - азваўся той Сьцяпан. Мая, напрыклад, Нiна мела сон, у якiм я загадаў ёй легчы з начальнiкам аддзелу камунальных кватэраў. Думаеш, абурылася яна на тое? Мы пяты год жылi кватарантамi, з маленькiмi дзяцьмi... - А пасьля, дык што яна сказала табе? пацiкавiўся Сьцяпан. - Нiчога. Начальнiк, на шчасьце, вельмi хутка стамiўся, адказаў той за Нiну. - Заснуў? - дапытваўся ён падрабязьней у таго Сьцяпана. Але, ды мая Нiна, нябога, да белага дня й вока не заплюшчыла, праклiнаючы ўрадаўскага слабака, - прызнаваўся далёкi Сьцяпан. - А ты, дык што? - ён не дазваляў яму зьнiкнуць. - Я? Плакаў, зачынiўшыся ў туалеце, i вырашыў заўтра, у ваддзеле, запатрабаваць за гэта ордэр на кватэру яшчэ ў жнiўнi", - адказаў той Сьцяпану.

- Далi?

- Гэта быў сон, Сьцяпан, - прыпомнiў яму iншы Сьцяпан. - Ён запамятаўся мне таму, што жонка расказвала яго за сьнеданьнем i паклала на маю талерку лiшнюю порцыю вэнджанай шынкi. Яна, ведаеш, скупая - дазваляе мне курыць толькi танныя папяросы, а ў нядзелi дае сем злоты на пiва, мутнае, бо дайлiдзкае...

- Мая справа, дарагi, - гэта ня сон, - ад перажываньняў Сьцяпанка амаль прачынаўся. - У мяне ўсё сапраўднае!

- Сапраўдным мы прызвычаiлiся лiчыць марныя спробы ажыцьцяўленьня думак, адказаў Сьцяпану iншы Сьцяпан. - Твая Кiра, во, здрадзiла табе ў нашым значэньнi, але гэта чыстая выпадковасьць. Трэба, аднак, задумацца нам над тым, цi не сутыкнулiся мы ў ёй з дарослай вернасьцю? Жонка, магчыма, у чымсьцi, э, перавысiла цябе... Мужчыны ў пытаньнях зайздрасьцi застаюцца пераважна юнакамi, э, ведаеш...

- Хто ты?! - крыкнуў Сьцяпан, ахоплены страшэнным прадчуваньнем.

- Я, э, твой старшыня, падла ты! Хэ-хэ-хэ...

Сьцяпан схапiўся, успацелы да кончыкаў валасоў. На пяць хвiлiн да пачатку працы.

Ён дапаў да ўмывальнiка, але ў iм не было вады - кран псычэў па-зьмяiнаму. Пальцамi працёр Сьцяпан закарэлыя вочы; на ўслончыку (вясковага вырабу) стаяў бляшаны кубак з запыленым павуцiньнем. Сьцяпан лiхаманкава заглядаў у рознае начыньне, парасстаўлянае па памяшканьнi. Яго зараз неспакоiла адно - як пачысьцiць зубы?! Падумалася яму, што ў вагародзе расьце радыска...

Быў засеяны ёю загонiк пад яблыняй. Калiсьцi хлопцы з Садовай, памятаў Сьцяпан, на загуменьнi Казырскага пад Васiльковам кралi яе й давалi дружнага драпака за сажалкi, пад вадапомпу, дзе ў дзiкай траве трымалася раса, якой абмывалi яны сабе рукi й драпежна запэцканыя зямлёю твары, качалiся па зеленi ды рагаталi да болю жывата ад дурной радасьцi, што ўдалося iм, што нiхто ня гнаўся за iмi i што цёпла сьвецiць сонца...

Сьцяпан, скiнуўшы кашулю, ухапiўся за пакiрачаныя галiны яблынi й з усяе сiлы закалацiў дрэвам. Яму пасыпаўся на плечы й сьпiну гусьценькi дождж, крапаючы й на лiсьце гароднiны, быццам гэтак зьнянацку выпаўшы з хмурынкi ў пагодны дзень. Ён задрыжэў ад холаду, заварушыў лапаткамi й, выгнуўшыся, пачаў абцiрацца хустачкай, мяркуючы пры тым, што было-б лепш зрабiць тое сподняй часткай кашулi. Казытала яму ў карак трэска сухападзiны; калi Сьцяпан угледзеў, што гэта вусенiца, ахапiла яго гiдасьць.

Ён выплюнуў недажаваную галоўку радыскi й, ледзь трапляючы кулакамi ў рукавы, апрануўся. Доўга ня думаючы, Сьцяпан пералез цераз плот i наўздагад, сьцежкамi, бягом пайшоў да далёкага прыпынку ў канцы Зялёнай, разы два аглянуўшыся ў бок домiку; там iскрыўся ранак.

Яму пашанцавала пасьпець на "шасьцёрку".

Перад скрыжаваньнем з Васiлькоўскай мiльганула ў шыбе бяздарная шыльдачка цырульнiка, й Сьцяпан схамянуўся, што едзе ён на працу непаголены. Гэта зьнясьмелiла яго, а нават - засаромела. "Усё-такi, нядобра, ой, нядобра!.. Скажу, што запускаю бараду, дык пачнуць яны сьмяяцца зь мяне памiж сабою: у знак пратэсту перад судом Сумленевiч перастаў галiцца?! Чулi - ён зноў дэманструе! Глядзеце вы на гэтага дзiвака!" Сьцяпан гладзiў шчокi, як бы спадзеючыся, што такiм чынам, магчыма, пазбавiцца шчацiньня; пад далоняй адчуваў прыкрую колкасьць.

Калi, з падробленай упэўненасьцю, iшоў ён у свой габiнэт, калiдор пуставаў: быў гэта час ранiшняга чытаньня "Сучаснай газэты". Сакратарка знаходзiлася ў надзвычайным водпуску - нехта зь яе раднi жанiўся? - i Сумленевiч, прыпазьнiўшыся звыш паўгадзiны, зьявiўся на працы, можна сказаць, незаўважаным. Як зазвычай, сеў ён за пiсьмовы стол i, апёршыся локцямi, цяжка задумаўся. Усё, навокал бачанае iм, раптам выдалася яму ня тое, што не сваiм, да якога маюцца абыякавыя адносiны, але наогул непрысутным. Нерэальным! Хаця-б той канфэрэнцыйны столiк, пра якi любiў ён пажартаваць, што прадасьць яго ў музэй неадухаўлёных сьведкаў важных зьдзяйсьненняў, зараз уяўляўся Сьцяпану чымсьцi выпадковым у полi яго зроку. Шышкай на ўсё роўна якой ялiне.

Брала яго ахвота аберуч згарнуць у вадно горбачкi службовых паперынаў, ненавiсных яму, ды, расчынiўшы акно, вышпурнуць iх на вулiцу, на галовы адзiнокага натоўпу... Пагамоўваючы ў сабе мацнеючае шаленства пасьля неверагоднай ночы, Сьцяпан з натужлiвай замаруджанасьцю аднаўляў здарэньне з пажарам кватэры на сёмым паверсе вышыннага будынку, ля якога, аднойчы, праходзiў ён (купляў тады лiмоны ў краме ля Складоўскай). У павевах ветру было вiдаць, як на тым бальконе, ахутаным густым дымам, панiкуе чалавек, кiдаецца ён у бакi, быццам дрэнны актор у вадэвiльнай сэне. Тратуарная публiка бавiлася нечаканым вiдовiшчам i спрачалася наконт колькасьцi паверхаў; прыiмчалi пажарнiкi. Бухнула полымя - i блiзка зазьвiнелi асколкi шкла. Нешчасьлiвец пра яго ўжо ведалi, што ён раганосец, алькаголiк i псiхiчна хворы - даволi спрытна апусьцiўся на нiжэйшы балькон, на якiм ён пахiснуўся й ня здолеў утрымацца, пакаўзнуўшыся там, напэўна, на якiмсьцi ламаччы; яшчэ зачапiўся аб тэлевiзыйную антэну на ўзроўнi трэцяга паверху й павалок яе за сабою, нагадваючы зьбiтага лётчыка зь нерасчыненым парашутам. "Ляснуўся ён аб асфальт, бы жаба жыватом", - са смакам перадаў зьвестку Сьцяпану хлопец у акулярах, доўгавалосы й з кнiжкамi пад пахаю, губасты. За ягонымi плячыма, калi ён адварочваўся ад Сьцяпана, праскавытала карэтка "хуткай дапамогi"...

Тэлефон зьвiнеў доўга, пакуль Сьцяпан працягнуў руку па трубку. (Ён, мабыць, не прыняў-бы яго, калi-б згледзеў, што гэта ўнутраны апарат.)

- Тося? - пачуў Сьцяпан у трубцы й адразу здагадаўся, што гэта звоняць яго сакратарцы; у яе, праўда, iншае ймя, але жанчыны любяць перахрышчвацца.

- Панi Тося сёньня не працуе, - адказаў ён камусьцi.

- Прабачце мне, пане загадчык, што вас патурбавала: тэлефанiстка так спалучыла...

- Нiчога ня здарылася, - перабiў ён галасок з галоўнага сакратарыяту; адтуль званiлi. Сьцяпану разанула ў грудзях, i ён, невядома чаму, забаяўся, што ў яго зараз пачнецца крывацёк. - Нiчога... Бывайце шчасьлiвыя, - ён у такiх выпадках расказваў анэкдот. Бывала, дзеля гэтага дурылi яго прадпрыемлiвыя беларучкi.

- Я, пане загадчык, павiнна перадаць вам лiст. Дазвольце зайсьцi.

- Калi ласка.

I толькi пасьля падумаў Сьцяпан, што яму трэба было адцягнуць яе прыход настолькi, каб мець час выйсьцi ў горад пагалiцца (цырульнi ля Варшаўскай адчыняюцца ад дзесяцi), набыць туалетны камплект; прыпарадкавацца.

Яна ўвайшла, хуткая й на модных абцасах, зусiм ня гледзячы на Сьцяпана.

- Дзякую, - сказала, калi ён неадкладна расьпiсаўся на копii атрыманага iм лiсту, i гэтак-жа энэргiчна выйшла.

Пакiнула яму благi дакумант. Ня трэба было быць псыхалёгам, каб адчуць тое па гэтай жанчыне. Больш таго: Сумленевiч быў у стане прыблiзна сказаць, чаго, менавiта, датычыла аштампаваная паперка з выкрутастымi подпiсамi, характэрнымi тым, хто хварэе на малазначнасьць.

Пакратаўшы ўказальным пальцам чарнiлiцу з пэгасаўскiм пер'ем, чортведама кiм i адкуль прыдбаную сюды, Сьцяпан, ня могучы ўседзець проста, круцiўся ў крэсьле, машынальна выцiскаючы прышчыкi на носе. "От, заразы!" - ён суцiшыўся на хвiлю, вывучаючы спачатку тыя подпiсы (карацюткi тэкст). Так, гэта была пастанова ўправы каапэратыву аб пераводзе Сумленевiча з пасады загадчыка аддзелу на рэфэрэнта. Пераўтварылi яго ў маленечкага, ад сёньня заўсёды трусьлiвага, чалавечыка, як сказаў-бы пра становiшча Сумленевiча адзiн зь яго сэзонных сяброў (зь нятоенай, вядома, задаволенасьцю).

Зрэшты, хтосьцi зь iх - канкрэтна не запамяталася гэта Сьцяпану - адведаў яго, бадай, у той-жа дзень. Паводзячы сябе бы наведнiк заапарку, ён з жартаўлiвай, але досыць праўдзiвай, асьцярогай падаў Сумленевiчу руку.

- Ну й зарос ты, Сьцяпан, быццам воўк у клетцы!

Так: у той дзень.

- Воўк?! - зьдзiвiўся Сьцяпан. - Ваўку, хiба, трэба абрастаць?

- Гэ, бадай, не, - ён усьмiхнуўся па-бабску, з пляткарскай сымпатыяй. - Ты нiкуды не паказваесься, таму й падумалася мне пра зьвера... - гаварыў Сьцяпану шмат i ахвотна.

Ён не прыйшоў дамаўляцца зь iм на выпiўку; здаецца, што - ад некаторага часу - i ня пiў (зноў пачаў прысядаць ён да чаркi, як потым сказалi Сьцяпану, у пэрыяд рэарганiзацыi, якую, усё-такi, правялi).

- Сьцяпан, - загаварыў ён з аглядкаю. - Сьцяпан, кiдай ты пад халеру каапэратыў i бяжы адсюль, куды цябе вочы панясуць!

- У чым справа?.. - запытаў яго Сьцяпан. Гаварылi яны да сябе па iменi; у яго было рэдкае ймя - Анастас?

- Гэ, муж нявернай жонкi даведваецца аб усiм апошнiм... - i ён расказаў Сьцяпану пра вельмi важнае.

Але Сьцяпан ня чуў яго, задумаўшыся над сьпiсаным алоўкам. Таму ён i перапытаў размоўцу, перш папрасiўшы ў яго папяросу (забыўся купiць пачак "спортаў"):

- Ага, прабач... Як ты сказаў?

- Ня верыцца табе, га?

- Чаму? Цiкава...

- Цiкава, кажаш? Браток, тут табе ўцякаць трэба! Бегчы, няхай сабе й зь дзьвярыма на плячох - пазбудзесься дошкi з клямкай на вулiцы, калi прыпынiсься, каб пераканацца, цi не даганяюць цябе, гэ... На, закуры яшчэ, ён падаў Сьцяпану дзiвосна тоўсьценькую папяроску, даўкую. - Сам я чуў усё наконт цябе, яны ня тояцца з гэтым. Больш скажу: спэцыяльна гавораць яны пра тое ўголас, каб падрыхтаваць настрой сярод так званага калектыву. Нябось, недурныя госьцi, гэ... Што? Думаеш - я махлюю?

- Ты, калi ласка, паўтары мне...

- З табою, Сьцяпан, размаўляць горш, чымсьцi з бабуляю, - гаварыў ён зь бестактоўнай весялосьцю. - Слухай: яны ўчыняць над табою грамадзкi вэрхал, iначай - агульны сход працаўнiкоў установы закляймiць цябе, як небясьпечнага хулiгана й вырадня! Сьцямiў? Гэта называецца пазытыўна паўплываць на незалежны ў сьвеце суд, на якi, несумненна, аддасьць Сумленевiча гэтая хэўра. Сьведкаў падрыхтавалi. Ты ня сьпi ў шапку, пагалiся, браток, i, плюнуўшы на дурны штат, салiдна акопвайся са сваёй бандай - чыя акажацца яна большай, таго й праўда будзе, - ён змоўк у чаканьнi ўражаньня.

- Ты, мабыць, добра кажаш.

- Як самому сабе, браток, га.

- Будзеш маiм сьведкам?

- Я?

- Ну.

- Я аб нiчым ня ведаю, дарагi.

- Раскажаш ты, от, пра мяне, як пра чалавека, суду i людзям, - у далонi Сьцяпану зламаўся аловак i выступiла кроў; пакалечанае прыткнуў ён да вуснаў.

- Я не магу табе нiчога пэўнага абяцаць, - ён адказаў яму сiпеючым голасам. - Я, бачыш, выкупiў пуцёўку ў вадпачынак, гэ...

Ад нязначнай ранкi на руцэ пашыраўся боль. Ад гаючай пякучасьцi сьлiны.

- Сьведка можа апраўдаць сваю непрысутнасьць перад судзьдзёю толькi цяжкай хваробай, - сказаў Сьцяпан.

- Ты ня зробiш мне такога, - устаў цэлы Анастас (ён - Сьцяпан не памыляўся - меў мянушку Глянцпаперчык).

- Не паратуеш, дружа, мяне?

- Як, браток? - загарачыўся ён i ляпнуў: - Цябе я не абараню, а сам прападу. Зразумей, яны, - ён панiзiў голас, - так прыцiснуць цябе, што ўсе мы з табою насамi ў зямлю зарыем. Нешта не даводзiлася мне сустрэцца з фактам, калi начальства прайграла справу ў судзе...

- Разумею. I не крыўдую я на цябе.

- Ну, браток, бывай.

- Да пабачэньня.

Глянцпаперчык разьвiтаўся са Сьцяпанам без намеру калi-небудзь пабачыцца зь iм. У першую хвiлiну жадалася Сьцяпану ўстаць i выйсьцi разам зь iм, нават сказаўшы: "Пачакай, i я йду". Ад млоснасьцi, аднак, яму адбiрала ногi, а ў горле брыняў камяк, якi меў смак радыскi.

Баючыся званiтавацца, Сьцяпан прымусiў сябе ўявiць рэчку й поле, купаньне на чыстых глыбiнях са жвiрыстым дном. Прохаладзь! Сьпеў матчыны: "Ой, рэчанька, рэчанька..."

- Да пабачэньня...

Дзьверы, незачыненыя за iм, паскрыпвалi ад скразьняку.

28

Сумленевiч пагалiўся ў цырульнiка, што адчынiў сваю майстэрню ў надта дарэчным месцы - у парт'ернi гарадзкой лазьнi. Ад нядбайна востранай брытвы пякла яму скура й хацелася пiць. I памыцца - вылежацца ў ваньне, ва ўсьпененай вадзе дакладна адкарэць, абмыцца й нацерцi цела шурпатым ручнiком; смачна пакурыць потым у чакальнай залi.

Прабыў ён у ванным пакоi мо' з гадзiну. Апранаючыся, зь недаверам зноўку прагледзеў тую паперку. "Вось табе й развод", - успомнiлася яму гутарка зь цесьцем. Ён скамечыў дакумант i шпурнуў яго ў сьмятнiчку, а неўзабаве - падняў адтуль, выгладзiў ды паклаў у партфэлiк з грашыма.

У каапэратыў вяртаўся ён цiхай Старабаярскай (тут чуваць было гудкi паравозаў на Фабрычным вакзале).

У галоўным сакратарыяце, калi Сьцяпан прачынiў туды дзьверы, было незвычайна спакойна.

- Шэф - на месцы? - запытаў ён у сакратаркi, аж тая зьдзiвiлася гэтым.

- Старшыня зараз заняты, - адказала яму. - Я пазваню вам, пане Сумленевiч...

Дзяўчына пужлiва ўздыхнула.

- Дзякую вам. Ня трэба - я сам, - кiўнуў ён галавою, як бы перадаючы загадзьдзя дамоўлены сыгнал.

Сьцяпану зрабiлася горача. Ён зразумеў, што падсьвядома сам прыкiдваецца прынiжаным, пераўтварае сябе ў жаласьлiвую ахвяру чыёгасьцi самавольства ў той час, калi мае ў сваiм распараджэньнi спосабы супрацiвiцца.

"Я скажу яму пра Кiру", - вырашыў Сьцяпан. Але не адразу ён учынiў тое, да дробязаў разглядаючы габiнэт, быццам нейкi мэмарыяльны пакой, прысьвечаны памяцi пiсьменнiка або вучонага.

- Алё, - ён пачуў праз мэмбрану сухi голас старшынi, якi, вiдаць, дагаворваў з кiмсьцi тэрмiновае. - Так...

- Я хачу пагаварыць з табою.

- Так... А хто гэта, э, звонiць?

- Ты не пазнаеш мяне? Я - Сьцяпан.

- Як?

- Сьцяпан!

- Сьцяпан? - i, затым, старшыня да таго кагосьцi: - Вы, э, прабачце мне... Алё, я слухаю, слухаю вас.

- Сьцяпан Сумленевiч тут, - вымавiў ён з расстаноўкай, набiраючыся заедлiвага гневу. - Су-мле-не-вiч... Чуеш ты мяне?

- Гм, э... Паслухайце вы: у мяне зараз, э, няма часу на размову. Пазванеце мне, прашу я, э, вас, заўтра ранiцай, калi ласка.

- Заўтра - гэта доўга.

- На жаль, э, сёньня ў мяне крайне запоўнены дзень. Э, так.

Сьцяпан цярплiва прапанаваў:

- Я зьяўлюся ў цябе ў дзевяць гадзiнаў ранiцы. Добра? - ён ужо як бы пабойваўся таго, што шэф, вось, пачне сыпаць сьмехам i скажа: "Пацалуй ты мяне, ведаеш, дзе?.."

- Вы перш пазванеце мне...

- Нашто? Цi ня можна нам зараз дамовiцца?

У тэлефоннай трубцы заглохла; яе засланiлi далоняй.

- А ў чым, э, справа, калi гэта не таямнiца?.. - запытаў старшыня, i Сумленевiч пазнаў па яго голасе, што ён сьмяяўся.

- Дробязь: Кiра перадае табе сардэчныя вiтаньнi й нешта такое, што хачу я ўручыць табе асабiста, - Сьцяпан дадаў: - Калi так можна сказаць, уласнаручна...

- За вiтаньнi ад вашай жонкi я дзякую, э, але не разумею iх? - адказаў яму старшыня. - Адносна-ж вашай просьбы аб сустрэчу са мною, дык, э, калi ласка, званеце мне вы, э, прыкладна, у восем гадзiнаў ранiцы. Заўтра.

- Ты запамятай сабе, што ад сёньня мы зьяўляемся шваграмi, гэта значыць, ад мiнулай ночы, i будзем карыстацца мiж сабою формай "ты".

Старшыня выключыўся.

- Звалата! Круцель! Паганец! - Сьцяпан ператрасаў шуфляды пiсьмовага стала ў сьляпой надзеi знайсьцi там ладны недакурак; часамi валялiся яны ў звалцы ўсялякiх алоўкаў. - Дурная Кiра! Дурныя бабы! Дурны сьвет! А найдурнейшы Глянцпаперчык! Ён, гэта тая людзiна, што нiчым ня стане рызыкаваць. А чаго-ж ты, брацец-Гляньцец, даб'есься ад свайго лёсу бяз рызыкi, га? Сярэдняй пэнсii на старасьць, ня болей. I горка сам заплачаш перад сьмерцю, што так недарэчна жыў столькi гадоў, столькi гадоў... Да чаго-ж гэта ўжо даходзiць: штораз больш людзей дрыжыць за кавалак чагосьцi iм дадзенага, - бушаваў Сьцяпан, аднак-жа, не падпускаючы да сябе поўнай пераконанасьцi да выказанага, каб не разгубiцца. Не ашалець! - Бач ты яго, Глянцпаперчыка: знайшоўся ён мне дарадчыкам! Ты, маўляў, Сумленевiч, уцякай з гэтай працы на iншую. Калi ня зробiш таго загiнеш! Яны, бандыты, наладзяць над табою гэткi глум за нiшто, якога ты да канцавiны сваiх дзён не забудзеш. А я, iдыёт, што й казаць, прыняў яго словы да сэрца, прыпужаўся, забыўся на тое, што мне якраз трэба публiкi, публiкi мне трэба, публiкi!.. Сказаць - перад усiмi - праўду патрэбна мне, выкласьцi яе ўвачавiдкi. Я разумею, што праўда можа й сто гадоў ляжаць, быццам багэмскi пярсьцёнак, гэтае прыдуманае нiбы-золата. Выклiчуць мяне на грамадзкi суд?.. Гэтым яны самi падлезуць пад нож! Бог iм розум адабраў... Кiра ўсё гэта падказала казлу, абдурыла яго, каб такiм чынам адпомсьцiць яму? Не, яна разьлiчвае на дзеяньне хабару: просьценька, паслухмяна, даверлiва. Улада прайдзiсьветаў трымаецца, а як-жа, на тым, што звычайны чалавек ня верыць у тое, што найжахлiвейшае паскудзтва можа сабою прыкрываць яшчэ больш жахлiвае. Задам я iм пытлю на iх судовым фарсе, скрозь зямлю яны праваляцца! Пачну я сваё выступленьне з этычна-маральнай характарыстыкi шэфiка. Кiраю ён не паслужыцца... Могуць, халеры, апамятацца ды раздумаць iнсцэнiзаваць апавяшчэньне грамадзкай анатэмы супроць мяне. Што тады мне рабiць? Як гэта будзе можна заахвоцiць iх для таго, каб пачулiся яны зусiм упэўненымi... Трэба мне прыкiнуцца перапалоханым? Хоць гэта й птушыны, але - неблагi спосаб. Заўтра, у старшынi мо' нат удасца й расплакацца?.. Ах, у мяне больш шчасьця, чымсьцi розуму...

* * *

Адбылося iнакш.

Цяпер Сьцяпану зразумела, што старшыня - у сапраўднасьцi - забаўляўся. Гэта была спрэчка памiж гадзiньнiкавым майстрам, якi ведае мэханiку часу, i яго клiентам, якi ўмее толькi злавацца на тое, што ўсё часьцей ён плацiць за рамонт паношанага.

У сваю апошнюю, ранiшнюю, гутарку зь iм Сумленевiч, як гэта яму ўяўлялася, хiтраваў цэльна.

Сказаў ён нягоднiку:

- Я вельмi дзякую вам, пане старшыня, за тое, што вы схацелi прыняць мяне. Прашу прабачыць мне ўчарашняе маё грубiянства; я непатрэбна расхваляваўся, але гэта нiякае апраўданьне маё. Вiнаваты я! I нават, калi вы па сваёй ветлiвасьцi й дабрынi пачнеце супакойваць мяне, дык усё роўна застануся я ў смутку... Сьцяпан гаварыў i гаварыў, чакаючы слоўца рэплiкi ад старшынi. Успацелы, ён змоўк.

Тое, што старшыня не папрасiў яго сесьцi ў крэсла, Сьцяпан палiчыў спрыяльнай яму праявай, уданым паглыбленьнем задумы.

- Я слухаю, э, вас, - азваўся старшыня да Сьцяпана, папiваючы чорную каву з узорыстага кубачка.

Складвалася нешта па-вялiкапанску абражальнае; аб лепшым разьвiцьцi падзеяў Сумленевiч i ня мог марыць: "Цудоўна! Каб адно не папсавала ўсяго тут тэма Кiры..."

- За гэты няшчасны падпал я ня толькi гатовы, але й павiнен адпакутаваць, пане старшыня! - вярэдзiў яму Сьцяпан. - Прашу я вас аднаго: забудзьце вы пра мае сьмешныя iдэйкi! I паверце мне: за гэтыя днi я шмат чаго перадумаў. Зараз стаў я iншым чалавекам. Вы не палiчэце маiх словаў, крый мяне Божа, як намёк на спагаду... Суд вызначыць меру маiм учынкам. I калi я чаго баюся, дык паблажкi...

Сьцяпан недзе даў маху.

Гэты балван, перад якiм ён спавядаўся, перабiў яго:

- У мяне, э, няма часу. Цi гэта ўсё, э, што вы хацелi мне сказаць? Э...

- Гэта ўсё. Дзякую вам. Я вельмi вам дзякую, пане старшыня! - маласловiў Сьцяпан. Яму адбiрала дых радасьць, радасная палёгка, яе тандэтны гатунак.

Пагрозьлiвасьць, праўда, ён адчуваў, але падобную да пагарды.

Грамадзкага суду над Сумленевiчам старшыня не зьбiраўся наладжваць, у чым Сьцяпан, аднак, ня меў пэўнасьцi. Распускаючы чуткi пра свайго дзiўнага супрацоўнiка, ён, як шэф, меў на ўвазе iзаляваць яго ад асяродзьдзя. Страхам!

I гэта стала ясным зноў-жа пазьней.

29

Сьцяпана чакала позва ў пракуратуру. Кiра, прыняўшы яе пад распiску, ня ведала, дзе шукаць мужа. Яна папрасiла дапамогi ў старшынi.

Пракурор - лысы й, вiдаць, ня надта здаволены кар'ерай, - паводзiў сябе зласьлiва. Ён прачытаў Сьцяпану мiлiцыйныя матэрыялы й, непрыемна камэнтуючы iх, запытаў:

- Грамадзянiн Сьцяпан Сумленевiч - цi вы пацьвярджаеце пачутае тут вамi?

- Пацьвярджаю.

Пракурор адламаў палавiнку таннай папяросы й, замацаваўшы яе ў люльцы, з натхненьнем закурыў.

- У мяне ёсць да вас пытаньне, грамадзянiн Сумленевiч.

- Слухаю вас, пане пракурор.

Прыплюшчыўшы вочы, ён зацягнуўся дымам.

- Скажэце мне, так напраўду, за што вы, грамадзянiн Сумленевiч, хацелi адпомсьцiць свайму шэфу?

- Перш чым адказаць вам на гэтае пытаньне, дазвольце мне, пане пракурор, закурыць...

- Прашу, - ён ветлiва працягнуў Сьцяпану папяросьнiцу, шчыльна запоўненую. - Курэце, калi ласка.

- Дзякую вам, пане пракурор, - Сьцяпан дастаў свае. - Я прызвычаены да слабейшых. - I прыкурваючы: - Пане пракурор, пра гэта ўжо пыталi ў мяне iншыя, - ён выдыхнуў салiдную порцыю дыму, ад якога закалола яму ў мазгох. - Каб не займаць вам, пане пракурор, шмат часу, я хачу адразу заявiць, што прычыны падпалу мною машыны старшынi знаходзяцца далёка ад якiх-небудзь асабiстых або прыватных справаў.

- Напэўна?

- Напэўна, пане пракурор.

- Ой, людзi, людзi... А пратакол вы, грамадзянiн Сумленевiч, праслухалi ўважлiва?

- Матыў жончынай здрады, пане пракурор, надта-ж прыйшоўся даспадобы сяржанту, якi дапытваў мяне, - Сьцяпан усьмiхнуўся са зьняважынкай на вуснах. - Ну й каб зрабiць яму прыемнасьць, а ўсур'ёз кажучы, каб хутчэй давесьцi справу да ведама суду, я згадзiўся...

- Дарагi пане, вы забываеце, перад кiм гэта гаворыце! - ён прыкурыў наступную палавiнку папяросы. - Калi з вас такi змагар за iдэю, дык скажэце, навошта вы размалявалi вось гэты аб'ект? - i пракурор выклаў на стол перад Сьцяпанам буйнага фармату здымкi з тымi эмалевымi яго надпiсамi. - Ну?!

- Узяла мяне злосьць...

- Я разумею - падпал легкавой машыны пажылога набабнiка, спроба пабою нявернай жонкi, урэшце, абразьлiвыя надпiсы - усё можна зразумець. I за ўсё гэта вы адкажаце перад судом, як за незаконныя ўчынкi. Вось, калi ласка, пачытайце паказаньнi сьведкаў.

Сумленевiч, бадай, тры разы прагледзеў паказаньнi цесьця. Кароткiя, амаль агульныя, яны, папраўдзе, уяўлялiся яму кулаком, якiм пагрозьлiва махаюць, але яшчэ ня б'юць.

- Я зараз вам усё растлумачу, - сказаў Сьцяпан: "Мне трэба было наведацца дамоў, а не адразу бегчы ў пракуратуру, як да спачувальнай цёткi!" - Тут, у паказаньнях сьведкаў, другараднае пераўтворанае ў галоўнае, пане пракурор. Падпальваючы халерную машыну старшынi, я меў на ўвазе завалачы злодзея якраз у суд. Не на тое, каб яму даказваць яго злачынствы, бо такiх магчымасьцяў у мяне няма, але публiчна акампраметаваць i гэтым перашкодзiць у ганебнай яго кар'еры. Нiчога больш. А пра Кiрыну здраду я тады й ня чуў, пане пракурор.

- Акампраметаваць, пашкодзiць... О як-жа любiм мы рабiць гэтае! А для грунтоўнай дзейнасьцi дык нам розуму й не хапае. Толькi крычым, крычым, бо гэтак лягчэй, не? - хваляваўся пракурор. - Хi, адсюль блiзка да дзiвосных высноваў, якiмi вы тут частуеце мяне: суд павiнен быць куратарам грамадзка-гаспадарчага жыцьця, узвысiцца над iм i г. д. Я не раблю памылкi, разьвiваючы вашы думкi, грамадзянiн Сумленевiч? - Пракурор памаўчаў. - У вас, прабачце мне за вострае параўнаньне, наглядаецца гутарковае разуменьне ролi судаводзтва, якое ня можа й не павiнна прэтэндаваць да нечага вышэйшага, чымсьцi злачынства й пакараньне. Вы дапусьцiлiся глупства, па сваёй маладосьцi й непiсьменнасцi ў законах...

- Не, пане пракурор, пра нiякае тут глупства ня можа быць i гаворкi. Усё гэта, што вы сказалi, я ведаю або - дакладней кажучы - ужо ведаю. Скажу большае вам дзiва: я баяўся, што шэф не дапусьцiць да судовага разгляду майго выбрыку, добра ведаючы, да чаго я ва ўсiм гэтым iмкнуся. Я не хулiган, не п'янiца, не валакiта цi дурман, што цягаецца з курвамi. Мне трэба пераканацца, пане пракурор, наколькi структура грамадзскага жыцьця зьяўляецца здольнай самарэгуляваць сябе, самалiквiдаваць аварыi або прадпасылкi, што спараджаюць iх, - Сьцяпан, не пытаючы пра дазвол, налiў сабе з графiну паўшклянкi газаванай вады й выпiў з неэстэтычным пожлуктам (бы конь з карыта ля калодзежа). - Мая жонка, Кiра, ня вытрымала ўзьнiклай сытуацыi. Яна здалася. Я - не. Скажу асьцярожней - пакуль не. Маёй задуме суд, праўда, не дапаможа, але хоць крыху паслужыць ёй. Настолькi, наколькi дазволiць яму ягоная частковасьць. Мо' я й дзiвак? Скажу вам, пане пракурор, што ўчынiў я шмат, каб даказаць сваю рацыю службовымi шляхамi. На жаль, безвынiкова. I так, я й мой шэф, бы два жарабцы, гойсаем побач сябе, спрабоўваючы адзiн аднаму забегчы дарогу. Каму з нас гэта ўдасца - пабачым. Калi над чымсьцi задумоўваюся я зараз, дык над самiм сабою: адкуль у мяне такая заўзятасьць? I трывожуся - цi я ня быў-бы такiм-жа, як ён, калi-б апынуўся ў яго становiшчы? На яго пасадзе. Карацей кажучы: у якой меры чалавек можа стацца незалежным ад умоваў? Быць сабою. Мяне неспакояць, заўважце, памеры зьявы, а не сама зьява, - ён сьцiснуў далонямi скронi.

- Так, - пракурор нешта дадумоўваў. - Ваша патрывожанасьць суцяшае мяне.

- Я, мабыць, выказваюся не на тэму, але iначай не магу, пане пракурор.

- Нiчога страшнага. Вы, калi ласка, гаварэце...

- Мне моцна балiць тое, што зрабiла Кiра, мая жонка. Не паверыце, але мяне ня вельмi ўразiла яе сэксуальная нявернасьць. Я ня ўпэўнены, цi ў дадзеным выпадку можна гаварыць пра шлюбную здраду мне зь яе боку. Божа, колькi разоў я ў думках здраджваў ёй! Гэта старшыню можна абвiнавацiць, мабыць, у згвалчаньнi маёй жонкi, у выкарыстаньнi яе слабасьцi... Ёй здаецца, што магчыма выпрасiць сабе лепшы лёс!

- Ён звабiў яе да сябе? - перапынiў яго пракурор.

- Не, гэта яна прыйшла да яго, каб такiм чынам паўплываць на бег афэры...

- I калi гэты дождж перастане падаць, - пракурор адыйшоўся да акна. Сьцяпан няўцямна змоўк; ён потым, апавядаючы пра гэтае ў час адной зь п'янак, сустрэўся з рэплiкай: "Бо ён, пракурор, не пажадаў слухаць твайго, булава, даносу на родную жонку!"

- Ведаеце, пане пракурор, у рэагаваньнi маёй Кiры - я далей кахаю яе! абурыла мяне нават ня тое, што яна ўсумнiлася ў мужа. У яе пачынаньнях, накiраваных на дапамогу мне, наткнуўся я, надта зьнянацку й прыкра, на ўсё тое жахлiвае ў нашым грамадзтве - iзаляваньне адзiнак, якiя намагаюцца супрацьдзейнiчаць распаду грамадзянскiх асноваў. Зь iх паўсюдна сьмяюцца й кпяць! Да чаго даходзiць: маральнае здароўе лiчыцца ненармальнасьцю! Жыць у супольнасьцi абазначае верыць у сапраўднасьць застольных сьцвярджэньняў: "Мiлiцыя арыштоўвае цябе не за тое, што ты ўкраў, але за тое, што ня ўмеў украсьцi!" Вам, пане пракурор, гэта новае?

- Не.

- Я ўжо ня ведаю, дзе я й хто я?..

Пракурор пацёр пальцамi нос, стрымлiваючы пазяханьне. Ён сеў у крэсла, высунуў шуфлядку зь пiсьмовага стала i ўзяў адтуль колькi пратакольных блянкаў; нацiснуў на пятку даўгапiсу.

- Вернемся да справы, грамадзянiн Сумленевiч. Вы прызнаяце сапраўднымi абвiнавачаньнi, якiя сфармуляваныя супроць вас? Так?

- Я-ж казаў...

- Раскажэце, як вы падпалiлi легкавую машыну... - ён назваў дзень здарэньня й прозьвiшча старшынi. - Вы добра падумайце над матывацыяй свайго ўчынку. Прашу вас памятаць: ад таго, што вы скажаце тут, будзе залежыць, мабыць, свабода шмат якiх асобаў, якiя знайшлiся ў нашым полi зроку. Цi вы, грамадзянiн Сумленевiч, напэўна кiравалiся выключна грамадзкiмi iнтарэсамi?

- Я ня ў стане добрасумленна адказаць вам на гэтае пытаньне. Як у прыродзе няма чыстых рэчываў, без анiякiх дамешак, так i ў дзеяньнях людзей...

- Менавiта, менавiта... Памiж вамi й старшынёй былi, скажам, непаразуменьнi амбiцыйнага характару?

- Чаму-ж гэта магло iх ня быць? На службе яны - норма!

- Напрыклад?

- Ну, для прыкладу кажучы, старшынi спадабаўся я ў якасьцi матэрыялу на стукача, - сказаў Сьцяпан i прыкмецiў, як губы ў пракурора скрывiлiся. - Ён, ведаеце, палiчыў...

- Канкрэтна, канкрэтна...

- Старшыня сам мне пра гэта казаў!

- Менавiта?

- Што супрацоўнiкi давяраюць мне й таму я арыентуюся ў настроях калектыву, у паасобных апiнiях ды меркаваньнях... Самi ведаеце.

- Ён запалохваў вас?

- Не, не запалохваў. Ён абяцаў мне залатыя горы.

- Вы далi яму сваю згоду?

Пракурор перастаў пытаць.

Ён раскiдзiстым почыркам запiсваў фармуляры, складваў пратакол, час ад часу падымаючы на Сьцяпана пасьлепянелыя вочы. Калi закончыў, ён крадком зазiрнуў сабе пад рукаў, дзе блiшчэў наручны гадзiньнiк.

- Чытайце, вось, пратакол допыту i падпiсвайце кожную старонку асобна ды чытэльна, iмем i прозьвiшчам, калi ласка.

Сьцяпан уседлiва чытаў.

- Вы, пане пракурор, нiчога дадатковага не напiсалi тут, - сказаў ён.

- А чаго вы, грамадзянiн Сумленевiч, хацелi?

- Ну, таго, што я вам гаварыў, - няўпэўнена заўважыў Сьцяпан.

- Тое, што вы гаварылi, шаноўны грамадзянiн, трэба яшчэ даказаць. Гэта, па-першае, каб вы ведалi й памяталi. А па-другое, зьмест вашых тлумачэньняў ня мае простага дачыненьня да справы. Калi-б суд браў такое пад увагу, дык было-б магчыма апраўдаць кажнюткае злачынства. Сьвет заўсёды вiнаваты ў вадносiнах да адзiнкi, а адзiнка - у вадносiнах да сьвету, - ён зьнецярплiвiўся: - Кантэкст, якi вы, грамадзянiн Сумленевiч, прыдаяце справе, - беспрапарцыянальны да яе сутнасьцi. Вось так.

- Колькi мне ўлепяць?

- З гэтым пытаньнем вы да мяне не зьвяртайцеся.

- Я разумею, пане пракурор. Але - калi можна - скажэце мне, якую кару за мае ўчынкi вы прадбачваеце? - Сьцяпан трымаў на языку: "Або спадзеяцеся".

- Хi, падумаю, пане Сумленевiч. А так, праўду кажучы, дзiўны з вас чалавек. I наiўны. Так, наiўны.

- Бо я выжываю поскудзь?

- Поскудзь?

- I вы мяне, таксама, не зразумелi.

- Я вас зразумеў, прынамсi, так мне здаецца. Я не сумняваюся ў вашай альтруiстычнай адданасьцi, аднак-жа, ня вам гэта брацца за барацьбу супроць злоўжываньняў.

- Справядлiвасьць патрабуе спэцыялiзацыi?

- Што вы маеце на ўвазе?

- Гэта, пане пракурор, я дагаворваю вашу характарыстыку мяне. Значыць, я павiнен лiчыць сябе самадзейнiкам у галiне перамаганьня адмоўных зьяваў у грамадзкiм жыцьцi, у галiне сямейнага шчасьця, таксама ў галiне каханьня, у галiне сэнсу працы i ў галiне веданьня самога сябе... Ва ўсiм ёсць спэцы?

Пракурор засьмяяўся - нi то пацешлiва, нi то злосна.

- Што-ж, эпоха выбарных судзьдзяў мiнула, вiдаць, беспаваротна. I публiчных абвiнаваўцаў некалi выбiралi шляхам галасаваньня. Я не пярэчу, што гэта мела свае добрыя бакi, але яно было сэнсоўным толькi тады, калi чалавечы розум мог яшчэ быць Леанардам да Вiнчы. Ня зараз, не.

- Мяне, здаецца, палохае тое, што разьвiцьцё чалавека адбываецца ў кiрунку яго частковасьцi, якая нагадвае ракавую апухлiну. Мы, вось, сядзiм перад сабою: я - самадзейнiк у галiне заканадаўства, а вы...

30

З пракуратуры выйшаў Сьцяпан з пачуцьцём уласнай бездапаможнасьцi. На ратушавай вежы шугаў замацаваны там сьцяг, быццам апавяшчаючы навiну. Памiж крамамi снавалi натоўпы, а далейшыя вулiцы выглядалi паўпустыннымi, зь ледзь прыкметнай смугою далечынi. Мутна паблiсквалi калюгi.

Ад "Асторыi" заносiла кухоннымi араматамi.

Ён пералiчыў грошы - на абед i да абеду.

У парт'е Сьцяпан папрасiў пачак смагавiтых "кармэнаў".

У залi, дзе падавалi звычайную гарэлку, рагаталi яскравыя прастытуткi. Iх ляпалi па азадках здаравезныя тыпы ў шафёрскiх куртках. Яны ўладжвалi сваё.

Сьцяпан заказаў катлетку з перамолатага мяса, маскоўскi боршч, мiнэральную ваду й сто грамаў.

Яму хапiла й на другую сотку.

У шэрую гадзiну завалокся ён у свой былы габiнэт, яшчэ нiкiм не заняты, i перанёс туды падарожную торбу, каб пераначаваць там.

"Спаць! Я змучаны, i мне трэба спаць: адасьплюся, дык будзе вiдней, што рабiць, куды падацца, якое выйсьце знайсьцi", - Сьцяпан, не распранаючыся, кладавiўся на падлозе, на дыване з казачнымi ўзормi. Ён падаслаўся пiжамай, прыхiнуўшыся галавою да тае торбы. I было яму добра...

...Зашумела-загудзела ўгары, i са столi вылузаўся чорт валахаты.

- Ах, во куды ты забiўся, гэ-гэ-гэ, - раскiрачыўся ён над Сьцяпанам, сыплючы наўкола смуроднымi iскрамi. - Ну й як? Як табе сьпiцца? Маўчыш. Не жадаеш размаўляць са мною. Сказаць табе прымаўку? Скажу, паслухай: "Языком хоць i сраку лiжы, а рукам волi не давай". Га? Нядурна кiмсьцi запрыкмечанае, га? Я зараз яшчэ адну прымаўку...

- Пайшоў вон, рагаты! - крыкнуў Сьцяпан. - Пырскаеш мне ў вочы ядавiтай сьлiнаю, бадзяга!

- Добра, даражэнькi: мой клiент - мой пан! Зраблю я так, як ты загадаеш мне, - чорт адыйшоўся да бiблiятэчкi й з асалодаю пачухаўся капытцам па жываце. - Сьпiш? Змарыўся ты, дамоў не пайшоў, а я чакаў цябе на рагу Садовай. Стаяў там, выглядаў, а Сьцяпана Сумленевiча ўсё не было... Думаю сабе, куды гэта ён мог падзецца? Давай я шыбаваць па-над Беластокам, праляцеў над вакзалам раз i другi ў надзеi, што пабачу цябе ля пiўнога кiёску. Адзiн знаёмы мне праваднiк, калi я сеў на плячо яму, нараiў: "Ты, чарнамазы, у мiлiцыю або пракуратуру наведайся. Няйначай, як гэта туды твой Сумленевiчык паiмчаў шукаць апоры для праўды, мазгаўнёю ягонаю выдуманай". Так я й зрабiў: залятаю я гэта ў камiсарыят, а там, гляджу, п'янiцу валакуць за каўнер i лаюць... Гiдкае вiдовiшча! Давай я нюхаць па сяржанцкiх пакоях, але ў iх даўно прапаў пах, э, тваёй справы. Дык зьлётаў я ў пракуратуру. Вельмi, э, прыкрае пра цябе давялося мне пачуць там! Пракурор, ведаеш ты, копцiць тыя свае палавiнкi ды ходзiць з кута ў кут, пагаворваючы: "Непраўдападобнае! Усяго на сьвеце я паспытаў, але такога балвана не сустракаў у сваёй практыцы!.." Ён, як трапна ты здагадваесься, меў на ўвазе тваю асобу, дарагi Сьцяпанка, - нячысты прыгледзеўся, з кашэчай чуйнасьцю, да Сьцяпанавых рук. - Нiчога, фраер Сумленевiч, ня падай ты духам. Сторажы законнага ладу яшчэ не адзiн раз вырачаць вочы на, э, твае ўчынкi. А ты не аглядайся на iх - чаўпi сваё, гэ-гэ-гэ... Сумленевiч ня быў-бы Сумленевiчам, калi-б узяў ды раптам уцiхамiрыўся.

- Падла ты, а ня чорт!

- Гэ-гэ-гэ, дзеля таго я i ёсьць, каб людзям не падабацца. Мы, я з табою, як бы ў нечым i падобныя да сябе, э... У чым, га? О ля, я ўжо ведаю, ведаю: мяне любяць толькi некаторыя - i цябе, Сьцяпанка, таксама. Таксама, таксама... Так, ты не пярэч гэтаму. Во калi мне высьветлiлася твая загадка! Усё думаў я й думаў, э, чаму ў сьцiжме народу якраз з Сумленевiча не магу зьвесьцi вока? Ты мяне, кроўны, ужо ў свае юнацкiя гады абнадзеiў. Зьдзiўляесься? Разумею, пра дрэннае вы неахвотна памятаеце на Зямлi - але ад чаго-ж гэта мы, чэрцi! Такая наша служба. Я табе зараз прывяду на памяць выпадак, дзякуючы якому, можа, э, пасябруем мы... Было гарачае лета тысяча дзевяцьсот шэсьцьдзесят чацьвертага году. Сьцяпанка купаўся ў Супрасьлi за Васiльковам, за гэтым разбойнiцкiм мястэчкам. На беразе стаяла чарада гусей, якiя мiрна паскубвалiся. Наш малойчык - гэта было добра вiдаць з-за чорнай хмары - цiхенька падплыў да тых бязьвiнных хатнiх птушак i, намацаўшы на плыткаводзьдзi ўчарнелую дубовую крывулю, шпурнуў цяжменю ў пародзiстага гусака. Белы птах роспачна залапатаў крыламi ад нечаканага ўдару й неўзабаве сканаў, задзёршы лапкi ўгору. Тым часам наш герой, адплыўшы на прыстойную адлегласьць, зь любасьцю прыглядаўся, як чужы чалавек, выпадковы сьведка зладзеяньня, мiтусiўся ў пошуках забойцы...

- Няпраўда! - выстагнаў Сьцяпан. - Я адганяў таго гусака, каб ён не задзюбаў малых гусянятаў! I незнарокам...

- Апраўдваесься! Ты майстар на гэта, але, пакуль, э, няхай твой чорт будзе старэйшы, калi другога маеш... Возьмем iншае здарэньне. Сьцяпан Сумленевiч, вучань шаноўнага тэхнiкума, аднойчы дакладна засланiў вокны, як толькi яго мацi выйшла з дому. Калi-б гэта было ўвечары, дык я, мабыць, прасьляпiў-бы як-жа каштоўную рысачку да бiяграфii майго падапечнага... На дварэ стаяла мiготкая гарачынь? Сьлiзгануў я ў комiн, каб з попельнiка ў печы падгледзець, чым гэта хлопчык займаецца. Цюкнула мне нядобрае, i я не памылiўся: Сьцяпанка, э, замест урокаў пiсаў ананiмку клясаваму выхавальнiку, у якой ён страшыў яго, што пакончыць самагубствам, атруцiцца, калi той паставiць Марысi двойку па хiмii...

- Чорце ты, чорце! - задрыжэў ад абурэньня Сьцяпан. - Ты нават дзiцяцi не даруеш.

- Напiсанае застаецца, дарагi, э, пагаворвалi старажытныя рымляне. Рэкi маюць крынiцы свае, а людзi - дзяцiнства. Пакажы мне дзiця й хiбы ягоныя, а я прадкажу яму будучыню. Чалавек - як расьлiна, зь якой ён, дарэчы, i выйшаў: усё ягонае ў зярняцi знаходзiцца. Вырастаюць зь яго ня якасьцi, а памеры гэтых якасьцяў. Вывучай генэтыку, э, брацец...

- Я кахаў Марысю! - вывiскнуў Сьцяпан. - Кахаў яе, як толькi можа кахаць хлопец сваiм першым чыстым пачуцьцем...

- Безумоўна, безумоўна... Назавi ты мне такога, якi ня ведае, што такое першая дзяўчына. I старшыня меў першую, э, i бухгальтар, э, i член камiсii. I нiкому зь iх гэта не перашкодзiла стацца сабою - аднаму старшынёй, другому бухгальтарам, трэцяму членам камiсii. Хочаш, я складу дасье iх дзяцiнству? Хочаш?

- Не-е-э-э!!!

- Ня хочаш, э, хоць аж дрыжыш ад цiкавасьцi да гэтага. Баiсься ты, што я маю рацыю наконт цябе. Бойся, бойся... Страх, калi не ачышчае, дык прынамсi запруджвае ручаiну нечысьцi, якая ўлiваецца ў душу. Стварае ён iлюзорны ратунак. Поскудзь усё роўна разьлiваецца паводкай, якая мае тую ўласьцiвасьць, што размывае й затапляе яна ў кароткае iмгненьне...

- Я цябе паб'ю, чорце лазаты!

- Брава, брава!.. Нарэшце ты прарваўся.

- Ня муч мяне!

- Крыху пацярпi, мой ты душэўны абадранец.

- Як доўга?! - узмалiўся Сьцяпан.

- Ужо хутка будзе па ўсiм, пакутнiчак ты безгаловы. А цяпер я прапаную пяць хвiлiнаў адпачынку, - i чорт уключыў радыёпрыёмнiк, што стаяў на палiцы.

Цiха зайграла музыка, даючы блаславёны спакой. Сьцяпан услухоўваўся ў таемныя гукi, i перад яго вачыма перасоўвалiся пушчанскiя зацiшшы й квяцiстыя лугi, празрыстыя завадзi з чародкамi рыбы й пясчаныя берагi, ваколiца, замкнёная аблавай ядлоўцаў на ўзьлесьсях, i зарэчны галёп каня, што ўцякае ад паўднёвай заедзi. Спаленая лесьнiчоўка ля гасьцiнца з Букшталю ў Супрасьлю й тужлiвы профiль матчынага твару...

- Стоп! - перапынiў Сьцяпана чорт i ўдумлiва пакалупаў кiпцюром у аброслых ворсаю храпах. Ён запытаў: - Цябе, Сьцяпан, бачу я, цiкавiць сьмерць твайго бацькi? Вось, э, Сьцяпанка...

- Прашу зьвяртацца да мяне: пане Сумленевiч!

- Калi ласка, э, пане Сумленевiч. Не пачнем-жа мы з-за такога глупства ўзаемна варагаваць. Я ўшаноўваю вашы нявыяўленыя, сакрэтныя, э, пажаданьнi, журботнасьць...

- Кiнь, чорце, намёкi, калi ня хочаш дастаць ад мяне па сваiх сьлепнякох!

- Кiдаю, кiдаю... Ага, значыць, спынiлiся мы на таямнiцы пагiбелi вашага, э, пане Сумленевiч, бацькi. А яна мае простае дачыненьне да вас.

- Да мяне?!

- На жаль, на жаль... Нельга сказаць, пане Сумленевiч, каб вы надта кахалi свайго, э, родзiча...

- Што гэта ты пляцеш?!

- Я толькi сьцьвярджаю, - насупонiўся чорт. - I, калi ласка, вы дазвольце мне закончыць выказваньне. Дык вось: ваш бацька, пане Сумленевiч, не беспадстаўна лiчыў, што вы як сын, э, недалюблiвалi яго. Па гэтай прычыне памiж iм i мацi здаралiся сутыкненьнi, якiя паглыблялi ў iм апатыю ды абыякавыя адносiны да свайго жыцьця. Мо' жадаеце прад'явiць вам доказы?

- Не выдумляй, страшыдла паганае!

- Факты вызначаюцца надзвычайнай упартасьцю, пане Сумленевiч. Перш за ўсё таму, э, што iх нельга зьнiшчыць. Можна забыцца на iх або прытаптаць, але яны ад таго не прападаюць. Вось так.

- Чаго ты да мяне прычапiўся?

- Старасьвецкае пытаньне, пане Сумленевiч. У сучасную эпоху наш брат ужо не ганяецца за паасобнымi душамi. Мы, чэрцi, зараз не такiя адсталыя, э, якiмi нас усё размалёўваюць манастырскiя мастакi. Мы пайшлi з духам часу, поруч з дваццатым стагодзьдзем, i, не хвалячыся, таленавiта перанялi найгоршае, чаго дабiлася чалавецтва з часоў сiвой мiнуўшчыны па сёньняшнi дзень. Пэрыфразуючы дасягненьнi, э, напрыклад, каапэратыву, магчыма коратка выкласьцi наш прынцып дзейнасьцi: кожны прападае сам, як толькi можа! Зь некаторым сумам хачу вам сказаць, э, пане Сумленевiч, што ваш спосаб самазьнiшчэньня, усё-такi, банальны. Ня гневайцеся за тое, што я вам скажу: вы нудзiце мяне!..

- Што-о! - i Сьцяпан расьсьмяяўся, па-дацэнцку, са зьняважлiвай стрыманасьцю. - Бач ты яго, чорта: у няшчасьцi шукае ён атракцыi! Пайшоў ты вон!

- Гэта нiчога, пане Сумленевiч, што я д'ябал. Вы лепш услухайцеся ў мае словы: шчасьце адзiнкi, у вадрозьненьне ад яе няшчасьця, мала iнтрыгуе пабочныя асобы. Здавалася мне, што вы разумееце гэта. Люцыпар меў рацыю, калi ён супыняў мяне: "Будзь, слуга ты мой, асьцярожны ў апазнаваньнi мэтаў пана Сьцяпана Сумленевiча. У яго можа яшчэ ня быць iх зусiм, як у васабовасьцi выразна нясьпелай. I зважай ты, не засяроджвайся на яго грамадзкiм фанатызьме, гэтай дзiцячай хваробе маладога службоўца, э, якога занадта ўчаставалi крышынкамi ўлады. Ён уяўляў-бы сабою значную каштоўнасьць у якасьцi iлюстратыўнага матэрыялу, калi-б затрымаўся ў сваiм разьвiцьцi. Аднак-жа, э, слабая надзея на тое: Сумленевiч вырасьце на неблагога кар'ерыста, нiчога асаблiвага", - чорт пазяхнуў i аблiзаўся.

- Люцыпар памыляецца! Чуеш, ён памыляецца! Памыляецца!!!

- Не крычы так, - страпянуўся чорт. - Вiшчыш ты, бы ў шэсьцьдзесят першым годзе, э, калi ў краме, памятаеш, сам украў цукерку й прадаўшчыца...

Сьцяпан ударыў чорта нагою ў дыхавiну, ажно той скруцiўся.

- Яшчэ слова - i я цябе заб'ю! - Сьцяпан патрос кулаком яму перад мордаю.

Рагаты, не разгiнаючыся, соп.

Сьцяпан, злавесна пастаяўшы над iм, вярнуўся да логава.

- Такая, вось, удзячнасьць чалавека за сказаную яму праўду! - выпалiў чорт, i, быццам на магутнай спружыне, скакануў ён на абажур электрычнай лямпачкi пад стольлю. - Раз зь цябе гэткi аблуднiк, э, дык больш нiчога ты не даведаесься ад мяне, - скардзiўся ён. - Ты...

- Пан Сумленевiч! - Сьцяпан пагрозьлiва прыўзьняўся.

- Пацалуйце мяне ў хвост, пане Сумленевiч!

Сьцяпан, азьвярэўшы, абхапiў пiсьмовы стол i зь дзiўнай лёгкасьцю кiнуў iм у пачвару. Затым, упёршыся рукамi ў сьцяну, ён захiстаў пакоем.

- Развалiш будынак, жывiна! - крычаў чорт, ушчаперыўшыся ў абажур (ён высока паставiў свой хвасьцiска, каб Сьцяпан да яго не дастаў). - Абцiхнi, чуеш! З турмы ня выйдзеш, э, выскачка!!!

- Яшчэ ты, чорце, калiсьцi падлезеш пад мой кулак, - Сьцяпан стомлена апусьцiў руку; другая-ж анiяк не адставала яму ад сьцяны.

I як Сьцяпан нi выкручваўся, тая рука з расшчэмленымi пальцамi не паслаблялася, наадварот, як бы прастрамляла яна мур навылет. Сьцяпан згодлiва аглянуўся на чорта, якi з удаванай заклапочанасьцю чысьцiў сабе капытцы. Рабiлася страшна. "Пане чорт!" - Сьцяпан разявiў рот, каб лiсьлiва аклiкнуць... Ён прачнуўся.

31

У вакно сьвяцiла сонца.

Сьцяпан з панiкай паглядзеў на гадзiньнiк: стрэлка ўказвала дакладна сёмую; ён хуценька прыпарадкаваў няхiтрую пасьцель.

Яму цяжка было выпрастацца - ад невыгоднага ляжаньня спруцянеў карак. Сухiя яго вусны палiла гарката ад выкураных папяросаў.

З калiдора наляталi ўрыўкi размоваў; пачынаўся працоўны дзень.

У габiнэт, у гэтую начлежню Сумленевiча, нiхто не заглядваў, i ён мог спакойна пагалiцца. Сьцяпан, быццам вопытны кансьпiратар, на слых улавiў зручны сабе момант, каб цiха шмыгануць у мужчынскую прыбiральню, да ўмывальнiка, са шчотачкай i зубной пастай.

Убягаючы туды, ён з разгону сутыкнуўся з маладою супрацоўнiцаю, якая выходзiла якраз адтуль з поўным чайнiкам вады (у дамскай прыбiральнi быў папсаваны кран над умывальнiкам, з чым усе звыклiся). Начыньне выпала перапалоханай дзяўчыне з рук, i, са страшэнным грукатам, выкацiлася яно, менавiта, у калiдор, непрыстойна залiваючы паркет. А сама яна, не ўстаяўшы на высокiх абцасах, упала на плечы. Сьцяпан машынальна быў прытрымаў яе за грудзi; далiкатная блюзачка на ёй разьдзерлася ад таго.

Ашаломлены, ён застыў над паўголай жанчынай, якая, ня страцiўшы памяцi, нема закрычала: - Рату-ун-ку-у-у!!

- Выбачайце мне, - прамовiў Сьцяпан. - Выбачайце...

- Ратунку!!! - яна галасьлiвiла, як матацыкл у тунэлi. - Ратуначку, людкове.

Нехта за сьпiнаю Сумленевiча аддаў загад:

- Пане Валодзька, званеце ў мiлiцыю. Мiгам!

Перад уваходам у туалет сабраўся гурт.

- Нумар! Нумар якi?! - заiклiва пытаўся той Валодзька.

- Дзевяцьсот дзевяноста сем! Ну!!!

Iншыя - шапталiся: "Гэта-ж Сумленевiч... Так, Сьцяпан... Гэта ён... Ай-яй-яй..."

Сьцяпан нахiлiўся над няшчаснай, каб вынесьцi яе адсюль, але яна, ашалелая, укусiла яго за локаць (мела вострыя зубы).

- Мужчыны! - прарэзьлiва заенчыў бабскi голас. - Чаго вы стаiце?! Ён заесьць яе тут!

На Сьцяпана накiнулiся; чыесьцi кулакi адпiхнулi яго прэч у закутак.

- Дагуляўся, бунтаўшчык!

- Ня дайце яму ўцячы, мужчыны! Трымайце яго, трымайце! Вяжэце!!!

Сьцяпан моўчкi замiргаў павекамi, бы зацюканы злодзей.

- Я таго й спадзяваўся па iм, - здаволена скрывiўся працаўнiк адмiнiстрацыйнай сэкцыi. - Бачыце, да чаго ён дажыўся...

- Канцы яму тут! - прарочыў рэфэрэнт з аддзелу паслугаў, якога здобiў высокi лоб iнтэлiгента.

- Халеры на яго! - ускiпеў нядаўнi сябар Сьцяпана. - Ён-жа абяцаў мне дамагчыся павышэньня зарплаты, шыбенiчнiк!

- Хадзiў, лазiў ён, бы дырэктар якi, i ўсё законы свае ўводзiў у нас, зьедлiва загаварыў шматгадовы працаўнiк сэкцыi па справах грамадзкага самакiраваньня.

- То яму мыла таго мала было, то ручнiкоў, то ладу й парадку, то яшчэ чагосьцi, - намесьнiк бухгальтара, ад усьцешанасьцi, ажно пачысьцiў сабе вуха, дбайна насучыўшы дзеля таго на запалку шматок першакляснай туалетнай паперы.

- Будзе яму цяпер, будзе, - праквакаў старэнькi працаўнiк гаспадарчага рэфэрату.

- Ой, што ён зробiць у турме бяз жонкi?! - пiскнула сакратарка з галоўнага сакратарыяту.

- Даволi наслухалiся мы ягоных павучэньняў: нягодна паводзiце сябе, падлiзваецеся начальству, не шануеце свайго "я", жывяце мудрасьцю рабоў... I гэтак далей, - выжалiўся працаўнiк аддзелу кадраў i сацыяльнага забесьпячэньня.

- Ах, як надакучыў ён нам, ад малога да старога, - з палёгкай выдыхнула сваё прыбiральнiца, якую Сьцяпан прыймаў на работу як мацi шматдзетнай сям'i.

- З усiх зьвяроў толькi чалавек умее сьмяяцца, хоць мае дзеля гэтага найменш прычынаў, - нiякавата выказаўся якiсьцi незнаёмец. На яго паглядзелi, i ён, не аказваючыся, выйшаў са зборышча.

- Што гэта той сказаў?

- А чорт яго ведае?! Нiчога ня робiць, адно ходзiць ды ўсё думае. Мо' ён якi-небудзь сваяк Сумленевiча?..

- То-ж але, пане iнспэктар! Панапрыймаюць гэта на работу невядома каго, дык, потым, о колькi бяды! - заключыла жанчына, якую можна падазраваць, бадай, не болей як у дурноце.

Сьцяпан ступiў дапераду й прамовiў:

- Людзi! Трэба даць паратунак нашай супрацоўнiцы, - ён паказаў на дзяўчыну, якая, скромна стулiўшы каленi, валялася на халоднай падлозе, адкiнуўшы галаву аж пад пiсуар. Яна не магла даўмецца, як ёй быць далей. Дапамажэце мне занесьцi пацярпелую ў нейкае памяшканьне, каб...

- ...згвалцiць! - ускочыў Сьцяпану ў слова бамбiза з выглядам мядзьведзя, якi, у недасьледаваных навукай абставiнах, ачалавечыўся.

- Гэ, гэ, гэ... - яго падтрымалi рогатам.

- Як вы сябе адчуваеце? - запытаў Сьцяпан у дзяўчыны. Яна называлася Зiна. - Цi вам рэжа ў галаве?

- Ёй не ў галаве рэжа, гэ, гэ, гэ...

- Гэ-гэ-гэ-гэ-гэ-га-га...

- Як вам ня сорамна, людзi?! - гнеўна рэплiкаваў Сьцяпан. - Як вы так можаце?!

- Тое, што ты мог, гэ-гэ-гэ, дык i я, гэ, гэ, ма-а-агу-уу, га-га-га-га!.. Не, Зiна? Лiчы - на тваё вясельле мы зьбеглiся, га-га-га...

Яна, налiўшыся крывёю ад абурэньня, зграбна ўстала й, не пасаромеўшыся адкрытых грудзей, падыйшла да гэтага Локiса (так празывалi яго мядзьведзепадобенца).

- Я табе, Локiс, морду наб'ю, - i яна ляснула далоняй па яго надзьмутай шчацэ. Удар атрымаўся гулкi; тлум загудзеў у знак прызнаньня. - Ты лепей сабе нагавiцы падперажы, бо на кульшы апусьцiлiся яны...

- Брава! - начны стораж лёгка выклiкаў авацыю. - Брава, бра-ава-а-аа!..

Зiначка паўтарыла ўдар.

- Мiлiцыя! - крыкнулi дзесьцi, вiдавочна, на ўсходах.

Учынiлася гвалтоўная звалка, калi ўсе кiнулiся да сваiх пакояў.

- О Божа, ногi! - рыкнуў барытон.

- Рука! Руку мне паломiце!.. - пiшчаў галасок.

- Пусьцi маю спаднiцу, асталопень! - прабубнiла баба.

- Зубы! Растопчаце зубы, быдла! - круцiўся стары й разьлезлы.

- Ах, зноў абцас адвалiўся.

Няхутка зьявiлася двух пад службовымi шапкамi i ў сiнiх плашчох, перацiснутых ганаровымi пасамi з капыламi кабураў. За iх плячыма радасна буркаў кадравiк.

- Гэта ён - вас? - зьвярнуўся старшы сяржант да Зiны, кiўнуўшы галавою ў бок Сумленевiча.

- Што - ён мяне? - насьцярожылася яна.

- Яшчэ пытаеце?! - паморшчыўся старшы сяржант.

- Ён! Ён! - пацьвердзiў кадравiк. - Так, ён.

- Ну, дык як? - карпянеў службовец.

- Усё гэта няпраўда! - плаклiва прастагнаў Сьцяпан. Ён даходзiў да сябе.

- Вы, дазвольце ведаць, што маеце на ўвазе? - ступiла да старшага сяржанта Зiна, няўклюдна засланяючы ахлапiнкамi матэрыi цалкам кругленькi станiк.

Малодшы сяржант аслупянела чмхнуў, аж заскрыпелi ад таго рамянi на iм.

- Вы ня бойцеся яго, - сурова заявiў старшы, блiснуўшы вокам на Сумленевiча. - Колька, стань каля гэтага тыпа! - загадаў ён малодшаму, якi, неяк скрадлiва, наблiзiўся да падазронага. - Пойдзем, грамадзянка. Усё высьветлiм у камiсарыяце. Колька, выклiкай па радыётэлефоне крымiнальнага тэхнiка, каб склаў сытуацыйны плян здарэньня.

- Адну хвiлiначку, пане сяржант, - пратэставала Зiна з зайздроснай энэргiчнасьцю. - Чаму гэта ганьба й людзкi сьмех павiнны на мяне адну асесьцi?! Узважце, сяржант, што ў гэтай скандальнай бойцы ўдзельнiчалi шматлiкiя асобы. Досыць кiнуць вокам на запарожжа, каб здагадацца, што я не выдумляю таго, - яна накiравала зрок мiлiцыянтаў на страшэнны натрус: скалiўся зубны пратэз, гiбеў адарваны абцас, скруцiлася вужакай панчошная гумка, дзьмуўся чайнiк, якi намачыў пад сябе, i iншая драбяза. - Во, колькi дабра...

- Яна жартуе, пане старшы сяржант, - кадравiк пасунуўся зьбiраць пагубленае. - У яе грудзi парваныя... Яна... яна...

- Не чапайце! - супынiў кадравiка старшы. - Няхай усенька ляжыць, як ляжыць.

- Аж гэтулькi насыпалася з вас... - зьдзiўляўся малодшы сяржант.

- Ён абражае мяне, пане старшы! - яна тыцнула пальцам у мiлiцыянта. - Мне дваццаць гадоў, калi хочаце ведаць...

- Добра, добра, - старшы сяржант вытрашчыўся. - Што вы тут рабiлi ў мужчынскiм туалеце ды хто распаласаваў вам блюзку, га! I чаго з вамi тут гэты грамадзянiн? - ён паглядаў: то на Зiну, то на Сьцяпана. - Адказвайце!

- Я ўцякла сюды! Каб мяне не забiлi! - яна павярнулася да Сумленевiча: - I гэты недарэка, вiдаць, забiўся ў туалет, замест хвастаць па пераносiцах...

- Ён дабiраўся да цябе! - расхваляваўся, бы певень, кадравiк. - Пра якую гэта бойку ты гародзiш пану?

- Я не магу таго слухаць, пане старшы сяржант! Каму я што дрэннае ўчынiла, каб плёткамi мне сьвет завязваць? - абараняла сваю рэпутацыю дзяўчына. - Самi, пане мiлiцыянт, паглядзеце, што счаўплося...

Старшы сяржант прыгледзеўся да кадравiка.

- Не, гэта сон, - балбатаў кадравiк. - Нечуванае махлярства...

Малодшы сяржант зайшоў кадравiка ззаду й стаў за iм, раскiрачыўшыся.

- Гаварэце, што тут здарылася? Хто з кiм бiўся?

- А чорт iх ведае, пане сяржант! Блюзку, во, змарнавалi...

- Нiякай бойкi, пане, не было... Зьбеглiся, каб...

- Зьбеглiся? Колька, выклiкай крымiнальнага тэхнiка! Званi: групавы пабой, - i да дзяўчыны: - Хто вас пакрыўдзiў?

- У замяшаньнi хiба ўгледзiш, хто, каго й за што?

- Цiкава, цiкава... - сяржант падыйшоў да Сумленевiча.

- Я, пане сяржант, iшоў зубы пачысьцiць...

- Каму? - не ўтрываў перад Сьцяпанам малодшы сяржант. Ён па-хлапечаму расьсмяяўся й, прысеўшы на крэсла, узяўся выклiкаць па радыётэлефоне камэндатуру.

Тым часам Сьцяпан тлумачыў, выймаючы з кiшэнi пiнжака шчотачку й зубную пасту, як гэта ён намерваўся адбыць у прыбiральнi ранiшнi туалет.

- Вы, дык што: дома не начавалi?

- Не.

- Ага...

- Яго судзiць будуць за разбой! - паскудзiў Сьцяпану кадравiк. - Ён, пане сяржант, легкавую машыну спалiў, шэфа апаганiў, жонку сваю адлупцаваў, бунт у нас падыймаў, людзей добрых бухторыў!..

- Я ня вас пытаю, - суцiшыў крыкуна старшы сяржант. - Лепш скажэце мне, грамадзянiн, дзе тая згвалтаваная жанчына?

- Я...

Мiлiцыянты нiчога не ўстанавiлi. Яны забралi з сабою Зiну й Сьцяпана. Допыт у камiсарыяце таксама ня даў вынiкаў; пад вечар дзяўчыну выпусьцiлi. "А вы - пасядзеце", - сказалi Сумленевiчу. I ён цiхмана прайшоў у арыштанцкi пакой. Уночы разбудзiлi яго й завялi да сьледчага, якi ўжо шмат ведаў пра ўсё.

Сумленевiч - нi то ад страху за далейшыя наступствы, нi то застаючыся ляяльным у дачыненьнi да дзяўчыны, - не адступiўся ад узьнiклай вэрсii падзеi. Назаўтра былi прад'яўленыя яму паказаньнi сьведкаў - працаўнiка адмiнiстрацыйнай сэкцыi, рэфэрэнта з аддзелу паслугаў, працаўнiка сэкцыi па справах грамадзкага самакiраваньня й iнш.

Сьцяпан не раскалоўся.

Ён выратаваў перш за ўсё самога сябе. (Нядаўна расказвалi яму, як старшыня, даведаўшыся пра здарэньне зь Зiнай, папрасiў дзяўчыну да сябе ў габiнэт i намаўляў яе, каб яна абвiнавацiла Сьцяпана ў згвалтаваньнi: дэкляраваў ёй павышэньне на службе. Адказала яму: "Я, пане старшыня, не раздумала выйсьцi замуж".)

32

На працу Сьцяпан Сумленевiч не пайшоў. Не вярнуўся ён i дамоў - спачатку ня могучы прабачыць Кiры, што яна не даведвалася, дзе ён i што зь iм.

Штосьцi каля тыдня начаваў Сьцяпан у знаёмых, ад якiх наслухаўся ён усякай усячыны.

Пераначаваў - i ў члена камiсii, якi афiцыйна паведамiў Сьцяпана:

- Вас шукаюць з позвай на суд. Ну, адпачывайце ў мяне, а я пайшоў - трэба абкапаць бульбу.

Позву, у той-жа вечар, Сьцяпан паквiтаваў на цэнтральнай пошце; хатнi адрас на ёй быў закрэсьлены i, вiдавочна, лiстанош надпiсаў: "Адрасат невядомы".

Адбыўся суд.

Суд як суд. Адвакату абвiнавачаньня засьвяцiлiся вочы, калi пачуў ён тлумачэньнi Сьцяпана, падсуднага. "Высокi суд! У васобе Сьцяпана Сумленевiча мы можам наглядаць тое бессаромнае круцельства, патанаючы ў якiм да самога дна, абвiнавачаны не завагаўся чыстае й высакароднае зьмяшаць зь нiзкiм, брудным i подлым..."

Усё прышылi яму.

Уляпiлi Сумленевiчу дзiўна нямнога, гадоў нешта паўтара. Нечуванае: без грашовай рэкампэнсацыi пацярпеламу!

Турэмны выхавальнiк неяк наладзiў дыскусiю аб маральнасьцi, яе сутнасьцi й скрыўленьнях. Сумленевiч меў палымянае выступленьне; ён моцна зьдзiвiўся, калi пасьля гэтага дыспуту запрапанавалi яму працу ва ўнутраным радыёвузьле турмы. Там было ўжо двух: юрыдычны дарадчык, якога пасадзiлi за камбiнацыi, i будаўнiчы iнжынер, што пракраўся на цыманьце. Сьцяпан пiсаў перавыхаваўчыя гутаркi (памерам да дзесяцi хвiлiнаў), зь якiх яго незвычайныя супрацоўнiкi рабiлi жарты. Ён абураўся на iх, i дайшло да нашумелай авантуры, пасьля якой Сумленевiча перавялi ў брыгаду па будаваньню дарогаў. Непрызвычаенаму да фiзычнай працы Сьцяпану Сумленевiчу цяжка даўся там першы месяц - смылелi яму нават костачкi!

За прыкладныя паводзiны ён быў умоўна выпушчаны з турмы пасьля году. Зь пяцiдзесяцiтысячным заробленым капiталам, на той час вартым паезджанага аўта.

На ўскраiне Беластоку купiў Сьцяпан малюткую хацiну, от, пакоiк з куханькай. З дрывотняй ды акрайцам агароду. Сам сяк-так змайстраваў неабходную сабе мэблю й палiцы на кнiжкi, на ўсю сьцяну.

Беласток, 1977-1993

Загрузка...