Ад аўтара

За апошнія гады мне часта даводзілася ездзіць у камандзіроўкі на чужыя землі. Усё, што я там назіраў — падзеі, факты, людзі, агульная атмасфера жыцця, — запаміналася, адкладвалася ў памяці. Што надоўга, а што і ненадоўга. Ад розных краін аставаліся розныя ўражанні, але гэтью розныя ўражанні складалі ўсё–такі адзіны вобраз жыцця там, у свеце, дзе пануе капітал. Пры ўсёй рознасці і часам экзатычнасці прыватных з’яў праглядалася агульнасць у сутнасці супярэчнасцей.

Усё, што адбываецца ў п’есе, магло здарыцца ў любой капіталістычнай краіне, дзе агіднасць маралі, прыніжэнне асобы, бесперспектыўнасць заўтрашняга дня, жорсткасць і бесчалавечнасць мяшчанскага быту становяцца відавочнымі не толькі тым, хто мае вялікі жыццёвы вопыт, а нават дзецям. Невыпадкова ў цэнтры п’есы — малы.

Для буржуазнага асяроддзя характэрныя дзве рысы, хоць і процілеглыя, але звязаныя дыялектычным адзінствам: псіхічная дэпрэсія на аснове прыніжэння асобы і на гэтай глебе з’яўленне фашысцкай ідэалогіі і культу сілы. Зачараванае кола, у якім чалавек гіне, калі не здолее з яго вырвацца.

I калі я зразумеў гэта, то пераварушыў усё, што назбіралася ў памяці, і выклаў на паперы ў форме п’есы. Калі атрымалася нешта сатырычна–вострае, то заслуга аўтара тут не такая ўжо і вялікая. Жыццё дае столькі фактаў і гатовых сітуацый, што варта толькі добрасумленна запісаць іх — і атрымаецца сатыра. Аб’ектыўна праўдзівы вобраз буржуазнага асяроддзя і ёсць самая злая сатыра. Віна не мая і заслуга не мая. Але не скажу, што мая хата з краю.

Загрузка...