V


Увечары над ракой было ціха, вельмі прыемна, і нават не назалялі камары. Рэдкімі агнямі свяціўся саўгас, а за ім - неба над горадам было ў электрычным полымі. Белыя паплаўкі трымцелі на блакітнай паверхні ракі. Рыба бралася скупа, і Сяргей Карпавіч пажартаваў, што і яна захапілася іхняй гутаркай.

- Авіяцыя... гэта выдатна! - басіў аграном, папыхваючы люлькай. - Ну, а як бацька? Не супярэчыць? - І тут жа сам сабе адказаў: - Ды ваш бацька такі, што ў гэтым супярэчыць не будзе. Але думку яго варта ведаць. Выдатны чалавек і воін!

Гутарка гэта, як і доследы, вельмі цікавіла Толю. Аграном з такім пафасам казаў пра яго бацьку, што можна было падумаць, калі не ведаць яго, што бацька - герой, асілак. І цікава было і крышку ніякавата слухаць панегірыкі.

- Вам бацька, мусіць, удала выразаў апендыкс? - нарэшце не стрымаў Толя.

Аграном падсек вуду. Цьмяным срэбрам бліснула ў блакітным змроку рыбіна. Аграном сказаў:

- Тое, што я сяджу побач з вамі, зрабілася магчымым толькі таму, што мой лёс сустрэўся з лёсам вашага бацькі... Паслухайце, Анатоль, гэта, можа быць, будзе цікава... Да вайны я працаваў у навукова-даследчым інстытуце, вайна зрабіла мяне палітработнікам. І вот аднаго разу невялікі атрад танкістаў атрымаў заданне - граміць варожыя тылы. Камандаванне было ўскладзена на мяне. Нам даводзілася многае рабіць. Пра шмат што такое ўжо напісана ўдзельнікамі вайны. Аднаго разу, выканаўшы цяжкае ваеннае заданне, мой атрад вяртаўся на «базу» і сустрэўся з цяжкімі танкамі ворага. Прымаць бой было амаль вар'яцтвам - «малюткі» супроць «тыграў». Трэба было ўхіліцца, але позна - нас заўважылі. Супроць дзесятка «малютак» ішло трыццаць, а можа і больш цяжкіх танкаў. Бегчы - загінуць, здавацца - загінуць. Я вырашыў прыняць бой. Мы ўрэзаліся ў строй варожых танкаў. Многія ўслед за мной падняліся з башань і кідалі бутэлькі на «тыграў». І мы прарваліся, запаліўшы некалькі варожых танкаў і страціўшы чатыры сваіх... Пазней мне стала вядома, што наш бой прынёс пэўную карысць фронту - нашы часці рабілі перагрупіроўку, і атрад «тыграў» ішоў перашкодзіць ёй. У гэтым баі...

Ён на хвіліну сціх. Размахнуўся і даслаў лёску ў ваду, лёгкім пляскам азвалася рака, і зноў усё сціхла. Люлька даўно прагарэла, ён, апавядаючы, размахваў ёю.

- У гэтым баі мяне паранілі... ну, ведаеш, усяго чыста... як рэшата! Адным словам, покуль мы дасяглі «базы», покуль мяне дастаўлялі за лінію фронту, прайшло столькі часу, што, як кажуць, пачалася фізіялагічная смерць... Адзін за адным хірургі махнулі на мяне рукой. І тут надарыўся ў шпіталь, куды мяне даставілі, ваш бацька. Казалі, што, агледзеўшы мяне, страшэнна раззлаваўся і задаў перцу ўрачам. Медык павінен не адступаць да таго часу, пакуль чалавек дыхае, казаў ён. А і пасля гэтага ён павінен падужацца са смерцю... І ваш бацька зрабіў адну з тых аперацый...

- Любімых! - захоплена прашаптаў Толя.

- ...якія пачалі рабіцца нашымі савецкімі медыкамі толькі ў апошні час і якія можна смела назваць уваскрошаннем... Магчыма, мае словы пра вашага бацьку дапамогуць разабрацца вам у тым, што такое прырода гераізму...

Сяргей Карпавіч сціх. Потым раптам усхапіўся, замітусіўся, быццам стараўся нагнаць страчанае.

- Вогнішча давай раскладаць! Рыбку варыць! Эх, шкада, што прафесара няма тут! Але мы яго выманім з горада, Толя! Шукай сухіх галінак на распал!

Яшчэ раніцой Толя думаў, што жыццё ў Сяргея Карпавіча будзе нецікавым, аднастайным, але цяпер усё набыло тут цікавасць, пад кожнай простай справай ці рэччу здагадваўся нейкі захаваны, вельмі захоплены сэнс. Неўзабаве вогнішча палала, і ноч як бы пагусцела. Сяргей Карпавіч пачысціў рыбу, вада з ракі забулькала ў кацялку. Толя, заплюшчыўшы на момант вочы, прыслухаўся да гэтага булькання і падумаў, што апрача іх дваіх яшчэ нейкае жывое стварэнне прыйшло з начы да вогнішча.

- У вас быў сын?

- Ніколі! Неяк заняўся мікробамі, грыбкамі, насеннем, а потым вайна, адным словам, яшчэ не паспеў. - І рассмяяўся: - Мая сівізна збівае з панталыку? Мне ўсяго трыццаць тры гады... Гэта, брат, зрабілася тады, калі ваш бацька прымушаў маё нядужнае цела біцца за жыццё, а целу было надта цяжка... Цела вытрымала, а сівізна засталася...

Толя прыўзняўся з зямлі.

- Выбачайце...

- Смялей, Толя, смялей!

- Мяне цікавіць... толькі не лічыце гэта... Проста выпадкова... без вас... - Калі б бачыў Сяргей Карпавіч Толеў твар, ён зразумеў бы адразу, як цяжка хлапцу выказаць гэта. - Адным словам, так выпала, што я выпадкова залез за прасціну і ўбачыў... Сяргей Карпавіч! Чыя гэта ўзнагарода?

Аграном адказаў проста:

- Урад знайшоў патрэбным узнагародзіць мяне Залатой Зоркай.


Загрузка...