VI


Цяпер можна было ўпэўнена сказаць, што Толя зноў апынуўся ў тым свеце, дзе не ўсё 2x2=4. Сяргей Карпавіч ставіў вельмі цікавы дослед па барацьбе з хваробай вінаграднай лазы - філаксерай, і Толя дзейна дапамагаў яму. Вялікая гаспадарка саўгаса аднімала ў Сяргея Карпавіча багата часу, і выпадковы, але старанны памочнік прыйшоўся якраз да часу. Цяпер аграном жартам клікаў свайго госця «асістэнтам», а той яго «прафесарам», яны ўжо даўно былі на «ты». Толя дзівіўся, што Сяргей Карпавіч працуе старшым аграномам і гэта работа адрывае яго ад навуковых эксперыментаў. Але кавалер Залатой Зоркі сказаў, што ён не разумее нават, як можна займацца эксперыментамі, не спалучаючы іх з практычнай работай.

- Улічы, Толя, - казаў ён, - што вайна забрала ў нас многа людзей. Не вельмі шмат каму пашчаслівіла сустрэць на сваім шляху такіх, як твой бацька... І потым... Мы не толькі вучоныя, мы яшчэ і салдаты, мы павінны рабіць усё, што ў нашых сілах, каб не адужаў вораг.

Праседжваючы гадзіны ў затканай спектрамі лабараторыі, Толя прызнаваўся сабе, што шмат у чым памыляўся. Калі яшчэ месяц таму назад ён быў перакананы, што ёсць найкарацейшыя шляхі да гераізму (і прафесія ваеннага пакарочвае гэтыя шляхі), то цяпер ён мог спрачацца з гэткім «тэзісам». Ды і сам тэзіс выклікаў сумненні. На справе выходзіла, што героямі могуць быць усе, а абсягі для праяў гераічнага - без межаў. Важна толькі адно - быць салдатам Радзімы, а салдат Радзімы - яе сын.

Аднаго разу нечакана Толя пачуў за дзвярыма ўзбуджаныя галасы, смех, пацалункі. Ён выйшаў на ганак і ўбачыў: Сяргей Карпавіч і бацька абнімаюцца, ляскаюць адзін аднаго далонямі па спінах, цалуюцца.

- Уцёк, Сярожачка, уцёк! Там - грыжы, апендыксы, флегмоны, драбната, не люблю! Няхай моладзь практыкуецца. Як паляванне?

Вочы ў «Сярожачкі» зусім былі круглыя ад шчасця. Ён гучна, заразліва засмяяўся.

- Вы лепш пра сына спытайцеся, Леў Барысавіч!

Бацька сунуў растапыраную руку да Толі.

- Бачу, што здаровы. Я ж сына да цябе выправіў, не абы-куды, чаго ж мне аб ім клапаціцца. - А потым хітра паківаў пальцам: - Папракнуў, што забыў сына! А і ты, Сяргей, таксама нешта забыў!

- Здаецца, нічога... Хіба толькі прапанаваць памыцца вам з дарогі ды падсілкавацца.

Прафесар адчуваў сябе тут як дома. Ён рэзка згарнуў са стала розныя рэчы, паставіў на яго «фельчарскую» сумку і з яе пачаў даставаць бутэлькі.

- Віно! - сказаў Толя.

Такім бацьку ён ніколі не бачыў.

- Мне віно, а вам - гарэлка. У вас могуць дрыжаць пальцы, а ў мяне - не! Дык не ўспомніў?

Сяргей Карпавіч цёр сабе лоб і маліў Льва Барысавіча «не мэнчыць».

- Які сёння дзень? - надумысля грозна гаркнуў прафесар.

Толя з цікаўнасцю сачыў за ўсім гэтым.

- Сёння? - Сяргей Карпавіч перакідаў розныя рэчы, якія прафесар скінуў на падлогу, і з гэтай кучы выцяг нарэшце табель-каляндар. - Серада, 29 ліпеня...

- Ну, і?

Сяргей Карпавіч паваліўся на канапу. Здавалася, ён нежывы. Потым шпарка ўсхапіўся, пабег у лабараторыю і праз хвіліну паявіўся ў залітых сонцам дзвярах у кіцелі, на якім ззяла Залатая Зорка.

- Успомніў! Сёння якраз тры гады, як прафесар Сіўко зрабіў адну са сваіх «любімых» аперацый, дзякуючы якой...

- ...Годнасць Героя Савецкага Саюза нададзена табе не пасмертна! - закончыў прафесар. - Кліч дырэктара, успомнім.

Покуль гаспадар хадзіў па дырэктара, бацька распытаў Толю, як ён праводзіць час, сказаў, што маці ў кожным лісце пытаецца пра яго, і, нарэшце, дастаў з кішэні канверт.

- Зусім было забыў. Гэта табе.

Толя разарваў канверт. Жэня Коган і Паша Гуль пісалі да яго - адзін радок Жэневай рукой, другі - Пашкавай. «Дзе ты цяпер?» - пытаўся Жэня. «Якія чэрці трымаюць цябе там?» - у сваю чаргу ставіў пытанне Паша. «Хіба ты забыў аб нашай умове?» - папракаў Жэня. «Дзень сустрэчы прайшоў». «Здагадваюся, - доўжыў Паша, - што Жэнька пачне зараз апраўдвацца. Ведай, ён здраднік!» «Ну, які я здраднік?» - і сапраўды апраўдваўся Жэня. «Я «сур'ёзна пагутарыў» з мамай, і мне прыйшлося саступіць - я паступаю на філалагічны. Паша ніяк не згаджаецца са мной, што героем можна быць на любым участку. Успомні Кашавога, нарэшце - Зою. Яны ж не былі ваеннымі!» «Балбатун гэты Жэня, але я дарую яму, гэта ў яго - прафесійная хвароба. Я ж, Толя, адаслаў дакументы ў авіяшколу».

Прыйшоў дырэктар саўгаса, прыйшоў яшчэ нейкі чалавек у старой, але чыста вымытай гімнасцёрцы, паклікалі шафёра, з якім прыехаў бацька, і паднялі шклянкі. Гаварылі многа добрых слоў, усім было і прыемна і вясёла. Толя камячыў у руках ліст, перачытваў. Канверт быў самаробкавы, паклеены з нейкага чарнавіка. На ім Толя толькі і мог разабраць з Жэневай мараніны:

Усім, хто толькі папросіць, аддам

Я па зорцы. Хай бяруць. Іх жа многа!


«Памыляешся!» - падумаў Толя.

- Чаму ты не п'еш? У меру дазваляецца! - сказаў бацька.

Толя выпіў, закашляўся.

- Ты калі паедзеш? - спытаўся ён у бацькі.

- Калі ў свеце ўсё будзе спакойна, Саша прыедзе па мяне праз тры дні.

- Мне трэба ў горад. Вазьміце мяне, Саша.

- Праз гадзіну паедзем, - адказаў шафёр, белымі роўнымі зубамі разгрызаючы чырвоную, сакаўную радыску.

Толю пачалі ўпрошваць, абяцалі «асаблівае» паляванне, але Толя стаяў на сваім і адчуваў, што трохі п'янее. А думка ад гэтага рабілася больш акрэсленай: трэба даспрачацца з сябрамі!

- Мне вельмі трэба ў горад! - І пайшоў з-за стала.

- А наш дослед? - спытаўся гаспадар.

Толя прыпыніўся каля дзвярэй. На расчырванелым твары, кранутым лёгкім рабаціннем, ззяла хлапечая ўсмешка. Капіруючы бацьку, ён паківаў на Сяргея Карпавіча пальцам.

- Наш дослед, прафесар, скончым разам, асістэнт вернецца праз тры дні зваротным рэйсам. Паехалі, Саша!

- Вы толькі едзьце асцярожней, не сапсуйце мне адпачынак! - крыкнуў ім наўздагон бацька. - Няўрымслівае пакаленне! Усё адно як наша. Растуць! - сказаў ён да агранома, і яны чокнуліся.


1947 г.


Загрузка...