Айцэну адразу горача робiцца, але ён не адважваецца спадзявацца, на што вельмi хоча спадзявацца, i таму выганяе панадны той вобраз з сэрца i ўжо на другi дзень iдзе ў Штэдэраў дом перадаць дзеве запрашэньне, што апошнюю дужа хвалюе, i ў найярчэйшых фарбах апiсаць ёй свайго прыяцеля, якi ён разумны й знаходлiвы, якi заможны й нават не сказаць каб несымпатычны зь яго востра паднятымi брывамi й бародкай-эспаньёлкай; нават горбiка ён мудра не маскiруе гэтаксама як i кульгавую нагу, але падкрэсьлiвае, што менавiта гэта ўсё дадае геру Лёйхтэнтрагеру своеасаблiвага шарму, з прычыны чаго нярэдка дамы потайкам кладуць на яго вока, як, напрыклад, дзьве цi тое тры паненкi Мiхаэлiса ў Магдэбургу, Лiзбэт i Юта, дочкi гера саборнага прапаведнiка, i разам з тым думае, колькi вэрхалу было б у таго ў мазгах, калi б i дзева Барбара не засталася беспачуцьцёвая да ягонага сябра.

У нядзельку ў Гамбургу было пагодлiва як мала калi, глыбока блакiтнае неба выгiнаецца над мешанiнай дахаў i шпiцамi кiрхаў, а як што перадпалуднем выдаўся моцны дождж, дык усё сьмецьце й бруд з вулiц сплыло ў Эльбу, вада ў Альстэры абнавiлася i амаль што ўжо больш не сьмярдзiць. Дзева Барбара строiцца ў свой самы лепшы прыкiд, цёмназялёнае, праз якое яе твар набывае цiкавую бледнасьць, футраная палярына, якая хавае пляскатасьцi сьпераду й ззаду; да таго ж карункавы каптурык i залатая акраса з матчынай шкатулкi. I Айцэнава сутана, хоць адпаведна духоўнаму сану цёмная, з тонкага сукна й адмысловага крою, i магiстарскi капялюш на галаве прыцягваюць да сябе поўныя рышпекту позiркi народу, аж Штэдэрыха была пляснула рукамi i ўголас заявiла, ба! - якая здатная пара, гер Паўль i яе Барбара, нават калi магiстр пакуль што й ня мае месца й пасады ў вялiкай кiрсе, усё гэта знойдзецца, усё гэта яшчэ не забавiцца, ужо ж такi муж яе, карабельны маклер i падрадчык закiне каму трэба слоўца-другое ў гарадзкой радзе.

I вось яны шпацыруюць, разьмераным крокам, ня ведаючы добра, што каму трэба гаварыць, дзева, таму што страх абняў сэрца, i Айцэн, таму што нутрынаю чуе, як зноў апанавалi яго варожыя сiлы. I падыходзячы да моста, якi вядзе да Сьвятога Духа, бачыць нарэшце Лёйхтэнтрагера, але гэты не адзiн, i гер магiстр слупянее, нiбы маланкай сьперазаны.

А Лёйхтэнтрагер, на якiм чырвоная шапачка з пяром, срэбраная шпага, да таго ж чырвоныя панчохi й кароткая чырвоная накiдка, схiляецца перад дзевай, бярэ яе руку й цалуе на гiшпанскi манер i адразу кажа, як ён рады цяпер вось сустрэцца зь дзевай пасьля ўсяго нагаворанага герам магiстрам, i ўсё толькi найлепшага, пахвальнага яе прыгажосьцi i ўсiм дарам i даброцям, шчодра адмераным ёй прыродай i Госпадам Богам.

Дзеве Барбары як бы прыемная казытка прабягае па сьпiне ўгору i ўнiз, аж выскоквае сэрца з грудзей: такога яна яшчэ не сустракала, каб ужо за першым словам кроў забушавала. А яе Паўль усё стаiць яшчэ як пень; яму адняло мову, калi ўбачыў Маргрыт альбо прынцэсу Трапезундзкую, выштукаваную, выстраеную, як усё роўна табе герцагiня якая, на руцэ залатая торбачка й шаўковая хусьцiнка ў руцэ, а поплеч зь ёю жыд, ледзь пазнаць яго, апрануты, як ёсьць, па самай тонкай ангельскай модзе, са шлiцаванымi рукавамi на наплечнiку, вострая рыжаватая бародка падстрыжана, расчасана.

- Сэр Агасфэр, - кажа Лёйхтэнтрагер, прадстаўляючы гэткiм манерам дзеве свайго прыяцеля, - сэр Агасфэр i лэдзi Маргарэт.

Сэр Агасфэр, думае Айцэн, i лэдзi Маргарэт; i бачачы, што лэдзi складзена зусiм ня так, як яго Барбара, i яе губкi - адна суцэльная смаката, i цёмны бляск яе вачэй з затоенай у iх пажадай, пра што ён i думаць ня важыцца; i яго забiрае шал, бо што такое магiстр бязь месца й пасады супроць нейкага жыдка, якi раптам узьбiўся на вялiкiя барышы й зрабiўся ангельскiм сэрам, i ён думае, як яму пазбыцца ад гэтага апостала, чаго сваiм часам не ўдалося ў Гэльмштэце.

Яго прыяцель Лёйхтэнтрагер, аднак, пасьля таго сэр Агасфэр i лэдзi Маргарэт з аднагло боку й фройляйн Штэдэр з другога прыстойна абкланялiся, апыталiся, абрэверансiлiся кнiксамi, праменадзiць апошнюю пад ўсялякага роду далiкатныя словы ўгору па Райхенштрас, трымаючы левую руку на тронцы срэбранай шпагi, правую пад локцiк нашай зусiм зьбязволенай дзевы; сэр i лэдзi йдуць сьледам; небарака Айцэн замыкае шэсьце параў. I ўжо ж ведае, што ён робiць, Лёйхтэнтрагер; бо пяшчотна лашчачы локцiк дзевы, толькi й гаворыць, што пра яе Паўля, яго цноты й пабожнасьць, i якiм сьвяцiлам царквы абяцае стацца гер магiстр, ужо ж напэўна бiскупам; i лёгенька, каб не падумала дзева, што яму заходзiцца толькi хвалiць яе ненахвальнага, пацiраецца горбiкам аб яе плечыка, аж ёй робiцца неяк ня так, крыху канфузьлiва, крыху бянтэжлiва; пасьля ён расказвае, мяняючы аб'ект, самымi вышуканымi, самымi даборнымi словамi пра сэра Агасфэра й яго лэдзi, i што сэр, мала што жыд, але ж сярод немцаў такiх пашукай, - магутны старафамiльны вяльможа, i што сабе й лэдзi здымае тут цэлы дом на час сваiх гамбургскiх гешэфтаў, багата абстаўлены самай дарагой мэбляй i самымi мяккiмi дыванамi, i што дзева Барбара й яе магiстр Паўль яго, Лёйхтэнтрагеравай, дружбай i клопатам туды запрошаны на сёньняшнi вечар перакусiць i асьвяжыцца й на ўсякiя вясёлыя бавы апасьля, вой што будзе апасьля, што будзе!

Магiстр Паўль, яшчэ амаль бяздыханны пасьля сьпешнай хады, якою ён патрапляў за невялiчкай кампанiяй, ловiць апошнiя словы Лёйхтэнтрагера й бачыць, як энтузiясьцiцца яго Барбара на прапанову; ён па ўсёй форме дзякуе сэру й лэдзi за iх куртуазнасьць i акцэптуе гэта запрашэньне, ад сябе i ад iмя сваёй дзевы; але ж i з затоеным клопатам думае, якiя ж д'ябальскiя бавы там будуць зь жыдком i яго сябрам Гансам, як цырымонiймайстрам, i да глыбiнi сэрца прыемна ўзрушаны, што Маргрыт, пасьля ўсяго, што стрэслася памiж iмi, яшчэ сёньня будзе зь iм, можа нават трохi зблiзiцца. I сама лэдзi ня дужа запазычваецца на дробныя знакi й намёкi, якiя толькi падмацоўваюць яго спадзяваньнi, шматзначны позiрк тут, лёгкi кiвок, паклончык там, адзiн раз нават незнарок губляе хусьцiнку ды ў такiм зручным месцы, што ён пасьпявае падхапiць яе раней, чым сэр варухнуўся; аж ён пачынае марыць, далоў тытулы й багацьцi, далоў строi й акрасы, застаецца ж яшчэ нештачкi з таго часу, калi яна вытрасала блох зь яго пасьцелi, i нават самы даўгавечны жыд не патрапiць патушыць пажар, якi бушуе пад яе кашлатай мохняўкай.

Толькi жыд глядзiць удоўж i ўпоперак на ўсё, што тут напiнаецца, з поўнай абыякавасьцю, рыхтык так, быццам ён самы чыстакроўны, чыстапародны джэнтльмен, якi вось iдзе сабе, i да аднаго месца яму ўся гэтая мiтусьня паганай сьмердзi й зважае толькi тады, калi магiстр Паўль загаворвае зь iм пра Гэльмштэцкае дзiва й пра яго сьведчаньне за жывога Iсуса Хрыста.

- Што з Вамi, гер магiстр? - кажа жыд, - Ужо цi не хацелi б Вы, каб я ў галечы й брудзе пранэндзiў сваё жыцьцё, як большасьць майго народу?

Айцэн з гарачым абурэньнем адвяргае нават подумку такую; ён, кажа, мае сваю думку, што да жыдоў i iх карыснасьцi, нават сям-там, кажа, датачыў пра гэта ў казанях; калi б аднак, падкрэсьлена кажа далей, калi б аднак усе жыды былi такiя, як сэр Агасфэр, такiя велiкадушныя i датклiвыя духам у спагадзе сваёй, тады пытаньне стаяла б iнакш, i многiя-многiя з гояў прымiрылiся б з прысутнасьцю жыдоў у Германii, а нават давалi б iм сваю абарону на дарогах i ў гарадах, замест каб нападаць на iх i адбiраць у iх тое, што яны нахапалi сваiм лiхвярствам, замест таго каб адпякаць iм куханы й тузаць за бароды. I гэта, дадае ён, нягледзячы на тое, што сэр Агасфэр больш за тысячу пяцьсот гадоў таму назад прагнаў нашага Госпада Iсуса ад сваiх дзьвярэй; бо ясна ж вiдаць, што ён за доўгi бадзяжны свой час ачысьцiўся i сардэчна раскаяўся ў сваiм ганебным учынку й гатовы, як гэта зрабiў у Гэльмштэце, скласьцi сьведчаньне пра вялiкiя пакуты Iсуса Хрыста, якiя ён панёс за нашыя грахi.

Сэр Агасфэр разумнымi вачыма глядзiць на магiстра, якi iдзе поруч з лэдзi i ўсё прымае блiзка да сэрца, i гэты, крыху няўпэўнены, цi не адгадаў жыд, куды хiлiць ён, Паўлюс фон Айцэн, сваiмi словамi, доўга й шумна высморкваецца, пасьля аднак рашае каваць жалеза, пакуль гарачае, i кажа:

- У Вiтэнбэргу, калi яшчэ там я вывучаў тэалёгiю, мой настаўнiк Мэланхтон меў дыспут з добрым доктарам Марцiнусам у дачынках да вашай пярсоны; гер Пiлiп Мэланхтон лiчыў, што як што вы былi сьведка, як наш Гасподзь Iсус iшоў на Галгофу з крыжам на плячах, дык вы маглi б выказаць пэўныя сумненьнi й адносна таго, што а цi быў ён сапраўдны мэсiя, i тым самым памагчы навярнуць iншых жыдоў у адзiнашчасьцедайную веру; але Лютэр аспрэчыў гэта й сказаў, што жыды ад прыроды сваёй заганныя i перавучыць iх, навярнуць немагчыма.

Яго прыяцель Лёйхтэнтрагер, палка падбiваючы клiнкi дзеве Барбары, разам з тым у такой меры мала заняты ёю, што мог бы й не пачуць слоў Айцэна, з ухмылкай пацьвярджае, што так яно й было, i што ён на свае жывыя вушы чуў, як абодва вучоныя мужы за ядою схапiлiся за чубы з-за гэтага, толькi пад канец магiстр Мэланхтон замоўк, бо доктар Лютэр такi халерычны й заўсёды трэба апасацца, каб за гарачай спрэчкай яго паляруш не дастаў.

Цi тое акрылены падтрымкай Лёйхтэнтрагера, цi тое ад блiзкасьцi лэдзi, якая з прыемнасьцю даецца яму падказытваць сябе, Айцэнавы думкi адлятаюць зь iм; рэдка калi ён бачыў сьвет так выразна й так просталiнейна аргумэнтавана: менавiта, што ён, карыстаючыся iдэяй свайго настаўнiка Мэланхтона, мог бы так i так ушыць крымiнал Агасфэру, тым часам як сэр цi як яшчэ там сябе ён назаве, выступае перад вялiкай абшчынай жыдоў i iншых, сьведчачы за мэсiю, i тым самым усiх жыдоў разам робiць ворагамi й тым самым прычыняе вялiкую шкоду гешэфту, калi ж ён аднак адмаўляе гэта й выказваецца, што наш Гасподзь Iсус ня быў мэсiя, ня быў сапраўдны Сын Божы, якi за нашыя грахi узяў на сябе пакуты ўсяго сьвету, мудрай радай горада Гамбурга альбо герцагам Гаторпскiм, у залежнасьцi ад месца дыспутацыi, выкрываецца як махляр i фальшыўшчык праўды й з ганьбай праганяецца, калi ня будзе ўвогуле ўтоплены альбо спалены, пасьля чаго Маргрыт мела б толькi адзiн прытулак i аднаго абаронцу, менавiта магiстра Паўля.

Праўда, на жаль пакуль што ў яго няма пасады й аўтарытэту, каб iнстытуяваць такi spectaculum, i гер галоўны пастар Эпiнус, у гэтым ён пэўны, у сваёй зацятасьцi супроць жыдоў i супроць яго самога таксама ня зробiць гэтага; але яшчэ ня вечар, думае ён, i чаго сёньня нямаш, можа заўтра трымаш, i таму ён сьвiдруе далей i кажа жыду:

- Цi можна на вас разьлiчваць, сэр Агасфэр, што вы пасьведчыце, як вы ў Гэльмштэце перад прынцэсай Трапезундзкай i перад усiм народам зрабiлi, што бачылi нашага Госпада Iсуса ў плоцi й што ён быў тым, кiм быў?

Тут лэдзi, мабыць таму што сёньня яна ня хоча нiчога чуць пра прынцэсу Трапезундзкую, закiпае гневам i кажа:

- Што вам такое ў галаву завярнула, гер магiстр! Вы ж бачыце, сэр Агасфэр тут па справах гешэфту, а ня рэлiгii, зь якою кожны можа абыходзiцца, як сам хоча, будзь ён жыд цi хрысьцiянiн.

Але гэта ўжо ўпоперак усяму, чаго ён навучыўся ў добрага доктара Марцiнуса й iншых вучоных гераў, i ён кажа:

- Баранi Божа, лэдзi, каб кожнае верыла, як яму ў галаве заверне, каб хрысьцiла дзяцей альбо не, як яму зручней, каб прымала сьвятое прычасьце пад адным альбо двума вiдамi, як яму, бач, смачней; у большай меры рэлiгiя гэта справа начальстваў i агульнага парадку, iнакш тут будзе кiшэць рознымi баламутамi, чмутамi, чарадзеямi й лiхадзеямi, ератыкамi й бунтаўшчыкамi, што царкве й законам - амба; ёсьць толькi адна праўда, i яна зразумела выкладзена таксама й жанчынам у катэхiзiсе доктара Марцiнуса Лютэра, i таму было б вельмi пахвальна, калi б сэр устаў перад усiмi жыдамi й сказаў пра тое, як ён сам гутарыў з Госпадам Iсусам, якi быў наканаваны збаўца альбо мэсiя i што жыдам з гэтай прычыны няма чаго чакаць нейкага iншага мэсii i яны з добрым i чыстым сумленьнем могуць навярнуцца ў адзiнашчасьцедайную веру.

Лэдзi Маргрыт бачыць, зь якiм запалам магiстр змагаецца за догмат веры, i думае, што ну нiяк ня можа справа навароту жыдоў аж так далягаць ягонаму сэрцу й што за гэтымi настойлiвымi словамi а цi не ляжыць якi-небудзь iншы iнтэрас, але ня ведае, якi, i ўжо хоча адказаць яму рэзка й востра; а жыд, каб улагодзiць яе, кладзе далонь на яе руку й кажа, што дзякуе геру Айцэну за ягоныя вялiкiя турботы пра душэўныя даброцi ягоных братоў па веры i што падумае: рабi быў адзiн такi, пра каго можна вой колькi ўсяго расказаць, як i пра чатырох евангелiстаў, якiя больш чым у адным толькi пункце ня сыходзiлiся ў думцы; але ж вось, ён запрашае гасьцей у дом, бо вось маеце - прыйшлi.

Не сказаць, каб магiстр Айцэн альбо дзева Барбара выйшлi з голай галечы, не; палатно й шэрсьць, як i карабельныя пастаўкi кормяць гаспадара, i ў доме Штэдэраў як i ў Айцэна гер Голад нiколi за кухара ня быў, у кожнага свой пакой i свой ложак i свае дзьве кашулi; але дом сэра Агасфэра, хай толькi зьняты, гэта ж толькi падзiвiцца! раскошай перабiрае ўсё, што яна калi-колечы бачыла, i абодвум паўстае як палац, так пакняску абсталяваны й багата дэкараваны. Ногi топнуць у каляровых дыванах, падобных на расквечаныя лугi, мэбля самага тонкага й далiкатнага вырабу, сталы й крэслы й шафы й сподкi пад талеркi й кубкi; яны з палiраванага срэбра i ў пазалоце, а побач дзiвоснай разьбы фiгуркi з высакароднай драўнiны й слановай касьцi. Цяжкiя сьвяцiльнi й кандэлябры таксама з срэбра й мастацкай выштукаванасьцю куды вышэй за тыя, што ў сьв. Якава й сьв. Пятра, i тоўстыя васковыя i лойныя сьвечкi ў iх лiюць мяккае сьвятло на чалавека й рэч, найперш на сьцены з дарагiмi шпалерамi з голымi нiмфамi на iх, калi тыя бавяцца з аднарогам, а на тых вунь - траянскi прынц Парыс, выбiрае, якая з трох багiняў самая прыгожая, i ўсе тры з голымi пышнымi грудзьмi, апетытна акруглымi клубамi, ну як ўсё роўна ў лэдзi Маргарэт, якая здымае зь сябе шпацырную палярынку й запрашае гасьцей за стол у сукенцы, якая i выстаўляе яе панаднасьцi, i дзiка пачашчае дыханьне магiстру Айцэну. Стол накрыты цудоўнымi блюдамi: дразды, гефiлтэ фiш i самая розная смажанiна, усё строга кашэрнае, як з усьмешкай тлумачыць сэр, далiкатна прыпраўленае, да ўсяго дарагiя бутэлькi зь венецыянскага шкла, празь якое iскрыста праблiсквае вiно. У адным эркеры сядзяць двох музыкаў, адзiн зь лютняй, другi зь вiялiнай, граюць пяшчотныя мэлёдыi, да таго ж каторы зь лютняй яшчэ й сьпявае, праўда не пра Бога, не пра нябесныя радасьцi, а пра каханьне й любоўную млосьць. Адна асалода застольнiчаць, асаблiва калi жыд, як гаспадар на чале стала, лэдзi каля магiстра, а Лёйхтэнтрагер сядзiць пры дзеве Барбары, гэтакiм чынам яшчэ цясьней ушчыльняючы повязi, якiя ўзьнiклi падчас шпацыру.

Магiстру Паўлю аж так добрыцца на душы ад ежы й пiтва, а яшчэ ад таго выпраменьваньня, якое йдзе ад яго суседкi, якая выдатна падагравае i iскрыць свае сокi; пры гэтым Маргрыт, цi як яе - прынцэса Трапезундзкая альбо лэдзi падкладвае яму самыя лепшыя кавалкi, падлiвае зноў i зноў, i за кожным разам ён бачыць, як яна паводзiць пышнымi плячыма, што здаецца адкусiў бы кавалачак зь iх, а не з талеркi, i як яна так умела туга напiнае грудзi, што яны аж як бы самi просяцца з карсажа. Але й дзева Барбара штораз больш разахвочваецца да свайго суседа, якi салодзенькiмi губкамi нашэптвае ёй на вушка ўсякае-ўсялякае, як ён хоча яе, асаблiва за яе дзявоцкiя формы, i, божа, як бы ён зь ёю пабавiлiся, як анёлкi памiж сабою, а ён як хохлiк, а менавiта ж бо ззаду, альбо ж i зьверху бубкi, зьнiзу губкi - таксама сьлiчна!, пакуль абое, зьлiўшыся, ня пырхнулi б у адзiную шчаснасьць, якая даецца добрым людцам ужо тут, на зямлi, i што ён трымаецца толькi зь вернасьцi свайму сябру Айцэну, якi, як яна можа лёгка бачыць, ужо даседзеўся да таго, чаго Сьвяты Дух ужо выседзеў у Марыi. I якраз таму, што Барбара пра такiя забавы пакуль што ведала толькi па чутках, ня кажучы пра тое, каб начамi ў iх практыкавацца, кроў гарачымi хвалямi шумуе ёй у галоўцы, але тым часам i ў тым месцы, якiм ведзьмы садзяцца на памяло, высока ў паветры летучы на Блоксберг на шабас, i ў яе беднай галоўцы ўзьнiкаюць выявы голых цел, палка склiненых памiж сабою, i ў такой грахоўнасьцi, што яна ўжо ня можа й сваёй калейкай шэпцiкам лашчыць Лёйхтэнтрагеру вушка, што годзе, напрамiлы божа, ну, перастань жа, ад такiх слоў я ўся перавялася.

Тым часам жыд зь нейкай адмысловай пляшкi налiвае гасьцям у чаркi салодкага, цяжкага вiна, пра якое кажа, што сам чорт гадаваў лазу й чавiў гронкi, але рэбэ Ёшуа, як хрысьцiяне называюць Iсуса, на сваёй апошняй тайнай вячэры з вучнямi пiў якраз гэтае вiно i, як вядома, дабраславiў яго, так што вiно сёньня робiць так, што таму, хто яго п'е, праўдзяцца ўсе яго жаданьнi. Пасьля кiвае музыкам, тыя выходзяць наперад, i каторы зь лютняй схiляецца перад лэдзi й перад дзевай Барбарай i заводзiць песеньку:

Мне так, ня знаю як,

ты ўся ў маiм нутру,

Прыйдзi, аддайся мне,

iнакш бо я памру.

Iнакш памру.

Як зорачка ўначэ,

так я к табе лячу.

Прыйдзi, дай сэрца мне

i нештачкi яшчэ.

I дай яшчэ.

Гасподзь стварыў людзей,

зь людзьмi цяпер бяда.

Прыйдзi, пусьцi ў сябе,

кашлатачка н-да... н-да...

Мая бяда.

Ад гэтых слоў, ад музыкi Барбара глыбока заглядвае ў вочы Лёйхтэнтрагеру, а магiстр у вочы лэдзi, i ўжо яны ведаюць, чаго хочуць, бо прычасьцiлiся ад дабраславёнага вiна. Сэр Агасфэр дае знак, i цёмная заслона на задняй сьцяне рассоўваецца, адна палавiна налева, другая палавiна, значыцца, направа, i вачам адкрываецца шырокая памяшкальня, такая ж шыкоўная, як i тая, дзе банкетавалi, але крыху меншая, пасярэдзiне якое шырокi ложак зь мяккiмi падушкамi й балдахiнам, так званым нябесным дахам над iм, расшытым золатам з кутасамi па краях.

А цяпер, абвяшчае сэр, пара, пара павязаць маладую пару, па ўсiх законах гонару, натуральна: ён i лэдзi будуць за сьведак, а ягоны прыяцель Лёйхтэнтрагер, як прынята, цэлебруе шлюб паводле рытуалу, каб усё як сьлед, што й сам магiстр лепш ня ўчынiў бы.

I з гэтымi словамi ён кажа маладзёну й ягонай Барбары стаць поруч ля падножжа ложка. Лёйхтэнтрагер раптам аказваецца ў духоўнай хабiце, увесь у чорным i зь белым каўнерыкам, трымаючы ў руках кнiгу, была яна Бiблiя цi не, Айцэн сказаць ня можа, бо ў яго круцiцца ў галаве, вочы лезуць з вачнiц, калi ён вось так стаiць перад ложкам поруч з суджанай яму нявестай i яму здаецца, што бачыць Маргрыт, голую, як на карцiне майстра Кранаха зь Вiтэнбэрга, з каштоўным калье на шыi й рознымi iншымi залатымi штукенцыямi на руцэ.

А Лёйхтэнтрагер разгортвае кнiгу й кажа:

- Слухайце, вы каханыя, чаму вучыць Сьвятое Пiсаньне пра боскае ўстанаўленьне шлюбу: Бог стварыў чалавека паводле свайго вобразу, i стварыў ён мужчыну й жанчыну, бо сказаў Бог, я хачу зрабiць мужчыне памочнiцу, каб ня быў ён адзiн. Але муж павiнен быць верны сваёй жонцы, як i жонка свайму мужу. Але жанчына ня мае ўлады над сваiм целам, а муж. Вы, жанчыны, павiнны, слухацца сваiх мужоў, як валадароў, бо муж ёсьць галава жонкi, як Хрыстос ёсьць галава эклезii вернiкаў. Але як абшчына вернiкаў падданая Хрысту, так i жонка падданая мужу свайму ва ўсiх справах ягоных.

Магiстр ведае тэкст вельмi добра й яшчэ ведае, што Лёйхтэнтрагер прамаўляе слова ў слова, дакладна дэка ў дэку, i ўсё ж яму здаецца, што гучаць яны як чысты зьдзек i кпiны, асаблiва калi сэнс iх прыкласьцi не да сухарэбрай Барбары, а да голенькай Маргрыт, на якую жыд паклаў руку як яе гаспадар i валадар. I ўвесь сьцiнаецца, калi Лёйхтэнтрагер пытаецца ў яго:

- Цi хочаш ты, Паўль фон Айцэн, сутную тут дзеву Барбару Штэдэр прыняць з рук божых за жонку сабе, кахаць яе й шанаваць яе й трымацца непарушна вернасьцi, пакуль сьмерць не разлучыць вас?

- Хачу, - кажа ён, не таму, што сапраўды хоча, а таму, што адчувае, што ўсё яму ўжо вызначана наперад з таго дня ў "Лебедзях" у Лейпцыгу, i чуе, як яго сябар вось ужо гаворыць да дзевы й задае ёй пытаньнi, цi хоча яна ўзяць сутнага тут Паўля фон Айцэна за мужа, цi хоча слухацца яго й падпарадкоўвацца яму ва ўсiх справах, пакуль сьмерць не разлучыць iх, чуе яе згоду й бачыць, як Лёйхтэнтрагер падымае руку й дабраслаўляе новы саюз у iмя Бога Айца, Сына й Сьвятога Духа, быццам ён быў высьвечаны й рукапаложаны й быў на "ты" са Сьвятой Тройцай. Бачыць таксама, як Барбара адразу ж дае нырца ў ложак, раскiдае рукi, але не да яго, а да ягонага сябра Ганса. Але той нагiнаецца, расшнуроўвае абутак, а менавiта на кульгавай назе, кладзе гэты чаравiк на коўдру над жыватом дзевы й кажа: "Каб ты ведала, пад чыiм ботам ты будзеш жыць з гэтага часу й хто ёсьць твой гаспадар"; а Маргрыт, то-б-тое прынцэса Трапезундзкая, то-б-тое лэдзi звонка пляскае ў далонi й курчыцца ад сьмеху. А сэр пасьмiхаецца далiкатна й пытаецца ў магiстра, цi не хацеў бы ён зрабiць прыгатаваньнi й далучыцца да суджанай яму.

Кажучы гэта, бярэ пад руку лэдзi й выходзiць, за iм Лёйхтэнтрагер; пасьля чаго заслона зачыняецца, i толькi салодкая музыка застаецца. I тут нападае на Айцэна вялiкi юр, i ён прыгадвае, што сказаў яму яго сябар Ганс, менавiта, што Бог стварыў усiх i ўсякiх жанчын з аднолькавай дзiркай i для аднолькавых патрэб i мэтаў; i не марудзячы далей, ён скiдае зь сябе парадную вопратку i ўпаўзае да Барбары пад коўдру; а тая ўжо растапырылася ў поўнай гатоўнасьцi й юрзае заднiцай, быццам змалку нiчога iншага не рабiла, уся жарсьць i пажада, i стогне й клiча: "Ходзь, каханы, ходзь да мяне", i Айцэну робiцца весела, калi чуе, якi ў яго прыгожанькi гарбок, якiя прыгожыя i густыя валаскi на грудзях, ну, i ўсё такое iншае. I заўважае раптам, што на ёй iнкуб, але й сам адчувае, што такi самы iнкуб i пад iм, нiбыта Барбара, i ведае, што гэта голая Маргрыт, на якой ён гарцуе поўным чвалам, а пасьля зноў павольна роўненькiм i леным трушком, а яна трымае яго й прымае, прымае, пакуль яму самому не пачынае здавацца, што ўсё ягонае жыцьцё перацякае зь яго ў яе й нiчога ад яго не застаецца, акрамя высахлай скуры.

А тады спачын. Ён уздыхае й бярэ Барбарыну руку ў сваю, i абое засынаюць. Калi празь некалькi гадзiн прачынаюцца, на дварэ займаецца на ранiцу, i ляжаць яны на сьмярдзючым лежаку ў каморцы, поўнай усякай дрэнi й затканай павуцiньнем, у нейкай дзiкай трушчобiне на прадмесьцi, i нi ён, нi Барбара ня ведаюць, як сюды дасталiся, i замест iх прыгожых вясельных рызаў ляжыць куча дранага рызьзя, у якое яны хутаюцца; толькi адмысловага швiва бот Лёйхтэнтрагера адзiнока стаiць на коўдры, быццам забыты сябрам. А калi яны цiхенькiм крадком сыходзяць па лесьвiцы, выходзiць фраў гаспадыня i гарлае, патрабуючы грошай, восем грошаў гамбургскiх, а ў яго нi пфенiга нi ў кашулi, нi ў штанах, i Айцэн мусiць паслаць пасыльнага з запiскай да брата ў кантору па грошы й чакаць тут, тым часам як зброд у карчме рагоча й строiць зьдзекi ўсялякiя, што а скажы, як пачувалася, як начавалася, як зь дзеваю шпокалася, i колькi сiнякоў яму яна насадзiла сваймi касьцямi.

РАЗЬДЗЕЛ СЯМНАЦЦАТЫ

У якiм дасьледуецца, адкуль магло пайсьцi, што з чыстых рэвалюцыянэраў робяцца самыя зацятыя ахоўнiкi парадку, i адначасова расказваецца пра процiлегласьць памiж "не" i "так" i цяжкасьцi пры будаўнiцтве царства свабоды

Мы лунаем.

У глыбiнях прасторы, якая называецца шэол, што распасьцiраецца па-за межамi стваральнасьцi, бязь цемры, безь сьвятла, паўсюль, у бясконцым скрыўленьнi.

Тут мы можам гаварыць, кажа Люцыпар, тут няма нi Бога й нiкога зь Яго твораў, будзь тое духоўных, будзь матэрыяльных; тут ёсьць толькi Нiчога, а Нiчога ня мае вушэй.

Я не баюся, кажу я.

Люцыпар крыва ўсьмiхаецца. Той, хто, як ты, хацеў бы зьмянiць сьвет, кажа ён, мае ўсе падставы баяцца свайго посьпеху ў гэтым.

Нешта падобнае на павеў ветру кранае нас; але гэта ня вецер, а паток часьцiц, мiзэрных часьцiнак Нiчога, якiя зь Нiчога рухаюцца ў Нiчога.

Я шукаў цябе, брат Агасфэр, кажа ён.

Дзе астатнiя? кажу я. Дзе твае цёмныя сонмы, якiя былi скiнутыя зь неба над нябёсамi разам з табою i са мною за тое, што мы перад Богам адмовiлiся ганараваць чалавека, якога Ён стварыў паводле вобрзу свайго з грудачкi пылу й кропелькi-вадзiнкi й вятрынкi й жарынкi агню. Дзе яны?

Тут мiнаецца ўсё, кажа ён.

Я бачу, як ён дрыжыць ад вялiкага холаду, якi вакол нас, i я разумею, што ён шукаў мяне, бо яшчэ горш за Нiчога ёсьць думка пра яго, Нiчога, вечнае iснаваньне.

Я гнаў цябе й твой чын, кажа ён. Ты ўстаў, выпрастаўся i адняў свой кулак i рабiўся ўсё больш i больш прыгнутым i паламаным. I тым ня меней ты спадзяешся.

Бог ёсьць зьмяненьне, кажу я. Калi Ён стварыў сьвет, зь Нiчога, Ён зьмянiў Нiчога.

Гэта быў капрыз, кажа ён, выпадак, якi здараецца адзiн раз i больш нiколi. Бо глядзi, калi Бог азiраў Сваё тварэньне на сёмы дзень, Ён адразу агучыў, як цудоўна добра Ён усё знаходзiць у рэальна iснуючай форме й што сьвет мае заставацца на ўсе часы, якiм ён яго й стварыў, зь Верхам i Нiзам, з арханёламi й анёламi, хэрувiмамi й сэрафiмамi й сонмамi духаў, падзеленых паводле чыноў i ступеняў, i вянок над усiм - Чалавек. Бог ёсьць як i ўсе, хто нешта калi зьмянялi; i разам з тым яны баяцца за свой твор i сваё становiшча й з чыстых рэвалюцыянэраў робяцца самымi строгiмi ахоўнiкамi створанага iмi парадку. Не, брат Агасфэр, Бог ёсьць Iснуючае, Бог ёсьць Закон.

Калi б так было, кажу я, навошта тады Ён паслаў Свайго роджанага Сына, каб той праз свае пакуты браў на сябе вiну за грахi ўсiх i выбаўляў чалавека? Цi ж бо збавеньне ня ёсьць у сваёй аснове зьмяненьнем?

Мы лунаем.

I Люцыпар кладзе сваю руку на мяне, быццам нiчога нас не разьдзяляе, нiякае сваё бачаньне сьвету, нiякае ўяўленьне мэты, i кажа мне: ты таксама ведаў яго, рабi.

I я падумаў пра рэбэ Ёшуа i як я знайшоў яго ў пустынi: рэдзенькая бародка ў пяску й пыле й распухлы ад голаду жывот, i як я павёў яго на вяршыню высокай гары й даў яму зiрнуць на абсягi тварэньня ягонага бацькi з усёй галечай i з усёй несправядлiвасьцю i сказаў яму, што ўсё гэта ён можа ўзяць пад сваю руку, бо прыйшоў час збудаваць сапаўднае царства Божае; але ён адказаў мне: Маё царства не ад гэтага сьвету.

I што, кажа Люцыпар, ён здабыў, рабi? Цi менш грашылi пасьля таго, як ён даў сябе прыбiць на крыж, i зямля ня п'е больш крывi, як раней? Жыве воўк разам зь ягнём, i ўжо чалавек больш ня вораг чалавеку? Чаму ты ня пойдзеш да яго, што сядзiць у сьвятле, там у вышынях, праваруч бацькi, i ня спытаешся ў яго? Табе ён напэўна дасьць слова й адказ.

Ён пракляў мяне, кажу я, бо я адмовiўся даць яму цень маiх дзьвярэй, калi ён быў у дарозе да месца ўкрыжаваньня з крыжам на сьпiне.

I я бачу, як Люцыпар нецярплiва пацепвае брывом. Я ведаю, ведаю, кажа ён, але менавiта пра гэта ён i захоча гаварыць з табою, бо цi ж ня меў ты рацыi, праганяючы яго ад сваiх дзьвярэй як чалавека, якi цярпеў крайнюю нэндзу?

I тым ня меней, кажу я, рабi любiў людзей i цярпеў за iх.

Цярпеньнi, кажа Люцыпар, - не заслуга; ягня, якое аддаецца на корм, мацуе парадак ваўкоў. Але ты, брат Агасфэр, ня хочаш паслаць сябе ў гэты парадак i спадзяешся на Бога, што Ён табе дазволiць крыху павыдурнiвацца зь Ягоным тварэньнем, i пакiне табе шчылiнку, празь якую ты з чыстым сумленьнем можаш прапаўзьцi назад пад Яго Божую аслону й ня хочаш прызнаць, што гэты сьвет асуджаны на пагiбель ад пачатку праз парадак, якi Бог даў табе, i ўсё корпаньне ў iм марнае й толькi зацягвае скон. Хай жа ён iдзе ў пропадзь, гэты стары сьвет i дай нам з нашага духу будаваць царства свабоды, бяз гэтага маленькага Бога маленькага пустэльнага народу, якi толькi можа жыць, калi яму падпарадкоўваецца кожная iстота.

Я толькi баюся, брат Люцыпар, кажу я, твая пагiбель сьвету можа аказацца канчатковай, а дзе ж узяць новага Бога для новага сьветатварэньня?

Мы лунаем.

У гэтай прасторы, якая ня мае пачатку й ня мае канца й нi Сьвятла нi Цемры, а фарбай i тонам, думкай i пачуцьцём усё жывое павiнна ўлiцца ў нешта й зрабiцца нiчым па волi Люцыпара.

Маё Не табе не падабаецца, кажа Люцыпар. Не патрэбнае, як i Так, i з процiлегласьцi абодвух паўстае Чын.

Дык ты пойдзеш да яго, кажа ён.

А я падумаў пра рэбэ Ёшуа, як ён дазволiў мне пакласьцi яму на грудзi голаў на апошняй вячэры й як я прывёў яму параўнаньне з колам, якое ня можа зьмянiць сваю каляiну, а вось фурман, якi кiруе валамi, можа яе зьмянiць.

Як жа мне гаварыць яму супроць Бацькi, кажу я, калi яны ёсьць адно, Бацька й Сын, зь Сьвятым Духам як трэцiм у зьвязцы?

I я бачу Люцыпара, як ён курчыцца ад сьмеху. З трох рабi адно, з аднаго рабi тры, кажа ён; мне здаецца, ты хочаш схавацца за старой абракадабрай i гульнёй у лiчбы, якою царква, якая называецца iмем рабi, спрабуе выкарчаваць сваё грэка-жыдоўскае карэньне. Ты будзеш вымушаны рашыцца, брат Агасфэр. Альбо твой рэбэ Ёшуа ўзьнёсься ў неба, дзе цяпер сядзiць праваруч Бога; тады ён ёсьць Цэлае ў сабе й зь iм можна гаварыць, альбо ж ён зрабiўся Адным з Богам i Саматрацiнай са Сьвятым Духам, стаўшыся Новым. Што ж тады сталася з Адным Богам, якi быў, пакуль утварылася гэта траiсная камбiнацыя, i якi адкiнуў нас у шосты дзень тварэньня?

А я падумаў пра рэбэ Ёшуа, як ён падышоў да мяне з крыжам на сьпiне й пазнаў мяне каля майго дома й спрабаваў гаварыць са мною i як я сказаў яму, што хачу наклiкаць за яго меч Бога, i ўсе яго ворагi i ўсё воiнства да сьмерцi ўбаялiся б яго бляску й счэзьлi б, i што ён павiнен быў бы павесьцi народ Iзраiля, згуртаваўшы яго вакол сябе, як яно й наканавана ў Пiсаньнi; але ён адказаў: цi ж не павiнен я выпiць чару, якую мне даў мой Бацька?

Мы ўсё яшчэ лунаем.

У халадэчы прасторы, у павевах ветру, якi ня ёсьць вецер, i я чую пошчак зубоў Люцыпара. Тут вельмi вусьцiшна, кажа ён, няўтульна для паўтарэньня дыспуту, у якiм сьвятыя айцы царквы перагрызьлiся мiж сабою моцнымi словамi. Што ёсьць сэнс па-твойму, брат Агасфэр?

Я хачу ўсё ж пайсьцi туды, да рабi, кажу я, i пабачыць, што сапраўды сталася зь iм i што ён напраўду думае.

I мы рассталiся, ён, трымаючыся свайго гешэфту, я - свайго.

РАЗЬДЗЕЛ ВАСЯМНАЦЦАТЫ

Зь якога высьвятляецца, што ж такi вынiкнуць можа з вывучэньня гiстарычных крынiц i як, не ўтачыўшы свайго гроша, можна здабыць доктарскi капялюш, духоўную славу i шэсьць локцяў карычневага палатна

Геру

праф. Ёханаану Лёйхтэнтрагеру

Hebrew Univerсity

Jerusalem

Israel

17 красавiка 1980

Вельмi паважаны гер калега!

У Вашым апошнiм пiсьме да мяне, датаваным ад 2-га гэтага месяца, Вы спрабуеце прыпiсаць мне пачатак фiксацыi феномена Агасфера.

Пра такую фiксацыю, нават яе пачатак, не можа быць наогул нiякай гаворкi. Сам я, нават будучы ў кiраўнiчай функцыi, толькi член калектыву, i мае праекты даследаванняў таксама падлягаюць зацвярджэнню i калектыўнаму кантролю. Агасфер цiкавiць мяне як тыповы прыклад рэлiгiйных прымхаў i адпаведна ўзнiкнення легендаў; праўда, на аснове новых пазнанняў я цяпер гатовы прызнаць яго iснаванне як рэальнасць, толькi не вечнае.

Як прадстаўнiк дыялектычнага матэрыялiзму я заўсёды адмаўляўся прызнаваць наяўнасць звышнатуральныў iстотаў i з'яваў (параўн. маё пiсьмо ад 14 лютага); але я заявiў, што яшчэ ёсць нявытлумачаныя навуковыя праблемы, якiя, аднак, калi яны акажуцца дастаткова важнымi, несумненна сваiм часам будуць чалавекам вырашаны. Тым больш мяне радуе, паважаны гер прафесар Лёйхтэнтрагер, магчымасць паведамiць Вам сёння, што, прынамсi, праблема Агасфера можа разглядацца як вырашаная. Хоць гэта, праўда i не заслуга нашага iнстытута; але ў кожным разе наш супрацоўнiк д-р Вiльгельм Якш быў той, хто пры даследаваннi дыялектычнага моманту развiцця легенды пра Агасфера натыкнуўся на працу, у якой маецца аснова для вырашэння: апублiкаваны ў 1951 годзе ў томе ХLI часопiса Аб'яднання па вывучэннi гiсторыi Гамбурга артыкул Паўля Ёгансэна пад загалоўкам "Цi быў Вечны Жыд у Гамбургу?".

У артыкуле Ёгансэн падае ўказанне на тое, што Агасфер iдэнтычны з "лiфляндскiм прарокам" Юргенам з Мэйсэна. "Фактычна, пiша Ёгансэн, паралелi ў апiсаннi гамбургскага Агасфера i лiфляндскага прарока i прапаведнiка настолькi вiдавочныя, што не можа быць нiякiх сумненняў у iдэнтычнасцi абодвух асобаў". Нават часавае супадзенне iх выступлення настолькi эклатантнае, што проста мiжвольна абедзьве асобы злiваюцца ў адзiн вобраз.

Ёгансэн прыводзiць старадаўняе даступнае азнаямленню апiсанне Агасфера з 1602 года ў Родэ з выдрукаванай у Данцыгу народнай кнiжкi пра Вечнага Жыда, паводле якой Паўль фон Айцэн, у той час студэнт з Вiтэнбэрга, зiмой 1547 года ў Гамбургу "ў кiрсе падчас казанi ўбачыў чалавека, якi ўяўляў з сябе вельмi высокую асобу са звiслымi на плечы валасамi, якi стаяў насупраць катэдры босы; якi з такой увагай слухаў казань, што ў iм нельга было адчуць анiякага руху; толькi, калi было выслоўлена iмя Iсуса Хрыста, ён схiлiў галаву на грудзi i ўздыхнуў вельмi глыбока; i нiякай iншай вопраткi на iм не было ў тую суровую зiму, апрача пары штаноў з падранымi калашынамi, курты па каленi i паўзверх яе палiто да пятаў".

Я цытую гэта паведамленне, якое Вам, гер калега, па ўсёй верагоднасцi, знаёмае, якое дае базiс для параўнання з сучаснымi паведамленнямi пра прарокаў Юргена альбо Ёрга з Мэйсэна. Так Ёган Рэнэр, пазнейшы хранiст горада Брэмена, якi жыў з 1556 па 1558 г. у Лiфляндыi, пiша: "I быў у гэты час адiн такi ў Рызе, на iмя Ёрген Мэйсэнскi, а хадзiў ён распранута i боса, не хацеў таксама есцi i пiцi, а да таго працаваў. Памянёны заклiкаў месцiчаў штодзённа да пакаяння. Але ён быў таксама дзевяць гадоў таму назад (г.зн. 1547!) тут у Рызе i заклiкаў людства да пакаяння, i, цi не пакараў яго Бог агнём, калi яго заклiкi нiчога не далi, прапаў".

Пасля чаго ў Рызе сапраўды выбухнуў вялiкi агонь - пажар, у якiм згарэлi Домскi сабор i большая частка горада. Узiму 1557/1578 гг. Ёрг зноў знаходзiцца ў Лiфляндыi, пра што паведамляе рэвельскi пастар i хранiст Балтазар Русаў (Chronica der Provinz Lyfflandt, Bаrth, 1584), а менавiта: "Таго ж года ўзiму ў Лiфляндыю праз Польшчу i Прусiю прыбыў чалавек вельмi дзiўны, а хадiў ён зусiм боса, гола i раздзета, апранута толькi ў вярэту, меў доўгiя валасы нiжэй плячэй. Некаторыя мелi яго за вар'ята, некаторыя за фанатыка, а некаторыя маўлялi, што гэта цудоўная азнака Божая, i што нешта такое адбудзецца".

Што адбылося, дык гэта нашэсце Iвана Жахлiвага на Лiфляндыю. Тыльман Бракель, лiфляндскi паэт у сваёй улётцы "Хрысцiянская гутарка пра жудаснае разбурэнне Лiфляндыi праз маскавiтаў", дарэчы, пiша:

Апошнi знак даброцi Боскай:

Павiнен муж-вар'ят прыйсцi,

На плошчах люду абвясцiць

Пакайцеся, пакуль не позна,

Бо страшны будзе Божы суд,

Бо ўмыецца крывёю люд,

Яму ж не верылi, ды з войскам

Прыйшоў маскаль на ўлонне наша,

I - перапоўнiлася чаша.

Ёгансэн цытуе крынiцы, паводле якiх прарок Ёрг быў забiты неадукаванай чэрняй пад Дэрптам, непадалёк ад рускай мяжы, сумняваецца ў крынiцах, але i ставiць пытанне: што, зрэшты, трэба было прапаведнiку пакаяння на рускай мяжы? I што меў на ўме хранiст Русаў, пiшучы, што Ёрг прапаў недзе памiж Рэвелем i Нарвай? Ёгансэн знаходзiць таксама пэўную iдэнтычнасць асобы Агасфера-Ёрга з Васiлём Блажэным (Васiлём Шчасным), юродам, якi шпурляў камянямi ў чорта i пагражаў Iвану Жахлiваму Божай карай, iмем якога названы сабор на Краснай (Прыгожай) плошчы ў Маскве. Апрача таго, заўважае Ёгансэн, юрод Васiль быў шавец, як i Агасфер.

Але чаму - пра гэта i Вы, паважаны гер калега Лёйхтэнтрагер, даўно маглi б спытацца, - чаму прарок Юрген падчас свайго побыту ў Гамбургу назваўся Агасферам? Калi ў астатнiм ён падарожнiчаў пад сваiм уласным iмем!

Ёгансэн дае гэтаму праўдападобнае тлумачэнне. Ён пераносiць сустрэчу Юргена з Айцэнам, якi паводле Ёгансэна "быў асобаю, чыя даставернасць не можа быць пастаўлена пад пытанне", у Мiкалаеўскую кiрху, дзе яшчэ ў 1547 годзе знаходзiлася вялiкая карцiна, на якой былi ўвасоблены персiдскi цар Агасфер са сваёй яўрэйскай каханкай Эстэрай; карцiна была ў 1555 годзе знiшчана, калi, паводле хронiкi горада Гамбурга, маланка ўдарыла "ў Нiклавуса кiрку разом з малёванем конiга Агасфэрума i Гэстэрай, пабiўшы i оклад на ковалкi". Юрген, "нерозумовы чловек", лiчыць Ёгансэн, быў так уражаны карцiнай, што прыняў цара за яўрэя Агасфера. "Калi гэта так, высноўвае ён, дык iмя Агасфер для Вечнага Жыда можа быць растлумачана толькi ў гэтай сувязi".

Мае калегi ў iнстытуце i я схiльныя iсцi за Ёгансэнавай тэзай, бо яна дае, паводле нашага стаўлення да праблемы, ключавы доказ таго, што Агасфер, якога спаткаў у Гамбургу пазнейшы суперiнтэндэнт Шлезвiга Паўль фон Айцэн, быў чалавек смяротны, як Вы i я, i менавiта таму не вечны яўрэй.

Мы ўсе тут напружана чакаем, што Вы, паважаны калега Лёйхтэнтрагер, цяпер скажаце, пасля таго як Ёгансэнава парада па-новаму асвятлiла ўсю праблему Агасфера i прапануе цалкам натуральнае яе вырашэнне.

З асаблiва высокай павагай i калежанскiм прывiтаннем

Ваш адданы

(праф. д-р Dr. h. c.)

Зiгфрыд Байфус

Iнстытут навуковага атэiзму

Берлiн, сталiца ГДР

Геру

праф. д-ру Dr. h. c. Зiгфрыду Байфусу

Iнстытут

навуковага атэiзму

Бэрэнштрасэ 39а

108 Берлiн

German Democratic Republik

2 траўня 1980

Дарагi, паважаны калега Байфус!

Ваша такое падрабязнае са шматлiкiмi цытатамi i спасылкамi на крынiцы пасланне ад 17 красавiка дало мне масу задавальнення, i я паспяшаўся паказаць яго свайму прыяцелю з Дарогi Смутку, дзе ён над сваёй абутковай лаўкай трымае вельмi дагледжаную халасцяцкую кватэрку. Гер Агасфер сказаў мне, што ён вельмi добра памятае пра памянёную ў Ёгансэнавым артыкуле сустрэчу з Айцэнам, памятае i другiя, менш радасныя спатканнi з iм; як што пазнейшы суперiнтэндэнт Шлезвiга наогул не быў вельмi прыемны чалавек, абмежаваны, захоплены сам сабою, сквапны i iнтрыган. Увогуле артыкул Паўля Ёгансэна ў часопiсе Аб'яднання па вывучэннi гiсторыi Гамбурга мне вядомы; калi ў нашай карэспандэнцыi ён дагэтуль з майго боку не знайшоў упамiнання, дык гэта толькi ад маёй татальнай легкадумнай няўважлiвасцi.

Усё ў Ёгансэна толькi дапушчэнне, не абапертае нi на якi доказны матэрыял, якi можна было б ахарактарызаваць як навуковы. Тое нямногае, што мы ведаем пра прарока Ёрга, хутчэй гаворыць супраць яго iдэнтычнасцi з Агасферам. Ёрг прапаведуе пакаянне i пагражае няшчасцямi; Агасфер такога не робiць, ён светапераробшчык зусiм iншага кшталту. Далей, няма нiякiх сучасных альбо iншых указанняў на тое, нiбыта Ёрг калi-небудзь сцвярджаў, што ведаў Iсуса альбо што ўвогуле быў iм пракляты, як гэта мела месца з Агасферам; а iдэя назваць яго Агасферам з уражання ад карцiны з персiдскiм царом у Мiкалаеўскай кiрсе ў Гамбургу ды яшчэ i яўрэем хутчэй паходзiць з поўных фантазiямi мазгоў Ёгансэна, чым з мозгу беднага прарока. Адвага, з якою Ёгансэн указвае i на трэцюю iдэнтычнасць, з юродам Васiлём Блажэным, сапраўды подзiву вартая; у iм няма нават ценю прыкметаў такое iдэнтычнасцi, калi, канечне, не мець за такую агульную шавецкую прафесiю рускага святога юрода i яўрэйскага цудатворца. Маскоўскi жабрак-манах як правобраз Агасфера - пры ўсiм прызнаннi вялiкiх дасягненняў рускага народа гэта ўяўляецца неверагодным.

Адзiна вартаснае ў Ёгансэнавых пiсаннях - гэта канстатацыя таго, што Агасфер спыняўся ў Гамбургу. Гамбургскiя эпiзоды з жыцця Агасфера пацвярджаюцца не толькi выказваннямi яго самога мне, але i адпаведнай лiтаратурай. Пры гэтым я адрасуюся не так на розныя, пачынаючы з 1602 г. у розных варыянтах публiкаваныя народныя кнiгi, як на сведчаннi Айцэна, зафiксаваныя ў апублiкаваных у 1744 г. Cimbria Literata Ёганэса Молера з Фленсбурга i памянёныя ў Hamburgischen Ehren-Tempel 1770 г. гамбургскага гарадскога архiварыуса Нiкалаўса Вiлькенса, а асаблiва ж на дакумент, якi я нядаўна атрымаў з добрай ласкi гера Герварта фон Шадэ, кiраўнiка Нордэльбскай царкоўнай бiблiятэкi, пасля таго як падчас пераезду бiблiятэкi ў новае памяшканне гэта сталася магчымым, i аўтэнтычнасць гэтага дакумента мне здаецца гарантаванай. Дакумент, уласнаручна напiсаны Агасферам лiст, паведамляе шмат цiкавага пра Гамбургскi перыяд i пра адносiны з Айцэнам. Аднак найперш трэба Вам, дарагi калега, коратка патлумачыць, да якой жыццёвай фазы Айцэна аднесцi гэта пiсьмо.

Асабiстыя прычыны, гаворка iдзе пра злосныя чуткi пра аблудныя непатрэбствы ў зняслаўленых начлежках, i непрыхiльнасць галоўнага пастара Эпiнуса да яго, прымусiлi магiстра фон Айцэна разам з яго юнай жонкай перабрацца ў Ростак, дзе ён разлiчваў быць карысным ва ўнiверсiтэце; аднак падчас славутай успышкi антыпатый мекленбуржцаў да спрытных розумам ганзейцаў яму не ўдалося дабрацца туды пеша, i неўзабаве ён вярнуўся назад у родны горад; першае дзiця, дзяўчынка на iмя Маргарэтэ ў калысцы. Гэтае дзiця, нягледзячы на гарбок i кульгавую ножку, было любiмцам мацi i павiнна было пазней стацца сумнай славутасцю: Маргарэтэ Айцэн разам са сваiм мужам, герцагскiм пiсарам Вольфгангам Калундам забiла бургамiстра Апэнрадэ Эсмарха, iхняга зяця, i была ў 1610 годзе пакараная смерцю. Але гэты невялiчкi крымiнальны раман можа цiкавiць нас толькi збольшага; важней тое, што Айцэн праз аб'яднаны ўплыў сваёй сям'i i ўплыў сваёй жонкi здабыў нарэшце духоўнае месца лектара сэкундарыўса пры саборы, г.зн. памочнiка прапаведнiка; неўзабаве аднак дзякуючы сваёй хрысцiянскай руплiвасцi i сваёй абсалютнай вернасцi лiтары Лютэра ён здабыў такую славу ў Гамбургу, што пасля смерцi Эпiнуса быў абраны тадыташнiм схiльным да тэалагiчных эксперыментаў сенатам у наступнiкi першага ў якасцi галоўнга прапаведнiка i суперiнтэндэнты. Праўда, на жаль, акадэмiчнай легiтымацыi, якую Айцэн прывёз з Вiтэнбэрга, было недастаткова; ён вымушаны быў туды вярнуцца, каб здабыць сабе доктарскi капялюш, як што ён быў абсалютна ўпэўнены, што вытрымае любы экзамен, яго выправiлi з паперай Тэалагiчнаму факультэту ў Вiтэнбэргу, у якой выбiтныя i знакамiтыя гамбургскiя пастары "хадайнiчаюць стацца паслужнымi свайму калегу i суперiнтэндэнту ў набыццi доктарскай годнасцi" i ў якой мiж iншага гаворыцца, што факультэт праз наданне такой годнасцi не толькi "privatim M.Paulum, sed etiam totam nostram Ecclesiam & civitatem", г.зн. не толькi магiстра Паўлюса "ўшаноўваюць за вялiкую рупнасць, але i забавязваюць усю гамбургскую эклезiю i грамадства да глыбокай удзячнасцi". Такой моцнай прэсii, падмацаванай старымi сувязямi Айцэна з Мэланхтонам, вiтэнбэргскi факультэт не маг супроцьстаяць, i ў вынiку вучоныя мужы, нягледзячы на яўныя плыткасцi i таўталогii ў 58 пунктах Айцэнавай вуснай дысертацыi, сталiся "паслужнымi" ў справе набыцця доктарскага тытула i тым самым умажлiвiлi яму яго наступны крок.

Цяпер у сувязi з гэтым наступным крокам, "дыспутацыяй з яўрэямi", стаiць пiсьмо Агасфера да яго ад 14 кастрычнiка 1556 года, ксеракопiю якога я прыкладаю. Паколькi Айцэн атрымаў доктарства толькi ў траўнi гаданага года, ён мусiў спешна адразу пасля свайго вяртання ў Гамбург брацца за планаванне i падрыхтоўку сваёй акцыi. Рукапiс Айцэна нялёгка расшыфроўваецца, але я мяркую, Вы ўжо здолееце ўчытацца. Я хацеў бы толькi звярнуць Вашу ўвагу на некаторыя мясцiны, якiя мне здаюцца асаблiва значнымi, скажам, адразу прыгожы пачатак:

"Дастойны доктар, добры гер суперiнтэндэнт,

я бедны жыдок, якi вандраваў гэтыя шмат гадоў з аднаго месца ў другое i многа ўсялякага, часцей дрэннага, панагледзеўся, павiнен па Вашай Годнасцi прапанове ў вялiкiм публiчным disputatio скласцi сведчанне de passione Christi, якi пракляў мяне i асудзiў in eternitatem, i павiнен сказаць абшчыне яўрэяў у Альтоне ex ore testis i пацвердзiць, што рабi быў сапраўдным сынам Бога Jahwe, хай свяцiцца iмя яго, а таксама Meschiach, якога чакаў народ Iзраiля, i павiнен я гэта зрабiць дзеля пабожнага каяння, якое я ў сабе выявiў, i ad majorem Dei gloriam".

Альбо яго пазнейшае пытанне:

"I што было б, калi б я адмовiўся? Цi не пераследаваўся б я Вамi i вышэйшым начальствам, цi не быў бы схоплены i разадраны, як авечка ваўкамi? Ad majorem Dei gloriam, кажаце Вы, але гэта хутчэй ad majorem gloriam дастойнага д-ра фон Айцэна, чым Бога, i за гэта павiнен я, бедны жыдок, апынуцца ў situationes, якiя для мяне нявыгадныя, iнакш гэта каштавала б мне галавы".

I далей унiзе:

"Але я хачу зрабiць гэта дзеля рабi, бо хто ж, як не я, зразумеў яго напраўду?"

Пасля чаго ён дапiсвае:

"Павiтайце Barbaram conjugem, я хачу здабыць для яе шэсць локцяў карычневага палатна, а таксама падвескi з Турцыi, а для маленькай Маргарэтэ чэпчык.

Вашай дастойнасцi слуга i вандроўны Жыд Агасфер".

Вось гэта, дарагi гер прафесар Байфус, што да тэзаў гера Ёгансэна i сапраўдных падзей падчас гамбургскага перыяду Агасфера.

З чым, па-сяброўску вiтаючы Вас, застаюся

Ваш

Ёханаан Лёйхтэнтрагер

Hеbrew University

Jerusalem

РАЗЬДЗЕЛ ДЗЕВЯТНАЦЦАТЫ

У якiм дыспутуецца, цi сапраўды прыбiты да крыжа рэбэ Ёшуа быў мэсiя, а вучоны доктар фон Айцэн праз таксама вучонага жыда з Партугалii ўблытваецца ў нябесную арыфметыку, а Агасфэр абвяшчае, што кожны, хто створаны паводле вобразу Бога, мае ў сабе сiлу i ўладу быць збаўцам

У сьвеце ёсьць рознага роду галасы, кажа апостал Павел, галасы ўнутры чалавека й з-за-па-за яго, i нiхто ня ведае, чые яны, анёльскiя цi дябальскiя, i сьвежавыструганы Doctor theologiae, вось вам, едзе па зялёных лугах у Альтону, трэсены-ператрэсены выбоiстай дарогай, а таксама ня ведае, цi голас, якi яго папярэджвае, што справа можа абярнуцца вой як крыва й коса, адкуль ён iдзе, згары цi зь нiжнiх сфэраў; усё ўжо так далёка зайшло, так разбуяла-закрасавала, каб ужо нешта мяняць альбо наогул вярнуць назад, госьцi запрошаны, сярод iх асобы з Гаторпскага двара, а зь iмi й герцагавыя вушы, i пасланцы сэната горада Гамбурга, i пастары адусюль, i вучоны жыд Эзэхiель Пэрэйра з Партугалii, зь якiм адбудзецца дыспут у сiнагозе; не, няма нiякага сумненьня, ён як рымскi палкаводзец Цэзар, думае ён, тут ягоны Рубiкон, тут ён павiнен яго перайсьцi, i нават калi толькi паўтузiна жыдоў афiцыйна пяройдуць у адзiнашчасьцедайную веру, гэта ўжо будзе вой якая перамога, i такiм сonvertiten, як ён абвясьцiў па ўсёй абшчыне, ён бы дазволiў сялiцца ў Гамбургу; апрача таго меўся яшчэ адзiн прыхаваны козыр, якi крые ўсё чыста.

Пры гэтым, нягледзячы на ягоныя захады з гэтымi жыдамi, былi й пэўныя боязкi што да iх, i ня толькi праз Агасфэра, на што ён, пасьля ўсяго, што там у iх было памiж сабою, меў грунтоўныя падставы; гэта таму, думае ён, што яны дапусьцiлi, каб нашага Госпада Iсуса прыбiлi да крыжа, i за iхнюю варожасьць; яны ўсюды ўсiм чужыя i ўсiх раздражняюць, i ўжо адно тое добра й пахвальна, што высакамудры сэнат забараняе iм гнездавацца ў Гамбургу й круцiць свае шахермахерскiя гешэфты; датчане вунь - яны зусiм iншыя, яны, з Гаторпскiм герцагам на чале, як мурашкi, дояць сваю жыдоўскую тлю.

Чужыя, варожыя, думае ён, расьсеяныя па розных краiнах сьвету, госьцi за чужым сталом, няпрошаныя i нялюбыя. Зь Яго герцагскай мосьцi ласкавага дазволу ён шмат разоў бываў у Альтоне i iнспэктаваў сынагогу - сапраўдная збойнiцкая малiна, сьцены да чорнага пракапцелыя сажай ад сьвечак, якiя гараць пастаянна, скляпеньнi затканыя павуцiньнем, якое яны нiколi не зьмятаюць, бо, кажуць, Schem jiborach, безназоўны, дабраславёны ў ёй якраз i прабывае. Пабываў ён i на тым, што яны называюць набажэнствам, службай Богу, што можна толькi з прыкрасьцю назваць Богам, думае ён, бо яны ходзяць у свае хэдэры, калi каму хочацца й падабаецца, адзiн раней, другi пазьней, адзiн надзявае tallis, мантыю для малiтвы, другi тым часам зь сябе здымае й выходзiць, а большасьцю малiтваў запраўляе сhasen, запявала, якi на жаль i сьпяваць як сьлед ня ўмее, а толькi стаiць перад аron hakkodesh, сьвятой шафай, у якой ляжаць пэргамантныя скруткi законаў, i задраўшы галаву, заткнуўшы пальцамi вушы, надсаджваецца ў крыку, што ледзь горла вытрымлiвае, на габрэйскай мове, часам так хутка, што нiхто за iм не пасьпявае, часам рвана й расьцягнута, пры чым часам сам плача альбо рагоча, карацей, размахвае рукамi, як дурны вар'ят, як апантаны, пакуль нячысты дух не захапляе ў сябе астатнiх жыдоў, i яны не пачынаюць лямантаваць i яглiць у адзiн голас з сhasen, бляюць i мармычуць, кланяюцца на ўсе чатыры бакi сьвету альбо сморкаюцца й плююцца, альбо, торгаючыся ўсiм целам, бы ў лiхаманцы, падскокваюць, аж нармальнаму чалавеку здаецца, што ўсе яны тут казлы. I з гэтага народу, думае ён, павiнен быў выйсьцi наш Гасподзь Iсус?

Калi неяк аднаго разу раней (вось як яно было!), прыбыўшы да сынагогi ў Альтоне, ён ўехаў у вузенькую вулiчку, дзе ягоны кучар ледзьве мог працiснуцца, а колы па самыя восi ўгразалi ў балоце, i калi зайшоў усярэдзiну, дык з палёгкай канстатаваў, што, прынамсi, хоць падлога была падмецена; а пакропленьнi рознымi пахошчамi надавалi кiсламу смуроду, што там звычайна стаiць, такi нейкi саладжавы прысмак; i яшчэ расстаўлены драўляныя ўслоны для паноў honoratiores; старэйшыны абшчыны й вучоны Эзэхiель Пэрэйра сустракаюць яго зь вялiкай пачцiвасьцю, нiбыта ён быў ня толькi супэрiнтэндэнт Гамбурга, а пасланец Бога, i запэўнiваюць яго, што ўсе жыды Альтоны, прынамсi, мужчынскага роду й да таго ж здольныя - iх папрасiлi застацца - да дыспутаваньня, усе тут i зь вялiкай увагай гатовыя слухаць. Але Айцэн раптам ня чуе iхнiх слоў; ягоныя вочы нечагась шукаюць у цёмных закутках будынка, куды ўжо ня можа пранiкнуць сьвятло сьвечак, ценю таго, хто яму цяпер быў бы вельмi патрэбен, так як гэта было на магiстарскiм экзамене ў Вiтэнбэргу, калi яго распытвалi пра анёлаў, i каго ён ня бачыў з таго самага дня ў доме сэра Агасфэра, калi была зачатая маленькая Маргарэта зь яе горбiкам i кульгавай ножкай; але таго тут анi сьледу, нi позiрку, нi пошапту, i Айцэн, зусiм упалы сэрцам, думае, што нiяк ён тут ня выблытаецца без дапамогi прыяцеля i што яму, пакуль ён ня зможа выклiкаць у сьведкi Агасфэра, нiчога ня сьвецiць у супроцьстаяньнi красамоўству й слованаварачэньню Эзэкiеля Пэрэйры, хiба што толькi застаюцца рuncta i argumenta, якiя ўжо выкарыстоўвалiся сьвятымi айцамi царквы ў зацiнках з жыдамi й якiя ён старанна й руплiва вывучыў.

Тым часам (было так) пачынаюць ўжо патроху зьбiрацца гер-геры з Гаторпскага двара й гер-геры з сэната, i ўсе яны вытанчана ўбраныя i iхнiя брычкi багата ўпрыгожаныя гербамi й абiўкаю, i ўсё гэта тлумiцца, цiсьнецца ў вузкiх брудных вулiчках, так што можна падумаць, быццам тут нешта большае, чым князеў дзень, калi герцагi й курфюрсты зьбiраюцца параiцца наконт розных боскiх спраў, чым проста дыспут зь цьвердалобымi жыдамi, i ягоныя гамбургскiя confratres, пастары зь Вестфалii Фрызiус i Бёткер, якiя падпiсалi цудоўны лiст на Вiтэнбэргскi факультэт, таксама ўжо прыбылi й горача чакаюць дзейства; гэта ня iхняя рыба тое, што тут смажыцца, i ня iхняя слава, якая пастаўлена на карту, а рэпутацыя iх новага калегi гера superintendent, на чыiм троне кожны зь iх трохi ўжо бачыў сябе, пакуль нечакана для начальства не рашылася ўсё iнакш. А вось ужо надыходзiць i жыдоўскае людзтва, цёмны натоўп, вострыя капелюшы на галовах, цесныя засаленыя лапсердакi на целе, зьбiраюцца, цiхенька памiж сабою перашэптваюцца, гяргечуць нешта пасвойму, як гэта калiсьцi рабiлi iх прабацькi каля брамы ў Ерусалiме, калi наш Збаўца ўязджаў у горад на сваiм асьляняцi. Мне, думае Айцэн, гэтыя ня будуць сьпяваць hosannah, але ня ўчыняць i crucifige; гэта можа прыйсьцi з зусiм iншага боку, ад зайздросьнiкаў i тых, хто хацеў бы зьняславiць i перакруцiць сiлу слова багашчаснага доктара Лютэра й ператварыць хрысьцiянскую школу ў латарэйны дом, дзе можна чворыць i круцелiць, як каму прыпадзе й заўгодзiцца.

I вось цяпер ён бачыць, што ўсе спаквалютку займаюць месцы, жыды й хрысьцiяне, i чуе, як жыдоўскi старэйшына пачынае гаварыць, стоячы на alemar, драўлянай катэдры пасярэдзiне залы, i гаворыць даволi далiкатна й з паклонамi вiтае гасьцей з Гаторпа й з Гамбурга, а таксама мудраца з далёкай Партугалii, iхняга паважанага настаўнiка й майстра дона Эзэхiеля Пэрэйру, але асаблiва гера супэрiнтэндэнта вялiкага суседняга горада Гамбурга, гера доктара Паўлюса фон Айцэна, па чыёй прапанове й прадуманым клопаце яны сёньня тут, жыды Альтоны й вернападданыя слугi Яго мосьцi Адольфуса, герцага Шлезьвiга й Гаторпа, атрымалi магчымасьць прысутнiчаць на вучоным дыспуце пра тое, цi прыбiты да крыжа Iсус Хрыстос быў адзiным i сапраўдным сынам Бога, хай сьвяцiцца iмя яго, i meschiach i цi, усьвядомiўшы гэты факт, жыды не зрабiлi б лепей, калi б навярнулiся ў хрысьцiянскую веру, прынялi таiнства хрышчэньня i тым самым палепшылi б сваё жалю вартае iснаваньне й нават у вялiкiм i багатым горадзе Гамбургу маглi б прыняць грамадзянства. Але, дадаў ён, нiхто ня будзе прымушаны да хрышчэньня, калi ў гэтым disputatio пераможа дастойны гер доктар фон Айцэн.

Жыды, заўважае Айцэн, паварочваюць галовы адзiн да аднаго й зноў перашэптваюцца; але адзiн, з доўгiм вострым носам i дзiкай сiвай барадой, падымае руку й пытаецца, ужо цi не павiнны яны на прыклад goyim, жэрцi ад цела пакаранага сьмерцю i пiць ад яго крывi ў кiрсе, калi ў Пiсаньнi ясна сказана, што пракляты той, хто павешаны на дрэве?

Тут сэрца доктара Паўлюса перапаўняецца сьвяшчэнным гневам, i ўсё яго ваганьне й прыкiдкi а цi ня правiльней было б цяпер i цi не своечасовей давесьцi да добрага канца ўсё, што ён прадпрыняў, разьвеяны й разьмецены ўшчэнт, i ён падымаецца й зычна ўзьвяшчае, што тут нам дадзена зразумець, якiх жудасных памераў набыла зацятасьць жыдоў; а Хрыстос жа ў сваёй вялiкай дабрынi памёр i за грахi жыдоў, калi толькi яны гэта прызнаюць, i таму кожны хрысьцiянiн павiнен малiцца й за выратаваньне iх праклятых душ, каб, калi прыйдзе час Страшнага суду, маглi быць сабраныя Хрыстом i яны.

- Але чаму, - прамаўляе ён з высока паднятай галавой, як прарок, - жыды ня хочуць паверыць, што iх мэсiя прыйшоў у асобе Iсуса Хрыста, калi ж яны бачаць i на сваёй скуры адчуваюць, што iхнi храм разбураны й яны расьсеяны па ўсiх краiнах, каб жыць у галечы й нэндзы сярод чужых i быць бiтымi сваiмi ворагамi? Таму Бог карае зацятых i асьлеплых жыдоў з поўным правам нават i сёньняшнiм часам, таму што яны не хацелi прыняць свайго Збаўцу, а па патрабаваньнi Пiлата, згадзiлiся, каб яго прыбiлi да крыжа, i паколькi Пiлат умыў рукi й сказаў, невiнаваты я ў крывi праведнiка гэтага, тады, адказваючы яму, жыды сказалi, Мацьвей 27: "Кроў ягоная на нас i на дзецях нашых".

Айцэн заўважае, як ён захапiўся i што насуперак усiм сваiм планам i намерам ужо ўцягнуўся ў disputatio i моцна ў iм заграз; але нават i вучоны Эзэхiель Пэрэйра прызнаў гэта i ўжо пагладжвае хвалiстую бараду й пытаецца, зьвяртаючыся да ганаровых i iншых высокiх гасьцей, цi не дазволiлi б яму гер доктар i дастойныя геры задаць адно прамежкавае пытаньне, а менавiта, спасылаючыся на якiя аўтарытэты й на якi Запавет, Стары цi Новы цi на абодва адразу, ягоны апанэнт хацеў бы тут дыспутаваць? Бо калi ўжо зайшлося пра наварот жыдоў i нi пра што iншае, дык нельга ад iх патрабаваць проста за так, каб яны a priori прызнавалi эвангельлi альбо пiсьмы апосталаў; такога можна было б патрабаваць толькi пасьля перагавораў; а да таго мы мусiм прапанаваць апанэнтам тэксты зь пяцiкнiжжа Майсея i словы сваiх уласных прарокаў, а таксама са сьвятых псальмаў i выслоўяў, i з гэтага павiнна высьветлiцца, у чым жа й праз што жыды аж так моцна саграшылi.

Пры такога роду прамовах Айцэну робiцца пуста ў страўнiку, пот выступае на губах, тым болей, што ён яшчэ й павiнен глядзець, як некаторыя з начальстваў разважлiва кiваюць галавою, быццам ухваляючы тое, што сказаў Пэрэйра; даюцца на ўнушэньне, дурныя, што жыд можа ведаць толькi сваё ўласнае вучэньне, а й не падазраюць, як мала яны падыгрываюць свайму супэрiнтэндэнту, рабуючы ў яго палавiну яго арсэналу.

I тут Пэрэйра зь яшчэ большым нацiскам патрабуе ўсьвядомiць, бо гэта запiсана ў Майсея i ў прарокаў, што выратаваньне й збавеньне народу Iзраiля i паўторнае здабыцьцё божай ласкi палягаюць на веры ў мэсiю, якi ўжо явiўся? У Пiсаньнi патрабуецца вера толькi ў Аднаго, менавiта ў Бога, хай сьвяцiцца iмя яго, як зыходзiлi з гэтага слова Шмах Iзроэл, Аданай Элохэну, Аданай Эход, слухай, Iзраiль, Гасподзь Бог наш, Гасподзь адзiны, i тое, што ён, Бог, славалюбны Бог, чаму Iзраiль ня можа мець iншых багоў побач зь iм, ня кажучы ўжо пра нейкiх яшчэ сыноў Божых.

Айцэну робiцца не па сабе, калi ён бачыць, як Пэрэйра пытаньне пра пакараньне Iзраiля, якое ўсiм вiдавочнае, хiтра заблытвае й спрабуе завесьцi спрэчку ў нейкую нябесную арыфметыку, зь якою зямная i асаблiва iхняя арыфметыка, так цяжка стасуюцца. Але, каб выбiць у апанэнта аргумэнт, трэба адразу даць контрдовад, i ён кажа, што Сын Божы, наш Збаўца, на якога так зьедлiва намякаў вучоны дон Пэрэйра, нiякi ня Бог каля Бога, а яны Бог Бацька, Бог Сын i Logos, Сьвяты Дух, ад пачатку былi адзiнствам, так што тут in puncto ўшанаваньня адзiнага Бога ня можа ўзьнiкнуць абсалютна нiякай супярэчлiвасьцi з Божай запаведзьдзю; гэта асьвятляе таксама i ў iмя Божае на габрэйскай мове, Elihim, якое ёсьць pluralis, множны лiк, i пацьвярджаецца словам Божым у Майсея 1: 26 - Створым чалавека паводле вобразу Нашага, паводле падабенства Нашага - што, калi займеньнiк тут, бадай, i ня можа датычыцца анёлаў з Божага атачэньня, дык ён абавязкова павiнен азначаць, што Бог браўся за працу ў сваiм трыадзiнстве i ўсе мы такiм чынам ёсьць творы й Сына й таму абавязаны верыць гэтаксама i ў яго, як i ў Бацьку. Майсей 1:26, думае Айцэн, ня iдзе далей гiсторыi стварэньня: тут ён пабiвае Пэрэйру яго ж уласнай зброяй; прыбывае, бач, сюды з Партугалii, адкуль кароль турнуў яго разам з усiмi астатнiмi знакамiтымi жыдамi, i будзе яшчэ вучыць нас слову Божаму й другi раз высьмейваць i нiкчэмнiць нашага Госпада Iсуса. Але Пэрэйра лёгенька ўсьмiхаецца, кланяецца тым з начальстваў i пытаецца, цi не маглi б хто з гераў сэнатараў альбо з высокай герцагскай рады папрасiць у яго вучонага апанэнта працытаваць наступны верш зь Першай кнiгi Майсея, а менавiта 1:27 i паколькi ашаломлены Айцэн маўчыць, той працягвае далей, а далей iдзе наступнае: I стварыў Бог (адзiночны лiк) чалавека паводле вобразу Свайго (адзiночны лiк), паводле вобразу Божага (адзiночны лiк) стварыў яго; мужчыну i жанчыну стварыў iх - з чаго вiдаць, што pluralis у вершы 26 ёсьць так званы рluralis majestatis, так, як Iх герцагская мосьць Гаторпскi i iншыя княскiя геры кажуць "Мы", гаворачы пра свае ўзвышаныя асобы, ня будучы складзенымi з трох розных асобаў. Але ж i дзёрзкi жыд, якi вунь жа й раней спытаўся пра цела ўкрыжаванага, зноў падымае свой голас i хоча даведацца ад гера superintendent, цi ня быў пры стварэньнi Сын гультаём i цi не дапусьцiўся да таго, што Бацька працаваў адзiн; на што ўсё астатняе жыдоўства пачынае рагатаць, ляпае сябе па сьцёгнах i крычаць о-ё-ёй, а гарадзкi палiцыянт, якi трымае пост каля ўваходу ў сынагогу, ня прыходзiць у рух, не зграбае ганебнае рыла й ня экспэдыруе вон за дзьверы.

Тут Айцэну робiцца ясна, што было б лепей, каб ён прыцягнуў сьвятых прарокаў, замест таго каб спрачацца пра множны й адзiночны лiкi, бо кожны арыфметычны прыклад можна паставiць пад пытаньне, а вось мудрае выслоўе заўсёды да рэчы й месца. I ён заяўляе, што ў многiх кнiгах прарокаў наш Гасподзь Iсус быў дакладна прадказаны як чаканы мэсiя, нават у тым, што датычыцца яго народзiнаў i паходжаньня з дома Давiдавага як i яго жыцьця i дзейнасьцi й сьмерцi. Так, калi б толькi было мудрае прадказаньне, якое спраўдзiлася, дык i яго можна было б трапна паставiць пад сумненьне; але iх было так многа й такiх розных, i ўсе разам дакладна ўказваюць якраз на яго як на ўроджанага Сына Бога, што й самы ўпарцiсты жыд, калi яму даць у лапу цi па мордзе, мусiў бы пацьвердзiць. Цi ж не прарочыў прарок Мiхей: I ты, Вiфляеме Эфрата, цi ж малы ты сярод тысячаў Юдавых? зь цябе пойдзе Мне Той, Якi павiнен быць Валадаром у Iзраiлi, i Якога паходжаньне з пачатку, ад дзён вечных. - I сапраўды цi ж не ў Вiфляеме наш Гасподзь Iсус нарадзiўся, у стайнi, з улоньня дзевы, як прарок Iсая называе гэта азнакай Божай: Глядзi, вось дзева ва ўлоньнi зачне й народзiць сына? I там жа Iсая сказаў: I пойдзе пасынак ад кораня Есэевага, i галiна вырасьце ад кораня ягонага; i спачне на Iм Дух Гасподнi, - i цi ж ня быў Язэп, Бацька нашага Госпада Iсуса, як i прадказана, атожылкам цара Давiда, якi са свайго боку сынам Есэя, так што й гэтае прадказаньне збылося?

На што Пэрэйра ветлiва пытаецца, цi можа ён мовiць слоўца вучонаму doctor, i калi яму было дазволена, кажа гэтаму, што ён хацеў бы, калi ласка, даведацца, за чыйго сына ён, зрэшты, мае гэтага народжанага ў Вiфляеме Iсуса: за сына сталяра Язэпа, пра якога ў дзьвюх з чатырох эвангельляў гаворыцца, што ён з дома Давiдавага, альбо за сына Бога, недасьлежнымi шляхамi ўведзенага ва ўлоньне дзевы? I цi памянёны Iсус, як сын Бога, наогул мог бы быць чалавечай прыроды альбо сын Язэпа ёсьць толькi трэцяя частка Сьвятой Тройцы?

Тут зноў пачынаецца шабуршэньне на ўслонах ганароўцаў, а Айцэн няпэўна глядзiць на сваiх гамбургскiх пастараў, бо гэта якраз пункт, у якiм нават эвангелiсты Мацьвей i Лукаш i Марк i Ян не заадно; але ягоныя духоўныя confraters, глядзяць абыякава альбо нават як бы радуюцца зьбянтэжанасьцi свайго новага супэрiнтэндэнта; нават i жыды, здаецца, заўважылi, як, быццам iхнi герой-двабойнiк сьветлай памяцi юны Давiд са сваёй прашчы Галiяфу, пацэлiў дастойнаму doktor у саменькi лоб. Але новы Галiяф з больш гартаванага матэрыялу чым няўклюдны волат, супроць якога калiсьцi выступiў Давiд; ведае таксама, што чалавек лепей верыць, чым думае; таму ўзвышае голас i крычыць:

- О жыдоўскае круцельства! О ганебная фальшывасьць i аблуднасьць! I Вы думаеце, дон Пэрэйра, што падлавiлi Бога на супярэчнасьцi? I Вы хацелi б, з Вашым мiзэрным духам спазнаць волю i ўстанаўленьнi Найвышэйшага? Бог, якi стварыў цэлы сьвет з усiм, што ў iм поўзае й лётае, ня мог зачаць Язэпу сына? Гэта зьбiвае Пэрэйру на паўслове, i, перасiлены забойчай сiлай Айцэнавага аргумэнта, ён цiхенька слухае, як ягоны супрацiўнiк бушуе далей, пабiваючы прарокаў. А хiба ж, працягвае той, не прадвырак прарок Захарыя, сказаўшы: весялiся ад радасцi, дачка Сiёна, радуйся, дачка Ерусалiма: вось, Цар твой iдзе да цябе, праведны i ратавальны, лагодны, седзячы на аслiцы i на маладым асьле, сыне пад'ярэмнай - i цi ж ня было так, калi наш Гасподзь Iсус перад сьвятам праснакоў уязджаў у браму Ерусалiма на асьлiцы седзячы, тым часам як увесь народ весялiўся i крычаў: Слава таму, хто там iдзе, цару?

Лёгка яму запярэчыць, думае Пэрэйра, у тыя часы ў Iзраiлi аслоў было такая навала, як сёньня коней ў герцагстве Шлезьвiг, i што ж тады кожнага, хто конна ўязджае ў Гамбург альбо Альтону, адразу ўжо й лiчыць за мэсiю? Але цi варта клопату, думае ён, указваць на самавольства, зь якiм аплiкуецца на пазьнейшы час кожнае слова ў выслоўях прарокаў, якое той прыцягвае ў сьведкi? Пакуль ён так разважае, гер супэрiнтэндэнт ужо зноў рвецца навыперадкi й гаворыць, як Бог дапусьцiў, каб яго сына прыбiлi да крыжа як ахвяру пакаяньня за грахi ўсiх нас i як пацярпеў Гасподзь Iсус дзеля грэшнага народу жыдоў, зацятага й разбэшчанага, як нават гэта было прадказана наперад прарокам Iсаем, якi сказаў: Усе мы хадзiлi ў iлжы; але Гасподзь пераклаў нашыя грахi на яго, як на ягня, якое вядуць на закол; сапраўды, ён панёс нашыя немачы й паклаў на сябе нашыя цярпеньнi. За нашыя беззаконьнi ён забiты; кара накладзена на яго, каб мы жылi ў мiры й ягонымi ранамi ацалiлiся.

Але тут Пэрэйра далей ня вытрымлiвае, ён узводзiць вочы ўгору ў неба, дзе зьбiраецца чад ад мiгатлiвых сьвечак у самым паддашшы, i ўсклiкае:

- Няпраўда! Няпраўда! Бог, якi адмаўляецца глядзець, як Абрагам падняў ахвяравальны нож да горла Iсаака, сына свайго, i таму стрымаў яго руку, гэты Бог паслаў уласнага сына на крыж? Хай у гэта верыць хто другi! А цi ведае хто, што сапраўды адбылося ў тыя днi й кiм быў гэты Iсус, пра якога гаворыцца, што ён i быў той чаканы, i эвангелiст цi ж не ў прарокаў узяў тое, што найбольш прыдалося, як азнаку вялiкай славы, якая нiмбам зазьзяла вакол галавы ўкрыжаванага рабi?

Айцэн радуецца, якая бура разыгрецца цяпер, калi хiтрамудры Пэрэйра страцiць самавалоданьне, сьпяшаючыся на дапамогу свайму жыдоўскаму Богу. Жудасна! Агiдна! - А тыя з начальстваў гукаюць палiцыянта тым часам, як confratres малiтоўна складваюць далонькi й просяць у Бога дараваньня за грахоўнiцкiя словы, якiя яны мусяць выслухоўваць; а жыды дрыжаць i цiснуцца адзiн да аднаго, як куры ў катуху, калi вакол яго шастае лiс. Айцэн спакойна чакае, калi ўляжацца шум, толькi падае знак палiцыянту, каб той наблiзiўся да Пэрэйры забраць яго; пасьля прамаўляе:

- Вы спыталiся, Эзэхiель Пэрэйра, цi ведае хто, што сапраўды адбывалася ў тыя днi й хто быў той Iсус; што ж, я хачу паказаць вам аднаго такога, хто гэта ведае й хто сам быў там прысутны, i гэты Хто ёсьць жыд, як i вы самi, як жыды гэтай абшчыны, але трошачкi старэйшы, бо ён можа засьведчыць, як цярпеў наш Гасподзь Iсус i як ён нёс на сабе крыж.

З гэтымi словамi ён падымае рукi ўгору й клiча Агасфэра, якi адразу ж уваходзiць у дзьверы сынагогi, белая шапачка на галаве, на целе доўгi, заношаны лапсярдак, а на нагах нi чаравiкаў, нi панчох, так што кожны можа бачыць, як за сотнi гадоў закарэла скура на ягоных падэшвах. I калi ўсе раптам жахаюцца ў гэтай зале, жыд падобны на Хрыста, Айцэн пытаецца:

- Скажыце, хто Вы?

- Я той, каго Вы клiкалi, - адказвае Агасфэр.

- I вы прагналi нашага Госпада Iсуса ад дзьвярэй вашага дома, - пытецца Айцэн далей, - калi ён падышоў да вас па дарозе на Галгофу з крыжам на плячах i хацеў адпачыць у цянi дома ад вялiкай стомы?

- Я адштурхнуў рэбэ Ёшуа ад дзьвярэй, - кажа Агасфэр, - i з таго часу вандрую, вандрую кожны дзень, створаны Богам.

- Ён пракляў вас? - пытаецца Айцэн.

- Рабi сказаў, - адказвае Агасфэр, - сын чалавечы йдзе, як напiсана ў прарокаў, а ты застанешся чакаць, пакуль я вярнуся.

жыды лупяць бельмы на Агасфэра, якi выглядае як адзiн зь iх, так гадоў на трыццаць - трыццаць пяць, i ўсё ж ён быў i тады, калi яшчэ стаяў вялiкi храм ва ўсёй сваёй велiчы на гары Сiён i Iзраiль жыў на зямлi сваiх бацькоў, якую Бог абяцаўся даць iм; але ганараваныя i тыя з начальстваў палохаюцца, айцы пастары дзiву даюцца вялiкаму, адкуль супэрiнтэндэнт выкалупаў гэтага Вечнага Жыда акурат на дыспутацыю, калi раней ён нiчога не казаў пра яго, i цi ня звалiцца цяпер няшчасьце на Альтону альбо на вольны горад Гамбург, як пра тое гаворыцца ў пабожнай песеньцы:

Прыйдзе Агасфэр, о жах,

Пойдзе нягода па вашых дамах,

Буры, паводкi, пажар i цьма,

Голад, вайна, халера, чума.

Кайцеся ў сваiх грахах,

Каб ня сьцерцiся у прах.

Толькi Айцэн трыумфуе ў сэрцы сваiм, што ўсё так гладка iдзе, як ён i планаваў, i кажа Агасфэру:

- Тады скажыце нам i засьведчыце, цi Гасподзь Iсус Хрыстос, якога вы ведалi асабiста й бачылi на свае вочы й зь якiм вы гутарылi на свае вусны й якому вы прычынiлi такую несправядлiвасьць сваiм жорсткiм сэрцам, цi быў ён напраўду мэсiя, якога чакаў народ Iзраiля паводле прадказаньня прарокаў?

- Цi быў ён мэсiя? - кажа Агасфэр i пачэсвае за вухам i ўздыхае. А тады кажа: - Рабi верыў у гэта.

Айцэн бачыць, што ягоны сьведка нерашуча завагаўся, i ён баiцца, што жыд можа падвесьцi яго, хоць усё разам, пытаньнi й адказы, прадумана й абгаворана загадзя i наперад, i гаворыць глухiм голасам:

- Верыў! Верыў! Гэтыя зацятыя жыды ня хочуць ведаць, што Гасподзь наш Iсус верыў, як i не хацелi таго ведаць, калi ён сам iм пра гэта казаў; iм патрэбна тваё сьведчаньне, жыд Агасфэр, як што ты ня даў яму нiякага суцяшэньня, а пакiнуў яго цярпець ад дзённай сьпёкi зь цяжкiм крыжам на плячах i цернем на галаве: цi быў ён мэсiя, так цi не?

- Мэшыях? - кажа Агасфэр. - Вялiкi, магутны мэшыях?

I выпростваецца, i здаецца, быццам палiлося зь яго нейкае сьвятло й быццам павышэў ён на цэлую галаву й больш над усiмi, што былi вакол яго, над Пэрэйрам i альтонскiмi жыдамi й над знакамiтымi герамi, якiя сядзелi вышэй, i над дастойным i вучоным doctor i superintendent тым болей.

- Мэшыях, - кажа ён, - пра якога гаворыцца ў прарокаў, што ён будзе судзiць народы й зробiць так, што мячы ператворацца ў аралы, а дзiды ў сярпы? - I Айцэн ня ведае, што зь iм робiцца, горача цi холадна, i ён глуха маўчыць, а той кажа далей: - Я любiў рабi, i ён мог быць iм. Ён мог быць мэшыяхам, як i кожны, хто створаны паводле вобразу Бога, нясе ў сабе сiлу i ўладу, каб стацца збаўцам людзей. I ён цярпеў i вiсеў на крыжы й павольна пакутлiва памёр. Але хай хто палiчыць, колькi да яго й колькi пасьля яго сканалi ў пакутах i муках i ў сваёй горасьцi благалi: мой Божа, мой Божа, чаму ты пакiнуў мяне? I дзе той вечны мiр, i дзе царства, якiя павiнны былi прыйсьцi зь iм i празь яго? Усё яшчэ есьць Адам хлеб свой у поце твару свайго, i Ева нараджае ў муках, усё яшчэ забiвае Каiн Авеля, i Вы, гер доктар, - кажа ён, павярнуўшыся да Айцэна, - не заўважыў я нештачкi, за цэлы час, колькi я ведаю Вас, каб Вы дужа любiлi ворагаў Вашых альбо дабраслаўлялi кляцьбiтоў Вашых, альбо малiлiся за зьневажальнiкаў Вашых, як заклiкаў Вас рабiць Ваш Гасподзь Iсус на гары, ня робяць гэтага й iншыя, якiя называюць сябе хрысьцiянамi.

I нарэшце, убачыўшы жах на тварах знакамiтых гераў i шал i разгубленасьць тых з начальстваў i злараднасьць сваiх галавакiвальнiкаў confratres, гер супэрiнтэндэнт схамянаецца й крычыць:

- Годзе, жыдзюга пархаты! А тое, што паўтары тысячы гадоў цябе ганялi па белым сьвеце, гэта за апошнюю вашу збродню, якую вы ўчынiлi!

Ён клiча палiцыянта, каб той арыштаваў Агасфэра за зьневажаньне Бога й за абразу Яго мосьцi герцага Гаторпскага, якi тут за найвышэйшага царкоўнага ўладыку, а таксама за падбухторваньне да бунту. Але паколькi цяпер заварушылiся, засоўгалi плячамi й локцямi й жыды, усчалася вялiкая штурхатня: аднаму трэба туды, другому туды, тузанiна за борады, i тут спрэчна, альбо ад залiшняга клопату, альбо з тайнага задавальненьня, што нехта тут раптам запрагне навароту да адзiнашчасьцедайнай веры, з гэтым, лiчы, прапала; i ў агульным гармiдары Агасфэр зьнiк, як бы яго зямля праглынула, як бы яго й ня было, бо нiхто так i ня згледзеў, каб ён выходзiў празь дзьверы.

РАЗЬДЗЕЛ ДВАЦЦАТЫ

У якiм Агасфэр парушае нябесны спакой i пярэчыць рабi, што iсьцiна не ляжыць у нейкiм адным цэнтральным месцы, а вiдна кожнаму, хто мае вочы, каб бачыць вачыма

Вельмi цiха, нiякага руху.

Сьвятло, у якiм ён сядзiць на троне, мяккае, як блакiтныя прыцемкi; ён атулены пяшчотнай любоўю Бога, i бляск замiранасьцi азарае яго аблiчча, калi ён паглядае ўнiз, на сьвет, падымаючы руку на дабраславеньне, руку, усё яшчэ з ранай, прабiтай цьвiком.

А я падумаў, якiм чужым i далёкiм ён мне зрабiўся, хоць i выглядае акурат як рэбэ Ёшуа, якога я ведаў, хоць i ўсьмiхаецца як той, пакута, якую ён рашыў прыняць на сябе, ужо адбiлася на яго ўсьмешцы; ён як лялька ў ляльцы, у якой зноў жа лялька: так тры лялькi ў адной, i ўсё ж - адна.

I наблiзiўся я да яго й спытаўся: Рабi, цi ты гэта?

Але ён анi варухнуўся, i позiрк яго быў нерухома скiраваны ў далеч, пакуль ён гаварыў: Я Iсус Хрыстос, народжаны Сын Божы, зачаты Духам Сьвятым ад дзевы Марыi й народжаны ёю i адпакутаваў пры Понцii Пiлаце, укрыжаваны, памёр i пахаваны, сышоў у царства сьмерцi й на трэйцi дзень уваскрэс зь мёртвых i ўзьнёсься на неба, дзе й сядзiць праваруч Бога, усемагутнага Бацькi.

I я спытаўся: Рабi, што ты бачыш?

I ён сказаў: Я бачу людзей, якiх я збавiў ад вiны iх грахоў праз горкую чару, якую я выпiў.

I я спытаўся: Рабi, а ты бачыш iх ясна?

I вось зацьмiўся яго позiрк як бы ценем, i рука на дабраславеньнi апусьцiлася ў яго, i ён сказаў: Яны вельмi малыя, i iх як цэлы мурашнiк.

I схiлiўся я перад iм i сказаў: Ты пракляў мяне, рабi, асудзiў чакаць цябе там унiзе, пакуль ты ня вернешся: таму я вандрую сярод iх, i я як адзiн зь iх, i чую, што яны кажуць, i бачу, што яны робяць.

I вось нахiлiў ён сваю галаву, i яго плечы панурылiся, i яго рука прыцiснулася да раны ад дзiды на баку, быццам яна зноў яму забалела, i ён сказаў: я не хачу гэтага ведаць.

Але я сказаў: Калi мы сустрэлiся з табою ў пустынi й ты быў голы й пакiнуты, павёў я цябе на высокую гару й паказаў табе царствы сьвету й як у кожным зь iх панавала беззаконьне, i сказаў я табе, ты павiнен узяць гэта пад сваю руку й нiз перавярнуць угору, бо прыйшоў час узьвесьцi сапраўднае царства Божае. Але ты прагнаў мяне й сказаў, што тваё царства не ад сьвету гэтага.

I зноў на яго твары была гэтая ўсьмешка, пра якую нiхто ня мог бы сказаць, журботлiвая яна цi iранiчная, i ён адказаў: Ты сказаў.

Але я гаварыў далей: I калi ты шукаў ценю ў маiх дзьвярах, iдучы на Галгофу, з крыжам на плячах, я загаварыў з табою пра меч Божы, якi я хацеў падаць табе, каб ты згуртаваў вакол сябе народ Iзраiля i павёў яго на бiтву. Але ты зноў прагнаў мяне й сказаў, што хочаш выпiць чару, якую даў табе твой Бацька.

Слухай, сказаў ён, я вiсеў на крыжы на пагорку Галгофе ў дзённую сьпёку й разважаў, пакуль яшчэ кроў была ў маiм мозгу, i пра тое, што ты мне сказаў; але ня дзеля гэтых мэтаў паслаў мяне Бацька, а каб я адпакутаваў i памёр, каб спраўдзiлася слова й прыйшло царства для ўсiх.

I вось устаў я перад iм i спытаўся: I спраўдзiлася слова? I прыйшло царства?

Ён маўчаў. I сьвятло, у якiм ён сядзеў на троне, перамянiлася, i бляск замiранасьцi зьнiк зь яго аблiчча, i ён павярнуў галаву, каб глянуць за сабою, быццам там нехта стаяў i падслухваў.

I зноў спытаўся я: Прыйшло яно, царства?

I вось адкрыў ён вочы свае шырока, як у страху, i ўсклiкнуў: Адыдзi ад мяне, сатана!

Але я засьмяяўся i сказаў: Я ня той, з кiм ты гаворыш, хоць многае зьвязвае мяне зь Люцыпарам; я iншы анёл, якi ведае iсьцiну.

Iсьцiна, сказаў ён, у Богу.

Як часта, сказаў я, чуў я ўжо гэта. Але iсьцiна вiдна таму, хто хоча бачыць, i таму, хто хоча думаць, яе можна дасьледаваць. А ты сядзiш на сваiм троне й ня бачыш, i суцяшае цябе недасьледвальнае.

I вось нарэшце спытаўся ён: Чаго ты хочаш наогул?

I я адказаў: Я хачу, каб ты быў, кiм павiнен быць.

Калi я даваў маiм вучням ад цела майго, сказаў ён, i ад крывi маёй тым, што любiлi мяне, ты сядзеў каля мяне, схiлiўшы галаву мне на грудзi. Чаго яшчэ магу я даць больш, што ўжо даў, i як больш павiнен адпакутаваць, чым ужо адпакутаваў?

Рабi, адказаў я, я хачу, каб ты ўбачыў, што бачыў я ў царстве, якое прыйшло пасьля цябе, каб пачуў, што я там чуў, i зьведаў, што я зьведаў пра яго структуры.

I вось засланiў ён рукамi твар. Пасьля авалодаў сабою i сказаў: Я ўзяў вiну грэшных чалавекаў на сябе й гэтая вiна адкуплена маёю ахвяраю, але дзе такое сказана, каб я адкупаў сам грэх?

Рабi, сказаў я, недасканаласьць людзей ёсьць адгаворка любой рэвалюцыi, якая не асягнула сваёй мэты. А ты ж патрабаваў: Любеце ворагаў сваiх. I ты ж сам сказаў: Шукайце сьпярша царства Бога й яго справядлiвасьцi. I ты ж верыў у тое, чаго патрабаваў i што сказаў. Але для сотняў тысяч, якiя падушылi адзiн аднаго, калi ты прапаведаваў з гары, цяпер iх сотнi разоў па сотнi тысяч. Яны прагнуць багацьця i жонкi суседа, распусьнiчаюць i апiваюцца й жаруць сваiх дзетак, ушчапляюць сабе ў вены атруту й апаганьваюць усё, што ёсьць высакароднага ў чалавеку. I кожны зь iх кожнаму iншаму вораг, яны цiкуюць адзiн за адным i прадаюць адзiн аднаго, замыкаюць адзiн аднаго ў лагеры, дзе тыя мруць масамi, альбо ў камеры, дзе яны душаць, б'юць i катуюць адзiн аднаго да сьмерцi, i ў кожным месцы абвяшчаюць валадары, што ўсё гэта робiцца ў iмя любовi й дзеля дабра народам. Яны нiкчэмняць i зьнiшчаюць скарбы зямлi, ператвараюць шчодраплодную зямлю ў пустыню, ваду ў сьмярдзючую жыжку, i многiя мусяць пляжыцца дзеля нямногiх i таму памiраюць раней часу. Нiводзiн меч, насуперак прадказаньню прарока, ня быў перакаваны на арала, нiводная дзiда не ператварылася ў серп; яны бяруць таемныя сiлы сусьвету й робяць зь iх да самага неба грыбы з агню i дыму, у якiх усё жывое робiцца попелам i ценем на сьцяне.

Калi я закончыў, ён сядзеў глуха й не варушыўся, быццам быў вычасаны з дрэва й пафарбаваны; i была вялiкая цемра вакол нас, i толькi на iм пакоiўся маленькi праменьчык сьвятла.

Рабi, сказаў я, ты чуў мяне?

I тады быў голас, якi прамовiў: Сын чалавечы вернецца, бо ён назначаны Богам судзiць жывых i мёртвых, i ён пашле сваiх весьнiкаў-анёлаў, i яны зьбяруць са свайго царства ўсё зло й беззаконьне; i тады будзе лямант i скрыгат зубоў, а праведнiкi будуць сьвяцiцца, як сонца, перад Госпадам.

I калi гэта будзе? хацелася мне ведаць.

Рабi, здавалася, пракiнуўся са свайго здранцьвеньня. Мой Бацька назначыў дзень, сказаў ён.

Я нiчога не перастаўляў бы датуль, сказаў я.

РАЗЬДЗЕЛ ДВАЦЦАЦЬ ПЕРШЫ

У якiм герцаг Адальф закладвае падмурак царства божага ў Шлезьвiгу, а супэрiнтэндэнт ня можа пад'ехаць да графiнi Эрэнтрой, а Агасфэр зь песьняй выпраўляецца на вайну

За плячыма абрысы Гамбурга, у кiшэнi герцагава запрашэньне ў замак Гаторп - Айцэн едзе па вясёлай зямлi Шлезьвiг, справа пасьвяцца кароўкi, зьлева кароўкi, авечкi й сьвiнкi; гэта новы Ханаан, крыху, праўда, забалочаны, дый якое дзiва - уклiнены ж памiж Балтыкай i Паўночным морам, але герцаг зьбiраецца адгарадзiцца дамбамi, - даведваецца ён у бравага пробашча Форстыуса ў Iцэгу, зрабiўшы там прывал, каб адпачылi конi, каб перакусiць самому падсмажанай рыбкай-сухабочыцай - камбалой. Герцаг Адальф, кажа Форстыус, сапраўдны бацька краiны, добра таксама абазнаны ў боскiх справах; не хапае там толькi царкоўнага iнспэктара, каб навесьцi парадак у запушчанай кiрсе, дзе й сам ня ведаеш, цi наогул рукапалажаны там прапаведнiк, як яно сьлед таму быць, i якую квяцiстую бздуру са сваёй катэдры ён будзе плявузгаць наступнага разу.

Пра гэта Айцэн можа пасьпяваць песьню сам: нiчога, апрача прыкрасьцi ў родным горадзе, дзе геры pastores потайкам закiдаюць адзiн аднаму ерась, а яму тым болей, за яго вернасьць Лютэраваму слову, ня кажучы ўжо пра тых, што адкрыта выстаўляюць яго за ворага, тырана й фарысея, сьмяюцца зь яго, бо ён, бач, хоча перавучыць цьвёрдахрыбетных жыдоў сваёй дыспутацыяй; а сэнат Гамбурга, якi павiнен умяшацца ў гэтыя справы з жалезнай мятлой, сэнат той нават ня рыпаецца. Ах вось, сказаў бравы Форстыус, усюды пахiснуўся духоўны парадак; а край тым часам аж кiшыць ўсякiмi фанатыкамi й мяцежнымi духамi, пасьлядоўнiкамi тых, якiя драпанулi зь Мюнстэра, калi гэты грахоўны Вавiлон, дзе нават баб качаюць калегiяльна, быў нарэшце выкураны; Бог i начальствы жах, разносiлi праклятае перахрышчэнскае вучэньне зь месца ў месца, ад Галандыi да герцагства Шлезьвiг, а на сваiх таемных сходнях чыталi кнiжыцы Мэна Сiманса й iншых псэўдапрапаведнiкаў.

Пасьля Форстыус гаворыць пра вайну, на якую зьбiраецца герцаг Адальф дапамагаць iспанцу Альбу й iмпэрцам душыць мяцежную Галандыю: ён, Форстыус, мае свой погляд у гэтай справе, менавiта - людзi ў Нiдэрландах, нават прыхiляючыся да жэнеўца Кальвiна, усё-такi сумленныя пратэстанты, як i тут у Шлезьвiгу, а iмпэратар ён архiпапiст i ў хаўрусе з самiм сатаной. Але гэта ня дужа падкупляе Айцэна, якi павучае, што герцаг Адальф цу Гаторп, Гаторпскi, хоць i прыстойны лютэранiн, як iмпэрскi князь мусiць дапамагаць iмпэратару, i тым больш ён учынiць хрысьцiянскi чын, калi дасьць па мазгавешцы мяцежнiкам; яшчэ сам Гасподзь Хрыстос сказаў: аддайце цэсару цэсарава, i наш доктар Лютэр пацьвердiў, што нiякi бунт ня бывае справядлiвы, якiя б справядлiвасьцi ён нi дакляраваў, i ён забаронены Богам, i што начальствы на тое й пастаўлены зь мечам, каб прадухiляць закалоты.

I даўшыся далей у дарогу i ўжо пад'язджаючы другога дня да горада Шлезьвiга, ён бачыць шмат ваеннага людзтва табарамi ўздоўж ракi Шляй i каля гарадзкое брамы й на вулiцах, цэлы полк Пуфэндорфа, але й тут жа дацкiя алебардысты, паднятыя ў паход; гэтыя бурчаць, вурчаць, крывяць мызы - лепей, бач, iм дома было б застацца каля свайго быдла, замест каб у нейкай далёкай Фландрыi пралiваць марна кроў. А каля герцагскага замка Гаторп гвалт, гармiдар, штурхатня, у двары самога замка бегатня i шнураваньне, туды-сюды, сюды-туды, радцы й афiцэры, слугi й пiсары, пастаўшчыкi, падрадчыкi расьпiхваюць усiх, працiскаюцца, крычаць i камандуюць; пра яго, супэрiнтэндэнта Паўлюса фон Айцэна, якi памаленьку вылазiць са сваёй карэты, каб хоць якi там клопат, нiкому нiчога не наўме.

Калi раптам чуе сьмех, нейкi такi знаёмы сьмех; паварочваецца, гля! - аж гэта яго прыяцель Ганс. Прыяцель вышыкаваны дыхтоўна, на дарагiм поясе кароткая шпага, i цяпер ён, як Айцэн неўзабаве даведваецца, тайны герцагскi радца Ёган Лёйхтэнтрагер; крышку, праўда, здаў, зблажэў, пастарэў, бародка й скронi пасiвелi; але хто ж з нас маладзее, думае Айцэн, i сам бо ўжо даўно ня той малады кундаль, як тады там, у Лейпцыгу, у "Лебедзях". I крыху знобiць тут, хоць на замкавым двары яшчэ досыць цёпла ад позьняга сонца, ён сьцепваецца нават, калi Лёйхтэнтрагер кранае яго сваiмi сухiмi пальцамi й кажа яму, што Iх герцагская мосьць даўно ўжо чакаюць яго. Што да астатняга, дык усё ўжо падрыхтавана з усiмi выгодамi ў адным пакоi.

Тады пазьней, калi яны сядзяць каля агню ў пакоi Лёйхтэнтрагера й Айцэн ужо прыклаўся да вiна пад смажаную аленiну, абодва зноў робяцца тымi, кiм былi раней, Гансам i Паўлем, i Ганс ляпае Паўля па сьцягне, i Паўль па колiшнiм звычаi паляпвае Ганса па горбiку; толькi час ад часу Айцэн шлёпае губамi, калi заўважае, як чыста ўсё пра яго ведае прыяцель, нават да самых драбнiц пра гамбургскiя клопаты й пра яго тайны гандаль з Агасфэрам, i яму ня церпiцца, яму карцiць расказаць - i як яму язык сьвярбiць за Маргрэт, якая зьяўляецца яму начамi то як сама ў сабе, то як прынцэса Трапезундзкая, а то зноў жа як лэдзi, i як яна разьдзяваецца й ляжыць перад iм, раскiнуўшы шэнкелi, аж яму здаецца, вось-вось глуздамi скруцiцца ад плоцкай пажады; Айцэн ужо амаль верыць, што сябра ўвесь час быў вакол яго, як колiсь у Вiтэнбэргу, калi геры professores выспытвалi яго па анёлах. Калi ж Айцэн сваёй чаргою хоча даведацца пра сябе, якога ляду яго вывалаклi ў Гаторп, тайны герцагскi радца толькi пасьмiхаецца i маўчыць; самае большае намякае, ат, ёсьць тут нешта такое, што ў самы акурат такому рызыканту, як ягоны сябар Паўль, i што давай лепей пагамонiм пра фраў Барбару, пра дзетак, а найперш пра малютку Маргарэту. I калi Айцэн кажа яму, што тая, хоць ужо файненька падрасла й разумная-разумная такая, а вось жа часта зь яе сьмяюцца на рынку й на вулiцах, а колькi ўжо разоў нават распытвалiся ў мацi, чаму менавiта яна так зубожана-скалечана, а iншыя не, сябар выцiрае з вачэй сьлёзку й чмыхае, быццам тое няшчасьце малюткi чулiць яго да самага сэрца. Але хутка бярэ сябе ў рукi й кажа:

- Бог стварыў чалавека паводле вобразу свайго, гаротная плоць. - I як што Айцэн, спалоханы блюзьнерствам, падымае руку, кажа: - Нiчога, уладзiцца жыць, загартуецца, навучыцца й адбiвацца, i гора таму, хто ёй кiнецца напярэймы.

Пасьля ўстае ад агню i кажа, што пара iсьцi, герцаг чакае. Айцэн лiчыў, што атрымае аўдыенцыю пасьлязаўтра, ну, заўтра, i цяпер ледзь ня стогне, што добра прыклаўся да вiна; дым iдзе з мазгоў, нагаворыць рознага глупства перад самымi Яго герцагскай мосьцю. Але Ганс хапае яго за каўнер i вядзе празь цёмную анфiладу памяшканьняў, якiя адчыняюцца адно ў адным, толькi зрэдзь мiльгане на сьцяне паходня, аж туды да багата разьбёных дзьвярэй, якiя нiбыта самi сабою расхiнаюцца перад iм i адкрываюць карцiну княскага гера.

Той, нядбала адкiнуўшыся на падушках у цi то крэсьле, цi то на лежаку, кашуля расшпiленая на горле, магутная машня штаноў прадбачлiва расшнураваная, на плечы накiнуты яркi халат; у адной руцэ трымае срэбны кубак, зь якога пiў, другою адганяе ўбакi дам, якiя, больш-менш адзетыя, бавiлi зь iм спакушальныя бавы, i знакам падклiкае Айцэна да сябе.

- Так, так, - кажа ацяжэлым языком, спрабуючы падвесьцiся, - вы, значыцца, той самы вучоны доктар фон Айцэн з Гамбурга, так горача рэкамендаваны мне маiм тайным радцам?

Лёйхтэнтрагер дае Айцэну ў бок штурхаля, на якi той сьпешна кланяецца й адказвае:

-Той самы, Ваша герцагская мосьць.

А Лёйхтэнтагер дадае:

- Гер супэрiнтэндэнт палка абараняе вучэньне Лютэра ва ўсiх справах i верна прапаведуе супроць усялякай ерасi й супроць тых, якiя ўхiляюцца ад сапраўднага Эвангельля; у яго таксама выдатны тонкi нюх на такога роду шэльмаў, аж ня ўмыкнецца ад яго анiводзiн з тых, хто сее паняверку, падкопвае парадак i начальствы, будзь тое духоўны, будзь сьвецкi.

- Пахвальна, - кажа герцаг Адальф, - такi нам якраз i патрэбен, - i як што яму нарэшце ўдалося сесьцi роўна, кажа далей: - Бо мы надумалi пабудаваць у Шлезьвiгу царства божае, у якiм кожны хрысьцiянiн павiнен трымацца запаведзяў, як тое наказвае Лютэр; i павiнны ў iм, царстве божым, дзе Мы - найвышэйшы царкоўны ўпраўца, усе быць аднаго духу, i з катэдры павiнна абвяшчацца адно, а ня другое, пра што вы мне рупiцца мецьмеце, гер доктар, i дзеля чаго Мы вас яшчэ сёньняшняй ночы назначаем супэрiнтэндэнтам i найвышэйшым царкоўным iнспэктарам у маiм герцагстве, каб лад i спакой панавалi ў народзе, асаблiва цяпер, калi я iду вайною на мяцежныя Нiдэрланды.

Гаворыць, а сам чакае, поўны гонару за такую складную i ўдалую прамову, што скажа вучоны госьць пра магутнасьць герцагскага iнтэлекту; але той стаiць, як нямы, i толькi лупiць бельмы, быццам здань угледзеўшы: але гэта яго забаўнiцы, як адразу здагадваецца герцаг, аж так скавалi позiрк пабожнага чалавека, цi правiльней, адна зь iх, i ён глядзiць i дзiвiцца, як застылы, пакуль гер тайны радца ня штурхае яго ў бок. Тут толькi Айцэн схамянаецца, глыбока кланяецца, як гэта зрабiў першым разам, i кажа, ах, як ён уражаны велiччу герцагавых намераў i тым даверам, якiм Яго герцагская мосьць ахiнаюць яго, зь якой вось прычыны яму аж на так доўга язык адняло й як ён нi пра што так ня марыць, як толькi каб мерай сваiх сьцiплых сiл узяць удзел у пабудове царства божага ў Шлезьвiгу; але хай Яго герцагская мосьць не абмiнуць увагай, што ён мае жонку й дзяцей i што, як яно гаворыцца, комiн дымiцца мусiць.

На што герцаг загадвае свайму тайнаму радцу, каб той паклаў на стол, на якiм быў поўны беспарадак з кубкаў i келiхаў i дарагiх недаедзеных талерак, папяровы скрутак са стужкай i пячаткай i даў геру супэрiнтэндэнту: гер супэрiнтэндэнт ужо будзе задаволены; а ў якасьцi свайго першага службовага абавязку гер супэрiнтэндэнт павiнен напiсаць талковую малiтву за ўдачу фландрскага паходу, якая ўжо заўтра ранiцай будзе прамоўлена перад войскам, а пасьля ва ўсiх кiрхах герцагства. Аддаўшы такiм чынам належнае ўрадавым справам, Адальф робiць доўгi глыток, адкiдваецца на падушкi й знакам клiча да сябе другую даму справа, якая дагэтуль стаяла наўскос ад герцагскага крэсла за iм у цьмяным сьвятле сьвечак, вельмi панадна абапершыся на статую грэцкага бога Прыапа.

- Графiня Эрэнтрой, - кажа ён, - вы, як мне здаецца, знайшлi шанавальнiка ў асобе нашага новага царкоўнага iнспэктара; вы пэўна заўважылi, як ён глядзеў на вас так не пахрысьцiянску; альбо, магчыма, вы сустракалiся дзе-небудзь раней?

Графiня нахiляецца да герцага, пры гэтым формы яе грудзей, з выгодай для iх, адкрываюцца больш выразна, i завостранымi губкамi прыпячатвае пацалунак на Яго герцагскай мосьцi прыпацелы лоб i кажа:

- У кожнага сваё мiнулае, Ваша мосьць, калi не на гэтым, дык на тым сьвеце, i гер супэрiнтэндэнт, можа, якраз са мною быў мiлым анёлкам i, седзячы высока на воблаку, у хоры са мною сьпяваў богаспадобную песеньку, перш чым апусьцiўся на зямлю дзеля добрых чынаў.

Герцаг звонка рагоча, уявiўшы сабе маленькага, сухога Айцэна зь непаслухмянымi валасамi й зацятай мiнай у белай кашульцы, з крылцамi за плячыма й пышнацелую графiню, убраную такiм самым манерам, якая рассылае ручкай пацалункi з воблака на воблака; а Айцэну, якому павабны графiнiн галасок вой якi знаёмы, робiцца горача пры яе словах, i яму здаецца, што цяпер ён разумее, чаму так чартоўскi прывязаны да Маргрыт: ён, можа быць, там у завоблачных высях, мабыць аднак у iншым, цямнейшым месцы, быў нават прыкаваны да яе; а яна, што самае горшае, ведае пра праклятыя ланцугi й будзе мучыць яго да канца. I як што рогат герцага ня спыняецца, ён шукае дапамогi ў свайго сябра Лёйхтэнтрагера; той таксама заўважае гэта, гарбаценька нагiнаецца да герцага й просiць, цi Яго герцагская мосьць ня зробяць ласкi лiтасьцiва адпусьцiць яго й гера супэрiнтэндэнта; сёньня ноччу яшчэ так многа трэба ўсяго паспець, а пiсаньне малiтвы - штука нялёгкая, калi, канечне, словы павiнны дайсьцi да вушэй у правiльны момант.

Ледзь толькi яны ўваходзяць у Айцэнаў пакой, як той хапае гэтага за рукаў i ўсклiкае:

- Гэта была яна! Маргрыт! Прынцэса Трапезундзкая! Лэдзi! А цяпер графiня Эрэнтрой!

Але Лёйхтэнтрагер атрасае яго й кажа:

- Калi ты так будзеш далей, Паўль, дык неўзабаве ўбачыш Маргрыт у кожнай бабе. Але я дам-такi рады так усё зладзiць, што твая Эрэнтроiха, абслужыўшы герцага, прыйдзе да цябе й будзе табе да паслуг ва ўсiм, чаго ты захочаш.

I заўважыўшы, як у Айцэна задрыжалi рукi i ў куточках вуснаў паявiўся шум, дадае, што Бог устанавiў трымацца далей ад пажады праз намогу, а ад задавальненьня яе - праз малiтву, i што прыйдзе, прыйдзе яшчэ ягоная хвiлiна, перш чым ён дастанецца да садка, у якiм ёсьць брамка ў рай, i ён спакойна можа прыняць сваё назначэньне на пасаду, перш чым возьмецца за пiсаньне малiтвы.

Гэта здаецца Айцэну вельмi разумным, ён бярэ скрутак паперы ў руку, зрывае пячатку, разьвязвае стужку, разгортвае паперу й акiдвае вокам зьмест: Мы, Адальф, абвяшчаем гэтым усiм еt cetera et cetera што Мы высокашаноўнага й высокавучонага, Нашага дарагога, багавейнага й вернага et cetera et cetera Сьвятога Пiсаньня доктар sub сёньняшняй dato назначылi на пасаду et cetera et cetera Нам i Нашым найперш у справах рэлiгii адказны et cetera et cetera парадай i чынам et cetera et cetera павiнен трымаць да канца, што Мы яму даверылi et cetera et cetera за якiя паслугi ён штогод 360 гульдэнаў з нашай палаты et cetera et cetera для абвяшчэньня гэтага Нашу Княскую пячатку et cetera et cetera Намi ўласнай рукою падпiсана et cetera et cetera Адальф. I паколькi яму здаецца, што ў прыгожых пiсьмёнах герцага ён пазнае руку тайнага радцы, ён кiдаецца яму на шыю i ўсхлiпвае:

- Трыста шэсьцьдзесят гульдэнаў! Дзеткi, найперш малютка Маргарэт, падзякуюць табе, Ганс! - але тут i запiнаецца, бо столькi грошай абуджаюць у iм недавер; i ён хоча ведаць ад свайго сябра, цi не запатрабуе ён ад яго чаго-небудзь дадаткова, што было б звыш яго шчырадайнасьцi й дапамогi ў будаўнiцтве царства божага? Але Лёйхтэнтрагер адмахваецца: што гэта была б за дружба, кажа ён, дзе адзiн плацiць за тое, што дае другi; яны абодва ў крэдыце адзiн перад адным, i там вiдаць яно будзе, хто ў канцы каму колькi вiнен. А цяпер за працу!

Але каму такое не вядома? Чарнiла й белая папера пад рукою, пёры завостраныя, а ў галаве пiсара - пустэльня. Вайна! думае ён. Вайна!... I ў цьмяным сьвятле бачыць перад сабою поле бiтвы, бачыць забiтых у крывi, параненых, якiя благаюць дапамогi альбо шэпчуць перад сьмерцю малiтву, тым часам як палявы каплан на вачах у ворага адпявае й суцяшае iх пэрспэктывай раю, i Айцэн цiха дзякуе добраму Богу, што ня ён гэты палявы каплан, а ён будзе сядзець дома са сваiмi сьвятымi кнiгамi, чакаючы гадзiны, калi, павячэраўшы нанач у коле сям'i, будзе рыхтавацца да вiзыту графiнi Эрэнтрой.

I ўздрыгвае, пачуўшы пакехекваньне сябра, i паказвае на лiст паперы, усё яшчэ белы, незапiсаны, якi ўсё яшчэ ляжыць перад iм, i ўздыхае:

- Я вучыўся ў Вiтэнбэргу, цяпер я магiстр i доктар, я ведаю пра божых анёлаў i Сьвятое Пiсаньне й пра Вялiкi й Малы катэхiзiсы, але як я павiнен пасылаць чалавека на вайну, каб ён пайшоў суцешаны, гэтага я ня ведаю.

Лёйхтэнтрагер пацiскае сваiм горбiкам.

- Зробiш, - кажа ён, - бо ты прымаеш гэта сур'ёзна. Але ты павiнен думаць, што ў тых, на каго наш герцаг iдзе паходам, цяпер таксама сядзiць нехта такi, як ты, пакусвае пяро, складаючы малiтву, i што так было спрадвеку, што чалавек прыставаў да Бога, просячы абароны й перамогi, выбiраючыся ў паход бiць свайго брата. Але Бог ня чуе, яму ўсё адно, ён як сам час, якi мiнаецца для ўсiх, i як далёкiя сузор'i, якiя сьвецяць над абодвума, пераможцам i пераможаным. Таму й герцаг зьвяртаецца па тваю малiтву, а ў яго заўтра галава яшчэ будзе гудзець ад таго, што за гэтую ноч выпiў, так што ён i ведаць ня будзе, дзе перад, дзе зад; валяй, я павяду тваю руку: усё правiльна, што ты напiшаш, пакуль яно кладзецца на пацеры.

I ба! як толькi ён кранаецца горбiкам Айцэнавай рукi зь пяром, пяро адразу выскоквае на паперу й пакрывае яе пабожнымi словамi, паставiўшы апошнi росчырк i апошняе "аман", бачыць, што ўжо й сябра няма, а ў дзьвярах стаiць графiня Эрэнтрой i пахне ўсiмi пахошчамi ўсходу й салодкiм галаском пытаецца:

- Вы ня хочаце запрасiць мяне ў ваш пакой, гер доктар?

У Айцэна сэрца ў грудзях падскокнула, што вось жанчына ў плоцi будзе цалкам ягоная, уся, з гэтымi чорнымi, вабнымi вачыма й пухлымi губамi i ўсiмi астатнiмi прынадамi; толькi валасы, якiя ў Маргрыт былi рыжавацейшыя, блiшчаць як чорны францускi аксамiт i падколатыя па шляхетнай модзе; i ён так парывiста ўскоквае й ляцiць да яе, што крэсла, на якiм ён сядзеў, з грукатам коцiцца дагары.

- Ах, фраў графiня, - кажа ён, - я самы шчасьлiвы чалавек, бо я так прагнуў вас, з таго часу як мы анёлкамi так прыгожа музыцыравалi.

Графiня выгодна ладзiцца на ложку, з падушкай пад плячыма, ножкi ў прыгожых боцiках на коўдры; пасьля гарэзьлiва й шальмавата глядзiць яму ў вочы й кажа, што з усiх мужчын ён, чалавек сьвяты, ёй наймiлейшы, i менавiта таму, што напрактыкаваны ў перадачы сьвятой богабаязнасьцi. Гер супэрiнтэндэнт, якому ўжо сьпiрае дыханьне, укленчвае перад ёю, быццам яна не яна, а багiня Вэнэра, i таропкiмi пальцамi шастае па яе вопратцы, пакуль нарэшце ўдаецца расшпiлiць i гарсэт, i сарочку, i яна ляжыць перад iм у поўнай раскошы; ён выцалоўвае й вымацвае ўсю яе зьверху данiзу й зноў зьнiзу даверху. Ёй гэта падабаецца i, яна пахвальвае яго спрытныя пальцы й пытаецца, цi таму яны такiя, што ён натрэнiраваў iх на гартаньнi сьвятых кнiг? Ён думае, што вось яно, пара, пара пераходзiць ад шураў да мураў, хоча нават дагадзiць яе жаданьням, як гэта было ў доме Агасфэра, калi ён думаў, што ляжыць на лэдзi, i ў страшным сьпеху ссоўвае з ног чаравiкi й новыя моднага крою штаны й ўжо мерыцца ўскочыць у сядло графiнi, якая поўная чаканьня ляжыць перад iм, калi раптам бачыць, што ў яго не таго, што ён нiчога ня можа ад раптоўнага страху, што ўсё абернецца так, як было тады, калi ён быў ашуканы сукубам i пасьля прачнуўся са сваёй Барбарай ў нейкай трушчобiне, голы й абабраны, на пацеху падпiтаму люду: i што было б, калi б яно сталася гэтак i цяпер, што было б з царствам божым i яго новай пасадай?

- Гер супэрiнтэндэнт, - кажа графiня праз хвiлiну, - мабыць, мне лепей было б падкласьцiся да духа сьвятога; iдзiце й пакiньце мяне адну.

Айцэн, а што яму яшчэ застаецца, адразу пакiдае яе й выходзiць з пакоя, чакае там; вежавы гадзiньнiк б'е гадзiну, а графiнi анi знаку; ён ужо адчувае, што яго павяло на сон; але тут з усiх бакоў так цягне продзiмень, што яму захалонулi заднiца й голыя лыткi, а як заказытала ў носе на чыханьне, ён ужо баiцца, што ранiцай ня здужае прачытаць малiтву, калi ахрыпне. I ён нарэшце зьбiраецца з духам, ветлiва стукаецца ў свае ж дзьверы, i як што адтуль нiякага адказу, адчыняе: графiнi нi духу, нi званьня. Толькi яе пах яшчэ лунае ў памяшканьнi, крыху як бы зьмяшаны з пахам серкi, i куды яна падзелася, а чорт яе ведае, бо другiх дзяврэй у пакоi няма, а праз акно на двор, канстатуе, футаў сорак-пяцьдзесят. Значыцца ўсё было толькi мiраж i аблуда, думае ён з жудасьцю, графiня i Маргрыт i каханьне; альбо ён праспаў, як яна выходзiла, калi стаяў за дзьвярыма; ёсьць жа людзi, што як мякi з мукою: сьпяць нават стоячы, - суцешлiвая думка.

А вось ужо й першыя трубы, пабудка, i з двара даносiцца магутны тупат i крыкi: там, у сьвятле паходняў, зьбiраецца лейбгвардыя, конная i пешая, усе апранутыя ў герцагскi трыкалор - чырвона-бела-сiняе. Але паходнi неўзабаве блякнуць, неба прасьвятляецца, i Айцэн з упалым сэрцам прызнаецца сабе, што вось i яшчэ адна ноч кату пад хвост. Iдзе апаласнуць твар з кубка, залазiць у сваю пастарскую хабiту, совае ў кiшэню малiтву й йдзе на пошукi цёплага ранiшняга кулешыку.

I дастае яго, пасьля доўгага блуканьня па пакоях, у каралеўскай зале замка, дзе пад крыжовым скляпеньнем геры герцагскiя радцы й iншае высокае герства й афiцэры запраўлялiся пiвам i скаблiлi шаблямi з касьцей вэнджанiну на падмацунак у блiзкiм парадзе з далейшым паходам. Ледзь пасьпеў вычарпаць мiску й абмяняцца некалькiмi словамi зь сябрам Лёйхтэнтрагерам, калi ўжо ўваходзiць герцаг, у ботах i пры шпорах, цераз грудзi зашпiленыя дасьпехi, усё гарлае "Гэй!" i "Гайда!" i падымае мячы й б'е адзiн аб адзiн, аж падумаць можна, вайна вось яна й пачалася. Але герцаг крочыць роўна, ну, можа, толькi трошачку з похiстам, проста да Айцэна, i пакуль гэты марна спрабуе сунуць кудысьцi тую мiску, тую лыжку, як ужо пытаецца, i ўсiм чуваць, цi добра гер доктар правёў ноч i цi гатовы ён папрасiць Божага дабраславеньня i перамогi й посьпеху ў добрай справе?

Гэта, нават калi ён iдзе з п'янай душы, знак спрыяньня, якога Айцэн яшчэ нiколi такога ня меў, i гэта як цёплы дождж на яго раздушанае графiняй сэрца; i пакуль сябар Лёйхтэнтрагер вядзе яго на парадны луг, мiма чырвонага балдахiна, пастаўленага для герцагiнi й iншых герцагскiх дам i малых прынцаў i прынцэс, туды, да драўлянага памоста зь вялiкiм, адусюль вiдным крыжам, ён думае, як павiнна будзе захапляцца iм графiня, калi ён на вачах у Яго герцагскай мосьцi й цэлай армii будзе заклiкаць Бога. Але колькi нi азiраецца, усьпёршыся на памост, графiнi нiдзе ня вiдаць, i ён ведае, што не павiнен далей адкладваць сваiх слоў, бо войска, пастаўленае паводле штандараў i ротаў, поўным складам стаiць на малiтву, перад фронтам у поўным бляску сам герцаг.

I вось ён узвышае голас i пачынае: што герцаг, наш лiтасьцiвы князь i валадар, надзеў свае баявыя дасьпехi, каб з дапамогай Божай вывесьцi Нiдэрланды зь iх цяперашняга бунту зноў да мiру, згоды й добрага кiраваньня, а зусiм ня дзеля таго, каб перасьледаваць сьвятую хрысьцiянскую царкву там, дзе яна вызнае чыстае вучэньне адзiнашчасьцедайнага Эвангельля, а больш за тое дзеля ўмацаваньня i абароны чыстага, сапраўднага вучэньня; таму ўсе мы як Яго герцагскай мосьцi верныя падданцы павiнны заклiкаць усёмагутнага, любаснага, мiлажальнага Бога ў iмя яго народжанага Сына Iсуса Хрыста й прасiць, каб ён быў прыхiльны да нашага ласкавага князя i валадара разам зь яго высакамудрай ваеннай радай, камандуючымi, слугамi i ўсiм жаўнерствам i каб лiтасьцiва ахаваў iх сваiмi сьвятымi анёламi ад усялякiх нягодаў i бедаў, асланiў ад ворага й даў iм шчасьце, перамогу й здабычу.

Айцэн набiрае дыханьня. Герцаг, бачыць ён, стаiць тупа й глуха i, вiдаць, не зразумеў, як новы суперiнтэндэнт уладзiў яго ў нiдэрландскiя веравызнаўчыя implicite, альбо ня хоча ведаць, бо вайна ёсьць вайна, i тут у цябе нiхто ня пытаецца, не сьперазаўшы папярэдне па чэрапе, прымаеш ты сьвятое прычасьце паводле папскага вiду альбо добрага пратэстанцкага. I працягвае:

- Мы павiнны таксама руплiва прасiць, каб усемагутны, лiтасьцiвы й мiлажальны Бог у iмя свайго любаснага Сына Iсуса Хрыста асланiў гэтыя княствы й землi ад ўсялякага зла, шкоды й няшчасьця i каб ласкава даў удачу нашаму лiтасьцiваму князю i валадару, а яго сардэчна любую жонку, нашу лiтасьцiвую княгiню i жанчыну, i маладое патомства, i ўсiх нас, яго верных падданых, парадаваў шчасьлiвым вяртаньнем, чаго мы роўным чынам просiм i для яго высокамудрай ваеннай рады, камандуючых, слуг i жаўнераў, каб усе яны таксама шчасьлiва i ў здаровым целе вярнулiся дамоў.

I калi Айцэну пасьля такой доўгай пераканаўчай прамовы зноў не хапiла паветра, ён яшчэ раз спыняецца й бачыць, падымаючы вочы ад паперы, як шмат хто з жаўнераў сморкаецца, каб не пабеглi яму па барадзе сьлiнi й соплi; i, сам крануты сваiмi ўзьнёслымi словамi, падводзiць слова да канца й кажа:

- Каб дасягнуць усяго гэтага, мы павiнны з глыбiнi нашага сэрца i ў поўнай надзеi ўчынiць нашу малiтву й скажам усе: "Войча наш, якi ёсьць на небе..."

I ўсё войска як адзiн апускаецца на каленi, герцаг, якi мае свой клопат утрымаць раўнавагу, на чале, i на лузе паўстае звон i ляскат; пасьля Айцэн чуе хор тысячаў жаўнераў, якiя ў адзiн голас паўтараюць: "Хай сьвяцiцца iмя Тваё. Хай прыйдзе царства Тваё. Хай будзе воля Твая..." I ён адчувае моц Божага слова, якое цяпер вось ужо ёсьць i ягонае слова й ягоная моц; i адначасова бачыць абок сябе гера тайнага радцу, свайго прыяцеля Лёйхтэнтрагера, якi крыва выскаляецца яму, i тут ужо ён ведае, чуючы "Тваё ёсьць царства й сiла й слава навекi. Аман", што ён якраз i ёсьць той, хто кiруе ягонымi крокамi, а не, як яно павiнна быць, наш Гасподзь Iсус, i што ён, доктар боскай вучонасьцi й будучы дойлiд царства божага ў Шлезьвiгу, прылада ў руках, якiя нiколi яго ня выпусьцяць.

Тым часам, з лаянкай i крыкамi афiцэры войска й ротныя камандзiры падрыхтавалi сваiх да маршу, кавалерыя ў сёдлах, i герцаг сеў на шыраказадага сiвака, баявога каня, упрыгожанага залатой гунькай i такой самай збруяй; а Айцэн узводзiць угору рукi на пастарскае дабраславеньне, якое ён учынiць герцагу й яго харалужнаму войску, штандарам i сьцягам; так, падобны на чорнага гругана, якi марна спрабуе ўзьляцець, прапускае ён перад сабою дэфiле войска, герцаг i вайсковая рада наперадзе, за iмi лейбгвардыя, пасьля пешыя дацкiя алебардысты, пасьля, струнка ў сядле, герцагская лёгкая i цяжкая кавалерыя, i нарэшце цьвёрда чаканячы крок полк Пуфэндорфа, пад вясёлую песеньку-марш:

Таму сьмялей наперад,

Саратнiкi, камрады,

Сячыце, рыцары,

Варожыя грамады.

Хай кожны памазгуе,

Як заслужыцца славы,

Парыцарску памерцi,

Прыняўшы бой крывавы.

Калi ж ня сьмерць, а рана,

Дык ня дрыжы ад страху,

Прыймi яе дастойна

У грудзi, а ня ў сраку.

I пасьля кожнага куплета задзiрыстае "Валеры, валеры, валера!" толькi яшчэ больш напаўняе Айцэна, якi пакорна дабраслаўляе ўсiх, духам радаснай мужнасьцi, так што, здаецца, вось-вось ён сам пойдзе на бiтву. Але з заключным куплетам

Хто толькi сьмерцi прагне,

Хто сьмела ў бой iдзе,

Той перамогу знойдзе

I той не прападзе

дэфiлюе апошнi штандар палка, i адразу за юным сьцяганосцам-фэндрыкам, на зьнешнiм крыле першага раду, маршыруе нехта адзiн, каго, здаецца, Айцэн ведае, а той яго вiдавочна ж ведае, бо пад апошняе "валера!" паварочваецца да яго й нешта выкрыквае, нешта такое з гучаньня як бы жыдоўскае, падобнае й на лiхое слова sched, i на "satan" i на "жыд" цi нават на "Чорцядзяры", i гэты крыкун ня хто iншы як Агасфэр, у Пуфэндорфаўскiм мундзiры i ў шараварах i шлiцаваных рукавах на наплечнiках, пры поўнай амунiцыi.

Айцэна як маланкай сьперазала, хоць ён i падазраваў з таго часу, як сярод дам герцага выкрыў графiню Эрэнтрой, што Агасфэр мусiць быць недзе непадалёк; ён апасаецца таксама, што гэта можа быць кепскi знак для паходу на Нiдэрланды, калi Вечны Жыд таксама ў гульнi. Але службовая справа трымае яго каля крыжа, так што ён ня можа пасьпяшацца туды, да Агасфэра й разгаварыць яго; а тут ужо й прайшлi ўсе штандары, i ўжо мiма яго валiць абоз, усялякага роду падводы й шматкалёрная ворвань усякая, ягляць, сьвiшчуць, не паказваючы анiякага рышпекту перад высокiм панствам, якое пасьпешлiва адступаецца назад, нават сьмяюцца з гера супэрiнтэндэнта там наверсе на памосьце. Але тым ня меней Айцэн у хрысьцiянскай любасьцi хоча дабраславiць i iх; ды тут ён бачыць, высока на маркiтанцкiм возе, памiж гаршкоў i патэльняў i ўсякiм iншым дабром, дзёрзка заголеныя ногi - Маргрыт.

Тут ужо нiякая духоўная хабiта, нiякi сьвятарскi абавязак ня стрымлiваюць яго. Хоць i азiрнуўшыся хуценька па баках, цi не адстаў каторы з тых, што пад балдахiнам; але тыя, з двара што, яны маглi б палiчыць яго паводзiны дзiўнымi, усе ўжо паўцякалi, i Айцэн падкiдае свой талар угору, саскоквае на прымятую траву й бяжыць за возам, пакуль не даганяе яго, i крычыць, спрабуючы схапiць каня за вуздэчку, ня крычыць - благае:

- Ах, Маргрыт! Маргрыт! Стой, калi ласка, дарагая Маргрыт, застанься! Я хачу быць тваiм навекi, Маргрыт!

Але яна сьмяецца зь яго, i як што зьбiраецца ладны натоўп, яна кажа:

- Ня ведаю гэтага бэйбуса, але вы чуеце, чаго ён ад мяне хоча. Яно такi, мабыць, i праўда лiхi час настаў, калi нават геры папы сярод белага дня ятрацца, бы казлы якiя, i кiдаюцца на нявiнных жанчын.

I дастаў бы такi Айцэн добрай лупцоўкi, калi б абоз не праехаў разам з усiм маркiтанцтвам, i ён, засмучаны, адстаў.

РАЗЬДЗЕЛ ДВАЦЦАЦЬ ДРУГI

У якiм прафэсар Байфус робiць пэўныя саступкi, тым часам як прафэсар Лёйхтэнтрагер прадпрымае марксiсцкi аналiз Агасфэра i сваiмi заўвагамi адносна ўплыву юбiляра доктара Лютэра на разьвiцьцё новага антысэмiтызму робiцца непажаданай асобай

Геру

праф. Ёханаану Лёйхтэнтрагеру

Hebrew University

Jerusalem

Israel

9 чэрвеня 1980

Дарагi прафесар Лёйхтэнтрагер!

Я павiнен падзякаваць Вам за сяброўскую перадачу Вашай ксеракопii пiсьма ад 14 кастрычнiка 1556 года да суперiнтэндэнта фон Айцэна, пiсьма, якое ў сувязi з новапаўсталымi акалiчнасцямi паходзiць з Нордэльбскай царкоўнай бiблiятэкi ў Гамбургу i якое, здаецца, стаiць у пэўнай сувязi з праведзенай у тыя часы ў горадзе Альтона "дыспутацыяй з яўрэямi": пiсьмо, як Вы лiчыце, належыць руцэ Вечнага Жыда.

Я не хачу ставiць пад сумненне аўтэнтычнасць пiсьма; але адносна яго аўтара хацеў бы заклiкаць да асцярожнасцi. Адразу пасля атрымання копii я распаўсюдзiў яго ў нашым калектыве з просьбай выказаць думку, i мы ў нашым iнстытуце адзiныя ў меркаваннi, што гаворка тут iдзе пра мiстыфiкацыю, а менавiта пра тагачасную. Вы, дарагi калега, зразумееце мяне, калi мы, марксiсты, настойваем на сваiм пункце гледжання, што не можа быць нiякiх цудаў, а, значыцца, i нiякiх Вечных Жыдоў, як асоб. З гэтага зноў жа вынiкае, што пiсьмаў, складзеных i напiсаных iм, у прынцыпе быць не можа. Але паколькi Вы з прычын, якiя можна прызнаваць альбо не прызнаваць, не хацелi б згаджацца з тэзiсам Паўля Ёгансэна адносна iдэнтычнасцi вядомага ў сярэдзiне ХУI стагоддзя ў Гамбургу Агасфера з прарокам Ёргам Мэйсэнскiм (том XLI часопiса Аб'днання па вывучэннi гiсторыi Гамбурга), паўстае пытанне, кiм жа такi на самай справе быў той "бедны жыдок", якi пiсаў памечанае iмем Агасфера пiсьмо i якi менавiта пад гэтым iмем пазнаёмiўся з суперiнтэндэнтам фон Айцэнам i быў выкарыстаны гэтым апошнiм у памянёнай альтонскай дыспутацыi.

Высвятленне гэтага пытання i даследаванне далейшага лёсу беднага жыдка было б у роўнай меры вартаснай задачай i для крымiналiстаў i для гiсторыкаў; толькi трэба апасацца, што час даўно ўжо сцёр усе iстотныя адпраўныя моманты i доказныя факты. Што тут павiнна iсцi гаворка пра даволi спрытнага махляра, адразу ясна, калi падумаць, што такi прамiнентны i для свайго часу высокаадукаваны чалавек, як Айцэн выйшаў на яго; i гэты Агасфер, як так званы Вечны Жыд, умеў праварочваць свае махлярскiя гешэфты, што, зрэшты, зразумейце мяне правiльна, гер калега, наогул не павiнен успрымацца як алюзiя Вашага суiменнага прыяцеля, абутковага гандляра.

У гiсторыi часта здаралася так, што якiя-небудзь дробныя прахадзiмцы выдавалi сябе за славутасцяў, якiя ў фантазii народа яшчэ былi жывыя, - колькi бегала па свеце Iлжэнеронаў, колькi Iлжэдзмiтрыяў, i нават знакамiты капiтан з Кёпенiка, нотабэнэ шавец, як i Агасфер, адносяцца да гэтай катэгорыi, бо вобраз прускага афiцэра адначасова абуджаў i акрыляў пачуццi грамадзянаў. Нават апосталу Яну, пра якога, як Вы можаце ўспомнiць, у Новым Запавеце (пар. Ян 21, вершы 20-23) гаворыцца, што ён не памрэ, а застанецца, пакуль не вернецца Хрыстос, знайшлi iмперсанатара, аднаго такога, якi пазней быў жыўцом спалены ў Тулузе яшчэ напрыканцы ХУI стагоддзя.

Як я ўжо меў нагоду выказацца ў маёй кнiзе "Самыя вядомыя iудэа-хрысцiянскiя мiфы ў святле прыродазнаўчага i гiстарычнага пазнання", раздзел "Пра Вечнага (альбо Вандроўнага) Жыда", вельмi падобна на тое, што ў выпадку з гэтым Янам, якi ў евангеллях фiгуруе як любiмы вучань, трэба бачыць правобраз Агасфера. Чаго я ў маiм галоўным пункце дасягнуў, што ў маёй толькi што названай працы магчыма крыху недастаткова акцэнтавана, але што я пасля сталага разважання i дыскусii з маiмi супрацоўнiкамi цяпер павiнен асаблiва падкрэслiць, гэта: Агасфер нiякая не, нават высветленая праз паданне, гiстарычная асоба, як i славуты iмператар Барбароса, i ўжо ж такi ён нiякi не сучаснiк адначасова Пiлата i прафесара Ёханаана Лёйхтэнтрагера; хутчэй за ўсё ён ёсць сiмвалiчная постаць, сiмвал-вобраз, i да таго ж даволi тыповы.

Як для германцаў Зiгфрыд, вечны маладзён, падступнай рукой замардаваны герой, так i для вечна касым вокам падгляданых, усюды бяздомных, вечна з-краiны-ў-краiну-вандроўных, часта нават гнаных i цкаваных яўрэяў - Агасфер. У iм персанiфiкаваны лёс яго народа. Элемент падабенства сягае аж да падрабязнасцяў яўрэйскай экзiстэнцыi. Так С.Марпурга ў сваёй "L'Ebreo errante in Italia" (Фларэнцыя, 1891) цытуе, гэта Вам несумненна вядома, паведамленне нейкага Антонiа дзi Франчэска дзi Андрэа з Сан-Ларэнца, якi нiбыта сустракаўся з Вечным Жыдам у 1411 годзе: "Ён можа заставацца ў правiнцыi толькi тры днi i ўжо спяшаецца ўпрочкi, бачна i нябачна; на iм адзенне з каптуром, аперазаны вяроўчынай, i ходзiць босы; тым не меней, хоць ён i не мае пры сабе нi машны нi кашалька, расплачваецца гатоўкай. Прыйшоўшы ў якi-небудзь прытул, есць i п'е добра, а пасля расцiскае кулак i дае столькi, колькi патрабуе гаспадар; i нiколi нiхто не бачыць, адкуль у яго бяруцца тыя грошы, i нiколi не бывае, каб яму iх не хапiла..." Гэтыя дадзеныя перакрываюцца са звесткамi, пададзенымi ў адной фламандскай народнай кнiжцы з сярэдзiны ХУII стагоддзя, выдадзенай ананiмна i без пазнакi года i месца выдання, якая, бадай, з'ўляецца перакладам з нямецкай, а насамрэч, мабыць, прыйшла ўзбочнымi шляхамi з французскай. Там гаворыцца: "Увесь ягоны скарб складаецца з пяцi штубераў, якiя заўсёды ўзнаўляюцца, колькi б ён iх нi трацiў". У многiх выданнях "Кроткаго опiсаня i розсказу про однаго жыдовiна з наiменем Агасферус", першая вядомая нам рэдакцыя якога выйшла ў 1602 годзе "ў Лейдэне ў Хрыстофа Кройцэра", дзiўным чынам падтэкставана дата "Шлезвiг 9 iунiя 1564", падаецца далейшае апiсанне, што яўрэй часта паяўляецца ў селiшчах бедны i абадраны, але праз некаторы час ужо апрануты з iголачкi ў нiтачку i нават у моднай выправе.

Тут адбiваецца натуральна не што iншае, як назiранне аўтараў народнай кнiгi, што гандлёвыя яўрэi не ездзiлi, як хрысцiянскiя купцы, з кашалькамi ў кiшэнях, яны ведалi так званы безнаяўны разлiк, каб не сказаць крэдытныя карткi, i гэтакiм чынам пазбягалi стратаў ад нападу рабаўнiкоў i падобнага зброду; так яўрэй едзе з рэкамендацыяй брата-аднаверца А. ў горадзе Б. да брата-аднаверца В. у горадзе Г. i там адразу атрымлiвае грошы, якiя здаюцца недасведчаным "гоям" грашмi з дзiўных крынiц.

У заключэнне дазвольце мне рэкапiтуляваць думку нашага iнстытута: Мы прызнаём Агасфера за яўрэйскi сiмвал-вобраз. Усё астатняе, нягледзячы на Вашы ўхiлiстыя тлумачэннi, паважаны калега Лёйхтэнтрагер, i насуперак Вашым спробам праз разнастайныя, часцей нават чыста маргiнальныя, каб не сказаць татальна абсурдныя матэрыялы пераканаць нас ў Вашай тэорыi, мы лiчым глупствам.

Застаюся, як заўсёды з найлепшымi пажаданнямi

Адданы Вам

(праф. д-р Dr. h.c.)

Зiгфрыд Байфус

Iнстытут нав. атэiзму

Берлiн, сталiца ГДР

Геру

праф. д-ру Dr. h. c. Зiгфрыду Байфусу

Iнстытут навуковага атэiзму

Бэрэнштрасэ 39а

108 Берлiн

German Democratic Republic

3 лiпеня 1980

Паважаны друг i калега Байфус!

У Вашым пасланнi ад 9-га мiнулага месяца, якое я адразу па атрыманнi ўважлiва i грунтоўна прачытаў i змест якога з задавальненнем прыняў да ведаму, Вы тлумачыце, выступаючы адначасова i ад iмя Вашага Iнстытута, што Агасфера трэба разглядаць як сiмвал-вобраз, да таго ж вельмi тыповы. Гэта Вы робiце пасля таго, як пры ранейшай нагодзе ахарактарызавалi яго як "рэальна iснуючага, хоць i не вечнага" i зноў жа ў iншым пiсьме як "фактар, кампаненты якога яшчэ недастаткова асветленыя".

Калi я разглядаю ход Вашых думак у гэтым аспекце, я магу толькi зрабiць выснову, што Вы i Ваш Iнстытут у пытаннi наяўнасцi Вечнага Жыда дэ факта, хоць i павольна, але наблiжаецеся да iсцiны, i я разважаю, цi не павiнен я прадпрыняць спробу ўгаварыць Вашага сябра на паездку ва Ўсходнi Берлiн, каб Вы пазнаёмiлiся з iм i задалi яму некаторыя пытаннi, якiя маглi б зрабiць зразумелымi эвэнтуальна яшчэ недастаткова асветленыя кампаненты гэтага рэальна iснуючага сiмвал-вобраза. Угаворы, хай ужо будуць за мною; не думайце, калi ласка, што гер Агасфер пасля не заўсёды радасных перажыванняў у нямецкiх землях прадпрыняў бы паездку туды з лёгкiм сэрцам.

Але вернемся да Вашых новых перакананняў, хоць уключэнне Вамi Агасфера ў катэгорыю з маладзёжным героем Зiгфрыдам, якi вельмi высока кацiраваўся ў часы нацыянал-сацыялiзму, мне не асаблiва да смаку. Натуральна Агасфер, побач з iншымi, таксама сiмвал-вобраз; паколькi ён яўрэй i быў iм спрадвеку, дык i ягоны лёс яўрэйскi па вызначэннi, пункт погляду i паводзiны - яўрэйскiя, яго незадаволенасць iснуючымi адносiнамi, ягоныя намаганнi змянiць iх - адпаведна яўрэйскiя. Але ён, хоць гэта ўжо не выключная яўрэйская якасць, - учалавечаны неспакой; парадак рэчаў для яго такi, каб сумнявацца ў iм i пры выпадку абвяргаць яго.

Я для маёй пярсоны маю зусiм iншае ўстанаўленне - хачу супакоiць Вас i Ваш калектыў i ўстановы Вашай рэспублiкi, якiя, мабыць, пры выдачы вiзы на ўезд грамадзянам Iзраiля паводзяцца асаблiва асцярожна. Для мяне самае пажаданае парадак; чым больш дзе-небудзь парадку, тым мне прыемней. Ужо сам мiлы Бог, якога Вы не хочаце прызнаваць, ствараючы свет, адразу стварыў для яго i законы, пунктуальна i, дзякаваць Богу, планамерна. Майму сябру Агасферу гэта прыкрасць, але я заўсёды суцяшаю яго тым, што Вы як дыялектык таксама прызнаяце, што менавiта ўсякi тэзiс нясе ў сабе i антытэзiс, трэба толькi мець цярплiвасць; але ён як сiмвал-вобраз, якiм ён ёсць, нясе ў сабе яўрэйскую нецярплiвасць.

Але ў справе з сiмвал-вобразам ёсць свае закавыкi. Як я ўжо ўпамiнаў у сваiх сцiплых зарысах пра Агасфера ў Hebrew Historical Studies, а Вы больш шырока разглядаеце ў раздзеле "Пра Вечнага (альбо Вандроўнага) Жыда" ў вашай высокапахвальнай кнiзе "Самыя вядомыя iудэа-хрысцiянскiя мiфы ў святле прыродазнаўчага i гiстарычнага пазнання", Агасфер-легенда паўстала з самых розных элементаў, якiя маюць толькi тое агульнае, што датычацца праклёнаў вечнаму жыццю на зямлi, асаблiва бадзянню i пакутам да канчатковага вяртання Iсуса Хрыста. Вы самi ў сваiм пiсьме ўказваеце на Яна, любiмага вучня, пра якога рэбэ Ёшуа даволi двузначным манерам сказаў апосталу Пятру (Ян 21:22-23): "Я хачу, каб ён заставаўся, пакуль прыйду, што табе да таго?". Гэтае выказванне ёсць зародкавая клетка думкi пра зямное далейшае жыццё сучаснiкаў укрыжаванага да яго канчатковага вяртання.

Загрузка...