Вучань Ян, як i шавец Агасфер абодва несумнена былi яўрэi; а вось цi былi яўрэямi ўсе астатнiя, пра якiх паведамляецца, што яны падганялi Iсуса ў яго дарозе на Галгофу альбо нават бiлi i ўжо вядомым спосабам былi праклятыя, гэта, прынамсi, пад пытаннем. Можа, яўрэем быў Малх, называны таксама i Маркам, палiцэйскi шпег, якому Пётр у Гефсiманскiм садзе адсек мечам вуха i якi, пасля таго як Iсус на вачах ва ўсiх прыставiў яго на месца i загоiў, наступнага дня свайму дабрачынцу на допыце ў першасвятара Каяфы жалезным кулаком ударыў у твар? Яўрэйская палiцыя была да заснавання сучаснай дзяржавы Iзраiль толькi ў гета, дзе яе арганiзавалi нацысты; яўрэйская традыцыя хутчэй - нехарошую, часта брудную працу ката i палiцэйскага шпiцаля даручаць неяўрэям, на якую сваiм часам меў сваiх крэцi i плецi, з крыцянаў i палесцiнцаў, сам цар Саламон. Альбо Картафiлус, па-грэцку Karta Philos, шматлюбасны, якi служыў брамнiкам пры Пiлаце i ў гэтай сваёй якасцi вельмi няласкава абышоўся з Iсусам? Неверагодна, каб такiм важным чыноўнiкам рымскага намеснiка ў Юдэi мог быць яўрэй; як ужо гаворыць само яго iмя, быў ён хутчэй грэк, а таму - язычнiк; пазней, як вядома, пры Ананii, якi хрысцiўся ў апостала Пятра, ён быў навернуты i называў сябе Язэпам. Альбо той невядомы, якi пазней будзе называцца ў Iталii Джыаванi Батадыё альбо Бутадэўс, што па-нямецку - Богазабойца, ён што? быў яўрэй? Малх, - як паведамляе аўстрыйскi барон Торнавiц, у 1643 годзе была паказана яму ў Ерусалiме туркамi за вялiкi бакшыш, "патайная забрукаваная зала пад зямлёю, дзе ўтрымлiвалiся нявольнiкi ў сваiх старых рымскiх хабiтах i гiнулi i былi бiтыя часам аб сцяну, часам у грудзi, - там быў прыведзены да прызнання, што ён, Малх, бiў Iсуса бязвiнна ў яго святы твар". Пра Картафiлуса, пазнейшага Язэпа, пiша англiйскi манах Ражэ дэ Уандовэр ў "Flores Historiarum", якая разглядае падзеi ад стварэння да 1235 года, што anno 1228 у кляштар св. Альбана ў Англii прыбыў адзiн армянскi арцыбiскуп, i, будучы апытаны пра Картафiлуса-Язэпа, тлумачыць, што ён яшчэ незадоўга да свайго ад'езду частаваў яго за сваiм сталом. Картафiлус жыве сярод бiскупаў i прэлатаў Арменii i iншых краiн Усходу, чалавек святой маралi i святога красамоўства, якi пры нагодзе расказваў i пра блiжэйшыя акалiчнасцi ўкрыжавання i ўваскрэсення, прычым ён не рабiў нiякай тайны са сваёй сумнай ролi. Але Ганс Богазабойца альбо Джыаванi Батадыё ў 1267 годзе ў iтальянскiм горадзе Форлi ў час паездкi да святога Якава сведчыць, а менавiта астролагу Гвiда Банаццi з таго ж горада, сваiм часам ён быў вядомы чалавек, бо Дантэ ўпамiнае яго ў Песнi ХХ свайго "Inferno" ў адным радзе з чарадзеем Мiхаэлем Скотусам.
Але ўласна Агасфер-лiтаратура, i гэта Вы ведаеце, паважаны калега Байфус, паўстае толькi пасля Рэфармацыi, менавiта каля сярэдзiны 16 стагоддзя; i гэтаксама след нам думаць, што i такi яго найважнейшы гарант i пратэстанцкi руплiвец, як суперiнтэндэнт Гамбурга i пазней Шлезвiга Паўль фон Айцэн. (Прагледжаны мною ў архiве Высокай Порты даклад пра працэс над радцам iмператара Юлiяна Апастаты ў гэтым кантэксце каштуе гэтак жа мала як i Кумранскi скрутак 9QRes, бо нi той, нi другi не маглi зрабiць уплыву на ўзнiкненне Агасфер-легенды ў сiлу таго, што першы таму, што стагоддзi ляжаў пад замком, другi - таму што зусiм нядаўна быў знойдзены.) У 1602 годзе з'яўляюцца першыя друкi пра Агасфера, пасля, аднак, iх ужо цэлая гара, перакладаюцца на розныя мовы i навадняюць усю паўночную Еўропу. Чаму? Чаму ўсплывае Агасфер, цяпер ужо асоба, незалежная ад апостала Яна, шпега Малха, брамнiка Картафiлуса, "богазабойцы" Батадыё, менавiта пасля Лютэра, i адразу ж з неабвержнымi ўказаннямi на фiнансавы характар? Адпавядаў ён настроям часу? Стаўся ён актуальным, можа, таму што быў яўрэй, Вечны Жыд? I цi магла быць звязанай гэтая актуальнасць са змененай роляй яўрэяў у эканамiчных дачыненнях пратэстанцкiх абласцей Еўропы - пытанне, на якое Вы, дарагi гер прафесар Байфус, Вы, хто так ахвотна спасылаецца на свае марксiсцкiя светапогляды, не павiнны былi б не спакусiцца з адказам?
Вядома, i да Лютэра была пэўная цiкавасць да некаторых яшчэ жывых сведкаў гiсторыi пакутаў рэбэ Ёшуа alias Iсуса Хрыста; царква разлiчвала скарыстацца гэтымi сведчаннямi супроць паняверцаў i ератыкоў i, натуральна, супроць яўрэяў. Але цiкавасць гэтая была абмежаваная, i сведкi такiя былi рэдкасцю, калi наогул былi, i даводзiлася апасацца, што яны разыдуцца даволi шырока i сваёй рэлiгiйнай даставернасцю словам i думкам укрыжаванага змогуць супрацьпаставiцца практыцы клiру.
I нiхто з верагодных сведак, як i заўсёды iх iмёны, не стаўся сiмвал-вобразам, тым больш яўрэйскiм.
Iм стаў найперш Агасфер, ды i мог стаць толькi ён, i менавiта толькi пасля Рэфармацыi, бо яна ў авалоданых ёю рэгiёнах знiшчыла грашова-гандлёвую манаполiю каталiцкай царквы i яе вялiкiх банкiрскiх дамоў Фужэ i Вэльзэра. Царква ўжо даўно перастала лiчыцца з запiсанай у пятай кнiзе Майсея, раздзел 23, верш 21 забаронай грашовых пазык пад працэнты; супроць гэтага абурана выступаў Лютэр, ваюючы супроць гандлю iндульгенцыямi, адначасова на меркантыльных структурах свайго часу, i пабожныя пратэстанты, якiя вярталiся да бiблiйных запаведзяў, сядзелi без банкiраў тут. Але як Вы будзеце ведаць, паважаны запiс 5 Майсей, 23:21 забараняе браць працэнты толькi з брата твайго, а ў чужога ты можаш адшпiлiць; гэты паварот прадвызначыў адных, якiя бачылi ў большасцi насельнiцтва чужых, менавiта яўрэйскую меншасць, для грашовага гешэфту, i паколькi ў яўрэяў так i так было адабрана права на iншае валоданне альбо прафесiю, яны пачалi займацца гэтым. Лютэр быў тым, хто пагнаў князёў i сялян да неаселых яўрэяў, каб iх жа лiхвярства i праклiнаць на ўсё горла i распантаць пагромную цкоўлю, з якое жывiлiся i нацысты. Да рэфармацыi ў антысемiтызму былi галоўным чынам рэлiгiйныя кампаненты, бо а чаму яўрэi дапусцiлi ўкрыжаванне Iсуса, бо а чаму дагэтуль усё яшчэ адмаўляюцца прызнаць у iм месiю? I вось гэты антысемiтызм атрымаў неўвядальную эканамiчную аснову i адразу ж сiмвал-вобраз, так, якi можна было ненавiдзець i якi да таго ж адпавядаў страхам, якiя заўсёды былi перад iншародным, несваiм, жыдоўскiм вобраз Агасфера.
Я ўсведамляю, дарагi калега Байфус, што падобныя цяжкасцi, якiя Вы ўжо мелi з асобай Агасфера, пасля майго аналiзу сiмвал-вобраза толькi вырастуць. Але Вы былi тым, хто закiнуў гэты тэрмiн у дэбаты, i таму мне не заставалася нiчога iншага, як прыняць iх.
Я вiтаю Вас гэтак жа калегiяльна, як i сардэчна
Ваш
Ёханаан Лёйхтэнтрагер
Hebrew University
Jerusalem
Таварышу
праф. д-ру Dr. h. c. Зiгфрыду Байфусу
Iнстытут навуковага атэiзму
Бэрэнштрасэ 39а
108 Берлiн
8 лiпеня 1980
Дарагi таварыш Байфус!
Пасля дэталёвага азнаямлення з Тваёй карэспандэнцыяй з праф. Лёйхтэнтрагерам з Яўрэйскага унiверсiтэта ў Ерусалiме мы мусiм канстатаваць, што яна сышла на блытаныя абочныя шляхi. Нягледзячы на паўторную акцэнтацыю нашых навукова распрацаваных пазiцый Твайму iзраiльскаму партнёру па перапiсцы, Ты пастаянна падупадаеш уплыву апошняга, робiш саступкi, якiя пазней, калi Ты зноў выходзiш на гладкi лёд, вымушаны грунтоўна адклiкаць назад. Што яшчэ больш важна, замест таго, каб выкрываць, якiя планы iзраiльскiя iмперыялiсты праследуюць дыскусiяй пра Агасфера ў вобласцi iдэалагiчных дыверсiй, Ты дапусцiў, каб праф. Лёйхтэнтрагер ублытаў Цябе ў туманныя дэталi, якiя не вядуць да нiчога i якiя Цябе, калi Ты як дагэтуль iх разглядаеш, павiнны прывесцi ў супярэчлiвую пазiцыю да палiтыкi нашага партыйнага i дзяржаўнага кiраўнiцтва.
Гэта асаблiва важна для дыскусii пра Лютэра, у якую Твой "дарагi калега" хацеў бы дадаткова ўблытаць Цябе i якая напярэдаднi святкавання года Лютэра ў 1983 г., у якое як вядома ўключылiся найвышэйшыя прадстаўнiкi нашай дзяржавы, наогул не ў нашых iнтарэсах. Калi сёння гер Лёйхтэнтрагер нагадвае Табе пра антысемiцкiя прамовы i пiсаннi Лютэра, дык заўтра ён Табе працытуе, што Лютэр у Сялянскай вайне сказаў "супроць забойчых i грабежнiцкiх бандаў сялян", якiх "трэба бiць камянямi, душыць i калоць, нiшчыць, як кручаных сабак", i тым самым не толькi Цябе, але i ўсiх, хто хоча ператварыць ушанаванне Лютэра ва ўсеахопны поспех, паставiць у цяжкае становiшча.
Рэкамендуецца, каб Ты далiкатным спосабам намякнуў праф. Лёйхтэнтрагеру, што ягоны вiзiт у ГДР, асаблiва ў суправаджэннi пана Агасфера, непажаданы. Пасля гэтага карэспандэнцыю з iм трэба спынiць.
З адпаведнымi органамi папярэдне дамоўлена.
З сацыялiстычным прывiтаннем
Вюрцнер
кiраўнiк галоўнага аддзела
Мiнiстэрства вышэйшай
i прафесiйнай школьнай адукацыi
РАЗЬДЗЕЛ ДВАЦЦАЦЬ ТРЭЙЦI
У якiм паказваецца, як супэрiнтэндэнт фон Айцэн абараняе адзiна правiльную любоў супроць усялякiх адхiленьняў i адчужэньняў, i якая ўяўляецца Маргрыт д'ябальскiм блефам.
Некалькi гадкоў пралятаюць у краiне, нават у герцагстве Шлезьвiг, i вось ужо робiцца так, што з auctoritas прыходзiць reputatio, цi, як на нашай прыземленай мове, з годнасьцю прыходзiць i слава, i прыходзiць адусюль: ад гесэнскiх ландграфаў i зь цюбiнгскага факультэта, з гамбургскага сэната й ад саксонскiх курфюрстаў, i ўсiм патрэбен гер супэрiнтэндэнт Паўлюс фон Айцэн зь ягоным меркаваньнем у сьвятых справах, i ў яго цяпер самы спрыяльны момант, каб стацца арбiтрам i судзьдзёю ва ўсiх справах, дзе гаворка iдзе пра правiльнае тлумачэньне слоў Хрыста альбо Аўгсбургскага веравызнаньня альбо ўсяго таго, што можа быць ерасьсю, а што не; ягоныя пасланьнi разыходзяцца па землях i ўспрымаюцца, як калiсь пiсьмы апосталаў цэрквам; i больш таго, калi было трэба, ён асабiста зьбiраўся i выпрўляўся ў iнспэкцыi, аб'езьдзiў усё аж да Наўмбурга, завiтваў i ў больш далёкiя мясцовасьцi, i заўсёды з дабраславеньнем Яго сьветласьцi герцага, як пасланец Бога й адвакат адзiна правiльнага й шчасьцедайнага вучэньня, як яно распрацавана й выкладзена нашым доктарам Марцiнусам Лютэрам; i толькi там, дзе грунт самы цьвёрды й трывалы й дзе павiнна быць узьведзена царства божае на добрым падмурку й моцных палях, там, ва ўласнай епархii, там яшчэ ўсё вагаецца й хiстаецца й асыпаецца ў кроквах i бэльках, варта толькi растапырыць вуха й прыслухацца да нашэптаў дысiдэнтаў i запанявернiкаў тайнасьцяў i эўхарыстыi; i самае горшае, што падобнае заглытваецца герцагам Адальфам, якi вярнуўся з паходу ў Галандыю i за недахопам пераможных лаўраў на полi бою жадае зыскаць iх у веравызнаўчых спрэчках, а яго супэрiнтэндэнт павiнен яму дзеля гэтага муштраваць ягоныя духоўныя войскi, каб яны брава крочылi ў нагу, вучыць iх паваротам направа, налева, кругом, як таму й належыцца быць.
Тайны радца Лёйхтэнтрагер, якi як заўсёды дакладна ведае, дзе цiсьне бот, гаворыць зь iм на гэты конт i кажа:
- Яшчэ мудры Арыстотэль, у якога й хрысьцiянiн можа навучыцца шмат чаго карыснага, лiчыў, што сапраўдная даброць вырастае ня з сэрца людскога, бо яно поўнае ўсякiх пахiбаў i часта падупадае спакушэньню, а толькi з закона: таму ўсё, што мае ў сабе законную дапушчальнасьць, павiнна быць кадыфiкавана, i чалавек павiнен быць прывязаны да гэтага, калi трэба, дык i жалезнымi ланцугамi.
- Ах, - адказвае яму гер супэрiнтэндэнт, - на наш вялiкi жаль людзi шануюць запаведзь Божую больш тады, калi парушаюць яе, чым калi трымаюцца яе, i Бог карае iх недастаткова, i найперш не па сьвежым сьледзе, як павiнна было б быць, з доўгай цярплiвасьцю, i дае iм убачыць i пераканацца, так што яны думаюць, што, калi той на небе ня ўмешваецца адразу з громам i маланкамi, дык усё было правiльна, тым часам, як i духоўнае ведамства, далёкае ад месца падзей, не пра ўсё даведваецца адразу.
- Гэта, Паўль, - кажа яго сябар Лёйхтэнтрагер, - толькi таму, што ты глядзiш двума зенкамi й слухаеш двума лапухамi; гэтага недастаткова. Ты павiнен iх мець дзьве сотнi альбо дзьве тысячы, каб i прыглядвалi й слухалi, тады пойдзе лепш i лацьвей; бо твае геры пастары й прапаведнiкi няўжо толькi дзеля таго, каб кволiцца й дабрашчасьцiцца?
- Ня так проста гэта зрабiць, Гансе, - кажа Айцэн, - бо геры пастары й прапаведнiкi - гультаi й схiляюцца да таго, каб лепей быць добранькiмi даражэнькаму Богу, дык як жа мне раскласьцi агонь пад iх тоўстымi дупламi?
- Ты павiнен iх абавязаць, - кажа сябар, пяшчотна пагладжваючы па галоўцы крошку Маргарэту, якая, кавыляючы ножкай, увайшла ў пакой са сваiм горбiкам на сьпiне, падносячы госьцю вiно: з запасаў герцага, бо царкве заўсёды нешта перападае. - Звязаць абавязкам праз прысягу й подпiс, - кажа тайны радца, - цi ж бо не прысягае жаўнер сьцягу й цi ж пасьля ня слухаецца свайго камандзiра?
У Айцэна ўсё роўна як шоры спадаюць з вачэй, як бы нябеснае прасьвятленьне находзiць, што, калi ягоныя пастыры й прапаведнiкi будуць запрысягнутыя на догматах веры й сьвята паабяцаюць строга давесьцi iх да сваiх вернiкаў, каб i зь iх нiхто ня ўхiлiўся, нiхто не спатыкнуўся, iнакш на iх будзе данесена вышэйшым начальствам, дык царства божае хутка дабярэцца й да Шлезьвiга, герцагу на ўцеху й Богу на ўпадабаньне. I ён думае, як жа глыбока пранiкае яго сябар у душы людзкiя наогул i ў душы пастараў i прапаведнiкаў у прыватнасьцi, бо пасьля такой прысягi нiкога больш ня трэба будзе пераконваць, бо чалавек можа лёгка страцiць свае прыбыткi й прывiлеi, калi завiнавацiцца альбо палезе на ражон; так цi iнакш вядома будзе, чым усё можа скончыцца.
I паколькi сябар, засьцерагаючы гешэфты, пасьля гэтага жартаўлiва дае крошцы Маргарэце пад срачку й разьвiтваецца з фраў Барбарай, Айцэн яшчэ таго ж вечара садзiцца за пульт i сьвежа завостраным пяром накiдвае на паперы, што кожны, хто хоча ў герцагстве Шлезьвiг пасьвiць божых авечачак, павiнен будзе ўрачыста пацьвердзiць прысягай, як ён будзе верыць i за што трымацца: па-першае, за сьвятое бiблiйнае пiсаньне й за сьвятое апостальскае веравызнаньне, далей - за сапраўдны symbola i за ўстанаўленьнi, да таго - за непадзельнасьць яднаньня боскай i чалавечай прыроды ў асобе Хрыста й за Аўгсбургскае веравызнаньне, i за абодва катэхiзiсы Лютэра. I падпiсвацца гер кандыдат павiнен ня толькi ўнiзе ў канцы паперы, а пад кожным абзацам асобна, каб пазьней ня мог сказаць, што нечагась там выпадкова недагледзеў.
Перачытваючы пасьля свой сьпiс, Айцэн думае, што там яшчэ не хапае духу рупнасьцi й строгага адмежаваньня ад ерасi й што ён зусiм не павiнен баяцца называць iмёны й гаварыць адразу пасьля хрысьцiнаў i прычасьця, бо цi ж не пакоiцца ўся будоўля сьвятой царквы й яе службiтоў на тым, што толькi яны адны, у сiлу свайго паклiканьня, могуць ставiць перад сабою задачу ачышчэньня дзетак ад спадчыннага грэху й расказваць пра ператварэньне хлеба й вiна ў iншае, Божае цела й кроў? Iнакш бо любы ератык мог бы дайсьцi да таго й кожны парафiянiн, ня прысьвечаны ў тайнасьць i не рукапаложаны, мог бы адчынiць сваю кiрху.
I пiша: Але ў сувязi з тым, што нашым часам хiтры сатана ўзбуджае ўсемагчымыя агiдныя i аблудныя кламствы пра найвышэйшыя ўстанаўленьнi нашага хрысьцiянскага вучэньня i рэлiгii, я (iмя так i так) прысягаю; па-другое: фальшывыя дактрыны ўсiх тых, што ўхiляюцца ад iсьцiнаў вышэйназваных сьвятых пiсаньняў, сымболя веры, confessiones i Catechismi, асаблiва ж iлжэвучэньнi богаадступных цьвiнглiянаў, кальвiнiстаў, фанатыкаў тайнасьцяў i перахрышчэнцаў, якiя адмаўляюць неабходнасьць i сiлу сьвятога хрышчэньня й прысутнасьцi Хрыста пры выдзяленьнi й прыманьнi ягоных сапраўдных дзейсных цела й крывi ў сьвятой эўхарыстыi й якiя такiм чынам разбураюць адзiнства веры й ўводзяць у аблуду простых людзей, я абавязуюся з сапраўдным дбаньнем ненавiдзець, асуджаць i праклiнаць.
Гэта, радасна думае ён, ёсьць мова, якую яшчэ яго настаўнiк, добры доктар Марцiнус, так магутна скарыстаў i яна, як удар плёткай, для леных сэрцаў i прыдатная, каб навучаць гераў pastores, як сёньняшнiх, так i будучых, баяцца; таму абавязвае й гэтых прысягнуць таксама, што яны будуць ахоўваць давераныя iм парафii ад такiх аблудаў i не пацерпяць, каб хоць адзiн хто з даверанага статку прыляпiўся да богамярзотнага гурту цi сэкты.
I калi цяпер, руплiва ўсё гэта запiсаўшы, ён перачытвае ўсё яшчэ раз, здагадваецца раптам, якую сiлу дасьць гэтая прысяга яму як судзьдзю, якi вырашае, каму належаць да праведнiкаў, а каму да лiхамысьнiкаў; i каб гэта таксама занатаваць дакладна, дадае яшчэ адно ўказаньне сьвецкiм уладам што да падтрымкi духоўннага пастуха, i пiша, дробненькiмi лiтарамi, бо ўжо й месца мала на аркушы: У заключэньне я прысягаю, што буду ў поўнай вернасьцi й паслушэнстве хрысьцiянскаму загаду й мандату Яго сьветласьцi князя герцага Адальфа, нашага лiтасьцiвага валадара, i буду кiравацца разам зь Сьвятым Пiсаньнем i Аўгсбургскiм веравызнаньнем толькi хрысьцiянскiмi царкоўнымi парадкамi княства Шлезьвiг-Гольштэйн. I ў якасьцi маргiналii ўнiзе на полi лiста надрапаў: На ўсё гэта прысягаю бяз усякага фальшу й хiтрыны з добрым сумленьнем, i хай дапаможа мне Бог. Аман.
Герцаг, высокапастаўленай асобе якога тайны радца Лёйхтэнтрагер складае новую прысягу, у вышэйшай меры задаволены ёю i распараджаецца без адкладу абвясьцiць яе ў герцагстве Шлезьвiг i ўсюды, куды сягае яго валоданьне, i гер тайны радца тонка ўсьмiхаецца й кажа свайму прыяцелю Паўлю, што будаўнiцтву царства божага ў Шлезьвiгу пад дабрадайнай дыктатурай яго супэрiнтэндэнта больш нiчога на дарозе не стаiць. I як што выяўляецца фактычна, што геры pastores i такiя, якiя iмкнуцца да пасады, усе разам прысягнуць новай прысягай, надрукаваныя formularia з пячаткай i подпiсам трэба тэрмiнова адаслаць назад супэрiнтэндэнту, каб вернасьць i вера былi зарэгiстраваныя афiцыйна. I толькi пры гэтым сапраўды пачнецца здаровае супернiцтва сярод духавенства: хто верне больш заблудных авечак у статак альбо хто хутчэй дасьць належным органам патрэбнае ўведамленьне пра таго, хто яшчэ трывае ў богамярзотных вучэньнях, каб начальствы маглi прыняць строгiя меры ў адпаведнасьцi з законам. Асаблiва ў Эйдэрштэдшэне, дзе ў вялiкiм мностве асялiлiся нiдэрландцы, бо дома яны перасьледавалiся б папiстамi, наладжваецца вясёлае паляваньне; была й ёсьць старая iсьцiна, што, як лiсы й ваўкi хвалююць быдла ў хляве, так i чужынцы прыносяць у дом неспакой; i праслухоўваюцца ўсюды заезды й рынкi й нават дамы, цi не вядуцца там мудроныя гамонкi, цi не завялiся там кнiжкi Давiда Ёрыса альбо Мэна Сiманса й iм падобных пярэхрыстаў-ератыкоў i iлжэпрарокаў, цi не праводзяцца там тайныя зборнi iншадумцаў; i гер пастар старанна ўсё натуе й пiша даклад, хто па добрай волi хрысьцiць сваiх дзетак, а хто не, як часта той цi iншы ходзiць у кiрху, як слухае там казанi, цi рэгулярна прычашчаецца ад цела Хрыстовага. Але сярод людзей шырацца страхi, бо колькi таго часу прайшло, а ўжо ўсплываюць жывыя ўспамiны пра тое, як палiлi на попел пярэхрыстаў-ератыкоў, некаторых нават прывязвалi да слупоў i падсмажвалi альбо рвалi распаленымi абцугамi, а каторых душылi й расьсякалi альбо вешалi на дрэвах, альбо кiдалi ў глыбокiя ямы да пацукоў i нечысьцi, дзе ў iх адгнiвалi ногi.
Дзе рупнасьць з аднаго боку й страх з другога, там ня можа ня быць посьпеху. Як трусы ўвосень, так у Шлезьвiгу будуць выкураны зь iх нораў мэнанiты й давiд'ёрыты; геры пастары й пробашчы дакладваюць тут пра аднаго, там пра другога й пра самых зацятых спрэчнiкаў сярод iх, сьвятар Мумзэн з Ольдэнворта й ягоны cоnfrаter Молер зь Цёнiнга выганяюць кожны тузiнамi тых, якiя ня хочуць прызнаваць, што чорт сядзiць ужо ў толькi што народжаных i таму iх трэба хрысьцiць як мага хутчэй; яны ў адзiн голас заявiлi, што праз добрыя ўгаворы й застрашэньне вечным пракляцьцем яны вярнулi многiх грэшнiкаў да правiльнай веры, а рэшта зацiнаецца ў д'ябалькiх iлжэвучэньнях, i тут трэба, каб самы моцны з нас, сам гер супэрiнтэндэнт прыйшоў парахавацца зь iмi.
Гэта, прызнае Айцэн, знак неба. Будзе дадзены добры прыклад, будзе й духоўны суд, вядома, зь сiлай сьвецкiх начальстваў на заднiм плане, але цяпер справа гэтая будзе праходзiць iнакш, чым колiшняя дыспутацыя з жыдамi, тут ўжо нiякi Агасфэр ня стане ўпоперак, тут адразу, прыпаўзуць ератыкi да крыжа цi не, а справа будзе боская, i будзе знак усiм у герцагстве й далёка за яго межамi, што ёсьць тут нехта, менавiта ён, супэрiнтэндэнт Паўлюс фон Айцэн, якi захiсьне Лютэрава слова такiм, якiм яго прапаведаваў добры доктар, аслонiць яго ад любых ухiлаў i цкаваньняў.
Калi ён дакладвае план свайму прыяцелю, тайнаму герцагскаму радцу Ёганэсу Лёйхтэнтрагеру, той пачэсвае гарбок, той як заўсёды лёгенька ўсьмiхаецца, крыху мо больш коса, i кажа, што гэта была б капiтальная штука - зладзiць такi працэс, уключаючы абвiнавачваньне, допыт i асуджэньне вiнаватых, гэта быў бы йстотны ўклад у стварэньне таго парадку, якi патрэбен для працьвiтаньня дзяржавы, i ён сам перагаворыць з высакародным i шматшаноўным Каспарам Гоерам, шталерам i прэфэктам герцага ў Эйдэрштэдшэне, каб ён ўсё падрыхтаваў, каб слуханьне магло адбыцца неўзабаве ў горадзе Цёнiнгу, дзе, дарэчы, падаюць вельмi смачных крабаў i выдатнае пiва.
З Шлезьвiга да Цёнiнга вядзе прыгожая, хоць i калдобiстая дарога, i сонца сьвецiць на павясноваму чыстым небе, i Айцэну, хоць ужо й ператрэсла ў карэце ўсе вантробы, але вельмi премна на душы, як толькi можа быць прыемна чалавеку, на чыiм баку разам з адзiна правiльным i шчасьцедайным вучэньнем яшчэ й палiцыя. I герцагаў шталер i прэфэкт, шматшаноўны й высакародны Каспар Гоер, якi чакае яго ў двары Цёнiнгскага замачка, таксама чалавек, зь якiм можна зварыць кашу, хоць геру шталеру менш за ўсё абыходзiць, як хрысьцяць i прычашчаюць дзяцей, але калi ўжо яго начальнiк, герцаг, здаецца, аднаго разу паверыў, што чалавечае шчасьце й дабрабыт дзяржавы залежаць ад падобнага роду царкоўных штучак, i паколькi ён, Каспар Гоер, хацеў бы ў будучым спакойна спажываць сваiх вугроў i смажаную сьвiнiну, да таго ж i шкляначку добрага вiна цi хоць бы й пiва, дык ён загадаў увязьнiць у Цёнiнгскай вежы Клаўса Петэра Катэса й Клаўса Шыпера й Дзiрыха Петэрса й Сiверта Петэрса, гэтаксама як i Вопа Карнэлiуса й Мартэна Петэрса й Карнэлiуса Сiверса, большасьць iх з Ольдэнворта, астатнiя з Тотэнбюля i Гардзiнга, i дзеля асьцярогi на ўсякi раз канфiскаваў iхняе быдла й барахло, каб, калi яны будуць асуджаны, было нешта, на што герцаг мог бы накласьцi руку.
Усё гэта й тое, што ён, шталер i прэфэкт Iх герцагскай мосьцi, уласнай пэрсонай будзе сядзець на судзе над ератыкамi, Айцэн дазнаецца ад шматшаноўнага й высакароднага Каспара Гоера падчас iхняга шпацыру да гаванi, а было iх двох гераў салiднага ўзросту, у поўным суладзьдзi памiж сабою i зь сьветам, дзе яны глядзелi, як рыбакi выцягвалi на бераг улоў, - прыгожыя тоўстыя рыбiны ўсiх вiдаў i цэлая плойма розных сьлiмакоў i крабаў, якiя, добранька пачышчаныя i вылушчаныя, пад адпаведна моцным соўсам - чыстае разьядзеньне.
Прыемны настрой трымаецца яшчэ й на ранiцу, калi Айцэн выпраўляецца ў штатгальтарства, дзе павiнен засядаць суд; занач ён глыбока i ўсмак выспаўся, часткова ад вiна й вострай вадзiцы, сервiраванай яму шматшаноўным Каспарам Гоерам, а часткова i галоўным чынам таму, што яго добрае й чыстае сумленьне гэта лепш за ўсякiя мяккiя падушкi. Не, ён не ненавiдзiць усiх гэтых Катэ й Шыпераў i Петэрсаў, i як там яны яшчэ завуцца, хутчэй за ўсё, калi толькi яны акажуць згоду вярнуцца на дарогу правiльнай веры, а ён глядзiць на iх вачыма пастуха, якi знайшоў сваiх згубленых авечак на небясьпечным схiле, ён ставiцца да iх зь любоўю, але ж i з клопатам i спагадай, бо вось жа яны ў два рады пад аховай узброеных шталеравых галаварэзаў-палiцыянтаў, а справа й зьлева ад iх, адкiнуўшыся на зручных крэслах, pastores Мумзен i Молер i iншыя духоўныя геры, якiя прыйшлi, каб павучыцца ў свайго супэрiнтэндэнта абыходжаньню зь ератыкамi. Абвiнавачаныя, праўда, выглядаюць менш умiратворана: цёмная вежа прыбледнiла iм твары, здаецца, яны нават мерзнуць, пацiраюць сабе локцi, нацёртыя занадта кароткай вяроўкай.
Шматшаноўны шталер i прэфэкт на сваiм судзьдзёўскiм крэсьле нахiляецца да Айцэна, якi ў якасьцi iнквiзытара сядзiць леваруч i крыху нiжэй пад iм, i шэпча яму, што, калi дойдзе да допыту, хай ён, калi хоча, крыху падцiсьнецца з розным там духоўна-апытальным хламам, бо шталерыха на абед зафундавала выдатныя смакошчы, вэнджаная ласасiна найперш, такая далiкатная, што сама на языку растае, а пасьля фаршыраваная качка зь зелянiнай. Пасьля чаго, на што ён гучным голасам указвае судоваму пiсару, загадвае агалошваць iмёны абвiнавачаных, цi на месцы кожны, i цi ўласнай асобай, пасьля прачытаць абвiнавачаньне. У рэдагаваньнi яго Айцэн браў актыўны ўдзел, як яно й вiдаць з тэксту, якi кiшыць рознымi пабожнасьцямi i ў якiм абвiнавачаным пастаўлена ў вiну ня толькi ўхiленьне ад чыстага вучэньня Аўгсбургскага веравызнаньня, але й прыналежнасьць да змустоўнай сэкты перахрышчэнцаў без намеру й жаданьня адмежавацца ад яе, хоць усiх iх пастаянна падобраму й прыязна й пахрысьцiянску сур'ёзна папярэджвалi iхнiя душарадцы; яны, аднак, тым больш упарцiлiся i зацiналiся ў сваiх заблудах i адмаўлялi сьвятое хрысьцiянскае хрышчэньне дзяцей.
Як толькi закончылася чытаньне, шталер пытаецца, цi ня выкажацца каторы альбо каторыя з абвiнавачаных што да сутнсьцi абвiнаваўчага акта, можа, нават хто хацеў бы выказаць сваё раскаяньне; калi хоча, калi ласка, зрабiце гэта да таго, як пачнецца апытаньне. Падымае руку Клаўс Петэр Катэс, якi быў як бы галоўны сярод iх, i заяўляе, што ўсе яны простыя людзi, а менавiта сяляне й рамесьнiкi, нават адзiн зь iх майстар-шпалернiк, таму не такiя ўвiшныя ў прамовах i аргумэнтацыях, як вучоныя геры, хоць ужо ж такi ведаюць слова Бiблii, але лепей было б, каб за iх сказаў слова нехта зь iхнiх прапаведнiкаў, калi ўжо заходзiць пра сэнс i значэньне апошняй вячэры Хрыста цi пра спадчынныя грахi; а таму яны сьпiсалiся са сваiмi братамi менанiтамi ў Галандыi, каб прыслалi каго такога, хто паслужыўся б iм тут адвакатам у духоўных справах, i iм было абяцана, што пашлюць такога iм на падтрымку; вучоны муж яшчэ ўчора меўся прыбыць, але самае позьняе - сёньня; таму яны просяць некалькiх гадзiн адкладу да прыбыцьця iхняга абаронцы.
- Што! - абураецца Айцэн, бо ўжо адчувае, што шэрсьць на iм закурэла, як тады ў Альтоне. - Цi не дастаткова гэтых ухiлак i выкаўзак абвiнавачаных, якiя хочуць ў асьвечаных i ардынаваных службiтоў царквы й высокiх начальстваў адабраць права, на якiм трымаецца ўся боская пабудова, такiмi сваiмi субверсiўнымi намерамi? Яны яшчэ маюць прывалачы нам сюды ў герцагства галоўнага й вярхоўнага ератыка, каб дыспутам i цяжкасьцям канца ня было? Альбо, можа, яшчэ загадаеце прывесьцi яго ў суд як expertum legis divinae. Мы самi тут разьбiраемся дастаткова ў справах Божых i нам не патрэбна нiкога адкуль бы там нi было збоку, каб павучаў нас, а ўжо зь Нiдэрландаў, дзе праклятая ерась цьвiце й пахне, стакроць не й не.
Аднак шматшаноўны й высакародны Каспар Гоер кладзе палец на тоўсты падбародак i рашае, што, зрэшты, ня будзем пазбаўляць абвiнавачаных права й зь iхняга боку запрасiць сьведак; калi тыя сьведкi вызнаюць такiя самыя аблуднасьцi, што й абвiнавачаныя, яны павiнны быць гатовыя трактавацца судом з такой самай строгасьцю, як i гэтыя; ва ўсiм астатнiм тэрмiны працэсу цьвёрда ўстаноўлены й ня могуць быць перасунутыя, пакуль там недзе памiж Амстэрдамам i горадам Цёнiнгам перакоўваюць закульгалага каня альбо мяняюць восi ў калёсах.
- А цяпер шаноўны гер superitendent, - завяршае ён, - задавайце Вашыя пытаньнi абвiнавачаным, каб гэтыя сваiмi адказамi маглi выявiць, цi трымаюцца яны сваiх iлжывых вераваньняў альбо цi не хацелi б яны лепей вярнуцца да вучэньня Лютэра, як яно выкладзена ў Аўгсбургскiм веравызнаньнi, i да гольштайнскага царкоўнага парадку.
У поўным даверы да сiлы Гасподняй, якая коней робiць кульгавымi й ламае восi ў калёсах галандзкiх iлжэпрапаведнiкаў, пачынае Айцэн свой допыт, хiтра плануючы пры гэтым паступова перайсьцi ад агульнага да спэцыфiчнага, так што ў канцы няшчасныя ератыкi павiснуць-такi ўсе на вострых круках лютэраўскай дыялектыкi. Але гэтыя выяўляюць сваю цьвёрдахрыбетнасьць, адказваюць на ягоныя добра аргумэнтаваныя словы дзёрзка альбо зусiм не адказаваюць i нават заяўляюць, што нiхто не саштурхне iх убок зь iхняй веры, нават гер супэрiнтэндэнт не саштурхне, як бы на iх нi напiраў.
Такога роду супрацiў, прызнае Айцэн, прыняты высакародным i шматшаноўным шталерам у дрэнны бок, супроць абвiнавачаных, але й супроць яго, якi гэта церпiць. I ён рашае не ўдавацца больш у дыспуты й добранькiя ўмаўленьнi; яго прапаведнiкi мусяць сагнуцца, як i гэты ератычны зброд; а ён, Бог сьведка, i так зрабiў для абвiнавачаных многа, калi павёў iх, зыходзячы з тэкстаў Сьвятога Пiсаньня i сутнасьцi нашага Госпада Iсуса Хрыста, да чыстых крынiц веры; цяпер яны будуць мусiць альбо напiцца, альбо ўтапiцца. Яны павiнны будуць прызнаць i згадзiцца з хрышчэньнем i тайнасьцю эўхарыстыi, як i iншыя, альбо прыняць на сябе наступствы, зь якiх высылка за межы герцагства, бадай, самае лагоднае. А таму падымiся, наморшчы лоб i пытайся ў абвiнавачаных, ad primum, цi ўсе людзi, за выключэньнем Хрыста, зачатыя i народжаныя ў спадчынным грэху i, вынiкам, цi ўсе яны дзецi зла, - так альбо не?
Катэс адчувае, што ўсё пастаўлена на руб i што той у сваёй чорнай хабiце ўчапiўся i больш ня выпусьцiць з лап сваiх пытаньняў. Таму кажа:
- Мы не разумеем, чаму мы ад Адама павiнны быць грэшныя, i мы ня можам прызнаць, што былi зачатыя ў грэху. На дзетках няма нiякага грэху, каб яны мелi ўшчэрб у сваёй шчаснасьцi. Таксама й тое, што хвароба й сьмерць павiнны йсьцi ад грэху, застаецца нам незразумелым; гэта так у прыродзе, а чалавек пастаўлены ў прыроду як Адам i Ева.
- Ерась, праклятая ерась, - заяўляе Айцэн i чакае, пакуль судовы пiсар надзейна запiша гэта на паперу. Пасьля, на бэнэфiс шматшаноўнаму геру шталеру й каб ён, як недасьведчны парафiянiн, таксама зразумеў, пра што тут iдзе, ён пытаецца, ad secundum, цi ня прызнаюць усё-такi абвiнавачаныя, што малых дзяцей трэба хрысьцiць i што хрышчэньне iм карыснае й патрэбнае, - так альбо не?
- Напiсана, - кажа Катэс, - што мы жывём толькi па веры. Item, толькi той, хто верыць i дзеля веры гэтай хрысьцiцца, той будзе шчасны. А дзетак, якiя пакуль яшчэ ня ведаюць нi дабра, нi зла, нельга хрысьцiць.
- Чартоўшчына, пахiбная i заганная, - дыктуе Айцэн пiсару й пасьля гэтага хоча ведаць ад абвiнавачаных, ad tertium, цi Хрыстос праз пакуту, якую ён прыняў дзеля нас, цi праз сваю ахвяру ўзяў на сябе й нашу вiну, так што мы цяпер адзiна празь веру ў яго ачышчаны ад грэху й можам быць шчаснымi, - так альбо не?
- Калi мы ўсё валiм на Хрыста, - кажа Катэс, - дык гэтым адкрываем дарогу грэху. Мы павiнны рабiць нешта й ад сябе, каб стацца шчаснымi, i чалавек павiнен гэтаксама шукаць Бога, як Бог шукае чалавека.
- Блюзьнерства, асуды вартае, - канстатуе Айцэн, i пакуль пiсар i гэта акуратненька заносiць на паперу, патрабуе сказаць, ad quartum, цi лiчаць абвiнавачаныя, што Iсус Хрыстос на сьвятой вячэры сапраўды кармiў нас сваiм целам i паiў крывёю, - так альбо не?
- Хлеб i вiно, - кажа Катэс, - мы прымаем у памяць пра Хрыста, яны застаюцца хлебам i вiном. Усё астатняе толькi прымхi й папiзм.
- Ерась, д'ябальская ерась! - голас зрываецца ў Айцэна. Але тым ня меней ён яшчэ хоча прадэманстраваць шматшаноўнаму й высакароднаму Каспару Гоеру, куды вядуць гэтыя агiдныя ўхiленьнi ад адзiнашчасьцедайнага вучэньня in praxi, бо зусiм такi яшчэ не асьветлена, як адно залежыць ад другога, сьвецкая ўлада ад сапраўднай веры, i таму пытаецца ў абвiнавачаных, зусiм ахрыпла ад пабожнай руплiвасьцi, цi ad quintum, паводле iх сапраўдны хрысьцiянiн можа дзейнiчаць i як сьвецкае начальства й са спакойным сумленьнем займаць высокую пасаду i ў гэтым сваiм стане цi можа быць шчасным i, ad sextum, цi хрысьцiяне ва ўсiх справах, якiя паводле слова Божага належаць начальствам, павiнны праявiць iм паслушэнства й цi, ad septimum, духоўнае царства Хрыста стаiць у супярэчнасьцi з царствамi сьвецкiмi й сьвецкiмi ўладамi, - так альбо не?
Залегла такая цiшыня, што здавалася, стала чуваць, як шашаль точыць бэлькi штатгальтарства, i ўсе вочы скiравалiся на Клаўса Петэра Катэса й Клаўса Шыпера й Дзiрыха Петэрса й Сiверта Петэрса й на Вопа Карнэлiуса й Мартэна Петэрса й Карнэлiуса Сiверса; а ў iх серабрыстыя кропельку поту выступiлi на тварах, бо яны ведаюць, што з усiх пытаньняў гэтае найцяжэйшае, яно выпрабаваньне, i цяпер будзе вынесены вырак i зламана палачка.
- Ну? - кажа Айцэн. - Так альбо не?
I, паколькi нiхто яму не адказвае, ужо хоча прыступiць да вялiкай пагромнай прамовы, якая павiнна стацца для Катэса й яго прысьнiкаў толькi першым форшмакам перад тым, што яны пачуюць на Страшным судзе перад нябесным судзьдзёй, калi раптам як бы самi сабою адчыняюцца дзьверы суда i ў залу ўваходзiць хадайнiчаны абвiнавачанымi ератычны прапаведнiк з Галандыi ў суправаджэньнi захiнутай вуалем жанчыны, якая нават пад сваiмi вуалямi й захiнамi выдае ў сабе выдатныя формы. Айцэну адразу робiцца так, быццам памяшканьне з усiмi асобамi ў iм пачынае павольна, а тады ўсё хутчэй i хутчэй закручвацца, i толькi нянаджаны госьць застаецца ў цэнтры непарушны, тым часам як ягоная суправоднiца адкiдае вуалю, i на яго, супэрiнтэндэнта, глядзяць нахабныя вочы, i пры гэтым грыбаты пунсовы раток зьбiраецца ў трубачку, быццам хоча сказаць: Ба, ты жывы яшчэ, стары кныр!
А прапаведнiк-ератык роўным крокам кiруецца да крэсла шталера, пачцiва кланяецца яму й заяўляе:
- Маё iмя, Ваша высакародства, Агасфэр, Ахаб Агасфэр, i я прыбыў сюды ў Цёнiнг з горада Амстэрдама, даць Вам даведку адносна ўсiх пытаньняў, якiя тычацца веры гэтых мужчын, што стаяць перад Вамi як абвiнавачаныя, каб быць iм для суцяшэньня i дапамогi, наколькi гэта ў маiх сiлах.
Шматшаноўны й высакародны Каспар Гоер разглядвае чужынца, якi ў сваiм цёмнакарычневым галандскага крою сурдуце выглядае дастойна й дастаткова годнасна, i яму робiцца крышачку як бы несамавiта, i кажа:
- Мэйнгеер, для суцяшэньня i дапамогi яно яшчэ ня позна, а што да апытаньня, дык яно ўжо закончылася.
Агасфэр зноў кланяецца.
- Ваша дастойнасьць, - кажа ён, - добра, пасьля таго як апытаньне закончана, як абвiнаваўцаў так i абвiнавачаных, цi нельга, каб кожны з бакоў падсумаваў i выклаў casus? Наколькi я ведаю, вучоны superintendent быў за тое, каб гэта зрабiць; я толькi прашу дазволiць мне адказаць яму, пасьля таго, як ён закончыць.
- Мэйнгеер, - кажа шталер i запiнаецца, шукаючы трапнай рэплiкi, i ягоны позiрк просiць дапамогi ў Айцэна.
А той толькi што нарэшце апамятаўся. Ён падымае рукi як прарок Сьвятога Пiсаньня, калi той запрашае Бога ў сьведкi, i крычыць:
- Мэйнгеер сапраўды! Мэйнгеер Агасфэр! Гэты дзяцюк ня што iншае, як прайдзiсьвет i ашуканец, рыначны блазан, якi выдае сябе за Вечнага альбо Вандроўнага Жыда, i яшчэ горш за тое, злачынны дэзертыр з палка Пуфэндорфа, што на службе ў герцага. Хапайце яго! Вяжыце яго! I ягоную шлюху, каб не ўцякла! Шталеравыя палiцыянты - не зь лянiвых, адразу кiдаюцца на iлжэгаландца, i як што гэты адразу хапаецца за кароткую шпагу, высьвiствае яе з скураной похвы, i пачынаецца шум i гвалт перад спалоханымi вачыма гераў pastores, сыплюцца iскры, як гэта й бывае, але перад зграяй не ўстаiць самая высакародная дзiчына, i вось ужо здаецца, гер Агасфэр, шмат разоў паранены, павiнен быў бы ўпасьцi на падлогу, калi памiж iмi кiдаецца Маргрыт, i меч самага дужага з банды, i ўдар, назначаны яму, дастаецца ёй. Айцэн бачыць кроў, якая цячэ па яе белай шыi, рыхтык як тады ў Вiтэнбэргу чырвонае вiно, i ў жудасьцi засланяе твар.
Падняўшы вочы пасьля ўсеагульнага гармiдару й гвалту, бачыць: ляжыць перад iм тое, што засталося ад жанчыны, якую звабiў i спакусiў яго любiмец: драўляны шар, з гусiным крылом на iм замест валасоў i дзiркi замест вачэй i носа й рота, а побач расшкумутаная вязанка саломы, як гэта iх сяляне ставяць у полi, каб палохаць птушак. Але ж i мы з вамi цi ж у канцы таксама ня робiмся толькi попелам i пылам i марнасьцю й д'ябальскiм страшыдлам?
А Агасфэра палiцыянты ўжо вывелi.
РАЗЬДЗЕЛ ДВАЦЦАЦЬ ЧАЦЬВЁРТЫ
У якiм герцаг Гаторпскi асуджае Агасфэра на васьмiкротную "вулiцу" са шпiцрутэнамi, а правялебны гер супэрiнтэндэнт адкiдае ад сябе сьмяротную стому, як калiсьцi рабi ад сваiх дзьвярэй, але толькi зь iншых прычын
Што расьлiне спорны дожджык i сонейка, тое чалавеку надзея: ён расьцьвiтае, на шчоках румянец, у валасах моцнасьць, у вачах бляск, i сам сабе здаецца як бы памаладзелым на гады й годы. Так i геру супэрiнтэндэнту Паўлюсу фон Айцэну, - ага бо, нарэшце, думае ён, заброду-жыду зышчацца скураю, а быў жа праклёнам i атрутай жыцьця, i празь яго, жыдавыя, у гэтым ён гатовы пабажыцца, д'ябальскiя чары й змусты, зрэшты, на добры канец прыгажуня Маргрыт абернута ў саламянае пудзiла, якое людзi ставяць на страх птушкам, а была ж упоперак i яму, як пабожнаму хрысьцiянiну й слузе дзяржавы.
Спытаны наконт арыштаванага, ён кажа герцагу, якi яшчэ ляжыць у ложку й сьнедае, а ён, фон Айцэн, i гер тайны радца Лёйхтэнтрагер чакаюць па левы й правы бок ложка, што, вядома, ня можа быць нiякага сумненьня: блазан i рыначны збродзень, якi шлындаўся па ўсёй Еўропе як Вечны альбо Вандроўны Жыд i ўмыкаў у людзей грошы з кiшэнi з дапамогаю прынцэсы Трапезундзкай, i Пуфэндорфаў жаўнер, якi стаяў у службе ў Яго герцагскай мосьцi i ў ягонай сьвiце выправiўся ў галандскi паход, i менанiцкi прапаведнiк-гарлапан, якi ў Цёнiнгу, бы вулiчны маталыга набраўся нахабства бязь нiякага сораму выступiць сьведкам перад Яго мосьцi духоўным судом i перад высакародным i шматшаноўным шталерам герцага й да таго ж яшчэ з дапамогай чорнай магii ператварыў у гароднае пудзiла ва ўсiх адносiнах камплектную i статэчную бабу, - адна й тая самая асоба, а значыцца, подлы дэзертыр, зь якiм трэба абыходзiцца па законах ваеннага часу; гер тайны радца, якi i ў ранейшыя часы шмат разоў сустракаўся з Агасфэрам, таксама можа пацьвердзiць яго iдэнтычнасьць i ягоную ж службовую ролю ў Пуфэндорфавым войску, у якiм прыпiсаны А.Агасфэр пазьней быў аб'яўлены прапалым бязь вестак.
Герцаг папярхаецца на кавалку вэнджанiны й пасьля таго, як, крэкчучы й адплёўваючыся, прачысьцiў горла, патрабуе ад свайго тайнага радцы далажыць, цi ня было б мудрэй прыгрэць такога штукара-чарадзея, замест каб прапускаць яго праз строй; а што да пудзiла, дык у сваiм герцагстве ён ведае процьму баб, якiх, размаляваных i расфуфыраных, хоць цяпер станавi ў любы гарод, так i так яны ўжо пажухлi й перасохлi - на iншы ўжытак негадзяшчыя. Але Лёйхтэнтрагер, зiрнуўшы на Айцэна, аж той жахнуўся, кажа герцагу, што арыштаваны, шчыра кажучы, ня ўтрымлiваецца пад вартай як чарадзей i чарнакнiжнiк; за iм проста прыглядваюць i назiраюць; чалавек сядзiць на ланцугу й гадзiнамi вядзе нейкiя перагаворы зь нейкiм рэбэ Ёшуа, гэта жыдоўскi назоў нашага Iсуса.
Герцаг Адальф палохаецца: ад чалавека, якi мае такiя сувязi й зносiны, лепей трымацца далей, хай iм займаецца супэрiнтэндэнт; але Айцэн раiць прыняць справу так, якою яна бачыцца цьвярозаму воку, чалавек быў у войску й больш ня ёсьць, дзе былi б тыя войскi на княскiя войны, калi б кожны ўцякаў зь iх, калi яму засьвярбiць? Такое абгрунтаваньне, думае герцаг, нязгорш-такi, i ён бурчыць, што ж хай Агасфэр будзе прапушчаны праз строй iншым на пострах i геру супэрiнтэндэнту на ўцеху. I як што герцаг ужо дасьнедаў, пiва дапiў, ён кiвае слузе, i той прыносiць яму тазiк, ён абмывае рукi, доўга й грунтоўна, i кажа:
- Вы пазналi яго, Айцэн, i назвалi яго й паказалi на яго пальцам, дык глядзiце ўжо самi, як яно там далей.
Калi гер супэрiнтэндэнт чуе гэта, яму робiцца млосна на сэрцы, ён азiраецца на прыяцеля Лёйхтэнтрагера, цi не паможа ён яму й цяпер; але вочы ў таго як мармур, а твар як ляднiк, i калi ён пытаецца ў герцага, колькi ж разоў прапусьцiць Агасфэра праз строй, два разы, чатыры разы, восем разоў, i герцаг, цяпер ужо знуджаны, кажа восем разоў, Айцэн ведае, што гэта сьмяротны вырак. Але адначасова таксама думае, ну, вось цяпер i выявiцца: сапраўды Агасфэр Вечны Жыд цi не й цi праўда ён асуджаны нашым Госпадам Хрыстом жыць да яго канчатковага вяртаньня, яму ўсё адно ў такiм разе нiчым не абыдзецца, акрамя добрай лупцоўкi; калi ён сапраўдны шавец i цёмны дзялок i махляр, якi пасьвiўся на людзкой даверлiвасьцi ды яшчэ й з Маргрэт вычвараў, што вычвараў, пакуль яна не ператварылася ў саламянае пудзiла, дык так яму й трэба, дык i не заслугоўвае нiчога iншага, як быць забiтым кiямi да сьмерцi. Супакойваючы такiм чынам сваё сумленьне, цi што там яшчэ замест яго ён носiць у грудзях, ён наступную ноч цiхамiрна сьпiць, пасопваючы каля сваёй жонкi Барбары, i як што яна адчувае пад ранiцу замiлаванасьць i адпаведна дае яму цыцы й чагосьцi яшчэ, гэта яму амаль удаецца; але як толькi яна пачынае варочаць кашчавымi клубамi й яго ўжо добра разьбiрае, ён думае, што й на яе шыi нiбыта бачыць крывавае колца, i спалохана адсоўваецца й садзiцца на ўскрайку ложка ў нагах, трасучыся i трымцячы й закацiўшы вочы; а яна думае, што яму заклiнiла штуку, i пытаецца:
- Як там у цябе, усё як сьлед, Паўль, яшчэ здаровы, i на сваiм месцы, Паўль?
I ён спазнае, што яна ўсё яшчэ ў целе, хоць i ў худым, i з аднаго кавалка, бо яшчэ нiколi нiхто ня чуў, каб гаварыла адна галава, апрача хiба каня Фалады, але тая была прыбiтая. Таму бурчыць, што за дурныя пытаньнi й як там са сьняданкам; дзень сёньня будзе цяжкi, бо якраз падчас вячэрнi аднаго там прагоняць праз строй, а герцаг хоча, каб ён, як вышэйшы прадстаўнiк царкоўнага аўтарытэту аказаўся хлопцу духоўнай падтрымкай. Барбара звонiць служанку, i яны разам гатуюць Айцэну сьняданак, пасьля якога абсмокчаш усе дзесяць пальцаў, мучны кулеш зь яйкам i распушчаным маслам i пiвам i каўбасой i сьвежым хлебам; але тым ня меней яму нешта ня лезе ў рот, i ён адсоўвае ад сябе сьняданак; так i за рабочым сталом нiчога ня йдзе ў руку, нi нядзельная казань, якую ён мяркуе сказаць у саборы паводле Лукаша 18, верш 10, пра пыхлiвага фарысэя, якi выхваляецца тым, што два разы на тыдзень посьцiцца й аддае Богу дзесяцiну з усяго, што набывае, тым часам як бедны мытнiк можа толькi вымольваць у нябеснага айца лiтасьцi за свае грахi, на што Iсус кажа: Кожны, хто ўзьвялiчвае сам сябе, панiжаны будзе, а хто панiжае сябе, узвысiцца, анi пiсьмо да пастара Ёгана Хрысьцiяна ў Лёйце, якому Барбара паслала тры дзясяткi яек, бо скардзiцца, што ў яго пяць сыноў i тры дачкi, якiм усiм хочацца ням-ням, а ў Лёйце так усяго мала, хлеба няма, пiва таксама няма, i таму ён цяпер хацеў бы мець яшчэ й кiрху ў Боэлi, будзе прапаведаваць карацей, пiша ён, два разы па дзесяць запаведзяў было б дастаткова, калi б дарога не такая доўгая, а на сымболе веры i sacramenta ён, так бы мовiць, падхалтурваў бы дадаткова да асноўнай казанi. Аполуднi Айцэну сапраўдная пакута; як бы ўсмакавала курачка, што яму прапануецца, далiкатна запечаная, прыемна духмяная, калi ён думае, што яго чакае наперадзе: гэта першы раз, калi ён афiцыйна прадстаўлены на прагонцы пад шпiцрутэнамi, а ў яго ж душы струны танчэйшыя, чым у большасьцi, ён чалавек мiру й вучэбнага кабiнета, а не гарласты, цьвёрдаступны палявы прапаведнiк; але нiяк немагчыма адмовiць герцагу, калi Лёйхтэнтрагер, яго асабiсты добры прыяцель i сябар, аж так вельмi прыблiжаны да Iх мосьцi.
Так усоўваецца ён, як што ўжо блiзiцца трэцяя гадзiна пасьля полудня, у сваю чорную хабiту зь белым каўняром; бярэ з сабой i срэбраны крыжык, каб злачынец, перш чым вырупiцца ў цяжкую дарогу, мог пацалаваць яго, хоць няма пэўнасьцi, што жыд захоча рабiць гэта. I прыйшоўшы на рыначны пляц, там ужо вялiкi натоўп; такое ўражаньне, быццам стлумiўся цэлы горд Шлезьвiг перад крывавым месцам, - дзецi, мужчыны й старыя, з жанкамi, каб пацешыцца з ваеннай гульнi, якая павiнна там адбыцца. Сцягнутыя ўжо й жаўнеры, выбраныя паводле росту, каб удары шпiцрутэнамi таксама клалiся ў правiльным парадку, каб ня было так, што даўгалыгi злачынец мецьме супрацiўнiкам нiжэйшага; толькi хлопчыкi тамбурысты, якiя павiнны будуць сыпаць пошчак падчас працэдуры, у сваiх стракатых куртах, як зласьлiвыя гномы, снуюць, скачуць, мацней падцягваюць скуру на барабанах, каб гучаньне было добрае. I жаўнеры, заўважае Айцэн, у кароткiх мундзiрах, пры ўсёй скураной сваёй збруi, але бяз зброi; iнакш многiя зь iх, магчыма, захацелi б, падазраючы, што й iх чакае такая самая доля, як i асуджанага, павярнуць мячы i ўтварыць фронт супроць сваiх капралаў i афiцэраў i супроць гера супэрiнтэндэнта. А над усiм гэтым вiсiць неба, шэрае як сьвiнец, з хуткаплыннымi хмарамi, якiя ледзь не напаўзаюць на дахi дамоў i не спавяшчаюць нiчога добрага.
Тым часам гер прафуз палка, якi ўсiм камандуе, бачыць гера супэрiнтэндэнта й падыходзiць разам з суб-прафузамi, да яго, вiтае ветлiвымi словамi й запрашае на чарку пасьля выкананьня абавязку.
- Яна вам спатрэбiцца, сьвяты гер доктар, - кажа ён зь лёккiм "хо-хо" i "ха-ха", - выгляд у вас ня дужа здаровы.
А суб-прафуз з такiм самым "хо-хо" i "ха-ха" ляпае Айцэна па плячы, аж у таго ледзь каленi не падсядаюць. Пасьля чаго прафуз дае знак, i афiцэры й капралы становяць сваiх людзей у два рады, адзiн рад у трыста футаў даўжынёю, тварам да такога смага другога; мамiж iмi праход, вулiца, шэсьць крокаў ушыркi, i жаўнеры на невялiкай адлегласьцi адзiн ад аднаго, але так, каб кожны мог добра замахнуцца.
- Iдзiце за мною, сьвяты гер доктар, - кажа прафуз, - гер суб-прафуз стаiць у тым канцы "вулiцы" i пасылае да нас хлопца, каб вы, калi ён дойдзе да нас яшчэ жывы, маглi сказаць яму ваша "пахвалёны будзь".
Прынесьлi дубцоў, сьвежа нарэзаных зь вербаў унiзе каля рэчкi Шляй i акораных, чатыры кашы зь пяцьцюдзесяцьцю дубцамi, кожны дубец даўжынёю ў чатыры з палавiнаю футы й таўшчынёю зь вялiкi палец мужчыны. Прафуз асабiста дастае з каша то адзiн дубец, то другi й прабуе яго, прасьвiстваючы iм у паветры па драўляным слупе, наверсе якога лунае герцагскi трыкалёр, чырвона-бела-блакiтны штандар, каб ён мог чуць, як сьвiшчуць дубцы, i бачыць, як яны будуць шморгаць па целе няшчаснага грэшнiка, калi ён пабяжыць па вулiцы.
На вежы сабора прабiла тры гадзiны, i шум i галасьня на пляцы ўлеглiся i спакваля ацiхлi зусiм. Адтуль, дзе Гаторпская вулiца ўлiваецца ў рыначны пляц, паказаўся эскорт, дванаццаць конных з аголенымi шаблямi, пасярдзiне iх на возе з драбiнамi з кучарам-гiцлем, злачынец, стоячы на поўны рост са зьвязанымi рукамi, бледны як сьмерць, але зь цьвёрдым позiркам паўзьверх застылага ў чаканьнi натоўпу. Так i едуць яны сярод людзей, праз натоўп, якi толькi неахвотна расступаецца перад конямi, аж туды да чалавечай "вулiцы", якую ён павiнен прайсьцi восем разоў, чатыры разы туды, чатыры разы назад i за кожным разам атрымаць дзьвесьце шпiцрутэнаў па сьпiне, кожны ўдар лiчаны й разьмераны, бо за кожнымi двума жаўнерамi стаiць капрал, якi сочыць, каб па слабасьцi альбо са спагады ня сьвiснуў слабы ўдар. Два слугi прафуза сьпiхваюць лiхамысьнiка з воза, i вось ужо яны стаяць адзiн супроць аднаго, гер супэрiнтэндэнт i Агасфэр, Агасфэр толькi ў кашулi й портках, i неяк раптам Айцэну не стае сiлы зiрнуць таму ў вочы, ён апускае галаву, i тут бачыць босыя скалечаныя ногi з тоўстымi закарэлымi ступакамi, якiмi яны зрабiлiся ў жыда за паўтары тысячы гадоў вандраваньняў, i яму на душы так, быццам ён павiнен упасьцi на каленi перад асуджаным i цалаваць яму ногi, але тут прафуз штурхае яго ў бок i кажа:
- Малiцеся, сьвяты гер доктар, малiцеся!
I Айцэн ломкiм голасам пытаецца ў Агасфэра, цi ня хоча ён паспавядацца й атрымаць дараваньне, i хоць той стаiць моўчкi, Айцэн лiчыць яго маўчаньне за згоду й пачынае:
- Усемагутны Божа, Айцец мiлажальны, я бедны, гаротны, грэшны чалавек прызнаю табе ўсе мае грахi й лiхадзействы, якiя я ўчынiў помыслам, словам i ўчынкам, чым прагнявiў цябе й заслужыў у цябе кару прысна i навекi вякоў.
Але з гэтага месца далей гаварыць ня можа, бо раптам яму прыходзiць у галаву, што ён, бадай, больш молiцца за сваю шчаснасьць, чым за шчаснасьць лiхамысьнiка, i падымае вочы ўгору да неба ў надзеi, што суцяшэньне прыйдзе адтуль, але позiрк яго падае на твар Агасфэра, няўмольны й поўны цьвёрдасьцi й насьмешкi, i зноў яго забiрае злосьць на жыда, якi заўсёды рабiў яму насуперак i прагнаў нашага Госпада Хрыста ад сваiх дзьвярэй, калi той толькi хацеў трошкi адпачыць ад крыжа, i ён пасьпешна завяршае, толькi дзеля таго, каб выканаць прафузаў наказ, i камячыць тэкст, як Бог дзеля сваёй мiласэрнсьцi й дзеля бязьвiнных горкiх пакутаў i сьмерцi свайго любаснага сына Iсуса Хрыста да нас, бедных грэшных людзей, хоча быць лiтасьцiвым i мiлажальным i дараваць нам усiм нашыя грахi й даць нам моцнасьцi духу дзеля нашага паляпшэньня. Аман.
Пасьля чаго прафуз абвяшчае, што годзе пабожных слоў, i што ваенная юстыцыя i прагны да вiдовiшчаў люд хочуць таксама дастацца да свайго права. Два слугi становяць Агасфэра якраз на пачатку "вулiцы" тварам у яе, i прафуз камандуе, i голас яго гучыць далёка:
- Гатова да прабегу вулiцы - марш!
Агасфэр бачыць перад сабою бясконцую "вулiцу", справа жаўнеры, зьлева жаўнеры, вочы, вочы, вочы, два муры з вачамi, i ўсе глядзяць на яго, i паднятыя для ўдару дубцы, якiя далей здаюцца ўсё больш кароткiмi, пакуль усё, вулiца й жаўнеры й прылады, ня ўлiваецца ў адну чорную пропадзь, якая праглыне яго. Спачатку ён адчувае кожны ўдар так, быццам дубец апаясвае яго, i кожнага разу яму займае дух, i ён адчувае, як набухае й лопаецца скура й выступае кроў, густая i гарачая. Пасьля боль зьлiваецца ў хвалi, якiя пракочваюцца па iм i душаць, пакуль ён ня ўскрыквае, як зьвер, крык разьдзiрае горла, вочы лезуць з вачанiц, мяса на сьпiне лопаецца й рвецца, а канца вулiцы ўсё яшчэ няма. Мiласэрнасьцi, шэпча ён, i ведае, што нiхто яго ня чуе, а калi б i пачуў, не ўмiлажалiўся б, i хiстаючыся тупае далей, i зноў удары, зноў посьвiст дубцоў, кляск, якi ўжо ён чуе, быццам гэта не ягоная сьпiна, якая прымае ўдары, не свае мускулы, якiя разрываюцца валакно за валакном.
Вось, нарэшце, дайшоў. I ўсё яшчэ жыве. Ён дыхае з хрыпам, сэрца ў грудзях дзiка б'ецца, боль вакол яго ўсяго як палiто з жару. Але тут ужо паказваецца гер суб-прафуз i хапае яго пяцярнёй, паварочвае й высьпяткам пасылае назад у вулiцу. Ён спытыкаецца, падскоквае. Што ён яшчэ можа бачыць каменьне пад нагамi, зьдзiўляе яго самога, можа чуць глухое вiраваньне барабанаў, думаць можа, столькi крывi, колькi ж крывi ў чалавеку. Яго сьпiна суцэльнае чырвонае месiва: кашуля, скура, чырвонае мяса; скора аголяцца косьцi, ясна. Пасьля, калi падымае галаву, каб разгледзецца ў страшнай дарозе, ён бачыць Айцэна, чорнага й малюсенькага ў аддаленьнi, але ён робiцца ўсё большы й большы, з кожным крокам падрастае, з кожным ударам, рысы твару робяцца больш пазнавальныя, востры нос, сьцяты рот, маленькiя блiскучыя вочы. I калi ён падыходзiць да яго, апускаецца яшчэ апошнi ўдар на ягоныя плечы, ён падае на каленi перад iм i просiць, кусаючы губы:
- Дайце мне адпачыць крыху каля вас, бо я ў ранах i змогся да сьмерцi.
Словы гэтыя Айцэн ведае добра, i раптам яму зноў робiцца страшна i ўжо нiчога iншага ня хоча, як толькi адпусьцiць жыда з вачэй, з жыцьця, i ён выкрыквае:
- А што вы сказалi, калi наш Гасподзь Iсус прыйшоў да вас з крыжам на сьпiне й папрасiў у вас таго самага.
- Я, - кажа Агасфэр, спрабуючы ўсьмiхнуцца, - любiў рабi.
Айцэн крывiць твар; гнеў Госпада адолеў яго за такую жыдаву крамолу:
- Прэч, сказаў ты, i прагнаў нашага Госпада Iсуса ад тваiх дзьвярэй, i ён пракляў цябе...
I змаўкае, бо Агасфэр падняўся i стаiць перад iм, увесь у крывi, i падымае руку й кажа, тым часам як геры прафузы разьзяўляюць пашчы ад зьдзiўленьня:
- Будзьце ж праклятыя i Вы, Паўлюс фон Айцэн, i чорт возьме вас, гэта так жа пэўна, як i тое, што Вы цяпер тут бачыце мяне, i я буду пры тым, калi ён прыйдзе, каб забраць Вас.
Пасьля гэтых слоў ён паварочваецца не марудзячы, назад у вулiцу, i калi на яго падае ўдар, на небе разрываюцца хмары, i ляскае маланка, i падымаецца вецер, i многiя кажуць, што Бог даў азнаку, i лiхi будзе канец з Садомай i Гаморай на рацэ Шляi.
Пазьней, калi ўжо ўсё скончылася, пры восьмым праходзе вулiцы, гер прафуз пхнуў ботам труп лiхамысьнiка й такiм чынам пераканаўся, што той мёртвы да сьмерцi, пасьля чаго абвясьцiў:
- Атрад - увага! Кара закончана! - i жаўнеры памаршыравалi з трупам на драбiнах, i дождж змыў з бруку кроў Агасфэра, i былi спалены шпiцрутэны на вогнiшчы на рыначным пляцы, яны гараць дрэнна й дымяць i сьмярдзяць, думае Айцэн, яму здаецца кашмарным сном i ўсё гэта разам i тое, што хлопец быў толькi прахадзiмцам i махляром, бо сапраўдны Агасфэр нiколi ня мог бы памерцi насамрэч, нават пасьля восьмага праходу вулiцы.
РАЗЬДЗЕЛ ДВАЦЦАЦЬ ПЯТЫ
У якiм вентылюецца пытаньне пра тое, што можа крыцца за iнтэнсiўнымi заняткамi комплексам Агасфэра, i мы даведваемся праз вучоны абмен пiсьмамi памiж прафэсарамi Байфусам i Лёйхтэнтрагерам наконт вяртаньня рэбэ Ёшуа й ягоныя думкi пра Армагедон
Геру
праф. д-ру Dr. h. c. Зiгфрыду Байфусу
Iнстытут навуковага атэiзму
Бэрэнштрасэ 39а
108 Берлiн
4 верасня 1980
Дарагi таварыш Байфус!
З прычыны адпускнога перыяду многiх нашых супрацоўнiкаў наша рэагаванне на працу кiроўнага Табою Iнстытута "Рэлiгiйныя элементы ў сiянiсцкiм iмперыялiзме са спецакцэнтам на Агасфер-легендзе i Кумранскiм рукапiсе 9QRes", рэдакцыя якога па нашай iнiцыятыве была ў сакавiку гэтага года, запазнiлася. Пасля таго, як перад намi аказалiся многiя ацэнкi i меркаваннi i нават я сам меў магчымасць пазнаёмiцца з працай, я павiнен паведамiць Табе, што мы не разглядваем гэты ўзнос у яго iснуючай форме як дастаткова квалiфiкаваны, каб прадстаўляць яго ў наступным годзе на канферэнцыi ў Маскве.
Перш за ўсё не хапае галоўнага раздзела, якi праз адмысловае завастрэнне ўвагi на Агасфер-легендзе i рукапiсе 9QRes дэталёва прааналiзаваў iншыя важныя аспекты тэмы; i сацыяльныя i нацыянальныя сувязi распрацоўваюцца ў працы недастаткова ўсеабдымна i паглыблена. Так, напрыклад, не хапае базiснага аналiзу першага захопу Палестыны Iзраiлем, прычым выкарыстанне сакрэтна-службовых сродкаў нападаючымi заслугоўвала б спецразгляду, як i аналiз анексiянiсцкага характару другой яўрэйскай дзяржавы, як i яе саюзнiцкай палiтыкi з iмперыялiстычным Рымам, што магло б пралiць характэрнае святло на сённяшнюю практыку.
У сувязi з гэтай праблематыкай у нашым пiсьме Табе ад 8 лiпеня гэтага года мы рэкамендавалi дыстанцыраваць гераў праф. Лёйхтэнтрагера i яго прыяцеля Агасфера ад вiзiту ў сталiцу ГДР на канферэнцыю, маючую адбыцца ў панядзелак у 14 гадзiн.
З сацыялiстычным прывiтаннем
Вюрцнер
Кiраўнiк галоўнага аддзела,
Мiнiстэрства вышэйшай
i прафесiйнай школьнай адукацыi.
Геру
праф. Ёханаану Лёйхтэнтрагеру
Hebrew University
Jerusalem
Israel
10 верасня 1980
Дарагi, шаноўны калега Лёйхтэнтрагер!
Я даўно павiнен быў бы адказаць Вам на Ваша змястоўнае пiсьмо ад 3 лiпеня, але важныя справы i нервозныя перажываннi, якiя мяне амаль штомесяца трымаюць далёка ад iнстытута, змусiлi мяне адкласцi такi намер. Але ўвесь гэты час тэма Агасфера не пакiдала мяне; мой урач нават выказаў падазрэнне, што маё здароўе можа быць у нейкай, хай нават аддаленай, сувязi з ёю, i сказаў пра фiксацыю, як яна ўжо была Вамi адзначана, i распытваўся, цi не з'яўляецца мне Вечны Жыд начамi ў снах цi як-небудзь iнакш. З чыстым сумленнем, праўда, я мушу гэта адмаўляць.
Тым не меней застаецца пытанне, чаму Вы, дарагi калега, i я ўжо працяглы час iнтэнсiўна займаемся комплексам праблем з Агасферам, бо калi ўжо можна гаварыць пра нейкую фiксацыю, маю зацыкленасць, як раней у Вас, калi Вы сцвярджалi пра рэальнае iснаванне перажылага стагоддзi цуда-чалавека i спрабавалi пераканаць у гэтым мяне. А цi нельга было паставiць гэта пытанне па-грамадску мякчэй? Адкуль гэтая заўсёды ў прыкметна павышанай меры цiкавасць да Агасфера, яго паходжання, яго гiсторыi, яго ўздзеяння?
Паколькi ў свеце не бывае спантаннага развiцця, а паводле законаў дыялектычнага матэрыялiзму адно заўсёды вынiкае з другога, варта было б прадумаць, што крыецца за цэлым i чыiм iнтарэсам яно ў дадзеным выпадку служыць. Больш дакладна па гэтым пункце Вы, паважаны гер прафесар Лёйхтэнтрагер, праўдападобна, нават не маючы намеру, прыслалi адказ, калi ў сваiм лiпеньскiм пiсьме ў кантэксце з магчымым вiзавым пытаннем да ўстановаў Германскай Дэмакратычнай Рэспублiкi пiсалi пра сябе як пра прадстаўнiка парадку i законнасцi, а Агасфера разглядалi як антытэзу да гэтага, як чалавека не-парадку i разбурэння, нецярплiвасцi i неспакою, як сiмвалiчны вобраз анархii, значыцца. Але такiя тыпы, падумайце толькi пра Троцкага i да яго падобных, зноў i зноў робяцца прыладамi ў руках самай цёмнай рэакцыi i iмперыялiзму, i пры ўсёй прыязнасцi да Вас, шаноўны гер калега, якую я, спадзяюся, прыдбаў праз нашу доўгую i змястоўную перапiску, я даю Вам параду, яшчэ раз падумаць i пры выпадку даследаваць, цi сённяшнi, вельмi рэальны Агасфер - ад яго самых розных папярэднiкаў я цяпер абстрагуюся - не мог бы быць нечым большым, чым толькi бяскрыўдным абутковым гандляром-камашнiкам.
У кожным разе я хацеў бы паставiць пад сумненне, што ён атрымае вiзу на ўезд у нашу Германскую Дэмакратычную Рэспублiку.
З добрымi пажаданнямi, асаблiва Вашаму здароўю
Ваш адданы
(праф. д-р Dr. h. c.)
Зiгфрыд Байфус
Iнстытут нав. атэiзму
Берлiн, сталiца ГДР
Геру
праф. д-ру Dr. h. c. Зiгфрыду Байфусу
Iнстытут навуковага атэiзму
Бэрэнштрасэ 39а
108 Берлiн
German Democratic Republic
10 верасня 1980
Дарагi прафесар Байфус!
Ваша доўгае маўчанне, апошнi раз я меў вестку ад Вас у лiпенi, занепакоiла мяне. Нават з улiкам непамерна зацягненай праз паштовую цэнзуру Вашай i маёй дзяржаў паштовай дарогi, я павiнен быў бы пры Вашай руплiвасцi ва ўсiх датычных Агасфера пытаннях даўно пачуць пра Вас; цi не былi Вы хворыя альбо цi не было ў Вас якiх-небудзь службова абумоўленых перашкодаў у Вашым навукова такiм патрэбным i карысным карэспандаваннi са мною?
Я ў кожным разе хачу напiсаць Вам цяпер, павiнен гэта зрабiць, нават з улiкам небяспекi, што Ваша мне пiсьмо ў дарозе i перасячэцца з маiм сённяшнiм. Дзве прычыны, побач з маёй калегiяльнай заклапочанасцю духоўным i фiзiчным здароўем аднаго з нямногiх апрача мяне спецыялiстаў па Агасферы, падштурхнулi мяне да гэтага. Адна прычына, што я маю абгрунтаваную перспектыву на фiнансавую дапамогу з боку майго унiверсiтэта для паездкi, якая дазволiць мне пабываць у месцах дзеянняў Агасфера, а таксама ў тэрытарыяльна прыналежным да ГДР Вiтэнбэргу; пры выпадку я хацеў бы наведаць Ваш iнстытут ва Усходнiм Берлiне i, магчыма нават да канца гэтага года, у суправаджэннi гера Агасфера, якi сам бярэ на сябе дарожныя выдаткi i разам са мною рады асабiста пазнаёмiцца з Вамi.
Другая прычына тэрмiновасцi майго Вам пiсьма i мая спешка з iм яшчэ больш важная, яна нават, калi можна так сказаць, сенсацыйная. Менавiта гер Агасфер паведамiў мне, што рэбэ Ёшуа, якога вы ведаеце па яго грэцкiм iменi Iсус Хрыстос, зноў дзейны на зямлi: ён, Агасфер, не толькi бачыў яго, але i даволi працяглы час гутарыў з iм.
Вы, шаноўны гер калега, заўсёды ставiлi пад пытанне iснаванне Вечнага Жыда; Вы маглi б таму тут якраз i падняць пярэчанне, што дадзеныя мiфiчнай асобы маюць мала фактычнай каштоўнасцi i што пра прадказанае ў тэкстах Новага Запавета хуткае вяртанне Iсуса Хрыста realiter так цi iнакш не можа быць гаворкi, бо ўжо пра першую iнкарнацыю нiбыта сына божага няма цвёрдых гiстарычных доказаў, нi габрэйскiх, нi грэцкiх альбо рымскiх дакументаў якога б там нi было роду, нiякiх крынiц акрамя менавiта гэтага Новага Запавета, розныя часткi якога розных жа i аўтараў яўна напiсаныя на патрэбу прапаганды ўхiленага ад афiцыйнага iудаiзму сектанцкага веравання i былi пашыраныя сярод людзей.
Я таксама, дазвольце мне гэта канстатаваць, лiчу Iсуса ў дойдзенай да нас форме ў найвышэйшай ступенi спрэчнай фiгурай; я хутчэй сказаў бы, што рэбэ Ёшуа, якi ў тыя часы хадзiў з пропаведзямi i парабалiчнымi выслоўямi па Юдэi i сумежных правiнцыях, яшчэ пры жыццi, а пасля смерцi яшчэ больш акружаны праз сваiх прыхiльнiкаў мноствам ходкiх мiфаў, пакуль нарэшце яго не абвясцiлi за даўно чаканага яўрэямi месiю. Але я не магу цалкам адмежавацца ад цвярозых слоў майго прыяцеля Агасфера, якi стаяў перад мною, як, мабыць, перад Вамi стаяў бы Ваш гер д-р Якш з прыгаршчамi новых доказаў сваiх тэзаў, i я дапускаю, што i Вы не былi б не ўражаныя яго паведамленнем.
У вынiку гэтага паведамлення рабi, як i тады ў белым, а цяпер брудным i падраным адзеннi, павалокся ўгору па Дарозе Смутку, хiстаючыся, як пад вялiкiм цяжарам, бледны, задышлiвы. I тым не меней у турыстычнай мiтуснi гэтай часткi Ерусалiма, якая прыцягвае да сябе дзiўную публiку i ўсякага роду жабракоў, ён быў амаль не заўважаны; хiба што толькi некалькi маладых з гiтарамi i рукзакамi за плячмi прыкмецiлi яго, але пасля хутка пераключылiся на iншыя кур'ёзнасцi. Ён, Агасфер, адразу пазнаў рэбэ Ёшуа: не дзiва пасля яго першай сустрэчы з iм на тым самым месцы. Ён увогуле не быў моцна здзiўлены паяўленнем рэбэ Ёшуа, адказаў гер Агасфер на маё ў сувязi з гэтым пытанне; так цi iнакш ён даўно ўжо чакаў яго вяртання, i пачуццё dеjа vu пранiкла ў яго, калi рабi зноў падышоў да яго i папрасiў дазволiць яму адпачыць у цянi ягоных дзвярэй.
Гэтым разам, праўда, мой сябар паведамiў далей, што ўжо паводзiўся не паводле вядомага ўзору. Замест таго, каб, як было, адаслаць рабi ад сваiх дзвярэй, ён запрасiў яго ў свой дом, i, цалкам зморанага i знясiленага, правёў праз усю сваю лаўку мiма многiх, зразумела, крыху шакiраваных клiентаў, у дворык, дзе запрасiў госця ўтульна размясцiцца сярод вiнаградных лозаў. Шкляначку вiна рабi адхiлiў, гэтаксама як i кока-колу, толькi заакцэптаваў глыток чыстай вады i дазволiў прамыць яму на галаве крывавыя раны i не выдаў нiводнага гуку, толькi два-тры разы лёгка ўздрыгнуў, калi ён, Агасфер, у канцы прамывання памачыў ёдам некалькi больш глыбокiх праколаў i парэзаў.
Пасля, крыху адпачыўшы, рэбэ Ёшуа пачаў гаварыць. Гэта, патлумачыў ён, ужо апошняя станцыя ягонага прабывання, i паколькi мой сябар Агасфер хацеў ведаць, цi не думае ён сапраўды яшчэ раз дапусцiцца да пытак, той з усмешкаю адказаў: не, гэтым разам не; прыйшоў iншы час, час, калi ўжо трэба не пакутаваць, а судзiць. На наступнае пытанне, каго судзiць, рабi не адказаў; ён падумаў, так сказаў мой сябар, што гэта i без таго ясна. I пра тых, якiя так лiха абышлiся з iм, ён выказаўся вельмi агульна i пакiнуў адкрытым пытанне, была гэта тады ваенная палiцыя цi арабскiя тэрарысты альбо проста нейкiя валацугi, якiя хацелi на iм астудзiць свой запальчык.
Намнога больш зацiкавiла рабi iншая тэма: Армагедон, тая апошняя бiтва перад канцом свету, за якою паводле падання павiнен паследаваць Страшны суд. Ён гаварыў пра караблi, якiя цiкуюць пад вадою, а то i наогул пад вечным лёдам, нябачна для электронных вачэй самых адчувальных абаронных апаратаў, кожны аснашчаны шаснаццаццю ракетамi, кожная з якiх у сваю чаргу аснашчана шаснаццаццю саманаводнымi атамнымi боегалоўкамi, прычым кожнай з гэтых атамных боегаловак дастаткова, каб сiлай выбуху i напалам цяпла разбурыць вялiкi горад з усiм, што ў iм дыхае, больш грунтоўна, чым сваiм часам гэта зрабiў Божы вогненны дождж з Садомай i Гаморай. Пры гэтым Армагедоне, прадказаў рэбэ Ёшуа далей, могуць ужывацца таксама мiжкантынентальныя ракеты, якiя з хвiлiннай хуткасцю могуць наляцець на цэль з таго боку мора i сваiмi нуклеарнымi зарадамi, напрыклад, ад гары Сiён i святога горада Ерусалiма не пакiнуць нiчога, акрамя выпаленага кратэра i да таго ж сваiм радыёактыўным дыханнем у коле, якое з аднаго боку сягае да ракi Нiл, а з другога да водаў Еўфрата, смяротна атруцiць чалавека, быдла i раслiны, аж нават i самую зямлю, на якой усё гэта расце. I такiх ракет, з горыччу ў голасе дадаў рабi, большых i меншых, з большай альбо меншай шырынёй ахопу i аснашчаных адпаведнымi выбуховымi галоўкамi, ужо ёсць шмат тысяч, i ўся гэтая пякельная сiла знаходзiцца ў руках нямногiх валадароў, людзей з абмежаваным мысленнем, якiя пры кожнай нагодзе на ўсё горла дакляруюць, што гэты арсенал iм патрэбен для абароны мiру, бо мiр патрабуе раўнавагi страху; што азначае, калi адзiн бок у стане знiшчыць другi дзесяць разоў, каб толькi той не iмкнуўся да гэтага зрабiць другому не толькi тое самае, але i пераўзыйсцi другога, каб выйсцi на дванаццацiразовы парог, каб, нават ужо пры апошнiм уздыху з апошняга бункера яшчэ ўсё-такi можна было папомсцiцца. У гэтым забойчым спаборнiцтве яны ўжо дайшлi да таго, што былi здатныя вынiшчыць усё, што пад небам, так што ад Божага тварэння не засталося б нiчога, акрамя голай, пустой зямлi i далёкiх зорак. У сваёй празе да ўлады, сумешчанай са страхам перад сабе падобнымi, чалавек схапiўся за першародную сiлу сусвету, але, не ўмеючы нi цугляць яе, нi кiраваць ёю; так сам Адам, калiсьцi створаны паводле вобразу Бога, зрабiўся зверам з сямю галовамi i дзесяццю рагамi, усеразбуральнiкам, антыхрыстам.
Такая, паводле паведамлення Агасфера, была прамова рэбэ Ёшуа. I цяпер Вам, паважаны калега Байфус, словы рабi ў аснове фактаў будуць гэтаксама звыклымi, як i мне; толькi мы, выцясняючы iх, дзе толькi магчыма, з нашай свядомасцi, навучылiся з iмi жыць. Ён прапусцiў магчымасць, прызнаў гер Агасфер, знайсцi сабе яснасць у тым, адкуль рабi атрымаў гэтыя факты, цi праз людзей, якiя далi яму адпаведную лiтаратуру, цi ад спецыялiстаў альбо, можа, нават ад саўдзельных у справе; вiдавочна аднак было, што ён, не могучы прыняць удзелу ў нашай паступовай аклiматызацыi ў атамным веку, з неразумствам, у якiм мы рухаемся як бы само сабой зразумелым чынам, раптам быў канфрантаваны i адпаведна быў спалоханы - багатыя падзеямi тысяча дзевяцьсот гадоў, пасля таго як ён, як ён думаў, пралiў сваю кроў за дараванне грахоў чалавецтва.
Спекулятыўнае пытанне, як паводзiўся б Iсус i што ён сказаў бы, калi б сёння вярнуўся на зямлю, ставiлi ўжо многiя, Вы, мабыць, таксама, дарагi гер прафесар, нягледзячы на Вашыя атэiстычныя перакананнi. Паводле выказванняў Вечнага Жыда, адзiнага чалавека, якi можа надзейна iдэнтыфiкаваць рэбэ Ёшуа i атэiстычна засведчыць ягонае вяртанне, гэтае вяртанне адбылося. Дык цi можна адказаць на пытанне?
Гер Агасфер мяркуе, што можна. Ва ўсякiм разе сам рэбэ Ёшуа непасрэдна даў адказ, i менавiта на гары Галгофе, на тым месцы, дзе колiсь стаяў крыж. Менавiта туды яны павандравалi абодва, пасля таго, як ён, Агасфер, упрасiў рабi, памяняць сваё падранае i бруднае адзенне на белае, такое, якое носяць бедуiны, i там рабi, гледзячы ў неба, раптам усклiкнуў: Элi, Элi, няўжо ўсё было марна - нагорная пропаведзь, крыжовая смерць? Ягня заколата, але ахвяра адкiнута i забыта?
I пасля гэтага ён даўся ў маўчанне. А тым часам вакол яго сабраўся вялiкi натоўп, тубыльцы, турысты, паломнiкi, сярод гэтых апошнiх група святароў розных хрысцiянскiх канфесiй, усе ў сваiм абрадавым адзеннi, i ўсе яны глядзелi на рабi, быццам перад iмi быў прывiд, i адна юная амерыканка, бледная, фанатычна крычала: Doesn't he look just like Jesus Christ?
Рабi, вырваны з задумення, пасля кароткага замяшання падняў руку са следам раны як бы на дабраславенне, але зноў апусцiў; пасля гэтага натоўп, якi сабраўся вакол яго, расступiўся, i ён пайшоў, i варта подзiву было, што нiхто з усiх прысутных людзей не шчоўкнуў фотаапаратам, хоць многiя з iх мелi пры сабе камеры.
Мне застаецца толькi распытацца пра асабiстую рэакцыю гера Агасфера на падзею. Аднак менавiта таму i не патрабавалася асаблiва распытваць; ён сам расказаў, як моцна ўразiла яго вяртанне рэбэ Ёшуа, бо гэта надзвычай закранула яго асабiсты лёс. Бо калi, сказаў ён, Ты застанешся i будзеш чакаць, пакуль я вярнуся спраўдзiлася да гэтага часу, тык трэба чакаць, што i ў праклёне implicite для часу пасля вяртання рэбэ Ёшуа i яго ўшэсця таксама спраўдзяцца, а ён, Агасфер, тым часам павiнен яшчэ сёе-тое ўрэгуляваць.
Вы, шаноўны калега Байфус, зразумееце хваляванне, з якiм я пiшу гэта пiсьмо, але ж i маю радасць i задавальненне з таго, што я менавiта такога скептыка i марксiста, як Вы, магу першага паiнфармаваць пра такую вялiкую i дзiвосную, хай хоць, на жаль, толькi з адной крынiцы пацверджаную падзею, якою з'яўляецца новае паяўленне рэбэ Ёшуа. Несумненна вы захочаце яшчэ раз пагутарыць пра гэта i iншыя цiкавыя нам пункты з герам Агасферам i са мною падчас нашага вiзiту ў сталiцу Германскай Дэмакратычнай Рэспублiкi, i я з вялiкiм спадзяваннем на плённы абмен думкамi чакаю яго.
А пакуль што добрыя прывiтаннi
Ваш
Ёханаан Лёйхтэнтрагер
Hebrew University
Jerusalem
РАЗЬДЗЕЛ ДВАЦЦАЦЬ ШОСТЫ
У якiм рабi й Агасфэр выпраўляюцца на пошукi Бога й сустракаюць старога, якi ведае таямнiцу Кнiгi жыцьця пад сямю пячаткамi й якога рабi заклiкае да безразважнага супрацiву
Мы шукаем.
Я, Агасфэр, iшоў леваруч рабi сорак дзён i ночаў, бо мы шукалi Бога. Але ён адмовiў нам, i вакол нас была пустыня i пустата i голая шэрань шэола, у якiм усё расплываецца й чэзьне. I рабi быў поўны страху й няпэўнасьцi й сказаў мне: Хто мы, каб нам спрачацца з Богам i прыкладаць свае маштабы да Яго ўстанаўленьняў? Ён ёсьць пачатак i канец, Ён быў перад часам i будзе пасьля яго, i ўлада яго бязь межаў.
А я сказаў: Чым быў бы Бог бяз нас? Крык бяз рэха, сiла бязь дзеяньня, прынцып бяз практыкi.
I як што мы зноў праблукалi сорак дзён i сорак ночаў, шукаючы яго, рабi спытаўся: А што калi б так было, што Яго зусiм няма? Што сьвет i мы ад пачатку былi толькi сном, якi расплываецца, як туман на ветры?
Рабi, адказаў я, вера, якая перастаўляе горы, горы ж i стварае; ты толькi павiнен цьвёрда верыць, тады ты знойдзеш Бацьку.
I вось, рассунулася шэрань перад нашымi вачыма, i зазьзяла сьвятло, i асьвятлiла нам шлях, i падняўся палац у канцы шляху, i быў ён з золата й срэбра й кедровай драўнiны, усё каштоўнага вырабу, i каля сямi брамаў палаца стаялi сем брамнiкаў у латах, i ў кожнага быў агнявы меч; але рабi прайшоў празь сёмую браму ў сёмую залу, у якой стаяў трон з каштоўных камянёў, якiя блiшчалi ўсiмi колерамi сьвету, i на троне сядзеў нехта, ён быў апранены ў блiскучы шоўк i быў прыгожы, як анёл, з кучаравымi валасамi, на пальцах пярсьцёнкi, i сказаў: Я цар цароў, i я даўно ўжо чакаю цябе, сыне мой.
Рабi, сказаў я, калi той там твой Бацька, пагавары зь iм.
Але рабi сказаў: Гэты для мяне нiшто.
I зацьмiўся твар у цара цароў гневам, i падышлi сем ягоных ахоўцаў i схапiлi рабi й выгналi яго зь сёмай брамы ў пустыню. Але сьвятло асьвятляла наш шлях, i ў канцы шляху падняўся храм, якi быў яшчэ больш раскошны, чым палац цара цароў i на яго пайшло яшчэ больш золата й срэбра й кедровай драўнiны, чым на палац, i быў ён яшчэ каштоўнейшы, i на сямi дварах храма перад сямю алтарамi правiлi набажэнства сем сьвятых сьвятароў, кожны зь якiх трымаў палымяную ахвярную шалю ў руках; але рабi прайшоў празь сёмы двор у сёмую палату, якая была запоўнена пахамi мiры й дарагiх пахошчаў i культавым посудам з дарагiх камянёў, якiя зьзялi ўсiмi фарбамi сьвету, i сярод палаты стаяў нехта, увесь у белым, i вакол галавы было вялiкае зьзяньне, i сказаў: Я сьвяты сьвятых, i я даўно ўжо чакаю цябе, сыне мой.
Рабi, зноў сказаў я, калi той там твой Бацька, пагавары зь iм.
Але рабi сказаў: I гэты для мяне нiшто.
I сказiў гнеў твар у сьвятога сьвятых, i сем яго сьвятароў падышлi й схапiлi рабi й выгналi яго прэч зь сёмага двара ў пустыню. Але шлях, асьветлены нам сьвятлом, зрабiўся вузешы й круцейшы, i абапал яго разьзеўрылiся прорвы; а ў канцы шляху ляжаў камень, на якiм сядзеў Нехта, якi быў вельмi стары й трымаў у руцэ кiй i пiсаў на пяску пад сваiмi нагамi канцом кiя.
I я сказаў трэйцi раз: Рабi, калi той там твой Бацька, пагавары зь iм.
Але рабi нiзка схiлiўся да таго, што пiсаў, i спытаўся: Што ты тут робiш, стары?
Але той сказаў, не даючы перашкодзiць сабе ў працы: Цi ж ты ня бачыш, што я пiшу Кнiгу жыцьця за сямю пячаткамi, сыне мой?
Але ты пiшаш яе на пяску, сказаў рабi, i прыйдзе вецер i ўсё садзьме.
Якраз у гэтым, адказаў стары, i ёсьць таямнiца кнiгi.
I пабялеў рабi й спалохаўся вельмi, але пасьля сказаў: Ты той, хто стварыў сьвет з пустыняў i пустотаў, з днём i ноччу й небам i зямлёю i водамi й усiм, што рухаецца.
Той - гэта я, сказў стары.
I ў дзень шосты, сказаў далей рабi, ты стварыў паводле вобразу твайго чалавека.
I гэта зрабiў я, сказаў стары.
I цяпер усё гэта павiнна быць, як бы яго нiколi ня было, спытаўся рабi, мiмалётны сьлед, якi сатрэ мая нага?
Тут стары адклаў убок кiй i больш ня пiсаў, пакiваў галавой i сказаў: Калiсьцi й я быў поўны шчырай рупнасьцi й веры, мой хлопча, i любiў мой народ альбо гневаўся на яго, i пасылаў на яго патоп i агонь i анёлаў i прарокаў i нарэшце цябе самога, майго адзiнага сына. I ты бачыш, што з таго выйшла.
Смярдзючае балота, у якiм усё, што жыве, сочыць, памыкаецца зжэрцi другога, сказаў рабi, царства жудасьцi, у якiм увесь парадак служыць толькi разбурэньню.
Сыне мой, сказаў стары, я ведаю.
Але Госпадзе, зьвярнуўся рабi, цi ж не ў Тваёй руцэ - асушыць балота й зьмянiць парадак?
Стары маўчаў.
Госпадзе, сказаў рабi, Ты пераказаў вуснамi Тваiх прарокаў, што Ты хацеў стварыць новае неба й новую зямлю, каб не ўспамiналася больш старая. I пазьней Ты сказаў праз яшчэ аднаго з Тваiх прарокаў i абвясьцiў людзям, што Ты хацеў дастаць зь iхняй плоцi каменнае сэрца й даць iм новае сэрца й новы дух, Госпадзе, я пытаюся ў Цябе: калi? Калi?
Тут павярнуў стары галаву й паглядзеў на сына, зьнiзу ўгору, i сказаў: Я стварыў сьвет i людзей, але, каб кожны разьвiваўся па сваiх законах i калi з Так зробiцца Не, а зь Не - Так, пакуль нiчога ня стане так, як было, i сьвет, створаны Богам, больш ня будзе пазнавальны вачам нават самога творцы.
Дык ты прызнаеш, сказаў рабi, марнасьць Твайго тварэньня, Госпадзе?
Я пiшу на пяску, сказаў стары, цi ж гэтага не дастаткова?
Тут абурыўся рабi й сказаў: Чаму ж Ты не адступiшся, Госпадзе, бо хто абяцаў так, як Ты, той не павiнен быў жадаць так трымацца за ўладу,
I ты будзеш рабiць гэта хiтрэй? спытаўся стары. Ты, якi дазволiў укрыжаваць сябе замест таго, каб паўстаць i ўсупрацiвiцца беззаконьню? Ах, дзiцятка маё, цi ж бо ня вунь ён падбухторыў цябе на твае мяцежнiцкiя казанi?
Але рабi схапiў старога за вопратку й сьцягнуў яго з каменя, на якiм ён сядзеў, i падняў яго ўгору й патрос яго з усёй сiлы й крыкнуў - хопiць ужо цярпець i пакутаваць, i хто быў той, што паслаў сына на крыжавую сьмерць, за нiшто й зноў за нiшто, i цi ня было б лепш, замест каб чакаць, пакуль гэты сьвет разарве сябе к чорту, сабраць усiх магутаў, нават тых зь пекла, супроць гэтага Бога, ад якога ўцякло яго ўласнае творыва, i аб'яднаць усх хрыстоў i антыхрыстаў на штурм сёмага неба, якое скляпенiцца над гняздом зьмяi й пачварнай гнiласьцi.
Тут замкнуўся твар у старога, i горкая ўсьмешка кранула вусны ягоныя i прыляцелi сем старых анёлаў з рэдзенькiмi бародкамi й абскубленымi крыламi, i кожны трымаў у руцэ пашчэрбленую, заржавелую трубу й затрубiлi ў iх i ўзялi рабi пад рукi й панесьлi яго прэч, угору, туды да яго трона ў вышнiх, а Бог павярнуўся да мяне, Агасфэра, i сказаў, што чакаў ад мяне разумнейшага; маладому нельга давярацца, ён зноў усё зробiць навыварат.
РАЗЬДЗЕЛ ДВАЦЦАЦЬ СЁМЫ
Якi тут галоўным чынам дзеля дакумэнтацыi i складаецца са службовага даклада маёра Пахнiкеля свайму начальству па службе ў справе раптоўнага зьнiкненьня (уцёкi з Рэспублiкi?) грамадзянiна З.Байфуса, з дадаткам допiсаў, пратаколаў i iншых матэрыялаў
Ад: Галоўны аддз. II В (13)
Каму: Сакратарыят Савета Мiнiстраў
Датыч.: Знiкненне (уцёкi з Рэспублiкi?)
грамадзянiна З.Байфуса
Берлiн, 15 студз. 1981
На запатрабаванне службы я з гэтым распаўсюджваю папярэднi даклад, датыч. знiкнення (уцёкi з Рэспублiкi?) вышэйпамянёнага грамадзянiна Зiгфрыда Вальтэра Байфуса, праф. д-ра Dr. h. c. (?) лаўрэата Нацыянальнай прэмii (II класа), заслужанага народнага вучонага, трохразовага актывiста i кавалера многiх ордэнаў i ганаровых знакаў, кiраўнiка Iнстытута навуков. атэiзму, 108 Берлiн, Бэрэнштрасэ 39а. Прыкладзеныя дакументы i абгрунтаваннi пранумараваны, датычнае гэтага даклада дадаецца.
Вышэйпамянёны, нар. 10. IV. 1927 у Хемнiцы, Сакс., сын зеляншчыка, 53 гады, жан. (жонка Гудрун, у дзяв. Енiке, был. сакратарка, у ц. ч. без прафесii) i праж. 108 Берлiн, Ляйпцыгер-штр. 61, 8-ы паверх; дзецi Фрыдрых (нар. 1963) i Урзула (нар. 1968); асоб. прыкметы: няма. Вышэйпамянёны ўступiў у Сац. адзiную партыю i з'яўляецца членам Таварыства германа-савецкай дружбы, лыжна-спартыўнага клуба "Прагрэс", а таксама Акадэмii навук.
Вышэйпамянёны знiк 31 снежня 1980 г. памiж 23 гадзiнай i поўначчу праз пралом (у чалавечы рост) у знешняй сцяне (напружаны бетон) сваёй кватэры. Тлумачэння ў форме развiтальнага альбо падобнага роду лiста не пакiнуў; у кожным разе, нiчога адпаведнага не выяўлена.
Служба была 1 студзеня 1981 г. ў 2.35 гадз. пра знiкненне вышэйпамянёнага ўведамлена па тэлефоне iнспекцыi Нар. палiцыi (палiц.-обер. мнстр Гiрш), i паведамленне было прынятае.
Змест тэлефанаграмы прыкладаецца.
Гiрш: Тут адзiн прапаў, нейкi Байфус, прафесар, вельмi вядомы чалавек, пралом у сцяне.
Служба: Пра якi лом у сцяне? Дзе?
Гiрш: Не пра лом, а праз пралом у сцяне, на Ляйпцыгерштрасэ,
Служба: У вас скразняк?
Гiрш: Не ў нас. I не на Сiльвестар. Мы калектыў сацыялiстычнай працы.
Служба: Дык паведамляйце.
Гiрш: Званiла жанчына. Яна гэта заўважыла, калi па радыё бiлi званы. Была вялiкая кампанiя. А як па радыё далi званы, яна хацела сказаць тост, а яго не было. А перад тым яшчэ быў. Тады пачалi шукаць. I знайшлi пралом.
Служба: А ён што, не мог пайсцi праз дзверы?
Гiрш: Я спытаўся i ў жонкi. А яна сказала, навошта ж тады пралом? Тады я паехаў на Ляйпцыгештрасэ з таварышам Рудэльманам.
Служба: I?..
Гiрш: Стаяў натоўп каля дома. I сапраўды там быў вялiкi пралом, чорная дзiрка там, наверсе, добра вiдаць. Але ўнiзе не было нiчога, нiякага трупа, нi крывi на бруку, нiчога.
Служба: А ў кватэры?
Гiрш: Пралом быў цёмны па краях, як бы апалены, быццам сцяну прашыла ракета, з адпаведнай тэмпературай. Але госцi кажуць, што нiчога не чулi, нi стрэлу, нi выбуху. Яно канечне, вонкi ж быў феерверк, грукату хапала.
Служба: Што яшчэ вартага ўпамiнання?
Гiрш: На стале ляжала запiска, шрыфт нейкi вельмi ж дапатопны, цяжка прачытаць.
Служба: Яна ў вас? Паспрабуйце прачытаць.
Гiрш: З Богам - маiм - узыходжу - на - мур. I пад гэтым напiсана: Псальма 17, двухкроп'е, 30.
Служба: Значыца, усё-такi ўцёкi. Адкуль вы тэлефануеце?
Гiрш: З кватэры на Ляйпцыгерштрасэ.
Служба: Госцi яшчэ на месцы? Вазьмiце ў iх прозвiшчы i адрасы i скажыце людзям, каб нiчога нiдзе не гаварылi пра здарэнне. I вы i таварыш - як вас? -Рудэльман? - каб i вы не распускалi язык. Служба сама паклапоцiцца пра далейшае. Канец.
Ранiцай 1 студзеня 1981 г. мне была пададзена сраваздача пра здарэнне, i я прыняў меры. Улiчваючы магчымыя ўскладненнi, я асабiста правёў некаторыя допыты.
Гутарка з грамадзянкай Г.Байфус у iх кватэры, як i грунтоўны агляд яе (фотаздымкi кабiнета З.Байфуса i пашкоджанай знешняй сцяны прыкладзены) далi не большы вынiк, чым паведамленне обермайстра палiцыi Гiрша. У пакоi не выяўлена нiякiх прыкметаў барацьбы. На маё пытанне ў сувязi з гэтым фраў Г.Байфус паказала, што пакой не прыбiраўся i ў iм не рабiлася нiякiх перастановак, толькi дзiрка ў сцяне была занавешана кiлiмам, каб занадта не задзiмала халодным ветрам. Шукаючы мужа, яна першая зайшла пасля поўначы ў пакой, убачыла дзiрку i ўстанавiла выразна непрыемны пах, прыкладна як бы серны, але менш рэзкi. У той час, як яна ведала, усе госцi яшчэ былi ў поўнай колькасцi, 18 запрошаных, у большасцi мужавыя калегi па працы з жонкамi цi сяброўкамi, i iншыя, дакладную колькасць якiх яна не магла ўспомнiць дакладна, прыведзеных, як гэта водзiцца на Сiльвестар гасцямi з сабою; сам муж прывалок з сабою нейкiх двух замежнiкаў, яшчэ паполуднi i замест таго, каб ёй i дачцэ Урзуле дапамагчы ў прыгатаваннях да вечарыны, выправiўся з iмi ў кабiнет, замкнуўся i доўгi час бурна i гучна там дэбатавалi; пазней, праўда, адзiн з iх, такi невысокi кульгавы гарбун, выказаў вялiкую гатоўнасць дапамагчы ў гарнiраваннi блюдаў i ўладкаваннi буфета, раптам даў 6 пляшак вiна, вiно аказалася для прысутных дам надзвычай узбуджальным, сама ж яна з таго, на жаль, нiчога не спажыла; апрача таго гер захапляў незвычайнымi картачнымi трукамi i па тых жа картах многiм з гасцей вычытаў iх мiнулае i будучае.
З паказанняў прысутных на вечарыне гасцей толькi адзiн таварыш Якш даў звесткi, якiя маглi б пралiць дадатковае святло на знiкненне З.Байфуса. Пратакол прыкладваецца.
Маё iмя Якш, Вiльгельм, д-р фiл., нар. 3 верасня 1944 у Пазэвальку, праж. 117 Берлiн, Шнэевiтхенштр. 23. Я навуков. супрацоўнiк Iнст. навуков. атэiзму i яго прэс-рэферэнт, член партыi.
Ужо на пачатку 1980 г. я заўважыў пэўныя анамалii ў паводзiнах кiраўнiка iнстытута праф. д-ра Dr. h. c. З.Байфуса, неспакой i няўпэўненасць, якiя паяўлялiся ў сувязi з пэўнымi навуковымi пытаннямi, i паступова набывалi ўсё большы аб'ём. Увосенi 1979 г. З.Байфус апублiкаваў кнiгу "Самыя вядомыя iудэа-хрысцiянскiя мiфы ў святле прыродазнаўчага i гiстарычнага пазнання", якая, як i большасць яго публiкацый, складалася з часткова пераробленых дакладаў членаў яго калектыву; толькi раздзел "Пра Вечнага (альбо Вандроўнага) Жыда" належыць ягонаму пяру i грунтуецца на пошуках i даследаваннях. На прадмет гэтага Вечнага альбо Вандроўнага Жыда, якi меў iмя Агасфер, пачаў iзраiльскi грамадзянiн праф. Ёханаан Лёйхтэнтрагер працяглую перапiску з З.Байфусам, у ходзе якое апошнi высноўваў усё новыя i новыя тэорыi пра рэальны змест Агасфер-вобраза, тым часам як праф. Лёйхтэнтрагер сцвярджаў, што ў свой час пракляты Iсусам яўрэй сапраўды жыве больш як 1900 гадоў i сёння ўпраўляе абутковай лаўкай у Ерусалiме. Пры нагодзе службовых гутарак з З.Байфусам, якiя, праўда былi ўсё радзейшыя, я выклаў свой пункт погляду, паводле якога iзраiльскi прафесар альбо звар'яцеў, альбо збiраўся прафанiраваць нас i наш iнстытут; пазней ў мяне з'явiлася падазрэнне, што тут можа заходзiцца пра план тайных службаў i праз наш iнстытут яны хочуць пранiкнуць у рады навукоўцаў ГДР i разлажыць iх, i я своечасова паiнфармаваў адпаведныя органы. Мне вядома, што З.Байфус у сваёй якасцi кiраўнiка iнс. нав. атэiзму папярэджваўся з боку Мiн. выш. i прафесiйнай школьнай адукацыi пра дзейнасць Ё.Лёйхтэнтрагера i А.Агасфера i яму было прадпiсана паведамiць апошнiм, што вiзiт з iхняга боку ў сталiцу Рэспублiкi непажаданы.
Таму хто апiша маё здзiўленне, калi З.Байфус ранiцай 31 снежня сказаў, што мiстэры Агасфер i праф. Лёйхтэнтрагер знаходзяцца ў Берлiне i на працягу наступнай гадзiны наведаюць яго ў нашым iнстытуце; мая прапанова дазволiць мне прысутнiчаць пры магчымай гутарцы, бо я ж таксама займаўся матэрыяламi i неаднаразова гутарыў пра гэта з З.Байфусам, была iм энергiчна адхiлена; ён здольны, заявiў ён, свае навуковыя погляды прадстаўляць i без маёй дапамогi. Ключ, значыцца, ляжыць недалёка, i З.Байфусу не было патрэбы мець сведкаў таго, што ён меўся абмяркоўваць з двума iзраiльскiмi грамадзянамi. Але ён не змог перашкодзiць, каб я ўвечары 31.XII. з нагоды сустрэчы Новага года, якую ён i яго жонка ладзiлi для сяброў i супрацоўнiкаў i на якую ён прывёў абодвух, пазнаёмiўся з iмi персанальна.
Маё ўржанне ад праф. Лёйхтэнтрагера як i мiстэра Агасфера было, трэба думаць, неспрыяльнае. Праф. Лёйхтэнтрагер не саромеўся цалкам выкарыстоўваць цiкавасць, якую ён як госць з заходняй загранiцы, нягледзячы на сваё калецтва, выклiкаў у дам; А.Агасфер здаваўся хутчэй сумным, калi спрабаваў заiнтрыгаваць прысутных не сваiмi гiстарычнымi ведамi, якiя мне, праўда, месцамi здалiся сумнiўнымi. На маё адносна гэтага пытанне А.Агасфер заявiў, што персанальна ведаў рэбэ Ёшуа альбо па-грэцку Iсуса, i паказаў мне, вiдаць, у доказ свайго сцвярджэння, рымскую манету, адну з трыццацi, як ён сказаў, што былi выплачаны Юду Iскарыёту за тое, што ён выдаў рабi тагачасным уладам. Праф. Лёйхтэнтрагер настояў на тым, каб з адной старадаўняй калоды картаў, якую ён насiў пры сабе, вычытаць мне мой лёс; ён прадказаў мне вялiкую кар'еру, што ёсць нiякае не дзiва, бо ў нашай дзяржаве кожны мае светлую будучыню.
Але перад усiм я мог на працягу ўсяго вечара назiраць за кiраўнiком нашага Iнстытута праф. д-рам Dr. h. c. З.Байфусам. Ён быў у стане ўсхваляванасцi, што, можа, i не кiнулася ў вочы iншым гасцям, якiя на працягу мiнулага года не назiралi за яго паводзiнамi, мяне ж яны прымусiлi задумацца, асаблiва калi ён адвёў мяне ўбок, са значэннем падняў сваю чарку i спытаўся: "Якш, што б Вы сказалi на тое, каб мяне чорт забраў?"
Як так? - адказаў яму я. - Вы думаеце, Вы гэтага заслужылi?
На гэта ён захiхiкаў, аж мне мароз па скуры пабег, павярнуўся i пайшоў да праф. Лёйхтэнтрагера, быццам той быў магнiтам, якi прыцягваў яго.
Крыху пазней зазванiлi званы па радыё, госцi пачалi цалавацца, i я пачуў, як фраў Байфус спыталася: "А куды гэта падзеўся мой Зiгi?"
Але праф. З.Байфус знiк гэтаксама, як i два iзраiльскiя грамадзяне Ё.Лёйхтэнтрагер i А.Агасфер.
Подп.: д-р Вiльгельм Якш
У сувязi з гэтым варта адзначыць: перапiска З.Байфуса з Ё.Лёйхтэнтрагерам ужо даўно кантралявалася.
Прадпрынята ацэнка сiтуацыi ў сувязi са знiкненнем (уцёкi?) З.Байфуса; як толькi гэты аналiз паступiць, ён будзе прадстаўлены ў сакратарыят мiнiстэрства.
Аднос. папярэджання З.Байфуса пра грамадзян Iзраiля Ё.Лёйхтэнтрагера i А.Агасфера i пра паступiўшае яму ўказанне з боку Мiн. выш. i праф. школьн. адукацыi тав. д-р В. Якш правiльна паiнфармаваны. Гэта паследавала на падставе прадстаўлення II В i нiжэйпадаванага паведамлення нашых арабскiх сяброў у Бейруце.
САКРЭТНА
Аchab Ahasver located now at 47, Via Dolorosa, Jerusalem, also known as Johannes, Malchus, Cartaphilus, Giovanni Bottadio, Joerg von Meissen, Vassily Blazhenny, longtime Jewish agent. Sepecialty: Ideological penetration. On occasion, subject was observed in the company of one Jochanaan (Hans) Leuchtentrager, said to be a professor at Hebrew University, and may be assosiated with him in secret activities.
Яшчэ ранiцай 1 студзеня былi прынятыя паведамленнi ў сув. з уездам вышэйазначаных А.Агасфера i Ё.Лёйхтэнтрагера ў сталiцу ГДР i iх прабывання ў апошняй. Было праверана таксама ў пунктах перасячэння гранiцы, цi паследаваў выезд вышэйназваных, магч. ў суправаджэннi трэцяй асобы.
Вынiкi праверак адмоўныя. Даклады прыкладваюцца.
Берлiн, 5 студз. 1981 г.
На Ваш тэрмiновы запыт аднос. уезду альбо выезду грамадзян дзяржавы Iзраiль А.Агасфера i Ё.Лёйхтэнтрагера паведамляю, што
1. на iмя памянёных асобаў вiзаў намi не выдавалася,
2. у пунктах перасячэння гранiцы нашымi пастамi нi ўезд, нi выезд памянёных асобаў не зарэгiстраваны, нi асобна нi ў суправаджэннi трэцяй асобы.
Расследаванне аднос. нелегальнага пераходу гранiцы вышэйпамянёнымi працягваецца.
З сац. прывiтаннем
Подп.: Кюнле, кптн.
Мiн. ун. спраў
Берлiн, 7 студз. 1981
Аднос. Вашага тэрмiновага запыту магу Вас паiнфармаваць, што памянёныя Вамi iзраiльскiя грамадзяне А.Агасфер i Ё.Лёйхтэнтрагер нi ў снежнi 1980 г. нi ў першы тыдзень студзеня 1981 г. нi ў якi гатэль альбо месца начлегу ў сталiцы ГДР не звярталiся i намi не рэгiстравалiся.
Натуральна, памянёныя маглi забяспечыць сябе прыстанiшчам у прыватным парадку.
Нашы расследаваннi працягваюцца.
З сац. прывiтаннем
Подп.: Мацман, кптн.
Прэз. народнай палiцыi
Аддз. пашпартоў i рэгiстрацыi
Прыкладзеныя паведамленнi стаяць у яўнай супярэчнасцi з паказаннямi жонкi З.Байфуса Гудрун, а таксама тав. д-ра В.Якша i iншых гасцей, якiя ўсе засведчылi прабыванне А.Агасфера i Ё.Лёйхтэнтрагера ў кватэры знiклага па вул. Ляйпцыгерштрасэ, 61 на вечары 31 снеж. 1980 г., прычым застаецца няясным, да поўначы цi пасля поўначы памянёныя былi iмi бачаныя. Пададзеныя сведкамi апiсаннi асобаў супадаюць, асаблiва ў частцы горба i кульгавасцi нагi Ё.Лёйхтэнтрагера i ягоных картачных трукаў, а таксама тыпова яўрэйскага выгляду А.Агасфера, так што магчыма выклiканыя прыёмам алкаголю альбо iншых сродкаў галюцынацыi ў асобных прысутных здаюцца выключанымi, не кажучы пра рэальна iснуючую адтулiну ў знешняй сцяне 8-га паверха ў доме па Ляйпцыгерштрасэ, 61 з моцна абпаленымi краямi.
Расследаванне Мiн. унутраных спраў (пагранiчная палiцыя) дало дадатковыя адпраўныя пункты. Яны паступiлi з, на жаль, спазненнем. Даклад прыкладваецца.
Берлiн, 12 студз. 1981 г.
У ноч з 31.ХII.1980 на 1.I.1981 прыкладна ў 0.00 гадзiн дзяжурныя на ахоўнай вышцы на ўчастку пераходу гранiцы на Фрыдрыхштрасэ унт. аф. Курт Блюмель i яфр. Роберт Рэкцэ назiралi трох незнаёмых асобаў, якiя рухалiся з рога вулiц Ляйпцыгерштр. i Фрыдрыхштр. на вышынi прыкладна 10 - 15 метраў уздоўж Фрыдрыхштр. у напрамку пункта пераходу гранiцы. За двума з гэтых асобаў цягнуўся агнiсты шлейф (унт. аф. Блюмель падазрае свайго роду соплавую выцяжку), трэцi, сярэднi, нiбыта не меў уласнай цягава-лётнай сiлы i быў транспартаваны астатнiмi двума, пынамс., быў iмi трыманы. Паколькi ў гэты час усё неба было ў выбуховых феерверачных агнях, якiя на Сiльвестар значна ўскладняюць працу памежных органаў, унт. аф. Блюмель i яфр. Рэкцэ палiчылi, што справа iдзе пра з'яўленне варожай канструкцыi значных памераў. Але неўзабаве яны зразумелi, што мае месца прарыў пагранiчных умацаванняў праз пералёт названай канструкцыi з дапамогай новай тэхнiкi. Яфр. Рэкцэ хацеў адкрыць агонь па аб'екце, але унт. аф. Блюмель стрымаў яго, таму што паводле прадпiсання дазваляецца адкрываць агонь па лятаючых аб'ектах на мяжы ГДР толькi з вышэйстаячага дазволу.
Тым часам тры асобы наблiзiлiся да ахоўнай вышкi i ў лёце абышлi яе, пры гэтым двое з агнiстым шлейфам гучна i рэзка рагаталi, а ў сярэдняга ж быў моцна спалоханы i як бы скажоны болем твар, так што унт. аф. Блюмель i яфр. Рэкцэ страцiлi дар мовы i пачалi моцна дрыжаць. Як толькi унт. аф. Блюмель прыйшоў да памяцi, ён зрабiў данясенне л-ту Кнуту Ломаеру. К гэтаму часу ўцекачы з Рэспублiкi паспелi ўжо пераляцець памежныя ўмацаваннi i знаходзiлiся на заходнеберлiнскiм баку пункта пераходу гранiцы, адкуль яны з вялiкай хуткасцю скошаным лётам узмылi ўгору, пакуль унт. аф. Блюмель i яфр. Рэкцэ не ўбачылi iх падобнымi да навагодняй ракеты.
Паказаннi унт. аф. Блюмеля i яфр. Рэкцэ змаглi быць знятыя з некаторым спазненнем, паколькi л-нт Ломаер атрымаў паведамленне пра ўжыванне унт. аф. Блюмелем i яфр. Рэкцэ алкаголю на службе i гэтыя ў той час адбывалi пакаранне.
З сац. прывiтаннем
Подп.: Кюнле, кптн.
Мiн. унутр. спраў
Паколькi iнцыдэнт у многiх адносiнах пераўзыходзiць кампетэнцыю II В (13), неабходна праiнфармаваць прамежкавым паведамленнем Мiн. аднос. знiкнення З.Байфуса i меўшых месца ў сув. з гэтым суправаджальных абставiнаў. Поўн. даклад паследуе пасля поўнага расследавання.
Папярэдняя ацэнка ўстаноўленага стану фактаў, а таксама паказанняў вiдавочцаў i данясеннi даюць наступную карцiну здарыўшагася: Iзраiльскiя грамадзяне праф. (?) Ё.Лёйхтэнтрагер i А.Агасфер 31.ХII.1980 прыкладна ў 11-00 гадзiн паяўляюцца ў Iнстытуце навуковага атэiзму, 108 Берлiн, Бэрэнштрасэ 39а, дзе калектыў Iнстытута ў гэты час урачыста адзначаў гадавую справаздачу аб праробленай працы i поспехi яго дзейнасцi за шкляначкай вiна. Кiраўнiк iнстытута праф. д-р Dr. h. c. Зiгфрыд Вальтэр Байфус выпраўляецца з абодвума прыбыльцамi ў яго кабiнет, дзе адбываецца гарачая дыскусiя; прапанова дапусцiць да ўдзелу ў гутарцы сведак была з боку З.Байфуса адхiлена. Кантакт iншых супрацоўнiкаў iнстытута з абодвума iзраiльскiмi грамадзянамi адсутнiчаў.
Каля 14-30 таго ж дня З.Байфус згодна паказанняў швейцара ў суправаджэннi двух iншаземцаў пакiдае iнстытут праз галоўны яго ўваход; каля 17-00 гадзiн ён уваходзiць у сваю кватэру на 8 паверсе дома па Ляйпцыгерштрасэ 61, дзе коратка прадстаўляе жонцы i дзецям сваiх суправаджаючых як сваiх старых сяброў праф. Лёйхтэнтрагера i шматпадарожнага гера Агасфера i неўзабаве пасля гэтага пераходзiць з iмi ў свой кабiнет. Звестак пра тое, дзе ён i яго суправаджаючыя правялi дзве з палавiнай гадзiны ў прамежку, не зафiксавана.
Прыкладна а 19-00 гадзiне З.Байфус i абодва замежныя госцi пакiдаюць кабiнет. З гэтага моманту З.Байфус, Ё.Лёйхтэнтрагер i А.Агасфер знаходзяцца ў прысутнасцi i зрокавым кантакце жонкi i дзяцей З.Байфуса, у тым лiку i гасцей сiльвестраўскай вечарыны. Гэта мела месца да 0-00 гадзiн, калi З.Байфус быў выяўлены як адсутны; iзраiльскiя грамадзяне Ё.Лёйхтэнтрагер i А.Агасфер у гэты час таксама ў наяўнасцi не паяўлялiся.
Больш за тое гэтыя двое разам з забраным iмi З.Байфусам выбылi вонкi праз пралом на 8 паверсе дома па Ляйпцыгерштрасэ 61. Трэба ўзяць пад увагу, што не выключалася магчымасць пакiдання кватэры рэгулярным шляхам, г.зн. праз дзверы кватэры, па лесвiцы, а пралом быў выкарыстаны толькi ў мэтах маскiроўкi. У кожным разе памянёныя асобы рухаюцца ад дома па Ляйпцыгерштрасэ 61 паветраным шляхам уздоўж Ляйпцыгерштрасэ ў заходнiм кiрунку да перасячэння Ляйпцыгерштрасэ i Фрыдрыхштрасэ, дзе яны павярнулi на апошнюю, пераляцелi памежныя ўмацаваннi ў пункце пераходу гранiцы i з заходнеберлiнскага боку пункту пераходу з рэзкiм наборам вышынi знiклi.
На ўсё гэта ўказвае i знойдзеная палiц.-обермстр. Гiршам на рабочым стале З.Байфуса запiска невядомага паходжання. Нашы расследаваннi паказалi, што тэкст у запiсцы фактычна паходзiць з Бiблii, г.зн. быў складзены да ўзвядзення памежнай сцяны.
Паколькi да сённяшняй даты З.Байфус нiдзе не аб'явiўся i не знойдзена нiякага следу яго, яго знiкненне з ГДР належыць разглядаць як неабвержна канчатковае. Цi можна тут гаварыць пра яго захоп альбо пра ўцёкi, канстатаваць канчаткова не ўяўляецца магчымым; супроць апошняга сведчыць той факт, што нiякiх дадзеных аб прысутнасцi памянёных на тэрыторыi Федэратыўнай рэспублiкi альбо iншых заходнiх краiн у наяўнасцi няма.
З боку Галоўнага аддз. II В (13) робiцца запыт на рашэнне Мiн,. на прадмет, цi належыць перад тварам мiжнародных аспектаў здарэння падключаць да расследавання I А (27), магч. IV G (4).
З сац. прывiтаннем
Подп.: Пахнiкель, маёр
Гал. аддз. II В (13)
РАЗЬДЗЕЛ ДВАЦЦАЦЬ ВОСЬМЫ
У якiм вучоны супэрiнтэндэнт фон Айцэн з дапамогай вучэньня пра прадвызначэньне спрабуе ўвiнуцца ад д'ябла, але пры гэтым трапляе ў сетку сваiх жа слоў i сам у трох iпастасях вылятае праз камiн
У старасьцi мы зьбiраем ураджай жыцьця, i калi яно было добрае й падабалася чалавеку, дык ён багаты й дабраславёны, i, слова Божае, як калiсьцi ў такога чалавека як Паўль фон Айцэн, якому слова сам Бог уклаў у вусны, пабожна сыходзiць зь iх. У яго ня толькi выходзiць у сьвет "Нямецкi зборнiк казаняў" (Deutsche Postille), куды прадумана й старанна ён уключыў усе свае нядзельныя i сьвяточныя пропаведзi, каб ягоныя падначаленыя службовыя браты на будучае ведалi, што й як яны, зь лёгкiмi, мясцова абумоўленымi ariatviones, павiнны гаварыць сваiм авечачкам; ён ня толькi субмiтуе прыхiльнай публiцы сваё "Хрысьцiянскае настаўленьне, як, зыходзячы з двух пастулатаў хрысьцiянскага вучэньня i веры, пра сьвятую эўхарыстыю нашага любаснага Госпада Iсуса Хрыста, з чыстай праўды Боскага слова, даказваючы шчырую iсьцiну супроць усякага роду сэктаў i аблудаў, можна сьцiпла й бяз прыкрай лаянкi весьцi казань", i сьпешна прысьвячае яго пасьля заўчаснай сьмерцi свайго лiтасьцiвага князя i герцага наступнiку Ёгану Адальфу; не, цэлы сьвет, асаблiва пратэстанцкi, i на чале яго новы герцаг, згодныя, што без намогi й стараньня супэрiнтэндэнта ў Шлезьвiгу з герцагства нiколi ня сталася б царства божага, да якога, кажучы словамi прарока Iсаi, натоўп ля мора навяртаецца.
Iдзе да таго, што й хатняга шчасьця не бракуе. Хоць яго жонка Барбара, пасьля таго як схуднела яшчэ больш i высахла да касьцей i пасьля таго, як ён цьвёрда паабяцаў ёй спатканьне ў iншым, лепшым месцы, шчасна спачыла, але дзецi вырасьлi здаровымi й дзельнымi людзьмi, i нават крошка Маргарэтэ нягледзячы на сваё калецтва дасталася пад вянец зь пiсарам Вольфгангам Калундам, разам зь якiм anno 1610 за забойства iхняга зяця, бургамiстра Клаўса Эсмарха з Апэнрадэ, была пакарна сьмерцю; але гэтага яшчэ Айцэн ня ведае наперад, а яго прыяцель Лёйхтэнтрагер, якi з прычыны некаторых ведаў мог бы сказаць пра гэта, маўчыць.
Гер тайны радца таксама не памаладзеў; бародка сiвая, акурат як i рэдзенькiя валасы на чэрапе, толькi густыя, востра сагнутыя бровы па-ранейшаму чорныя, крыху аддаючы ў рыжаватасьць. Ён шмат езьдзiць, нiхто ня ведае, куды й зь якiмi гешэфтамi, але сёньня на месцы, быў пры двары, каб разьвiтацца: новым валадарам патрэбны новыя дарадцы, i цяпер ён сядзiць у Айцэнавым пакоi, у камiне гарыць агонь, крошка Маргарэтэ, якая са сваiм Калундам ўсё яшчэ жыве ў доме, каб быць пад рукою ў бацькi, праставiла вiно, бочачку якога прывёз Лёйхтэнтрагер з далёкiх земляў, сказаўшы, быццам яно было сапраўднай крывёй, чырвонага вiна пi чарку да дна.
- Такое самае, - казаў ён, - як i тады ў Вiтэнбэргу, калi я частаваў цябе, i Маргрыт была з намi.
- Ах, - уздыхае Айцэн, - Маргрыт.
- Самыя прыгожыя жанчыны, - кажа Лёйхтэнтрагер, - заўсёды тыя, якiх мы самi сабе ствараем.
- Мiраж, блiзiр, - кажа Айцэн, - чорт выдумаў, чорт i зрабiў.
- Але ж ты кахаў яе, - кажа Лёйхтэнтрагер i ўсьмiхаецца сваёй цiхай, крывой ухмылкай, якая кажа, што за кожным, хто ёсьць, стаiць нехта iншы, а за iм яшчэ нехта цi нешта, i што на сьвеце ногул няма нiчога, нам усё толькi здаецца, а ўсе iсьцiны пакрыўленыя i перакручаныя.
- Яна абдурыла мяне, - кажа Айцэн, - i ўцякла зь жыдам, Агасфэрам, якi быў пахiбаю ўсiх веруючых хрысьцiян.
- I якога ты дазволiў закатаваць кiямi да сьмерцi, - дадае Лёйхтэнтрагер.
Айцэн адпiвае вiна й паляпвае сябра па горбiку.
- Калi б ён быў Агасфэр, сапраўдны, - кажа ён, - якога пракляў наш Гасподзь Iсус i асудзiў на вечнае вандраваньне, дык у яго не дайшло б да сьмерцi, ён весела перанёс бы ўсё i ўцёр бы носа геру прафузу, калi той у канцы саўгануў яму ботам пад бок, каб пераканацца, што ў iм сапраўды не засталося жыцьця.
I ў самы гэты момант у пакой уваходзiць крошка Маргарэтэ й ставiць на стол трэйцi кубак, i калi бацька пытаецца ў яе, што б гэта значыла, бо як бы ён жадаў бачыць за сталом гера Калунда, ён бы ўжо яму паказаў, дык яна з усiм належным рышпектам адказвае, што кубак не для яе Калунда, а для аднаго чалавека, якi толькi што прыйшоў, гэта сябар дома, як сказаў ёй, i тут запозьнены госьць ужо стаiць у парозе, цёмны ў сьвятле камiна, у якiм раптам шалёна замiльгатала полымя, i гер супэрiнтэндэнт закрычаў бы яму, калi б толькi здолеў: Вымятайся прэч, у iмя Айца, Сына й Духа Сьвятога!, але такая слабасьць сталася ў яго чэлесах, i толькi сэрца застукатала ў горле, як тысяча молатаў. Але Агасфэр наблiжаецца да стала, за якiм сядзяць Айцэн i Лёйхтэнтрагер, такi ж малады, як i раней, пры першым разе; малады жыд у плямiстым лапсердаку, чорная ярмолка на кучаравых валасах, ужо вальяжыцца ў крэсьле, вальготна выцягнуўшы наперад ногi, тым часам як крошка Маргарэтэ апускаецца перад iм на каленi й сьцягвае перапэцканыя боты з ног, ступакi якiх закарэлi, як вырабленая скура, ад доўгiх вандровак. Пасьля гэтага ён гладзiць крошку Маргарэтэ па галоўцы й кажа геру тайнаму радцу:
- Мiр з вамi, Лёйхтэнтрагер, а як iдуць справы з вашай працай, i цi ўсё яшчэ пры вас кесарава манэта й пэргамант з надпiсам?
- Мая праца iдзе наперад, - кажа Лёйхтэнтрагер, - гэта вы самi бачыце. I кесарава манэта пры мне, як i пэргамант са словамi прарока, напiсанымi на iм. - I дастае манэту й пэргамант з кiшэнi й перадае Агасфэру, быццам гэта былi няма ладу якiя скарбы.
Айцэну робiцца вусьцiшна, ён быццам бы гэта ўжо раз перажыў. А яго прыяцель Лёйхтэнтрагер ужо хоча ведаць, чаго ён так дрыжыць, цi ж мала ён прапаведаваў уваскрэсеньне зь мёртвых, i вось табе маеш, калi тое сталася, ён палохаецца.
- Але я ня ўцямлю, што за гэтым, - кажа Айцэн, - альбо тут сам жыд у плоцi, альбо ж выпладзень пекла, i гэта мяне так палохае.
Лёйхтэнтрагер налiвае яму вiна й суцяшае.
- Ня бойся, Паўль, - кажа ён, - што йдзе, прыйдзе, i ня ты першы, ня ты апошнi, каго чорт забiрае.
Айцэн прымушае сябе засьмяяцца, хоць яму зусiм не да сьмеху, i пасьля таго як ён адаслаў крошку Маргарэтэ з пакоя, якая даволi такi неахвотна выйшла, ён няцьвёрдым голасам пытаецца, цi ня хоча прыяцель Лёйхтэнтрагер сказаць на поўным сур'ёзе, што ў iм больш д'ябальскага чым проста iмя, Люцыпар; акрамя таго ён, Айцэн, нiколi не схаўрусаваўся б з чортам i пактаў не заключаў бы так, каб ён гэтага ня ведаў, бо такi сатанiнскi дакумант, як яно належыцца, прыпячатваецца крывёю, а тут нiякi чорт ня мае нi права на яго, нi якiх бы там нi было прэтэнзiй да яго.
Тут падымаецца Агасфэр i выпростваецца ў цёмную постаць i разгортвае кавалак асьлiнай скуры, якую даў яму Лёйхтэнтрагер, i чытае напiсанае на iм у тоне, ад якога ў Айцэна кроў у жылах стыне:
- Глядзi, вось Я - на пастыраў, i спаганю авечак Маiх з рук iхнiх i ня дам iм болей пасьвiць авечак, i ня будуць болей пастыры пасьвiць самiх сябе, i вырву авечак Маiх з пашчанак iхнiх, i ня будуць яны ежаю iм.
Айцэн ведае словы, прарок Эзэкiiль гэта той, якога ён сам часта панукаў на добрыя справы, i калi ён пачынае разумець, што Вечны Жыд пасьля яго праходу па "вулiцы" не вярнуўся б толькi дзеля таго, каб правесьцi зь iм духоўны дыспут, а што тут iдзе пра вечнае жыцьцё, ён абараняецца з усiм запалам i зацята, як толькi можа, i заяўляе, што ён, Айцэн, быў-такi лепшым пастухом, чым нехта ў сваiм гешэфце, i хоць з Богам на вуснах, але ня чужы й сьвецкiм выгодам, бо што ж тут такога; азiрнешся вакол у герцагстве, i гер тайны радца пацьвердзiць: тут пануе найлепшы духоўны парадак, i няма нiкога, хто самахоць ухiлiўся б ад хрысьцiянскага вучэньня, якое руплiва закладзена добрым доктарам Марцiнусам Лютэрам, а сьледам за iм i iм, Яго герцагскай мосьцi вярхоўным iнспэктарам i супэрiнтэндэнтам, i народ пачувае сябе ахаваным у веры, тым часам як па той бок мяжы, як на ўсход, так i на захад, культывуюцца самыя заганныя ератычныя вучэньнi, i ўсякi там Гiнц альбо Кунц лiчыць, што лепш выкладае Хрыста, чым ардынаваны на тое слуга Гасподнi.
Гаворыць гэта й глядзiць, шукаючы сьведчньня i падтрымкi, на Лёйхтэнтрагера, якi заўсёды падшпорваў яго на богаўгодныя чыны й часта вяцягваў яго з лужыны; але той падбiрае насьмешлiва губкi й кажа:
- Менавiта таму, мой усехрысьцiянскi дружа, менавiта за гэтыя адмысловыя заслугi ты цяпер чортаў.
I як толькi Айцэн падымаецца, каб запярэчыць, хоць у глыбiнi душы ён ведае, што няшчасны ўкрыжаванец не на тое аддаў сваю кроў, каб увекавечнiць палiцыю i сваё цела, ня дзеля пэрпэтуiраваньня вялiкай моцы ўладаў, як жыд падымае руку й кажа:
- Бог ёсьць свабода, бо вырашае Ён, i нiхто iншы за Яго; калi ж тое праўда, што Бог стварыў чалавека паводле свайго вобразу, хто ж тады адважыцца ўцiснуць чалавечы дух у дактрыны?
I тут Айцэн адчувае, што загнаны ў вугал, ён бачыць танец ценяў ў мiгатлiвым сьвятле й думае, што ўсё гэта маленькiя чарцяняты, якiя цiкуюць за iм з распаленымi ражнамi й вiламi, i ўскрыквае. Але гер тайны радца лёгенька кранае яго пальцамi й кажа:
- Паколькi вы лiчылi сябе мудрым, вы сталiся дурнем, як i пiсаў апостал Павел рымлянам.
Айцэн чуе гэта, i ў яго мозгу, у якiм выслоўi й вершы Сьвятога Пiсаньня закруцiлiся, як маленькiя колцы, яго гэта тузае й падколвае, i ён думае, што чорт падкiнуў яму выратавальную вяровачку, каб ён ухапiўся за яе. Таму кажа:
- Усё яно менавiта так, але што меў на ўвазе апостал, пiшучы гэта? Што чалавек можа iсьцi няправiльным шляхам i ўпадаць у памылкi; цi ж за гэта ён робiцца чортавым i павiнен быць пракляты на векi вечныя? Так, я памыляўся, бо я намагаўся пабудаваць на зямлi царства, якое сутнасьцю падобнае да нябеснага, дзе мае значэньне толькi адна рада i ўсё робiцца паводле адной волi; чалавек не павiнен хацець чынiць, падобна Богу, ён толькi жменька праху.
I паколькi Лёйхтэнтрагер складвае рукi на грудзях i маўчыць, пакуль жыд кiвае так, быццам успамiнае словы, сказаныя iм Iсусу, калi той падышоў да ягоных дзьвярэй, Айцэн падазрае, што ён на правiльным шляху, i калi крыху патрэнiруецца ў самапрынiжэньнi, альбо наогул знойдзе каго-небудзь, на каго мог бы перакласьцi сваю вiну, яму, дадаўшы крыху лёгкай рыторыкi, удалося б пазьбегнуць выраку, якi яму пагражае, альбо, прынамсi, памякчыць яго. Таму кажа далей:
- Item, паколькi чалавек памыляецца, а Бог не, i ўсё iдзе паводле Божага рашэньня, направа, калi гэта так вырашана, альбо налева, калi й на гэта Ягоная воля, дык вынiкае, што ня ўласна чалавек вiнаваты, а Бог; i калi б чалавечая вiна ня клалася не на самаго Бога, дык чаму ж тады Бог паслаў свайго роднага сына, каб той узяў усю вiну на сябе?
- Так што, - кажа Агасфэр, - ergo, закасьцянелыя i зацятыя жыды таксама ня вiнаватыя, тыя, што крычалi Укрыжуйце яго! i Яго кроў на нас i на нашых дзецях!, так, нават мусiлi крычаць Укрыжуйце яго! i наклiкаць i чынiць ўсё самае лiхое й пахiбнае, каб споўнiлася воля Божая? I што, ergo, праклён, якi мяне, Агасфэра, спасьцiг, павiнен быў бы спасьцiгнуць самаго Бога ўва мне, Вечна Вандроўным Жыдзе?
Гер супэрiнтэндэнт бачыць, куды ён залез са сваiм аргумэнтам i што ён будзе глыбей i глыбей засмоктвацца багнай, чым больш ён абтоптваецца, але страх перад пякельным пракляцьцем i вечным агнём пад заднiцай падганяе яго, i ён думае, што Божыя плечы шырокiя, i маё калiўца чалавечай вiны, якую я ўскладу на Яго, Яму плячэй не намуляе, i кажа: "Вядома!" i "Так яно й ёсьць!" i, "еrgo, навошта караць пастуха, калi ён робiць толькi тое, што сказаў яму яго гаспадар?" i, павярнуўшыся да свайго сябра Лёйхтэнтрагера: "Д'ябал, дзе твая логiка, сатана, дзе твой розум?"
Вострыя бровы Лёйхтэнтрагера падымаюцца, у вачах блiскаюць iскры, бо падлiчыць, колькi будзе два разы па два, ён умее лепей, чым тыя, якiя пакладаюцца на сваю веру й на цудадзействы Бога. Пасьля ён устае й iдзе да палiцы на сьцяне, на якой роўненька стаяць Бiблii Айцэна й iншыя пабожныя старакнiжныя рарытэты, акуратна пераплеценыя, а справа Айцэнавыя ўласныя друкаваныя творы, вялiкае багацьце й гонар аўтара. I бярэ адтуль "Хрысьцiянскае настаўленьне etc. etc.", выдадзенае ў Шлезьвiгу ў Нiкалаўса Вегенэра, гартае яе, задаволена кiвае й заўважае, што ў творы гаворка йдзе пра prаedestinatio альбо Божае прадвызначэньне, гэтую тэму вы толькi што прадыспутавалi й абгаварылi, i паколькi Айцэн, якому стала горача за вушамi, пацьвердзiў гэта, пытаецца як бы мiж iншым, цi ён i нiхто iншы напiсаў усё, што ў гэтай кнiзе, i паколькi Айцэн, мусiць пацьвердзiць гэта, сябар падыходзiць, трымаючы кнiгу ў руках, назад да стала й разгорнутую кладзе перад Айцэнам, паказваючы пальцам разьдзел i радок, i кажа: "Чытай!", i паколькi Айцэн толькi мыляе губамi: "Уголас! Агасфэру таксама цiкава паслухаць".
I Айцэн мусiць прачытаць тое, што напiсаў у запале сваёй рупнасьцi й што цяпер хацеў бы, каб нiколi так ня думаў, хоць усё гэта было старанна прадумана й пражавана яго добрым доктарам Марцiнусам зь Вiтэнбэрга, а менавiта: "Такiм чынам, верны, сьвяты, найлюбасьнейшы Бог нiкога не прадвызначаў i не ствараў для грэху й пракляцьця альбо вечнай сьмерцi, а пракляцьце бязбожнага паходзiць зь яго ж самога."
- "Зь яго ж самога" - паўтарае гер тайны радца й дадае, скiраваўшы вочы ўгору: - Не з таго там. - Гартае далей i кажа: - Чытай! - I зноў Айцэн мусiць чытаць уголас, i пацьвярджаць, што напiсаў гэта сам, як ён апасаецца, сабе ж вырак, а менавiта:
- "I Бог сваiм судом караў, i карае ў сёньняшнiя днi асьлеплых i зацятых жыдоў паводле iхняй жа волi й iхняга праклёну; i трэба адзначыць, што Сьвятое Пiсаньне гэтую жорсткую, працяглую кару прыпiсвае ня Божаму прадвызнначэньню, а разбэшчанасьцi й зацятасьцi самiх жыдоў".
- Разбэшчанасьцi й зацятасьцi самiх жыдоў, - паўтарае Лёйхтэнтрагер, - а што важна й мае значэньне для самiх небаракаў жыдоў, мусiць, павiнна мець значэньне для гера доктара Божай вучонасьцi, такога як ты, дружа Паўль.
- Iдзi, гер супэрiнтэндэнт, - кажа Агасфэр i падыходзiць да камiна, у якiм злосна паблiсквае, - якраз пара ўжо.
- Iдзi, Паўль, - кажа Лёйхтэнтрагер i паказвае яму кiрунак, - мы пойдзем.
У Айцэна калоцяцца каленi; яму хочацца пабыць яшчэ хоць хвiлiнку, яшчэ выпiць вiна, якое так сьвецiцца на стале, але ён ведае, што яму не дазволяць, i ён баiцца, што застране ў комiне, калi яны ўтрох паляцяць празь яго, ён i Лёйхтэнтрагер i Агасфэр, i можа нават тут унiзе звэндзiцца. Але яго сябар Лёйхтэнтрагер, якi раптам устае перад iм увесь у белым, як анёл на карцiнах, i Агасфэр, адзеньне на якiм здаецца як бы са сьвятла, кладуць на яго рукi, амаль пяшчотна, i, быццам адгадаўшы ягоны клопат, Лёйхтэнтрагер кажа, што ня бойся, ня трэба страху й ты будзеш правiльна транссубстанцыяваны. I як што Айцэн усё яшчэ зьдзiўляецца, якiм жа чынам усё гэта можа стацца, ён раптам адчувае, як яму шырока адамкнула рот, як гэта бывае, калi палявы фельчар рве зубы, i чуе, як Лёйхтэнтрагер кажа: - "Прэч, душанятка, так i так ты ня цаца, а жалю вартая штучка, недабратворная, ня жыўнасная", - i адчувае, як нешта вырываецца зь яго, хоча яшчэ закрычаць да Бога альбо яшчэ да каго, але ня можа гэтага зрабiць.
Праз хвiлiну, калi ў пакой уваходзяць крошка Маргарэтэ й пiсар Калунд, яны знаходзяць бацьку: ён ляжыць каля камiна, задраўшы галаву, страшна вырачыныя вочы ашклянелi, язык вывалiўся з рота.
Агонь у камiне патух, а каля стала, на якiм усё яшчэ чырвона рдзее вiно й сьвецяцца тры келiхi, стаяць боты, якiя крошка Маргарэтэ сьцягнула з ног маладога жыда.
РАЗЬДЗЕЛ ДВАЦЦАЦЬ ДЗЯВЯТЫ Й КАНЕЦ
У якiм рабi прыступае да штурму сьвятога парадку, адбываецца Армагедон i выяўляецца, што апошнiя пытаньнi павiнны застацца без адказу
Мы падаем.
Праз бясконцасьць прорвы, якая ёсьць разам i прасторай i часам i дзе няма нi нiзу нi верху, нi справа нi зьлева, толькi паток часьцiнак, якiя яшчэ не падзялiлiся на сьвятло й цемру, вечны морак. I я бачу рабi й яго руку са знакам раны, рука працягваецца да мяне, i маё сэрца схiляецца да яго.
Ты каешся? кажа ён.
Не, няма ўва мне каяты.
Бо гэта было так велiчна, як страшна гэта нi скончылася, вялiкая Спроба, i павiнна была быць, каб усё акруглiлася i вярнулася да таго, з чаго вынiкла, творыва да свайго стварэньня i Бог да Бога. Але рабi быў богападобны, самы першы й адзiны раз, калi ўзьляцеў на свайго белага рысака й кiнуўся на штурм, у яго вачах полымя, у руцэ двусечны меч справядлiвасьцi й перад iм сьцяг зь iмем, якога нiхто ня ведае, i за iм чатыры цёмныя вершнiкi, той на сернiстым канi, якi называецца Пажар i дастае сваiм лукам да краёў зямлi, i той на чырвоным скакуне, якi называецца Вайна й бярэ мiр, каб яны адзiн аднаго душылi ў далiнах i на ўзвышшах, i той высока на чорнай клячы, зь iмем Голад, у руках вагi, мера пшанiцы за срэбранiк i тры меры ячменю за столькi ж, i той на буланай шкапе, вершнiк Сьмерць. I зрабiлася сонца, як валасяны мех, i месяц, як кроў, i цягнулiся ўгору орды Гога й Магога, на жоўтых i чырвоных i бялёсых i буланых конях i былi ў дасьпехах, агнiстых i бялёсых i сернiстых латах, i пасярэдзiне iх лёталi процьмы шаранчы, у iх былi як бы разразныя вочы й хобаты, якiя плявалi агнём, i шалясьценьне iх крылаў было як скрыгат жалезных калясьнiц. I за iмi сьледам ляцелi анёлы глыбiняў, якiя былi скiнутыя ў шосты дзень разам са мною i з анёлам Люцыпарам, i на iх было шматфарбнае адзеньне i яны брынчалi на цымбалах i бiлi ў лiтаўры й дзьмулi ў трубы, аж далёка разносiлася i ўсё жывое палохалася, i паперадзе iх крочыў зьвер зь сямю галовамi й дзесяцьцю рагамi, i называўся той зьвер Антыхрыст, i начальнiчаў над усiмi. I ледзь толькi яны ўсе прайшлi, як расступiлася зямля, i зь яе падняўся пешы люд, якi складаўся з жабракоў i злодзеяў i да iх падобных выпаўзьняў, i яшчэ з калекаў i сухотнiкаў i такiя ж з пакалечанымi чэлесамi й некаторыя несьлi галаву пад пахай альбо пятлю з шыбенiцы на шыi, а яшчэ й жанчыны гэтакага ж гатунку, бяззубыя, кудлатыя, з адвiслымi цыцкамi й са сьмярдзючымi дзiркамi, i ўсе гэтыя i многiя iншыя лямантавалi й крычалi рознае паскуднае кепства й патрасалi кулакамi, бо такiмi ж гаротнымi й прыгнечанымi, як у жыцьцi, былi яны i ў сьмерцi, i цяпер вось прыйшоў дзень суду, думалi яны, i дзень гневу, i яны пасьпяшалiся за вершнiкамi й пахiбнымi анёламi й былi, як хмара чорных птушак, што плыве па небе. А Люцыпар сядзеў на круглым каменi, нага на назе, кульгавая наверсе, абапершыся падбародкам на левую руку, прапускаючы мiма сябе процьмы войска рабi, нiбыта тут быў вялiкi спэктакль, некiм зладжаны менавiта толькi дзеля яго.
Рабi кратае мяне за плячо кончыкам пальца, i я ўздрыгваю. Марна, кажа ён, усё было пустая марнасьць, гэтым разам таксама.
I я ведаю, што ён думае пра сьмерць, якою ён памёр на крыжы, i як я яго прагнаў ад маiх дзьвярэй, бо ён адмовiўся ад барацьбы; а цяпер ён змагаўся, i гэта зноў жа было ня больш, чым пстрычка ў пустату. Рабi, сказаў я i схапiў яго за руку, далiкатную, як у жанчыны, рабi, можа так стацца, што сёньня ты выбавiў самога сябе.
I было там шкляное мора, якое рассыпалася, i выспы, якiя апусьцiлiся, быццам iх нiколi й ня было, i горы, якiя распалiся як вялiкiя гурбы пяску, i зямля гарэла з аднаго краю ў другi; а людзi ўцякалi ў пячоры ў скалах i шылiся ў шчылiны муроў, i там заставала iх сьмерць, i яны ператваралiся ў ценi на сьцяне. I зоркi ў агнi ападалi зь неба й расчынялi калодзежы прорваў, зь якiх падымаўся атрутлiвы чад i подых спусташэньня, i ўсё, што яшчэ заставалася стаяць, з грукатам лопалася. Але рабi ўсё яшчэ парываўся наперад, i воiнствы яго за iм, шукаючы нябеснага Ерусалiма, якi зь ясьпiсу й шчырага золата й мае дванаццаць брамаў, тры на поўнач i тры на поўдзень, тры на ўсход i тры на захад, i над iмi вялiкi храм зь белага мармуру, у Сьвятая Сьвятых якога на адзiнокiм троне сам Бог, якому пакланяюцца й моляцца ў вякi вякоў праведнiкi, якiя носяць Яго пячатку на лобе; але нiдзе не знайшлося такога горада, як высока нi парываўся рабi са сваiмi сонмамi, з аднаго неба на другое вышэйшае, i ўздоўж i ўпоперак, пакуль на ноздрах ня выступiў шум i плямiсты пот на баках коней чатырох цёмных вершнiкаў i на баках коней ордаў Гога й Магога й нават упанцыраваная шаранча змардавалася i зьвер зь сямю галовамi й дзесяцьцю рагамi пачаў расслабляцца й пахiбныя анёлы ў сваiм шматфарбным адзеньнi як i астатнi пешы люд, што падняўся з магiлаў, i ўсе наракалi, як народ Iзраiля пасьля саракагадовага блуканьня па пустынi. Тут нарэшце зацугляў рабi белага каня i выпрастаўся ў сядле й сказаў усяму народу: Гэты Бог нiдзе; ён разьбiты разам са Сваiмi анёламi й духамi, i ўцёк, i я, Сын чалавечы - цяпер Бог замест Яго, i я хачу рабiць тое, у чым Ён запрысягнуўся, але нiколi ня выканаў; я хачу стварыць новае неба й новую зямлю, у iх павiнны цараваць мiр i справядлiвасьць, i iльвы ляжацьмуць каля авечак, i чалавек ня будзе ўжо ворагам чалавеку, а рука ў руцэ хадзiцьмуць пад маiм сонцам i ў цянi майго саду.