7

Дазволілі сабе паспаць пазней. Была нядзеля. Напярэдадні зрабілі конны рэйд у бок Мінска, у зону, дзе не дыслацыраваліся партызанскія атрады. Паганялі паліцэйскіх у невялікіх гарнізонах. «Каб не спалі, — смяяўся Ігар, — а то салам заплылі». У рэйдзе не ставілі мэту ліквідацыі гарнізона і ў сур’ёзныя баі не ўлазілі, нямецкія базы абыходзілі. Пяцярых толькі здраднікаў адаслалі да прадзедаў. Але панікі нарабілі сярод паліцаяў і старастаў. А добрых людзей падбадзёрвалі: жыве савецкая ўлада не толькі ў далёкіх лясах! Уласна і ставілі такую мэту — прапагандысцкую. Работы больш за ўсё было камісару. Ігар у кожнай вёсцы выступаў. Было пра што сказаць: пра акружзнне фашысцкай арміі пад Сталінградам. Некаторыя жанчыны плакалі ад радасці: свае прыйшлі, сыночкі. Калі мераць па карце, то кіламетраў восемдзесят прайшлі, не лічачы таго, што вакол некаторых вёсак кружылі, пакуль вялі разведку, пятлялі, адступаючы, ішлі па дарогах — праз палі і лясы. Спрыяла пагода — мароз скаваў зямлю, усюды можна прайсці. Вярнуліся ў лагер апоўначы. Ды пакуль пачысціліся, памыліся, павячэралі, абмеркавалі вынікі рэйду. Лічылі яго ўдалым. Камандзіры і байцы былі хораша ўзбуджаныя.

Хворы Брагінскі зайздросціў сваім таварышам. Камандаваў адной «матронай», — сумна жартаваў ён.

Добра набілі зады. Асабліва Золатаў, непрывычны да верхавой язды. У яго так разбалелася паясніца, што ў лагеры яго ссадзілі з сядла, пад рукі вялі да зямлянкі. Ігар кпіў з яго.

Не любіў начальнік асобага аддзела, каб нехта іранізаваў з яго слоў, дзеянняў, паводзін. Калі гэта рабіў камісар, не скрываў сваёй раздражнёнасці і вымаўляў Кіпеню. А часцей за ўсё насмешачкі строіў ён, камсамолец; Ман да гэтага не ўніжаўся — сур’ёзны чалавек, а Брагінскі быў далікатна ўлюбёны ў кожкага, хто быў дужэйшы за яго, старэйшы, меў ваенны вопыт і тут, у атрадзе, рабіў на поўную сілу. Да Баелычыхі меў павагу, што да генерала.

Пасля рэйду, нягледзячы на ламату ў паясніцы, Золатаў быў добры і вясёлы, сам падыгрываў Ігаравым кепікам са сваёй панскай хваробы. Настрой у маёра яшчэ да рэйду ўзняўся. Тры дні назад прынялі радыёграму начальніка Цэнтральнага штаба партызанскага руху.

«Усім партызанскім брыгадам і атрадам Беларусі.

Нямецкая разведка ў Мінску арганізавала падстаўны цэнтр партызанскага руху з мэтай выяўлення партызанскіх атрадаў, засылкі ў іх ад імя гэтага цэнтра здраднікаў, правакацыйных дырэктыў і ліквідацыі партызанскіх атрадаў. Гэты цэнтр партызанскімі атрадамі Мінскай зоны выкрыты. Маюцца звесткі аб тым, што ў гэтай зоне, у мэтах нямецкай разведкі, створаны другі цэнтр, які таксама рассылае дырэктывы і людзей і імкнецца звязацца з партызанскімі атрадамі.

Загадваю: у мэтах папярэджання пранікнення ў атрады варожай агентуры партызанскім атрадам з прадстаўнікамі якіх бы то ні было арганізацый з Мінска ў сувязь не ўступаць і ніякіх дадзеных аб дыслакацыі, колькасці, узбраенні і дзеяннях атрадаў не даваць. Завербаваных прадстаўнікоў, якія з’яўляюцца, уважліва правяраць, і тых, хто выклікае сумненні, затрымліваць.

Панамарэнка».

Золатаў лічыў, што немалую ролю ў прасвятленні становішча ў Мінску мела яго нядаўняе данясенне. А гэта апраўдвала яго дзейнасць тут, тлумачыла правалы яго разведчыкаў у Мінску, нельга не праваліцца, калі фашысцкае камандаванне стварыла такую правакатарскую сетку. Апраўдвала перад начальствам яго асабіста — што хапіла ў яго розуму не пайсці самому; добрую спажыву мела б варожая контрразведка.

Здзівіла стаўленне камандавання атрада да шыфроўкі, на яго думку, блізарукае стаўленне, апалітычнае. Брагінскі паціснуў плячамі — не прыдаў радыёграме значэння, маўляў, нас гэта мала датычыць, у нас няма непасрэднай сувязі з Мінскам. Камісар пашкроб патыліцу: «Цёмны лес. Ніякай яснасці — што да чаго». А Ман проста асудзіў: «Седзячы ў Маскве, рабіць такія вывады? Не паспешліва, Нямала ж там сумленных байцоў. I яны пастаўлены пад двайны ўдар».

Для Мана не існуе аўтарытэтаў. Для яго сам таварыш Сталін не аўтарытэт. А неяк пры размове пра Берыю дзіўна скрывіўся камандзір, хоць нічога і не выказаў. Золатаў запомніў гэтую «паганенькую ўхмылачку». Канешне, пра ўхмылачкі радзіраваць не будзеш. Але помніць варта, можа, калі-небудзь спатрэбіцца, для вуснага даклада, калі вернецца ў Маскву, характарыстыкі людзям, з якімі тут сустрэўся, ён павінен даць поўныя, усебаковыя. Між іншым, і ў часе рэйду ў яго з’явіўся штрышок у характарыстыку Мана: шкадуе паліцэйскіх, была магчымасць скасіць іх больш. Падумаеш, здабытак на цэлы дзень — пяць чалавек.

Радавала Золатава радыёграма. Радаваў рэйд. Урэшце, пры ўсім тым ён, Золатаў, удзельнічаў у сапраўднай баявой аперацыі і паводзіў сябе смелым байцом, ініцыятыўным камандзірам. Асабліва цешыла, што ўпершыню за тры месяцы выканаў свой непасрэдны прафесійны абавязак, другую баявую задачу групы — знішчэнне здраднікаў: дапытаў двух захопленых паліцэйскіх і аднаго, зацятага, які на допыце мацюкаў і Саветы, і Сталіна, і партызан, асабіста сам вывеў за хлеў і… шлёпнуў з задавальненнем, якога даўно не меў, толькі хіба гады чатыры назад, калі расстрэльваў пісьменніка, які, падлюга, на судзе адмовіўся ад усіх паказанняў і абвінаваціў яго ў недазволеных прыёмах следства; польскага шпіёна гэта не ратавала, але следчаму было прыемна, калі нарком Наседкін кінуў папрок: «Груба, Золатаў, працуеш».

За другога паліцая заступіліся вяскоўцы: трохі мяшком ляпнуты, пяцёра дзяцей, нікога не пакрыўдзіў. Ман адпусціў яго. У гэтым выпадку Золатаў ухваліў дзеянне спагадлівага камандзіра, у такой сітуацыі павінна быць палітыка і прапаганда, не лічыцца з думкай народа нельга, народ павінен верыць у гуманнасць партызан.

Паясніцу Золатаву ўначы расціралі весела, калектыўна — фельчар Гнядкоў, Баслычыха, сам Ман. Малады зубаскал Кіпень рагатаў:

«Вы не ў тую шчыліну яму спірытус ільеце. Не паможа. Спірт трэба ў рот, а пад хвост — шкіпідар».

У любы іншы час маёр не сцярпеў бы такіх смяшкоў з намёкамі, такой знявагі. А тут на жарт адказваў жартам. I выконваў параду: уліваў туды, куды трэба. I гэта, напэўна, памагло. Праўда, доўга не ведаў, як прымасціцца на мулкай канапе, але потым заснуў.

Моцна спалі ўсе, акрамя Брагінскага.

Баслычыха прынесла снеданне, як звычайна. Капітан зашаптаў:

— Дайце ім паспаць. Сёння зробім выхадны. Пастаўце, мы самі падагрэем.

Але кухарка забрала каструлю з густым бульбяным супам назад. Праз гадзіну прынесла зноў і ў гэты раз з парога грымнула:

— Ану, пад’ём! Разаспаліся як паны! Рабочыя людзі абедаюць у такі час.

Золатаў павярнуўся, і яму зноў стрэліла ў паясніцу, але не востра ўжо, і настрой гэта не сапсавала. Упершыню фамільярна прабурчэў:

— Ну, і чортава ж ты баба, Матрона. Няма ад цябе спакою. Як цябе муж цярпеў?

— Мужа я на руках насіла, у люлечку клала.

— Пакладзе такая, як ты, — бакі забаляць.

— Ты, маёр, што наравісты конь — вернеш заўжды ў свой бок… куды табе хочацца.

— Няма ў цябе, камандзір, дысцыпліны ў атрадзе. Паслухай, як яна прабірае старэйшага.

— А табе хочацца, каб усе стаялі перад табой навыцяжку? Немуштраваныя мы. Зямлю араць умеем.

Ігар падхапіўся па камандзе кухаркі, спаў у штанах, і, босы, рабіў гімнастыку каля печкі.

— Ты мне суп не разлі, скакун. Не наскакаўся ўчора?

Ігар смяяўся, яго развесяліла, што Матрона ўрэшце дабралася і да энкавэдыста, скаблянула і яго, раней яна больш праязджалася па ім, маладым, зрэдку даставалася Аляксею Іванавічу, культурна паводзіла сябе толькі з хворым начальнікам штаба, да яго звярталася, як сялянка да настаўніка, паважліва: Навум Барысавіч.

Золатаў пашкадаваў, што зачапіў языкатую бабу, але не пакрыўдзіўся за яе наскок, павярнуў на жарт.

Камандзір спаў у споднім, таму пры жанчыне не вылазіў з-пад кажуха.

Бяскрыўдныя сваркі Баслычыхі з Ігарам, з камандзірамі ўзводаў, з партызанамі і з ім заўсёды забаўлялі; жанчына ўносіла ў іх суровае лясное жыццё нейкую хатнюю атмасферу, па якой, напэўна, кожны сумаваў.

Пасля Ігар і Золатаў галіліся. Свяшчэнная працэдура. Але таксама забаўная. Ігар меў звычайную брытву савецкага вырабу. I як Аляксей Іванавіч яе ні напраўляў, не брала яна рыжаватай маладой поўсці. Перад галеннем ён часта жартаваў:

«Навум, завяззай мне канец тугім вузлом».

У Золатава брытва была адменная, нямецкая ці шведская. Але нават Брагінскаму не даваў ён сваёй брытвы, груба жартаваў:

«Дзве рэчы нельга давяраць самаму лепшаму сябру — брытвы і жонкі».

Ігар распаліў печку, нагрэў у кацялку вады і першы прымасціўся перад невялічкім люстэркам.

— Іду на галгофу.

— Вазьмі маю, — раптам прапанаваў Золатаў, здзівіўшы і Кіпеня, і Брагінскага, і Мана, які рэдка калі чаму здзіў ляўся.

Калі Золатаў пачаў галіцца сам, увайшоў камандзір узвода Мазоўка, дзяжурны па лагеры. Былы калгасны брыгадзір любіў армейскі парадак і заўсёды дакладваў бадзёра, гучна. А тут як бы вінавата пашкроб патыліцу:

— Таварыш камандзір, затрыманы невядомы… у самім лагеры ўжо…

Ман устрапянуўся: у лагер прабраўся чужы чалавек? Чэпэ!

— А паставыя твае што рабілі? Спалі?

— Чорт яго знае, як ён прабраўся. Без дакументаў, але з пісталетам… Во «вальтэр» бельгійскі… — не без шкадавання перадаў камандзіру пісталет.

— Вясёленькая гісторыя! — выгукнуў Ігар. — Так ён мог і ў нашу зямлянку ўваліцца, пакуль мы спалі.

— Дык і спытаў у Ляўшына… той каля прыбіральні яго сустрэў… Дзе, кажа, ваш камандзір?

Ман мацюкнуўся.

— Начальніка каравула — пад арышт!

— Кажа, з Мінска, падпольшчык…

Золатаў застыў з брытвай.

— Падпольшчык? — і тут жа сцёр са шчакі мыла, склаў брытву, вочы яго загарэліся, што ў лаўца, які пачуў здабычу. — Ну, во ён, не прымусіў сябе доўга чакаць. Хіба не казаў я, што з’явіцца?

Хто з’явіцца? Адкуль з’явіцца? Нічога ён такога не казаў. Праўда, пасля радыёграмы Панамарэнкі гаварылі пра яго людзей: ніводзін з трох не вярнуўся, не перадаў звестку. I хоць Ман аспрэчваў сцвярджэнне штаба, што немцам удалося сапраўднае падполле замяніць правакацыйным, ён мусіў пагадзіцца, што становішча ў горадзе складанае, і згадзіўся на тое, каб правесці разведку сваімі людзьмі — былымі мінчанамі.

— Сюды яго! — грымнуў Золатаў, адчуўшы сябе гаспадаром становішча — прываліла яго непасрэдная справа, знаёмая, любімая, па якой сумаваў.

Хутка надзеў гімнасцёрку, падперазаў партупею з кабурой на папрузе. Прайшоўся па зямлянцы як бы ўпрысядку, пацёр калені. Следам за ім паспешліва прывялі сябе ў форму астатнія. Толькі Аляксей Іванавіч не ўзброіўся, яго пісталет, які ён звычайна насіў у кішэні, ляжаў пад падушкай.

— Цікава, што за птушка да нас заляцела? — Золатаў ізноў пацёр калені. — Думаю, не верабей.

Забыліся на галенне, на суп, які пачаў кіпець на буржуйцы. Глядзелі на дзверы. Адчыніліся яны, і па насціле ў зямлянку спусціўся каржакаваты малады чалавек са шчаціністай барадой — колькі дзён не галіўся. Вочы яго ўзбуджана блішчэлі, Ігару здалося — радасна, Золатаву — падазрона, так яны ўпачатку гараць у кожнага злачынцы, бо кожны з іх падрыхтаваўся да лжывых паказанняў і ўпэўнены, што яны неабвяргальныя, вочы ў іх патухаюць тады, калі «прыціскаеш да сцяны», і тып такі вымушаны даваць праўдзівыя паказанні.

Шабовіч павітаўся гучна і радасна.

— Добры дзень, таварышы камандзіры! — і памкнуў-

ся павітацца за руку, але гэтага жэсту яго не ўбачылі. Адзін

барадаты адказаў:

— Добры дзень, калі не жартуеш.

Вядома ж, чаму гэта яны павінны вітацца з ім, не ведаючы, хто ён, адкуль.

— Я — Шабовіч, Станіслаў Антонавіч. З Мінска. Член падпольнай арганізацыі.

Золатаў ажно крактануў ад задавальнення — знаёмы прыём, колькі разоў чуў: «Я — стары бальшавік».

Ману таксама не спадабалася такое самаўпэўнекае прадстаўленне — быццам дакументы паклаў на стол. Падпольшчык павінен ведаць, што такое прадстаўленне на вайке, у сітуацыі, у якой ён апынуўся, мала што значыць. I камандзір задаў пытанне, якое, здавалася яму, хоць штосьці магло прасвятліць ці ва ўсялякім разе падказаць гэтаму дзіваку, калі ён наш чалавек, што не з таго трэба пачынаць:

— Як вы знайшлі нас?

— А мяне правёў хлапчук… тутэйшы. Ён тут усе хады знае.

Запунцавеўся і закашляўся Брагінскі: ахова лагера абавязак начальніка штаба.

— А хлопчыка дзе вы знайшлі?

— О, гэта доўгая гісторыя!

— I што вы прынеслі нам? — спытаў Золатаў.

Шабовіч разгубіўся, нават азірнуўся: а што ён павінен быў прынесці?

— Нічога не прынёс. Пісталет. Мяне арыштавала СД. Я ўцёк у першую ж ноч. У горадзе татальная аблава. Заставацца там немагчыма было. I мы пайшлі…

Золатаў зноў крэкнуў і рэзка нахіліўся, быццам яго ўдарыла ў жывот. Не, радаснае хваляванне ўдарыла ў балючае месца — у радыкулярнае спляценне, так б’е пры стрэсе. Падумаў:

«Выдае сябе — тэрміналогіяй: татальная!»

— Хто — мы?

— Я і… мая жонка… падпольшчыца Аксана Каваленка. Ды я па парадку раскажу вам, калі маеце час. Гісторыя доўгая.

— Расказваць табе, хлопча, прыйдзецца незалежна ад таго, маем мы час ці не, — заўважыў Ман, падняўшыся са свайго тапчана. Ён зняў з печы каструлю з супам, які весела булькаў і напаўняў зямлянку апетытным пахам падсмажанага з цыбуляй сала. Снеданне адкладвалася.

Шабовіч галодна пракаўтнуў сліну.

— Дык я па парадку раскажу? — спытаў дазволу.

— Само сабою разумеецца, па парадку, — згадзіўся Аляксей Іванавіч.

— Парадак буду вызначаць я! — катэгарычна заявіў Золатаў.

Шабовіч у самым пачатку вырашыў, што камандзір атрада — вось гэты, адзеты ў армейскую форму чалавек, і звяртаўся пераважна да Золатава, хоць душа яго цягнулася да равесніка — да Ігара; здавалася, што гэты бялявы бязвусы хлапчына зразумее яго хутчэй, чым хто.

Які ж парадак прапануе камандзір?

Золатаў сеў да стала, дастаў з планшэткі блакнот, карандаш.

«Як следчы», — падумаў Шабовіч, хоць ніколі са следчым не сустракаўся, ведаў іх па кнігах, па кіно. Азірнуўся, на што сесці — нылі ногі. Але садзіцца яму не прапаноўвалі. Гэта крыўдзіла. Ён разумеў, як нялёгка яму паверыць, аднак не сумняваўся, што, калі выслухаюць яго шчырую споведзь, не могуць не паверыць. Але сесці прапаноўваюць нават выяўленым злачынцам.

Парадак заключаўся ў тым, што «следчы» сказаў:

— Слухаем вас.

Трохі звязвала, што мусіў расказваць стоячы, пераступаючы з нагі на нагу. Але, можа, гэта дало расказу тэмп, дынамізм, і ён хутка забыўся на сваё становішча. З імпэтам, з гонарам за сяброў расказваў пра сваю падпольную групу, назваў па ходу імёны ўсіх дзевяці чалавек, чыё сапраўднае імя, чыю падпольную клічку. Прозвішчы абыходзіў. Калі прадстаўляўся, назваў сваю ды Аксаніну і кіраўніка свайго, Піліпа Стануліна, назваў поўнасцю. Кіраўнікі Цэнтра ўсе ішлі пад клічкамі, ды акрамя Кулагіна і Клюшава, які аказаўся правакатарам, іншых прозвішчаў ён не ведаў. Ведаў людзей іншых груп, напрыклад, іх, бальнічныя, былі ў трох розных групах, але пра іх паведаміў між іншым, «для фону», без імёнаў, без іх аперацый, хоць некаторыя з гэтых аперацый былі вядомы не толькі яму, падпольшчыку, — усяму насельніцтву. Пра дзейнасць сваёй групы расказваў падрабязна — пра дыверсіі, пра ліквідацыю рэдактара, пра збор характарыстык на служачых управы, чым займаўся Іван, пра збор разведдадзеных аб правозе на фронт нямецкіх часцей.

— I каму перадаваліся гэтыя дадзеныя?

— Піліп быў звязаны з армейскай групай, яна мела рацыю.

— У горадзе? — зацікаўлена ўскінуў галаву Золатаў.

— Не знаю, можа, і ў горадзе.

«З армейскай ці з нашай?» — падумаў Золатаў. Яму не давала спакою група Новікава, яго калегі, маёра ўпраўлення контрразведкі, якую выкінулі з таго ж самалёта, толькі ў другім раёне, на поўдзень ад Мінска, некуды ў пухавіцкія лясы. Якаў Міхайлавіч думаў пра Новікава ўвесь час з бояззю, што Новікаў прабраўся ў горад і вядзе перадачы адтуль. Такая ўдача таварыша, якой па логіцы трэба радавацца, для Золатава была вельмі непажаданай, яна закрэслівала б яго радыёграмы аб немагчымасці прабрацца ў Мінск, аб правале яго разведчыкаў. Тое, што нямецкі агент — а ён не сумняваўся, што Шабовіч агент — так лёгка прайшоў у лагер, Золатаў звязваў з правалам свайго чалавека лейтэнанта Кротава, якога пасылаў адгэтуль. Выдаў лейтэнанцік планы, усе дыслакацыі, усіх людзей. Можа быць, што гэты падасланы з мэтай забіць яго, Золатава. Не, хутчэй за ўсё, каб выдаць атрад. А можа, задума ворага больш хітрая.

Золатаў раскрыў блакнот.

— Прозвішчы членаў вашай арганізацыі.

I тут у Шабовіча як бы адбылося кароткае замыканне. Спачатку расказ цёк без супраціўлення, свабодна; праўда, калі падмяняў прозвішчы клічкамі, адчуваў некаторую няшчырасць перад гэтымі людзьмі, якім вырашыў расказваць усю праўду, разумеючы, што толькі праўда можа пераканаць іх. I раптам — прозвішчы. Для запісу. А іх ніхто нідзе не запісваў. Усе разам. Была ў іх свая клятва, групавая, яны, канешне, не палілі рукі на агні, не распісваліся крывёю, але па-брацку дамовіліся: ні ворагу, ні маці роднай, ні пад катаваннем, ні на сяброўскай гулянцы не называць прозвішчы сваіх людзей, ва ўсялякім разе так, каб камусьці прыйшло ў галаву: ёсць група, арганізацыя. А чым займаецца тайная арганізацыя ў акупіраваным горадзе — пра гэта дзіця здагадаецца; пра падпольшчыкаў мяшчане шэпчуцца — хто з асуджэннем, хто з захапленнем.

Вопытны следчы адразу злавіў гэтую замінку.

«Цямніць, сволач. Ды я цябе наскрозь бачу».

Мільганула ў Шабовіча жаданне выдумаць прозвішчы сяброў, хоць трэць ён ужо назваў. Але тут жа адкінуў гэты намер. Няпраўда вылазіць, што шыла з мяшка. Пачнеш сачыняць прозвішчы — запнешся і страціш давер. Назваць прозвішчы знаёмых, не звязаных з падполлем? Але ж гэты блакнотны лісток можа стаць калі-небудзь сур’ёзным дакументам.

— Станулін Піліп Іванавіч, Ткачук Іван Рыгоравіч…

— Характарыстыкі. Узрост. Паходжанне. Дзе працуе. Прыкметы. Асаблівасці характару.

— А навошта? Вы будзеце правяраць? Здолееце?

— Трэба будзе — праверым! — голас чалавека, якога Шабовіч палічыў камандзірам, рабіўся ўсё больш суровым, пракурорскім.

Гэта адчуў і Ман, які ведаў падобныя прыёмы. I асудзіў: неразумны метад, хлопец можа замкнуцца і не сказаць усёй праўды. Безумоўна, проста так, па адным самапрадстаўленні, без роспыту, нельга верыць, вораг хітры, падкідваў ужо шпіёнаў. Але вопыт яго жыццёвы і чалавечая ўважлівасць настройвалі ў карысць гэтага маладога чалавека.

Аляксей Іванавіч адкарэкціраваў метад допыту — падаў Шабовічу табурэтку.

— Ты сядай. У нагах праўды няма. Курыш? Дай яму, Ігар, закурыць. — Шабовіч сеў. Закурыць яму страшэнна захацелася — каб суняць хваляванне. А кісет з махоркай, якую раздабыў Міколка, забыў на гарышчы Ганнінай хаты. Прагна глядзеў, як Ігар адарваў шматок газеты, насыпаў махоркі, працягнуў яму:

— На, круці.

— Дзякуй. У мяне такое ўражанне, што я недзе бачыў цябе. Не на з’ездзе камсамола?

— Камсамолец? — спытаў Ман.

— Канешне, камсамолец.

Золатаў скрывіўся.

— Дык што ж цябе прывяло да нас? — накіроўваў допыт Ман.

— Арышт. СД нас арыштавала. Але я па парадку…

— Толькі па парадку, — не параіў — патрабаваў камандзір.

Трое слухалі яго з незвычайнай уважлівасцю, з шчырым жаданнем зразумець, што за чалавек да іх з’явіўся, нечакана, падазроным шляхам. Чацвёрты, Золатаў, — з адзінай мэтай: на чым яго злавіць. Людзі на допыце заўсёды спатыкаюцца, ва ўсялякім разе, маючы вопытнае вока і вуха, можна ўбачыць і пачуць, дзе яны гавораць праўду, а дзе пачынаюць сачыняць, каб выгарадзіць сябе ці кагось блізкага.

… — Чакай. Каго арыштавалі?

Шабовіч сказаў.

Золатаў глянуў у блакнот.

— Хацяновіча і Чурсіка вы не называлі.

— Дык яны ж не падпольшчыкі. Хацяновіча мы хацелі ўцягнуць, электрык управы мог бы і паслухаць што трэба і зрабіць. А Чурсік паліцэйскі. На ім мы паставілі крыж.

— Што значыцца крыж?

— Што нашым чалавекам ён не стане. Але ў яго доўгі язык, гуляючы, мы выцягвалі з яго патрэбныя звесткі. Ад нас ён не скрываў. Баец самааховы — Іван, фельчар бальніцы — я. Лічыў нас сваімі людзьмі.

— Сваімі?

— Ну, як сваімі… у галаву яму не прыходзіла, што мы падпольшчыкі.

— I часта вы гулялі ў гэтага Чурсіка?

— Не часта, але здаралася.

Золатаў хмыкнуў, не стрымаўся ад уедлівай заўвагі:

— Прыемна вы час праводзілі… з паліцэйскімі…

— Таварыш камандзір! Вы не ўяўляеце асаблівасці падпольнай работы. Нам прыходзіцца выкарыстоўваць любыя метады. З ваўкамі жыць…

— Пакуль што я вам не таварыш.

— Я разумею.

«Усё ты, сволач, разумееш, толькі ягнёнкам прыкідваешся», — падумаў Золатаў. А Ман падумаў не лепшым чынам пра самога Золатава: «Тапорна працуе чэкіст. Не ўлічвае, што іншай магчымасці праверыць, хто гэты чалавек, у нас няма. Толькі адно — паверыць ці не паверыць у тое, што ён раскажа».

Аляксею Іванавічу хацелася паверыць.

— Прадаўжайце, Шабовіч, — сказаў камандзір, робячы націск на прозвішчы. Калі хлопец недурны, то павінен акрыліцца гэтым — што паверылі ў яго прозвішча. Ман стараўся хоць як падтрымаць яго і знізіць пракурорскі тон начальніка асобага аддзела.

Па турме пытанні ўзнікалі ва ўсіх. У Брагінскага — чаму яўрэяў адбіралі асобна?

— Іх расстралялі ў тую ж ноч. Не сумняваюся.

Капітан, і без таго бледны, пабялеў.

Ман спытаў, колькі ўсяго было арыштаваных.

Шабовіч шчыра прызнаўся, што назваць лічбу не можа, але, напэўна, не менш двухсот.

— Дзеці былі? — спытаў Ігар.

— Дзяцей не было. I жанчын нямнога.

А Золатава зацікавіў адзін чалавек — Бяспалы.

— Вы ўпэўнены, што пазналі ў ім аднаго з кіраўнікоў падполля?

Шабовіч задумаўся, прыгадваючы, як ён сказаў пра Клюшава. Не, не казаў ён, што Клюшаў кіраўнік.

— Станулін сказаў нам, што гэта чалавек з Цэнтра, юрыст.

— I ён вучыў вас рабіць дакументы?

— Вучыў.

— З веданнем справы?

— Прафесійна.

— I вы рабілі дакументы па яго рэцэпце?

— Я дакументамі не займаўся. У мяне быў легальны пашпарт.

— Нямецкі?

— Не, савецкі. З нямецкім штампам. I пропуск начны.

— За што такія прывілеі?

— Я ж фельчар.

Золатаў падумаў: добра фашысты рыхтуюць сваіх агентаў, легенды на іх. А яго групе наркаматаўскія кручкатворы пашпарты выдалі ліпавыя — нямецкія, і легенды ў тых, хто пайшоў у Мінск, ды і ў яго таксама, былі прымітыўныя ў параўнанні з легендай гэтага Шабовіча.

«Праверу, які ён фельчар. У шпіталі. Ці зробіць перавязкі, ці назаве лякарствы?»

Золатаву хацелася аб’яднаць правакатара Клюшава з Кавалёвым, у здраду якога не вераць разяваты Дзядзюля і Ман, але, мяркуючы па радыёграме, верыць Панамарэнка. Радыёграма, што Кавалёў — Клюшаў — Бяспалы, пацвердзіла б думку ў штабе і ў яго наркамаце аб правакатарскім характары ўсяго падполля. Асабіста яго гэта не здзіўляе. Колькі іх засталося, недабітых ворагаў, ды і многія з тых, каго яны ўзялі, у пачатку вайны выслізнулі. Пры эвакуацыі турмаў сотні ўцякалі. Гэта ў яго хапіла розуму ліквідаваць групу, якую вёў з Мінска ў Магілёў, калі зразумеў, што не давядзе. Ды і навошта даводзіць?

Гэты шпіён хоць і добра падрыхтаваны, але наіўйы, не разумее, што сваім блытаным расказам пацвярджае даўнія цвёрдыя перакананні яго, Золатава, наконт усяго падполля; не верыў у яго яшчэ ў Маскве, партызаны — справа іншая, многія атрады сцэментаваны работнікамі НКУС. Вось і ён навёў парадак у гэтага загадкавага маўчуна Мана. Без яго яны разявілі б раты перад такім Шабовічам.

Гестапа добра ведае псіхалогію «падпольшчыкаў»: пасадзілі арыштаваных у машыны і — паказвайце кватэры сваіх. I паказвалі, можна не сумнявацца.

— I многа вы паказалі кватэр сваіх таварышаў?

— Я? Ніводнай.

— Хвала. Хвала.

I прагучала ў гэтым «хвала» такая іронія, што ў Шабовіча ад крыўды заняло дыханне.

Ён абвёў затуманеным позіркам усіх камандзіраў: няўжо ніхто яму не верыць? Не, у старэйшага, барадатага, добрыя спагадлівыя вочы. Не можа ён не верыць! I спакойны добразычлівы загад:

— Прадаўжайце, Шабовіч.

Але калі ён расказаў, як піхнуў з кузава вартавога, скочыў на яго так, што хруснулі коеці, і схаваўся ў двары таго дома, куды пайшлі афіцэры, камандзір у форме сарваўся са сваёй канапы і прайшоўся вакол печкі ледзьве не ўпрысядку, так робяць ад вялікай радасці, але тут жа застагнаў, схваціўся за паясніцу.

Сапраўды Золатаву ўдарыла ў спляценне радасная эмоцыя, выходзіць, радасць б’е, як страх, які ён перажываў намнога часцей; праўда, біла і ў сэрца і ў паясніцу, калі біў ён, страляў, але то была не радасць, таму пачуццю назвы няма, там скачок узвышэння над ахвярай, прага помсты таму, хто прымушаў яго ўніжацца да катавання, змешваўся з брыдкай згрызотай сумлення, з тайным страхам перад магчымасцю самому апынуцца ў становішчы падследнага. А ён добра ведаў, што тады ніводзін з яго калег не пашкадуе яго, як нікога з былых саслужыўцаў, хто зламаўся, не пашкадаваў ён.

— Вы не верыце ў праўдападобнасць майго вызвалення?

— Пастарайцеся, каб мы паверылі, — зноў іронія.

— Мне самому не верыцца, што ўдалося так… Я яшчэ там падумаў, што, мабыць, СД трэба было, каб нехта з нас уцёк. Можа, мы з Іванам. Яны сачылі за намі. Бо адкуль у іх фатаграфіі? У турме не фатаграфавалі. Я раскажу, як да Чурсіка прыйшлі паліцэйскія і паказалі размножаныя фота. I на іх — Іван і я.

Золатаў устрапянуўся. Тут не да іроніі. Гэта нешта новае. Новы паварот, нечаканы. Падследны сам выдае сябе. Але навошта?

Маёр пашукаў у памяці аналагаў. Усё было: прызнаваліся, каяліся. Але каб у самым пачатку нехта рабіў падобны ход — такога не ўспомнілася. Недаацаніў, выходзіць, ён гэтую залётную птушку. Тып непамерна больш складаны, чым кожны нават з тых, што білі сябе ў грудзі: «Я — стары бальшавік».

Гэты ў грудзі не б’е і нават не збіраецца. Гэты прызнаецца, што яму далі магчымасць уцячы. Але з якой мэтай робіцца такое прызнанне — во задачка, якую яму, чэкісту, належыць рашыць. На дапамогу Мана і нават Брагінскага спадзявацца няма чаго. Развесілі вушы. Вераць.

— А навошта гестапа трэба было выпускаць вас? Як вы думаеце?

— Чорт іх знае. Як прыманку — прымітыўна. Добра СД ведае, што мы не такія наіўныя. Думаю, што правакацыя замышлялася больш складаная. Але якая?

— Гестапа ўмее, — заўважыў Ігар.

— Між іншым, каб вы ведалі. У Мінску няма гестапа. Немцы з пачатку вайны размежавалі свае службы. Гестапа — тайная палітычная паліцыя — дзейнічае ў самой Германіі. На акупіраваных тэрыторыях гэтую работу выконвае СД — аддзел палітычнай контрразведкі, «вафен СС» — войск СС. Так у іх пераплецена…

Гэтым Шабовіч канчаткова загубіў сябе перад Золатавым.

«Бач, які дасведчаны, падлюга!»

Сам ён быў невысокай адукацыі, рабіў ва ўпраўленні ўнутранай бяспекі. Ім чыталі лекцыі аб структуры нямецкіх органаў, але ён не ўнікаў у яе — здалося залішне складанай і непатрэбнай для практычнай работы. Зацікавіўся ўсім гэтым, калі назначылі камандзірам спецгрупы, але часу на падрыхтоўку заставалася мала, трэба было асвоіць многія практычныя абавязкі, напрыклад, тыя ж скачкі з парашутам, вывучэнне зброі, сваёй і варожай, прозвішчы мінчан, з якімі можна было б паспрабаваць устанавіць сувязь, метады канспірацыі. Ды мала чаго! Словам, не датэорыі было, званні афіцэраў СС не ўсе запомніў, «штурмаў» гэтых. Тое, што арыштаваны як бы тыцкнуў яму, разведчыку, яго няведанне таго, што, разумеў, абавязаны быў ведаць, моцна закранула і ўзлавала. Але гэтую ўспышку ён патушыў. Даймала іншае: з якой мэтай шпіён так лёгка прызнаецца ў сваіх ведах? Як усе людзі яго складу, Золатаў быў высокай думкі пра свае разумовыя здольнасці, і яго проста даводзіла да шаленства, што не можа ён разгадаць хітрыя хады гэтага шчанюка, які выдае сябе за радавога падпольшчыка. Малады ж яшчэ, гад, для вопытнага разведчыка. Мусіў, тоячыся ад самога сябе, прызнаць, што немцы рыхтуюць сваіх агентаў лепш, чым рыхтавалі яго, а тым болын радавых яго групы.

«Ашаламіць яго пытаннем — якую школу скончыў? Не, рана. Трэба даслухаць да канца яго казку для дурняў».

Між тым у Аляксея Іванавіча думка ішла зусім у іншым напрамку: ён пахваліў хлопца за дасведчанасць, за веданне ворага. Скончыцца ўсё добра, стане Шабовіч байцом атрада — няхай перадасць свае веды партызанам, ворага трэба вывучаць.

Магчыма, у занятага «рашэннем задачы» Золатава, парвалася нітка Шабовічавага расказу.

— Стоп! Да каго вы пайшлі?

— Да Чурсіка. Да паліцэйскага. У каторага арыштавалі нас.

Золатаў зноў сарваўся з тапчана і прайшоў вакол печкі, але не прысядаючы, толькі расціраючы паясніцу. З рота яго выбулькнуў кароткі дзіўны гук — не то рогат, не то стогн болю.

Спыніўся перад Шабовічам.

— I што вас павяло туды?

— Разважыў: толькі там, у доме паліцая, мяне не будуць шукаць. I адзецца трэба. Я ж застаўся ў адным пінжачку. Адубеў. А галоўнае — Аксану папярэдзіць. Толькі жонка паліцая магла схадзіць у бальніцу, не выклікаючы падазрэнні…

Золатаў павярнуўся да Мана:

— Глядзі, Аляксей Іванавіч, любуйся: які стратэг і тактык. Геніяльна! Ніколі не прыдумаў бы.

— А што? Лагічна, — сказаў Брагінскі.

— А я што кажу? I я кажу: вельмі лагічна.

Не, не ўхваленне выказваў чалавек, якога Шабовіч лічыў камандзірам, — уедлівы здзек, хоць і прыкрыты знешнім спакоем. Трэба дурнем быць, каб не зразумець гэтага. Крыўдна да болю. Але Шабовіч захоўваў разважлівасць, якой навучыла падпольнае жыццё.

«А я паверыў бы на іх месцы?» — падумаў ён. Магчыма, і паверыў бы. Здаецца, два маладыя хлопцы вераць. А старэйшыя?.. У іх вопыт. Камандзір крыўдна не верыць, здзекліва. Барадаты панура маўчыць. Зрэдку, праўда, у яго добра загараюцца вочы. Нялёгка будзе прымусіць гэтых людзей паверыць яму. У нейкі момант іранічна пасміхнуўся над сваім становішчам.

«Хто я такі для іх? Бяспашпартны бадзяга».

Лежачы на гарышчы ў Ганны ў мінулую ноч, ды і ў папярэднія ночы, ён прыкідваў, як трэба расказваць у атрадзе, каб паверылі яму. Меў намер аб прабыванні ў Чурсіка расказаць з гумарам — хто каго трымаў пад арыштам. Сапраўды сітуацыя забаўная. Але пасля ўедлівай заўвагі «следчага», яму раптам здалася ўся гісторыя з Чурсікам больш непраўдападобкай, чым нават уцёкі з машыны ад эсэсаўцаў. Падумаў, што, напэўна, і сам ён прыняў бы падобную прыгоду з недаверам ці ва ўсялякім разе з пытаннямі, на якія, калі яны з’явяцца, няпроста будзе адказаць. Таму прабыванне ў Чурсіка ён «праскочыў» — ні дранікаў, ні карцёжнай гульні. Толькі паліцэйскія, бо меў неасцярожнасць раней сказаць пра фота, прыход Хрысціны і чаканне ночы на гарышчы. Але і гэта выклікала ўедлівую ўсмешку Якава Міхайлавіча, так да яго звярнуўся малады кучаравы вайсковец, і новае ўедлівае пытанне:

— Навошта ж было трымаць яго пад пісталетам? Такі надзейны друг!

— Чаму вы лічыце — надзейны? Паліцай. А паліцай — што сабака, невядома, калі схопіць за лытку.

— Што ж вы з ім так нюхаліся?

— У карты? Гульня. На карысць справе. Я ж казаў: Чурсік многа балбатаў. Напрыклад, ён выдаў нам вераснёўскую акцыю.

— Што за акцыя?

— Гэткая ж татальная аблава.

— I ваша група ўцалела? — спытаў Ман.

Золатаў ухваліў яго пытанне, падміргнуўшы, — крыўдна для Шабовіча.

— Аднаго арыштавалі. Чыгуначніка Масюкевіча. Станулін змяніў кватэру і месца працы. I прозвішча, пашпарт.

I тут раптам Шабовіч спахапіўся:

«А навошта я выдаю такія звесткі?»

Яны не вераць яму — гэта зразумела. Навошта ў такім разе яму выкладваць усё? Ёсць дзейнасць падпольшчыкаў, якую ім, партызанам, зразумець немагчыма. Ім дзіўна. Іх шмат што здзіўляе з таго, што ён расказвае.

На самай справе ўсё было глыбей: недавер да яго патроху размываў поўны давер да іх, ва ўсялякім разе да гэтага, які вядзе допыт, з яго адкрытай падазронасцю, што мае справу з ворагам. Чаму думаць менавіта так, а не інакш — зыходзячы з таго, што перад табой сумленны савецкі чалавек? Безумоўна, ворагаў народа было многа. Колькі іх арыштоўвалі! Але ж вайна паказала, што дзевяноста пяць працэнтаў, калі не болып, шчырыя савецкія патрыёты. «Дык чаму ж ты не даеш мне месца ў гэтай абсалютнай большасці? — думаў Шабовіч. — Табе ж было б лягчэй дайсці да праўды».

Асудзіўшы сябе, што выдаў імёны людзей сваёй групы, Шабовіч вырашыў: болын ніякіх імёнаў, ніякіх адрасоў людзей, што памагалі яму. Асабліва вясковых, недалёкіх, бо могуць пачаць правяраць вось такім метадам, зрабіў чалавек добрую справу, а яго будуць дапытваць з падазронасцю.

Каго гэта пацешыць у ваенны час?

Цётка і дзядзька, як і сама вёска Цнянка, з расказу выпалі, хоць Золатаў чамусьці вельмі зацікавіўся, дзе ж Шабовіч сустрэўся са сваёй жонкай.

— У полі? Пад Паперняй, — мясцовасці Золатаў не ведаў, і назва вёскі яму мала што сказала, але ён лагічна ўсумніўся, што ў цёмную асеннюю ноч можна так лёгка сустрэцца ў полі двум чалавекам, якія не маюць ніякіх сігналаў, нават запалак. Не словамі, а позіркам, у якім была і перасцярога хлопцу, выказаў сумненне і Ман, які добра ведаў, на якой адлегласці Паперня ад Мінска.

Падрабязна, з дэталямі, Шабовіч расказаў, як раніў паліцай Аксану і як ён забіў таго паліцая. Гэта выслухалі ўважліва, без сумніцельных ухмылак, вярнуўшы Шабовічу надзею, што і тут яму паможа Аксана, як памагала неаднойчы ў горадзе, — яе раненне прымусіць камандзіраў паверыць яму.

— Дзе гэта адбылося? — спытаў Ман.

— Не знаю, — адказаў Шабовіч.

Сапраўды ён не знаў, як называлася тое лясное ўрочышча і вёска, адкуль паліцэйскі прыехаў. Але назву вёскі дзеда Івана ён знаў, аднак не сказаў, бо пра яе запытаў Золатаў. Ён жа слушна вымавіў:

— Які ж ты падпольшчык? Бярэш у чалавека каня і не пытаешся, куды яго вярнуць. Так партызаны не паступаюць.

Ахоўваючы дарагіх яму людзей, Шабовіч мяняў ім імёны: дзед Іван — Андрэй, Мар’яна — Ганна, а Ганна — Мар’я, Міколка — Дзімка. I няўцям яму было, што калі не імёнамі, то назвамі вёсак ён шкодзіць сабе, разбурае давер да свайго расказу, не ў Золатава, — у сапраўднага камандзіра — у Мана, які ведаў не толькі свой раён, але ўсю вобласць. Скрыўшы, дзе засталася Аксана, — да таго часу, пакуль не павераць яму, не паверыць ён гэтым людзям, што здзівілі і ашаламілі сваёй падазронасцю, — Шабовіч назваў адну з тых вёсак, міма якіх хадзіла Аксана ў атрад Дзядзюлі і міма якіх павінен быў ісці ён, каб ішоў адзін, без Аксаны.

Золатаву гэта нічога не сказала. А Ман адкрыта здзівіўся. Ман спытаў:

— Калі вы выйшлі адтуль?

— На світанні.

— Сёння?

— Так.

— З хлопчыкам?

— Так. З Дзімкам.

— Колькі, вы сказалі, гадоў яму?

— Трынаццаць.

— I ён пайшоў назад?

Камандзір панурыўся і стоена ўздыхнуў, сумна падумаўшы: «Цямніць чалавех. Цямніць. Але навошта — во загадка. Недурны, здаецца, хлопец, а маніць наіўна. Да вёскі той трыццаць вёрст».

А Шабовіч, пачуўшы гзты ўздых, дайшоў да яго сэнсу і зразумеў сваю памылку. Казала ж Аксана, што яны далёка ад Дзядзюлі. Чаму ён не падумаў, не высветліў — як далёка. Але адкрыць сваю ману цяпер — яшчэ мацней заблытацца і тым самым выклікаць большы недавер. Ды і страшна было падумаць, што з такой вось падазронасцю могуць дапытваць раненую Аксану. Няхай яна лепш паляжыць у Ганны. А ён дакажа гэтым людзям. Абавязкова дакажа! Не могуць партызаны не паверыць!

Пераканаўшыся, што не даказаў, хто ён ёсць у сапраўднасці, Шабовіч адчуў знясіленасць, ніколі не адчуваў такой фізічнай і душэўнай слабасці. Калі сутыкаўся тварам у твар са смерцю, наадварот, з’яўлялася энергія, імклівасць, мозг выдаваў думкі, што навальнічная хмара маланкі. А тут як разамлеў, размякчыўся, цела налілося стомай. Спацеў ад зморы. Хацелася толькі аднаго, каб далі легчы і заснуць.

А Золатаў імкліва падняўся, паправіў папругу, падцягнуўся, па-новаму — на насочках — прайшоўся па зямлянцы. Спыніўся над Шабовічам, агледзеў яго галаву, пабялелую макушку, што прасвечвала праз рыжыя валасы.

— Ну, а цяпер пракруцім яшчэ раз.

— Што пракруцім?

— Расказ ваш цікавы, грамадзянін падпольшчык.

Ігар засмяяўся і замаліўся:

— Якаў Міхайлавіч! Пашкадуйце. Не снедалі. Кішкі марш іграюць.

Шабовіч на зварот «грамадзянін» не звярнуў увагі. А Ман ад яго сцяўся. Ён адзін ведаў, што значыцца «пракруціць»: не даць падследчаму апомніцца, адумацца, адпачыць і вымусіць яго ўсё паўтарыць, а паўтарыць дакладна немагчыма, абавязкова штосьці забудзеш, пераставіш месцамі даты, імёны, і на гэтым цябе ловяць. I Ман таксама запярэчыў з камандзірскай рашучасцю:

— Хопіць! Давайце снедаць. Атрад абедае. Нікуды падпольшчык не дзенецца, — і да Шабовіча: — А ты падумай. А то ты, брат, «даваў пеўня». Ведаеш, як спевакі «даюць пеўня»? Ці як кукарэкае маладзенькі певень. Узляціць на плот, тужыцца…

Золатаў перапыніў яго, незадаволена крэкнуўшы. Але супраць снедання не запярэчыў.

Толькі ў гэты міг да Шабовіча дайшло, хто камандзір атрада, і ён адчуў душэўную палёгку.

Паклікалі дзяжурнага.

— Пасадзі «госця» ў зямлянку падрыўнікоў, толькі паглядзі: на мінах яны не спяць па-ранейшаму? — загадаў Ман.

— Ды пра венгра не забывай, — строга папярэдзіў Золатаў.

— За венгра я не адказваю.

Камандзіры засталіся адны.

Золатаў стаяў пасярод зямлянкі ў позе пераможцы.

— Ну, што скажаце?

Ігар паціснуў плячамі.

— Здаецца, хлопец наш. Але маё ўражанне: нямала сачыняў. Навошта? Не ўсе канцы звязаў.

— Ёсць алагічнасці, — задумліва заўважыў Ман, не сказаўшы, аднак, пра галоўную няпраўду ў расказе падпольшчыка — пра вёску, дзе засталася яго сяброўка.

— А я веру яму, — рашуча выказаўся Брагінскі. — Лагічна ўсё толькі ў пратаколах следчых ды ў раманах.

Золатава абурылі словы капітана, якога ён апякаў па-бацькоўску.

«Што ты знаеш аб пратаколах, сапляк?»

А начальнік штаба даводзіў сваё:

— А ў жыцці ўсё алагічна. Каб я расказаў, як людзі перадавалі мяне адзін аднаму — палысеў бы любы асабіст, ламаючы галаву — дзе праўда, а дзе хлусня, сачынёнасць.

— Наіўны ты чалавек, Навум, — пасміхнуўся Золатаў.

— Расказваў Дзядзюля… з’явіўся ў іх вось такі хлапчына… з Маладзечна. Столькі нагаварыў пра свае ўчынкі… Герой! Хоць тут жа вешай яму Залатую З. орку. Праверылі — нямала пацвердзілася: былі такія дыверсіі. А потым шэпча ён Дзядзюлю: «Камандзір, зрабі мне такую міну, каб я змог даехаць з ёй да Берліна. Гахну я гэтага гада Гітлера». Тут Цімоху і цюкнула. Лёгка ўстанавілі, што хлопец хворы, увесь горад яго ведаў. Вайна нарадзіла асобыя тыпы псіхічных захворванняў. Некаторыя з гэтых няшчасных добраахвотна ідуць на смерць. Адны — каб праславіцца, другія — не разумеючы небяспекі, трэція…

Золатаў выслухаў камандзіра са скептычнай усмешкай: загадкавы чалавек Ман — усяму шукае апраўданне, нават паліцэйскім, учора некаторых вывеў з-цад куль, пашкадаваў. Паўтарыў не аднаму Брагінскаму — усім!

— Наіўныя вы людзі. Шчасце ваша, што сярод вас вопытны чэкіст, а то ачмурыў бы вас гэты «казачнік». Няўжо не бачыце, што гэта за птушка! М-да, не кожны на гэта здольны. Тут трэба нюх мець. Нюх! Падрыхтаваны ён грунтоўна. Не дурні рыхтавалі. Вы дрэнна ведаеце прыёмы фашысцкай разведкі.

Наіўны малады камісар гатовы быў паверыць, што сапраўды вопытны чэкіст мае асаблівы нюх. Але Ман ведаў гэты «нюх», выпрабаваў на ўласнай шкуры, і, каб не ўзарвацца ад нахабнай самаўпэўненасці асабіста, сцяўся і старанна еёрбаў з драўлянай міскі халодны суп; цыбуляй ад супу ўжо не пахла — пахла бярозай; усяму атраду ён выразаў асінавыя лыжкі і міскі, сабе — бярозавую, не любіў горкага паху асіны, бяроза пахне хлебам.

— На ноч пасадзім яго ў «радыёрубку», рацыю перанясём сюды, — сказаў Золатаў, здзівіўшы і Мана, і Кіпеня, і Брагінскага. На якія ахвяры ідзе камандзір спецатрада! Над рацыяй ён дрыжэў, як над самай каштоўнай уласнасцю. Рацыя, разумеў, бадай, адзін Ман, была для Золатава той усемагутнай зброяй, на якой трымаецца не толысі яго аўтарытэт начальніка асобага аддзела, але і яго ўлада над камандзірам, над камісарам. Свае радыёграмы ён не паказвае. Тыя, што датычацца дзейнасці атрада, адрасаваныя ў партызанскі штаб, яны сачыняюць калектыўна, але невядома, наколькі дакладна яны шыфруюцца, робяць гэта двое — ён, Золатаў, і радыст, і ніхто іх не можа пракантраляваць. Рэдка знаёміць Золатаў іх і з адказамі Цэнтра, яго, золатаўскага, наркаматаўскага. Для іх прызначаюцца радыёграмы штаба, шыфры якіх перадаў Дзядзюля. Апошняя такая радыёграма «Усім атрадам Мінскай зоны» — аб Мінскім падполлі. Яго, Мана, яна занепакоіла паспешлівай абагуленасцю, а Золатава ўзрадавала, ён гаварыў пра яе так, быццам ведае пра падполле ўсё. А што ён ведае? Роўна нічога. Паслухаў разважанні Дзядзюлі, яго здагадкі, сумненні.

Пад «радыёрубку» Золатаў прымусіў спецыяльна зрубіць хаціну накшталт лазні, бо пад зямлёй не той эфект работы рацыі, ды і сыра ў зямлянцы для такой тонкай і дарагой апаратуры. У доміку гэтым было адзінае акенца, закратаванае, дубовыя дзверы, цагляная печка, і начаваў там радыст, хоць на гэты аб’ект і склад боепрыпасаў ставіўся асобны вартавы — акрамя тых, што ахоўвалі лагер.


— Ну, што — падумаў?

— А што мне думаць? Я расказаў усю праўду.

— Усю ці не ўсю — гэта мы пабачым. Пачнём з таго, як арыштавала вас гестапа, — Золатаў знарок назваў орган, якога не існавала ў Мінску, каб выклікаць арыштаванага на спрэчку — няхай да канца выявіць сваю дасведчанасць у структуры фашысцкіх органаў. Але цяпер Шабовічу было ўсё роўна — гестапа ці СД, якая розніца, яшчэ там, у камандзірскай зямлянцы, ён прыйшоў да думкі, што лепш не ўнікаць у дэталі, не паказваць сваю дасведчанасць, лепш прыкідвацца прастачком.

— Давай характарыстыкі «карцёжнікаў».

Але змораны, галодны Шабовіч расказваў нехаця, «жаваў», прапускаў шмат што з таго, што расказваў у першы раз, ды і прастаком пачаў прыкідвацца. Не пачуўшы эпізодаў, характарыстык, якія запомніліся, Золатаў радаваўся сваёй інтуіцыі: усе адбываецца гэтак жа, як многа разоў у яго багатай практыцы — падследны пачынае выкручвацца і канчаткова заблытваецца. I хоць у адказ на яго пытанні падпольшчык дакладна аднаўляў прапушчанае, гэта ніколькі не ўплывала на пераконанні следчага. Па сутнасці, уся ўвага Золатава і была занята тым, што ён вылаўліваў разыходжанні ў першых паказаннях і цяперашніх, ад пытанняў амаль адмовіўся, разважыўшы, што чым больш арыштаваны наблытае, тым лягчэй яму будзе пераканаць суддзяў — Мана, камісара і нават Брагінскага. Добра працавалася, калі не трэба было пераконваць начальства, наадварот, яно папракала яго за лішнюю гуманнасць. Залаты час быў! Цяпер ён рабіў адно: спыняў падследчага, хоць той і без таго гаварыў, што гуму цягнуў, — каб запісаць яго паказанні, асабліва дакладна запісаць разыходжанні з тым, што чулі «лапухі». Ён прымусіць яго падпісаць пратакол допыту — няхай пачытаюць.

Кухарка прынесла абед затрыманаму — камандзір загадаў.

Раней Матрона адносілася з павагай да Золатава — маёр! вышэй за капітана. Але пасля гісторыі з венграм страціла гэтую павагу. Вельмі ж нядобра начальнік дапытваў яе — усіх сваякоў да трэцяга калена перабраў. Цяпер жанчына знарок, падкрэслена, прыкідваючыся прастачкай, казала яму ты. Золатава гэта злавала, ніхто не адважваўся казаць яму ты, сам Ман — на вы.

— На, накармі чалавека! А то будзеш пра ўнукаў дапытвацца.

— Ты лічыш яго чалавекам?

— А хто ж я? — наіўна здзівіўся Шабовіч.

— Фашыст.

I знясілены хлопец не стрымаўся:

— Сам ты фашыст!

Але калі пайшла Баслычыха, пасміхнуўшыся з такой сутычкі, Золатаў пахадзіў па зямлянцы, не перадаўшы вязню кацялок з кашай, пасвістаў задумліва, спыніўся над ахвярай сваёй, зноў уважліва разгледзеў яго белую макушку ў развале рыжых валасоў.

— Дык хто я?

— Прабачце, я не хацеў. Нервы. Але ж я не фашыст. Няўжо цяжка паверыць? Я разумею, што праверыць немагчыма. Але я дакажу…

— А як жа — дакажаш!

Золатаў падняў руку над яго галавой і… раптам напрактыкаваным ударам, рабром далоні, як тапаром, секануў па шыі, напятай ад схіленай галавы.

Шабовіч зваліўся з калодкі, на якой сядзеў, што падкошаны, страціў прытомнасць.

Золатаў наском бота паварушыў яго цела. Пастаяў над ім мінут пяць. Нарэшце хлопец расплюшчыў памутнелыя вочы.

— Што ж гэта ты такі слабак? Ад слоў падаеш. Школу якую кончыў?

Шабовіч не адказваў.

— Паднімайся. Абедай. У нас людзі добрыя. Бачыш, як пашкадавала цябе кухарка. Набірайся сіл. I думай. Думай!

Пры другім прыходзе Золатава падпольшчык адмовіўся гаварыць.

— Я буду адказваць толькі ў прысутнасці ўсіх камандзіраў.

— Бач, сволач, унюхаў слабіну! Не, будзеш ты ў мяне гаварыць, калі мне трэба, — і даў кулаком пад дыхавіцу так, што Шабовіч зноў страціў прытомнасць.

Ачуняў — звінела ў галаве, балеў жывот.

Іншы чалавек — змрочны асілак з расплюшчаным, як у баксёра носам перавёў яго з зямлянкі ў прыгожую, утульную хаціну. Там прыемна пахла смалой і цёплай печкай. Застаўшыся адзін, Шабовіч пакутліва асэнсоўваў сітуацыю, у якую трапіў. У зямлянцы прыгадаў расказы пра тое, што немцы ствараюць правакацыйныя атрады з паліцэйскіх, якія тэрарызуюць насельніцтва, каб дыскрэдытаваць партызанскі рух, запалохаць людзей: хто пажадаў бы ўступаць у такія атрады? Праўда, Станулін аспрэчваў такія легенды. Але ці мог інжынер ведаць тайныя планы фашысцкага камандавання? Не бывае дыму без агня. Калі хадзілі чуткі, значыцца, і атрады такія маглі быць.

Дык ці не трапіў ён у правакацыйны атрад? Але Ганніны і Міколкавы адносіны да атрада аспрэчвалі такую сумную здагадку. Хоць… Хто так спаласаваў попу хлопчыку? Не гэты акуратна паголены, з ціхім голасам камандзір, які так дасканала валодае фашысцкімі прыёмамі допыту — так б’е ў жыццёвыя вузлы, што ўміг траціш прытомнасць? Ён, фельчар, колькі вучыў анатомію, хваробы, нідзе не вычытаў, не пачуў ад выкладчыкаў, не бачыў у кіно такіх удараў і быў упэўыены, што ў Савецкім Саюзе прыёмам такім вучаць хіба, можа, пагранічнікаў, больш нікога, бо нікому яны не патрэбныя. У нас гуманныя следчыя органы, гуманная армія — усё гуманнае.

Аднак калі яго пераводзілі ў дамок, сустрэлася група партызан, з цікавасцю агледзелі, сказалі ўслед:

— Шпіён. У лагер з мінамі прабраўся. Да склада лез.

Так маглі сказаць толькі сапраўдныя партызаны. I яму хацелася закрычаць ім: «Таварышы дарагія! Ніякі я не шпіён! I ніякіх мін у мяне не было! Адзін пісталет». Але крыкнуць не мог — кожны крок аддаваўся ў жываце пакутлівым болем.

Пасля чуў галасы партызан, седзячы ў доме. Нехта мацюкнуў Гітлера, шчыра, пакручаста. Нехта насвістваў «Кацюшу». Успаміналі ўчарашні рэйд — як ганялі паліцаяў.

Не, вельмі падобна, што размовы гэтыя падладжаны спецыяльна для яго; у фальшывым спектаклі прабіўся б і фальшывы голас. Не, атрад сапраўдны, толькі хіба навучаны горкім вопытам — падкідвалі ім шпіёнаў. Гэта зусім натуральна. А калі ён сярод сваіх, то трэба ўсё стрываць, любыя пакуты, але даказаць, хто ён у сапраўднасці. Свае не могуць не паверыць у яго шчырасць, калі ў яго паказаннях не прагучыць і крупінка няпраўды. Праўда праб’ецца!

I Шабовіч акрыяў духам.

Але калі зноў прыйшоў следчы, яго пачало ванітаваць. Слабасць зневажала. А Золатава парадавала такая рэакцыя на яго з’яўленне. Знаёмая рэакцыя, з яе часта пачыналіся патрэбныя паказанні, пачыналася падзенне.

Золатаў перасадзіў падследчага з канапы за трохногі стол, на якім нядаўна стаяла рацыя, паклаў перад ім пакамечаны вучнёўскі сшытак і агрызак карандаша, а сам хадзіў вакол, доўга не задаючы ніякіх пытанняў. Хадзіў, насвістваў мелодыю песні «Броня крепка, и танки наши быстры…».

А Шабовіч чакаў чарговага ўдару, стараўся адгадаць, куды, у якое месца ён будзе нанесены, і пакутаваў, што перажывае жывёльны страх, ніколі такога не перажываў, напружваўся ўвесь, уціскаў галаву.

— Якую школу канчаў?

— Савецкую.

— Слухай… якое табе прозвішча там далі? Шабовіч? Будзеш Шабовіч пакуль… Але давай дамовімся: не будзем прыкідвацца дурнямі, ні ты, ні я. Мы з табой сур’ёзныя людзі. Ты сур’ёзны разведчык, я сур’ёзны контрразведчык. Ты добра знаеш, пра якую школу пытаю. Гульня павінна ісці на роўных.

— Кончыў яшчэ Аршанскі медтэхнікум. Можна праверыць. Недалёка.

— Ты здольны яшчэ здзекавацца з мяне? Недалё-ё-ка! Тваім начальнікам недалёка. Мне пакуль што далёка. Трапіў бы ты мне да вайны — праверыў бы я не толькі Оршу. Добра, дапусцім, я веру, што ты фельчар Шабовіч. Чаму ж ты не ў Чырвонай Арміі? А?

— Мы эвакуіравалі хворых. Адаслалі эшалон, а самі не паспелі. Хто ведаў, што немцы так хутка будуць у Мінску.

— Тысячы людзей пехатой пайшлі. Я да Магілёва ішоў. А ты, значыцца, не паспеў. Дык калі цябе завербавалі? Магу паверыць, што не да вайны. У якую школу накіравалі? У Варшаўскую? У Барысаўскую?

— Клянуся вам: я падпольшчык. Не верыце — звяжыцеся з атрадам Дзядзюлі. Ён ведае Аксану… я ж казаў… Яна хадзіла туды. Адтуль мы з’ездзім па Аксану.

— Адтуль? Вунь як! Не, мы з’ездзім адгэтуль… Адгэтуль! Вось карандаш… напішы. Сачыненне на вольную тэму. Не трэба расказаў, хто куды ішоў, у каго страляў — гэта мы запомнілі. Прозвішчы падпольшчыкаў, адрасы. Назвы вёсак. Дзе Аксана твая засталася. Адкуль дзед з канём… Усёк?

Не падумаў Золатаў, што зноў насцярожыў арыштаванага, які было трохі расслабіўся, — патрабаваннем адрасоў падпольшчыкаў, якіх ён назваў. Навошта яму адрасы? Безумоўна, усе яго сябры, хто застаўся на волі, памянялі свае кватэры за гэтыя дні, але ўсё роўна ён не мае права называць старыя адрасы; гэта першы запавет іх клятвы.

— Я хачу пагаварыць з камісарам.

— А па шыі ты яшчэ не хочаш?

Шабовіч прыгнуўся.

— Я тут камісар. Над усімі камісарамі камісар.

«Аднак арэшак. Нічога, раскусвалі не такія. Трашчалі, толькі шкарлупкі ляцелі».

Прыгадаў выпадак чатырохгадовай даўнасці. Доўга біўся з адным пісьменнікам. Упарты быў, усё адмаўляў, усе абвінавачванні. А даў яму паперу: пішы. Напісаў. Сачыніў, што збіраліся яны на кватэры Пятра Глебкі і дамаўляліся, як забіць Варашылава, калі той прыедзе на манеўры. Яўна спадзяваўся, што начальства следчага, яго, Золатава начальства, палічыць гэта абсурдам і зверне ўвагу на метады следства. Наіўны чалавек! Сам падпісаў сабе смяротны прыгавор. За нацдэмаўскую дзейнасць мог бы атрымаць тэрмін, за тэрарыстычную — мера адна, вышэйшая.

Паглядзім, што гэты напіша. Некаторыя на паперы, застаўшыся адзін на адзін, раскрываюцца глыбей, чым на любым допыце. Трэба толькі ўмець чытаць такія паказанні, нават калі ў іх абсалютная лухта ці такое: «Пайшоў ты, яжоўскі пёс!..» Было і такое. Няхай нешта падобнае прачытае Ман, можа, прасвятлеюць яго мазгі. «Народнічак! Паліцэйскіх шкадаваў. За паліцэйскіх у цябе спытаюць, Аляксей Іванавіч. Пасля. А будзеш перашкаджаць мне выбіваць ісціну з гэтага правакатара — радыёстанцыя ў маіх руках».

Золатава абурыла папярэджанне Мана, каб да падпольшчыка — ніякіх фізічных уздзеянняў. Аляксею Іванавічу сказала Баслычыха, што хлопец звяў, і выказала сваё меркаванне: «Ён б’е яго».

У Золатава свярбела рука, калі ён хадзіў вакол падследнага, колькі разоў прымяраў новы ўдар. Але стрымаўся, мусіў лічыцца з загадам камандзіра.

Загрузка...