8

У Мана быў свой план высвятлення асобы падпольшчыка. Атрымаўшы падтрымку камісара, ён за вячэрай выказаў гэты план у звыклай манеры — пра важныя справы паведамляць як бы між іншым.

— Заўтра павязём падпольшчыка да Цімоха. Ён мае сувязь з Мінскам. Хлопец кажа, што жонка яго — сувязная атрада. Дзядзюлі прасцей устанавіць, хто ён.

Золатаў што з ланцуга сарваўся. Падскочыў, пасінеў ажно, закрычаў, чаго не дазваляў сабе раней:

— Ты што — не давяраеш мне? Вопытнаму чэкісту? Я даўно заўважаю! — і сурова пагразіў пальцам. — Распусцілі соплі. Хутка цалавацца з немцамі будзеце. Партызаны, такую вашу!.. Думаеце, на вас няма савецкай улады? Думаеце, калі схаваліся ў лясах, дык органы да вас не дабяруцца?

Хто-хто, а Ман так не думаў, добра ведаў магутнасць і ўсюдыіснасць органаў. Больш таго, не вельмі верыў Золатаву, што група яго выкінута з мэтай пранікнення ў Мінск, лічыў, што ў НКУС — глабальная задача: ва ўсе атрады заслаць сваіх людзей. Інакш работы органаў бяспекі ў ваенны час не ўяўляў.

Таму Аляксей Іванавіч не ўжыў сваю камандзірскую ўладу і не асадзіў асабіста.

У сварку з ім палез Ігар:

— Што вы нас палохаеце? Брыдка слухаць!

— Можа, табе брыдка ад маёй прысутнасці? Атаманчыкамі хочаце быць? Махноўцамі?

— Якраз у вас махноўскія замашкі — ні з кім не лічыцца. Усім камандаваць хочаце. Забываецеся, што партызаны не армія — народны рух.

— Даеш анархію, значыцца? Раскрываешся, камісар! Хоць куды больш! Я даўно раскусіў цябе, малакасоса, што няспелы арэх. Гаўнюк ты, а не камісар! Размазня! Падпявала!

— Таварышы, таварышы, ну з-за чаго вы завяліся? — прасіў міратворца Брагінскі. — Байцы пачуюць — сорамка будзе.

Ман памаўчаў, паназіраў за начальнікам асобага аддзела, як карак у таго наліваўся сінюшнай чырванню. Адчуў, што і ў яго звініць у вушах. Спалохаўся злосці сваёй, бо ведаў, што ў такім стане нястрыманыя людзі хапаюцца за пісталеты. Страшным здалося гэтае жаданне — падняць зброю на свайго. Урэшце, чорт з ім, які ён чалавек, важна, што ён свой, калі ў гэтым няма сумнення, то даваць волю гневу нельга, бо яна можа перарасці ў нянавісцк. А ненавідзець ёсць каго — акупантаў, здраднікаў.

Ман спакойна спыніў сварку.

— Не гарачыся, Ігарок. Ды і вы, Якаў Міхайлавіч… З-за чаго сыр-бор? Паедзем самі. З табой, Ігар. Параімся з Цімохам. У яго светлая галава. Калі ён ведае гэтага хлопца, калі праўда Аксана яго сувязная, — сам прыедзе па іх. Сваіх людзей не пакіне.

— Каровам хвасты ўмее круціць ваш Дзядзюля, а не разведку весці, тым болыы контрразведку. Прымітыў сялянскі!

Ігар зноў кінуўся ў бой — у абарону праслаўленага камандзіра. Але Ман суняў яго з бацышўскай строгасцю:

— Май павагу да старэйшых! Не навучыла цябе камсамольская школа!


Золатаў верыў толькі аднаму чалавеку — свайму намесніку па спецгрупе лейтэнанту Іванову, з якім разам працаваў некалькі гадоў. Ператварыў яго ў свайго целаахоўніка, нікуды не адпускаў, не даваў небяспечных заданняў, а самае небяспечнае з іх — паход у Мінск. Трое не вярнуліся. Заставаўся адзін, каго ён мог паслаць, — малаадукаваны і маланавучаны міліцыянер Стралінскі, вучыў яго, але не верыў, што ён здольны выканаць такое адказнае заданне — прынесці дадзеныя аб становішчы ў горадзе. А ў апошняй радыёграме Цэнтр зноў напамінаў, што звестак такіх ад сваёй групы чакае сам Цанава. Зноў прасіў людзей для Мінска ў Мана, але той і слухаць не захацеў: на верную смерць ён людзей не пасылае.

Пойдзе Стралінскі і… не вернецца, як не вярнуліся тыя трое. I застанецца ён з двума — з Івановым і радыстам Башлыковым. Але радыст прыгодны толькі для сваёй справы: студэнцік, мамчын сынок. Такі не заслоніць, не кінецца выручаць свайго камандзіра. Надзея на Іванова. Але ж і ўсе асобыя заданні можна ўскласці на аднаго Іванова. I Золатаў у той жа вечар даў свайму намесніку такое заданне: раніцою злавіць дзе-небудзь ля бліжэйшай вёскі пацана, падростка гадоў чатырнаццаці.

Іваноў ніколі не задаваў пытанняў: навошта? для якой патрэбы? чаму? Пакорлівае маўклівае падначаленне: «Слухаюся, таварыш маёр». Зрэдку, калі не разумеў, гладзіў свой расплюснуты нос.

— Да выезду камандзіра і камісара ў лагер хлопчыка не прыводзіць.

— Слухаюся, Якаў Міхайлавіч.

Такі трохі фамільярны зварот Іваноў дазваляў сабе ў тых выпадках, калі здагадваўся, што начальнік давярае яму тое, пра што больш не ведае ніводная душа — ні таварышы па рабоце, ні вышэйшае начальства.


Камандзір і камісар з невялікай групай партызан выехалі на світанні.

Уначы пайшоў снег. Густы, сухі, ціхі, ён сыпаўся ўдзень, адзяючы елкі ў белае ўбранне. Лес набываў урачыста-святочны выгляд. I ад таго здаваўся вельмі мірным, прадвызначаным на радасць чалавеку.

За сябе Ман пакінуў начальніка штаба, што ўдарыла па самалюбстве Золатава. Брагінскага яшчэ ззечара зноў распаліла. Чалавек не можа падняцца з ложка, і яго — за камандзіра. Не давярае таварыш Ман. Нічога, прыйдзе час — мусіш даверыць. Але на гэты раз на камандзіра была не злосць, хутчэй асуджэнне яго недалёкасці. Радавыя партызаны і тыя разумеюць ролю і значэнне начальніка асобага аддзела — вітаюцца заўсёды больш паважліва, чым са сваім камандзірам, а з бязвусым камісарам увогуле панібрацтвуюць.

Золатаў хадзіў па апусцелым лагеры. Другая група партызан паехала на санях на раздабыткі харчу. Паслухаў Баслычыху, яе разважанні пра зіму.

— Ох, як я любіла яе! А цяпер не люблю: цяжка нашым хлопчыкам — сляды застаюцца.

Золатава зіма не хвалявала ні хараством, ні праблемамі. Звярнуў увагу хіба на тое, што кухарка стала добрая з ім, а то ваўчыцай глядзела. Пацешыўся міг, што, маўляў, і да яе даходзіць яго роля. Але іншым была занята галава.

Учора даў шыфроўку, што затрымаў агента-правакатара, які выдае сябе за падпольшчыка з Мінска. Вызначыў, што спадзяецца мець болып глыбокую інфармацыю. Дарэмна паспяшаўся, відаць. Як яе выбіць, гэтую інфармацыю?

Наведаў арыштаванага. Напісаў ён больш сцісла, але і больш лагічна тое, што расказваў. Ніводнага новага нюансу. Ні абсурду, ні супярэчнасці. Свярбелі рукі выпрабаваць даўно набытыя прыёмы допыту. Стрымаўся.

Непакоіла адсутнасць Іванова, доўга ён праводзіць такую дробязную аперацыю. Іваноў майстра на тое, чаго ніхто не ўмее. А на такой дробязі можа паслізнуцца, чаго добрага, наскочыць на паліцэйскіх, шныраць тут. Пашкадаваў, што сам не паехаў, каб падстрахаваць намесніка ў далікатнай аперацыі.

Не, Іваноў чалавек надзейны. З’явіўся са звялым, насмерць перапалоханым, пасінелым пацаном, прывёз яго на карку каня, як пакамечаны куль саломы. Скінуў на зямлю, як халодны снег.

— Во, камандзір, шпіёніў каля лагера, падлічваў нашых.

Хлопчык заенчыў:

— Дзядзечка, не шпіёніў я і нічога не бачыў. Я дровы сек у лесе. Каня ў нас няма. Ў хаце малыя мерзнуць. На сабе насілі з маткай. А тут сняжок выпаў. Можна на самацяжках.

— Кажы: хто цябе паслаў?

— Матка паслала, ды і сам я…

— Шпіёніць хто паслаў?

Малы заліўся слязамі.

— Не шпіёніў я, дзядзечка. Ніхто мяне не пасылаў. Хіба мяне маглі паслаць? Дзядзька Пятро ў партызанах.

— Расстраляем? — наганяў страху Іваноў.

У хлопчыка пачаўся панос, ледзьве паспеў спусціць порткі.

— Не спяшайся. Няхай пасядзіць падумае.

Шабовіч зразумеў, што яму падсадзілі «качку», здзівіўся і абурыўся, што для мэты такой выкарысталі дзіця. I зноў падумаў, што гэта фашысцкі атрад, а ўсе размовы, якія чуў праз сцяну, прызначаліся для яго. Але навошта такая інсцэніроўка? Дзеля чаго столысі людзей імкнуцца даказдць, што ён знаходзіцца сярод савецкіх партызан? За каго яго прымаюць? I што яшчэ ім трэба? Пра падполле ён расказаў усё, што ведаў, у чым цяпер раскайваецца. Той, што дапытвае, учора вельмі цікавіўся Кавалёвым. Але не ведаў ён такога кіраўніка, пачуў гэта прозвішча зусім нядаўна, перад сваім арыштам, сказаў Піліп Станулін, што чалавека, які кіраваў імі, арыштавалі і, можа быць, зламалі, бо возяць па заводах, і ён нібыта заклікае адмовіцца ад барацьбы, кажа, што абух, маўляў, бізуном не перасячэш. Праўда, Станулін выказаў і сумненні ў здрадзе гэтага чалавека, сказаў, што пра выступленні яго гавораць, але ніхто з нашых не чуў. Адзін з падпольшчыкаў бачыў Кавалёва пад канвоем, счарнелага, у даўгім паліто, мокрым знізу; выказаў меркаванне, што ў таго перабіты мачавы пузыр.

Але нават гэтага Шабовіч не сказаў «грамздзяніну начальніку».

Хлопчыка стала шкада. Адразу ўбачыў, што не па сваёй волі ён трапіў сюды, не атрадны падшыванец, які згадзіўся на ролю «падсаднай качкі». Напалоханы так, што яго праняў панос. Двойчы садзіўся на асінавае вядро, якое на ноч пакідалі для яго, ды ён учора абвясціў галадоўку, так і сказаў свайму следчаму. Той крыва ўсміхнуўся.

— Пагаладай.

Распытаў хлопчыка, хто ён, адкуль, як трапіў сюды. I з расказу яго выцякала, што атрад правакацыйны, што партызаны з гэтага атрада не прыходзяць у іх вёску, а яна ж недалёка; з іншых атрадаў прыходзяць. Таяла Стасева надзея, што ўсё ж высветляць, хто ён, як паабяцаў барадаты камандзір, маўклівы, але з добрымі вачамі, глядзеў на яго спачувальна. Ці не таму «грамадзянін начальнік», — хто ён тут — прадстаўнік нейкага вышэйшага органа? — рашуча адхіліў яго просьбу, патрабаванне пагаварыць яшчэ раз з камісарам і камандзірам.

Ёсць загадкі. Ёсць сумненні. Не, светлячок надзеі яшчэ свеціцца. Але наступіў стан, калі ён думаў не пра сябе, не пра сваё жыццё — пра Аксану. Як папярэдзіць, каб яна не апынулася тут? Ах, Міколка, Міколка, не той атрад ты адшукаў. Няхай Міколка дзіця яшчэ, як і гэты Адась, ім лёгка затлуміць галаву. Але Ганна… Выходзіць, ачмурылі навакольных людзей. Ох, як трэба і іх папярэдзіць, даверлівых сялян!

Як, што перадаць праз Адася — так, каб гэты не зразумеў, а Ганна і Аксана зразумелі. Нічога не мог прыдумаць. Хлопчык усё ж падсаджаны, напалоханы і клятвы яго, піянерскае слош, што будзе маўчаць, нічога не вартыя.

Прыйшоў Бязносы. На яго, Шабовіча, ніякай увагі: маўляў, справа даўняя і забытая. Сказаў Адасю:

— Шчасце тваё, пацан, разведчыкі ўстанавілі: праўда, што бацька твой у Чырвонай Арміі, а дзядзька партызан. А тады нам сказалі, што ты сын паліцэйскага. Таму і хапануў я цябе. Але засячы на носе: матцы роднай ні гу-гу, дзе быў. Пачакай, пайду знайду дзяругу, каб завязаць табе вочы. I выведу цябе. Каціся… не на ўсе чатыры… у адзін бок, аўфідэрзейн, як кажа вось гэты, — зняважліва кіўнуў на Шабовіча.

I тут Шабовіч не вытрымаў. Як толькі Бязносы выйшаў, зашаптаў:

— Слухай, Адаська. Ты знаеш Макрыцу?

— Вёску?

— Вёску, вёску.

— Дык блізка яна, вярсты дзве ад нашай…

— Я прашу цябе… павер, што я наш, савецкі… прашу, зайдзі да Ганны Прыхач.

— Да Міколкавай маткі? — узрадаваўся малы. — Мы разам каровы пасвім. Мой сябрук.

— Там у іх дзяўчына… Аксана. Скажы ёй… Каб у гэты атрад не ішла. Нядобрыя тут людзі, Адась. Не нашы. Ні ў якім разе каб не ішла. Няхай ідзе туды, куды з ёй ішлі. Перадасі?

— Перадам. Толькі б выбрацца мне адгэтуль.

Хлопцу завязалі вочы. Вывелі ў лес. I недзе ў гушчары, дзе яловыя галіны сцёбалі па твары, яго спыталі:

— Што ён табе сказаў?

— Хто?

— Фашыст, з якім ты сядзеў.

— Нічога.

— Іваноў! Назад яго, брахуна!

— Дзядзечка, родненькі, ён толькі папрасіў… ён папрасіў…

З цікавасцю выслухалі, што Шабовіч папрасіў.

— Не ўздумай жа перадаваць, а то мы цябе знойдзем.

Хлопцу развязалі вочы і далі дубца. Гукнулі:

— Ату яго!

I ён шмыгнуў у гушчар, пад елкі, што спалоханы заяц. Золатаў засмяяўся, але не з хлопца, — ад задавальнення, ухваліўшы сябе, свой розум, свой вопыт.

— Бачыш, Ваня, як яны аблажылі нас. Не сумняваюся, што гэта Аксана з рацыяй. А гуманіст з нямецкім прозвішчам развесіў вушы. Нам з табой яшчэ належыць раскусіць Мана-Манюка. Ад Дзядзюлі яны прывязуць, што ёсць падпольшчык Шабовіч, ёсць сувязная Аксана Каваленка. Былі. Але дзе яны? Вісяць яны, Іваноў, на суках у мінскім скверы. Ці даўно закапаныя, I прыйдзецца траціць порах, каб пераканаць гэтых цывільных дабрадзеяў. Лічаць, што яны тут вышэйшая ўлада. Што работнік органаў для іх нішто. Слаба мы даказвалі, хто мы ў дзяржаве. Не да ўсіх дайшло. Правільна казаў таварыш Берыя: «Глядзіце, колькі сволачы вылезла на акупіраванай тэрыторыі. Як жа мы работалі?» Трэба папраўляць прамашкі. Трэба ачышчаць.

Золатаў памаўчаў, падумаў.

— Па закону тут не зробіш. Тройка ненадзейная. Пераступім закон, Іваноў. I атрымаем за гэта падзяку… ад народа… калі-небудзь ён зразумее, што не маны яго абаранялі тут, на захопленай ворагам зямлі.

ваноў слухаў начальніка з асаблівай увагай, ажно вушы пачырванелі; не ўсё той гаварыў адкрытым тэкстам, нярэдка — далёкім намёкам, і намеснік абавязаны быў разумець, здагадвацца, і пакуль што не памыліўся, за што і любіў яго Золатаў.

— Выведзі яго ў прыбіральню, а то праваняў, падла, нашу радыёрубку. Брыдка зайсці.

— Зразумеў, таварыш маёр. Будзе зроблена.


Пасля таго як хлопчыка вывелі, Шабовіча ахапіла незвычайная нервовая ўзбуджанасць. Як мог клюнуць на такую прымітыўную падсадку? Добра ж разумеў, што да чаго, і аднак трапіў на кручок. Увогуле ўзнікла пачуццё безвыходнасці, а дагэтуль усё ж цяплілася вера ў людзей. Не ў «грамадзяніна начальніка» — у тых, што хадзілі міма хаціны, гаварылі пра свае справы, і справы гэтыя натуральныя, чалавечыя, партызанскія. Каб гэта быў спектакль, то, як бы добра ён ні быў пастаўлены, ігра вылезла б хоць у адной рэпліцы, а тут не было ігры, было жыццё. I вязень намерыўся: калі да хаткі наблізіцца колькі чалавек, закрычыць ім, што ён свой, што ён прыйшоў сюды, ратуючыся ад фашыстаў. Памажыце, людзі добрыя! Няхай судзіць увесь атрад, а не адзін!

Але шумна было на досвітку, а пасля лагер як вымер. За закратаваным акенцам сыпаўся снег. Глядзеў на яго, на заснежаныя сосны, і сэрца сціскалася ад смяртэльнай тугі.

Прыйшоў Бязносы.

— Я хачу гаварыць з усімі камандзірамі!

— У прыбіральню ты хочаш, — пацягнуў носам. — Пайшлі ў прыбіральню!

У галаву ўдарыў боль: «Гэта канец. Так ганебна».

— Мне не трэба ў прыбіральню.

— Праваняў увесь дом.

— Гэта малы, у яго панос… ад страху.

«Ва ўсіх у вас панос ад страху», — пасміхнуўся Іваноў.

— Пайшлі, — вартавы расшпіліў кабуру.

— Пайшлі, — апанавала тая роспачлівая рашучасць, калі ўсё робіцца абыякавым, нават жыццё ўласнае.

Выйшаў без паліто, без фуражкі. Пастаяў. Аглянуўся на заснежаныя зямлянкі, над якімі чарнелі коміны. Над зямлянкай-кухняй уздымаўся празрысты дым — палілася печ, гатаваўся абед. Пабачыць бы тую добрую жанчыну, што ўчора прынесла яму есці. Яна зразумела б. Хіба крыкнуць ёй? Усім іншым. Не, на крык як бы і сілы ўжо няма. Узняў твар, злавіў засмяглымі вуснамі сняжынкі. I як напіўся з жывучай крыніцы. Ажно падужэў.

— Куды ісці?

— Туды, — паказаў рукой Бязносы.

Прыбіральня была воддаль ад жылля, у рове, густа зарослым маладым ельнікам.

Спусціўшыся ў роў, Іваноў горача дыхнуў у патыліцу:

— Уцякай.

Стась спыніўся, не паверыўшы вушам, застыў, напружыўшыся, гатовы сапраўды кінуцца пад елкі.

— Уцякай. Калі хочаш жыць…

Не, не паверыў. Павярнуўся.

— Ты хочаш стрэліць мне ў спіну? Не, не хачу! Страляй у грудзі. У сэрца страляй! Але ведай, партызана страляеш, камсамольца.

Іваноў, разгублены ад нечаканага павароту, узвёў пісталет.

Ды ў гэты міг наперадзе з-за елкі выйшаў Золатаў і выстраліў Стасю ў патыліцу.

Іваноў адскочыў убок, баючыся, што начальнік будзе страляць яшчэ. Не, маёр не прамахнуўся. Ён на міг спыніўся над забітым, пачакаў, пакуль цела білася ў канвульсіях, а на снег выплыў яркі струменьчык крыві, задыміўся, астываючы.

Падышоў да намесніка, ірвануў яго ватоўку так, што пасыпаліся гузікі. Мала. Схапіў за каўнер, разадраў. Мала. Драпнуў ногцямі сплюснуты нос, раздзёр да крыві.

— Ён напаў на цябе.

— Так точна, таварыш маёр. Ён напаў на мяне.

Капітан Брагінскі адчуваў сябе вельмі блага. З нечаканымі падскокамі тэмпературы, з болем, які раздзіраў цела, ён звыкся. Але ў той дзень балелі не толькі раны — балела сэрца, білася арытмічна; ён задыхаўся, не хапала паветра. Здавалася нясцерпна душна, зямлянка гняла, што труна.

У прысутнасці людзей, таварышаў ён мужна пераносіў гэтыя пакуты, умеў прагнаць змрочныя думкі. Аднаму зрабілася страшна. Стане зусім кепска — нікога не даклічашся, лагер апусцеў. А, жыць хацелася. Дажыць бы да перамогі.

Падняўся з тапчана, трымаючыся за сцяну, дабраўся да дзвярэй, адчыніў іх, прагна ўдыхаў марознае паветра, жмурыўся ад снежнага святла. Пачуў недалёкі пісталетны стрэл. Але ў стральбе тут практыкуюцца часта. Спачатку стала лягчэй. А потым пачалося спаўзанне, як з гары, у тую страшную яму, якую ён ужо добра ведаў і якой баяўся — ці вылезеш назад? Ледзьве паспеў вярнуцца на тапчан. Лёг. I панесла яго, як на арэлях, — угору-ўніз, угору-ўніз. Тужыўся спыніць гэтае гушканне, ад якога заходзілася сэрца, горла сціскалі спазмы ташнаты. Паляцеў уніз, у бездань, і на нейкі момант застаўся там у непрытомнасці, дзе і боль адступіў, адпусціў са сваіх капцюроў мозг. Але праз нейкі час — не ўзлётам на арэлях, а як бы плывучы, пачаў узнімацца на паверхню, абліты халодным потам. Вярнуўся боль, але ён радаваў, бо адчуванне болю — зварот да жыцця.

Увайшоў Золатаў, занепакоіўся:

— Ты што дзверы адчыніў? Не хапала табе яшчэ запалення лёгкіх? З тваім здароўем.

— Хтось стрэліў ці мне здалося? Я зноў правальваўся…

— Шпіён напаў на Іванова.

— Шабовіч?

— Адно гестапа ведае, як сапраўднае яго прозвішча.

— I што?

— Кааітану варта ведаць, што бывае з тым, хто нападае на каравульнага.

— Вы забілі яго? Вы забілі яго! Без дазнання, без суда. Гэта забойства! Гэта забойства!

— Навум, я люблю цябе, як сына…

— Не трэба мне любоў забойцы! Я патрабую суда над вамі! — Брагінскі закашляўся, на вуснах выступіла чорная кроў.

Золатаў аслупянеў. Ад гневу. «Я да яго з любоўю, а ён суда патрабуе. Шчанюк!»

Але мацней за гнеў ударыў страх — да звону ў вушах, да памутнення ў вачах. Такі страх перажыў дагэтуль двойчы. За невялікую памылку крычаў на яго Цанава, што выганіць з органаў. А ён добра знаў, чым канчаецца выгнанне з органаў. Другі раз — калі адчыніліся дзверы самалёта і трэба было сігануць у чорную пустэчу. Ён не зрабіў гэтага сам, яго піхнуў Іваноў і… уратаваў — ад ганьбы і суда.

Абпякла думка: калі гэты дахадзяга, з якім ён, здавалася, меў поўнае паразуменне, патрабуе суда, то Ман, які баіцца яго і ненавідзіць, — абавязкова ўчыніць такі суд. Ды і праведнік камісар будзе за суд. А чым можа кончыцца такі суд — ілюзіі не было, ведаў ён суды, нізкія і высокія, і там не вельмі ўнікалі ў сутнасць, а тут, на вайне, пры партызанскай стыхіі, анархіі…

Уявіў, як паставяць перад строем. I ніхто цябе не ўратуе. Ні Іваноў, ні рацыя, ні радыст, ні Цанава, ні сам Берыя. I не пакараюць пасля нікога. Хто стане разбірацца! Вайна. Ды і што яму з таго пакарання? У храбрага маёра памлелі ногі.

— Навум… — паклікаў і не пачуў уласны голас.

А Брагінскі закрыў твар рукамі і… плакаў. Кашляў і плакаў.

Кроў на яго пальцах выклікала ў Золатава агіду, брыдкасць і разам з тым пачуццё сваёй выключнасці — што ён умее зрабіць і робіць тое, чаго не ўмеюць усе смяротныя, што поўзаюць па зямлі, чапляюцца за жыццё. I яшчэ адно пачуццё з’явілася — неабходнасць выканаць свой абавязак, частку яго ён ужо выканаў сёння. Не дзеля ўласнага выратавання. Для перамогі. Такое ён адчуваў на Магілёўскай шашы, дзе на цэлы ўзвод здраднікаў стала менш, і два дні назад, калі з радасцю расстраляў паліцэйскага. Хіба гэта не заслуга? Толькі такія, як ён, могуць ратаваць дзяржаву ад ворагаў. I ад маладушных… ад такіх вось… што разлагаюцца зажыва і атручваюць атмасферу.

Увагу Золатава прыцягнула кабура на сцяне. Яго, Брагінскага, пісталет. У нагах вісіць. Ва ўсіх іх так вісяць пісталеты. Падхопішся па трывозе — зброя перад вачамі, пад рукой.

На насочках ступіў у той бок, нячутна выцягнуў пісталет з кабуры. Брагінскі, пэўна, пачуў шчаўчок узвода і адняў рукі ад твару. Убачыў нацэленае на яго дула пісталета. Вочы яго напоўніліся жахам. Але крыкнуць ён не паспеў.

Золатаў пастаяў над ім у бяздумнай прастрацыі, бадай, спалоханы, што ў шчыліне на гімнасцёрцы, якую зрабіла куля, не з’яўляецца кроў. Але цела ўміг выцягнулася і апруцянела. Бяскроўны, ці што?

Спалохана азірнуўся на дзверы, паклаў пісталет на падлогу, туды ж скінуў яшчэ гарачую руку капітана.

Выскачыў з зямлянкі, закрычаў асіплым ад перажывання голасам:

— Таварышы, браткі! Брагінскі застрэліўся! Навум застрэліўся!

Першая прыбегла Матрона. Ускочыла ў зямлянку і тут жа падалася назад, перахрысцілася.

— Адмучыўся, нябога.

Падыходзілі партызаны гаспадарчага ўзвода, дзяды, якія бачылі нямала смерцяў. Матрона падышла да мёртвага, загаласіла, быццам асмялела пры сваіх.

— А вочкі мае ненаглядныя! Якія ж яны прыгожыя ў цябе былі! Што сліўкі ў ранішняй расе, — націснула пальцамі на павекі, каб закрыць вочы. — Мужчынкі, пятачкоў ні ў кога няма?

— На, патроны палажы.

— Патроны — грэх.

Скрыжавала рукі нябожчыку на грудзях яго. А пісталет апасліва і агідліва засунула нагой пад тапчан.

Золатаў плакаў. Наўзрыд. Шчыра плакаў. Толькі ў пачатку сваёй работы ў органах ён перажываў вось гэтак, калі ўчыніў несправядлівасць — прысудзіў да смерці невіноўнага, раскайваўся і плакаў над падзеннем сваім. Пасля, акрамя страху і лёгкіх пакут сумлення, такія стрэсавыя эмоцыі не ўзнікалі. Душа яго зачарсцвела.

Партызаны спачувалі Золатаву: як любіў маёр раненага хворага капітана, які, нягледзячы на стан здароўя, да драбніц планаваў і распісваў нямала нечаканых адмысловых аперацый. Ман і партызаны бераглі яго светлую галаву і самога начальніка штаба на спланаваныя ім аперацыі не бралі, хіба перад нападзеннем на гарнізоны выязджаў ён на разведку і рэкагнасцыроўку. Ігар нярэдка выказваў захапленне сур’ёзным жартам:

«Будзеш ты, Навум, генералам».

Золатаў успамінаў гэта і многае іншае і… плакаў.


Ман і Ігар з конным узводам вярнуліся позна ўвечары.

Дзядзюля пацвердзіў. Аксана казала пра мужа свайго Станіслава Шабовіча і папярэджвала, што ў выпадку правалу яе ў горад можа прыйсці або ён, Стась, або камандзір групы Піліп Станулін, толькі ім яна расказала дарогу.

Устрывожыўся Цімох Пятроьіч, што сувязная яго раненая і ляжыць непадалёк у Задвор’і. Тут жа накіраваў у вёску разведчыкаў. Таму і затрымаліся, што чакалі іх звароту. Аксану не знайшлі.

— Трохі бянтэжыць прозвішча гаспадыні, якое назваў ваш госць. Не задворскае. Але калі яна тут, паўраёна перавярну, а Аксану знайду. На Дзядзюлю можна спадзявацца, не падвядзе; каго любіць — жыцця за таго не пашкадуе, а сувязную сваю, па ўсхваляванасці яго відаць, любіць, як дачку.

Шабовіч нешта цямніць. Трэба не спадзявацца на Золатава, пагаварыць самім, у душу яго заглянуць. Якія прыёмы ў асабіста — ён, Ман, ведае, на ўласнай скуры выпрабаваў.

Трэба не допыт — размова чалавечая. Так яны гаварылі ў дарозе, гойдаючыся ў сёдлах. Асудзілі сябе, што далікатную справу — устанаўленне асобы падпольшчыка даручылі чалавеку з комплексам следчага. Што з таго, што ён начальнік асобага аддзела. Лічылі, што не трэба ім такая пасада. Навошта? Без яго яны не абароняцца ад шпіёнаў, не выявяць здраднікаў? У іх цэлы атрад следчых, і сул вышэйшы — партызанскі, народны.


Падзеі ў атрадзе ашаламілі і камандзіра і камісара. Аляксей Іванавіч анямеў і аглух — нічога не хацеў слухаць, ні пра што не выказваў сваё меркаванне. Толькі аддаваў кароткія каманды, катэгарычныя як ніколі, асякаючы кожнага, хто, як раней, спрабаваў паразважаць: а можа, так лепш?

Ігар у першыя хвіліны разбушаваўся.

— Я застрэлю гэтага бандзіта Іванова! Крымінальная морда!

Золатаў плакаў над целам Брагінскага. Золатаў не абурыўся на гэтыя словы, спакутаваным слабым голасам нагадаў:

— Іваноў — работнік органаў, мой намеснік.

Ман выштурхнуў з зямлянкі, дзе пахла крывёй і прывялай елкай, свайго гарачага камісара. Пад соснамі строга загадаў:

— Каб я не чуў такіх слоў! — а потым папрасіў: — Пры ім не гавары нічога падобнага. Не давай волю сваім эмоцыям. Нікога ты не застрэліш. А цябе застрэляць. А табе трэба жыць. Нам з табой трэба жыць, Ігарок, чалавек ты мой дарагі. А вакол ворагі, вакол фашысты… I ў нас не ўсё так проста, як табе здаецца.

Але раніцою Ігар зноў сутыкнуўся з Золатавым. Прапанаваў пахаваць іх у адной магіле, Брзгінскага і Шабовіча. Вот тут Золатаў злосна абурыўся. Крычаў, што гэта знявага камандзіра Чырвонай Арміі, камуніста, пагразіў, што выступіць перад партызанамі і давядзе… фактамі давядзе — у яго інтуіцыя, чуццё чэкіста, — хто такі чалавек, які напаў на вартавога; сапраўдны падпольшчык не стаў бы такім чынам уцякаць з атрада, пастараўся б даказаць, хто ён, з чым прыйшоў.

Аляксей Іванавіч панура маўчаў. Сурова маўчаў. Нават Золатаў не адважыўся аспрэчваць, калі камандзір загадаў атрадным цеслярам зрабіць дзве труны.

Брагінскага пахавалі ў цэнтры лагера каля камандзірскай зямлянкі. Самую доўгую і прачулую прамову сказаў Золатаў; развітваючыся, цалаваў нябожчыку лоб, рукі.

Грымеў салют.

Труна з целам Шабовіча доўга стаяла за ровам на прасецы на паваленых бярвеннях. Да яе — паказалі сляды — нават падыходзілі галодныя ваўкі; ды, відаць, блізкая страляніна спалохала іх. На пахаванні прысутнічалі Ігар, Баслычыха ды чацвёра партызан, што капалі магілу і апускалі ў яе труну. Камісара-атэіста да слёз расчуліла Матроніна малітва. Але паказаць байцам свае слёзы ён не меў права, адварочваўся, глядзеў у неба. Снег перастаў ісці, неба ачысцілася ад хмар і ззяла, што вымытае, мацнеў мароз. Неба дало адчуванне няспыннасці, дало прагу жыцця. Хаваў ён сяброў раней, хаваў блізкіх — не плакаў. А гэтага хлопца ён упершыню ўбачыў два дні назад. Чаму ж вочы наліліся слязамі? Ад малітвы? Не раскісай, камісар! Табе трэба ваяваць і… жыць. Успомніліся словы камандзіра.

«Нам з вамі трэба жыць, дарагі Аляксей Іванавіч. Для людзей…»

Зрабілі памінальны абед — па Брагінскім. Строгі камандзір, былы цвярозы ўпраўляючы спірттрэста, дырэктар завода, які з ашчаднасцю скупога гаспадара ахоўваў недатыкальны запас «гаручага» — для медыцынскіх патрэб, першы раз дазволіў партызанам выпіць.

Золатаў напіўся. Упершыню на людзях, не тоячыся. I зноў плакаў. Гэта ўражвае, калі плача мужчына. Яму спачувалі.

На другі дзень у яго балела галава, ён пахмяляўся. Пад вечар ужо, як бы ўспомніўшы, хоць у сапраўднасці гэта не выходзіла і з п’янай галавы (смерць Брагінскага перашкодзіла яму зрабіць гэта ў першы дзень, у адсутнасць камандзіра і камісара), Золатаў сказаў Ману:

— Дай фурманку, камандзір. Паеду забяру падпольшчыцу.

Аляксею Іванавічу што над вухам стрэлілі, ён не адразу паверыў пачутаму.

— Каго?

— Яго напарніцу.

— А вы ведаеце, дзе яна?

— Я ўсё ведаю.

— Дзе?

— Недалёка. Пад бокам у атрада. Работалі сінхронна. У Макрыцы. У Ганны Прыхач.

— У ка-го?

I сцяўся ўвесь — што спружына, каб не выдаць свайго здзіўлення.

Ганна Прыхач — яго сувязная. Яго. Асабіста. Не атрада. Пра гэта ведалі толькі Ігар і Матрона. Кухарка прыносіла ад Ганны звесткі пра дзейнасць акупацыйных улад у навакольных вёсках, пра паліцэйскіх, пра карныя часці. Сама Ганна ў атрад не прыходзіла. Але сынок яе, Міколка, высачыў неасцярожную Баслычыху і з’явіўся ў атрад: прыміце яго ў партызаны. Адаслалі назад пад аховай двух партызан. З’явіўся ў другі раз. Прыйшлося Аляксею Іванавічу самому адвозіць малога да маці. У сядле.

— Пра што задумаўся?

— Я сам паеду.

Золатаў абурана падхапіўся.

— Зноў не давяраеш? Зноў! Мне?!

— Я давяраю. Але я адказваю за тваё жыццё! Што мне скажа Цанава, калі я не ўпільную такога разведчыка?

— Не іранізуй.

— Я не іранізую. Якая можа быць іронія? Не да яе. -

— Вось іменна — не да іроніі. Але не думаю, што ў такой аперацыі неабходна прысутнасць нас двух.

— Неабходна!


Спыніліся за гародамі ў хмызняку. Золатаў не разумеў, навошта такая асцярожнасць, ведаў, што ў гэтай невялічкай вёсачцы, двароў на дваццаць, ніводнага паліцэйскага няма. Але на гэты раз вырашыў ва ўсім падпарадкоўвацца Ману, бо той ведае тут кожную сцяжыну і людзей, іх псіхалогію. Ды і не тое здзівіла, дзе спыніліся, а тое, як пайшоў камандзір, з якой упэўненасцю, ведае, выходзіць, дзе хата гэтай Ганны.

Гаспадыні дома не было. Сустрэў іх у двары Міколка — калоў дровы. Здзівіўся і ўзрадаваўся. Але камандзір даў яму знак — прыклаў палец да вуснаў, — і хлзпец ні словам, ні рухам не выдаў сваё знаёмства з партызанамі.

Ман спытаў:

— Дзе твая госця?

Міколка адказаў не адразу.

— Аксана.

— У хаце.

Увайшлі ў хату. Хлопец вачамі паказаў на бакоўку. Ман заглянуў туды. Спалохаў жанчыну. Яна сядзела без кофтачкі, пэўна, ёй нядаўна перавязалі плячо — закручана ў адбеленае палатно.

— Адзявайся. Паедзем.

— Куды.

— Да Стася твайго, — сказаў Золатаў, заглядваючы праз плячо Мана.

Камандзіру здалося, што асабіст ударыў яго ў патыліцу — так зазвінела ў галаве.

«Здзекуецца, падлюга! Да Стася… Не, яе ты ке адашлеш…»

— Ой, дзядзечка, родненькі! — па-сялянску, па-дзявочаму выявіла Аксана сваю радасць.

— Хадзіць можаш?

— Ды я скакаць магу, калі да Стася. А трэба — на жываце папаўзу. Міколка! Памажы мне адзецца!

Але ў левы рукаў не надзела ні кофтачкі, ні паліто — балела яшчэ. Аднак па хаце хадзіла ледзьве не прыскокам.

— Міколачка, брацік мой, дай я цябе пацалую. Мамку пацалуй і Міцьку. Скажы: кланяюся я ёй нізка, у ногі кланяюся.

Міколка шмаргнуў носам. Ды калі Золатаў выйшаў першы з хаты, Аляксей Іванавіч абняў хлопца, падбадзёрыў:

— Не бядуй, партызан. Трымай хвост трубой.

— Патрымаеш тут, калі даюць па хвасце.

— Хто?

— Хто?! Матка.

— Хіба маміны плескачы ў залік? Радуйся ім, дзівак. Вырасцеш — дзякаваць будзеш.

Але ўсё роўна хлопец што медаль атрымаў, калі камандзір ад свайго імя падзякаваў яму і маме.

— Да саней не ідзі, не трэба, каб убачылі, як ты праводзіш нас. У людзей доўгія языкі.

Прыехалі на двух санях. На першых — ён, Ман, сам за фурмана, Золатаў, целаахоўнік яго Іваноў, на другіх — двое партызан. Цяпер, калі ў сані села Аксана, Іванову прыйшлося перасесці, хоць зрабіў ён гэта неахвотна.

Нікога не здзівіла, калі камандзір развярнуў фурманку ў другі бок. Ехалі сюды — ледзьве перабраліся цераз не замерзлую яшчэ рэчку, намачылі сена, на якім сядзелі, ледзьве не набралі вады ў халявы, стоячы ў санях.

Паркі лепшых коней ішлі ўгалоп, выбіваючы падковамі не толькі не спрасаваны яшчэ снег, але і мёрзлую зямлю, яна ляцела фурману ў твар.

Ман стаяў на каленях у перадку і лейцамі сцябаў па конях, бясконца нокаў. Аксана сядзела побач, трымаючыся за яго. Золатаў — у задку.

Праз колькі часу фурман задніх коней, мясцовы партызан, здзівіўся:

— Куды яго нясе! Куды яго нясе! У Каменку. Там жа гарнізон! Ашалеў камандзір! — і інстынктыўна прытармазіў.

Але, ашалеў… Кокі віхрам уляцелі на вуліцу вялікага сяла. Быў сіні адвячорак. Сонца села за лес. Дыміліся коміны. На вуліцы з перападамі ўзгоркаў і лагчын каталіся на санках дзеці. Кінуліся ў двары з крыкам: «Партызаны!»

Ускочылі на цэнтральны ўзгорак, дзе стаялі школа і будынак сельсавета.

Ціха.

Ман паваліў Аксану на калючае змёрзлае ўжо сена, выхапіў з кішэні пісталет і стрэліў у бок школы, прытармазіўшы трохі коней.

Выскачылі з будынка паліцаі, трое, з вінтоўкамі. Кулі ціўкнулі над санямі. Золатаў стаў на калені, павярнуўся тварам назад, выхапіў пісталет і стрэліў у далёкіх ужо паліцэйскіх. Стрэліў тройчы.

I раптам Ман таксама паваліўся побач з Аксанай, перакуліўся на спіну і… моцна ўдарыў ботам Золатаву ў спіну. Той перакуліўся цераз нізкі задок саней. Узнімаліся на новы круты ўзгорак, і Золатаў пакаціўся па слізкай дарозе ўніз, пісталет яго паляцеў убок.

Аксана закрычала з жахам і абурэннем.

— Што вы зрабілі? Вы спіхнулі чалавека? Вы спіхнулі чалавека! Спыніце коней!

Ман павярнуўся на бок, моцна абхапіў жанчыну рукой, прыціснуў да сена, забыўшыся на яе раненае плячо.

— Маўчы! Гэта не чалавек! Гэта не чалавек! Ён забіў твайго Стася.

Аксана на міг змоўкла, потым закрычала:

— Стася няма? — асэнсаваўшы самае страшнае для яе паведамленне, сама сабе ціха адказала: — Стася няма. Стасічак, ррдненькі… Я адчувала… я адчувала… пазаўчора. Я задрамала, і мне ўдарыла ў сэрца. Як балела маё сэрца! — яна роспачліва заплакала.

— Паплач, дачка, паплач.

Аляксей Іванавіч падняўся на калені, лёгка тузануў лейцы, не сцёбнуў больш коней. Сказаў ім ласкава, як дзецям:

— Но, родненькія, но! Вось так, Золатаў, вось так. А як ты хацеў? Усіх караць?

Услухаўся ў вячэрнюю цішыню. Аўтаматныя стрэлы не прагучалі. Значыцца, задняя фурманка ў сяло не ўехала: разлікі яго апраўдаліся.

— Паплач, Аксанка, паплач. Я свае слёзы выплакаў. Но, родненькія, но. Не падвядзіце!

Загрузка...