БАЛАДА ПРА СУМНАЕ КАФЭ


Горад гэты сам па сабе маркотны: там толькі і ёсць што прадзільная фабрыка, домікі, кожны на два пакоі, у якіх жывуць рабочыя, некалькі персікавых дрэўцаў, царква з двума каляровымі вокнамі ды ўбогая галоўная вуліца, усяго якіх-небудзь сто метраў даўжынёй. У суботу прыязджаюць сяляне з суседніх фермаў пагаманіць, прадаць што ці купіць. У іншыя дні горад наганяе нуду і здаецца адрэзаным ад астатняга свету. Самая блізкая чыгуначная станцыя — у Сасаеці-Сіці; а аўтобусныя маршруты кампаній «Грэйхаўнд» і «Уайт-бас» абмінаюць горад па фокс-фолскай дарозе за тры мілі. Зіма тут кароткая і мокрая, а летам — пякельная спёка.

Калі жнівеньскім надвячоркам выйсці на галоўную вуліцу, то заняцца там зусім няма чым. Самы вялікі будынак, што ў цэнтры горада, стаіць забіты дошкамі і так нахіліўся ўправа, што, здаецца, вось-вось паваліцца. Будынак вельмі стары. Ён мае дзіўны, пануры выгляд — і спачатку не разумееш, у чым справа — пакуль раптам не ўбачыш, што калісьці, вельмі даўно, пафарбавалі правы бок ганка, кавалак сцяны і на гэтым спыніліся, таму адна частка выглядае цямнейшай і бруднейшай. Здаецца, што ў доме не знойдзеш ні душы. Але на другім паверсе засталося адно акно, не забітае дошкамі. Часам пад вечар, калі спёка робіцца асабліва нясцерпнай, чыясьці рука паволі адчыняе аканіцы, і, ў акне паказваецца чалавечы твар. Гэты твар падобны на тыя невыразныя жахлівыя твары, што бачацца ў сне: не мужчынскі і не жаночы, з косымі шэрымі вачамі, косымі настолькі, што яны ўжо даўно ўпотай тужліва зазіраюць адно ў адно. Праз якую гадзіну твар знікае, аканіцы зачыняюцца і, хутчэй за ўсё, на галоўнай вуліцы больш не з’явіцца ніводнай жывой душы. У такі жнівеньскі надвячорак, калі на фабрыцы заканчваецца змена, у горадзе зусім няма чым заняцца. Можна, бадай што, пайсці на фокс-фолскую дарогу і паслухаць, як спяваюць зняволеныя, што працуюць на яе рамонце.

I ўсё ж калісьці тут, у гэтым самым горадзе, было кафэ. I гэты стары, забіты дошкамі дом быў месцам, роўнага якому не было на многія мілі навокал. Былі ў ім сталы з абрусамі і папяровымі сурвэткамі, электрычныя вентылятары з каляровымі стужкамі. У суботу вечарам збіралася шмат людзей. Уладальніцай кафэ была міс Амелія Івэнс, але сваім поспехам і той вясёлай атмасферай, што панавала тут, кафэ было абавязана перш за ўсё чалавеку, якога называлі кузен Лаймэн.

I яшчэ адна асоба мела дачыненне да гісторыі кафэ — былы муж міс Амеліі, страшны чалавек, што пасля доўгай адседкі ў турме вярнуўся ў горад, нарабіў бяды і зноў знік. Кафэ ўжо даўно зачынена, але памяць аб ім жыве і цяпер.

Спачатку ў доме не было ніякага кафэ. Будынак застаўся міс Амеліі ў спадчыну ад бацькі, і ў ім была крама, у якой можна было купіць фураж, угнаенні і правіянт, перш за ўсё муку грубога памолу і тытунь. Міс Амелія была багатая. У дадатак да крамы за тры мілі ад горада, на балоце, у яе быў свой бровар, дзе гналася лепшая ў акрузе гарэлка. Міс Амелія была чарнявая высокая жанчына, шырокая ў касці, і ў сіле не саступала мужчыну. Зачэсаныя ўгору кароткія валасы адкрывалі загарэлы твар, заўсёды насцярожаны і пануры. Яна, відаць, была б прыгожай жанчынай, калі б не касавокасць, якая ўжо тады кідалася ў вочы.

У яе знайшліся б кавалеры, але мужчыны не цікавілі міс Амелію — ёй было лепш адной. Яе замужжа не было падобнае ні на адзін шлюб у акрузе: гэта быў дзіўны, небяспечны саюз, што працягваўся ўсяго дзесяць дзён, але вельмі здзівіў і моцна ўразіў увесь город. Калі не лічыць гэтага незразумелага замужжа, міс Амелія пражыла жыццё ў адзіноце. Надзеўшы камбінезон і гумовыя боты, яна цэлыя ночы праседжвала ў будане на балоце, падтрымліваючы слабы агонь пад перагонным апаратам.

Міс Амеліі спадарожнічаў вялікі поспех у любой справе, што рабілася рукамі. У суседнім горадзе прадаваліся прыгатаваныя ёю кілбасы і вантрабянка. Пагоднымі восеньскімі днямі яна малола сорга, сіроп у яе чанах атрымоўваўся цёмна-залацісты і прыемны на смак. Усяго за два тыдні яна пабудавала за крамай цагляную прыбіральню, і ў цяслярскай справе яна была майстрам. Вось толькі з людзьмі ў яе не выходзіла гэтак гладка. Людзей, калі толькі іх не змусіш абставінамі ці хваробай, нельга ўзяць у рукі і за ноч зляпіць нанова, каб выйшла што-небудзь больш вартае і прыбытковае. Таму, на думку міс Амеліі, людзей можна выкарыстоўваць адным чынам — зарабляць на іх грошы. А гэта яна рабіла вельмі паспяхова. Грошы ад закладных пад ураджай і маёмасць, прыбыткі ад лесапільні, працэнты ў банку... Яна была самая заможная жанчына ў акрузе і была б багатая, як кангрэсмен, калі б не адзін яе вялікі недахоп — цяга да судовых спраў. За якую-небудзь дробязь яна ўступала ў доўгія і заўзятыя судовыя разборы. Гаварылі, што дастаткова было міс Амеліі спатыкнуцца аб камень на дарозе, як яна адразу ж пачынала азірацца, шукаючы, на каго падаць у суд. Калі не лічыць судовых разбораў, жыццё яе было аднастайнае, кожны наступны дзень не адрозніваўся ад папярэдняга. Апрача замужжа, што працягвалася ўсяго дзесяць дзён, у яе жыцці не было ніякіх значных падзей да вясны таго года, калі ёй споўнілася трыццаць гадоў.

Быў ціхі красавіцкі вечар. Набліжалася поўнач. Неба было колеру сіняга балотнага касача, на ім ясна свяціў месяц. У тую вясну разлічвалі на добры ўраджай бавоўны, і ўжо некалькі тыдняў фабрыка працавала і ўначы. Яе цагляны будынак у лагчыне каля рэчкі свяціўся жоўтымі агнямі, адтуль далятаў ледзь чутны роўны гул станкоў. У такую ноч прыемна слухаць, як недзе далёка, за полем, працяжна спявае закаханы негр. Прыемна сесці і ўзяць у рукі гітару альбо проста адысціся ад усіх і пабыць аднаму, проста так, не думаючы ні аб чым сур’ёзным. На вуліцы ў той вечар было пуста, але ў краме міс Амеліі гарэла святло, а на ганку сядзелі пяць чалавек. Там быў Стампі Мак-Фэйл, майстар з фабрыкі, мужчына з чырвоным тварам і далікатнымі барвовага адцення рукамі. На верхняй прыступцы сядзелі два хлопцы ў камбінезонах — блізняты Рэйні, абодва цыбатыя і флегматычныя, з бялявымі валасамі і соннымі зялёнымі вачамі. Чацвёрты мужчына — Генры Мэйсі, чалавек сціплы і сарамлівы, да таго ж далікатны і нервовы, сядзеў на краі ніжняй прыступкі. Сама ж міс Амелія стаяла на парозе, абапёршыся аб вушак дзвярэй і скрыжаваўшы ногі, абутыя ў вялізныя балотныя боты. Яна цярпліва разблытвала вузлы на вяроўцы, што выпадкова трапіла ёй у рукі. Ужо доўгі час ніхто з прысутных не вымавіў ні слова.

Першы загаварыў адзін з блізнят, які ўжо даўно выглядаў нешта на, здавалася, зусім пустой дарозе.

— Нехта ідзе.

— Цяля адвязалася,— сказаў яго брат.

Фігура, што ішла ў іх бок, была яшчэ занадта далёка, каб здагадацца, што гэта такое. У месячным святле персікавыя дрэвы ў цвеце кідалі на дарогу пераблытаныя цені. Водар кветак і свежай вясновай травы мяшаўся з кіслым пахам выкапанай непадалёк памыйнай ямы.

— Ды не. Чыйсьці падшыванец,— сказаў Стампі Мак-Фэйл.

Міс Амелія моўчкі глядзела на дарогу. Яна адкінула ўбок вяроўку і круціла шлейку камбінезона пальцамі худой загарэлай рукі. Твар яе спахмурнеў, на лоб спаўзла пасма валасоў. Ніхто з іх не крануўся з месца.

На падворку аднаго з дамоў ля дарогі шалёна заскавытаў сабака і не замаўкаў, пакуль хтосьці з дома яго не сцішыў. I толькі тады, калі тое, што рухалася па дарозе, падышло даволі блізка, яны ўбачылі ў жоўтым святле ліхтара над ганкам, што гэта было такое на самай справе.

Гэта быў незнаёмы чалавек, а незнаёмыя не часта прыходзілі ў горад пешкі ў такі час. Да таго ж ён быў гарбаты, росту не больш за чатыры футы, у падраным, укрытым пылам паліто, што ледзь даставала да калень. Крывенькія ножкі, здавалася, ледзь трывалі цяжар перакрыўленай грудной клеткі і гарба на яго плячах. У гарбуна была вялікая галава з глыбока пасаджанымі блакітнымі вачамі і тонкім роцікам. Твар быў адначасова лагодны і дзёрзкі, бледная скура здавалася жоўтай ад пылу, пад вачамі ляжалі ліловыя цені. У руцэ ён трымаў стары чамадан, увесь перакошаны і абвязаны вяроўкай.

— Добры вечар,— вымавіў, аддыхваючыся, гарбун.

Міс Амелія і чацвёра мужчын не адказалі на яго вітанне, а толькі моўчкі глядзелі ў яго бок.

— Я шукаю міс Амелію Івэнс,— сказаў гарбун.

Міс Амелія адкінула з ілба валасы і ўзняла галаву:

— Навошта?

— Таму што я ёй радня,— адказаў гарбун.

Блізняты і Стампі Мак-Фэйл глянулі на міс Амелію.

— Гэта я,— сказала тая.— Якая яшчэ радня?

— Ведаеце...— пачаў гарбун. Ён бянтэжыўся, і здавалася, вось-вось расплачацца. Ён паставіў чамадан на ніжнюю прыступку, але трымаў яго за ручку.

— Маю маці звалі Фані Джэзэп. Яна родам з Чыха. Яна выехала адтуль гадоў трыццаць назад пасля шлюбу з першым мужам. Памятаю, яна гаварыла, што ў яе ёсць зводная сястра Марта. А сёння ў Чыха мне сказалі, што міс Амелія — дачка Марты.

Міс Амелія слухала, гледзячы некуды ўбок. Нават у нядзелю яна абедала адна, у яе доме ніколі не збіралася радня, і сама яна нікому ў сваячкі не напрошвалася. Была ў яе некалі дваюрадная бабка — уладальніца платнай стайні ў Чыха, але тая даўно памерла. Была ў міс Амеліі яшчэ дваюрадная сястра, што жыла ў гарадку, міль за дваццаць адсюль, але яны не вельмі ладзілі і калі сустракаліся на дарозе, дык адварочваліся і плявалі. Здаралася, што якая-небудзь дзесятая вада на кісялі спрабавала падкаціцца да міс Амеліі, але ўсе такія спробы былі марныя.

Гарбун пачаў вярзці ўсялякую лухту, прыпамінаючы розныя імёны і месцы, не вядомыя нікому з тых, хто быў у той час на ганку, і якія, здавалася, не мелі ніякага дачынення да тэмы размовы.

— Значыць, Фані і Марта Джэзэп былі зводныя сёстры. А я сын Фані ад трэцяга мужа. Вось і выходзіць, што мы...

Ён нагнуўся і пачаў развязваць чамадан дрыготкімі, падобнымі на брудныя вераб’іныя лапкі, рукамі. У чамадане было поўна рознага смецця: рыззё, нейкі хлам, нават ці не часткі швейнай машыны альбо што-небудзь яшчэ больш недарэчнае. Гарбун пачаў корпацца ў сваіх манатках і выцягнуў адтуль старую фотакартку.

— Вось фатаграфія маёй маці і яе зводнай сястры.

Міс Амелія маўчала. Яна рухала сківіцамі, і па яе твары можна было здагадацца, пра што яна думае.

Стампі Мак-Фэйл узяў здымак і паднёс яго бліжэй да святла. На фатаграфіі былі дзве бледныя змарнелыя дзяўчынкі ва ўзросце двух-трох гадоў, з невыразнымі плямкамі замест твараў. Такія старыя здымкі можна ўбачыць у кожным альбоме.

Стампі Мак-Фэйл моўчкі аддаў фота назад.

— Адкуль ты ідзеш? — спытаўся ён.

— Я вандраваў,— няўпэўнена адказаў гарбун.

Міс Амелія ўсё маўчала. Яна стаяла, абапёршыся аб вушак, і глядзела зверху ўніз на гарбуна. Генры Мэйсі нервова міргнуў і пацёр рукі. Потым ён паціху ўстаў і знік. Гэта быў добры, спагадлівы чалавек, і становішча, у якім апынуўся гарбун, вельмі яго кранула. Таму ён вырашыў не чакаць, пакуль міс Амелія шугане прышэльца ад свайго ганка і пагоніць яго з горада. Гарбун стаяў каля расчыненага чамадана, соп і крывіў дрыготкія вусны. Відаць, ён пачынаў разумець тое жудаснае становішча, у якім ён апынуўся. Бадай, ён усведамляў, якая гэта вартая жалю рэч — вось так прыйсці ў горад, дзе ніхто цябе не ведае, і даказваць сваё сваяцтва з міс Амеліяй. Ва ўсякім разе, ён сеў на прыступку і заплакаў.

Не часта здараецца, што нікому не вядомы гарбун прыходзіць апоўначы да крамы, садзіцца на прыступку і пачынае плакаць. Міс адкінула назад валасы, а мужчыны збянтэжана пераглянуліся. У горадзе было ціха. Нарэшце адзін з блізнят сказаў:

— От, халера! Ну, ці гэта не Морыс Файнштэйн?

Усе заківалі ў згодзе, бо разумелі, што гэта азначае. Але гарбун заплакаў яшчэ гучней, бо не ведаў, пра што ішла размова. Морысам Файнштэйнам звалі чалавека, што некалі жыў у горадзе. Гэта быў жвавы і вёрткі яўрэйчык, які плакаў, калі яго называлі юда, і кожны дзень еў белы хлеб і кансерваваную ласасіну. Потым з ім здарылася нейкая бяда і ён пераехаў у

Сасаеці-Сіці. Але з таго часу кожнага плаксуна і размазню называлі Морыс Файнштэйн.

— Чалавек нечым засмучаны,— сказаў Стампі Мак-Фэйл.— Есць, відаць, на тое нейкая прычына.

Міс Амелія, зрабіўшы два шырокія нязграбныя крокі, прайшла па ганку, потым па прыступках — уніз і пачала задуменна глядзець на незнаёмца. Доўгім рудым пальцам яна дакранулася да гарба. Гарбун яшчэ плакаў, але ўжо не так моцна. Была ціхая ноч, месяц, як і раней, свяціў мякка і ясна, халаднела. I тут міс Амелія зрабіла нешта незвычайнае. Яна выцягнула з кішэні бутэльку, абцёрла далонню горлечка і падала яе гарбуну. Міс Амелію вельмі рэдка ўдавалася ўгаварыць прадаць гарэлкі напавер, а каб яна хоць кроплю каму дала дарма — пра такое амаль што і не чулі.

— Пі,— сказала яна.— Палягчэе.

Гарбун сціх, акуратна злізаў слёзы з вуснаў і ўзяў бутэльку. Калі ён глынуў гарэлкі, міс Амелія паволі наліла сабе гарэлкі ў рот, патрымала яе там і, прапаласкаўшы, выплюнула. Потым яна таксама выпіла некалькі глыткоў. Блізняты і фабрычны майстар пілі са сваіх бутэлек, за якія раней заплацілі.

— Мяккая,— сказаў Стампі Мак-Фэйл.— Міс Амелія, я ніколі не чуў, каб хто паскардзіўся на вашу гарэлку.

Тая гарэлка (дзве вялікія бутэлькі), якую яны пілі ў тую ноч, мае істотнае значэнне ў гісторыі. Без яе было б цяжка растлумачыць тое, што адбывалася потым. Можа, без яе ніколі б не было кафэ. Бо гарэлка ў міс Амеліі была адмысловая. Яна была празрыстая і пякучая: вып’еш глыток — і доўга гарыць усярэдзіне. I гэта яшчэ не ўсё. Вядома, што, калі напісаць які-небудзь тэкст лімонным сокам на чыстым аркушы паперы, нельга ўбачыць ніводнай літары, але калі патрымаць тую самую паперу хвіліну перад агнём, літары пацямнеюць і тэкст можна прачытаць. Уявіце, штогарэлка — агонь, а тэкст — гэта тое, што тоіцца ў душы чалавека, і тады вы зразумееце вартасць гарэлкі міс Амеліі. Тое, што праходзіла незаўважаным ці хавалася глыбока ў душы, раптам прыцягвала ўвагу і кідалася ў вочы. Які-небудзь прадзільшчык, у галаве ў якога толькі станок, кацялок з ежай, якую ён еў похапкам у абед, і ложак, на які ён валіўся знясілены ноччу, вып’е ў нядзелю гарэлкі і раптам убачыць на балоце гарлачык. Патрымае кветку ў руцэ, паглядзіць на яе кволую залацістую галоўку, і нечакана яго ахопіць пяшчота, вострая, нібыта боль. А той ткач раптам узніме галаву і ўпершыню ў жыцці заўважыць халодныя чароўныя водсветы ў начным студзеньскім небе, і яго сэрца сцісне глыбокі жах ад усведамлення ўласнай мізэрнасці. Вось што здараецца, калі чалавек вып’е гарэлкі міс Амеліі. Пасля ён пакутуе, знясілены хмелем, але душа яго сагрэтая, і ён прачытаў у ёй словы нябачнага тэксту.

Яны ўсё яшчэ пілі, калі ўжо ў першай гадзіне ночы месяц схаваўся за воблакі і зрабілася цёмна і холадна. Гарбун усё яшчэ сядзеў на ніжняй прыступцы, маркотна скурчыўшыся і схіліўшы галаву на калені. Міс Амелія стаяла моўчкі, засунуўшы рукі ў кішэні, паставіўшы нагу на другую прыступку. Твар яе выяўляў, як гэта бывае ў касавокіх людзей, калі яны глыбока аб нечым думаюць, адначасова мудрасць і вар’яцтва. Нарэшце яна сказала:

— Не ведаю, як цябе завуць.

— Лаймэн Уіліс,— адказаў гарбун.

— Ну што ж, заходзь,— сказала яна.— У духоўцы засталося тое-сёе ад вячэры, будзе чым падсілкавацца.

За ўсё жыццё міс Амелія ўсяго некалькі разоў запрасіла каго-небудзь сесці разам за стол, не лічачы тых выпадкаў, калі трэба было некага ашукаць ці выманіць грошы. Таму мужчыны, што сядзелі на ганку, адчулі, што тут нешта не так. Пасля яны вырашылі паміж сабой, што міс Амелія добрую частку дня праседзела на балоце каля свайго бровара і, відаць, перапіла. Адным словам, яна пайшла з ганка, а тады і Стампі Мак-Фэйл, і блізняты падаліся дадому. Амелія зачыніла на засаўку дзверы і агледзела краму, ці ўсё там у парадку. Потым пайшла ў кухню, што была за крамай. Гарбун пайшоў за ёю, цягнучы за сабой чамадан, шморгаючы носам і выціраючы яго рукавом зашмальцаванага паліто.

— Сядай,— сказала міс Амелія.— Зараз разагрэю яду.

У тую ноч яны добра падсілкаваліся. Міс Амелія была заможная жанчына і не скупілася на ежу. На вячэру была засмажаная курыца (грудку гарбун палажыў сабе на талерку), пюрэ з бручкі, лісце капусты і гарачы бледна-залацісты батат. Міс Амелія ела па-сялянску: паволі і з апетытам. Яна сядзела, паклаўшы локці на стол, нізка нахіліўшыся над талеркай, шырока расставіўшы калені і ўпёршыся нагамі ў перакладзіну паміж ножкамі крэсла. Гарбун жа праглынуў усё ў адно імгненне, нібыта ў яго з месяц нічога не было ў роце. У час яды па яго брудным твары скацілася сляза, але гэта была ўсяго толькі запозненая слязінка, якая нічога не азначала. На стале стаяла газавая лямпа, і агонь на акуратна падрэзаным кноце, блакітны па краях, ярка і весела асвятляў кухню. З’еўшы ўсё, што было на талерцы, міс Амелія выцерла талерку кавалкам хлеба і паліла яго празрыстым, салодкім, сваімі рукамі прыгатаваным сіропам. Гарбун зрабіў тое самае, толькі больш манерна, і папрасіў яшчэ. Павячэраўшы, міс Амелія адкінулася ў крэсле, пагойдваючыся на яго задніх ножках, і, сціснуўшы правую руку ў кулак, левай памацала пругкі біцэпс пад рукавом чыстай блакітнай кашулі — яна рабіла гэта машынальна, кожны раз пасля яды. Потым яна ўзяла са стала лямпу і кіўнула галавой у бок лесвіцы, запрашаючы гарбуна за сабой.

Наверсе, над крамай, былі тры пакоі, у якіх міс Амелія пражыла ўсё жыццё — дзве спальні і паміж імі вялікая зала. Мала хто быў у гэтых пакоях, але было вядома, што яны добра абстаўленыя і вельмі чыстыя. I вось цяпер міс Амелія вяла туды нейкага бруднага гарбуна, які бог ведае адкуль узяўся. Трымаючы лямпу над галавой, міс Амелія паволі крочыла праз дзве прыступкі ўгору па лесвіцы. Гарбун карабкаўся ўслед, трымаючыся так блізка, што ў дрыготкім святле лямпы яны адкідвалі адзін суцэльны кручаны цень. Хутка святло ў вокнах над крамай патухла, і іх, як і ўвесь горад, ахутала цемра.

Раніца наступнага дня была ціхая; неба на ўсходзе сонца было малінава-ружовае. У палях вакол горада аралі зямлю, і самыя ўвішныя арандатары ўжо высаджвалі там цёмна-зялёныя саджанцы тытуню. Над полем лёталі вароны, і па зямлі слізгалі іх блакітныя цені. У гэты ранні час з дамоў ужо выходзілі людзі, несучы ў руках кацялкі з ежай, а ў вокнах фабрыкі сліпучым золатам адбівалася сонца. Паветра было чыстае, а персікавыя дрэўцы ў цвеце нагадвалі лёгкія сакавіцкія воблачкі.

Міс Амелія, як заўсёды, выйшла ў двор амаль на досвітку. Яна напампавала вады, памыла галаву і неўзабаве занялася сваімі звычайнымі справамі. Праз нейкі час яна асядлала мула і паехала да фокс-фолскай дарогі праверыць свой участак, засеяны бавоўнай. Зразумела, да паўдня ўсе ў горадзе ведалі пра гарбуна, які сярод ночы прыйшоў у краму. Але пакуль што ніхто яго не бачыў. Паступова надыходзіў спякотны дзень і ў небе разліваўся густы паўднёвы блакіт. А дзіўнага госця так яшчэ ніхто і не бачыў. Некаторыя ўспомнілі, што ў маці міс Амеліі сапраўды была зводная сястра, але вось думкі пра яе лёс былі розныя: адны гаварылі, што яна памерла, другія — што збегла з тытунёвым маклерам. Што ж да прэтэнзій гарбуна на сваяцкасць, то ўсе лічылі гэта махлярствам. I, ведаючы міс Амелію, увесь горад быў упэўнены, што, накарміўшы гарбуна, яна пакажа яму на дзверы. Але пад вечар, калі неба пабялела, а на фабрыцы скончылася змена, адна жанчына аб’явіла, што бачыла крывы твар у адным акне над крамай. Сама міс Амелія маўчала. Нейкі час яна займалася рознымі канторскімі справамі ў краме, потым з гадзіну спрачалася з фермерам з-за плуга, адрамантавала загарадку ў куратніку, а перад захадам сонца замкнула дзверы і пайшла наверх у пакоі. Здзіўлены горад не ведаў, што і думаць, і таму поўніўся рознымі чуткамі.

Назаўтра раніцай міс Амелія не адчыніла крамы, цэлы дзень не выходзіла з пакояў і ні з кім не бачылася. Якраз у той дзень і пайшла пагалоска, настолькі жахлівая, што ўзрушыла не толькі горад, але і ўсю акругу. А пусціў тую пагалоску ткач, якога звалі Мэрлі Раен. Чалавек гэты быў не вельмі прыкметны: хваравіты на выгляд, няўклюдны і бяззубы. У яго была трохдзённая малярыя: праз два дні на трэці яго калаціла ліхаманка. Два дні ён хадзіў пануры і злосны, а на трэці дзень ажываў і мог выдаць адну-дзве ідэі, найболей — дурныя. I вось у той самы дзень ён раптам узяў ды сказаў:

— Я ведаю, што міс Амелія зрабіла. Забіла. Відаць, у яго нешта было ў чамадане.

Ён сказаў гэта спакойна, нібыта пра факт. Менш чым за гадзіну чутка абляцела ўвесь горад. У той дзень нарадзілася страшная і агідная гісторыя. У ёй было ўсё, ад чаго пачынае калаціцца сэрца: гарбун, начное пахаванне сярод балота, забойца, якую цягнуць па вуліцах горада ў турму, сваркі за спадчыну — усё гэта перадавалася паўшэптам, кожны раз з новымі і жахлівымі падрабязнасцямі. Пайшоў дождж, алежанчыны забыліся пра развешаную на вяроўках бялізну. Некалькі небаракаў-даўжнікоў міс Амеліі прыбраліся, нібы на свята. Людзі тоўпіліся на галоўнай вуліцы, дзелячыся навінамі і паглядаючы на краму.

Нельга сказаць, што ўсе ў горадзе ўдзельнічалі ў гэтым свяце абгавору. Знайшліся разумныя людзі, якія разважалі так: міс Амелія з яе багаццем ніколі не пайшла б на забойства з-за нейкага барахла з чамадана валацугі. Былі нават тры добрыя душы, што не радаваліся думцы аб злачынстве, не хацелі яго, нягледзячы на цікавасць і сенсацыю, якія яно выклікала, не цешыліся надзеяй на тое, што міс Амелію пасадзяць за краты, а потым пакараюць смерцю ў электрычным крэсле ў Атланце. Гэтыя добрыя людзі думалі пра міс Амелію не так, як усе астатнія, і падыходзілі да яе з сваімі меркамі. Калі чалавек зусім не падобны да іншых і калі ў гэтага чалавека назбіралася столькі грахоў, што ўсіх адразу і не прыпомніш, то, зразумела, да яго патрэбны асаблівы падыход. Яны ўспаміналі, што, калі міс Амелія нарадзілася, у яе была цёмная скура і нейкі незвычайны твар, што вырасла яна без маткі і выхоўвалася бацькам-нелюднем і што яшчэ зусім дзяўчынкай яна была росту больш за шэсць футаў — зусім незвычайная з’ява для жанчыны, ну а што да яе звычак і манер — дык ім наогул нельга было знайсці лагічнае абгрунтаванне. Да таго ж успаміналі і яе шлюб — самае недарэчнае і скандальнае здарэнне за ўсю гісторыю гарадка.

Адным словам, гэтыя добрыя людзі амаль што шкадавалі яе. Нават тады, калі яе ахоплівала шаленства і яна ўрывалася да каго-небудзь у дом і выцягвала адтуль швейную машыну ў аплату за доўг ці збірала доказы для якой-небудзь судовай справы — нават тады яны адчувалі адначасова і абурэнне, і нейкую лёгкую ўзбуджанасць, і глыбокі невыказны смутак. Але досыць гаварыць пра добрых людзей — іх было ўсяго трое. А ўсім астатнім жыхарам горада гэтае прыдуманае забойства было сапраўдным святам.

Сама ж міс Амелія, незразумела чаму, здавалася, не заўважала ўсяго гэтага. Амаль увесь дзень яна была на другім паверсе. Калі ж спускалася ўніз, то спакойна хадзіла па краме, глыбока засунуўшы рукі ў кішэні камбінезона і апусціўшы галаву так нізка, што падбародак хаваўся ў каўняры кашулі. Крывавых плям на ёй не было відаць. Яна часта спынялася і стаяла нерухома, панура ўглядаючыся ў шчыліны ў падлозе, круцячы ў руках пасму каротка астрыжаных валасоў, мармычучы сабе нешта пад нос. Але большую частку дня яна прабыла на другім паверсе.

Сцямнела. Ад дажджу, што прайшоў днём, пахаладала, таму вечар быў маркотны і пахмурны, нібыта ўзімку. На небе не было зорак, імжыў сцюдзёны дожджык. Святло ад лямп у вокнах дамоў здавалася з вуліцы дрыготкім і вельмі самотным. Падзьмуў вецер не з балота, а з поўначы, з боку чорнага сасновага бору.

Гадзіннікі ў горадзе адбілі восем. Нічога так і не здарылася. Пахмурная ноч, што прыйшла на змену дню, поўнаму жудасных пагалосак, прынесла з сабой страх, які вымушаў некаторых сядзець дома, бліжэй да агню. Іншыя ж збіраліся ў гурты. Восем ці дзесяць чалавек тоўпіліся на ганку крамы міс Амеліі. Яны маўчалі, нечага чакаючы. Яны і самі не ведалі чаго. А чакалі яны вось чаго: у напружаныя моманты, калі немінуча павінна адбыцца якая-небудзь вялікая падзея, людзі вось так збіраюцца і чакаюць. I вось настае момант дзейнічаць зладжана, і тады рухаюць іх не розум ці воля аднаго чалавека, а інстынкты, аб’яднаныя адным рашэннем, прынятым зноў жа не адным якім-небудзь чалавекам, а натоўпам. У такія моманты ніхто не вагаецца. I ад аднаго толькі лёсу залежыць, скончыцца ўсё мірна ці ўсе разам пачнуць рабаваць, гвалтаваць ці ўчыняць іншыя злачынствы. Вось і цяпер мужчыны мірна чакалі на ганку крамы міс Амеліі, не ведаючы, што рабіць, але разумеючы ў душы, што чакаць трэба і што іх час амаль надышоў.

Дзверы ў краму былі адчыненыя. Усярэдзіне гарэла святло, і ўсё было як звычайна. У левым баку, на прылаўку, ляжалі кавалкі свінога мяса, цукеркі і тытунь. За ім, на паліцах — саланіна і мука. У правым баку былі выстаўлены сельскагаспадарчыя і іншыя прылады. У глыбіні крамы, злева, былі дзверы, за якімі пачыналася лесвіца, што вяла на другі паверх, і гэтыя дзверы былі цяпер расчыненыя. А ў далёкім правым куце былі яшчэ адны дзверы, што вялі ў пакойчык, які міс Амелія называла канторай. I гэтыя дзверы былі адчыненыя. Праз іх можна было бачыць, што ў той вечар, у восем гадзін, яна сядзела за бюро з вечным пяром, перабіраючы паперы.

Кантора была ярка асветленая, і міс Амелія, здавалася, не заўважала дэлегацыі, што тоўпілася на ганку. Усё ў пакоі, як звычайна, было ў ідэальным парадку. Гэтая кантора наганяла жах на ўсю акругу. Менавіта тут міс Амелія вяла ўсе свае справы. На стале стаяла акуратна прыкрытая пішучая машынка. Міс Амелія ўмела друкаваць на машынцы, але друкавала на ёй толькі самыя важныя дакументы. У шуфлядах стала захоўваліся літаральна тысячы папер, і ўсе яны былі падшытыя ў алфавітным парадку. Менавіта ў гэтым пакоі міс Амелія прымала хворых, бо любіла лячыць і не шкадавала на гэта часу. Дзве паліцы былі адведзены пад бутэлечкі і розныя медыцынскія прылады. Пры сцяне стаяла лаўка для пацыентаў. Міс Амелія так умела зашывала раны напаленай іголкай, што тыя не гнаіліся. Апёкі яна лячыла халодным салодкім сіропам. На той выпадак, калі чалавеку проста нездаровілася, меўся цэлы шэраг розных лекаў, якія яна гатавала згодна з толькі ёй вядомым рэцэптам. Яны былі выдатным слабільным сродкам. Праўда, гэтыя лекі нельга было даваць малым дзецям, бо ў іх пачыналіся сутаргі. Таму ім гатавалася асобная мікстура, не такая моцная і саладзейшая. Увогуле, міс Амелія лічылася добрым лекарам. Далоні ў яе шырокія і касцістыя, але рука, як кажуць, лёгкая. Да таго ж у яе была багатая фантазія, і яна ўжывала самыя небяспечныя і незвычайныя сродкі, і не было такой хваробы, якой бы яна не ўзялася лячыць. Праўда, было адно выключэнне. Калі прыходзіла пацыентка з якой-небудзь жаночай хваробай, міс Амелія не магла ёй нічым дапамагчы. Больш таго, варта было жанчыне загаварыць пра такую хваробу, як міс Амелія пачынала чырванець ад сораму, замаўкала і толькі варочала галавой, перабіраючы нагамі, быццам вялікае, знямелае ад сораму дзіця. А што да астатніх хвароб, то людзі цалкам давяралі ёй. Грошай з хворых яна не брала, і ад пацыентаў не было адбою.

У той вечар міс Амелія спісала сваім вечным пяром шмат паперы. Але ж не магла яна зусім не заўважыць людзей, што стаялі на ганку і сачылі за ёй. Часам яна ўзнімала галаву і спакойна глядзела ў іх бок. Але ні разу не прыкрыкнула на іх і не спыталася, чаго яны туляюцца каля яе крамы, нібыта хеўра абібокаў. Міс Амелія сядзела з ганарлівым і суровым выглядам, які заўсёды быў на яе твары, калі яна садзілася за стол у канторы. Праз нейкі час іх цікаўнасць, відаць, ёй надакучыла. Яна правяла па твары чырвонай насоўкай, устала і зачыніла дзверы канторы.

Тым, хто стаяў на ганку, гэты рух якраз і быў сігналам. Час надышоў. Доўга яны чакалі ў золкай і змрочнай цемры, і вось цяпер імі авалодаў інстынкт дзеяння. Нібыта падпарадкоўваючыся адзінай волі, яны зайшлі ў краму. У той момант усе восем чалавек былі падобныя адзін да аднаго: усе ў блакітных камбінезонах, большасць з сівізной у валасах, як адзін — бледныя, з застылым летуценным позіркам. Ніхто з іх не ведаў, што рабіць далей. Але ў той самы момант пачуўся шум уверсе на лесвіцы. Мужчыны ўзнялі галовы і анямелі. На прыступках стаяў гарбун, якога яны лічылі забітым. Да таго ж ён зусім не выглядаў такім, якім яго распісвалі,— нікчэмным, замурзаным балбатуном, нікому не патрэбным жабраком. Перад імі было стварэнне, якога яны яшчэ ніколі не бачылі ў жыцці. У пакоі панавала мёртвая цішыня.

Гарбун памалу сышоў з лесвіцы з ганарлівым выглядам, нібыта ўсё тут, да апошняй масніцы, належала яму. За апошнія дні ён вельмі перамяніўся. Па-першае, ён быў неверагодна чысты. На ім было ўсё тое ж пальтэчка, але вычышчанае і акуратна зацыраванае. Пад паліто — чорна-чырвоная кашуля міс Амеліі. Замест штаноў, што носяць нармальныя мужчыны, на ім былі кароткія — да каленяў — і вузкія брыджы. На тонкіх ножках — чорныя панчохі і дзіўнага фасону чаравікі — высока зашнураваныя, наваксаваныя і да бляску начышчаныя. Вакол шыі быў завязаны шалік лімоннага колеру. Шалік закрываў вялікія белыя вушы, а яго канцы даставалі да падлогі.

Дробненька, але рашуча перабіраючы нагамі, гарбун выйшаў на сярэдзіну крамы і спыніўся пасярод натоўпу. Мужчыны расступіліся, ад нечаканасці апусціўшы рукі і вылупіўшы вочы. Гарбун паводзіў сябе дзіўна. Ён агледзеў кожнага з вышыні свайго росту — яго твар быў на ўзроўні жыватоў мужчын. Потым задуменна і ўважліва агледзеў кожнага ад жывата да пят. Зрабіўшы гэта, ён заплюшчыў на момант вочы і пакруціў галавой, нібыта паказваючы, што, на яго думку, убачанае не мела асаблівай вартасці. Потым, быццам жадаючы ўпэўніцца ў гэтым, ён узняў галаву і абвёў доўгім позіркам кола твараў, што нахіліліся над ім.

Ацаніўшы становішча, гарбун усеўся на мех, напалову засыпаны ўгнаеннем, што стаяў каля левай сцяны крамы. Зручна ўладкаваўшыся, злажыўшы накрыж ножкі, ён дастаў нешта з кішэні паліто.

Праз некалькі хвілін мужчыны, што былі ў краме, нарэшце ачуліся. Першы загаварыў Мэрлі Раен, той самы хворы на малярыю, што пусціў пагалоску пра забойства. Зірнуўшы на штуку, якую лашчыў сваімі ручкамі гарбун, ён ціха спытаўся:

— Што гэта ў цябе?

Усе яны ведалі, што круціў у руках гарбун. Гэта была табакерка бацькі міс Амеліі, аздобленая блакітнай эмаллю, з вечкам, упрыгожаным залатым узорам. Прысутныя добра ведалі гэтую табакерку і таму вельмі здзівіліся. Яны насцярожана глянулі ў той бок, дзе былі дзверы канторы, пачулі, як там ціха пасвіствае міс Амелія.

— Дык што там такое, Карантыш?

Гарбун зыркнуў на дзверы, сцяў вусны і адказаў:

— Нешта такое для занадта цікаўных.

Гарбун засунуў у скрыначку свае ўчэпістыя пальцы, узяў адтуль нешта і паклаў сабе ў рот, нікога не пачаставаўшы. Тое, што ён узяў, нават было не тытунь, а сумесь цукру і какавы. Але ўзяў яе двума пальцамі, нібыта тытунь, засунуў дробку за ніжнюю губу і прыціснуў кончыкам языка з адпаведным выразам твару.

— У мяне заўсёды кісла ў роце,— растлумачыў ён.— Таму і смакчу салодкае.

Мужчыны па-ранейшаму тоўпіліся вакол гарбуна з нейкім пачуццём збянтэжанасці і разгубленасці. Хоць гэтае пачуццё зусім і не знікла, хутка яно пачало згладжвацца пачуццём сяброўскай блізкасці і нават весялосці. Час назваць прозвішчы людзей, што былі ў той вечар у краме: Хэсці Мэлоўн, Роберт Калверт Хэйл, Мэрлі Раен, прападобны Т. М. Уілін, Росер Клайн, Рып Уэлбарн, Генры Форд Крымп і Хорэйс Уэлс. Усе яны, акрамя прападобнага Т. М. Уіліна, былі шмат у чым падобныя адзін да аднаго — адно іх цешыць, другое — смуціць і нават выклікае слёзы, усе яны лагодныя людзі, праўда, пакуль іх не выведзеш з сябе. Кожны працуе на фабрыцы і жыве з сям’ёй у двух- ці трохпакаёвым дамку, за які плаціць дзесяць — дваццаць долараў на месяц. У той дзень — была субота — яны атрымалі зарплату. Такім чынам, успрымайце іх як аднародную групу.

Аднак гарбун, у думках, ужо сартаваў іх. Зручна ўсеўшыся на мяху, ён па чарзе загаворваў з кожным, пытаючыся, ці жанаты той, які яго ўзрост, колькі звычайна зарабляе за тыдзень і гэтак далей, выпытваючы паступова рэчы ўжо зусім інтымныя. Хутка да іх далучыліся і іншыя жыхары горада, у тым ліку Генры Мэйсі, а таксама розныя абібокі, якія адчулі, што адбываецца нешта незвычайнае, жанчыны, што прыйшлі па сваіх прыпозненых мужоў, а адзін белагаловы жэўжык зайшоў на пальчыках у краму, схапіў пачак салёнага пячэння і паціху шмыгнуў за дзверы. У краме міс Амеліі было поўна людзей, а гаспадыня ўсё яшчэ не выходзіла з канторы.

Ёсць тып людзей з асаблівымі рысамі, дзякуючы якім яны адрозніваюцца ад іншых звычайных чалавечых істот. Такія людзі валодаюць здольнасцю, характэрнай толькі малым дзецям, адразу ж наладзіць непасрэдны кантакт з акружэннем. Гарбун, бясспрэчна, належаў да гэтага тыпу людзей. Не прайшло яшчэ і паўгадзіны, а ён пазнаёміўся ўжо з кожным. Быццам пражыў у горадзе не адзін год і ўсе яго тут ведалі, і невядома, колькі вечароў прабавіў ён у размовах, седзячы тут у краме на мяху з угнаеннем. Акурат гэтым, а таксама і тым, што вечар быў суботні, і тлумачылася тая атмасфера непасрэднасці і прытоенай радасці, што панавала ў краме. Адчувалася між тым і нейкая напружанасць, часткова, відаць, ад незвычайнасці сітуацыі, а таксама ад таго, што міс Амелія па-ранейшаму сядзела зачыніўшыся ў сваёй канторы і ні разу пакуль адтуль не выйшла.

У той вечар яна з’явілася ў краме а дзесятай гадзіне. I расчаравала тых, хто чакаў драматычных падзей. Яна адчыніла дзверы і паволі ўвайшла ў залу як заўсёды няўклюдна-велічна. Шыю яна абвязала чырвонай хусткай, а на носе з аднаго боку цямнела чарнільная рыска. Здавалася, яна не заўважала нічога незвычайнага. Яе косыя шэрыя вочы знайшлі ў натоўпе гарбуна і на момант запыніліся на ім. На астатніх людзей, што знаходзіліся ў краме, яна глядзела здзіўлена, але спакойна.

— Каго-небудзь трэба абслужыць? — нямоцна спыталася яна.

Кліенты знайшліся — была субота, і ім хацелася выпіць. Усяго тры дні назад міс Амелія выцягнула з ямы на балоце бочку вытрыманай гарэлкі і разліла яе ў бутэлькі. Цяпер яна брала ў кліентаў грошы і лічыла іх, стоячы ў яркім святле ад лямпы. Так яна рабіла заўсёды. Але гэты раз здарылася незвычайнае. Раней, бывала, заплаціўшы грошы, кліенту трэба было выйсці з двара, абысці вакол яго ў цемры і ў другім канцы, праз адчыненыя дзверы ў кухні, атрымаць з рук міс Амеліі бутэльку. Радасці ад такога торгу было мала. Атрымаўшы гарэлку, кліент звычайна знікаў у цемры. Аднак, калі жонка забараняла піць дома, яму дазвалялася вярнуцца на ганак крамы і выхлебтаць бутэльку на прыступках ці дзе-небудзь паблізу на вуліцы. I ганак, і вуліца перад ім належалі міс Амеліі, наконт гэтага ніхто не сумняваўся, але яна не лічыла іх сваёй уласнасцю: яе маёмасць пачыналася ад дзвярэй і ўключала ўсё тое, што было ў сярэдзіне будынка. I тут ужо нікому, апрача яе самой, не дазвалялася адкаркаваць бутэльку і выпіць з яе гарэлкі. Цяпер яна ўпершыню парушыла гэта правіла. Яна пайшла ў кухню разам з гарбуном, які не адставаў ад яе ні на крок, і прынесла бутэлькі ў цёплы асветлены пакой. Больш таго: яна дастала некалькі шклянак і распакавала два пачкі пячэння, вылажыла яго на талерку і гасцінна выставіла на прылавак, і кожны, хто хацеў, мог узяць кавалачак задарма.

Яна ні з кім не гаварыла, апрача гарбуна, спытаўшыся ў яго крыху рэзкім і сіпатым голасам:

— Вы так будзеце піць, кузен, ці падагрэць з вадой?

— Калі вам не цяжка, Амелія,— адказаў гарбун. (I з якога гэта часу да міс Амеліі пачалі звяртацца без пачцівага «міс»? Ва ўсякім разе, яе жаніх, які потым на дзесяць дзён стаў яе мужам, не дазваляў сабе такога. Па сутнасці, з таго часу, як памёр яе бацька, які чамусьці называў яе Малая, ніхто не адважваўся звяртацца да яе настолькі фамільярна.) — Калі не цяжка, падагрэйце.

Так з’явілася ў горадзе кафэ. Адбылося гэта вось так проста. Успомніце — на дварэ было холадна і панура, нібыта зімой, і ад туляння ў цемры пазавуголлю было б мала радасці. А ў краме, у кампаніі, было цёпла і весела. Нехта падкінуў дроў у печ, а тыя, хто купіў гарэлкі, пачаставалі ёю прыяцеляў. У краме аказалася некалькі жанчын. Яны пілі лікёр, кактэйлі і нават паспыталі віскі. Да гарбуна яшчэ не прывыклі, і ён быў дадатковай забавай. З канторы вынеслі лаўку і паставілі яшчэ некалькі крэслаў. Тыя, каму не хапіла месца, стаялі, абапёршыся аб прылавак, ці ўладкаваліся на бочках і мяхах. I хоць віскі пілі тут, у краме, не было чутно ні лаянкі, ні грубых жартаў, ні непрыстойнага рогату. Наадварот, усе паводзілі сябе паважна, нават крыху саромеліся. Справа ў тым, што людзі ў гэтым горадзе не прывыклі збірацца разам, каб павесяліцца. Разам яны ішлі на фабрыку працаваць. У нядзелю іх збіраў на паляне каля царквы свяшчэннік; і хоць пасядзець там было і нядрэнна, але весялосці ад таго, што табе напаміналі пра жахі пекла і наганялі страх перад госпадам богам, было мала. У кафэ панавала зусім іншая атмасфера. У сапраўдным кафэ нават самыя багатыя, самыя прагавітыя вядуць сябе прыстойна, нікога не абражаючы. Ну, а тым больш беднякі — тыя з удзячнасцю аглядаюцца па баках, і калі трэба ўзяць соль з сальніцы, робяць гэта зграбна і сціпла. Бо сама атмасфера ў сапраўдным кафэ вымагае такіх якасцей, як прыязнасць, сытасць, добры настрой і тактоўнасць. Ніхто не тлумачыў гэтага людзям, што сабраліся ў той вечар у краме міс Амеліі. Але яны зразумелі гэта самі, хоць да таго часу ў горадзе ніколі не было кафэ.

А міс Амелія, дзякуючы якой усё гэта адбылося, прастаяла ўвесь вечар у дзвярах, што вялі ў кухню. Вонкава яна быццам зусім не змянілася. Але многія звярнулі ўвагу на выраз яе твару. Яна наглядала за ўсім, што адбывалася ў краме, але часцей за ўсё затрымлівала позірк на гарбуне. А той фанабэрыста хадзіў па краме, раз-пораз даставаў ласунак са сваёй скрыначкі з кіслым і адначасова прыязным выразам твару. Водсветы агню ў пліце высвечвалі доўгі цёмны твар міс Амеліі. Вочы яе нібыта глядзелі ўсярэдзіну. У іх адлюстроўваліся боль, разгубленасць і няўпэўненая радасць. У той вечар яна не сцінала вуснаў, а толькі раз-пораз глытала сліну. Шчокі былі бледныя, а далоні спацелыя. Позірк яе вачэй сведчыў, што перад вамі — адзінокая закаханая жанчына.

Адкрыццё кафэ завяршылася апоўначы. Усе прысутныя прыязна пажадалі адзін аднаму добрай ночы. Міс Амелія прычыніла дзверы, але забылася засунуць засаўку. I хутка ўсюды — і на галоўнай вуліцы з яе трыма крамамі, і на фабрыцы, і ў кожным доме, карацей кажучы, ва ўсім горадзе,— стала цёмна і ціха. Такім чынам прайшлі тры дні і тры ночы, на працягу якіх здарылася столькі падзей: з’яўленне незнаёмца, разгул злараднасці і адкрыццё кафэ.

Прайшлі чатыры гады — вельмі падобныя адзін на адзін. Змены адбыліся, і значныя, але ўсе падзеі здараліся не адразу, а паступова, і таму ўрэшце ім не аддавалі вялікай увагі. Гарбун, як і раней, жыў у міс Амеліі. Кафэ паступова пашыралася. Міс Амелія пачала прадаваць гарэлку на разліў, і ў краме з’явіліся сталы. Наведвальнікі былі кожны вечар, ну, а ў суботу ад іх было не прадыхнуць. Міс Амелія пачала падаваць на вячэру смажаную рыбу па пятнаццаць цэнтаў за порцыю. Гарбун угаварыў яе купіць механічнае піяніна. За два гады крама ператварылася ў сапраўднае кафэ, адчыненае штодзённа з шасці гадзін вечара да дванаццаці ночы.

Кожны вечар гарбун спускаўся ў кафэ з выглядам чалавека, які ведае сабе цану. Ад яго заўсёды пахла бацвіннем бручкі, бо міс Амелія двойчы на дзень націрала яго моцным настоем, каб надаць яму сілы. Яна песціла яго без ніякай меры, але ўсё дарэмна: ад сытнай ежы большалі толькі горб і галава, а ўсё астатняе было такое ж нямоглае і перакрыўленае. Міс Амелія вонкава не змянілася. Яна, як і раней, насіла балотныя боты і камбінезон, і толькі ў нядзелю надзявала цёмна-чырвоную сукенку, што сядзела на ёй вельмі нязграбна. Але ў яе манерах і ў ладзе жыцця адбыліся значныя змены. Яна па-ранейшаму любіла судзіцца, але ўжо не гарэла, як раней, жаданнем ашукаць каго-небудзь і дамагчыся як мага большых выплат. Паколькі гарбун быў вялікі ахвотнік да кампаній, яна пачала патроху выходзіць «у свет»: прыходзіла на пахаванні, рэлігійныя сходы і гэткія ж іншыя мерапрыемствы. Яе лекарская практыка была па-ранейшаму паспяховая, гарэлка цяпер яшчэ больш удавалася, хоць здаецца, лепшай і быць не можа. Кафэ давала прыбытак, і на многія мілі наўкол яно было адзінае месца, дзе было можна прабавіць час.

А цяпер азірніцеся на мінулыя чатыры гады, звярнуўшы ўвагу на выпадковыя, асобныя эпізоды. Вось барвовым зімнім ранкам гарбун крочыць следам за міс Амеліяй — яны ідуць у сасновы бор на паляванне. Вось яны на полі міс Амеліі — кузен Лаймэн стаіць, засунуўшы рукі ў кішэні, але пільна сочыць за рабочымі і не дае спуску таму, хто замарудзіць. Восеньскім надвячоркам яны сядзяць на ганку, што з двара, і крышаць цукровы трыснёг. Сонечным летнім днём брыдуць па балоце паміж цёмна-зялёных кіпарысаў, дзе пад зблытанымі галінамі балотных раслін пануе дрымотны змрок. Калі сцяжына губляецца ў багне ці абрываецца каля яміны з чорнай балотнай вадой, міс Амелія нахіляецца, каб Лаймэн мог узлезці ёй на спіну, і вось яна крочыць па калена ў балоце, а гарбун сядзіць у яе на плячах, ухапіўшыся рукамі за яе вушы ці шырокі лоб. Часам міс Амелія заводзіла «форд», які яна паспела за гэты час купіць, і везла кузена Лаймэна ў кіно ў Чыха, куды-небудзь на кірмаш ці на пеўневыя баі — гарбун страшэнна захапляўся рознымі відовішчамі. Ну, і, зразумела, кожнае раніцы яны былі ў кафэ, гадзінамі сядзелі каля каміна ў «зале» на другім паверсе. Справа ў тым, што гарбуну ноччу нядужылася і ён баяўся заставацца адзін у цемры. Думка аб смерці звычайна наганяла страх. I міс Амелія не кідала гарбуна сам-насам з пакутлівымі перажываннямі. Можна было нават пагадзіцца з думкай аб тым, што, зрэшты, і кафэ было патрэбнае толькі таму, што там збіраліся кампаніі, да якіх ён быў такі аматар, і гэта дапамагала яму перажыць начныя кашмары. Паспрабуйце скласці вось з такіх асобных момантаў уяўленне аб тым, як яны пражылі гэтыя чатыры гады. Але давайце павядзём гаворку пра іншае.



Цяпер варта даць некаторыя тлумачэнні да таго, што адбылося. Надышоў час загаварыць пра каханне.

Міс Амелія кахала кузена Лаймэна. Гэта было відаць кожнаму. Яны жылі ў адным доме і ўсюды былі разам. Такім чынам, на думку місіс Мак-Фэйл, гэтай пляткаркі з гузаватым носам, што ўвесь час соўгалася разам з крэслам каля вокнаў з аднаго канца пакоя ў другі (ды і не толькі яе), гэтая пара жыла ў граху. Калі яны і былі сваякамі, дык толькі траюраднымі, ды і тое віламі па вадзе пісана. Ну, так, міс Амелія была вялікая баба ростам больш за шэсць футаў, а Лаймэн — маленькі, нямоглы гарбун, што ледзь даставаў ёй да пояса. Што ж, тым лепш для місіс Мак-Фэйл і яе прыяцелек, бо іх хлебам не кармі, а дай папляткарыць наконт якога-небудзь мезальянсу. Ну, і няхай сабе! Добрыя людзі лічылі, што калі гэтым дваім соладка разам, дык гэта датычыцца толькі іх ды самога бога. Наконт адкрыцця місіс Мак-Фэйл у разумных людзей склалася аднолькавая думка. Дык якое ж гэта было каханне?

Па-першае, трэба адзначыць, што, хоць у каханні ўдзельнічаюць двое, гэта не азначае, што ў кожнага з іх аднолькавы ўдзел. Бо адзін — гэта той, хто кахае, а другі — той, каго кахаюць, і ў гэтым яны нібы чужаземцы. Часам каханы — толькі стымул для вызвалення плыні кахання, што на працягу многіх гадоў спакваля збіралася ў сэрцы. I той, хто кахае, ведае гэта. Ён сэрцам разумее нераздзеленасць свайго пачуцця. Яму даводзіцца спазнаць невядомае раней, дзіўнае пачуццё адзіноты, і гэта прычыняе шмат пакут. Такім чынам, яму застаецца толькі адно. Трымаць сваё каханне ў сэрцы, наколькі гэта магчыма, стварыць у сабе цэлы новы ўнутраны свет — трывожны, дзіўны і замкнёны. Трэба дадаць, што гэты закаханы — не абавязкова юнак, што збірае грошы на заручальны пярсцёнак — гэта можа быць і мужчына, і жанчына, і дзіця, адным словам, любая чалавечая істота на гэтай зямлі.

Гэтаксама і каханым можа быць невядома хто... Аб’ектам кахання могуць быць самыя нечаканыя людзі. Мужчына ў пажылым веку, маючы ўжо праўнукаў, можа захоўваць сваё адзінае каханне — да незнаёмай дзяўчыны, якую ён убачыў аднойчы надвячоркам, два дзесяцігоддзі назад, на вуліцы ў Чыха. Прапаведнік можа закахацца ў распусную дзяўчыну. Каханы можа быць здрадлівы, неахайны і распусны. I закаханаму гэта можа быць вядома не горш за іншых, але гэта ні на кроплю не ўплывае на яго каханне. Самая звычайная асоба можа выклікаць каханне, шалёнае, экстравагантнае і прыгожае, як атрутная балотная лілея. Прыстойны чалавек робіцца аб’ектам кахання, адначасова шалёнага і зневажальнага, а закаханасць у мітуслівага вар’ята можа даць закаханаму сэрцу мір і спакой. Вось таму глыбіню кахання можа вызначыць толькі сам закаханы.

З гэтай прычыны большасць з нас лічыць за лепшае кахаць, чым быць каханымі. Амаль кожны хоча быць закаханым. I, калі гаварыць шчыра, у глыбіні душы многія лічаць ролю каханага нясцерпнай. Каханыя баяцца і ненавідзяць закаханых, і не без падстаў. Бо закаханыя заўсёды імкнуцца абяззброіць каханых. Закаханыя выкарыстоўваюць любую магчымасць, каб завязаць адносіны з каханымі, нават калі ў выніку выклікаюць толькі боль.

Тут ужо гаварылася, што міс Амелія калісьці была замужам. I цяпер, відаць, варта расказаць падрабязна пра гэты эпізод. Не трэба забывацца, што гэта здарылася даўно і гэта быў адзіны выпадак у жыцці міс Амеліі да таго, як з’явіўся гарбун, калі яна сутыкнулася з гэтай з’явай — каханнем.

Горад быў такі ж самы, як і цяпер, толькі на галоўнай вуліцы былі не тры крамы, а дзве, а персікавыя дрэвы былі ніжэйшыя і яшчэ крывейшыя. Міс Амеліі было тады дзевятнаццаць гадоў, а бацькі яе ўжо даўно памерлі. У той час у горадзе жыў механік па прозвішчы Марвін Мэйсі. Ён быў брат Генры Мэйсі, але вам нават у галаву не прыйшло б, што яны сваякі. Марвін Мэйсі быў першы прыгажун у акрузе — высокі, дужы, кучаравы, з нетаропкім паглядам шэрых вачэй. Жыў ён заможна, добра зарабляў і меў залаты гадзіннік з адкідным вечкам і малюнкам вадаспада ўсярэдзіне. Знешне Марвін Мэйсі здаваўся шчасліўчыкам: яму ні перад кім не трэба было шапку здымаць, ён заўсёды атрымліваў тое, што хацеў. Але на больш сур’ёзны і ўважлівы погляд, Марвіну Мэйсі зайздросціць не было чаго, бо чалавек ён быў благі. У цэлай акрузе нельга было знайсці хлопца з горшай рэпутацыяй. Яшчэ падлеткам ён брытвай зарэзаў у бойцы чалавека і потым доўга насіў з сабой яго высушанае засоленае вуха. Ён лавіў у лесе вавёрак і проста так, дзеля забавы, адсякаў ім хвасты, а ў левай кішэні штаноў у яго заўсёды была забароненая марыхуана спакушаць тых, каго скруцілі няўдачы і хто быў на краі гібелі. Але нягледзячы на такую рэпутацыю яго любілі многія жанчыны і нават дзяўчаты — чысценькія, гладка прычасаныя дзяўчаткі з лагоднымі вочкамі, добрымі манерамі і прыгожанькімі задкамі. Гэтых цнатлівых ён даводзіў да распусты і ганьбы. Нарэшце, ва ўзросце дваццаці двух гадоў, Марвін Мэйсі нацэліўся на міс Амелію. Яго вабіла гэта няўклюдная адзінотніца з косымі вачамі. I прычынай былі не грошы, а толькі каханне.

I каханне перамяніла Марвіна Мэйсі. Раней, да таго як ён пакахаў міс Амелію, цяжка было сказаць, ці ёсць у гэтага чалавека сэрца і душа. Праўда, можна знайсці нейкае апраўданне агіднасці яго характару, бо Марвіну Мэйсі давялося зазнаць гора, прыйшоўшы на гэты свет: ён быў адзін з сямі нежаданых дзяцей у бацькоў — людзей, якіх наўрад ці варта было называць гэтым словам; гэтыя так званыя бацькі былі шалапуты, якія толькі і рабілі, што бадзяліся па балотах дылавілі рыбу. Дзеці, а іх колькасць павялічвалася амаль кожны год, былі ім непатрэбны клопат. Прыйшоўшы вечарам з фабрыкі, яны глядзелі на сваіх дзяцей так, нібыта не ведалі, адкуль тыя ўзяліся. Калі дзеці пачыналі румзаць, іх лупцавалі, і першае, чаму яны навучыліся на гэтым свеце, дык гэта ўменню знаходзіць у пакоі самы цёмны кут і як мага лепей там хавацца. Яны былі тонкія і белагаловыя, зусім як маленькія здані, і ніхто не чуў, каб яны размаўлялі, нават паміж сабой. Нарэшце бацькі іх зусім кінулі, аддаўшы на літасць горада. Зіма была тады вельмі халодная, фабрыку зачынілі амаль на тры месяцы, і ўсе жылі ў галечы. Але гэта быў не той горад, дзе маглі даць бедным сіротам загінуць на вачах усіх пасярод вуліцы. I вось што выйшла: старэйшы з дзяцей — васьмігадовы хлопчык — пайшоў у Чыха і знік. Мабыць, ускочыў дзе-небудзь у таварны цягнік і памчаў разам з ім у вялікі свет — ніхто добра не ведае. Яшчэ трое дзяцей знаходзілі прытулак у розных дамах у горадзе, вандруючы ад адной кухні да другой, і паколькі яны былі кволыя, то не дажылі да вялікадня. Засталіся двое — Марвін Мэйсі і Генры Мэйсі; гэтыя двое трапілі ў сям’ю. Жыла ў горадзе добрая жанчына — Мэры Хэйл. Яна ўзяла іх да сябе і любіла іх, як сваіх родных дзяцей.

Але сэрца дзіцяці — далікатная рэч. Жорсткасць, напатканая на пачатку жыцця, можа перайначыць яго на самы нечаканы лад. Такое сэрца можа зморшчыцца і потым ніколі не адмякнуць, застаючыся шурпатым, нібыта персікавая костачка. Ці пакрыцца ранамі, якія не загойваюцца, а толькі большаюць увесь час, і вось жыццё з такім сэрцам, што пачынае балець ад самай нязначнай дробязі, робіцца адной пакутай. Апошняе выпала на долю Генры Мэйсі — самаму добраму і ласкаваму чалавеку ў горадзе, ва ўсім процілегламу свайму брату. Ён заўсёды пазычаў грошы тым, каму не вельмі шанцуе, а раней наватдаглядаў дзяцей, чые бацькі бавілі час суботнімі вечарамі ў кафэ. Гэта сарамлівы чалавек, па якім адразу відаць, што ў яго чуллівае сэрца і што ён ад гэтага пакутуе. А Марвін Мэйсі вырас дзёрзкім, жорсткім, пазбаўленым такога пачуцця, як страх. Сэрца яго зацвярдзела, як рогі ў д’ябла, і да таго часу, як ён закахаўся ў міс Амелію, ён прыносіў свайму брату і той добрай кабеце, што выгадавала іх абодвух, толькі сорам і непрыемнасці.

Але каханне перамяніла характар Марвіна Мэйсі. Два гады ён кахаў міс Амелію, не прызнаючыся ёй у гэтым. Ён падыходзіў да яе дома і стаяў ля парога, камечачы ў руках шапку і нясмела паглядаючы на дзверы затуманенымі шэрымі вачыма. Ён зусім выправіў свае паводзіны. Стаў добры да брата і прыёмнай маці, навучыўся берагчы грошы і наогул быць ашчадным. Больш таго: ён звярнуўся да бога. У нядзелю ён больш не ляжаў цэлы дзень на ганку, спяваючы і брынкаючы на гітары, а ішоў у царкву і наведваў усе рэлігійныя сходы. Ён навучыўся добрым манерам —уступаў дамам месца, больш не лаяўся, не біўся і не ўспамінаў святых не тады, калі гэта трэба. Такім чынам, за два гады ён зусім перамяніўся. I вось аднойчы вечарам, пасля амаль двухгадовых ваганняў, Марвін Мэйсі прыйшоў да міс Амеліі з букетам балотных кветак, мяшэчкам смажаных трыбушкоў і срэбным пярсцёнкам. У, тую ноч ён адкрыў ёй свае пачуцці.

I міс Амелія выйшла за яго замуж. Пасля ўсе дзівіліся — чаму. Адны гаварылі, што яна зрабіла гэта дзеля вясельных падарункаў, другія лічылі, што яе дапякла сваім бурчаннем бабка — звяглівая па характары старая, што жыла ў Чыха. Як бы там ні было, аднойчы зімой міс Амелія шырокім крокам прайшла па праходзе паміж лаўкамі да алтара. На ёй быў шлюбны ўбор нябожчыцы маці з жоўтага атласу,сантыметраў на трыццаць карацейшы, чым трэба. Праз рубінавае шкло ў вокнах царквы промні яркага сонца неяк дзіўна высвечвалі маладых, што стаялі перад алтаром. Увесь час, пакуль свяшчэннік чытаў шлюбны дагавор, міс Амелія рабіла дзіўныя рухі правай рукой. Яна вадзіла далонню па бядры, ад пояса да падолу жоўтай атласнай сукенкі. Міс Амелія шукала кішэню камбінезона, і, паколькі не знаходзіла, на твары яе быў выраз нецярплівасці, суму і злосці. Калі, нарэшце, пасля шлюбнай малітвы абрад быў скончаны, міс Амелія выскачыла з царквы, нават не падумаўшы ўзяць мужа пад руку, пакінуўшы яго на некалькі крокаў ззаду.

Ад царквы да крамы рукой падаць, і таму маладыя пайшлі дадому пешкі. Кажуць, па дарозе міс Амелія расказвала мужу пра воз дроў, які яна старгавала з адным фермерам. Наогул, яна размаўляла з ім як з кліентам, што прыйшоў у краму па бутэльку гарэлкі. Але пакуль што ўсё ішло даволі прыстойна; жыхары горада радаваліся, гледзячы, што зрабіла з Марвінам Мэйсі каханне, і спадзяваліся, што яно пераменіць на лепшае і маладую. Прынамсі, яны разлічвалі, што пасля замужжа нораў міс Амеліі памякчэе, яна зробіцца больш падобная на жанчыну і з ёй, нарэшце, можна будзе мець справы, як з кожным нармальным чалавекам.

Яны памыліліся. Падшыванцы, што лазілі каля вокнаў маладых у тую ноч, расказвалі вось што. Старая негрыцянка Джэф — служанка міс Амеліі прыгатавала шыкоўную вячэру. Маладая ела напоўніцу, а жаніх толькі калупаў відэльцам у талерцы. Потым маладая занялася сваімі звычайнымі справамі: прачытала газету, скончыла інвентарны вопіс тавару ў краме і гэтак далей. Увесь гэты час Марвін Мэйсі, на якога яна не звяртала ніякай увагі, стаяў непрыкаяна ў дзвярах з разгубленым і шчасліва-прыдуркаватым тварам. У адзінаццаць гадзін маладая ўзяла лямпу і пайшла на другі паверх. Марвін Мэйсі пайшоў за ёй следам. Да гэтага ўсё было даволі прыстойна, але пасля адбылося нешта жудаснае.

Не прайшло і паўгадзіны, як міс Амелія ў брыджах і пінжаку колеру хакі з грукатам збегла ўніз па лесвіцы. Твар яе наліўся крывёй і быў амаль чорны. Яна бразнула дзвярамі ў кухні і з усёй сілы піхнула іх нагой. Потым яна ўзяла сябе ў рукі: паварушыла агонь у печы і села, паклаўшы ногі на край пліты. Яна чытала «Фермерскі альманах», піла каву і курыла бацькаву люльку. Твар яе заставаўся зацятым і жорсткім, але пасвятлеў і меў ужо звычайны колер. Часам яна выпісвала нешта з часопіса на шматку паперы. Перад світаннем яна пайшла ў кантору і адчыніла пішучую машынку. Яна купіла яе зусім нядаўна і пакуль яшчэ вучылася абыходзіцца з ёю. Вось так міс Амелія і бавіла сваю шлюбную ноч. А калі развіднела, яна, як быццам нічога не было, узялася майстраваць пастку на дзікіх трусоў, якую пачала рабіць тыдзень назад, спадзеючыся недзе прадаць.

Не вельмі прыемна, калі, ажаніўшыся з любай жанчынай, не можаш прымусіць яе легчы з сабой у пасцель і пра гэта ведае ўвесь горад. У тую раніцу Марвін Мэйсі сышоў уніз з кіслай мінай. Ён так і не зняў шлюбнага гарнітура. Усю раніцу ён сноўдаўся па двары, паглядаючы на міс Амелію, але трымаючыся ад яе наводдаль. Блізка поўдня яму ў галаву прыйшла нейкая думка, і ён накіраваўся да Сасаеці-Сіці. Вярнуўся ён з падарункамі: апалавым пярсцёнкам, ружовай эмалевай брошкай, што былі тады ў модзе, срэбраным бранзалетам, упрыгожаным двума сэрцамі, і каробкай цукерак, што каштавала два з паловай долары. Міс Амелія глянула на тыя цудоўныя падарункі і адчыніла каробку з цукеркамі, бо ёй хацелася есці. Уважліва агледзеўшы астатнія рэчы, янапрыкінула ў галаве кошт кожнай з іх — і паклала на прылавак — на продаж. Ноч прайшла гэтаксама як і першая, з той розніцай, што міс Амелія прынесла ў кухню пярыну, паслала сабе каля пліты і добра выспалася.

Так працягвалася тры дні і тры ночы. Міс Амелія, як звычайна, займалася сваімі справамі, і калі дайшлі чуткі, што за дзесяць міляў ад горада будуць будаваць мост, яна гэтым вельмі зацікавілася. Марвін Мэйсі, як і раней, хадзіў за ёй следам, і па яго твары было відаць, што ён пакутуе. На чацвёрты дзень ён зрабіў надзвычай легкадумны ўчынак: паехаў у Чыха, прывёз адтуль юрыста і ў канторы міс Амеліі перапісаў на яе імя ўсю сваю маёмасць: дзесяць акраў лесу, якія ён купіў на сабраныя грошы. Міс Амелія з суровым выглядам уважліва прачытала паперу, пераканалася, што ніякага падману няма, і спакойна паклала яе ў шуфляду стала. У той дзень Марвін Мэйсі ўзяў кварту віскі і пайшоў да балота, калі сонца было высока ў небе. Пад вечар ён вярнуўся ў краму п’яны, падышоў да міс Амеліі і, гледзячы на яе шырока адкрытымі мокрымі вачыма, паклаў ёй руку на плячо. Ён хацеў ёй нешта сказаць, але не паспеў адкрыць рота, як міс Амелія ўдарыла яго наводмаш кулаком у твар так моцна, што Марвін Мэйсі адляцеў да сцяны з выбітым пярэднім зубам.

Астатняе можна расказаць некалькімі словамі. Пасля гэтага выпадку міс Амелія біла яго кожны раз, калі ён падыходзіў занадта блізка і калі прыходзіў п’яны. Нарэшце яна выгнала яго за парог, і ён быў вымушаны пакутаваць на вачах у людзей. Цэлы дзень ён круціўся каля дома міс Амеліі, а часам з выглядам вар’ята прыносіў стрэльбу і садзіўся яе чысціць, не зводзячы вачэй з міс Амеліі. Калі яна і баялася яго, дык не падавала выгляду, але выраз яе твару быў як ніколі суровы, і яна раз-пораз плявала сабе пад ногі.

Нарэшце ён выкінуў зусім бязглуздую штуку: залез ноччу праз акно ў краму і праседзеў там да раніцы ў цемры немаведама чаго, пакуль міс Амелія не сышла ўніз. Яна адразу падалася ў суд, збіраючыся дамагчыся арышту Марвіна Мэйсі за парушэнне межаў прыватнай маёмасці. У той жа дзень Марвін Мэйсі непрыкметна знік з горада. Перад тым як адысці ў невядомым накірунку, ён падсунуў пад дзверы міс Амеліі дзіўнае пасланне, напісанае напалову алоўкам, напалову чарнілам. Гэта было гарачае любоўнае пасланне, але ў ім былі і пагрозы, і абяцанне паквітацца з ёю. Іх шлюб працягваўся дзесяць дзён. А жыхароў горада ахапіла тое пачуццё задаволенасці, якое ўзнікае ў людзей, калі хто-небудзь на іх вачах трапляе ў скандальную і страшную гісторыю.

Міс Амеліі засталася ўся маёмасць Марвіна Мэйсі: яго лес, залаты гадзіннік, усе яго рэчы. Але для яе яны былі, відаць, мала чаго вартыя, бо ў тую ж вясну яна парэзала яго куклукскланаўскі каўпак, каб накрыць саджанцы тытуню. Такім чынам, усё, што зрабіў Марвін Мэйсі, дык гэта памножыў багацце міс Амеліі і падараваў ёй сваё каханне. Але дзіўная справа: яна ўспамінала яго заўсёды са злосцю і лютай нянавісцю. Калі заходзіла гаворка пра Марвіна Мэйсі, яна ніколі не называла яго імя, а толькі пагардліва гаварыла: «Ды той механік, за якога я выходзіла замуж».

I потым, калі да горада дайшлі жахлівыя чуткі пра Марвіна Мэйсі, міс Амелія была вельмі задаволеная, бо, вызваліўшыся ад свайго кахання, Марвін Мэйсі нарэшце паказаў свой сапраўдны характар. Ён зрабіўся злачынцам: яго фатаграфія і прозвішча з’яўляліся ва ўсіх газетах штата. Узброены абрэзам, ён абрабаваў тры бензакалонкі і зрабіў налёт на магазін фірмы «Эй-энд-пі» ў Сасаеці-Сіці. Яго падазравалі ў забойстве Вузкавокага Сэма, вядомага налётчыка.

Усе гэтыя злачынствы былі звязаны з Марвінам Мэйсі, і гэта жахлівае імя было вядома ўсюды. Нарэшце яго злавілі, знайшлі п’янага на падлозе ў начлежніцы для турыстаў. Побач ляжала яго гітара, а ў правым чаравіку знайшлі пяцьдзесят сем долараў. Яго судзілі, прыгаварылі да зняволення і пасадзілі ў турму недзе недалёка ад Атланты. Міс Амелія была вельмі задаволеная.

Ну, дык вось, усё гэта здарылася даўно, і вам цяпер вядома гісторыя замужжа міс Амеліі. Жыхары горада яшчэ доўга смяяліся з гэтай недарэчнай падзеі. Але хоць знешне ўсё гэта было сумна і недарэчна, не трэба забывацца, што сапраўдныя падзеі адбываюцца ў душы закаханага. Таму хто, як не гасподзь бог, можа быць сапраўдным суддзёй гэтага альбо іншага кахання? У першы ж вечар, калі адчынілі кафэ, знайшліся людзі, што раптам успомнілі пра бедалагу мужа, які мучыцца ў змрочнай турме за многія мілі ад свайго горада. I потым, калі мінуў ужо не адзін год, пра Марвіна Мэйсі ў горадзе не забыліся. I хоць яго імя ніколі не згадвалі пры міс Амеліі альбо гарбуне, успаміны пра яго палкае каханне, пра яго злачынствы, а таксама думка пра тое, што якраз цяпер ён сядзіць за кратамі ў турме, кідала трывожны водсвет на шчаслівае каханне міс Амеліі і атмасферу весялосці, што панавала ў кафэ. Таму не забывайцеся пра Марвіна Мэйсі, бо яму яшчэ давядзецца адыграць жудасную ролю ва ўсёй гэтай гісторыі.

За чатыры гады, што мінулі з таго часу, як крама ператварылася ў кафэ, у пакоях на другім паверсе нічога не змянілася. Гэтая частка дома заставалася нязменнай на працягу ўсяго жыцця міс Амеліі, яе бацькі і, відаць, дзеда. Усе тры пакоі, як ужо гаварылася, заўсёды былі бездакорна чыстыя. Кожная дробязь там ляжала на сваім месцы, але штораніцы ўсё чысцілася і шаравалася Джэф — служанкай міс Амеліі. Пакой ад вуліцы належаў кузену Лаймэну — той самы пакой, у якім Марвін Мэйсі правёў некалькі начэй, калі яго яшчэ пускалі ў дом, а яшчэ раней тут была спальня бацькі міс Амеліі. Тут стаяла вялікая шафа, камода, накрытая вышытым па краях белым абрусам, і стол з мармуровым верхам. Ложак быў велізарны — старасвецкае збудаванне з чырвонага дрэва, аздобленае разьбой. На ім пад полагам ляжалі дзве пярыны, валікі і мноства самаробных падушачак. Ложак быў такі высокі, што да яго была зроблена спецыяльная лесвічка з дзвюх прыступак. Ніхто, праўда, раней не карыстаўся гэтай лесвічкай, а вось кузен Лаймэн кожны вечар выцягваў яе і важна падымаўся па прыступках. Побач з лесвіцай, толькі схаваны ад цікаўных вачэй, стаяў гаршчок, размаляваны бледнымі ружамі. Цёмная падлога заўсёды шаравалася да бляску. Дываноў не было, а на вокнах віселі фіранкі, таксама аздобленыя вышыўкай па краях. Па другі бок залы была спальня міс Амеліі. Яна была меншая на велічыню і сціпла абстаўленая. Тут стаяў вузкі, зроблены з сасновых дошак ложак, была таксама камода, куды міс Амелія клала свае кашулі і брыджы, а таксама выхадную сукенку, а на боты яна забівала два цвікі ў сценку кладоўкі. У пакоі не было ні дываноў, ні фіранак, ні якіх-небудзь упрыгожанняў.

Паміж спальнямі была прасторная, з шыкам абстаўленая зала. Перад камінам стаяла сафа з чырвонага дрэва, абабітая ўжо добра выцертым зялёным шоўкам. Столікі з мармуровым верхам, дзве швейныя машыны фірмы «Зінгер», вялікая ваза з пампаснай травой — усё было велічнае і раскошнае. Галоўным прадметам у абстаноўцы ўсё ж быў сервант, у якім захоўваліся розныя каштоўнасці і проста сувеніры. Міс Амелія дадала да гэтай калекцыі дзве рэчы: вялікі жолуд чорнага дуба і аксамітавую скрыначку з двума каменьчыкамі шэрага колеру. Часам, калі міс Амелія была не вельмі занятая, яна даставала скрыначку з серванта, падыходзіла да акна, трымаючы на далоні каменьчыкі, і доўга разглядала іх з павагай, захапленнем і страхам. Гэта былі камяні з нырак міс Амеліі. Іх дастаў адтуль хірург у час аперацыі, якую ёй зрабілі ў Чыха некалькі год назад. Уражанне ад яе было вельмі непрыемнае з першай да апошняй мінуты. А ў выніку яна атрымала вось гэтыя два каменьчыкі. Так што ёй заставалася альбо ставіцца да іх як да вялікай каштоўнасці, альбо прызнацца, што яе напаткалі страшэнныя выдаткі. Дык вось, яна захавала іх і на другі год жыцця з Лаймэнам падаравала яму ланцужок да гадзінніка, упрыгожаны гэтымі каменьчыкамі. Другім экспанатам, які яна ўключыла ў калекцыю — вялікім жолудам — яна таксама вельмі даражыла, але, калі глядзела на яго, заўсёды рабілася сумная і нейкая разгубленая.

— Амелія, што гэта за жолуд? — спытаўся ў яе аднойчы Лаймэн.

— Звычайны жолуд,— адказала тая.— Я падабрала яго ў той дзень, калі памёр тата.

— Як гэта? — працягваў дапытвацца Лаймэн.

— Вось так. Проста ўбачыла на зямлі жолуд, падабрала і палажыла ў кішэню. Нават не ведаю чаму.

— Што за патрэба трымаць яго ў серванце? — здзівіўся Лаймэн.

Шмат аб чым гаварылі міс Амелія і кузен Лаймэн, седзячы ў зале на досвітку, калі гарбуна не браў сон. Міс Амелія была жанчына маўклівая і не малаціла языком пра ўсё, што прыходзіла ёй у галаву. Але былі тэмы, на якія яна любіла пагаварыць. Усе яны вылучаліся адным — былі невычэрпныя. Яна любіла паразважаць наконт праблем, што маглі заставацца нявырашанымі дзесяцігоддзі. Лаймэн жа быў гатовы гаварыць на любую тэму — другога такога балбатуна цяжка было знайсці. Іх манера весці гутарку была зусім розная. Міс Амелію цікавілі глабальныя ідэі, якія яна магла абмяркоўваць бясконца, гаворачы ціха і задуменна, а Лаймэн раз-пораз перабіваў яе, нібы тая сарока, чапляючыся за якую-небудзь падрабязнасць, якая магла быць хоць і нязначнай, але затое канкрэтнай і звязанай з рэальнасцю. Міс Амелія, у прыватнасці, любіла пагаварыць пра зоркі, пра тое, чаму негры чорныя, чым лепш лячыцца ад рака і аб розных такіх рэчах. Яшчэ адной невычэрпнай тэмай, дарагой сэрцу міс Амеліі, быў яе бацька.

— Эх, Ло,— гаварыла яна Лаймэну,— але ж і спала я тады! Клалася, як толькі запальвалі лямпу, і засынала, нібы танула ў цёплай каламазі. А раніцай прыходзіў тата, кратаў мяне за плячо і гаварыў: «Прачніся, Малая!» Потым ішоў у кухню і, падпаліўшы ў пліце, крычаў адтуль: «Смажаная кукуруза! Свініна з падліўкай! Яечня з салам!» I я бегла па лесвіцы ўніз і адзявалася каля гарачай пліты, а тата ішоў на двор мыцца. Потым мы ішлі на балота гнаць самагон, а можа...

— Кукуруза была сёння недасмажаная,— гаварыў Лаймэн.— Мала трымалі на агні, таму ўсярэдзіне нават не прагрэлася.

— I вось, бывала, калі тата нагоніць гарэлкі...— і гутарка цягнулася бясконца. Міс Амелія звычайна сядзела, выцягнуўшы ногі да каміна, у якім і зімой і летам гарэў агонь, бо Лаймэн быў мярзляк. Захутаны ў коўдру ці зялёную баваўняную хустку, ён сядзеў насупраць міс Амеліі, не зусім дастаючы нагамі да падлогі. Міс Амелія гаварыла пра свайго бацьку толькі з ім і больш ні з кім.

Гэта была адна з праяў яе кахання да Лаймэна. Яна давярала яму ў самых далікатных і важных пытаннях. Ён адзін ведаў, дзе схаваны план, на якім паказана, дзе закапаны бочкі з віскі. Ён адзін меў доступ да яе чэкавай кніжкі і ключа ад серванта. Ён браў грошы з касы поўнымі жменямі і задаволена слухаў, як яны потым звінелі ў кішэнях. Яму належала амаль усё, што было ў доме, бо, калі ён быў не ў гуморы, міс Амелія перакопвала ўсё ў доме, шукаючы што-небудзь яму ў падарунак; у выніку знайсці якую-небудзь рэч у доме, каб зрабіць прэзент, было ўжо немагчыма. Вось толькі ўспамінамі пра сваё дзесяцідзённае замужжа яна дзяліцца не хацела. Ніколі яны не гаварылі і пра Марвіна Мэйсі.

I вось прайшло шэсць нетаропкіх гадоў з таго часу, як аднойчы суботнім вечарам у горадзе з’явіўся кузен Лаймэн. Быў жнівень, і над горадам увесь дзень палала неба, падобнае на вогненны купал. Але ўжо набліжаўся надвячорак з яго зеленаватым змрокам і жаданым пасля спёкі халадком. Зямля была засланая тоўстым пластом сухога залацістага пылу, і амаль голыя дзеці, што бегалі па вуліцах, часта чхалі, пацелі і капрызілі. Фабрыка спыніла работу апоўдні. На прыступках кожнага дома на галоўнай вуліцы адпачывалі людзі, жанчыны абмахваліся пальмавымі веерамі. На доме міс Амеліі вісела шыльда: кафэ. З другога боку дома, на верандзе, схаванай ад спёкі рашэцістымі вокнамі, Лаймэн круціў ручку марожаніцы. Раз-пораз адграбаў убок соль і лёд, здымаў накрыўку, каб лізнуць марожанага і наогул паглядзець, што там робіцца. Джэф завіхалася на кухні. Яшчэ раніцай міс Амелія павесіла над ганкам, што ад вуліцы, аб’яву, на якой было напісана: «Сёння на абед кураціна па дваццаць цэнтаў». Кафэ ўжо адчынілі, і міс Амелія толькі што скончыла сваю работу ў канторы. Усе восем сталоў былі ўжо занятыя, брынкала механічнае піяніна.

У куце каля дзвярэй за сталом сядзеў Генры Мэйсі з маленькім хлопчыкам. Ён піў гарэлку, што было само па сабе нязвыкла — ён хутка п’янеў і пачынаў плакаць ці смяяцца. Твар яго быў белы, левае вока нервова паторгвалася, што здаралася кожны раз, калі ён быў усхваляваны. Зайшоўшы ў кафэ, ён не азваўся на прывітанні, прайшоў бокам у кут і моўчкі сеў за стол. Хлопчык, што сядзеў побач з ім,— сын Хорэйса Уэлса — хварэў, і яго яшчэ раніцай прывялі да міс Амеліі.

Міс Амелія выйшла з канторы ў добрым настроі. Яна пайшла ў кухню і, вырашыўшы там некалькі дробных спраў, вярнулася ў кафэ з курынай гузкай у руцэ — яе любімай курынай часткай. Яна агледзела залу, упэўнілася, што ўсё ў парадку, і пайшла ў кут, дзе сядзеў Генры Мэйсі. Яна павярнула крэсла, села на яго верхам — да вячэры было яшчэ далёка, і ёй проста хацелася тут пасядзець. З задняй кішэні яе камбінезона тырчэла бутэлька Гаючай вады — лякарства, якое яна гатавала з віскі, ледзянцоў і яшчэ аднаго невядомага кампанента. Міс Амелія адкаркавала бутэльку і паднесла да вуснаў хлопчыка. Потым павярнулася да Генры Мэйсі і, убачыўшы, як паторгваецца яго павека, спыталася:

— Што з табой?

Генры Мэйсі быў ужо гатовы паведаміць нешта непрыемнае, але, паглядзеўшы доўгім позіркам у вочы міс Амеліі, праглынуў сліну і змаўчаў.

Тады міс Амелія зноў занялася сваім пацыентам. Хлопчык ледзь даставаў падбародкам да стала. Твар яго гарэў, вочы былі амаль заплюшчаныя, а рот крыху разяўлены. У хлопчыка быў нарыў на назе, і яго прывялі да міс Амеліі, каб яна разрэзала гэты нарыў. Але да маленькіх пацыентаў у яе быў асаблівы падыход. Ёй не хацелася, каб дзіця плакала, крычала, вырывалася. Таму яна пакінула хлопчыка на цэлы дзень, давала яму лакрыцу і часта давала піць Гаючую ваду, а пад вечар завязала яму на шыі сурвэтку і накарміла абедам. Цяпер хлопчык сядзеў за сталом насупраць міс Амеліі. Ён паволі ківаў галавой, цяжка дыхаў і ціхенька стагнаў.

У кафэ нехта зайшоў. Міс Амелія хутка павярнулася. Гэта быў Лаймэн. Кожны вечар ён урачыста і велічна заходзіў у кафэ. Дайшоўшы да залы, ён спыняўся і ўважліва аглядаў прысутных, ацэньваючы людзей, што сядзелі за сталамі, і вызначаючы, які тут пануе настрой. Лаймэн быў вялікі інтрыган. Ён радаваўся любому скандалу і, не сказаўшы ні слова, надзіва спрытна мог падбухторыць аднаго чалавека супраць другога. Гэта праз яго браты-блізняты Рэйні пасварыліся з-за складанага нажа і вось ужо два гады не размаўлялі адзін з адным. Калі Рып Уэлбарн біўся з Робертам Калвертам Хэйлам, гарбун быў тут як тут і за ўсе гэтыя шэсць гадоў не прапусціў ніводнай бойкі. Ён усюды торкаў свой нос, ведаў самыя інтымныя падрабязнасці пра людзей і часта злоўжываў гэтым. Але, як ні дзіўна, нягледзячы на ўсё гэта, менавіта гарбуну кафэ было абавязана сваёй папулярнасцю. Без яго было б сумна. Кожны раз, калі гэты назола з’яўляўся ў кафэ, усе насцярожваліся: нельга было ведаць, якое ліха зараз зваліцца на галаву, што здарыцца праз хвіліну.

Ніколі людзі не адчуваюць сябе так вольна і не бываюць настолькі схільныя да безразважнай весялосці, як у прадчуванні якога-небудаь узрушэння ці катастрофы. I вось цяпер, калі ў дзвярах кафэ з’явіўся гарбун, адразу гучней пайшлі размовы, забабахкалі коркі бутэлек.

Лаймэн памахаў рукой, вітаючы Стампі Мак-Фэйла, які сядзеў побач з Мэрлі Раенам і Генры Фордам Крымпам.

— Сёння хадзіў на Гнілое лавіць рыбу,— паведаміў ён.— Па дарозе хацеў пераступіць паваленае дрэва. Падымаю нагу і бачу — кратаецца! Прыглядаюся — кракадзіл! Як ад дзвярэй да кухні, і тоўсты, як кабан!

Гарбун малоў языком бесперапынку. На яго паглядалі, некаторыя ўслухоўваліся ў яго байкі, іншыя ж прапускалі балбатню міма вушэй. Часам, здаралася, ён за вечар і слова праўды не сказаў, а толькі плёў усялякую лухту ды хваліўся. Так было і гэты раз. З раніцы ў яго балела горла, цэлы дзень ён праляжаў у ложку і ўстаў толькі пад вечар, каб пакруціць марожаніцу. Усе гэта ведалі, тым не менш, стоячы ў цэнтры залы, ён вёрз такую лухту і так выхваляўся, што вушы вялі.

Міс Амелія пазірала на яго, засунуўшы рукі ў кішэні і схіліўшы галаву набок. Яе косыя шэрыя вочы мякка зіхацелі, і яна ледзь прыкметна ўсміхалася сама сабе. Часам яна пераводзіла позірк на іншых прысутных, і тады ў яе вачах бачыўся гонар і нават пагроза, як бы папярэджанне кожнаму, хто паспрабуе лавіць Лаймэна на хлусні. Джэф прыносіла з кухні стравы, загадзя раскладзеныя па талерках, новенькія вентылятары прыемна халадзілі паветра.

— Заснуў, жэўжык,— прамовіў нарэшце Генры Мэйсі.

Міс Амелія перавяла позірк на свайго малога пацыента і засяроджана нахмурыла твар. Глава хлопчыка ляжала на стале, і ў кутку рота былі відаць бурбалкі ці то ад сліны, ці то Гаючай вады. Павекі былі апушчаныя, а ў кутках вачэй поўзалі мурашкі. Міс Амелія паклала руку на галаву хлопчыку і моцна яе патрэсла, але хворы так і не прачнуўся. Тады міс Амелія ўзяла яго на рукі і, стараючыся не датыкацца да балючага месца, панесла ў кантору. Генры Мэйсі пайшоў за ёй і зачыніў за сабой дзверы.

У той вечар Лаймэну было сумна. Нічога цікавага не адбывалася, а наведвальнікі кафэ, нягледзячы на спёку, былі ў добрым настроі. За сталом у цэнтры сядзелі абняўшыся Генры Форд Крымп і Харэйс Уэлс і рагаталі з нейкай доўгай смешнай гісторыі, але калі Лаймэн падышоў да іх, аказалася, што галоўнае ў гэтай гісторыі ён ужо прапусціў. За вокнамі месяц серабрыў пыл на дарозе і застылыя ў нерухомым паветры карлікавыя персікавыя дрэўцы. Аднастайнае гудзенне маскітаў здавалася рэхам начной цішыні. У горадзе было цёмна, і толькі ў канцы вуліцы, на правым яе баку, мігцела лямпа. Аднекуль з цемры далятаў высокі жаночы голас, які спяваў адну і тую немудрагелістую песню без канца і пачатку, мелодыя якой складалася з трох нот і паўтаралася зноў і зноў. Гарбун выйшаў на ганак і, абапёршыся аб парэнчу, стаяў там, углядаючыся ў пустэльную дарогу, быццам спадзеючыся ўбачыць на ёй хоць каго-небудзь.

За яго спіной пачуўся голас:

— Вячэра на стале, кузен.

— У мяне нешта прапаў апетыт,— адазваўся гарбун, які цэлы дзень ласаваўся салодкімі прысмакамі.— Кісла ў роце.

— Ну, трошачкі,— сказала міс Амелія.— Грудку, пячонку і сэрца.

Яны разам вярнуліся ў ярка асветленую залу кафэ і селі побач з Генры Мэйсі. Гэта быў самы вялікі стол у кафэ; на ім у бутэльцы з-пад кока-колы стаяў букет балотных лілей. Міс Амелія ўдала надрэзала хлопчыку нарыў і была задаволеная аперацыяй. За зачыненымі дзвярамі пачулася толькі хныканне праз сон: хлопчык нават не прачнуўся і таму не напалохаўся. Бацька ўзяў яго на рукі і панёс дадому; хлопчык моцна спаў, яго пухлявы тварык паружавеў, ручкі боўталіся за бацькавай спіной.

Генры Мэйсі, як і раней, сядзеў моўчкі. Ён акуратна еў, глытаў ежу нячутна, і яго сціплы апетыт нельга было нават параўнаць з пражэрлівасцю Лаймэна, які толькі што адмаўляўся ад яды, а цяпер умінаў адну порцыю за другой. Часам Генры Мэйсі паглядаў на міс Амелію, а потым зноў апускаў галаву.

Быў звычайны суботні вечар. Немаладая пара, якая прыехала з вёскі, спынілася на парозе, нейкі часпавагалася, а потым усё-такі зайшла ў кафэ. Гэтыя двое так доўга жылі разам, што зрабіліся падобныя, нібыта блізняты. Твары іх пацямнелі ад сонца і зморшчыліся, і абое яны былі падобныя на два земляныя арэхі. Доўга ў кафэ яны не прабылі, ды і астатнія наведвальнікі пайшлі дадому яшчэ да паўночы. Толькі Росер Клайн і Мэрлі Ранен усё яшчэ гулялі ў шашкі ды за адным сталом сядзеў з бутэлькай Стампі Мак-Фэйл (жонка не дазваляла яму піць гарэлку дома) і лагодна гаварыў сам з сабой. Не пайшоў з кафэ і Генры Мэйсі, хоць звычайна з надыходам цемры ён ішоў дадому спаць. Амеліі хацелася спаць, і яна пазяхнула, але Лаймэн усё не супакойваўся, і яна не прапанавала зачыніць кафэ на ноч.

Нарэшце каля гадзіны ночы Генры Мэйсі паглядзеў на столь і ціха сказаў міс Амеліі:

— Я сёння атрымаў ліст.

На міс Амелію гэта не зрабіла ніякага ўражання, бо яна сама атрымлівала самыя розныя дзелавыя лісты і рэкламныя каталогі.

— Я атрымаў ліст ад брата,— удакладніў Генры Мэйсі.

Лаймэн, які ўвесь гэты час разгульваў, як гусак, па пакоі, заклаўшы рукі за галаву, раптам спыніўся. Ён імгненна адчуваў любую перамену ў настроі людзей. Ён абвёў позіркам твары ўсіх прысутных і насцярожыўся.

Міс Амелія спахмурнела і сціснула правую руку ў кулак.

— Ну, і чытай сабе,— сказала яна.

— Яго выпусцілі з турмы пад слова гонару. Ён на волі.

Твар міс Амеліі стаў барвовы, яе скаланула, хоць ноч была цёплая. Росер Клайн і Мэрлі Ранен спынілі гульню ў шашкі. У кафэ было вельмі ціха.

— Хто? — спытаўся Лаймэн. Яго вялікія белыя вушы насцярожыліся і, здавалася, зрабіліся яшчэ большыя.— Што?

Міс Амелія ляпнула рукой па стале.

— Марвін Мэйсі — гэта...— яе голас перарваўся, і толькі праз некалькі секунд яна дадала: — Ён павінен быць у турме да канца жыцця.

— За што? Што ён зрабіў? — дапытваўся Лаймэн.

Пасля доўгага маўчання, бо ніхто не ведаў, што адказаць, пачуўся голас Стампі Мак-Фэйла:

— Ён абрабаваў тры бензакалонкі.

Але яго словы прагучалі непераканаўча, бо адчувалася, што некаторыя грахі засталіся нерасказанымі.

Гарбун ніяк не мог супакоіцца. Ён ніколі не мог застацца ўбаку, нават калі гаворка ішла пра вялікае гора. Імя Марвіна было яму невядомае, але заінтрыгавала, як інтрыгавала ўсё, што ведалі іншыя, але не ведаў ён — напрыклад, пра старую лесапільню, што разбурылі да яго з’яўлення ў горадзе, ці пра беднага Морыса Файнштэйна, ці пра якую-небудзь падзею, што адбылася многа гадоў назад. Гарбун быў цікаўны ад прыроды, а ўсялякія злачынствы і рабункі цікавілі яго надзвычайна. Нейкі час ён хадзіў па пакоі, мармычучы сабе пад нос: «адпусцілі пад слова гонару» і «павінен быць у турме». Але, хоць ён лез да ўсіх з пытаннямі, яму так і не ўдалося дапытацца, бо ніхто не адважыўся гаварыць пра Марвіна Мэйсі пры міс Амеліі.

— Ліст кароткі,— сказаў Генры Мэйсі,— ён не піша, куды цяпер паедзе.

— Хм! — вымавіла міс Амелія. Твар яе зрабіўся яшчэ больш жорсткі і барвовы.— I нагі яго паганай тут не будзе! — Яна адсунула крэсла ад стала, устала і пачала рыхтавацца зачыняць кафэ. Напамін пра Марвіна Мэйсі, відаць, выклікаў у яе змрочныя думкі — яна ўзяла з прылаўка каеу, занесла ў кухню і там схавала. Генры Мэйсі выйшаў на вуліцу і хутка знік

у цемры. Генры Форд Крымп і Мэрлі Раен нейкі час пастаялі на ганку. Мэрлі Раен пасля гаварыў і нават бажыўся, што ў тую ноч ён прадчуваў ужо ўсё тое, што адбудзецца потым. На яго не звярталі ўвагі — усе прывыклі да такіх выказванняў Мэрлі Раена. Міс Амелія і Лаймэн пасядзелі яшчэ крыху ў зале на другім паверсе, а калі гарбун адчуў, што яго зараз адолее сон, яна прымацавала над яго ложкам сетку ад маскітаў і пачакала, пакуль ён скончыць маліцца. Потым надзела начную кашулю, выкурыла пару люлек і яшчэ доўга сядзела ў зале і не клалася спаць.



Восень была вельмі ўдалая. Ураджай у акрузе быў добры, а цана на тытунь у Фокс-Фолсе ў той год ні разу не апускалася. Пасля доўгага спякотнага лета надышлі восеньскія дні з іх чыстым небам і прыемнай прахалодай. Абочыны дарог параслі сумнікам, паспеў і зрабіўся барвовым цукровы трыснёг. Кожную раніцу ў горад прыязджаў з Чыха аўтобус, каб завесці меншых дзяцей у аб’яднаную школу. У лесе падлеткі палявалі на лісіц, у дварах сушыліся развешаныя на вяроўках коўдры, у засланыя саломай ямы закопвалі на зіму батат. Вечарам над камінамі плылі тонкія струменьчыкі дыму, а ў восеньскім небе вісеў круглы жоўты месяц. Цішыня першых халодных восеньскіх начэй непараўнальная з ніякай іншай. Часам, калі не было ветру, можна было пачуць высокі шалёны свіст цягніка, што пралятаў каля Сасаеці-Сіці на сваім шляху далёка на поўнач.

У міс Амеліі Івэнс у гэты час было шмат клопату. Яна працавала ад світання да самага заходу сонца. Да свайго апарата яна прыладзіла новы, яшчэ большы змеявік і за тыдзень нагнала столькі гарэлкі, што яе хапіла б напаіць усю акругу. Яе стары мул змалоў столькі сорга, што ад кручэння ў галаве ён ледзьстаяў на нагах. Міс Амелія прастэрылізавала слоікі і заліла ў іх грушавы кампот. Яна чакала першых маразоў, бо ўжо вытаргавала трох вялізных кабаноў і збіралася нарабіць кілбас, смажанага мяса і скварак.

Шмат хто пачаў заўважаць, што з міс Амеліяй здарылася нешта дзіўнае. Яна часта і моцна смяялася, а то пераходзіла на фрывольны свіст. Яна ўвесь час правярала сваю сілу — падымала цяжка ці тыкала пальцам у біцэпсы. Аднойчы яна села за машынку і напісала апавяданне — апавяданне пра чужаземцаў, патайныя дзверы і мільёны долараў. Лаймэн заўсёды быў побач, цёрся каля яе спадніцы, і, калі міс Амелія глядзела на яго, твар яе святлеў, а калі яна вымаўляла яго імя, у голасе чулася каханне.

Нарэшце надышлі першыя халады. Прачнуўшыся аднойчы раніцай, міс Амелія ўбачыла, што шыбы — усе ў белых узорах, а трава ў двары серабрыцца ад інею. Міс Амелія распаліла агонь у пліце і выйшла з дому, каб даведацца, якое будзе надвор’е. Было холадна, у паветры адчуваўся мароз, бледна-зялёнае неба было празрыстае. Хутка ў двор пацягнуліся людзі з гарадскіх ваколіц, каб даведацца, якая думка міс Амеліі наконт надвор’я. Міс Амелія вырашыла закалоць самага вялікага кабана, і чутка пра гэта абляцела ўсю акругу. Кабана закалолі і ў двары расклалі вогнішча з дубовых паленаў. Запахла дымам і цёплай свіной крывёю. Зімовае паветра поўнілася тупатам ног і галасамі. Міс Амелія ўвесь гэты час упраўлялася ў двары, і хутка большая частка работы была скончана.

У той дзень у яе была яшчэ нейкая справа ў Чыха, і таму, упэўніўшыся, што ўсё ідзе як мае быць, яна завяла ручкай машыну і сабралася ехаць. Яна прапанавала Лаймэну ехаць разам з ёй, правільней кажучы, яна сем разоў прасіла яго паехаць, але гарбуну цікавей была мітусня ў двары, і ён захацеў застацца дома.

Гэта, зразумела, было крыўдна для міс Амеліі, бо ёй заўсёды хацелася, каб ён быў побач, і яе заўсёды цягнула дадому, калі даводзілася ехаць куды-небудзь адной. Але калі ён адмовіўся сёмы раз, яна перастала яго ўгаворваць. Перад тым як паехаць, міс Амелія ўзяла палку і правяла круг вакол вогнішча, адступіўшы два футы ад краю, і забараніла яму пераступаць гэту мяжу. Яна паехала пасля абеду і мелася вярнуцца завідна.

Трэба сказаць, што праз горад даволі часта праязджаюць легкавыя і грузавыя аўтамабілі па дарозе ў Чыха ці з Чыха. Кожны год прыязджае зборшчык падаткаў і сварыцца з багатымі гараджанамі, такімі, як міс Амелія. I калі каму-небудзь з жыхароў горада, скажам, Мэрлі Раену, прыйдзе ў галаву думка, што ён можа купіць аўтамабіль у крэдыт ці, заплаціўшы тры долары, узяць у растэрміноўку мадэрновы халадзільнік, накшталт таго, што выстаўлены ў вітрыне магазіна ў Чыха, адразу ж з’явіцца агент і пачне дакучаць рознымі пытаннямі, вынюхваючы ўсе яго праблемы, а ў выніку разаб’е ўшчэнт усе яго надзеі. Пасля таго як пачаліся работы на фокс-фолскай шашы, па горадзе часта праязджаюць машыны з вязнямі. Часта вадзіцелі машын пачынаюць блудзіць і спыняюцца, каб спытаць дарогу. Таму не было нічога незвычайнага ў тым, што ў той дзень папаўдні ў горад, мінуўшы фабрыку, заехаў грузавік і спыніўся пасярод дарогі каля кафэ міс Амеліі. З кузава выскачыў чалавек, і грузавік паехаў далей.

Чалавек спыніўся пасярод вуліцы і агледзеўся. Гэта быў высокі мужчына з цёмнымі кучаравымі валасамі і нетаропкім позіркам блакітных вачэй. Яго яркія вусны крывіліся ў лянівай усмешцы самахвала. На ім была чырвоная кашуля і шырокі скураны рэмень з узорамі. У руках мужчына трымаў бляшаны чамаданчык і гітару. Першы прыезджага ўбачыўЛаймэн, які пачуў, што на вуліцы спынілася машына, і пайшоў паглядзець, хто прыехаў. Гарбун высунуў галаву з-за вугла, але на ганак пакуль што не выходзіў. Нейкі час ён і незнаёмы пазіралі адзін на аднаго, але не так, як гэта робяць незнаёмыя людзі, што сустрэліся першы раз і на хаду ацэньваюць адзін аднаго. Тое, што адбывалася, было падобна на сустрэчу двух крымінальнікаў, якія пазналі адзін аднаго. Нарэшце чалавек у чырвонай кашулі паціснуў плячыма і адвярнуўся. Гарбун з пабялелым тварам доўга глядзеў, як незнаёмы ішоў па вуліцы. Потым асцярожна, трымаючыся воддаль, рушыў услед.

Хутка ўсе ў горадзе ведалі, што вярнуўся Марвін Мэйсі. Спачатку ён пайшоў на фабрыку і, вальяжна абапёршыся локцямі аб падаконнік, зазірнуў усярэдзіну. Як усе гультаі ад прыроды, ён любіў назіраць, як працуюць іншыя. З’яўленне Марвіна Мэйсі выклікала на фабрыцы збянтэжанасць. Фарбоўшчыкі адышлі ад гарачых чанаў з фарбай, ткачы і прадзільшчыкі забыліся пра свае станкі, і нават Стампі Мак-Фэйл, фабрычны майстар, не ведаў, што рабіць. Марвін Мэйсі па-ранейшаму крыва ўсміхаўся і, нават калі ўбачыў брата, не перастаў фанабэрыцца. Агледзеўшы фабрыку, ён пайшоў да дома, дзе гадаваўся, і пакінуў там на ганку чамадан і гітару. Потым абышоў стаў каля млына, абвёў позіркам царкву, кожную з трох крам і прайшоўся па горадзе. Белы, як прасціна, гарбун, трымаючы рукі ў кішэнях і дробненька перабіраючы нагамі, ледзь чутна тупаў за Марвінам Мэйсі.

Вечарэла. Барвовае зімняе сонца хавалася за небасхіл, пакідаючы цёмна-залацістыя і малінавыя водбліскі. Ускалмачаныя стрыжы зляталіся да сваіх гнёздаў, у дамах запалілі лямпы. У паветры пацягнула дымам і цёплым густым пахам смажанага свінога мяса, што сквірчэла на вогнішчы ў двары за кафэ. Абышоўшы горад, Марвін Мэйсі спыніўся перад домам міс Амеліі і прачытаў надпіс на шыльдзе. Потым, не вагаючыся, зайшоў у двор. На фабрыцы журботна і тонка прасіпеў гудок, абвясціўшы канец змены. Хутка, апрача Марвіна Мэйсі, у двары каля дома міс Амеліі былі ўжо Генры Форд, Мэрлі Раен, Стампі Мак-Фэйл; многа дзяцей і дарослых тоўпілася за агароджай, моўчкі заглядаючы ў двор. Там таксама амаль не гаварылі. Марвін Мэйсі стаяў з аднаго боку вогнішча, усе астатнія — з другога. Кузен Лаймэн стаяў у баку ад усіх і не зводзіў вачэй з Марвіна Мэйсі.

— Ну, што, спадабалася табе ў турме? — дурнавата хіхікаючы, спытаўся Мэрлі Раен.

Марвін Мэйсі нічога не адказаў. Ён дастаў з кішэні вялікі нож, не спяшаючыся, раскрыў яго і выцер лязо аб штаны. Мэрлі Раен адразу сціх і схаваўся за шырокай спіной Стампі Мак-Фэйла.

Міс Амелія вярнулася дадому, калі ўжо зусім звечарэла. Спачатку здалёк данеслася лескатанне рухавіка, потым бразнулі дзверцы, нарэшце пачуўся грукат, быццам міс Амелія цягнула нешта вельмі цяжкае па прыступках на ганак. Сонца ўжо зайшло, паветра было блакітнае ад смугі ранняга зімовага вечара. Міс Амелія паволі сышла з ганка ў двор; усе чакалі, што будзе. Мала хто з людзей змог бы супрацівіцца міс Амеліі, да Марвіна яна адчувала асаблівую, лютую нянавісць. Усе думалі, што яна зараз раскрычыцца, ухопіць што-небудзь цяжкае, кінецца на Марвіна Мэйсі і пагоніць яго з горада. Спачатку яна не заўважыла Марвіна Мэйсі, выраз яе твару быў лагодны і летуценны, як звычайна, калі яна вярталася дадому пасля доўгай вандроўкі.

Міс Амелія заўважыла Марвіна Мэйсі і кузена Лаймэна, відаць, адначасова. Яна пераводзіла позірк з аднаго на другога і нарэшце спыніла яго ў поўным адчаі і здзіўленні не на Марвіне Мэйсі — гэтай турэмнай шэльме, а на гарбуне. Глядзелі разам з ёй і ўсе прысутныя, а таго сапраўды варта было бачыць у той момант.

Гарбун стаяў каля самага вогнішча, слабы агонь ад згарэлых дубовых пален высвятляў яго бледны твар. Лаймэн, калі хацеў каму-небудзь спадабацца, пускаў у ход адзін вельмі своеасаблівы прыём. Ён застываў на адным месцы і пачынаў надзіва лёгка і хутка варушыць сваімі велізарнымі белымі вушамі. Кожны раз, калі Лаймэн хацеў дамагчыся чаго-небудзь ад міс Амеліі, ён карыстаўся гэтым прыёмам, і тая не магла ўстаяць. Але цяпер, варушачы вушамі тут, пасярод двара, ён глядзеў не на міс Амелію. З палкасцю, блізкай да адчаю, гарбун усміхаўся Марвіну Мэйсі. Той спачатку не заўважаў гарбуна, а калі, нарэшце, глянуў у яго бок, у выразе яго твару нават і блізка не было ўхвалення.

— Што з гэтым гарбатым? — спытаўся ён, тыцнуўшы вялікім пальцам у бок Лаймэна.

Яму не адказалі. А Лаймэн, разумеючы, што нічога не дамогся, паказаў новы фокус: часта-часта заміргаў вачамі, яго павекі трапяталіся, быццам два белыя матылькі, што апынуліся ў няволі. Ён пачаў скрэбці падэшвамі чаравікаў зямлю, махаць рукамі і, нарэшце, дробна затупаў сваімі ножкамі ў нейкім дзіўным танцы. У апошніх змрочных водсветах зімовага вечара ён нагадваў маленькага балотнага духа.

З усіх, хто быў у той час на двары, толькі Марвін Мэйсі застаўся абыякавы да гэтага відовішча.

— У яго прыпадак, ці што? — спытаўся ён і, не пачуўшы адказу, зрабіў крок наперад і ўдарыў гарбуна па галаве. Гарбун пахіснуўся і паваліўся на зямлю. Седзячы на зямлі і гледзячы знізу ўгору на Марвіна Мэйсі, ён зрабіў апошняе намаганне і яшчэ раз прыніжана варухнуў вушамі.

Усе з цікаўнасцю павярнуліся да міс Амеліі. Шмат у каго даўно свярбелі рукі надаваць гарбуну ў каршэнь, але за ўсе гэтыя гады ні адзін волас не ўпаў з яго галавы. Калі хто-небудзь асмельваўся сказаць хоць адно слова супраць гарбуна, міс Амелія адразу адмаўляла ў крэдыце гэтаму бязглуздаму і яшчэ доўга рабіла яго жыццё невыносным. Вось чаму, калі б зараз яна ўзяла сякеру і на сваім ганку рассекла Марвіну Мэйсі галаву, ніхто б надта не здзівіўся. Але яна нічога такога не зрабіла.

I раней здаралася, што міс Амелія была ў трансе. Але прычына такога стану была звычайна вядомая. Справа ў тым, што міс Амелія, як першакласны лекар, прыгатаваўшы з балотных траў ці з якіх-небудзь яшчэ нявыпрабаваных кампанентаў новае зелле, не давала яго таму, хто першы трапіць пад руку, а правярала спачатку на сабе. Яна праглынала велізарную дозу і пасля цэлы дзень задуменна хадзіла па двары, ад дома да цаглянай прыбіральні. Часта, калі хапала надта моцна, яна застывала на месцы, утаропіўшы свае косыя вочы ў зямлю і сціснуўшы рукі ў кулакі. Такім чынам яна намагалася даведацца, менавіта які орган знаходзіцца пад уздзеяннем лекаў і якую хваробу вылечыць новым зеллем. I вось цяпер, калі міс Амелія назірала за гарбуном і Марвінам Мэйсі, у яе быў той самы выраз твару: яна напружана ўслухоўвалася ў боль, што мучыў яе, хоць і не піла ў той дзень лякарства.

— Будзе табе навука, гарбаты,— ухмыльнуўся Марвін Мэйсі.

Генры Мэйсі адкінуў з ілба пасму бялявых валасоў і нервова кашлянуў. Стампі Мак-Фэйл і Мэрлі Раен зашоргалі нагамі, а дзеці і негры, што тоўпіліся ў канцы двара, адразу прыціхлі. Марвін Мэйсі склаў нож, што ўвесь час круціў у руцэ, і вальяжна пакрочыў з двара. Дровы ў вогнішчы паступова перагаралі на шэры мяккі попел; было ўжо даволі цёмна.



Вось так Марвін Мэйсі вярнуўся з турмы. Ніводная жывая душа не ўзрадавалася яму. Нават місіс Мэры Хэйл, тая самая добрая кабета, што з любоўю і клопатам гадавала яго, нават яна, убачыўшы свайго прыёмнага сына, выпусціла з рук патэльню і залілася слязьмі. Але Марвіна Мэйсі нічога не кранала. Ён сеў на прыступкі ганка за домам Хэйлаў, пабрэнкваў на гітары, і, калі была гатова вячэра, параспіхаў меншых дзяцей, што траніліся на яго дарозе, і наклаў сабе поўную міску, не зважаючы на тое, што праснакоў і мяса нават без яго ледзь хапала на ўсіх.

У той вечар міс Амелія не адчыніла кафэ. Яна старанна пазамыкала ўсе дзверы і вокны; ні яе, ні Лаймэна да раніцы ніхто больш не бачыў, хоць лямпа ў пакоі міс Амеліі гарэла ўсю ноч.

Марвін Мэйсі прынёс з сабой бяду, што і трэба было чакаць. Назаўтра надвор’е рэзка перамянілася: зрабілася вельмі горача. Ужо з раніцы паветра было ліпкае, вецер нёс непрыемны пах з балота, а над зялёнай вадой у ставе каля фабрыкі лёталі і пранізліва пішчалі хмары камароў. Усё гэта было нязвыкла ў такую пару года, нават горш, чым у жніўні. Спёка нарабіла шмат шкоды. Справа ў тым, што амаль кожны гаспадар у наваколлі, які трымаў свіней, закалоў кабана, узяўшы прыклад з міс Амеліі. А якая кілбаса вытрывае гэткую спёку? Праз некалькі дзён адусюль засмярдзела тухлым мясам, усюды панаваў жах перад неверагоднымі стратамі. У дадатак удзельнікі сямейнай урачыстасці, што адбывалася ў доме непадалёк ад фокс-фолскай шашы, наеліся смажанага свінога мяса і ўсе да аднаго паўміралі. Мяса кабана, што яны закалолі, паспела сапсавацца — а хто ведаў, ці можна есці мяса іншых кабаноў? Людзі разрываліся паміж спакусай паласавацца свежанінай і страхам памерці. Гэта быў час страт і разгубленасці.

А той, хто быў вінаваты ва ўсім, што здарылася — Марвін Мэйсі — не пакутаваў ад сораму. Яго бачылі ўсюды. У будныя дні, калі людзі працавалі, ён туляўся каля фабрыкі, заглядаючы ў вокны, а ў нядзелю надзяваў чырвоную кашулю і шпацыраваў, з гітарай па галоўнай вуліцы горада. Ён, як і раней, быў прыгожы: шатэн з яркімі вуснамі і шырокімі плячыма, але кожны ведаў, якая ў яго чорная душа, і яе нельга было схаваць за прывабнай знешнасцю. I тое благое, што ён насіў у сэрцы, выяўлялася ў адных грахоўных учынках. Так, ён абрабаваў тыя заправачныя станцыі. Але раней ён сапсаваў жыццё самым далікатным дзяўчатам акругі і пасля нават пацяшаўся з гэтага. На яго сумленні — безліч благіх учынкаў, а ў дадатак яшчэ ад яго патыхала подласцю, якая адчувалася заўсёды, нібы пах цела. Да таго ж ён ніколі не пацеў, нават у жнівеньскую спёку, а гэта таксама наводзіла на роздум.

Цяпер, на думку жыхароў горада, ён быў яшчэ больш небяспечны, чым раней, бо ў Атланце, дзе ён сядзеў у турме, відаць, навучыўся чараваць. Бо як інакш можна растлумачыць яго ўздзеянне на кузена Лаймэна? Варта было гарбуну толькі адзін раз убачыць Марвіна Мэйсі, як яго адразу ахапіў нейкі дурман. Ён не адставаў ні на крок ад гэтага арыштанта і ўвесь час вырабляў розныя глупствы, каб толькі звярнуць на сябе ўвагу. Але Марвіы Мэйсі, як і раней, ставіўся да гарбуна з нянавісцю альбо наогул не заўважаў. Часам гарбун, не вытрымаўшы, хапаўся на ганку за парэнчу, быццам знямоглая птушка за тэлеграфны дрот, і на вачах прысутных пачынаў выказваць сваё гора.

— Чаго вы так? — пыталася міс Амелія, скіраваўшы ў яго бок позірк сваіх шэрых косых вачэй і сціснуўшы далоні ў кулакі.

— О, Марвін Мэйсі,— стагнаў у адказ гарбун, збіваючыся з рытму галашэння і пачынаючы ікаць.

— Ён быў у Атланце.

Міс Амелія круціла галавой, яе твар наліваўся крывёю і рабіўся яшчэ больш суровы. Пачнём з таго, што ў яе не хапала цярпення на падарожжы — яна ставілася з пагардай да тых мітуслівых людзей, што выпраўляліся ў Атланту ці ехалі за пяцьдзесят міль, каб паглядзець на акіян.

— Тое, што ён быў у Атланце, не робіць яму гонару.

— Ён быў у турме,— працягваў гарбун, ахоплены тугой.

Ну, што можна сказаць супраць такога аб’екта зайздрасці? Міс Амелія ў разгубленасці сама была ўжо не вельмі ўпэўненая ў тым, што гаварыла.

— Быў у турме, кузен Лаймэн? Ну, што ж, такімі экскурсіямі не хваляцца.

На працягу тых некалькі тыдняў усе ўважліва сачылі за міс Амеліяй. Паводзіла яна сябе дзіўным чынам: выраз яе твару сведчыў, што думкі яе былі недзе далёка, і здавалася, што яна знаходзіцца ў трансе. Няведама чаму, пасля прыезду Марвіна Мэйсі яна ўжо больш не надзявала камбінезона, а ўвесь час насіла чырвоную сукенку, у якую раней прыбіралася ў нядзелю ці калі збіралася на пахаванне альбо судовае пасяджэнне. Праз некалькі тыдняў яна пачала рабіць такія-сякія захады, каб выправіць сітуацыю. Але зразумець яе намаганні было цяжка. Калі ёй непрыемна было бачыць, як Лаймэн цягаўся за Марвінам Мэйсі па горадзе, чаму б тады было не вырашыць усе пытанні адразу, заявіўшы гарбуну, што, калі той і далей будзе звязвацца з Марвінам Мэйсі, яна выганіць яго з свайго дома?

Усё б выйшла вельмі проста, бо Лаймэн мусіў бы паслухацца, каб не апынуцца ў незайздросным становішчы беспрытульнага. Але міс Амелія, здавалася, страціла волю, бо ўпершыню ў жыцці завагалася, не ведаючы, якога кірунку трымацца. I, як гэта здараецца з большасцю людзей, што апынуліся ў стане нерашучасці, міс Амелія зрабіла найгоршую рэч — выбрала адразу некалькі кірункаў, і ўсе яны былі супярэчлівыя.

Кафэ, як і раней, было адчыненае кожны вечар, і, як ні дзіўна, калі туды з’яўляўся Марвін Мэйсі са сваім хвосцікам Лаймэнам, міс Амелія не выганяла яго за парог. Яна нават налівала яму бясплатна гарэлкі, а твар яе крывіўся ў нейкай дзікай усмешцы. Разам з тым яна змайстравала на балоце жудасную пастку на Марвіна Мэйсі, і калі б ён туды трапіў, то абавязкова загінуў бы. Яна дазволіла Лаймэну запрасіць Марвіна Мэйсі на абед у нядзелю і паспрабавала даць яму падножку, калі той ішоў уніз па лесвіцы. Яна разгарнула неверагодную дзейнасць, каб дагадзіць Лаймэну: арганізоўвала спецыяльна для яго вельмі ўтомныя наведванні розных відовішчаў, што наладжваліся ў самых аддаленых месцах, ганяла машыну за трыццаць міль у Чаўтаўкуа, вазіла яго на парад у Фокс-Фолс. Адным словам, на гэты час міс Амелія забывалася пра ўсё астатняе. На думку большасці жыхароў горада, яна далёка зайшла ў сваёй бязглуздасці, і таму ўсе чакалі, чым усё гэта скончыцца.

Зноў пахаладала, у горад прыйшла зіма. Калі на фабрыцы канчалася апошняя змена, на вуліцы было ўжо цёмна. Дзеці клаліся спаць не распранаючыся, а жанчыны паварочваліся спіной да печак, задзіралі спадніцы і летуценна песціліся каля агню. Пасля дажджу гразь на дарозе змярзалася ў камякі, у вокнах ледзь мігцелі лямпы. Голыя персікавыя дрэўцы нагадвалі шкілеты. У цёмныя маўклівыя зімовыя вечары кафэ было асяродкам цеплыні, агні ў яго вокнах гарэлі так ярка, што іх можна было ўбачыць за чвэрць мілі. У агромністай чыгуннай печцы ў канцы залы патрэсквалі дровы, яна гула і напалялася да чырвані. Міс Амелія павесіла на вокны чырвоныя фіранкі, а ў гандляра, што неяк завітаў у горад, купіла цэлы букет папяровых ружаў, што выглядалі як жывыя.

Але не толькі за цеплыню, святло і ўтульнасць любілі кафэ. Былі і іншыя больш глыбокія падставы на тое, каб яго так шанавалі жыхары горада. Яно выклікала пачуццё гонару, раней невядомае ў тутэйшых мясцінах. Каб зразумець гэтае пачуццё, варта падумаць, наколькі таннае чалавечае жыццё. Да фабрыкі заўсёды тулілася мноства людзей, але рэдка здаралася, каб кожная сям’я мела дастаткова сродкаў пракарміцца, прыстойна апрануцца і задаволіць іншыя патрэбы. Жыццё можа ператварыцца ў доўгую і непрыглядную барацьбу за існаванне. Але вось што незразумела: усе патрэбныя чалавеку рэчы маюць сваю цану і іх можна набыць толькі за грошы, менавіта гэтая акалічнасць і рухае свет. Вядома — тут і разважаць не трэба — колькі каштуе кіпа бавоўны ці кварта чорнай патакі. Але пакуль што не вызначана цана чалавечага жыцця. Яно даецца нам дарма і адбіраецца бясплатна. Чаго яно вартае? Калі пачнеш азірацца навокал, часам здаецца, што каштуе яно зусім мала альбо нічога. Часта, калі пасля доўгіх намаганняў і выпрабаванняў, справы так і не лепшаюць, недзе глыбока ў душы ўзнікае ўсведамленне таго, што ты нямногага варты.

Але новае пачуццё гонару, што ўзнікла ў гэтым горадзе разам з кафэ, зрабіла ўплыў амаль на кожнага жыхара, нават на дзяцей. Каб пайсці ў кафэ, неабавязкова было заказваць абед ці гарэлку. Дастаткова было выпіць бутэльку якога-небудзь напітку за пяць цэнтаў. А калі не хапала грошай і на гэта, на такі выпадак у міс Амеліі было пітво пад назвай «Вішнёвы сок», ружовага колеру і вельмі салодкае, што каштавала ўсяго адзін цэнт за шклянку. Лічы, кожны жыхар горада, за выключэннем яго прападобнасці Т. М. Уіліна, заходзіў у кафэ хоць раз на тыдзень. Дзеці любяць начаваць у гасцях і есці ў суседскім доме. У такіх выпадках яны паводзяць сябе прыстойна і з пачуццём уласнай годнасці. Жыхарамі горада валодала менавіта такое пачуццё ўласнай годнасці, калі яны сядзелі за столікамі ў кафэ. Перш чым пайсці да міс Амеліі, яны мыліся і вельмі старанна выціралі ногі перад тым, як пераступіць парог кафэ. Тут, хоць на некалькі гадзін, можна было заглушыць горкае ўсведамленне сваёй невялікай вартасці ў гэтым свеце.

Асаблівым поспехам карысталася кафэ сярод людзей адзінокіх, розных бедалаг і сухотнікаў. Тут трэба адзначыць, што былі некаторыя падставы падазраваць, што кузен Лаймэн таксама хварэў на сухоты. Ліхаманкавы агонь у яго шэрых вачах, гаварлівасць і кашаль — усе прыкметы хваробы былі ў наяўнасці. Да таго ж лічыцца, што існуе непасрэдная сувязь паміж гарбатасцю і сухотамі. Але калі пра гэта заводзілі гаворку пры міс Амеліі, тая пачынала злавацца; яна як магла аспрэчвала ўсе довады, але ўпотай лячыла Лаймэна гарачымі кампрэсамі, давала яму піць Гаючую ваду, спрабавала іншыя лекі. У тую зіму кашаль мучыў Лаймэна яшчэ больш, чым раней. Тым не менш гэта не перашкаджала яму цягацца за Марвінам Мэйсі.

Кожную раніцу ён выходзіў з дому міс Амеліі, ішоў у двор місіс Хэйл і заміраў у чаканні каля яе дзвярэй, бо Марвін Мэйсі любіў паспаць. Лаймэн стаяў пад дзвярамі і ціхенька клікаў яго. Так часам дзеці пасядуць на зямлю каля норачак, дзе, яны думаюць, жывуць жукі, тыкаюць у дзірачкі саломай і жаласна клічуць: «Жук-жучок, жук-жучок, выходзь на волю. Жук-жучок, жук-жучок, ляці дадому. У тваёй хатцы пажар, твае дзеткі гараць». Вось такім галаском — адначасова сумным, зазыўным і поўным адчаю — гарбун кожную раніцу клікаў Марвіна Мэйсі. Потым, калі той выходзіў з дому, Лаймэн бег за ім па пятах па ўсім горадзе, і часам яны разам надоўга знікалі на балоце.

А міс Амелія па-ранейшаму займалася самай недарэчнай справай: спрабавала ісці адразу некалькімі шляхамі. Калі Лаймэн выходзіў з дому, яна не клікала яго, не прымушала вярнуцца, а толькі стаяла пасярод вуліцы і сумна глядзела ўслед гарбуну, пакуль той не знікаў з вачэй. Амаль кожны дзень Марвін Мэйсі ўвальваўся з Лаймэнам у яе дом пад абед і садзіўся за стол. Міс Амелія адкрывала слоік з грушавым кампотам, на стол падаваліся шынка ці курынае мяса, вялікія місы з мамалыгай і зялёным гарошкам. Гэта праўда, што аднойчы міс Амелія спрабавала атруціць Марвіна Мэйсі, але выйшла памылка: яна пераблытала талеркі і пачала есці з той, дзе была атрута. Яна хутка гэта зразумела па ледзь адчувальнай гаркаце і ў той вечар больш не дакранулася да ежы. Адкінуўшыся ў крэсле, яна так і праседзела ўвесь час, пакуль тыя двое не скончылі есці, мацаючы біцэпсы і паглядаючы на Марвіна Мэйсі.

Кожны вечар Марвін Мэйсі заходзіў у кафэ і садзіўся за самы лепшы і большы стол, што стаяў пасярод залы. Лаймэн прыносіў яму гарэлку, за якую той не заплаціў ніводнага цэнта. Марвін Мэйсі адмахваўся ад гарбуна, як ад балотнага камара, і не толькі не дзякаваў за паслугі, а нават даваў яму кухталя кожны раз, калі Лаймэн трапляўся на яго дарозе, ці прыкрыкваў: «Ану пайшоў адсюль, гарбаты, пакуль я табе плеш на галаве не пракруціў!» У такіх выпадках міс Амелія выходзіла з-за прылаўка і пачынала паволі падыходзіць да Марвіна Мэйсі. Рукі яе сціскаліся ў кулакі, а недарэчная чырвоная сукенка чаплялася за худыя калені. Марвін Мэйсі таксама сціскаў кулакі, і яны абое паволі і грозна пачыналі хадзіць адно вакол аднаго. I хоць усе прысутныя адразу затойвалі дыханне, сочачы за тым, што адбываецца, далей справа ніколі не заходзіла. Час для сутычкі пакуль не надышоў.

Была адна асаблівая прычына, каб тую зіму ўспаміналі да гэтага часу. Адбылася вялікая падзея. На другі дзень студзеня людзі прачнуліся і зразумелі, што ўвесь навакольны свет раптам перамяніўся. Нават зусім яшчэ дурненькія немаўляты, глянуўшы ў акно, так збянтэжыліся, што адразу зараўлі. Старыя людзі пачалі перабіраць мінулыя гады, але так і не ўспомнілі, калі што-небудзь такое здаралася раней. Справа ў тым, што ноччу выпаў снег. Хутка пасля апоўначы на горад паволі пасыпаліся ледзь бачныя сняжынкі. Калі пачало світаць, зямля была ўжо белая, нязвыклы для жыхароў горада снег абляпіў рубінавыя вокны царквы і ахінуў дахі дамоў. Пад снегам горад здаваўся голы і змрочны. Двухпакаёвыя дамы, што туліліся да фабрыкі, стаялі брудныя, скрыўленыя, і здавалася, вось-вось паваляцца. Усё навокал пачарнела і скурчылася. Але сам снег! Мала хто ў горадзе бачыў калі-небудзь такую красу. Снег быў не белы, якім звычайна яго апісвалі жыхары поўначы: ён мякка адліваў блакітам і срэбрам. Неба ж адсвечвала мяккай шэранню. Дадайце задумлівы спакой снегападу — калі яшчэ ў горадзе было так ціха?

Людзі па-рознаму паставіліся да снегападу. Міс Амелія, глянуўшы ў акно, задумліва пакруціла пальцамі босай нагі і паставіла каўнер начной сарочкі. Яна пастаяла так крыху, потым пачала зачыняць аканіцы і ўсе вокны ў доме. Закупорыўшыся такім чынам, яна запаліла лямпы і ўрачыста паставіла перад сабой міску мамалыгі. Усё гэта адбылося не таму, што міс Амелія спалохалася снегу. Проста ў яе яшчэ не склалася свая думка аб гэтай з’яве, а калі яна не магла вызначыць дакладных адносін да той ці іншай рэчы (што здаралася вельмі рэдка), яна лічыла за лепшае не звяртаць на яе ўвагі. Колькі міс Амелія жыла на свеце, у гэтай акрузе ніколі не было снегу, і яна ніколі не думала пра яго. Калі б яна звярнула ўвагу на гэты снегапад, яна мусіла б мець сваё меркаванне, а гэтымі днямі ў яе і без таго клопату хапала. Таму яна сноўдалася па змрочным, асветленым лямпамі доме і рабіла выгляд, што нічога не здарылася. Лаймэна ж, наадварот, ахапіла неверагоднае хваляванне, і, як толькі міс Амелія адвярнулася, каб прыгатаваць яму снеданне, ён адразу вышмыгнуў за дзверы.

Марвін Мэйсі заявіў свае правы на гэты снегапад. Ён сказаў, што ведае, што такое снег, бо бачыў яго ў Атланце, і цяпер хадзіў па горадзе з такім выглядам, быццам яму належала кожная сняжынка. Ён з ухмылкай паглядаў на дзяцей, што баязліва вылазілі з дамоў, бралі поўныя жмені снегу і спрабавалі яго на смак. Па вуліцы шпарка крочыў прападобны Т. М. Уілін з гнеўным выразам на твары, бо якраз у гэты момант быў апанаваны думкай аб тым, як уплесці снег у сваю нядзельную казань. У большасці жыхароў горада снег выклікаў пачуццё пакорлівасці і радасці; людзі размаўлялі прыцішанымі галасамі, і словы «дзякуй» і «калі ласка» гучалі нават часцей, чым трэба. Знайшліся, зразумела, і слабавольныя, што не вытрымалі напружання і напіліся, але такіх было нямнога. Усе адчувалі, што здарылася нешта незвычайнае, і многія таму пералічвалі грошы, плануючы пайсці вечарам у кафэ.

Кузен Лаймэн цэлы дзень хадзіў за Марвінам Мэйсі і падтакваў, калі той заяўляў пра свае правы на снег. Гарбуна здзіўляла тое, што сняжынкі не ападаюць, як кроплі дажджу, а ціха і летуценна апускаюцца на зямлю, ён сачыў за іх палётам, пакуль не пачынаў спатыкацца ад галавакружэння. I такую асалоду ён адчуваў, купаючыся ў славе Марвіна Мэйсі, такі быў задаволены сабой, што многія, не вытрымаўшы, крычалі яму ўслед:

— «Ого,— сказала муха,— прыляпіўшыся да калясніцы,— але ж і пылу мы нарабілі!»

Міс Амелія не планавала ў той дзень падаваць што-небудзь на вячэру. Але калі ў шэсць гадзін на ганку пачуліся крокі, яна асцярожна адчыніла дзверы. Гэта быў Генры Форд Крымп. I хоць у кафэ не было нічога з яды, яна дазволіла яму сесці за стол і наліла гарэлкі. Падышлі і іншыя. На дварэ гусцеў блакітны змрок, было холадна, і хоць снег ужо больш не падаў, з-за сосен дзьмуў вецер, уздымаючы з долу лёгкія снежныя воблачкі. Лаймэн прыйшоў, калі ўжо зусім сцямнела, разам з ім заявіўся і Марвін Мэйсі са сваім бляшаным чамаданам і гітарай.

— Ад’язджаеш? — адразу спыталася яго міс Амелія.

Марвін Мэйсі пагрэўся каля печкі. Потым сеў за стол і, узяўшы трэсачку, старанна завастрыў яе. Ён пачаў калупацца ў зубах, раз-пораз дастаючы трэсачку з рота, разглядаючы яе і выціраючы аб рукаў пінжака. Ён так і не патурбаваўся адказаць міс Амеліі.

Гарбун глядзеў на міс Амелію, якая стаяла за прылаўкам. У яго вачах не было нават і знаку просьбы. Лаймэн быў, відаць, цалкам упэўнены ў сваіх дзеяннях. Ён залажыў рукі за спіну і самазадаволена таргануў вушамі. Ягоныя шчокі гарэлі, вочы блішчэлі, вопратка была наскрозь мокрая.

— Марвін Мэйсі пажыве крыху з намі,— сказаў ён.

Міс Амелія не запярэчыла. Яна толькі выйшла з-за прылаўка і падышла да печкі, быццам ад пачутай весткі ёй раптам стала холадна. Яна пагрэла спіну, не турбуючыся наконт сціпласці, што звычайна вымушае жанчын паднімаць спадніцу пры людзях не больш чым на адну, ну, ад сілы — на дзве цалі. Міс Амелія ніколі не вызначалася асаблівай сарамлівасцю: часта, здавалася, забывалася, што ў пакоі ёсць мужчыны. I вось цяпер, стаўшы каля печкі, яна так высока падняла падол сваёй чырвонай сукенкі, што кожны, хто хацеў, мог убачыць частку яе моцнага валасатага сцягна. Яна глядзела ўбок і гаварыла сама з сабой, ківаючы галавой і моршчачы лоб, і, хоць зразумець словы было немагчыма, па тону можна было здагадацца, што яна некага лае і зневажае. Тым часам гарбун і Марвін Мэйсі пайшлі на другі паверх — у залу, дзе стаялі дзве швейныя машыны «Зінгер», дэкаратыўная трава ў вазе, у пакоі, у якіх міс Амелія пражыла ўсё сваё жыццё. У кафэ было чуваць, як яны там тупалі, распакоўваючы рэчы Марвіна Мэйсі і ладзячы яму жыллё.

Вось так Марвін Мэйсі пасяліўся ў доме міс Амеліі. Спачатку Лаймэн, які аддаў яму свой пакой, спаў на канапе ў зале. Але снегапад дрэнна падзейнічаў на гарбуна — ён прастудзіўся, прастуда перайшла ў ангіну, у выніку міс Амелія ўступіла яму свой ложак. Канапа ў зале была ёй занадта кароткая, ногі не ўмяшчаліся, і ноччу яна часта скочвалася на падлогу. Яна, відаць, не высыпалася, і гэта адмоўна адбівалася на яе розуме: усе яе захады адносна Марвіна Мэйсі паварочваліся супраць яе. Яна трапляла ў прыгатаваныя ёю пасткі і няраз аказвалася ў вельмі сумным становішчы. Але ўсё ж яна не выгнала Марвіна Мэйсі з дому — баялася застацца адна. Калі зведаеш, што такое жыццё ўдваіх, адзінота здаецца пакутай. Цішыня асветленага камінам пакоя, калі раптам перастае цікаць гадзіннік, палахлівыя цені ў пустым доме — не, ужо лепш пусціць у дом смяротнага ворага, чым цярпець жахі адзіноты.

Снег праляжаў нядоўга. Паказалася сонца, і праз два дні горад быў такі ж, як і раней. Міс Амелія не адчыняла вокнаў, пакуль не растала апошняя сняжынка. Потым яна прыбрала ў доме, прасушыла ўсе рэчы на сонцы. Але раней яна выйшла ў двор і на самай тоўстай галіне сапіндуса завязала вузлом адзін канец вяроўкі. Да другога канца яна прывязала мяшок з пяском. Атрымалася баксёрская груша, і міс Амелія пачала практыкавацца з ёю кожную раніцу. Яна і без таго была ўмелым байцом — праўда, ёй крыху бракавала вёрткасці, але валоданне рознымі хітрымі прыёмамі і прыхватамі кампенсавала гэты недахоп.

Як ужо гаварылася, міс Амелія была росту шэсць футаў і дзве цалі. Марвін Мэйсі быў на адну цалю вышэйшы за яе. Важылі яны прыкладна аднолькава — каля ста шасцідзесяці фунтаў. Але Марвін Мэйсі быў спрытнейшы, і ў яго былі моцныя грудзі. I наогул, знешне ўсё сведчыла пра тое, што перавага павінна быць на яго баку. Тым не менш, амаль усе жыхары горада рабілі стаўку на міс Амелію, наўрад ці хто паставіў бы на Марвіна Мэйсі. У горадзе яшчэ помнілі, як міс Амелія білася з адвакатам з Фокс-Фолса, які паспрабаваў яе ашукаць. Той быў высачэзны бамбіза, але калі міс Амелія яго адпусціла, ён быў ужо адной нагой у магіле. Усіх здзіўлялі не толькі яе баксёрскія здольнасці, але і ўменне дэмаралізаваць праціўніка, крывячы твар з такімі жахлівымі крыкамі, што нават прысутных часам ахопліваў страх. Яна была адважная, добрасумленна практыкавалася з грушай, і ў справе з Марвінам Мэйсі праўда была на яе баку. Таму людзі верылі ў яе і чакалі. Зразумела, ніхто не вызначаў дзень паядынку. Але прыкметы непазбежнасці сутычкі былі настолькі відавочныя, што іх нельга было не заўважыць.

Усе гэтыя дні гарбун хадзіў з важным выглядам, жмурачыся ад задавальнення. Карыстаючыся тонкімі і хітрымі прыёмамі, ён усё больш распальваў паміж імі варожасць. Каб звярнуць на сябе ўвагу, ён увесь час тузаў Марвіна Мэйсі за калашыну. Часам хадзіў па пятах за міс Амеліяй, але цяпер толькі каб перадражніць яе няўклюдную хаду. Ён скошваў вочы і паўтараў рухі міс Амеліі, выстаўляючы напаказ яе нязграбнасць. Відовішча было настолькі агіднае, што не смяяліся нават самыя прыдуркаватыя наведвальнікі кафэ, як Мэрлі Раен. Толькі Марвін Мэйсі крывіў рот і чмыхаў.

Міс Амелію ў такіх выпадках ахоплівалі процілеглыя пачуцці. Яна з сумным і глыбокім дакорам глядзела на гарбуна, потым паварочвалася да Марвіна Мэйсі.

— Каб з цябе дух выперла! — гаварыла яна са злосцю.

А Марвін Мэйсі ў адказ браў звычайна ў рукі гітару, якая заўсёды валялася на падлозе побач з крэслам. У яго ў роце заўсёды было поўна сліны, і таму спяваў ён нейкім мокрым і слізкім голасам. Песні, быццам вугры, выслізгвалі з яго горла. Моцнымі пальцамі ён спрытна перабіраў струны, вабячы і ў той жа час нервуючы слухачоў сваімі песнямі. Міс Амелію яны звычайна выводзілі з сябе.

— Каб з цябе дух выперла! — крычала яна.

Але ў Марвіна Мэйсі адказ быў заўсёды напагатове. Ён прыціскаў струны далонню і, калі сціхаў апошні гук, паволі гаварыў з самаўпэўненай нахабнасцю.

— Глядзіце, каб вам самой усё гэта не вылезла бокам, міс! Ха! Ха!

Міс Амеліі заставалася толькі бездапаможна змоўчаць, бо ніхто не мог падказаць ёй выйсце з пасткі, у якую яна трапіла. Яна не магла прыдумаць ліха, якое, пажаданае Марвіну Мэйсі, сапраўды не вылезла б бокам ёй самой. Апошняе слова заўсёды было за Марвінам Мэйсі, і яна тут не магла нічога зрабіць.

Вось такім чынам усё і ішло. А што адбывалася паміж імі ноччу, там, на друтім паверсе, гэтага ніхто не ведаў. А наведвальнікаў у кафэ увесь час станавілася ўсё больш. Давялося паставіць яшчэ адзін стол. Нават пустэльнік, вар’ят па прозвішчы Рэйнер Сміт, які шмат гадоў назад перасяліўся на балота, пачуў пра тое, што адбываецца, і аднойчы вечарам прыйшоў паглядзець на ярка асветленыя вокны кафэ і паразважаць наконт кампаніі людзей, што сядзела за імі. Кульмінацыяй кожнага вечара быў той момант, калі міс Амелія і Марвін Мэйсі сціскалі кулакі і, падрыхтаваўшыся да бойкі, пачыналі ва ўпор глядзець адно на аднаго. Звычайна гэта не было вынікам сваркі, падзеі разгортваліся таямніча, абодва бакі рухалі інстынкты. У кафэ рабілася так ціха, што было чуваць, як шамацяць на скразняку папяровыя ружы. I кожны раз яны стаялі так, падрыхтаваўшыся да бойкі, крыху даўжэй, чым напярэдадні.

Бой адбыўся на Дзень сурка[1], значыць, другога лютага. Надвор’е спрыяла — яно было не дажджлівае, не сонечнае, не халоднае, але і не цёплае. Ужо з раніцы адчувалася, што бойка адбудзецца менавіта ў той дзень, і да дзесяці гадзін вестка абляцела ўсю акругу. Яшчэ на досвітку міс Амелія выйшла ў двор і перарэзала вяроўку, на якой вісела баксёрская груша. Марвін Мэйсі сядзеў на ганку з двара і, заціснуўшы паміж каленямі бляшанку свінога тлушчу, старанна мазаў ім рукі і ногі. Ястраб з акрываўленым пер’ем праляцеў над горадам і зрабіў два кругі над домам міс Амеліі. З кафэ вынеслі сталы і паставілі іх на заднім ганку, такім чынам зала кафэ была вызвалена ад мэблі і падрыхтавана да бойкі. Усё сведчыла пра яе немінучасць. Міс Амелія і Марвін Мэйсі з’елі на абед па чатыры порцыі спецыяльна недаваранай свініны і ляглі, каб набрацца сілы. Марвін Мэйсі адпачываў у вялікім пакоі на другім паверсе, а міс Амелія выцягнулася на лаўцы ў канторы. Па яе бледным напружаным твары было відаць, як цяжка ёй вось так лайдачыць, але яна ўсё ж ляжала нерухома, нібыта нябожчыца, заплюшчыўшы вочы і склаўшы рукі на грудзях.

Для Лаймэна гэта быў неспакойны дзень, і яго тварык увесь перакрывіўся і выцягнуўся ад хвалявання. Прыхапіўшы з сабой яды, ён выправіўся на пошукі сурка — праз гадзіну вярнуўся ўжо з пустой кайстрай і аб’явіў, што сурок бачыў свой цень і што іх чакае дрэннае надвор’е. Паколькі міс Амелія і Марвін Мэйсі адпачывалі, набіраючыся сілы, а гарбуну не было чаго рабіць, ён вырашыў пафарбаваць ганак. Апошні раз дом фарбавалі шмат гадоў назад — па праўдзе кажучы, адзін бог ведае, ці фарбавалі яго калі-небудзь наогул. Гарбун сеў на кукішкі, і хутка палова падлогі ганка была пафарбаваная ў вясёлы зялёны колер. Гэта была больш пэцканіна, чым работа, і неўзабаве ён увесь — з галавы да ног — быў у фарбе. I, як заўсёды, не паспеўшы скончыць падлогу, узяўся за сцены і вадзіў па іх пэндзлем, пакуль мог дастаць рукой. Потым падставіў пад ногі скрыню і падмаляваў сцены яшчэ на фут вышэй. Калі фарба скончылася, правы бок ганка быў ярка-зялёны, а на сцяне была намалявана вялізная пляма. Але Лаймэн кінуў усё, як было.

Ён займаўся гэтай справай з нейкім дзіцячым захапленнем. Дарэчы, тут варта нагадаць адзін цікавы момант. Ніхто ў горадзе, нават міс Амелія, не ведаў узросту гарбуна. Адны сцвярджалі, што, калі ён прыйшоў у горад, ён быў зусім малы — дзіця гадоў дванаццаці — не больш. На думку іншых, яму было ўжо за сорак. Ягоныя вочы былі блакітныя і спакойныя, як у дзіцяці, але пад імі ляжалі зусім не дзіцячыя ліловыя цені. Нельга было вызначыць узрост і па яго недарэчным перакрыўленым целе. Нават па зубах не было відаць, колькі яму на самой справе гадоў — усе зубы былі цэлыя (апрача двух, абламаных аб арэхавую шкарлупіну), але настолькі зжаўцелі ад любімай салодкай сумесі, што па іх цяжка было пазнаць узрост гарбуна. Калі ж у яго пыталіся пра гэта, ён прыкідваўся, што не ведае, колькі гадоў жыве на свеце — сто ці дзесяць! Таму яго ўзрост заставаўся таямніцай.

Лаймэн скончыў маляванне а палове шостай. Пад вечар пахаладнела, паветра патыхала вільгаццю. Узняўся вецер, зашумелі сосны ў лесе, заляпалі аканіцы, над дарогай праляцела старая газета і, зачапіўшыся за куст, павісла на калючых галінах. З усяго наваколля пачалі збірацца людзі: па дарозе чарадой ехалі аўтамабілі, поўныя пасажыраў. З іх вокан высоўваліся дзіцячыя галовы. Старыя мулы, жмурачы з кіслай мызай стомленыя вочы, цягнулі вялізныя фуры. З Сасаеці-Сіці прыехалі тры хлопцы, падобныя адзін да аднаго як блізняты — у жоўтых віскозных кашулях і кепках брылямі назад. Іх часта бачылі на пеўневых баях і царкоўных сходах. У шэсць гадзін на фабрыцы прагудзеў гудок, абвясціўшы канец рабочай змены, і хутка ўсе гледачы былі ў зборы. Сярод прышлых людзей былі, вядома, і бадзягі, і прайдзісветы, але, тым не менш, у натоўпе панавала цішыня. У маўклівым горадзе, шэрым ад святла прымерклага дня, твары людзей дзіўным чынам перамяніліся. Цемра паволі ахінала ўсё навокал; на нейкі момант неба яшчэ заставалася ясна-жоўтае, на яго фоне выразна вылучаўся абрыс царквы. Потым святло ў небе паволі згасла, вячэрні змрок ператварыўся ў начную цемру.

Сем — магічная лічба, яе вельмі шанавала і міс Амелія. Ад ікаўкі — выпіць сем глыткоў вады, у выпадку расцяжэння мышцаў на шыі — сем разоў прабегчы вакол става каля фабрыкі, ад глістоў — сем порцый «цуду», прыгатаванага па рэцэпце міс Амеліі. Усе яе лекі былі звязаны з гэтай лічбай. Сем — лічба, што спалучае ў сабе самыя розныя магчымасці, і ўсе прыхільнікі таемнасці і чараўніцтва шануюць гэтую лічбу. Таму і бойка мелася адбыцца ў сем гадзін. I хоць ніхто не рабіў ніякай абвесткі, усе гэта ведалі і ўспрымалі як з’яву, такую ж натуральную, як дождж ці балотны смурод. Такім чынам, а сёмай гадзіне ўсе з суровым выглядам стаялі каля дома міс Амеліі. Самыядасціпныя зайшлі ў кафэ і пасталі каля сцен. Астатнія тоўпіліся на ганку ці знайшлі сабе месца ў двары.

Міс Амелія і Марвін Мэйсі пакуль не паказваліся. Адлежаўшы палову дня на лаўцы ў канторы, міс Амелія пайшла на другі паверх. Затое Лаймэн увесь час мазоліў вочы, праціскаючыся праз натоўп, пстрыкаючы нервова пальцамі і лыпаючы вачыма. Без адной мінуты сем ён пралез праз натоўп у кафэ і ўскочыў на прылавак. Пакуль што ўсё было спакойна.

Відаць, усё было нейкім чынам абгаворана загадзя. Як толькі гадзіннік адбіў сем, міс Амелія паказалася на лесвіцы. У той самы момант да кафэ падышоў і Марвін Мэйсі. Натоўп моўчкі расступіўся, прапускаючы яго наперад. Сціснуўшы кулакі, яны нібы лунацікі паволі ішлі адно насустрач аднаму. Міс Амелія паспела пераадзецца, змяніўшы чырвоную сукенку на камбінезон і закасаўшы калашыны да каленяў. Яна выйшла босая, а на правую руку пачапіла сталёвы бранзалет. Марвін Мэйсі таксама закасаў калашыны. Ён быў без кашулі, густа намазаны тлушчам і абуты ў цяжкія чаравікі, якія ён атрымаў, выходзячы з турмы. З натоўпу выйшаў Стампі Мак-Фэйл і правай рукой паляпаў абаіх па кішэнях, правяраючы, ці не схаваны там нажы. Нарэшце яны засталіся ўдваіх пасярод ярка асветленага кафэ.

Ніякага сігналу не было, але абое ўдарылі адначасова. Удары прыйшліся па зубах; галовы адкінуліся назад, баксёры захісталіся. Некалькі секунд пасля першых удараў яны шаравалі нагамі па падлозе, спрабавалі розныя пазіцыі і выпады. Потым раптам счапіліся, як дзікія каты. Пачуліся ўдары, сапенне, тупат ног. Яны рухаліся вельмі хутка, таму пяжка было разабрацца ў тым, што адбываецца. Потым Марвін Мэйсі зрабіў міс Амеліі падножку, тая адляцела назад і ледзь не павалілася, а сам ён атрымаў такі моцны ўдар у плячо, што закруціўся ваўчком.

Бойка працягвалася ў шалёным тэмпе, і ніхто не збіраўся адступаць.

У час паядынку, калі праціўнікі такія энергічныя і дужыя, як гэтыя двое, варта на нейкі час перавесці позірк з непасрэдных удзельнікаў бойкі на гледачоў. Людзі адступілі як мага далей ад цэнтра і ціснуліся да сцен. Стампі Мак-Фэйл стаяў у куце, выцягнуўшы шыю, і падбадзёрваў удзельнікаў бойкі, сціскаючы кулакі і выкрыкваючы нешта незразумелае. Бедалага Мэрлі Раен так шырока разявіў рот, што не заўважыў, як туды заляцела муха, і праглынуў яе, не паспеўшы зразумець, у чым справа. А кузен Лаймэн! Вось на каго варта было паглядзець! Гарбун стаяў на прылаўку і таму ўзвышаўся над усімі. Рукі ў бокі, шыя выцягнута наперад, ножкі сагнуты ў каленях, што тырчэлі ў розныя бакі. Твар пакрыўся плямамі, збялелыя губы дрыжэлі.

Так працягвалася паўгадзіны. Праціўнікі нанеслі адно аднаму сотні ўдараў, а на чыім баку будзе перавага, пакуль што было невядома. Раптам Марвін Мэйсі здолеў схапіць левую руку міс Амеліі і закруціць ёй за спіну. Але міс Амелія адразу вырвалася і абхапіла яго абедзвюма рукамі: тут і пачалася сапраўдная бойка. Звычайна ў гэтай акрузе аддаюць перавагу барацьбе, а не боксу, які лічыцца занадта паспешным і патрабуе шмат увагі і засяроджанасці. I вось цяпер, калі міс Амелія і Марвін Мэйсі заціснулі адно аднаго мёртвай хваткай, гледачы нарэшце апамяталіся і падышлі бліжэй. Нейкі час барцы, моцна ўхапіўшыся адно за аднаго, куляліся то ў адзін, то ў другі бок. Марвін Мэйсі пакуль не спацеў, а вось вопратка міс Амеліі была зусім мокрая, пот цёк па нагах, і босыя ступні пакідалі мокрыя сляды на падлозе. I вось цяпер, калі ўсё павінна было вырашыцца, у момант найвялікшага напружання ўсе зразумелі, што міс Амелія дужэйшая за Марвіна Мэйсі. Той быў хітры і вёрткі, намазанае тлушчам цела было цяжка ўхапіць, але міс Амелія была мацнейшая за яго. Яна паволі, цаля за цаляй, гнула яго да долу. Гэта было жудаснае відовішча: цішыню парушыў толькі натужлівы хрып. Нарэшце міс Амелія паваліла Марвіна Мэйсі на падлогу і села на яго верхам; яе моцныя вялікія рукі ляглі на ягонае горла.

Але ў тую самую хвіліну, калі паядынак ужо быў вырашаны, у кафэ пачуўся пранізлівы крык, ад якога ў кожнага па спіне пабеглі мурашкі. I тое, што адбылося, да гэтага часу застаецца таямніцай. Увесь горад быў сведкам таго, што здарылася, але некаторыя ўсё ж не паверылі сваім вачам. Бо ад прылаўка, на якім стаяў Лаймэн, да сярэдзіны пакоя, дзе ішла бойка, было не менш за дванаццаць футаў. Але ў той самы момант, калі міс Амелія ўхапіла Марвіна Мэйсі за горла, гарбун раптам кінуўся наперад і, праляцеўшы ў паветры, быццам у яго выраслі крылы, апынуўся на шырокай спіне міс Амеліі і ўхапіўся сваімі крывымі, нібы кіпцюры, пальчыкамі за яе шыю.

Пасля гэтага ўсё пераблыталася. Не паспелі гледачы апамятацца, як міс Амелія была ўжо на падлозе. Дзякуючы гарбуну перамог Марвін Мэйсі, і вось міс Амелія нерухома ляжала на падлозе, раскінуўшы рукі. Марвін Мэйсі стаяў над ёй, вылупіўшы вочы, але тым не менш крывячы рот сваёй звычайнай усмешкай. Гарбун жа раптам знік. Ці ён спалохаўся таго, што нарабіў, ці то быў у такой радасці, што хацеў пацешыцца сваім геройствам сам-насам — як бы там ні было, ён выскачыў за дзверы і залез пад лесвіцу, што вяла з двара ў дом. Нехта абліў міс Амелію вадой, і праз нейкі час яна паволі паднялася і пацягнулася ў кантору. Праз адчыненыя дзверы людзі бачылі, як яна сядзела за сталом, паклаўшы галаву на рукі і цяжка ўсхліпваючы. Потым сціснула правую руку ў кулак і тройчы ўдарыла ім па стале. Рука яе аслабла, выпрасталася і лягла на стол далонню ўверх. Стампі Мак-Фэйл падышоў да дзвярэй і зачыніў іх.

Людзі моўчкі, адзін за адным, павыходзілі з кафэ. Прачнуліся мулы, загрымелі рухавікі аўтамабіляў, трое хлопцаў з Сасаеці-Сіці рушылі пешкі па дарозе. Пра бойку не гаварылі, не абменьваліся думкамі — кожны пайшоў дадому і з галавой накрыўся коўдрай. У горадзе было цёмна, і толькі ва ўсіх вокнах у доме міс Амеліі да самай раніцы гарэла святло.

Марвін Мэйсі і гарбун пайшлі з горада, відаць, за якую гадзіну да ўсходу сонца. I вось што яны зрабілі на адыход:

Яны адчынілі сервант і ўзялі адтуль усе каштоўнасці.

Яны паламалі механічнае піяніна.

Яны накрэмзалі на сталах у кафэ брыдкія словы.

Яны знайшлі гадзіннік з вадаспадам на вечку — узялі з сабой і яго.

Яны вылілі на падлогу ў кухні галон соргавага сіропу і пабілі ўсе слоікі з варэннем.

Яны пайшлі на балота і паламалі ўшчэнт бровар, разбіўшы новы куб і змеявік і спаліўшы заадно і будыніну.

Яны прыгатавалі любімую страву міс Амеліі — кукурузу з кілбасой, насыпалі туды столькі атруты, што ёй можна было б знішчыць насельніцтва ўсёй акругі, і паставілі на прылаўку ў кафэ спецыяльна, каб убачыла міс Амелія.

Яны знішчылі ўсё, да чаго маглі дадумацца, спыніўшыся хіба толькі перад дзвярыма канторы, дзе начавала міс Амелія. А пасля ўсяго гэтага яны выправіліся ў дарогу, удвух.

Вось так міс Амелія засталася ў горадзе адна. Людзі дапамаглі б ёй, калі б ведалі як, бо жыхары горада былі здольныя на добрыя пачуцці — была б толькінагода. Некалькі жанчын былі пасунуліся з венікамі, прапануючы дапамогу, але міс Амелія глядзела на іх сваімі невідушчымі косымі вачамі і толькі моўчкі круціла галавой. На трэці дзень у краму зайшоў Стампі Мак-Фэйл, каб купіць пачак тытуню, і міс Амелія сказала, што ён каштуе долар. Усё ў кафэ вырасла ў цане да аднаго долара. А што гэта за кафэ? I лячыць яна пачала вельмі дзіўнымі спосабамі. Раней яна была куды больш вядомай, чым доктар у Чыха. Яна не даставала духі з пацыентаў і не пазбаўляла іх такіх неабходных рэчаў, як, напрыклад, віскі ці тытунь. Толькі зрэдку яна магла параіць хвораму не есці смажанага гарбуза ці якой-небудзь яшчэ стравы, пра якую той ніколі нават не думаў. Але цяпер замест былых разумных парад было зусім іншае. Палове пацыентаў яна сказала, што яны хутка памруць. Астатнім яна параіла такія мудрагелістыя і пякельныя лекі, што, бадай, толькі прыдурак пагадзіўся б лячыцца імі.

Валасы міс Амеліі збіліся ў калматыя пасмы і пачалі сівець. Твар выцягнуўся, мышцы зрабіліся вялыя, і паступова ўся яна высахла, быццам здурнелая старая дзеўка. А яе шэрыя вочы... з кожным днём яны ўсё больш каселі, нібы хацелі абмяняцца поўнымі смутку і адзіноты позіркамі. I слухаць тое, што яна гаварыла, было непрыемна: яна зрабілася невыносна з’едлівая.

Калі хто-небудзь успамінаў гарбуна, міс Амелія гаварыла звычайна так:

— Хо! Трапіў бы ён мне ў рукі, я б зараз жа выдрала ягоную паганую глотку і кінула сабакам!

Страх наганялі не словы, а голас, якім яны вымаўляліся. У ім не чулася былой моцы, не было помслівасці, з якой яна раней гаварыла пра «механіка, за якім некалі была замужам», ці пра якога-небудзь іншага ворага. Яе перарывісты голас ціха ўсхліпваў, нагадваючы сіплыя акорды фісгармоніі.

Тры гады яна кожны вечар выходзіла на ганак і сядзела там, углядаючыся ў дарогу, нібы чакаючы некага. Але гарбун не вярнуўся. Даходзілі чуткі, быццам Марвін Мэйсі прымушаў яго лазіць праз вокны і красці. Згодна з іншымі весткамі, ён прадаў гарбуна ў вандроўны цырк. Але аказалася, што гэтыя плёткі пускаў Мэрлі Раен. На чацвёрты год міс Амелія наняла цесляра з Чыха, каб той забіў дошкамі ўвесь дом. I з таго часу яна больш не выходзіла з сваіх пакояў.

Так, маркотна ў гэтым горадзе. Жнівеньскім надвячоркам белая ад пылу вуліца зусім пустая, а над ёй празрыстае, як шкло, неба. Навокал нічога не зварухнецца, не чуваць дзіцячых галасоў, толькі грукоча ўвесь час фабрыка. Персікавыя дрэўцы з кожным годам усё больш крывеюць, маркотна-шэрыя лісточкі зрабіліся зусім дробныя. Дом міс Амеліі пахіліўся ў правы бок і праз нейкі час, відаць, зусім разваліцца, людзі баяцца падыходзіць да яго блізка. У горадзе ўжо не купіш добрай гарэлкі; да самага блізкага бровара — восем міляў, ды і ад гарэлкі, што там гоняць, на печані вырастаюць пухліны велічынёй з арэх. Да таго ж пасля яе чалавека ахоплівае глыбокая і небяспечная задуменнасць. Заняцца ў горадзе зусім няма чым. Пройдзешся вакол става, што каля фабрыкі, пастукаеш нагой па спарахнелым пні, падумаеш, куды можна прыстасаваць старое кола, што ляжыць на ўзбочыне дарогі каля царквы. Душа гібее ад нуды. Застаецца адно — пайсці на фокс-фолскую шашу і слухаць, як спяваюць зняволеныя, што там працуюць.


ДВАНАЦЦАЦЬ СМЯРОТНЫХ ЧАЛАВЕК

Фокс-фолская шаша праходзіць за тры мілі ад горада, і вось менавіта на ёй і працуюць зняволеныя. Мясцовыя ўлады вырашылі зараўняць калдобіны, што з цягам часу павыбіваліся на высыпанай шчэбенем дарозе, пашырыць яе ў некаторых небяспечных месцах. У брыгадзе зняволеных — дванаццаць чалавек у паласатай турэмнай вопратцы з прыкаванымі да ног ланцугамі. Побач з імі заўсёды ўзброены канваір; ад нясцерпна яркага сонца яго вочы ператварыліся ў чырвоныя шчыліны. Брыгада працуе ўвесь дзень: зняволеных запіхваюць у турэмную фуру на досвітку, вязуць на работу і забіраюць адтуль пад самы канец жнівеньскага дня, калі пачынае гусцець шэры змрок. Увесь дзень стукаюць аб цвёрдую гліну кіркі, нясцерпна пячэ сонца, у паветры адчуваецца пах чалавечага поту. I кожны дзень гучыць мелодыя. Сумны голас пачынае яе, і першая фраза нагадвае хутчэй рэчытатыў і падобная на пытанне. Праз хвіліну ў мелодыю ўплятаецца яшчэ адзін голас, і вось песню падхопліваюць усе зняволеныя. Сумныя галасы сярод золата дня зліваюцца ў мелодыю, адначасова сумную і радасную. Песня шырыцца, і вось ужо здаецца, што спяваюць не дванаццаць зняволеных, а сама зямля ці неабсяжнае неба. Мелодыя поўніць сэрца, халодзіць душу ад хвалявання і жаху. Потым яна паступова заціхае, гучыць толькі адзін голас. I вось зноў цішыня пад спякотным сонцам, чуваць толькі конскі храп ды стук кірак аб цвёрдую гліну.

I хто ж здольны стварыць такую мелодыю. Усяго толькі дванаццаць звычайных смяротных: сямёра неграў і пяцёра белых — жыхароў гэтай самай акругі. Усяго толькі дванаццаць смяротных людзей, калі яны спяваюць разам.


Загрузка...