Прысвячаецца Анмары Кларак-Шварцэнбах
Вайсковы гарнізон у мірны час — нуднае месца. Нейкія падзеі ўсё ж адбываюцца, але потым яны паўтараюцца зноў і зноў. Ужо сама планіроўка гарнізона робіць жыццё зусім аднастайным: вялізныя казармы з бетону, нібы пад шнур пастаўленыя дамы афіцэрскага саставу, такія, што іх не адрозніш адзін ад аднаго, спартыўная зала, пляцоўка для гульні ў гольф, царква, басейны — усё спраектавана паводле аднаго нязменнага ўзору. Але, магчыма, гарнізонная нуда выклікана перш за ўсё ізаляванасцю і залішняй бяздзейнасцю і бяспекай, і гэта таму, што, калі трапляеш у войска, адзінае, што ад цябе патрабуюць,— маршыраваць у нагу з тым, хто крочыць перад табой у страі. I ўсё ж часам у гарнізонах здараюцца падзеі, што наўрад ці калі-небудзь паўторацца. На Поўдні ёсць гарнізон, дзе некалькі гадоў назад адбылося забойства. Удзельнікамі трагедыі былі два афіцэры, салдат, дзве жанчыны, філіпінец, а таксама конь.
Салдат, замяшаны ў гэтай справе, быў радавы Элджы Уільямс. Яго часта можна было бачыць у канцы дня, калі ён адзінока сядзеў на лаўцы каля тратуара перад казармай. Месца было прыемнае, бо тут у два рады былі насаджаны маладыя клёны. Яны давалі халадок, кідалі на газон і тратуар лёгкія, трапяткія цені. Вясной лісце было ярка-зялёнае, а калі надыходзілі гарачыя месяцы, яно набывала больш цёмнае, спакойнае адценне. Пад канец восені лісты рабіліся вогненна-залатымі. Вось тут, бывала, і сядзеў Уільямс, чакаючы каманды на вячэру. Гэта быў маўклівы малады салдат, і ў казарме ў яго не было ні ворагаў, ні сяброў. На яго круглым загарэлым твары, здавалася, навечна застыла нейкая насцярожаная прастадушнасць. У салдата былі пухлыя чырвоныя вусны, а на лбе калмацілася каштанавая чупрына. Вочы — нязвыклая сумесь бурштынавага і карычневага адценняў — мелі маўклівы выраз, які звычайна заўважаеш у вачах у жывёлы. На першы погляд радавы Уільямс здаваўся крыху мешкаватым і нязграбным. Але гэта было падманлівае ўражанне, бо хадзіў ён нячутна і спрытна, як дзікі звер альбо злодзей. Часта салдаты, думаючы, што вакол нікога няма, палохаліся, калі ён, нібы зваліўшыся з неба, раптам аказваўся побач. У салдата былі невялікія, далікатныя на першы погляд, але вельмі дужыя рукі.
Радавы Уільямс не курыў, не піў, не ўступаў у пазашлюбныя сувязі і не гуляў на грошы. У казарме ён трымаўся ў баку ад усіх і быў нейкай загадкай для іншых салдат. Вольны час Уільямс больш бавіў у лесе, вакол гарнізоннага гарадка. Пятнаццаць квадратных міль запаведніка былі не кранутыя і не сапсаваныя цывілізацыяй. Тут можна было ўбачыць высачэзныя сосны, розныя кветкі і нават такіх палахлівых жывёлін, як алені, дзікі і лісіцы. Акрамя верхавой язды, Уільямса ніякі спорт, якім займаюцца радавыя, не цікавіў. Яго ніколі не бачылі ні ў спартыўнай зале, ні ў басейне. Не было і такога, каб ён смяяўся, злаваў ці пакутаваў ад нейкай прычыны. Тры разы на дзень ён з апетытам еў усё, што падавалі на салдацкі стол, і ніколі не бурчаў, што нясмачна, як гэта рабілі астатнія салдаты. Спаў ён у казарме, дзе ў два доўгія рады стаяла каля трох дзесяткаўложкаў. У казарме не спакайнела нават ноччу; калі выключалі святло, чуліся храп, лаянка і прыглушаныя стогны тых, каго мучылі кашмары. Але Уільямс ляжаў ціха. Толькі часам з яго ложка чулася асцярожнае шамаценне цукерачнай абгорткі.
Аднойчы, на трэцім годзе службы, Уільямса паслалі на кватэру да капітана па прозвішчы Пендэртан. Было гэта так. Яшчэ за шэсць месяцаў да гэтага Уільямса накіравалі ў каманду, якая абслугоўвала стайню, бо ён добра ўмеў упраўляцца з коньмі. Капітан Пендэртан пазваніў дзяжурнаму старшаму сяржанту, а якраз многа коней было на манеўрах і работы на стайні было няшмат, і выканаць заданне было даручана радавому Уільямсу. Даручэнне само па сабе простае. Капітан Пендэртан хацеў ачысціць невялікі ўчастак лесу за домам, каб паставіць там жароўню і наладжваць прыёмы на вольным паветры. Работы было на дзень.
Уільямс выправіўся выконваць заданне каля паловы восьмай раніцы. Быў мяккі, цёплы кастрычніцкі дзень. Салдат ведаў, дзе жыве капітан, бо часта праходзіў каля яго дома па дарозе ў лес. Да таго ж аднойчы ён незнарок нарабіў шкоды капітану. Паўтара года да гэтага радавы Уільямс некалькі тыдняў служыў ардынарцам у лейтэнанта — камандзіра яго роты. Неяк пасля абеду да лейтэнанта прыйшоў капітан Пендэртан, і Уільямс, якому было загадана прынесці пачастункі, незнарок выліў кубак кавы капітану на штаны. Да таго ж ён часта бачыў капітана на стайні, і пад яго наглядам быў конь капітанавай жонкі — гняды жарабец, самы прыгожы скакун ва ўсім гарнізоне.
Капітан жыў на ўскраіне ваеннага гарадка. Яго тынкаваны дом з васьмю пакоямі адрозніваўся ад іншых дамоў на вуліцы толькі тым, што быў на самым канцы. Да газона каля дома з двух бакоўпадступаў запаведны лес. Направа ад капітанавага дома жыў адзіны яго блізкі сусед — маёр Морыс Лэнгдан. Далей за дамамі чарнела шырокае роўнае поле, што да нядаўняга часу служыла пляцоўкай для гульні ў пола.
Калі Уільямс з’явіўся па вызначаным адрасе, насустрач яму выйшаў капітан, каб растлумачыць заданне. Трэба было выкарчаваць дубняк і нізкія кусты шыпшыны, а таксама абрэзаць абвіслае голле, калі яно ніжэй за два метры ад зямлі. Капітан паказаў на высокі стары дуб, да якога ад газона было метраў дваццаць, і сказаў, што менавіта да гэтага дуба трэба ачысціць пляцоўку. На адным пальцы пухлаватай рукі ў капітана пабліскваў пярсцёнак. У тую раніцу на ім былі колеру хакі штаны да каленяў, доўгія шкарпэткі з воўны і замшавы пінжак. У капітана быў напружаны, з рэзкімі рысамі твар. Ён быў брунет з вачамі, нібы з блакітнага шкла. Здавалася, ён не пазнаў радавога Уільямса і даваў указанні нервова і манерна: загадаў скончыць работу за дзень і сказаў, што прыйдзе пад вечар праверыць.
Салдат працаваў без перапынку да абеду. Апоўдні пайшоў у салдацкую сталовую. Да чатырох гадзін работа была скончана. Ён зрабіў нават больш, чым яму загадаў капітан. Высокі дуб, да якога трэба было ачысціць пляцоўку, быў нязвыклы: галіны з боку ад газона апускаліся да зямлі не вельмі нізка і пад імі можна было прайсці, а з другога боку яны прыгожа звісалі да самага долу. Салдату давялося шмат папрацаваць, пакуль ён абрэзаў тое ніцае голле. Калі ўсё было зроблена, ён прыхіліўся да сасны і пачаў чакаць капітана. Было відаць, што салдата агарнуў спакой, і ён стаяў бы так цэлую вечнасць.
— Слухай, а ты што тут робіш? — спытаўся ў яго раптам жаночы голас.
Салдат ужо раней заўважыў, як з чорнага ходасуседняга дома выйшла капітанава жонка і папраставала да яго. Ён яе бачыў, але неяк цьмяна ўсвядоміў гэта толькі тады, калі яна загаварыла.
— Я толькі што была на стайні,— сказала місіс Пендэртан.— Майго Жарптаха ўбрыкнулі.
— Так, пані,— нерашуча адказаў салдат. Спатрэбілася яшчэ некалькі хвілін, пакуль ён нарэшце зразумеў сэнс яе слоў.— Як гэта?
— Гэтага якраз я і не ведаю. Можа, які чортаў мул альбо пусцілі разам з кабыламі. Я раззлавалася і загадала, каб паклікалі цябе.
Капітанава жонка легла ў гамак, што вісеў паміж двума дрэвамі ў канцы газона. Нават у тым, што было на ёй: боты, запэцканыя габардзінавыя брыджы, ужо добра пацёртыя на каленях, і шэры вязаны жакет — яна была прыгожая жанчына. У яе быў летуценна-спакойны твар мадонны, а простыя валасы, звязаныя ў вузел на самай патыліцы, адлівалі бронзай. Пакуль яна ляжала ў гамаку, служанка — маладая негрыцянка вынесла паднос з паўлітровай бутэлькай віскі, мерным кілішкам і вадой. Місіс Пендэртан не была пераборлівая ў выпіўцы. Яна выпіла дзве меркі неразбаўленага віскі, запіла глытком халоднай вады. Больш яна не гаварыла з салдатам, а той таксама не распытваў больш пра каня. Здавалася, што ні яна, ні ён ужо не заўважаюць адно аднаго.
Салдат зноў абапёрся спіной на сасну і ўтаропіўся ў нешта перад сабой.
Сонца позняй восеньскай пары прамяністай смугой ахінала зялёную траву на газоне. Яно прадзіралася праз дрэвы ў лесе, там, дзе лістота была не вельмі густая і расквечвала зямлю вогненна-залатымі ўзорамі... Потым сонца раптам схавалася. Зрабілася золка, падзьмуў лёгкі чысты ветрык. Надышоў час адбою. Здалёк пачуўся сігнал горна. На адлегласці ён быў празрысты, а потым раставаў у лесе глухім рэхам.
У гэты час вярнуўся капітан Пендэртан. Ён паставіў машыну каля дома і адразу пайшоў на другі канец двара праверыць, як зроблена работа. Павітаўшыся з жонкай і мімаходзь казырнуўшы салдату, які даволі вяла стаў перад ім у стойку «смірна», капітан глянуў на расчышчаны ўчастак. I адразу пстрыкнуў пальцамі, скрывіў вусны ў з’едлівай усмешцы. Потым перавёў вадзяністыя блакітныя вочы на салдата і вельмі спакойна сказаў:
— Радавы, уся задума была ў высокім дубе.
Салдат выслухаў заўвагу моўчкі. Выраз яго круглага сур’ёзнага твару не змяніўся.
— Загад быў ачысціць пляцоўку толькі да дуба,— гаварыў афіцэр ужо павышаным тонам. Ён рашуча падышоў да дрэва, пра якое ішла гаворка, і паказаў на абсечаныя сукі.— Увесь сэнс быў у гэтых абвіслых галінах, што адгароджвалі пляцоўку ад лесу. Цяпер усё загублена.
Прычына, відаць, была не вартая хвалявання, якое ахапіла капітана. Але апынуўшыся ў адзіноце тут у лесе, ён зрабіўся маленькім чалавекам.
— Што я павінен зрабіць капітану? — спытаўся Уільямс, памаўчаўшы.
Місіс Пендэртан раптам засмяялася і апусціла нагу ў боце, каб гайдануць гамак.
— Капітану трэба, каб ты падабраў галлё і прышыў да дрэва.
Капітану гэта не здалося смешна.
— Вось што! — сказаў ён салдату.— Збяры лісце і пасып на голыя плямы, там, дзе выцераблены кусты. А пасля можаш ісці.
Ён даў салдату «на чай» і пайшоў у дом.
Радавы паволі падаўся ў сцямнелы лес збіраць апалае лісце. Капітанава жонка гойдалася ў гамаку і, здавалася, засынала. Неба зацягвалася бледным халодна-жоўтым святлом, усё навокал замерла.
Капітан Пендэртан у той вечар быў не ў гуморы. Зайшоўшы ў дом, ён адразу накіраваўся ў кабінет. Гэта быў невялікі пакой, што згодна з праектам меўся быць адкрытай верандай з дзвярамі ў сталовую. Капітан сеў за пісьмовы стол, разгарнуў тоўсты сшытак, разаслаў перад сабой карту і дастаў з шуфляды лагарыфмічную лінейку. Нягледзячы на такую падрыхтоўку, ён ніяк не мог настроіцца на работу. Капітан схіліўся над сталом, паклаў галаву на далоні і заплюшчыў вочы.
У пэўнай меры прычынай яго нервовасці быў радавы Уільямс. Капітан раззлаваўся, калі ўбачыў, што яму прыслалі менавіта гэтага салдата. Ва ўсім гарнізоне, бадай, знайшлося б не больш за паўдзесятак салдат, якіх капітан ведаў у твар. Ён ставіўся да ўсіх салдат з стомленай пагардай. На яго думку, афіцэры і радавыя, хоць, магчыма, і належалі да аднаго біялагічнага роду, але адносіліся да розных відаў. Капітан добра памятаў выпадак з разлітай кавай, бо тады быў сапсаваны зусім новы, з іголачкі, дарагі гарнітур з тоўстай часучы, пляму так і не ўдалося вывесці цалкам. (Па-за гарнізонам капітан заўсёды быў у вайсковай форме, а тут, у гарадку, калі збіраліся кампаніі афіцэраў, ён любіў прыходзіць у цывільным і быў якім яшчэ франтам.) Апрача гэтага прыкрага здарэння, радавы Уільямс асацыіраваўся ў памяці яшчэ са стайняй і жончыным канём Жарптахам. Асацыяцыя была непрыемная. I вось сённяшняя памылка з дубам аказалася апошняй кропляй. На кароткі час яго ахапіла нядобрае пачуццё, ён уявіў прыдуманую ім самім сітуацыю: ён злавіў гэтага салдата на нейкім парушэнні і аддаў пад трыбунал. Гэта трохі супакоіла. Ён наліў сабе кубак кавы з тэрмаса, што стаяў на стале, і заняўся іншымі, больш надзённымі справамі.
Для неспакою, што ахапіў капітана ў той вечар, было многа прычын. Як чалавек, характарам ён шмат у чым адрозніваўся ад звычайных людзей. У яго былі своеасаблівыя адносіны з трыма першаасновамі існавання: жыцця самога па сабе, сексу і смерці. Што да полу, то ў капітане спалучалася няўстойлівая раўнавага мужчынскіх і жаночых элементаў з чуллівасцю абодвух полаў і адсутнасцю актыўнай энергіі таго і другога. Для чалавека, які задавальняецца ў жыцці нязначным і здольны сканцэнтраваць імпульсіўныя імкненні, каб усёй душой аддацца якому-небудзь абстрактнаму занятку, як, напрыклад, таму ці іншаму віду мастацтва або спробе перавесці круг у квадрат, такі стан яшчэ можна цярпець. У капітана была работа, і на яе ён не шкадаваў сілы; лічылася, што яго чакае бліскучая кар’ера. Ён, можа, і не адчуваў бы недахопу аднаго і лішку другога, каб не жонка. Менавіта праз яе ён цярпеў мукі. У капітана была дзіўная схільнасць: яго вабілі жончыны палюбоўнікі.
Што ж да дзвюх астатніх першаасноў, дык тут было даволі проста. Калі б можна было пакласці на вагі яго суадносіны з двума вялікімі інстынктамі: жыцця і смерці, то значна пераважаў бы адзін бок — інстынкт смерці. Вось таму капітан быў баязліўцам.
У капітана Пендэртана было таксама нешта ад вучонага. Калі ён быў малады, нежанаты лейтэнант і меў шмат магчымасці чытаць, таварышы па службе звычайна абыходзілі пакой у доме, дзе ён кватараваў разам з іншымі халастымі афіцэрамі, а калі і заходзілі да яго, дык толькі па двое ці кампаніяй. Галава ў капітана была поўная навукова-дакладных статыстычных звестак і інфармацыі. Ён, напрыклад, мог дэталёва апісаць цікавы апарат стрававання ў амара ці жыццёвы цыкл у трылабіта. Ён выдатна гаварыў і пісаў на трох мовах, разбіраўся ў астраноміі і прачытаў шмат паэтычных зборнікаў. Але, нягледзячы на веданне мноства асобных фактаў, у яго ў галаве за ўсё жыццё не ўзнікла ніводнай ідэі. Бо каб нарадзілася ідэя, трэба спалучыць сама меней два факты. А на гэта капітану не хапала мужнасці.
Седзячы ў той вечар за сталом, не маючы сілы ўзяцца за работу, ён не аналізаваў сваіх пачуццяў. У думках зноў быў твар радавога Уільямса. Потым ён успомніў, што яны запрасілі сёння на вячэру суседзяў — Лэнгданаў. Маёр Морыс Лэнгдан быў палюбоўнікам яго жонкі, але не пра гэта былі яго думкі. Ён раптам успомніў адзін даўні вечар, было гэта неўзабаве пасля таго, як яны пажаніліся. Тады яго раптам ахапіла такая ж непрыемная трывога, і ён знайшоў дзіўны спосаб пазбыцца яе. Ён паехаў у гарадок непадалёку ад гарнізона, дзе тады служыў, вылез з машыны і доўга блукаў па вуліцах. Было гэта глыбокай зімовай ноччу. Нечакана капітан наткнуўся на малюсенькае кацяня, што скурчылася каля дзвярэй аднаго дома. Кацяня знайшло там сабе прытулак і, зідаць, спрабавала схавацца ад холаду; калі капітан нахіліўся, ён пачуў, што кацяня муркоча. Ён падняў кацяня і, адчуўшы, як яно дрыжыць у яго далоні, доўга ўглядаўся ў далікатную пысачку і гладзіў мяккую поўсць. Кацяня было зусім маленькае: відаць, толькі нядаўна расплюшчыліся чыстыя зялёныя вочкі. Нарэшце капітан пайшоў далей па вуліцы, узяўшы з сабой кацяня. На рагу была паштовая скрынка, і капітан, хуценька азірнуўшыся, адчыніў яе і ўвапхнуў кацяня ў яе стылае нутро. Зрабіўшы гэта, ён пайшоў далей.
Капітан пачуў, як грукнулі дзверы, і падняўся з-за стала. У кухні на стале сядзела яго жонка, і служанка-негрыцянка сцягвала з яе боты. Місіс Пендэртан не была стопрацэнтная жыхарка паўднёвых штатаў. Яна нарадзілася і гадавалася сярод вайскоўцаў, і яе бацька, які за год перад адстаўкай даслужыўся да брыгаднага генерала, паходзіў з заходняга ўзбярэжжа краіны. Маці была з Паўднёвай Караліны. I капітанава жонка ў пэўным сэнсе належала да гэтага тыпу людзей — жыхароў Поўдня. Газавая пліта ў іх доме не зарасла брудам, але і сказаць, што яна чыстая, таксама было нельга. Місіс Пендэртан прытрымлівалася многіх іншых традыцыйных уяўленняў, тыповых для жыхароў Поўдня; яна, напрыклад, цвёрда верыла, што пірожнае або хлеб нельга есці, калі цеста не раскачалі на мармуровым стале. Якраз таму, калі капітана аднойчы накіравалі служыць у Шофілд-Бэракс, яны пацягнулі з сабой і стол, на якім яна цяпер сядзела, на Гаваі, а потым назад. Калі яна знаходзіла ў талерцы чорны кручаны волас, яна спакойна вымала яго на сурвэтку і ела далей са смакам, нават вокам не маргнуўшы.
— Сузі,— спыталася місіс Пендэртан,— а ў людзей таксама ёсць такія пупкі, як у курэй?
Капітан стаяў у дзвярах, не заўважаны ні жонкай, ні служанкай. Місіс Пендэртан скінула боты, басанож прайшла па кухні, дастала з духоўкі кавалак шынкі, пасыпала карычневым цукрам і хлебнымі крошкамі, зноў наліла сабе віскі, гэты раз паўкілішка, і ад лішняй энергіі раптам пусцілася ў скокі — выканала кароткі эксцэнтрычны танец. Капітана жонка вельмі раздражняла, і яна ведала гэта.
— Напрамілы бог, Леанора, ідзі наверх і абуйся.
У адказ місіс Пендэртан завяла нейкі дзіўны матыўчык і прайшла міма капітана ў залу.
Капітан пайшоў за ёю.
— У такім выглядзе ты падобная на кудлу.
У каміне ўжо ляжалі прыгатаваныя дровы, і місіс Пендэртан нагнулася запаліць іх. Яе гладкі міленькі твар заружавеўся, на верхняй губе блішчалі кропелькі поту.
— Лэнгданы могуць прыйсці з хвіліны на хвіліну, а ты што, у такім выглядзе і сядзеш за стол?
— Вядома,— адказала яна.— А чаму не, слухай, ты, старая размазня.
Капітан прамовіў холадна і стрымана:
— Ты мне агідная.
Місіс Пендэртан зарагатала; смех быў мяккі і шалёны, нібыта яна пачула доўгачаканую скандальную навіну ці прыгадала які-небудзь фрывольны жарт. Яна зняла з сябе вязаны жакет, скамячыла яго і шпурнула ў кут. Потым павольна расшпіліла брыджы і выйшла з іх, калі яны асунуліся на падлогу. Праз момант яна ўжо зусім голая стаяла перад камінам. Асветленае яркімі аранжава-залатымі водбліскамі агню, яе цела было надзвычай прыгожае. Плечы былі роўныя, ключыцы ўтваралі выразную лінію. Паміж круглых грудзей віднеліся тонкія блакітныя жылкі. Праз некалькі гадоў яе цела распусціцца, як ружа, раскрые пялёсткі, цяпер жа мяккую круглявасць яшчэ стрымліваў спорт. Леанора стаяла нерухома і спакойна, здавалася, яе цела трапеча і даволі крануць яго рукой, як адчуеш прыціхлае, але энергічнае пульсаванне крыві. Капітан глядзеў на жонку разгублена і абурана, як чалавек, якому толькі што далі аплявуху; тая ж спакойна пайшла ў прыхожую і далей да лесвіцы. Дзверы на вуліцу былі расчыненыя, і з цемры ночы дзьмуў вецер, развяваючы яе распушчаныя медныя валасы.
Яна прайшла да палавіны, калі капітан апрытомнеў ад шоку. Трасучыся, ён пабег за ёю.
— Я заб’ю цябе! — крыкнуў ён, задыхаючыся.— Чуеш? Заб’ю!
Капітан упёрся рукой аб парэнчу і прысеў, паставіўшы адну нагу на вышэйшую прыступку, як бы рыхтуючыся кінуцца на жонку.
Яна паволі павярнулася і, безуважна паглядзеўшы на яго, сказала:
— Сынок, цябе калі-небудзь выкідала за каршэнь на двор і лупцавала голая жанчына?
Капітан застыў на месцы. Ён схіліў галаву навыцягнутую руку і ўсім целам абапёрся аб парэнчу. З яго грудзей вырваўся рэзкі крык, падобны на плач, хоць вочы засталіся сухімі. Праз нейкі час ён выцер шыю хустачкай і тады заўважыў, што дзверы на вуліцу адчыненыя, дом — ярка асветлены, а шторы — паднятыя. Ад гэтага яму адразу зрабілася млосна. Хто-небудзь мог прайсці па цёмнай вуліцы каля дома. Ён падумаў пра салдата, які яшчэ зусім нядаўна быў паблізу. Нават ён мог убачыць усё, што адбылося. Капітан збянтэжана азірнуўся. Нарэшце ён пайшоў у кабінет, дзе ў яго быў графін вытрыманага віскі.
Леанора Пендэртан не баялася ні людзей, ні звяроў, ні самога чорта, бога таксама не ведала. Калі ўспаміналі бога, адзінае, што ёй прыходзіла ў галаву — гэта стары бацька, які часам у нядзелю пасля абеду чытаў біблію. З той кніжкі яна помніла толькі дзве рэчы: па-першае, што Ісуса распялі на крыжы ў месцы, якое называецца гара Галгофа, па-другое, што аднойчы ён ехаў вярхом некуды на асле, ну, а каму ахвота ездзіць вярхом на асле?
Праз пяць хвілін Леанора Пендэртан ужо забылася, што адбылося паміж ёй і мужам. Яна наліла вады ў ванну і падрыхтавала тое, у што збіралася адзецца сёння вечарам. Пра Леанору Пендэртан хадзіла шмат плётак. На думку гарнізонных дам, яе мінулыя і цяперашнія раманы ўяўлялі стракаты калейдаскоп амурных прыгод. Але большасць з таго, пра што пляткарылі дамы, былі ўсяго толькі чуткі і здагадкі, бо Леанора Пендэртан належала да тых людзей, што аддаюць перавагу спакою і не любяць ніякіх ускладненняў. Яна выйшла замуж за капітана нявінная. Чатыры ночы пасля вяселля яна па-ранейшаму заставалася нявінная; на пятую перайшла ў новы статус, які не прынёс нічога новага, акрамя хіба невялікай разгубленасці. Пра далейшае лепш памаўчаць. Калі б Леанора ацэньвала свае раманы па распрацаванай ёй самой сістэме, то стары палкоўнік у Лівенворце атрымаў бы палову рахунку, а малады лейтэнант з Гаваяў — усяго некалькі працэнтаў. Але апошнія два гады ў яе быў толькі маёр Морыс Лэнгдан, і нікога больш. Ім яна была цалкам здаволеная.
У ваенным гарадку Леанора Пендэртан мела рэпутацыю гасціннай гаспадыні, выдатнай спартсменкі і нават гранд-дамы. Аднак было нешта такое, што заставалася загадкаю сябрам і знаёмым. Яны адчувалі, што ў яе ёсць нейкая рыса, якую проста так не выявіш. Справа ў тым, што Леанора была не надта далёкая на розум.
Гэты сумны факт не ўсе бачылі на вечарынках, на стайні, за сталом. Толькі тры чалавекі ведалі гэта: яе стары бацька — генерал, якому нямала давялося патурбавацца, пакуль удала не выдаў дачку замуж; яе муж, які адносіўся да гэтага як да стану, натуральнага ўсім жанчынам, якім няма яшчэ сарака гадоў, і маёр Морыс Лэнгдан, які любіў яе за гэта яшчэ больш. Яна не змагла б памножыць дванаццаць на трынаццаць нават перад пагрозай дыбы. Калі ёй трэба было абавязкова напісаць ліст, каб, скажам, падзякаваць дзядзьку за грашовы перавод, атрыманы ў дзень нараджэння, ці заказаць па пошце вуздэчку, гэта было вельмі нялёгка. Яна зачынялася з Сузі на кухні, стварыўшы такім чынам атмасферу акадэмічнай ізаляванасці. Абедзве садзіліся за стол, на якім ужо ляжалі цэлы стос паперы і некалькі акуратна завостраных алоўкаў. Потым, калі канчатковы варыянт быў гатовы ў чарнавіку і нарэшце перапісаны начыста, яны былі ўжо такія змораныя, што марылі толькі пра адно — спакойна выпіць чаго-небудзь, каб акрыяць.
У той вечар Леанора Пендэртан з задавальненнем памылася ў ванне. Потым не спяшаючыся надзела загадзя падрыхтаваную простую шэрую спадніцу, блакітны пуховы світэр, пачапіла жамчужныязавушніцы. Калі а сёмай гадзіне яна зноў спусцілася на першы паверх, госці ўжо былі там.
На думку місіс Пендэртан і маёра вячэра была выдатная. На першае быў булён, потым шынка, салат з маладога лісця рэпы, запраўлены алеем, а таксама зацукраваны батат, які ад святла здаваўся празрыстым бурштынам і быў шчодра паліты нечым салодкім. Былі таксама свежыя булачкі і хлеб. Сузі толькі раз абнесла ўсіх салатам, а потым паставіла ўсе стравы паміж маёрам і Леанорай, бо абое любілі добра паесці. Маёр еў, абапёршыся локцем аб стол, і наогул адчуваў сябе як дома. Яго чырвона-карычневы твар меў тупаваты, вясёлы і прыязны выраз; яго любілі як афіцэры, так і салдаты. За сталом амаль не гаварылі, успомнілі толькі пра выпадак з Жарптахам. Місіс Лэнгдан амаль не дакранулася да яды. Гэта была маленькая чарнявая кволая жанчына з вялікім носам і выразнымі вуснамі. Яна была вельмі хворая, аб гэтым можна было здагадацца па яе выгляду. Хвароба была не толькі фізічная; уся яна настолькі змучылася ад смутку і непакою, што была на парозе вар’яцтва. Капітан Пендэртан сядзеў вельмі роўна з прыціснутымі да бакоў локцямі. За ўвесь час ён толькі зусім афіцыйна павіншаваў маёра з медалём, які той атрымаў. Раз-пораз ён пстрыкаў па краі шклянкі і ўслухоўваўся ў празрысты звон. На дэсерт быў пірог з начынкай. Пасля гэтага ўсе чацвёра перайшлі ў залу, каб правесці рэшту вечара за картамі і размовай.
— Ты вельмі добрая кухарка, мая дарагая,— з сытай здаволенасцю сказаў маёр.
Акрамя чацвярых, што сядзелі за сталом, непадалёк быў яшчэ адзін. У цемры восеньскага вечара каля акна стаяў чалавек, які маўкліва сачыў за ўсім, што рабілася ў доме. Ноч была халодная, і ад чыстага паху соснаў паветра было вельмі свежае. У лесе, штошумеў побач, заводзіў свае песні вецер. Неба зіхацела ледзянымі зоркамі. Чалавек стаяў так блізка ля акна, што халодная шыбіна пацела ад яго дыхання.
Радавы Уільямс сапраўды бачыў, як місіс Пендэртан ішла ад каміна ўгору па лесвіцы ў ванну. У сваім жыцці малады салдат ніколі не бачыў голай жанчыны. Ён вырас у доме, дзе былі толькі мужчыны. Ад свайго бацькі, што гаспадарыў на ферме, на якой з усёй скаціны быў толькі адзін мул, а ў нядзелю чытаў пропаведзі ў царкве, ён даведаўся, што жанчыны — гэта носьбіты смяротнай і заразнай хваробы, ад якой мужчыны слепнуць, робяцца калекамі і непазбежна трапляюць у пекла. Ужо служачы ў войску, ён таксама чуў размовы пра гэту агідную хваробу і да таго ж раз на месяц яго аглядаў урач, каб праверыць, ці быў ён у блізкіх адносінах з жанчынай. Уільямс не толькі ніколі па сваёй ахвоце не дакранаўся ні да адной жанчыны, але нават не глядзеў на іх, не размаўляў.
Ён забавіўся ў лесе, збіраючы сырое буйное лісце. Калі нарэшце загад быў выкананы, ён, кіруючыся ў сталовую на вячэру, ішоў міма дома капітана. Выпадкова зірнуў на вокны ярка асветленай пярэдняй і ўжо не змог скрануцца з месца. Ён моўчкі стаяў у начной цішыні, бязвольна апусціўшы рукі. Калі, вячэраючы, пачалі рэзаць шынку, ён глытнуў сліну. Сумны пранізлівы позірк салдата быў скіраваны на капітанаву жонку. Маўклівы выраз яго твару не змяніўся ад убачанага, толькі залаціста-карычневыя вочы часам звужаліся, быццам у галаве нараджаўся нейкі таямнічы план. Калі капітанава жонка пайшла са сталовай, ён яшчэ нейкі час пастаяў на тым самым месцы. Потым паволі адвярнуўся. На роўную траву газона, асветленага вокнамі, што засталіся за яго спіной, лёг яго доўгі цень. Салдат пайшоў прэч, як бы згінаючыся пад цяжарам незразумелай мроі, і крокі яго былі мяккія і зусім нячутныя.
На другі дзень радавы Уільямс пайшоў на стайню на досвітку. Сонца яшчэ не ўзышло, паветра было празрыстае і халоднае. Да вільготнай зямлі прыпадалі малочна-белыя пасмы туману, а неба было срэбрана-шэрае. Сцежка да стайні пралягала каля абрывістага адхону, з якога адкрывалася шырокая панарама запаведніка. Лес стаяў ва ўсёй восеньскай красе, сярод чарнавата-зялёных сосен ярка вылучаліся малінава-жоўтыя плямы. Уільямс паволі ішоў па замеценай лісцем сцежцы. Часам ён прыпыняўся і стаяў зусім нерухома, нібы ўслухоўваючыся ў нейкі далёкі покліч, што далятаў да яго. Загарэлы твар расчырванеўся ад ранішняга паветра, а на вуснах бялелі плямкі малака, якое ён піў у сняданне. Так, не спяшаючыся і раз-пораз спыняючыся, салдат прыйшоў на стайню якраз з усходам сонца.
У стайні было яшчэ зусім цёмна і бязлюдна. Паветра было цяжкае і цёплае, насычанае кіславата-прытарным пахам. Калі салдат праходзіў уздоўж стойлаў, коні мерна дыхалі, часам уздрыгвалі ў сне, ціха ржалі. На яго глянулі маўклівыя светлыя вочы. Салдат дастаў з кішэні пакунак з цукрам, і рукі яго неўзабаве зрабіліся цёплымі і ліпкімі ад сліны. Ён зайшоў у стойла адведаць кабылку, што павінна была вось-вось ажарабіцца, паглядзеў яе пухлы жывот і пастаяў крыху побач, абняўшы жывёліну за шыю. Потым ён выпусціў мулаў на пашу ў спецыяльную загарадку. Уільямс нядоўга заставаўся адзін сярод коней — хутка прыйшлі яшчэ салдаты. Была субота — вельмі напружаны дзень на стайні, бо з раніцы праводзіліся заняткі па верхавой яздзе для дзяцей і жонак афіцэраў гарнізона. Стайня напоўнілася людской гамонкай і тупатам ног; коні занепакоіліся ў сваіх стойлах.
Місіс Пендэртан у тую раніцу прыйшла адна з першых. Яе суправаджаў, як гэта здаралася часта, маёр Лэнгдан. Сёння з імі быў капітан Пендэртан, што было выключэнне з правілаў, бо звычайна ён ездзіў на кані адзін, да таго ж у канцы дня. Усе трое сядзелі на бар’еры загарадзі, чакаючы, пакуль асядлаюць іх коней. Радавы Уільямс першага вывеў Жарптаха. Раны, пра якія напярэдадні гаварыла капітанава жонка, былі зусім не такія сур’ёзныя. Іх змазалі ёдам. Калі каня выводзілі на яркае сонечнае святло, той нервова надзімаў ноздры і азіраўся па баках, махаючы галавой. Яго гладкая вычышчаная скура блішчала, нібы шаўковая, густая грыва пералівалася на сонцы.
На першы погляд конь быў занадта вялікі і ламаваты для чыстакроўнага жарабца. Ляжкі былі шырокія і мясістыя, а ногі — таўставатыя. Але хадзіў ён з надзвычайнай, вогненнай грацыёзнасцю і аднойчы на спаборніцтвах у Кэмдане апярэдзіў свайго знакамітага бацьку — тагачаснага чэмпіёна. Калі місіс Пендэртан села на каня, ён двойчы стаў на дыбкі і хацеў ірвануць да сцяжыны, што вяла да моста. Капітанава жонка нацягнула повад, конь выгнуў шыю, высока падняў хвост і пачаў адступаць убок, шалёна б’ючы капытамі, ды так, што на храпе ў яго выступіла пена. У час гэтага паядынку місіс Пендэртан рагатала, і, калі гаварыла да Жарптаха, голас яе дрыжаў ад запалу і ўсхваляванасці: «Ну, даражэнькі, ну, шэльма!» Паядынак скончыўся гэтак жа раптоўна, як і пачаўся. Такія кароткія сутычкі здараліся кожную раніцу, і іх ужо нельга было назваць сапраўднай барацьбой. Калі каня, тады яшчэ дрэнна аб’езджанага жарабца, першы раз прывялі на стайню, ён і праўда быў наравісты. Два разы місіс Пендэртан падала з яго кулём, і аднойчы, калі яна вярнулася пасля чарговай прагулкі, салдаты заўважылі, што яна пракусіла ніжнюю губу, а жакет і сарочка ў яе былі запэцканыя крывёю.
Цяпер жа такія вось кароткія штодзённыя паядынкі мелі тэатральны, штучны характар — гэта была жартаўлівая пантаміма, якую яны выконвалі сабе на забаву і на пацеху гледачам. Нават калі на храпе ўскіпела пена, конь рухаўся з наравістай грацыёзнасцю, нібы ўсведамляючы, што ён у цэнтры ўвагі. Але вось усё скончылася, конь стаў і толькі раз уздыхнуў, зусім як малады муж, калі ён, смеючыся, уздыхае і паціскае плячыма, паддаючыся жаданню любімай і свавольнай жонкі. Калі не лічыць гэтых імітацый бунту, можна было ўпэўнена сказаць: конь прайшоў поўную вывучку.
Усім, хто рэгулярна ездзіў на конях, салдаты давалі мянушкі, якімі потым называлі іх між сабою. Маёра Лэнгдана празвалі Буйвал. Гэта таму, што, седзячы ў сядле, ён апускаў шырокія масіўныя плечы і нагінаў наперад галаву. Маёр быў выдатны коннік і, калі быў маладым лейтэнантам, заваяваў выключную славу гульнёй у пола. Капітан жа Пендэртан быў нікуды не варты коннік, хоць сам пра гэта не здагадваўся. Ён сядзеў ненатуральна, як баран, педантычна захоўваючы пазіцыю, паказаную інструктарам. Ён, бадай, ніколі больш не сеў бы на каня, калі б убачыў сябе са спіны. Яго зад звісаў, трасучыся па баках сядла. Менавіта таму салдаты і празвалі яго капітан Трасазад. Місіс Пендэртан называлі проста пані, такой вялікай павагай яна карысталася на стайні.
У тую раніцу ўсе тры коннікі на чале з місіс Пендэртан нетаропка адзін за адным выехалі на прагулку. Радавы Уільямс глядзеў услед, пакуль яны не зніклі з вачэй. Хутка па тупаце капытоў, што чуваць быў здалёк, ён здагадаўся, што коні перайшлі ў лёгкі галоп. Сонца ў гэты час свяціла ярка, і таму неба здавалася цямнейшым, яно было цёплае і ярка-сіняе. У свежым паветры адчуваўся пах гною і дыму ад вогнішчаў, у якіх палілі апалае лісце. Салдат стаяўнерухома так доўга, што да яго нарэшце падышоў сяржант і зычліва гаркнуў:
— Эй, ты, пан Непрытомны, ты што, усё жыццё збіраешся тут стаяць разявіўшы рот?
Тупату капытоў ужо не было чуваць. Салдат адкінуў валасы з ілба і ўзяўся за работу. За ўвесь дзень ён не прамовіў ні слова.
Позна ўвечары салдат пераадзеўся ў чыстае і пайшоў у лес. Спярша ён ішоў ускрайкам запаведніка, пакуль не апынуўся на тым самым участку, які ён раскарчоўваў па загаду капітана Пендэртана. Дом быў асветлены не так ярка, як напярэдадні. Святло гарэла толькі ў адным пакоі справа на другім паверсе і на невялічкай верандзе, што тулілася да дзвярэй у сталовую. Падышоўшы бліжэй, салдат убачыў, што капітан сядзіць адзін у сваім кабінеце, а яго жонка знаходзіцца ў пакоі на другім паверсе, адкуль праз прыштораныя вокны прабівалася святло. Дом, як і астатнія будынкі ў гэтым квартале, быў новы, таму вакол яго яшчэ не паспела нарасці зеляніна. Але па загаду капітана недзе выкапалі дванаццаць кустоў біручыны і пасадзілі іх пад шнур каля дома, каб двор не выглядаў так гола і неабжыта. Салдата, які схаваўся ў засені гэтых вечназялёных шыракалістых кустоў, цяжка было заўважыць з вуліцы ці з суседняга дома. Ён стаяў так блізка да капітана, што, калі б акно было адчыненае, пры жаданні мог бы дакрануцца рукой.
Капітан Пендэртан сядзеў за сталом спіной да Уільямса. У час заняткаў ён быў нервова ўзбуджаны. На стале побач з кнігамі і паперамі стаялі пунсовы графін, тэрмас з чаем і скрыначка з цыгарэтамі. Капітан піў гарачы чай і чырвонае віно. Кожныя дзесяць — пятнаццаць мінут устаўляў новую цыгарэту ў бурштынавы муштук. Працаваў ён да дзвюх гадзін ночы, і ўвесь гэты час салдат сачыў за ім.
Тая ноч стала пачаткам дзівацтваў. Салдат кожны вечар зноў і зноў прыходзіў з лесу на тое самае месца і глядзеў, што рабілася ў капітанавым доме. Вокны ў сталовай і зале былі завешаныя цюлевымі фіранкамі, праз якія салдат бачыў усё, а яго самога згледзець было вельмі няпроста. Ён стаяў ля акна, збоку, і таму заставаўся ў цемры. Нічога асаблівага ў доме не здаралася. Часта Пендэртаны вечарамі бывалі ў гасцях, дамоў вярталіся позна. Аднойчы яны самі запрасілі на вячэру шасцёра гасцей. Але большасць вечароў праводзілі разам з маёрам, які прыходзіў адзін ці з жонкай. Яны выпівалі, гулялі ў карты і гутарылі, седзячы ў зале. Салдат не зводзіў вачэй з капітанавай жонкі.
У той самы час у паводзінах радавога Уільямса заўважылі перамену. У яго з’явілася звычка раптоўна спыняцца і доўга ўглядацца ў што-небудзь проста перад сабой. Чысцячы стойла ці запрагаючы мула, ён нечакана ўпадаў у транс. Застыўшы ў нерухомасці, ён часам нават не рэагаваў, калі яго клікалі. Сяржант, пад камандай якога Уільямс быў прыпісаны да стайні, заўважыў гэта і занепакоіўся. Яму неаднойчы даводзілася заўважаць такую дзіўную звычку ў маладых салдат, што пачыналі сумаваць па дому, па жанчынах, а потым падумваць і пра дэзерцірства. Але калі сяржант падступаў да радавога Уільямса з роспытамі, той адказваў, што ён наогул ні пра што не думае.
Малады салдат казаў праўду. Хоць на яго твары была засяроджанасць, у ягонай галаве не ўзнікала ніякіх планаў ці думак, якія б ён сам усведамляў. Але затое ў памяці засталося глыбокае ўражанне ад відовішча, сведкам якога ён быў, праходзячы каля асветленай прыхожай капітанавага дома. Тым не менш думкі не былі скіраваны непасрэдна на пані ці на што іншае. Але незразумелы павольны працэс, штонараджаўся недзе ў аддаленых закутках свядомасці, вымушаў яго прыпыняцца і застываць нібы ў трансе.
Чатыры разы за ўсё сваё дваццацігадовае жыццё салдат рабіў не пад прымусам і тое, што яму хацелася. Кожнаму з гэтых чатырох учынкаў папярэднічаў дзіўны стан трансу. Першы такі ўчынак — купля каровы. Калі Уільямсу было толькі семнаццаць год, ён здолеў зарабіць сотню долараў, ходзячы за плугам і працуючы на бавоўнавых плантацыях. За гэтыя грошы ён купіў карову і назваў яе Рубінай. У бацькавай гаспадарцы, дзе з жывёлы быў адзін мул, карова была не патрэбная. Яны не мелі права прадаваць малако: дзяржаўная інспекцыя забракавала б саматужна прыстасаваную пад хлеў будыніну, іхняй жа малалікай сям’і малака, што надойвалі ад каровы, было зашмат. Звычайна зімовым ранкам хлопец уставаў на досвітку і ішоў з ліхтаром у хлеў. Уткнуўшыся лбом у цёплы бок каровы, ён пачынаў яе даіць, падбадзёрваючы ласкавым шэптам. Потым ён зачэрпваў пеністае малако ў прыгаршчы проста з вядра і паволі піў яго доўгімі глыткамі.
Другі такі ўчынак — нечаканая і палкая заява пра веру ў бога. Звычайна Уільямс ціха сядзеў на адной з апошніх лавак у царкве Святасці, дзе ў нядзелю яго бацька выступаў з пропаведзямі. Але аднойчы ў час вячэрняй службы ён раптам ускочыў на памост. З дзікім лямантам ён пачаў крычаць нешта незразумелае, звяртаючыся да бога, і ўпаў у канвульсіях на падлогу. Потым цэлы тыдзень ён быў у поўнай апатыі, і яго ўжо ніколі больш не ахоплівалі такія парывы.
Трэці ўчынак — злачынства, зробленае і ўтоенае ім. I, нарэшце, чацвёрты ўчынак — добраахвотнае паступленне на вайековую службу.
Кожны з гэтых учынкаў быў нечаканы, без ніякага планавання. I ўсё ж неяк падсвядома Уільямс быў падрыхтаваны да іх. Напрыклад, якраз перад тым, як купіць карову, ён доўга стаяў, утаропіўшыся ў нешта перад сабою, і потым вычысціў прыбудову да гумна, у якой яны складалі ўсялякую непатрэбшчыну, і калі прывёў карову, месца ёй было ўжо гатова. Гэткім жа чынам ён уладкаваў усе свае дробныя справы перад тым, як паступіць на вайсковую службу. Але таго, што ён збіраецца купіць карову, ён не ведаў, пакуль не аддаў грошы і не ўзяў у руку вяроўку. I толькі тады, калі пераступіў парог вярбовачнага пункта, няясныя ўяўленні, што ўзнікалі ў яго галаве, акрэсліліся ў думку, і ён нарэшце ўсвядоміў, што будзе салдатам.
Амаль два тыдні радавы Уільямс вёў тайную «разведку» капітанавага дома. Ён вывучаў звычкі яго жыхароў. Служанка звычайна клалася спаць у дзесяць гадзін. Калі місіс Пендэртан была вечарам дома, яна падымалася на другі паверх каля адзінаццаці гадзін і тушыла святло.
Капітан, як правіла, працаваў з паловы адзінаццатай да дзвюх гадзін ночы.
У дванаццатую ноч салдат ішоў праз лес нават яшчэ павальней, як звычайна. Ён яшчэ здалёк убачыў, што ў доме гарыць святло. У небе ярка свяціў белы месяц, і начное паветра было халоднае і серабрыстае. Салдата лёгка можна было заўважыць, калі ён выйшаў з лесу і пакраўся да газона. У правай руцэ ён трымаў сцізорык, на нагах замест грубых салдацкіх чаравікаў былі спартыўныя тапкі. З залы даляталі галасы. Салдат падышоў да акна.
— Ну, урэж, Морыс,— чуўся голас Леаноры Пендэртан.— Пакажы клас.
Маёр Лэнгдан і капітанава жонка гулялі ў «ачко». Стаўкі былі вартыя свечак, а сістэма разліку — вельмі простая. Калі маёр выйграе ўсе фішкі, ён атрымае на цэлы тыдзень Жарптаха; калі ж выйграе іх Леанора, то яна будзе мець бутэльку любімага віскі. За апошнюю гадзіну маёр згроб сабе большасць фішак.
Яго прыгожы твар ружавеў ад водсвету агню ў каміне, а абцас чаравіка адбіваў аб падлогу такт ваеннага маршу. У той вечар на ім была вайсковая форма. Масіўныя плечы маёра абвіслі, і ён быў лагодны. Толькі калі ён кідаў позірк на жонку, у яго бялявых вачах адчувалася няёмкасць і ўмольнасць. Насупраць яго Леанора з сур’ёзным выглядам намагалася з усёй сілы пад сталом скласці на пальцах чатырнаццаць і сем. Нарэшце яна палажыла карты на стол.
— Ну, што, прайграла?
— Не, мая дарагая,— сказаў маёр.— Акурат дваццаць адно. Ачко.
Капітан Пендэртан і місіс Лэнгдан сядзелі каля каміна. Абаім было зусім няўтульна. У той вечар яны паводзілі сябе нервова і з панурай ажыўленасцю гаварылі пра садоўніцтва. Для нервовасці было дастаткова падстаў. Апошнія дні маёр быў зусім не падобны да таго вальяжнага малайца, якім ён быў раней. Нават Леанора і тая няясна адчувала агульную прыгнечанасць. Адной з прычын гэтага была дзіўная і трагічная падзея, што адбылася некалькі месяцаў назад і ўдзельнікамі якой былі ўсё чацвёра. Вось гэтак жа яны сядзелі разам аднойчы позна вечарам, калі раптам місіс Лэнгдан, у якой была высокая тэмпература, выйшла з пакоя і пабегла да свайго дома. Маёр, асалавелы ад віскі, не адразу пайшоў за ёй. Праз нейкі час слуга-філіпінец Лэнгданаў Анаклета з лямантам убег у пакой з такім жахам у вачах, што яны, не гаворачы ні слова, падаліся за ім. Калі яны знайшлі місіс Лэнгдан, тая была непрытомная. Яна адрэзала сабе садовымі нажніцамі саскі грудзей.
— Хто хоча піць? — спытаўся капітан.
Піць хацелася ўсім, і капітан пайшоў на кухню ўзяць яшчэ адну бутэльку содавай вады. Капітан быў глыбока занепакоены, бо ведаў: працягвацца гэтак далей не можа. I хоць сувязь жонкі з маёрам прыносіла шмат пакут, ён не мог без страху нават падумаць пра якую-небудзь перамену. Яго пакуты былі даволі асаблівыя, бо ён з аднолькавай рэўнасцю адносіўся да жонкі і да аб’екта яе кахання. Летась ён пачаў адчуваць эмацыянальную прыхільнасць да маёра, і з усіх пачуццяў, што зведаў у жыцці, гэтая прыхільнасць у найбольшай меры была блізкая да кахання. I таму імкнуўся вылучыцца ў вачах гэтага чалавека. Рогі ж, навешаныя яму, насіў з цынічнай тактоўнасцю, што выклікала павагу ў гарнізоне. Калі ён наліваў шклянку маёру, яго рука дрыжала.
— Ты зашмат працуеш, Уэлдан,— заўважыў маёр Лэнгдан.— I ведаеш, што я такое скажу? Яно таго не варта. Галоўнае — здароўе, бо што рабіць, калі яго няма? Леанора, яшчэ адну карту.
Наліваючы содавай вады ў шклянку місіс Лэнгдан, капітан намагаўся не глядзець ей у вочы. Ён гэтак не выносіў маёравай жонкі, што ў яго ледзь хапала сілы спакойна глядзець на яе. Місіс Лэнгдан вельмі ціха і напружана сядзела каля каміна і вязала. Твар у яе быў зусім бледны, вусны — даволі апухлыя і патрэсканыя. Лагодныя чорныя вочы ліхаманкава паблісквалі. Ей было дваццаць дзевяць гадоў, на два гады менш, чым Леаноры. Казалі, што некалі ў яе быў вельмі прыгожы голас, але ніхто ў гарнізоне не чуў, каб яна спявала. Калі капітан глянуў на яе рукі, яго страсянула ад агіды. Яны былі такія тонкія, быццам высахлі: пальцы — доўгія і кволыя, ад суставаў да запясця пралягло мноства тонкіх зеленаватых вен. На фоне малінавай воўны, з якой яна вязала світэр, рукі выглядалі яшчэ больш белымі і хваравітымі. Часта капітану карцела сказаць што-небудзь гэтай жанчыне непрыемнае. Перш за ўсё ён неўзлюбіў яе за абыякавасць да яго як асобы. Пагарду выклікала і тое, што яна аказала яму паслугу: яна ведала, хоць і трымала гэта ў сакрэце, пра адну справу, праз якую, калі б пайшлі чуткі, ён адчуваў бы сябе вельмі няёмка.
— Яшчэ адзін світэр мужу?
— Не,— ціха адказала яна.— Я пакуль не вырашыла, што з гэтага будзе.
Элісан ледзь стрымлівала слёзы. Яна думала пра сваё дзіця, Кэтрын, якое памерла тры гады назад. Яна ведала, што ёй лепш было б пайсці дадому, дзе слуга Анаклета дапамог бы ёй легчы ў пасцель. Неспакойна, балюча было ў яе на душы. Нават тое, што яна не ведала, каму вяжа гэты світэр, выклікала горыч. Яна пачала вязаць пасля таго, як стала ўсё вядома пра мужа. Спачатку яна звязала некалькі світэраў яму. Потым звязала касцюм Леаноры. Першыя месяцы яна не зусім верыла, што Морыс можа быць такі здрадлівы. Калі, нарэшце, Элісан з пагардай махнула на мужа рукой, яна ў адчаі пачала хінуцца да Леаноры. Так узнікла тая дзіўная дружба, якая бывае паміж жонкай, якой здрадзілі, і аб’ектам любові яе мужа. Яна ведала, што гэта паталагічная эмацыянальная прыхільнасць — незаконнанароджанае дзіця шоку і рэўнасці — была ніжэй за яе годнасць. Але хутка прыхільнасць знікла сама па сабе. Цяпер Элісан адчувала, як яе вочы напаўняюцца слязьмі, і каб узяць сябе ў рукі, выпіла крыху віскі, хоць моцных спіртных напіткаў ёй нельга было піць з-за хваробы сэрца. Ёй нават не падабаўся сам смак віскі. Яна з большай радасцю выпіла б кілішачак якога-небудзь салодкага лікёру, альбо крыху херэсу, ці нават, калі ўжо на тое пайшло, кубак кавы. Але цяпер яна піла віскі таму, што яно было наліта і яго пілі іншыя, ды і што яшчэ было рабіць?
— Уэлдан! — раптам крыкнуў маёр.— Твая жонка ашуквае! Яна падгледзела карту ў калодзе.
— Няпраўда. Ты падлавіў мяне яшчэ да таго, як я паспела што-небудзь разгледзець. Што там?
— Ты мяне здзіўляеш, Морыс,— адгукнуўся капітан Пендэртан.— Хіба ты не ведаеш, што жанчыне нельга давяраць пры гульні ў карты?
Місіс Лэнгдан сачыла за гэтымі сяброўскімі кепікамі з такім выразам у вачах, нібыта ёй зараз давядзецца абараняцца. Такі выраз бывае ў людзей, што даўно хварэюць і цалкам залежаць ад увагі ці няўважнасці іншых. Увесь гэты час з той ночы, калі яна пабегла дадому і пакалечыла сябе, місіс Лэнгдан не пакідала пачуццё невыноснага сораму. Яна была ўпэўненая: кожны, хто кідаў на яе позірк, думаў пра яе ўчынак. Але, між іншым, гэтае скандальнае здарэнне трымалася ў тайне: акрамя тых, хто быў цяпер у пакоі, толькі ўрач і медсястра ведалі пра тое, што адбылося, ды яшчэ малады слуга-філіпінец, што з семнаццаці гадоў быў разам з місіс Лэнгдан і абагаўляў яе. Місіс Лэнгдан перастала вязаць і прыклала кончыкі пальцаў да скроняў. Яна ведала, што ёй трэба зараз устаць, пайсці адсюль і канчаткова парваць свае адносіны з мужам. Але з нядаўняга часу ёю авалодала страшэнная бездапаможнасць. Дый куды б яна пайшла? Калі місіс Лэнгдан спрабавала думаць пра будучае, у яе галаве нараджаліся самыя фантастычныя планы, і яна апыналася пад уладай нервовых імпульсаў. Дайшло да таго, што яна баялася самой сябе не менш, чым іншых. I ўвесь гэты час, не знаходзячы сілы на канчатковы разрыў, яна жыла з пачуццём таго, што наперадзе яе чакае вялікае няшчасце.
— Што здарылася, Элісан? — спыталася Леанора.— Можа, хочаш есці? У халадзільніку ёсць курынае мяса.
Апошнія месяцы Леанора часта размаўляла з місіс Лэнгдан у своеасаблівай манеры. Яна занадта выразна вымаўляла словы, гаворачы ўважлівым і разважным тонам, з якім звычайна звяртаюцца да апошняга ідыёта.
— Есць і белае мяса, і цямнейшае. Вельмі смачнае. Ну, як, ммммм?
— Не, дзякуй.
— Ты і праўда нічога не хочаш, дарагая? — спытаўся маёр.
— Не, усё ў парадку. Але, калі можна, перастань, калі ласка, стукаць аб падлогу. Гэта непакоіць мяне.
— Прабач.
Маёр выцягнуў ногі з-пад стала і закінуў адна на адну. Здавалася, маёр наіўна верыў таму, што жонка нічога не ведае пра яго сувязі з Леанорай. Аднак яму было ўсё цяжэй цешыцца гэтай думкай. Часам ён стараўся і, трэба сказаць, паспяхова, упэўніць сябе, што няшчасны выгляд у жонкі — гэта ад хваравітасці і нечага чыста жаночага, гэта значыць, яму непадуладнага. Маёр памятаў выпадак, які здарыўся неўзабаве пасля вяселля. Тады ён узяў Элісан з сабой паляваць на курапатак. Яна хоць ужо і вучылася страляць з ружжа, але ніколі раней не была на паляванні. Яны ўспудзілі чараду курапатак, і ён яшчэ і сёння памятаў, як птушкі разляцеліся веерам на фоне зімовага сонца, што якраз заходзіла. Назіраючы за Элісан, ён падстрэліў толькі адну птушку і галантна пачаў настойваць, што гэта яна яе падстрэліла. Ледзь толькі Элісан узяла птушку з сабачай пашчы, яна адразу змянілася з твару. Курапатка была яшчэ жывая, і ён з абыякавым выглядам раструшчыў птушцы галаву і зноў аддаў жонцы. Тая ўзяла яшчэ цёплае ўскалмачанае цельца, пашкоджанае ў падзенні, і глянула ў мёртвыя патухлыя чорныя вочкі. Скончылася гэта тым, што яна залілася слязьмі. Здарылася якраз тое, што, на думку маёра, было «жаночым характарам» і «хваравітай уражлівасцю», у якіх мужчыну нават не варта спрабаваць разабрацца. Да таго ж калі маёра апошнім часам пачыналі непакоіць думкі пра жонку, ён інстынктыўна ўспамінаў дзеля самаабароны аднаго лейтэнанта па прозвішчы Вайнчак — камандзіра роты ў батальёне маёра і блізкага прыяцеля Элісан. Вось і цяпер, калі выгляд твару ў жонкі зноў затрывожыў яго, ён, каб супакоіць сябе, сказаў:
— Ты кажаш, правяла другую палову дня разам з Вайнчакам?
— Ага, я была ў яго,— адказала Элісан.
— Добра. Ну, і як ён?
— Нічога.
Элісан раптам вырашыла падарыць світэр лейтэнанту Вайнчаку, бо таму ён якраз спатрэбіцца, і яна спадзявалася, што світэр не будзе занадта шырокі ў плячах.
— Ах, гэты Вайнчак! — усклікнула Леанора.— Не разумею, што ты ў ім знайшла, Элісан? Ну, так, я ведаю, вы там збіраецеся, разважаеце пра высокія матэрыі. Ён называе мяне шаноўная пані. Зусім мяне не выносіць, а гаворыць: «Так, шаноўная пані», «Не, шаноўная пані». Падумаць толькі!
Тут варта, відаць, сказаць некалькі слоў пра гэтага самага лейтэнанта Вайнчака, хоць для нікога ў гарнізоне, апрача місіс Лэнгдан, ён нічога асаблівага сабою не ўяўляў. Што да службы, то яго становішча было вартае жалю, бо ў свае амаль пяцьдзесят гадоў ён не даслужыўся нават да капітана. У яго былі такія сур’ёзныя праблемы са зрокам, што ў хуткім часе ён мусіў пайсці ў адстаўку. Лейтэнант жыў у шматкватэрным доме, дзе сялілі халастых лейтэнантаў, большасць з якіх толькі што скончылі ваенную акадэмію ў Уэст-Поінт. У двух пакойчыках было цесна ад назбіранага за жыццё рознага дабра: раяля, паліц з грамафоннымі пласцінкамі, многіх соцень кніг, вялікага ангорскага ката і каля дзесятка вазонаў. Ён вырошчваў нейкую паўзучую расліну, што вілася па сценах залы, дзе часта можна было зачапіцца за пустую бутэльку з-пад піва ці за кубак, пакінуты проста на падлозе пасля таго, як з яго пілі каву. Ну і да таго ж гэты састарэлы лейтэнант іграў на скрыпцы. Часам з яго пакояў даляталі заблудлыя гукі пранізлівай мелодыі якога-небудзь струннага трыо ці квартэта, і маладыя афіцэры, што праходзілі ў гэты час па калідоры, пачуўшы гэта, чухалі патыліцу і пераміргваліся. Вось сюды і прыходзіла часта надвячоркам місіс Лэнгдан. Яна разам з лейтэнантам Вайнчакам іграла санаты Моцарта ці, седзячы каля каміна, піла каву і ела зацукраваны імбір. У дадатак да іншых сваіх праблем лейтэнант быў вельмі бедны, бо стараўся вывучыць двух пляменнікаў. Ён мусіў эканоміць на ўсім, каб звесці канцы з канцамі, і яго адзіная парадная форма была такая паношаная, што ён наведваў толькі самыя абавязковыя свецкія мерапрыемствы. Калі місіс Лэнгдан даведалася, што ён сам займаўся цыраваннем, яна ўзяла за звычку прыносіць сваё шыццё і цыраваць разам з мужавым споднюю і пасцельную лейтэнантаву бялізну. Часам удваіх яны ездзілі на маёравай машыне на канцэрты ў горад за сто пяцьдзесят міль ад гарнізона. У такіх выпадках яны бралі з сабой Анаклету.
— Я стаўлю ўсё на тыя карты, што ў мяне на руках, і, калі выйграю, усе фішкі будуць мае,— сказала місіс Пендэртан.— Ужо, бадай, пара закругляцца.
Паколькі раздавала місіс Пендэртан, ёй удалося падхапіць з каленяў туза і караля і такім чынам займець на руках «ачко». Усе гэта бачылі, і маёр нават пырснуў ад смеху. Не прайшло незаўважаным і тое, што маёр паляпаў пад сталом Леанору па бядры перад тым як адсунуць крэсла. Місіс Лэнгдан устала ў той самы момант і схавала сваё вязанне ў сумку.
— Я павінна ісці,— сказала яна.— Але ты заставайся, Морыс, і не парушай кампаніі. Добрай ночы вам.
Місіс Лэнгдан пайшла даволі павольна і напружана, і калі яна была ўжо за парогам, Леанора сказала:
— Цікава, што цяпер ёй баліць?
— Цяжка сказаць,— з сумам адказаў маёр.— Але думаю, што трэба ісці. Давайце вып’ем на адыход па адной.
Маёру Лэнгдану вельмі не хацелася выходзіць з пакоя, дзе панаваў вясёлы настрой, і, развітаўшыся з Пендэртанамі, ён пастаяў крыху на дарожцы перад домам.
Ён глядзеў на зоры і думаў, што жыццё часам сумная штука. Раптам ён успомніў пра мёртвае дзіця. Які ж гэта быў неспакой! У час родаў Элісан чаплялася за Анаклету (бо ён, маёр, не мог трываць усяго гэтага) і крычала трыццаць тры гадзіны запар. I калі доктар сказаў: «Вы малавата стараецеся, трэба крыху натужыцца», філіпінчык таксама пачаў натужвацца, яго ногі сагнуліся ў каленях, па твары ліўся пот, і ён крычаў услед за Элісан. Потым, калі ўсё скончылася, выявілася, што ў дзіцяці зрасліся ўказальны і сярэдні пальцы, і маёр увесь час думаў толькі пра тое, што, калі яму давядзецца дакрануцца да дзіцяці, яго ўсяго пачне калаціць.
Цягнулася гэта адзінаццаць месяцаў. Ён служыў тады на сярэднім захадзе краіны, і калі, увесь заснежаны, прыходзіў дамоў, то адзінае, што мог знайсці, каб пад’есці, дык гэта які-небудзь салат з тунца ў халадзільніку, затое дом быў поўны дактароў і медыцынскіх сясцёр. Анаклета звычайна ў гэты час мітусіўся на другім паверсе, раз-пораз падносячы пялёнкі да святла, вывучаючы такім чынам асаблівасці стула ў той дзень, ці гушкаў на руках дзіця, пакуль Элісан хадзіла сюды-туды па пакоі, сціснуўшы зубы. А потым, калі ўсё было скончана, ён не адчуў нічога, апрача палёгкі. Але гэта адчуў ён, а не Элісан! Якая горыч і халоднасць ахапілі яе! Якая невыносна капрызная яна стала! Так, жыццё сапраўды можа быць сумнай штукай.
Маёр адчыніў парадныя дзверы і ўбачыў Анаклету, які сыходзіў па лесвіцы на ніжні паверх. Філіпінчык ступаў грацыёзна і ў той жа час важна. На ім былі сандалі, мяккія шэрыя штаны і палатняная блуза колеру аквамарыну. На крэмавата-белым плоскім тварыку паблісквалі чорныя вочы. Здавалася, ён не заўважаў маёра, але калі дайшоў да нізу лесвіцы, паволі падняў правую нагу, выгнуў на ёй пальцы на манер балетнага танцоўшчыка і зрабіў кароткі скок у паветры.
— Ідыёт! — буркнуў маёр.— Як яна?
Анаклета ўзняў бровы і, апусціўшы свае далікатныя белыя павекі, паволі сказаў:
— Très fatiguée [2].
— Ах ты! — ускіпеў маёр, бо ні слова не ведаў па-французску.— Вуле ву руні муні му! Я пытаюся, як яна сябе адчувае?
— C’est les,— Анаклета сам толькі нядаўна пачаў вывучаць французскую мову і не ведаў, як па-французску «сінусы». Тым не менш ён скончыў свой адказ з вельмі выразным пачуццём уласнай годнасці.— «Maître Corbeau sur un arbre perché [3], маёр». Ён зрабіў паўзу, пстрыкнуў пальцамі і потым дадаў задуменна, як бы размаўляючы ўголас сам з сабою: — Крыху гарачага мяснога булёну, вельмі прыгожа пададзенага.
— Можаш прыгатаваць мне «Старадаўні» [4].
— Прыгатую раптам,— сказаў Анаклета. Ён вельмі добра ведаў, што слова «раптам» нельга ўжываць замест «зараз жа», бо ён гаварыў на дасканалай англійскай мове з прыгожым вымаўленнем, зусімаднолькавым з місіс Лэнгдан голасам. Ён зрабіў гэту памылку наўмысна, каб яшчэ больш падражніць маёра.
— Я прыгатую яго, як толькі падрыхтую паднос і ўладкую ўсё для пані Элісан.
Па маёравых падліках, каб падрыхтаваць паднос, спатрэбілася трыццаць восем мінут. Філіпінчык вельмі жвава завіхаўся на кухні, потым прынёс са сталовай вазу з кветкамі. Маёр сачыў за ім, упёршыся ў бакі валасатымі кулакамі. Увесь гэты час Анаклета ціха, але ажыўлена размаўляў пра штосьці з сабою. Маёр улавіў нешта пра містэра Рудольфа Серкіна і пра ката, што ходзіць з крошкамі арахісу на поўсці па прылаўку, на якім разложаны прысмакі. Тым часам маёр сам зрабіў кактэйль і спёк два яйкі. Калі паднос, нарэшце, быў прыгатаваны, Анаклета спыніўся, склаў накрыж ногі і, счапіўшы рукі за галавой, пачаў паволі ківацца.
— Божа! Такія птушкі, як ты, сустракаюцца нячаста,— сказаў маёр.— Многае я аддаў бы, каб ты апынуўся ў маім батальёне!
Філіпінчык паціснуў плячыма. Усім было добра вядома, што, на яго думку, гасподзь бог зрабіў вялікую памылку, стварыўшы акрамя яго і пані Элісан іншых людзей; адзінае выключэнне з шэрага «іншых» былі асобы, што знаходзіліся па другі бок тэатральнай рампы: ліліпуты, вялікія мастакі і наогул да іх падобныя легендарныя асобы. Анаклета з радасцю паглядзеў на паднос. На ім быў кавалак палатна жоўтага колеру, карычневы гліняны збан з гарачай вадой, місачка на булён і два кубікі булённага канцэнтрату. У правым кутку стаяла блакітная кітайская міска для рысу з букетам пёрыстых астраў. Анаклета нахіліўся, вельмі старанна выбраў тры пялёсткі і паклаў іх на жоўтую сурвэтку. На самай справе ён не быў такі жвавы, як здавалася. Час ад часу ў яго вачах з’яўлялася трывога, і ён кідаў на маёра няўлоўны, хуткі позірк, у якім відаць было асуджэнне.
— Я занясу паднос наверх,— сказаў маёр, бо разумеў, што, хоць і яды там, па сутнасці, ніякай не было, жонцы гэта будзе прыемна і ён заслужыць за гэта пахвалу.
Элісан сядзела ў ложку з кнігай у руках. З-за акуляраў, якія яна надзявала, каб чытаць, яе твар быў, як кажуць, толькі нос і вочы, ды яшчэ ў куточках вуснаў сінелі хваравітыя цені. На ёй была начная палатняная кашуля і цвёрдая накідка з ружовага аксаміту. У пакоі было вельмі ціха, у каміне гарэў агонь. Мэблі было мала, і пакой з яго мяккім шэрым дываном і светла-вішнёвымі фіранкамі здаваўся пустым і сціплым. Пакуль Элісан піла булён, маёр сядзеў з маркотным выглядам у крэсле каля ложка і прыдумваў, што сказаць. Анаклета круціўся каля ложка, падпраўляючы пасцель.
Ён насвістваў мелодыю, якая была адначасова мажорнай, сумнай і светлай.
— Паслухайце, пані Элісан! — раптам сказаў ён.— Вы дастаткова добра сябе адчуваеце, каб абмеркаваць са мной адну справу?
Яна паставіла місачку і зняла акуляры.
— А што за справа?
— Вось! — Анаклета падсунуў да ложка падстаўку для ног і хуценька дастаў з кішэні некалькі кавалачкаў розных тканін.— Я заказаў гэтыя ўзоры, каб мы маглі лепш з імі пазнаёміцца. А цяпер пастарайцеся ўспомніць, як два гады назад у Нью-Йорку мы праходзілі каля вітрыны магазіна «Пек энд Пек», і я звярнуў вашу ўвагу на касцюмчык якраз на вас.— Ён выбраў адзін з узораў і падаў ёй.— Гэты матэрыял якраз такога гатунку.
— Але мне не трэба касцюма, Анаклета,— сказала яна.
— Як не? Трэба! Ужо больш як год вы не куплялі сабе ніводнай абновы. А зялёная сукенка bien usée [5] на локцях, і яе ўжо час ахвяраваць Арміі Уратавання.
Сказаўшы фразу па-французску, Анаклета зірнуў на маёра з несхаванай злараднасцю. Маёру заўсёды было не па сабе, калі ён чуў іх размову ў цішы пакоя. Іх галасы і вымаўленне былі такія аднолькавыя, што яны, нібыта рэха, ціха імітавалі адзін аднаго. Розніца была хіба ў тым, што Анаклета шчабятаў, не пераводзячы дыхання, у той час як Элісан гаварыла размерана і стрымана.
— Колькі гэта каштуе? — спыталася яна.
— Матэрыял дарагі, але тканіны такой якасці танней не купіш. Да таго ж падумайце, колькі гадоў яна будзе насіцца.
Элісан зноў узяла кнігу.
— Мы падумаем пра гэта.
— Напрамілы бог, нават не думай і купі сабе гэту сукенку,— усклікнуў маёр. Яму непрыемна было слухаць усе гэтыя разважанні Элісан пра цэны.
— I калі ўжо зайшла пра гэта размова, то, можа, варта заказаць які лішні ярд мне на пінжак,— дадаў Анаклета.
— Добра. Калі я ўсё ж надумаю купіць гэту тканіну.
Анаклета наліў Элісан лякарства і зморшчыўся, пакуль яна піла яго. Потым падлажыў ёй пад спіну электрычную грэлку і расчасаў валасы. Але выходзячы з пакоя, ён не змог спакойна прайсці каля вялікага, у рост чалавека, люстэрка, што было прымацавана на дзвярах шафы ў сцяне. Спыніўшыся, ён аглядзеў сябе ў люстэрку, выцягнуў насок нагі і адкінуў галаву.
Потым павярнуўся да Элісан і зноў пачаў пасвістваць.
— Адкуль гэта? Вы з лейтэнантам Вайнчакам ігралі ў чацвер пасля абеду.
— Першы такт Санаты ля-мажор Франка.
— Паслухайце! — з хваляваннем усклікнуў Анаклета.— Якраз у тую хвіліну гэта самая мелодыя падказала мне ідэю балета. Чорныя аксамітавыя кулісы і водсветы сонца на захадзе, нібыта зімовым надвячоркам. Спачатку вельмі павольна з удзелам усёй трупы. Потым пражэктар высвятляе сольны нумар, вельмі імклівы, як агонь, пад вальс, што выконваў містэр Сяргей Рахманінаў. Потым у фінале зноў Франк, толькі цяпер,— ён глянуў на Элісан дзіўнымі яснымі вачыма,— хмельны!
Пасля гэтых слоў ён пачаў танцаваць. Год назад яго бралі з сабой на рускі балет, і ён ніяк не мог забыць яго. Ніводны гук, ніводны рух не застаўся ім незаўважаны. Рухаючыся на шэрым дыване ў млявай пантаміме ўсё павальней і павальней, ён нарэшце спыніўся са складзенымі накрыж нагамі ў сандалях і рукамі, нібы для малітвы. Потым раптам лёгка крутнуўся і завіхурыў у кароткім, але шалёным сольным танцы.
Па яго натхнёным твары было відаць, што ў думках ён бачыў сябе на вялізнай сцэне зоркай першай велічыні ў грандыёзным спектаклі. Элісан таксама не хавала свайго захаплення. Маёр глядзеў то на яе, то на яго з недаверам і прыкрасцю. Канец танца быў як п’яная пародыя на пачатак. У фінале Анаклета спыніўся ў недарэчнай позе, трымаючы ў адной руцэ локаць другой і падпёршы кулаком падбародак з грымасай збянтэжанасці на твары.
Элісан засмяялася.
— Брава! Брава! Анаклета!
Яны пачалі смяяцца разам, і філіпінчык абапёрся аб дзверы, шчаслівы і крыху ўзрушаны. Нарэшце ён аддыхаўся і ўсклікнуў у захапленні:
— Вы заўважылі, як «брава» добра пасуецца да «Анаклета» ?
Элісан перастала смяяцца і задуменна кіўнула галавой:
— Сапраўды, Анаклета. Я заўважала гэта многа разоў.
Філіпінчык пайшоў, але затрымаўся на парозе. Ён абвёў позіркам пакой, правяраючы, ці ёсць яшчэ якая патрэба ў яго паслугах. Потым паглядзеў Элісан у твар, і яго вочы раптам зрабіліся праніклівыя і вельмі сумныя.
— Паклічце мяне, калі я вам спатрэблюся,— коратка прамовіў ён.
Было чуваць, як ён спачатку паволі, а потым з падскокам спускаўся па лесвіцы. На апошніх прыступках ён, відаць, паспрабаваў зрабіць ужо нешта зусім віртуозна, бо раптам пачуўся грукат. Калі маёр выйшаў на лесвіцу, Анаклета ўжо ўставаў, сабраўшыся з сіламі, мужна стараўся трымацца з гонарам.
— Ён не пакалечыўся? — занепакоена спыталася Элісан.
Анаклета падняў на маёра вочы, поўныя слёз.
— Усё ў парадку, пані Элісан,— крыкнуў ён.
Маёр нахіліўся і паволі прашаптаў, варушачы так вуснамі, каб Анаклета мог разабраць словы:
— Шкада — што — ты — не — скруціў — сабе — галавы.
Анаклета ўсміхнуўся, паціснуў плячыма і пайшоў, кульгаючы, у сталовую. Маёр вярнуўся ў спальню і ўбачыў, што жонка зноў чытае. Яна не ўзняла галавы, таму ён пайшоў праз калідор у свой пакой, грукнуўшы за сабою дзвярыма. Яго пакой быў маленькі, даволі непрыбраны, і адзіным упрыгожаннем у ім былі кубкі, якія ён атрымаў, удзельнічаючы ў конных спаборніцтвах. На тумбачцы каля ложка ляжала разгорнутая кніга — вельмі мудрагелістая і вучоная.
Старонка была закладзена запалкай. Маёр адгарнуў яшчэ каля сарака старонак — аптымальную колькасць на вечар — і залажыў запалкай новае месца. Потым ён выцягнуў з-пад стоса кашуль у шуфлядзе камоды надрукаваны на таннай паперы часопіс «Навуковая фантастыка» — адзін з тых, што спецыялізуюцца на розных сенсацыях. Ён уладкаваўся зручней у ложку і пачаў чытаць пра жорсткую міжпланетную супер-вайну.
У гэты час у пакоі па другі бок калідора яго жонка, адклаўшы кнігу, моўчкі сядзела ў ложку з падаткнутай пад спіну падушкай. Твар у яе быў скрыўлены ад болю, а хваравітыя вочы трывожна аглядалі сцены пакоя. Элісан строіла планы. Яна развядзецца з Морысам — гэта ўжо вырашана. Але як усё гэта зрабіць? I, што самае галоўнае, ці змогуць яны з Анаклетам зарабляць сабе на жыццё? Яна заўсёды з пагардай ставілася да жанчын, што, не маючы дзяцей, прымалі аліменты, а наколькі яна зможа захаваць хоць крыху гонару, залежала ад таго, ці хопіць у яе рашучасці адмовіцца ад яго грошай пасля разводу. Але ж куды яны пададуцца — яна і Анаклета? Перад тым як выйсці замуж, яна год выкладала лацінскую мову ў жаночай школе, але цяпер, з яе здароўем, пра гэта не магло быць і гаворкі. Можа, кнігарня? Тут павінна быць нешта такое, чым мог бы займацца Анаклета ў тым выпадку, калі яна захварэе. А можа, яны маглі б лавіць крэветак? Аднойчы яна разгаварылася на беразе мора з рыбакамі, што лавілі крэветак. Быў адзін з тых дзён, калі на ўзбярэжжы ўсё навокал было блакітна-залацістае, і ёй расказалі многа цікавага. Яна і Анаклета выходзілі б у мора і, закінуўшы сеткі, заставаліся б там цэлы дзень, а навокал — толькі халодны салёны вецер, акіян і сонца — Элісан неспакойна пакруціла галавой. Што за фантазія!
Калі восем месяцаў назад яна даведалася прамужаву здраду, гэта быў страшэнны ўдар. Яна, лейтэнант Вайнчак і Анаклета тады паехалі ў горад, яны збіраліся прабыць там два дні і дзве ночы, схадзіць на канцэрт і ў тэатр. Але на другі дзень у яе паднялася тэмпература, і яны вырашылі вярнуцца дадому. Прыехалі надвячоркам, Анаклета высадзіў яе каля ўвахода ў дом з вуліцы, а сам паехаў ставіць машыну ў гараж. Яна прыпынілася на дарожцы, што вяла да дзвярэй, загледзеўшыся на парасткі кветак. Ужо амаль сцямнела, і ў мужавым пакоі гарэла святло. Пярэднія дзверы былі замкнёныя, і, спыніўшыся перад імі, яна ўбачыла на камодзе ў пярэдняй Леанорына паліто. Элісан тады яшчэ вельмі здзівілася, падумаўшы, што навошта замыкаць дзверы, калі ў доме — Пендэртаны. Потым ёй прыйшло ў галаву, што яны, відаць, гатуюць сабе кактэйлі на кухні, а Морыс у гэты час у ванне. I яна накіравалася да чорнага хода. Але не паспела ўвайсці ў дом, як насустрач ёй уніз па лесвіцы збег Анаклета з перапалоханым да смерці тварыкам. Ён прашаптаў ёй, што яны павінны вярнуцца ў горад, які быў за дванаццаць міль, бо нешта там забыліся. А калі яна, даволі здзіўленая, ступіла на лесвіцу, ён схапіў яе за руку і сказаў таямнічым збянтэжаным голасам:
— Вы не павінны цяпер ісці туды, пані Элісан.
Які ж гэта быў удар, калі яна ўсё зразумела! Яны з Анаклетам селі ў машыну і зноў паехалі. Гэта адбылося ў яе доме — вось абраза, з якой яна не магла змірыцца. I трэба ж было такому здарыцца, што менавіта тады, калі яны збавілі хуткасць на кантрольна-прапускным пункце, там на варце быў малады салдат, які не ведаў іх і загадаў спыніцца. Ён зазірнуў у іх маленечкі аўтамабіль, нібы спадзяваўся знайсці схаваны там кулямёт, а потым утаропіўся на Анаклету, які ў сваім шыкоўным цёмна-аранжавым пінжаку ледзь стрымліваўся, каб не расплакацца. Салдат спытаўся ў іх, хто яны такія, гэтак, што, на яго думку, яны адразу павінны былі зразумець дарэмнасць спробы назвацца якім-небудзь выдуманым прозвішчам.
Яна ніколі не забудзе твар таго салдата. Тады яна не магла прымусіць сябе назваць прозвішча мужа. Малады салдат чакаў, не зводзячы з іх вачэй і не гаворачы ні слова. Пасля яна бачыла таго самага салдата ў стайні, куды заязджала па Морыса на машыне. У яго быў дзіўны засяроджаны выгляд, як у не кранутых цывілізацыяй людзей на палотнах Гагена. Яны глядзелі адно на аднаго, відаць, цэлую хвіліну, пакуль, нарэшце, не прыйшоў афіцэр.
Яна і Анаклета ехалі каля трох гадзін па холадзе, не сказаўшы адно аднаму ні слова. I вось пасля таго ў доўгія ночы, калі яна хварэла і ніяк не магла супакоіцца, пачалі нараджацца планы, задумы, што адразу з узыходам сонца ўжо здаваліся недарэчнымі. А потым быў вечар, калі яна прыбегла дадому ад Пендэртанаў і зрабіла тую жахлівую рэч. Яна ўбачыла на сцяне садовыя нажніцы і, не помнячы сябе, спрабавала ўваткнуць іх у грудзі і такім чынам памерці. Але нажніцы былі занадта тупыя. А потым на нейкі час яна, відаць, страціла розум, бо сама не ведала, як усё здарылася. Элісан уздрыгнула ад успамінаў і закрыла твар далонямі. Яна пачула, як муж адчыніў дзверы свайго пакоя і выставіў у калідор чаравікі. Яна адразу патушыла святло.
Маёр скончыў чытаць часопіс і засунуў яго назад у шуфляду. Ён выпіў апошні раз перад сном, лёг, зручна ўладкаваўшыся ў ложку, і пачаў глядзець проста перад сабой у цемру. Яму прыгадалася першая сустрэча з Леанорай. Адбылася яна тады, калі памерла дзіця. Увесь той год цэлых дванаццаць месяцаў Элісан альбо была ў бальніцы, альбо блукала па доме нібы здань. Леанору ён сустрэў на стайні ў першы тыдзень службы ў гэтым гарнізоне, і яна прапанавала ямупаказаць наваколле. Яны з’ехалі са сцежкі для верхавой язды і перайшлі на поўны галоп. Калі прывязалі коней, каб тыя адпачылі, Леанора ўбачыла непадалёк зараснікі ажыны і сказала, што пашукае заадно ягад для крушону на абед. I божа! Калі яны прабіраліся разам праз тыя зараснікі, кідаючы ягады ў капялюш, усё і здарылася першы раз. У дзевяць гадзін раніцы і праз дзве гадзіны пасля таго, як пазнаёміліся! Нават цяпер яму верылася ў гэта з цяжкасцю. Але што гэтая сустрэча нагадала яму тады? А так... Нібыта ён быў на манеўрах у халоднае дажджлівае надвор’е, мерзнучы цэлую ноч у палатцы, у якую працякала вада. А потым падняўся на досвітку і ўбачыў, што дождж аціх і на небе зноў ззяе сонца. Убачыў бравых салдат, якія гатавалі сабе каву на бівачных вогнішчах, з якіх у чыстае белае неба ляцелі іскры. Цудоўнае пачуццё — найлепшае ў свеце!
Маёр вінавата хіхікнуў, накрыўся з галавой прасціною і адразу захроп.
А палове першай ночы капітан Пендэртан, ахоплены трывогай, адзінока сядзеў у сваім кабінеце. Ён працаваў над манаграфіяй, але ў гэтую ноч справа ішла марудна, хоць ён і выпіў шмат віна, чаю і выкурыў дзесятак цыгарэт. Нарэшце ён зусім устаў з-за стала і пачаў нервова хадзіць па пакоі. У жыцці мужчыны бываюць моманты, калі вельмі хочацца мець побач чалавека, якога б кахаў, якім бы апекаваўся, якому б давяраў усе свае думкі і пачуцці. I наадварот — здараюцца моманты, калі злосць, расчараванне, страх перад жыццём шукаюць выйсця ў нянавісці. У бедалагі капітана не было аб’екта нянавісці, і вось ужо некалькі месяцаў ён адчуваў сябе няшчасным.
Элісан Лэнгдан, гэты даўганосы шматпакутны Іоў у спадніцы, і яе мярзотны філіпінец выклікалі ў яго агіду. Але ён не мог ненавідзець Элісан, бо яна не давала падставы. Капітана страшэнна злавала, што ён быў абавязаны Элісан. На ўсім свеце толькі яна ведала адну прыкрую рысу яго характару: у капітана Пендэртана была схільнасць да клептаманіі. Ён увесь час стрымліваў у сабе жаданне прысвоіць рэчы, якія ён бачыў у чужым доме. I ўсё ж двойчы гэта яго слабасць перамагала. У дзяцінстве, калі яму было сем гадоў, яму так дапёк мясцовы хуліган — тыран школьнага двара, які аднойчы і з яго паздзекаваўся, што Пендэртан украў з туалетнага століка сваёй цёткі старадаўнюю шкатулку і падарыў яму, каб даказаць сваю прыхільнасць. I тут у гарнізоне, праз дваццаць сем гадоў, зноў паддаўся спакусе.
Аднаго разу на вяселлі яму так спадабалася арыгінальная прыгожая дэсертная лыжачка, вельмі тонкай, да таго ж старадаўняй работы, што ён не вытрываў. Калі ў выніку спрытнай маніпуляцыі трафей быў ужо ў кішэні, ён раптам зразумеў, што Элісан, якая сядзела побач з ім, усё гэта бачыла. Яна паглядзела яму проста ў твар са здзіўленнем. Нават цяпер ён уздрыгваў кожны раз, калі думаў пра гэта. Спачатку Элісан доўга глядзела яму ў вочы, а потым пачала смяяцца. Ды як! Аж рагатала, нават падавілася, і яе давялося злёгку стукнуць кулаком па спіне. Нарэшце, папрасіўшы прабачэння, яна пайшла ад стала. I ўвесь той вечар кожны раз, калі ён кідаў на яе позірк, яна адказвала яму ўсмешкай. З таго часу яна не спускала з яго вачэй, калі садзіла за стол у сваім доме. Лыжачку ён схаваў у сваёй шафе, загарнуўшы ў шаўковую хустачку, і яна ляжала там у скрынцы ад бандажа.
Але, нягледзячы на ўсё гэта, ён не мог ненавідзець Элісан. Як не мог ён па-сапраўднаму ненавідзець і сваю жонку. Леанора даводзіла яго да вар’яцтва, але нават у самыя шалёныя прыпадкі рэўнасці ён не мог ненавідзець яе больш чым ката, каня ці тыграня. Капітан хадзіў па кабінеце, раздражнёна піхаючы нагой усё, што трапляла на вочы. Калі Элісан нарэшце вырашыла развесціся з Морысам, што з усяго гэтага атрымаецца? У капітана не хапала духу, каб абдумаць такі варыянт, бо яго гняло тое, што ён можа застацца адзін.
Капітану здалося, што ён пачуў нейкі падазроны гук, і таму ён адразу спыніўся. Не, у доме было ціха. Капітан, як ужо гаварылася, быў баязлівец. Здаралася, калі ён заставаўся сам-насам, яго ахопліваў незразумелы жах. I цяпер, калі капітан стаяў у цішы пасярод пакоя, яму здавалася, што нервовасць і пакутлівы стан выкліканы не сіламі, што залежаць ад людзей і таму маглі быць у нейкай меры яму падуладныя, а нейкімі знешнімі абставінамі, якія можна ўсведамляць хіба толькі на адлегласці. Капітан збянтэжана акінуў позіркам пакой. Потым навёў парадак на пісьмовым стале і адчыніў дзверы.
Леанора заснула на дыване перад камінам у зале. Капітан глянуў на яе і ціха засмяяўся. Жонка ляжала на баку, і ён злёгку таўхануў яе нагой. Яна прамармытала нешта пра тое, як гатаваць індычку, але не прачнулася. Капітан нахіліўся, страсянуў яе, сказаў некалькі слоў ёй проста ў твар і нарэшце паставіў на ногі. Але як тое дзіця, якое будзяць, каб завесці ў туалет, дзе яно адбывае апошнюю за ноч павіннасць, Леанора магла спаць нават стоячы. Калі капітан валок яе ўгору па лесвіцы, яна па-ранейшаму мармытала нешта пра індычку.
— Няхай мяне лепш чэрці возьмуць, чым я цябе буду распранаць,— сказаў капітан.
Але Леанора сядзела на ложку нерухома, і, паназіраўшы за ёй некалькі мінут, ён зноў засмяяўся і распрануў яе. Ён не надзеў начной сарочкі, бо ў шуфлядах камоды быў такі беспарадак, што там проста нельга было яе знайсці. Да таго ж Леанора заўсёды любіла спаць, як яна казала, галышом. Калі Леанора ўжо была ў ложку, капітан падышоў да фатаграфіі, што вісела на сцяне і што ўжо шмат гадоў займала яго думкі. Гэта быў здымак дзяўчыны гадоў семнаццаці, пад якім быў замілаваны подпіс: «Леаноры з мільёнам найлепшых пажаданняў ад Бутсі». Гэты «шэдэўр» упрыгожваў сцены Леанорыных спальняў больш як дзесяцігоддзе і аб’ездзіў з ёй паўсвету. Але калі Леанору пачалі распытваць пра гэтую самую Бутсі, з якой яны некалі жылі ў адным пакоі ў школе-інтэрнаце, яна няўпэўнена адказала, што, здаецца, чула, што Бутсі некалькі гадоў назад утапілася. Да таго ж, прыпёртая да сцяны, яна прызналася, што нават не памятае сапраўднага імя гэтай Бутсі. Тым не менш ужо проста па звычцы здымак вешалі на сцяну.
Капітан зірнуў на жонку, што спала ў ложку. Леанора была гарачая па натуры і паепела ўжо сцягнуць з сябе прасціну, агаліўшы грудзі. Яна ўсміхалася, і капітан падумаў, што, відаць, цяпер яна даядае тую індычку, што гатавала ў сне.
Каб заснуць, капітан піў секанал і так прызвычаіўся да яго, што адной таблеткі было ўжо мала. Ён лічыў, што пры такой цяжкай службе ў пяхотнай школе не варта пакутаваць ад бяссонніцы ўначы, каб раніцай мець нясвежы выгляд. Без адпаведнай дозы секаналу капітан спаў вельмі чуйна і ўвесь час бачыў сны. Сёння ён вырашыў выпіць трайную дозу, бо ведаў, што тады ён адразу праваліцца ў сон, нібыта адурманены хмелем, і не прачнецца раней, як праз шэсць-сем гадзін. Капітан праглынуў таблеткі і лёг у цемры з прыемным прадчуваннем. Гэтая доза давала яму не падобнае ні на што салодкае забыццё: на грудзі яму садзілася вялікая чорная птушка, акідвала яго лютым позіркам сваіх залатых вачэй і потым нечакана ахінала лёгкімі мяккімі крыламі.
Радавы Уільямс прастаяў каля дома амаль дзве гадзіны, пакуль там не патухла святло. Зоркі на небе сталі больш цьмяныя, а само неба з чорнага паступова ператварылася ў цёмна-фіялетавае. Толькі па-ранейшаму ярка свяціла сузор’е Арыёна і з цудоўным бляскам зіхацела Вялікая Мядзведзіца. Салдат абышоў дом, спыніўся каля дзвярэй у кухню і асцярожна паспрабаваў адчыніць. Дзверы былі зачыненыя з сярэдзіны, як ён і думаў. Але салдат уставіў у шчыліну лязо нажа і прыўзняў клямку. Выявілася: дзверы з чорнага хода былі незамкнёныя.
Апынуўшыся ў доме, салдат нейкі час стаяў нерухома. Было цёмна і ціха. Нясмела пачаў узірацца ў цемру, пакуль да яе не прывык. Дзе і што размяшчаецца ў доме, ён вывучыў і ведаў. Доўгі калідор і лесвіца падзялялі дом на дзве палавіны. У адной палавіне была вялікая зала, за ёй — пакой служанкі. У другой — сталовая, капітанаў кабінет і кухня. На другім паверсе была вялікая спальня на два ложкі і маленькі пакойчык. Злева былі дзве спальні сярэдняга памеру. Капітан спаў у вялікім пакоі, а яго жонка — у пакоі па другі бок калідора. Салдат асцярожна падняўся па лесвіцы, засланай дывановай дарожкай. Ён стараўся рухацца спакойна. Дзверы пакоя «пані» былі адчыненыя, і, падышоўшы да іх, ён не вагаўся ні хвіліны. Ступаючы мякка, нібы кот, ён зайшоў у пакой.
Пакой быў напоўнены зялёным месячным святлом і ценямі. Капітанава жонка спала ў той самай позе, у якой яе пакінуў муж. Мяккія валасы раскідаліся па падушцы, а грудзі, што паволі і ледзь бачна ўздымаліся ад лёгкага дыхання, былі напалову адкрытыя. На ложку засталося жоўтае шаўковае пакрывала; паветра было насычана саладкавата-дурмановым пахам духоў. Памалу, на пальчыках, салдат падышоў да ложка і схіліўся над жанчынай. Месяц мякка асвятляў іх твары, і яны былі так блізка адзін ад аднаго, што ён чуў яе цёплае роўнае дыханне. У сумных вачах у салдата спачатку з’явілася пільная цікавасць, але праз некалькі хвілін яго суровы твар засвяціўся шчасцем. Малады салдат адчуў вострую і дзіўную, ніколі яшчэ не зведаную ў жыцці асалоду.
Нейкі час ён так і стаяў, нізка нахіліўшыся над жанчынай. Потым, абапёршыся рукой аб падаконнік, ён паволі апусціўся на кукішкі побач з ложкам. Ён утрымліваў раўнавагу, седзячы на шырокіх пальцах ног, выпрастаўшы спіну і палажыўшы моцныя тонкія далоні на калені. Яго вочы свяціліся, нібы круглыя бурштынавыя гузікі, а зблытаныя пасмы валасоў спадалі на лоб.
I раней некалькі разоў на твары ў радавога Уільямса свяцілася раптоўна абуджанае шчасце, але ніхто з гарнізона не бачыў яго ў тыя моманты. А калі б убачылі, то аддалі б пад трыбунал. Справа ў тым, што ў час доўгіх блуканняў па лесе запаведніка ён быў не адзін. Калі ўдавалася адлучыцца са службы ў другой палове дня, ён браў са стайні каня. Ад’язджаў на ім міль на пяць ад гарнізона, у глухі закутак у баку ад дарог, куды цяжка было дабрацца. Там, у лесе, была роўная прагаліна, парослая травой і хмызняком колеру начышчанай бронзы. У гэтым зацішным месцы салдат заўсёды рассядлоўваў і пускаў на волю каня. Потым распранаўся і клаўся на вялікі роўны камень пасярод паляны, бо адзінае, без чаго салдат не мог жыць, было сонца. Нават у самыя халодныя дні ён нерухома ляжаў галышом, падставіўшы цела сонечным промням. Часам, усё яшчэ распрануты, ён узбіраўся на камень і скакаў на голы хрыбет каня. Гэта была звычайная вайсковая каняка, і з кім-небудзь іншым яна была здатная толькі на два алюры: няўклюдную рысь і галоп, у час якога яна нагадвала б цацку конь-качалка. Але калі седаком быў радавы Уільямс, з канём адбываўся цуд. Ён імчаў лёгкім галопам ці пераходзіў на рысь з ганарлівай напружанай элегантнасцю. Цела ў салдата было светлае, з залаціста-карычневым адценнем, і ён цвёрда трымаўся на кані. Без вопраткі ён быў такі шчуплы, што на яго целе былі выразна відаць выгнутыя лініі рэбраў. Калі ён імчаў галопам пад промнямі сонца, на яго вуснах блукала пажадлівая дзікая ўсмешка, якая здзівіла б яго таварышаў па казарме. Пасля такіх выездаў ён вяртаўся ў казарму стомлены і ні з кім не размаўляў.
Уільямс сядзеў на кукішках каля ложка ў пакоі «пані» амаль да світання. За гэты час ён не зварухнуўся, не выдаў сябе ніводным гукам і не адвёў вачэй ад цела капітанавай жонкі. Потым, калі пачало ўжо світаць, ён зноў абапёрся аб падаконнік, каб утрымаць раўнавагу, і асцярожна падняўся. Ён сышоў уніз па лесвіцы і нячутна зачыніў за сабою дзверы. Неба ўжо было бледна-блакітнае, і ў ім дагарала зорка Венера.
Элісан Лэнгдан правяла пакутлівую ноч. Яна не заснула, пакуль не ўзышло сонца і не пратрубілі пад’ём. Увесь гэты доўгі час яе непакоілі сумныя думкі. На світанні ёй здалося, і яна была амаль упэўненая, што сапраўды бачыла, як нехта выйшаў з дома Пендэртанаў і падаўся да лесу. Потым, ледзь Элісан нарэшце заснула, яе абудзіў страшэнны шум. Янахуценька накінула на сябе халат, сышла па лесвіцы і стала сведкай скандальнай і недарэчнай сцэны. У сталовай яе муж з чаравікам у руцэ ганяўся вакол стала за Анаклетам. Маёр бегаў у шкарпэтках, але пры поўным парадзе, з усімі атрыбутамі для суботняга ранішняга агляду, так што начэпленая шабля брынкала, ляпаючы яго па сцягне. Убачыўшы Элісан, абодва адразу спыніліся.
— Ён зрабіў гэта наўмысна! — зароў маёр голасам, поўным абурэння.— Я пазнюся. Мяне чакаюць шэсцьсот чалавек. А тут глянь, не, ты зірні, калі ласка, што ён мне прынёс!
Чаравікі сапраўды ўяўлялі сумнае відовішча. Здавалася, што іх шаравалі з вадой, загадзя абсыпаўшы мукой. Яна насварылася на Анаклету і прасачыла, каб ён пачысціў чаравікі як належыць. Анаклета жаласна румзаў, але яна знайшла ў сабе сілу волі, каб не супакойваць яго. Скончыўшы чысціць, Анаклета прабурчаў нешта пра тое, што ўцячэ з дому і пачне гандляваць бялізнай у Квебеку. Яна занесла начышчаныя чаравікі мужу і аддала іх, не сказаўшы ні слова, але з папрокам у вачах. Адчуўшы боль у сэрцы, яна зноў лягла і ўзяла ў рукі кнігу.
Анаклета прынёс ёй кавы, а потым з’ездзіў у гарнізонны магазін, каб купіць усё неабходнае на выхадны дзень. Праз нейкі час, калі яна скончыла чытаць кнігу і глядзела ў акно на сонечны восеньскі дзень, Анаклета зноў зайшоў у пакой. Ён быў вясёлы і зусім забыўся пра вымову за чаравікі. Ён распаліў моцны агонь у каміне і ціхенька адчыніў верхнюю шуфляду камоды, каб трохі ў ёй пакорпацца. Анаклета дастаў адтуль крышталёвую запальнічку, што па заказе Элісан зрабілі з старадаўняга флакона нюхальнай солі. Анаклету настолькі спадабалася гэтая цацка, што Элісан ужо некалькі гадоў назад падаравала яму запальнічку. Тым не менш ён трымаў свой падарунак разам з яе рэчамі, каб мець магчымасць на законнай падставе адчыніць шуфляду, калі яму толькі захочацца. Анаклета папрасіў яе пазычыць яму акуляры і доўга ўглядаўся ў ільняную дарожку на камодзе. Потым ён ухапіў нешта нябачнае двума пальцамі і панёс да скрынкі смецця. Ён пра штосьці гаварыў сам з сабою, але яна не звяртала ўвагі на яго шчабятанне.
Што стане з Анаклетам, калі яна памрэ? Гэтае пытанне ўвесь час непакоіла Элісан. Морыс, канешне, паабяцаў не пакінуць яго ў нястачы, але чаго варта будзе гэтае абяцанне, калі Морыс зноў ажэніцца, а гэта здарыцца абавязкова. Яна ўспомніла, як сем гадоў назад на Філіпінах Анаклета першы раз з’явіўся ў іх доме. Якое сумнае маленькае стварэнне гэта было! Яго так мучылі іншыя служкі, што ён цэлымі днямі, як сабака, хадзіў следам за ёй. Дастаткова было каму-небудзь глянуць на яго, як ён пачынаў залівацца слязьмі і заломліваць рукі. Анаклету было семнаццаць гадоў, але яго хваравіты, разумны, збянтэжаны твар быў наіўны, як у дзесяцігадовага дзіцяці. Калі яна збіралася вяртацца ў Штаты, ён папрасіў, каб яго ўзялі з сабой, і яна згадзілася. Удваіх з Анаклетам яны змаглі б неяк пражыць разам на гэтым свеце, але што будзе рабіць ён адзін, калі яна памрэ?
— Анаклета, ты шчаслівы? — раптам спыталася яна.
Філіпінчык быў не з тых, каго можна было здзівіць нечаканым інтымным пытаннем.
— Ну, а як жа,— адказаў ён, не вагаючыся ні хвіліны.— Калі толькі вы адчуваеце сябе добра.
У пакоі было светла ад сонца і агню ў каміне. На адной сцяне водсветы ўтварылі вясёлку, і яна назірала за яе скокамі, слухаючы адным вухам ціхія разважанні Анаклеты. «Што мне цяжка ўявіць, дык гэта тое, што яны ведаюць»,— мармытаў ён. Вельмі часта ён пачынаў размову з такой вось цьмянай загадкавай заўвагі, і таму Элісан спадзявалася, што праз нейкі час ёй удасца ўлавіць сэнс. «Толькі праслужыўшы ў вас доўгі час, я сапраўды паверыў, што вы ведаеце. Цяпер я веру ўсім, апрача містэра Сяргея Рахманінава».
Элісан павярнула твар у яго бок.
— Пра што ты гаворыш?
— Пані Элісан,— адказаў Анаклета,— вы і праўда верыце, што містэр Сяргей Рахманінаў ведае, што крэсла — гэта тое, на чым сядзяць, і што гадзіннік паказвае час? I што, калі я здыму чаравік, паднясу да яго вачэй і спытаюся: «Што гэта, містэр Сяргей Рахманінаў?» — ён адкажа, як любы іншы чалавек: «Як што, Анаклета? Гэта — чаравік». Мне цяжка гэта ўявіць.
Сольны канцэрт Рахманінава быў апошні, на якім яны былі, і, на думку Анаклеты,— найлепшы. Што да Элісан, то яе не вабілі канцэртныя залы з натоўпамі людзей, яна лічыла за лепшае траціць грошы на грамафонныя дыскі, але час ад часу добра было вырвацца з гэтага гарнізона, і гэтыя паездкі складалі радасць жыцця Анаклеты. Хаця б таму, што начавалі ў гасцініцы, а гэта выклікала ў Анаклеты захапленне.
— Як вы лічыце: можа, калі я ўзаб’ю падушкі, вам будзе зручней ляжаць? — спытаўся Анаклета.
А вячэра пасля таго канцэрта! Анаклета ганарліва прыплыў услед за ёй у рэстаран пры гасцініцы ў сваім аранжавым аксамітавым пінжаку. Калі надышла чарга рабіць заказ, ён паднёс меню да твару і потым заплюшчыў вочы. Ён загаварыў па-французску, тым самым вельмі здзівіўшы афіцыянта-мулата. Яна ледзь не пырснула са смеху, але ўсё ж здолела стрымацца і пераклала, стараючыся быць як мага больш сур’ёзнай, нібыта была дуэньяй ці фрэйлінай. Але як ведаў Анаклета французскую мову слаба, зроблены ім заказ быў даволі дзіўны. Лексікон быў узяты з падручніка, па якім ён вывучаў французскую мову, з урока пад назвай «Агарод», і таму на вячэру былі заказаны толькі капуста, фасоля і морква. Таму, калі з уласнай ініцыятывы Элісан да яго заказу дадала кураня, Анаклета расплюшчыў на момант вочы і кінуў на яе хуткі ўдзячны позірк. Афіцыянты ў белых смокінгах нібы мухі пазляталіся падзівіцца на гэткі цуд, што вельмі ж узрушыла Анаклету, ён нават не дакрануўся да яды.
— А што, калі мы паслухаем музыку? — спыталася яна.— Давай паставім квартэт соль-мінор Брамса.
— Fameux [6],— адказаў Анаклета.
Ён паставіў першы дыск і падрыхтаваўся слухаць, сеўшы на зэдліку каля каміна. Але не паспеў яшчэ скончыцца першы пасаж — прыгожы дуэт фартэпіяна і струнных інструментаў, як нехта пастукаў у дзверы. Анаклета перагаварыў з некім у калідоры, зачыніў дзверы і выключыў патэфон.
— Місіс Пендэртан,— прашаптаў ён, узняўшы бровы.
— Я ведала, што калі пастукаю ў дзверы на першым паверсе, то давядзецца стукаць да канца свету, пакуль вы мяне пачуеце,— сказала Леанора, зайшоўшы ў пакой. Яна плюхнулася на ложак з такой сілай, што, здалося, нават лопнула спружына. Потым, успомніўшы, што Элісан дрэнна сябе адчувае, Леанора таксама пастаралася зрабіць хваравітую міну, бо ў яе ўяўленні менавіта так трэба было паводзіць сябе ў пакоі, дзе знаходзіцца хворы.— Ну, як? Зможаш сёння вечарам?
— Што змагу?
— Божа мой, Элісан! У мяне ж сёння госці! Апошнія тры дні я толькі тое і рабіла, што рыхтавалася да іх. Такія вечары я і наладжваю два разы на год.
— I праўда,— сказала Элісан.— У мяне гэта зусім выскачыла з галавы.
— Слухай! — сказала Леанора, і яе свежы ружовы твар зачырванеў ад прадчування жаданага эфекту.— Каб ты толькі бачыла цяпер маю кухню! Слухай, як усё будзе. У сталовай я рассуну стол на ўсю шырыню, і кожны будзе падыходзіць і накладаць сабе, што захоча. Прыгатавала пару віргінскіх шынак, вялікую індычку, засмажаную курыцу, нарэзаную халодную свініну, шмат смажаных свіных рэбраў, розныя закускі — марынаваную цыбулю, масліны, радыску. Да таго ж гасцям будуць падаваць гарачыя булачкі і сырнікі, у куце будзе стаяць ваза з пуншам, а тым, хто не захоча разбаўляць, я прыгатавала на буфеце восем літровых бутэлек віскі «Кентакі-бурбон», пяць — жытнёвага віскі і пяць — шатландскага. I яшчэ я запрасіла з горада акардэаніста.
— Але хто ж, напрамілы бог, гэта ўсё з’есць? — спыталася Элісан, праглынуўшы сліну, бо ёй зрабілася моташна.
— Уся хеўра,— з энтузіязмам усклікнула Леанора.— Я абзваніла ўсіх, пачынаючы з жонкі Старога Мілёнка.
«Старым Мілёнкам» Леанора называла генерала — камандуючага гарнізона, нават і калі звярталася да яго. З генералам, як і з іншымі мужчынамі, яна паводзіла сябе раскавана і пяшчотна, і таму не дзіўна, што генерал, як і большасць афіцэраў гарнізона, паслухмяна падпарадкоўваўся ёй. Жонка ў генерала была тлустая, марудлівая, сентыментальная і зусім не прывабная.
— Вось яшчэ чаму я вырашыла зайсці з раніцы,— сказала Леанора.— Ці не змог бы Анаклета наліваць пунш гасцям?
— Ён будзе рады памагчы табе,— адказала за яго Элісан.
Анаклета, які стаяў на парозе, не выказаў асаблівай радасці. Ён з папрокам глянуў на Элісан і пайшоў на першы паверх гатаваць абед.
— Два браты Сузі памагаюць на кухні, і, божа мой, каб ты толькі бачыла, якая гэта ненажэрная зграя! Я ніколі ў жыцці такога не бачыла.
— Між іншым,— спыталася Элісан,— Сузі замужам?
— Не, бог з табой! Яна і знацца не хоча з мужчынамі. Папалася, калі ёй было чатырнаццаць гадоў, і дагэтуль не можа апамятацца. А што?
— Я спыталася, бо амаль упэўнена, што бачыла, як нехта зайшоў у ваш дом з чорнага хода ўчора позна ўночы і выйшаў на досвітку.
— Табе проста здалося,— пастаралася супакоіць Элісан Леанора. Яна лічыла, што ў Элісан не ўсе дома, і не давала веры нават самым звычайным яе словам.
— Можа, і так.
Леаноры стала сумна, і яна ўжо хацела ісці дадому. Але яна лічыла, што візіт суседзяў павінен працягвацца не менш за гадзіну, і таму цярпліва адбывала гэты час. Леанора ўздыхнула і зноў паспрабавала зрабіць хваравітую міну. На яе думку, самай тактоўнай тэмай размоў ля ложка хворага былі хваробы іншых людзей, і яна гаварыла толькі пра гэта, калі толькі не збівалася на размовы пра яду і спорт. Як усе абмежаваныя людзі, яна мела схільнасць да жахлівых гісторый, якія яна са смакам пераказвала і з захапленнем выдумляла сама. Яе трагедыйны рэпертуар абмяжоўваўся ў асноўным страшнымі здарэннямі, звязанымі са спортам.
— Я табе расказвала пра трынаццацігадовую дзяўчынку, што паехала з намі на паляванне на лісіц, была там выжлятнікам і скруціла сабе шыю.
— Ага, Леанора,— адказала Элісан, стараючыся стрымацца.— Ты расказвала мне пра гэта з усімі жудаснымі падрабязнасцямі разоў пяць.
— Гэта цябе нервуе?
— Вельмі.
— Хм.
Леанору зусім не засмуціў такі рэзкі адказ. Яна спакойна закурыла цыгарэту.
— Не слухай нікога, калі табе будуць гаварыць, што так трэба паляваць на лісіц. Я ведаю, бо сама палявала і тым і другім спосабам. Слухай, Элісан! — яна занадта старанна вымаўляла словы і наўмысна гаварыла бадзёрым тонам, нібы звярталася да дзіцяці.— Ты ведаеш, як трэба паляваць на апосумаў?
Элісан кіўнула і паправіла пакрывала.
— Іх трэба заганяць на дрэва.
— I рабіць гэта пешшу,— удакладніла Леанора.— Вось так трэба паляваць і на лісіц. У майго дзядзькі ёсць драўляная хата ў гарах, і мы з братам ездзілі туды. Бывала, калі надарыцца халодны вечар, збяромся чалавек шэсць і пойдзем з сабакамі пасля захаду сонца. За намі яшчэ бег негрытосік, несучы за спіной збан, поўны мяккай і сакавітай кукурузы. Здаралася, цэлую ноч хадзілі за лісіцай. Эх, гэта словамі не апішаш! I ўсё ж,— Леанору перапаўнялі пачуцці, але ў яе не хапала слоў, каб перадаць іх.— Потым вып’ем па апошняй чарцы ў шэсць гадзін і садзімся снедаць. I тут — божа мой! Усе гаварылі, што гэты мой дзядзька быў чалавек з дзівацтвамі, але што на стол паставіць, ён ведаў. Пасля палявання ішлі да стала, ён быў літаральна завалены ікрой, смажанай шынкай, курамі, пячэннем велічынёй што твая рука.
Калі Леанора нарэшце пайшла, Элісан не ведала, плакаць ёй ці смяяцца. Яна зрабіла тое і другое даволі істэрычна. Анаклета падышоў да яе і старанна паправіў матрац, выраўняўшы ўмяціну, што засталася пасля Леаноры.
— Я збіраюся развесціся з маёрам, Анаклета,— раптам сказала яна, перастаўшы смяяцца.— Я паведамлю яму пра гэта сёння вечарам.
Па выразу твару Анаклеты яна не зразумела, здзівіла яго гэта паведамленне ці не. Ён пастаяў моўчкі, а потым спытаўся:
— Куды ж мы з вамі тады пададзімся, пані Элісан?
У яе ў галаве ўзнікла і прайшла доўгая чарада планаў, што нарадзіліся ў бяссонныя ночы: выкладаць лацінскую мову ў якім-небудзь студэнцкім горадзе, лавіць крэветак, паслаць Анаклету на якую-небудзь чорную работу, а самой сядзець у пансіёне і браць на дом шыццё. Але яна толькі сказала:
— Гэта я яшчэ не вырашыла.
— Цікава,— сказаў Анаклета ў задуменні,— што будуць рабіць Пендэртаны?
— Цябе гэта не павінна цікавіць, бо не наш клопат.
Тварык у Анаклеты пацямнеў, а сам ён, паклаўшы руку на спінку ложка, задумаўся. Элісан адчувала, што ён хоча яшчэ нешта спытаць, і таму глядзела на яго, чакаючы пытання. Нарэшце ён спытаўся з надзеяй у голасе:
— Як вы думаеце, мы маглі б жыць у гасцініцы?
У другой палове дня капітан Пендэртан пайшоў на стайню, каб, як звычайна, паехаць на прагулку. Радавы Уільямс яшчэ быў там, хоць у той дзень павінен быў вызваліцца ў чатыры гадзіны. Капітан загаварыў з пагардай пранізлівым голасам, не гледзячы на маладога салдата.
— Асядлай каня місіс Пендэртан, Жарптаха.
Радавы Уільямс стаяў нерухома, утаропіўшыся ў збялелы напружаны твар капітана.
— Што капітан загадаў?
— Жарптаха,— паўтарыў капітан.— Каня місіс Пендэртан.
Загад быў нечаканы. Раней капітан толькі тры разы ездзіў на Жарптаху, і кожны раз з ім была жонка. У капітана не было свайго каня, і ён браў тых, што былі прыпісаны да стайні. Чакаючы, пакуль выведуць каня, капітан стаяў на адкрытай пляцоўцы, нервова тузаючы за пальцы пальчатку. Калі ж нарэшце Жар-птаха вывелі, ён выказаў сваю нездаволенасць: радавы Уільямс надзеў на каня пляскатае англійскае сядло місіс Пендэртан, а капітану больш падабалася вайсковае сядло тыпу маклелан. Сядло памянялі, капітан зазірнуў каню ў круглыя барвовыя вочы і ўбачыў у іх дрыготкае адлюстраванне свайго збянтэжанага твару. Калі ён садзіўся вярхом, радавы Уільямс трымаў каня за вуздэчку. Капітан сеў увесь напружаны, моцна сціскаючы зубы, і ўпёрся каленямі ў сядло. Салдат стаяў безуважна, па-ранейшаму трымаючыся за вуздэчку.
Праз нейкі час капітан сказаў:
— Ну, што там, радавы, бачыш, я ўжо сеў. Адпускай!
Радавы Уільямс адступіў на некалькі крокаў. Капітан нацягнуў повад і напружыў ногі. Ніякай рэакцыі. Конь не рвануўся наперад і не закусіў цуглі, як гэта здаралася кожную раніцу, калі на ім была місіс Пендэртан, а спакойна стаяў, чакаючы каманды. Зразумеўшы гэта, капітан ажывіўся ад раптоўнай зласлівай радасці. «Ага,— падумаў ён.— Яна надламала яго дух, як я і прадбачыў». Капітан прышпорыў каня і ўдарыў яго кароткім плеценым бізуном. Яны рушылі галопам па дарожцы для верхавой язды.
Дзень быў пагодны. Лёгка дыхалася паветрам,насычаным гаркавата-салодкім пахам сасны і прэлага лісця. На неабсяжным блакітным небе не было ні воблачка. Конь, якога ў той дзень яшчэ не выводзілі са стайні, здавалася, крыху ашалеў ад асалоды вольнага бегу. Жарптах, як і большасць коней, рабіўся наравісты, вырваўшыся на волю адразу ж пасля выпасу. Капітан ведаў гэта, і таму наступны яго ўчынак быў вельмі нечаканы. Праскакаўшы мерным галопам, відаць, тры чвэрці мілі, капітан раптам рэзка рвануў апушчаны повад. Рывок быў такі нечаканы, што Жарптах страціў раўнавагу, нязграбна ступіў убок і стаў дыбкі. Потым ён спакойна спыніўся здзіўлены, але паслухмяны. Гэта вельмі ўзрадавала капітана.
Гэты манеўр быў паўтораны двойчы. Капітан адпускаў повад, пакуль Жарптах не адчуе радасці волі, а потым раптоўна асаджваў яго назад. Капітан і раней рабіў так. Шмат разоў за жыццё ён вызначаў дзіўныя і таемныя спосабы пакарання, сэнс якіх было б цяжка растлумачыць іншым людзям.
Трэці раз конь спыніўся, як звычайна, але ў гэты момант здарылася нешта такое, што прымусіла капітана занепакоіцца, і яго задаволенасць адразу знікла. Калі яны ўжо стаялі нерухома, адны на дарожцы, конь паволі павярнуў галаву і глянуў капітану ў твар. Потым памалу апусціў галаву да зямлі, прыціснуўшы вушы.
Капітан раптам зразумеў, што конь яго зараз скіне і не толькі скіне, але і заб’е. Капітан заўсёды баяўся коней: ездзіў на іх, бо так было заведзена і таму што гэта быў адзін з спосабаў самакатавання. Ён загадаў замяніць зручнае жончына сядло на мулкае сядло маклелан толькі таму, што там была выгнутая лука і за яе можна было ўхапіцца ў крытычнай сітуацыі. Цяпер ён сядзеў цвёрда, стараючыся трымацца адначасова за сядло і за повад. Але раптоўны страх быў такі моцны, што ён загадзя аддаўся на волю лёсу, выцягнуў ногі з страмёнаў, прыкрыў рукамі твар і агледзеўся вакол, шукаючы месца, куды падаць. Аднак гэта была толькі мінутная слабасць. Калі капітан зразумеў, што конь яго ўсё ж не скіне, яго ахапіла радаснае пачуццё перамогі.
Дарога для верхавой язды праходзіла праз лес і паступова ўзбіралася ўгару. Галопам капітан пад’ехаў да скалы, адкуль на некалькі міль наўкол адкрываўся від на запаведнік. Удалечыні цёмнай рыскай на фоне яркага восеньскага неба зелянеў сасновы лес. Зачараваны цудоўным краявідам, капітан хацеў крыху там пастаяць і пацягнуў за повад. Але тут адбылося зусім непрадбачанае здарэнне, за якое капітан ледзь не заплаціў жыццём. На поўным скаку ён выехаў на грэбень скалы. I ў гэты момант конь раптоўна, з д’ябальскай хуткасцю, ірвануў улева, потым уніз пад адхон.
Гэта было так знянацку, што капітан выпаў з сядла. Ён ссунуўся на шыю каню, і ногі, выскачыўшы са страмёнаў, матляліся па баках. I ўсё ж не зваліўся. Учапіўшыся адной рукой за грыву, а другой ледзь утрымліваючы повад, ён змог вярнуцца назад у сядло. Але на большае ў яго не хапіла сілы, бо конь імчаў з такой шалёнай хуткасцю, што кожны раз, калі капітан расплюшчваў вочы, у яго пачынала кружыцца ў галаве. Усесціся надзейна ў сядле, каб цвёрда ўзяць у рукі повад, капітан не здолеў, як не здолеў і спыніць каня. I таму кожны яго мускул, кожны нерв былі падначалены аднаму — утрымацца. З хуткасцю славутага продка Жарптаха — чэмпіёна скачак, яны імчалі па шырокім, парослым травой полі, паміж скалой і лесам. Пад промнямі сонца блішчала медна-чырвоная трава. Потым капітан заўважыў, што зверху яго ахінуў зялёны змрок, і здагадаўся, што па нейкай вузкай сцежцы ўехалі ў лес. Конь, здавалася, не збаўляў хуткасці. Капітан у стане, блізкім данепрытомнасці, амаль ляжаў на кані. Нейкай калючкай яму разадрала левую шчаку, але ён не адчуваў болю, хоць бачыў, як на руку капала гарачая пунцовая кроў. Прыгнуўся яшчэ ніжэй, так што правая шчака пачала церціся аб цвёрдае шчацінне на шыі Жарптаха. Чапляючыся ў адчаі за грыву, повад і луку сядла, ён больш не адважваўся прыўзняць галаву, баючыся, каб яе не адарвала якім-небудзь суком.
Толькі тры словы круціліся ў галаве ў капітана. Яны нячутна выляталі з яго дрыготкіх вуснаў, бо ў яго нават не хапала дыхання прашаптаць: «Вось і канец».
I, развітаўшыся з жыццём, капітан раптам павесялеў. Яго ахапіла неабдымная шалёная радасць. Гэта пачуццё, такое ж нечаканае, як і рывок, калі конь схіліўся да зямлі, капітану было раней невядомае. Яго мутныя, напалавіну заплюшчаныя, нібы ў трызненні, вочы раптам убачылі тое, чаго ніколі раней не заўважалі. Свет здаваўся калейдаскопам, і кожная з яго праяў, што траплялі ў поле зроку, пакідала ў памяці глыбокі і выразны след. Вось унізе ён заўважыў ледзь бачную сярод апалага лісця асляпляльна белую кветачку з тонкім узорам пялёсткаў. Калючая сасновая шышка, птушка ў блакітным ветраным небе, вогненны слуп сонечнага святла ў зялёным змроку — усё гэта капітан бачыў нібы ўпершыню ў жыцці. Ён адчуваў, што паветра чыстае і рэзкае, усведамляў цуд, якім было яго напружанае цела, тахканне сэрца, і тое дзіва, што ўяўлялі сабой яго кроў, мускулы, нервы, косці. Капітан не адчуваў больш страху; ён узняўся да той рэдкай ступені свядомасці, калі містык адчувае, што зямля — гэта ён і што ён — гэта зямля. Учапіўшыся, нібы краб, за каня, капітан нёсся наперад з грымасай экстазу на акрываўленых вуснах.
Капітан не ведаў, колькі часу працягвалася тая шалёная язда. Пад канец ён убачыў, што яны выскачылі з лесу і імчалі па адкрытай прасторы. Яму здалося, што краем вока ён заўважыў на камені чалавека, які грэўся на сонцы, і каня, што пасвіўся побач. Гэта карціна яго не здзівіла і праз момант вылецела з галавы. Цяпер усе яго думкі былі накіраваны толькі на тое, што, зноў апынуўшыся ў лесе, конь пачаў губляць сілы. Ахоплены агоніяй страху, капітан падумаў: «Калі ён спыніць свой бег, мне будзе канец».
Конь бег усё павальней, выбіўшыся з сілы, перайшоў на рысь і нарэшце зусім спыніўся. Капітан выпрастаўся ў сядле і агледзеўся. Ён ударыў каня повадам па мордзе, і той пракульгаў яшчэ некалькі метраў наперад. Капітан не здолеў прымусіць каня, зрабіць хоць бы адзін яшчэ крок. Дрыжучы, капітан злез на зямлю. Паволі прывязаў каня да дрэва. Потым выламаў дубец і, сабраўшы апошнія сілы, пачаў звар’яцела сцябаць жывёліну. Конь цяжка дыхаў, поўсць на скуры пацямнела і закруцілася ад поту, і спачатку ён кідаўся каля дрэва. Капітан усё сцябаў яго. Нарэшце конь заціх і загнана ўздыхнуў. Там, дзе ён стаяў, апусціўшы галаву, на калючай ігліцы чарнела пляма поту. Капітан адкінуў дубец. Сам ён быў увесь вымазаны ў кроў, а на твары і шыі, падзёртых цвёрдай конскай шчацінай, з’явіліся барвовыя плямы. Злосць яшчэ не адхлынула, але ён знясілеў і ледзь трымаўся на нагах. Капітан апусціўся на зямлю і лёг у дзіўнай позе, заціснуўшы галаву між рукамі. Лежачы тут, у лесе, капітан быў падобны да паламанай лялькі, што выкінулі на сметнік. Ён уголас заплакаў.
На кароткі час капітан страціў прытомнасць. Потым, калі ачуўся, перад ягонымі вачамі прайшло мінулае. Ён азірнуўся на пражытыя гады, быццам углядаючыся ў дрыготкае адлюстраванне на дне студні. Успомніў сваё дзяцінства. Яго выхоўвалі пяць цётак — старых дзевак. Цёткі не былі якія-небудзь кіслыя паненкі, ну, можа, апрача тых момантаў, калі заставаліся адны; часта смяяліся, увесь час наладжвалі пікнікі, мітуслівыя экскурсіі і нядзельныя абеды, на якія запрашалі іншых старых дзевак. Але між тым хлопчык быў ім падпорай, пры дапамозе якой яны неслі далей свае крыжы. Капітан ніколі не ведаў, што такое сапраўдная ласка. Цёткі вылівалі на яго патокі сантыментаў, і ён, не ведаючы іншых спосабаў, плаціў ім тым самым. Акрамя таго, капітан быў з Поўдня, і цёткі ніколі не дазвалялі яму пра гэта забывацца. Па матчынай лініі яго продкі былі гугеноты, што выехалі з Францыі ў семнаццатым стагоддзі, жылі на Гаіці да вялікага бунту, а потым былі плантатарамі ў Джорджыі перад грамадзянскай вайной. У гісторыі яго роду былі і бляск раскошы нуварышаў, і галеча разарэння, і сямейная фанабэрыя. Яго ж пакаленне мала чым магло пахваліцца. Адзіны стрыечны брат служыў паліцэйскім у Нешвіле. Капітан, будучы снобам, не меў пачуцця ўласнай годнасці і надаваў вялікае значэнне мінуламу, што даўно і беззваротна адышло. Капітан біў нагамі па кучы сасновых іголак і пранізліва выў; яго галашэнне разносілася па лесе ледзь чутным рэхам. Раптам ён заціх. Незразумелае пачуццё, што не давала яму спакою, акрэслілася. Ён быў упэўнены, што побач з ім нехта ёсць. З вялікай цяжкасцю перавярнуўся на спіну.
Спачатку ён не паверыў сваім вачам. За два метры ад яго стаяў, абапёршыся аб дуб, малады салдат, твар якога так зненавідзеў капітан, і глядзеў у яго бок. Салдат быў зусім голы. Тонкае цела залацілі промні нізкага вечаровага сонца. Салдат глядзеў на капітана адсутным абыякавым позіркам, нібыта перад ім была нябачаная раней казяўка. Капітан ад нечаканасці не мог паварушыцца. Ён хацеў нешта сказаць, але з горла вырваўся толькі хрып. Пакуль ён глядзеў на салдата, той перавёў задуменны позірк на каня. Жарптах усё яшчэ быў мокры ад поту, а на спіне чырванелі рубцы. Здавалася, за паўдня конь ператварыўся з пародзістага жарабца ў клячу, здатную толькі ў плуг.
Капітан ляжаў паміж салдатам і канём. Салдат нават не патурбаваўся абмінуць распасцёртае перад ім цела. Ён адышоў ад дрэва і лёгка пераступіў цераз афіцэра. Перад вачыма ў капітана прамільгнула босая нага маладога салдата; яна была тонкая і далікатная, з высокім пад’ёмам у блакітных прожылках. Салдат адвязаў каня і пагладзіў яго па мордзе. Потым, нават не зірнуўшы на капітана, павёў каня ў лясны гушчар. Усё здарылася так хутка, што капітан не паспеў нават вымавіць слова. Спачатку ён быў проста здзіўлены. Некаторы час яго думкі засяродзіліся на точанай фігуры юнака. Ён выкрыкнуў нешта неразборлівае, але не дачакаўся адказу. Капітана ахапіла злосць. Прыступ нянавісці да салдата быў такі ж люты, як і пачуццё радасці, якое ён адчуў, вырваўшыся з-пад улады парывістага Жарптаха. Усе мукі прыніжэння, зайздрасці і страху, што ён зведаў за сваё жыццё, выліліся ў гэты вялікі гнеў. Капітан з цяжкасцю падняўся на ногі і, не разбіраючы дарогі, рушыў праз ахутаны змрокам лес.
Ён не ведаў, дзе ён і як далёка ад гарнізона. У галаве раіліся дзесяткі каварных спосабаў прымусіць салдата пакутаваць. У душы капітан разумеў, што гэтая нянавісць, палымяная, як каханне, застанецца з ім да апошніх дзён жыцця.
Праблукаўшы доўгі час, ён, амаль ужо ноччу, выйшаў на знаёмую сцежку.
Вечарынка ў доме Пендэртанаў пачалася ў сем, і праз паўгадзіны парадныя пакоі былі поўныя гасцей. Леанора, урачыстая ў сваёй вячэрняй сукенцы з крэмавага аксаміту, сустракала гасцей адна. У адказ на пытанні пра мужа яна жартавала, што яго чорт носіць, а дзе, яна не ведае, ды і, можа, ён наогул уцёк з дому. Госці смяяліся і пераказвалі адзін аднаму гэты жарт, уяўляючы, як капітан панура пляцецца з кійком на плячы, несучы клуначак кніг, загорнутых у чырвоную хусцінку. Ведалі, што ён збіраўся з’ездзіць у горад пасля прагулкі вярхом, а па дарозе магла паламацца машына.
Доўгі стол, раскладзены ў сталовай, быў, мала сказаць шчодра, застаўлены ядой, а стравы ўсё падносілі. Паветра было так насычана пахамі шынкі, смажаных рэбраў, што яго, здавалася, можна было чэрпаць лыжкай. З залы чуліся гукі акардэона, да якіх далучаліся галасы гасцей, што час ад часу несуладна зацягвалі хорам якую-небудзь песню. Буфет быў, відаць, самае ажыўленае месца. Анаклета, паказваючы ўсім сваім выглядам, што ён робіць гэта пад прымусам, скнарнічаў, наліваў пуншу толькі палову шклянкі і рабіў гэта не вельмі спяшаючыся. Калі ён заўважыў лейтэнанта Вайнчака, што адзінока стаяў ля дзвярэй, ён мінут пятнаццаць вылоўліваў кожную вішню і кожны кавалачак ананаса, і потым, прымусіўшы больш за дзесятак афіцэраў марыцца ў чарзе, паднёс шклянку адборнага пуншу старому лейтэнанту. Госці так ажыўлена гаманілі, што цяжка было прасачыць хоць адну з тых тэм, якія абмяркоўвалі. Вяліся дыскусіі пра новыя сродкі асігнавання ўрадам на войска, пра нядаўняе самагубства. Праз гул галасоў чулася, як то тут, то там расказвалі,— папярэдне агледзеўшыся навокал, ці няма побач маёра Лэнгдана,— жарт пра тое, як філіпінчык клапатліва падліў духоў у «пі-пі» Элісан Лэнгдан перад тым, як аддаць у шпіталь на аналіз. Увесь гэты тлум пачаў набываць катастрафічныя памеры. Так, з падноса ўжо скінулі торт і, не заўважыўшы гэтага, расцёрлі нагамі па лесвіцы.
Леанора была ў выдатным настроі. Кожнаму з гасцей у яе знаходзіўся які-небудзь банальны жарт. Яна, напрыклад, паляпала па лысіне палкоўніка-інтэнданта — сваю даўнюю сімпатыю. Раз яна выйшла з залы, каб занесці выпіць маладому акардэаністу, запрошанаму з горада.
— Божа мой! Які таленавіты хлопчык! — усклікнула яна.— Што яму ні напяеш, ён усё адразу сыграе! «О, мілае чырвонае крыло!» — усё, што хочаш!
— Сапраўды, цудоўна,— згадзіўся маёр Лэнгдан і абвёў позіркам натоўп, што сабраўся вакол.— Мая жонка захапляецца класікай — Бахам, разумееце, і гэтак далей. Мне — гэта тое самае, што праглынуць чарвяка. А вось вальс з «Вясёлай удавы» — гэта маё. Такая меладычная музыка!
Плаўны вальс і прыход генерала крыху сцішылі шум.
Леанора так цешылася арганізаванай ёю вечарынкай, што толькі ў дзевятай гадзіне пачала непакоіцца пра мужа. Ужо большасць гасцей адчувалі некаторую разгубленасць, што доўга няма гаспадара дома. Пайшлі размовы, што нешта, відаць, здарылася ці, можа, наадварот, набліжаецца нечаканы скандал. Таму нават тыя, хто прыйшоў раней за ўсіх, збіраліся затрымацца пазней, чым прадугледжваў этыкет вечара, дзе меркаваўся кругазварот гасцей. У доме было столькі людзей, што даводзілася звяртацца да мудрагелістай стратэгіі, каб праціснуцца з аднаго пакоя ў другі.
Тым часам капітан Пендэртан стаяў у самым пачатку дарожкі для верхавой язды побач з сяржантам, пад камандай якога была стайня, трымаючы ў руках ліхтар-«маланку». Ён даплёўся да гарнізона, калі было ўжо зусім цёмна, і паведаміў, што конь яго скінуў, а сам уцёк. Цяпер яны спадзяваліся, што Жарптах сам знойдзе дарогу назад. Капітан ужо абмыўабдзёрты твар і з’ездзіў у шпіталь, дзе яму зашылі шчаку, налажыўшы тры швы. Але ён не мог ісці дадому. Не толькі таму, што ў яго не хапала смеласці сустрэцца з Леанорай, пакуль конь не вернецца ў стайню,— сапраўднай прычынай было тое, што капітан чакаў чалавека, якога ён ненавідзеў.
Ноч была спакойная і ясная. Месяц свяціў на тры квадры.
У дзевяць гадзін яны пачулі ўдалечыні тупат конскіх капытоў. Ён набліжаўся, але вельмі марудна. Хутка паказаліся стомленыя змрочныя постаці радавога Уільямса і двух коней. Салдат вёў іх абодвух за вуздэчку. Крыху жмурачыся, ён падышоў да ліхтара і кінуў на капітана такі доўгі і дзіўны позірк, што сяржант ад нечаканасці зусім разгубіўся. Ён не ведаў, што рабіць у гэтай сітуацыі, і вырашыў пакінуць гэта на меркаванне капітана. Капітан маўчаў, але яго вейкі нервова паторгваліся, а моцна сціснутыя вусны дрыжалі.
Капітан пайшоў следам за радавым Уільямсам у стайню.
Салдат налажыў коням корму і абцёр з іх пот. Ён рабіў гэта моўчкі, а капітан стаяў каля стойла і назіраў. Ён глядзеў на спрытныя ўмелыя рукі салдата, далікатна акругленую шыю. Капітан быў ахоплены пачуццём, якое адначасова было і агіднае і прыемнае — нібыта ён і малады салдат, абняўшы адзін аднаго за голае цела, змагаліся ў смяротным паядынку. Стомленыя мускулы на спіне ў капітана так аслабелі, што ён ледзь трымаўся на нагах. Вочы пад дрыготкімі вейкамі палымнелі сінім пякучым агнём. Салдат спакойна скончыў работу і пайшоў са стайні. Капітан пайшоў за ім і глядзеў услед, пакуль той не знік у цемры. Яны так і не вымавілі ніводнага слова.
I толькі сеўшы ў машыну, капітан успомніў, што ў яго сёння госці.
Анаклета прыйшоў дадому позна вечарам. Ён спыніўся на парозе пакоя Элісан з пазелянелым і змучаным тварам, бо заўсёды стамляўся ад натоўпу.
— Ах! — уздыхнуў ён па-філасофску,— свет задыхаецца ад такой колькасці людзей.
Элісан здагадалася па мімалётным бляску яго вачэй, што нешта здарылася. Ён пайшоў у яе ванну і, закасаўшы рукавы сваёй жоўтай палатнянай блузы, памыў рукі.
— Лейтэнант Вайнчак прыходзіў праведаць вас?
— Так, ён праведаў мяне.
Лейтэнант быў у прыгнечаным стане. Яна паслала яго ўніз па бутэльку херасу. Калі яны выпілі віна, лейтэнант сеў каля ложка, палажыўшы на калені шахматную дошку, і яны згулялі партыю ў «рускі банк». Яна зразумела, але ўжо вельмі позна, што з яе боку было вельмі нетактоўна прапаноўваць яму гуляць у карты, бо лейтэнант ледзь адрозніваў карты, але стараўся схаваць ад яе гэтую слабасць.
— Ён толькі што даведаўся, што медыцынская камісія яго не прапусціла,— сказала яна.— Хутка прыйдуць паперы на яго адстаўку.
— Ну і ну! Вельмі шкада! — Памаўчаўшы, Анаклета дадаў: — А ўсё ж на яго месцы я б гэтаму радаваўся.
Пасля абеду доктар выпісаў ёй новы рэцэпт, і ў люстэрку, што вісела ў ваннай, яна бачыла, як Анаклета ўважліва агледзеў бутэлечку і паспрабаваў лякарства на язык перад тым, як адмераць ёй патрэбную порцыю. Мяркуючы па выразу твару, Анаклету не вельмі спадабаўся смак мікстуры. Але калі ён вярнуўся ў пакой, на твары яго ззяла ўсмешка.
— Вы ніколі яшчэ не былі на такім прыёме,— сказаў ён.— Што за збоішча!
— Збо-ры-шча, Анаклета.
— Правільней, бедлам. Капітан Пендэртан на дзве гадзіны спазніўся на арганізаваны ім самім вечар. А калі ён увайшоў, мне здалося, што яго пагрыз леў. Конь скінуў яго ў зарасніку ажыны, а сам уцёк. Вы ніколі не бачылі такога твару.
— Пераломы ёсць?
— Гледзячы на яго, я падумаў, што ён зламаў сабе хрыбет,— адказаў Анаклета з непрыхаванай радасцю.— Але трымаўся ён даволі добра — пайшоў наверх, пераапрануўся ў святочнае адзенне і стараўся паказаць, што ані не засмучаны. Цяпер ужо ўсе пайшлі, акрамя маёра і палкоўніка з рудымі валасамі, жонка якога падобная на просткую жанчыну.
— Анаклета,— мякка папярэдзіла Элісан. Анаклета некалькі разоў вымавіў гэтыя словы, пакуль да яе не дайшоў іх сэнс. Спачатку яна думала, што гэта — які-небудзь выраз з яго роднай мовы, і толькі потым яна нарэшце зразумела, што ён меў на ўвазе слова «прастытутка».
Анаклета паціснуў плячыма і раптам павярнуў да яе заліты чырванню твар.
— Ненавіджу людзей! — горача ўсклікнуў ён.— На вечарынцы нехта расказаў жарт, не ведаючы, што я побач. I гэта было так груба, так абразліва — усё няпраўда.
— Пра што ты гаворыш?
— Я не хачу вам таго пераказваць.
— Ну, тады забудзь, што ты чуў,— сказала яна.— Кладзіся спаць і спакойна выспіся.
Элісан занепакоіў выбух гневу Анаклеты. Ёй здавалася, што яна таксама адчувала агіду да людзей. Ніхто з тых, каго яна ведала апошнія пяць гадоў, не падабаўся ёй,— ніхто — гэта значыць усе, акрамя Вайнчака і, зразумела, Анаклеты і маленькай Кэтрын. Морыс Лэнгдан у сваім грубіянстве быў абмежаваны і бессардэчны, як гэта толькі ўласціва мужчыну. Леанора была не больш чым жывёла. А клептаманПендэртан у глыбіні душы быў безнадзейна разбэшчаны тып. Ну і кампанія! Яна нават сябе ненавідзела. Калі б не гэтая ганебная нерашучасць, калі б у яе была хоць кропля гонару, яе і Анаклеты не было б сёння ў гэтым доме.
Яна павярнула твар да акна і пачала глядзець у цемру ночы. Узняўся вецер, і на першым паверсе ляпала аб сцяну нейкая незачыненая аканіца. Яна патушыла святло, каб лепей бачыць, што робіцца за акном. На небе надзвычай выразна і ясна мігцела сузор’е Арыён. У лесе вецер гайдаў, нібы горныя хвалі, верхавіны дрэў. I вось якраз у той момант яна перавяла позірк ніжэй, да дома Пендэртанаў, і ўбачыла чалавека, што стаяў на самым ускрайку лесу. Самога чалавека не было відаць, але яго цень вельмі выразна вылучаўся на траве газона. Яна не магла разгледзець яго постаці, але была ўпэўнена, што чалавек стараецца, каб яго ніхто не заўважыў. Яна назірала за ім дзесяць, дваццаць мінут, паўгадзіны. Ён так і не зварухнуўся. Ад гэтага яе ахапіў такі неверагодны жах, што яна падумала: і праўда траціць розум. Элісан заплюшчыла вочы і, дадаючы сямёркі, далічыла да 280. Калі яна потым глянула ў акно, ценю ўжо не было.
Яе муж пастукаў у дзверы. Не пачуўшы адказу, асцярожна крутнуў ручку дзвярэй і зазірнуў у пакой.
— Спіш, дарагая? — спытаўся ён так гучна, што разбудзіў бы нават мёртвага.
— Ага,— адказала з горыччу Элісан.— Як забітая.
Збянтэжыўшыся, маёр не ведаў што рабіць — зноў зачыніць дзверы ці зайсці ў пакой. Элісан на адлегласці адчула, што ён часта наведваўся ў Леанорын буфет.
— Заўтра я збіраюся табе нешта паведаміць,— сказала яна.— Ты, відаць, здагадваешся, пра што пойдзе гаворка. Так што падрыхтуйся.
— Не маю ніякага ўяўлення,— бездапаможна ўздыхнуў маёр.— Можа, я што не так зрабіў? — Ён задумаўся на некалькі хвілін, нібыта стараючыся нешта ўспомніць.— Калі гэта пра грошы на якую-небудзь пакупку, то ў мяне іх няма. Прайграў заклад на футболе і павінен заплаціць за ўтрыманне каня.
Дзверы асцярожна зачыніліся.
Ужо было за поўнач, і яна зноў засталася адна. Гэты час — ад дванаццаці гадзін да світання — заўсёды жахлівы. Калі б яна і сказала Морысу, што не спала ўсю ноч, ён бы ўсё роўна не паверыў. Як і не верыў таму, што яна хворая. Чатыры гады назад, калі яна занядужала, Морыса ўстрывожыў стан яе здароўя. Але, калі пасля першай хваробы пайшлі яшчэ: эмпіема, ныркі, а пасля і сэрца, ён пачаў траціць цярпенне, і скончылася тым, што ён наогул перастаў верыць ёй. Морыс лічыў, што ўсё гэта іпахандрычная сімуляцыя, якой яна карысталася, каб не выконваць сваіх абавязкаў, гэта значыць, ігнараваць традыцыйныя вечарынкі і спартыўныя мерапрыемствы, у якіх яму хацелася ўдзельнічаць. I пэўна, разумней адмовіцца ад прапановы гаспадыні дома на якой-небудзь адной, але грунтоўнай падставе, чым тлумачыць сваю адмову некалькімі прычынамі, якія б уважлівыя яны ні былі. Яна чула, як на другім баку калідора муж ходзіць па сваім пакоі, пра нешта гаворачы сам з сабой у павучальным тоне. Элісан запаліла лямпу пры ложку і пачала чытаць.
У дзве гадзіны ночы ёй раптам, без ніякіх папярэдніх сімптомаў, здалося, што гэтай ноччу яна памрэ. Яна сядзела ў ложку, падлажыўшы пад спіну падушку,— маладая жанчына з тварам, што паспеў ужо завастрыцца і састарэць,— ліхаманкава пераводзячы погляд з аднаго канца пакоя ў другі. Яна пакруціла галавой, падняўшы ўгору падбародак, а потым паварочала яго ў бакі, быццам душылася нечым. Ціхі пакой, здавалася ёй, поўніўся гукамі, што дзейнічалі на нервы. У унітазе, у ванным пакоі, капала вада.Гадзіннік на каміне, той самы стары гадзіннік з маятнікам і пазалочана-белымі лебедзямі на шкле футарала хрыпла цікаў. Трэцяе, што найбольш непакоіла, было біццё сэрца. Яна адчувала вялікі неспакой. Здавалася, што сэрца было вымушана пераадольваць адну перашкоду за другой — то яно шалёна калацілася, як пры бегу, то раптоўна ўздрыгвала, як бы збіралася выскачыць, а потым так нечакана пераставала біцца, што ахопліваў жах. Паволі, асцярожна яна адчыніла шуфляду тумбачкі і дастала адтуль вязанне. «Трэба думаць пра што-небудзь прыемнае»,— разважыла яна.
Яна ўспомніла самы шчаслівы час у сваім жыцці. Ей тады быў дваццаць адзін год, і яна ўжо дзевяць месяцаў намагалася ўбіць у галовы вучаніц школы-інтэрната хоць што-небудзь з Цыцэрона і Вергілія. I вось, калі надышлі канікулы, яна была ў Нью-Йорку, з двумастамі доларамі ў рыдыкюльчыку. Яна села ў аўтобус і паехала на Поўнач, не маючы аніякага ўяўлення, куды едзе. Недзе ў штаце Вермонт ля пасёлка, які спадабаўся ёй сваім выглядам, яна злезла і праз некалькі дзён знайшла і наняла хацінку ў лесе. Яна прывезла з сабой ката Пятроніуса, але пад канец лета мусіла змяніць канчатак на жаночы, бо раптам у «ката» з’явіўся цэлы вывадак кацянят. Да іх прыбілася некалькі беспрытульных сабак, і раз на тыдзень яна хадзіла ў пасёлак, каб накупляць прадуктаў катам, сабакам і сабе. Раніцай і ўвечары яна гатавала сваю любімую ежу: тушаную ялавічыну ў вострай падліве з чырвонага перцу, якую запівала чаем са здобным сухаром. Нарыхтаваўшы днём дроў, вечарам яна сядзела на кухні, выцягнуўшы ногі да печкі, і чытала ці спявала ўголас сама сабе.
Бледныя, палушчаныя вусны Элісан шапталі нейкія словы, а вочы ўтаропіліся ў спінку ложка. Потым Элісан раптоўна выпусціла з рук вязанне і затаіла дыханне. Сэрца зусім перастала біцца. У пакоі было ціха, як у магіле, і яна пачала ўслухоўвацца, разявіўшы рот і павярнуўшы набок галаву. Яе апанаваў страх, але калі яна хацела крыкнуць і тым самым парушыць цішыню, ёй не ўдалося вымавіць ні гуку.
У дзверы нехта ціха пастукаў, але яна гэтага не чула. Не заўважала яна і таго, што ў пакой зайшоў Анаклета і ўзяў яе за руку. Пасля доўгай жахлівай паўзы (а яна, безумоўна, цягнулася не менш за мінуту) сэрца зноў пачало біцца, зборкі яе начной сарочкі заварушыліся на грудзях.
— Дрэнна сябе адчуваеце? — спытаўся Анаклета вясёлым, бадзёрым галаском. Але на яго твары, калі ён глядзеў на яе, была аднолькавая з ёю грымаса болю; верхняя губа рэзка паднялася, агаліўшы зубы.
— Я так спалохалася,— сказала яна.— Што-небудзь здарылася?
— Шчога не здарылася. Але не глядзіце так.— Ён дастаў з кішэні блузы насавую хустачку і, памачыўшы ў шклянцы з вадой, выцер ёй лоб.— Я пайду прынясу свае рэчы і пабуду тут, пакуль вы не засняце.
Анаклета прынёс акварэльныя фарбы, а таксама паднос з гарачым напіткам «овалцін». Ён распаліў агонь у каміне і паставіў перад камінам столік для гульні ў карты. Прысутнасць Анаклеты настолькі супакоіла Элісан, што ёй хацелася плакаць ад палёгкі. Паставіўшы перад ёй паднос, ён зручна ўсеўся за сталом і пачаў паволі піць «овалцін», смакуючы кожны глыток. Гэта была якраз тая рыса характару Анаклеты, якая больш за ўсё падабалася ёй: у яго была геніяльная здольнасць рабіць з амаль кожнай падзеі свята. Цяпер Анаклета паводзіў сябе так, быццам гэта ён не па сваёй ахвоце падняўся з ложка сярод ночы, каб сядзець побач з хворай жанчынай, а нібы яны па сваёй волі выбралі менавіта гэты час для надзвычайнай падзеі. Калі ім даводзілася рабіць што-небудзь непрыемнае, яму заўсёды ўдавалася наладзіць усё так, каб атрымаць нават крыху асалоды. Вось і цяпер ён сядзеў, закінуўшы нага за нагу, заслаўшы калені белай сурвэткай, і так цырымонна піў «овалцін», быццам у кубку было адборнае віно, хоць сам трываць не мог гэтага «овалціну», таксама як і яна, і купіў, бо спакусіўся на яго нібыта цудоўныя якасці, распісаныя на ўсе лады на ярлыку бляшанкі.
— Ну што, хіліць на сон? — спыталася яна.
— Зусім не.
Але ад аднаго напамінку пра сон ён адчуў такую стомленасць, што не ўтрымаўся і пазяхнуў. Захоўваючы да канца сваю адданасць, ён адвярнуўся і пастараўся зрабіць выгляд, што разявіў рот спецыяльна, каб памацаць указальным пальцам зуб мудрасці, што нядаўна вырас.
— Я падрамаў пасля абеду, а потым яшчэ звечара паспаў. Я бачыў Кэтрын у сне.
Кожны раз, калі Элісан думала пра сваё дзіця, яе ахоплівала пачуццё, поўнае такой любові і смутку, што яно невыносным цяжарам клалася на сэрца. Няпраўда, што час можа прыглушыць боль страты. Толькі што цяпер Элісан у большай ступені магла валодаць сабой. Нейкі час пасля тых адзінаццаці месяцаў, поўных радасці, трывогі і пакут, у ёй не адбывалася амаль ніякіх змен. Кэтрын пахавалі на могілках у гарнізоне, дзе служыў тады яе муж. I доўга ёй не даваў спакою выразны і жудасны прывід маленькага цельца ў магіле. Жахлівыя думкі пра гніенне і пра маленькі шкілецік давялі яе да такога стану, што нарэшце пасля мноства бюракратычных правалочак яна атрымала дазвол адкапаць труну. Усё, што засталося ад цела, завезлі ў крэматорый у Чыкага, а попел рассеялі па снезе. I цяпер усё, што засталося ад Кэтрын, дык гэта памяць, якую яны захоўвалі разам з Анаклетам.
Элісан крыху памаўчала, каб стрымаць хваляванне ў голасе, і потым спыталася:
— Дык што ты бачыў у сне?
— Неспакойны сон,— ціха адказаў Анаклета.— Нібы трымаў у руках матылька. Калыхаў на каленях Кэтрын. Раптам — сутаргі. А вы спрабавалі адкрыць кран з гарачай вадой.— Анаклета адчыніў скрынку з фарбамі і разлажыў перад сабой паперу, пэндзлікі. Ад агню яго бледны твар заружавеў, а ў цёмных вачах засвяціліся чырвоныя водбліскі.— Потым... Замест Кэтрын на каленях я трымаў адзін з чаравікаў маёра, што я павінен быў чысціць двойчы на дзень. Чаравік быў поўны слізкіх, толькі што народжаных мышанят, яны курчыліся і лезлі з чаравіка, а я стараўся не выпускаць іх, каб яны не распаўзліся па маім целе. Фу! Гэта было як...
— Змоўкні, Анаклета! — перапыніла яго Элісан, скалануўшыся.— Калі ласка!
Анаклета пачаў маляваць, а яна глядзела на яго. Ён памакнуў пэндзлік у шклянку, і ў вадзе расплылося бледна-ліловае воблачка. Ён з задуменным тварам схіліўся над паперай і потым адзін раз адарваўся, каб зрабіць лінейкай некалькі замераў на стале. Як мастак Анаклета валодаў вялікім талентам — яна была ўпэўнена ў гэтым. У іншых сваіх мастацкіх пачынаннях ён таксама дасягнуў пэўнага майстэрства, але па сутнасці яно было пераймальным, і ён быў у гэтым выпадку амаль, як сказаў бы Морыс, малпачкай. А вось у яго акварэлях і малюнках прыкметна адчуваўся ён сам. Калі яны жылі ў гарнізоне паблізу Нью-Йорка, ён пасля абеду ездзіў у горад, каб наведаць Саюз студэнтаў прыгожых мастацтваў. I яна з гонарам, хоць і без здзіўлення, назірала, як многія наведвальнікі выстаўкі, наладжанай студыяй, не адзін раз вярталіся да яго карцін.
Работы Анаклеты былі адначасова прымітыўныя і вытанчаныя, і гэта нейкім дзіўным чынам зачароўвала гледача. Але яна не здолела пераканаць яго ў неабходнасці паставіцца да свайго таленту з належнай сур’ёзнасцю і працаваць з адпаведнай стараннасцю.
— Асаблівасці сноў,— ціха сказаў Анаклета,— гэта дзіўная рэч, калі падумаць. Папалудні, на Філіпінах, калі падушка вільготная, а ў пакоі свеціць сонца, сон — аднаго віду. А вось на Поўначы, ноччу, калі падае снег...
Але Элісан ужо зноў ахапіў яе звычайны неспакой, і яна больш не слухала, што гаварыў Анаклета.
— Скажы мне,— раптам перапыніла яна Анаклету.— Калі ты быў сёння раніцай не ў настроі і сказаў, што збіраешся гандляваць у Квебеку бялізнай, ты меў на ўвазе што-небудзь канкрэтнае?
— Ну, а як жа? — адказаў ён.— Ведаеце, мне заўсёды хацелася ўбачыць горад Квебек. I, на маю думку, няма нічога больш прыемнага, чым мець справу з прыгожай бялізнай.
— I гэта — усе твае планы,— сказала яна. У яе голасе не хапала пытальных інтанацый, і ён не адгукнуўся.— Колькі ў цябе грошай у банку?
Анаклета на нейкі момант задумаўся, трымаючы пэндзлік над шклянкай з вадой.
— Чатырыста долараў і шэсць цэнтаў. Хочаце, я здыму іх з рахунку?
— Не цяпер. Але яны могуць нам спатрэбіцца пазней.
— Напрамілы бог,— усклікнуў Анаклета,— не турбуйцеся. Ад гэтага ніколечкі не палепшае.
Па ўсім пакоі ружавелі водсветы агню і мітусіліся трывожныя цені. Гадзіннік абазваўся кароткім хрыпам і адбіў тры гадзіны.
— Гляньце,— раптам сказаў Анаклета. Ён скамячыў паперу, на якой толькі што маляваў, і кінуў. Потым сеў у задуменнай позе, абхапіўшы падбародак далонямі, і ўтаропіўся ў чырвонае вуголле ў каміне.— Паўлін, такога жудаснага зялёнага колеру. З адным вялізным залатым вокам. А ў ім гэтыя адлюстраванні нечага такога малюсенькага і...
Намагаючыся знайсці патрэбнае слова, ён падняў руку, злажыўшы разам вялікі і ўказальны пальцы. Ад рукі на сцяне за яго спіной лёг вялізны цень.
— Малюсенькага і...
— Гратэскавага,— закончыла фразу Элісан.
Анаклета адразу кіўнуў у знак згоды галавою.
Але калі ён зноў узяўся за працу, нейкі гук у ціхім пакоі ці, можа, успамін пра тое, якім тонам яна сказала апошняе слова, прымусіў яго павярнуцца.
— О! Не трэба! — усклікнуў ён. I, рвануўшыся ад стала, ён перакуліў шклянку з вадой, і яна, зваліўшыся з каміна, разбілася ўдруз.
У тую ноч радавы Уільямс быў у пакоі, дзе спала капітанава жонка, не больш як гадзіну. Усю вечарынку ён прастаяў на ўскрайку лесу. Калі большасць гасцей пайшла, ён сачыў за капітанавай жонкай праз акно ў зале, пакуль яна не пайшла на другі паверх класціся спаць. Потым ён зайшоў у дом, як гэта рабіў раней. I зноў пакой быў заліты ясным і срэбраным святлом месяца. «Пані» ляжала на баку, абхапіўшы авальны твар не вельмі чыстымі далонямі. На ёй была атласная начная сарочка, а пакрывала было сцягнута да пояса. Малады салдат сеў на кукішкі каля ложка. Адзін раз выцягнуў руку і памацаў пальцамі слізкую тканіну яе сарочкі. Зайшоўшы ў пакой, ён азірнуўся. Нейкі час ён стаяў перад камодай і разглядаў флакончыкі, пухоўкі і розныя іншыя туалетныя прылады. Адна з іх,— пульверызатар, зацікавіла яго. I ён паднёс яго да акна і агледзеў са здзіўленнем на твары. На стале стаяў сподак з недаедзенай курынай нагой.
Салдат дакрануўся да яды, панюхаў і адкусіў кавалак.
Цяпер ён сядзеў на кукішках у месячным святле з прыплюшчанымі вачыма, радасна ўсміхаючыся. «Пані» павярнулася ў сне, уздыхнула і пацягнулася. Цікаўнымі пальцамі салдат дакрануўся да карычневай пасмы валасоў, што распусціліся на падушцы.
Мінула ўжо тры гадзіны ночы, калі салдат раптам замёр. Ён азірнуўся і, здавалася, пачаў услухоўвацца ў нейкі гук. Ён не адразу зразумеў, што выклікала гэту змену, гэты неспакой, што ахапіў яго. Потым ён убачыў, што ў суседнім доме запалілі святло. У цішы начы ён пачуў жаночы плач. Потым пачуў, як перад домам, у якім запалілі святло, затармазіла машына. Радавы Уільямс нячутна выйшаў у цёмную прыхожую. Дзверы капітанавага пакоя былі зачыненыя. Праз некалькі хвілін ён паволі ішоў краем лесу.
Салдат вельмі мала спаў апошнія двое сутак, і таму вочы ў яго апухлі ад стомы. Абышоўшы наўкола гарнізон, ён выйшаў на самую кароткую сцежку, што вяла да казармы. Ідучы такім шляхам, ён пазбягаў сустрэчы з вартавым. А на досвітку, першы раз за многія гады, ён убачыў сон і закрычаў. Салдат, што ляжаў на другім канцы казармы, прачнуўся і шпурнуў у яго чаравікам.
У Уільямса не было сяброў сярод тых, хто жыў з ім у адной казарме, і яго адсутнасць ні ў кога не выклікала цікавасці. Падумалі, што салдат знайшоў сабе жанчыну. Многія салдаты ўпотай жаніліся і часам начавалі ў горадзе з жонкамі. У доўгім і цесным спальным пакоі святло тушылі ў дзесяць гадзін, але не ўсе вайскоўцы былі ў гэты час у ложку. Іншы раз, асабліва на пачатку месяца, у туалеце ўсю ноч ішла гульня ў покер.
Аднойчы ў тры гадзіны ночы радавы Уільямс сустрэўся з вартавым, але ён служыў у войску ўжо два гады і быў знаёмы каравульнаму, і той яго не затрымаў.
Некалькі наступных начэй Уільямс адпачываў і спаў спакойна. Надвячоркам ён сядзеў на лаўцы перад казармай, а ўвечары іншы раз наведваў месцы адпачынку гарнізона — хадзіў у кіно і спартыўную залу.
Вечарам спартыўная зала ператваралася ў каток, дзе каталіся на ролікавых каньках. У зале іграла музыка і быў адгароджаны закутак, дзе радавыя і сяржанты маглі пасядзець за столікам і выпіць халоднага пеністага піва. Уільямс заказаў бакал і ўпершыню паспрабаваў алкагольнага напітку. Побач з моцным грукатам каталіся па крузе салдаты, і ў паветры стаяў пах поту і масцікі. Трое салдат, усе з іх стараслужачыя, вельмі здзівіліся, калі Уільямс падняўся з-за свайго стала і падсеў да іх. Малады салдат глядзеў ім у твар і, здавалася, хацеў нешта спытацца. Але так нічога не спытаў і праз нейкі час пайшоў ад іх стала.
Радавы Уільямс заўсёды быў такі некампанейскі салдат, што наўрад ці хоць палавіна салдатаў, якія спалі з ім у адной казарме, ведалі яго імя. Імя, па якім яго ведалі ў войску, не было сапраўднае. У час залічэння на вайсковую службу суровы сяржант — стары служака — глянуў на яго подпіс — Л. Дж. Уільямс — і гаркнуў: «Напішы імя поўнасцю, вёска смаркатая!» Салдат доўга збянтэжана маўчаў, а потым прызнаўся, што гэтыя ініцыялы і былі яго імя, адзінае, якое ён меў. «Ну, з такім ідыёцкім імем цябе ў армію ЗША не возьмуць,— сказаў сяржант.— Я перараблю яго на Э-л-дж-ы. Згода? — Радавы Уільямс кіўнуў галавой, і, бачачы такую абыякавасць, сяржант гучна і груба зарагатаў.— Ну і прыдуркаў жа нам прысылаюць!» — заўважыў ён, вяртаючыся да сваіх папер.
Быў лістапад, і два дні запар дзьмуў моцны вецер. За адну ноч асыпалася лісце з маладых клёнаў, што раслі ўздоўж тратуараў. Лісце яркім залатымдываном слалася пад дрэвамі, неба было скрозь у белых зменлівых воблаках. Наступны дзень ліў халодны дождж. Лісце змокла, пачарнела, затапталася на вільготных ад дажджу вуліцах, і яго нарэшце зграблі і павывозілі. Потым зноў распагодзілася, і голыя сукі дрэў склалі філігранны малюнак на фоне зімовага неба. Раніцай на прамерзлай траве забялеў іней.
Адаспаўшыся за чатыры ночы, радавы Уільямс зноў прыйшоў да капітанавага дома. Гэты раз, ведаючы ўжо звычкі яго жыхароў, ён не чакаў, пакуль капітан ляжа ў ложак. Апоўначы, калі капітан усё яшчэ працаваў у сваім кабінеце, ён падняўся ў пакой «пані» і быў там цэлую гадзіну. Потым ён пастаяў каля акна кабінета і з цікавасцю паназіраў за капітанам, пакуль у дзве гадзіны той не пайшоў на другі паверх. Бо ў гэтую хвіліну нешта такое здаралася, чаго салдат не разумеў.
У час гэтых «разведак» і «вахт», што ён нёс у цемры пакоя «пані», салдат не адчуваў страху. Ім валодалі пачуцці, а не думкі; ён ішоў у нязведанае, не абдумваючы сваіх цяперашніх ці даўніх учынкаў. Пяць гадоў назад Л. Дж. Уільямс забіў чалавека. Пасварыўшыся з-за тачкі гною, ён усадзіў нож у негра, а потым схаваў забітага ў закінутай каменяломні. Ён наляцеў на сваю ахвяру, не памятаючы сябе ад гневу, але яму запалі ў памяць і яркі колер крыві, і цяжкае, вялае цела, якое ён цягнуў на сабе па лесе. Помніў ён і гарачае сонца ў той ліпеньскі дзень, пах пылу і смерці. Яго ахоплівалі здзіўленне, маўклівыя пакуты, толькі не страх, і ніколі потым ён выразна не ўсвядоміў, што ён забойца. Розум — гэта нібыта багатая дэкаратыўная тканіна, у якой колеры — выпрабаванні, зведаныя пачуццямі, а малюнак — звіліны інтэлекту. Памяць Уільямса была насычана рознымі колерамі і дзіўнымі адценнямі, але ў ёй не было нічога акрэсленага, што мела канкрэтную форму.
За гэтыя першыя зімовыя дні Уільямс зрабіў толькі адно адкрыццё, прынамсі, ён пачаў заўважаць, што капітан увесь час сочыць за ім. Два разы на дзень капітан, з яшчэ забінтаваным і незагоеным тварам, выязджаў вярхом на кароткія прагулкі. А потым, аддаўшы каня, затрымліваўся на нейкі час каля стайні. Тройчы здаралася так, што, калі, ідучы ў сталовую, Уільямс азіраўся, ён заўважаў за дзесяць метраў ад сябе капітана. Намнога часцей, чым гэта магло здарыцца, капітан сустракаўся яму на тратуары. Аднойчы пасля такой сустрэчы салдат спыніўся і азірнуўся. Хутка капітан таксама спыніўся і таксама азірнуўся. Было гэта надвячоркам, і, як бывае зімовым прыцемкам, усё навокал мела бледна-фіялетавае адценне. Позірк у капітана быў цвёрды, жорсткі і ясны. Мінула амаль мінута, пакуль яны разам, нібы згаварыўшыся, павярнуліся і пайшлі кожны сваёй дарогай.
У вайсковым гарнізоне афіцэру не так проста ўвайсці ў непасрэдны кантакт з радавымі. Цяпер капітан Пендэртан гэта зразумеў. Быў бы ён звычайны страявы афіцэр, як маёр Морыс Лэнгдан, і ўзначальваў бы роту, батальён ці полк, у яго склаліся б пэўныя адносіны з падначаленымі. Маёр Лэнгдан вось ведаў прозвішчы амаль усіх салдат, што былі пад яго камандай, ведаў іх і ў твар. Але становішча капітана Пендэртана, служба якога была звязана са школай, было іншае. Апрача конных прагулак (а цяпер капітану ні адзін спосаб верхавой язды не здаваўся занадта рызыкоўным), у яго не было ніякай магчымасці завязаць адносіны з салдатам, якога ён зненавідзеў.
Тым не менш капітан адчуваў нясцерпнае жаданне наладзіць з ім хоць які-небудзь кантакт. Думкі пра салдата не давалі яму спакою. Ён прыходзіў на стайню вельмі часта, як дазваляла пачуццё меры. Радавы Уільямс сядлаў каня, а потым трымаў яго за вуздэчку, пакуль капітан садзіўся вярхом. Калі капітан загадзя ведаў, што сустрэне салдата, у яго пачынала круціцца ў галаве. У кароткія, як бы выпадковыя сустрэчы ён дзіўным чынам часова страчваў магчымасць успрымаць знешняе асяроддзе; калі ён быў побач з салдатам, то адчуваў, што не можа ні добра бачыць, ні чуць, і толькі ад’ехаўшы на кані і зноў апынуўшыся сам-насам, ён пачынаў нарэшце ўсведамляць тое, што толькі адбылося. Твар юнака — маўклівы выраз вачэй, пухлявыя чуллівыя вусны, што часта былі вільготныя, кучаравая грыўка, нібы ў хлопчыка-пажа — увесь воблік салдата быў невыносны капітану. Ён рэдка чуў, каб салдат гаварыў, але яго невыразная гаворка увесь час лунала ў аддаленых кутках памяці, нібы трывожная песня.
Надвячоркамі капітан гуляў па вуліцах паміж стайняй і казармамі, спадзеючыся сустрэць радавога Уільямса. Калі яшчэ здалёк ён заўважаў салдата па соннай, але зграбнай паходцы, у яго сціскалася ў горле. Апынуўшыся твар у твар з капітанам, радавы Уільямс звычайна няўважліва глядзеў некуды паверх галавы капітана і вельмі марудна вітаў яго, даволі вяла беручы пад казырок. Аднойчы, калі яны набліжаліся адзін да аднаго, капітан заўважыў, як Уільямс разгарнуў цукерку і нядбала кінуў паперку на акуратны газон побач з тратуарам. Гэта раз’юшыла капітана, і ён, прайшоўшы крыху, вярнуўся, падабраў абгортку (была гэта паперка ад батончыка пад назвай «Малышка Рут») і паклаў яе ў кішэню.
У капітана Пендэртана, з яго ўвогуле суровым і пазбаўленым усялякіх эмоцый ладам жыцця, не ўзнікала пытанняў пра гэтую дзіўную нянавісць. Раз ці два, прачнуўшыся позна пасля занадта вялікай дозы снатворнага, ён адчуў няёмкасць, падумаўшы пра свае паводзіны ў апошні час. Але ён не намагаўся зрабіць з гэтага якія-небудзь вывады.
Аднойчы папалудні ён пад’ехаў на машыне да казармы і ўбачыў салдата, які адпачываў на лаўцы. Капітан ад’ехаў далей па вуліцы, спыніў машыну і, седзячы ў ёй, пачаў за ім назіраць. Той нядбала разваліўся на лаўцы, нібы збіраючыся задрамаць. Неба было бледна-зялёнае, і ад апошніх промняў зімовага сонца на зямлю клаліся выразныя доўгія цені. Капітан назіраў за салдатам, пакуль таго не паклікалі на вячэру. I потым, калі Уільямс пайшоў у сталовую, капітан усё сядзеў у машыне, не зводзячы вачэй з казармы.
Стала цёмна, і ў будынку запалілі яркае святло. Капітану было відаць, як у пакоі адпачынку салдаты гулялі ў більярд ці, разваліўшыся ў крэслах, гарталі часопісы. Капітан уяўляў сабе сталовую з доўгімі сталамі, застаўленымі гарачай ежай, якую елі прагаладалыя салдаты і весела смяяліся, з’яднаныя здаровым духам сяброўства. Капітан не быў блізка знаёмы з радавым саставам, і яго ўяўленне пра казарменнае жыццё ў значнай меры было вынікам фантазій. Капітана цікавіла сярэднявечча, і ён дэталёва вывучаў гісторыю Еўропы эпохі феадалізму. I гэта прыхільнасць у значнай меры вызначала яго ўяўленне пра казарму. Падумаўшы, што ў гэтых чатырох сценах жывуць дзве тысячы чалавек, ён раптам адчуў сябе адзінока. Ён сядзеў у цёмнай машыне, глядзеў на асветленыя вокны, за якімі было цесна ад людзей, слухаў смех і звонкія галасы, што даляталі адтуль, і на яго вадзяністыя вочы нагарнуліся слёзы. Яго мучыла горыч адзіноты. Ён хутка паехаў дадому.
Леанора ляжала ў гамаку на краі лесу, калі пад’ехаў муж. Яна пайшла ў дом і памагла Сузі ўправіцца на кухні, бо ў той дзень яны збіраліся павячэраць дома, а потым ужо ехаць на вечарынку. Адзін знаёмы прыслаў ім паўтузіна перапёлак, і Леанора захацела занесці паднос з ядой Элісан, у якой быў моцны сардэчны прыступ якраз у тую ноч, калі ў Пендэртанаў была вечарынка, два тыдні да гэтага, і цяпер ёй было забаронена падымацца з ложка. Леанора і Сузі разлажылі яду на вялікім сярэбраным падносе, паклалі на шырокую талерку дзве перапёлкі, шчодра абклаўшы іх рознай гароднінай, што паспела пусціць ужо сок, і таму ў цэнтры талеркі нацякла лужынка. Акрамя таго, на падносе было шмат іншых смачных рэчаў, і калі Леанора панесла, хістаючыся ад цяжару, усё гэта ў дом Лэнгданаў, Сузі пабегла следам з яшчэ адным падносам, падабраўшы, што засталося.
— Чаму не прывяла з сабой Морыса? — спытаўся капітан, калі Леанора вярнулася дадому.
— Бедалага,— уздыхнула Леанора.— Яго ўжо няма дома. Харчуецца ў афіцэрскім клубе. Падумаць толькі!
Яны адзеліся, каб ісці на вечарынку, і стаялі каля каміна ў зале, на якім была бутэлька віскі і шклянкі. На Леаноры была чырвоная сукенка з крэпу, а на капітане — смокінг. Капітан нерваваўся, і ў яго шклянцы ўвесь час пазвоньваў лёд.
— Ха! Паслухай! — раптам усклікнуў ён.— Вось якую даволі цікавую навіну я пачуў сёння.— Ён збіраўся расказаць гісторыю і цяпер разважаў, як лепш пабудаваць сваё апавяданне. У капітана было добра развітае пачуццё гумару, і ён быў з’едлівы пляткар.
— Не так даўно пазванілі генералу, і ад’ютант, пазнаўшы голас Элісан, адразу папрасіў таго падняць трубку. «Генерал, у мяне да вас просьба,— вельмі культурна і ўпэўнена звярнуўся той жа голас.— Я хачу, каб вы зрабілі мне вялікую паслугу, загадалі, каб салдат не трубіў пабудку ў шэсць гадзін раніцы. Гэта парушае адпачынак місіс Лэнгдан». Пасля гэтагабыла доўгая паўза, і нарэшце генерал сказаў: «Прашу прабачэння, але мне здаецца, што я не зусім вас разумею». Просьбу паўтарылі, пасля чаго паўза была яшчэ даўжэйшая. «Малю вас, скажыце,— нарэшце папрасіў генерал,— з кім я маю гонар размаўляць?» Голас у трубцы адказаў: «Garçon de maison місіс Лэнгдан, Анаклета. Дзякуй».
Капітан зноў змоўк і стаяў з сур’ёзным выразам твару, бо быў не з тых, хто смяецца з сваіх жартаў. Не засмяялася і Леанора — здавалася, што пачутае паставіла яе ў тупік.
— Хто, сказаў ён, такі? — спыталася яна.
— Ён хацеў сказаць, што ён «слуга», па-французску.
— I ты хочаш сказаць, што Анаклета пазваніў і вось такое сказаў пра пабудку. Ну, такога я яшчэ ніколі ў жыцці не чула. Мне нават цяжка ў гэта паверыць!
— Дурніца! — усклікнуў капітан.— Гэтага на самай справе не было. Гэта выдумка, анекдот.
Леанора так нічога і не разумела. Яна не была пляткаркай. Па-першае, ёй заўсёды было цяжкавата ўявіць сітуацыю, што разгортвалася па-за сценамі пакоя, а не побач з ёй. I да таго ж яна ні на кроплю не была зламысная.
— Як гэта? — здзівілася яна.— Калі гэтага не было, каму трэба ўсё гэта прыдумляць? Зрабілі дурня з Анаклеты. Як ты думаеш, ад каго гэта пайшло?
Капітан паціснуў плячыма і дапіў віскі. Ён прыдумаў не адну жартаўлівую гісторыю пра Элісан і Анаклету, і ўсе яны з вялікім поспехам хадзілі па гарнізоне. Складанне гэтых скандальных гісторый і прыдумванне новых дэталяў прыносілі капітану вялікую асалоду. Ён пускаў іх у ход цішком, даючы зразумець, што яны ідуць не ад яго, а ён толькі пераказвае. Ён рабіў гэта не столькі з-за сціпласці, колькі з-застраху, што аднойчы яны могуць дайсці да вушэй Морыса Лэнгдана.
У гэты вечар новая гісторыя не задаволіла капітана. Цяпер, тут, у доме, дзе яны былі толькі ўдваіх з жонкай, яго зноў ахапіла меланхолія, як тады, калі ён сядзеў у машыне перад асветленымі вокнамі казармы. У памяці ўсплылі спрытныя смуглыя рукі салдата, і ўнутры ўсё закалацілася.
— Пра што, чорт вазьмі, ты думаеш? — спыталася Леанора.
— Ні пра што.
— Вельмі ж ты неяк дзіўна выглядаеш.
Яны дамовіліся, што возьмуць з сабой Морыса Лэнгдана, і якраз тады, калі яны сабраліся ўжо ад’язджаць, той пазваніў і запрасіў зайсці да іх і выпіць па чарцы. Элісан адпачывала, так што яны не падымаліся на другі паверх. Таропка выпілі за сталом, бо пазніліся. Калі яны скончылі, Анаклета прынёс маёру парадны плашч. Філіпінчык правёў іх да дзвярэй, сказаўшы ім на развітанне ласкавым голасам:
— Спадзяюся, што вы з прыемнасцю праведзяце сённяшні вечар.
— Дзякуй,— адказала Леанора.— Жадаем табе таго самага.
Маёр жа, які быў не такі прастадушны, падазрона глянуў на Анаклету.
Зачыніўшы дзверы, Анаклета пабег у залу, крыху адхінуў фіранку і зірнуў у акно. Усе ўтраіх, а Анаклета ўсім сэрцам ненавідзеў кожнага з іх, спыніліся на ганку прыкурыць цыгарэты. Анаклета назіраў з вялікай нецярплівасцю. Пакуль яны былі ў кухні, у Анаклеты ўзнік план. Ён прывалок з разарыя тры цагліны і паклаў іх у канцы дарожкі, што вяла на вуліцу. Ён зларадна ўяўляў, як яны ўсе ўтраіх паваляцца, нібы тыя кеглі. Калі нарэшце яны рушылі да машыны, што стаяла перад домам Пендэртанаў, Анаклета такзасмуціўся, што нават з прыкрасці ўкусіў вялікі палец. Потым ён хуценька прыняў перашкоду, баючыся, каб хто іншы не трапіў у прыгатаваную ім пастку.
Той вечар прайшоў як звычайна. Пендэртаны і маёр Лэнгдан паехалі на танцы ў «Полаклуб», дзе весела бавілі час. У Леаноры, як заўсёды, не было адбою ад маладых лейтэнантаў, а ў капітана Пендэртана з’явілася магчымасць выйсці на веранду і, апынуўшыся ў спакойнай абстаноўцы, расказаць за шклянкай віскі сваю новую гісторыю аднаму афіцэру з артылерыстаў — вядомаму жартаўніку. Маёр засеў у фае са сваімі старымі прыяцелямі і ўвесь час прабавіў размовамі пра рыбную лоўлю, палітыку і поні. Назаўтра з раніцы мелася быць паляванне з прынадай, і Пендэртаны разам з маёрам Лэнгданам паехалі дадому ў адзінаццаць гадзін. У гэты час Анаклета, пабыўшы нейкі час каля гаспадыні і зрабіўшы ёй укол, ужо быў у ложку. Ён заўсёды ляжаў у ложку, падпёрты падушкамі, як пані Элісан, хоць гэта было так нязручна, што ён ніколі не мог добра выспацца. Сама Элісан у гэты час драмала. Маёр і Леанора былі ў сваіх пакоях і ў поўнач ужо моцна спалі. Капітан Пендэртан, карыстаючыся спакойнай гадзінай, засеў за працу ў сваім кабінеце. Як на лістапад, ноч была цёплая, і ў паветры адчуваўся гаючы пах сосен. Ветру не было, і на газонах нерухома ляжалі чорныя цені.
Прыкладна ў гэты час Элісан Лэнгдан абудзілася ад дрымоты. Яна толькі што бачыла дзіўныя і выразныя сны пра сваё дзяцінства і пасля іх неахвотна вярталася да рэальнасці. Але супраціўленне было дарэмнае, хутка яна зусім прачнулася і вось ужо ляжала, углядаючыся ў цемру. Элісан заплакала, але ёй здавалася, што гэта не яна так ціха і нервова рыдае, а нейкая таямнічая пакутніца недзе там, далёка за домам. Апошнія два тыдні былі вельмі цяжкія, і яна часта плакала. Па-першае, ёй было забароненападымацца з ложка, бо доктар сказаў, што наступнага прыступу яна ўжо не вытрывае. Аднак яна не была высокай думкі пра свайго ўрача і ў душы лічыла яго старым вайсковым канавалам-балваном, якога даўно ўжо трэба прагнаць са службы. Ён выпіваў, хоць быў хірург, і аднойчы ў спрэчцы з ёй даводзіў, што Мазамбік знаходзіцца на заходнім, а не на ўсходнім узбярэжжы Афрыкі, і не прызнаў сваёй памылкі, пакуль яна не прынесла атлас; наогул, яна не надавала асаблівай увагі яго думкам і парадам. Яна жыла ўвесь час у трывозе, і два дні назад ёй так захацелася пайграць на піяніна, што яна паднялася з ложка і пайшла ўніз, калі Анаклеты і мужа не было дома. Яна трохі пайграла і атрымала ад гэтага вялікае задавальненне. Вяртаючыся ў свой пакой, яна вельмі паволі падымалася па лесвіцы, і, хоць надта стамілася, усё абышлося.
Думка, што трапіла ў пастку,— бо цяпер яна мусіла чакаць, пакуль паправіцца, каб здзейсніць свае планы,— была не на карысць лячэнню. Спачатку яны запрасілі сядзелку, але тая і Анаклета не ладзілі паміж сабой, і праз тыдзень яе ўжо больш не было ў доме. Элісан увесь час прыходзілі ў галаву розныя неверагодныя ўяўленні. У той дзень недзе па суседству крыкнула дзіця, як звычайна крычаць захопленыя гульнёй дзеці. Яна ж з незразумелым страхам падумала, што дзіця трапіла пад машыну, і загадала Анаклету хутчэй бегчы на вуліцу, і нават калі той запэўніў яе, што дзеці проста гуляюць у хованкі, Элісан не змагла пазбавіцца ад трывогі. А два дні да таго ёй здалося, што пахне дымам,— значыцца, у доме пажар. Анаклета аблазіў увесь дом, агледзеў кожны закутак, а яна ўсё не магла супакоіцца. Ад любога нечаканага шуму ці якой-небудзь дробязі яна плакала. Анаклета ўжо згрыз да мяса пазногці, а маёр стараўся як мага радзей бываць дома.
Цяпер, апоўначы, калі яна плакала ў цёмным пакоі, узнікла новая галюцынацыя. Яна глянула ў акно і зноў убачыла цень чалавека на газоне за домам Пендэртанаў. Ён стаяў амаль нерухома, абапёршыся аб сасну. Назіраючы за ім, яна ўбачыла, як ён пайшоў па газоне і ўвайшоў у дом праз чорны ход. Ёй раптам прыйшла ў галаву жахлівая думка, што гэты чалавек, што краўся, нібы злодзей,— яе муж. Ён прашмыгнуў да жонкі Уэлдана Пендэртана, нягледзячы на тое, што сам Уэлдан быў дома і працаваў у кабінеце. Яе ахапіла такое моцнае абурэнне, што розум ужо не мог яе спыніць. Ад гневу ёй зрабілася млосна, яна паднялася з ложка і пайшла ў ванную, дзе яе званітавала. Потым яна накінула на начную сарочку паліто і ўсунула ногі ў чаравікі.
Элісан, не вагаючыся, пайшла да дома Пендэртанаў. Не думала і пра тое, што яна, тая, хто больш за ўсё на свеце ненавідзела скандалы, будзе рабіць у сітуацыі, якая павінна была вось-вось узнікнуць. Яна зайшла ў дом з пярэдняга хода, моцна ляпнуўшы дзвярыма. У прыхожай быў змрок, бо толькі ў зале гарэла адна лямпа. Цяжка дыхаючы, яна паднялася па лесвіцы. Дзверы ў пакой да Леаноры былі адчыненыя, і яна ўбачыла чалавека, што сядзеў на кукішках каля ложка. Элісан увайшла ў пакой і запаліла лямпу.
Салдат заморгаў ад святла. Паклаўшы руку на падаконнік, ён прыўзняўся. Леанора зварухнулася ў сне, нешта прамармытала і павярнулася да сцяны. Элісан спынілася на парозе, твар у яе збялеў і скрывіўся ад здзіўлення. Не сказаўшы ні слова, яна падалася назад з пакоя.
Тым часам капітан Пендэртан пачуў, як спачатку адчыніліся, а потым грукнулі дзверы. Ён зразумеў, што робіцца штосьці нядобрае, але, паддаючыся інстынкту, не крануўся з месца. Ён грыз гумку на канцы алоўка і напружана чакаў. Ён не ведаў, што можа адбыцца, але вельмі здзівіўся, калі пастукалі ў дзверы кабінета, і не паспеў нават адказаць, як у кабінет увайшла Элісан.
— Што вао прывяло да нас у такі позні час? — спытаўся капітан з нервовым смехам.
Элісан адказала не адразу. Яна падняла каўнер паліто і прыціснула яго да шыі. Калі нарэшце яна загаварыла, голас яе гучаў глуха, быццам ад перажытага ўзрушэння ў яе зацяло галасавыя звязкі.
— Я думаю, што вам лепш было б падняцца ў пакой вашай жонкі,— сказала яна.
Гэта заява, а таксама дзіўны выгляд Элісан вельмі напалохалі капітана, але яшчэ больш, чым унутраная разгубленасць, яго бянтэжыла думка пра тое, што ён не можа саўладаць з сабой. У галаве маланкай прамільгнуў цэлы шэраг самых процілеглых здагадак. Яе словы маглі азначаць толькі адно: у пакоі Леаноры — Морыс Лэнгдан. Але гэта, зразумела, не так, бо наўрад каб Леанора і Морыс былі такія нястрыманыя! А калі так, то ў якое становішча яны паставілі яго! Капітан саладжава ўсміхнуўся. Ён ніяк не выдаў пачуццяў гневу, сумнення і неверагоднай прыкрасці, што ахапілі яго.
— Пойдзем, мая дарагая,— сказаў ён тонам клапатлівай маці,— табе не трэба блукаць адной сярод ночы. Я завяду цябе дадому.
Адказам Элісан быў доўгі пранізлівы позірк. Яна, здавалася, мучылася над нейкай галаваломкай. Праз нейкі час яна паволі сказала:
— Ці не збіраешся ты так і сядзець тут, а мне паведаміць, што ўсё ведаеш і не збіраешся нічога рабіць?
Капітан упарта стараўся трымацца спакойна.
— Я завяду вас дадому,— сказаў ён.— Вы сёння сама не свая і не ведаеце, што гаворыце.
Капітан паспешліва падняўся і ўзяў Элісан пад руку. Ад дотыку да яе дробнага, вострага локця яму стала непрыемна. Ён паспешліва правёў яе па лесвіцы, потым па газоне. Парадныя дзверы ў доме Лэнгданаў былі адчыненыя, але капітан доўга націскаў кнопку званка. Праз некалькі хвілін у прыхожай з’явіўся Анаклета, і не паспеў яшчэ капітан выйсці з дому, як убачыў каля лесвіцы на другім паверсе Морыса, які выйшаў са свайго пакоя. Адчуўшы адначасова разгубленасць і палёгку, капітан пайшоў дадому, даўшы магчымасць Элісан самой растлумачыць усё, што адбылося.
Раніцай капітан не вельмі здзівіўся, даведаўшыся, што Элісан Лэнгдан зусім страціла розум. Апоўдні гэта стала вядома ўсяму гарнізону. (Яе стан тлумачылі як «нервовае парушэнне», але гэтаму ніхто не верыў.) Калі капітан і Леанора прыйшлі прапанаваць свае паслугі, маёр стаяў перад зачыненымі дзвярамі жончынага пакоя з накінутым на руку ручніком. Ён цярпліва стаяў там увесь дзень. Са здзіўленнем у шырока раскрытых светлых вачах ён увесь час скуб вуха. Прыйшоўшы наведаць Пендэртанаў, ён паціснуў ім рукі з дзіўным афіцыйным выглядам, і яго твар раптам пакутліва ўспыхнуў.
Калі не лічыць урача, маёр Лэнгдан нікому не паведаміў пра падрабязнасці трагедыі і захоўваў іх у сваім занадта ўзрушаным сэрцы. Элісан не рвала прасцін, не пырскала слінай, як гэта звычайна робяць, на думку маёра, вар’яты. Прыйшоўшы дадому ў першай гадзіне ночы, яна сказала, што Леанора здраджвала не толькі мужу, але і маёру, і галоўнае з кім — з салдатам. Потым Элісан сказала, што збіраецца развесціся з ім, і дадала, што ў яе няма грошай, і яна будзе вельмі ўдзячная, калі ён пазычыць пяцьсот долараў пад чатыры працэнты з той умовай, што паручыцелямі будуць Анаклета і лейтэнант Вайнчак. У адказ на яго ўстрывожаныя роспыты яна сказала, што яны з Анаклетам займуцца камерцыяй ці будуцьлавіць крэветак. Анаклета прывалок у пакой чамадан і ўсю ноч пакаваў рэчы пад яе наглядам. Часам яны рабілі перапынак, каб выпіць гарачага чаю ці павывучаць карту, абмяркоўваючы, куды яны паедуць. Недзе на досвітку яна пагадзілася на Мултрывію, што ў штаце Паўднёвая Караліна.
Усё гэта вельмі ўзрушыла маёра Лэнгдана. Ён доўгі час стаяў у куце пакоя Элісан і назіраў, як пакуюцца. Ён нават не адважыўся адкрыць рот. Прайшло нямала часу, пакуль да яго свядомасці дайшло тое, што сказала яму Элісан, і ён быў вымушаны зрабіць вывад, што яго жонка звар’яцела. Ён вынес з пакоя манікюрныя нажніцы і камінныя шчыпцы. Потым пайшоў на першы паверх і сеў за стол у кухні, паставіўшы перад сабой бутэльку віскі. Ён плакаў, злізваючы з мокрых вусоў салёныя слёзы. Морыс не толькі бедаваў па Элісан, але і пакутаваў ад сораму, нібыта гэта кідала цень на яго годнасць. Чым больш ён піў, тым больш незразумелай здавалася тая бяда, што напаткала яго. Раз ён нават закаціў вочы да столі, і ў цішы кухні пачуўся роў, які нагадваў і пытанне і просьбу:
— Божа?! О божа...
Ён біўся галавой аб стол, пакуль на лбе не выскачыў гуз. Да палавіны сёмай раніцы ён выпіў больш за літр віскі. Ён прыняў душ, адзеўся і пазваніў урачу Элісан — палкоўніку медыцынскай службы, свайму блізкаму сябру. Пасля запрасілі яшчэ аднаго ўрача, і яны ўдвух пстрыкалі запалкамі перад носам Элісан і задавалі ёй розныя пытанні. Якраз у час гэтага абследавання маёр узяў з вешалкі ў ваннай ручнік і павесіў яго на руку. Такім чынам, ён меў выгляд чалавека, гатовага да любых экстрэмальных абставін, і гэта суцяшала яго. Перад тым як развітацца, палкоўнік доўга гаварыў з ім, шмат разоў вымаўляючы слова «псіхалогія», і маёр моўчкі ківаў галавой.
У канцы размовы ўрач параіў як мага хутчэй паслаць хворую ў санаторый.
— Але, паслухай,— бездапаможна падаў голас маёр,— толькі не туды, дзе надзяваюць уціхамірвальныя кашулі, ці яшчэ куды-небудзь накшталт гэтага. Трэба туды, разумееш, дзе яна магла б круціць патэфон, адным словам, дзе ёй было б зручна. Ну, ты ведаеш, што я маю на ўвазе.
За два дні падабралі адпаведнае месца ў Вірджыніі. У спешцы лячэбніцу выбралі хутчэй па кошту лячэння (яно было неверагодна дарагое), чым па яе рэпутацыі як лячэбнай установы. Элісан, затаіўшы горыч, моўчкі выслухала планы, пра якія ёй паведамілі. Анаклета, зразумела, таксама ехаў з ёй. Праз тры дні ўсе трое выправіліся ў дарогу на цягніку.
У той установе ў Вірджыніі лячыліся пацыенты як з фізічнымі, так і з псіхічнымі захворваннямі. Вядома, хваробы, што адначасова кранаюць цела і мозг,— спецыфічныя. Было там некалькі старых мужчын, што блукалі ў поўнай рассеянасці, вымушаныя сачыць за кожным рухам сваіх нягнуткіх ног. Было там таксама некалькі дам-марфіністак і процьма маладых багатых алкаголікаў. Але ў санаторыі была прыгожая тэраса, дзе ў другой палове дня падавалі чай, сады былі дагледжаныя, а пакоі — шыкоўна абстаўленыя. Маёр застаўся задаволены і ганарыўся тым, што ўсё гэта можа сабе дазволіць.
Элісан з самага пачатку не рабіла ніякіх заўваг. Яна наогул не размаўляла з мужам, пакуль яны не селі вячэраць. Як выключэнне, бо гэта быў першы дзень Элісан у лячэбніцы, ёй дазволілі вячэраць на першым паверсе, але пачынаючы з раніцы наступнага дня ёй было забаронена падымацца з ложка, пакуль не палепшыцца стан яе сэрца. На іх стале стаялі свечкі і аранжарэйныя ружы. Сервіз і настольнік былі найвышэйшага гатунку.
Але Элісан, здавалася, не заўважала ўсёй гэтай прыгажосці. Сеўшы за стол, яна абвяла залу доўгім павольным позіркам. Яе вочы, цёмныя і, як заўсёды, праніклівыя, вывучалі пацыентаў, што сядзелі за іншымі сталамі.
Нарэшце яна ціха, з ноткай горычы ў голасе, сказала:
— Божа мой, якая адборная кампанія.
Маёр Лэнгдан на ўсё жыццё запомніў тую вячэру, бо гэта быў іх апошні вечар. Ён паехаў з санаторыя вельмі рана на наступны дзень і па дарозе заехаў пераначаваць да свайго старога знаёмага па гульні ў пола, што жыў у Пайнхэрсце. Калі ён вярнуўся ў гарнізон, яго ўжо чакала тэлеграма. На другую ноч свайго знаходжання ў санаторыі Элісан памерла ад сардэчнага прыступу.
У тую восень капітану Пендэртану споўнілася трыццаць пяць гадоў. Нягледзячы на адносную маладосць, яго ў хуткім часе чакалі кляновыя лісцікі — знакі, адпаведныя званню маёра; у войску, дзе павышэнне ў чыне залежыць у асноўным ад выслугі гадоў, нечарговае павышэнне па службе было ў значнай меры данінай здольнасцям. Капітан шмат працаваў, у яго быў геніяльны, як для вайскоўца, розум — і многія афіцэры, у тым ліку і капітан, прытрымліваліся думкі, што калі-небудзь ён будзе высокапастаўленым генералам. Але па капітану было відаць, што ён ператаміўся ад доўгага напружання. Здавалася, у тую восень, асабліва за некалькі апошніх тыдняў, ён неяк занадта хутка пастарэў. Пад вачамі з’явіліся сінія кругі, а твар стаў жоўты і плямісты. Да таго ж яго пачалі вельмі непакоіць зубы. Дантыст сказаў, што трэба вырваць два карэнныя і паставіць масты, але капітан усё адкладаў гэта, не маючы вольнага часу. Твар у капітана ўвесь час быў напружаны, і ў левым воку пачаўся цік. Праз гэтае паторгванне павека яго напяты твар здаваўся спаралізаваным.
Капітан увесь час знаходзіўся ў стане стрыманага ўзбуджэння. Справа з салдатам усё больш займала яго, і цяга да радавога Уільямса, нібы хвароба, усё мацней брала ў палон. Як пры захворванні ракам клеткі выходзяць з-пад кантролю і пачынаюць каварна размнажацца, пакуль нарэшце не знішчаць чалавека, так і ў галаве ў капітана думкі пра салдата ўжо даўно перасягнулі дазволеныя межы. Часам ён з жахам перабіраў у памяці падзеі, што прывялі яго да такога стану: кава, незнарок вылітая на яго новыя штаны, выпадак з прарэджваннем лесу, сустрэча пасля той шалёнай язды на Жарптаху, мімалётныя сустрэчы на вуліцах гарнізона. Як прыкрасць змагла перарасці ў нянавісць, а нянавісць — у гэту ненармальную апантанасць,— гэтаму капітан не мог знайсці лагічнага тлумачэння.
Капітана апаноўвалі дзіўныя мары. Ён заўсёды прагнуў пашаны, таму часта цешыўся тым, што далёка наперад думаў пра павышэнне ў званні. Напрыклад, калі ён быў яшчэ курсантам ваеннай акадэміі ў Вест-Пойнце, словазлучэнне палкоўнік Уэлдан Пендэртан ужо было звыклае і прыемнае яго вуху. А мінулым летам ён уявіў сябе камандуючым карпусным раёнам, геніяльным і ўсемагутным. Часам ён нават шаптаў сам сабе «генерал-маёр Пендэртан» — і яму здавалася, што ён народжаны дзеля такога звання, настолькі добра яно пасавала да яго прозвішча. Але ў апошнія тыдні гэтыя марныя думкі дзіўным чынам пайшлі ў адваротным кірунку. Аднойчы вечарам, ці, дакладней, у палове другой гадзіны ночы — ён стомлены сядзеў за пісьмовым сталом. Раптам у яго на языку з’явіліся тры словы: «радавы Уэлдан Пендэртан». I ад гэтых слоў, а таксама ад асацыяцый, што яны выклікалі, у капітана нарадзілася ненармальнае пачуццё палёгкі і задавальнення. Замест таго каб марыць пра пашану і званні, ён цяпер адчуваў дзіўную асалоду, уяўляючы сябе радавым салдатам. У гэтых марах ён бачыў сябе юнаком, амаль блізнём салдата, якога ён ненавідзеў; у яго было маладое лёгкае цела, зграбнае, нягледзячы на тое, што яно было апранута ў форму радавога салдата, бліскучыя густыя валасы і круглыя вочы без сініх кругоў ад навуковых заняткаў і перанапружання. У гэтыя мары ўвесь час уплятаўся вобраз радавога Уільямса. А фонам была казарма: гул маладых мужчынскіх галасоў, вясёлае гультайства на сонцы, легкадумныя сяброўскія жарты.
У капітана з’явілася звычка прагульвацца штодня пад вечар каля будынка, дзе быў раскватараваны радавы Уільямс. Звычайна ён бачыў, што салдат сядзіць адзін на адной і той самай лаўцы. Ідучы па тратуары, капітан праходзіў за два метры ад салдата, і, калі ён набліжаўся, радавы Уільямс неахвотна падымаўся і ляніва аддаваў чэсць. Дні рабіліся ўсё карацейшыя, і ў гэты час, у канцы дня, ужо пачынала цямнець. На кароткі час пасля захаду сонца неба асвятляла імглістае бледна-ліловае зарыва.
Праходзячы каля салдата, капітан глядзеў яму проста ў твар і прыцішваў крок. Ён ведаў, што салдат павінен быў ужо здагадацца, што менавіта ён прычына гэтых прагулак. Капітана нават здзівіла, што салдат не пазбягаў яго і не хаваўся на гэты час дзе-небудзь. Тое, што салдат прытрымліваўся сваёй звычкі, надавала гэтым штодзённым кантактам адценне спаткання, мімаволі нават хвалявала. Мінуўшы салдата, ён быў вымушаны кожны раз стрымліваць жаданне азірнуцца, і чым далей ён адыходзіў, тым больш яго сэрца поўнілася настальгічным сумам, які ён быў не ў змозе пераадолець.
У доме капітана адбылося некалькі змен. Маёр Лэнгдан прыбіўся да Пендэртанаў, зрабіўшыся нібыта трэцім членам сям’і, і гэтая сітуацыя імпанавала як капітану, так і Леаноры. Смерць жонкі моцна ўзрушыла маёра і зрабіла яго зусім бездапаможным. Ён змяніўся нават фізічна. Ад былой бравай выпраўкі не засталося і следу, і калі яны ўтраіх сядзелі вечарам каля каміна, здавалася, што ён наўмысна скручваўся ў самыя нязграбныя і нязручныя позы. Нібыта цыркавы акрабат, ён пераплятаў ногі ці падымаў масіўнае плячо так высока, што яно плюшчыла вуха. Яго думкі і словы засяроджваліся цяпер на Элісан і ўсім перыядзе жыцця, што так раптоўна скончыўся. Ён зрабіўся схільны да меланхалічных банальнасцей пра бога, душу, пакуты і смерць — тэмы, толькі пры напамінку пра якія ў яго раней дранцвеў язык. Леанора даглядала яго, частавала выдатнымі абедамі і слухала кожную яго скаргу.
— Хаця б Анаклета вярнуўся,— часта гаварыў ён.
Справа ў тым, што Анаклета знік з санаторыя ў тую раніцу, калі памерла Элісан, і з таго часу пра яго не было ніякіх вестак. Ён зноў спакаваў чамаданы, акуратна паклаўшы туды рэчы Элісан. Потым ён проста знік. Як замену Леанора наняла маёру аднаго з братоў Сузі, які ўмеў кухарыць. Маёр шмат гадоў марыў пра звычайнага чарнаскурага служку, які б — хай сабе! — паціху папіваў яго віскі, не выціраў пылу пад дываном, але — крый бог! — не брынкаў на піяніна і не сюсюкаў па-французску. Брат Сузі быў добры хлопец; ён іграў на грабянцы, абгорнутым у туалетную паперу, напіваўся і гатаваў смачнае печыва з кукурузнай мукі. Між тым маёр не адчуваў радасці, на якую спадзяваўся. Яму шмат у чым не хапала Анаклеты. Да таго ж, успамінаючы пра яго, Лэнгдан мучыўся дакорамі сумлення.
— Ведаеце, я дапякаў Анаклету, страшачы карамі, што чакалі яго, калі б ён апынуўся пад маёй камандай у войску. Як вы думаеце, няўжо гэты шэльма ўспрымаў усё ўсур’ёз? Я ўвогуле толькі дражніў яго, але заўсёды лічыў, што лепш за ўсё яму было б пайсці ў войска.
Капітану надакучылі размовы пра Элісан і Анаклету. Шкада, што гэты мярзотны малы філіпінец таксама не памёр ад сардэчнага прыступу. У гэтыя дні амаль усё ў доме абрыдла капітану. Асабліва агіднымі здаваліся простыя і сытныя стравы, тыповыя для Поўдня, якія са смакам елі Леанора і Морыс. На кухні было брудна, а неахайнасць Сузі было цяжка апісаць словамі. Капітан разбіраўся ў ежы і сам быў выдатны кухмістр. Яму падабалася вытанчанасць новаарлеанскай кухні і тонкая гармонія французскай. Раней капітан часта, застаўшыся дома адзін, заходзіў у кухню, гатаваў які-небудзь ласунак дзеля душы. Яго любімай стравай было філе а ля беарнэз. Аднак капітан быў педант і дзівак; калі мяса перасмажвалася, а соус пераграваўся і хоць крыху загусаў, ён выносіў усё гэта на двор і закопваў. Але цяпер ён страціў апетыт да яды. У той дзень пасля абеду Леанора пайшла ў кіно, і ён выправіў Сузі з дому. Ён падумаў, што нядрэнна было б згатаваць што-небудзь асаблівае. Але ў самым разгары прыгатавання пірага з начынкай ён раптам страціў усялякую цікавасць да гэтага занятку, кінуў усё, як было, і пайшоў з дому.
— Уяўляю сабе Анаклету ў нарадзе на кухні,— сказала Леанора.
— Элісан заўсёды лічыла, што я закранаю гэту тэму, каб паздзекавацца з Анаклеты,— сказаў маёр.— Але гэта было не так. Анаклету было б нялёгка ў войску, але войска магло зрабіць з яго мужчыну. Ва ўсякім разе выбіла б з яго ўсё глупства. Я маю на ўвазе тое, што мне заўсёды здавалася недарэчным, калі дваццацітрохгадовы дзяцюк скача пад музыку па пакоі ці пэцкаецца з акварэльнымі фарбамі. У войску з Анаклеты здзекаваліся б, і яму давялося б там вельмі нясоладка, але, на маю думку, гэта пайшло б яму на карысць.
— Ты думаеш,— заўважыў капітан Пендэртан,— што любая ўнутраная задаволенасць, дасягнутая за кошт таго, што мы прывыклі лічыць нармальным, недапушчальная і не павінна прыносіць шчасця. Карацей кажучы, лепш (бо гэта больш пачэсна маральна) абчэсваць квадратны кол, прымяраючы яго да круглай дзіркі, чым знайсці і скарыстаць адпаведную квадратную дзірку?
— Ну, так. Якраз гэта я і меў на ўвазе,— сказаў маёр.— Хіба ты не згодзен?
— Не,— адказаў капітан пасля кароткай паўзы. Раптам капітан зазірнуў у самую глыбіню душы і з жахлівай выразнасцю ўбачыў самога сябе. Цяпер ён бачыў сябе інакш, чым іншыя; гэта быў скажоны, марыянетачны вобраз з мізэрным выглядам і гратэскавым абрысам. Капітан углядаўся ў гэтае відовішча без спагады. Ён успрымаў яго так, як было на самай справе, не шукаючы апраўданняў.
— Я не згодзен,— паўтараў ён няўважліва.
Маёр Лэнгдан задумаўся над гэтым нечаканым адказам, але ўжо больш не працягваў размовы. Яму заўсёды было цяжка сачыць за тымі лініямі думкі, што выходзілі за рамкі першаасноўнага, простага тлумачэння. Паківаўшы галавой, ён зноў звярнуўся да сваіх спраў, што так выводзілі яго з раўнавагі.
— Аднойчы я прачнуўся якраз перад світаннем,— сказаў ён.— Убачыў, што ў яе пакоі гарыць лямпа, і зайшоў туды. Там на краі ложка сядзеў Анаклета, і яны ўдваіх, нахіліўшыся, забаўляліся нейкім глупствам. А што яны рабілі? — маёр прыклаў да вачэй свае грубыя пальцы і патрос галавой.— Ага. Яны кідалі ў міску з вадой нейкія штучкі. Штось з японскага барахла, што Анаклета купляў у краме, дзе прадаюць розную драбязу па дзесяць цёнтаў — ведаеце, такія камячкі, што ў вадзе раскрываюцца, як кветкі. I вось, уявіце, у чатыры гадзіны раніцы яны сядзелі і гулялі з тымі цацкамі. Гэта мяне раззлавала, і калі я спатыкнуўся аб пантофлі Элісан, што стаялі каля ложка, я раз’юшыўся і адкінуў іх нагой праз увесь пакой. Элісан была вельмі абураная і доўга заставалася халодная як лёд. Анаклета перад тым, як прынесці каву, паклаў у цукарніцу соль. Усё гэта было сумна. Яна, відаць, вельмі пакутавала ў тыя ночы.
— Дасца вам, а потым адымецца ад вас,— заўважыла Леанора. Яе намеры былі намнога лепшыя, чым веданне свяшчэннага пісання.
Леанора таксама трохі змянілася за апошнія тыдні. Яна набліжалася да поўнага росквіту жаноцкасці. За гэты кароткі час яе цела страціла пругкасць, уласцівую маладосці; твар акругліўся і ў гадзіны спакою меў выраз лянівай пяшчоты. Яна выглядала як жанчына, што нарадзіла некалькі здаровых дзяцей і спадзяецца нарадзіць праз восем месяцаў яшчэ адно. Скура твару была па-ранейшаму мяккая і гладкая, і, хоць Леанора памалу прыбывала ў вазе, нельга было пакуль заўважыць і следу друзласці. Смерць жонкі палюбоўніка вельмі напалохала яе. Мёртвае цела ў труне так яе ўразіла, што некалькі дзён пасля пахавання яна ўвесь час гаварыла спалоханым шэптам, нават калі купляла правізію ў гарнізонным магазіне. Яна ставілася да маёра з бяздумнай ласкавасцю і паўтарала кожную шчаслівую жартаўлівую гісторыю, што ёй удалося запомніць.
— Між іншым,— раптам сказаў капітан,— я ўвесь час думаю пра тую ноч, калі яна прыйшла сюды. Што яна табе сказала, калі была ў тваім пакоі, Леанора?
— Я ж табе ўжо гаварыла, што нават не чула, калі яна заходзіла. Яна не пабудзіла мяне.
Але капітан усё ніяк не мог супакоіцца. Чым часцей ён успамінаў сцэну, што адбылася ў яго кабінеце, тым усё больш дзіўнай яна яму здавалася і ўсё больш завалодвала яго думкамі: ён не сумняваўся, што Леанора гаворыць праўду, бо калі яна хлусіла, гэта было відаць кожнаму. Але што мела на ўвазе Элісан і чаму, вярнуўшыся дадому, ён не пайшоў на другі паверх да жонкі? Ён адчуваў, што недзе ў закутку падсвядомасці ведае адказ. Але чым больш ён думаў пра гэтую справу, тым усё больш яго ахоплівала трывога.
— Памятаю, аднойчы я сапраўды здзівілася,— сказала Леанора, выцягнуўшы свае ружовыя, нібы ў школьніцы, рукі да агню.— Гэта было тады, калі мы ездзілі ў Паўночную Караліну, якраз пасля таго, як нас накармілі такімі смачнымі курапаткамі ў твайго знаёмага, Морыс, Элісан, Анаклета і я ішлі па палявой дарозе і сустрэлі хлопчыка, які вёў за повад каня — звычайную цяглавую клячу, падобную на мула. Але Элісан спадабалася морда той клячы, і яна раптам надумала на ёй праехацца. Пазнаёмілася з тым смаркачом, узлезла на слуп агароджы, а адтуль — на спіну каню, без сядла, у сукенцы. Падумаць толькі! На каня, відаць, ужо многа год ніхто не садзіўся, і не паспела Элісан на яго сесці, як ён лёг на зямлю і пачаў качацца, каб яе скінуць. Я тады падумала сама сабе, што Элісан Лэнгдан надышоў канец, і заплюшчыла вочы. I што вы думаеце? Праз хвіліну яна падняла каня на ногі і памчала рыссю па полі, як быццам нічога не здарылася. Табе, Уэлдан, ніколі б так не ўдалося. А Анаклета лётаў вакол, як які-небудзь франт на падпітку. Ну і пацеха была! Нічога больш дзіўнага я ў сваім жыцці не бачыла.
Капітан Пендэртан пазяхаў, не таму, што яму хацелася спаць, а таму, што заўвага Леаноры пра яго здольнасці да верхавой язды яго пакрыўдзіла, і ён вырашыў адплаціць якім-небудзь няветлівым учынкам. Паміж капітанам і Леанорай адбылося некалькі бурных сцэн праз Жарптаха. Пасля той шалёнай гонкі конь так і не стаў такім, як быў, і Леанора са злосцю вінаваціла ў гэтым свайго мужа. Аднак у выніку падзей, што адбыліся ў апошнія два тыдні, іх варожасць збочыла з гэтай каляі, і капітан быў упэўнены, што хутка пра гэта забудзецца.
Маёр Лэнгдан закончыў гутарку ў той вечар адным са сваіх любімых афарызмаў:
— Цяпер толькі дзве мэты маюць для мяне значэнне — заставацца моцным як звер і служыць краіне. Здаровае цела і патрыятызм!
У гэты час дом капітана Пендэртана нельга было назваць ідэальным месцам чалавеку, які перажывае востры псіхічны крызіс. Раней капітан палічыў бы горкія скаргі Морыса Лэнгдана недарэчнымі. Але цяпер у доме адчувалася атмасфера смерці. Яму здавалася, што гэта не толькі Элісан памерла, а жыццё ўсіх іх траіх набліжалася да канца. Даўняя боязь таго, што Леанора развядзецца з ім і паедзе з гарнізона разам з Морысам Лэнгданам, больш не трывожыла яго. Былая цяга да маёра здавалася не больш чым лёгкай слабасцю ў параўнанні з яго цяперашнімі пачуццямі да салдата.
Сам дом у гэтыя дні вельмі раздражняў капітана. Кватэра была абстаўлена абы-як. У зале была банальная сафа, засланая паркалем у кветкі, некалькі мяккіх крэслаў, на падлозе ляжаў крыклівы чырвоны дыван, ды яшчэ стаяў старадаўні секрэтэр. У пакоі ад усяго павявала танным шыкам, які так ненавідзеў капітан. Цюлевыя фіранкі былі выцвілыя і пажоўклыя, а над камінам грудзіўся разнамасны набор усялякіхупрыгожанняў і цацак: чарада слонікаў, вытачаных пад слановую косць, пара прыгожых каваных падсвечнікаў, размаляваная, з усмешкай на твары і кавалкам чырвонага кавуна ў руках фігурка негрыцяняці, а таксама мексіканская ваза з блакітнага шкла, куды Леанора кідала старыя візітныя карткі. Уся мэбля была крыху расхістаная ад частых перастановак, і ад усяго пакоя так моцна патыхала нечым жаночым і расхрыстаным, што вельмі раздражняла капітана, і ён стараўся як мага менш бываць дома. З затоенай тугой ён думаў пра казарму, уяўляючы роўныя рады ахайна засланых ложкаў, голую падлогу і незавешаныя вокны. Каля адной сцяны гэтага ўяўнага пакоя, абстаўленага строга і аскетычна, чамусьці павінна была стаяць старадаўняя разная камода з латуневай акоўкай.
У час сваіх доўгіх прагулак у канцы дня капітан знаходзіўся ў стане абвостранай уражлівасці, блізкай да трызнення. Ён адчуваў сябе пакінутым на волю лёсу, адгароджаным ад людзей, і з ім заўсёды спадарожнічаў вобраз маладога салдата, нібыта нейкі хітры чароўны амулет, што носяць на сваіх грудзях вядзьмаркі. У гэты час капітана ахоплівала дзіўнае пачуццё. Хоць ён адчуваў сябе ізаляваным ад астатніх людзей, рэчы, што траплялі яму на вочы ў час прагулак, набывалі неапраўдана вялікае значэнне. Нават самыя звычайныя прадметы, здавалася, мелі нейкі таямнічы ўплыў на яго лёс. Калі, здаралася, ён заўважаў вераб’я ў канаве, то надоўга спыняўся, захоплены такім звычайным відовішчам. На нейкі час ён страціў простую здольнасць да інстынктыўнай класіфікацыі розных уражанняў згодна з іх вартасцямі. Аднойчы ён быў сведкам таго, як грузавік урэзаўся ў легкавую машыну. Але гэта жахлівая аварыя ўразіла яго не больш, чым трапятанне ад ветру шматка газеты.
Капітан даўно не звязваў сваіх адносін дарадавога Уільямса з нянавісцю. Ён таксама ўжо больш не спрабаваў знайсці тлумачэнне свайму пачуццю. Капітан не думаў пра салдата катэгорыямі любові ці нянавісці; адзінае, што ён усведамляў, дык гэта непераадольнае жаданне знішчыць перашкоду. Калі яшчэ здалёк ён бачыў салдата на лаўцы перад казармай, яму хацелася накрычаць на яго, стукнуць кулаком па твары, дамагчыся тым самым якой-небудзь рэакцыі салдата на абразу. Мінула амаль два гады пасля першай сустрэчы капітана з радавым Уільямсам. Больш як месяц прайшло з таго часу, як салдата накіравалі на расчыстку лесу. I за ўвесь гэты час яны сказалі адзін аднаму не больш за дзесятак слоў.
Дванаццатага лістапада, пасля абеду, капітан, як заўсёды, выйшаў на прагулку. Гэты дзень быў вельмі цяжкі. Раніцай, калі ён стаяў каля дошкі ў пакоі заняткаў, тлумачачы задачу па тактыцы, з ім здарыўся невядома чаму прыступ амнезіі. На сярэдзіне фразы ў яго раптам адключылася памяць. Ён не толькі не мог успомніць хоць адно слова з падрыхтаванай лекцыі, але нават перастаў пазнаваць твары афіцэраў, якія сядзелі ў пакоі і якім ён чытаў тую лекцыю. У яго памяці заставаўся вельмі выразны воблік радавога Уільямса — і больш нічога. Некалькі хвілін ён стаяў моўчкі, усё яшчэ трымаючы ў руцэ крэйду. Потым ачуўся і аб’явіў, што заняткі скончаныя. На шчасце, гэта было перад самым канцом лекцыі.
Капітан напружанай хадой крочыў па тратуары адной з вуліц, што вяла да казармы. Надвор’е ў той дзень было незвычайнае. Над галавой плылі змрочныя навальнічныя хмары. Але бліжэй да гарызонту неба заставалася чыстае і сонца асвятляла яго сваім мяккім ззяннем. Капітан махаў рукамі, нібы яны не згіналіся ў локцях, і не падымаў вачэй ад сваіх вайсковых штаноў і начышчаных да бляску вузкіх чаравікаў. Ён падняў галаву, толькі калі дайшоў да лаўкі, на якой сядзеў радавы Уільямс, і, затрымаўшы на некалькі хвілін свой позірк на салдату, падышоў да яго. Той паволі стаў у стойку «смірна».
— Радавы Уільямс,— звярнуўся да яго капітан.
Салдат чакаў далейшай каманды, але капітан маўчаў. Ён хацеў зрабіць салдату вымову за парушэнне правілаў нашэння формы. Калі ён падыходзіў, яму здалося, што ў радавога Уільямса няправільна зашпілены мундзір. На першы погляд здавалася, што салдат было брудна, а неахайнасць Сузі было цяжка апісаць нейкі важны элемент сваёй формы. Але апынуўшыся твар у твар з салдатам, капітан не знайшоў ніякіх падстаў для крытыкі. Памылковае ўяўленне пра цывільную расхлябанасць стваралася ад фігуры салдата, а не ў выніку парушэння вайсковага статуту. Зноў капітан моўчкі, нібы папярхнуўшыся, застыў перад салдатам. Праз яго сэрца прайшла доўгая тырада, поўная праклёнаў, прызнанняў у любові, модлаў і абраз. Але, нарэшце, ён павярнуўся, так і не сказаўшы ні слова.
Дождж, які збіраўся ўжо даўно, напаткаў капітана амаль каля самага дома. Гэта быў ужо ціхі зімовы дождж — пачаўся ён з грукатам летняй навальніцы. Калі ўпалі першыя кроплі, капітану заставалася да дому не больш як дваццаць метраў. Ён мог прабегчы гэтую кароткую адлегласць і своечасова апынуцца пад дахам. Але ён па-ранейшаму ледзь цягнуў ногі і не пайшоў хутчэй нават тады, як яго прамачылі да ніткі струмені ледзяной вады. Калі ён адчыніў дзверы ў дом, вочы яго гарэлі і ён дрыжаў усім целам.
Радавы Уільямс пайшоў у казарму, адчуўшы, што вось-вось ліне дождж. Ён пасядзеў да вячэры ў пакоі адпачынку, а потым, апынуўшыся сярод гаманлівай ажыўленасці сталовай, няспешна і сытна пад’еў. Пасля ўзяў з сваёй тумбачкі мяшэчак з таннымі, рознага гатунку цукеркамі. Яшчэ не дажаваўшы зефіру, ён накіраваўся ў прыбіральню і ўсчаў там бойку. Калі ён зайшоў, усе месцы, апрача аднаго, былі занятыя, а перад ім якраз зайшоў салдат і пачаў ужо расшпільваць штаны. Але калі той пачаў садзіцца, радавы Уільямс груба піхнуў яго, спрабуючы прагнаць з занятага ўжо месца. Пачалася бойка, і навокал сабраўся невялікі натоўп салдат. Спачатку перавага была на баку Уільямса, ён быў спрытнейшы і дужэйшы. У час барацьбы на яго твары не было ні гневу, ні натугі; рысы твару па-ранейшаму нічога не выказвалі; пра натугу сведчылі толькі пот, што каціўся па лбе, і невідучыя вочы. Праціўнік ужо страціў усякую надзею на перамогу і паядынак быў ужо выйграны, калі раптам Уільямс здаўся, быццам страціўшы цікавасць да барацьбы, і нават не спрабаваў абараняцца. Яго моцна білі, з усёй злосцю стукаючы галавой аб цэментны пол. Калі ўсё скончылася, ён, хістаючыся, падняўся на ногі і пайшоў з прыбіральні.
Гэта была ўжо не першая бойка, якую пачынаў Уільямс. Апошнія два тыдні ён заставаўся ў казарме кожную ноч і нарабіў нямала клопату. Салдаты, што спалі ў адной з ім казарме, нават не падазравалі пра гэтую рысу яго характару. То ён гадзінамі здранцвела сядзеў, не вымаўляючы ніводнага слова, то ні з таго ні з сяго дапускаў якую-небудзь недаравальную правіннасць. Ён ужо больш не хадзіў у лес у вольны час, а ноччу дрэнна спаў, будзячы ўсю казарму мармытаннем праз сон. Аднак ніхто не надаваў увагі яго дзівацтвам. У казармах здараліся рэчы куды больш дзіўныя. Адзін стары капрал кожны вечар пісаў лісты да Шэрлі Тэмпл [7], падводзячы ў іх, нібы ў дзённіку, рахункі падзеям, што адбыліся за дзень, а раніцай наступнага дня перад снеданнем пасылаў іх па пошце. Другі салдат, які праслужыў у войску ўжо каля дзесяці гадоў, выскачыў з акна з трэцяга паверха, бо прыяцель не пазычыў яму пяцьдзесят цэнтаў на піва. Повару ў той самай батарэі не давала спакою неадчэпная думка, што ў яго рак языка. Ён увесь час высалопліваў перад люстэркам язык так, што былі відаць нават смакавыя сасочкі. Да таго ж замарыў сябе голадам амаль да поўнага знясілення.
Пасля бойкі Уільямс пайшоў у спальны пакой і лёг на ложак. Ён палажыў пакет з цукеркамі пад падушку і ўтаропіўся ў столь. На дварэ дождж крыху сціх, і надышла ноч. Думкі ажывілі некалькі млявых мар. Уільямс падумаў пра капітана, але перад вачамі праплывалі толькі ўяўныя вобразы, пазбаўленыя сэнсу. Для гэтага маладога ўраджэнца поўдня афіцэры належалі да той самай не зусім вызначанай катэгорыі, што і негры — яны займалі нейкае месца ў ягоным жыцці, але ён не ставіўся да іх, як да чалавечых істот. Радавы Уільямс адносіўся да капітана з пачуццём фаталізму, як да надвор’я ці іншай прыроднай з’явы. Паводзіны капітана хоць і маглі здацца нечаканымі, але ён не звязваў іх з сваёй асобай. Ён не браў пад сумненне іх нармальнасць, як яго не мучылі пытанні, чаму бывае навальніца ці вянуць кветкі.
Ён больш не падыходзіў да дома капітана Пендэртана пасля таго, як раптам нехта ўключыў лямпу і ён убачыў чарнявую жанчыну, што стаяла на парозе і глядзела на яго. У той час ім авалодаў страх, але гэта быў страх хутчэй фізічны, чым усвядомлены. Пачуўшы грукат парадных дзвярэй, ён асцярожна выглянуў і ўпэўніўся, што ніякіх перашкод на яго шляху няма. Апынуўшыся ў лесе і зноў адчуўшы сябе ў бяспецы, ён ціха пабег, хоць добра і не ведаў, чаго ён спалохаўся.
Але думкі пра капітанаву жонку не пакідалі салдата. Ён сніў «пані» кожную ноч. Аднойчы, калі ўжо быў у войску, ён атруціўся птамаінам, і яго завезлі ў шпіталь. Ад адной думкі пра паганую хваробу, пераносчыцамі якой з’яўляюцца жанчыны, яго трасло пад прасціной кожны раз, калі да яго падыходзілі медсёстры, і ён лічыў за лепшае цярпець мукі, чым папрасіць іх зрабіць якую-небудзь паслугу. Але дакрануўшыся да «пані», ён ужо больш не баяўся гэтай хваробы. Кожны дзень ён даглядаў і сядлаў яе каня, глядзеў ёй услед, калі яна ехала на прагулку. Раніцай было золка і ветрана, твар капітанавай жонкі ружавеў, і яна была ў вясёлым настроі. У яе былі заўсёды прызапашаны Уільямсу які-небудзь жарт ці прыязнае слова, але ён ніколі не глядзеў ёй проста ў твар і не адказваў на жарты.
Уільямс ніколі не асацыіраваў яе са стайняй ці вольным паветрам. Для яго яна заўсёды была ў пакоі, дзе ноччу ён так засяроджана назіраў за ёй. Успаміны пра гэтыя гадзіны былі заснаваны выключна на пачуццях. У пакоі быў тоўсты дыван на падлозе, шаўковае пакрывала, тонкі пах духоў. Былі яшчэ раскошная цеплыня жаночага цела, цішыня і змрок — дзіўная асалода ў сэрцы і напружаная сіла ў целе, калі ён сядзеў на кукішках побач з ёй. Зазнаўшы ўсё гэта, ён не мог з ім развітацца; у ім нарадзілася незразумелае, нібы ў наркамана, палкае жаданне, спатоленне якога было непазбежнае, як смерць.
Дождж аціх апоўначы. У казарме ўжо даўно патушылі святло. Уільямс не распранаўся, і калі дождж аціх, ён надзеў спартыўныя тапкі і выйшаў з казармы. Да капітанавага дома ён пайшоў звычайнай дарогай — краем лесу, што рос вакол ваеннага гарадка. Але ў той вечар месяц не свяціў, і салдат ішоў хутчэй, як звычайна. У адным месцы ён заблудзіўся, а калі падышоў да капітанавага дома, з ім здарыўся непрыемны выпадак. Ён спатыкнуўся ў цемры і трапіў, як яму спачатку здалося, у глыбокі роў. Каб даведацца, дзе ён, салдат чыркнуў некалькі разоў запалкамі і ўбачыў, што зваліўся ў нядаўна выкапаную яму. Дом быў ахінуты цемрай, і салдат, увесь падрапаны і запэцканы, яшчэ не паспеўшы перавесці дых, пастаяў некалькі хвілін перад тым, як зайсці. Тут ён быў раней шэсць разоў, гэта быў сёмы і — апошні.
Капітан стаяў каля акна сваёй спальні, што выходзіла на двор. Ён выпіў тры таблеткі, але так і не змог заснуць. Адчуваў лёгкі хмель ад выпітага брэндзі і лёгкае ўздзеянне лекаў — і не больш. Капітан, які меў моцную схільнасць да раскошы і быў вельмі пераборлівы ў адзенні, кладучыся спаць, пераадзеўся ў самую што ні на ёсць суравую бялізну. На ім быў халат з грубага сукна, што больш падышоў бы аўдавелай турэмнай наглядчыцы. Яго піжамы былі з суравой тканіны, цвёрдай, як брызент. Цяпер ён стаяў босы, хоць падлога была халодная.
Капітан, слухаючы посвіст ветру ў соснах, раптам убачыў у цемры мігценне агеньчыка. Праз міг вецер затушыў агонь, але якраз у гэты момант капітан паспеў заўважыць твар. I ад гэтага твару, выхапленага агеньчыкам з цемры, у яго перахапіла дых. Ён пачаў углядацца і ледзь змог разабраць постаць чалавека. Капітан схапіўся за халат і прыціснуў руку да грудзей. Ён заплюшчыў вочы і пачаў чакаць.
Спачатку ён не пачуў ніводнага гуку. Потым ён хутчэй адчуў, чым пачуў, асцярожныя крокі па лесвіцы. Дзверы ў пакой капітана былі прачыненыя, і праз шчыліну ён убачыў цёмны сілуэт. Ён нешта прашаптаў, але з горла замест голасу вырвалася толькі ціхае сіпенне, і яно злілося з шумам ветру за акном.
Капітан Пендэртан чакаў. Зноў заплюшчыўшы вочы, ён застыў ад пакутлівай невядомасці. Нарэшце ён выйшаў у пярэднюю і ўбачыў на фоне бледна-шэрага акна ў спальні жонкі сілуэт чалавека, якога ён увесь час шукаў. Пасля капітан прызнаецца самому сабе, што ўсяго адзін момант — і ён ведаў усё. На самай жа справе, у той міг, калі чакаецца моцнае, але яшчэ невядомае ўзрушэнне, розум, рыхтуючыся да яго, адразу траціць здольнасць здзіўляцца. У такі момант бездапаможнасці ў падсвядомасці, як на экране, мільгае цэлы калейдаскоп як бы напалову прадбачаных магчымасцей, і, калі няшчасце ўжо вядомае, узнікае пачуццё, што дзякуючы нейкім незвычайным сілам пра іх было вядома загадзя. Капітан дастаў з шуфляды тумбачкі, што стаяла каля ложка, пісталет, прайшоў праз калідор і запаліў святло ў спальні жонкі. У гэтыя хвіліны ў яго галаве ўзніклі абрыўкі ўспамінаў — цень каля акна, гук уначы. Ён сказаў сабе, што ведае ўсё. Але ён не змог бы выказаць тое, што ён ведае. Ён упэўнены быў толькі ў адным — гэта канец.
Салдат не паспеў нават падняцца з кукішак. Ён заміргаў ад святла, але на твары яго быў не страх, а здзіўленая незадаволенасць, як быццам яго дарэмна патурбавалі. Капітан быў выдатны стралок, і хоць ён выпусціў дзве кулі, у салдата засталася толькі адна крывавая рана.
Стрэлы збудзілі Леанору, і яна села ў ложку. Яшчэ не зусім прачнуўшыся, яна азіралася вакол сябе з такім выглядам, нібы бачыла нейкую сцэну з п’есы, якой-небудзь жахлівай трагедыі, у якую было неабавязкова верыць. Амаль тут жа ў дзверы з чорнага хода пастукаў маёр Лэнгдан і праз момант узбег па лесвіцы ў пантофлях і накінутым на плечы халаце. Капітан усім целам абапёрся аб сцяну. У сваім недарэчным грубым халаце ён нагадваў надламанага і распуснага манаха. Ад цела салдата, хоць ужо і мёртвага, усё яшчэ патыхала цёплым жывёльным спакоем. Выраз яго твару не змяніўся, а загарэлыя рукі ляжалі на дыване далонямі ўгору, быццам ён спаў.