Тыдзень таму назад я атрымала запрашэнне ў Віцебск прачытаць некалькі лекцый па польскай мове ў мясцовым універсітэце. Наша амбасада ўжо два гады як спрабуе наладзіць там рэгулярныя заняткі па польскай. Мяне як лектарку папрасілі высветліць атмасферу і цікавасць. Увогуле, як мне расказаў адзін супрацоўнік амбасады, яны тут разумеюць, як улады баяцца польскай мовы і як афіцыйна цяжка прабіцца праз гэты адміністрацыйна задэкрэтаваны страх. Прасцей з сербалогіяй і балгарыстыкай. Хай беларускія студэнты вучаць хоць турэцкую, хоць арабскую, але, барані божа, каб толькі не польскую! Тым не меней ёсць некалькі зацікаўленых асобаў у тамтэйшым універсітэце, нейкія рэшткі інтэлігенцыі, якая «мысліць свежа», якая цягнецца да Польшчы, бачачы ў гэтым натуральнае развіццё сваіх памкненняў. Я думаю, нашыя пяць мінут і так прыйдуць, калі пачнецца масавы адплыў ад расейскай культуры. Гэта толькі пытанне часу. Так вось мне і далі паўтара дзесятка заняткаў на працягу трох дзён. За гэта добра плацяць, за гатэль таксама. І думаць няма чаго - трэба ехаць. Тым болей, што мне даўно хацелася пабачыць горад Шагала.
Я запрасіла яе ў паездку гэтай марознай студзеньскай раніцай. Прыйшла загадзя да яе на кватэру, калі яна, ужо ўстаўшы, свяшчэнадзейнічала над запарваннем кавы. Водар асвяжыў нашу сустрэчу і без таго поўную напружання пасля яе няскончанага рамана з Дзімам. Нешта мне здаецца, што паміж імі як бы штось прабегла, папсавалася, але я не назалялася, каб яна мне ўсё выкладвала. Я сказала ёй толькі пра прапанову з'ездзіць на некалькі дзён у Віцебск, на што яна жвава зрэагавала расказам з газеты на тэму маладзёжнага бунту ў тамтэйшай турме. Адразу згадзілася пад'ехаць разам. Ужо каторы тыдзень яна хацела напісаць доўгі артыкул пра бесперспектыўнасць, у якой жыве моладзь і пра нарастаючае адчуванне бунту, які можа лёгка перарадзіцца ў нешта больш сур'ёзнае. Цэлае пакаленне, якое ўжо не ведае савецкай сістэмы, старэйшымі сілком ўпіхваецца ў стаптаныя боты і абноскі камуністычнай ідэалогіі. Сказала, што нават калі і няма заказу на тэкст, дык і так яго апублікуе, а апроч таго вельмі хоча паехаць са мною ў Віцебск. Прапанавала, каб мы разам спалі ў гатэлі, што дадало б нашай паездцы яшчэ большага румянцу. Даўно мы не спалі разам, і я паглядала на яе з усё большым апетытам.
Развіталіся на тры гадзіны. Я паехала пакаваць свае рэчы, залатвіць сякія-такія справы ў горадзе. На кухні пакінула Марку запіску, што некалькі дзён мяне не будзе, што цалую ў самы кончык яго цудоўнага красунчыка і тут жа нарысавала яго на паперцы. Вельмі востры.
І ўжо неўзабаве, паполудні мы сядзелі ў віцебскім аўтобусе. Адразу за Раўбічамі яна паказала мне краявід, якога такога я ў Беларусі яшчэ не бачыла і ўбачыць не разлічвала. Гэтыя мясціны называюць беларускай Швейцарыяй. Несустраканы яшчэ кантраст паміж плоскай і балоцістай панарамай, якую бачыш у дарозе да Берасця, альбо багністымі, лясістымі нетрамі каля Магілева і гэтым узгорыстым краявідам, падобным на Бяскіды ці Бяшчады. Адразу за Лагойскам мясцовасць выроўніваецца, а ўжо ў ваколіцах Лепеля - звыклы лясны ландшафт з невялікімі ўпадзінамі і пабітай асфальтавай дарогай, на якой аўтобус падскоквае, вытрасаючы з пасажыраў усякую ахвоту прыкархнуць.
Згадалася апавяданне Ўладзіміра Арлова, як ён падарожнічаў гэтай трасай і, праязджаючы кожнае мястэчка-прыпынак, успамінаў людзей, найчасцей дзяўчат, з якімі звёў яго лёс на розных прыпынках жыцця.
Дабіраемся да Віцебска. Сузіраем з-над Дзвіны шагалаўскія краявіды. Горад такі смутны і шэры. Яна расказвае мне пра фестывалі, якія летам на некалькі дзён у год ажыўляюць горад і яго наваколле. Прыязджаюць вялікія зоркі расейскай эстрады. Аднаго разу такі малады талент Васіль Баканаў - гэты Павароцці Садружнасці Незалежных Дзяржаў (ім заўсёды мусова мець нейкі эрзац - у вытворчасці лядоўняў, самалётаў і зорак эстрады) прывітаў публіку воклічам, што, бачыце, шчаслівы, што сёння можа спяваць на Ўкраіне. Нічога сабе. Што значыць нейкаму артысту-маскалю прабздзецца ў Астрахань, Адэсу, Менск, Кіеў ці Віцебск. Раз плюнуць. А тутэйшыя людзі нават ніяк не зрэагавалі. Савецкае атупленне, залітае морам гарэлкі і нічым не абгрунтаванага кайфу.
Ідзём у гатэль. Шэры высокі будынак у цэнтры горада. Пануры і негасцінны. У холе сноўдаецца пільнае вока, якое адразу, як толькі мы ўвайшлі, падскоквае і пытаецца, чаго нам трэба. Паказваем на акенца адміністратара і падыходзім зарэзерваваць нумар. У адміністратарскай пуста. За перагародкай чуюцца, аднак, вясёлыя галасы. Мужчынскія і жаночыя. Нейкая ў іх там бяседа. Хвіліну чакаем, але ніхто не падыходзіць. Нарэшце яна не вытрымлівае і ідзе за перагародку. Я на паўкроку за ёю. З цікаўнасці. Сапраўды некалькі асобаў сядзяць за невялікім столікам. Падымаюць кілішкі з чарговым тостам. Убачыўшы нас, адміністратарка нервова падымаецца і незадаволена пытаецца, чаго мы хочам. Чаго ж можна хацець у адміністратара гатэля паполудні? Гасцей відаць няшмат. Сонная атмасфера і мала жыцця. Я запаўняю складаны фармуляр, у якім апытваюць, бадай, ці не пра ўсё на свеце. Яна стаіць збоку і іранічнай усмешкай квітуе кожнае маё ўголас сказанае слова з картачкі. Што ўпісаць, а што не? Адміністратарка пасля пытання не вытрымлівае маёй упартасці і злосна адварочваецца. На хвіліну зноў знікае за перагародкай, дзе яе чакае новы тост. Я пакорліва запаўняю фармуляр, падрыхтоўваю грошы і не маю ніякай ахвоты да закалотаў. Чакаю хвіліну, адміністратарка выходзіць гуллівая пасля чаркі і забірае ў мяне дакументы. Яшчэ раз пытаецца, колькі ночаў я буду ў гатэлі, падлічвае суму, аддае картку і кажа заплаціць у суседнім касавым акенцы. Там касіркі таксама няма. Убачыўшы на маім твары пытанне, крычыць убок застолля за перагародкай. «Вольга! Прымі грошы!» Тоўстая і расчырванелая ад алкаголю Вольга ўточваецца на сваё службовае месца, і адразу яе радасны твар мяняе выраз. Яна робіцца засяроджанай, важнай і сюд-туд з падазрэннем зіркае ў мой бок. Лічыць грошы, выпісвае квіток. Вяртаюся з ім да адміністратаркі і, аддаўшы пашпарт, атрымліваю невялікі металічны ключ з вялікай алавянай ці, можа, сталёвай біруляй. Яго немагчыма насіць у кішэні.
Ідзём да ліфта, на якім залатымі літарамі ўвекавечаны прозвішчы найбольш знакамітых гасцей гатэля. Лукашэнка, Алексій ІІ - патрыярх, Ала Пугачова, Міхаіл Гарбачоў, Піліп Кіркораў. Астатнія прозвішчы нічога мне не гавораць. Мабыць, маскоўскія ўладцы альбо эстрадныя артысты.
Парт'е ўважліва прыглядваецца да нас і інфармуе, што сяброўка можа тут быць толькі да вечара, у іншым разе павінна прапісацца. Я ківаю галавою, і мы ўваходзім у ліфт.
У пакоі звыклы савецкі смурод, прыліплы да ўсяго - ад мэблі да сцен, да пасцелі на шырокім ложку. Адчыняю акно і гляджу ўбок віцбескага амфітэатра. Марозна, змяркаецца. Рашаем пайсці прагуляцца. Хачу агледзець горад, акунуцца ў атмасферу Шагала, Малевіча, Кандзінскага. Ці засталося што-небудзь з гэтага?
Хуценька гатую каву, гэтак жа хуценька выпіваем, а яна мне крыху расказвае пра музей Шагала - маленькі дамок жыдоўскага купца ў прамысловым раёне, дзе зладзілі экспазіцыю, імітуючы аўтэнтычную ўнутраную планіроўку дома і лаўку канца дзвятнаццатага стагоддзя. Не ведаю, ці будзе яшчэ сёння адчынена, бо ўсе ўжо пачынаюць святкаваць стары Новы год, г.зн. «сільвестра», паводле грыгарыянскага календара. Сіла традыцыі і кансерватызм - уражлівы вынік у гэтай матэрыі.
Цэлы вечар шпацыруем па Віцебску. Вяртаючыся ў гатэль, перасякаем сквер у цэнтры горада. Ужо, бадай, некалькі градусаў ніжэй нуля. Але прыемна і свежа. Вакол нас на лаўках, падмурках, камлях паваленых дрэў грамадзяцца купкі людзей. На сурвэтах, газетах, лістах параскладана ежыва, а пасярэдзіне царуе - бутэлька гарэлкі. Народнае гулянне. Святкуюць з транзістарамі, салонымі гуркамі, у цяжкай для зразумення і вытлумачэння атмасферы весялосці. Расейскі поп, у сваёй бяздумнасці падобны да нашага дыска пола, разліваецца, перакідаючыся ад групкі да групкі. Бліжэй да вуліцы некаторыя ладзяць папойку вельмі своеасабліва і вынаходліва - на капоце ці на даху прыпаркаванай машыны. Усярэдзіне можна пагрэцца, а акумулятар сілкуе мініятурны тэлевізар.
Мы няспешна пасоўваемся ўздоўж гэтага тэатра жыцця. Людзі калышуцца то ў рытм музыкі, то ў такт абвяшчаных тостаў. Стары Новы год.
Бачым, як два п'яныя разахвочаныя юнакі забапалу лапаюць дзяўчыну. Дзяўчына ўжо залітая ў тры дупы і крочыць шырокім размашыстым вальсам. Можа, яе цягнуць у корчыкі, каб даць выйсце свайму юру.
Над амфітэатрам штораз выстрэльвае нейкая вайсковая марціра. Агонь перакідаецца то на адзін, то на другі бок і знясілена падае ў снег. Мы замерзлі. Час вяртацца ў гатэль. Але атмасфера толькі яшчэ раскручваецца. З падваротняў і завулкаў паяўляюцца падхмеленыя групкі хлопцаў. Большасць іх - гэта амаль налыса паголеныя васемнаццаці-дваццацігодкі. Бледныя ў тварах, але ад выпіўкі на пашчэнках і насах праступаюць чырвоныя плямы, якія яны расціраюць скарчанелымі далонямі. Плююць, смачна сморкаюцца ў заціснутыя на носе пальцы. Апранутыя ў цёмныя кароткія куртачкі, худыя, цыбатыя, як патыкі, ногі. Кіпіць у іх маладое жыццё, гэта, бадай што, адзіная крыніца энергіі. Лезе з іх гэта як прэсная, сялянская прага жыцця. Усё, што вакол іх, - убогае, нэндзнае, панурае і жалю вартае ў сваёй бяссэнсавасці.
Яна дзеліцца са мною набытым досведам, што большасць з гэтых хлопцаў - гэта альбо былыя выхаванцы папраўчай калоніі, альбо будучыя зэкі, якія яшчэ пагараць на чарговым крадзяжы, узброеным нападзе, альбо пазней, калі пойдуць на адсідку пасля некалькіх гадоў буянай і загульнай жытухі і службы ў якой-небудзь мясцовай мафіі. Гэта ў лепшым выпадку, бо то ж яшчэ кожнае мае шанцы рыгнуць душою ў перастрэлцы.
Пакуль што Віцебск яшчэ здаецца спакойным, сонным мястэчкам, умаляваным у зімовы пейзаж, і моладзь, якая швэндаецца па вуліцах, нягледзячы на нашыя страхотлівыя ўяўленні, - гэта толькі крыху няветлівыя хлопчыкі. А іх многа і шмат. Напэўна зашмат, каб на ўсіх хапіла месца ў папраўчых калоніях і турмах.
Наскрозь прамерзлыя ўскокваем у наш гатэль. Направа ад галоўнага хола дзверы ў бар. Праз дым бачым буфет з напоямі. Толькі гэта можа нас цяпер уратаваць.
Некалькі столікаў, і дрымучая нуда. Купляем чырвонага віна - аж цэлую бутэльку, і просім буфетчыцу, каб падагрэла віно на куханьцы, што ў яе за плячыма. Тоўстая жанчына свеціцца шчырай залатой усмешкай. Знікае на кухні і праз хвіліну з подзіву вартым палітэсам прапануе нам, што ўкіне ў віно пару гваздзічкоў, а цукар вось ён перад намі. Гэта сапраўды выраз нязвыклай сімпатыі. Можа таму, што ўсе тут разумеюць, што ўжо раз гуляць дык гуляй, душа, - пекла ж няма! Некалькі дзяўчат са знуджанымі тварыкамі і задзёртымі спадніцамі прыглядваюцца да нашага свяшчэнадзейства. Праз хвіліну буфетчыца выносіць падагрэтае віно, наліваем у тоўстыя шклянкі, салодзім і азіраемся, выбіраючы зручнае месца, каб можна было азіраць усю залу і бачыць усіх, хто ўваходзіць. Прытыкаемся ў куточку тут жа каля дзяўчат. Тыя, зацягваючыся цыгарэтамі, недаверліва касавурацца на нас. Хлопцаў мала. Я спрабую ўсміхнуцца ім і загаварыць. Нічога не выходзіць. Праходзіць некалькі хвілін. Перакідаемся словамі, грэючы далоні шклянкамі цёплага віна. Яна залётна дакранаецца да мяне, я адразу адказваю, пагладжваючы нагой пад сталом яе змерзлую лытку. Віно пачынае разаграваць. Гамонім, усё больш засяроджваючыся на думках пра блізкую ноч. Да дзяўчат падыходзіць нейкі фраер у скуранцы. Адна з іх, худзенькая брунетка, падхопліваецца і ідзе за ім. Яна зграбная, прыгожа ходзіць, доўгія дагледжаныя валасы пакалыхваюцца на плячах. Мы абедзве сходу пазнаём, што дзяўчаты платныя. За столікам застаюцца яшчэ дзве. Віно дае нам у галаву, і мне раптам прыходзіць думка запрасіць каторую з іх у ложак на ноч. Прашу Яе, каб падышла і спыталася пра іх тутэйшыя стаўкі. Яна падымаецца з шклянкаю віна і смела падсаджваецца за суседні столік. Завязваецца дзіўная і вельмі складаная гутарка. Дзяўчаты не разумеюць, пра што тут заходзіцца. Я далучаюся да размовы. Так, адразу відаць, што зарабляюць акурат гэтым спосабам, а цана - па дамоўленасці. Залежна ад кліента. Часам, калі пад настрой, можна і проста так пайсці, як што мужык у спадобу дасца. Дзяўчаты ўсё яшчэ не ўрубаюцца. Мы па чарзе тлумачым, што хацелі б даведацца, якія тут у Віцебску стаўкі. Нам кажуць, што можа адваліцца і дваццаць баксаў, і пяцьдзсят, і сто. Гэта - як калі выпадзе. Ну добра, тады - за трыццаць. Што значыць за трыццаць? Ну, значыць, што мы маем ахвоту на адну з вас. Возьмем з сабою ў нумар. Дзяўчаты пруцянеюць. Як гэта, лесбіянствам займацца?! О не! Што не, дык не. Яны ўстаюць і перасядаюць за два столікі далей, уцякаюць ад нас.
Глядзім адна на адну, скарыўшыся лёсу. Дапівам віно, але тонка сканструяваны гумор так і пырскае з нас. Якія дурныя няхлюі гэтыя зачуханкі.
Праз хвіліну ў бар зноў заходзіць той фраер у скуранцы. Дзяўчаты паказваюць на нас пальцам і кідаюць пагардлівыя зіркі. Хлопец ківае галавой і аблівае нас халодным, разлічаным вокам.
Мы ўстаём, дзякуем залатой буфетчыцы за хвіліну цяпла і радасці. Ідзём да ліфта. За намі выходзіць хлопец. Калі мы заходзім у ліфт, бачу, як ён гутарыць з парт'е, ківаючы на нас галавою.
Яна папярэджвае мяне, што перад намі яшчэ адна перашкода - дзяжурная на паверсе, у якое ёсць ключ да пакоя, і яна правярае, хто, калі і да каго прыйшоў у госці. Я супакойваю, што няма чаго пераймацца. Бо такі двух дзяўчат правяраць не будзе. Бяру ключ. Дзяжурная толькі прыглядваецца да нас, на хвіліну павярнуўшы галаву ад расшумелага чуллівымі бразільскімі прызнаннямі тэлевізара. Яшчэ не позна. Знікаем за дзвярыма выстуджанага нумара. Хуценька туалет і - у ложак. Засынаем у абдымках і ў пяшчотах, такіх патрэбных, каб сагрэцца і заснуць.
Ноччу - нейкі вэрхал на калідоры, расхваляваныя галасы. Два мужчынскія і дзяжурнай. Стукаюцца ў нашыя дзверы. Падыходжу і пытаюся, што там такое. Міліцыя. Правяраем, ці ўсе прапісаныя. Кашмар, а каторай гадзіне? Гляджу на гадзіннік - амаль другая ночы. Я нікуды не пайду, я польская грамадзянка, прапісалася, заплаціла і цяпер хачу спаць. Дзяжурная верашчыць, пытаецца, ці тая дзяўчына, што ўваходзіла са мною, яшчэ ў нумары, ці ўжо выйшла. Ясна, што даўно выйшла. Калі вы спалі ў крэсле перад тэлевізарам. Міліцыянт яшчэ раз спрабуе бразгатам клямкі змусіць мяне адчыніць, але я палохаю яго, што паведамлю ў консульства, што гэта хамства, парушэнне правоў чалавека і нештачкі там яшчэ. Вяртаюся да ложка ўся ў дрыжыках - не ведаю, ці ад страху і нерваў, ці ад халадэчы. Яна таксама ляжыць халодная, скурчыўшыся пад коўдрай. Тулюся да яе, моцна абняўшы, і так ляжым, чакаючы атакі і высаджвання дзвярэй. Але абышлося - галасы дзяжурнай і міліцыянтаў аддаляюцца і нікнуць углыбіні калідора. Доўга не можам заснуць і ляжым нерухома. Нарэшце засынаем, змучаныя начной калатнёй.