XXXVI


Ужо каторы дзень не магу знайсці яе. Тэлефон на кватэры маўчыць. Ці не здарылася чаго? Тэлефаную па знаёмых. Аня абяцае сяго-таго даведацца. Праз некалькі гадзін падымаю трубку. Ёсць. Знайшлася. Ляжыць у раддоме, пасля аборту. Была-такі цяжарная.

Еду да яе, узяўшы самыя патрэбныя рэчы і крыху прадуктаў. У менскіх бальніцах не раз'ясіся, і я не пэўная, ці адведае яе хто-небудзь. Бо ж яна-такі старалася ўтоіць гэта ад знаёмых.

Ужо вечар. Пануры вечар у поўнай болю, бяды і змрочнага святла неонавых лямпаў бальніцы. У доўгім калідоры шукаю палату, называю нянечцы імя і прозвішча пацыенткі. Яна праводзіць мяне да дзвярэй. Адчыняю і бачу яе недаўмёную ўсмешку. Сапраўдныя сябры пазнаюцца ў бядзе.

Яна хоча патлумачыць, што марна спрабавала ўтоіць ад мяне факт сваёй непажаданай цяжарнасці і рашэнне пра аборт. А я ж бы ёй нейкае рады дала. Не ведаю яшчэ чым, але, прынамсі, была б з ёю. Так проста, як сябар у бядзе, у добрым і благім.

Яна была на другім месяцы. Рашылася, бо не хацела дзіцяці. Яно ўзаконіла б страту яе свабоды на карысць нейкага расейскага валацугі. Яна ўжо раней парахавалася з ім, бо залішне моцна кпіў з яе і яе памкненняў. Дзіма. Гэты расеец упісаўся ў беларускі краявід. Як гісторыя акупанта, салдата, што прыйшоў пакарыць народ, развеяць яго туманныя летуценні пра свабоду і неакрэсленую тоесамасць. Прыйшоў, ды так і прысмактаўся.


Рашэнне яна прыняла сама, хутка і без лішніх сумненняў маральнай прыроды. Калісьці ў нас была дыскусія, і мы ледзь не пацапаліся. Я прыхільніца кантрацэпцыі, але жыццё дзіцяці, калі б яно паявілася ўва мне, лічыла б самым каштоўным. А ў ёй выбухнула нянавісць да такога ўпарадкаванага мыслення. Яна поўная супярэчлівасці. З аднаго боку сумуе па мяшчанскай Празе і спакоі пад бокам у багатага мужыка дзеля таго, каб тут жа паказаць усяму гэтаму язык і ўцячы. Як я люблю яе за гэтую непаслядоўнасць... Але што гэта за каталіцызм, дзе тут тая заходняя цывілізацыя?

Хапаю яе за руку. Бледная, потная, маленькая далонька. Адгортваю з твару валасы і далікатна цалую. Яна заплакала. Ад бяссілля, тугі і самотнасці. Не ведаю. Плач нарастае, ціхі, з усхліпамі. Цалую яе слёзы, што як гарох, коцяцца па шчоках, на хвілінку прылягаю да яе, дзелячы ўсю яе бязраднасць і пачуццё бяссілай роспачы.

Крыху супакоіўшыся, яна пачала расказваць пра апошнюю ноч. Пра панурыя свяцільні і цені дрэў за акном. Раскалыханыя клёны як бы літасціва падтаквалі галечы такога існавання. Не спала цэлую ноч. Як згрызота сумлення адгукнуліся ўсе размовы з ксяндзом у катэдры. Яе каталіцкасць пацярпела катастрофу. І, можа, яна і не пераймалася б гэтым так моцна, калі б не факт, што калісьці ж яна сама зрабіла свой выбар.


Загрузка...