XXII
Зямля Беларусі! У гуле і звоне
Сягоння ўздымаешся вольнаю ты,
Грымяць батарэі, імчаць эскадроны,
Цябе вызваляюць з прыгнёту-палону
Упоплеч з сынамі са ўсходу браты...
Не залпы гарматаў, а сотні вясёлак
Пад снежаньскім небам высока лятуць.
О, як асвятляе чырвоны наш золак
Твае гарады і калгасныя сёлы,
Што болей і болей з няволі ўстаюць.
А ветры спяваюць чужынцам хаўтуры,
Ім некуды дзецца ад грозных байцоў,
Што йдуць з Украіны, Сібіры, Амура.
Ні снег, ні марозы, ні буры-віхуры
Ніколі спыняць гвардзейскіх палкоў.
Да іх партызаны выходзяць сям'ёю,
На ўсю Беларусь узлятае святло,
Хай нашы палеткі абліты крывёю,
Ты мужнаю ўстанеш і яснай вясною
Рамонкамі зноўку расквеціш чало.