XXIII
Зямля Беларусі! Тваімі шляхамі
Мы рэйкі праложым, збудуем масты,
Равы зараўнуем, засыплем плугамі,
Сялібы абсадзім густымі садамі,
На кожнай галіне расправім лісты.
Саберамся ў новай сасновай мы хаце,
Пасадзім бярозку пад самым акном,
Прыберам сірот у кужэльныя плацці,
На покут пасадзім старэнькую маці
I сядзем за радасным нашым сталом.
Мы пройдзем па вуліцах Мінска-сталіцы,
Прыберам руіны, агледзім муры,
Высока-высока ўзвядзём камяніцы,
I зноўку над імі святло заіскрыцца
У промнях вясёлых чырвонай зары.
Мы працаю ўзнімем за горадам горад,
Зялёнаю рунню засцелем палі.
I будуць над борам бурштынныя зоры,
I будуць спяваць нам крыніцы, азёры
I шумныя рэкі на роднай зямлі.
XXIV
Зямля Беларусі! Мы знаем — нямала
Загінула ў бойках адважных сыноў.
Мы верым, што знішчана будзе навала,
Бо ўсіх нас адзінаю воляй з'яднала
Магутная партыя бальшавікоў.
Яна нас нязломнымі навучыла,
Нідзе не баяцца ніякіх нягод,
У дні навальніцы давала нам сілу,
Праз моракі ночы заранкай свяціла,
Дала нам арліныя крыллі ў палёт.
Яна ўзгадавала нас дбайна, старанна,
Дала неўміручы, жыццёвы наказ.
Як з кроплі да кроплі гудуць акіяны,
Так мы загартованы ў ёй і сабраны,—
На свеце ніхто не падолее нас.
Славутыя сцягі ўздымаюцца горда
Па грозных напрамках ваенных дарог,
У братнім яднанні сям'ёю народаў
Ідзём мы наперад упэўнена, цвёрда,
I ўсходзіць над намі зара перамог!
XXV
Зямля Беларусі! Радзіма герояў!
Сягоння ў змаганні бязмежная шыр.
Ты ворага знішчыш, бо заўжды з табою
Народы Саветаў з адданай душою.
Ты шчасце сустрэнеш і радасны мір!
Як толькі з вайною на мірныя гоні
З'явілася зграя чужынцаў ліхіх,
Ты ўся паднялася пад сцягам чырвоным
I, мужна зрываючы путы палону,
Жывеш партызанкай між дзён баявых.
Зямля Беларусі! Палямі, барамі
Тваімі вакол вызваленне ідзе,
Праз буры-віхуры і снежную замець
Гвардзейцаў праходзяць палкі за палкамі,
А іх сустракаюць мільёны людзей.
Ідуць яны — сонца ўздымаецца, свеціць
Ад горада ў горад, з сяла да сяла.
Па ўсёй Беларусі і маткі і дзеці
Гавораць сягоння ад шчырага сэрца:
— Народу і партыі нашай хвала!