Сонька

Бабка Сонька адышла ў сакавіку, разам з апошнім снегам.

З раніцы склала ўсе свае рэчы ў стары, невядомай даўнасці шлюбны куфар, зачыніла века, на прабой павесіла замок і перакрунула ключ. На счарнелым баку скрыні засталіся фіялетавы касцюм і белая майка. Раней апранула іх на сябе толькі адзін раз. Было гэта два гады таму, у краме. Разглядала вопратку доўга і дакладна, правяраючы ў люстэрку, ці бель трымае гармонію з фіялетам, і ці фіялет добра сінхранізуе з сівізнай валасоў, а матэрыял — ці напэўна адпаведнай якасці і пры першай нагодзе ці не пойдзе ў складкі і ці не пакамечыцца. Рэчы важныя, звышчасовыя нельга купляць легкадумна, абы хутчэй, кінуўшы адным вокам, або — што горшае — кіруючыся заклікамі актуальнай моды. Касцюм быў беззаганны — як два гады таму, так і цяпер. Зараз, на ўсялякі выпадак прымерыла толькі боты. Шмат дзён прастаялі яны бесклапотна ў кардоннай скрыначцы ў шафе, калі ногі за той час пратапталі не адну сцежку і здаралася ім стаміцца, апухнуць, згубіць штодзённую форму. Ды так ці іначай, праверыць боты перад доўгай дарогай не лішняя справа. Але карычневыя паўчаравікі сядзелі ідэальна, заяўляючы гатоўнасць да вандроўкі ў найдалейшы шлях. “Якраз. Лёгкія і не ціснуць”, — падумала яна і паставіла іх побач з куфрам.

Затым цэлы дзень размаўляла з дзедам Уладзімірам. Насамрэч размаўляла сама з сабой, але гутарка была ўсётакі падрыхтоўкай да сустрэчы з ім. Перакідала некалькі разоў кожнае слова, разглядала яго з усіх бакоў — якое ўзяць з сабой, якое сказаць як першае і як апошняе, і яшчэ якое лепей пакінуць назаўсёды тут. Цягам дзесяцігоддзяў назбіралася шмат імёнаў і здарэнняў, ды не ўсе ж яны заслугоўваюць вечнага існавання.

Вечарам бабка Сонька паклікала ў хату сыноў і мяне, як адзінага свайго ўнука. У гасцінным пакоі чакаў столскладанка. Даўно таму, калі дом быў шматлюдны і гаманлівы, стол так і стаяў — штодзённа расцягнуты на поўную даўжыню. З адыходам кожнага сына стол сціскаўся, скарачаўся, аж, дасягнуўшы мінімальнага памеру, застыў пад белым абрусам. Цяпер яна расцягнула яго зноў, а наўкола паставіла шэсць крэслаў.

— Сядайце, хлопцы, — сказала, паказаўшы рукой месцы за сталом, і мы селі, расставіўшы локці на белым абрусе, і толькі маленькае крэсла Сашкі засталося пустым.

— Ну, што там, — першым азваўся Антон.

— Прыйшоў час.

— Час?.. — не зразумелі. — Які час?..

— На той свет... Заўтра, — сказала будзённа, нібыта мэтай заўтрашняй вандроўкі была не вечнасць, а кіёск па другі бок вуліцы або ранішняя лапатня з лепшай суседкай.

— І ўжо заўтра? Гэта што, па тэлевізары так сказалі ці бацюшка ў царкве аб’явіў? — дзядзька Коля выскачыў жартам, але бабка нават не ўсміхнулася.

— Заўтра ўсё тут будзе іначай. А мне няма ўжо чаго пры гэтым рабіць. Вы слухаеце мяне?

Не слухалі ні яе, ні саміх сябе. Даўно ўжо страцілі веру ў моц прадчуванняў бабкі Сонькі! А можа жыццё іх перагрузілася, запоўнілася па берагі і не было ў ім месца ні на сваю, ні на чужую смерць? Як ні дзіўна, ад нешчаслівых пачуццяў сцежкі Антона і Колі зноў пачалі набліжацца, перасякацца, як у далёкім дзяцінстве. І зараз кожны з іх зірыў ці ў сцены, ці ў бясконцасць вуліцы, шукаючы спозненае каханне... Валодзя ж кружыў у сваім асабістым свеце высокіх радаводаў, дзе не месца вясковым забабонам або дробным сардэчным справам. "Не слухаюць", — засумавала бабка.

— А ты, — глянула на мяне і ўсміхнулася. — А ты, ну як жа цябе зваць...

Яна ніколі не магла запомніць маё імя, бо такіх імёнаў раней у нашай сям’і не было. Калі мая маці Стэфанія ўпершыню вымавіла яго, бабка папрасіла паўтарыць яшчэ раз і яшчэ, потым доўга корпалася ў царкоўных кніжках, шукаючы, ці ёсць там такое, але не знаходзіла. Гартала кніжкі адзін дзень, другі і трэці, і ўсё далей паглыблялася ў смутак, і ўсё больш хвалявалася за маё жыццё, названае імем, якога ніхто тут не чуў. І ці знойдзецца ў небе анёл, што ў злую хвіліну разгорне нада мной апякунчыя крылы? Нарэшце яна знайшла нешта падобнае і толькі тады супакоілася. “От, — сказала. — Не зусім так, але ж ёсць. Можна неяк жыць і з такім імем”.

— Ну, як жа цябе зваць, — старалася прыпомніць маё імя, але яно не вынырвала. — Вось табе і на. Нават Уладзіміру заўтра не скажу, хто ты. Як бы і няма цябе!? — здзівілася. — Ды нічога, няхай застаецца ўсё, як ёсць.

Познім вечарам бабка Сонька прылегла ў ложак і памерла. Сама, адна, бо мы, не давяраючы яе словам, разышліся кожны ў свой дом.

Калі бабку паклалі ў труну, я прыгадаў яе аповед пра расшчэпленае перуном дрэва, з якога выйшлі мужчына і жанчына. Яго звалі Валодзем, яе Сонькай. Былі першымі. Цяпер Сонька апошняя, загорнутая ў дрэва, выключнае па сваёй форме, на чорнай машыне ехала на могілкі, а вуліцамі Мястэчка ішлі легкавушкі і было іх значна больш, чым у другія дні. У сваёй маладой наіўнасці я падумаў, што гэта людзі з усяго свету з’язджаюцца на развітанне з бабкай Сонькай. Думка была зусім слушная — чалавек, з якога пачынаўся наш свет, не адыходзіць, пакуль не развітаюцца з ім усе, хто застаецца ў жывых. Але чужынцы не спыняліся. Не звяртаючы ўвагі на разгорнутыя ветрам чорныя харугвы, мацней націскалі педалі газу ў сваіх машынах, абганялі маруднае пахавальнае шэсце і кіраваліся ў цэнтр Мястэчка.

“Вечная памяць”, — бацюшка Сцяпан пакрапіў жоўты копчык, а дома, за хаўтурным сталом, за другойтрэцяй чаркай, калі жывыя, канчаткова развітаўшыся з мёртвымі, зноў вяртаюцца да сваіх спраў, ён пацікавіўся:

— А колькі ж было гадоў нябожчыцы? Бо нават і на шыльдачцы не напісалі. Імя, прозвішча толькі... А колькі гадоў пражыла — не напісалі...

Усе глядзелі то на бацюшку, то адзін на аднаго і здзіўляліся. Толькі цяпер зразумелі, што ніхто не ведае, колькі яна пражыла. Ніхто і ніколі не пытаў бабку Соньку пра яе дзень нараджэння. Нашае жыццё ішло ў фальшывым перакананні ў яе несмяротнасці, а тое, што не памірае, ніколі ж і не нараджаецца.

— Паедзем, — сказала маці, калі разышліся ўсе сваякі і знаёмыя. — У нас таксама няма тут ужо ніякай справы.

Абмінуўшы бацьку, які пасярэдзіне пакоя сядзеў на кукішках і гартаў нейкія паперы, яна пачала складаць рэчы. Але бацька не бачыў нас. Ён таксама збіраўся ў дарогу. А можа, быў ужо на шляху, дзесьці за Чаромхай перасякаў якраз дзяржаўную мяжу, бо калі маці праходзіла побач з чарговым клункам у руках, працягваў лісток паперы, апошні шматок сваіх сшыткаў, што цудам выратаваўся з пажару.

— Вось мой пашпарт, вось ён, глядзіце. А багаж? Панове мытнікі, ну які ў мяне багаж? Толькі шчасце і нічога больш. Во, тут яно і тут, і тут, — выварочваў кішэні, разгартаў полы пінжака. — Толькі шчасце, панове, бо еду туды, дзе маё месца.

Калі маці зачыняла апошнюю валізку, бацька крочыў ужо вулачкамі Высокага. Шпацыраваў каштанавай алеяй сапегаўскага парка, прыпыняўся ля заімшэлай сажалкі, перакідваўся словам з рыбакамі, кіраваўся да зруйнаванага замка. Разгартаў крапіву, што заўзята падымаецца на палацовыя сходы, і на сыходзе жыцця стаўляў след там, дзе павінен ён быў адціснуцца ў самым яго пачатку...

Тым часам у нашым Мястэчку натоўп незнаёмых людзей плыў цэнтральнай вуліцай, рассыпаўся ў завулкі паміж паасобнымі дамамі. Змятаў усё, што траплялася пад рукі. Зрываў шыльды і старыя тынкі, разбіваў вітрыны. Руплівыя рукі выносілі з рэвалюцыйнага музея чырвоныя сцягі і агітацыйныя бюлетэні. Між Ленінам і Марксам ляжаў на тратуары дзядзька Ваня. З васковага партрэта глядзеў у сакавіцкае, кудлатае неба і пытаў нямым позіркам: “А гэта што робіцца? А хто вам дазволіў?”

Людзі тапталіся па непатрэбных агітках і партрэтах, і калі б дзядзька Ваня добра выструніў вуха, пачуў бы іх размовы: “У рэвалюцыйным музеі знойдзе прыстань пачатковая школа, хай маладое пакаленне вучыць там новую гісторыю”.

За першай хваляй ішла другая. Гэты натоўп абкладаў старыя дамы новымі тынкамі, размалёўваў вітрыны экзатычнымі кветкамі і словамі, на свежа пафарбаваныя сцены вешаў новыя шыльды. У лазні пасяліў тэлекамунікацыйную фірму, у Дом партыі закінуў філіял політэхнічнага інстытута, а ў кінотэатры, спыняючы ў палове апошні сеанс, загружаліся халадзільнікі, тэлевізары, пральныя машыны.

Над Мястэчкам стаяў пах свежай вапны, перамешаны з водарам фарбы, і быў ён мацнейшы за духмянасць соснаў і ялін.

Між натоўпам цішком прабягалі мясцовыя сталяры, адчайна шукаючы дарогу да дому. Але не маглі яе знайсці, бо ўсе вуліцы змянілі свае імёны, а час паскараў крок і даводзіў людзей да пазіцыі маленькага жучка, што, згубіўшы арыентацыю ў бліжэйшым наваколлі, хаатычна круціцца наўкол сваёй бліскучапанцырнай восі. І сталяры бралі напрамак на адзіны, пакуль нязменны арыентацыйны пункт у Мястэчку. На фабрычны комін. Як апошнія струменьчыкі адыходзячай зімы, сплывалі да фабрычнай брамы і там спыняліся. Брама сустракала іх непранікальнай, непахіснай сцяной, і вартавалі яе незнаёмыя вахцёры. І зноў сталяры адступалі назад, і беглі да Дому партыі, на ляту, у думках, складаючы кіпячыя літаніі скаргаў і пратэстаў, але там не было ўжо каму іх слухаць.

Вечарам, калі мы з маці ішлі на вакзал, усё супакоілася, і Мястэчка рыхтавалася спаць. Згасалі вокны і зачыняліся дзверы ў сённяшні дзень і ва ўсе ранейшыя дні, месяцы, гады — у той час, за які не нарадзіўся тут ні адзін геній, але не прыйшоў на свет таксама ні адзін дарэшты злы чалавек, за каго трэба было б саромецца доўга, цэлым чарговым жыццём.

На панадворку бабкі Сонькі час забіваў у зямлю камяні новых фундаментаў, выціраў сляды, прыкрываў усё травой і, стомлены працай, спыняўся на хвіліну.


***

У далёкай будучыні, калі гэтай маленькай краінай зацікавяцца археолагі і раскапаюць старыя фундаменты, разграбуць зарослыя травой сцежкі, зазірнуць у студню з недапітай вадой, яны занясуць у свае вучоныя кніжкі фантастычныя гісторыі: пра эпідэмію чумы, што раптоўна змяла ў нябыт жыццё, пра магічную моц планет, якія, склаўшыся ў непаўторную канфігурацыю, перавялі людзей з аднаго месца ў другое, пра лакальную вайну, без пераможцаў і пераможаных. Бо ўсе загінулі.

Загрузка...