З таго дня Валодзя Іванюк, калі ён упершыню паддаўся сумненням, ці ў ягоных вачах ёсць, прынамсі, адна іскрынка ад вачэй старога Уладзіміра Іванюка, часцей пачаў гасцяваць у сшытках, запісаных доўгімі дзесяцігоддзямі. Гартаў старонкі, перачытваў асобныя словы і радкі. На адных радках ягоны твар закрывала чорная хмара, на іншых вусны расхіляліся ва ўсмешцы, яшчэ якія пераскокваў абыякава, не паглыбляючыся ў нутро літар. Часам заходзіўся гучным рогатам. Тады бесцырымонна вырываў лісток і кідаў яго ў печ. “Дурніца якаясь. Так не было, бо не магло так быць. Няўжо гэта я запісваў?” — папракаў сваю маладую наіўнасць.
Вечарамі на доўгія хвіліны ён спыняўся каля люстэрка. Абмацваў пальцамі нос, шчокі, вусны. Абапіраючы падбародак на ўказальны палец, нерухамеў у саноўнай позе. “Напэўна ж не абыхто я. Такі твар не даюць першаму сустрэчнаму”, — сумненні падступалі хвалямі і прымушалі яшчэ глыбей зазіраць у сябе. І чым далей у сябе заходзіў, тым больш пытанняў выносіў, вяртаючыся назад. Часам сустракаўся ў люстры з тварамі братоў. Былі звычайныя, будзёныя, як і ўсе астатнія ў Мястэчку. “Чаму такая вялікая розніца між намі?”, — здзіўляўся.
Аднойчы вечарам, калі зайшла да нас бабка Сонька, Валодзя спытаў, быццам мімаходам, не зводзячы вачэй з шкляной роўнядзі:
— Мама, а які быў пан Драгабыцкі?
— Пан Драгабыцкі?.. — не адразу зразумела, пра што яе пытаюць. — Ах, пан Драгабыцкі... Працаваў там твой бацька. Фурманіў, пакуль не пажаніліся мы. А пан аказаўся нядрэнны, нават ялавіцу не пашкадаваў яму на добры пачатак. Госпадзі, як даўно ўсё тое...
Шукаючы шлях да сябе сапраўднага, Валодзя забягаў у старыя фатаграфіі. Было іх няшмат і, кпінай лёсу, самая зараз важная, самая жаданая канула як камень у ваду. Гартаў папкі, тоўстыя ад усялякіх папераў, раскопваў шуфляды і паліцы. Рукамі адчаю ныраў у кішэні старой вопраткі, забытай, дажываючай век на гарышчы. Траплялася ў рукі ўсё, ды — як звычайна ў жыцці — не тое якраз, што шукаецца. Аднойчы крадком залез у куфар бабкі Сонькі, які мог быць равеснікам свету ды прыхоўваць пад счарнелым векам усе таямніцы сям’і. Дарма. Апроч вытканай на кроснах капы, нічога там не знайшлося.
А тую фотакартку прыпамінаў з дзяцінства. У старой хаце яна прыхарошвала сцяну так доўга, што перасталі на яе звяртаць увагу. Была там ці не, калі разбіралі дом і ад’язджалі ў Мястэчка? Невядома. Толькі выплывала на памяць затуманенай, пажаўцелай плямай — брычка, конь, малады фурман сціскае ў далонях ляйчыну, за спіной фурмана пан Стасінак.
— Была такая картачка, праўда, — пацвердзіла бабка Сонька, пакліканая на дапамогу. — Каля царквы, на Ўспенне здымаліся. Прыязджаў фатограф, ці не з Бельска, і здымаліся. А які год — забі, не памятаю. І куды прапала, таксама не ведаю.
— А які быў пан Стасінак? — задаваў Валодзя чарговае пытанне.
— Пан Стасінак? Ах, пан Стасінак. Сын старога пана. Прыгожы. Вочы чорныя, бліскучыя... І конь у яго быў, Султанам клікалі. Белы, як з восеньскай iмглы выліты. А як падрываў капыты, як раскiдваў грыву! Глядзiш і не ведаеш — дзе канчаецца конь, а дзе пачынаецца вецер...
На ўспамін далёкай маладосці твар бабкі Сонькі святлеў і ўсміхаўся, але чарговая думка сцірала ўсмешку, паварочвала ў смутак:
— Пана Драгабыцкага першыя саветы расстралялі, а Султана зварылі і пасяклі на гуляш другія саветы. І пан Стасінак не выратаваўся. Збег у Варшаву, але там немцы ў паўстанні ўтрупянілі. Але памёр прыгожа. Шаблю ў далонi сцiснуўшы, клубком жывой адвагi пайшоў на бяздушную кучу жалеза, якую танкам называюць.
Валодзя вяртаўся да люстэрка, а паўсвятло адвячорка распальвала ў ягоных блакітных вачах чорныя, бліскучыя ліхтарыкі. За дзвярыма шкла і часу ўсё выразней маляваўся прасторны дзядзінец двара пана Драгабыцкага, стайня, фурман Іванюк побач з белым канём...
— Закладай, Уладзімір, Султана ў аглоблi. Махнемся ў свет, на вёску зiрнем, — пан Стасінак выходзіў з люстра, асцярожна зачыняў за сабой шкляныя дзверы, садзіўся ў брычку.
I ехалi — у лес, у поле... А таксама на рэчку. У апошняе лета туды якраз часцей. За Старыной, за мосцiкам, не даходзячы да пушчы, рэчка запавольвае крок, прыпыняецца шматлiкiмi паваротамi, утульваецца ў ляшчыны, калiны, дзiкiя парэчкi. У такiм вось месцы сустракаецца пан Стасiнак з Сонькай. Сонька заўжды з'яўляецца першая. Распранаецца, заходзіць у рэчку, летняй вадой змывае стому прамінулага дня. Ад сонца, што какетліва ападае ў абдымкі гарызонту, яе аголенае цела наліваецца колерам маладой медзі і спружыністасцю царкоўнага звона. Пан Стасінак падкрадваецца да Сонькі, агортвае спiну, а яна, бы срэбная ртуць, выкоўзваецца з ягоных абдымкаў, абарочваецца, жыватом утульваецца ў ягоны жывот, запускае пальцы ў густую чупрыну i калышацца — унiз i ўверх, унiз i ўверх, аж рэчка, чырвоная вечаровым сорамам, выходзiць з берагоў.
Калі сонца дашчэнту згасае, фурман Уладзімір разгортвае ляшчынавы змрок. I не цiкавасць, а празаiчны абавязак кiруе ягонымi рукамi. Мабыць, спынiлася хiстанне летнiх хваляў, мабыць, час закладаць Султана ды вяртацца ў двор. I праўда, рэчка варочаецца ў свае натуральныя берагі, панiч Стасiнак выбiраецца з зялёнага кустоўя. Стомленым жэстам супакойвае расчохраныя, мокрыя валасы.
— Эх, жанчыны. Якi ж у мяне клопат зза iх. Але ж абы адно такiя праблемы, — усмiхаецца, усаджваецца ў брычку. — А ты, Уладзімір, ведаеш, што такое жанчына?
Фурман маўчыць, сочыць за сцежкай, што зiгзагам заходзiць у сырыя вальшыны. На ўзгорку, калi ўжо колы замацуюцца на цвёрдым грунце, цмокне на Султана, таргане ляйчыну, па звычцы больш, бо Султан, не раз i не два разы змерыўшы гэты шлях, паспеў запiсаць у сваю конскую памяць усе неабходныя знакi, што кiруюць у цёплую стайню. За ўзгоркам зверне направа, стукне капытамi аб драўляны мосцiк на Палiчнай, пераскочыць дваццаць сонных домiкаў Старыны, карчму Ёшкi на скрыжаваннi Камянецкага i Баранавiцкага гасцiнцаў. Яшчэ кiламетр сасняку, а затым ужо агароды i шырокi дзядзiнец двара.
— А ведаеш, Уладзімір? Заўтра мы на рэчку не паедзем, — адзываецца панiч. — І паслязаўтра таксама не. А Соньку ўладкаваць трэба. Кажа, дзiця ў яе будзе. Замуж аддаць, бо які тут іншы выхад? Уладзімір!? Падкажы якому кавалеру на вёсцы. Абы не п’янiца ды не гультай, то i кароўку знойдзем, i жыта цэтнераў пяць дакiнем. Няхай Сонька мае... А можа, ты сам скарыстаеш? Сонька, кажу табе, не дзеўка, а жывы агонь.
Брычка паглыбляецца ў сосны, маўклiва ўтуленыя адна ў адну на прыход ночы. Колы стукаюць па хрыбтах каранёў, што здрамнулi пад зямлёй. Чуйна спяць каранi, у кожны момант яны гатовыя падняцца, кiнуцца ў зялёную гонку. Бо адно на хвiлiну расступiўся тут лес — каб чалавек, які iдзе гэтай сцежкай ці едзе ў брычцы, змог зазiрнуць у рэчку зор, пастаўленую ў берагі, вызначаныя сасновымi вяршынямi.
— Складаныя бываюць лёсы людзей, — сказаў аднойчы маёй маці Стэфаніі мой бацька Валодзя. — Хто мы? Адкуль прыйшлі на свет? Жывем сваім жыццём ці чыімсьці чужым, крадзеным? А ці мае яно сэнс? І ці сапраўднае такое жыццё?
Стэфа глядзела на яго, нічога не разумеючы.
Іншым разам, калі яна вярнулася дадому з вандроўкі па местачковых вуліцах, ён, зазіраючы пад капялюш з жоўтай ружай, падзяліўся:
— Ведаеш? У нашай пані Драгабыцкай было шмат капелюшоў. Белыя, зялёныя і жоўтыя. Летнія, павеўныя, што засланяюць твар ад сонца, і фетравыя, на зімовыя завеі. Ды што я тут.... — спахапіўся раптоўна і, чуйна зазіраючы ў вочы Стэфы, працягваў: — У тваёй бабкі, напэўна, не такія капелюшы былі?
— Можа і былі. Напэўна. А ці шмат? — Стэфа адклала капялюш, працягнула руку да паліцы, разгарнула нейкую кніжку. — О, тут ёсць фатаграфія, глянь. Гэта мая бабка Зуза. Сапраўды, капялюсік на галаве. А камянічку, што стаіць за яе спіной, дзед прагуляў потым у карты царскаму палкоўніку, ці генералу.
Напярэдадні калядных або вялікодных святаў Стэфа выштурхоўвала Валодзю ў ларок за мясам. Ішоў туды як на смерць. Ставаў у чаргу, пералічваў людзей наперадзе, а калі дасягаў астранамічнай лічбы ста ці ста дваццаці, прымірыўшыся з бясконцасцю матэматыкі, спыняў падлікі.
— Да вайны, кажуць, дрэнна жылося. Бо паны і беспрацоўе, і хваробы, якія толькі захочаш, і ўсе смяротныя. А чэргі такія ці бачылі ў той час? — пытаў і сам сабе адказваў: — Не бачылі, бо іх не было. Адзін пан Драгабыцкі даваў больш мяса і хлеба, як зараз абыякая вёска.
— Пане! — схiляўся Валодзя над выпадковым таварышам чэргавай нядолi. I, канспiрацыйна зiрнуўшы направа-налева, працягваў: — А ў пана Драгабыцкага дзесяткі гектараў залатой пшанiцы было, кароў сотні, а птушак усялякiх — тысячы. А яны, глядзi, пан, што яны змайстравалi? Цьфу! Талончыкi на мяса.
З часам уяўны свет стаў Валодзю бліжэй за рэальны і разважанні пра мінулую славу не пачыналіся ўжо прэлюдыяй “а ў пана Драгабыцкага”. Падчапіўшыся да чаргі, ён некалькі хвілін абходжваў позіркам суседа наперадзе, кідаў нейкае значнае слоўка, каб нарэшце абыякавым, але ўпэўненым голасам паставіць кропку на гэтым прымітыўным, заслуханым заклікамі ўласнага страўніка, натоўпе:
— Эх, настаў час! А калісьці кожны мой продак хутчэй ужо стрэліў бы сабе кулю ў лоб, скарыстаўшы родавы браўнiнг, чым пагадзіўся б быць замацаваным у чаргу за дваццаць пяць дэкаграмаў паштэта ў бляшанцы.
— А хто ён такі, ваш продак? — чарга адгукалася зацікаўленнем.
— Пан Драгабыцкі! — адказваў Валодзя. І пералічваў скарбы, накопленыя руплівай працай і эканамічнымі талентамі ранейшых пакаленняў. — За мяжой засталося ўсё, — уздыхаў, спаглядаючы ў той бок, дзе сонца выходзіць на сустрэчу з чарговым днём.
— Пан Драгабыцкі, кажаце, — суразмоўцы чухалі патыліцы, хмурылі бровы, шукаючы ў памяці знаёмы твар або голас. І, нічога не знайшоўшы, паціскалі плячыма: можа і быў такі, хто яго ведае. Паноў як сабак было да вайны.
У такую хвіліну, напароўшыся на паспалітае няшчасце чалавечага роду, неразуменне, Валодзя завязваў вусны стужкай нятоенай пагарды і змаўкаў канчаткова. Пад глухое бразгатанне насычаных паштэтам бляшанак адступаў ад месца, дзе пакамечылi гонар яго і ягоных продкаў.
Дома з яшчэ большай заўзятасцю ўгрызаўся ў старыя запісы. Аднак, чытаючы іх, часцей ды часцей заходзіўся рогатам, а няшчасныя лісткі паперы заканчвалі жыццё ў палымяным нутры кафлянай печкі.
Спапяліўшы ўсе свае сшыткі, ён перайшоў на паліцы Стэфаніі. Першыя тыдні круціўся там хаатычна, вызначаючы шлях інтуіцыяй, прадчуваннем, залатымі зорамі літар, рассеянымі на небасхіле кніжных хрыбтоў. У кніжках Стэфаніі замыкаўся цалкам іншы свет і нічым не ёнрыпамінаў таго свету, запісанага ім у старых і нават навейшых сшытках. З першага дотыку ён паказаўся халодным і непрыхільным — каменным, быццам асуджаным на вечнасць.
Спатрэбіўся не адзін тыдзень і месяц, каб зразумелася блытаніна вулачак, абкладзеных чэсанымі камянямі, абведзеных маўклівымі камянічкамі, што, у чаканні лепшых дзён, бавяць час, сціраючы пыл з латунных статуэтак і гербавых фарфораў. Гады праз два ён вывучыў гэты свет, як яму здавалася, з першай па апошнюю літару. І ўжо лёгкім крокам, не разглядаючыся па баках, перабягаў тыя вулачкі. Дзверы камяніц адкрываў машынальна, як адчыняюцца дзверы ў свой бацькоўскі дом, а з пакоя ў пакой ступаў упэўнена, поламі пінжака не звальваючы на падлогу застылыя ў латуні і фарфоры цацкі.
— Пфі! — сказаў ён сабе аднойчы. — Не такі яе свет і страшны. А ў параўнанні з прасторамі Драгабыцкіх тут няма нічога асаблівага. Мы не горшыя за іх.
Але ўсётакі свет, запісаны ў кніжках Стэфаніі, даваў Валодзю дзіўную моц. Ён пачаў адчуваць сябе стваральнікам, адзіным такога роду скульптарам, які не з дрэва, не з гліны, а з неназванай, першапачатковай матэрыі высякае сябе самога, сваю ўласную постаць. Абдорвае яе жыццём і надзяляе лёсам.
Чым далей бацька адыходзіў ад рэальнасці, тым часцей маці стала забягаць у касцёл. Раней заходзіла туды за вялікім святам, раз, два разы ў год, а зараз бачылі яе там кожны тыдзень, кожны другі дзень, а затым і штодзень. Сядала і размаўляла са сваімі святымі. Пра што — я не ведаў. Для мяне ўсё было тут новае і незразумелае, і трэба было нерухома сядзець на лаўках, зусім іначай як у царкоўцы, куды часам трапляў за бабкай Сонькай, і дзе ў чаканні прычасця можна размясціцца па правы бок алтара, побач з мярэжнай перагародкай, што аддзяляе хор ад вернікаў, можна таксама стаіцца з левага, жаночага боку, адразу за дзяўчатамі.
Калі дзяўчаты ўкленчвалі, іх кароткія спаднічкі ахоплівалі адно тое, што неабходна, а калі пачыналася адбіванне паклонаў, ад дзявочага гардэроба заставаліся няважныя шматачкі. Але грэх зазіраць дзяўчатам пад спадніцы, калі да Вялікадня тры або чатыры дні. І тады, высока задзіраючы галаву, можна было сачыць, як пад купал узлятаюць анёлы, шчыльным вяночкам абводзяць архангела Міхала і, прыставіўшы да пульхных вуснаў залатыя трубы, дзьмуць у ягоныя вушы нябеснымі фанфарамі.
У анёлаў былі кароткія і салідныя ногі. Дзякуючы невядомаму маляру, што захапіўся не антычнымі маэстрамі, а дзіўнай сумессю Рубенса з Пікасо, яны нагадвалі постаццю малога Сашку.
У касцёле, задзіраючы галаву, я бачыў толькі белую столь, і заставалася глядзець, як маці шэптам размаўляе з невядомымі святымі, і здагадвацца, што гутарка ідзе пра вяртанне бацькі ў ранейшы свет.
Але каталіцкія святыя не маглі знайсці шлях да душы майго бацькі, бо калі мы вярталіся з касцёла, ён, быццам нічога не здарылася, крочыў з аднаго кута пакоя ў другі кут, паўтараючы адны і тыя словы: “Яшчэ не разгадаліся ўсе загадкі, дрэмлюць яшчэ ў далёкай мінуўшчыне справы, загорнутыя ў чорнае палатно забыцця, і калі зараз не разбудзіць іх, не вывесці пагуляць на свежае паветра, застануцца там назаўсёды”. Аднак, як шукаць шлях у сакрэтны свет, Валодзя не ведаў. Здаралася, пабуджалі яго рухацца ў добрым напрамку размовы з суседзямі. Кожная недаверлівая ўсмешка, поціск плячэй, кожнае насычанае абыякавасцю “можа і быў, хто яго там ведае”, давалі сілу і вызначалі мэту: пакінуць за сабой у гэтых слоўнамімічных дыялогах апошняе слова, пасля якога няма ўжо ніякай недагаворанасці і сумненняў.
Ёсць кніжкі, здольныя змяніць калі не гісторыю чалавецтва, то напэўна лёсы паасобных людзей. Гэтая кніжка папалася Валодзю ў рукі вынікам чыстага выпадку. Лістануў адну старонку, другую, трэцюю і, знеахвочаны, ужо адстаўляў яе на паліцу. Выштурхнутая з рук чуйным крылом анёлаахоўніка, яна шлёпнулася на дыван, раскрылася. З фатаграфіі, гарызантальна расцягнутай на падлозе, глядзеў на Валодзю незнаёмы чалавек. Спазіраў уважліва і адважна. Валодзя прысеў на кукішкі, пальцамі крануў твару на фатаграфіі — асцярожна, як кранаюць вочы чалавека, памерлага хвілінай раней. Але вочы не закрыліся, яны хацелі жыць і з яшчэ большай увагай узіраліся ў Валодзю бліскучымі чорнымі ліхтарыкамі. “Леў Сапега”, — бязгучным шэптам прачытаў прозвішча чалавека на фатаграфіі. “Дзе і калі я бачыў такія вочы? Недзе тут, блізка, учора, сёння... Але ж так, у люстэрку іх бачыў!”, — прыхапіў кніжку і панёсся на сустрэчу з люстрам.
Валодзя трымаў у руках кніжку і не верыў сваім вачам. Праглынуў яе цягам аднае ночы, з раніцы перачытаў другі раз, вечарам трэці. З вечаровай цішыні выразна і рэальна выяўлялася шолахам паперы апошняе адсутнае звяно пакаленняў.
— Мама, — спытаў бабку Соньку. — А праўда, старэйшая пані Драгабыцкая, ну, маці пана Стасінка, яна з Сапегаў была?
— З Сапегаў? — Сонька паціснула плячыма. — А чорт яе ведае. З якіхсьці паноў, але як звалі? Можа, Валкавыцкія або Далэнгевічы? А можа і Сапегі, як кажаш. Пад Высокім, зараз яно за граніцай, трымалі маёнтак. І хутчэй за ўсё — небагаты. Стары пан цяляпкаўся часам у госці да дачкі на абдзёртай цялежцы. А конь — куды яму да Султана...
Аднак ва ўяўленні Валодзі скрыпячая цялежка пераўтваралася ў шыкоўную карэту. Бо чалавек, які дасягнуў моцы стваральніка, можа ўсё. Памыляцца і выпраўляць памылкі. Узнагароджваць і караць, а калі з’явіцца капрыз, ён можа сцерці стары быт і пачаць новы, а брычку, даведзеную да непрыдатнага стану, заступіць экіпажам, запрэжаным шасцёркай коней.
Пад восень конскія капыты пачалі выбіваць новы шлях паміж дваром Драгабыцкіх і Высокім. На пачатку элегантныя карэты бегалі на замак Сапегаў раз у тыдзень, затым два разы, тры. З першым снегам карэты пайшлі на спачын, а ў дарогу, штодзённа ўжо, выпраўляліся не менш элегантныя сані. І калі Валодзя напружваў нюх, даходзіў да яго пах конскага поту, і шэсць хамутоў, спятых лейчынамі ў неразлучную еднасць, вырасталі панад раз’юшанымі грывамі магутнай струной дышля. Востры зiмовы вецер, згушчаны, сцiснуты ў вiхуру шпаркiмi капытамi, граў на гэтай струне бясконцае “у-га-га”. Вясной пан Драгабыцкі павёў панну Сапежанку пад вянец, а выезды прыпыніліся, ахінуліся цішынёй і спакоем сямейнага жыцця. Яшчэ некалькі месяцаў Валодзя сачыў за сцежкамі маладой пары, а калі прыйшоў на свет паніч Стасінак, ён вярнуўся да сучасных праблемаў.
У той дзень, калі Валодзя першы раз спаслаўся на сваіх славутых продкаў Сапегаў, местачкоўцы прапусцілі яго да прылаўка без чаргі.
— Сапегаў ніколі б і ні за што не паставілі ў такую чаргу, — сказаў Валодзя і зрабіў накід маёмасці, якая за апошнія месяцы паспела ўзяць пад сябе ладны фрагмент пространі ды разоў у дзесяць павялічыць жывы інвентар.
— Сотні гектараў залатой пшанiцы, кароў тысячы, а курачак-iндыкаў, колькi iх? Адзiн Гасподзь мог бы пералічыць. Сам замак у Высокім большы за вашу фабрыку. Па той бок засталося ўсё, за граніцай — уздыхнуў і паказаў рукой на пушчу і змоўк.
— Сапегі, кажаце?! І замак большы за фабрыку?! — суразмоўцы, як і раней, чухалі патыліцы нібыта ўсур’ёз, хмурылі бровы, але вочы адводзілі ў бок і з вуснаў і вачэй маленькімі змеямі сплывалі ўсмешкі. З часам змеі пачалі пераўтварацца ў цёплачорных ластавак спагады, каб, нарэшце, застыць у халодных камянях абыякавасці.
Ад такіх усмешак дарога да дому выдоўжвалася ў маленькую Галгофу, у шлях пакуты і крыўды. Балючай іголкай даймала шкадаванне за ўсе родавыя браўнiнгi, пiсталеты, шаблi, у выніку гiстарычнай завiрухi праваленыя глыбока пад зямлю, адкуль дастаць iх зможа толькі якi цуд або чарговая няўдача панi Гiсторыi. I зараз нi застрэлiць каго, нi сабе кулю ў лоб пусцiць. А хацелася прабіць навылет халоднае сэрца пана Стасінка, што для звычайнай выгады аддало яго ў чужыя рукі, і расстраляць мужыцкую прагнасць фурмана Уладзіміра Іванюка, што ялавіцай перакрыла ягоны, Валодзін, жыццёвы шлях, і капітана Жлуктова забіць, і ўсіх іншых невядомых людзей, хто прыклаў руку да ўзнікнення граніцы за Саўчуковай стадолай.
Асабліва даймала граніца. Калі раней яна ляжала на душы халодным лязом, што размяжоўвае на дзве часткі сад пана Драгабыцкага, то цяпер з зааранай паласы падымалася зубатым Цэрберам, шматгаловай гідрай, тупым, непадкупным вартавым, пастаўленым невядома кім і невядома навошта. Ці не з адной мэтай — каб яму, Валодзю, сакрэтнаму сыну паніча Стасінка, а мабыць і ўнуку славутай сапегаўскай дынастыі, зламаць жыццё.