У аднае дзяўчыны валасы былi бялявыя, у другой — каштанавыя; абедзве былi танклявыя, зграбныя; абедзве ўсмiхалiся, абедзвюм добра пасавалi касцюмы з чырванавата-карычневага твiду, у абедзвюх ладныя шыйкi падымалiся са снежна-белых каўнерыкаў, нiбы сцяблiнкi кветак; абедзве добра, зусiм без акцэнту, гаварылi па-французску i па-ангельску, па-фламандску i па-дацку; абедзве добра i без нiякага акцэнту гаварылi на сваёй роднай, нямецкай, мове; гэта былi гожыя законнiцы неiснуючага баства; яны авалодалi таксама лацiнай; i цяпер у асобным пакойчыку паблiзу касы яны чакалi, пакуль каля бар'ера збяруцца групы па дванаццаць чалавек; вось яны танюткiмi абцасамi чаравiкаў пагасiлi недакуркi цыгарэт, спрактыкаванымi рукамi падмалявалi сабе губы i, выйшаўшы за бар'ер, пачалi высвятляць нацыянальнасць наведнiкаў; з усмешкай, без анiякага акцэнту, яны пыталiся пра краiну, адкуль госцi прыехалi, i пра мовы, якiмi яны валодаюць; турысты адказвалi на пытаннi, падымаючы палец: сямёра гаварылi па-ангельску, двое па-фламандску, трое — па-нямецку; потым яшчэ вясёла заданае пытанне: хто валодае лацiнай? Рут, вагаючыся, падняла палец; толькi адзiн чалавек? Лёгкi цень шкадавання на прыгожым твары — з прычыны гэткай малой колькасцi экскурсантаў з гуманiтарнай адукацыяй; толькi тая адзiная паненка належным чынам здолее ацанiць дакладнасць, з якой дзяўчына задэкламуе вершаваныя надпiсы надмагiльных камянёў? Усмiхаючыся, схiлiўшы лiхтар на кiйку, нiбы шаблю, дзяўчына пачала першая спускацца па сходах; пахла муравальным растворам i вапнаю; потым стаў адчувацца пах магiльнага склепа, хоць лёгкi шум выдаваў, што тут дзейнiчае вентыляцыя; без нiякага акцэнту гучалi ангельская, фламандская i нямецкая мовы; турыстаў iнфармавалi пра памеры шэрых блокаў, пра шырыню рымскай вулiцы — вось сходы з другога стагоддзя, вось тэрма — з чацвёртага; паглядзiце, вунь там знуджаныя ахоўнiкi, надрапаўшы на блоку з пясчанiку квадраты, гулялi ў «млын» (як казаў кiраўнiк курсаў, "заўсёды падкрэслiваць агульначалавечыя, побытавыя дэталi"); вось тут рымскiя дзецi гулялi ў каменьчыкi; звярнiце ўвагу на тое, што камянi брукаванкi бездакорна дапасаваныя адзiн да аднаго; вадасцёк, па iм у часы Старажытнага Рыма сцякала брудная вада, пасля мыцця рымскага посуду, пасля мыцця рымскай бялiзны; рэшткi маленькага прыватнага храма Венеры, якi загадаў пабудаваць для сябе пан рымскi консул; у неонавым святле былi вiдны ўсмешкi турыстаў: фламандскiя, ангельскiя ўсмешкi; цi трое маладых немцаў i праўда нi разу не ўсмiхнулiся? Чым растлумачыць глыбiню закладкi падмурка? У тыя часы глеба, на якой вялася будоўля, была яшчэ забалочаная, зялёныя грунтавыя воды, якiя напаўнялi раку, булькаталi ў шчылiнах скалiстай пароды. Цi чуеце вы праклёны германскiх нявольнiкаў? Пот сцякаў са светлых броваў на белыя твары, рабiў вiльготнымi светлыя бароды; з вуснаў варвараў выходзiлi поўныя алiтэрацый праклёны: "З ран i гора, прынесенага праклятымi прыхаднямi, народзiцца выснаваная Вотанам помста-адплата — гора iм, гора iм, гора!"
— Крыху цярпення, шаноўныя панi i панове, яшчэ некалькi крокаў; вось тут — рэшткi будынка суда, а вось i яны — рымскiя дзiцячыя магiлкi.
("Тут, — казалi на курсах, — вы павiнны першыя моўчкi спынiцца i пачакаць з тлумачэннямi, пакуль у iх пройдзе першае хваляванне; гэта ўжо выключна залежыць ад вашага чуцця, як доўга варта працягваць маўчаць, засведчваючы гэтак вашую ўзрушанасць; напэўна, гэта залежыць ад складу групы; i прашу не ўвязвацца ў дыскусiю наконт самiх рымскiх дзiцячых магiл што гэта зусiм не рымскiя дзiцячыя магiлы, а толькi надмагiльныя камянi, прычым знойдзеныя зусiм у iншым месцы…")
Надмагiльныя каменныя плiты, абапёртыя аб шэрыя муры, утваралi паўкола. Калi прайшло першае хваляванне, здзiўленыя госцi пачыналi глядзець угору: па-над неонавымi лямпамi вiднелася цёмна-блакiтнае неба: цi гэта на iм ужо паблiсквала ранняя зорка, а можа, гэта проста быў водблiск пазалочанага цi пасрэбранага шарыка агароджы, якi, мякка адбiваючыся, уваходзiў у круглы калодзеж, складзены з пяцi вянцоў?
— На ўзроўнi першага вянца — бачыце белую рыску на бетоне? — прыкладна праходзiла вулiца ў часы Рыма; на ўзроўнi другога вянца — там таксама вiдна белая рыска на бетоне, бачыце? — праходзiла вулiца ў часы Сярэднявечча, i, нарэшце, на ўзроўнi трэцяга вянца — белай рыскi вам, напэўна, паказваць ужо не трэба — праходзiць вулiца сёння; а цяпер, шаноўныя панi i панове, зоймемся надпiсамi.
Твар дзяўчыны зрабiўся зусiм каменны, нiбы твар багiнi; сагнуўшы локаць, яна падняла лiхтар, нiбы рукаятку паходнi:
Dura quidem frangit parvorum morte parentes
Condicio rapido praecipitata gradu
Spes aeterna tamen tribuet solacia luctus…
Яна ўсмiхнулася Рут — адзiнай, што магла належным чынам ацанiць велiчнасць старажытнай мовы; ледзь прыкметным рухам рукi дзяўчына паправiла каўнерык твiдавага касцюма; потым яна крыху апусцiла лiхтар i прадэкламавала пераклад надпiсу:
I хоць фатальны лёс бацокоў спасцiгае,
Калi iх дзiця гэтак хутка, раптоўна
Памiрае,
Ды ў смутку над жыццём яго, зусiм юным,
Што цяпер толькi раю належыць,
Адно вечная надзея нас суцяшае.
Шэсць гадоў, дзевяць месяцаў меў ты, Дэзiдэратус,
Калi быў пахаваны пад гэтым магiльным пагоркам.
Смутак семнаццацi стагоддзяў адбiўся на тварах турыстаў, запаў у iх сэрцы, скаваў нават вечна рухомыя скiвiцы пажылога ўжо фламандца; у яго апусцiўся падбародак; языком ён хуценька запхаў жавальную гумку ў самы далёкi куточак рота; у Марыяны з вачэй пацяклi слёзы, Ёзэф сцiснуў ёй локаць, а Рут паклала ёй руку на плячо. Дзяўчына-гiд з тым самым акамянелым тварам дэкламавала далей тое самае па-ангельску:
Hard a fate meets with the parents…
Небяспечны момант, калi з цёмнага сутарэння госцi зноў выбралiся наверх, на святло, на свежае паветра, у летнi вечар; калi старадаўнi смутак смерцi глыбока ўвайшоў у сэрцы, перамяшаўся з пачуццямi любоўных мiстэрыяў багiнi Венеры, калi самотныя турысты выплёўвалi жавальныя гумкi перад касавым акенцам i спрабавалi прызначыць спатканне на ламанай нямецкай мове; танцы ў гатэлi "Прынц Генрых"; праходка разам па горадзе, вячэра — a lonely feeling,[18] фройляйн; i тут трэба было паводзiць сябе, як гэта рабiла вясталка: не дазваляць нiякiх заляцанняў i рашуча адмаўляцца ад усялякiх запрашэнняў; "прашу не дакранацца да мяне; толькi глядзець: No, Sir, no",[19] - i ўсё ж яна сама адчувала подых распаду, спачувала самотным iншаземцам, якiя, патрэсваючы галовамi, мусiлi iсцi наталяць свой любоўны голад туды, дзе яшчэ панавала багiня Венера i, добра разбiраючыся ў курсах валют, не саромелася называць свой тарыф у гульдэнах, франках i марках.
Касiр адрываў бiлеты ад скрутачка, нiбыта вузкiя ўваходныя дзверы вялi ў кiно; дзяўчыне амаль не заставалася часу, каб у службовым пакойчыку зрабiць адну-дзве зацяжкi цыгарэты, адкусiць кавалачак бутэрброду, глынуць кавы з тэрмасу i кожны раз вырашаць складаную праблему: цi прыберагчы недакурак да наступнага разу, цi пагасiць яго танюсенькiм абцасам; яшчэ адна зацяжка i яшчэ адна; тым часам левая рука ўжо намацала ў сумачцы губную памаду, тым часам сэрца насуперак усяму вырашыла парушыць зарок вясталкi, i ў гэтую хвiлю касiр ужо ўсунуў галаву праз дзверы:
— Дзiцятка, дзiцятка; дзве групы чакаюць ужо; паспяшайся — рымскiя дзiцячыя магiлкi — найбольш прыбытковае мерапрыемства сезона.
Дзяўчына з усмешкай iзноў выходзiла да бар'ера; зноў пытаннi пра нацыянальнасць i родную мову: чацвёра размаўлялi па-ангельску, адзiн па-французску, адна — па-галандску; немцаў было гэтым разам ажно шасцёра; лiхтар на кiйку, нiбы шпага; яна зноў сыходзiла ў цёмны магiльны склеп, каб яшчэ раз распавесцi пра старажытны культ любовi, расшыфраваць старадаўнi смутак смерцi.
У Марыяны ўваччу ўсё яшчэ стаялi слёзы, калi ўсе выйшлi на вулiцу i якраз праходзiлi праз чаргу каля касы; пачуваючы сябе няёмка, немцы, ангельцы i галандцы iмкнулiся адвярнуцца ад заплаканых вачэй дзяўчыны: што за жахлiвая таямнiца хавалася там унiзе, у цёмных сутарэннях? Цi хто-небудзь чытаў такое — каб помнiкi культуры прымушалi людзей пралiваць слёзы? За шэсцьдзесят пфенiгаў гэткая вялiкая ўзрушанасць, якую можна было б на некаторых тварах убачыць у кiно только пасля вельмi дрэнных i пасля вельмi добрых фiльмаў? Цi камянi напраўду могуць расчулiць да слёз аднаго чалавека, у той час як iншыя флегматычна запiхваюць сабе ў рот новую жавальную гумку, альбо прагна запальваюць новую цыгарэту, альбо запраўляюць наступную стужку ў сваю камеру з успышкаю, шукаючы вачыма чарговы аб'ект для кадра — о, франтон жылога дома мешчанiна пятнаццатага стагоддзя, якраз насупраць выхаду; шчоўк — i вось франтон дзякуючы пэўнаму хiмiчнаму працэсу ўвекавечаны на стужцы.
— Памалу, памалу, шаноўныя госцi! — выкрыкнуў касiр праз сваё акенца. З прычыны надзвычай вялiкага наплыву экскурсантаў мы вырашылi павялiчыць групы наведвання з дванаццацi да пятнаццацi чалавек; прашу яшчэ трох шаноўных гасцей з чаргi падысцi; шэсцьдзесят за ўваход, марка дваццаць за каталог.
Яны ўсё яшчэ iшлi ўздоўж чаргi, што выцягнулася каля сцяны i канчалася аж на рагу вулiцы; на Марыянiным твары ўсё яшчэ былi слёзы; яна адказала ўсмешкай Ёзэфу, якi моцна сцiснуў ёй локаць, другой усмешкаю яна падзякавала Рут за тое, што Ёзэфава сястра паклала ёй руку на плячо.
— Нам трэба спяшацца, — сказала Рут, — ужо без дзесяцi сёмая, i мы не павiнны прымушаць iх чакаць.
— Праз дзве хвiлiны мы будзем ужо на месцы, — адказаў Ёзэф, — … не спознiмся; але i тут мяне не абмiне гэты пах: вапна i муравальны раствор; мiж iншым, цi вядома вам, што за гэтае адкрыццё яны павiнны дзякаваць выключна бацькавай гарачай любовi да выбухаў? Калi падрывалi старую вежу-вартоўню, унiзе абрынулася нейкае скляпенне i была расчышчаная дарога да гэтай старызны; няхай жыве дынамiт… як, дарэчы, табе падабаецца наш новы дзядзька, Рут? Цi ў табе загаварыў голас крывi, калi ты ўбачыла яго?
— Hе, — адказала Рут, — голас крывi ўва мне не загаварыў; але ён здаецца мне добрым чалавекам; трохi сухаваты, трохi бездапаможны… Цi ён будзе жыць у нас?
— Падобна на тое, — адказаў Ёзэф, — цi будзем i мы там жыць, Марыяна?
— Ты хочаш пераехаць у горад?
— Ага, — адказаў Ёзэф. — Я хачу вывучаць статыку, каб потым працаваць у шаноўнай фiрме майго бацькi, хiба табе гэта не даспадобы?
Яны перайшлi цераз ажыўленую вулiцу i выйшлi на спакайнейшую; Марыяна затрымалася каля адной вiтрыны i, вызвалiўшыся ад рук Ёзэфа i Рут, пачала насоўкай выцiраць слёзы на твары; тым часам Рут прыгладзiла рукою валасы, абцягнула на сабе швэдар.
— Цi мы ўбраныя досыць святочна? — спыталася яна. — Я не хацела б пакрыўдзiць дзядулю.
— Вы ўбраныя зусiм па-святочнаму, — запэўнiў яе Ёзэф. — Як табе падабаецца мой план, Марыяна?
— Мне зусiм не ўсё адно, чым ты займаешся, — адказала яна, — вывучаць статыку — гэта, вядома, добра, вось толькi пытанне: якi ўжытак ты хочаш потым зрабiць з гэтай сваёй навукi?
— Будаваць або падрываць — дакладна яшчэ не ведаю, — сказаў Ёзэф.
— Дынамiт, напэўна, ужо занадта стары сродак, — сказала Рут, — вядома ж, ёсць куды навейшыя i лепшыя; цi ты памятаеш, як цешыўся бацька, калi яму яшчэ дазвалялi падрываць? Такi сур'ёзны ён зрабiўся толькi з тае пары, калi не стала чаго падрываць… што ты можаш сказаць пра яго, Марыяна? Цi падабаецца ён табе?
— Ага, — сказала Марыяна, — ён мне дужа падабаецца; я ўяўляла, што ён горшы, халаднейшы, i я амаль баялася яго, перш чым з iм пазнаёмiцца; але цяпер думаю, што боязi перад iм адчуваць якраз няма чаго; вы будзеце смяяцца, але ў яго прысутнасцi я адчуваю сябе ў бяспецы.
Ёзэф i Рут смяяцца не сталi; разам з Марыянай — яна iшла ўсярэдзiне рушылi далей; усе спынiлiся каля ўвахода ў Кронэраву кавярню; абедзве дзяўчыны яшчэ раз агледзелi сябе ў дзвярным шкле, абабiтым знутры зялёным ядвабам, яшчэ раз прыгладзiлi свае валасы, перш чым Ёзэф з усмешкай адчынiў дзверы.
— Божухна, — сказала Рут, — я так хачу есцi; напэўна, дзядуля замовiў нам што-небудзь самае лепшае.
Фраў Кронэр, падняўшы абедзве рукi, iшла да iх паўз пазасцiланыя зялёнымi абрусамi сталы, па зялёным ходнiку; яе серабрыстыя валасы крыху растрапалiся, на твары была напiсана бяда, вадзянiстыя вочы паблiсквалi вiльгаццю, голас дрыжаў ад непадробнага хвалявання.
— Значыць, вы яшчэ нiчога не ведаеце? — спытала яна.
— Hе, — адказаў Ёзэф, — а што такое?
— Мусiць, здарылася нешта жахлiвае: колькi хвiлiн таму Ваша бабуля па тэлефоне адмовiлася за ўсiх ад урачыстай вячэры; вас просяць зайсцi ў гатэль "Прынц Генрых", нумар 212. Я не толькi сур'ёзна занепакоеная, але i вельмi расчараваная, пане Фэмель; я сказала б нават — абражаная, калi б не думала, што на тое ёсць важкiя прычыны; для нашага сталага, на працягу пяцьдзесят аднаго года, клiента, мы, вядома, рыхтавалi неспадзяванку — сапраўдны твор мастацтва… я зараз Вам гэта пакажу; а што я маю сказаць газетчыкам i карэспандэнтам радыё, якiя павiнны з'явiцца тут недзе а дзевятай — пасля святкавання ў вузкiм сямейным коле?.. Што я скажу iм?
— Цi бабуля Вам выразна не растлумачыла прычыну?
— Нездароўе… не ведаю, цi трэба гэта разумець як… э-э-э… хранiчнае нездароўе Вашае бабулi?
— Мы яшчэ нiчога не ведаем, — адказаў Ёзэф. — Цi Вы б не былi так ласкавыя, каб пераслаць падарункi i кветкi нашаму дзядулю?
— Вядома ж, з ахвотаю; але цi не хацелi б Вы, прынамсi, пабачыць нашу неспадзяванку?
Марыяна цiхенька падштурхнула Ёзэфа, Рут заўсмiхалася, а Ёзэф сказаў:
— З вялiкай ахвотаю, фраў Кронэр.
— Я была яшчэ зусiм дзяўчынкай, чатырнаццаць год, калi Ваш дзядуля прыехаў у наш горад, i практыкавалася тут, у буфеце; пазней я навучылася падаваць на стол, i вы можаце сабе ўявiць, як часта мне даводзiлася накрываць яму пры снеданнi — як часта я забiрала з яго стала келiх для яек i падстаўляла яму мармелад, i, калi я нахiлялася, каб забраць сподак з-пад сыру, заўсёды зазiрала ў яго эскiзны альбомчык; Божачка мой, чалавек жа заўсёды бярэ нейкi ўдзел у жыццi сваiх клiентаў; не думайце, што мы, людзi iнтарэсу, пазбаўленыя ўсякiх пачуццяў; i што Вы думаеце, я забылася пра тое, як ваш дзядуля за адзiн вечар зрабiўся славуты, атрымаўшы вялiкi заказ; мажлiва, наведнiкi думаюць, што вось так iдуць у Кронэраву кавярню, замаўляюць сабе штосьцi, плацяць за гэта i сыходзяць, але не думайце, што iх лёс не пакiдае ў нас нiякага следу…
— Ну, пэўна ж, — сказаў Ёзэф.
— О, я ведаю, пра што Вы думаеце — няхай старая дасць нам святога спакою: але цi напраўду я патрабую шмат, просячы, каб вы ўбачылi маю збянтэжанасць i перадалi дзядулю, што я была б дужа ўсцешаная, калi б ён прыйшоў сюды паглядзець на ўсё? Фатаграфii ў газету ўжо зробленыя.
Яны павольна пайшлi ўслед за фраў Кронэр, па зялёным ходнiку, пасланым памiж накрытых зялёнымi абрусамi сталоў; спынiлiся, калi спынiлася гаспадыня кавярнi, а потым мiжвольна абступiлi з усiх бакоў вялiкi чатырохкутны стол, засланы палатном; пад палатном нейкi прадмет няправiльных памераў.
— Вельмi добра, — сказала фраў Кронэр, — што нас чацвёра; вазьмiце, калi ласка, кожны за рог палатна i, калi я скамандую «падымайма», акуратна падымайце яго ўгору.
Марыяна падпiхнула Рут да яшчэ не занятага левага рога палатна, кожны ўзяўся за свой рог, фраў Кронэр сказала: "Падымайма!", i яны паднялi палатно; абедзве дзяўчыны сышлiся, склалi свае рагi палатна, а фраў Кронэр беражлiва згарнула яго.
— О Божа! — ускрыкнула Марыяна. — Гэта ж дакладная копiя абацтва Святога Антонiя.
— Праўда? — спыталася фраў Кронэр. — Паглядзiце, нават пра мазаiку над галоўным уваходам мы не забылiся; a вось тут вiнаграднiкi.
Мадэль мела не толькi дакладныя прапорцыi абацтва, але i адпаведныя колеры: цёмны касцёл, светлы гаспадарчы будынак, чырвоны дах прытулку пiлiгрымаў, каляровыя вокны рэфекторыя.
— Усё гэта, — сказала фраў Кронэр, — зроблена не проста з цукру альбо з марцыпану, а з цеста: наш падарунак да дня нараджэння пана тайнага радцы; гэта самае лепшае пясочнае цеста. Як Вы мяркуеце, цi не змог бы Ваш дзядуля зайсцi сюды i агледзець гэты торт, перш чым мы завязём яго ў ягоны рабочы кабiнет?
— Напэўна, — адказаў Ёзэф, — ён зойдзе i агледзiць торт; дазвольце мне напачатку ад яго iмя падзякаваць Вам; павiнны быць сур'ёзныя прычыны, якiя змусiлi яго адмовiцца ад урачыстае вячэры, i Вы нас, канечне, зразумееце…
— Я добра разумею, што Вам пара iсцi… не, калi ласка, не трэба класцi палатно назад; тэлебачанне паведамiла, што прыедзе сюды.
— Я хацеў бы аднаго, — сказаў Ёзэф, калi яны iшлi па пляцы перад саборам Святога Севярына, — засмяяцца цi заплакаць, ды не здольны нi на тое, нi на тое.
— Я ведаю толькi, што хутчэй бы магла заплакаць, — сказала Рут, — але я гэта рабiць не буду. Што там за людзi? З якой нагоды ўвесь гэты вэрхал… што яны робяць там з паходнямi?
На вулiцы было шумна, плямкалi конскiя капыты, конi гiгаталi; галовы, прывычныя даваць каманды, заклiкалi да збору, музыканты духавога аркестра апошнi раз спраўджвалi свае iнструменты; i тут, сярод гэтага голасу пачуўся нягучны, сухi кароткi гук, зусiм не такi, як iншыя гукi.
— Божа мой, што гэта? — спалохана спыталася Марыяна.
— Нехта стрэлiў, - адказаў Ёзэф.
Прамiнуўшы гарадскую браму i выйшаўшы на Модэстгасэ, Леанора спалохалася: завулак быў пусты, не было нi навучэнцаў, нi манашак, нiдзе нiводнага грузавiка, нiякага вулiчнага руху; толькi белы хвартух фраў Грэц там за крамаю; ружовыя аголеныя рукi пхалi перад сабою швабру, гонячы мыльную пену; брама друкарнi была замкнёная наглуха, як быццам у ёй ужо не збiралiся друкаваць будаўнiчых тэкстаў на белай паперы; дзiк з ранай у баку; каля раны запяклася кроў; дзiк ляжаў, адкiнуўшы капыты, на сходах; яго якраз паволi пачалi зацягваць унутр крамы; па ўчырванелым Грэцавым твары было вiдаць, якая цяжкая была гэтая жывёлiна; толькi на адзiн з яе тэлефонных званкоў адказалi: не ў доме нумар сем i не ў доме нумар восем — толькi ў Кронэравай кавярнi:
— Тэрмiнова доктара Фэмеля?.. Яго тут няма. Святочная вячэра не адбудзецца. Вы фройляйн Леанора? Вас чакаюць у гатэлi "Прынц Генрых".
Лiстаносец, рэзка нацiснуўшы гузiк, пазванiў ёй у дзверы, калi яна сядзела ў ванне; гэты рэзкi званок не абяцаў нiчога добрага; яна хуценька вылезла з ванны, накiнула на сябе купальны халат, абкруцiла мокрую галаву ручнiком, падышла да дзвярэй i атрымала з рук лiстаносца экспрэс-пiсьмо: Шрыт напiсаў адрас сваiм жоўтым алоўкам, на канверце крыж-накрыж былi дзве чырвоныя паласы; вiдавочна, яго васемнаццацiгадовая дачка мусiла гнаць на ровары ў паштовае аддзяленне; пiльная справа…
"Дарагая фройляйн Леанора! Паспрабуйце, калi ласка, неадкладна звязацца з панам Фэмелем; усе статыстычныя разлiкi аб'екта будоўлi Х-5 няправiльныя; у дадатак да гэтага пан Кандэрс, з якiм я толькi што размаўляў па тэлефоне, пераслаў дакументацыю — з усiмi памылкамi — непасрэдна заказчыку, насуперак звычаям нашай фiрмы; справа настолькi пiльная, што я збiраюся сёння выехаць да Вас хуткiм цягнiком, у выпадку калi да 20.00 не атрымаю ад Вас звестак наконт таго, якiя захады зробленыя, каб выправiць гэтую прыкрую памылку; вядома, няма патрэбы нагадваць Вам, якi буйны i важны аб'ект Х-5. З сардэчнымi прывiтаннямi — Ваш Шрыт".
Ужо два разы яна праходзiла сюды-туды перад гатэлем "Прынц Генрых": вярталася амаль аж да Грэцавай крамы на Модэстгасэ i зноў прыходзiла пад вокны гатэля; яна баялася скандалу, якi неўзабаве павiнен выбухнуць; субота была для яго свяшчэнны дзень; ён яшчэ мог сцярпець, калi ў суботу яго патурбуюць па прыватнай справе, але не па службовай, якая б яна нi была; у яе ўвушшу яшчэ гучалi яго словы: "Проста няведама што"; яшчэ не надышла сёмая, i некалькi хвiлiн Шрыта можна было яшчэ заспець па тэлефоне; добра, што стары вырашыў адмовiцца ад урачыстае вячэры; бачыць, як Роберт Фэмель есць i п'е, было б для яе гвалтам над святыняю; са страхам яна думала пра аб'ект Х-5; гэта не быў прыватны аб'ект; якi-небудзь там "дом выдаўца на ўскрайку лесу" цi "дом настаўнiка каля ракi"; яна нават не наважвалася думаць пра гэты аб'ект: такая была вакол яго таямнiца, паперы ляжалi ў самай глыбiнi сейфа; ёй займала дыханне; хiба ж пан доктар не размаўляў пра гэты аб'ект з Кандэрсам цэлую чвэрць гадзiны? Ёй было вельмi боязна.
Грэц усё яшчэ цягнуў свайго дзiка па сходах: гэта ён рабiў рыўкамi, бо жывёлiна была агромнiстая: хлопец-пасыльны з вялiзным кашом кветак пазванiў каля брамы друкарнi, паявiўся прыдзвернiк, забраў кош i зноў зачынiў брамку; хлопец расчаравана глянуў на тую дробязь "на чай", што паклаў у яго далонь прыдзвернiк; "Я скажу яму, — падумала Леанора, — гэтаму ветламу старому, што прыдзвернiк не выконвае ягонага загаду даваць кожнаму пасыльнаму хлопцу па дзве маркi на чай; срэбра, вiдавочна, не паблiсквала ў яго далонi, то былi цьмяныя медзякi".
Будзь адважнаю, Леанора! Будзь адважнаю, сцiснi зубы, пераадолей свой сполах ды iдзi ў гатэль. Яна яшчэ раз адышлася за рог вулiцы; тым часам дзяўчына з кошыкам далiкатэсаў зайшла ў брамку друкарнi; праз хвiлю яна таксама без радасцi паглядала на сваю далонь; "якi нягоднiк гэты прыдзвернiк, — падумала Леанора, — абавязкова скажу пра ўсё пану Фэмелю".
Яшчэ дзесяць хвiлiн, перш чым праб'е сёмая; яе запрасiлi ў Кронэраву кавярню, а потым загадалi прыйсцi ў "Прынц Генрых", а яна заявiцца туды i пачне гаварыць пра справы фiрмы, якiх па святых суботах ён не можа цярпець; можа, зважаючы на выключнасць аб'екту Х-5, ён зрэагуе сёння iначай? Яна страсянула галавой i з роспачнай адвагай нарэшце штурхнула дзверы ды тут са страхам адчула, што знутры iх нехта трымаў.
Дзiця, дзiця, i ў дачыненнi да цябе я дазволю сабе зрабiць прыватную заўвагу; падыдзi сюды блiжэй; спадзяючыся, што прычыну тваёй сарамлiвасцi не варта шукаць у мэце твайго прыходу сюды, а толькi ў iм самiм; мне давялося ўжо бачыць шмат дзяўчат, што ўваходзiлi ў гэтыя дзверы, але гэткай, як ты, мне яшчэ бачыць не выпадала; у гэтай хвiлi тут ёсць толькi адзiн-адзiны клiент, да якога я пусцiў бы цябе, не выказваючы прыватных заўваг, — гэта Фэмель; я мог бы быць табе дзядулем, i ты не зазлуеш на мяне за маю прыватную заўвагу; чаго ты шукаеш у гэтай зладзейскай пячоры? Рассыпай за сабою хлебныя крошкi, каб знайсцi адсюль дарогу назад; дзiця, ты заблукала; той, хто прыходзiць сюды па справе, выглядае не гэтак, як ты; а ў каго тут ёсць прыватныя справы — i пагатоў; але ж падыдзi блiжэй.
— Да доктара Фэмеля? Ага, сакратарка. Па неадкладнай справе? Пачакайце, фройляйн, я папрашу, каб яго паклiкалi да тэлефона… Спадзяюся, што вулiчны шум Вам не будзе замiнаць.
— Леанора? Я рады, што мой бацька запрасiў Вас на святочную вячэру, i прабачце мне, калi ласка, за тыя словы, што я сказаў сёння ўраннi. Добра, Леанора? Бацька чакае Вас у дзвесце дванаццатым нумары. Лiст ад пана Шрыта? Уся дакументацыя да аб'екта Х-5 няправiльна разлiчана? Добра, я разбяруся i затэлефаную Шрыту. Так цi iнакш, дзякуй, Леанора, i — да хуткай сустрэчы.
Яна паклала слухаўку, падышла да парцье, хацела была ўжо разявiць рот, каб спытацца, як прайсцi ў Фэмелеў нумар, — але тут яе напалохаў моцны, сухаваты, рэзкi гук.
— Божа мой, — ускрыкнула яна, — што гэта?
— Гэта стрэлiлi з пiсталета, маё дзiця, — адказаў Ёхэн.
Чырвонае па зялёным, белае па зялёным; Гуга стаяў, абапёршыся аб белыя лакiраваныя парэнчы i заклаўшы рукi за спiну; фiгуры здавалiся яму не такiмi дакладнымi, рытм руху шароў — парушаным; хiба гэта не былi тыя самыя шары, той самы стол з сукном найлепшай якасцi, за якiм даглядалi самым лепшым чынам? I хiба Фэмелева рука не зрабiлася яшчэ лягчэйшая, а яго ўдары — яшчэ дакладнейшыя, калi ён выбiваў фiгуру з зялёнага Нiчога? I ўсё ж Гугу здавалася, што рытм руху шароў парушаны, а фiгуры крыху страцiлi сваю дакладнасць i акрэсленасць; цi, можа, гэта Шрэла прынёс з сабою пастаянную сучаснасць часу i разагнаў усе чары? Гэта ўсё адбывалася тут, адбывалася сёння, а васемнаццатай гадзiне сорак чатыры хвiлiны, у суботу шостага верасня 1958 года; нiшто не пераносiлася на трыццаць год назад цi на чатыры — уперад, зноў на сорак назад i пасля ў сённяшнi дзень; цяпер доўжылася бесперапынная сучаснасць, якая штурхала перад сабою секундную стрэлку гадзiннiка: тут, сёння, цяпер — а тым часам з рэстарана чулiся неспакойныя воклiчы: "дайце рахунак, кельнер, дайце рахунак": усе спяшалiся да феерверку, да вокнаў, каб глядзець парад, натоўп працiскаўся да рымскiх дзiцячых магiл; "цi ўспышкi сапраўды ў парадку?"… "Вы што — не ведалi, што М. значыць мiнiстр?"… "дайце рахунак, кельнер, дайце рахунак"…
Гадзiннiкi адбiвалi час недарэмна, недарэмна рухалiся стрэлкi; яны нагрувашчвалi хвiлiну на хвiлiну, дадавалi iх да чвэрцi, да паловы гадзiны i маглi паказваць дакладны час: да аднаго года, да адной гадзiны, да адной секунды; хiба ў рытме стуку шароў не гучала пытанне: "Роберт, дзе ты? "Роберт, дзе ты быў?", "Роберт, дзе ты бываў?" I хiба ў Робертавых ударах не чуцён быў адказ: "Шрэла, дзе ты?", "Шрэла, дзе ты быў?", "Шрэла, дзе ты бываў?" Хiба iхняя гэта гульня не была нечым, падобным да млына, якi бясконца паўтарае малiтву, хiба яна не была iмшой, якую адпраўлялi кii i бiльярдныя шары на зялёным сукне? "Навошта-навошта-навошта?"; "Злiтуйся з нас! Злiтуйся з нас!" Шрэла ўсмiхаўся, трос галавою кожны раз, калi, адыходзячы ад борцiка, пакiдаў Роберту чарговую, утвораную шарамi фiгуру.
I Гуга таксама мiжвольна трос галавою пасля кожнага ўдару: разагнаныя чары, меншая дакладнасць, парушаны рытм, падчас, калi гадзiннiк даваў такi дакладны адказ на пытанне «калi»: васемнаццатая пяцьдзесят дзве, шостага верасня 1958 года.
— Ах, — сказаў Роберт, — пакiньма гэта; мы ўжо не ў Амстэрдаме.
— Добра, — адказаў Шрэла, — пакiньма гэта, твая праўда. Цi хлопец яшчэ нам патрэбны?
— Вядома, — сказаў Роберт, — мне ён яшчэ патрэбны, але, можа, ты хочаш пайсцi, Гуга? Hе? Застанься, калi ласка, пастаў кii ў стаяк, схавай шары i прынясi нам чаго-небудзь выпiць… ды не, заставайся, сынок; я хачу табе нешта паказаць: паглядзi, вось тут цэлы стос папераў; дзякуючы пячаткам i подпiсам яны сталi дакументамi: толькi аднаго бракуе — твайго подпiсу пад гэтай вось паперай; калi ты паставiш яго, станеш маiм сынам! Цi разгледзеў ты маiх бацьку i мацi, калi прыносiў iм вiно? Яны будуць тваiмi дзядулем i бабуляю, а Шрэла — тваiм дзядзькам, Рут i Марыяна — тваiмi сёстрамi, а Ёзэф — тваiм братам; ты станеш сынам, якога Эдыт ужо не змагла мне падарыць; што скажа мой стары, калi я ў дзень яго нараджэння пазнаёмлю яго з новым унукам, якi мае ўсмешку, як у Эдыт?.. Ты пытаўся, цi гэты хлопец нам яшчэ патрэбны, Шрэла? Ён нам патрэбны, i мы былi б шчаслiвыя быць патрэбнымi яму; больш дакладна сказаць: яго нам бракуе… чуеш, Гуга, нам цябе бракуе. Ты не можаш быць сынам Фэрдзi, але ж ты ўзяў у спадчыну яго дух… Цiха, хлопча, не трэба плакаць; iдзi ў свой пакой i перачытай гэтыя паперы, ды будзь уважлiвы там у калiдоры, сынок!
Шрэла адсунуў фiранку, паглядзеў праз акно на пляц; Роберт падаў яму пачак цыгарэтаў, Шрэла даў агню, i яны абодва закурылi.
— Цi ты яшчэ не адмовiўся ад нумара ў гатэлi?
— Hе.
— Хiба ты не хочаш жыць у нас?
— Яшчэ не ведаю, — адказаў Шрэла, — у мяне страх перад дамамi, у якiх трывала ўладкоўваешся i хутка пераконваешся ў банальных рэчах: жыццё iдзе далей, i час прыносiць замiрэнне; Фэрдзi стаў бы для мяне толькi ўспамiнам, бацька — толькi сном; а мiж тым тут яны забiлi Фэрдзi, i бацька назаўсёды знiк менавiта адсюль; згадак пра iх не знойдзеш нават у спiсах нiякiх палiтычных арганiзацый, бо яны палiтыкай не займалiся; iх не ўспомняць у жалобных песнях жыдоўскай абшчыны, бо яны не былi жыдамi; Фэрдзi, можа, толькi жыве ў судовых архiвах; толькi мы абодва ўспамiнаем пра яго, Роберт, i яшчэ твае бацькi ды стары парцье там унiзе; твае дзецi ўжо не памятаюць яго; я не магу жыць у гэтым горадзе, бо ён недастаткова чужы мне; я тут нарадзiўся, хадзiў у школу; тады я хацеў вызвалiць вулiцу Груфэльштрасэ ад закляцця; я насiў у сабе слова, якое нiколi не вымаўляў уголас, Роберт; нават у размовах з табою; гэта адзiнае слова, ад якога я чакаю нечага для гэтага свету… я i цяпер не вымаўляю яго, можа, толькi на вакзале, калi ты будзеш праводзiць мяне на цягнiк.
— Хочаш ехаць ужо сёння? — спытаў Роберт.
— Hе, не, не сёння; нумар у гатэлi — гэта якраз тое, што трэба; калi я там зачыняю за сабою дзверы, гэты горад здаецца мне такiм самым чужым, як i любы iншы. У тым нумары я магу ўявiць сабе, што неўзабаве кудысьцi паеду i зноў пачну выкладаць нямецкую мову, у школьным класе, дзе я пасцiраю з дошкi арыфметычныя заданнi, каб крэйдай напiсаць на ёй: "я вяжу, ты вяжаш, ён вяжа; ён вязаў, яна вязала; я буду вязаць"… я люблю граматыку гэтаксама, як люблю вершы. Можа, ты думаеш, што я не хачу тут жыць, бо не бачу нiякiх рэальных гiстарычных шанцаў для гэтай дзяржавы? Мне здаецца хутчэй, што я не магу тут жыць таму, што я нiколi не цiкавiўся i цяпер не цiкаўлюся палiтыкай.
Шрэла паказаў на пляц унiзе i засмяяўся: "Hе тыя людзi, што там унiзе, мяне палохаюць… вядома ж, вядома ж, усё я ведаю i пазнаў iх, убачыўшы там унiзе, — Нэтлiнгера i Вакеру; я не баюся таго, што яны тут, а баюся таго, што там няма iншых людзей; якiх? Тых, што часам вымаўляюць гэтае слова ў думках, няхай сабе нават шэптам; аднаго разу ў Гайд-парку я чуў, як адзiн стары чалавек сказаў: "Калi Вы верыце ў Яго, дык чаму ж не робiце таго, што Ён загадаў?"
Неразумна, нерэалiстычна ўсё гэта, Роберт, цi праўда? "Пасвi авечак маiх", а яны ўзгадоўваюць адных толькi ваўкоў. З чым вы вярнулiся дамоў пасля вайны? З дынамiтам? Знакамiтая цацка; я добра разумею тваю палкую нянавiсць да гэтага свету, у якiм не было месца нi для Фэрдзi, нi для Эдыт, не знайшлося месца для майго бацькi, для Гроля, для хлопчыка, iмя якога мы так i не змаглi даведацца, для паляка, якi падняў руку на Вакеру. Значыцца, ты збiраеш статыстычныя даныя, гэтак як iншыя збiраюць мадоннаў у барочным стылi, ты склаў вунь цэлую картатэку формул, i майму пляменнiку, сыну Эдыт, ужо надакучыў пах вапны: ён шукае формулу сваёй будучынi недзе ў iншым месцы, а не ў залапленых мурах абацтва. Што яму ўдасца знайсцi? Цi зможаш ты даць яму неабходную формулу? Можа, ён прачытае яе на твары свайго новага брата, бацькам якога ты хочаш зрабiцца? Твая праўда, Роберт: бацькам немагчыма быць, iм можна толькi зрабiцца; пра голас крывi — гэта ўсё выдумана, толькi той iншы голас праўдзiвы… з гэтай вось прычыны я так i не ажанiўся: у мяне было замала адвагi, каб паверыць у тое, што я магу зрабiцца бацькам; я не змог бы вытрываць, калi б мае дзецi зрабiлiся мне гэткiя самыя чужыя, як зрабiўся Ота тваiм бацькам; нават успамiны пра маiх мацi i бацьку не дадалi мне адвагi; а ты ж таксама яшчэ не ведаеш, якiмi стануць Ёзэф i Рут, якога прычасця яны пакаштуюць; нават у дачыненнi да дзяцей Эдыт i да сябе самога ты не можаш быць упэўнены; не, не, Роберт, ты абавязкова зразумееш, чаму я не адмаўляюся ад свайго нумара ў гатэлi i не пасяляюся ў доме, дзе жыў Ота i дзе загiнула Эдыт; я не здолеў бы штодня бачыць паштовую скрыню, у якую той хлопец укiдаў цыдулкi-пасланнi ад цябе… там усё яшчэ тая самая скрыня?
— Hе, — адказаў Роберт, — мы паставiлi новыя дзверы: тыя былi ўсе пасечаныя бомбавымi асколкамi, толькi брук каля ўвахода застаўся той самы яго ногi хадзiлi па гэтым бруку.
— I ты думаеш пра хлопца, калi ходзiш па гэтым бруку?
— Праўда, — адказаў Роберт, — думаю пра ўсё тое, i, вiдаць, гэта адна з прычын, чаму я збiраю статыстычныя формулы… Чаму ж ты не прыязджаў раней?
— Бо мне было боязна, што горад не падасца мне досыць чужым; дваццаць два гады — iзаляцыя добрая, а хiба тое, што мы маем сказаць адзiн аднаму, Роберт, не змесцiцца на адной паштоўцы? Я ахвотна жыў бы побач з табою, але не тут; мне ўвесь час боязна, а людзi, якiх я тут напаткаў… можа, гэта мне толькi здаецца, але яны не менш дрэнныя, чым тыя, якiх я пакiнуў тады.
— Магчыма, ты i не памыляешся…
— Што сталася з людзьмi, гэткiмi, як Эндэрс? Цi памятаеш ты яго — рыжы такi быў?.. Мiлы хлапчыска, зусiм не гвалтаўнiк — а што рабiлi такiя людзi, як ён, у вайну, што яны робяць цяпер?
— Мажлiва, ты Эндэрса недаацэньваеш: ён быў не толькi мiлы хлопец, але… ён нiводнага разу не пакаштаваў бычынага прычысця — чаму б нам не назваць гэта проста, як тое рабiла Эдыт? Эндэрс цяпер пробашчам, пасля вайны ён прамовiў некалькi казаняў, якiх я не магу забыць; калi б я паўтарыў ягоныя словы, гэта б гучала не надта добра, але калi iх вымаўляў ён, зусiм iншая рэч.
— А што ён робiць цяпер?
— Яго запiхнулi ў такую глухую вёску, дзе нават чыгункi няма, i там ён прамаўляе казанi над галовамi сялян i дзяцей-школьнiкаў; у iх няма нянавiсцi да яго, яны папросту яго не разумеюць, нават на свой спосаб шануюць яго як пачцiвага дурня — хiба ж ён не паўтарае iм увесь час, што ўсе людзi — браты? Яны ўсё ведаюць лепей i, напэўна, пытаюцца самi ў сябе: "Цi не камунiст ён?" Нiчога iншага iм у галаву i не прыходзiць; колькасць звыклых схемаў паменшала; нiхто б не дадумаўся лiчыць твайго бацьку камунiстам; нават Нэтлiнгер не быў такi дурны — а сёння б iнакш твайго бацьку i не назвалi. Эндэрс пасвiў бы з ахвотай авечак, а яму даюць адных казлоў; ён падазроная асоба, бо занадта часта гаворыць пра Нагорнае Казанне; можа, калi-небудзь вырашаць, што гэта ўвогуле пазнейшая ўстаноўка i зусiм яе скрэсляць… нам варта было б наведаць Эндэрса, Шрэла, i калi мы вячэрнiм аўтобусам будзем вяртацца на станцыю, мы будзем везцi з сабою больш роспачы, чым суцяшэння; я лепей пачуваў бы сябе на Месяцы, чым у такой вёсцы… мы наведаем яго, каб папрактавацца ў мiласэрнасцi; вязняў трэба наведваць… а чаму табе ў галаву прыйшоў Эндэрс?
— Проста я раздумваў, каго б мне хацелася ўбачыць; ты забыўся, што я мусiў знiкнуць адсюль, яшчэ не скончыўшы школы; але баюся я тых спатканняў пасля таго як убачыў сястру Фэрдзi.
— Ты бачыў яе?
— Бачыў. У яе лiманадным кiёску на канцавым прыпынку адзiнаццатага трамвая. А ты што, нiколi там не бываў?
— Hе. Баюся, што Груфэльштрасэ магла б падацца мне зусiм чужой.
— Яна была мне найчужэйшая ў свеце, калi я сёння там пабываў; не хадзi туды, Роберт. А з Трышлераў сапраўды нiхто не застаўся жывы?
— Нiхто, — адказаў Роберт. — I Алоiса таксама няма; яны патанулi разам з «Ганнай-Катарынай»; Трышлеры ўжо доўгi час не жылi ў порце; калi быў пабудаваны мост, яны мусiлi пераехаць адтуль: кватэра ў цэнтры горада, якую яны наймалi потым, была для iх зусiм не тое… iм патрэбныя былi вада i караблi; Алоiс хацеў на «Ганне-Катарыне» адправiць iх да сяброў у Галандыю, але пад час падарожжа судна разбамбiлi; Алоiс спрабаваў яшчэ выцягнуць сваiх бацькоў з-пад палубы, але было запозна — вада рынула зверху, i выбрацца яны ўжо не здолелi; шмат часу прайшло, пакуль я натрапiў на iх след.
— А дзе ты пра гэта ўсё даведаўся?
— У «Якары»; я штодня хадзiў туды i пытаўся ва ўсiх шкiпераў, пакуль не сустрэў аднаго, якi ведаў пра лёс «Ганны-Катарыны».
Шрэла зашмаргнуў фiранку, падышоў да стала i расцiснуў недакурак на попельнiцы. Роберт зрабiў тое самае.
— Мяркую, — сказаў ён, — што мы павiнны зараз падняцца да маiх бацькоў… Хiба што, можа, ты не хочаш узяць удзел у сямейнай урачыстасцi…
— Ды што ты, — адказаў Шрэла, — я пайду з табою, але цi не варта нам дачакацца хлопца? Скажы, а што цяпер, да прыкладу, робiць Швойгель?
— Табе i праўда гэта цiкава?
— Праўда, а чаму ты пытаешся, цiкава мне гэта цi не?
— Цi ў сваiх гатэльных нумарах i пакоях у пансiянатах ты думаў пра Эндэрса i Швойгеля?
— Ага. I яшчэ пра Грэве i Гольтэна: толькi яны не бралi ўдзелу ў нападах на мяне па дарозе дамоў — Дрышка таксама не ўдзельнiчаў… што з iмi? Цi жывыя яны?
— Гольтэн не жывы, загiнуў, - адказаў Роберт, — а вось Швойгель жыве; ён цяпер пiсьменнiк, i, калi ўвечары тэлефануе альбо звонiць мне ў дзверы, я прашу Рут адказваць, што мяне няма дома; ён здаецца мне аднолькава невыносным i бесталковым; мне з iм проста сумна; ён увесь час гаворыць, што вось тут мяшчанства, а тут няма мяшчанства, i сябе, вiдаць, залiчвае, туды, дзе "мяшчанства няма", а што з таго? Гэта проста мяне не цiкавiць; неяк i пра цябе ён пытаўся.
— Ах, а што сталася з Грэве?
— Ён належыць да партыi, але не пытайся ў мяне, да якой; зрэшты, гэта не мае нiякага значэння. А Дрышка выпускае "аўтамабiльныя львы Дрышкi", папулярны тавар, дзякуючы якому ён зарабiў безлiч грошай. Ты не ведаеш, што такое "аўтамабiльны леў"? Ну, пабудзеш тут пару дзён, дык даведаешся; кожны ўладальнiк машыны, якi лiчыць сябе нечага вартым, трымае на заднiх крэслах у машыне такога Дрышкавага льва — а ў гэтай краiне ты не знойдзеш нiкога, хто б не лiчыў сябе нечага вартым… Тут умеюць добра ўбiваць гэта ў галаву; яны прынеслi з сабой з вайны сёе-тое, успамiн пра боль i ахвяры, але сёння яны лiчаць сябе нечага вартымi; цi бачыў ты людзей там, унiзе ў вестыбюлi! Яны iшлi на тры розныя ўрачыстыя вячэры: на вячэру левай апазiцыi, на вячэру Таварыства "Сас'етас" i на вячэру правай апазiцыi… але табе трэба быць сапраўдным генiем, калi ты хочаш вызначыць, хто на якую вячэру iдзе.
— Сапраўды, — сказаў Шрэла, — я трохi сядзеў унiзе, чакаючы цябе; там якраз збiралiся першыя ўдзельнiкi, i я пачуў нешта наконт «апазiцыi»; першыя прыйшлi бяскрыўдныя прадстаўнiкi, можна сказаць, пяхота дэмакратычнай масы, малыя, пра якiх кажуць: "яны не такiя ўжо дрэнныя"; размова ў iх iшла пра маркi машын i лецiшчы; яны казалi адзiн аднаму, што французская Рыўера пачынае рабiцца моднаю, якраз з тае прычыны, што там тлумна, а цяпер, насуперак усялякiм прагнозам, сярод iнтэлектуалаў пачынаюць быць папулярнымi паездкi, арганiзаваныя праз бюро падарожжаў. Як гэта звычайна называюць тут: двухбаковы снабiзм альбо дыялектыка? Ты павiнен растлумачыць мне гэтыя рэчы; ангельскi сноб сказаў бы: "За дзесяць цыгарак прадам Вам сваю бабулю", а тыя, што тут, прадалi б сваiх бабуляў i за пяць цыгарак, бо яны ставяцца таксама сур'ёзна да свайго снабiзму; потым яны гаварылi пра школы: адны былi за гуманiтарны ўхiл, другiя былi супраць; ну, добра. Я прыслухоўваўся да iх, бо вельмi хацеў чаго-небудзь даведацца пра iх сапраўдныя турботы; зноў i зноў паўтаралi яны шэптам iмя зоркi, якую чакалi вечарам гэтага дня. Крэц цi гэта прозвiшча табе што-небудзь кажа?
— Крэц, — адказаў Роберт, — гэта, так бы мовiць, зорка апазiцыi.
— Слова «апазiцыя» я чуў шмат разоў, але з iхнiх размоваў так i не змог дапяць, супраць каго i чаго яна.
— Калi яны чакалi Крэца, то, мусiць, яны з левай апазiцыi.
— Цi правiльна я пачуў: гэты Крэц — у пэўным сэнсе славутасць; тое, што называюць надзеяй?
— Сапраўды, — адказаў Роберт, — яны шмат чаго спадзяюцца па iм.
— Я яго бачыў, - сказаў Шрэла, — ён прыйшоў апошнi; ну, калi ён — гэта надзея, дык я хацеў бы ведаць, як тады выглядае безнадзейнасць… Мне здаецца, што калi б я i здолеў каго-небудзь на свеце забiць, дык менавiта яго. Цi ж вы сляпыя? Вядома, ён разумны i адукаваны, цытуе Герадота ў арыгiнале, i гэта ў вушах тае масы, якая нiколi не пазбавiцца ад свайго бзiка на глебе адукаванасцi, гучыць быццам боская музыка; але маю надзею, Роберт, што ты б нiколi нi на хвiлiну не пакiнуў сваю дачку цi сына сам-насам з гэтым Крэцам; бо ад снабiзму ён ужо не ведае нават, да якога полу належыць. Яны граюць музыку вынiшчэння, Роберт, але граюць яе не надта добра; бракуе толькi мiнорнай музыкi, iнакш ты б меў хаўтуры па трэцяй катэгорыi…
Шрэлу перапынiў тэлефонны званок; следам за Робертам ён пайшоў у кут; Роберт узяў трубку.
— Леанора? — азваўся Роберт. — Я рады, што мой бацька запрасiў Вас на святочную вячэру, i прабачце мне, калi ласка, за тыя словы, што я сказаў сёння ўраннi. Добра, Леанора?
Бацька чакае Вас у дзвесце дванаццатым нумары. Лiст ад пана Шрыта? Уся дакументацыя да аб'екта Х-5 няправiльна разлiчана? Добра, я разбяруся з гэтым i затэлефаную Шрыту. Так цi iнакш, дзякуй, Леанора, i — да хуткай сустрэчы.
Роберт паклаў слухаўку i зноў павярнуўся да Шрэлы.
— Я думаю, што… — пачаў ён гаварыць, але яго перапынiў моцны, сухаваты, рэзкi гук.
— Божа мой, — сказаў Шрэла, — то быў стрэл. Мяркую, што зараз нам трэба падняцца наверх.
Гуга чытаў: "Адмова ад правоў. Гэтым абвяшчаю, што я згодзен, каб мой сын Гуга…" — унiзе важкiя пячаткi, подпiсы, але голас, якога ён баяўся, не адазваўся ў iм; якi гэта голас падказваў яму закрываць матчыну галiзну, калi яна, вярнуўшыся са сваiх вулiчных ловаў, мармытала на пасцелi сваю смяротную малiтву "навошта-навошта-навошта"! Ён спачуваў ёй, закрываў яе галiзну, прыносiў ёй чаго-небудзь выпiць, не зважаючы на тое, што яны могуць на яго напасцi, пабiць яго, абазваць "авечкай божай"; ён цiхенька пракрадваўся ў краму i вымольваў для яе дзве цыгарэты; якi ўнутраны голас загадваў яму гуляць у канасту з бабуляй "Гэткае-што-не-павiнна-было-нарадзiцца", засцерагаў яго не пераступаць парог нумара авечай капяланкi? Якi гэта голас падказаў яму слова, якое ён мармытаў сабе пад нос: «бацька»? Каб заглушыць страх, якi ахапiў яго, Гуга пачаў вымаўляць хуценька, адно за адным, iншыя словы: «брат» i «сястра», "дзядуля", «бабуля», "дзядзька", але ад гэтых словаў страх не паменеў; i ён шукаў новых словаў: «дынамiка» i «дынамiт», "бiльярд" i «ветлiвасць», "шнары на спiне", «каньяк» i «цыгарэты»; чырвонае па зялёным, белае па зялёным, але страх не меншаў; мажлiва, яго крыху ўтаймуюць якiя-небудзь дзеяннi? Ён адчынiў акно, зiрнуў зверху на тлум з яго аднастайным мapмытаннем; цi была ў гэтым мармытаннi пагроза альбо дружалюбнасць? Феерверк на фоне цёмна-сiняга неба; удары грому, з якiх выпырхвалi агромнiстыя кветкi, памаранчавыя снапы, падобныя да рук, якiя хочуць нешта схапiць; вокны зачыненыя; ён пагладзiў рукой па фiялетавай лiўрэi, што вiсела на вешаку перад дзвярыма, адчынiў дзверы ў калiдор; нават тут, наверсе, адчувалася хваляванне: "Цяжка паранены ў нумары 211!" Гоман галасоў, крокi ў адзiн i другi бок, уверх i ўнiз па сходах, i адзiн i той жа пранiзлвы голас палiцэйскага: "Прашу, адыдзiцеся! Прашу, адыдзiцеся!"
"Адыдзiцеся! Адыдзiцеся!" Гугу стала страшна, i ён прашаптаў: "Бацька…" Дырэктар тады сказаў: "Нам цябе будзе бракаваць, цi гэта так неабходна? Гэтак раптоўна?"; а ён уголас не адказаў, а толькi падумаў: гэта неабходна — гэтак раптоўна, бо час наспеў, i калi Ёхэн паведамiў навiну пра замах, дырэктар забыўся на сваё здзiўленне з прычыны ягонага звальнення; дырэктар успрыняў Ёхэнава паведамленне не з жахам, а з захапленнем, не затрос засмучона галавою, а пачаў пацiраць рукi. "Вы нiхто не можаце сабе ўявiць. На гэткiм скандале гатэль можа цудоўна выйграць. Пасыплюцца буйныя загалоўкi ў газетах. Забойства — гэта табе не самазабойства, Ёхэн… а палiтычнае забойства — не абы-якое. Калi ён не памёр, мы павiнны ўдаваць, што ён ужо нежывы. Вы не можаце сабе ўявiць, тут трэба абавязкова ўвярнуць радок: "Iдзе змаганне са смерцю"; усе тэлефоны ад гэтай хвiлi прашу пераключаць на мяне, каб хто-небудзь з вас не сказаў якога глупства. Божа мой, не рабiце гэткiх няшчасных твараў. Быць спакойнымi, мець на твары выраз лёгкага спачування, якi бывае ў людзей, што мусяць перажываць чыюсьцi смерць, але цешацца са спадчыны, якая iх чакае. Давайце, хлопцы, за працу! Зараз нас засыплюць тэлеграфнымi заказамi на нумары. I трэба ж, акурат пан М.! Вы сабе не ўяўляеце, што гэта значыць! Каб толькi тут не ўлезла якое-небудзь самазабойства. Прашу зараз жа затэлефанаваць у адзiнаццаты пакой: няхай той пан злуецца, няхай нават пакiне наш гатэль — д'ябал, ад феерверку ён павiнен быў бы прачнуцца! Наперад, за зброю, хлопцы!
"Бацька, — падумаў Гуга, — ты павiнен прыйсцi па мяне, яны зараз мяне не пусцяць у дзвесце дванаццаты".
Успышкi дрыготка паблiсквалi ў запоўненай шэрым паўзмрокам лесвiчнай клетцы; паявiўся асветлены чатырохкутнiк лiфта, якi прывёз гасцей у нумары 213–226; гэтыя госцi мусiлi падымацца на чацвёрты паверх i сыходзiць службовымi сходамi, бо на другiм паверсе выхад перагароджваў палiцэйскi кардон; з адчыненых дзвярэй лiфта даносiўся гучны гоман; цёмныя гарнiтуры, светлыя сукенкi, збянтэжаныя твары; губы, якiя вымаўляюць словы: "Хто б мог падумаць!" i — "Скандал!"; Гуга занадта позна замкнуўся знутры ў сваiм пакоi: яна прыкмецiла яго i ўжо бегла па калiдоры; ён яшчэ паспеў павярнуць ключ, i клямка пачала хадзiць туды-сюды.
— Адчынi, Гуга, — прасiла яна, — адчынi ж!
— Hе адчыню.
— Гэта мой загад!
— Я ўжо чвэрць гадзiны, як не служу ў гэтым гатэлi.
— Ты сыходзiш адгэтуль?
— Сыходжу.
— Куды?
— Да свайго бацькi.
— Адчынi, Гуга, ну, адчынi; я не буду табе рабiць балюча, анi палохаць цябе; ты не можаш пакiнуць гэтае месца; я ведаю, што ў цябе няма бацькi, я дакладна гэта ведаю; ты мне патрэбны, Гуга; ты — той, каго яны чакаюць, Гуга, i табе гэта вядома; ты зможаш убачыць увесь свет, i ў самых лепшых гатэлях усе будуць цалаваць табе ногi; табе не трэба будзе нiчога казаць, толькi выходзiць да iх; твой твар, Гуга… хадзем, прашу цябе; адчынi; ты не можаш пакiнуць гэтае месца.
Рэзкае соўганне клямкi перапыняла яе казань, ставiла цэзуры ў гучаннi яе голасу, поўнага мальбы.
— …Гэта напраўду не я, Гуга; забудзься, пра што я казала i што рабiла; гэта была роспач… хадзем, дзеля iх усiх; ты — нашая авечка…
Яшчэ адно соўганне клямкi.
— Што Вам тут трэба? — спытала яна.
— Мне патрэбны мой сын.
— Гуга — Ваш сын?
— Менавiта. Гуга, адчынi.
"Першы раз не сказаў "калi ласка", — падумаў Гуга; ён павярнуў ключ у замку i адчынiў дзверы.
— Хадзем, хлопча, пойдзем адсюль.
— Добра, бацька, iду.
— Болей рэчаў у цябе няма?
— Hе.
— Хадзем.
Гуга падняў свой чамаданчык i быў рады, што бацькава спiна засланiла твар авечай капяланкi. Ён яшчэ пачуў, як яна заплакала, калi яны абодва iшлi па службовых сходах.
— Hе плачце, дзецi, — сказаў стары Фэмель, — яна ж вернецца i застанецца ў нас; яе б вельмi засмуцiла, калi б яна даведалася, што мы дазволiлi вiну зрабiцца кiслым; ён цяжка паранены, i я спадзяюся, што вялiкае здзiўленне ўжо нiколi не знiкне з яго твару; яны ўсе лiчаць сябе неўмiручымi, i гэткi цiхi i сухаваты гук можа зрабiць цуды. Дзяўчаты, паклапацiцеся, калi ласка, пра падарункi i кветкi; Леанора зоймецца кветкамi, Рут — вiншавальнымi паштоўкамi, Марыяна — падарункамi. Парадак гэта палавiна жыцця… з чаго можа складвацца другая палавiна? Нiчога з сабою не зраблю — не магу быць сумны. Гэта — вялiкi дзень: ён вярнуў мне маю жонку, падарыў мне сына — цi можна мне так называць Вас, Шрэла? — брата Эдыт; нават унука я займеў, праўда, Гуга? Я ўсё нiяк не наважуся сапраўды называць цябе ўнукам; хоць ты i сын майго сына, але ж не мой унук; не магу растлумачыць, якi голас мне гаворыць не называць цябе сваiм унукам?
Сядайце, дзяўчаты зробяць нам бутэрброды; рабуйце кашы з далiкатэсамi, дзецi, i не паперакульвайце тых стосаў, якiя ўпарадкавала тут Леанора; лепш за ўсё няхай кожны сядае на асобны год: бярыце сабе стос «А», Шрэла: ён самы высокi; Роберт, цi можна прапанаваць табе стос "1910 год", другi па вышынi? Ёзэф, выберы сабе якi-небудзь iншы, "1921 год" неблагi. Ну вось, добра, цяпер сядайце. Першы глыток вып'ем за пана М. - каб з ягонага твару нiколi не знiкла здзiўленне; другi глыток — за маю жонку: няхай Бог благаславiць яе памяць. Калi ласка, Шрэла, не маглi б Вы паглядзець, хто гэта там стукае ў дзверы?
А, вядомы нам спадар Грэц жадае выказаць мне свае ўшанаваннi? Спадзяюся, ён не прынёс дзiка з сабою на карку? Hе? Дзякуй Богу. Калi ласка, Шрэла, скажыце яму, што прыняць яго не магу; цi, можа, ты мяркуеш, Роберт, што цяпер адпаведны дзень i адпаведны час, каб прыняць вядомага нам пана Грэца? Праўда, што не? Дзякуй, Шрэла. У гэты дзень i ў гэты час належыць адмовiцца ад непраўдзiвых суседскiх пачуццяў; два словы могуць каштаваць жыцця: "Грэх i ганьба", — сказала старая фраў Грэц; жэст рукi можа каштаваць жыцця, i адно няправiльна зразуметае прыжмурванне вока; ага, Гуга, прашу, далi мне вiна — спадзяюся, ты не пакрыўдзiшся, калi мы тут, у сямейным коле, ацэнiм i выкарыстаем набытае табою ўменне абслугоўваць клiентаў.
Пастаў спакойна гэтыя вялiкiя букеты перад малюнкам абацтва, меншыя — з абодвух яго бакоў, на палiцу з планамi; ты можаш пазнiмаць i выкiнуць гэтыя скруткi: у iх нiчога няма, яны тут як дэкарацыi; хiба што сярод нас ёсць нехта, хто мае намер яшчэ выкарыстаць гэтую каштоўную паперу? Можа, ты, Ёзэф? Чаму ты гэтак нязручна сеў? Ты ўзяў сабе 1941 год — гэта зусiм танюткi стос, хлопча. 1945 год быў бы лепшы, заказы тады сыпалiся, нiбы град — амаль як у 1909 годзе, але я адмовiўся ад iх, хлопча. Слова «sorry» забiла ўва мне ахвоту займацца будаўнiцтвам. Рут, складзi вiншавальныя паштоўкi i тэлеграмы на маiм рысавальным стале; я распараджуся надрукаваць адказы з падзякай, а ты дапаможаш мне заадрасаваць iх; за гэта я куплю табе што-небудзь прыгожае ў фраў Горушкi; якi будзе тэкст гэтых адказаў? "Гэтым выказваю сваю самую сардэчную падзяку за Вашыя вiншаваннi з нагоды майго васьмiдзесяцiгадовага юбiлею". Можа, да кожнай падзякi далучыць уласнаручны малюнак — што ты думаеш наконт гэтага, Ёзэф? Якога-небудзь пелiкана цi вужакi — а што, калi б гэта быў бык? Калi ласка, Ёзэф, паглядзi, хто там яшчэ так позна хоча ўвайсцi?
Чатыры супрацоўнiкi Кронэравай кавярнi? Прынеслi падарунак, ад якога, на тваю думку, я не павiнен адмовiцца? Добра, тады няхай заходзяць.
Два кельнеры i дзве буфетчыцы асцярожна прайшлi ў дзверы, несучы з сабою прастакутную дошку, даўжыня якой была нашмат большая за шырыню; тое, што стаяла на ёй, было накрыта снежна-белым палатном; стары здрыгануўся: можа, труп? Цi тое, што тырчала, нiбы кiй, угару было носам нябожчыка? Яны неслi дошку асцярожлiва, нiбы гэта быў найкаштоўнейшы мярцвяк; запанавала поўная цiшыня; рукi Леаноры, якая складала букет, знерухомелi ў паветры; Рут трымала ў руках вiншавальны адрас з залатою аблямоўкаю, Марыяна забылася адставiць убок парожнi кош.
— Hе, не, — цiха сказаў стары, — калi ласка, на падлогу ставiць не трэба; дзецi, прынясiце сюды дзве падстаўкi для планаў.
Гуга i Ёзэф прынеслi з кута дошкi-падстаўкi, паставiлi iх пасярэдзiне кабiнета на стосы 1936–1939 гадоў; зноў запанавала цiшыня, пасля таго як абодва кельнеры i абедзве буфетчыцы паставiлi дошку з невядомым прадметам на падстаўку, потым сталi каля ўсiх чатырох яе вуглоў, узялiся за рагi палатна i па кароткай, рэзкай камандзе старэйшага кельнера паднялi яе.
Стары пачырванеў, падскочыў да мадэлi з цеста, падняў рукi, як барабаншчык, што збiраецца пачаць адбiваць гнеўныя гукi марша, i нейкую хвiлю ўсiм здавалася, што ён расчаўпе кулакамi гэты салодкi твор мастацтва; але тут ён раптам апусцiў кулакi, рукi бяссiльна павiслi з абодвух бакоў цела; пасля стары цiха засмяяўся, пакланiўся дзяўчатам-буфетчыцам, потым абодвум кельнерам, а выпрастаўшыся, выцягнуў з пiнжака свой кашалёк i даў усiм чатыром па купюры на чай.
— Калi ласка, — сказаў ён спакойна, — перадайце фраў Кронэр маю шчырую падзяку i таксама скажыце, што надзвычай важныя акалiчнасцi прымушаюць мяне адмовiцца ад маiх сняданкаў… важныя акалiчнасцi — каб ад заўтрага больш не снедаць у Вашай кавярнi.
Ён перачакаў, пакуль кельнеры i буфетчыцы выйшлi з дому, а потым голасна прамовiў:
— Ну, дзецi, а цяпер падайце мне вялiкi нож i талерку пад тарты!
Ён адрэзаў кавалак ад вежы касцёла Святога Антонiя i перадаў талерку Роберту.