II

Зімовая ноч. У вёсцы цёмна, усюды спяць. Толькі ў маленькай хатцы на канцы вёскі мігае агеньчык. Лучына дыміць і чадзіць. Непрывычнаму чалавеку было б кепска пры гэтым асвятленні, а прывычнаму — лепей і не трэба. І вось пры лучыне пільна і клапатліва тупаюць два чалавекі — бондар Даніла і яго жонка Аўдоцця.

Даніла рыхтуецца да новай цікавай працы.

Сама пані з двара заказала ў яго начоўкі, цабры, вёдры і некалькі лыжак. Трэба доўга рыхтавацца. Адразу, проста з моста, не прымешся за такую работу. Трэба адкінуць, як шалупіну, усе жыццёвыя будні — сон і яду, аб чым Аўдоцця і не адважвалася яму напамінаць, бо ён мусіць увайсці ў свой незвычайны стос: забыцца аб усім вакольным і ў цішы начной, калі грукату-стукату няма, думаць і думаць, меркаваць і меркаваць, маляваць сабе ў галаве гэтыя пасудзіны, нібы ён іх ужо бачыць гатовенькія; абмазгоўваць, як прыняцца за работу, якія матэрыялы ўжыць, якімі інструментамі рабіць, каб выйшла як найлепш, як найпякней, як найскладней, каб урэшце пані ўцяміла, што ён за чалавек, які таланны, убачыўшы багатыя Данілавы думкі ў постацях драўляных пасудзін.

Трэба так працаваць, каб рук і плеч не чуць, каб сэрца млела, каб пот цурком ліўся.

Па блеску яго вачэй, па маршчынах на яго лбе Аўдоцця пазнае, што «пачалося». Яна ціха пазірае на мужа. Цяпер лішняга слова яму казаць нельга.

Даніла выбірае гэблі, скоблі, разцы, нажы, далаты, сякеры і сякеркі, гладзіць і мацае іх рукамі, пільна да іх прыглядаецца, адкідае злосна адзін інструмент, зноў за яго бярэцца, сумняваецца, разважае, нюхае жалеза, прыцмоквае губамі, ківае галавой і нешта мармыча сабе пад нос.

Аўдоцця мяняе лучыну за лучынай, абшароўвае, абламвае вуголлі і ўсімі сіламі стараецца трымаць «вечны агонь» у адной меры. Яна сапе, уздыхае, кашляе. Дым лезе ў вочы, у горла, але яна маўчыць. Яна захоплена жаданнямі Данілы. Пры сваім нецікавым абавязку яна пазірае на мужа і дзівіцца на «залатыя рукі».

Цуд пачынаецца.

Бондар вострыць інструменты. На першы погляд здаецца, што гэта рэч вельмі простая і звычайная. Але так здаецца людзям, якія нічога цікавага ведаць не хочуць. Шліфоўка інструментаў — рэч і не простая і не звычайная. Трэба ведаць, які брусок — ці цвёрды, ці мяккі, ці гладкі, ці крупчаты — падходзіць да кожнага начыння. Трэба ведаць, як трымаць брусок, колькі разоў і як плюнуць на яго. Трэба цяміць, як шараваць — ці наўскос, ці проста, ці памалу, ці хутка, ці моцна прыціскаць, ці памаленьку, каб было акурат у меру. Кожнае начынне мае свае капрызы, свае вымаганні, якія майстар павінен памятаць, як свае пяць пальцаў. Потым глянец — з глянцам пачынаецца новая, цікавая гісторыя. Крывавым потам плаціць бондар за гэтую гісторыю. Ён патрабуе, каб інструмент блішчэў і пераліваўся ў розныя колеры, як люстэрка, як празрыстая вада. І ён наводзіць глянец. Потым кладзе свае інструменты ў рад на варштат. Бярэцца ўбокі і дзівіцца на іх, як на любых дзяцей. Адыходзіць. Глядзіць здалёк. Расшырыць вочы. Сажмурыць. Зноў падыходзіць. Хіліцца над інструментамі, нібы хоча іх цалаваць. Пачынае на іх дзьмухаць, хукаць. Блеск на сталі атуляецца слоем сівога туману. Потым туман патроху пачынае сыходзіць, напамінае колер перламутра і хутка знікае. І зноў інструменты блішчаць, як неба ў яркі дзень.

Даніла здаволены.

У яго рабоце ёсць вялікі вопыт. Вопыт набываецца доўгімі гадамі, рупнасцю, цярплівасцю, трываласцю і замілаваннем да сваёй працы.

Не толькі Даніла, але і Аўдоцця гэта разумее вельмі добра. І яна не даецца дзіву, што муж возіцца некалькі гадзін са шліфоўкай інструментаў.

А як жа іначай!

Пры гэтым муха не павінна гудзець, мыш не павінна скрабці, ды, наогул, ніхто з жывых істот не мае права перашкаджаць майстру.

Строгі закон Данілы добра ведае Аўдоцця. За ўсё жыццё яна вышкалілася. Ёй здаецца, што нават вецер цішэе ў той час, як Даніла майструе, дрэвы на гародзе не шумяць і птушкі не пяюць. Аўдоцця не дзівіцца. Іначай быць не можа. У мужа — вялікая сіла.

Загрузка...