Пакончана з інструментамі: навостраны, як брытвы, адпаліраваны, як люстэркі.
Бондар падбірае матэрыял — калодкі, палены і дошкі, што ў вялікім запасе ляжыць у яго хаце.
З ім побач клапоціцца і Аўдоцця.
А чым далей, тым работа вымагае больш кемлівасці, больш адказнасці, становіцца цяжэй і мудрэй і, разам з гэтым, усё прыямней.
Аўдоцця без тлумачэння разумее.
Ім абодвум кружыць галовы вялікае здарэнне: пані пажадала мець у сваёй гаспадарцы хвалёную работу «залатых рук» Данілы.
Во хто яго ўрэшце зразумее і ацэніць!
А гэта ўжо не мужыцкага роду асоба, а з таго гатунку людзей, што ўсё ведаюць…
Даніла ззяў. Памаладзеў. Парухавеў. Тое, да чаго ён рваўся ўсё жыццё, само насустрач ідзе. Во каму ён пакажа свой таемны скарб — пані, вялікай пані, з вялікага двара! Дзеля гэтага варта была безупынная праца дзесяткаў год, пры якой ён рваўся кудысьці, каб адкрыць людзям свой уласны новы свет.
Шчырая радасць грэла і Аўдоццю.
Ці ж можна словамі перадаць, як Даніла падбіраў клён, бярозу, дуб, асіну на цабэркі, вёдры, начоўкі і лыжкі, арэшнік на абручы з сваіх лепшых запасаў?
Ці ж можна апавядаць аб тым, як ён пераглядаў, перамацваў рукамі, пробаваў на язык палены, дошкі і звычайныя кавалкі дрэва, як ён іх сушыў, як з імі няньчыўся, каб стварыць з іх новае хараство, каб у іх душу пераліць.
Ці ж можна казаць аб тым, як ён бачыў мастацкім вокам старога майстра ў нямых кавалках дрэва гаварлівыя, пявучыя, вабныя сваёй зграбнасцю і грацыяй начоўкі, вядзёркі і лыжкі?
Ці ж можна адмаляваць пры гэтым жывую ігру яго твара, выразныя рухі яго цела, як ён усё разважаў і туды і сюды, і ў добры і ў кепскі бок, нібы закладваў фундамент вялікаму гораду?
Даніла гарэў на сваім уласным агні. Даніла лез усё вышэй і вышэй па невідочнай лесвіцы.