— Нікому ні слова пра тое, што ўчора былі разам.

— Ды буду маўчаць як рыба, — запэўніў я яго. — Навошта гэта афішыраваць.

— Маладзец, — сказаў ён, але выраз ягонага твару па-ранейшаму заставаўся сумным. — Астатняе, Сашка, — уздыхнуў ён, — сам даведаешся.

Гэтае «сам даведаешся» заінтрыгавала мяне, але, бадай, у большай ступені спалохала. Значыць, адбылося нешта такое, пра што ён сам не хоча казаць, а можа, і баіцца нават. Адразу стала не па сабе. Неставала яшчэ, каб адразу ўліп у нейкую непрыглядную гісторыю.

Праўда, як хутка высветлілася, уліп былы загадчык аддзела пісьмаў. Ён і дагэтуль меў нямала непрыемнасцей на рабоце з-за таго, што не ў меру ўжываў спіртное. Хоць яго неаднаразова папярэджвалі, аб’яўлялі вымовы, ды выправіцца чалавек ніяк не мог. Перад маім прыездам ён атрымаў апошняе папярэджанне. Магчыма, калі б яшчэ нейкую правіннасць ён зрабіў на рабоце, рэдактар пастараўся б усё спусціць на тармазах, але адбылося такое...

Былы загадчык аддзела пісьмаў жыў у адным доме з сакратаром райкама партыі. Падобныя двухпавярховікі ў сярэдзіне 60-х гадоў з’яўляліся ў шмат якіх невялікіх раённых цэнтрах. Дый пазней будаваліся, падобныя адзін на адзін. Але той былы загадчык не дамы пераблытаў, а паверхі ў сваім доме. Таму патрапіў не ў сваю кватэру, а ў тую, у якой жыў сакратар райкама.

Настолькі п’яны быў, што калі яму адчынілі дзверы, нават не заўважыў, што перад ім не ўласная жонка, а чужая жанчына. Тут жа ў прыхожай пачаў распранацца. Калі ён стаў знімаць штаны, гаспадыня закрычала, паспрабавала прагнаць яго. Ды дзе там! Стоячы ў адных трусах, ён паслаў яе — куды, зразумела, і накіраваўся ў спальню. Акурат у гэты момант і з’явіўся сакратар райкама. Толькі пасля гэтага былы загадчык аддзела зразумеў, што штосьці атрымалася не так, але ён быў настолькі п’яны, што не ўстаяў на нагах і паваліўся на падлогу. Давялося гаспадару па тэлефоне выклікаць ягоную жонку.

Гэтая прыгода і вызначыла далейшы лёс былога загадчыка аддзела пісьмаў. Пасля таго ён ужо стаў увогуле былым журналістам. Па-мойму ў рэдакцыі ніхто так і не даведаўся, што гэтаму «паспрыяў» і я. Тыя, з кім у той вечар выпіваў, умелі трымаць язык за зубамі. Толькі мне ад гэтага не лягчэй. Па сённяшні дзень адчуваю нейкую маральную віну.

Ці ўзяць яшчэ адзін выпадак падобнага кшталту. Расказаў мне пра яго празаік В., на жаль, ужо нябожчык. У Мінску мы хоць і працавалі з ім у роз­ных рэдакцыях, але ў адным будынку, а жылі ў суседніх дамах, якія стаялі паралельна. Прытым гэта пяціпавярховікі, пабудаваныя па тыпавым праекце, а таму вельмі падобныя. Калі б ішоў хто ноччу, не ведаючы іх нумарацыі, то мог бы лёгка пераблытаць, у каторы яму трэба ісці.

Празаік жа В. часта дамоў вяртаўся на «аўтапілоце», то аднойчы і патрапіў не ў свой. Знайшоўшы «свой» пад’езд, ён, паколькі на той час дамафонаў яшчэ не было, лёгка зайшоў унутр і падняўся на патрэбны яму паверх. Падышоў да «сваёй» кватэры, дастаў ключ. Аднак як ні стараўся, ключ не хацеў паварочвацца. Празаік В., крыху пачакаўшы, паўтарыў свае намаганні. Зноў ніякіх вынікаў. Тады ён націснуў кнопку званка. Дзверы адразу расчыніліся і В. убачыў на парозе раззлаванага незнаёмага мужчыну. Тут трэба сказаць, што п’яным В. заўсёды станавіўся вельмі раўнівым.

— Ты хто такі?! — абурана закрычаў празаік. — Да маёй жонкі прыйшоў! — ён паспрабаваў нанесці мужчыну ўдар, але той здолеў ухіліцца і нанёс удар у адказ.

Празаік В. упаў на падлогу, але знайшоў у сабе сілы падняцца і кінуўся на свайго крыўдзіцеля. Той закрычаў:

— Мала яшчэ?! То атрымлівай! — ён з размаху так ударыў празаіка В., што той адляцеў у бок і, паваліўшыся, апынуўся ля краю лесвіцы, што вяла ўніз. Мужчына, не чакаючы пакуль ён падымецца, штурхануў яго нагой і пайшоў у кватэру.

Празаік В. з цяжкасцю падняўся. Пачуццё рэўнасці настолькі апанавала яго, што ён вярнуўся назад да «сваёй» кватэры і сабраўся біць у дзверы нагамі, але ў апошні момант на яго быццам найшло нейкае прасвятленне. Ён уважлівей прыгледзеўся да дзвярэй і зразумеў, што гэта дзверы не ягонай кватэры. Але ж нумар то ягоны? Празаік В. цяжка прыхінуўся да сцяны. Невядома, колькі б ён яшчэ прастаяў так, калі б дзверы не адчыніліся.

— Ты яшчэ тут? — закрычаў мужчына. — Мала атрымаў?

Чакаць «дабаўкі» празаік В. не стаў і павольна, паколькі ягоныя ногі падкошваліся, пачаў спускацца па лесвіцы ўніз. Толькі калі апынуўся на лаўцы, што стаяла ля пад’езда, да яго нарэшце дайшло, што ён пераблытаў дамы.

Жонка ўрач — з хворым сэрцам да каханкі не ідзі

Сцвярджаючы так, я, праўда, не збіраюся пераконваць, што гэта абавязкова трэба рабіць, калі жонка твая, для прыкладу, настаўніца, альбо, скажам, журналістам працуе. Каханне, як і Усход, справа тонкая. Самому вырашаць, як і што рабіць. А можа, лепей і ўвогуле нічога не рабіць. У тым сэнсе, што лепш дома застацца, чакаючы з работы сваю законную палавіну. Парадамі тут толькі можна нашкодзіць. Але ў адным магу запэўніць: усё ж асабліва небяспечныя хаджэнні налева тады, калі жонка ў цябе ўрач.

Аднак перш чым расказваць пра справы сардэчныя — у прамым і пераносным сэнсе, паведаю спачатку пра выпадак, пра які неяк даведаўся ад сваёй знаёмай. Ён у чымсьці падобны на папярэднія. З адной хіба розніцай: зыход у ім шчаслівы.

Адбылося гэта таксама даўнавата, яшчэ тады, калі мала хто меў мабільныя тэлефоны. Адсутнасць яго ў мужа маёй знаёмай акурат і паўплывала на тое, што яна трапіла ў сітуацыю, якая спачатку ёй каштавала нямала нерваў, а потым, калі прыйшла ў сябе, прымусіла пасмяяцца.

Пачалося ўсё з таго, што муж затрымліваўся з работы. Падобныя затрымкі за ім і раней назіраліся, але звычайна ён з’яўляўся ў гадзін восем-дзевяць вечара. Зразумела, адпачыўшы ў коле сяброў. Але паколькі наступным днём мусіла быць субота, то гэтым разам ён затрымаўся даўжэй. Толькі недзе ў гадзін адзінаццаць вечара патэлефанаваў. Ці то з гарадскога тэлефона-аўтамата, ці то з чужой кватэры. Высвятляць яна не стала, бо ягоны язык настолькі заплятаўся, што і так з цяжкасцю разабрала, што хацеў сказаць. Адно дайшло да яе: хутка будзе дома.

У чаканні правяла ці не гадзіну. І з акна на вуліцу глядзела, і да дзвярэй падыходзіла, каб упэўніцца, ці не ідзе ён. Быў бы мабільнік, канечне ж, магла б сазваніцца, а так даводзілася чакаць, молячы Бога, каб хоць нічога не здары­лася. Нарэшце дзесьці апоўначы ў тамбуры, а ў тамбуры ўваход у дзве ква­тэры — суседскую і іхнію, пачуліся цяжкія крокі. «Нарэшце», — з палёгкай уздыхнула яна і, не пытаючыся, хто там, рашуча адчыніла дзверы. Лепей не рабіла б гэтага!

У праёме дзвярэй паказаўся невядомы мужчына і, дыхнуўшы перагарам, у прамым сэнсе ... паваліўся на яе. Ад страху ў яе перахапіла дыханне. Яна нічога не магла сказаць, толькі з усёй сілы адштурхнула яго ад сябе. Мужчына ж ніяк не мог зразумець, чаму яго не пускае ва ўласную кватэру нейкая чужая жанчына

— Ты хто такая, маць тваю?! — азвярэў ён. — Адкуль ўзялася ў маёй кватэры?!

— Пайшоў вон! — закрычала ў адказ мая знаёмая, з жахам пачынаючы ўсведамляць, што адной з гэтым агрэсіўным прышэльцам не саўладаць.

— Гэта я «пайшоў вон»?! — ягоныя п’яныя вочы звузіліся, не абяцаючы нічога добрага. Мужчына паспрабаваў адштурхнуць яе, каб зайсці ў прыхожую.

Невядома, чым бы гэты няроўны паядынак скончыўся, калі б у тамбу­ры не пачуліся крокі. Яна ўжо не сумнявалася, што гэта, нарэшце, вярнуўся дамоў яе муж.

— Валодзя! — з радасцю закрычала яна і адразу перайшла на слёзы: — Зрабі з ім што-небудзь!

— Хто гэта?! — у сваю чаргу закрычаў муж.

— Адкуль я ведаю? — яна не апраўдвалася, а ўсё яшчэ ніяк не магла прыйсці ў сябе. — Думала, што ты... Адчыніла дзверы, а гэта ён...

З цяжкасцю падбіраючы слова, муж звярнуўся да незнаёмца:

— Пайшлі, разбяромся...

— Пайшлі, — гэтаксама, ледзьве варочаючы языком, з цяжкасцю адказаў незнаёмец, кіруючыся за ім.

— Вярніся, Валодзя, — загаласіла мая знаёмая.

Ды муж, зразумела, не стаў яе слухацца, толькі напаследак сказаў:

— На лаўцы каля дома пасядзім.

Ёй нічога не заставалася, як згадзіцца. Калі ж праз некаторы час падышла да акна, то ўбачыла, што муж з незнаёмцам і сапраўды сядзяць на лаўцы, аб чымсьці размаўляючы.

— Знайшоў алкаголік алкаголіка, — падумала знаёмая, але ўжо не зласліва, бо пераканалася, што ўсё скончылася добра.

Па вяртанні ж мужа даведалася, што ў іх кватэру «ламаўся» мужчына з іхняга ж пад’езда. Небарака столькі ўзяў «на грудзі», што пераблытаў паверхі. Разабрацца, што тамбур зусім не такі, як на ягоным паверсе, ён быў ужо не ў стане. «Аўтапілот» у такіх дробязях не разбіраецца. У яго іншая задача — давесці чалавека бліжэй да дома, што ён і зрабіў. У астатнім кожны мусіць разлічваць на ўласныя магчымасці.

Хоць час расказаць і пра асаблівую небяспеку хаджэння налева, калі жонка ў цябе ўрач. Праўда, ведаю пра ўсё не з асабістага вопыту. Але ўсё адно магу нават пабажыцца, што гэта менавіта так. Бо адна ўрач сама прызналася мне, як нечакана заспела на месцы здрады свайго мужа, у вернасці якога ніколі не сумнявалася. Пасля таго расказала, як я з ёю пазнаёміўся. Таксама нечакана. І таксама з-за ... спраў сардэчных. Хоць такога знаёмства нікому іншаму не жадаю. Нават таму, хто далёка не сябар мне. Па той прычыне не жадаю, бо гэткія сустрэчы нярэдка заканчваюцца ў лепшым выпадку бальніцай.

Ды годзе інтрыгі. Пачалося ўсё будзённа-проста: прыхапіла ў мяне сэрца. Паколькі маю ўжо немалы вопыт, як трэба паводзіць сябе ў падобных выпадках, адразу ўхапіўся за выртавальны валідол. На жаль, не дапамог. Нічога станоўчага не дала і другая яго таблетка, пакладзеная пад язык. Потым была нітрагліцэрына, але і яна не дапамагла. Засталося адзінае выйсце — выклікаць хуткую. Што я і зрабіў. А праз некаторы час, як і мае быць, на маёй кватэры з’явілася ўрач.

На шчасце, нічога сур’ёзнага не аказалася. Усё абышлося традыцыйным у падобных выпадках уколам. Калі ж ён быў зроблены, урач — жанчына ўжо ў гадах — падказала, што няблага было б прайсці курс масажу. Пры адной думцы, што давядзецца некуды хадзіць, мне стала не па сабе, таму я катэгарычна адмовіўся.

— А вы ўсё ж падумайце, — усміхнулася ўрач, — я ж і сама даўно практыкую масаж.

— Самі? — здзівіўся я.

— А чаму б і не? Прайшла курсы. Дый не шмат бяру. Апроч усяго буду прыязджаць да вас на кватэру.

— Так і быць, — нарэшце згадзіўся я.

Так і пачалася для мяне масажатэрапія. Паколькі ж кожны сеанс быў працяглы — ці не гадзіну займаў, то быў час пагаварыць. Тым больш, што мая масажыстка аказалася жанчынай гаваркой. Такіх ніколі за язык цягнуць не трэба. Ахвотна і пра сваё жыццё раскажуць. З няменшай ахвотай, калі пажадаеш, і тваю споведзь выслухаюць. Адным словам, хутка мы знайшлі з ёй паразуменне. Пакрысе і да спраў . сардэчных перайшлі.

Не ўсміхайцеся: у мяне і думкі не было, каб рабіць да яе нейкія «захады». У яе, не сумняваюся, — тым больш. Гаварылі, канечне, пра любоў, але, як кажуць, усё вакол. Пра тое, што нас абаіх не тычылася. Але нечакана «маса­жыстка» перайшла на сваё, асабістае.

— Ведаеце, — аднойчы сказала яна, — а я са сваім першым мужам развялася.

«Развялася дык развялася, — падумалася мне, — што мне да гэтага. Мала хто разводзіцца. Многія з гэтага і ніякай трагедыі не робяць».

Урач, бадай, здагадалася, што за думкі з’явіліся ў маёй галаве.

— Са мной адбыўся, — заінтрыгавала яна, — вельмі рэдкі выпадак. Вам, як пісьменніку, — дадала яна, — думаю, гэта будзе цікава.

— Вельмі рэдкі? — мне захацелася хутчэй пачуць, што ж сапраўды адбылося.

— Слухайце, самі ўпэўніцеся.

Першы муж гэтай «масажысткі» быў кандыдатам навук, працаваў выкладчыкам у адной з вышэйшых навучальных устаноў. Працы ставала, таму меў, як кажуць, ненарміраваны дзень. Яна яшчэ хвалявалася, прасіла яго, каб бярог сябе, бо часам скардзіўся на сэрца. Але ён запэўніваў, што нічога страшнага, без работы нельга. Таму калі-нікалі вяртаўся вельмі позна. І не здагадвалася жонка, што да асноўнай работы ў яе мужа была яшчэ і такая, якая прыносіць куды больш прыемнага.

Тайнае стала яўным зусім нечакана. З-за збегу акалічнасцей. Падчас дзя­журства гэтай «масажысткі» прыйшоў выклік, што аднаму мужчыну вельмі кепска. Яе і паслалі па ўказаным адрасе. Увайшоўшы з медыцынскай сястрой у патрэбную кватэру, яны хуценька распрануліся і накіраваліся ў пакой, у якім на канапе ляжаў мужчына.

— Урач, дапамажыце, — залівалася слязьмі яго маладая жонка, — памірае...

— Перастань, — ціха абарваў яе мужчына. Па ўсім відаць, ён і сапраўды адчуваў сябе вельмі блага.

— Супакойцеся, — адказала ўрач і наблізілася да хворага.

Як толькі ўважліва зірнула на мужчыну, яе ногі падкасіліся: на канапе ляжаў яе муж.

— Ты? — міжвольна вырвалася ў яе.

— Дапамажы, — адзінае, што знайшоўся ён сказаць.

Яна дамагла. Не магла ж парушыць клятву Гіпакрата. Апроч таго ратавала не каго-небудзь чужога, а ўласнага мужа.

— Так што запомніце, — сумна закончыла сваю споведзь «масажыстка», — калі ў вас жонка ўрач, з хворым сэрцам да каханкі не хадзіце.

Канечне, пасля гэтага з мужам яны разышліся. Праўда, хутка разышоўся з гэтай «масажысткай» і я. Безумоўна, курс масажу, які я аплаціў, яна завяршыла. Аднак ужо калі я прайшоў палову яго, у мяне з’явілася насцярога, а ці так ужо неабходна мне гэтае лячэнне. Пасля таго з’явілася, калі ўрач параіла:

— Вельмі забаліць сэрца, можна месца, дзе яно знаходзіцца, памазаць мачой.

Я прамаўчаў, але ніякага жадання займацца урынатэрапіяй у мяне не было.

А яшчэ падумалася, што, магчыма, нейкую не такую тэрапію яна праводзіла і са сваім першым мужам, таму і пачаў шукаць любоўную ўцеху па-за межамі свайго дома. Ды ў рэшце рэшт — гэта іх асабістая справа. Тым не менш, калі маеш жонку-ўрача, лепей да каханак не хадзіць. Асабліва калі ў цябе хворае сэрца. На ўсялякі выпадак трэба берагчы сябе. Ад разводу!

Усё, што ні адбываецца, к лепшаму

Не памятаю, хто гэта і сказаў. Магчыма, і народная мудрасць. Сутнасць жа заключаецца ў тым: да трыццаці гадоў чалавек ўсё ўспрымае сэрцам, а пасля трыццаці — розумам. У тым сэнсе, што ў маладым узросце стаўленне да тых ці іншых падзей больш эмацыянальнае, а часам і катэгарычнае. Калі ж гаворка заходзіць пра пэўныя ацэнкі, то яны часам празмерна крытычныя, без уліку канкрэтных рэалій. Дый то з’яўляюцца па прынцыпе: кураня курыцу вучыць. Дарэчы, ці не найбольш характэрны прыклад тое, як ставіліся некалі некаторыя «маладнякоўцы» да сваіх папярэднікаў. Іхні тэзіс «у рожкі са старымі» нічога добрага не даў. Відавочна хіба толькі адно: зробленае ў літаратуры «старымі» і сёння яе залаты фонд, а многія «маладыя» так і нічога не пакінулі пасля сябе. На жаль, не ўсе ўрокі засвойваюцца наступнікамі. Гэта назіраецца і сёння, калі многія маладыя літаратары, нічога па сутнасці не напісаўшы, гатовы адхіліць ці не ўсю савецкую літаратуру, што з упартай паслядоўнасцю і робяць. Самі ж далей звычайных практыкаванняў не ідуць, не прамінаючы паднесці гэта як новую літаратуру.

Успомнілася гэта мне з такой нагоды. Калі я пісаў дыпломную работу, то выбраў наступную тэму: «Публіцыстыка Янкі Купалы». А паколькі мне на той час было ўсяго няпоўных дваццаць тры, то і ўспрыняў публіцыстыку народна­га песняра не розумам. А пры падобным стаўленні лёгка і крытычных захадаў зрабіць. Чым я і не прамінуў пакарыстацца, таму і выказаў шаноўнаму Івану Дамінікавічу пэўныя заўвагі. Зразумела, не істотныя, але тады мне яны здаваліся значнымі. Гэта, канечне, было належным чынам ацэнена, таму і атрымаў не пяцёрку, а чацвёрку.

Ды з мяне дастаткова было і чацвёркі. Г алоўнае, што яна сумленна заробленая. Сёння ж. Сёння мне ніякавата, што замахнуўся на самога Купалу. Але гэта сёння, калі ўсё стараюся ўспрымаць розумам. Розумам — цяжэй, сэрцам — лягчэй.

Дзеля чаго я гэта ўспомніў? Цягам часу наша стаўленне да таго, што было — і ўвогуле ў жыцці, а тым больш у тваім асабістым, мяняецца. Але дазволю сабе паўтарыцца, бо гэты момант я часткова закранаў ужо ў пачатку сваёй споведзі, недаравальна цягам часу старацца падаць сябе з лепшага боку. Да гэтага я, думаю чытач заўважыў, не імкнуўся. Больш за тое, у нечым магчыма і празмерна «раскрыўся». Аднак уносіць хоць якія-небудзь купюры ніякага жадання няма. Дый я ў тым ужо ўзросце, калі няма сэнсу штосьці хаваць, а трэба ўжо думаць пра вечнае, а ўжо ў самой вечнасці разбяруцца, ці правільна жыў, ці тое рабіў, што трэба.

Дарэчы, у кнізе Юрыя Бондарава «Мгновения», якую я ўжо згадваў двойчы, ёсць і развагі пра тое, як шмат у свеце загадкавага і невытлумачальнага. Над гэтым асабліва задумваецца той, да каго нечаканага падкрадваецца страшная хвароба. Як і кожны на ягоным месцы, ён абдумвае перажытае. Не можа не думаць і над тым, як шмат у свеце несправядлівасці. Не ў глабальным, канечне, маштабе, тут і так усё зразумела. Дый калі тваё ўласнае жыццё вісіць па сутнасці на валаску, зусім не да высокіх матэрый. Праводзячы ў пакутлівым роздуме не тое што гадзіны, а дні і ночы, ён паступова прыходзіць да высновы, што, бадай, лёс кожнага чалавека загадзя прадвызначаны і, хочаш таго ці не хочаш, а хутчэй за ўсё пражывеш роўна столькі, колькі табе адведзена. Пра гэта і навела Ю. Бондарава «Но все-таки...» Дазволю сабе прывесці яе цалкам:

«Наверное, где-то там, в бесконечности, есть свой список, и ежедневно некая рука с усталой небрежностью ставит крестик или галочку напротив ка­кого-либо имени — и тот, кто носил это имя на грешной земле, покидает ее в срок намеченный.

В выборе этом почасту нет благоразумного, логического порядка и нет верховной справедливости (так нам кажется), и мы говорим о неисповедимых путях, о високосном роковом годе, прошедшем с косой по знакомым и близ­ким нашим, по совсем молодым людям, а слова «инфаркт» и «рак» стали уже эмоционально равнозначны понятиям «война» и «смерть».

Раз мой приятель, вернувшись из больницы и идя со мной вечером из ре­сторана по теплой весенней улице, сказал:

— Если зажечь над окнами всех смертельно больных всего мира крас­ные лампочки, нас потрясла бы эта страшная иллюминация на большой земле!..

Но все-таки... все-таки если там, в запредельных списках, норма справед­ливости, не перепутываются ли эти списки кем-то с мстительной, пугающей людей злорадностью, не опахивает ли их черное, казнящее крыло, лукавя, об­давая вне очереди обреченные имена запахом жженой горечи?

Или, может быть, истина в сердцевине закона кажущегося равновесия? Это выше понимания разума человеческого. И здесь нет ответа».

Адказу і сапраўды няма. Правільней, у кожнага свой адказ. Над гэтым асабліва задумваешся, калі сам апынаешся перад выбарам: быць ці не быць. У такое становішча я трапіў, толькі паспеўшы размяняць свой шосты дзясятак. Калі хуткая везла ў дзявятую клінічную бальніцу, спачатку здавалася, што нічога страшнага няма. Занепакоіўся пасля таго, як адразу трапіў у рэанімацыю. Дый то не адразу, бо, як даведаваўся пазней, нам давалі ўколы, якія не толькі боль здымалі, а, як бы лепей сказаць, трывогу.

Дый, аказваецца, у такія палаты медсясцёр бяруць як на падбор: усе мала­дыя, прыгожыя. Для таго, каб у іхняй прысутнасці хворыя адчувалі сябе камфортна. Паколькі ж праца ў рэанімацыйных палатах цяжкая, то праз некалькі гадоў медперсанал мяняюць. Я так і не прывык называць іх медсёстрамі, ці сёстрамі. Звычайна звяртаўся «девушка». Тая ці іншая «девушка» папраўляла мяне, казала, што я няправільна звяртаюся. Ды як жа іначай звяртацца, калі «девушки» на заглядзенне, а то і на выданне. Канечне, не для нас, у каго аказаўся інфаркт.

Зноў жа і наконт дыягназу ашчаджалі нас. Ужо ўрачы. Спачатку ўсёй праўды не казалі. Таму і я быў упэўнены, што ў мяне, як і ў іншых, усяго мікраінфаркт. Што нешта не так, западозрыў толькі пасля таго, калі некаторых з такім самым дыягназам перавялі ў звычайныя палаты, а мяне працягвалі ўтрымліваць у рэанімацыі. Іначай і нельга было, бо ў мяне быў складаны інфаркт. Па­руску кажучы, «обширный». Але тады, наколькі гэта складана, не думалася. Паглядзіш на адну медсястру, на другую... Прабачце, на адну «девушку», на другую — і адразу хораша становіцца на збалелым сэрцы.

Трывога з’явілася пасля таго, як падчас знаходжання ў звычайнай палаце, мне забаранілі хадзіць у сталовую, а ежу прыносіла санітарка. Дый прагулкі па доўгіх калідорах — у дзявятай яны такія, хоць на веласіпедзе катайся — вельмі стамлялі, а то і заканчваліся болямі ў сэрцы. Пра тое, каб выйсці на вуліцу і гаворкі не ішло. Але канчаткова, наколькі ўсё сур’ёзна, я ўпэўніўся, калі мяне адпраўлялі ў санаторый.

Цяпер гэта «Беларусачка» паблізу Ждановіч. На той жа час ён, здаецца, называўся «Беларусь» і ў ім абавязкова (бясплатна) лячылі ўсіх, хто перанёс інфаркт. За выключэннем, аднак, пенсіянераў. Маўляў, яны і так непрацазольныя. Паколькі мне тады да пенсіі было далекавата, то я не надта задумваўся над падобнай сацыяльнай несправядлівасцю.

Дык вось зайшла ў палату медсястра і сказала, каб складваў свае рэчы ў пакет. А якія маглі ў мяне быць рэчы? Зубная паста, шчотка, мыла. Ды яшчэ лёгкая куртка. Склаў я ўсё гэта ў пакет, а медсястра:

— Я панясу. Вам нельга.

— Што вы, — запярэчыў я. — Сам...

Яна нічога не адказала. Я і не здагадваўся, якую непасільную ношу ўзяў на сябе. Едучы ў ліфце, яшчэ неяк трымаў гэты пакет, але калі выходзіў з вестыбюля да «рафіка», то ледзь не хістаўся. Праўда, сядаючы ў яго, яшчэ паспрабаваў кінуць медсястры нейкі двухсэнсоўны камплімент, ад якога яна ўсміхнулася, а малады вадзіцель паглядзеў на мяне так, што ў позірку гэтым прачытвалася: а ты, бацька, упэўнены, што выкарабкаешся?

Выкарабкваўся я сапраўды цяжка. У рэшце рэшт, як і іншыя, хто перанёс такі цяжкі інфаркт. З адной толькі розніцай: многім не пашанцавала, а мне пашчасціла. Сапраўды ўжо, мабыць, недзе ўверсе для кожнага «срок помечен». Канчаткова ўпэўніўшыся ў гэтым, я ў думках пачаў маліць Бога: «Госпадзі, толькі дапамажы». Маліў, хоць да гэтага быў атэістам. Не ваяўнічым, праўда, але атэістам. І не хрышчаным быў, бо нарадзіўся ў сям’і настаўнікаў. Цяпер жа я паўтараў: «Госпадзі, толькі дапамажы. Абавязкова пахрышчуся».

Усявышні пачуў маю мальбу. Хоць і паступова, а як жа іначай, калі на сэр­цы была не проста рана, а вялізная рана, станавіўся на ногі. Памятаю, што, як толькі вярнуўся з санаторыя, хоць і працягваў знаходзіцца на бальнічным, паспяшаўся ў тагачасную Ленінку. Клаў раз-пораз пад язык выратавальны валідол і стараўся штосьці чытаць, нешта выпісваў з заказаных кніг. Часам наведваўся ў рэдакцыю «ЛіМа», у якім працаваў, бо мая ўласная пішучая машынка стаяла на рабоце. Але больш-менш без праблем удавалася надрукаваць усяго некалькі старонак, як у сэрцы з’яўляўся цяжар, яно пачынала балець. Пасля ад урача даведаўся, што менавіта пры працы за пішучай машынкай, а яшчэ пры вязанні, адбываецца ўдзеянне на нервы, што вядуць да сэрца, таму і з’яўляецца боль.

Пра тое, у чым пакляўся, канечне, не забываў. Дый падзяліўся гэтым з жонкай. Тая ўзрадавалася. Маўляў, нарэшце зробіш тое, да чаго прыйшлі іншыя куды ў больш раннім узросце. Я ж пацікавіўся, як адбываецца абрад хрышчэння. Хутка ж у мяне аказаўся і тэкст малітваў, якія трэба вывучыць на памяць. Тут-то і атрымалася замінка. Як ні стараўся я, у мяне нічога не атрымлівалася. Тэкст малітваў ніяк не завучваўся, хоць, калі школьнікам, ніякіх праблем не ўзнікала з завучваннем на памяць якога-небудзь верша ці ўрыўка з празаічнага твора. Мабыць, цяпер сказваўся ўзрост. Дый усё ж тэксты малітваў больш складаныя. У такім разе, як быць?

Думаў-разважаў я і знайшоў простае і, як мне здаецца, правільнае выйсце. Так сказаць, па аналогіі. Калі чалавек каго-небудзь кахае, то ён выказвае прадмету сваёй любві ўласныя словы, а не паўтарае тое, што гаварылі да яго іншыя. То чаму я не маю права сваімі словамі выказаць любоў да Бога. Праўда, у храме, у якім мелася адбыцца маё хрышчэнне, святар, калі даведаўся пра гэта, паставіўся да ўсяго крыху іначай. Было вырашана, што ён чытае малітву, а я паўтараю. Так і стаў я праваслаўным вернікам. Пачаў жыць новым жыццём.

Правільней, жыццё маё падзялілася на два перыяды: да і пасля. Але не столькі да інфаркту і пасля інфаркту, колькі да хрышчэння і пасля хрышчэння. І гэты другі перыяд стаў для мяне на дзіва плённым і выніковым. Мне прысвоілі званне лаўрэта Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь. Я двойчы стаў лаўрэатам прэміі «Залаты Купідон». Мне прысвоена (зноў жа двойчы) званне заслужанага журналіста Беларускага саюза журналістаў, я лаўрэт прэміі БСЖ «Залатое пяро». Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь узнагароджаны медалём Францыска Скарыны.

Гэта, аднак, не значыць, што ўсё было так бясхмарна. Маю на ўвазе не толькі працу, нават не столькі працу. На жаль, выпрабаванні са здароўем не скончыліся. Некалькі гадоў назад урачы паставілі несуцешны дыягназ: дыябет другога тыпу. І гэта прытым, што ніхто з маіх родзічаў на такую хваробу не хварэў. Сказалася ўжыванне розных лекаў: лячыў сэрца калечыў падстраўнікавую залозу. Ды галоўнае — жыву. І стараюся пра гэтую яшчэ больш цяжкую хваробу, невылечную хваробу не думаць: у кожнага свой «срок помечен». Хочется спадзявацца, што для мяне ён будзе доўгім. Таму калі нехта месца сабе не знаходзіць пасля таго, як яму паставілі такі дыягназ, то часам суцяшаю яго, што нічога страшнага, а калі-нікалі і жартую па-чорнаму. Маўляў, чаго баяцца, усё адно абяцаюць хуткі канец свету.

Нядаўна да мяне ў кабінет заявіўся паэт і празаік Х. Ён быў, як ніколі вясёлы і твар ягоны ззяў, як той начышчаны самавар. Толькі сабраўся даведацца ў яго, у чым прычына такой радасці, як ён сам усё і расказаў:

— Урачы падазравалі, што ў мяне дыябет, але аналіз не пацвердзіўся. А я ўжо думаў, што ўсё.

— Чаму ўсё? — здзівіўся я. — Жывуць жа людзі і з дыябетам. І мяне ён не абмінуў...

— Э, нічога ты не ведаеш. Мой цесць ад яго памёр, пражыўшы крыху больш за пяцьдзясят.

Цесць Х. некалі адказваў за ўсю мінскую падпіску і, трэба сказаць, многім дапамог.

— На той час не было такіх лекаў, як сёння, — запярэчыў я.

— Ат, — Х. гатоў быў адмахнуцца ад мяне, як ад назойлівай мухі, — нічога ты не разумееш.

Пасля такога папроку мяне прарвала:

— А ты правяраўся на СНІД? — я ўважліва паглядзеў на яго.

— Прычым тут СНІД? — спалохаўся Х.

— Ты хіба не ведаеш, што некаторыя прыкметы гэтых дзвюх хвароб супадаюць?

— Няўжо? — на Х. стала страшна глядзець. — Не можа такога быць?!

— Газеты трэба чытаць, — параіў я яму, адчуўшы, што ён не зразумеў жарту.

— Газеты кажаш? — нарэшце да яго дайшло, што я жартую. — Я табе ўсур’ёз, а ты...

Згодзен, часам жартую, як кажуць не да месца. Нават і тады, калі гаворка заходзіць пра гэтую маю хваробу. Але ж у дадзеным выпадку смех — свайго роду засцерагальны шчыт. Пажартуеш і пачынаеш забываць, наколькі ўсё сур’ёзна. Хоць часам становіцца не па сабе. Тады, калі нечакана напаткоўваеш у друку паведамленне, што нехта з вядомых з падобным дыягназам адышоў у вечнасць, хоць і мог бы яшчэ жыць ды жыць.

Так было і тады, калі даведаўся, што памёр выканаўца галоўнай ролі Будулая ў вядомым мастацкім фільме «Цыган» Міхай Валанцір. Пра гэта прачытаў у газеце, якая нават у такім сумным выпадку не забывае пра тое, каб усё падаць хоць з якім-небудзь элементам сенсацыйнасці: «Несколько лет назад врачи поставили ему страшный диагноз — диабет».

У падобным сцвярджэнні для мяне, канечне, не было нічога новага. Але ўнутры адразу нешта быццам зварухнулася. Тым больш, што далей гаварылася пра тое, што гэты акцёр захварэў на вочы. Пачалі падводзіць яго і суставы. Зноў жа нічога новага — страшныя вынікі дыябету. Таму ўрачы і не змаглі ўратаваць яго. Я адчуў, як пакутліва заныла сэрца, пачаў шукаць уратавальны валідол.

У астатнія ж дні жыву па прынцыпе: надзея памірае апошняй.

Так жыў і мой бацька. Калі яго аперыравалі ў Мінскай абласной бальніцы, думалі, што ратуюць ад абвостранай язвы страўніка. Пры правядзенні аперацыі аказалася, што гэта ніякая і не язва. Спалоханыя мы, ягоныя дзеці — я і дзве мае сястры, паехалі ў бальніцу, мелі гаворку з урачом-дацэнтам, які назіраў за нашым бацькам пасля аперацыі. Сказаўшы нам усю праўду, ён супакоіў:

— Ніхто з нас не вечны. А бацька ваш гадоў пяць яшчэ пражыве. Прыкладна семдзесят будзе яму. Не так і мала...

Бацька пражыў восемдзесят тры з паловай гады. Яшчэ больш доўжыўся зямны шлях мамы — ажно 90 гадоў. А ёй жа таксама паставілі страшны дыягназ, праходзіла абпраменьванне. Ды лёс усё ж аказаўся для мамы на дзіва спагадлівы. Тым больш, калі прыняць пад увагу тое, што яна лячылася амаль адначасова з вядомым крытыкам і публіцыстам Верай Палтаран. Калі я заходзіў да мамы, то даведаўся, што верагодней за ўсё Вера Сямёнаўна ляжала ў той жа палаце, толькі некалькімі днямі раней. Палтаран памерла 28 сакавіка 1989 года, акурат у дзень свайго 70-годдзя.

Як пасля ўсяго не паверыць у тое, што «наверное, где-то там, в бесконеч­ности, есть свой список, и ежедневно некая рука с усталой небрежностью ставит крестик или галочку напротив какого-либо имени — и тот, кто носил это имя на грешной земле, покидает ее в срок намеченный». Таму і застаецца спадзявацца толькі на лепшае. Іначай навошта, дый дзеля чаго жыць.

На гэтым і хочацца закончыць і гэтую сваю споведзь.

Сумнаваты завяршальны акорд? Як сказаць.

Жыццё ж працягваецца.

Магчыма, і працяг гэтай кнігі з’явіцца.

Загрузка...