Пасля вячэры яны не спяшаліся ісці ў хату. Было душна, а тут, знадворку, хаця можна было дыхаць.
– А вось возьмем ды ўсю ноч і праляжым тут, – сказала яна.
Ён кіўнуў галавою.
– Калі не спаць, то тут лепей.
– Там задыхнуцца можна. А калі дзверы адчыніш, то бандзюга той хіба пасаромеецца і ў хату залезці?
Севярын моўчкі згадзіўся. У душы ён баяўся паўтарэння начных кашмараў. А раптам – зноў? Раптам не памаглі яе словы, вочы, дотыкі? Але ўголас ён сказаў:
– Тут, прынамсі, вогнішча ў тваіх вачах адбіваецца. I зоры.
– Я табе пакажу... зоры. Пірат!
Будрыс засмяяўся.
– А ён сёння возьме ды не прыйдзе, – сказала яна. – Абрыдла вось яму, ды і ўсё. А калі і прыйдзе – ты яго заб'еш. Такога – можна, раз ён знахабіўся ды людзей пільнуе.
– Забіць? Яго? Ды ты што?! Я каго хочаш заб'ю, толькі не яго.
Ён нізавошта не забіў бы цяпер гэтага леапарда.
– Я разумею, – сказала яна. – Гэты леапард звёў нас, праўда?
– Праўда. Зрабіў з нас адно.
I гэта было так. Смерць, што хадзіла навокал па джунглях, нечакана нарадзіла каханне, жыццё. Магчыма, уратавала ад усяго цёмнага, што вартуе чалавека, што столькі часу стаяла і чакала, пакуль ён, надломлены, упадзе.
...Яны ляглі каля вогнішча. Тое зырка шугала ўгору, жэрла галіны, сушняк, лаўжы. Але яны нарыхтавалі вялікую гару паліва, хапіла б і на дзве ночы.
Чырвань разлівалася па ствалах і кронах дрэў. Часам у гэтай барве высока над зямлёй ляцелі вавёркі-ляцягі. Планіравалі, мянялі свой паветраны шлях. Нешта цягнула іх да вогнішча, і яны, павіснуўшы на ствале дрэва або апусціўшыся на сук, камянелі. Вялізныя, чорныя з чырвонай іскрачкай – ад агню – вочы цікаўна разглядалі дваіх незразумелых, што прымасціліся ўнізе, ля дзівоснага жоўта-чырвонага жывога хмыза.
Варта было варухнуцца, і звярок паводзіў круглай тупаносай галоўкай, зрываўся з месца і ляцеў у змрок.
Яны ляжалі і гаварылі аб зорах. Пастунова размова згасла. Моўчкі ляжаць было лепей. Ляжаць і адчуваць цеплыню побач, адчуваць рукою плячо, адчуваць сэрцам усепранікальны спакой зорнага неба, джунгляў, кедраў, гор, агню, усёй зямлі, якая да апошняй былкі належала ім. Яму і той, што была поруч. Не было нічога лепей за яе і за гэтую ноч і гэты свет.
Ён раптам адчуў спіною нейкі трывожны холад. Не гук, не пах, не струмень паветра, а менавіта нешта нематэрыяльнае. Як быццам нехта глядзеў яму ў патыліцу.
Мужчына скасіў вочы і зірнуў у той бок. Там нікога не было. Трапяткая мяжа барвы і цямноцця. Аніякага прызнаку чагосьці жывога.
"Што такое?" – вачыма спытала яна.
"Не ведаю",– таксама вачыма адказаў ён.
Трывога не праходзіла. Нейкі інстынкт прысутнасці, які, мабыць, быў у вышэйшай ступені ўласцівы напаўдзікім продкам і які аднавіўся ў яго за гэтыя дні.
Пляма святла звужалася. Севярын ляжаў, увесь унутрана напружаны. Прадчуванне паступова мацнела. Чалавек ужо нібы скурай ведаў, што нехта стаіць у цемры, што гэты нехта плаўна, як човен па вадзе, пасоўваецца да яго і як быццам зусім не варушыць членамі.
– Леапард!!!
I той нібы адказаў з цемры тым самым словам, захлынуўся, а пасля рыкнуў:
– Кх... леа-паррд!!!
На імгненне ўспыхнула вогнішча, і чалавек убачыў пляскатую галаву і злосную морду звера амаль ля самага агню.
Чалавеку было б нездабраваць, каб на пачвару не кінуўся Амур. Морду ў морду і зубы ў зубы.
Рык, хрыпенне. Два целы, што звіліся на траве. Белае і плямістае, ільснянае, усё ў пералівах мускулаў.
Віск, хрыпенне, рык, басавітае вуркатанне.
Велізарная пачварная кошка не паспела схапіць і пацягнуць сабаку. Будрыс выхапіў з полымя галавешку і шпурнуў яе ў звера. Узляцеў фантан іскраў, засмярдзела паленым. Дэманскі лямант раздзёр ноч... Гэта было неверагодна, але кошка не спалохалася агню, не адскочыла, не адказала нічым, акрамя рыку. I тады чалавек копнуў яе страшэнным выспяткам ніжэй мяккага азадка.
Звіўшыся ў клубок, леапард узвіўся ўгору, як мяч, закалаціўся ў паветры з шалёным екатаннем і рыкам, што рвалі, здаецца, барабанныя перапонкі.
Ён зваліў бы мужчыну з ног, але Амур паспеў учапіцца яму ў азадак, ірвануць і асадзіць на зямлю. Чалавек толькі на імгненне адчуў на твары павеў смуроднага дыхання, а адурэлая пачвара ўжо зноў кінулася на пса, насела на яго.
Гарлавым, страшным крыкам закрычала жанчына. Але чалавек ужо таксама быў звер. Нешта цёмнае, неразважлівае плесканулася з самых глыбіняў, калі ён пачуў гэты крык. Ён не баяўся, не разважаў, не думаў, ён адчуваў толькі чырвоны туман у вачах і салоны смак крыві ў роце.
Схапіўшы крывую цяжкую ламачыну, ён грудзьмі, жыватом, усім цяжарам свайго цела ўпаў на спіну леапарду, з дзікім сладастрасцем, скручанымі пальцамі левай рукі, захапіў і выкруціў шаўкавісты карак, а правай, у якой была доўбня, абрушыў на плоскую галаву звера скрышальны ўдар. I яшчэ адзін, з нечаканай, радаснай дрыготай. I яшчэ...
У гэты момант бабухнулі ў неба два снапы агню, два перуны.
Леапард, увесь абмяклы, выслізнуў з-пад чалавека і, падаючы, асядаючы, прынікаючы аслепленай галавою да зямлі, пакаціўся прэч ад агню, у цёмны начны лес.
Чалавек узняўся на ногі і кінуўся быў за ім, але стрымаўся, кінуўшы позірк на жанчыну. Уся збялелая, яна амаль непрытомна стаяла ля агню, і два ствалы дымелі ў яе руках.
I тады ён адчуў, што зубы ў яго выскалены, убачыў, што ўвесь ён заліты крывёй. Апусціўшы вочы, ён з цяжкасцю расціснуў пальцы і кінуў доўбню ў агонь.
– Прабач, – хрыпата сказаў ён. – Я не здолеў вытрымаць, калі ты закрычала. Я нібы адурэў.
– Ён параніў цябе? – варухнула белымі вуснамі яна.
– Не, гэта, напэўна, ягоная кроў.
– Я стрэліла б у яго, каб ты... раптам... не насеў... Божа, я і тут ледзь не стрэліла... О-о...
– Ясна, – назнарок грубавата сказаў ён. – Кожны разгубіўся б. Паглядзі, як там сабака.
Жанчына схілілася над Амурам, які, дрыжучы, залізваў раны.
– Кіпцюрамі падзёр. Досыць моцна, але, па-мойму, нічога. На плячы след зубоў. Трохі вышэй – і сонная артэрыя была б.
– Дастань перакіс для пляча. Астатняе сам заліжа.
Яны рухаліся машынальна, бы ў глухім тумане, бы ў сне. I толькі пасля, дагледзеўшы сабаку і сябе, здранцвела селі каля агню.
– Жах які, – праз зубы, праз пераціснутае горла выдушыла яна. – О, божа мой, які несамавіты жах! Чатыры звяры. Я не... здзівілася б, каб мы пачалі грызці.
Аддалося ў паветры глухое рыданне. I толькі тут мужчыну пачало трэсці. Ён схапіў яе і прыціснуў да сябе, з жахам думаючы, чым усё гэта магло скончыцца. Перарывістае дыханне штуршкамі вырывалася ў яго з грудзей. А ён прыціскаў яе, трымаў як мог моцна, нібы здарылася непапраўнае.
– Тады б я... і зусім... не даравала сабе, – глуха плакала яна. – За адны думкі... За ўсё.
Прыціхла ноч.
...Леапард не прыйшоў ізноў. Ён не прыходзіў I пасля. Сімвал усяго пачварнага і цёмнага, што ходзіць вакол нас, ён знік. Магчыма, пайшоў некуды ў джунглі, у нетры, у глушыню, далей ад чалавека, туды, дзе няма чалавечага жылля, дзе гэтае жыллё некаму бараніць.