Частка II Катакомбы, змрок і агонь

Раздзел I У якім ніхто з «трох мушкецёраў» амаль нічога не ведае, а той, хто ведае, не можа расказаць

Травень быў такі, што каб такіх не бывала на зямлі — яго варта было б выдумаць. Начамі некалькі разоў ласкава шапталіся з дахамі цёплыя, ледзь не парныя дажджы. Раніцамі зямля курэла добрай парай нават праз шматлікія густыя парасткі, а на травах віселі падвескі з расы: зробіш крок і раптам заззяе, зробіш другі — і ўжо ў іншых месцах успыхваюць маленькія аранжава-зялёныя сонцы.

Травень абяцаў спакойнае лета, добрую восень, сытую зіму, і мала хто з мужыкоў не бласлаўляў яго.

Акрамя, мабыць, мяне.

Для мяне ён быў не квеценню садоў, якая пасля ўкрыла цёплым снегам зямлю, не дажджамі, не росамі, што прарочылі раскошныя жыватворныя дні, а хутчэй нейкімі змрочнымі падземнымі сутарэннямі, пераходамі, бясконцымі катакомбамі ды кашмарамі па начах.

Я жыў, кажучы словамі старога ананіма:

На мяжы святла і змроку,

На мяжы жыцця і смерці.

А калі прыйшлі тыя падзеі — да ўяўлення аб гэтых лазах, ямінах, правалах, падземных калодзежах прыйшлі і яшчэ радкі (чые, я забыў) аб тым, як:

У змрочным пекле, дзе з чорным

Агністы схапіўся бог.

Таму настрой у мяне, як кажуць браты-палякі, быў «на псы», калі недзе ўжо ў дваццатых чыслах месяца я сядзеў на лавачцы ля Шаблыкавай хаты разам з гаспадаром і Міхасём Змагіцелем, займаючыся вельмі ўхвальнай справай (мы паволі-паволі папівалі «беларускі бальсан», змешаны са слязой божай, і закусвалі з рэшата парніковымі трускалкамі (хай яго бог любіць, гэтага Шаблыку, усё на свеце ў яго ёсць або знойдзецца).

Дундзелі ў залатым вячэрнім паветры хрушчы. Зусім ужо нізкае сонца зрабіла з Альшанкі райскую раку святла. Густыя ўжо шаты дрэў нерухома рыхтаваліся да сну.

І размова ў нас ішла нейкая сонная і, спачатку, ні аб чым.

— Ты вось заўсёды што — «БТ» гэтае курыш? — лянотна спытаў Змагіцель.

— Так.

— А я вось выключна «Нёман».

— Дый я люблю, але як пакуру доўга — кашаль. Кінуць не спрабаваў?

— Раз дзевяць месяцаў не курыў. А тут выбары. Піва рэдкага на вёсцы прывезлі: «Лідскае». Сушаная рыба знайшлася. Ну, а я ўрну вазіў па тых, хто сваімі нагамі прыйсці не можа. Сябры набралі ўсяго на маю долю і, заразы, забыліся, тры пачкі «Нёмана» купілі. Як толькі галасы падлічылі — складчына. А я намерзся за дзень на марозе, адвёў каня, прыйшоў, ну, выпілі. Забыўся, закурыў. І… як не было гэтых месяцаў.

Шаблыку гэтая бяседа была такая цікавая, што здохнуў бы разам з мухамі. Таму размова перайшла на тэму, ад якой, мяркуючы па нашых літаратурных газетах, здохлі б мухі ўва ўсім свеце: на «кніжнасць».

— Ну вось якой ты, Міхась, думкі пра Быкава?

— А нічога. Не выдумляе. Відаць, што сербануў гэтай ваеннай раскошы аж пад пілотку. Не тое што нейкі піша, як Саня лазенным венікам роту немцаў разагнаў… з танкамі.

Мылі, мылі костачкі інжынерам чалавечых душ (пачулі б яны гэта з трыбуны), і скончылася размова яшчэ на адной асобе, да якой я ўвогуле стаўлюся цярпіма:

— Ну а гэты… Караткевіч? — спытаў Шаблыка.

— А нішто сабе. Толькі чумавы нейкі, дурашны. Левай рукой правае вуха цераз галаву чухае… Ніколі не ведаеш, чаго ад яго чакаць.

— Кажуць, бабнік, — сказаў Змагіцель.

— А пра каго гэтага не кажуць? Ты вось лепей, Антось, скажы, што ты так нарасшыфраваў? — перавёў нудную размову на іншае Шаблыка.

Я коратка расказаў пра літарэю. Сказаў толькі, што цвёрда ўпэўнены, што патрэбная мне вежа — з паўночнага боку, там, дзе была замураваная пасля Слуцкая брама. Сказаў і пра вугал намотвання (я верыў гэтым хлопцам і дужа спадзяваўся, што яны былыя дзеячы партызанкі і падполля, умеюць, калі трэба, заціскаць у ціскі язык), але сказаў (даруй мне божа за хлусню), што прадмета, вакол якога трэба матляць, у мяне няма і што вызначэнне па транспарціры вугла між асявой лініяй стужкі і кірункам напісання слоў мала што дае, а канец мне і зусім няясны (і гэта было праўдай). Няясна было толькі, якую вежу трэба лічыць ад кутняй. Трэцюю?

— А ты яшчэ пачухай свой глобус, — сказаў Змагіцель, — можа, нешта надумаеш.

І сапраўды, што заставалася рабіць?

І тут раптам за шчыкетамі кветніка пачалася дзікая какафонія. На розныя ступені гвалту брахалі дзесяткі сабачых глотак, і нечы голас верашчаў на ўсю вуліцу:

— Забойцы! Забойцы!

Мы падышлі да агароджы. Справа рухаўся ўжо вядомы мне картэж: Лапатуха ў суправаджэнні дзесятка сабак. А насустрач яму ішлі старшыня Альшанскі і бухгалтар Ганчаронак. І адчувалі сябе, відаць па ўсім, як дзве мухі ў місцы з кіслым малаком.

Усе робяць вывады, усе бачаць, а задавальнення аніякага.

— Забойца! — гарлаў Лапатуха.

— Чаму, Людзвік? — спытаў Альшанскі.

— І вы! І вы! Заб'ець мяне! Схаваюся!

— Чаму я забойца? — спытаў Ганчаронак.

— Таму, — і да Альшанскага: — Бычкоў забіваеш! Цялятачак! Авечачак! Схаваюся!

— Ідзі, Людзвік, — сумна сказаў старшыня. Але вар'ят, заўважыўшы, пераключыўся ўжо на мяне:

— Ага, да праўды ідзеш? Тым хутчэй галаву скруціш. Абселі ўжо цябе, абселі. І бац[32] табе не паможа. Бац у сутане. Вось Боўбель, Боўбель прыйдзе. Прыйшоў.

І мы, і тая пара рванулі ад яго, нібыта ён размахваў вядром з варам.

Ледзь адсапліся, пакуль не перанеслі рэшткі «бальсану» і рэшата з трускалкамі на другі, садовы, столік, за хатай.

— Ну, джэнтльмены, — спытаў я, — як самаадчуванне? І што гэты сон увогуле павінен азначаць?

— Не ведаю, — сказаў Шаблыка. — Можа, сапраўды, з розуму з'ехаў чалавек. А можа… надта ўжо зручны спосаб замаскавацца.

— Ну кінь, — сказаў Змагіцель. — Тут тады такое чынілася, што і самы здаровы чалавек з'ехаў бы з глузду. А ў гэтага, відаць, псіхіка была хірлявая. Добра яшчэ, што хаця душою не загавеў.

— Як гэта ўсё было? — спытаў я.

— Ну ў траўні сорак чацвёртага па загаду Гімлера, як вядома, была створана «Kommenda 1005», — сказаў Шаблыка. — Знішчэнне слядоў усяго, што яны тут нарабілі. «Акцыі санітарныя». Прысуд загібелі на вёскі і хутары, дзе маглі быць сведкі. Нам яшчэ пашанцавала. Не паспелі знішчыць, надта хутка лыжы падмазвалі. Але выселіць людзей — выселілі. У лес. А акцыі былі падпісаны, гэтыя, аб масавых экзекуцыях. Быў тут такі шэф кладненскай акругі гестапа. І падпісваў ён іх як «Przewodniczący sądu gestapo». Старшыня «суда» гестапа… Ну і пачалі тут па акрузе машыны гойсаць. А ў машынах — нашы з лесу сачылі за імі. А ў машынах СС — оберштурмбанфюрэр, доктар права (як быццам можа быць нейкае права ў краіне бяспраўя) і ён жа вышэйпамянёны шэф кладненскай гестапаўскай акругі, нехта па прозвішчы Гешцёбер ды з ім нейкі штандартэнфюрэр, палкоўнік, значыць. Ды оберштурмфюрэр Зейтц з памочнікам унтэрштурмфюрэрам Штофкенам (зямля яму бітым шклом, такая сволач). Ну і ў іншых машынах драбнейшыя, шарфюрэр Лінц (гэты аховай кіраваў) і чамусьці фон Эйхгорн, маёр «ТОДТ» аўскіх частак, ваенна-будаўнічай арганізацыі. Ясна, што не будаваць яны нешта тут збіраліся, а хаваць… А мо шукалі нейкага натуральнага яра, каб менш было работы па засыпанню…

— І дакументаў няма? — спытаў я.

— Шукалі мы іх некалькі год назад. Бо некаторыя нашы людзі часам усё ж пракрадаліся ў вёску забраць нешта забытае ці трохі ежы са схованак і, хочаш не хочаш, сёе-тое бачылі.

— Хто?

— Мультан. Арганіст. Ды ці мала яшчэ хто… Ну вось. У сярэдзіне ліпеня падступалі нашы. І тут зноў пачалася катавасія. Гэтай акцыяй кіраваў ужо камендант Альшан граф Адальберт фон Вартэнбург.

— Часам не з тых? Не сваяк таго Іёрка фон Вартэнбурга Іягана-Людзвіга, што з генералам Дзібічам у 1812-м Таўрагенскую канвенцыю заключыў? — спытаў я. — Ну, што немцы з расейскімі войскамі будуць супраць Напалеона ваяваць.

— Угм. А раней, у 1778–1789 удзельнічалі ў вайне за Баварскую спадчыну. Не прамыя нашчадкі, а, здаецца, ад траюраднага брата.

— Ты скуль ведаеш?

— А я ў прамежку паміж дзвюма партызанкамі не толькі па падазрэнню ў «бандытызме» ў гестапа сядзеў, а да гэтага ў гестапа некаторы час перакладчыкам служыў.

— Як?!

— А так.

— Ну і што?

— Сам бачыш. Не з белымі мядзведзямі выхаваўчую работу вяду, а з юнацтвам. Значыцца, ясна, як я немцам наработаў.

— Н-так, — упершыню азваўся «каўбой», — не жыццё, а слоены пірог: лес — перакладчык гестапа — падвальны падапечны гестапа — выкуп — зноў да лесу.

— Добра, канчай. Ну вось. А з графам Франц Керн з айнзацштаба, з ведамства Розенберга. Рабунак каштоўнасцей. Значыць, і іх вывезці не здолелі, бо кальцо амаль замкнулася… А з імі штандартэнфюрэр Зігфрыд (прозвішча не ведаю) і — трымайся за нешта, закачаешся — апошні Альшанскі стары, Юзаф-Ксаверы.

— Ён, кажуць, памёр скора пасля, — сказаў я.

— А я думаю, яго памерлі, — сказаў Змагіцель. — Магло быць і гэта.

— Як?

— А ты што думаеш, Вартэнбургу і Керну патрэбны былі лішнія сведкі? Дык вось, увальваюцца тады ў Альшаны і сюды пад непрабойнай аховай некалькі «опеляў», два «даймлербенцы», адна машына сістэмы «Монці» (дзень п……….ь — год на рамонце) з эсэсманамі і тры легкавушкі: «бээмвэшка» сіняя, «опель-капітан» і «мерседэс» з генералам. І амаль ва ўсіх машынах нейкія скрыні, цюкі, зашытыя ў брызент і цырату рулоны. А ля адной увесь час круціцца, рукамі махае і распараджаецца стары Альшанскі, а на астатнія і плюнуць не хоча… Ну, а пасля пагналі калоны вязняў і проста мірных… Эсэсманы сваімі «вальтэрамі» ды «манліхерамі» трасуць, блокэльтэстары, блочныя старосты ды блокфюрэры кіямі махаюць: «а мо за руплівасць ды дбайнасць не будзе ім апошняй ямы». Бо прадчувалі, ой прадчувалі ўсе. Як добры сабака землятрус ці пажар у доме. Скулля гэтым старостам з макам, і не прысудзілі ім немцы іншы лёс… Там і нашы былі ў напаўвайсковай форме — Мультан бачыў. Некалькі чалавек. Але далёка было, не пазнаеш у твар. А нашы ж, сволачы.

— Якая эпоха, такія і таленты, — з чорным гумарам сказаў Змагіцель.

— Ты б, Міша, і пра іншыя таленты нашай эпохі ўспомніў, — злосна буркнуў Рыгор.

— І ўспомніў бы, ды тыя забыць не даюць.

Ужо ладныя прысмеркі ляглі на вёску, на Альшанку, лясы і грувасткі чорны сілуэт далёкага замка.

Шаблыка ўздыхнуў:

— Ну вось. Мультан у лесе сядзеў. Бачыў, як разгружалі скрыні, як валаклі некуды.

— Ён пасля вайны іх нават шукаў. Мацаў латай дно замкавага возера. «Глей, — кажа, — засмактаў», — працадзіў «каўбой».

— А я думаю — дарэмна там шукаць, — сказаў Шаблыка. — Думаю, не там. Думаю, ці не ў рачулцы пад замкам, там прамоіны пад берагам. Або, вярней за ўсё, недзе ў катакомбах. Бо там д'ябал нагу зломіць, бо да канца іх ніхто не ведае. Ведаў толькі стары Альшанскі, у яго план старадаўні быў.

— Хто бачыў, — уздыхнуў я.

— Лапатуха.

Я бязмерна здзівіўся.

— Ён гады два да трыццаць дзевятага ў замку бібліятэкарам працаваў. Бо куды было паткнуцца беларускаму хлопцу, хай сабе і з універсітэтам.

Памаўчаў:

— І ўвогуле, ён зашмат бачыў. Аж да небяспекі жыццю шмат бачыў. І апошнюю «акцыю» бачыў. Трызніць, балбоча, а сэнс нейкі ёсць. Я вось толькі не ведаю, ці ён яе таксама назіраў аднекуль, ці быў у калоне смяротнікаў. Я з паасобных словаў гэтага ягонага блекатання склаў для сябе такую карціну, можа, і няверную.

— Якую? — спытаў я.

— Бачыў, але не да канца. Цягнулі палонныя скрынкі да гарба (там возера з аднаго боку, а рачулка-роў і замак з другога). Смяротнікам пасля вочы завязалі, павялі туды, а праз пару гадзін, зноў з завязанымі вачыма, — адводзяць назад. І ў лесе — залпы. Жывыя зносілі мёртвых у купы. І тут ці Лапатуха спалохаўся (ён, відаць, ужо і тады быў — таго…) і кінуў назіральны пункт, ці ўдалося яму дзівам уцячы. А астатніх паклалі там, на горцы. Дзе пахаваныя — ведаеш.

— А хто ведаў і ведае, дзе яны тое схавалі?

— Ну нашых туды не пусцілі. Вартэнбург пад бомбы трапіў у Дрэздэне, а «мастацтвазнаўцу» Керна нашы ў Беластоку пасля прылюдна павесілі.

— Вось яно, — уздыхнуў я. — Атрымоўваецца, ніхто не ведае, што хавалі, дзе і як.

— Ускосна здагадацца можна: архіў і нарабаванае і асабістае майно Альшанскіх. То ж бо замак пуставата выглядаў, як мы ўвайшлі. А ведаеш? Лапатуха ведае. Ды гэта ўсё адно што сабака ведаў бы. Не кажа… І ніколі не скажа.

— А можа, так, што прасвятленне?..

— Наўрад ці, — сказаў Змагіцель. — Што могуць даць бязладныя лапатанні накшталт: «І вы… Заб'еце мяне… Забойцы… Запавет іхні там». Калі і ёсць недзе там запавет Альшанскага ды княскія граматы ды сцверджанні годнасці магнацкай — каму яны зараз патрэбны? Апошні, апошні Альшанскі воляю божай «Умре».

Так, вясёлага было мала. Мы сядзелі ўжо амаль у цемры, і такая ж цемра была ў нашых мазгах. Я ўспомніў пра сваё абяцанне Хілінскаму і першы парушыў маўчанне:

— Хлопцы, а што яно такое — Боўбель? Гэта я для аднаго там чалавека. Ён і сам трохі ведае, але яму цікава, што ведаюць, як глядзяць на гэта тут, на месцы.

— Кгм, — Змагіцель кінуў у рот трускалку. — Гэта, браце, славуты бандыт. Тэрарызаваў з бандаю ўсё наваколле ў 1945–1947 гг. Два іх тут такія былі. Ён ды Кулеш. У акупацыю «партызанілі». А папраўдзе іхняя партызанка ў асноўным была — харчамі разжыцца ды каня ці кажух у мужыка ўзяць. Ну, хлусіць не буду, нападалі часам і на немцаў. Пасты здымуць, камендатуру падпаляць, мост спалілі аднойчы, два эшалоны пад адхон ракам паставілі. Яшчэ пакуль такое — цярпелі. Але перад вызваленнем бывалі ў іх ужо сутычкі і з намі. Амаль як анархісты ў грамадзянскую: «Бі справа — белага, злева — краснага».

— Так, — сказаў Шаблыка, — аж па сорак восьмы пекла было ў нас. Праз іх. Вяртаюся аднойчы са сходу ўначы — аж нехта цыгарку курыць за нядальнім хмызам. Ясна, перастраюць. Засада. Ну я «вальтэр» з кішэні, крадуся, думаю: «Гэта яшчэ хто каго». Падышоў бліжэй — цьху ты, маць тваю не займаць… Светлякі! Звычайны святляк!

Пасмяяліся. І зноў Шаблыка:

— А бывалі і сапраўды засады. Дужа палявалі. За ўсімі, а за мною чамусьці асабліва.

— Можа, баяліся.

— Сам думаю. Магчыма, у бандзе быў нехта з калабарацыяністаў. А я мог яго выпадкова ведаць, бо пэўны ж час «немцам служыў». Мог апазнаць. Цалкам магчыма, што па гэтай прычыне і палявалі… Ну не ўпалявалі, і добра. А пасля міліцыя ды ястрабкі ды звычайныя людзі, якім ён горш за гнілую рэдзьку агоркнуў, пачалі яго ганяць, прыціснулі да балота — і гамон. Боўбель сам, здаецца, забіты.

— Чаму «здаецца»?

— Ніхто з нашых яго ў твар не ведаў, а «ягоныя» ўсе паляглі.

— Так ніхто і не ведаў?

— У цемры — толькі нехта Шчука. Здаецца, у чынах цяпер. У Менску жыве. А з тых, што бачылі пры няпэўным святле і ўсё ж жывыя выйшлі, — бадай што, ці не адзін Ганчаронак.

— Ганчаронак?

— Ну так. Боўбель паслаў з ім «праважатым у апошнюю дарогу» хлопца, ды, відаць, малавопытнага. А ў Тодара ў кішэні махра была… Другая памылка, рук яму не звязалі… То ён у балоце пасля два дні сядзеў, аж пакуль ноччу ў Альшаны не прыйшоў і ў жонкі не даведаўся, што Боўбеля напярэдадні разбілі ўшчэнт.

— Ніколі б не падумаў, што гэткая мужнасць, — пакруціў я галавой. — Гэты п'янюга, вечна ад яго гарай нясе.

— Ён, кажуць, і піць пачаў з таго часу. А ўвогуле, мужны не мужны, а гадзёнак ён, гэты Тодар Ігнатавіч, — сказаў Шаблыка.

Я зразумеў, што ён не можа дараваць бухгалтару, які справакаваў Альшанскага зрабіць замах на замак.

Я ўстаў.

— Давай праводзім яго, — сказаў Змагіцель Шаблыку. — А то столькі страшнага нагаварылі, што дзіця наша, перш чым бай-бай у люлю, яшчэ дарогаю недзе ўграшыцца.

Мы пасмяяліся і трох рушылі з двара. Месяц, які толькі-толькі пачаў скідацца на ветах, заліваў няпэўным святлом пыл вуліцы, утаптаныя пешаходамі «тратуары», цёмныя садкі. Ішлося і дыхалася лёгка.

— Н-на, — сказаў урэшце я, — зямелька ў вас з фокусамі, страшнаватая. І на кожным кроку фардыбачыць, як неаб'езджаная кабыла.

— А гэта таму, — сказаў Шаблыка, — што мы на сабе ездзіць нікому не дазвалялі.

— Наадварот, самі намагаліся, каб камусьці на спіцу ўзлезці, — усміхнуўся «каўбой». — Толькі не заўсёды гэта ўдавалася. Звёў мяне аднойчы лёс, адразу пасля вайны, у Летуве з адным такім звышпатрыётам. Я сам Беларусі на мазоль наступіць нікому не даў бы, але тут аж нават мяне крыху нудзіць пачало. «Наш Вітаўт мячом у вароты Масквы стукаў» (як быццам я масквіч). Ну я яму спакойна: «Стукаў, ды не дастукаўся». Бо і праўда ж, не адчынілі. Дый увогуле, малапачцівы гэты занятак: у чужыя дзверы стукаць. У нас дык гэта толькі аднойчы такі выпадак быў з удавой ды п'яным Высоцкім…

— Во! — схамянуўся я. — Пра ўдаву пасля. Але вы ж тут увесь час. Можа. ведаеце, за што расстраляны немцамі ў Кладна Ўладак Высоцкі, траюраднік нашага вознага.

— Дужа цёмная, — сказаў Рыгор Шаблыка, — конча заблытаная справа. Ніхто не ведае. Я ўжо і сам шукаў для школьнага музея. Можа, новы нейкі герой невядомы? Не, цемра, і ўсё. Архіў немцы, відаць, спалілі ці схавалі. Можа, нейкія рэшткі-адпіскі ў сталічным засталіся, то пашукаць…

— А што гэта за гісторыя з выкананнем палякамі смяротнага прысуду над Крыштофам Высоцкім. У 1939-м?

— А тая гісторыя таксама невядомая. Кажуць, забіў правакатара. Але тады да гэтага мала каму справа была. Вайной нацягвала. Можа, таксама ў Менску пашукаць? Ці ў Вільні. Бо ў Кладна судовыя архівы дымам пайшлі… Вой!.. А слухай, што мне ў галаву запала. Трэба-такі разблытаць гэтую справу. Людзей сустрэць, сведкаў, калі архівы згарэлі. Мо дапамогуць даведацца і аб нашай альшанскай галаваломцы.

— Чаму?

— А ты ведаеш, каму было даручана выканаць прысуд над Крыштофам і яшчэ дзесяццю?.. Оберштурмфюрэру Штофхену з падначаленым шарфюрэрам Лінцам.

— Ну то што?

— А тое, што гэтыя дзве быдляціны ўдзельнічалі і ў акцыі знішчэння нашых у Альшанцы. Штофхен — адзін з тых, хто кіраваў расстрэлам на грэблі, а Лінц кіраваў аховай аперацыі. Гэх, памяць твая кашэчая.

Я быў цалкам згодзен з ім і вырашыў сёння ж вечарам усё запісаць па гарачых слядах. Мы якраз праходзілі паўз хату Ганчаронка і ўбачылі ў расчыненым акне між двума вазонамі з алёнчынымі слязьмі ягоную пасечаную дробнымі зморшчынкамі храпу.

— Крапіва ў квяціне, — сказаў непапраўны Змагіцель.

— Гэй, сябры, — азваўся бухгалтар, — калі ўжо міма йдзеце, то чаму не заглянуць?

І, сам не ведаючы чаму, я павараціў да ганка. Астатнія, без вялікай ахвоты, нага за нагу пацягнуліся за мной.

Хата была як хата. Вялікі пакой, адначасова «гасціная» і «сталовая», калі прыйдуць госці. Тахта, над якой дыванок з аленямі і замкамі, буфет, стол і крэслы. У адны такія дзверы Ганчаронак нас і павёў. Выявілася — кухня.

Ад іншых кухань яе адрознівала толькі наяўнасць газавай пліты з балонам ды паліца, на якой стаялі рэчы зусім нечаканыя і непрыдатныя ў хатняй гаспадарцы. Так бы мовіць, «паліца ўпрыгожванняў». Быў там стары імбрык-самавар для варкі мёду з травамі, відавочна, даўно нялуджаны, а таму непрыдатны, старадаўнія піўныя куфлі (адзін з ручкай у выглядзе чортавай фігуры), розныя збаночкі, вельмі старыя спарышы, глякі ды гарлачы пад малако.

І зусім ужо дзіўнае. Вельмі-вельмі стары таўкачык ад ступкі. Можа, аптэкарскай. Бо на ім былі не толькі медныя «ляпёшкі» на абодвух канцах, але і пашырэнне ўсярэдзіне (гэта калі размешваеш напаўвадкі адвар з густа засыпаных у кіпецень траў). Таўкачык з поўнай пэўнасцю цягнуў год на трыста з вялікім гакам.

— Старадаўняя якая рэч, — сказаў я.

Ганчаронак тым часам наліў з адной вялікай бутэлькі (іх мноства стаяла ля адной са сценак) у гарлач нейкай вадкасці, а пасля напоўніў ёй шклянкі.

— Прысаджвайцеся. Свой мёд пітны.

Я глынуў і ледзь не задыхнуўся. Мёд варылі, відаць, не толькі з гваздзікай, карыцай, перцам і мушкатнай галкай, але і на амаль чыстым спірце.

— Ну, Тодар Ігнатавіч, — ледзь аддыхаўся Шаблыка. — Калі вы кожны дзень ды такое…

— Што, мачымордам празвалі, — усміхнуўся бухгалтар. — А вы менш верце. Прапалашчу рот для дэзінфекцыі ды глыток зраблю, дык усе ўжо і кажуць: п'е.

«Брэша», — падумаў я.

А Ганчаронак з заўсёднай сваёй з'едлівай лагоднасцю (а чалавек інстынктыўна не верыць у такія спалучэнні) дадаў:

— Гарэлкі не піў, піва не любіў, таму і кар'еры не зрабіў.

— А што, — сказаў Змагіцель, — падобна на праўду. Я аднойчы ў Наваградку зайшоў у рэстаран. Праз колькі там часу і ён заходзіць. Таксама нейкая справа яго прывяла туды. Мяне не заўважыў. Сеў за столік, дае афіцыянтцы заказ, а пасля: «І дзесяць грамаў гарэлкі». У той вочы на лоб палезлі: «Чаму?» А ён: «Ды мне толькі для паху, а дурасці ў мяне і сваёй хопіць».

Усе зарагаталі. Ганчаронак, як мне здалося, вымушана, не зусім натуральна.

Адчуўшы, што тэма размовы яму чамусьці непрыемная, я зноў перавёў размову на таўкачык:

— У музей бы яго.

І раптам ён на хвіліну зусім нечакана ўзбеляніўся, хаця вельмі хутка ўзяў сябе ў рукі:

— Што вы да мяне з гэтым таўкачом! Адзі-ін, другі-і. Калі і аддам, то ў музей, а не вам і не яму.

— Каму яму? — Мне чамусьці захацелася ўзяць яго нашармака, блефануць. — Альшанскаму? Высоцкаму?

Здалося мне ці не, але, па-мойму, ён крыху сумеўся.

— Ды Высоцкі прыстаў, як лазенны ліст да…

«Зноў Высоцкі, — падумаў я, — паўсюль Высоцкі».

Але Ганчаронак ужо толькі рукою махнуў:

— Высоцкі… Аддай ды аддай, усё адно ступкі ў цябе няма, а ў мяне ёсць.

— Што за ступка?

— Ды зусім маладая, год ёй, можа, восемдзесят. А я яму таўкач аддай. «Чаму ты, кажу, мне сваю ступку для поўнага камплекта не аддасі?» — «Мая, кажа, навенечкая, а твой таўкач даўно яр-мядзянка паела. А мне прыдасца. Можа, так яе адпалірую, што як новая будзе».

Я зірнуў на таўкач — ён быў спрэс у малахітавым налёце. Часам яр нават выела на ім невялікія воспіны.

— Аддай, аддай, — бурчаў Ганчаронак, — усім трэба, абы не мне. Аднаму аддасі — другі пакрыўдзіцца. Не, няхай пакуль у мяне паляжыць.

— Як хочаце.

— Высоцкі… Высоцкі… Ясна, рабіць мала чаго трэба, то суне нос, дзе іншым няміла. Толькі нейкі стары кажа, як яно бывала — гэты ўжо тут, самы ўдзячны слухач. Калі арганіст «дзыгар» рапараваў, механізм ды цыферблат, то гэны ўвесь час ля яго сядзеў. Адзін раз і мяне зацягнуў. Цікаўнасць, бачыце, яго брала. Прыглядаўся: «Можа, і самому калі давядзецца». Рабіць няма чаго, то й лазе.

Праз некалькі хвілін мы развіталіся і пайшлі, адмовіўшыся ад другой чаркі «мёду».

…Але хай мяне пярун лясне на божае нараджэнне, калі нашы прыгоды на гэтым скончыліся. Мы падыходзілі да замкавай брамы, і тут мне цюкнула ў галаву:

— Хлопцы, давайце зазірнем. Можа, яны, гэтыя «пані з манахам», і сёння з'явяцца.

Крыху падагрэтыя «мёдам», яны згадзіліся. І вось мы досыць шумліва ўваліліся ў запаскуджаны двор. Месяц асвятляў ягоную палову, ляжаў на вежах касцёла за мурамі. І нічога.

І раптам я, зірнуўшы на галерэю крыху правей, чым у той раз, заўважыў:

— Хлопцы, унь яны.

— Ды дзе? Нічога не бачу, — сказаў Шаблыка. — Ой, не, унь «яны».

Па галерэі, відаць, ужо канчаючы сваё начное шэсце, рухаўся цёмны доўгі цень і цень светлы.

Секунда… трэцяя… зніклі.

— Ну, самі бачылі, што б гэта магло быць? — спытаў я.

— А д'ябал мяне варожы забяры, калі я ведаю, што гэта, — буркнуў Змагіцель, — Містыка нейкая, так яно і так, чэк тваю дрэк.

— Ну, — уздыхнуў Шаблыка, — за лёс маладога пакалення можна не непакоіцца. Настаўнік беларускага прыгожага пісьменства хворы на містыцызм і лаецца, як басяк.

Пакінуўшы замак, мы паціснулі адзін аднаму рукі і разышліся. Я папрамаваў уздоўж замкавага мура да плябаніі. Тут было цёмна, месячнае святло падала толькі на Альшанку і парк за ёй, і перасякалі гэта аліўкавае святло толькі чорныя цені ад вежаў.

І тут, нібы мала мне было на сённяшні дзень, я пачуў справа, нібы з самога нутра мура, спачатку нейкае невыразнае «бу-бу-бу», а пасля не менш невыразныя словы.

Я ўзняў галаву — у бойніцы ніжняга бою цьмяна вымалёўвалася пляскатая белая пляма. Аблічча. І на гэтай невыразнай пляме варушылася нешта цёмнае. Рот. Я мог бы чыркнуць запалкай, але словы раптам сталі больш выразныя, хаця і ўрыўчатыя, і ў гэтым ужо не стала патрэбы.

— Адыдзі. Адыдзі… Мой дом, мой замак, мая крэпасць. І што над ёй — маё… І пад ёй… Я вам дам, душагубцам, я вам дам цыклон… Людажэры… Фашысцюгі клятыя… Жыць хачу!.. Жыць!.. Дзеткі глядзець, просяцца… Вартую, вартую іх… І патаемнасць вартую… Ізыдзі!..

Я міжволі паскорыў крок, абы не чуць гэтага вар'яцкага блекатання, і аж пакуль не выйшаў на азораны месяцам краёчак става, наўздагон мне далятала:

— Бу-бу-бу-бу.

Падыходзячы ўжо да плябаніі, я падумаў, што так, магчыма, і вар'яцтва, але нейкае дужа ўжо асэнсаванае. Зручнае для чалавека вар'яцтва. Лапатуху таксама нельга было пакуль выкрасліць са спіска. На яго, пакуль тое, таксама яшчэ падала падазрэнне.

Раздзел II У якім я зашмат балбачу і, насупор логіцы, шкадую правакатара

Ледзь я паспеў на пару дзён вярнуцца ў родныя пенаты, ледзь скінуў рукзак, як забрынчаў у нежылой кватэры званок і я ўбачыў у дзвярах твар «містэра Сміта з Бобкін-стрыт».

— Я на хвіліну да цябе… На вось, тут копіі з тваіх істужак і з тых літар, што не расшыфраваў. Думай. Прыхавай толькі добра. А кніга няхай пакуль застаецца ў Шчукавым ведамстве. Так больш надзейна… Э, брат, ды ты нешта зблажэў на вясковых харчах… Дык вось, прыходзь у восем гарбату піць. Шчука прыйдзе.

— Дзякуй. — Я ледзь паспеў сказаць гэта, а ён ужо выпарыўся.

Адну копію я засунуў у патаемнік (палову), другую палову засунуў у дзесяты том трэцяга выдання твораў Леніна, стар.492, дзе «Беларуская сацыялістычная грамада». Тое ж зрабіў і з іншымі паловамі. У «Матэрыялы па археалогіі», выданне АН за 1960 г. Ва ўспаміны А. фон Цірпіца, у Анталогію беларускага апавядання, т. II, стар.289.

Калі падчас маёй адсутнасці нехта і зробіць дакладны вобыск, то чорта ператрасе ўсе выпадковыя кнігі. А калі ва ўсе адразу, то палез бы хіба адзін я, балван, дый тое наўрад.

Пры гэтым я ўспомніў, як зайшоў аднойчы з сябрамі да знаёмага, таленавітага лайдака, і ўбачылі мы, што вакол кніжны развал, а гаспадар ліхаманкава гартае нейкі том.

— Ну вось табе. А мы хацелі табе прапанаваць па піва збегаць… А ты… Ды, відаць, ты працаваць пачаў.

— Э-э, — з прыкрасцю адмахнуўся ён. — Не ў тым справа. Вось схаваў ад жонкі сто рублёў у кнігу, дый забыўся ў якую.

Рагаталі мы тады ўсе, як гіены.

Роўна ў восем я ашчаслівіў суседа сваім візітам. І адчуваў бы сябе зусім добра, каб не ўбачыў на тахце побач са Шчукам яшчэ й лейтэнанта Клепчу, якога я па вядомай прычыне не паважаў і паважаць надалей не збіраўся. Цярпець не магу «няўхільнасці», «праніклівасці» і адкрытага любавання сабою. Ды і ўвогуле ён тупак.

Хілінскі, паставіўшы на стол шклянкі, разеткі, вазачкі з трыма рознымі варэннямі і іншае такое, разліваў зараз гарачую, амаль чорную з адлівам у бардовае гарбату.

— Слухай, можа, ты спачатку пад'еў бы чаго? Кураня ёсць халоднае, можна падагрэць. Аліўкі.

— Ды не, сыты.

— Тады пі гарбату. Расказвай.

— Толькі занадта ў псіхалогію не лезь, — сказаў Шчука. — Гэтая дама ў нас рэдка начуе.

Я расказаў пра ўсё, што паспеў зведаць. Баюся, што балбатаў досыць доўга і бязладна, але яны слухалі ўважліва.

— Скончыў? — спытаў урэшце Шчука. — Наконт тых, што расстралялі, — вось гэта цікава. Ведалі мы пра расстрэл, а пра абставіны, якія яму спадарожнічалі, на жаль, мала. Наконт пакарання смерцю брата Высоцкага за падполле — таксама не ведаем нічога. Прозвішча толькі — Уладак Высоцкі. А пра таго, каго на смерць палякі ў трыццаць дзевятым асудзілі — ну пра гэта таксама ненашмат болей ведаем.

— Архіў згарэў, — сказаў Хілінскі. — Але чуткі, што забіты быў правакатар — яны былі. Вось партрэт таго, Крыштофа.

— Крыху падобныя, — сказаў я. — Вы не маглі б мне зрабіць копію?

— Бяры, — сказаў Шчука. — Гэта і ёсць копія. Кепская. Бо і фатаграфія была кепская… А яшчэ бярыце вось гэта. Ледзь адшукаў.

Гэта было некалькі газет, парудзелых ад старасці і пацёртых на сугібах. І адразу ў вочы кінуліся занадта буйныя загалоўкі (ясна, для напаўмяшчанскага тады Кладна гэта была сенсацыя, выбух бомбы).

Загалоўкі крычалі, абяцаючы раскрыццё злачынства ў вячэрніх ці заўтрашніх нумарах. Тых, на жаль, не было.

«Забойца спайманы!»

«Двайнік пойдзе пад суд!» (Гэта яшчэ што? Які да ліха двайнік?)

«Ён забіў асведаміцеля», — кажа памочнік пракурора.

«Меркаванні ці праўда?»

«Чытайце ў наступным нумары!»

Наступных нумароў не было.

— Іх і не магло быць, — зразумеў Шчука мой непаразумелы позірк. — Праз два ці тры тыдні немцы зрабілі правакацыю на радыёстанцыі Гляйвіц. Што гэта азначала?

— Вайну з Польшчай.

— І не толькі. Гэта яшчэ і бамбёжка Кладна, і наш паход на Заходнюю Беларусь, і два разы, ды не, наконт Кладна — чатыры агнявыя валы. Франты. І горад гарэў, і архіў згарэў. А часткова, можа, пабралі немцы. А астатняе спалілі. Увесь квартал вакол архіва выгараў.

— Адкуль жа тады ведаюць пра страту Крыштофа?

— Дзве адхіленыя апеляцыі аб памілаванні, — сказаў Хілінскі. — Кажуць, занадта жорстка забіў, калі нават правакатара. Ну і прамільгнула ў некаторых газетах і штотыднёвіках звестка, што прысуд выкананы. Не ведаю ўжо, хто іх на грані вайны інфармаваў. Я помню толькі нататкі ў часопісах «Gazeta Polska», «Polska zbrojna» (ну, гэта санацыйныя подціркі), ды яшчэ ў «Czas'е» (гэта кансерватысты кракаўскія). У газетах колькі ні шукаў — не знайшоў.

— А ў пазнейшых?

— Пазнейшых не было. Беларуская прэса ў Заходняй толькі стваралася, і рукі не даходзілі, каб пра старое барабаніць. Пра новае трэба было гаварыць. Ну, а акупанты ліквідавалі ўсю польскую прэсу. Толькі пасля пачала з'яўляцца прэса «gadzinowa». А падпольная прэса хаця і пачала існаваць ужо з кастрычніка 1939-га, але і ёй да справы Крыштофа Высоцкага было… Вось, займіцеся вы гэтым.

І тут упершыню падаў голас Клепча:

— Папрацуйце з гэтым. Гісторыка-рэвалюцыйнае мінулае — цікавая штука. І дужа карысная. Выхоўвае людзей… Моладзь… У духу, так бы мовіць…

Шчука зморшчыўся:

— Чорт вас ведае, Якубе, як вы любую думку, нават самую правільную, адным сваім стылем, адной казёншчынай здатны спаскудзіць і апошліць.

Клепча чамусьці на мяне, а не на Шчуку пакасіўся з яўнай варожасцю. Я думаў таму, што графічны аналіз давёў, што не маім почыркам была напісана запіска, якая выбавіла Мар'яна з дому насустрач смерці, а тым самым і гіпотэза Клепчава была падсечаная пад корань і пляснулася ў багно. Шчука неўпрыкметна падміргнуў мне.

Клепча, на шчасце, хутка пайшоў. Мы некаторы час досыць прыгнечана маўчалі. Урэшце Шчука сказаў:

— Ты, Адаме, тэкст адной афіцэрскай атэстацыі ведаеш? Праўдзівай, хай мне ў Аўстралію праваліцца… Хочаш, павесялю?

— Ну. Валі.

— Дык вось: «За время службы показал себя как грамотный, но недостаточно дисциплинированный офицер. Как летчик подготовлен хорошо. Летных происшествий и предпосылок к ним не имеет. В общественной жизни никакого участия не принимает. Уставы и наставления… знает хорошо, но в повседневной жизни ими не руководствуется, т. к. нарушает воинскую дисциплину. Имелись случаи самовольного ухода со службы. По характеру упрям. На замечания реагирует болезненно. В обращении с товарищами и старшими вежлив. В быту опрятен, по внешнему виду аккуратен. В вопросах внутренней и внешней политики… разбирается правильно. Государственную и военную тайну хранить умеет.

Вывод: занимаемой должности соответствует».

Памаўчаў.

— Ну дык «соответствует ли Клепча занимаемой должности…».

— Ну павесяліў ты нас, — сказаў Хілінскі.

— Улічы, сапраўдны дакумент.

— Дык вось, шаноўны Андрэй Арсенцевіч, — сказаў Адам, — характарыстыка крыху кульгае. Не зусім ён такі. Не лётчык. Дастаткова дысцыплінаваны. У грамадскім жыцці прымае ўдзел (нават там, дзе не патрабуюць). У паўсядзённым жыцці ўставамі і настаўленнямі карыстаецца (па літары, а не па духу іхняму) занадта старанна, аж нудзіць хочацца. Дысцыпліну не парушае. У самаволку не ходзіць. Упарты, але з дужа старэйшымі падатлівы. На разумныя заўвагі аніяк не рэагуе… «Занимаемой должности»… Ох, давядзецца табе, дружа, узяцца за яго, бо іначай ён такіх дроў наламае, што трэскі паляцяць… А ты што скажаш, Косміч?

Я не хацеў, каб маю шчырую думку палічылі за асабістую непрыхільнасць, і таму адказаў унікліва:

— Гаворыць газетнымі штампамі, але на самай справе больш разумны, але нават па выгляду не здаецца, што распявае раніцай у туалеце розныя там… харалы.

Адсмяяліся. Пасля я спытаў:

— Дык хто быў той, забіты? Ну «правакатар» той? Ці асведаміцель, як яго?

— Сын палясоўшчыка аднекуль з-пад Замшан, — адказаў Шчука.

— Гэта пятнаццаць кіламетраў ад Альшан?

— Ну так.

— Мала надзеі знайсці, — падумаўшы, сказаў я. — Колькіх палясоўшчыкаў у вёскі перасялілі, на іншае месца перавялі. А колькіх немцы расстралялі. Верагоднасць сустрэчы — нуль… Але паспрабаваць трэба.

Я паспрабаваў. І здарылася дзіва. Былы палясоўшчык Андрон Сай па-ранейшаму жыў, праўдзівей, дажываў век у той жа самай леснічоўцы ля Замшан ва ўрочышчы Цёмны Бор.

Дзень ладна ўжо хіліўся да вечара, калі я злез з аўтобуса і заглыбіўся досыць добра ўбітай, хаця крыху і затравелай сцежкаю ў лес. Спачатку празрысты, прабіты наскрозь ружовымі прамянямі сонца, ён з кожным крокам рабіўся ўсё больш і больш цёмны. Сям-там нават пераспелыя хвоі стаялі так густа, што святло пачынала спачатку блытацца ў іх, высвятляючы то мядзяны — не абхапіць — стаўбур, то выварацень велічынёю з хату, цёмны і кашлаты, як мядзведзь (калі ўявіць такога — неіснуючага па велічыні — мядзведзя). Спачатку яшчэ трапляліся крыжыкі заечай капусты, пярэсты падалешнік, плеці завільца, але ўсё радзей і радзей, аж пакуль не саступілі месца пругкай гліцы, якая капілася тут дзесяцігоддзямі.

«Відаць, заказнік», — падумаў я, і пазней выявілася, што меў рацыю.

Цямней і цямней. Сцежка ўжо ледзь святлее ў цемрыве. Зашалахцела нешта ў траве каля сцежкі. Вожык? Або мышкуе куніца?

Мне зрабілася ўжо зусім непрытульна, і гэта ўсяго за нейкі кіламетр ад дарогі, калі наперадзе нібы крыху заяснела. У досыць моцным прысмерку я ўбачыў ці маленькую рачулку, ці вялікую ручаіну, якая трохі лявей пашыралася не то ў копанку, не то ў натуральны ставок, абкружаны вянком з цёмных у гэты час вербаў.

Крыху правей стаўка, чарнейшыя за сцяну лесу, бачныя былі нейкія будыніны, і раптам на адной з іх бліснуў аранжавы цьмяны простакутнічак. Акно.

Я перайшоў ручаіну — два бярвенцы з хісткімі парэнчамі — і папрамаваў у бок агню. Рэдкімі прывідамі праплывалі паўз мяне беластволыя яблыні і змрочныя высокія грушы.

Перад ганкам — хоць ты яго ў панскі фальварак — шырокі, з драўлянымі слупамі-калонамі навес. Аднекуль з цемры высунуліся бязгучна два чорныя цені. І амаль адразу адчыніліся дзверы, і на парозе ў пляме святла стаў яшчэ адзін цень (бо святло было за ім) са стрэльбаю ў руках.

— Гэта яшчэ каго нячысцік начамі носіць? — хрыплаватым голасам спытаў цень. — Вар! Вецер! Легчы. Дык што вам трэба?

— Я Антон Косміч. З горада. Мне патрэбен палясоўшчык.

— Ну, я палясоўшчык. Салвесь Цяцерыч.

— А-а… Андрон Сай.

— Гэта мой цесць.

— Пабраліся з яго дачкой? — спытаў я, як быццам чалавек можа прыдбаць сабе цесця нейкім іншым спосабам.

— Угм. З Ганнай.

— А цесць дзе?

— Дык ён на спакоі цяпер. Толькі які там спакой? Кожны дзень «вячэрні абход» робіць. Зусім як дзіця. Ды часам на магілцы сына пасядзіць.

— Чуў я гэтую гісторыю.

— Бываюць прасвятленні, але не часта. Вось ужо бліжэй да лета, — ён гаварыў па-ранейшаму суха. Не асэнсаваў падтэксту маіх слоў. — Дачка таксама была сведкай, але цяпер на Нарачы ў санаторыі. А я што ведаю? Я прымак, чалавек старонні.

— А мне вось і трэба паспрабаваць разблытаць гэтае павуцінне.

— Было такое, — зноў жа суха і спакойна казаў ён. — Быў у яе брат… І што быў правакатар, хадзілі такія чуткі. Але гэта я мог бы гэткае казаць, — голас ягоны падвышаўся і раптам сарваўся ледзь не на крык: — Сам пра сваю сям'ю я вольны казаць усё. Тут я сабе пан. А іншаму, які ўздумае паўтараць нахабна мярзотную брахню, я таго абарваць здолею ў секунду. Чым швэндацца пад чужымі платамі — займаліся б справай. Адвальвай, пакуль не пакаштаваў, што такое зарад буйной солі ў с… Цалуй прабой ды прамуй дамой.

Псы, пачуўшы гнеўную інтанацыю, усталі. Утаропіліся ў мяне. Злева здаравенны мардасты ганчак, чорна-рабы, у падпалінах, з шырокай галавой і тупой мордай, магутнага складу, а росту — мінімум васемнаццаць вяршкоў.

Справа — здаравенны кабель (але меншы за сабрата, усяго сантыметраў восемдзесят), шэра-рабы, вышэйшы на нагах, параты. Пры поглядзе на яго стала мне ніякавата.

— Не дрэйф, — з адценнем пагарды сказаў гаспадар, — не калаціся. Пакуль не скажу — не кінуцца.

— А я і не калачуся, — гаспадар, відаць, быў здзіўлены маім нахабствам, бо я дастаў цыгарэту, працягнуў пачак яму (не ўзяў) і сказаў: — Тут во гэтага, шэра-рабага, трэба баяцца. Камусьці, вядома, іншаму, а не мне.

— Чаму? — пакепліва спытаў Цяцерыч. — Ён жа меншы.

— Парода злосная.

Даводзілася мне калісьці пісаць у адной з прац пра сабакаводства на старадаўняй Беларусі. І, здаецца, гэта быў адзін з нешматлікіх выпадкаў, калі такая адцягненая матэрыя прыдалася мне ў канкрэтным жыцці. Адсюль вывад: абстрактных, непатрэбных ведаў няма. Такое можа здарыцца ў жыцці, што толькі веданне таго, які чэшскі кароль разбіў манголаў, уратуе табе жыццё, і тады ты з радасці і Кузьму бацькам назавеш.

— Якая ж бы то?

— Гэта вандэйскі грыфон, — сказаў я. — Парода ад «шлюбу», так бы мовіць, вандэйскіх ганчакоў з брэтонскімі грыфонамі (бачыш, ад іхняй рыжай масці і ў гэтага падпаліны ёсць). Страшэнна злосныя. Лепшых пры паляванні па дзікоў не знойдзеш. Ну і ў ганітве на ваўка амаль першыя…

Салвэсь раптам сеў побач са мною і выцягнуў цыгарэту.

— Ну а гэты, гэтыя — добрыя да людзей. І дзіўлюся я, дзе гэта ты, палясоўшчык і, відаць, добры егер, дзве такія рэдкія пароды здабыў. Бо ў Менску мне сустракаць не даводзілася.

— Удалося дзівам, — гаспадар відавочна палагаднеў.

— І сапраўды, дзівосы на калёсах. Такіх брудастых, як ваш Вецер, мне не даводзілася бачыць. А Вар. Гэта ж стэгхоўнд, або аленны ганчак. У мінулым стагоддзі нават Сабанееў Леанід Паўлавіч (а ён паляванне і сабак ведаў, як ніхто, і я хутчэй богу ці сабе самому не паверу, чым яму) налічваў у Англіі — і толькі ў Англіі — усяго дванаццаць зграй, ці свор, бо кожная з адной своркі, з аднаго налыгача спускаецца.

— Ну, можа, з тых часоў развяліся.

— І тое. Толькі вось занадта ён рослы для стэгхоўнда. Ці не павязвалі калісьці некага там з ягоных продкаў з гончай святога Губерта. Што ён, злобны, пешы, вязкі? Голас нізкі, моцны?

— Усё гэта ёсць. А рост? — ён зусім ужо адтаў. — Можа, акселерацыя не толькі сярод людзей ідзе?

— А дзе ўсё ж стары? — занепакоіўся я.

— Прыйдзе. З ім на гэты «вячэрні абход» заўсёды мой Горд ходзіць, ньюфаўндленд. Нават прыцягне ў выпадку чаго.

— Га, ды ў вас тут чыстапародная псярня.

— Ды яшчэ Джальма, лягавая, хорта па-нашаму. — І раптам угледзеўся ў мяне. — А вы выпадкова не з лягавых?

— Выпадкова не з лягавых… Мне тут праўду з забойствам вашага Юлляна ўстанавіць трэба. Бо занадта вяжацца яно з некаторымі цёмнымі справамі. І ў вайну, і цяпер.

— А што толку. Павесілі ж забойцу. Не дапамаглі яму ні апеляцыі, ні касацыі. Ні з кога ўжо той помсты спагнаць нельга… Дый дзед мала што вам сказаць можа. Стаў зусім як дзіця малое. І гаворыць — мала што зразумець можна. А ў вайну ж праваднік у партызан. А ўжо пад семдзесят яму было. І дачка, жонка мая, у партызанах. А дзед ужо і тады быў горам сагнуты ды бядой біты. А зараз яшчэ горш… О, ды вунь ён і ідзе… Самі ўбачыце.

Садам набліжаўся да нас пры эскорце ў два сабакі вельмі высокі (хаця і сагнуты трохі), вельмі кашчавы і вельмі стары чалавек. Ішоў, цягнучы ногі і гледзячы ў нікуды.

Сеў побач з Салвэсем на прыступку, не павітаўся, можа, нават зусім не заўважыў старонняга. Глядзеў у ноч выцвілымі вачыма. А зусім сівыя, вілападобныя вусы (ні даць ні ўзяць перагорнутая дагары нагамі «іжыца») адцянялі выпнутую нібы ад векавечнай крыўды ніжнюю губу і няголенае падбароддзе, а пасля спускаліся амаль да сярэдзіны грудзей.

— Тут, бацька, да цябе… наконт Юлляна… падрабязнасці чалавек ведаць хацеў бы.

Стары сядзеў з каменным тварам.

— Трэба хоць сёе-тое ўспомніць, бацька. Добры, відаць па ўсім, чалавек.

— Усе… усе людзі добрыя, — нібы ў трансе або ў трызненні, ціха пачаў стары, — і вось такое. Юллян… сынок… Пра жыццё тваё думаў… на смерць паслаў… Надта ўжо ласкавы, гады на чатыры старэйшы… І шчарбаты, як Юллян… двох пярэдніх… Ляснічым аж у Цешын, пад самыя… чэхі… Дакуманты… Школа повшэхна… Трыста злотых… У лесе… Застрэлены… Рэвальвера няма… І старэйшая мая пасля чэзла-чэзла дый памерла.

І раптам твар ягоны скрывіўся, як ад плачу, хаця вочы былі сухія.

— Няпраўда, што сыпаў, няпраўда, што выдаваў… Не мог сынок… Забіты сынок.

І тут я зразумеў, што мне ўсё роўна, вінен быў ці нявінен Юллян Сай. Мне стала нават крыху шкада яго. Шкада апасродкавана, праз гэтага дзеда, які плакаў з сухімі вачыма.

Нямая, бязмежная крыўда лямантавала ў гэтым земляным ужо целе, у гэтай істоце, якая некалі была чалавекам і перастала ім быць усяго за тую секунду, што спатрэбілася для нечага стрэлу. Ужо не было сілы, розуму, нават успамінаў. А крыўда жыла. Крыўда была мацнейшая за ўсё.

Я заскрыгатаў зубамі. Яшчэ раз — і на гэты раз ужо назаўсёды — я зразумеў: нічым на свеце, ніякімі нават вышэйшымі меркаваннямі нельга апраўдваць крыўду, якую наносяць жывому чалавеку.

Адмовіўшыся ад начлегу (я не мог болей быць тут, а дзед жа быў тут са сваімі думкамі звыш за чвэртку стагоддзя), я накіраваўся да сцежкі. Цяцерыч вызваўся праводзіць мяне.

— Бачыце, — сказаў ён, калі мы падыходзілі да дарогі, — няшмат жа мы даведаліся… Нічога, прыедзе жонка — яна, можа, больш раскажа. Я дам знаць.

І ўжо стоячы адзін і гледзячы на агеньчыкі, відаць, апошняга прыгараднага аўтобуса, я ўсё яшчэ нібы бачыў леснічоўку і цень чалавека на ганку. Чалавека, які глядзеў у ноч.


Мне зноў пашанцавала. Калі я вылез з аўтобуса, які не заходзіў у Альшаны, а прамаваў проста на Кладна, я ўбачыў, што месца маё займае нейкі чалавек, які здаўся мне нібы крыху знаёмы, а ад прыпынку збіраецца ад'язджаць на нейкай дзіўнай таратайцы, што памятала, мабыць, бацьку апошняга Альшанскага, пан фальварковец з-пад Альшан Ігнась Якаўлевіч Высоцкі ўласнай персонай.

— Стой, воўк цябе рэж, — прыкрыкнуў ён на каня і ўсміхнуўся мне. — Во і вам пашанцавала. Не трэба тых кіламетраў тэпаць.

— Што, адвозілі кагосьці?

— Ды так, кантралёр-рэвізор адзін быў у Семярыках. Датопаў да Альшанкі гэтыя чатыры кіламетры. Ды Ганчаронка сустрэў. Знаёмыя. Тут бухгалтар да старшыні: «Хай яго Высоцкі падвязе. Чаго чалавеку ногі біць? Ну і, глядзіш, прыдасца некалі».

Альшанскі яму:

— Трэба так гаспадарку і твае сальда-бульда весці, каб кантралёр-рэвізораў толькі з далікатнасці на прыпынак вазіць. Каб ведаў, што гэта мы не ад страху, а ласку яму робім. Ладна, хай Высоцкі адвязе.

— А мне што? Я і павёз. Служба такая.

— І што за чалавек?

— Ды дзіўны нейкі, маўчун. Толькі вуса й круціць ды, як каля замка ехалі, спытаў, ці гэта ён і ёсць.

— Нешта ён мне здаўся падобны на кагосьці.

— Ды і мне спачатку, здалёк. Недзе некалі нібыта бачыў. Пасля прыгледзеўся — не, зусім невядомая морда.

Цёмныя купы дрэў часам амаль змыкаліся над дарогай, утвараючы тунель. І ў канцы яго мігцела нізкая калючая зорка. Крыкнуў, заплакаў, зарагатаў у нетрах пугач. Пазнавата. «Песні» іхнія адышлі разам з вясной. Хаця бываюць сярод іх адзінкі, што плачуць і рагочуць летам, нават ранняй восенню.

— Ну а вы адкуль, так бы мовіць? — спытаў Высоцкі.

Маніць не выпадала. Шмат людзей бачыла мяне ў Замшанах, некаторыя (познія смаржкі, відаць, збіралі для аптэкі) — на сцежцы, што вяла да ўрочышча. Дый не люблю я гэтага занятку, акрамя тых выпадкаў, калі іначай — зарэз. І, самае галоўнае, чаму вучыла нябожчыца маці і што я запамятаў на ўсё жыццё: «Хлус павінен мець добрую памяць». Сапраўды, павінен, каб пра нейкія падзеі не збрахаць таму ж самаму чалавеку зусім па-іншаму. Або проста прагаварыцца ненарокам, што не ў Магілеў ты ездзіў, а зусім у Гомель, дзе жыве былая каханка, пра існаванне якой жонка або, яшчэ горш, нявеста вельмі добра ведалі, але лічылі гэта «грахом маладосці, калі ён яшчэ не быў знаёмы са мною».

— З Замшан еду.

— І ў Цёмным Бары былі, — мне здалося, што ён нібы на хвіліну напружыўся, але гэта ён проста крыху пагладзіў каня па рэпіцы. І зноў тая ж лянотная грацыя.

— І там быў.

— Ну і што ж вы там выкапалі? Гэта ж, пэўна, справа таго ж Юлляна Сая?

— Таго.

— А божа, як жа яна мне абрыдла. Столькі год мінула, а ўсё адно як пачне ўспамінаць нехта «дела давно минувших дней» ды што было «за польскім часам», і варта яму тую справу ўспомніць — неадменна нейкая зараза на мяне пакасавурыцца. Хоць ты ад людскіх вачэй у самбук[33] бяжы ці ў каноплі.

— То чаму б вам не з'ехаць адсюль?

— Я не адчуваю сябе вінаватым. Не хачу, каб нехта думаў: «Ага, дапякло… Мабыць, ведала аб нечым кошка». Ну і потым, што я ў іншым месцы. А тут мая зямля, спрадвеку мая.

— Родны той куток, дзе рэзан пупок?

— Ды не, проста там, дзе ўпершыню сябе адчуў. Што можаш рабіць сёе і тое, думаць сёе і тое, ісці туды і сюды. Дзейнічаць. Пупок мне маглі недзе і ў Рыме рэзаць, а калі, скажам, немаўляці і месяца не было, як яго адтуль вывезлі, то што яму Рым? Вось і мне так. Маё ўсё тут.

Памаўчаў. Квакша крычала недзе ў шатах дрэў:

— Ну і што? У чым пераканаліся?

— Ні ў чым. Правакатар або не — таямніца сія вялікая ёсць.

— Не лезу я ў гэтыя справы, — хвіліну памаўчаўшы, сказаў ён. — Дый потым справа цёмная, правакатар ці не. Хто давёў? Хто адваротнае, ядры іх у корань, давёў?.. То ж бо… Можа, правакатар, а можа, проста ахвяра. Хто можа судзіць? Торкнуў нехта з вышэйшых пальцам, і добра там разабраліся ці памыліліся — і вось ужо на табе, чалавеча, колькі там залатнікоў свінцовага бобу.

— Так, — сказаўя, — довадаў ніякіх. Пустая справа. Чым хутчэй пра яе забудзем — тым лепей.

Золкай сырасцю павеяла з цёмных нетраў пушчы (відаць, непадалёк дарогі быў вільготны яр). І зноў прарэзаў ноч крык пугача.

— Пагамонім? — спытаў раптам Высоцкі з гарэзлівай усмешкай.

— Як пагамонім?

— А вось так.

Ён прыклаў далоні чоўнікам да рота, і раптам у дваццацёх сантыметрах ад мяне прагучаў злавесны, жудасны кліч-прызыў:

— Ку-га. Ку-га-а-а… Гха-га-га-га-га.

Падмануты пугач адказаў з лесу. І зноў адказаў яму Высоцкі. І зноў. І толькі потым пала ціша. Пугач, відаць, усё ж адчуў нейкую ненатуральнасць у адказе-вызаве. І, можа, яму проста абрыдла.

— Ведай нашых, — засмяяўся Высоцкі. — Падманулі мы ўсё ж яго.

— Совы — сімвал мудрасці.

— Значыць, і мудрасць падманулі.

— Не заўсёды гэта канчаецца дабром.

— У жыцці вельмі многае не канчаецца дабром. — паціснуў плячыма. — І скажыце вы. Усе гэтую няпэўную гісторыю памінаюць. А я яго толькі раз бачыў на дні нараджэння брата (заскочыў Крыштоф на гадзінку), а вось брата гэтага, Уладка, якога немцы за падполле расстралялі, ніхто і не ўспомніць.

— Людская ўдзячнасць.

— Ну людскую ўдзячнасць і ўзаемадапамогу мы ведаем: «Як п'юць ды ядуць, дык нас не завуць. А як с…ць і д…ць, дык нас ішчуць».

— Гэ-э, браце, плюнь. З часам усё-ўсё ўсплыве наверх. — Вознік пакасіўся на мяне, але нічога не сказаў.

Раздзел III Перад вачыма кахання, вачыма вар'яцтва і смерці

У тыя наступныя дні зачасцілі да мяне ў маю «плябанію» госці. Часцей за ўсё Шаблыка са Змагіцелем, часам археолагі ў поўным ці частковым складзе. Бывала, што на культурную бяседу з'яўляўся дзед Мультан (адзін або са Стасікам і Васількам). Разы два ці тры наведваўся наш ксёндз.

У той вечар кампанія сабралася ў поўным складзе. На бервяне, што замест прызбы ляжала ля «нашых» дзвярэй у «плябанію», размясціўся худзенькі «Волат» («Наша таўстуха Валянціна»), «бяляначка і замазурачка». Таня Салей з Тарэсай Гайдучык, сама Сташка Рэчыц ды Шаблыка са Змагіцелем. Дзеду Мультану і ксяндзу я вынес крэслы, а мы з Генкам Седуном не без выгоды размясціліся проста на траве. Я паспеў ужо расказаць ім аб такіх-сякіх рэзультатах пошукаў, абмінуўшы, вядома, самае важнае. У прыватнасці, чамусьці пра Лапатуху, пра братоў Высоцкага і, вядома ж, пра цень, які падаў на айца Леанарда Жыховіча, прысутнага тут.

Гамарня была як на кірмашы. Атрымалася нешта накшталт сярэдневяковага дыспуту: кожны высоўваў свой тэзіс, а ўсе накідваліся на яго са сваімі антытэзамі, кожны быў як бы «адвакатам д'ябла», асобай, неабходнай на кожным сярэдневяковым дыспуце (не выключаючы і Беларусі), асобай, якая павінна была абвяргаць кандыдата, скажам, у бакалаўры, рознымі падступнымі і нават недазволенымі, ерэтычнымі пытаннямі. Дапусцім, кандыдат высоўваў тэзу аб тым, што зачатак Марыяй Хрыста быў незаганны і нявінны і што ў дзень успення (15-га, значыць, а па-новаму 28 жніўня) яе, яна адышла цнатлівай. На гэта «адвакат д'ябла» ставіў яму недазволеную падножку, за якую, каб гэта не на дыспуце, — гарэць бы «адвакату» на вогнішчы або сядзець у каменным мяху год і шэсць тыдняў[34] (вядома, калі ў месцы суда быў каменны мех, а то пайшоў бы бяскарна).

Дыялог між іх мог бы адбыцца такі:

Дыспутант: «…і ва ўспенні была цнатлівай».

Адвакат д'ябла: Не, былі ў яе пасля браты Хрысту. «Маці і браты яго стаялі вонкі ля лома, жадаючы гаварыць з ім»… (Мацея 12,46).

Дыспутант: Тут маюцца на ўвазе аднадумцы, браты па ідэі.

Адвакат: Не, ілюстрысіме. Крыху далей «І паказаўшы рукою… на вучняў сваіх, сказаў: Вось маці Мая і браты Мае» (Мацея 12,49).

Дыспутант: Магчыма, і тыя былі «браты па ідэі» (пачынае запінацца), але менш пасвечанымі, другога гатунку перад вучнямі.

Адвакат (поўны трыумфу): А як тады зразумець крыху далей у таго ж Мацея (13, 54–57), што, калі Хрыстос прапаведаваў у сінагозе ў Бетлеме Юдэйскім, усе здзіўляліся і казалі: «…адкуль у яго такія прамудрасць і сілы? Ці не цесляў ён сын? Ці не яго маці завецца Марыя, і браты яго Іякаў і Іёсі і Сымон і Іюда? І сёстры яго ці не ўсе паміж нас? Адкуль жа ў яго ўсё гэта? І спакусіліся аб ім». І ў пакаранне за іхняе бязвер'е Ён не стварыў там шматлікіх цудаў. «Не бывае прарока ў сваёй айчыне».

Дыспутант (прыперты да мура, але пагрозліва): Дык ты ў догмат непарочнасці Дзевы Марыі не верыш?

Адвакат д'ябла (спалохана): Не, не. Лічу, што варты ступені бакалаўра, а пытанне хай вырашаюць на вышэйшым узроўні.

(Гул ухвалення!)

Нешта такое адбывалася і ў нас, толькі што без падножак. А калі ўсе ўдосталь нагарланіліся, раптам умяшаўся Шаблыка:

— Ні пад якой вежай, ні ў якіх катакомбах іхніх скарбаў украдзеных шукаць не трэба. Абставіны ведаеце самі. Падскарбі, дзяржаўны казначэй, не занёс гэтых скарбаў у роспісь. Значыць, шэсцьсот тысяч залатых і на шэсць мільёнаў каменнямі, пабраныя Пятром Альшанскім са змоўшчыкаў, Міхала Слуцкага і іншых, ды пад шумок з каралеўскіх земляў, — у казну не вярнуліся ні тады, ні пры Вітаўце Альшанскім, што абрабаваў усіх паплечнікаў Валюжыніча, выдаўшы іх, ды яшчэ і павінен быў тыя грошы аддаць каралю. Уцяклі, відаць, з грашыма Грыміслаў Валюжыніч ды Ганна-Гардзіслава Альшанская.

— Іх дагналі, — сказаў ксёндз.

— Але іх і выпусцілі, — сказаў Шаблыка. — Бо да пагоні прыяднаўся суддзя Станкевіч. І патрабаваў, каб выпусцілі.

— Маглі і перастрэць пасля іншыя людзі князя, — сказала Валя Волат.

— Адкуль гэта вядома? — кінуў Шаблыка.

— Божа мой, — умяшаўся раптам Змагіцель, — чаму вы такія сухія, чаму вы такія рацыяналісты? Чаму не верыце людскім байкам, чуткам, паданням? Бывае ж і ў іх зерне праўды. А што легенда тут кажа? А кажа яна, што ўцякалі яны, заганяючы коней. Па гэтых непралазных нетрах, яшчэ горшых, чым тады пад Наваградкам. А там у той час нейкі князь памёр у дзесяцёх — на нашы грошы — кіламетрах ад горада, бо не маглі прывезці лекара. І што гналіся за імі, і што наздагналі недзе ля Замшан, а кіраваліся яны ва ўрочышчы Цёмны Бор, каб пасля Альшанкай і «іншымі рэкі» сплысці ў Нёман, а адтуль бог-бацька ведае, куды кіравацца. Ці на захад, бо на ўсходзе часы былі смутныя, ці некуды пад Кладна, дзе яшчэ блукалі рассеяныя аднадумнікі. Але іх наздагналі і збіраліся ўжо вязаць, але Станкевіч, які адстаў, якраз выцерабіўся на паляну і загадаў адпусціць. І з грузам. І не аслухаўся Вітаўт Хвёдаравіч вярхоўнага суддзі.

— То чаму ён з крадзеным адпусціў? — жвавенька спытала Таня Салей.

— Што ж ён, прызнаўся б пры суддзі, што яны тое крадзенае вывозяць, якое князь у бунтаўшчыкоў украў і казне не вярнуў? — строга кінула і сваё пытанне-адказ Тарэса Гайдучык. — Прамаўчаць мусіў.

Змагіцель вёў сваё далей:

— Паехалі ўсе назад… І вось тут пагудка людская мовіць, што другая была перастрэча, што гналі яны ракой, хутчэй, вядома, чым нетрамі, і абагналі і ўцекачоў і пагоню, а засаду зрабілі ля Бярэзіны. І ўзялі абодвух. І нібыта (тут ужо кожны канчае па сваім гусце) ці, адабраўшы скарб, пусцілі на ўсе чатыры бакі, ці забілі.

— Ды ці была тая другая засада? — спытала скептычная Таня. — Можа, тыя грошы і іншае даўно ўжо ў свеце рассеяліся.

— Не ведаю, — сказаў Змагіцель, — але байку таксама трэба браць пад увагу. І калі грошы забралі, то чаму пазней, калі рэвізія каралеўская прыехала, Станкевіч на Евангеллі кляўся, што загадаў адпусціць уцекачоў, а Альшанскі — таксама на Евангеллі — кляўся, што, відаць, Валюжыніч з Ганнай грошы звезлі, а ён таго не ведаў і адпусціў, а сам тых грошай ані дэнарыя ў руцэ не трымаў, ані падвойнага літоўскага білона пад пазногаць не заціснуў.

— І ўжо тыдні два мінула, — сказаў ксёндз, — калі ён разам з тым, і таксама на Евангеллі, кляўся, што ўцекачы жывыя. Не мог таго часу чалавек на крывое свядоцтва на святой кнізе пайсці. І сведкі кляліся, што жывыя.

— Ну вось, — зноў сказаў Змагіцель, — і рэвізія была, і падчас той рэвізіі князь Альшанскі Вітаўт Хвёдаравіч нагла і хуткім чынам памрэ. Калі было, калі і ведаў нешта…

— То канцы ў ваду, — сказаў Шаблыка, — і шукаць дарэмна.

— Чаму дарэмна? — выбухнуў Змагіцель. — А надпіс патаемны? А можа, ён пра нешта іншае кажа? А скрынкі нямецкія? А нямецкая «акцыя» перад адступленнем? Хавалі ж пэўна нешта?

Мне не падабалася гэтая размова пры ксяндзу. Лепей было б яму менш ведаць аб падзеях. І тых, у канцы пятнаццатага — пачатку семнаццатага стагоддзяў. І тых, у сорак чацвёртым. Пакуль я не давяду, што ён або адроддзе пекла, або чысты, як шкельца.

А Сташка Рэчыц, можа, уражаная тонам, на якім вёў апавяданне Змагіцель, раптам сагнулася (валасы колеру цёмнага чырвонага дрэва цяжка ўпалі ўніз) і тонкай рукой, трэскай, заціснутай у пальцах, намалявала на сцежцы план замка.

— Вось так, — сказала яна. — Мы тут у вашу адсутнасць зрабілі разведку, прамацалі зямлю правей задняй вежы (гэта справа, як ад брамы ісці).

— І што? — спытаў я.

— Падмурак і рэшткі муроў яшчэ ад адной вежы. На самым беразе Альшанкі. Так што калі ўлічыць яе, то ваша трэцяя, гэта якраз і будзе другая ад краю, там, дзе была калісь Слуцкая брама, якую замуравалі. А ніяк не наступная ад яе, што лявей.

— Не думаю, — пасля кароткага роздуму сказаў я. — Тая вежа стаяла паасобку. Вёў да яе падземны ход, бо не нашлі ж муроў, што ядналі тую, Надрэчную, з замкам. Тая, Надрэчная, была, відаць, Водаўзводнай, ахоўвала калодзеж, а можа, і прымітыўны водаправод, што вёў ад Альшанкі ў замак. І менавіта таму не магла яна быць «кутняй». Кутняя — яна і ёсць кутняя, у куце крайняя. А значыць, трэцяя — гэта аніяк не Слуцкая, а тая, што лявей за яе.

— Гэта яшчэ падумаць трэба, — яе вялізныя зялёна-блакітныя вочы з ценем лёгкай іроніі глядзелі на мяне.

— Слуцкую калі замуравалі?

— Месяцы за чатыры да смерці Вітаўта Хвёдаравіча Альшанскага.

— Тым болей. Што можна схаваць у прахадной ды праязной вежы?

Гэта, здаецца, падзейнічала.

— І што маглі схаваць у даўно замураванай вежы людзі Гімлера і Розенберга, сам апошні Альшанскі? Як яны маглі схаваць — вось што самае галоўнае.

— Так, мабыць, у гэтым вялікая рацыя ёсць, — сказаў ксёндз.

Хутка яны разышліся, і неяк так здарылася, што дзяўчаты і Генка чкурнулі некуды, відаць, на танцы ў Альшанку, і мне давялося праводзіць Сташку на яе раскоп, на Белую Гару.

Маўчалі. Ішла лёгкай-лёгкай хадой. Пэўна, вось так будзе ісці і тады, калі пройдзе пяцьдзесят кіламетраў. Сапраўдная, лятучая паходка бадзягі. Дакладныя, гожыя рухі.

— Што гэта ваш сябар, Змагіцель, так дзіўна адлегласці лічыць: «дзесяць кіламетраў на нашы грошы»? Што, сваіх мер не было?

— Былі. І вы гэта цудоўна ведаеце. Спачатку «пешы» і «конны» пераход, пасля, з адзінаццатага стагоддзя і да васемнаццатага года, самая распаўсюджаная — «вярста». Што ў нас, што ў Польшчы, што ў Масковіі. Толькі ж паўсюль назва адна, а даўжыня — іншая. Ад паўтысячы да тысячы сажняў. Но?! А з канца XVIII стагоддзя нешта каля тысячы шасцідзесяці метраў. А ў нас у Беларусі да разбору ўвогуле дзве вярсты: малая — 789 сажняў і вялікая — 1000 сажняў.

— То што, цяжка хіба перавесці?

— Ну вось, скажам, прызначаю я вам спатканне на мяжы першай і другой вярсты ад Альшан. А вы, небарака, і не ведаеце, ці вам тысячу пяцьсот шэсцьдзесят метраў адысці, ці тысячу дзевяцьсот сорак восем.

— А слупы верставыя?

— «А рамізнікі тады нашто»? — працытаваў я.

Мы засмяяліся. Пасля яна пакасілася на мяне сваімі «марскімі вачыма» і спытала:

— А вы сапраўды прызначылі б мне спатканне? І як, у канцы малой ці ў канцы вялікай вярсты?

— Прызначыў бы, калі вам так ужо захацелася б зрабіцца бедалагай.

— Хіба такой ужо бедалагай?

— Ды прыгледзьцеся да мяне лепей.

І тут я прыкусіў язык. Неандэртальскі прашчур варага побач з гэтай яснай як дзень прыгажосцю, з гэтымі чорнымі брывамі на загарэлым ужо абліччы, з гэтымі цяжкімі, каштанавымі з глыбінным залатым водбліскам валасамі. Не, гэта было фундаментальным глупствам. Не рэкну болей ані слова. Не трэба было й пачынаць.

На шчасце, нас дагналі Альшанскі з Ганчаронкам. Некаторы час ім з намі было па дарозе.

— Ну як? — спытаў старшыня.

— Ды паступова разгортваецца клубок, — невядома з якой прычыны пусціў я пробны шар. — Але да канца ўсё яшчэ далёка.

— Ды вось спрачаемся, у другой ці ў трэцяй ад рога, — другі раз за вечар «залажыла» мяне дурненькая Сташка.

— А можа, і не ў іх, — пастараўся я выправіць становішча.

І тут нечаканая падзея перапыніла небяспечную размову. Нехта, цьмяны ў сутонні, кінуўся з дарогі ў хмызы. Зашалахцеў за ім алешнік.

— Хто такі? — ціха спытаў я.

— А чорт яго ведае, — сказаў Ганчаронак. — Мо пара нейкая… А мо… Лапатуха. Чорт яго заўсёды ведае, адкуль і куды яго нясе. Чаго яго не адправіць куды трэба. І дагляд, і рэжым, і ежа.

— І траўма, — сказаў Альшанскі.

— Ды ён жа горш за ўсякую траўму сабе шкодзіць. То начуе ў бабкі Настулі — з жаласці яна яго пускае. А то ў нейкай з вежаў замка. І не толькі тады, калі цёплы час. Закалее неяк, а нам — адказвай.

— Траўма, — Сташка ссунула свае чорныя бровы.

— Ды ён бясшкодны. Нам шкада яго, — сказаў Нічыпар.

— Лухта якая, — забурчаў Ганчаронак. — Бясшкодны вар'ят… Вось маўчыць-маўчыць, а потым — нападзе. Сцеражыцеся, усё можа быць.

— Людзей на вачах ягоных стралялі. Дапускаю, што і сваякоў ягоных.

— Эх, хлопцы, пабойваюся я яго, — уздыхнуў бухгалтар. — Калі нападзе, то я… сабаку ўдарыць не магу, а як жа чалавека… Ну добра, нам сюды.

— А нам сюды, — сказаў я і павёў Стасю да мосціка цераз Альшанку.

Мосцік той заслугоўваў хутчэй назвы «кладка», мне давялося ўзяць спадарожніцу за локаць. І я адчуў яго вастрыню і цеплыню і як рука, вышэй сугібу, пакрылася лёгкай гусінай скурай, ці ад холаду, ці ад хвалявання. І зразумеў, што прызначыў бы ёй сустрэчу хоць на краі свету. І мне вельмі хацелася пацалаваць яе, і паплысці, паплысці куды пад гэтым зорным небам, над гэтай нястрымнай нешырокай ракой, і сказаць ёй нешта такое, чаго ні разу не казаў ніводзін мужчына ніводнай жанчыне. Мне здалося, што і яна нібы няўлоўна цягнецца да мяне.

Але я прыкусіў язык. Я не меў права. Я быў на дзесяць з гакам год старэйшы за яе. Яна была — дзіця, а я — чалавек, які досыць ці не занадта многа пажыў.

«Дзяўчына, што табе ўва мне», — падумалася мне толькі словамі з нейкага старога падання.

І таму я толькі пастаяў на вяршыні, на краі гарадзішча, з тугою прасачыў вачыма, як яна, танюткая трысцінка, ідзе да вогнішча, і змрочна паплентаўся назад да сваёй «плябаніі».


Вось так яно і было ў той вечар: зазірнуў мімаходам у вочы каханню, можа, таму, якое ўсё жыццё чакаў, і сам сабе сказаў: «Не трэба. Не смей. Не псуй жыцця выдатнаму чалавеку, які варты лепшага». І сядзеў я на сваёй прызбе-бервяне, шалёна курыў, глядзеў у ноч і думаў пра Сташку і пра тое, ці такое яно было, каханне ў мінулым. Ці больш разлічанае, ці, можа, гэта ў нас яно больш разлічанае, а ў іх было куды болей мужнае і самаахвярнае?

Здаецца, урэшце задрамаў. Плыў сіняй-сіняй, дужа цёплай ракой, што вілася між залатых берагоў. Нехта вабіў мяне з гэтых берагоў і знікаў, каб з'явіцца зноў, у іншым месцы. Я ведаў і не ведаў, хто гэта, бо яно не паказвала свайго аблічча.

А потым паўсюль ужо была ярка-сіняя вада, а над галавою такое ж сіняе неба. А я ляжаў на спіне, адчуваючы неба вачыма, а ваду спіной.

І я быў цэнтрам сусвету. А пасля ў гэтым сусвеце з'явілася чыёсць аблічча. І я, ані не здзівіўшыся, чамусьці сказаў уголас:

Усё бачнае ізноў укрыюць воды,

І божы твар адвобразіцца ў іх.

— Спіцё, — як праз туман, убачыў я аблічча Леанарда Жыховіча.

— Не.

Вочы ксяндза як навейвалі нешта.

— Гэта добра, — злавесным, як мне праз паўсон здалося, голасам сказаў ён. — Думайце аб людзях, думайце аб сабе.

І знік. А мне раптам так захацелася спаць, што я ледзь дабраўся да ложка і, як у яму нейкую, праваліўся ў сон.

І гэта зноў быў той сон. Той і не той, працяг таго і нібыта не працяг.

Удар і падзенне, імклівае, з рыштаванняў вакол шпіля касцёла. Бліжэй і бліжэй зямля. Чырвона-зялёны, як ззянне фосфару, а пасля — выбух яго. І цемра.

Не, гэта проста цемра ночы. Гэта ажылі тыя словы Змагіцеля аб людскім погаласе пра тыя ўцёкі.

І вось ноч, волатавыя стаўбуры дрэў, рэдкія зоркі ў рэдкіх прасветах лістоты і коні, што з хрыпеннем ірвуць грудзьмі паветра, не, вецер, амаль ураган. Але коні стаміліся, але за спіной усё бліжэй і бліжэй ляск іншых, варожых падкоў.

І вось паляна, скупа асветленая бледна-зялёным святлом ветаха. На ёй, у дальнім яе канцы, трохкутныя або чатырохкутныя піраміды з дзікага, шэра-зялёнага ад моху камення.

«Дзе я іх бачыў? Ага, ля Бяздоннага возера пад Слонімам і яшчэ… і яшчэ ля сцежкі, якой ішоў з Замшан у Цёмны Бор.

Там мы прабіліся, мы вырваліся з іхняга кальца, але які ў гэтым толк, калі яны гоняцца, наступаючы на пяткі, а нашы коні змучаныя і ўжо вось-вось ворагі будуць тут. Конь Ганны, маёй цяпер ужо назаўсёды, Гардзіславы маёй, змучаны менш. І далей яна павінна ўцякаць адна, бо ратуе цяпер ужо дзве душы. А я застануся прыкрываць яе адыход. На каго яна падобная абліччам пад гэтым капюшонам. На Станіславу? На Сташку. На якую такую Сташку?»

— Скачы, Ганусю. Ты лёгкая, твой конь не так выснажыўся… Ляці!

— Дурны… «І ложа, і пошасць, і радасць, і болесць, і смерць адна на дваіх».

— Ляці!

Позна. З трох бакоў паляны выязджаюць з пушчы коннікі, абкладваюць нас дваіх. Паўкруглы аршак[35] усё болей замыкае кола вакол нас. Чалавек сорак. Некаторыя ў цэльнакутых латах, некаторыя ў калантарах, жалезных, пласцінамі, сёй-той проста ў кальчузе, два ці тры ў рабрыстых, кутых палосамі панцырах (з суцэльных шлемаў праз шчыліны відаць толькі бязлітасны бляск вачэй). А унь трох у лускатай усходняй зброі. А там некалькі ў карацановай зброі, таксама кальчужнай, але кожнае колца прыкрыта зверху сталёвай лускавінкай. У некаторых тыгрыныя скуры на плячах (гусараў, ці што, пазычыў у нейкім бліжэйшым вайсковым аддзеле ці, можа, некаторыя сябры-гусары самі вызваліся прыняць удзел у ловах). Дзіды, шаблі, чаканы. Нібы на вялікі бой выехалі, а не на спайманне дваіх знясіленых людзей.

І ў сярэдзіне паўмесяца — сам. Едзе на вараным кані, укрытым карацановай папонай. З-пад чорнага кунтуша ў залатыя травы выбіваецца адамашкавы[36] жупан. На галаве шапачка футраная з блакітным пяром. Падпяразаны вясёлкавым турэцкім шалем. І аніякіх латаў.

«Брэшаш, вельмішаноўны. Я ведаю. Пад жупанам амаль заўсёды ў цябе кальчуга. Дый пад шалем — паручуся — для вернасці пас металёвы».

А аблічча?! Крый божа нават у сне ўбачыць такое падабенства сатанінскае. Твар як з медзі літы, чорныя вусы, чорныя, але ўжо з сівінкай хвалістыя валасы, рот цвёрды, вочы колеру сталі, пранізлівыя. Вусны крывяцца, як дзве змейкі.

— Ну што, верная жоначка? Што, нявестнік?[37] Ці ўдалася ж табе твая намова?[38] Ці паспяхова табе вялося маё дабро плюндраваць?[39]

— Крадзенае яно, тваё дабро, — я адкідаю манашы капюшон: — А дзе ня крадзена, то гэта юдавы грошы, цана прададзеных табою сяброў.

Ён набліжаецца. Вараны топча верас, скошвае вочы і скаліцца, як д'ябал.

— Ну што ж, — усміхаецца коннік. — Насмеліўся ты на жонку, на майно маё кусіціся[40], то не скардзіся цяпер і на маю адправу. Што выбіраць будзеш? Абешанне, або тыдні два ва ўсніяным квасе, каб шкура мацнейшая была, ці сляпымі вас у паток?[41]

— Умёт ты, гразь, — адказваю я.

Ён махае аршаку пальчаткай.

— Спешыцца ўсім, — і ўскідвае галаву. — Ат чорт! Во нюх у заразы. І адкуль зведаў, куды скачам? Хітры чортаў ліс.

Толькі праз нейкую хвіліну я чую далёкі спеў рагоў, які ўсё набліжаецца і набліжаецца. Пасля паміж чорных стаўбуроў-волатаў сям-там пачалі з'яўляцца водсветамі, а пазней усё мацней і мацней налівацца чырванню рухомыя, усё больш зыркія плямы.

А пасля на паляну выехаў у суправаджэнні чатырох латнікаў з паходнямі ў левай руцэ (правая ва ўсіх ляжала ці на шыйцы гакаўніцы, ці на рукаяці шаблі) туга збіты, але не дужа высокі чалавек у простай, але вельмі, відаць, дарагой мясцовай чузе, жоўтых кабцях і файнавай, суконнай, шапачцы, аблямаванай тонкай палоскаю футра. І жазло кароткае ў руцэ, знак суддзі.

Шапку зняў, рассыпаліся валасы, ледзь не па-сялянску падстрыжаныя «пад гаршчок». Аблічча простае, хударлявае, хаця і шырокае ў выліцах і цвёрдых мускулах на шчаках, вочы пранізлівыя і крыху іранічныя.

«Копны. Сам Станкевіч. Адзін з нешматлікіх непадкупных, адзін з тых, што кожную справу да заслужанага і справядлівага канца даводзіць».

— Што ж гэта ты, княжа? Ты ж абяцаў. А тут кажуць: на ловы выехаў. Бачу я цяпер, якія гэта ловы. А ты ж абяцаў уцекінераў не ганіці і не хапаці. Так бо, харошае тваё абяцанне, калі ў тваіх людзей на сёдлах ужы[42] бачу. То што мне, цекачоў[43] аж да самога Жыгіманта Трэцяга. Кроў шведская ды кроў Ягелонаў — ой як яны да сябе іншую кроў цягнуць. Проста як магнітам жалеза.

— Ды мы й сапраўды на ловы, — не адводзячы вачэй, кажа князь. — На ловы, ды вось выпадкова на іх вылезлі. Відаць, заблыталі. То хаця да шляху давялі б. А з раніцы і ловы.

— Самі на шлях выедуць. А вы вось лепей зараз нас выведзеце на тое месца, дзе табар перад ловамі разбіваць хацелі, начаваць, ды раніцай — з богам. Звяры ў яры, зубры ў яры. А адтуль, з месца табара, мы ўжо самі дарогу да замка знойдзем ды пачакаем вас, пакуль вы з палявання не вернецеся.

— Ды нашто ж, найяснейшы? Калі вы завіталі ў маю сціплую камяніцу, то давайце або мы вас пакінем з намі ў табары, а раніцай разам у ловы…

— Стаміўся я, ваша яснавяльможнасць. Адпачыць бы хацеў…

— Або мы разам паедзем зараз у замак…

— Ды нашто ж я псаваць буду вашу забаву. Вы нас толькі да табара, да начлегу праводзьце. Гэта ж і недалёка. Нейкія шэсць літоўскіх вёрстаў.

— Польскіх гэта, лічы, дванаццаць, — буркнуў лоўчы.

— Нічога, — сказаў Станкевіч, — час звыкнуць. І памятаць словы Вердума: «Mile podolskie, czyli ukraińskie, są dwa razy tak wielkie, jak polskie, a im bliżej Turcji, tym większa mila»[44]. Ну а там вы станеце біваком, а мы паедзем да замка… Вам трэба такі развеяцца, бо з будучага тыдня і вам і мне прадбачыцца нешта нязвыклае і нас будуць чакаць не вельмі прыстойныя і прыемныя дні, — зірнуў на нас, пасля — на князя. — А гэтыя хай едуць, выберуцца. Я мяркую, няма чаго цаніць крышталёвы кубак, калі ён даў моцную трэшчыну ў дне. Дый не да сасудаў вам будзе.

— А я і не збіраюся яго склейваць. Хай едуць.

— Княжа, — ціхенька шапянуў Лоўчы. — А завадныя коні, зменныя з грузам. Няўжо аддамо? Іх бы…

— Хай забіраюць свае анучы, — кажа чуйны Станкевіч.

— Дык там жа…

— Змоўч, — шыпіць князь і моўчкі выцінае калючай шпорай лоўчага па назе. Цяпер шыпіць той. З болю.

— Аконьвайцеся, чэрці, — бурчыць князь Вітаўт. — Я ўжо аконіўся.

Пагоня ўзвіваецца ў сёдлы, пачынае знікаць між Дрэў, рассейвацца між ім, знікаць. Меркнуць агні паходняў. Зніклі.

Галава жанчыны падае мне на грудзі.

— Божа, вечнай будзе слава твая, — кабета плача. — З пячы вогненнай, з пашчы львінай уратаваў ты нас.

— Ну, Ганна… Ну, Сташка… Ну, Гардзіслава, — я гладжу яе валасы. — Цяпер усё, цяпер усё будзе добра…

Але думкі мае не тут. Я думаю. Станкевіч адпусціў збеглую жонку князя. Ясна, не тыя часы, калі за пралюбадзейства каралі смерцю, хаця й такое сям-там яшчэ здараецца. І ўсім вядомая яго «сімпатыя» да князя Альшанскага. Ну і яшчэ: не ведаў, што пад плашчом я, Валюжыніч. А можа, ведаў? Шмат казалі пра яго, Станкевічаву, «любоў» да ўчынкаў караля Цыкмуна, хаця суддзя і памоўкваў. Ведаў. Напэўна ведаў. Таму і адпусціў. Не ведаў толькі, што ва ўюках на спінах завадных коней. Каб ведаў — сухімі не выйшлі б.

Я цяпер што? Цяпер напэўна ўратаваныя. Шэсць польскіх міляў, дванаццаць нашых. У цемры начнога лесу гэта гадзіны чатыры туды (без святла), ды праводзіны на шлях да замка, ды каб уздумалі ізноў ганіціся — яшчэ тры з гакам — чатыры гадзіны. Першыя тры гадзіны мы можам заблытваць сляды, яшчэ пяць гадзін чуйдух скакаць прэч з ягоных земляў. А там панясе нас рака ў адвечна вольны наш Нёман. Уратаваліся.

Дык адкуль такое балючае, такое трывожнае адчуванне таго, што чакае нейкая немінучая, неакрэсленая пагроза, нейкая няўхільная бяда. Можа, варта было б вярнуцца і аддацца пад абарону суддзі, пад шчыт яго імя? Не, тады, можа, і засталіся б жывыя, але грошы тых, што ўзбунтаваліся, зброя, якую абяцалі тыя грошы, — нічога б гэтага не было. Памры, але аддай тым, каму яны меч, і жыццё, і магчымасць біцца.

— Скачам. Чуйдух. Гардзіслава!

Коні крыху адпачылі, і цяпер не трэба заганяць іх. Галіны хвошчуць па тварах, пушча гусцейшая і гусцейшая. І ў гэтым адна з надзей, хаця страшнае і падсвядома — невыразнае — чакае.

…Цела на ўвесь свет. Ідуць па гульбішчы дама з чорным манахам.

Ясна… Ясна… Я вар'яцею, вар'яцею… І не трапячу, як казаў нехта:

Перад тварам кахання,

Перад тварам вар'яцтва,

Перад тварам смерці самой.

…Ох, як баліць галава. Мае дзверы адчынены, і дзверы ў вартоўню Мультана адчынены, а за імі шэрая туманная раніца, мірыяды амаль нябачных кропелек вады, якія часам сутыкаюцца з нячутным звонам і звісаюць на жэрдках паркана, асядаюць на траве, заблытваюцца ў павуцінні і робяць яго вясёлкавым, калі ўзыдзе нясмелае сонца.

— І што гэта такое? — бурчыць з вартоўні Мультан. — Стагнаў усю ноч, гаварыў нешта ў сне, нават зубамі скрыгатаў. Находзяцца вось так па сонцы цэлы дзень без шапкі, галаву напячэ, не ў час ядуць, накурацца, насмокчуцца гэтай суслы, вып'юць яшчэ гадасці нейкай.

— Я не піў.

— Ды я не супраць, каб піў. Я супраць, калі без мяне. Дык ідзі спаласніся, ды вяртайся бульбу смажаную есці, ды ступай па сваіх справах.

…На рэчцы лёгкі туманец сцяліўся, крыху адарваўшыся ад вады. Запаўзаў пасмамі ў лазу і знікаў там. Я бабухнуўся ў яшчэ прахалодную ваду, вынырнуў і ўбачыў на процілеглым беразе Сташку. Відаць, ужо выкупалася, але ўсё адно стаяла з ручніком на плячы, сумная, стомленая і нібыта заспаная. І боль мой стаў лягчэй, бо цяпер балела не галава. І адчуваў я самае банальнае, ледзь не да слёз, замілаванне і самае банальнае пачуццё ў свеце. Каханне.

І я зразумеў, што, вядома, буду маўчаць. І зразумеў адначасова, што на свеце нішто ўжо не здолее выдзерці гэта, вялікае, з маіх грудзей. Ніхто не дапаможа, ніхто не пазбавіць мяне ні ад яго, ні ад безнадзейнасці.

Што мне заставалася рабіць. Перакінуцца парай нейкіх пустых словаў, а потым ляпнуць ні з пушчы ні з поля:

— Давайце сёння ў клуб сходзім. Кіно, кажуць, новае.

— Давайце, — згадзілася яна.

І гэта звычайная згода, якая ні да чаго не абавязвала, пасяліла ўва мне такую беспрычынную радасць, што я не заўважыў ні Альшанскага, які пра нешта размаўляў з Лапатухам, ні Высоцкага, які перастрэў мяне ля самай плябаніі і працягнуў белы квадрацік складзенай тэлеграмы:

— Вось, на пошце быў. Чаго, думаю, чалавеку дарэмна ў Альшаны швэндацца?

— Дзякую вам, Ігнась Якаўлевіч.

Ён пайшоў. А я некалькі разоў перачытваў надрукаванае, не ловячы аніякага сэнсу, аж пакуль не засяродзіўся. Тэлеграма была ад Шчукі: «Выязджай. Знайшоў шмат цікавага, знайшоў чалавека, які шмат ведае пра тую адправу ў трыццаць дзевятым. Андрэй».

Божа мой! Якое гэта ўсё было глупства ў параўнанні з тым, што перапаўняла мяне!


Клуб, куды мы пайшлі вечарам, быў з тых клубаў, якія яны і дасюль бываюць у былых асобных калгасах, а цяперашніх «брыгадах», «прыгарадах» цэнтральнай сядзібы. Там ледзь не паўсюль панастроілі ўжо новых, двух-, а то трохпавярховых будынкаў з глядзельнай залай, бібліятэкай-чытальняй, пакоямі для рэпетыцый і чорт яго ведае яшчэ з чым. А ў такіх, «прысёлках», у чаканні лепшых часоў і лішніх грошай так і засталіся звычайныя, хіба што толькі па нейкай прычыне больш прасторныя хаты, у якіх раскашней.

У Альшанцы такім «клубам» быў стары дом свяшчэнніка, крыху ў баку ад вёскі, на ўзгорку, побач з руінамі царквы, разбуранай у вайну прамым пападаннем бомбы. Досыць вялікая зала з будкай кінамеханіка і некалькімі міні-пакойчыкамі для грыміравання і рознага рэквізіту за сцэнай, на якую ў выпадку кінасеанса вешалі экран. І яшчэ пакой, крыху меншы, які служыў узімку і ў дождж фае і танцавальнай залай. Летняя танцпляцоўка была пад вялікімі папоўскімі ліпамі, на пустым пляцы, ля якога сям-там яшчэ дажывалі свой век каравыя і замшэлыя, даўно ўжо не пладзюшчыя ад старасці яблыні.

Сюды нават электрычнасці не ўдасужыліся правесці, у чаканні ці новага філіяла-будынка, ці яшчэ чагосьці, і калі на ўзгорку пад вечар пачынаў тахкаць рухавічок — усім без усялякіх аб'яў было ясна, што ў клубе кіно, спектакль або танцы. Бо чуваць яго ў вячэрнім пацішэлым паветры было далёка, у самых ускраінных хатах.

Шчыра кажучы, я не памятаю, ні які фільм ішоў, ні хто з публікі прысутнічаў. Адмеціла толькі чамусьці вока Генку Седуна ды сіямскіх блізнят, Шаблыку са Змагіцелем.

Нехта бегаў па экране, гучалі стрэлы з пацалункамі і слязамі ў антрактах. Я, шчыра кажучы, і не глядзеў туды, а скоса глядзеў на танюткі ў паўзмроку профіль Сташкі і бласлаўляў бога, што наперадзе сядзеў нейкі бамбіза і я «вымушаны» быў, «каб нешта бачыць», хіліцца ў бок Сташкі, дакранаючыся рукою яе рукі і, часам, датыкаючыся плячом яе пляча, хаця, вядома, з тым самым поспехам мог бы хіліцца да суседкі злева.

Божа, якое гэта было шчасце, просты, нібы ненаўмысны, на імгненне, дотык. І божа, як я, вопытны і відалы чалавек, нагадваў зараз сабе самому таго натхнёнага, нясмелага і захопленага шчанюка, якім я быў даўно-даўно, калі гэтая, побач, была яшчэ дзіцем.

І таму я не мог быць іншым. Таму мудрая натура так і распарадзілася.

…Скончылася кіно. Моладзь засталася на танцы, сталыя, паглядзеўшы крыху, пайшлі бітай дарогай.

— Застанемся? — спытаў я яе.

Яна адмоўна пахітала галавою і павярнула мяне на сцежку, што вяла нацянькі, спачатку ўзгоркам, пасля маладымі зарасцямі ліпы, дубнячку і бяроз, пасля між вербаў, перавітых ліянамі ажыны, пасля ў нізінку-вымачыну, такую сабе дыхаючую на ладан паляну-балотца, а потым, праз невысокую граду, адразу да касцёла замка і Белай Гары.

Мы маўчалі. Я быў упэўнены, яна таксама думае пра тое, што ўзнікае паміж намі і што гэтаму нельга даваць волю.

Зацёхкаў салавей у зарасцях, спачатку «пёк» сала, а пасля аж захлынаўся ад смакоцця і асалоды «тць-а, тць-а», прыцмокваў.

Яна парушыла маўчанне першая:

— Якія ў вас смешныя выпадкі жыцця звязаны з кіно?

— Ды вось… Ага, адзін прыйшоў у галаву. Як я адкрыў італьянскі неарэалізм. Адносіны да італьянскіх фільмаў у мяне пасля вайны былі… ну як да ўсіх, узятых «у якасці трафея пасля перамогі»… Можа, яны і не італьянскія былі, — я гаварыў гэта з палёгкай, бо вось урэшце знайшлі мы аб чым гаманіць, — але абавязкова тоўсты Джылі спявае нешта лакрычным голасам, ці графы з графінямі нешта там пакутуюць. Словам, перастаў я на іх хадзіць. І вось была ў мяне сустрэча важлівая якраз у час апошняй пары лекцый. А раз так, то я й дзвюма першымі вырашыў зманкіраваць. Дадому ісці — далёка і нязручна. Швэндаюся па вуліцах. Дай, думаю, у кіно схаджу. Афіша вісіць: «Усцін Малабазі». Ну, думаю, грузінскае нешта, накшталт «Георгі Саакадзе». Ну, на грузінскі можна схадзіць. Ды яшчэ калі гістарычны: у-га! Пайшоў! І тут надпіс на экране: «Італія». Ледзь не плюнуў ды прэч не пайшоў. А потым назва: «У сцен Малапагі». Адзін з першых неарэалістычных, якіх я, і насмяяўшыся і наплакаўшыся, слова нават гэтага яшчэ не ведаючы, пасля ніколі не прапускаў.

Яна звонка засмяялася, ціхім і ласкавым смехам.

— Так я і адкрыў… Стой! Стой, ані кроку!

Мы былі якраз у самай катлавінцы. Месяц ці ўжо зусім збіўся на сход, ці, ветахам на апошнім дыханні, узыходзіў пазней, і ў мокрай нізіне было амаль зусім цёмна.

Хіба ад слабых весніх зорак даходзіла нейкае падабенства святла. І ў гэтай цемрыве я хутчэй адчуў, чым убачыў, як аддзялілася ад стаўбура тоўстай чорнай вольхі не менш чорная постаць. Рушыла да нас.

— Хто гэта? — яг мага спакайней спытаў я.

Цень і надалей рухаўся моўчкі. Мала таго, справа ад цёмнай сцяны зарасцей аддзяліўся другі. Ісці далей было нельга. Я пакасіўся назад: яшчэ два цені адразалі нам паступова дарогу да клуба.

Кідацца ў зарасці таксама было нельга: балота, хай сабе і неглыбокае, хай па калена ці па пояс — не ўцячэш, голымі рукамі возьмуць. Калі толькі яны — а наўрад — збіраліся абысціся голымі рукамі.

Які ж я дурань. Як жа я мог страціць пільнасць? Не пайсці з людзьмі. Пайсці тут, ды яшчэ з дзяўчынай, ды яшчэ ведаючы пра ўвесь клубок таямніц, які звіўся ў гэтым гадзючым кубле.

Яны набліжаліся ў цяжкім свінцовым маўчанні. Зараз кінуцца адразу чатырох, і тут ужо нішто не дапаможа.

«Усё. Гэта канец».

І тут адзін з іх, той, што ззаду і злева, дапусціў нязначную памылку: кінуўся на некалькі імгненняў раней. Я зрабіў невялічкі скачок убок і рабрынай далоні секануў яго па тым месцы, дзе павінен быў знаходзіцца адамаў яблык.

— Хлып! — пачулася ў цемрыве, і я зразумеў, што трапіў.

І, адначасова, нібы сіла нейкая мною вадзіла, упаў як мага бліжэй да ног таго, другога, правага, які адразаў сцежку да клуба, і, імкліва перакаціўшыся некалькі разоў з боку на бок, лежачы яшчэ спінаю да ворага, які нагінаўся нада мною, сагнуў ногі і з сілаю выпрастаў іх, нібы стрэліў, проста таму ў прычыннае, або, як кажуць расейцы, «неудобь сказуемое», месца. Той выдыхнуў разам з паветрам прыдушаны енк, а я ўжо быў на нагах. Той склаўся ўдвая, а я ўжо схапіў Сташку за руку і штурхнуў яе на вольную ў гэта імгненне сцежку:

— Сташка! Бяжы! Бяжы, калі ласка.

Яна адбеглася на некалькі крокаў:

— Не! Не!

— Бяжы, так тваю!

Гэта яе маруджанне каштавала мне таго, што трэці з нападнікаў паспеў адрэзаць мне дарогу да ўцёкаў, за Сташкай. А я скарыстаўся б ёю без фальшывага сораму. Такі няроўны напад — гэта ўжо занадта.

Два корчыліся ад болю на пляцоўцы, толькі спрабуючы — адзін уздыхнуць, а другі выпрастацца. Але яшчэ два набліжаліся няўхільна, і я ўбачыў, як з рукава ў таго, хто адразаў мне шлях, вылецеў і срэбнай рыбкай бліснуў у руцэ нож.

— Бя-жы!

Але яна не ўцякала, а я нават не мог павараціцца, хаця адчуваў за спінаю, ужо блізка, сіплае дыханне другога.

І тут Сташка раптам размахнулася, і нейкі цёмны прадмет праляцеў у паветры і ляснуў таго, другога, у патыліцу.

— Каменем, гада!

Чалавек з нажом ад нечаканасці павярнуўся ў бок той, што нападала, рука з нажом таксама падалася крыху ўбок, і тады я адным скачком пераадолеў адлегласць да яго і з усёй сілы нанёс яму ўдар у пераноссе, даслаўшы адначасова правы кулак проста яму пад лыжку.

Я пераскочыў цераз яго — здалося мне ці не, што кепка ў яго на галаве была надзета казырком назад, — схапіў дзяўчыну за руку і даў такі клас бегу, што алімпійскі чэмпіён, паглядзеўшы на такое, запіў бы, прынамсі, на месяц.

Толькі тут яна закрычала, нечакана моцным, адчайным голасам. Дый я, чуючы за сабою крокі чацвёртага, раптам загарлаў. На паляне нехта закрычаў нема, дзікім матам, не па-разумнаму.

І нечакана з таго боку, куды мы беглі, адказаў нашым крыкам шматгалосы крык і тупат ног па сцежцы. Яшчэ праз хвіліну мы ўжо імчалі назад у атачэнні самае меней дзесяцёх чалавек.

Свіст даляцеў з паляны, і калі мы вырваліся на яе, то ўжо толькі недзе далёка трашчалі пад нагамі плеці ажыны і лаўжы.

Гнацца за імі было дурною справай. Яны відавочна ведалі нейкія больш плыткія сцежкі ў гэтым балоце.

Выведзеных мною са строю яны, відавочна, з грэхам напалам, усё ж пацягнулі з сабою. І гэта было зразумела і страшнавата: значыцца, нават па аднаму можна было апазнаць увесь хаўрус.

— Хто такія? — спытаў Шаблыка. — Пазнаў кагось?

— Не, — я чамусьці не сказаў пра «лапатухінскі» спосаб нашэння кепкі. Мала хто мог яго ўжыць? Нашто з аднаго толькі падазрэння кідаць цень на чалавека. — Не пазнаў.

І раптам выбухнала ўсё, што я стрымліваў у сабе:

— З нажом. Хацеў купіць маё жыццё, сволач? А ты яго мне даў?.. Чым ты яго стукнула ў патыліцу, Сташка?

— Пан… пантофляй… Ні-нічога больш не было… Вакол выбухнуў такі рогат, што я нават крыху спалохаўся. А яна раптам заплакала так, што ў мяне нешта як адарвалася ўсярэдзіне. І… упала галавою мне на грудзі. І гэта — я зразумеў — было нешта большае, чым проста словы палёгкі.

— Як жа… Як жа гэта яны маглі?

Што мне заставалася рабіць? Я проста гладзіў яе па галаве і казаў нейкія бязладныя словы, ад якіх яна хліпала яшчэ больш гаротна.

— Ну, небарака… Ну, бедная мая, харошая… Ну кінь, кінь.

— Ту-туфлем, — захлынаўся Змагіцель. — Ну, сволачы, дабяромся мы да вас, зальем мы вам гарачага сала з дзярмом за шкуру.

— Змагіцель-урвіцель, — прабубнеў Шаблыка. — Добра, што хаця добра скончылася. Страшэнна гэта прыемна, калі ніхто не б'е вас доўбняй па галаве… асабліва калі другі раз… Вось пераканаецеся самі.

Прыплёўся здорава задыханы Ганчаронак, і дзяўчаты з Белай Гары аж з віскам, без усякага ладу пачалі балбатаць пра здарэнне і яму.

— Што? Уцяклі? — бязладна кідаў ён. — З нажамі? Вось быдла. Не можа быць! Ах, м-мярзотнікі.

— Ва ўсякім разе, хаця і не ведаю, — сказаў Альшанскі. — Ва ўсякім разе, разбяромся.

— І гэта ў нас, — божкаў Ганчаронак.

Генка Сядун прыгладзіў свае цёмнахвалістыя валасы і раптам, не саромеючыся дзяўчат, сказаў:

— У вас, у вас. Як мог бы сказаць адзін мой знаёмы акцёр (вечна ён лесуноў грае, ведзьмаў, словам, завуць яго «заслужаная баба-яга рэспублікі»), дык ён, пачуўшы пра гэтыя здарэнні тут у вас, сказаў бы:

А што датычыцца маралі,

То ў лесе на яе… начхалі…

Я ўспомніў усе гэтыя пачварныя таямніцы, паперы, разварушаныя на маім стале, і нічога яму не сказаў.

Раздзел IV Загадкі і адгадкі. Палкоўнік, лейб-медыкус і пракуратар

Усё, словам, пайшло дагары нагамі ў гэтым лепшым са светаў. Дый ці быў ён наогул лепшым з найлепшых. За апошні час я дужа пачаў сумнявацца ў гэтым. Чортавы таямніцы, чортавы катакомбы, д'яблавы начныя кашмары, хай яно згарыць.

Ужо вечарэла, калі я падыходзіў да сваёй шматпавярховай хаты. Стары сябар Герард Пахольчык заўсміхаўся мне з тытунёвага кіёска зычліва.

— Даўненька не бывалі нешта, — наіўныя вочы разглядалі мяне. — Што, усё яшчэ ў паездцы? Усё яшчэ для новай кнігі матар'ялы? І як?

— Усё яны… А наконт як, то паступова пасоўваемся наперад, чалавеча.

— І што вам даліся гэтыя сярэднія вякі?

— Ды я чужымі словамі адкажу: «Хто не памятае мінулага, хто забывае мінулае — асуджаны зноў перажыць яго. Безліч разоў».

— І самае страшнае?

— І яго.

— Бр-р.

— Дайце мне два блокі «БТ». Э-э, ды, відаць, няма, на вітрыне нешта не бачу.

— А вы яго часта ў мяне на вітрыне бачыце? — Ён дастаў з-пад прылаўка два блокі, якія я і паклаў у свой партфель. — Няма на вітрыне — для вас знойдзецца.

— За што ж гэта мне такое вызначэнне?

— Оптавы пакупнік… І свой.

— А вось узгрэюць цябе, Герардзе, — нечакана прагучаў за спіной мяккі глыбокі голас. — Узгрэюць і за «сваіх», і за падпрылавачны гандаль.

За мной, схаваны вітрынаю з цыгарэтамі ад вачэй гандляра, стаяў Вітаўт-Інезілья Хасэ-Марыя Лыганоўскі і корпаўся ў пулярэсе.

Пахольчык на хвіліну быццам сумеўся. Нешта прамільгнула ў ягоных вочках. Пасля ён махнуў рукою. Прыжмурыўся:

— Вот вам, Антоне, яшчэ адну «бэтэшку». Закацілася на сёння апошняя. — І ён падаў мне пачак.

— А мне не знойдзецца? — спытаў псіхіятр.

— На жаль, сёння апошняя. Але заўтра будзе.

— Глядзі, каб былі. А пакуль «вячорку» і два пачкі «Кладна».

— «Кладна»? Угм. Дзе ж гэта «Кладна»? Ага, ёсць.

Мы пайшлі да дома, і тут я нечакана сказаў:

— Дарэмна я заракаўся. Прыйшла чарга і мне да вас зайсці неяк.

— Што, нервы?

— А з чым жа гэта яшчэ да вас ходзяць?

— Ну к… Што ж… Ды заходзьце вось хоць і зараз. Чаго дарам час траціць? Паслухаем, паглядзім.

…Я не бываў раней у яго хаце і тут ужо быў сапраўды здзіўлены. Тут, здаецца, усё было разлічана не на тое, каб супакоіць чалавека, а, наадварот, узвінціць ягоныя нервы да апошняга. Спакойны тут пачаў бы торгацца ў скоках святога Віта або выць нараспеў, як воўк у гайню, а нервовы выйшаў бы псіхам. Не дапамагала нават звычайная мэбля, усе гэтыя тахты ды сталы, крэслы ды серванты, гравюры ды тэлевізар.

Таму што цацкамі былі тыя масайскія дзіда ды шчыт. Таму што сцены амаль спрэс укрывалі чукоцкія і тунгускія шаманскія маскі, мангольскія маскі для «цама», ад аднаго позірку на якія пасівееш, і тыбецкія рытуальныя маскі, настолькі жудасныя, што нечакана сустрэўшы ў цёмным калідоры чалавека з такім абліччам — анямеў бы да самага скону. Стаялі тут пачварныя бенінскія бажкі і кітайскія багі з выразам вар'яцкай жорсткасці і злосці на тварах. Віселі шчыты з Квінсленда і з вострава Сандэй, аўстралійскія травяныя бранзалеты, фецішы афрыканскіх жрацоў, злавесныя ўборы ўдзельнікаў мужчынскіх саюзаў з Новай Гвінеі.

Агідныя рытуальныя маскі з Саламонавых астравоў (чорны яшчар, што надзеў старажытнагрэчаскі шлем), калебасы для вапны, тупазлосныя бажкі з астравоў Адміралцейства, кінжалы з ракавін і касцей казуара, цыноўкі і палотнішчы тапы, індыйскія анкі і яванскія крысы.

І паўсюль морды, выскаленыя, вірлавокія, ікластыя.

— Не страшна вам тут?

— На рабоце часам бывае страшней, — крыху жоўчна і з'едліва сказаў ён, абводзячы разумнымі вачыма сваю калекцыю. — А гэта? Гэта ўсё мае бадзянні. І за кожнай рэччу — гісторыя, выпадак, жах або смех. І таму яны мне — не рэчы. Яны мне — кавалкі жыцця.

Мы прайшлі ў маленькі лялечны кабінецік, пафарбаваны ў шэра-блакітны колер і, ясна ж, без усякіх масак.

— Ну расказвайце.

І я пачаў расказваць. Увогуле, пра ўвесь гэты куток, нібы яшчэ з самай вайны заражаны нейкім вірусам невядомага шаленства, пра дзівацтвы многіх яго насельнікаў, пра ненатуральны ледзяны подых даўно мінулай вайны на некаторых жыхароў, пра вар'яцтва Лапатухі і пра свае начныя кашмары.

Ён рабіўся ўсё больш і больш сур'ёзным, відавочна змрачнеў.

— Не магу зразумець вашых сімптомаў. Нагадвае сярэдневяковую беларускую пану, трызненне наяве. Але не тое. І яшчэ нешта падобнае давялося мне бачыць у трыццаць пятым годзе, у паўночна-заходняй Індыі. Чулі вы, вядома, пра ўсе палюсы зямлі: і геаграфічныя, і магнітныя, і холаду, і гарачыні. А вось пра полюс біялагічнай недаступнасці, мабыць, не чулі?

— Не.

— І мала хто з цывілізаваных людзей чуў. Лічаныя адзінкі. Акрамя навакольных жыхароў.

— А гэта што?

— А гэта вялізны кавалак прасторы, скалы ды непраходны трапічны лес на берагах ракі Нарбада. Джунглі — гэта стрыжаны англійскі газон у параўнанні з тым зялёным пеклам. З пачатку гісторыі гомо сапіенс туды ані разу не ступіла чалавечая нага. Уявіце, з часоў аўстралапітэка.

— Як то? Чаму?

— Там, як кажуць, з пачатку дзён найвялікшая на зямлі, на многія дзесяткі кіламетраў уздоўж і ўпоперак, калонія дзікіх пчол. Пчаліны мегалаполіс ледзь, скажам, не як той мегалаполіс, што ад Нью-Йорка да Вашынгтона. І пчолы там нейкай асаблівай расы. Хмары, процьма нясметная полчышчаў, легіёны. Аж занадта. Бо ўкус адной пчалы — вельмі балесны, рана часам тыднямі не зажывае; пяток укусіць — паралюш, бывае — часовы, а бывае, й не. А калі ўжо большая колькасць пакусае — канец немінучы.

— Гэта бывае, — сказаў я. — Што мы ведаем пра яды? Вынайшлі вось вучоныя ўніверсальную процізмяіную сываратку. Хоць кобра кусай, хоць гюрза — нічога табе не будзе.

— Вось-вось. А чаму не ўжываюць? Здаецца, панацэя такая, уратаванне для ўсіх людзей. Аж не. Таму што такі, застрахаваны ад усіх змей, немінуча памірае ад першага ж укусу звычайнай пчалы. Вось і разбярыся, што лепей. Дзіўна, што гэтыя пчолы зусім не чапаюць жывёл. І жыве іх там мноства. Малавывучаных, а то й не вядомых навуцы. Некаторых бачылі. Выносіць іх адтуль часам на навакольныя палі ды ў джунглі. Але яны і назад адразу выбіраюцца. Ведаюць, дзе яны ў поўнай бяспецы. Але выносіць адтуль не толькі жывёл, часам і насенне розных нікім не бачаных раслін. І вось за адной з іх, калі толькі раз на многа год прарасце яна па-за межамі пчалінага рэгіёну, палююць усе жыхары. Сушаць, адвар п'юць, і тады ў іх таксама розныя… трызненні ды праявы. Але дзе Нарбада і дзе Альшанка? Я не разумею, што ў вас такое. І таму асабліва баюся… Вось што, ці не падлячыцца вам? У мяне. І я б за вамі асабіста прыглядаў. І сябар у мяне там у клініцы малады, таленавіты. Ён вас у два месяцы паставіць на ногі.

— Не.

— Тады хаця адпачніце, — «божа, на каго ж з кандацьераў ён падобны?» — Месяцы два на моры. Вада, сонца, соль. І ніякіх думак. Вы проста ператаміліся з гэтымі сваімі гістарычнымі пошукамі, з гэтай справай… І вось што, вы ўсё думаеце, што гэта глупства…

Ён глядзеў пранізліва:

— Глядзіце, гэта страшна. І каб вы ведалі гэта і не манкіравалі сваім здароўем, а лекаваліся — паедзем заўтра са мной. Паглядзіце, што гэта такое. Ну і абследаванні некаторыя зробім. Гэта занадта важлівая штука — здароўе, гэта адзіна вартая рэч — розум. А мы, аднак, гэтага не цэнім.

— Добра, — хутчэй каб адвязацца, сказаў я.

Крыху адпачнуўшы, я ўрэшце вырашыў зайсці да Хілінскага і амаль не здзівіўся, што гэтыя двое цалкам дарослых людзей (ён і Шчука) сядзяць у паўцемры і разглядаюць праз эпідыяскоп слайды.

— Сядай, зараз скончым, — сказаў Адам. Слайды былі з «маіх» мясцін. Кладна. Дарога на Альшаны. Замак. Касцёл.

— Дзе гэта вы іх настругалі? — спытаў я, калі запалілі святло.

— Ды даўно ўжо, гады два як зняў, — сказаў Хілінскі, і я чамусьці не паверыў яму. Асабліва таму, што каля брамы замка не відаць было ахоўнай дошкі.

«Ой, круціш ты, Адам Пятровіч», — толькі й падумаў я.

Калі на стале з'явілася кава і тое, што да кавы, часам спажыўнае, а часам і не дужа, і мы ўжылі і тэго і другэго (ці овэго?), як кажуць браты-палякі, Шчука адкінуўся на спінку крэсла:

— Расказвай.

Я расказаў. На гэты раз нічога не скрываючы, аж да недарэчнасцей, да маіх начных кашмараў, да размовы ў леснічоўцы і да ўчарашняга нападу ў балацявіне. Відаць, раздражненне прарывалася ў маім голасе, таму што Шчука раптам сказаў:

— Лічыш, што мы тут «гаў!» ловім? І што мы ўвогуле, як шведы спяваюць: «Паліцыя, паліцыя — бульбянае пюрэ».

— Я толькі раз чуў, як спявалі шведы. Імчалі ў турысцкім аўтобусе. І спявалі, на жаль, не пра пюрэ, а па-расейску: «І-ван І-ва-на-вітш, І-ван І-ва-на-вітш энд містэр Шчука тоже э-ро-тыч-ный».

— Брэшаш.

— Ясна, што брашу. Спявалі: «Энд бе-ло-рус он тоже э-ро-тыч-ный».

— Добра, добра, не злуй… Та-ак, пачынае рабіцца горача. І канцэпцыі адзінай пакуль няма. З'ехаў бы ты адтуль, хлопец.

— Яшчэ чаго?! — абурыўся я. — Нехта вінаваты, а з'язджаць павінен я. У вас няма канцэпцыі, а я адказвай.

— Канцэпцыі няма. Затое, як мяркую, падазроных шмат.

— Вось і паспрабавалі б найбольш падазроных абмежаваць у дзеяннях. Паслаць некуды. А то дойдзе да гэтых вашых, як іх — пісталетаў, рэвальвераў, — тады позна будзе.

— Бывае, даходзіць і да пісталетаў.

Шчука раздражняў мяне. З гэтым яго падвойным хобі: чытаць дэтэктывы і здзекавацца з іх, і яшчэ ведаць назубок усю, якая ёсць і была на зямлі, зброю. Аж да шасцістрэльнага (круціліся рулі, а не барабан) рэвальвера бельгійскай сістэмы Марыет, вырабу 1837 г. І таму я быў несправядлівы:

— Рэвальверы… Слухайце, а вы ўмееце з імі абыходзіцца?

Пакасіўся на мяне:

— Не сумнявайцеся.

— Тады нічога, а то, бывае, пальне, сам не думаючы.

— Вы затое многае думаеце. І плачаце: «Ох, курку забілі», — нечакана суха працадзіў Хілінскі. — А я не плачу. Затое я ведаю іншае. Курцы, можа, пакуль і трэба быць засмажанай, а вось наконт твайго «абмежавання ў дзеяннях» — дык я вось ведаю, што абмяжоўваць не трэба, што чалавеку ні ў якім разе не трэба сядзець у турме, хай сабе і некалькі дзён.

— І такім?

— А раз ужо сеў — гэта няшчасце. І наш агульны позор, — ён чамусьці сказаў па-расейску «позор», а не «ганьба». Мабыць, так здалося мацней.

— Ну добра ўжо, досыць, — сказаў Шчука. — Я, уласна, чакаў цябе вось чаму.

Ён дастаў з блакнота малы квадрацік паперы:

— Гэта табе адрас і тэлефон Яраслава Мірашэўскага. Былы юрыст. Былы пракуратар у Кладна. І, самае галоўнае, не памятаю ўжо, ці ён, пракуратар акруговы, займаў у 1939 годзе, на працэсе Крыштофа Высоцкага, крэсла абвінаваўцы, ці ён тады саступіў гэтае месца свайму віцэ-пракуратару… Так што і без архіва павінен сёе-тое памятаць.

— Добра.

— Калі паедзеш?

— Ну-ну-у… заўтра ў мяне яшчэ тут сякія-такія… справы, — я ўспомніў аб прапанове Лыганоўскага і, цалкам для сябе нечакана, вырашыў, што паеду з ім. — Паслязаўтра — гэта напэўна.

— Ну, браце, тады табе шанцуе. І мы паслязаўтра машынай дабіраемся. Дакінем цябе да Кладна, а калі не затрымаешся надоўга і дужа папросіш, то дакінем амаль да Альшан. Перад самым мястэчкам у нас паваротка.

— Хто ды хто едзе?

— Я, Клепча, — відаць, ён заўважыў грымасу на маім абліччы і таму дадаў: — Ну і Адам вось збіраўся, здаецца, да цябе рыбу лавіць.

— Рыбы многа.

— Ну вось, — сказаў Адам, — дакінеце мяне да Кладна, пакінеце Антона, а я наступнага дня прыеду. Так, паверце, будзе лепей. Нешта і мяне, старога каня на пакоі з падвойным гарцам аўса, — гэтыя ножычкі ды дамы з манахамі зацікавілі. Можа, свежым вокам нешта і заўважу.

— А можа, і так лепей, — згадзіўся Шчука. — Ты ж не пры справе. Проста, можа, пагаварыць вечарам, з вудачкай пасядзець. Хай лішніх размоў не будзе.

Мы зварылі свежай кавы, але падумалі, што гэтым напэўна заробім сабе бяссонніцу, калі да «гэтага» не дадаць па малому каньяку, і сядзелі цяпер вакол нізенькага стала, як тры пенсіянеры, якія дастойнай работай заслужылі сабе дастойную пенсію і зараз кейфуюць, але ўсё аніяк не могуць забыць «дела давно минувших дней» і «битвы, где вместе рубились они», хаця ніхто ўжо на новыя бітвы іх не кліча.

— Так, — сказаў Хілінскі, — гэта адчуванне цяперашняе нагадвае мне, як адзін нямецкі язык, лётчык, якога мы аднойчы ўмыкнулі, і на радасцях, што даў вычарпальныя паказанні, далі паўтары шклянкі ашмянскай самагонкі.

— Дык што ён? — спытаў Шчука.

— А ён напіўся і на радасцях, што яго не расстраляюць, а цераз фронт перакідваць будуць, зусім разлезся і думаў, што ён «штукас». Ну, Косміч, што такое «штука»?

— «Юнкерс-87», — машынальна адказаў я. — Такі сабе пікіроўшчык-бамбардзіроўшчык з крыламі, як у чайкі.

— Ведаеш, — пахваліў Шчука.

— Проста не забыў, — сказаў Адам. — То немец гэты, расставіўшы рукі, выў — усё «в-ву-у, в-ву-у» і ўсё хацеў падаць галавой на брук.

— На які брук?

— То гэта ж у саміх Ашмянах і было. Мы яго пераапранутыя вялі. І п'яны быў ён нам замест лепшага аўсвайса.

— Успомніў вясёлае. Ну гэта на такія штукі толькі ты і майстар быў. Рызыкант паршывы.

— А што ўсё ж з тым Крыштофам Высоцкім?

— Псуеш ты нам адпачынак, — сказаў Шчука. — Спускайся з даху і не псуй гонту. Казалі ж табе, што забойства. Што архіў згарэў ці часткова разрабаваны. Павесілі чалавека — і ўсё табе.

— Не шанцуе роду, — сказаў я. — Ну а Ўладак той?

— Таксама незразумелая справа, — сказаў Хілінскі. — Тут архіваў увогуле не магло быць. Падполле. Які там архіў? А Ўладак той то знікаў з Кладна, то зноў з'яўляўся. На чорным рынку (жыхары кажуць) дзейнічаў.

— Ну за гэта не дужа стралялі, — сказаў Шчука, — асабліва разам з патрыётамі ды ў прахадным двары, ледзь не на вуліцы, на вачах у народу. Ды яшчэ такога «лаяльнага». Ён жа тады яшчэ і ў пашпартным бюро служыў.

— І чорны рынак? — здзівіўся я.

— А ты б паспрабаваў на нямецкую платню без рынку пражыць.

— Адкуль ведаеце?

— Я… жыў. Быў такі выпадак. Вось і гэты. І што яго трымала? Мог бы да брата, на вёску, на гаспадарку. Можа, і сапраўды падполле, патаемная сувязь з партызанамі, адкрылі выпадкова перад самым акружэннем?

— Што ж, не помніць ніхто яго сапраўднага аблічча? — хмыкнуў я.

— А хто мае помніць? Можа, косці іхнія даўно зямлю параць, сведкаў гэтых, якія дамаўляліся, ведалі аб ім. Ведала, скажам, два чалавекі (больш і немагчыма, канспірацыя). І вось — адзін бой, налёт, блакада — і гатова, не разведчык, а здраднік. Ці мала такіх, сумленных, у якіх сведкі загінулі, пасля вызвалення і ў нас пасядзела?

— А бывала, — буркнуў Адам, — што з-за нейкіх разлікаў і жывыя сведкі не пацвердзілі.

— Як то?

— Ну, хлопец, ты хіба на Месяцы жыў, ці што? — І сказаў пасля змрочнай паўзы: — Там таксама не толькі героі. Там розныя людзі былі. Была і выпадковая сволач, накіп… Залілі такому сала за шкуру — ці свае, ці немцы. Адчувае — застанешся на месцы — каюк, а ў лесе, можа, і ўратуешся. Дав-вай у партызанку!

Пусціў цыгарэтны дым, не зацягваючыся.

— І вось пасылаюць кагосьці на самае страшнае, на службу ў немцаў «верай і праўдай». «Ідзі, — кажуць, — даражэнькі, туды і сюды: у бургамістры, ва ўправу, перакладчыкам, трасцай, халерай…» І вось, уявім, застаўся адзіным сведкам адзін вось такі, медузападобны. Адзіным сведкам, адзінай надзеяй таго, хто «ў немцаў» працаваў, «у СБМ кіраваў», і каго зараз за месца між нагамі і спінай бяруць.

— То што? — амаль злосна спытаў я.

— А тое. Бывае, што і адхрысціцца гэтая «адзіная надзея». «Не чуў, не бачыў, можа, забыў, але, здаецца, не, не ведаю». Адрачэцца. Каб цень не лёг, каб, крый божа, кар'еры не сапсуць, каб вылезці наверх, як паганка… Баіцца, дрыжыць: а раптам не разбяруцца дый мяне як саўдзельніка. А можа, той, калабарацыяніст, нешта пра яго ведаў? Думаеце, ён на карысць другога, абылганага, пасведчыць? А ўжо на карысць добрага імя мёртвага? Нашто? Гэта яму, — ён так, паскуда, лічыць, — жыць і жыць, лезці ўгору і лезці. А мёртваму што, мёртваму ж не лягчэй? Мёртвым усё роўна, ім не баліць.

— Магло быць і так, — сказаў Шчука. — Чаго не бывае?

Зноў раздарожжа. І па якой, урэшце, дарозе ехаць, каб дабрацца да праўды.


Мы ехалі з Лыганоўскім у горад у ягоным блакітным «Масквічы». Вярталіся з псіханеўралагічнай клінікі.

Гэтаму было як быццам усё нічога. Прыгожыя моцныя рукі цвёрда ляжалі на баранцы, і здавалася мне, ён не глядзіць на дарогу, не адчувае машыны, а проста зліўся з імі ў адно, як кожны ас аўтамабілеваджэння.

А мяне ледзь не калаціла ад гэтага візіту ў дом вар'ятаў, ад павароткі з шашы ў доўгую і цемнаватую алею з высачэзных туй і ядлоўцаў, ад двара, па якім хадзілі бы ў сне нейкія невыразныя фігуры, нават у сваіх піжамах і халатах падобныя на тую маўклівую постаць у саване, што, стоячы, падплывае ў ладдзі да «Вострава мёртвых» Бёкліна.

Я ўдзячны быў Лыганоўскаму, што ён не павёў мяне па палатах, а проста папрасіў санітараў прыводзіць тых хворых, якіх ён укажа, і кожнаму з іх выдаваў мяне не за старонняга чалавека (магчыма — я страшыўся такога — будучага іхняга суседа), а за лекара, які паглядзіць іх пакуль, а пасля абавязкова дапаможа.

Я толькі ўрыўкамі лавіў яго каментарыі, калі чарговага хворага адводзілі. Перада мною ўсё яшчэ стаяў твар, вочы, пастава няшчаснага, ягоная мова, часам, здаецца, і складная, а часам як на дзве трэці сапрэлая тканіна з кургана, па рэштках якой толькі з цяжкасцю можна ўявіць першапачатковы ўзор.

— Казаў… аднаго… не таму што ракета ўзарвецца… Космасу не баліць… загад урада… магло там… Аэліта.

Адзін з дзесяткаў магчымых разгадак гэтай галаваломкі мог быць такі:

— Казаў жа я, каб паслалі мяне аднаго. І не таму, што ракета ўзарвацца можа, калі лішні ў экіпажы. На зямлі не ўзарвецца. Космасу не баліць. І гэта быў загад урада, а на месцы не паслухаліся. Самае горшае, што ўзарвацца магло там, а там Аэліта.

А яго змяняў другі, які быў упэўнены, што жонка рвецца да яго (калісьці яна не толькі здрадзіла яму, але й прадала яго), ужо дзесяць год чакае, ды яе да яго не пускаюць.

— Яна выйшла другі раз замуж дзевяць год назад, — буркнуў Лыганоўскі, калі чалавека, які захлынаўся ў рыданнях, павялі.

І яшчэ. І яшчэ. А тут голас чалавека, які звыкнуў да такога, хаця недзе ўнутры яму, можа, і баліць. Каменціруе:

— Псіхоз Корсакава — асобая форма псіхічных расстройстваў на глебе алкагольнай інтаксікацыі. Характарызуецца змяненнямі памяці і множнымі паражэннямі нерваў. Або: рознасць палёў зроку. Але праведзена праверка з дапамогай вымяральніка мазгавых хваль, і розніцы ў іхняй форме я не бачу.

Ці яшчэ:

— Ні вар'ятам, ні эпілептыкам, па ўсім відаць, яго лічыць нельга. Няма ніякіх падстаў казаць аб арганічных мазгавых зменах. Трэба лічыць, што прычынай, хутчэй за ўсё, псіхічныя, душэўныя ўласцівасці.

Ён пільна пакасіўся тады на мяне:

— Як у гэтага вашага тыпа з Альшанкі. Хацеў бы я неяк пагаварыць з ім.

— Хто забараняе? Збярыцеся вось ды прыедзьце туды на дзень-два. Паназірайце.

— А можа, і трэба будзе. І не толькі за ім, — дадаў ён са значэннем. — Можа, і ў вас некаторыя «пачаткі» пачалі праяўляцца.

— Воля ваша. Але што гэта дасць?

— Вопытнаму дасць. Хаця, вядома, лепей было б правесці тэсты на здольнасць запамінання і элементарныя разумовыя здольнасці і… зрабіць праверку рэакцыі на наркоз.

— Запамінаю — на выдатна, здольнасці — ну, як здольнасці. Наркотыкаў не ўжываю. Дый і мала хто, відаць, у нас іх ужывае. Гэта не Ганконг.

— І трэба было б правесці, — гнуў ён сваё, — больш усебаковую праверку разумовых здольнасцей і аналіз характару па метаду Роршаха[45].

А перад намі ішлі новыя і новыя цені. Адзін, дэгустатар з вінзавода:

— Да 1878 года — прафілаксера. Пасля яе віны ўжо не тыя… Корак мянялі, а то трэба было адбіць рыльца… Пад рыльцам трымалі свечку, каб быць упэўненым, ці не трапіла ў віно парушынка. І ані гарчычнай лыжачкі асадку. Вы ўжо такіх, тых вінаў, не будзеце піць.

— Ні аб чым іншым гаварыць не можа.

А за ім акцёр, які граміў кагосьці кавалкамі з п'есы, якой ніхто не бачыў і ніхто бачыць не будзе. Жэсты аратара на форуме.

— І ролю ў ёй мне не далі… Англійская… Мова Шэкспіра — гэта ясна. А тое, што вы называеце проста англійскай, — гэта шэраг мыканняў і варыяцый аднаго-адзінага галоснага, пры дапамозе якога маюць зносіны дзевяць дзесятых жыхароў гэтага вострава. — І кінуўся да акна, нібы расчыняючы яго. — Слухайце! Перазвон! Звон па нас! Слухайце вы ўсе. Хай паможа бог гэтаму старому дому.

Я не мог болей.

— Што, адчуваеце faux pas?[46] — спытаў псіхіятр.

— Felix opportunitate mortis[47]. Мне сорамна.

— Што зробіш. Многіх з іх не вылечыш. І саромецца няма чаго. Прыйдзе час, на гэтых, безнадзейных, мы накопім матар'ял надзеі для іншых. І тады адзіным невылечным адхіленнем у псіхіцы будзе тое, пра якое і зараз кажуць: «Балван, якіх мала».

— Абы не пры штурвале.

— Ну гэта ўжо не псіхіятраў справа.

— Хадзем, хадзем адсюль.

Ён гаварыў з усмешкай, хаця і сумнай. А на мяне каціліся хвалі чалавечага гора. Вялізныя хрыбты чорнай вады. І гэта былі нашы няўдача і непаспяховасць, нашы нядоля і злашчасце. Усе грані нашай нядолі: атамнай, мілітарысцкай, сексуальнай. Пагрознай. Чым мог памагчы супраць гэтых няспынных навал нейкі там стары добры бром. Стары экіпаж Флінта цяпер нават сваю славутую песню спяваў бы зусім іначай:

Йё-хо-хо, і бутэлька брому.

Я не мог больш глядзець у вочы гэтым людзям і ўзмаліўся перад Лыганоўскім аб літасці.

І вось мы ехалі назад, паступова ўязджаючы ў позняе весняе сутонне.

— Ну вось, — сказаў лекар. — Цяпер вы самі бачылі гэты адчай. І менавіта каб не дайсці самому да такога, кіньце ўсе вашы заняткі, перастаньце думаць аб усім і — куды-небудзь, куды хочаце. На мора, у горы, у стэп. Сцеражыцеся ілюзій.

— Добрая ілюзія, калі я сам бачыў цені на галерэі і іншае… Гэта што, неаб'ектыўнае ўражанне?

Ён усміхнуўся гожым ротам:

— Сярэдневяковыя вядзьмаркі, каб «лётаць», націраліся маззю. У яе склад уваходзіў аконіт. Ён даваў цалкам «аб'ектыўнае» адчуванне палёту. Але ж вы не будзеце адмаўляцца, што гэта была чыста суб'ектыўная ілюзія.

— А гэта што, таксама суб'ектыўная ілюзія, што мае паперы пару разоў былі пераварушаныя?

— А вы не маглі самі гэтага зрабіць… гм… ва ўзбуджаным стане.

— Клянуся вам, што падчас гэтых «ілюзій» я з месца не мог скрануцца. Як прыкуты. Усе мускулы здраўнелі… Вы лепей, чым разважаць, парады мне нейкія далі б.

Сказаў я гэта ці не занадта палка. І не дзіва: я такі досыць моцна спалохаўся тых дантавых колаў пекла, праз якія ён мяне сёння правёў.

— Парады? Ну, піць. Вы шмат п'яце?

— Выпадкова і досыць рэдка.

— Курыць… Лепей за ўсё… Абавязкова кіньце курыць.

— Ну, гэта вы занадта патрабуеце.

— Можа. Ды гэта ў вашым выпадку, можа, і не дужа шкодзіць. Лепей, вядома, кінуць, калі хопіць волі. Проста выдатна было б, каб кінулі. Але тут я дрэнны парадчык дый патрабаваць не маю права. Сам дымлю, як цягнік. З вайны. З фронту. Самі разумееце… Ну, можа, крыху меней курыце… Урэшце гэта не самая вялікая бяда. А вось кінуць справы, каб сонца, зелень, свежае паветра, спакой, — тады і дыміць можна. Крыху.

Прыпаркаваўшы машыну, мы ішлі да сваіх хатаў.

— Што, Герардзе? — спытаў Пахольчыка лекар. — Як там з дамоўленасцю?

— Ды вініцца мушу. Не дастаў, і пэўны час, мусіць, не будзе. Перабоі.

— А, ладна, — махнуў рукой Лыганоўскі. — Пакурым пару тыдняў штось іншае.

…Падымаліся да сябе. І на пляцоўцы, дзе была кватэра лекара, убачылі Хілінскага, які спускаўся ўніз.

— Дзень добры панству. А дзе гэта вы, Косміч, прападалі цэлы дзень? Кампанія? Кабеты?

— Кампанія ў мяне была невелька, але бардзо пожондна, — сказаў я словамі не дужа прыстойнага польскага анекдота.

— Пробашч? Арганіста?

— Не, тыя ў Альшанцы…

— Няўжо астатнія з таго анекдота?

— Ды не…

Я гатовы быў ляпнуць нешта праўдзівае пра падзеі гэтага дня. Але тут, дай божа яму здароўя, мяне перабіў Лыганоўскі. І праўда, калі кліент не хоча берагчы лекарскай таямніцы, то гэта хочаш не хочаш павінен рабіць за яго сам лекар. Нават наступаючы дурню на язык.

— Ён не скажа, — сказаў Лыганоўскі. — Бываюць такія рэчы, што трэба трымаць язык за зубамі. На мой погляд, ён сёння цалаваўся з чужой жонкай.

— Божа мой! — уздыхнуў Хілінскі. — І ўсё гэта адбываецца ў прававай дзяржаве.

Памаўчаў.

— Хаця цяпер пайшлі мужчыны спрэс як з анекдота: «Ваша мэта што? Пацалаваць маю жонку? Ну то, скончыўшы сваю справу, вы можаце пайсці…» Словам, Антоне, калі ты кажаш, што рыба добра ловіцца, то я, можа, неяк днямі заеду да цябе. Стаць там на пастой можна ў каго?

— Гэтага дабра хопіць.

— А ведаеце, — сказаў Лыганоўскі, — можа, і я падскочу на дзень-другі. Адгулаў некалькі скапілася. І так абрыднуў горад. Горача. Ногі ў асфальце вязнуць. А там жа — канец траўня.

— І ў дадатак, — сказаў я, — дзякуючы позняй вясне сям-там у гушчары ды ў баравінных ярах ёсць яшчэ апошнія смаржкі. Ну, не кошык, а на патэльню назбіраеце.

— І смаржкі? — вохнуў псіхіятр. — Усё. На каленках прыпаўзу. А можа, разам пад'едзем? Вы калі, Адам Пятровіч?

— У тым і справа, што дакладна не ведаю. З'ездзіць тут на дзянёк да сваякоў трэба. Пад Кладна. Ну, можа, усё ж там, у Альшанцы, сутыкнемся. Будзе яшчэ лепей.

— Так. Запланаванасць заўсёды пасуе перад сюрпрызам.

Мы разышліся.


Больш за ўсё я люблю вось такія нечаканыя, як з яра галавой, паездкі. Калі збіраешся спехам, калі не залежыш ні ад аўтобуса, ні ад білетных касаў, ні ад папярэдняга продажу гэтых білетаў, а залежыш толькі ад майстэрства вадзіцеля ды ад спраўнасці машыны, калі дзе захацеў, там і спыніўся. Ці на беразе ракі, ці на ўзлессі, ці паляжаць у сакавітым канюшынніку або ў дурманных каноплях.

Калі выходзіш у пяць раніцы, яшчэ пазяхаючы ад соннага холаду, як паступова разаграешся, як запальваеш першую цыгарэту, і яна асабліва смачная ў ранішнім, зусім яшчэ чыстым паветры.

Як ідзеш загадзя ўмоўленым маршрутам і цябе недзе дарогаю падхоплівае Шчукаў «казёл» (адна з улюбёных мною машын, асабліва калі лета і брызентавыя «сцены» падабраныя ўгару, і вецер як сабе хоча жартуе з людзьмі, з іхнімі валасамі, каўнярамі, і ўсё такое іншае). Ды яшчэ калі акрамя вадзіцеля тут жа на заднім сядзенні з табою Шчука і Хілінскі.

Псуе, праўда, крыху настрой прысутнасць побач з шафёрам сардэчнага сябра, «няўхільнага» Якуба Клепчы. Але што зробіш, ніколі на зямлі не бывае стопрацэнтнага шчасця. Прымірымся і з васьмі-дзесяціпрацэнтным.

Мільгаюць рэчкі, сялянскія вазы ля апушчаных шлагбаўмаў, лясы, паляны сярод жыта (і на некаторых — вялізныя, як свяшчэнныя дубы продкаў, дзічкі).

Пралятаюць проста пусткі, зарослыя верасамі, і на іх беларускімі кіпарысамі ўзвышаецца змрачнаваты елянец.

А там мільганулі на ўзгорку руіны замка ці даўняга абарончага касцёла. Хаткі прыляпіліся над аранжавым рачным абрывам, а крыху далей, у затоцы, варушацца ад плыні плеці жабніку і цвіце вадзяная грэчка.

Край мой! Родная мая зямля! Як жа мне жыць, калі я пайду з цябе? Як мне быць, калі я памру і, можа, быццё маё яшчэ некаторы час не скончыцца — і гэта й ёсць абяцанае мне пекла? Без цябе.

Каго спытаць пра гэта? Ясна ж, не Клепчу, які гаворыць штампамі і, там, дзе гэтага не трэба, занадта ўзнёсла, а на самай справе самы сапраўдны тупак увогуле. І ўсё адно было б яму дзе нарадзіцца, бо паўсюль бы ён «спаўняў справу». І ніколі б не прыйшлі яму ў галаву словы славацкай песні, якія прыдумаў калісьці нейкі бязведамны славацкі чабан, горскі «бача»:

Кто тя буде, вінко, піці,

Кед я будем в хробе гніці?

Ясна, што спытаю ў астатніх двух, якія плацілі за тое «вінко», за елянец на пустках, за гэтае беларускае паветра — самім жыццём. Ды і ў іх не спытаю. Проста буду глядзець на іх і, часам несвядома, рабіць вывады.

І вось ужо цягнецца злева імклівая празрыстая рака, а на гарызонце будынкі, стрэлы званіц.

Кладна, ледзь не самы ўлюбёны мною горад на ўлюбёнай мною зямлі. Кварталы свежаспечаныя, а пасля і старыя з крываватымі вулачкамі, з дамамі, вокны якіх ледзь глядзяць на свет праз сцяну буяну — зялёнага, кучаравага дзікага вінаграду. І глухі комплекс кляштара візітак, а далей узносіцца ў неба ўжо трыста год «фара».

Горад мой горад, са сваімі тварамі, пахамі, поліфаніяй гукаў, са сваім нязмерна прыўкрасным абліччам.

«Казёл» спыніўся ля скверыка на плошчы. Я вылез.

— Мы тут на Аптэчную звернем, а ты, хлопча, шыбуй па Замкавай і пасля ўправа. Падвозіць цябе пад ганак няма чаго. Ды тут і недалёка. Даем табе пяць гадзін максімум. Пасля чакаем ля Бернардынаў. Застанешся — прыходзь папярэдзіць. Не — падкінем цябе да Альшан.

— Ну а я тут у гасцільні затрымаюся, — сказаў Адам. — А прыеду ці то заўтра, ці на трэці дзень.

…Дом пад патрэбным мне адрасам стаяў на адной з тых зялёных ці то вулачак, ці завулкаў, што збягалі ў прырэчны яр. Унізе бегла адна са шматлікіх рэчак (ці не Кладнічанка), і кожны завулак канчаўся мосцікам цераз яе, а на другім беразе зноў караскаўся па схіле яра, на гэты раз угору.

«Мой» дом быў тыповы фальваркова-шляхецкі дом, якія тысячамі калісь былі раскіданыя па Беларусі, а зараз сустракаюцца ўсё радзей і радзей і якія так любіў і ўмеў маляваць Генрык Вейсенгоф. Доўгі, аднапавярховы, з высокім дахам і пабеленымі драўлянымі калонамі на ганку, з блакітнымі акяніцамі і вясёлкавымі ад старасці шыбамі, якія глядзяць у запушчаны сад, у стары дрэвападобны бэз.

Здавалася б, такія някідкія, сціплыя, мілыя, нават нібы несамавітыя — яны, аднак, сэрца краіны нашай. Бо гэта ў такіх вось дамках нарадзіліся, акрылелі і ўзмужнелі не толькі нашы, беларускія, але і польскія хвала і слава. З такіх вылецелі ў свет Багушэвіч і Чачот, Купала і Каліноўскі. У такіх заззяла першая іскра жыцця Міцкевіча, Манюшкі і Касцюшкі.

Я, вядома, не чакаў, што мяне нейкім дзівам сустрэне ў дзвярах нейкая з вышэйпамянёных асоб. Штурхнуў рыплівую фортку, прайшоў алейкаю пад бэзамі, перамяшанымі з брызглінай, бружмелем і махровай шыпшынай, таргануў за язык меднага цмока (забрынчаў недзе ў доме званочак) і пачуў праз хвіліну досыць яшчэ ўпэўненыя крокі. Дзверы адчыніліся, нечая рука зрабіла запрашальны жэст, закрыла за мной дзверы (на падлогу ляглі рознакаляровыя плямы ад двух акон, што былі паабапал дзвярэй) і толькі тады націснула на выключальнік.

Стары ў трэніровачных портках і палатнянай кашулі з кароткімі рукавамі разглядаў мяне зусім не старэчымі, не выцвілымі шэрымі вачыма.

— Антон Косміч, — сказаў я.

— Мне званілі, я чакаў вас, — голас быў барытанальна-басісты, крыху надтрэснуты, але таксама яшчэ досыць малады. — Яраслаў Мірашэўскі, былы акруговы пракуратар, а цяпер… гм… пенсіянер. Праходзьце.

Хата была абстаўлена, мабыць, модна ў часы сэцэсійнага сімвалізму, стылю, які на нашым беларускім усходзе і ў Маскве на рубяжы стагоддзяў называўся «купецкім мадэрнам». Гэта вельмі б не пасавала з вонкавым выглядам хаты, каб не тое, што «мадэрну» ў той час заўсёды спадарожнічала так званая «хлопаманія». Таму побач з вітражамі ў некаторых вокнах, з дзвюма-трыма карцінамі, якія былі б якраз да месца на сценцы ў Яме Міхаліковай[48], побач з іншым такім, вычварным, віселі на сценах і ляжалі на падлозе і тахце народныя кілімы, віселі дубовыя, разьблёныя паліцы і лыжнікі. Віселі груба намаляваныя на шкле «Уцёкі ў Егіпет» і беластоцкія, з аленямі, тканіны, стаяла і некалькі старых мэбляў. І ўсё гэта разам стварала нейкае падабенства гармоніі.

Ён правёў мяне ў кабінет (груба абгабляваныя паліцы з кнігамі, пісьмовы стол велічынёю з поле бою пад Оршай, драўлянае, саматужнай работы крэсла з вышыванай падушкай на ім).

— Жонка з'ехала да ўнукаў. Я адзін. Пасля, значыцца, сходзім у рэстарацыю. А пакуль будзем піць гарбату. З сунічным варэннем. Леташняе. Ну цяпер і да сёлетняга недалёка… Любіце з сунічным?

— Яшчэ б.

— І я люблю.

Калі з'явіўся фарфоравы пузаты імбрык-самавар, срэбныя, хаця і крыху памятыя, імбрычак з заваркай, цукарніца і смятаннічка з вяршкамі і талерка (так, звычайная талерка) з сунічным варэннем ды дзве разеткі, ён пасадзіў мяне на старадаўнюю драўляную шляхецкую канапу, наліў гарбаты, паклаў варэння і стаў мяне разглядаць.

А я ў гэты час разглядаў яго.

Высокі і, нягледзячы на старасць, худы, не азызлы. Худы не ад «злога жыцця», а па-спартыўнаму. Жоўтае, сухое, вельмі класічнае аблічча, і на ім сіні нябеснай вочы. Не хацеў бы я сустрэцца з такімі, каб мяне судзілі.

Не, не выглядае на старога. Нос не адвіслы, сівыя, аж срэбныя, валасы толькі крыху парадзелыя з лоба, рот цвёрды, вусны хаця і страцілі колер, але харошай формы. Рухі хаця крыху й замаруджаныя, але дакладныя і выразныя. Відаць адразу былы склад і былую пароду.

А ў вачах побач з гумарком пранізлівая ўвага, адметны шырокі розум.

Не, не хацеў бы я быць падсудным пры такім пракуратары. Справядлівы-то справядлівы, але як ты вінаваты — літасці не чакай.

— Значыць, вам працэс «сваякі Юлляна Сая супраць Крыштофа Высоцкага»? Ліпень — жнівень трыццаць дзевятага? Ну, паколькі ўжо спатрэбіліся жывыя архівы, то да вашых паслуг. Ну, вядома, настолькі, наколькі можна спадзявацца мне на сваю памяць. Тым больш што я той працэс не вёў, а аддаў яго весці памочніку, віцэ-пракуратару Рышарду Мыслоўскаму.

— Чаму?

— Ну, малады чалавек. Маладое імкненне да пашаны і славы. А мне было тады ўжо амаль сорак. Трэба было даць яму магчымасць высунуцца. Я яго паважаў…

— А акрамя?..

— Гледзіцё ў корань? Гэта добра, што адразу заўважылі і «акрамя»… Я амаль ніколі не звязваўся з працэсамі, дзе хаця крыху пахла палітыкай. А калі звязваўся, то пракуратар з мяне быў нікуды не варты. Калі бачыў, што чалавек сумленна ішоў у сваю справу, — адвакат амаль абавязкова выйграваў працэс.

— І можна было?

— Так, каб ніхто не мог прычапіцца — цяжка, але можна… Не верыце, думаеце, языком віляю. Каб віляў, каб быў пракуратар-інсінуатар, пракуратар-каланізатар, то не пенсія б мне ад новай улады была, а віляў бы я языком недзе ў Вілюі.

— Хіба палітычнае было забойства?

— Спачатку выходзіла на ўсе сто, што палітычнае. Толькі занадта ўжо нейкае… гідкае, з паскудзінкай. Нібы не «палітык» рабіў, а такая сабе дробная вужачка. Хаця ў палітыцы і такіх хапала і хапае. Хадзілі чуткі, што хлоп нібы ўваходзіў у нейкую падпольную студэнцкую групіроўку. Звязвалі з яго імем справу лістовак у Кладненскім тэатры, «экс»[49] банкаўскай машыны. Але два сведкі былі звязаны з паліцыяй. І гэтыя справы, у якіх ён ці ўдзельнічаў яшчэ, пашкодзілі Крыштофу больш, чым забойства. Ну, а пасля пайшло такое, што я за галаву хапіўся, і адзіным суцяшэннем было тое, што пакарання смерцю яму і Рышард Мыслоўскі даб'ецца. Дык вось як яно было.

Апавяданне былога акруговага пракуратара Яраслава Мірашэўскага аб працэсе 1939 года, на якім абвінавачваўся ў забойстве мешчанін Крыштоф Высоцкі

— Зноў папярэджваю: кажу толькі тое, што памятаю. І ручацца за кожную дэталь, за кожную дробязь, за кожны валёр — не буду. Так з папраўкамі і запісвайце. З папраўкамі на тое, што я гэта так запомніў.

Гэта было, калі я не памыляюся, вясною 1939 года. У той дзень я якраз падпісваў так званыя «уможэнювкі». Адзін з самых непрыемных абавязкаў у пракуратара. Гэта значыць, «марыў» кароткім рашэннем справы, падрыхтаваныя віцэ-пракуратарам: «няма складу злачынства», «самагубства», «спраўца не знойдзены», «няшчасны выпадак». Разабрацца ў гэтым толкам часу няма, і калі твой віцэ — лянцюх, то цалкам можа быць, што ўморыць нехта, ды хоць бы й ты сам, за нейкі там дзень і поўны куль улік, і забойства, і самога злачынцу, які ў скверы па той бок вуліцы ў гэты час цыгарэтку прыкурвае.

Настрой у мяне — хоць вешайся з такой прычыны. І тут папка, а ў папцы паперкі. І я тыя паперкі павінен «умарыць» з той прычыны, што няма складу злачынства і не наша зямная справа яго судзіць, а судзіць яго будзе бог, таму што самагубства — гэта парушэнне божага закона і злачынства супраць бога і сваёй неўміручай душы.

Што ў папцы? Рапарт пастарунковага, прызнанні сведкі, нейкага Язэпа Шаўца, што, збіраючы вясною журавіну, выбіўся проста на мёртвае цела, нічым не прыкрытае, пратакол лекара судовага, пісаны, відаць, левай нагой, адна гільзачка ад пісталета — а калібр ягоны 7,65. Ну і аркушык бруднаваты паперкі, на якім чорным па белым:

«Бывайце, людзі. Бывайце і вы, мае сваякі, што не паверылі майму цяжкаму становішчу і цягнулі з тым, каб памагчы мне. Маю на імя Крыштоф сын Леана Высоцкі. Дзякуючы няўхільнаму, фатальнаму збегу абставін учыніў у Кладна махлярства і растрату. Баюся не таго, што за мною па пятах ідзе паліцыя. Ад яе я ўцёк бы. Але куды ўцячы ад уласнага сумлення! Не хачу жыць заплямленым і таму адбіраю ў сябе жыццё». І подпіс з вензэлямі. І аніякіх, да яснай халеры, дакументаў.

Сабраўся я ўжо і гэтую справу падмахнуць, але шкрабе нешта ў мяне на душы. «Не, — думаю чамусьці, — марыць гэтую справу шчэ ранавата».

Чаму? А таму, што раны дзве (у ямку на мяжы шыі і грудзей, тую, дзе «душа жыве», і ў левую скронь). Першае месца смяротным сяляне лічаць, а мяшчане ды яшчэ з прэтэнзіямі на «культуру» — радзей. А левая скронь? Ляўшун быў, ці што? Ці, можа, па старой «царскай» яшчэ памяці? Тады леўшуноў (здаецца), ды людзей з пляскатай ступнёй, ды яшчэ імпатэнтаў у армію не бралі. І столькі іх тады ў нас развялося — Нарач запрудзіць можна. А пасля, глядзіш, такі са «ступой» так ад палясоўшчыка ўцякае, што лаўжы трашчаць. А пасля ў такога імпатэнта поўная хата дзяцей. І правальваецца справа аб пастаўцы дзяржаве толькі паўнацэнных егераў. З трэскам.

Прытым гільза адна. Прытым нідзе ў справе ані слова пра пісталет.

Ну, праз дзяжурнага асэсара загадваю высветліць справу са зброяй, зрабіць ускрыццё трупа. І тэлефаную ў паліцыю, ці не аб'явілі яны росшук такога і такога махляра і растратчыка.

Не паспеў філіжанкі кавы выпіць, з камісар'ята адказваюць: зброі пры тленных астанках не знайшлі (сам, мёртвы, занесці нікуды, вядома ж, не мог, значыць, падабраў нехта і цяпер чакай новых эксцэсаў, калі яна, зброя, у нягожыя рукі трапіць).

Марудзіць тут не было чаго. Замовіў машыну (памятаю як зараз, што нямецкі «мерседэс-бенц») і еду ў каменду павятовую ў мілай кампаніі суддзі следчага, кіраўніка следчай брыгады і пары пастарунковых.

Едзем на месца здарэння.

Спыніліся, помніцца, на ўзлессі і папрамавалі на месца здарэння. Пастарунковы торкае пальцам у месца, на якім, «здаецца», знайшоў астанкі той мужык.

— Як ляжаў?

— Галавою вось сюды, да таго малога ўрвішча. І песць адной рукі звешвалася з яго.

Глянуў я ўніз — у пары метраў унізе дрыгва. Ды не такая, на якой сівец расце, а значыць, пры асцярожнасці прайсці можна, а тая, што зеляненькі такі дыванок, а ў рэдкіх разрывах ягоных — нешта накшталт толькі што замешанай вадкай цамянкі. Калі адкінуў руку пасля стрэлу, то да страшнага суда ніхто таго пісталета не знойдзе. І якраз такі разрыў на гэтым месцы.

— Левая рука была адкінута?

— Гм… дайце саабразіць… Не, правая. Правая была.

«Што ж ён, — думаю, — цераз галаву страляў? Або, прабіўшы скронь, акуратна пераклаў пісталет у правую, будучы практычна ўжо мёртвы, і толькі тады руку адкінуў? Не клеіцца нешта».

Ну і на месцы паспяшаліся. Паверылі занадта запісцы. Гэта не тое, што цяпер (хаця і цяпер зрэдку здараецца), калі ў гэткім выпадку такі тарарам падымуць, што не толькі ўвесь крымінальны вышук, але і ўсіх чарцей у пекле вадун водзіць.

А тут акрамя іншага ўсяго столькі слядоў натапталі, нібы на гэтым месцы ўсім добрым людзям наваколля бясплатна голую Мэры Пікфард паказвалі. У кампаніі з Дугласам Фербенксам, бо і жаночыя сляды ёсць. І яшчэ паказвалі нейкую свінячую кіназорку, бо ляснічы ўказаў нам, што прайшла вялікая чарада дзікоў і яны маглі таксама затаптаць чыйсьці патрэбны нам след.

Словам, ані следу, ані пісталета, ані другой гільзы (урэшце, такую дробязь лёгка і згубіць вясной у гліцы ды апалай асенняй лістоце, а тут яшчэ якраз пачаў аблятаць зімні дуб — густымі шатамі ў паветры, тоўстым дываном — на зямлі).

Дык вось, пацалавалі мы на страсе салому ды вярнуліся дадому.

А тут і вынік ускрыцця. Дзве агнястрэльныя раны: грудной клеткі — трохі зверху ўніз, справа-налева (нічога сабе манько!), і галавы — ад левай скроні ўгору, і куля ў чэрапе. Першая рана — мог яшчэ нават і дваццаць хвілін жыць, другая — адразу б страціў прытомнасць. І — вось што такое гэтая клятая магія агульнай прадузятасці, агульнай думкі, агульнага пераканання, агульнага памылковага погляду, халера б іхняй матары — лекар робіць выснову, што «не выключае самагубства».

Ну першы стрэл, ясна, нават тыповы для самагубцаў у сэнсе кірунку кулі. Але каб яшчэ ўмудрыўся пісталет перакласці ў левую руку ды другі раз — гэта так жа рэдка, як у самурая, калі робіць харакіры. Два ці тры выпадкі за ўсю гісторыю Японіі, што ўзразаў жывот не толькі злева направа (ці як там), але і знізу ўгору.

Не, нешта не так. А тут тэлеграма, што служачы фірмы такой і такой змахлярыў два разы на оптавых пастаўках тавару (лічы, пяць тысяч злотых у кішэні) і з пачатку ліпеня мінулага года прысвоіў яшчэ тры тысячы. Як на той час — вялізныя грошы. Вось калі па-сялянску лічыць, то гэта чатыры тысячы пудоў жыта, сто дужа харошых і восемдзесят элітных, чыстапародных кароў, сорак вельмі добрых коней. Кормных кабаноў пудоў на дзесяць — восемдзесят, пойных цялят узростам у месяц — пяцьсот з гакам. Дамоў з мезанінам у такім гарадку, як Слонім, — штукі чатыры-пяць. Ну, а калі быць моднікам, то чатырыста пар саманайлепшых пантофляў, самых модных, самых дарагіх, хай бы сабе хаця й кракадзілавай скуры.

А калі мець крыху спрыту, то падчас крызісу і пасля яго, падпаліўшы застрахаваную хату (а страхоўка да крызісу сто злотых каштавала), можна было на тыя страхавыя грошы дзве хаты пабудаваць, лепшыя, часам нават каменныя.

«Што ж гэта ты, — думаю, — хлопча, не пакутаваў залішне — аж да прывідаў, — сумленнем, як махлярыў, а тут табе толькі жыць, смажаныя гусі самі ў рот падаюць, а ты раптам каяцца пачаў? Дый не трэба было баяцца, бо сплацілі сваякі ўсю суму, аб чым самагубца, уцёкшы, не ведаў (а чаго тады на іх чэрствасць спасылаецца?)».

Фотакарткі разаслалі. Цётка Высоцкага сказала, што напэўна ідэнтыфікаваць пляменніка не можа, даўно бачыла (мілая патрыярхальнасць сямейных адносін!), але цалкам можа быць, бо і тып на фота і пляменнічак — абодва шчарбатыя, няма двух пярэдніх зубоў. Цалкам як у мудрай нашай казцы, калі мядзведзь адцяпаў аднаму нашаму суайчынніку галаву, а суседзі задумаліся, ці была ў таго галава, ці не, і ўрэшце вырашылі звярнуцца да жонкі безгаловага. Адказ той быў дакладна такі, як у цёткі: «Раніцай, калі капусту сёрбаў, то барадзёнка целяпалася, а ці была галава, ці не — не прыпомню». І яшчэ прызнала гэтая мондрая дама куртку лесніка, якую пляменнік з нейкага капрызу часам насіў.

Выклікалі яе асабіста — вынік не лепшы: «Бадай што, ён, але вельмі змяніўся».

— Асобныя прыкметы былі?

І зноў прыйшлося тлумачыць, што гэта такое.

— Ну як жа, — узрадавалася, — след па выдаленні апендыкса.

Паглядзелі — ёсць шнар, цэлых дванаццаць сантыметраў даўжыні. Яна ўжо хацела ісці, але тут мне нібы цюкнула:

— Калі яму выдалілі адростак?

— Ну, добра не ведаю («была галава ці не»), але год сем-восем назад.

— А з якога часу гэты шнар? — гэта да лекара.

— Ну, труп нават на лёдзе пачаў пакрысе… гм… цяжка каб з дакладнасцю. Але здаецца, што год гэтаму шнару. І не болей як два.

— Ды не, даўней было, — абурылася цёцечка. — Яшчэ ў лясной школе вучыўся.

«Трэба будзе памышкаваць па лясніцтвах і леснічоўках ад Кладна да Альшан», — падумаў я, ды на некаторы час і забыўся на гэта.

А між тым графічная экспертыза дала катэгарычнае заключэнне: запіска напісана рукою Крыштофа Высоцкага.

Ніхто з нас не падумаў, што гэта, уласна кажучы, не мае аніякага значэння. Дык вось, і нявеста Высоцкага, нейкая Антасевіч, апазнала на фатаграфіі жаніха. Словам, адначасова і тупік і выйсце, гледзячы, хто чаго хацеў ад следства.

І вось тут я і перадаў справу ў рукі віцэ-пракуратара, Рышарда Мыслоўскага. Не таму, што баяўся цяжкасцей, а таму, што хацеў ягонай перамогі, хацеў, каб ён цвёрда стаў на свой шлях. Абодва мы ўнутрана былі перакананыя, што гэта не метад Юды, але метад Каіна, не самазабойства, а забойства і што забойца — сам Высоцкі. Назавіце гэта інтуіцыяй, плодам вялікага вопыту і назіранняў. Але я быў упэўнены. Ён таксама. І няма, як кажуць, прычыны тлумачыць чаму. Заставаліся пытанні, на якія мы не маглі адказаць.

Хто быў забіты? Чаму пераапрануўся ў вопратку Крыштофа? Як быў заваблены ў гэтыя нетры?

А тут яшчэ папаўзлі чуткі, што забойства адбылося на глебе палітыкі (язык без костак, а палітыку тады — і, на жаль, не толькі тады — шукалі ва ўсім). Трэба было спяшацца. Кожны наступны акт, сапраўды ўчынены ў імя палітыкі, мог зрынуць з месца лавіны. Мы не ведалі, што праз нейкія паўгода Польшчы будзе не да палітычных паляванняў за вядзьмаркамі і ведзьмакамі, а адзінае, што ёй будзе важліва, — гэта ні менш ні больш, як права дыхаць і ўвогуле жыць.

Антасевіч, праўда, прызналася яшчэ, што пасварылася з жаніхом дні за два да смерці таго (ён расказаў ёй пра грошы, і яна патрабавала іх вярнуць фірме, а ён не хацеў) і больш з ім не бачылася. А паколькі няма чаго святому месцу стаяць пустым, то завяла яна сабе ўжо і новага «рыцара».

І вось што азначае перасаліць, нагрувасціць больш, чым трэба, яўных і ўскосных доказаў. Больш, чым іх магло быць.

Прыбегла панна Антасевіч у камісар'ят і кажа: ліст ад Крыштофа. А ў лісце словы, што, «калі атрымаеш гэты ліст, мяне ўжо не будзе ў жывых. Мне не шкада пакінуць зямлю і цябе. Шчасця!».

А штэмпель нашай пошты… на пяць дзён пасля самагубства пазнейшы. А штэмпель адпраўлення такі невыразны, што невядома, адкуль дасланы ліст: з Кракава, Гдыні, Наваградка або яшчэ аднекуль.

А здымак — на вуліцы. І недзе я тую вуліцу бачыў. І здаецца мне, што ў Варшаве. І ці не кракаўскае гэта прадмесце? І ці не рог гэта касцёла свентэго Кшыжа? І ці не пашукаць недзе ў раёне Свентакшыжскай, дзе-небудзь на Новым Свеце або на Крулеўскай фотамайстэрні, дзе тое фота зроблена?

Запытанне. І адказ. Ёсць такі вулічны фатограф. Ёсць фатаграфія, што аперыруе ў гэтым раёне горада. І змяшчаецца яна якраз на Крулеўскай. І фотку вышэйпамянёнага пана аддалі друкаваць праз два дні пасля ягонага самагубства, а наступнага дня ён сам зайшоў за ёю. Як кажуць, повен жыцця.

Ясна, што жыве, і ясна, амаль з поўнай поўнасцю, што гэта ён зрабіў тады ў лесе тое паршыўства.

І тут хада падзей, гэткая павольная, раптам сарвалася на шалёны намёт. Галопам прыбягае ў Кладзенскі камісар'ят панна Антасевіч і кажа, што ішла са сваім «новым» па Замкавай вуліцы (вы ішлі ёю да мяне), і, здаецца, бачыла Крыштофа, і ён юкнуў у натоўп, і што цяпер ён яе нажом ці яшчэ нечым «залатвіць», як у славутай песні «Чтэры мілі за Варшавон», той самай, што зараз уваходзіць у залаты фонд рэпертуара спевака Ярэмы Стэмпкоўскага.

Ну абклалі яе дом, устанавілі назіранне над раёнам. І ўжо праз два дні функцыянеры паліцыі перастрэлі яго ў пад'ездзе дома «на Кладніцы», дзе жыло былое каханне. Невядома, ці сапраўды яно «не ржавее», ці павінна было змоўкнуць.

Спыталі, ці не Высоцкі? Не, я Юллян Сай. І метрыку адпаведную паказвае. Але не скандаліў, калі яго пасадзілі ў «кошык для радыскі» і адправілі куды трэба.

І вось тут я падумаў, што метрыкай карыстаюцца пераважна на вёсцы, што шукаць, між іншым, трэба і ў леснічоўках. І ўжо ў сёмай з іх жыла сям'я па прозвішчы Сай, і нічога там пра забойства не чулі, а сын іхні Сай з'ехаў, каб паступаць у школу «на ляснічага».

І тут закруцілася кола.

І паказанні Саяў: бацькі і дзвюх дачок. І паказанні сваякоў Высоцкага. І пазней вочныя стаўкі — усё пайшло ў ход. А карціна злачынства зрабілася такой яснай, як быццам я яго назіраў ад пачатку да самага канца.

Ну, спачатку біяграфію. Біяграфія звычайная. Выслухалі яе з суддзёю следчым і віцэ-пракуратарам і не здзівіліся.

Байструк, бацькі не памятаў, дый матка яго, відаць, не ведала. Таму прозвішча — матчына. Пасля і маці паехала кудысь — ці на працу ў Баварыю (вербавалі тады), а яго, двухгадовага, кінула бабцы, сваёй маці. Праз дзесяць год тая памерла, і падлетак перайшоў на рукі цёткі, малодшай сястры маці. Тая настаўніца, муж яе — таксама. І яна за хлопца старэйшая толькі на дзесяць год, і… словам, з тых, пра якіх кажуць: «Пробы ставіць няма дзе…» Вучыўся хлопец і нават розум і здольнасці паказваў не абыякія, але вучыўся няроўна. А тут яшчэ родная цётка дапамагла. Адкрыла яму, пятнаццацігадоваму, усе, якія сама ведала, «таямніцы Амура». Словам, зрабіла з няўстойлівай асобы, ды яшчэ й не асобы пакуль што, матар'ял на скончанага, закаранелага нягодніка.

Дзядзечка нешта падазрае. Дзядзечка пляменнічка і сабрата выпіхвае ў лясную школу ў Бялай-Падляскей. Той канчае, нават з поспехам. На службе ў дзяржаўных лясах. А пасля калейдаскоп. Жаніцьба на ўдаве, прадажа гаспадаркі, пераезд у Варшаву. Абкраў маладую да ніткі і ўцёк. Спаймалі. Далі восем месяцаў. Добрыя людзі часам гадамі чакаюць дарэмна, а нягодніку, як заўсёды, амністыя тут жа падваліла. Прыказка гэтая наша непрыстойная, але «багатаму чорт і ў кашу валіць, а беднаму і ў поліўку лье». Словам, дзе і так густа, то каб яшчэ гусцей было.

На волі ўладкаваўся практыкантам у ляснічага Хмялевіча. Амаль адразу выпараецца разам з грашыма, асабістым пасведчаннем і пісталетам (вось яна адкуль віцца пачала, нітка замшанскай трагедыі).

Зноў Кладна. Тут і пазнаёміўся з Антасевіч. Што ж, хлопцу дваццаць восем (ёй дзевятнаццаць), прыстойны, ясна ж, «не жанаты». Коміваяжор, але ж не так складана і якар кінуць, скажам, у фірме «Ян Пліцка і сын». Лясная фірма. І ён — знаходка. Лес ведае, знаёмствы ў LP (lasy państwowe) ёсць, ледзь не да вуліцы Вавельскай, 54, дзе дырэкцыя галоўная (прынамсі, так кажа). Спец і па дыхце, і па тэрпентынарнях, і па дыстылярнях жывіцы. Ён табе і кнігі весці і інкасатар — знаходка, і толькі. Расце давер — расце і махлярства і ашуканства. Ну, тут падрабязнасці не патрэбны. Тонкае было круцельства. Так і накруціў ён сабе восем тысяч злотых. Ну і тут чамусьці адкрыўся Антасевічуўне. Тая — каб вярнуў. Ён — у аніякую. Пасварыліся. І тады ён «звяў» адзін.

Прыглядаўся да розных месц, куды можна было б укласці капітал. А тым часам раз'язджаў на веласіпедзе ў мундзіры палясоўшчыка прыблізна ў шматкутніку Аўгустоў — Беласток — Наваградак — Альшаны — Ліда. Кладна, вядома, мінаў.

І вось Замшаны і леснічоўка ў Цёмным Бары. Стары Андрон Сай, старэйшая дачка Агата, сын Юллян ды малодшая доня — Ганна. Зайшоў папіць дый начаваць застаўся. Ну, а дзе начлег, там у нас і вячэра. Знайшлася і бутэлька. Знайшлася пад яе і добрая бяседа… Даверлівасць гэтая наша, прастата — горш яны за любое крымінальнае, за кожнае нават дзяржаўнае злачынства.

Стары быў старой школы, калі ад палясоўшчыка толькі і патрабавалася, што веданне лесу на ўчастку ды сумленнасць. А новыя часы патрабавалі яшчэ і сякой-такой асветы. І палясоўшчык «з асветаю» выдаўся ім асобай прыблізна таго самага гатунку, што ў нашым коле доктар ганорыс каўза Сарбоны або лаўрэат Нобелеўскай прэміі ў галіне кібернетыкі.

Разгаварыліся па душах. Андрон паскардзіўся, што яго наследны прынц не ўспадкуе пасля яго ляснога каралеўства Замшанскага, што адзіны цяпер спосаб вывесці дзяцей у людзі, уратаваць іх ад галечы — даць ім асвету або хаця б патрэбную спецыяльнасць. І вось і хацеў бы Юллян у палясоўшчыкі, але грошы ўзяць дзе, дзе заручыцца падтрымкай? Ясна, што нейкі з горада заўсёды мае перавагу над вясковым, тым болей над лясным чалавекам. І чуў многае, і чытаў, і, нават хай сабе без ахвоты, бачыў. Хаця, можа, і дурнейшы за таго вясковага, як амаль кожны пародзісты сабака дурнейшы за дварнягу. І куды больш не прыстасаваны да жыцця.

— А можа, і я дапамагу, — сказаў Крыштоф. — Я скончыў Вышэйшую лясную школу ў Цешыне. Знаёмствы ў лясніцтве засталіся.

Не ведаю, магчыма, з гэтага выхваляння, якое не мела аніякай мэты, — от, так сабе, хлестакоўскае выхвалянне! — усё і пачалося.

Юллян з'явіўся. Год на шэсць маладзейшы, але фігура, колер валасоў, рысы аблічча былі крыху падобныя. Усміхнуўся — двух пярэдніх зубоў няма.

Пачалася размова. Дзе, ды што, ды як з хлопцам вялося, ды ці мае сяброў недзе на Кракаўшчыне, ці недзе там пад Бельскай-Бялай, Цешынам, Рыбнікам ці Жыўцам. Не меў аніякага, дый тут — мала.

— Там перавагу аддаюць людзям стопрацэнтна здаровым. Нават каб гландаў і апендыкса не было.

— Апендыкс выдалілі.

— Там на здароўе не менш глядзяць, як у арміі. Адбор і адбор.

— Ясна, што адбор, — уставіў і стары. — Толькі ж і маем права на трыста шэсцьдзесят тысяч войска.

— Па Версальскаму дагавору, — сказаў Крыштоф, «прасвяціў» цёмных. — Ясна, што ўжо няшмат, але патрэбны адборныя.

Гэта пазней ужо, калі мы яго, скурвысына, раскалолі, ён прызнаўся, што ўжо тады задумаў «падстаўку», бо паліцыя яго і сапраўды рана ці позна спаймала б.

Раніцаю сказаў, што хутка вернецца, вось толькі ў Цешыне спраўкі навядзе і на каго трэба націсне. Ну, а паколькі пашпарты тады былі не абавязковыя і многія, асабліва з вёскі, іх не мелі, то досыць і метрыкі і пасведчання за чатыры класы школы паўшэхнай. Ну і грошай крыху на вопратку і на першы час.

І пасведчанне ляснічага Хмялевіча — на стол. І дзе ўжо тым было, простым, нямудрым людзям, нязвыклым да ашуканства, заўважыць, што Хмялевіч год на пятнаццаць старэйшы і што «дыстынкцый» ляснічага ў Высоцкага на мундзіры няма.

Ні ў які Цешын ён, ясна, не ездзіў. Вярнуўся дзён праз колькі, прадыктаваў заяву ў дырэкцыю, заверыў, што прымуць. Толькі трэба трыста злотых за інтэрнат заплаціць (з поўным пансіёнам, хаця хатняй каўбасы вэнджанай ды паляндвіцы падкінуць і не шкодзіць). І трэба яшчэ дзесяць злотых за маркі казны.

Дамовіліся сустрэцца праз пару дзён на бліжэйшай станцыі і ехаць некуды аж пад Беласток, дзе ў леснічоўцы, блізка, збор кандыдатаў.

Як вы думаеце, што мне было ў гэтай гісторыі асабліва брыдка? Не ведаеце? А тое, што гэтая…. ухітрылася яшчэ пасля са старэйшаю дачкою цалавацца за гумнамі. Ведаючы ўжо ўсё.

Ну і вось. Перон паўстанка. З'яўленне Юлляна. Цень лёгкага незадавальнення, калі той сказаў, што здолелі сабраць толькі дзвесце пяцьдзесят злотых. Некалькі прыпынкаў цягніком. Пасля некалькі кіламетраў на таксі. Калі тое ад'ехала — выявілася, што злезлі зарана, што трэба яшчэ метраў дзвесце прайсці да патрэбнай сцежкі (таксіста пасля знайшлі, і ён паказаў і паваротку — не тую, і сказаў, што «палясоўшчык» даў яму звыш таксы тры злотых, а астатнія грошы і дакуманты «маладога» схаваў у кішэнь). Урэшце паварацілі ўлева. Надыходзіў змрок. Ужо і сцежку было відаць кепска. І тут упершыню нешта, мабыць, стукнула ў галаву Саю:

— Куды мы?

— Ды тут, блізка ўжо.

І тут, бы ў дрэннай меладраме, закрычаў пугач (Крыштоф адзначыў гэтую дэталь пазней, калі стала марнай справай маўчаць). І гэта было злавесна.

— Не пайду далей, — сказаў Юллян. І ўбачыў, як сказаў нехта, «самае сумнае відовішча на свеце», дзірку чужога пісталета.

— Скідай вопратку.

— Што ж я зрабіў вам? — дрыжучы, пачаў маліць небарака.

Сярод вясковых хлопцаў з глухіх месц хапае такіх ціхіх, «вады не замуцяць», людзей. І гэта, на мой погляд, было адзіным апраўданнем «ідыятызму вясковага жыцця», калі ён яшчэ не адыходзіў у нябыт.

— Вы мяне не забівайце. Злітуйцеся. Грошы бярыце. Я маўчаць буду. Не вярнуся ў Замшаны. Далёка-далёка з'еду.

— Кінь енчыць. Памяняемся адзеннем, дый ідзі сабе.

Той нават не спытаў, нашто тым адзеннем мяняцца. Скінуў усё і чакаў, пакуль Крыштоф з пісталетам павольна апранае ягоныя порткі, пінжак, а ўсё сваё кідае пад ногі хлопцу. Яму б у той час скочыць у гушчар і бегчы: у адной калашыне не пабегаеш. Але ён быў запалоханы, і ён… паверыў. Яму хацелася верыць. Бо хто ж не паверыць, калі хочацца жыць?

І таму, калі ён пераапрануўся, ён адразу атрымаў кулю ў скронь. З правай рукі і таму ў левую скронь. Упаў. Яшчэ варушыўся і таму атрымаў, зверху, другую кулю, у сэрца.

А пасля забойца падцягнуў Сая да невялічкага ўрвішча, адкінуў яму адну руку так, каб звісала над дрыгвою. У запале не заўважыў, што адкінуў правую, не тую, калі ўлічыць, што рана была ў левую скронь.

Ну а потым засунуў забітаму за борт пінжака загадзя напісаны ліст і пайшоў сабе. А пісталет дарогаю — трэцяя памылка — кінуў у нейкую ручаіну.

Думаеце, канец? Ды не. Што там дзвесце сорак злотых, калі з васьмісот — сотню паспеў пражыць. Калі ўжо зроблены першы крок па дарозе, на якой чалавек ператвараецца ў брутальнага і без лішняй маралі звера, то астатнія крокі даюцца лягчэй. А тут яшчэ ён не ведаў пра свае памылкі, пра існаванне нас, верыў, што ў скуры Сая яму бяспечна. І яшчэ ведаў, што простыя лясныя людзі не ведаюць усёй меры цынізму такіх, як ён.

Таму з Варшавы піша ліст і дасылае фота Антасевіч. А пасля з Цешына, падрабіўшы почырк (узор — заява Сая), піша бацьку забітага, што дзякуючы пану Хмялевічу паступіў, што ўсё добра, толькі патрэбен новы касцюм, гадзіннік і сто злотых на выдаткі.

Гэты забойца так і застаўся ў душы дробным кавалачнікам, які памёт здатны з-пад сябе з'есці.

І прыехаў. І расказаў аб планах Юлляна, аб сябрах. І атрымаў усё, што хацеў. А ад старэйшай дачкі — таксама. Вось што самае страшнае!

— Малодшая цяпер за Салвэсем Цяцерычам, — сказаў я.

— А старэйшая за маці-зямелькай. Пасля суда вешацца хацела (і яна і стары давалі паказанні, ясна ж, пры замкнёных дзвярах, але ўявіце сабе адчуванне: абдымаць забойцу брата). Знялі. То пасля ніводнага хлопца да сябе не падпускала, а ў партызанах, як знарок, лезла ў самыя небяспечныя справы. І смерць яе мучыла-мучыла, а пасля і злітавалася.

І ведаеце што? Я не быў ані ў якой меры прыхільнікам пана Мацыеўскага[50], але пасля таго як даведаўся пра гэтую гісторыю Крыштофа з Агатаю, з ахвотаю кароткі час пабыў бы з Крыштофам і панам Мацыеўскім у адной кампаніі. А пасля нават з прыемнасцю запрасіў бы яго на гарбату і пазнаёміў з сям'ёй.

Хаця мне вельмі не падабаліся гэтыя яго штукі з белымі пальчаткамі. Неяк не быў я ад іх у захапленні.

Але да Мацыеўскага яшчэ быў акружны суд. Пасілены эскорт паліцыі, варожасць народа.

Прызнаўся ва ўсім, і нічога тут не мог дапамагчы адвакат (псіхіятр прызнаў Высоцкага адказным за свае ўчынкі) з ягонай канцэпцыяй «канстытуцыянальнага псіхапата», пазбаўленага ў дзяцінстве пяшчоты і цеплыні.

Прысудзіў суд (раіліся дзве гадзіны) да пакарання смерцю. А той, хоць і казаў, што «жыць не хоча і не можа» — падаў на апеляцыю.

Выводзілі яго з суда праз чорны ход. Іначай лінчавалі б. Бо нянавісць аж віравала, як кіпецень у катле.

Суд апеляцыйны ў сярэдзіне жніўня зацвердзіў прысуд суда акруговага. Бо і што можна было дадаць яшчэ, якія абставіны маглі б змяніць погляд людзей на рэчы. Хіба гэта было нешта вартае паблажлівасці? Выключная жорсткасць, зверства, бесчалавечча, нуль маралі, аніякага раскаяння. Небяспечны люты звер, кат і вылюдак.

Шаноўны пан Мацыеўскі выехаў у чарговую дарогу, даруй яму бог парачку больш дробных грахоў за адну гэтую паездку.

Я не прысутнічаў на апеляцыйным судзе, не быў сведкам выканання прысуду. Быў за мяжою і застаўся там яшчэ на год, бо 1 верасня грымнула вайна.

Палякі нібыта напалі на радыёстанцыю Гляйвіц.

— А ўсё-ткі як гэта адбылося?

— Кажу, Мацыеўскі выехаў. І добра, што скончылі хаця з адным падонкам перад тым, як Польшчы як ніколі спатрэбіліся сапраўдныя людзі.


Яны ўсё ж былі людзі слова, мае спадарожнікі. Сказана — зроблена. З'явіўся ў прызначаны тэрмін да касцёла і кляштара бернардынаў — умова застаецца ў сіле. Дакладны — значыць, дакінем амаль да Альшан з Кладна. Нават Хілінскі быў у наяўнасці, хацеў паслухаць пра маю размову з былым пракуратарам, пасля вярнуцца ў Кладна і назаўтра прыехаць зноў, ужо аўтобусам.

У тую хвіліну, калі я ўлез у наш «казёл», яны якраз канчалі нейкую спрэчку, якая ўзнікла значна раней.

— Кідаецеся вы тэрмінамі, што далі людзям, юрыспрудэнцыяй, — рэзка кідаў Хілінскі. — А на мой погляд, самае брыдкае ў кожнай прафесіі, асабліва калі ты надзелены ўладаю, — прымушаць людзей рахмана, ціхмяна і пакорліва, без скандалаў цярпець несправядлівасць. Я гэта бачыў… У розных краях.

— Перажыткі, — буркнуў Клепча.

— Ну так, — сказаў Шчука. — Змяшаў божы дар з яешняй. Перажыткі капіталізму ва ўсім, што яму не па душы, бачыць. А ён гэтага капіталізму і не нюхаў. А што, скажам, дзед нейкага таварыша быў… ну… губернскім казначэем, то давай абвінавацім у гэтай нашай гісторыі ўнука першага лепшага загадчыка АблФА. Дык вось твой «падазроны» гэта чалавек добры, гэта чалавек на сваім месцы — якога табе яшчэ ражна? І запамятай, наперад сабе такіх штук не дазваляй. Невіноўны — пусці. Не бойся, самалёта ён не захопіць. У яго аўтамата няма. І іншай радзімы таксама.

— Абстрактны гуманізм!

Дзіўныя пачуцці выклікаў ува мне гэты чалавек.

— Абстрактны гуманізм, — зноў умяшаўся Хілінскі, — гэта калі б Гітлера бараніў за тое, што вегетар'янец і сабак любіў. Гэта калі б я падлюгу, што сабрата ў пяцьдзесят год інфарктам задушыў — і не аднаго, — па галоўцы гладзіў. Глядзі, Клепча, не давядзе цябе гэта да дабра. Не цяпер, то ў чацвер… Расказвай лепей, Антосю, што там было.

Я расказваў падрабязна, і таму, калі скончыў, мы былі ўжо на пад'ездзе да клуба ў Альшанцы, сёння нежывога і замкнёнага на замок.

— Н-на, гісторыя, як кажуць, страшней за страхавітую выдумку, — сказаў Шчука. — Дык гэта клуб?

— Ага.

— То пройдземся на месца, дзе на цябе напалі.

Праз пару хвілін усе рассыпаліся па лагчынцы, а я паказваў ім, што і як тут было.

— Малайчына, — сказаў раптам Шчука.

— А мне якраз гэта і падазрона, — гаварыў, як рэзаў, няўхільны Клепча. — Чацвёра не здолелі адолець аднаго. І запавет на вашу карысць. І запіска тая. Хто яго ведае тую графічную экспертызу. — Ён гаварыў досыць з'едліва, але так гжэчна, што здавалася, вось-вось пачне дыгаць ножкай.

— Перастаньце быць такім нудна-гжэчным, — гэта сказаў палкоўнік, ціха і суха. Ён, відаць, не саромеўся мяне і быў у стане ціхага шаленства.

— Тут вам не Нясвіж, а група міліцыянераў. Дый нават Радзівілам было пляваць на ўмоўнасці. Ім радавітасць даводзіць не было прычыны.

Я развітаўся з імі па дарозе ў вёску. Яны пайшлі да машыны, усё яшчэ ціха гаворачы між сабой. А пэўна маўчалі б, каб ведалі, які ў мяне слых.

— І ўвогуле, Клепча, — сказаў Шчука. — Ты ведаеш, чаму нас у Польшчы «глінамі», у Францыі — «каровамі», а тут часам «лягавымі» абзываюць?

— Не.

— А гэта вось праз такіх, як ты.

Клепча паскорыў крокі, а яны, памахаўшы мне рукой, зноў пайшлі сваёй дарогай. І зноў даляталі да мяне ўрыўкі іхняй размовы.

— То што, перавядуць яго? — спытаў Хілінскі.

— Я б яго звольніў, — сказаў Шчука.

— Та-ак, то на самай справе вялікая страта, — нечакана ўмяшаўся шафёр. — Такі хлопец, як ён, — гэта ж прыкраса міліцыі.

Астатнія прамаўчалі.

Машына кранула з месца і хутка знікла за павароткаю дарогі. Я ішоў да сябе, і мяне калаціла. Усе гэтыя дні я быў на грані нервовага вычарпання.

Раздзел V У якім я амаль складваю лапы, падводжу вынікі паражэння, але своечасова ўспамінаю пра пэўную аптымістычную жабку

Не падумайце толькі, што ўсе гэтыя дні я адно займаўся паездкамі дадому, у Кладна, туды-сюды, што я захапляўся выключна аналізам людскіх характараў і адносін (хаця гэта і забірала пэўны час), самааналізам, самакапаннем і іншымі малапаважанымі «сама»…

Асноўнае — гэта было ўсё ж пошукі ў трэцяй вежы. І аднаму богу толькі вядома, колькі кошыкаў друзу і пылу мы вывалаклі адтуль праз пралом, колькі вынеслі насілак бітага каменю і ўсяго такога. Сам я прыдбаў такія мазалі на руках, якіх не меў з юнацтва, два Іванавічы таксама працавалі ад душы, ды прычым нічога не хацелі браць, акрамя рэдкіх (і ўзаемных) пачастункаў. І яшчэ я адбіў у археолагаў шасцёх вучняў старэйшых класаў (былі, дзякуй богу, канікулы), за што мяне клялі нават дзяўчаты, не кажучы пра Генку Седуна. Урэшце і яны часам прыходзілі памагчы.

Зямлі за тры з паловаю стагоддзі з гакам нарасло ўдосталь. Замак, як кожная старая будыніна, «рос у зямлю», але з дня на дзень мы павінны былі ўжо дабрацца да «мацерыка».

Ну што яшчэ? Перасталі з'яўляцца «дама з манахам». Прынамсі, як бы позна ні вяртаўся я ў сваю «плябанію», мне ні разу не давялося ўбачыць іх. Але я ані на крок не пасунуўся наперад. Праўдзівей кажучы, я пасунуўся і нават шмат новага зведаў, толькі не ведаў, што з гэтага новага сапраўды важлівае і набліжае мяне да мэты і адгадкі, а што не. А між тым час ішоў, і маладзік адзначыў канец траўня, і вось павінен быў прыйсці і прынесці новую поўню чэрвень.

Адно было кепска: начныя кашмары пачалі паўтарацца з зайздроснай рэгулярнасцю, усё часцей і часцей. І асабліва моцны здарыўся са мною ў ноч майго вяртання з Кладна. Пэўна, размова з пракуратарам, спрэчка з Клепчам, няўдачы апошніх дзён усхвалявалі мяне да таго, што я сапраўды вычарпаўся, што я балансаваў на краі. Я, відаць, і сапраўды быў падрыхтаваны да пачэснага месца сярод іншых такіх у «загарадным доме» Лыганоўскага або проста быў гатовы сарвацца ўніз, у бездань.

Дзед Мультан, можна меркаваць, быў у адным з начных абходаў. Я выпіў шклянку халоднай гарбаты, выкурыў на сон цыгарэту і заваліўся спаць. І амаль адразу заснуў дзіўным сном: не разбярэш, у сне гэта адбываецца з табою ці наяве.

…У партрэтаў і ікон на сценцы і на падлозе ля яе раптам аджылі вочы і пачалі ў нейкім непаразуменні паглядаць туды і сюды, круціцца, вырачвацца на мяне. І вусны крывіліся ўсё мацней.

І я, як яны, пачуў бязгучнае набліжэнне чагосьці нядобрага.

Здалёк яшчэ, праз дзверы, якія раптам ціха адчыніліся, я ўбачыў, як нехта няўлоўным ценем, без аніводнага шолаху, набліжаецца да вартоўні.

Бліжэй, бліжэй. І раптам партрэты ўсе скасілі вочы ў бок дзвярэй. І ў вачах быў несамавіты жах.

Нешта, якое блізілася, матэрыялізавалася на парозе і ўступіла ў пакой. Кшталт гэтага нечага ўвогуле быў чалавечы. Толькі шыі не было. Патыліца з усіх бакоў спадзіста пераходзіла ў апрафігіяльныя канцы ключыц, у плечы. І вачэй не было, і рота. Проста футра на гэтым месцы ішла невялікімі паглыбленнямі. Таму што істота была ад патыліцы да ступакоў пакрытая белай і тоўстай, як лішайнік, даўжынёю сантыметраў у сем поўсцю.

Ён набліжаўся ў нерухомым паветры, і партрэты вадзілі поўнымі жаху вачыма з яго на мяне.

…І тут я нібыта разарваў нябачныя ланцугі на руках і нагах, скочыў, нейкім дзівам мінуў яго і кінуўся ў дзверы. Ногі не хацелі бегчы, і тады я пачаў рабіць скачкі. Так, як гэта заўсёды бывае ў сне, калі не можаш уцячы ад пагоні.

…Конь перада мною. І я ўзвіўся на яго, не абапершыся ні нагою на стрэмя, ні рукамі на карак.

Дзіва здарылася, ці што? Але не было ўжо замка, касцёла, плябаніі. Была тая паляна, на якой вымушаны быў адпусціць нас Вітаўт Альшанскі і Сташка, ды не, Ганна, побач, і заблытванне слядоў і падсвядомае адчуванне намі наперадзе чагосьці нядобрага.

Такое балючае, такое трывожнае адчуванне нейкай немінучай, няўхільнай, неакрэсленай бяды.

Коні імкнуць шалёна. Забіцца да смерці, але не збочыць. Вось-вось ужо будзе рака, і чаўны, і шлях да Нёмана, а там — да свабоды.

Вось і чаўны. Але нешта занадта многа чаўноў.

Не тыя чаўны.

І, адгароджваючы нас ад чаўноў, ад срэбнай лускі на вадзе, выцягнуўся роўнай лініяй конны аршак. Другі конны аршак.

Дасланы вадою перасячы нам шлях. Адразу дасланы вадою, без патрэбы блукаць у нетрах і блытаць сляды.

Цьмяна адсвечваюць у промнях месяца сталёвыя і пасрэбленыя латы. Узнятыя забралы і твары ўсіх у ценю і таму здаюцца сляпымі або снулымі. Звісаюць з шаломаў сутаны, валасяныя, грывамі, і з пер'яў. Выразныя павады адпушчаны. І ртутны бляск на наканечніках доўгіх дзідаў, на шаблях, на буздыганах і баявых кляўцах.

Цяпер ужо не ўцячэш. Набліжаецца вершны ланцуг.

— Ну вось. Лёс не быў літасцівы да нас.

…І тут жа нейкая камяніца, і туды кідаюць рознага памеру цюкі, мяхі, скрынкі. Яны слізгаюць некуды ўніз, як кіль па прасаленым жолабе, калі карабель ці ладдзю спускаюць на ваду. І ноч. Крыху цямнейшая, бо месяц вось-вось зойдзе. А вакол нас з Гардзіславаю дзесятак воінаў і Вітаўт Альшанскі на вараным кані.

— Ну вось, паны рада, — звяртаецца ён да воінаў, — вось паны райцы. Абыдземся без ражэння, без суддзі і падсудка[51], без проўста[52], без падскарбія, каб той вернуты скарб лічыць. Урэшце няхай паляжыць з імі, пакуль тут з праверкай, гэты Груган, крук гэты Станкевіч будзе тырчэць.

Ён паказвае воінам на нас:

— Саўлачыце з іх рызы[53].

Адзенне падае да нашых ног, у траву.

— Што, умёт[54]. Сустрэліся-такі ўсё ж. Нічога, абаронца ваш спіць. Ой, моцна соннае віно. А вас? Вас я такім напаю, што ў свой час давеку заснеце. Зладзеі.

— Змоўч ты, крадла, — адказвае Валюжыніч маімі вуснамі. — Здрадзіў твой прашчур Слуцкага, абрабаваў і князёў тых і караля. Дый ты ў яго. Мяне і сяброў маіх прадаў, абабраў караля. Так што не хайлаў бы так. Занадта ты ўшчыплівы[55]. Вось за тую ўшчыплівасць з нас, за зладзеяватасць так цябе шчыкаць будуць шчыпцамі, абцугамі ды клешнямі, што мяса з костак паляціць. Зладзейству твайму сведкаў многа, а галоўны — бог.

Ён усміхаецца страшнавата:

— Ты не думай так мяне раздражніць, каб цябе хутка ды лёгка на смерць прыправіў, ды яшчэ і столмаха[56] пазваў, каб ён вам хаўтурную калясніцу да труны адразу зрабіў. Таго не будзе. Прыпомніце вы ў мяне яшчэ паталетнюю[57] мякіну.

— Пішы строчне. — пасля паўзы звяртаецца ён да конніка з дзіўным цыліндрычным прадметам у руцэ, — у радок.

Спачатку жанчыну, а пасля мяне абвязваюць пад пахамі пятлёй з нейкім хітравумным вузлом і спускаюць па нахіленай плоскасці, а пасля, з нейкай навісі, проста ўніз, у чорны атвор.

Камень пад ступакамі. І тут жа нешта шморгае пад пахамі. Ага, бортны вузел. Таргануўшы, здымаеш пятлю з самага высокага сука. На імгненне яшчэ я заўважаю, як дзвюма змеямі мільганулі ўверсе, у пляме, адкуль ледзь-ледзь сочыцца святло, дзве вяроўкі.

— Вось так, — далятае зверху голас, — тут вам і ложніца, тут вам і жыць, і скончыцца. Вада там, у куце, капае са столі, там цэбар стаіць. Бачыце, я вас акрутне — жорстка ды люта — не замардаваў. І скарб вы ў ніжняй каморы адзедзічавалі[58]. І хата раскошная, акругле[59] сем сажэняў. Ну вось, будзеце вы там вартаўнікамі, і жывым вас не даклікацца.

Пачынае звужацца больш светлая пляма над галовамі. Чуваць глухі звон апаленай плінфы аб другую, шорганне кельмы аб камень.

І цемра. І нічога болей. Толькі густая і тлустая, як сажа, цемра.

— Ты памрэш не даўжэй як праз год, — гукаю я, без надзеі, што той яшчэ мяне пачуе.

…Я нічога не бачу. І, адначасова, чамусьці бачу, як чорны коннік на чале коннага аршака выязджае з лясной сцежкі на паляну (трох муляраў цягнуцца ззаду).

Чорны раптам пускае каня рыссю, махае рукой.

І тут з нетраў адусюль выязджаюць, выломліваюцца з гушчару коннікі. У руках іхніх няма пішчаляў. Дзівіцца няма чаго, унь, наводдаль, відаць верхавіна касцельнай званіцы. У руках іхніх доўгія лукі з белавежскага цісу. Гучна ляскаюць нацягнутыя, а пасля адпушчаныя цецівы аб скураныя пальчаткі на левай руцэ. І роем лятуць доўгія стрэлы з наканечнікамі, вываранымі ў адвары з ігліцы, кары і драўніны таго ж цісу. Смертаносныя доўгія стрэлы — «паратунку ж ад іх няма».

Муляры падаюць адразу. Воіны яшчэ круцяцца, спрабуюць прарвацца, але паступова спаўзаюць з коней на траву. Так уторканыя стрэламі, што хутчэй падобныя на вожыкаў, чым на трупы.

Бачу твар гаспадара. Вусны ягоныя ўшчыпліва варушацца. Ён абводзіць вачыма мёртвых.

— Так, праўду ты мовіў. Зладзейству майму сведкаў многа. — Ён узводзіць вочы: — А галоўны — бог.

…І зноў цемра, як сажа. І зноў раптоўнае святло. Замкавы двор, заліты сонцам. Вялізны спачатку абшчынны, пасля фамільны дуб. Кіпіць пад ім і вакол стракаты натоўп. Магнацкая, шляхецкая вопратка, латы воінаў, адзенні вольных сялян. Далей, у браме і за брамай, белая хмара тых, зусім простых. З агульнага гулу вырываюцца паасобныя сказы.

— А ўсіх сведкаў з тых латных людзей, — гэта падсудак, — паставіць перад вочы высокага суда нельга. Бо той жа ноччу іх нейкія ліхія, лёзныя, вандроўныя іначай, людзі да смерці выбілі. І тыя ліхія людзі не з воінаў, а з простых разбойнікаў былі, бо не мелі гакаўніц, а мелі лукі са стрэламі атручанымі.

Зноў вэрхал. Усплывае разумны твар Станкевіча. Рука на Евангеллі.

— Клянуся, што калі князь уцекінёраў наздагнаў, то і адпусціў адразу па просьбе і парадзе маёй. А што яны грошы тых бунтоўных везлі і грошы яго каралеўскае мосці — таго я не ведаў.

І пасля паўзы:

— Толькі грошы тыя дасюль нідзе не ўсплылі. І пошук наш нічога не даў. А ўсплысці павінны былі. Значыць, схаваныя яны, пад завалай. А тут трэба яшчэ даведацца б, ці не перастрэлі ўцекачоў іншыя людзі князевы.

Зноў шум галасоў. І тут ужо ля падстаўкі з Евангеллем сам князь.

— Фартугалем[60] продка майго Пятра Альшанскага клянуся, — рука ягоная цягне з грудзей залаты ланцужок.

— Продка-здрадніка, — бязгучна варушацца Станкевічавы вусны.

— …а спатрэбіцца, то паклянуся й на святым Евангеллі. Не пад катаваннямі, як слугі, а па сумленню, што я тады, адпусціўшы іх, з панам Станкевічам назад да замка прыехаў. А другі раз я іх не лавіў. І, галоўнае, не забіваў. А сведкі Язэп Гарашчук, купнік, ды Пратас Левановіч, пісар, клянуцца, што тыя — жывы. І жыць ім яшчэ, колькі адпусціць ім дзён бог. А я ані зброю, ані плахаю паскараць канец гэты не буду, у чым і слова сваё кладу.

І зноў цемра. І далёкі голас:

— Князь наш Вітаўт, не дачакаўшыся канца разбору, хуткім чынам памрэ.

Зноў змрок. Ужо на вечныя часы. Два вартаўнікі хрышчоныя, а адзін — не хрышчоны.

…Уласны скрогат зубоўны будзіць мяне.


Стан мой быў у той дзень нікудышны. Нават сустрэча са Сташкай не прынесла палёгкі: увесь час я памятаў водбліскі начнога зорнага святла на яе абліччы, калі «нас» спускалі на арканах у атвор. Апошнія водбліскі святла.

Невядома, чаму мы пайшлі ў напрамку да Альшан (хутчэй за ўсё таму, што і замак, і касцёл, і сама Альшанка абрыдлі нам, як манная каша ў часы залатога шчаслівага дзяцінства) і я, сам не ведаючы, з якой прычыны, расказаў ёй пра ўсё, не выключаючы і кашмары.

— Гэта бывае, — сказала яна. — Проста чалавек столькі думае пра гэта, што думкі не пакідаюць яго і ў сне.

— А чаму ў сне ўсё так, нібы ўсё ведаеш?

— Адсутнасць логікі. І прысутнасць нейкай вышэйшай логікі. Наяве гэта перашкаджае, а ў сне — нібы ўсё раскутае. І ўяўленне ў тым ліку. Тэарэма з Эўклідавай геаметрыі пра перасечныя прамыя (ці лініі — от, чорт, непатрэбная была навука, то ўсю тэрміналогію забыла).

— Правільна. Нехта са славутых казаў, што ведаў у ягонай кніжнай шафе болей, чым у ім самім. Але ён з гэтай прычыны не плача. Бо ён не шафа, ён — фізік… Я таксама забыў шмат чаго са школьнай прамудрасці, але калі ўжо звярнулі на забытую геаметрыю, то мае перасякальныя лініі перасякаюцца за межамі ўяўнай плоскасці, за межамі явы, у сне.

— Ну і што вы зараз думаеце аб гэтым?

— Анічога.

Усё яшчэ досыць маладая, сакаўная і зялёная лістота спляталася над дарожкай. І крочыла па гэтай дарожцы тое, што я згубіў назаўсёды не толькі ў кашмарным сне.

— А ведаеце, — раптам узгарэлася яна, — яно б і адпавядала ўсім дадзеным, ваша соннае «вырашэнне». Сапраўды, не дакрануўся Альшанскі да зноў адбітых скарбаў, сапраўды, сам пальцам не крануў спайманых. І ён іх не забіваў, проста даў ім самім памерці. І кляцьба на Евангеллі была праўдай, хаця і казуістычнай. З вадою чалавек можа пражыць без ежы, ну…

— Два тыдні, не болей.

— Чаму? Унь адна мая знаёмая на лекавальным галаданні трыццаць дзён вытрымала.

— На лекавальным. Пад наглядам лекараў, а не ў цямніцы. Бо патрэбная не толькі вада, але і свежае паветра, і рух, і, прабачце, рэгулярныя прамыванні. Іначай арганізм атручваецца прадуктамі свайго ж распаду.

— Ну, прынамсі, маглі яшчэ жыць.

— Такая клятва ды яшчэ на Евангеллі не толькі для сярэдневяковага чалавека, яна і для сучаснага… гэта ўжо зусім без сумлення трэба быць. Нават не зверам, а нейкай выкапнёвай бязмозглай рэптыліяй. Ды пра такіх летапісы беларускія казалі, хай сабе і непрыстойна, «зусім бяссовісны, за шэлег у божым храме трахне».

— Ого, распусцілі язык. Усё ж жанчына перад вамі.

— Прабачце. Але я зараз менш за ўсё думаў пра гэта. Я і жыву ўвесь апошні час у нейкім іншым вымярэнні.

— Ну і што вы збіраецеся рабіць? — спытала яна.

— Не ведаю. Мабыць, адмоўлюся. Бо гэта страшна, гэтыя подступы да чагосьці невыказальнага, нібы тагасветнага… Не хачу. Псіхіка даражэйшая. Яна ў мяне адна. Занюханая, ды мая.

— Не, — задумліва сказала яна, — я на парозе разгадкі не кінула б. Хай бы мяне хоць клешчамі рвалі. Пара, можа, нейкіх кубаметраў грунту аддзяляе, а ён кіне. І, галоўнае, — я ж ведаю, — нават не паспрабавалі сістэматызаваць усё, што вам вядома. Баязлівы вы чалавек і непаслядоўны. Ды гары яна ясным гарам, псіхіка. Нашто яна дадзена чалавеку, як не на тое, каб яе паліць у выпадку патрэбы?

Мы ўжо дайшлі да шашы, амаль да прыпынку аўтобуса. Яна ішла надзьмутая і страшэнна незадаволеная. І раптам сказала:

— Слухайце, ну яшчэ пару дзён. Вось вы сёння паспрабуйце падсумаваць, падагульніць, падвесці вынікі, сістэматызаваць усё, што ведаеце вы і людзі. Або толькі здагадваецеся. А заўтра… ну і яшчэ паслязаўтра, апошні дзень, мы з вамі двох будзем капаць (так ужо і быць, дам сваім адгулы). Не будзе нічога — што ж… Ды не, павінна быць. Шукаеш — знойдзеш. «Талцыце, і адверзнецца». Урэшце вы не павінны забываць пра Мар'яна.

Гэтага яна магла і не казаць. Устрымацца. Не люблю людзей, якія б'юць пад дыхала. Але жанчыны… жанчыны, калі яны не проста балбатухі або «коцікі» з дурнымі глядзелкамі і млявай, і пусценькай, няспелай і проста абрыдлівай крыклівай прыгажосцю. Па такіх прападаюць мужыкі з дурных і абіраюць іх, скажам, «міс Іспанія», «міс Амерыка» ці нават «міс Свет», а яны раптам сярод самай сур'ёзнай размовы з людзьмі, аніяк не схільнымі да какецтва, раптам возьмуць ды ляпнуць: «Ваня, а мы пойдзем з табой на „Анжэліку, маркізу анёлаў“»? — «Не». — «А на „Яе апошняе танга“»? Або цяпне ў разгары вясны, ды яшчэ агрэсіўна: «А я хурмы хачу». Або «капусты, квашанай качанамі». З узростам гэта, праўда, часам праходзіць. А як не, то застанецца толькі здзіўляцца, як учарашняя «міс Захлюпонія», згубіўшы апошняе апраўданне для сваёй дурасці, прыгажосць, раптам ляпне ў кампаніі эрудытаў, паказваючы ім «Пакуты Хрыстовы» ў Кладзенскім касцёле: «Вось тут, бачыце, Ісус стаіць перад Понціем, а тут перад Пілатам».

Урэшце, можа, гэта я проста пачынаю старэць. І Сташка не тая. А нават калі была б тая, я нічога такога не сказаў бы пры ёй. Няма большых двурушнікаў і згоднікаў, чым аслепленыя пачуццём мужчыны.

— Добра, — сказаў я, — урэшце два-тры дні анічога не зменяць.

Да прыпынку якраз падышоў вялізны «Ікарус» з Кладна, і з яго павалілі «нашчадкі», што прыехалі ў госці і па каўбасы да «продкаў», і дачнікі, досыць такі непераносная ў масе парода людзей. Асабліва ў дзень, які афарбаваны ў цябе іпахондрыяй.

Ішлі свежаўрбанізаваныя з валізкамі, часам нават дыхтавымі, і даўно ўрбанізаваныя з рукзакамі і сеткамі. Ішлі на апошнім дыханні, як вярблюд, адолеўшы Каракумы, дачныя мужы. І крочылі дачныя жоны ў невядома на якога чорта зробленых прычосках. Ішоў легкадумны адзінец, закідаючы на іх позіркам, і ішла мнагадзетная сям'я, што знемагала пад цяжарам сваіх клопатаў. Дый не толькі сваіх, але і чужых, бо дзяўчынка год сямі настойліва прасілася па вялікай патрэбе, а хлопчык год чатырох ішоў побач і, што горш за ўсё, ні аб чым ужо не прасіў.

— Хрэсны ход у старым мястэчку Кладзенскай губерні, — прагучаў раптам голас Хілінскага. — Процьма разявак. — І тонам клапатлівай квактухі: — Ванечка, перастань пукаць и смотри лучше, какие хоругви несут.

Убачыў, што я не адзін, заліўся чырванню і — о дзіва! — удаўся ў тлумачэнні:

— Прабачце… Але я шмат год вымушаны быў стрымлівацца і даў сабе слова, што калі будзе можна — дам сабе волю, рэкорд пастаўлю па нястрыманасці на язык.

— Нічога, — Сташка, як ні дзіўна, весела пасмейвалася, разглядаючы майго «англічаніна».

Да нас набліжаўся ўсмешлівы Адам з рукзаком і вудамі ў чахле, і — зноў дзіва! — поруч з ім Хасэ-Інэзілья Лыганоўскі, таксама з вудамі і з чамаданчыкам.

— А я не верыў, — сказаў я. — Сапраўды, нешта вялікае ў лесе здохла.

— Чаму? — сказаў псіхіятр. — Што я, не маю права пабіць лынды дзень-другі? А вось вы чаго тут аціраецеся?

— Ацірацца гэта, уласна кажучы, мая прафесія, — сказаў я. — І што я, не магу сустрэць папаўненне з такіх, як я, дзелавых гультаёў?

Пасля таго як усе перазнаёміліся, мы пайшлі поўнай хадою назад у сваю гавань. Ішлі ў добрым, зацененым лістотай сонцы пачатку чэрвеня, гаманілі аб розных глупствах.

Уладкаваў я Адама Хілінскага на два тыдні ды Лыганоўскага на дзень-другі ў бяздзетных (ці, можа, з'ехалі кудысь дзеці?) суседзяў Рыгора Шаблыкі, і пашыбавалі мы аглядаць вёсачку і яе гістарычныя помнікі, не занесеныя, на жаль, ні ў групу 0 («знаходзяцца пад аховай ЮНЕСКА»), ні нават у трэцюю групу (што адпавядае, мабыць, нашым помнікам мясцовай вартасці). А чаму так — не ведаю.

Тут мяне здзівіў раптоўнай актыўнасцю пан Вітаўт Лыганоўскі:

— Гэта стаў? Добра. А рыба дзе лепей бярэ? Там? Вельмі добра. А гэта, значыць, і ёсць касцёл і вежа з «дзыгарам»? Цудоўна. Бач ты, і цыферблат двайны. Унутраны, дзе гадзіны, нерухомы, а вонкавае кальцо, месячнае, рухаецца. І унь паказвае фазы або змены непарушная стрэлка. Вой-ёй! Стары які механізм. Гэта ж, ведаеце, самы стары гадзіннік на Спаскай вежы, у Крамлі, таксама быў з рухомым цыферблатам… А тут унь твая «плябанія»? Шыкоўна… А то замак? І унь па той галерэі твае цені ходзяць?

І вочы гуляюць ад замка да касцёла, ад вежаў да гарадзішча.

Калі ён заскочыў у касцёл, паглядзець, як там, і Хілінскага за сабой пацягнуў, Сташка раптам мне сказала:

— Ну жывы які. Проста ртуць. І нешта мне здаецца, што я ўжо знаёмая з ім. Сустракаліся мы недзе… Не-не, у клініцы я ў яго не ляжала. І са знаёмых ніхто не ляжаў… Ну проста як быццам калісьці па тэлевізары бачыла або ў другараднай ролі ў нейкім больш чым другарадным фільме.

— Вось і ў мяне такое пачуццё.

Мы адышлі і селі на бярвеннях, а тут ішлі міма ды падселі да нас Альшанскі з Шаблыкам ды Змагіцелем, а пасля Высоцкі з нейкім невядомым, а потым падкаціўся, аддзімаючы, узмакрэлы Ганчаронак.

Лыганоўскі вылецеў з касцёла нешта дужа хутка і ўстраміўся ў кампанію спрытна і лёгка. А Хілінскі і выйшаў толькі хвілін праз дзесяць і падыбаў да нас назнарок павольна. І давялося з гэтай прычыны мясцовым аўтахтонам знаёміцца з новапрыбылымі двойчы.

А незнаёмы, як выявілася, быў той самы саматужны гадзіннікавы майстра і арганіст, што на аргане «Лявоніху» лупануў. А прозвішча яму было Згоннік.

— Як жа вам гэта так удалося?

— А чорт, — прысаромлена апусціў ён вочы, — нюх у мяне з дзяцінства на розную механіку. І сапсутыя яны былі не дужа. Ну і, шчыра кажучы, не на ўсё там хапіла майго нюху. Таму што гадзіннік павінен быў яшчэ паказваць вялікадні, каталіцкі і грэка-уніяцкі. А унь у той нішы, што пад цыферблатам, святы татарскія і яўрэйскія. Нашто ім было гэта ведаць — чорт яго разбярэцца. Але, мабыць, нейкія касцельныя вылічэнні. Ну вось, тут я схібіў, не здолеў.

— Ды вам гэта нашто?

— А так. Дзеля закончанасці. Хаця й не патрэбна, але прыемна было б ведаць, калі там па-татарску байрам, а па-яўрэйску пост руйнавання храма. Каб ужо спакойным быць. Усё зрабіў і зрабіў як трэба. Не дурнейшыя і мы, чым вы былі.

Я быў прыемна ўражаны. Хораша разважаў чалавек.

А пасля яны чамусьці разгаварыліся, ён і госці, і дамовіліся назаўтра ісці разам лавіць рыбу і дзеля гэтай мэты ўстаць аж а палове трэцяй, за гадзіну да ўзыходу сонца.

— Чорт, нязручна, — сказаў Адам, — можа, у вас са Станіславай на нас нейкія планы ёсць.

Я, шчыра кажучы, узрадаваўся, што яны не будуць сведкамі апошняга дня нашых бясплодных патугаў і намаганняў, нашага бясслаўнага паражэння. І таму я схлусіў і за Сташку і за сябе:

— Ды аніколькі. У нас заўтра іншыя планы. Тут трэба да аднаго дзядзькі схадзіць ды паглядзець. У яго зберагліся газеты і часопісы часоў акупацыі.

— Вельмі цікава, — сказаў Высоцкі.

— А пасля… ну, трэба тут курганны могільнік адзін стары агледзець. Не дужа далёка адсюль.

— Тым лепей, — суцешыліся наваяўленыя тры мушкецёры ад рыбнай лоўлі.

І ў гэты час нашу толькі што народжаную ідылію парушыў чалавек, які ўвесь гэты час толькі і рабіў, што блытаўся ў мяне пад нагамі.

Людзвік Лапатуха наблізіўся ад вёскі і сеў на ўзгорачку метрах у дванаццаці ад нас. І адразу пачаў свой канцэрт. Толькі на гэты раз не такі поліфанічны, як заўсёды.

— Адыдзіце… Ізыдзіце… Мой дом — мая крэпасць… Звяры… Каты… Ва ўсіх вас… Усе вы тычкамі[61] мечаныя. Тычкамі вылюдкаў роду чалавечага. Нічога… Загінеце… Скора, скора і на вас час прыйдзе.

«Той?» — позіркам спытаў у мяне Лыганоўскі.

Я моўчкі схіліў галаву.

І тут псіхіятр упершыню мяне здзівіў. Першы раз у жыцці быў я сведкам таго, як па-сапраўднаму трэба размаўляць, як бясхібна трэба паступаць з разумова пашкоджанымі людзьмі.

Лыганоўскі ўстаў, цвёрда, але няспешна падышоў да Лапатухі, увесь час гледзячы яму ў вочы. І сеў крыху ніжэй, так, каб гэтыя вочы бачыць. І загаварыў нешта ціха, спакойна і разважліва. І глядзеў, глядзеў, нібы «навяваючы», як славутыя гіпнатызёры або старыя бабулі-варажбіткі, якія часам валодалі гэтым гіпнозам мала чым горш за Месінга.

Дзіўна, істэрычныя ноткі ў голасе Лапатухі зніклі; ён цяпер гаварыў таксама ціха і амаль спакойна. Іерэміяда саступіла месца спакойнай бяседзе, спакойным рухам рук лекара і хворага. І рукі гэтыя па чарзе клаліся то на калена, то на плячук партнёра.

На нашых вачах рабілася чарадзейства. Мы прыціхлі, як ашаломленыя тым дзівам, сведкамі якому былі.

А хвілін праз сорак Лапатуха ўстаў, паціснуў лекару далонь і сказаў амаль спакойным, амаль нармальным тонам:

— З паняццем вы чалавек. З разуменнем… Але тут трэба сцерагчыся і разумным. Зямля заражоная. Я вось таксама быў неледаўчоны[62], а што я цяпер?

Махнуў рукою і пайшоў. Не звычайнай, крыху развінчанай, а досыць цвёрдай, стрыманай паходкай. На паваротцы павярнуўся, памахаў рукою, знік.

Лыганоўскі ўздыхнуў, падышоў і сеў каля нас.

— Ну як? — спытаў я.

Лекар паціснуў плячыма, памаўчаў пару хвілін і, абводзячы нас вачыма, пачаў гаварыць:

— Не трапіў ён у мае рукі з самага пачатку. Даўно быў бы здаровы. А так адносіны з астатнімі людзьмі не зусім нармальныя, падзеі мясцовыя. Ну, але час сваё бярэ. Цалкам магчыма, што праз пэўны адрэзак часу ён зробіцца амаль нармальным чалавекам… Ва ўсякім разе, на шляху да гэтага.

— Ды што з ім такое? — спытаў Ганчаронак.

— Гісторыю яго вы ведаеце. Страшная гісторыя… Ну і ён, кажучы папулярна, каб зразумелі, узвёў вакол памяці нібы ахоўны мур. Не хоча ўспамінаць мінулае. Небяспечна. Многія людзі ў такіх выпадках начыста забываюць мінулае жьццё. Наступае так званая амнезія. Словам, калі ў такіх не аднаўляецца памяць, — лічы, усё згублена. Як правіла, забываюць нават імя. З самага пачатку было дзіўна, што гэты тое-сёе памятае… І гэта тое-сёе аднавілася ў яго прыблізна праз месяц пасля трагедыі… Але ён усвядоміў, што ён не ўсё помніць, не ўсё хоча помніць. І ў гэтым сэнсе адчуў сябе крыху раскутым: паспрабуйце вазьміце вы мяне, не зусім нармальнага, голымі рукамі.

— Але ж усякае часам помніў, — сказаў Хілінскі.

— Так. Для яго ўспамінаць — агіда і фізічны боль. І, аднак, у свядомасці, ва ўсведамленні зберагліся астраўкі і такой памяці. Унутраныя і для ўнутранага ўжывання. І, аднак, гэта не сімуляцыя вар'яцтва, прыдуркаватасці, дэзарыентацыі ў паўсядзённым вопыце… Гэтага падрабіць нельга… Нельга падрабіць, скажам, што абутак зняць не можа. Такое можа быць толькі з сапраўды псіхічнахворымі. А гэты — не. Гэты не зусім ад гэтага свету, але ясна ўсведамляе, дзе ён, і трымае сябе нармальна. З цягам часу ўсё больш і больш нармальна.

— Думаеце, можа, успомніць усё? — спытаў я.

— Многае, калі не ўсё, — сур'ёзна сказаў ён. — І гэты парог не за гарамі.

…Рассталіся досыць рана. «Госці» пайшлі са Сташкай на Белую Гару, а я вырашыў сесці і, на развітанне з паршывай справай, падбіць вынікі. А падбіўшы тое, чаго няма, кінуць усё да д'ябла, паехаць дахаты, уручыць гэтае «няма» Шчуку і закаціцца на астатнія паўтара-два месяцы некуды на хутар. І працаваць. А можа, «дзікуном» некуды на Фарос або ў Перавознае, дзе менш людзей, а толькі мора ды голыя скалы.

Сеў, паклаў перад сабою блакнот. Пачаў запісваць, стараючыся, каб было па чарзе.

Ну і што там было на чарзе:

1) Візіт устрывожанага Мар'яна. Яго размова з нейкім чалавекам на выстаўцы. Прапанова прадаць Кнігу. (Хто быў гэты чалавек? Дагэтуль невядома.)

2) Званкі аб продажы. Уначы. Нехта ходзіць пад вокнамі. Званкі ад таго… Гутніка. Звычайны кніжны маньяк. Нават не спекулянт… Не ён хадзіў пад вокнамі. Хто — невядома. Нехта з суседзяў Мар'яна? Наўрад. Міліцыя іх напэўна правярала. Але тут замкнёнае кола. Гэта я не абавязаны маўчаць перад Шчукам пра свае таямніцы, а ён… Нехта з маіх суседзяў? Дурасць. Ніводнай адпаведнай кандыдатуры.

3) Альшаны і род Альшанскіх. Двайная здрада. Магчыма, прысвоеныя і прыхаваныя скарбы. (Род вымер. Бясследна. Дзе могуць быць скарбы? Невядома, калі не лічыць няясных намёкаў у кнізе. Фактаў гісторыі з перападам ад несамавітага багацця да досыць сярэдняй заможнасці. Ну і маіх «сноў», якія ніяк не могуць ісці ў разлік. Значыць, нікому не патрэбныя ні дакументы, ні радавыя граматы, дый такія каштоўнасці рэалізаваць у наш час — немагчыма.)

4) Зоя. Дзіўныя яе паводзіны. То адыходзіць, то прыходзіць. (Ну, гэта ясна чаму. Вырашыла скончыць, ведаючы, што на «раман» я не пайду. Але шкадавала, але яе цягнула да мяне.)

5) Першая смерць. Мар'яна. Аніякіх слядоў гвалту. Слабае сэрца. (Але прадчуванні?) Але спроба невядомага (Хто?) узламаць дзверы. Але ўсыплёныя сабакі (Кім?). Але запавет, завераны ў натарыуса. (Чаму дбаў аб ім?)

6) Зашыфраванае паведамленне ў кнізе. Адзіны поспех і той пакуль без аніякіх вынікаў. (Каму быў патрэбны шыфр і расшыфроўка? Зноў жа невядома. Нашчадкам — іх няма. Тым, што хавалі прыблізна там жа архіў, а пасля знішчалі сведкаў гэтага? Пытанне: хто хаваў? Непасрэдныя выканаўцы — хто перабіты, а хто памёр. Даручылі? А каму? Ведаў яшчэ нехта? Не ведаю нават, ці быў нехта яшчэ? Ці валодаў ён гэтымі меднымі прадметамі складанай канфігурацыі, на якія трэба было наматваць істужку, ці гэтыя прадметы былі ў розных руках? Нічога, абышліся без іх.)

7) Запіска ад мяне да Мар'яна. Падробленая маім почыркам, але на маёй паперы. (Хто мог здабыць яе? Мар'ян? Хілінскі? Трызненне сівой кабылы.)

8) Спроба ўзламаць маю кватэру. Уцёкі ўзломшчыка. (Ясна, шукаць хацелі кнігу і шыфр. Але хто ведаў пра гэта? Нябожчык Мар'ян? Хілінскі, які і кнігу і шыфр той усё адно бачыў? Лухта!)

9) Самагубства Зоі. У нечым яна прадала свайго «сапраўднага». Гэта значыць, мяне. (У чым прадала? Каму прадала? Невядома. Але гэтым, можа, і тлумачацца яе апошнія візіты.)

10) Што схавана? Стары скарб? Рэчы, нарабаваныя ведамствам Розенберга? Архіў? Вось тут магла быць разгадка. Магла, але не было. Гэтым маглі цікавіцца тры асобы, або групы асоб, або адна асоба (група) у трох іпастасях. Каштоўнасці? Гэта ясна. Дакументы? Яны цікавыя толькі неіснуючым нашчадкам ці музеям. Нейкія кампраметуючыя матар'ялы з архіва? Магчыма. Але дзеля чаго? Засцерагчыся ад небяспекі? Або, наадварот шантажыраваць імі кагосьці?

11) Чаму такая ненармальная абстаноўка ў Альшанах і Альшанцы? Спроба бурыць кавалак сцяны, сварка? Вар'яцтва (далёка не поўнае і папраўнае) Лапатухі? Быў ён сведкам знішчэння палякаў і нашых? Ці сам быў у калоне і ўцёк?

12) Што такое цені жанчыны і манаха? Нейкі разлад у псіхіцы? Калі гэта так, то чаму не адзін бачыў іх, а многія? Калі нейкая прыродная з'ява, то якая?

13) Чаму ўвесь час нейкія дзіўныя сустрэчы? З Ганчаронкам, з Лапатухам? Сочаць? Словы п'янага Вячоркі аб нейкіх страшных каменных яйках. Што азначалі яны?

14) Чаму Лапатуха крычаў пра забойцаў? Чаму гукаў з байніцы, што замак — ягоная крэпасць? Чаго ён там вартуе? А можа, гэта сапраўды яго прыбежышча, калі хоча самоты?

15) Агеньчык у другой вежы. Шыфраваны надпіс указваў на трэцюю. (Ці ёсць у гэтым нейкая сувязь або проста хаця мікраскапічны сэнс?)

16) Мясцовыя, тутэйшыя людзі падчас нямецкай акцыі з архівам і расстрэлам. Хто яны?

17) Банды Боўбеля і Куляша, знішчаныя нашымі. (Ці магло быць, каб нехта са сведкаў акцыі быў з тых, тутэйшых, быў у бандзе і ўсё ж застаўся жывы? Тады ён як быццам адзіны «спадчыннік». Ды наўрад ці. Сумняваюся. Знішчылі тых бандзюкоў падчыстую.)

18) Мае кашмары. Можа, і сапраўды самае паветра Альшанкі атручана злачынствам, подласцю, шаленствам і ўтрапёнасцю вайны?

19) Хто тады ноччу прабіваў у вежы (маёй, трэцяй) мур і вёў са мною дуэль ліхтаром і камянямі? Лапатуха? Наўрад. А можа?

20) Хто выдаў падполле, у якім быў цяперашні ксёндз. Ці жывы ён, той? І ці не мачаў ва ўсю гэтую справу пальцы ксёндз з яго ненатуральным, фантастычным спосабам жыцця? З яго катакомбамі? З тым нечаканым штуршком мне ў спіну? Хацеў памагчы пераскочыць? Або, можа, спіхнуць?

21) Ці застаўся ў жывых нехта з тых, хто арганізоўваў «санітарную акцыю»? І дзе яны, калі засталіся? За мяжой і маюць тут рукі? Або прысутнічаюць уласнай персонай?

22) Ці мог пазнаць кагосьці з бандытаў Ганчаронак, перш чым уцёк з-пад расстрэлу? Не, пытаць не трэба. Можа, і пазнаў бы, баіцца за жыццё? Хаця па ягоных паводзінах у вайну неяк не падобна.

23) Сваякі Высоцкага ні пры чым. Адзін загінуў, як падлюга і бестыя. Другі — як герой. Адзін род, і якія розныя людзі. Паездкі ў Цёмны Бор і ў Кладна да пракуратара, такім чынам, толькі канчатковае шальмаванне аднаго і рэабілітацыя памяці другога, а да справы не датычацца.

Ну вось, дваццаць тры пытанні. Некаторыя падзяляюцца на два-тры. І ні на адно няма адказу.

Поўнае паражэнне, поўны разгром маёй логікі, і майго розуму, і майго ўмення разбірацца ў людзях. Разгром, вынікі якога я толькі што падвёў. Каб не слова, дадзенае Станіславе, можна было б заўтра ж з'язджаць адсюль. Не з тваім, браце, розумам разбірацца ва ўсім гэтым, у чым, можа, і сэнсу няма, а ёсць толькі збег акалічнасцей. З тваім розумам, браце, толькі на печцы сядзець. Што ж, скончым з гэтым, хаця і шкада. Але што зробіш, калі тут немагчыма сабраць у адно нічым не звязаныя ніты, калі з гэтых нітоў аніякай посцілкі не сатчэш. А калі і сатчэш, то па візэрунку і падбору колераў гэта будзе посцілка, сатканая слепаватым вар'ятам.

Я выйшаў на ганак, сеў на прыступкі і безнадзейна закурыў. «Крахам скончылася ваша паездачка, сябар Косміч».

На вуліцы спыніўся цень. Відаць, углядаўся ў мой сілуэт на светлым прамакутніку дзвярэй.

— Вы, Косміч? — гэта быў голас Альшанскага.

— Ну, я.

— Лапатухі тут не было?

— Не. Што я, вартавы пры ім?

— Ды не ў тым справа. Я загадаў яму ехаць з мукой на нашу пякарню. І вось, чорт пабірай, конь да млына сам прыйшоў.

— Не ведаю, дзе ён, Нічыпар Сяргеевіч.

— Гм… Чорт… каб яго бог любіў. Зноў нейкі заскок, ці што?

Махнуў рукою і адышоў.

Над Альшанкай кацілася ўжо ноч. Ноч майго паражэння. А вясковае неба не тое што ў горадзе — нібы святкуючы гэта паражэнне, высыпала ўгору тысячы, дзесяткі тысяч зор, то ласкавых, мірглівых, а то і калючых, як ледзяных. Ззяла яно вось так і чатырыста, і трыста год назад, і сёння ззяе, і гэтак жа безуважна будзе ззяць пасля, калі пра мяне і думаць забудуць.

…Нехта бясшумна сеў побач са мною на прыступку. І не заўважыў зусім, калі падыходзіў. Проста ўжо як быў зусім блізка — нешта майнулася перад вачыма, нібыта сама ноч махнула чорным крылом.

Хілінскі сядзеў побач і размінаў цыгарэту. Н-ну й ну! Цяпер ясна, чаму ты, Адаме, з такімі талентамі дасюль не прапаў і ў будучым, дасць бог, не прападзеш.

— Вось… яшчэ парай слоў з табою перакінуцца трэба.

— Думаеш, я не заўважаю? З самай раніцы вакол мяне, як кот ля патэльні са скваркамі, ходзіш. Усё хочаш сказаць нешта і не адважваешся. Так, нібы па лісціку з капуснага качана здзіраеш, замест таго каб адразу за храпку ўзяцца.

Хочаце верце, хочаце не, а я быў страшэнна злосны. Можа, за Мар'янаву памяць, можа, за маю няўдачу, можа, за гэту манеру Шчукі вечна не казаць пра галоўнае. Толькі мяне проста душыў гнеў на гэтую палітыку замоўчвання, хаджэнне кругом ды навокала, размовы эківокамі. Гнеў. І, дзіўна, ні на каго іншага, як на Хілінскага. Мабыць, таму, што першы трапіў пад руку.

— Чортава, халерная, так яе і разгэтак, хамская манера. Нешта накшталт жарту нявыхаванага і дурнога сябра… Пасылка… Распакоўваеш. Адна папера… другая… Адна каробка… трэцяя… куча каробак. І ў апошняй, раптам, какашка. Або нешта яшчэ горш… Вяршыня іхняга гумару. А можа, і брыльянтавы пярсцёнак… разам з пальцам закатаванай прыгоннай актрысы. З пальцам, бо дабром усё такое рэдка канчаецца.

Хілінскі толькі галавою пакруціў. А я кіпеў усё болей: са злосці на няўдаліцу, самога сябе.

— І потым… мала ў каго з актрыс зараз ёсць дужа ўжо каштоўныя брыльянтавыя пярсцёнкі. Калі яны, вядома, не за лаўрэатам, дырэктарам буйнога завода або за… адміністратарам па даставанню.

— Злуяцеся? Ну-ну, — толькі й сказаў ён.

Але мяне пачало ўжо заносіць. Я казаў такое Хілінскаму. Аднаму з тых, каго я на сто працэнтаў паважаў і на сто пяцьдзесят любіў.

— У мяне быў прыяцель. Нессельродэ. Нашчадак таго ці не — не ведаю. Але бабуля ягоная была «з быўшых», — я цадзіў атруту і ад злосці на самога сябе быў гатовы разарваць суседа па пляцоўцы на кавалкі. — Адзін час ён быў прафоргам і — хочаце верце, хочаце не, а плаціў яму прафсаюзныя ўзносы рабочы Пушкін… Ну, гэта справы не датычыцца. То вось, гэтая бабуля казала пра цяперашніх, што «божа, гэта ж не актрысы, гэта ж грамадзянкі». І правільна! Якія там утрыманкі, якія оргіі ў «Яра»? Гадавой маёй зарплаты не хопіць, каб пабіць усе вокны і пераламаць мэблю хаця б у «Журавінцы» (не кажучы пра кароткі шлях адтуль у міліцыю), а тым больш не хопіць, каб паднесці, скажам, актрысе НН брыльянтавае калье. Дый яна не возьме.

— Бурчыце? Ну-ну.

— Дый яна не возьме. У яе муж, дзеці, яна сасіскамі ў буфеце перакусвае. І гэта добра. Свінства, прынамсі, няма. Так што пярсцёнка не будзе. А будзе ў гэтай вашай апошняй каробцы абавязкова нейкая гадасць… Ну, я справа іншая. Але Шчука?! Шчука, якога глупства разгадаць не можа?! Ходзяць вакол ды навокал. А нехта дзейнічае… Пустаслоўе і няробства… Загублены час.

— Дарэмна, — сказаў Хілінскі, — я думаю, ён не губляе час. Бяда, што (пакуль) таму або тым удаецца яго апярэдзіць.

— Добра, — змрочна сказаў я, — ану, дзе ваша храпка?

— Храпку перадае вам Шчука, — нечакана суха сказаў ён, — і няма тут маёй віны, што са мной цэлы дзень цягаліся людзі, што аж да гэтай хвіліны нам з вамі не ўдалося пабыць адным. Што ж, грызі качан зараз. Герард твой загадаў доўга жыць.

— Які Герард?

— Ну твой. Пахольчык, з папяроснага.

— Якім чынам?

— Знайшлі ў зачыненым кіёску. Атруціўся.

— Трэці? Аднастайная смерць. Чым?

— Нейкая дужа моцная раслінная атрута.

— Якая?

— Пры экспертызе… Словам, некаторыя чыста раслінныя атруты нельга распазнаць. Таксама як і проціяддзя ад іх няма.

— Яшчэ што?

— Дворнік ваш, Кухарчык, у той самы дзень…

— Што?

— Чэрап праламаны нейкай тупой прыладай. Зрабілі аперацыю. Да памяці не прыходзіць. Дактары не абяцаюць, што будзе жыць… Ну, што ты будзеш рабіць?

— Я табе казаў. А ты?

— Пайду з арганістам і Лыганоўскім у рыбу. Ён хоча ехаць заўтра вечарам назад. Засумаваў нешта.

Хвілінскі падняўся на ногі.

— Так, браце, усё больш складана, чым мы думалі.

— Я вось думаў…

— Цуд-цудоўны занятак. Пастарайся не кідаць яго да самай смерці.

І пайшоў.

А я зноў папрамаваў у свой пакойчык, да свайго стала, раскрыў блакнот і дапісаў.

24) Смерць Герарда Пахольчыка. (Каму ён перашкаджаў, гэты дзівак са сваёй кіёскнай філасофіяй? Хіба што быў сведкам чагосьці? Чаго?)

25) Магчыма, смяротныя пашкоджанні чэрапа ў Кухарчыка. (Хто? За што?)

На гэтым блакнот з вынікамі майго разгрому можна было захлопнуць.

Разгрому? Ну не. Занадта тлуста будзе! Занадта гэта подлая штука — беспакаранасць! Занадта тугі клубок сплёўся з усяго гэтага: сівой даўніны і нядаўняй (для мяне) вайны з яе «санітарнымі акцыямі» над сотнямі бязвінна забітых, з даўнімі забойствамі і забойствам зусім нядаўнім, са смерцю жанчыны, якая хаця й хлусіла, але ўсё ж па-свойму кахала мяне.

І са смерцю майго друга. Лепшага з найлепшых сяброў на зямлі, вялікага і ва ўчынках, і ў пакутах чалавека.

Я павінен не толькі зрабіць усё магчымае, каб дапамагчы разблытаць клубок гнілых, гноем і крывёю, хлуснёю і здрадай залітых учынкаў.

Я павінен, калі гэта толькі магчыма, адпомсціць. Так, адпомсціць, хаця ніколі не быў помслівы. Адпомсціць не толькі поўнай мерай, але й стократ.

Каб ён ці яны здрыгануліся ад жаху, перш чым сыдзе на іх апошняе Невядомае, апошняе Нішто.

Бо гэта тое, што адбылося і адбываецца, — гэта ўжо занадта. Мы яшчэ пазмагаемся. Мы яшчэ павалтузімся.

Мы яшчэ паборсаемся, як адна з дзвюх жабак, што трапілі ў гарлач з малаком. Адна склала лапкі — усё адно канец — і пайшла на дно.

Але другая была — смешна сказаць — больш чалавек, чым некаторыя людзі. Бо яна змагалася нават у безнадзейнасці. І збіла лапкамі астравок з масла, маленькі плацдарм жыцця.

Раздзел VI Дзе іхнія сляды, дзе твае сляды? Хто знойдзе іх, хто знойдзе цябе?

Ціхая, крыху заспаная, уся ў шэрым святле ўставала над Альшанкай раніца, Трава была ад расы — як сцюдзёным шротам нехта густа сыпануў. Я ішоў і, як у дзяцінстве, назнарок чоўгаў нагамі, каб за мною заставаўся непарыўны цёмна-зялёны след. Хаця б на хвіліну, пакуль не ўзыдзе сонца. А яно павінна было вось-вось узысці і сваім ласкавым, цёплым, яшчэ не пякучым, як у ліпені, подыхам за некалькі хвілін падабраць расу. Нібы сцерці мінучы мой след на абліччы зямным.

А і сапраўды, што ад мяне застанецца праз некалькі там год? Артыкулы, якія мала хто будзе чытаць? Пара кніг, якія пацухмоляць у руках крыху даўжэй? Кругаварот рэчыва ў прыродзе? Ну, хіба так. Але ніхто не пазнае мяне ні ў травіне на згладжаным капцы, ні ў чырвонай далоньцы кляновага ліста, што спадае на схіл гары.

Але думаць пра гэта доўга не хацелася. Ночы прыходзілі зноў у маладзіку, які таўсцеў і сталеў і вось-вось павінен быў пераўтварыцца ў поўню, каб шчодра аддаць зямлі ўсё сваё святло. Сонца аддавала гэтай зямлі дабратворную пяшчоту. Раніцай будзіў гэтае сонца жаўрук, вечарам прысыпляў салавей.

Вучоныя — тумакі, а заолагі і арнітолагі ўвогуле віславухія. Бо яны (вучоныя) адносяць іх (салаўёў) да атрада вераб'іных (праўда, падатрада спеўчых), такіх самых, як вароны, сарокі, саракапуды і іншыя такія суб'екты. Досыць дзіўна! Я ніколі не садзіў бы ў клетку салаўя, але што датычыцца вароны — і пагатоў.

…Вось так я і ішоў пад гэтым небам, што ўсё мацней кідалася ў блакіт, абяцаючы пагодны цёплы дзень.

Было яшчэ так рана, што на дарозе ад плябаніі да Белай Гары я не сустрэў душы жывой. Ніхто яшчэ нават не корпаўся ў дварах. Ніхто не адхіліў фіранкі, праводзячы мяне позіркам.

Я думаў, што мне спатрэбіцца лезці на гарадзішча, каб разбудзіць Сташку, але, падышоўшы да падножжа задзірванелай велічы — на сваё здзіўленне, — убачыў, што яна ўжо там. Сядзіць на нейкім пацурбалку, нязручна выцягнуўшы доўгія ногі. У лёгкай стракатай сукенцы, у тонкай кофтачцы, накінутай на плечы. Чакае.

Вочы крыху абрэзаліся, відаць, ад стомы, вусны лёгка ўсміхаюцца. Ніколі яшчэ не была яна мне такая дарагая, як у гэты момант. Ніколі не была такая жаданая.

— Раніцы добрай! Як твае?

— Дрыхнулі яшчэ ўсе, аж да Генкі. А ў цябе?

— У дзесятым сне хроп Мультан. І Вячорка з ім. Не, трэба-такі ўцякаць. І там дабіраюцца.

— Усё адно заўтра ж паедзеш.

— Гэт-та я яшчэ пагляджу. Як некаторыя людзі будуць сябе весці.

— А Вячорка?

— Вячорку адшыю. Гэта ж сядзяць учора. Тут жонка Вячоркава прыплялася. «Ну, выпілі. Джгнулі», — кажа дзед. «Частае тваё джганне, — кажа Вячоркава, — каб не зашкодзіла часам». Тады Зеляпушчанак толькі рукою махнуў: «Слухай ты рапуху гэтую, мала што яна верашчыць».

— Ну а вы што на гэта?

— А я сабе сяджу ды думаю: «Вось гэта сапраўды мужчынскія адносіны да жанчыны. Не хто-небудзь. Пан і валадар».

— Т-так, мужыкі тут сур'ёзныя. Дзіва — волаты.

Мы спусціліся на дно майго раскопу ў трэцяй вежы. Шэсць плоскасцей, шэсць кутоў. Столь, падлога другога яруса, часткова абвалілася, як і частка ўнутранай абліцоўкі муроў.

Вежы шасцікутовыя,

Звонку — шасцікантовыя.

Я памурлыкаў гэта сабе пад нос, але яна пачула, пакасілася на мяне.

— «Поэзия есть бог в святых мечтах земли», — працытавала яна кагосьці.

— Гэта яшчэ што, — у тон ёй сказаў я. — Тут часам людзі з Алімпа, мэтры з устойлівай рэпутацыяй, неўміручыя такія шэдэўры выдаюць, што пачаткоўцам-паэтам і не снілася. Напрыклад, нехта там узрасціў…

Лён рэкордны ля Валожына

І за тое ўзнагароджаны.

Не верыце? Сам чытаў. А памер верша такі, нібы рэкордны лён узрасціць, усё адно як «Калінку» адбацаць. Даюць браткі.

— Ну, дурасць — прывілегія не толькі братак. Ведаеце гэтыя помнікі вайне: стаіць на адным калене гіпсавы салдат, пафарбаваны «срэбнай» фарбай з алюмінію? Адной экспедыцыі іх трэба было апісваць, у якой вёсцы і на якім раздарожжы які. А яны аднолькавыя, дзе тут разнастайных варыянтаў апісання дабіцца. То яны адзін прыдумалі:

Солдат обыкновенный,

Коленопреклоненный,

Проект типовой —

Со склоненной головой.

— І сапраўды, лепей бы проста камень з надпісам, чым гэтыя «тыпавыя».

Яна агледзела месца нашага «глыбокага бурэння»:

— Ну досыць зубаскаліць. Пачнем.

Под вежы быў завалены, па ўсім відаць, ужо нятоўстым пластам друзу, абабітай атынкоўкі і смецця, і ў пласце гэтым стаялі «на папа» (адна крыху наўскос) тры гранітныя пліты. Адна, відавочна, з абліцоўкі, дзве — са столі.

— Мы іх не зварухнем, — сказала яна. Сапраўды, пліты былі прыблізна паўтара метра на метр з чвэрцю. І шырынёю сантыметраў на шэсцьдзесят.

— Не зрушым, — паўтарыла яна. — Збегаць па хлопцаў, ці што?

— А прыярытэт? — няўдала паспрабаваў я адбіцца жартам. — Не, мы проста іх чапаць не будзем. Выграбем смецце ды нават проста адграбем яго ад сценак. Бо люк у сутарэнне, відаць, недзе пасярэдзіне. Калі пліты на ім — нічога не зробіш, давядзецца паклікаць дапамогу. А не — яны нам не перашкодзяць, тыя пліты.

Гадзіны паўтары мы ўпарта працавалі. Яна насыпала жалезняком у дзіравыя вёдры смецце і друз, а я адносіў усё гэта і высыпаў пад сценкі. Пасля мне здалося, што ўсё гэта марудна. Я ўзяў другую рыдлёўку і пачаў проста адкідаць з цэнтра пляцоўкі атынкоўку, уламкі цаглін, пыл і ўсё такое.

І вось недзе ў канцы другой гадзіны мой жалязняк скрыгануў па нечым суцэльным. Раз, і другі, і трэці.

…Атвор. Ну не адкрыты атвор. Проста квадратная адтуліна, і на ёй, амаль поўнасцю прыкрываючы яе, тоўстая пліта з гладкага, па выгляду ледзь не адшліфаванага пясчаніку. А на пліце крыж з чатырма закругленымі лопасцямі, а ў лопасцях па незразумелай (бо зямлёю забітай) літары. А на скрыжаванні лопасцей стары шасціканечны ярылаў крыж пад «дашкам» як на старажытных могілках. На стараверскіх «галубцах».

Тут бы лом, але куды там бегчы па яго. Нецярплівасць забівае нават подых: мы дыхаем коратка і сіпата.

Прасоўваем у шчыліну лапаты. Націснулі. Дзяржак Сташчынага жалезняка крыху прагнуўся.

Але тут я, налягаючы грудзьмі на дзяржак рыдлёўкі, прасунуў рукі ў гэтую трэшчыну і перакуліў пліту на сябе, назад, пад шырока расстаўленыя ногі.

Адкрыўся люк. Цёмная прорва. Я чыркнуў запалкай і «стрэліў» ёю ўніз (так яна даўжэй не згарае, чым калі яе проста ўраніць). Скляпенняў і сцен яна не вырвала з цемры. Затое на момант асвятліла нешырокія і вельмі стромыя сходы з чырвонай цэглы.

— Ну вось, — сказаў я. — Цяпер можна і па хлопцаў, і па дзевак.

— А прыярытэт? — перадражніла яна мяне.

Я плюнуў. Гэта праўду кажуць не толькі пра Польшчу, але і пра нашы заходнія вобласці, што на ўсе тыя землі ўвесь адпушчаны богам розум — камар прынёс. Адзін. Дый той розум мясцовыя бабы расхапалі.

З гэтымі не паспрачаешся. Я з уласнай жыццёвай практыкі ведаў гэта.

Таму дастаў свечку (дзве іншыя былі ў кішэні), скінуў куртку і ступіў на першую прыступку.

— Заставайцеся тут.

— Гэта яшчэ чаму? — здзівілася яна.

— А вы пра «эфект сабачай пячоры» ў Італіі чулі?

— Якой пячоры?

— А ёсць там пячора-яма. Чалавек зойдзе і ходзіць, і нічога. А сабака ці трусік падыхаюць праз некалькі хвілін.

— Чаму гэта?

— З вулканічнай трэшчыны выдзяляецца вуглякіслы газ. Сочыцца патроху. Ну а паколькі ён цяжэйшы за паветра, то застаецца ўнізе. Чалавечая галава вышэй гэтай зоны. Сабачая — не.

— Самі казалі — вышэй. Мы ж на чатырох хадзіць не будзем. І потым, там вулкан…

— А тут маглі быць трупы. І ніякай, нават мінімальнай вентыляцыі. І слой газу можа быць вышэйшы. І тады ўжо будуць гаварыць пра «эфект чалавечай пячоры ў Беларусі». Толькі гаварыць будуць іншыя, не мы. А нам застанецца слава першапраходцаў. Пасмяротная.

Але яна ўжо таксама стаяла на прыступках, нагіналася:

— Ды не, нармальнае паветра. Затхлым не пахне.

— Ад затхлага паветра ніхто яшчэ не паміраў. Ну, можа, некаторыя.

— То што?

— А тое, што вуглякіслы газ затхласцю не пахне… Калі хочаце, ён адзіным пахне. Смерцю.

— Па-мойму, вуглякіслы газ гэта не зусім тое, што вокіс вугляроду. Ён — вугальны ангідрыд.

— Божа, да чаго ж вы вучоныя! СО ці СО2 — вам гэта будзе ўсё роўна… Мабыць. Бо хімік з мяне такі, як і…

Я спускаўся, і яна спускалася за мною. І я ўжо плюнуў на ўсё. Хай сабе лезе, гадасць такая. Асвятляў толькі прыступкі спачатку сабе, а пасля ў яе пад нагамі, каб часам не капанула носам у цэглу.

І ўсё ж на апошніх прыступках яна аступілася, і я, стоячы на роўнай падлозе, ледзь паспеў падхапіць яе.

Страшэнна я злаваўся на яе, што лезе туды, дзе не просяць (хаця тут было больш бяспечна, чым у нашых старажытных шахтах па здабычы крэменю. Пад Ваўкавыскам. А яна гэты канец неаліту на ўласным жываце ўвесь выпаўзала).

І ўсё ж я не мог устрымацца:

— Пайшлі. Гонару ў вас зашмат. А на справе «кабы мы не поднялись да не встали, так вы бы поганую землю носом копали».

— А гэта што за дыяменты прыгожага пісьменства?

— А гэта калі масквіч выхваляецца і з ніжагародца кпіць, то тыя яму вось так адказваюць. Мініна ўспамінаюць.

— Ну добра, добра, — відаць, сумелася яна. — Свяціце вакол… Мінін.

Я ўзняў свечку і пачаў вадзіць ёю вакол.

Гэта была абсалютна пустая — камера не камера, склеп не склеп, падвал не падвал. Сутарэнне? Памяшканне, каб у ім нешта змяшчалася? Але тут не змяшчалася нічога. Пуста, як у студэнцкай кішэні напярэдадні стыпендыі (я, вядома, маю на ўвазе тыповага, сапраўднага, стопрацэнтнага студэнта).

Падлога з вялізных каменных плітаў. Муры і скляпенне нібы слаёныя з тоўстых пластоў дзікага каменю і вузейшых палосаў цэглы.

Па форме — падоўжаны эліпсоід вярчэння (усярэдзіне яго мы і знаходзіліся) з усечаным ніжнім канцом. Ну, а прасцей — яйка, якое аблупілі, зрэзалі адзін канец і на гэты канец паставілі. Метраў чатырнаццаць у акружнасці, метры тры з паловаю — у вышыню.

Толькі ў адным месцы (метра паўтара над зямлёй) нейкая цёмная пляма памерам са сшытак. Атвор? Проста так не разгледзіш. Падставіць бы нешта. А што? Спіну Сташкі? Яшчэ чаго не хапала, каб трымала на спіне мой «ледзь не цэнтнер». Падставіць ёй сваю спіну? Яшчэ лепей. «А я ў гэтага доктара на спіне стаяла ды прыскоквала». Урэшце глупства. Падстаўлю, як трэба.

І унь, вышэй, амаль пад скляпеннем, яшчэ адна пляма.

Ясна, рабіць тут няма чаго.

— Ну што ж, — сказаў я, — ставайце мне на спіну, вось вам свечка. Зірніце, што там за такое цямнее, і вэк адсюль. Як бачыце, мы памыляліся. Праўдзівей, я памыляўся.

Расчараванне на яе абліччы было такое, што шкада глядзець.

— Можа, абстукаць падлогу? Муры.

— Дарэмна. Відаць адразу. Будоўля-векаўшчына.

Я стараўся не глядзець у яе бок. І вельмі шкада. Мог бы глядзець і не глядзець, бо ўсё ўжо было ўсё роўна.

Я пачуў нейкі шолах зверху. Пасля з гары праз люк папоўз, звіваючыся, як пітон, тоўсты, шэры, нейкі абрыдліва жывы струмень друзу, атынкоўкі і пяску.

— Плыве! — гаркнуў я і кінуўся да сходаў, цягнучы за сабою Сташку.

У гэты момант уверсе нешта тупа і цяжка гакнула, скалануўшы муры і прыкрыўшы амаль усё дзённае святло, што сяк-так тачылася ў люк.

Нібы ў адказ на гэта, струменьчык бітай цэглы, пяску, друзу, нейкіх трэсак ператварыўся ў струмяніска таўшчынёю ў стаўбур сярэдняй велічыні дрэва.

Я быў ужо ў ім, але сходы ператварыліся ў суцэльны шуметнік, у якім не маглі знайсці апоры ногі. Мне запарушыла аблічча, рукавы былі поўныя пяску.

Зноў цяжка гупнула. Застаўся толькі вузкі, як лязо, праменьчык святла, і ў гэтым святле я заўважыў, як слізнула па паверхні пылавой плыні шкло, досыць вялікі кавалак. Добра, што не ў галаву.

А пасля ахнула нешта ўбаку і праменьчык знік, і, нібы ў адказ на гэтае старонняе страсенне, ад якога здрыганулася, здаецца, сама зямля, нешта зноў, у трэці раз, ляснула над галавой, подзьмухам паветра згасіўшы язычок агню.

— Што там?! — крыкнуў голас унізе.

— Абвал! Пліты рухнулі на лаз.

Я споўз уніз, па калені ў гэтай восыпі з рознага паскудства.

— Дзе вы там?

— Тут я.

— Ідзіце на голас… Я тут… Бліжэй… Бліжэй… Ага.

Мы сутыкнуліся. Пасля нашы рукі знайшлі адна адну.

— І нічога нельга зрабіць?

— Наўрад. Метр з чвэрцю на метр і на шэсцьдзесят сантыметраў… Гэта… гэта… калі я не памыляюся… кожная пліта ноль цэлых шэсць дзесятых куба. Удзельнай вагі граніту я не памятаю. Але паспрабуем уявіць сабе слуп метр на метр і вышынёю… А, напэўна-такі я памылюся. Але такой вагі мне не ўзяць. Чуеце?

Зверху пачуўся шоргат, лёгкае ракатанне, шолах.

— А гэта што?

— А гэта сплывае на пліты жвір. Які мы так легкаважна адкідалі «крыху ўбок»… І нават ніякага рычага. Хоць бы нейкі падважнік — можна было б паспрабаваць. Не.

— То што будзем рабіць? — спытаў ціхі голас.

— Пачакайце. Трэба запаліць свечку, каб аглядзецца. Без агню зусім каюк.

Я паляпаў сябе па кішэнях і адчуў ледзяны холад у пазваночніку.

— Ч-чорт! Халера на маю галаву!

— Чаго гэта вы?

— Запалкі засталіся наверсе. У пінжаку.

— Та-ак.

— Так. Вясёлая перспектыва.

— То што рабіць?

— Сядзець. Чакаць. І думаць.

— Над чым?

— Над тым, што кожная пліта ноль цэлых шэсць дзесятых куба. Калі больш дакладна, дык нават ноль цэлых шэсцьдзесят дзевяць сотых куба… Я ўспомніў, вага граніту ад трох да сямі тон куб. Залежна ад тугасці… «от плотности», як казаў наш маёр.

— Значыць?

— Памножце гэта на тры. То вось, нават у шчаслівым выпадку гэтая завала, гэтая бандура важыць шэсць тон. Мы не здолеем нават на таўшчыню воласа скрануць пліты з месца.

— Значыцца, нам могуць дапамагчы толькі звонку?

— Так. І патрэбна тэхніка. Ім будзе патрэбна тэхніка. Бо нам яна тут без патрэбы.

— Што ж, — сказала яна, — будзем глядзець праўдзе ў вочы. Дапамогі звонку таксама не будзе.

— Чаму? — І тут я здагадаўся.

— Мы пайшлі, калі і вашы і мае спалі. Ніхто не бачыў нас. Мы не папярэдзілі ні аб чым ні дзяцей, ні калег, ні вашых гаспадароў. Мала таго, мы навялі на непраўдзівы, фальшывы след нават Хілінскага з Лыганоўскім. Курганны могільнік невядома дзе, пятае, дзесятае. Нас можна шукаць у лесе, па ўсім раёне, абы не тут… І нават след на расе: «Узыдзе сонца — расу высушыць».

— І ўсё ж мне падазроны гэты завал. Пліты стаялі моцна. Я спрабаваў гайдануць. Не варухнулася ніводная.

— Што ж вы думаеце?

— Думаю, чарговая спроба пазбавіцца, чарговы замах на тых, хто шмат ведае.

— Што ж — чакаць… Вы казалі, без ежы…

— Я казаў, колькі дзён можа пражыць чалавек без ежы. Але я не казаў, колькі ён можа пражыць без вады. Вады ў нас няма. Нават капяжу са скляпення.

А сам падумаў: «Дні тры».

Рукі мае ўсё яшчэ шукалі ў кішэнях тое, чаго там не магло быць. Насавік, сцізорык, цыгарэты (без запалак), шарыкавы аловак. І раптам у самым краёчку правай кішэні, ледзь не напалову пад падкладкай намацалі нейкі тонкі і нават навобмацак уратавальны кшталт. Не хацелася спачатку верыць.

— Сташка, запалка!

— Ну і што? Запалка без пачка.

— Дурнічка, калі толькі…

Я ліхаманкава думаў, сціскаючы ў пальцах каштоўнасць, роўнай якой не было.

Можна, можна было здабыць агонь і без пачка. Як?

Ну, па-першае, сагнуць нагу і калі нагавіцы аблягуць, туга нацягнуцца, чыркнуць запалкай па кульшы.

Можна. Але я не ведаў, ці чыста суконныя мае порткі (тады — агонь!), ці з прымессю, хай нязначнай, нейкай сінтэтычнай дрэні.

Шурпаты мур? Але ці досыць дробназярністы і ці дастаткова сухі?

— Ага… Сташка, дзе твая рука? На, трымай. І крый цябе божа выраніць і згубіць.

— Што ты хочаш рабіць?

— Чакай.

Я ўспомніў праяву, якая слізганула па пыле, па струмені друзу ў апошнім праменьчыку святла, што прабівалася тады з атвора.

Кавалак шкла!

Я папоўз да абвалу, да шуметніка пад ім (дзякуй богу, што я не адышоў ад яго далёка) і, трапіўшы ў смецце, рукамі пачаў сантыметр за сантыметрам абмацваць яго, нават крыху перакопваць.

Справа была амаль безнадзейная. Шкло магло адкінуць далёка ўбок, засыпаць. Але я мацаў і мацаў у поўнай цемры так упарта, нібы гэта была апошняя наша надзея. Хаця што нам магло даць тое шкло? Магчыма, адну-адзіную няўдалую спробу. А што магло даць нам святло, нават калі б мы здабылі яго?

Але я шнарыў, мацаў, шныпарыў, ледзь не нюхаў гэтыя адкіды. І вось… вось… не, не яно… вось. Яно… яно, чорт мяне і ўсіх пабірай.

— Сташка.

— Я тут… Паўзі… Сюды… Сюды… Што ты знайшоў?

Я прыклаў шкло да шчакі — дзякуй богу, сухое. Ані кроплі вільгаці на ім, ляжала, відаць, у пяску.

— Давай запалку.

Я асцярожна вадзіў ёю па валасах, на шчасце, таксама сухіх. Сухія валасы лепшыя за самую лепшую прамакашку.

— Трымай свечку… Так. Тут трымай. І крый цябе божа нават дыхаць.

З сілаю прыціснуўшы пальцам галоўку, я моцна і хутка чыркануў ёю па шкле. Раз… Другі… Трэці…

Зашыпела.

І вось на кончыку запалкі расцвіла цудоўная, сіняя ўнізе, аранжавая вышэй і жоўтая на канцы, чарадзейна жывая кветка.

Успыхнуў фіціль свечкі.

Новымі вачыма глядзеў я на нашу турму, на перамежныя палосы каменю й цэглы, на конус смецця, які засыпаў сходы. Уторкнуў у гэтае смецце свечку і паклаў побач астатнія дзве.

— Хопіць ненадоўга, — сказаў я, — бо давядзецца прыпальваць адну ад другой.

— Мы не ведаем, — сказала яна, — ці можам мы сабе дазволіць нават такую раскошу? Ці хопіць у нас у гэтай пастцы паветра? А вы яшчэ закурылі, Антон.

— Таму і закурыў. Бачыце, дымок цягнецца да той цёмнай плямы ўнізе і да той, што вышэй. Тут ёсць цяга, ёсць паветра. Прынамсі, мы не задыхнемся. І я паспрабую зрабіць трут. Няхай сабе не з дравеснай губы. Няхай сабе нават з уласных портак.

Я глыбока зацягнуўся і даслаў чарговы струмень дыму. І зноў яго пацягнула да цёмнай плямы ў муры.

Атвор. І цяга. Моцная цяга.

— І ўсё ж, у чым справа, што ўсё гэта так нечакана абурылася? — задуменна сказала яна.

— А тут і не дакапаешся. Можа, той падбураны мур рухнуў і ўдар аддаўся сюды… А можа, і хутчэй за ўсё, нехта сачыў за намі. Нехта пастараўся нас тут замураваць. А разам з намі замураваць і сваё мінулае.

— Ды тут нічога няма. Якое мінулае? Дзе?

Я якраз канчаў абстукваць каменем падлогу.

— Так. Ніякага другога падзямелля пад гэтым няма. Значыць, мы не там шукалі. Значыць, трэба шукаць у другім месцы.

— Шукаць? Вы ж збіраліся кінуць?

— Дудкі, — сказаў я. — Цяпер ужо дудкі. Знайду.

— Вы спачатку выберыцеся адсюль.

— Выйду. Не ведаю як, але выберуся. Праз мур прайду, а буду там. У зямлю зарыюцца — і адтуль іх дастану. Разам і з мінулым, і з сучасным, і з будучыняй, якой у іх — я пастараюся ўжо — не будзе.

Гэтыя простыя словы як нешта раптам зварухнулі ўва мне. Гаварыў я іх болыш падсвядома, чым думаючы над іх сэнсам.

Чаму я быў упэўнены, што нас завалілі? Па-першае, страсенне ад нейкага там абвалу не магло зваліць пліты. Трэба было прыкласці да іх яшчэ і нейкае механічнае намаганне, каб яны абурыліся. Па-другое, жвір мы адкідалі ўсё ж досыць далёка. Не мог ён так лёгка пачаць сыпацца спачатку між пліт, а пасля на іх, хаваючы нас. Тут ясна што было? Тут было нешта накшталт разважання ў старажытным усходнім гімне, прыведзеным, здаецца, у кніжцы «Душа аднаго народа» нейкага англійскага афіцэра Фільдзінга. Кніжка расказвала пра Бірму, і было ёй каля ста год. Як яно было сказана?

Дзе іх сляды, дзе твае сляды?

Хто знойдзе іх і хто знойдзе цябе?

Так, здаецца, я чытаў гэта там. Сто супраць аднаго, што гэты «абвальшчык» і «сапраўднага» Фільдзінга не чытаў. Але разважаць ён павінен быў прыблізна так.

І што гэта так уразіла мяне ва ўласных словах, што я «дастану іх, хаця і ў зямлю зарыюцца. Разам з мінулым і сучасным»?

Падзеі, словы, факты, чуткі нібы толькі што былі жменяй рознакаляровых шкельцаў, а цяпер, быццам змешчаныя ў нейкі чароўны калейдаскоп, які стаў павольна паварочвацца, паступова пачалі складацца ў геаметрычны візэрунак, у якім былі і сіметрыя, і нават сякі-такі парадак.

Слядоў — я зноў прайшоўся па нашай турме — не было, акрамя маіх. На жаль, я не паглядзеў, спускаючыся, ці былі яны на прыступках. Калі былі — значыць, тыя, крыху спусціўшыся па сходах, самога сутарэння дакладна не разглядалі і маглі не заўважыць атвораў, праз якія прыходзіла да нас паветра.

Па іхняму разліку, мы не павінны былі памерці ад смагі на нейкі там трэці ці чацвёрты дзень. Мы павінны былі памертіі ад задухі праз нейкія пару гадзін. Яны не хацелі рызыкаваць. Некалькі дзён — гэта зашмат. Катастрофа, пару гадзін і ўдушэнне — вось гэта быў «вярняк».

Халодная ярасць ахапіла мяне. Гінуць праз нейкую свалоту? Н-не-е, гэта ўжо занадта. А калейдаскоп працаваў і працаваў, і шкельцы з ціхім ляскам займалі сваё месца.

Усе. Прынамсі, многія. Аж да слоў пра «страшныя яйкі», якія казалі над п'яным Вячоркам тыя, невядомыя. Мае, і Сташкі, і ўсіх нас ворагі.

Варта было зірнуць на яйкападобную форму сутарэння. А ці яно адно такое тут?

Так, калейдаскоп складаўся. Толькі хто? Хто будзе зараз ведаць з жывых, што ён склаўся ў маёй галаве ў нешта лагічнае, той калейдаскоп?

Ніхто.

Я ўзяў свечку і пайшоў да атвора. Язычок агню ўсё больш і больш адцягвала ў той бок. Значыць, паветра аднекуль і паступала. Можа, пліты не так ужо і шчыльна завалілі люк.

Адставіўшы руку са свечкай, я пачаў мацаць кладку. Так, у ёй сапраўды быў атвор з іржавымі крыжападобнымі кратамі.

— На, Сташка, — я падаў ёй свечку. — Трымай крыху ў баку ад цягі.

Вызваліўшы правую руку, я падскочыў, ухапіўся за краты і пачаў разгойдваць іх (ці, можа, гайдацца на іх?).

Глупства гэта ўсё было. Нават выламай я праржавелае жалеза, хто б пралез у дзірку памерам дваццаць на дваццаць пяць сантыметраў? Але я не здатны быў разважаць лагічна ні аб чым, акрамя майго «калейдаскопа». І я гайдаўся, гайдаўся, то падцягваўся да кратаў на руках, то адхіляўся, з сілаю распрамляючы сагнутыя ногі, якімі ўпіраўся ў мур.

Здалося мне ці не, але ў пэўны момант мне ўявілася, што краты і ніжні камень кладкі сапраўды крыху ходзяць, як хісткі зуб.

Я саскочыў крыху адпачыць і тут убачыў, што ад вертыкальнай перакладзіны кратаў віецца, бяжыць у камені вузкая трэшчынка.

І тут я зразумеў, што я зрабіў правільна, пачаўшы гэтыя «экзамены на малпу». Так яны і ўмуроўваліся ў свой час, краты ў каменную кладку: мінімум два камені кладкі былі падвойныя або з моцнымі выемкамі.

Два канцы «крыжа» ўваходзілі ў выемкі, а два другія проста ўсоўваліся ў праёмы, а пасля гэтыя праёмы запаўняліся моцнай цамянкай. Цамянка не вытрымала.

Я зноў павіс на кратах. Доўжылася гэта цэлае стагоддзе. Ва ўсякім разе, першая свечка ўжо дагарэла, і Сташка запаліла другую.

Першы камень выпаў знізу… Другі, зараза, трымаўся, як быццам у яго былі карані. Тысячы каранёў. Але ўрэшце ляснуўся мне пад ногі і ён.

Камень на камень.

— Ставайце, Сташка. Я вас падыму і, прабачце, прасуну нагамі наперад.

Першы і апошні раз я трымаў яе на руках. Убаку гарэла ўторкнутая ў смецце перадапошняя наша свечка. Адчуваў праз сукенку цеплыню і круглявасць яе ног. Пасля, калі яны зніклі ў атворы, цвёрдую акругласць грудзей.

А ля вачэй маіх у паўзмроку былі яе вочы, і пасмачка яе валасоў казытала мне скронь.

— Сталі?

— Здаецца, усталявалася, — шэптам адказала яна.

Я пайшоў па агонь, узяў гэтае, жывое, у руку і рушыў да атвора. І раптам пачуў прыглушаны крык жаху. Азірнуўся. Завал уверсе за маёй спінаю пагрозліва прагінаўся. І тады я кінуўся бегма, сунуў святло ў яе руку:

— Адступіцеся.

Пэўна, так скачуць цераз вогненнае кола львы ў цырку. Ва ўсякім разе, я атвор амаль праляцеў, прызямліўся на чацвярэнькі, і… цэлае мора полымя ахапіла маю галаву, рассыпаўшыся пасля вогненна-зялёнымі іскрамі.

— Жывы?

— Жывы. Руку, здаецца, крыху падвярнуў.

Мы, як згаварыўшыся, глянулі ў пралом і жахнуліся. Ніжняя пліта вісела адным краем. Відаць, на дзвюх верхніх, што сціскалі яе. Ненадзейна сціскалі. Дастаткова было кінуць у яе каменем — ды што там, — нават проста, здавалася, кашлянуць і ці крыкнуць, і ўсё гэта рынула бы ўніз, мезджачы і расціскаючы ўсё жывое. Шлях назад быў адрэзаны. І нават калі б мы назнарок выклікалі гэтую лавіну — невядома, ці не засыпала б яна той пралом, праз які мы трапілі сюды. А куды трапілі? Мы абышлі вакол дакладна такое самае сутарэнне, такое ж «страшнае яйка», толькі што глухое і з моцна разбуранымі сходамі. І ніякага выхаду. Не, такі самы атвор, толькі ўдвая меншы і без кратаў. І значыць, пашырыць яго аніяк нельга было.

І яшчэ, слабая надзея, акенца ўгары, памерам з далонь. Праўда, гэтае акенца не было цёмнае. Гэта была слабая пляма святла, дзённага святла, якое падала аднекуль з вышыні і асвятляла нават нейкую, вартую жалю былку, што расла, відаць, на дне нейкай студні ці проста ямы, куды і выходзіла аддушына.

Знясіленыя, мы селі проста на пліты і, шчыра кажучы, палі духам настолькі, што звесілі галовы. Гэта было ўжо сапраўды ўсё.

Сапраўды, слабым суцяшэннем было тое, што яны, калі яны былі, не ведалі пра існаванне суседніх камер і што таму мы не задыхнуліся і не былі мёртвыя ўжо, схаваныя абвалам.

Наша ўдача азначала толькі больш павольную смерць. І калі мае кашмары неслі ў сабе хаця зерне праўды — ну што ж, у таго, што было пахавана тут рознымі людзьмі, будзе цяпер чатыры вартаўнікі.

— Нічога, нічога, Сташка, — сказаў я. — Ну кінь, кінь. Усё яшчэ будзе не так дрэнна. Мы прыдумаем нешта, каб выбрацца. Мы, урэшце, спалім на апошняй свечцы нешта з адзення. Няўжо не знойдуць хаця па струменьчыку дыму? Ды знойдуць, знойдуць.

— Не суцяшайце мяне, — ціха сказала яна. — Тут сотні жыццяў, могуць быць сотні дымоў з комінаў. Хто зверне на іх увагу?.. Не, трэба глядзець праўдзе ў вочы. Гэта — канец.

Плечы яе закалаціліся. Мне здалося, што яна плача, што ўвогуле ўся яе маленькая постаць ёсць жывое ўвасабленне адчаю.

— Не плач, — сказаў я і пагладзіў яе па галаве. Па гэтых цудоўных валасах колеру чырвонага дрэва з золатам, якія ніхто на свеце — а я першы — не наважыўся б назваць рыжымі. Ды яны й не былі такія.

— Я не плачу, — нечакана цвёрдым і нават сухім, можа, ад безнадзейнасці, голасам сказала яна. — Мне крыўдна іншае.

— Што?

— Цяпер ужо можна сказаць. Бо ўсё адно нічога не зменіцца.

— Што такое? — аднымі вуснамі спытаў я.

— Мне крыўдна, што ты не заўважыў. Не заўважыў, што я ледзь не з самага пачатку кахаю цябе…

— Кінь, — сказаў я. — Гэта я, гэта я не хацеў, каб ты заўважыла. Я пражыў больш за цябе так многа, так бессаромна многа, што не маю права…

— Ты на ўсё меў права… Я вельмі, вельмі кахаю цябе. І мне ўсё адно што ты не ведаў, — цяпер ведаеш. І мне ўсё адно што мы тут і не выйдзем адсюль. Бо гэта мы тут. Ты і я. І іншых у нас, нават калі б здарылася непапраўнае і я перастала б так кахаць цябе, як кахала, ужо не будзе. Не думай. Я шчаслівая гэтым.

— І я шчаслівы, што дапамагло гора, што я пачуў гэта. Бо я ніколі б не наважыўся сказаць табе… Хаця я жадаў бы, каб ты жыла доўга-доўга, пакуль існуе гэты кляты, гэты блаславёны свет. А больш за ўсё на свеце хацеў бы, каб ты жыла. Я дужа, дужа кахаю цябе. І мне лёгка зараз прызнацца ў гэтым.

Яна прысунулася да мяне і паклала галаву мне на калені.

— Я дужа… я ўсё б аддала за цябе. Праўда. Праўда, бо лёс паставіў нас перад немагчымасцю хлусіць. Ані ў адным слове.

— Я і так ніколі не хлусіў бы табе. Гэтым цяжкім валасам, марскім вачам, гэтым веям немагчыма было б хлусіць. Дзякуй табе за ўсё. Будзь блаславёная.

І так мы сядзелі ў палоне неразрыўных, злітых у адно апошніх абдоймаў, чакаючы апошняга выйсця.

А іншага нам дадзена не было.

Прайшлі хвіліны, можа, гадзіны, а можа, і стагоддзі. Мы баяліся паварухнуцца. Мы жылі перапоўненым, вышэйшым жыццём. Таму што проста ўжо не жылі.

………………

Я ўскінуў галаву. Мне здалося, што пачуў крык. Дзіцячы? Або крык дарослага, прыглушаны каменнай тоўшчай?

Крык гэты нібыта блукаў, гучаў то бліжэй, то далей, то зусім знікаў, то біўся ў нейкіх блытаных лабірынтах. Дуднеў, як з-пад зямлі, і раптам далятаў так ясна, нібы з некалькіх метраў пад адкрытым небам.

— Сташка, чуеш?

Мабыць, яна не чула. Мабыць, яна спала ці проста знаходзілася ў прастрацыі.

— Дзядзька! — як камарыны спеў, гучаў аднекуль голас.

І тут жа нібы выбухаў у павуцінні катакомбаў:

— Я зараз!

І зноў, як праз вату:

— Зараз.

Што гэта было? Галюцынацыі? Так хутка? А ўрэшце, чаго і чакаць ад гэтага кавалка зямлі, спрадвеку атручанага нянавісцю, вераломствам, подласцю, смяротным жахам і самой смерцю.

Апошняя свечка ўжо напалову згарэла. Паблекнула плямка святла ў атворы. Нічога. Цяпер ужо скора. Шэры, чорны камень вакол, камень здрады і забойства вып'е нас.


Мне здалося, што мы тут не адны, што нечы невядомы позірк спынены на нас. Я прыўзняў галаву, стараючыся не паварухнуцца, не патрывожыць дзявочай галавы на маіх каленях…

…З атвора, перасечанага крыж-накрыж кратамі, глядзеў на мяне чалавечы твар. Глядзеў з уважлівай і, можа, мне здалося, нядобрай пільнасцю. Блішчалі вочы, вялікія-вялікія ў цёмных правалах вачніцаў. Колер скуры ад святла свечкі там, за мурам, быў пергаментна-жоўты, мёртвы. І на тонкіх, заўсёды такіх прыемна-з'едлівых, лісіных вуснах была халодная, зларадна-здзеклівая, абыякава-вывучаючая ўсмешка.

Ксёндз Леанард.

Глядзеў і толькі што не зламоўна, але затое злавесна, як крумкач патопу[63], калі гэты патоп пачаў спадаць, адкрываючы вачам Ноевым і яго, крумкачыным, трупы дапатопных людзей і звяроў.

Гукнуць яго? Я не наважыўся. Горш за ўсё была б гэтая апошняя мая памылка: убачыць, як усміхнецца, і адыдзе, і знікне апошняя пляма святла, апошняя надзея на нешта.

А ён і сапраўды ўсміхнуўся, гэты твар, павярнуўся, знік. Прымеркнула святло. І нечакана ўскінулася Сташка.

— Тут быў хтось? — спытала дзікім, нібы з бяспамятнага сну голасам. — Быў тут хтось ці не?

— Не, — сказаў я безжыццёвым голасам. — Нікога тут не было. Сядзі ціха. Уздрымні далей. Вільгаццю цягне ад камянёў…

Не, я не чакаў аж такога. Мой калейдаскоп рассыпаўся. У яго трапіла лішняе шкельца… Не лішне было б пацікавіцца, адкуль яно з'явілася і якім чынам сапсула візэрунак?

— Ты што? Загаворваешся? Цёмнае кажаш, — у гэтым голасе цяпер трымцелі нервовасць і напружанасць.

— Ціха. Ціха ты.

І тут я пачуў спачатку лёгкае драпанне, нібы недзе скрэблі, пасля — скрогат. Пасля той скрогат узмацнеў, пераходзячы часам ў пранізлівы віск.

З непамерным здзіўленнем, бо дагэтуль я чуў пра такое толькі ў казках, а бачыў толькі ў кіно, я не спускаў вачэй з вертыкальнай лініі ў сцяне. Яна пашыралася пад роўны рокат чагосьці і гэты віск, а я лупіў вочы на тое, як яна стала шчылінай, якая раздавалася ўсё шырэй і шырэй, ператваралася ў спачатку вузкі, на ката, а пасля шырокі, хаця б і на чалавека, цёмны калідор.

Ад'язджаў вузкі прамакутны кавалак мура. Адкрываліся вачам, нібы на чвэрць акружнасці па падлозе праведзеныя, паўкруглыя жалабы. Відаць, такі самы жолаб быў у самой сцяне і яна адыходзіла, адкочвалася на каменных шарах (такі механізм я калісьці бачыў у патаемным ходзе ў адным са старадаўніх крыжацкіх замкаў. Як любяць казаць цяпер, узаемазапазычанні. А ўвогуле, ці не падобна ў нечым працуюць нашы падшыпнікі?).

А ўвогуле, ці не вярзу я лухту? Так блытаецца ўсё ў галаве пасля гэтых некалькіх гадзін пад зямлёй.

Я асцярожна ўзяў Сташку пад пахі і ўстаў. Да нашых ног каціліся ўжо з цёмнай шчыліны дзве невялічкія постаці: Стасік Мультан і Васілька Шубайла.

— Дзядзька Антось! Вы тут? Цётка. І вы тут?

У мяне перахапіла глотку, у ёй стаяў нейкі цяжкі даўкі камяк. Магчыма, я закрычаў бы. Але стрымаўся.

Бо за імі выступіла з цямноцця постаць ксяндза. Чорны цень і дзве пергаментныя плямы. Рука са свечкай, уся аблепленая маленькімі сталактытамі воску. І аблічча, на якім застыла ўсё тая самая дапытліва-абыякавая ўсмешка, якая нібы здзекавалася і выпрабоўвала.

— Вы жывыя? — варухнуліся вусны.

І ўва мне нібы яшчэ пашырылася падазрэнне.

— Дзякуй пану богу, — сказаў ён. — Хадзем.

Мы выйшлі «калідорам» у невялічкую камеру. Ксёндз штурхнуў мур, і ён з ранейшымі рокатам і віскам пакаціўся на сваё месца.

Мы паварацілі за рог і апынуліся ў доўгім і нізкім калідоры-катакомбе.

— Тут недалёка, — сказаў Жыховіч, — і дзякуй богу, што тут ёсць ход.

— Дзякуй богу, што яны не ведалі пра яго і другое сутарэнне.

— Пра яго не ведаў і я, — сказаў ксёндз. І дадаў, памаўчаўшы: — Дзякуй вось ім. Яны так крычалі пра падзямеллі, што я пайшоў з імі, хай толькі адчэпяцца. Астатнія ўстрывожыліся і пайшлі на пошукі нейкага невядомага «гарадзішча» і «курганнага могільніка» гадзіну назад… Сорамна ідучы на сустрэчу з магчымай небяспекай, напраўляць людзей на няправільны след. З невялікай хлусні часам нараджаецца непапраўнае. Як з ілжэвучэння — смерць духу, а са свядомага аблуднага фальшу — смерць.

Ён мог бы і сам выглядаць на ўвасабленне фальшу, каб не горкі сарказм у тоне слоў.

— Досыць ужо смерцяў на гэты няшчасны куток зямлі. Проста Бермудскі трохкутнік нейкі: Кладна — Альшаны — Цёмны Бор. Гінуць надзеі, без следу знікаюць людзі. Іх мары і надзеі.

— І хто вінаваты ў гэтым? — Я ўсё яшчэ не мог пазбавіцца ад падазронасці.

— Не ведаю. Пэўна, продкі. І нашчадкі, нядаўнія і сучасныя. І я вінаваты. У тым, што жыву, калі ўсе сябры… і сяброўкі даўно загінулі.

Ён дыбаў ходам, як жывы прывід. Сапраўды так.

— Гэта было б жахліва, каб загінулі яшчэ і вы. На парозе нейкага адкрыцця, — ён пранізліва скасавурыўся на мяне, — або на парозе паражэння, якое толькі і вызначае, мужны чалавек або так сабе.

Мне стала крыху сорамна. Бо калі меркаваць па яго мінулым, то ён быў вышэй падазрэнняў.

— Слухайце, — сказаў я, магчыма, занадта рэзка, бо не мог забыць той усмешкі ў атворы, — ці магчымая гэта рэч, стопрацэнтны хрысціянін першых год хрысціянства? У нашы дні, з нашым мінулым? Не хлусі нават у дробязях, не пралюбадзействуй нават вокам. Не. Вы, здаецца, такі або хочаце быць такім. Растлумачце мне, як гэта?

— Ды ну вас.

— А я не веру. Не веру, бо ў большасці людзей падвойнае дно.

— Не верце яму, — ціха сказала Сташка, — проста ў яго быў стрэс, і ён аніяк не можа ачомацца.

— Двайное дно. Магчыма, й тых замуравалі, як у маім сне. Майму калейдаскопу не хапае яшчэ толькі аднаго шкельца.

— Якога?

— Што азначалі тыя словы з кашмару: «Два вартавыя неадпетыя і адзін няхрышчаны»? Хто гэта такія, тыя тры?

— Слухайце, — сказаў ксёндз, — у вас сапраўды добра-такі лезе наверх нервовая нераўнаважнасць.

Мы выйшлі на святло. Зелянела трава. Нізкае ўжо сонца клала апельсінавыя адценні на лістоту. За брамаю, на вясковай вуліцы, далятаў з хмары пылу спакойны і мірны харал вячэрняй чарады: мыканне кароў, жаласліва-гнюсаватыя галасы авечак.

Я ўзяў Сташку за руку, і тут мяне закалаціла. Так, што я баяўся выціснуць з сябе нават слова, каб яно не прарвалася рыданнямі палёгкі. Не за сябе, можаце мне паверыць.

— Ты не шкадуеш аб сённяшнім дні? — шэптам спытала яна.

— Не. Хтосьці сказаў: «Я не ведаў, як выглядае мой родны дом, пакуль не выйшаў за ягоныя муры. Я не ведаў, што такое шчасце, пакуль не прайшоў безданяў бяды…» Я не шкадую аб сённяшнім дні.

І аднак мне давялося пад канец пашкадаваць аб ім.

Ад «плябаніі» — нашай, вядома, — кінуўся мне насустрач Мультан:

— Дзякуй богу, жывыя. Дзякуй богу, хоць вы жывыя. Бо трох у адзін дзень…

Мне нібы жалезам абцягнула сківіцы.

— Хто?

— Зеляпушчанак сёння выцягваў шнур ля Дубовай чапы (чорт яго, чаго ён заўсёды яго ў гэтых карчах ставіць) і выцягнуў…

— Лапатуха?

— Ён. Міліцыя павезла ўжо. Відаць, упаў у цемры са стромага ўрвішча. Скроняй аб корч ці аб чорны дуб — унь колькі іх там стырчыць з берага. І гатоў!

Я ўспомніў вартага жалю, бяскрыўднага чалавека-пакутніка, ягонае безабароннае «хлопчык, не трэба» і як ён спрабаваў напужаць мяне, каб не швэндаўся ў «яго доме». І ўспомніў свае падазрэнні, і ўявіў апошняе шкельца з калейдаскопа: цела тапельца.

І тут я зразумеў, што я — асёл.

Раздзел VII Пра жыццёвую неабходнасць грунтоўнага вывучэння стараславянскай граматыкі і алфавіта, пра без пяці хвілін дактароў навук, якія таксама бываюць асламі, і адну дапамогу, якая прыйшла непапраўна позна

Мы сядзелі з Хілінскім на беразе става, там, дзе ўпадала ў яго Альшанка. Вельмі шырокі ў гэтым месцы стаў сям-там парыў, стаялі над ім маленькія і рэдкія слупы туману, ледзь падсвечаныя нованароджаным сонцам.

Вудзілі. Праўдзівей, вудзіў адзін ён, хаця не часта, але падсякаючы то плотку, то невялікага галаўня. Ужо дзесяткі з два такіх сноўдалі ў яго вядзерцы, часам без дай прычыны пачынаючы ліхаманкава, як па камандзе, брохаць.

— Усё ясна, — сказаў ён, выслухаўшы мяне. — І ясна, што Лапатуха павінен быў загінуць пасля лекарскага заключэння Лыганоўскага. Нехта збаяўся таго, што да чалавека вернецца псіхічная раўнавага.

— З тых, што прысутнічалі?

— Чаму? Кожны з іх мог расказаць пра гэта камусьці са сваякоў ці знаёмых.

— Лыганоўскі такі з'ехаў.

— Ну так. Сказаў: «Калі кожнае маё слова на гэтай цудоўнай і высокамаральнай старонцы будзе весці да такіх вынікаў, дык я знікаю, і няхай яны тут жывуць па сваіх норавах і звычаях. Мне да іх цяпер, што Кутузаву да Англіі».

— А што было Кутузаву да Англіі?

— Ну, калі мы надта ўжо насіліся і панькаліся з новай саюзніцай, дык ён сказаў «пфуй» і імператару і такой палітыцы і дадаў нешта ў сэнсе: «А по мне так хоть сейчас же провались этот остров — я бы и не охнул».

— Т-та-ак, гуманнасцю тут фельдмаршал не вызначыўся.

— І ўсё ж я нікога не бачу з прысутных там, хто мог бы такое ўчыніць, каго мінулае звязвала б з гэтым няшчасцем.

— Мы яшчэ вельмі мала знаем. І таму не можам прадбачыць і прадухіліць учынкі гэтага або гэтых. І ты маеш рацыю: маглі камусьці і расказаць.

— «Прадухіліць». А тут праз гэтае няведанне гінуць і гінуць людзі. Вы не загінулі ўчора толькі дзівам.

— Думаеш, штучны абвал?

— А як жа. Упаў кавалак мура там, дзе ламалі. І тут да сатрасення далучылася сіла, прыкладзеная да пліт.

Шмаргануў. На гэты раз акунька.

— Кінь, — нечакана папрасіў ён. — Кінь. Не твая гэта справа. І гэта пачынае рабіцца вельмі небяспечным. У наступны раз для цябе гэта можа не скончыцца так удала. А тут яшчэ твой нервовы стан. Кожны можа сказаць, што справай займаўся псіх. Даверу не будзе.

— І няхай не будзе. — Ува мне раптам прачнуўся гумар шыбеніка, чаго я ад сябе аніяк не чакаў. — Тут столькі разумных, што абавязкова патрэбен хаця адзін вар'ят. Калі не Лапатуха, то няхай ужо буду я.

— Ну-ну. Вар'яты часам павінны выказваць парадоксы. І ерэтычныя меркаванні. Нават замахвацца на аўтарытэты. Асабліва калі да гэтага грашылі перадавымі поглядамі.

— Ну так. Звышчалавечая пагарда да лаянкі і ўхваленняў… І куды ж гэта я ўваліўся, куды трапіў? І ў якую ж банду бандзюкоў могуць завесці чалавека перадавыя погляды? А многія ж лічаць свае погляды перадавымі. А ў каго сумленне атрафіраванае — тыя ўсе сябе ў перадавых лічаць. Вынаходзяць газы, атам, прэнг, шавінізм, гістарычныя ўчынкі, эшафоты. І вучаць тае маралі, толькі калі ведаюць, што на яе махнулі рукой… Адкрываюць, адкрываюць тое, да чаго нікому няма справы. А вот звычайнага сродку ад зубоў, ад галаўнога болю ды, урэшце, ад радыкуліту, калі ў чалавека азадак баліць… Чалавецтва крыкам ад гэтага крычыць, а ім слабо. Яны корпаюцца ў глаголіцах…

— Ну-ну. Ты даеш. Проста пурытанскі…

Ды раптам так і ўтаропіўся ў мяне.

— Ты што, марскога змея ўбачыў?

Ён, відаць, нават занепакоіўся, бо я нібы скарчанеў, утаропіўшыся ў адзін пункт.

Мая вуда паспяхова сплыла б на сярэдзіну става, каб ён не перахапіў яе.

— Ну вось. Вось і ў цябе. Ды глядзі, як павёў асцярожна… А, чорт! Ды што ўрэшце з табою?

Але тут я пачаў калаціцца ад смеху. Спачатку ціхага, а пасля зусім ужо нясцерпнага і нястрымнага.

— Ды што з табой, хлопча? Сапраўды ты з глузду з'ехаў, ці што?

— Ідыёт! Ідыёт!

— Згодзен, але чаму?

— Я сказаў… ой… пра глаголіцу.

— Не ты першы.

— І толькі тут мне стукнула ў галаву… Мы шукалі пад трэцяй вежай.

— Правільна. трэцяя літара, што ў кірылічным алфавіце, што ў глагалічным.

— Так. І ў глагалічным… ах-ха-ха!.. — першая літара і мае пад цітлам значэнне адзін, мае значэнне — два, а мае значэнне — тры… Ой, трымайце мяне! І нас ледзь не засыпала і не забіла пад трэцяй вежай.

— Та-ак. Не бачу нічога смешнага. Своеасаблівы гумар.

— Справа ў тым, што і — сапраўды адзін, два і тры. Так у глаголіцы. Але ў кірыліцы не мае лічбавага значэння. І ніколі не мела, як , як дзвервь , як Ш, Щ, Ю і іншыя. Не мела.

— Як-як?

— А восьтак. І значыць, ступ уніз, гэта азначае 6, а не восем ступ уніз. Б і Ж не мелі ў старажытнай Беларусі лічбавага значэння. — першая вежа, ніякая, разумееш ты, ніякая. А — гэта другая вежа ад кутняй. І значыць, памыліліся не толькі мы, але і тыя, што хацелі нас засыпаць. Яны нічога не ведалі, яны толькі сачылі за намі. А ўсё, што мы… ох… яно пад другой вежай.

Я знямог ад смеху, зусім знясіліўся:

— А божа мой! Ёлуп! Ёлупень! Асёл раменныя вушы.

— Нічога, асёл на чатырох нагах дый то спатыкаецца.

— Ну досыць. Я больш не дазволю гэтаму аслу спатыкацца. Мулам мне зрабіцца, калі гэта не так.

З гэтага моманту я цвёрда вырашыў, што ніхто, нішто і ніколі ў аслы мяне не запіша. Гісторыя калісьці пакажа, так гэта ўсё здарылася ці не так.

Яшчэ толькі адно. Пакуль мы дайшлі да месца, дзе нам трэба было разыходзіцца, я перадаў Хілінскаму ўсе свае меркаванні па гэтай справе. Няхай перадае далей каму захоча. Я не хацеў далей рызыкаваць. Ці мала што магло здарыцца са мною ў гэтым ідыёцкім кутку?

Ён слухаў уважліва, а потым, нічога не каменціруючы, сказаў толькі нейкім нібы безуважным голасам:

— Падобна на тое, — і дадаў пасля паўзы: — І вось яшчэ што. Гэта табе пажытак для разважанняў. «БТ» ніколі, з самага заснавання ларка, кіяскёру не адпускалі.

Што мне было да «БТ» і да гэтага небаракі? Мяне ўразіла іншае.

— Дык, значыць, пошукі ідуць? Іх не кінулі?

— Ат, — адмахнуўся ён, — нічога я не ведаю. Шчука неяк абмовіўся. Я думаў, гэта табе будзе цікава… Калі не — прабач.

Праз дзень ціхі наш прыстанак ператварыўся ў стоўпатварэнне вавілонскае. Сноўдалі паміж Альшанамі і Альшанкай розныя машыны і розныя людзі. Прыязджалі нават з Кладзенскага і са сталічнага музеяў. Завіхаліся вакол руіны, фатаграфавалі, абмервалі.

Мяне гэта не датычылася. Я зрабіў сваё і на гэты раз спадзяваўся, што без памылкі.

Я проста рабіў тое, што і дагэтуль. Разам з хлопцамі са школы, Шаблыкам і Змагіцелем, разам з археолагамі (дзе прыбыль, там памагатых гібель) выносіў смецце і друз. На гэты раз з другой вежы.

Гэта частка яе, частка замураванай некалі брамы, абвалілася ў той дзень, выклікаўшы абвал і над намі.

Тыя, прыезджыя, накшталт славутых гогалеўскіх пацукоў «панюхалі ды і пайшлі прэч». Прашу ў іх прабачэння. Усе тыя дні я, нібы прадчуваючы нешта нядобрае, прабываў у самым дрэнным настроі. Хацелася раўці і кідацца на людзей. Баюся, што нават вочы ў мяне наліліся крывёю, як у бычка.

Прыходзілі і адыходзілі мясцовыя. Часам на ўзгорку людзі збіраліся нават у маленькія паасобныя купкі, дзе ажыўленыя, а дзе і змрочныя. Нібы нейкі дух неспакою і трывогі павіснуў над Альшанкай.

— Ну што, наклёўваецца нешта? — спытаў Нічыпар Альшанскі.

Стаяў ён наводдаль разам з Вячоркам, Высоцкім і Ганчаронкам.

І хаця, адгробшы чарговую порцыю рознай парахні, на глыбіні шасці ступ ад «мацерыка», мы сапраўды толькі што знайшлі выбіты на камені контур карабля, я адказаў унікліва:

— А чорт яго ведае. Тут такая галаваломка, што нельга быць пэўным ні ў чым… Можа, нешта і знойдзецца, а хутчэй за ўсё, не.

Я не хацеў рассыпаць амаль завершанага ўзору ў сваім калейдаскопе.

Магчыма, я памыляўся, але я не хацеў сапсаваць справы аніводным неабдуманым учынкам, аніводным неасцярожным словам.

Да вечара мы расчысцілі амаль усю пляцоўку. Я ўжо нават прыблізна бачыў, дзе пліты на падлозе драбнейшыя. Там можна было дапусціць існаванне замураванага лаза. Таму я спецыяльна не даў рабіць хлопцам раскопку да канца.

— Досыць на сягоння. Заўтра з раніцы зоймемся зноў.

Яны бурчалі. Азарт ёсць азарт, асабліва калі справа падыходзіць да канца.

— Нічога, нічога. Пакіньце крыху прыемнага чакання і на заўтра.

— Прыемнага, — досыць здзекліва сказала Сташка. — Нічога там прыемнага не будэе. Проста хочацца хутчэй дакапацца.

Я пазмрачнеў:

— Калі нават я маю рацыю, то адзін дзень нічога ўжо не дасць і нічога ўжо не зменіць. Калі нават здагадкі правільныя. Таму што людзі, мы, у гэтым выпадку спазніліся з дапамогай. На добрыя тры з паловай стагоддзі.

Раздзел VIII Два прывіды ў лагчыне нечысці і дама з чорным манахам, або паршывы беларускі рэалізм

…Мы ўмыліся ў рукаве рэчкі, развіталіся, і я пайшоў праводзіць Сташку і яе каманду да лагера. Там ўжо весела скакала вогнішча і шыпеў на ім кацёл з нейкім супам, мяркуючы па паху, курыным, а ля яго чарадзейнічала худзенькая Валя Волат. Усе расселіся навокал.

— Што гэта вы так позна? — спытала сённяшняя кухарка.

— Свіння палудня не знае, — адказаў Сядун. — Дый не толькі мы вінаватыя. Певень жа яшчэ не зварыўся.

Я адчуваў, што Генка зноў нешта рыхтуе.

— А ўсё яна, — сказаў вісус, ківаючы на дзяўчыну. — Не трэба было ёй глядзець, як пеўня рэзалі. У яе вока жывіць.

Уздыхнуў з фальшываю скрухай:

— Так доўга мучыўся певень.

Тут Валя мяне здзівіла. Відаць, Генкавы блазноцтвы ўжо нават ёй у глотцы сядзелі.

— Гэ-эх, — сказала яна, — не чалавек, а засуш. Ды яшчэ такая засуш, што й пустазелле ў полі сохне.

— Сам ён пустазелле, — сказала раптам Тарэса.

— А мая ж ты даражэнькая, а мая ж ты таечка. А я ж з табою жаніцца хацеў.

— З якою па чарзе? — спытала Тарэса. — Жаніся, толькі не са мною.

— Жаніся, каб дурні не перавяліся, — дадала Валя.

Генка прыцінуў, разумеючы, што тут ужо ўсе хочуць прыціснуць яму хвост. Нават пасля ежы гжэчна сказаў «дзякуй», але Волат і тут была няўмольная:

— Дзякуй за абед, што паеў дармаед.

— Літасці! — узмаліўся Сядун.

Але дзяўчатам і самім ужо не хацелася дабіваць «дармаеда». Зляцеў ціхі анёл.

Я не ведаю нічога лепшага за вогнішча. Яно прываблівае заўсёды. Але асабліва ў такім вось свеце, залітым аліўкава-залацістым святлом поўні. Паўсюль мяккая аднатоннасць, паўсюль нешта такое, што вабіць невядома куды. І ў гэтай трохі нават серабрыстай месячнай імгле — цёплы і рухомы чырвоны мазок.

Мастакі разумеюць гэта. Добрыя мастакі.

— Мне час, — сказаў я, уздыхнуўшы, і ўстаў.

— Бадай што, я вас праводжу да краю гарадзішча.

Прахалода начнога паветра на абліччы. Асабліва ласкавага пасля цеплыні вогнішча. Мы ішлі ў гэтай імгле. Вогнішча аддалялася і ператваралася ўжо ў плямку, у жывую іскру. Ледзь прагнутаю чашай, аліўкава-серабрыстай пад поўняй, ляжала перад намі паверхня гарадзішча, адакрэмленая ад астатняга свету ценем ад валоў.

— Месячны кратэр, — сказала яна.

— Станіслава, ты не перадумала?

— Аб чым?

— Не раскайваешся?

— У чым?

— У тым, што сказала ўчора.

— Не, — ціха сказала яна. — І думаю, што не буду каяцца. Да самага канца.

— І я. Да самага канца. Усё адно блізка ён будзе ці далёка. Толькі я не ведаю, чым я заслужыў ад бога такое.

— А гэтага нічым не заслугоўваюць.

— Ні абліччам, ні маладосцю, ні ўчынкамі, ні нават вялікімі справамі.

— Часам. Калі такое ўжо і без таго з'явілася. А яно прыходзіць проста так.

Я ўзяў яе далоні ў свае. Потым у маіх пальцах апынуліся яе локцікі, потым плечы.

Я прыцягнуў яе сабе на грудзі, і так мы сталі, злёгку пагойдваючыся, нібы плылі ў нерэальным месячным зарыве.

Пасля, праз незлічоныя гады, я адпусціў яе, хаця гэты свет поўні быў сведкам таго, як мне не хацелася гэтага рабіць.

— Бывай, — сказаў я. — Да заўтра.

— Да заўтра.

— Што б ні здарылася?

— Што б ні здарылася з намі ў жыцці — заўсёды да заўтра.

— Баюся, — сказаў я. — А раптам нешта непапраўнае?

— Усё адно да заўтра. Нічога такога няма, каб адабраць у нас вечнае «заўтра».

Ногі самі неслі мяне па схіле. Я здатны быў біць нагамі, як жарабя пасля зімовай стайні. Усё нутро нібы захлыналася, да краёў перапоўненае радасцю.

Была, аднак, у гэтай радасці адна халодная і разважлівая жылка ўпэўненасці. Упэўненасці і ведання, якія вырасталі б і выраслі, калі б я даў ім волю. Я ім, аднак, гэтай волі не даваў занадта, поўны тым, што толькі вось адбылося, нованароджаным пачуццём лікавання.

І я не даваў волі раптоўнаму азарэнню, якое прыйшло і не адпускала мяне, зрабіўшыся ўпэўненасцю і веданнем. І ў гэтым была мая памылка.

Але я проста не мог, каб у маім новым адчуванні еднасці з усім гэтым бязмежным, добрым і мудрым светам жылі падазрэнні, нянавісць і зло.

Я ўступіў у невялікую лагчынку, лепей сказаць, нават шырокі раўчук. Злева і справа былі досыць стромыя сценкі адхонаў, сцежка вілася па дне і выходзіла ў нешырокі праём, за якім, не міргаючы, стаяла вялізная нерухомая зорка.

Цьмяна і таямніча стаялі ў катлавіне ў нейкім нікому не вядомым парадку вялікія і меншыя валуны. Гэта было месца, у якім старая народная фантазія ахвотна змясціла б пляцоўку для ракавання рознай болыш ці менш шкоднай язычаскай нечысці. Яна вымірае, але ўсё адно ў такія вось поўневыя ночы, калі вакол светла і толькі тут пануе паўзмрок, сюды збягаюцца на начную капу, начны суд Вадзяніцы, Балотныя Жанчыны, феі-Мятлушкі, Вогнікі з балатоў, Карчы, Лесавікі, Хахолы і Хохлікі і іншыя напаўзабытыя бажышчы. Успамінаюць, плачуць па былым, твораць свой суд.

Сталёвыя воды туманам сплываюць,

Ледзь дыхаюць пасмы пажоўклай травы.

У нізіне, дзе замак спачые сівы,

Апошняя фея цяпер памірае.

Гэтая лагчына — апошні куток іхняга калісьці бязмежнага каралеўства. Гэтыя ледзь бачныя камяні — іхнія былыя павержаныя троны. Троны ў лагчыне, у якой густа настаялася іхняя трывога, бездамоўе і асуджанасць. Іхняя апошняя безнадзейнасць у мёртвай пустцы бездухоўнасці.

І адзіная жывая — ці жывая? — істота ў гэтым свеце закінутасці і пахмурай тугі.

Не, я не быў тут адзінаю жывою істотай. Перада мною якраз на тым месцы, дзе сцежка нырала ў вузкую расселіну, каб метраў праз дзесяць вырвацца на прастор, узвышаўся дужа высокі цень чалавека.

Гэты цень узняў руку і павольна апусціў яе. Усё гэта чынілася ў поўным маўчанні, у якім было нешта такое, што абяцала нядобрае.

Я азірнуўся назад — яшчэ адзін цень цяпер блакіраваў другое выйсце, тое, якім я забрыў у гэтую пастку.

А я ж усё ўжо зразумеў, я ведаў і мог спадзявацца на такое. Але я, аслеплены сваім шчасцем, здушыў свае прадчуванні, не даў ім волі.

І цяпер плаціўся за гэта.

— Вы хто? — удаючы поўную безмяцежнасць, спытаў я.

Ён маўчаў. І раптам на цёмнай пляме аблічча цьмяна праявілася белая падкова. Невядомы ўсміхаўся.

— Урэшце можаце і маўчаць. Я ведаю і так.

Іхнія паставы лепей за ўсе словы казалі аб тым, што гэтаму майму веданню я і абавязаны гэтым начным спатканнем і што яно не можа не скончыцца для мяне кепска. Бо майго маўчання аб гэтых ведах нельга было купіць, але можна было здабыць, перастрэўшы вось так на вузкай сцежцы. Яны і перастрэлі. І гэта была не першая іхняя спроба здабыць маўчанне за кожную цану.

— Здароў, Ганчаронак, — кіўнуў я, пакасіўшыся на таго, што падыходзіў ззаду. — І ты здароў, Высоцкі, — гэта пярэдняму. — Што, спакой абрыднуў аматару «ціхага жыцця»?

— Ну, здароў, — гэта працадзіў урэшце першыя свае словы Высоцкі. — Добрай ночы, Косміч.

— Наўрад ці яна будзе добрая.

— І тут ты не памыляешся, — з лянотным спакоем сказаў ён.

— Дарэмна вы задумалі, хлопцы. Дарэмна распачалі. Маё маўчанне ўжо нічога не каштуе. Я парушыў яго. І калі са мной нешта здарыцца — тыя людзі зробяць свае высновы. І на гэты раз хістацца сабе не дазволяць. Марудзіць не будуць.

— А нам не трэба. Гэта не здабыццё маўчання, — азваўся Ганчаронак. — І нават не зусім помста. Проста падвядзенне ітогаў. Ты зрабіў сваю справу, прывёў нас да табой жа адкрытага сховішча. А ўжо ўскрыць яго — тут нам цалкам хопіць твайго маўчання да раніцы. Гэта для нас яно будзе — да раніцы. Для цябе яно будзе на неакрэслены час. Нават калі разлічваць на трубу архангела.

— Для вас яна таксама ўструбіць, — сказаў я. — Хутчэй, чым спадзеяцеся.

— Гэта мы, як кажуць, яшчэ паглядзім, — сказаў Ігнась.

— Ну дык што, — прапанаваў я, — прысядзем ды пагаворым.

— Цягнеш? — гэта Ганчаронак. — Выгандлёўваеш пару хвілін? Не дапаможа.

— Не, не цягну. Проста пастараемся наталіць вашу і маю цікаўнасць. Узаемна. Цікава ж, праўда, як працавалі нашы галовы?

— Твая скора працаваць не будзе, — сказаў Ганчаронак.

— Кінь, — перарваў Высоцкі, — і сапраўды цікава. А часу нам хопіць, нават зашмат будзе. Патрэбнае нам можна і перахаваць лёгка. Астатняе хай гарыць.

— А тое, што патрэбна не табе і мне?

— Можа, і знойдзецца. А можа і згарэць, хрэн з ім… Сапраўды, давайце сядзем ды ціхамірна пагаворым.

І ён паказаў мне на вельмі высокі валун узбоч сцежкі.

Самі яны селі на два ніжэйшыя, каб мець большую за мяне свабоду ў рухах. Начная капа нечысці пачалася.

— Ну вось і пагаворым, — ляснуў сабе па калене Высоцкі.

Сеймік быў, як кажуць, невялічкі, але вельмі пажондны. У двух яго ўдзельнікаў (я быў упэўнены ў гэтым) акрамя перавагі грубай фізічнай сілы — можа, не такой ужо і вялікай перавагі — з поўнай пэўнасцю можна было знайсці ў кішэнях нажы, а ў кагосьці, можа, і сімпатычны маленькі кастэт, а ва ўнутраных кішэнях пінжакоў або пад пахай — пісталеты.

— Пачынай, — нібы прыспешваючы, сказаў Ганчаронак.

— Пачну, — сказаў я. — Пачну з таго, што калі нават і не на сто працэнтаў, але я ведаю вашу гісторыю, ваша мінулае. Як? Лічыце, што спачатку гэта былі проста няясныя здагадкі. Я не ведаю, якім чынам вы даведаліся аб кнізе і таямніцы, схаванай у ёй. Але вы ведалі. Магчыма, яшчэ з часоў вайны, з часоў апошняга Альшанскага. На жаль, вы не здолелі прысутнічаць пры фінале трагедыі і дакладна не ведалі, дзе і што ў дадатак да старога скарбу схаваў апошні князь. Таму што ў справу ўмяшалася гестапа, якое хавала архіў, і айнзацкаманда, якая хавала нарабаванае. І тая і тая арганізацыі размясцілі свае схованкі ў небяспечнай блізкасці да старадаўняга скарбу. Ім здалося, што больш надзейнага месца не знойдзеш. І яны не былі схільныя інфармаваць старонніх, ды яшчэ тутэйшых, адкрываць ім свае таямніцы. Наадварот, прыхаваўшы ад вас вашыя ж справы, яны прымусілі вас застацца тут надзейнымі вартаўнікамі сваіх каштоўнасцей і ў выпадку чаго абаронцамі іх, бо вы заадно баранілі свой спакой і сякую-такую будучыню… На такую неспадзяваную непрыемнасць, калі нехта пачаў бы шукаць і капаць.

Яны пераглянуліся.

— Але гаспадары не выжылі. Стары Альшанскі хуткім чынам памёр. Кніга знікла невядома дзе. Вы не маглі і падумаць, што яна закінутая на гару ў хаце дзеда Мультана, дзе яе знайшоў Пташынскі. Затое ў вас была надзея, што не ўсё згублена, пакуль кніга невядома дзе, а нават і знойдзеная дасць мала карысці таму, хто знайшоў. Бо яму трэба здагадацца аб існаванні шыфраванага паведамлення, раскрыць яго і… гэтага мала, мець у руках рэчавы прадмет, без якога, як лічыў старадаўні князь, дый вы таксама, расшыфроўка таямніцы немагчымая. Ні ён, ні вы не падумалі, што, маючы на плячах хаця нейкае падабенства галавы, можна абысціся і без наяўнасці рэчы.

— Якой рэчы? — праціснуў праз зубы Ганчаронак.

— Я шмат над гэтым думаў. Выпадак дапамог мне, а вы сваімі паводзінамі падмацавалі маю здагадку. Гэта «мед», медзь, гэты таўкач у вас, Ганчаронак. І ступа, якая, я амаль упэўнены, у вас, Высоцкі. Што ж вы не склалі сваіх набыткаў у адну агульную скарбніцу? Баяліся, не давяралі адзін аднаму. Збіраліся шантажаваць адзін аднаго агульным няпэўным мінулым?

— Брэшаш, — сказаў Высоцкі.

— Чаму брашу? Вы проста не знайшлі кнігу. Так супалі абставіны. Непатрэбныя былі ні злачынствы, ні новыя і новыя вашы ахвяры.

— Тут ты зглупіў, — сказаў Ганчаронак. — Мы з часам здагадаліся, што ты нейкім незразумелым чынам зрабіў звышнатуральнае, хаця меў у руках толькі трэць таямніцы. Нам заставалася толькі сачыць за табой.

— І з некаторага часу вы здагадаліся, куды вядзе мяне ў гэтым лабірынце мая ніць. І тады я стаў непатрэбны. І тады вы пачалі рабіць шматлікія спробы. Вам цяпер трэба было абавязкова прыбраць мяне з дарогі. Каб не перашкаджаў. Адной была спроба закідаць мяне камянямі падчас «дуэлі ліхтароў». Другой — напад чатырох (здагадваюся, хто былі астатнія два, і здагадваюся, чаму яны сёння не тут). І трэці замах, які ледзь не скончыўся поспехам. Абвал.

— Чацвёрты ўвянчаецца, — сказаў Ганчаронак.

Я цягнуў. Бессаромна цягнуў. Выйсця для мяне амаль не было. Была толькі слабая надзея, што нехта прыйдзе ў «плябанію». Да мяне. Што можа нехта спахапіцца, і мяне пачнуць шукаць. Мне трэба было, як мага затрымаць іх, каб ім менш засталося часу да раніцы. Калі гэта зараз узыходзіць сонца? Гм, недзе а палове чацвёртай. Заставаліся нейкія тры з невялічкім гакам гадзіны.

Трэба было як мага ратаваць справу, калі я ўжо не мог уратаваць сваё жыццё. Ратаваць справу, за якую налажыла галавою столькі людзей.

Мне дужа не хацелася кідаць перадчасна гэты лепшы са светаў (ці лепшы, калі па ім швэндаецца такая сволач?), але як ужо такое было кімсьці прадвызначана, то я хацеў быць апошнім, які заўчасна яго кіне.

Каб пасля мяне болей — ніхто.

Свет быў да краёў заліты абыякава-прыўкрасным святлом поўні. Лагчына, у якой мы сядзелі, да краёў, аж з коптурам, перапоўнена цёмным прысмеркам. І справа ад сябе бачыў я чалавека з тварам, які быў пасечаны дробнай сеткай зморшчын і з вушамі вялікімі, як у Буды, а злева — другога, вялізнага і моцнага, які з лянотнай грацыяй разваліўся на камені.

— Вы лічылі, што, калі разнесяце мур каля вежы, вам лягчэй будзе забрацца ў яе сутарэнні. Пад шумок. То адны разбіраюць, то вы. І вось Ганчаронак з усім уласцівым яму шармам пераконвае старшыню ва ўсёй мэтазгоднасці зачыніць мячэць і зрабіць у ёй свінюшнік.

— Якую мячэць?

— Ну, прабіць запасны ўваход у замкавы двор і зрабіць у ім даржнік, скацінны двор… А тут я, з фотаапаратам. І нават старшыню напускаць на мяне не трэба, каб самім застацца ўбаку. Старшыня сам на ражон лезе. Дошку ж ахоўную знялі. Закону няма бурыць, а тут — на гарачым… Невялічкая, але непрыемнасць. А тут яшчэ два Іванавічы, што яму на гэтым краязнаўстве даўно вушы аб'елі. А вам з гэтым іхнім «Ведай свой край» ды «Ніхто не забыты, нішто не забыта» і пагатоў. Бо вам якраз і трэба было, каб людзі менш ведалі свой край і трывала забылі пра некаторых тыпаў і іх учынкі.

— Ігнась, я яго зараз ромбну, — сказаў Ганчаронак.

— Дай спакой. Хіба табе не цікава, да чаго ён там дадумаўся? Хай балбоча. Далёка ён сваіх ведаў не данясе. А нам цікава будзе ведаць, чаму ён западозрыў. Я ўжо не дужа разумным выглядаў, а пра цябе й казаць няма чаго. Настолькі тупая жывёліна, што падазрэнняў не павінна было быць.

Ганчаронак палез рукою ў кішэнь.

— Кінь, — сказаў Высоцкі, — нож ты добра кідаеш, але яго праз кішэнь, як кулю, скажам, не кінеш. Сядзі і слухай.

— Часта трапляўся ты мне, Тодар, на дарозе. Часам ноччу. І скакаў цераз канаву, поўную вады, каб малую патрэбу справіць. А нашто?

— А на тое… Сустрэліся тут з адным…

— А да гэтага, на другой дарозе, пра «страшныя яйкі» размаўлялі? — Я спадзяваўся толькі, што хлусня і дапушчэнні, збудаваныя на пяску, не занясуць мяне ўбок.

— Ч-чорт.

— Полем вы адтуль ішлі, каб вярнуцца іншай дарогай, чым той.

Хто «той» было для мяне цёмнай ноччу, як многае і многае ў гэтай справе. Многае, аб чым я ўжо ніколі не даведаюся. Але я павінен быў удаваць, што мне вядома куды болей, чым на самай справе (толькі б не перагнуць!), і таму нават брахаць з большай ці меншай доляй верагоднасці.

— Вы спяшаліся. Тым болей што тады, падчас дарогі на станцыю, у грузавіку, я прабалбатаўся, што звязваю ўсё, што адбываецца, не толькі з тым скарбам, але і з падзеямі перад уцёкамі немцаў. Тут ужо трэба было і справу з Лапатухам неяк давесці да ладу (дуэль ліхтароў), а заадно і са мной, калі ўжо ноччу палез у вежу, трапіўся пад руку. І ўцякаць нават не было як. Прывязаныя да архіваў… То ж бо ты тады на станцыі, Высоцкі, так на дзядзьку ў піжаме псіхануў. Сапраўды, едзе сабе куды хочаш, а ты, «тубылец», вымушаны на месцы сядзець, дрыжаць і чакаць на вынікі. Дый дзіўна, што чалавек не ведае, дзе ягонага брата расстралялі, у Кладна ці ў Беластоку. Больш усё ж на Кладна чуткі кажуць. І прозвішча на помніку чорным па белым.

— Якую справу з Лапатухам? — нібы нічога пасля ўпамінавення аб ім не слухаў, спытаў Высоцкі.

— А вы думалі, што калі ён замак за сваю крэпасць лічыць, вас штодня бачыць і падсвядома пабойваецца, і напускае на сябе большую дурыну, чым на самай справе, то ён можа нейкі там патаемнічак уладкаваць. Для вернасці вы тады ноччу ў вежы і мур ламалі. У падазроным для вас месцы.

— Разумны ты чалавек, Косміч, — з млявай пагрозай сказаў Высоцкі. — Разумны. Толькі ты, як поляк, мондры по шкодзе. Спахапіўся позна.

— Так. Я ведаю. Але не думаю, каб вы дужа выйгралі ў часе. Не толькі вас тут нешта трымае. Трымае тут сёе-тое і яшчэ аднаго чалавека.

— Загадкамі гаворыш, — сказаў Ганчаронак.

— Але.

— Ну, далей, — сказаў Высоцкі.

— Пра спробу ўзлому маёй кватэры, пра «маю» запіску да Мар'яна я казаць вам нічога не буду. І без таго доўгі сказ. Не ведаю таксама, што вас вяло да другой вежы? Пэўна, лагічны працяг, праекцыя на будучае, маіх учынкаў. Але трэцяй вежай я вас на хвіліну збіў з панталыку.

— Ненадоўга, — сказаў Высоцкі.

— Правільна. Іначай вы б мне там магілу не ладзілі. Тады б апошняй ахвярай быў бы не я, а Лапатуха. Надта вам словы лекара не спадабаліся, што той Людзвік можа ачомацца, апрытомнець… Так, многае адбывалася. Шмат аб чым я не ведаю, шмат аб чым не ведаеце і вы.

«Цягнуць болей няма чаго. Ды я і стаміўся. Дужа стаміўся духам. Хутчэй бы, сапраўды, канец. Доўжыць гэтую камедыю няма ані сілы, ні жадання».

— Вас так ці іначай спаймаюць. Рана ці позна. І тады ўсе будуць адпомшчаныя. І я таксама.

— Ды не, — сказаў Высоцкі, — пакуль тое, дык гэта перад намі адкрыты шлях. І калі мы возьмем усё ў свае рукі — малойчыкі накшталт вас не спатрэбяцца.

— Некаторыя і раней казалі тое самае. Дзе яны? Але як гэта, на агульнае няшчасце, і здарыцца — вось толькі тады мы па-сапраўднаму і спатрэбімся. Нават тыя, каго зараз не дужа бяруць усур'ёз (з розных бакоў), аматары і знаўцы «справы».

— Гэта яшчэ чаму? — уеў Ганчаронак. — Пакуль мы тут гаспадары. І з часам будзем гаспадарамі поўнымі. У нас здаровы сэнс.

— Не будзеце, — быў я амаль спакойны. — Думаеце, божыя і чалавечыя законы адмененыя на карысць гэтага кутка ці якога-небудзь іншага на зямлі? Толькі таму, што мы нарадзіліся тут? А нейкі там Гітлер у Германі? А Ўласаў у Расеі? Не, гэтыя законы нідзе не адмяняюцца. Карабель ваш дужа стары і зараз ляціць на рыфы.

— То што ж нам, бедным, рабіць? — у фальшывай скрусе спытаў Высоцкі.

— А трэба было вучыцца з дзяцінства сумленнасці, якая ў тым моры жыцейскім замест навігацыі. Вывучыць яе, і жыць, і плысці сабе. Або пагарджаць ёю і тады — будзьце вы праклятыя ў вякі вякоў!

— Што ж, пагаварылі. — Высоцкі дастаў пісталет.

Я гатовы. Мне амаль не страшна. Так, нібы крыху смокча пад лыжкай. Але тут я ўзнімаю вочы.

…Далёка-далёка, за цемрай, за месячнай імглою, гарэла іскра вогнішча. Як жа я мог не падумаць пра яе?!

«Выхаду! Выхаду кожнай цаной, акрамя прыніжэння!»

Ён прымерваўся. Прымерваўся і я. Мне трэба было толькі, каб ён страціў спакой, каб рука ў яго не была цвёрдая.

І таму я пусціў у ход апошнюю сваю здагадку, амаль сумежную з упэўненасцю:

— Што ж, да хуткага спаткання, Высоцкі… І ты да хуткага спаткання… Боўбель.

— Што-о?!

— Боўбель. З двайной бухгалтэрыяй. Па даходах і па трупах. Перадрыжалі вы, бедалагі. Што, Боўбель, усе гэтыя гады не піў, толькі рот гарэлкай паласкаў?

— Здагадаўся, — хмыкнуў Ганчаронак-Боўбель. — Анягож.

— Ясна, уцёк ты тады балотнай сцежкай. Аднаму табе вядомай. Адзін уцёк. А сябры-сведкі накрыліся. Таксама двайную бухгалтэрыю вёў? Са сваёй бандай і з немцамі? А ты, Высоцкі, ці не мачаў ты пальцаў у кроў павешаных у Кладна? Архіў вам быў патрэбны. Грошы — абодвум.

— Ну вось, — перапыніў Высоцкі. — Тут табе і канец. Мала мы вас, гадаў, перакоцалі.

— Брудныя вы падлы… На што спадзяецеся?

Пісталет рыўцом узняўся ўгору, пасля пачаў апускацца. І тут я адкінуўся назад і ўпаў за валун. Упаў на правы бок (крый божа, каб не на руку!), клубком, як трэба падаць з каня, адкаціўся далей ад каменя.

У момант падзення проста нада мною сцёбнуў, як тоўстым бізуном, стрэл. Я падымаўся ўжо, але падвяла, паехала па вільготнай траве правая нага, і я ледзь не торкнуўся ў дзірван носам, адначасова адчуўшы, як нешта апякло левы плячук вышэй ключыцы.

Ганчаронак-Боўбель кінуў-такі нож, і, каб я не асклізнуўся, не тыцнуўся, нож гэты зараз стырчэў бы ў мяне з-пад левай лапаткі.

Цяпер нож ляжаў на траве, і я падхапіў яго: усё ж нейкая зброя ў руках. Хаця што азначала тая зброя супраць пісталета?

…І тут успыхнула вакол з дзесятак кішэнных ліхтароў, і я, аслеплены, убачыў толькі, як з адхону ўскінулася ў паветра доўгае, чорнае ў гэтым святле цела і нібы злілося з постаццю Высоцкага, насела на яго. Адначасова з гэтым ляснуў другі стрэл, які не трапіў у мяне толькі таму, што «фурман», «возны», ці як там яго, упаў. І сабака ўжо прыціснуў яго да зямлі і трымаў у пашчы ягонае правае запясце.

У наступны момант яны пакаціліся па зямлі, і нічога ўжо не было разабраць. А я скочыў на Боўбеля. З нажом. Той прысеў, каб унікнуць удару, бо я ў гарачцы мог-такі паласнуць яго або ўсадзіць яму некуды нож па самую рукаятку.

Ён зручна ўнікнуў нажа і тым самым вельмі зручна падставіў падбароддзе якраз пад маё калена, якім я не замарудзіў і лупянуць яго з усёй сілы, так, што аж ляснулі зубы і ён закінуўся дагары, усёй спінай і патыліцай прыпячатаў матку-зямлю. І тут я насеў на яго, перахапіў правую руку з шыпастым кастэтам. Мне трэба было дарвацца да гэтай глоткі.

Трэці стрэл аднекуль. Куды? Я не ведаў гэтага, здатны дзерці, ірваць на кавалкі, грызці.

Калі мяне адцягнулі, крывавы туман усё яшчэ стаяў у мяне ў вачах. Я выскаляў зубы і хрыпеў. І толькі паступова праз гэты туман пачалі праступаць у святле ліхтароў абліччы. Перш за ўсё я ўбачыў Шчуку… Пасля невядомага міліцыянера, які толькі што надзеў на Высоцкага наручнікі. У Ігнася з правага перадрамення сплываў цурок крыві.

— Застрэліцца хацеў, — сказаў міліцыянер. — Здолеў-такі перакінуць тую цацку ў левую руку. Каб не стукнуў па ёй — тут бы яму і апошняе рыданне.

Цяпер я ўжо адрозніваў і Велінца, які ледзь адцягнуў Рама за ашыйнік, і яшчэ двух невядомых, якія закручвалі за спіну рукі ўсё яшчэ напаўпрытомнаму Боўбелю.

Плылі перада мной абліччы Змагіцеля… Дзеда Мультана з дубальтоўкай у руцэ… Шаблыкі… Вячоркі… Седуна… Сташкі.

Агні закруціліся ў маіх вачах. Зямля пайшла некуды ўбок.

Хілінскі (ён трымаў мяне справа) сціснуў мой локаць.

— Трымайся. Трымайся, браце. Нічога. Мінула ўсё.

А я рэшткамі прытомнасці, якая амаль знікала, падсвядома адчуваў, што не… не… яшчэ не ўсё. Нешта настойліва свідравала мозг, павінна было вось-вось усё праясніць, але бясследна знікала пры першай спробе спыніць, затрымаць яго, здагадацца. Апошніх шкельцаў так і не было ў гэтым калейдаскопе аблуднай хлусні і падступнай подласці.

Пад'ехала машына. Не ведаю, як яна завецца цяпер. А ў сярэдневяковай Беларусі воз, якім адвозілі затрыманых, называўся «кошыкам для салаты» або «для капусты».

«Вось так. Несучасны вы чалавек, таварыш Косміч. Несур'ёзны».

Арыштаваных павялі туды. Боўбель паспрабаваў было рэкнуць нешта накшталт: «Не я пачынаў. Гэта другія…»

— Расчараваны я ў табе, — пагардліва плюнуў Высоцкі і сказаў нахабна: — Ну вось, цяпер на пэўны час будзем гасцямі міністра ўнутраных спраў.

— Мабыць, і не толькі, — сказаў я.

Трэба было адпомсціць гэтай навалачы за «трубу архангела», і я вырашыў пусціць апошні пробны шар:

— Ад усёй душы спадзяюся, што гэта апошнія твае гасціны…

Ён не пашкадаваў сліны і сплюнуў таксама і ў мой бок.

— Апошнія, Ігнась Высоцкі… Ён жа Крыштоф за польскім часам… Ён жа Ўладак пры немцах… І хто яшчэ пасля вайны… Кулеш?

Высоцкі раптам ірвануўся ў мой бок з такою сілай, што міліцыянеры ледзь затрымалі яго. Твар у яго зрабіўся барвяна-сіні, жылы надзьмуліся на лобе. З глоткі вырываліся ўжо амаль не словы, а пагрознае і ўражанае, ашалелае хрыпенне. І выглядаў ён, як пакінуты і загублены назаўсёды ў свеце, дзе пануе бясконцы кашмар.

— Ты… Гад… Ты.

— Нічога, — сказаў я, — твой інсульт вылечаць. Каб ты ў трэці раз не вымкнуў кудысь. Каб хоць на трэці раз атрымаў тройчы заслужаную вышку.

Знік перакошаны твар. Калі машына ад'ехала, я сеў на траву і пачаў збіраць і складаць у купку нейкія галінкі і трэсачкі.

Сташка падышла да мяне і паклала далонь на маю галаву.


…Зноў гарэла вогнішча на Белай Гары. Бульба, што мы напяклі, была з'едзена, хаця й была апошняя, а не першая, асенняя.

Усё адно было смачна. Ды яшчэ з буйной кухоннай соллю.

І зоры над галавой. І сябры вакол. І вочы ўсіх глядзяць у адзін на ўсіх агонь.

— Проста паскудныя тварыны, — азваўся ўрэшце я, ужо амаль супакоены.

— Во, — сказаў Адам, — каб гэта Клепча чуў, ён бы адразу няўхільна і пранікнёна прамовіў: «Нешта я ані разу не чуў ад вас слоў „свядомы“ і іншых».

— А ты паступай свядома, — у тон яму азваўся я, — а не плявузгай. А то свядома мянціць языком і без цябе шмат аматараў.

— А ён адразу да твайго дырэктара, — усміхнуўся Шчука. — І скажа, што не месца сябру Космічу ў дружных шэрагах навукі, бо ён дае іншым выспятка ў азадак.

— Хопіць, — мне ўжо самому стала моташна ад тэмы. — Закурым, ці што?

Хілінскі павучальным тонам сказаў:

— Хто не курыць і не п'е — той здаровенькі памрэ.

Я застыў з пачкам цыгарэт у руцэ. Зноў нешта нібы раптоўна стукнула ў маю свядомасць. Але што? Гэтага я так і не мог да канца зразумець. А тут і Адам сваім пытаннем досыць недарэчы парушыў маю сабранасць.

— Як ты дайшоў да сваіх вывадаў?

— Цьху. Зноў сканцэнтравацца не далі. Тут дзіўнае не тое, што я дайшоў, а што столькі рэчаў старонніх маю думку адцягвала ўбок, а я, нягледзячы ні на што, усё ж здагадаўся. Як вы кажаце, «дайшоў». Сапраўды, з чаго ўсё пачалося? Ага, здаецца, так.

— Аднойчы мне проста стукнула ў галаву… Ну, нібы раптам сумясцілася несумяшчальнае. Смерць, пакаранне смерцю двох братоў Высоцкага. Калі яны адбываліся? З чым супалі?

— Ну, прысуд Крыштофу Высоцкаму гэта, здаецца, канец жніўня, — сказаў Шаблыка. — Ці сярэдзіна.

— А што першага верасня адбылося?

Паэт з мордай каўбоя і такімі самымі манерамі ціха кінуў:

— Вайна.

— Ну вось. Маглі замарудзіць? Маглі.

— Мацыеўскі выехаў.

— І мог не даехаць. Або падумаць, што перад тварам вечнасці… адзін нейкі.

— Ясна, — сказала Сташка.

— Трубіць яму ўрачысты марш, — сказаў Сядун.

— Маршы — паскудства, — сказаў раптам Мультан. — Не люблю маршаў. Дрэнь. Што ваенны, што вясельныя. Усё адно бойка будзе. І невядома яшчэ, якая будзе страшнейшая. З ворагам ці з бабай. Так што мне нават дзіўна, з чаго гэта некаторыя (няўлоўны позірк у мой бок) самі ў мех лезуць.

— Ваісціну, — падтрымаў яго Вячорка. — Так ужо я кавалерам зайздрыў. Думаю, вось разумныя людзі.

— А далей? — спытаў Шчука.

— А калі быў арыштаваны і асуджаны Ўладак Высоцкі? Мы ведаем, першыя два гады ён недзе па-за Кладна. Пасля з'яўляецца. Служыць у пашпартным аддзеле ці як там. Гэты час супадае з тым, калі была разгромлена арганізацыя, у якую ўваходзіў наш цяперашні… Словам, Леанард Жыховіч. Яго не схапілі — лішні повад для дурнога майго падазрэння. А ён і асеў тут, каб сачыць за ўсімі, хто цікавіцца замкам. Пыталі ў яго?

— Так, кажа, што была размова з нейкім членам арганізацыі аб Альшанцы і гэтак далей. Той, здаецца, таксама не трапіў у гестапа. Але твар ягоны ксёндз памятаў невыразна, — сказаў Шчука.

— Дык калі быў пан Уладак арыштаваны і асуджаны?

— Шаснаццатага ліпеня, здаецца, — сказаў Шаблыка. — «Прысуд выканаць у дваццаць чатыры гадзіны».

— Нашы калі горад узялі?

— Васемнаццатага, — буркнуў Шчука. — Усё адно не супадае. Паспелі б яго пусціць у расход.

— Так, — сказаў я. — А што адбылося семнаццатага?

— Ах, чорт, — узвіўся Хілінскі. — Паўстанне ў горадзе. Вось пра гэта, Шчука, неяк ты і не падумаў. Цяпер ясна, чаму раптам выскачыў жывы, як чорт з табакеркі.

— Верна, паўстанне, — сказаў я. — Ноччу на семнаццатае. Перадчаснае паўстанне, бо нашы былі яшчэ на досыць дальніх пераходах. Ну так, крымінальныя пазбівалі замкі якраз у той час, калі паўстанцы выламалі турэмную браму. Ахова ўцякла. Так што горад быў наш. Палову ночы і палову дня. Усіх арыштаваных выпусцілі. Але тут паўстанне падавілі пагранічныя войскі, што адступалі, і паліцаі. Частку нашых абяззброілі і пасадзілі ў турму назад. І пачаліся спешныя расстрэлы. У адзін з іх трапіў наш Высоцкі. А калі не трапіў? Васемнаццатага нашы ўзялі горад.

— І што? — спытаў Вячорка.

— А тое, што, акрамя іншага, таго, аб чым я ім казаў і вам цяпер сказаў, я падумаў: а раптам Крыштоф, адзін раз уцёкшы ад смерці, мог і другі раз уцячы… І адразу пасля вызвалення зноў аджыла банда Куляша. Не ведаю, з кім ён там супрацоўнічаў, каго прадаваў, перад кім прыніжаўся… Але адно ясна. Аднаго забойства хлопца ў Замшанах хопіць, каб на тым чалавеку паставіць крыж. І ўжо не сумнявацца, што ён на кожнае, на самае страшнае злачынства здатны. Ну а як вы ішлі?

— Аб гэтым пасля, — сказаў Шчука. — Мы ішлі прыблізна той самай дарогай, што і ты. Але мы перш за ўсё шукалі. Ты — думаў. Ды яшчэ дапамог нам азартам, на які мы не маем права. Словам, знайшлі мы ўсё ж людзей. Знайшлі сведкаў.

— І што сказалі сведкі? — спытаў Мультан.

— А сведкі, — нявесела сказаў Шчука, — тыя, што засталіся, мала чым нас парадавалі. Цётка была з ім на апошнім спатканні. Усё ж гэта яна канчаткова штурхнула Крыштофа на ягоны шлях. Спатканне далі. У моры справядлівай нянавісці яна была таксама і адзіным чалавекам, які яму спачуваў… Не дапамагло яе спачуванне. Вайна. Агульнае замяшанне, збянтэжанасць. І ён у гэтым тлуме пакінуў турму. І след ягоны згубіўся ў натоўпе. Дзе ён быў, калі мы прыйшлі, — бог ведае. Можа, тады і склалася ядро яго будучай банды. А калі прыйшлі немцы, ён ужо дзейнічаў па лясах. І адначасова быў звязаны і з акупантамі. Таксама двайная бухгалтэрыя. Пра гібель падполля мы ўжо ведаем сёе-тое, а даведаюцца яшчэ больш. Перад прыходам нашых ён дзейнасць сваю часова прыпыніў. Займаўся гандлем на чорным рынку. І тут немцы з уласцівай ім педантычнасцю пачалі праглядаць турэмныя акты. І жандары трапілі на смяротны прысуд Крыштофу. Устанавіць яго тагачаснае імя ім было лягчэй лёгкага. І вось тут такое. Усе думалі, што ён загінуў у вулічнай экзекуцыі, як людзі падполля, як ахвяры аблаў. Шкадавалі. А ён на такую высокую смерць права не заслужыў. Дый не памёр, як бачыце. Ці сутыкнуліся на ім два ведамствы: тое, што патрабавала кары яшчэ па старым прысудзе, і тое, дзе ён працаваў асведаміцелем, — не ведаю. Гэта яшчэ выясніцца. Як выяснілі мы ўсё і наконт Боўбеля… Твая здагадка была верная і наконт яго, Косміч. Толькі што здагадка не факт.

— А сучасныя іхнія ўчынкі?

— Сучасныя — ужо факт. Ну, уставайце, хлопцы. Час.

Мы развіталіся з экспедыцыяй і пачалі спускацца з гарадзішча.

Маўчалі, дый не хацелася болей гаварыць пасля перажытага і перадуманага сёння.

— А ўсё ж без тваёй галавы ім цяжка давялося б, — сказаў Хілінскі, паклаўшы далонь мне на плячо. — Без расшыфроўкі таго тайнопісу.

— Без першай трывогі, якую падняў бедалага Мар'ян.

— Цяпер яны даведаюцца. Цяпер лягчэй.

Месяц, што пачаў ужо хіліцца, заліваў касцёл пранізлівым і бязмерна журботным святлом, рабіў чорны гмах замка менш грувасткім. Ён здаваўся ўжо ў гэтым святле і не такім чорным, а нібыта адліваў крыху ў блакітнае.

— Пройдзем праз замкавы двор, — нечакана сказаў я.

— Гэта нашто? — спытаў Мультан.

— А раптам дама з манахам…

— Ты што, у глупствы гэтыя верыш? — здзівіўся Шчука.

— Веру не веру, але праз гэта не здолею я паехаць адсюль зусім супакоены. Не можа быць, ведаю. Але ж я сам бачыў.

— Хадзем, — вельмі ціха сказаў Хілінскі. Я ведаў, што толькі ў яго не было скептычнага недаверу (як у Шчукі, Велінца і Шаблыкі), паэтычнай здатнасці верыць, якая больш за жаданне верыць у неверагоднае (як у Змагіцеля) і забабоннай веры Мультана і Вячоркі («Цалкам магчыма. Янку Целюку аднойчы патрызнілася, ды і я нешта такое бачыў»).

Толькі ў ім быў несапсуты ніякімі меркаваннямі і акалічнасцямі просты давер да мяне. Давер, які перш за ўсё прагнуў праверыць, а што там робіцца на самай справе.

Давер, які і ёсць фундамент усякага навуковага і ненавуковага поступу. Той давер, які не дазволіў Марыну Гетальдзічу смяяцца з вопыту Марка Антонія дэ Дамініса над лінзамі і геаметрычнай оптыкай, а Галілею не дазволіў узяць пад сумненне навуковую сумленнасць абодвух (аж да разгадкі імі таямніцы «божага моста», «брамы новага свету», вясёлкі), прадоўжыць іхнія доследы і ўрэшце стварыць і ўдасканаліць тэлескоп[64].

Гэты верыў і ведаў, што калі я так кажу, то «нешта напэўна было, а вось што — трэба памацаць».

Наша кампанія, што якраз уваходзіла ў цёмны тунель брамнай аркі, збоку, відаць, моцна нагадвала «Начны дазор» Рэмбранта. Такія сабе нашчадкі кашчавых гёзаў, крыху ацяжэлыя гараджане з прэтэнзіяй на ваяўнічасць і мужнасць (гэта дзеля прыгажунечак, якія глядзяць на іх праз шчыліны ў аканіцах).

Двор, заліты святлом, цёмныя галерэі-гульбішчы на супрацьлеглым уваходу ягоным баку, грузлыя гмахі вежаў моцна паадбавілі гэтай ваяўнічасці, прымусілі ўсіх змоўкнуць і рухацца ўсё павольней, а пасля і наогул спыніцца.

Толькі Шчука, зваліўшы нейкую бляшанку, чартыхнуўся:

— Ну, давядзецца ўзяць за бакі Альшанскага, цяперашняга, вядома, што ён такое паскудства тут развёў. Накласці на яго, чорта, штраф. І не з калгаснай кішэні, а з асабістай. Тады заспявае.

Астатнія стаялі моўчкі. Нічога не адбывалася.

— Ну дзе ж тут твае «прывіды»? — з гумарам спытаў старшына Велінец.

Я зірнуў на гадзіннік і ўзняў вочы ў неба.

— Калі я маю рацыю — павінны дачакацца.

— Да заўтра чакаць? — спытаў ён. — Вось чалавек, які з ягоным ды цярпеннем памылку зрабіў, не пайшоўшы да нас.

— Пайшоў амаль, — буркнуў я. — Нічога добрага з гэтага не атрымалася.

— Колькі яшчэ чакаць? — гэта быў ужо Вячорка.

— А я нікога не прымушаю чакаць, Мікола Чэсевіч.

Хілінскі моўчкі дакрануўся да майго локця.

— Павінна быць вось-вось. Калі я не памыляюся, — шэптам адказаў я.

— Унь, — амаль прасвістаў глоткай Мультан, — унь замільгацела нешта.

На левым баку галерэі сапраўды нібы ўзнікла, заварушылася нешта. А пасля выявіліся і амаль невідочна для вока паплылі ўправа два невыразныя цені: цёмны і святлейшы.

— Яны, — здушаным голасам сказаў Хілінскі.

Гэта сапраўды здзіўляла, і ўражвала, і магло да паўсмерці спалохаць непадрыхтаванага.

Плывуць… Плывуць. Заліты фантастычным прывідным святлом двор. Два светлыя муры і вежы, што ў гэтым святле прыдбалі колер абгарэлага і запыленага чыгуну. І два муры чорныя і асабліва льсняна-чорная цемра на галерэі, і ў цемры гэтай рухаюцца дзве здані. Светлая постаць, цёмная, і аддзяляе яе ад астатняй цемры вузкая палоска святла.

— Не рухайцеся!

Я кінуўся амаль бегма да правага ўзыходу на гульбішча, узбег па ім і рушыў насустрач невыразна-цьмяным праявам.

Бліжэй… Бліжэй… І раптам яны зніклі. Тут жа ля мяне. Не здані і не прывіды, проста дзве плямы, што ператварыліся ў невідзімак.

— Яны зніклі, — даляцеў з двара голас Шчукі. — Але ты, ты асветлены, Антоне.

Я ўскінуў галаву і замёр, ледзь не аслеплены. Ад званіцы касцёла, ад дыска дзыгара клалася проста мне на цела і аблічча, біла ў вочы жарало, сноп рэзкага, яскрава-блакітнага святла.

— Сюды! Хутчэй.

Я пачуў тупат ног. Праз хвіліну людзі ўсе ўжо былі на галерэі.

— Зірніце! Унь! — паказаў я.

— Што такое, — прыслеплены Шчука міргаў вачыма. — Што гэта такое?

— Я здагадваюся, што гэта такое, — кіўнуў Хілінскі.

— Гадзіннік, — сказаў я, — сапраўды старамодны, старажытны нават, «дзыгар». Толькі адзін тут тып памыліўся. Тут нерухомы «дзённы» гадзіннік з рухомымі стрэлкамі і рухомы — больш вялікі цыферблат «месячнага» гадзінніка. Ён за нерухомым дзённым. І ён круціцца, хаця і бязладна, бо не да канца адрапараваны. А пад ім непарушная стрэлка… І нерухомыя постаці «святаў».

— То што? — спытаў Мультан.

— Арганіст і ксёндз казалі мне, што там дзеля нейкай мэты сістэма моцных люстраных рэфлектараў… Ну вось, у пэўныя дні прамень месяца трапляе на іх. І вось ідзе галерэяй цёмны цень, ад нерухомай стрэлкі, а за ёю светлы «цень», адбітак ад рэфлектара.

— Вось і ўсё, — сказаў Вячорка. — Баечкі.

Лягла цяжкая паўза.

— Дурында ты, — сказаў яму прыгнечаны Змагіцель і пасля кінуў мне: — І ты не лепшы. І собіла ж табе такую казку, прыгажосць такую ў друз расшкуматаць. Патрэбнае яно камусьці было, тваё тлумачэнне.

Я і сам шкадаваў, што ўбачыў і даў убачыць іншым яшчэ ў адной з'яве паршывы наш рэалізм.

Раздзел IX Цынізм трохсотгадовы і сучасны, смяротная кара за смяротнасць адной душы з трох і святая веліч аднаго апаганшчыка праху

Мы ўрэшце падважылі адну з пліт «над караблём». Было гэта наступнага дня пасля нападу на мяне.

Дапамагаць прыйшлі ўсе ўчарашнія, ды яшчэ прыплёўся ксёндз. У зношанай цывільнай шкуры і з кіркою ў руцэ, што, як ні дзіўна, яму пасавала. Яму, па-мойму, усё пасавала, гэтаму дзіўнаму чалавеку.

І тут адбылася першая разбежнасць з адным з маіх начных кашмараў. Пад плітой не было атвора, ён быў засыпаны, нават забіты ўламкамі цэглы, камянямі, друзам і… дробнымі бетоннымі брылямі з рэшткамі арматуры.

Шчука аж засычэў ад радасці, убачыўшы гэта.

— Чаму тут радавацца? — спытаў я.

— А таму і радавацца, што шлях — вярняк. Дарэчы, шлях табою і падказаны.

З ім былі нейкія яшчэ два дзядзькі ў цывільным.

— Ну што цяпер? — спытаў ён у аднаго з іх.

— А што. Пакуль тое, хай капае, — адказаў незнаёмы.

— Праўда. Усё ж гэта як вянец. І ягоных здагадак, і таго, што мусіў перажыць.

Мы выграбалі, не, мы літаральна выдзіралі гэты позні корак, што заторкнуў жарало даўняга атвора.

І ўрэшце зазеўраў чорны, крыху нахілены правал уніз.

Я ўзяў ліхтарык і пачаў спускацца па збітых, сточаных часам прыступках. Са мною спускаліся Сташка (я ведаў, пасля таго выпадку з завалам, што адгаварыць яе, — дарэмная справа), Шчука, Генка Сядун, Шаблыка, адзін з невядомых і ксёндз, які зноў увязаўся за намі.

Цені ад нашых галоў скакалі па мурах, па нізкіх паўкруглых скляпеннях. Сходы былі крутыя, як на злом галавы.

І ўжо нейкіх метрах у пяці ніжэй разабранага намі завалу я спыніўся і паказаў налева.

— Ну вось. Муравалі. Замуроўвалі. І параўнаўча нядаўна. — І звярнуўся да сваіх: — Таму мы разбіраць гэта не будзем. Спадзяюся, гэта ўжо не наша справа. Думаю, што гэта справа ваша.

— Маеце рацыю, — сказаў невядомы, — гэта сапраўды наша справа. А чаму вы думаеце, што замуроўвалі «параўнаўча нядаўна»?

— Спосаб кладкі, — сказаў я. — І яшчэ, яны ўжывалі для замазвання шчылін бетон. Рушылі далей.

І зноў прыступкі, прыступкі, прыступкі. Зноў скокі жоўтага і чорнага. Зноў сякуць мураваную сталь мячы святла, якога столькі год, столькі ўжо невыносна доўгіх, смяротна цягучых год, бясконцай іх чарады, не бачылі гэтыя камяні.

Мы спускаліся нязмерна доўга, аж пакуль столь не пачала адыходзіць угору і там загінацца некуды ў непрасвяцімую цемру.

— Усё. Роўныя пліты, — чамусьці шэптам сказаў я.

Прамяні паплылі ўгору, асвятляючы яйкападобнае скляпенне.

— Усё як на істужцы.

Сапраўды, круглая цямніца сажняў сямі ў акружнасці. І унь пляма, пазнейшай за яе камяні, але на гэты раз дужа-дужа даўняй кладкі: закладзены ход у ніжнюю камору. Закладзены тры стагоддзі назад.

І зноў я бачу нібы толькі густую цемру. Чую толькі голас з вышыні:

— Тут вам і ложніца, тут вам і жыць… Скарб адзедзічыце… Будзеце вы там вартаўнікамі, і жывым вас не даклікацца.

І яшчэ, яшчэ я чую звон апаленай плінфы аб другую і шорганне кельмы аб камень.

— Вартаваць да веку вякоў, — чую я.

Сташка асвятляе мой твар і кажа:

— Глядзі.

Ля мура я заўважаю купку праху. Рэшткі дзежкі, якая даўным-даўно рассыпалася на порах. Па камянях павольна-павольна, адна за адной спаўзаюць слёзы даўно ўжо нікому не патрэбнай вады.


І там мы знайшлі тых, каго шукалі. Яны ўсё ж дачакаліся. Жывыя ўсё ж даклікаліся іх. Але ім гэта было «ўва векі вякоў», усё адно што ніколі.

Ля самага мура блізка-блізка адзін да аднаго і пры жыцці, магчыма, абняўшыся, а цяпер проста блізка, ляжалі два касцякі. І ўвесь іхні жах адзін за аднаго і за сябе, і безнадзейнасць апошніх імгненняў раптам успляснуліся і затапілі ўсю маю бедную існасць.

Жахлівы старадаўні цынізм нібы самкнуўся з бяздоняй цынізму сённяшняга, таго, бязлітаснага, у цісках якога біўся я і гэтыя людзі ўсе гэтыя беспрасветныя месяцы.

Два. Абняўшыся?

Я ведаю, як вы зараз паглядзіце на маё апавяданне.

Меладрама? Гамлет з чэрапам? Шкілеты флінтавых ахвяр на «востраве скарбаў»? Баярын Орша?

Дудкі, каб вам ніколі не бачыць таго, што ўбачыў я і ўсе яны!

Таму што быў там адзін штрых, ад якога я доўга не мог адчуваць сябе поўнасцю жывым. Ад якога дагэтуль, калі ўспомню, прабіраюць дрыжыкі. Агіды да некаторых з пароды людской. Той апошні жах, за які выдумшчыкаў такіх меладрам паложана, уласна кажучы, біць па мордзе.

Пад тазавымі касцямі жанчыны ляжалі тонкія, як курыныя, жалкія костачкі.

…Дзіцяці, якое так і не нарадзілася.

…Валюжыніч у цемры кладзе руку на плячук жанчыны.

— Нічога. Мы сустрэнемся. Мы вечныя. Няма мяжы шэсцю нашаму па зямлі.

«Не. Мы выйдзем, мы выйдзем адсюль, Ганна Гардзіслава. Мы выйдзем адсюль, Сташка».

Хістаючыся, я выбраўся наверх, адышоў як мага далей і сеў на траву, нібы мне падсеклі ногі. З мяне было досыць.

Як праз вэлюм, я пазнаваў Сташку, Хілінскага, ксяндза.

Я стрымліваўся ад мата, толькі ўважаючы на гэтых трох. Ён нічым ужо не мог дапамагчы, я ведаў, што вось пралом у вежы, вось чорнае зеўра атвора, а там, унізе, яны. Трох. І я нічым ужо не дапамагу. Ні ім, што ўсё ж зведалі найгарчэйшае і найвышэйшае на зямлі. Ні яму, які ніколі не ўбачыў ні зямлі, ні яе святла.

Хаця кожная душа створана, каб гэтае святло бачыць. І хто пазбаўляе яе гэтага, той губіць навекі тую душу. І яшчэ болей сваю, хаця праваліся ён разам з ёю.

Мат, па-мойму, толькі і створаны, што для такіх выпадкаў. Калі мужыку ўжо нельга іначай. Калі, здаецца, узялі верх здзек, катаўство, расстрэлы, добра прадуманыя пакуты.

Калі іншага выйсця няма. Іначай падступіць да глоткі і неадкладна задушыць гнеў.

— Хадзем, — сказала Сташка спалохана. — Хадзем адсюль. Унь туды.

Мы мінулі замак, мосцік і селі, каб не было відаць ні муроў, ні вежаў. Пад старадаўнімі ліпамі, у густой і свежай зялёнай траве.

— А той няхрышчаны, — бязгучна сказаў ксёндз. — Пагубленая душа.

— Пагубленая. Для зямлі і сонца.

— Смертная душа.

— Так. Гэтая — сапраўды смертная.

— І няма, мабыць, больш смяротнага граху за гэты, — апусціўшы галаву, сказаў ксёндз.

— Так. І помсты яму няма. І няма яму адплаты.

— Няма адплаты? — Галава раптам ускінулася. — Няма адплаты?!

Вочы ягоныя былі не такія, як заўсёды. Вар'яцкія, амаль аблуканыя вочы.

— Уставайце. Хадземце са мной… Вы можаце ісці на раскоп, Станіслава.

Ён ішоў наперадзе так, што я, чалавек з шырокім крокам, ледзь-ледзь паспяваў за ім.

— Раней бы. Раней, — мармытаў ён. — Праўда, што гэты, Высоцкі, выдаў тады, у Кладна?

— Так.

— То ж бо мне здавалася, падобны… Не даў веры… Не сам адплачу.

І зноў мармытанне:

— Цяпер позна што-небудзь мяняць. Жыццё пройдзена.

— Ніколі не позна.

— І потым, добрым можна быць амаль паўсюль. Няўжо вы думаеце, што такі ксёндз, як я, горшы за такое быдла, як Альшанскі князь, нягледзячы на ягоныя тытулы, на багацце?.. Не… Не…

Ён падбягаў да касцёла:

— А я думаў, фундатар. А я думаў, амаль святы. Двойчы здраднік. Забойца столькіх жывых. Забойца дваіх гэтых. Забойца неўміручай душы.

Шалёна кінуў позірк на мяне.

— Няма адплаты? Няма адплаты? Хадзем са мной. Пачакай, навалач.

Што гэта было за аблічча?! Аблічча старадаўніх прарокаў. Прыгожае застрашлівай і смертаноснай прыгажосцю, якая ўжо ні на што не пакідала спадзяванняў.

Ён зайшоў у невялічкі пярэдні пакой, уласна адгароджаны куток між унутранымі і вонкавымі дзвярыма Мультанавай вартоўні, і выйшаў адтуль з ломам, які перадаў мне. Сам ён па-ранейшаму трымаў у руках кірку і брудны лантух ці посцілку, скручаную ў нейкі бязладны, хаатычны спосаб.

— Вось. Мяркую, хопіць.

Зялёны паўзмрок — праз лістоту — ліўся ў ніжнія вокны касцёла. І чыстае, нічым не зацененае святло ў верхнія вокны. У снапах гэтага святла скакалі рэдкія пылінкі. У левым нефе маці божая на іконе, мяркуючы па ўсім, пэндзля Ромера, плыла між аблокаў, узняўшы вочы ад грэшнай зямлі, ад усяго, што нарабілі на ёй людзі, і ад надмагільнага помніка князя Альшанскага.

Адзіны прамень з верхняга акна падаў на твар з зеленаватага мармуру і нібы ажыўляў яго. Шырокае мужнае аблічча, пры жыцці, мабыць, нібы з металу кутае, пахмурыя густыя бровы, рассыпаная грыва валасоў.

І гэтая складка ў цвёрда сціснутых вуснах. Цяпер я разумеў, чаму мне не хацелася падчас першай сустрэчы звязвацца з гэтым чалавекам пры жыцці. Бо я ведаў, што ён у гэтым жыцці нарабіў.

І не цвёрдасць была ў гэтым прыкусе, а нялюдская жорсткасць і пэўная сабе да канца здрадлівасць.

Хлуснёю была рука, што ляжала на эфесе мяча.

— Якая на Евангеллі ляжала, — нібы адказваючы маім думкам, сказаў ксёндз.

Я апамятацца не паспеў, як рука Жыховіча маланкападобна ўзвілася ў паветра.

А пасля ён нанёс скрышальны цёс кіркаю па гэтай мармуровай трупна-зеленаватай руцэ. Мармур пырснуў кавалкамі ва ўсе бакі. Я ледзь паспеў перахапіць руку айца Леанарда перад другім цёсам. У аблічча, якое так нагадвала мне штосьці. Аблічча, акрэсленае, адмечанае ў сваёй беспрынцыповасці і бяздушнасці нібы самой эпохай. Дый ці адной ягонай эпохай.

Счарсцвелы, бязлітасны, цмочы твар.

Мне ледзь удалося справіцца з ім. Бо ў сваім узбуджэнні і агрэсіўнасці ён нібы набыў сілу добрых дзесяцёх чалавек. І, мабыць, з дзесяццю мог бы даць сабе рады. Я забыў, як гэты стан завецца медыкамі. Афект? Не, ёсць іншае слова.

Але ўсё ж мне пашанцавала ўтаймаваць гэты выбух несамавітай сілы.

А я падумаў, як працавалі б вось гэтыя яго сялянскія, звыклыя да працы, жылаватыя рукі. Падумаў зусім у духу аднаго з нашых паэтаў.

— Пабойцеся бога, — ускрыкнуў я, дужаючыся з ксяндзом.

Але ён ужо звяў. На месца вулканічнага ўсплёску ненатуральнай сілы прыйшло заспакаенне. Як заўсёды ў такіх выпадках.

— Што вы робіце? — ужо цішэй сказаў я. — Гэта ж каштоўнасць.

— Каштоўнасць не будзе горшая ад невялічкай выбоіны… І нават цікавей будуць на яе глядзець разявакі.

Ён пайшоў у нейкі закутак левага нефа і спыніўся перад абабітай кутым жалезам дзверцай. Дастаў з кішэні вялікі ключ. Адамкнуў дзверы, якія падаліся з лёгкім рыпеннем, адкрыўшы вачам сходы, што збягалі ўніз.

Ён не запрасіў мяне з сабою, але і не гнаў. Таму я таксама стаў спускацца на невялікай адлегласці за ім. Ён крочыў, нібы яго вёў нехта, і ўсё мармытаў:

— Ачысціць… Прэч… Прэч.

З усіх саркафагаў адзін быў з таго ж мармуру, колерам амаль як зеленаваты нефрыт. Крышка на ім была далоні ў дзве таўшчынёй і, відаць, цяжкая. І акурат пад гэтую крышку ксёндз загнаў востры з аднаго канца, нібы заточаны, лом.

— Вось табе і падважнік.

— Паб'яце.

— Нічога. Гэта не жыццё чалавечае разбіць. Памажыце.

Мы наляглі з усёй сілы. Урэшце крышка паддалася і адсунулася сантыметраў на трыццаць-сорак. Я ўсё яшчэ не разумеў, што ён збіраецца рабіць.

— Яшчэ. Яшчэ. Шкада, што не раскалашмаціў хаця б мармуровую морду.

Святло з чатырох невялічкіх акенцаў, што наўкос, зверху ўніз, вялі ў сутарэнне, падала на яго суровы, раптоўна нібы падсохлы твар.

— Я даб'юся, каб яе выкінулі адсюль, гэтую мардасіну, — у яго зноў быў выгляд шалёнага: фанатычны рот і вялізныя, вадка бліскучыя вочы. — І без таго колькі часу паветра паганіў. Слуп веры. Заснавальнік храмаў, фундатар касцёлаў. Антыхрыст!

— Спыніцеся, — толькі тут здагадаўся я. — Не трэба. Гэта ж апаганьванне праху.

— Так, — ён вадзіў сашклянелымі вачыма, — смяротная кара за смяротнасць… Забойства адной душы… з трох. Так, апаганьванне праху. Толькі думаецца мне, што гэта рэдкі выпадак, калі паганец той, хто не апаганіць прах. Такі прах! Не месца тут гэтаму калу. О пане мой, Езус!

Ён рассцілаў на падлозе радзюгу.

— Я ведаў дагэтуль адзіны выпадак такога ўздаяння, такой адплаты. Прах Мартынава[65]… Адплата боская… Закон… Не думаў, што другі выпадак тут, што мне давядзецца ўздаваць.

Апусціў галаву:

— Урэшце ваша прысутнасць… Я не патрабую яе тут.

Я не прымусіў доўга сябе ўпрошваць. Выйшаў і пайшоў да касцельнай агароджы.

Здалёк відаць быў стаў, куды бліжэй кучаравыя купы дрэў вакол замка. Яшчэ бліжэй дарога і злева ад яе моцна забалочаная нізіна. Ці моцна зарослае балота? Мне цяжка сказаць. Была гэтая вялікая яміна ніжэй узроўню рачулкі. Прынамсі, зараз, калі некалькі ўжо дзён стаяла суш. І таму ў балацявіну тую млява і лянотна тачыліся кроплі рудой ці то вады, ці то гразі.

Але ўсё адно на наваколле глядзець было весялей і ўцешней. Досыць з мяне было за гэтыя дні падзей: усіх гэтых катакомбаў, сутарэнняў, цямніц, шкілетаў.

Я выйшаў у браму і сеў на лавачку пад ліпамі. Думалася нешта ўсё пра дурное. Што вось і скончыліся мае пошукі, а ўсё адно застаецца адчуванне нейкай незавершанасці, нібы скончыў алфавіт недзе на трох ягоных чвэрцях. І яшчэ думалася пра ліпы, што вось ужо досыць скора ім цвісці. І ўспомніўся герой нейкага твора, пакаёвы інтэлігент, які цэлы дзень хадзіў па кватэры і абураўся, што вось недзе кошкі нагадзілі, а ён аніяк не можа разабрацца дзе. І толькі вечарам выясніў, што гэта зусім не кошкі ў кватэры напаскудзілі, а гэта на вуліцы ліпы расцвілі.

Жыховіч з'явіўся недзе хвілін праз сорак, кінуў да ног вузел і сеў побач са мной. Відаць, не столькі перапачыць, колькі зрабіць яшчэ адну — і наступальную — спробу апраўдацца, праўдзівей, пераканаць у сваёй рацыі.

Я ведаў, што было ў вузле. Косткі і чэрап, загорнутыя ў радзюгу. Выграб-такі іх у дарэмным непатольным гневе. Нібы працягваючы свае думкі, ціха сказаў:

— Я й то думаю, я й то баюся, што дрэнныя былі модлы, што людзі ўзносілі на гэтым месцы шмат стагоддзяў. Таму што гэтае падла ляжала тут. Як модлы ў карчме, як модлы на гнаішчы, даруй мне, маці Вастрабрамская.

— Нашто вы гэта, — слаба супярэчыў я. — Хіба яму не ўсё адно?

— Гэта для вас усё адно. А яму не ўсё адно. І мне не ўсё адно. Таму што я веру ў адрозненне ад вас. Веру, што ён зараз недзе там скрыгоча зубамі. Нават калі ахвяраваннямі, нават калі фундатарствам купіў сабе чысцец замест пекла, дзе яму вечна належыць быць.

Некалькі дзяцей, якім, відаць, абрыдла важданіна людзей каля замкавых падзямелляў, з'явіліся на вільготным сакавітым паплаўцы каля балацянкі і пачалі піхаць нагамі сюды і туды футбольны мяч.

Жыховіч глядзеў праз іх.

— Скрыгоча, бо няма і не будзе спакою ягоным, — ён памаўчаў, — г…. косткам. А думаеце, ён яго купіў? Не купіў і не купіць.

Устаў і панёс вузел да балацявіны. Стаў над ёю, калі адна з яго ног правалілася, і сыпануў з посцілкі нешта такое ў дрыгавінне.

А пасля падкінуў у паветра нешта круглае і пад'ёмам, як сапраўдны форвард, паклаў гэта ім у ногі. Выгляд у яго быў пры гэтым страшнаваты.

— Гэй, ану, вам яшчэ «мяч».

Зацікаўленыя хлапчукі пачалі падыходзіць да «мяча», купчыцца вакол.

— І хай табе, цмоча, змяюка смярдзючая, кожны ўдар там адгукнецца. Тысячакрат па тысячы разоў.

Я хацеў быў устаць, каб прыпыніць усё гэта. Пачынала гэта быць да бяспамяцця агідным. Але тут вывернуліся аднекуль, спяшаючыся, відаць, да замка, Стасік Мультан і Васілька Шубайла.

Стах спыніў нагою кімсьці ўжо з запалам падфутболены «мяч».

— Цыц. Вы што ж гэта, шмаркулі? Гэта не да ладу. Абвёў позіркам ксяндза, і позірк з-пад сівых валасоў быў няўхвальна-суровы.

— Гэта вы кінулі?

— Так.

— Та-а, — бязгучна сказаў Васілька, — кі-нуў.

— А нашто? — спытаў Стасік.

І тут я здзівіўся. Ксёндз нібы апраўдваўся перад гэтай малечай:

— Горш гэтага чалавека не было.

— То нагамі нашто ж ганяць?

— А што рабіць? — гэта спытаў я.

— Пытанне неразумнае, — Стах сказаў гэта салідна, як дарослы. — Яму гэта невядома яшчэ як. А вось яны, гэтыя, чаму вучацца?

Ксёндз звяў, нібы з яго выпусцілі паветра. Стах жмутком травы ўзяў чэрап у рукі.

— Я яго лепей унь, у багавінне, у посернае месца, кіну тады, калі яму ўжо там месца, — забурчаў Стах.

Панёс і сапраўды шпурнуў чэрап у самую сярэдзіну ржавай саладухі. Пасля чаго яны з Васількам аддаліліся спакойным крокам у бок рачулкі.

Дзеці пайшлі за імі, як ганаровая варта. Каля самых дальніх ліпавых замкавых абсадаў абкружылі маленькую постаць Сташкі. Стракатыя на стракатым поплаве. Сінявокія пад сінявокім небам.

— Ну вось, — уздыхнуў ксёндз, зноў сядаючы побач. — А той не ўсміхнуліся дзеці. І маёй таксама. І невядома нават, дзе над ёю плакаць.

Сташка набліжалася. Жыховіч пацёр далонямі скроні:

— Цяпер давядзецца адказваць перад начальнымі. За бясчынства ў храме. Але я не мог дапусціць, каб у храме, як у краме. Як у разбойніцкім прытоне. Ведаеце, што Шоў сказаў пра Леніна? Недзе на мяжы дваццатых і трыццатых.

— Не. Не памятаю нешта.

— Ён сказаў: «…калі толькі гэты эксперымент у галіне грамадскага ўладкавання не ўдасца, тады цывілізацыя пацерпіць крах, як пацярпелі крах шматлікія цывілізацыі, што папярэднічалі нашай».

— Але…

— Адказнасць адчуваеце? Ну вось. І самазаспакойвацца рана, пакуль ёсць Майданакі, гінуць людзі, швэндаюцца па свеце і чыняць зло прамыя нашчадкі гэтай вось пачвары. Будзем мірыцца, дазволім ім засмечваць зямлю і неба — шэлег тады цана і цывілізацыі і нам. Нам, калі мы хаця на хвіліну дазволім жаху смерці кіраваць нашым жыццём. І таму я…

— Я сказаў бы пра ваш учынак іначай: «Святая веліч, святая нецярпімасць аднаго апаганшчыка праху».

Ён зноў пачаў бязладна і дужа ціха:

— Людзям вельмі патрэбна чыстае паветра. Трэба, каб лёгка дыхаць. Вельмі трэба чыстае паветра. Вельмі чыстае паветра.

Сташка падышла да нас.

— Чаго не йдзецё?

— Не хачу. Не жадаю я на ўсё гэта глядзець. Гэта больш не мая справа.

— Ускрылі тую… ніжнюю камору, — сказала яна. — Такога я нідзе не бачыла. Хіба што ў эрмітажнай «залатой каморы». Чаго там толькі няма?! Кубкі, зброя каштоўнейшая, місы залатыя і срэбныя, манеты скрынямі, пярсцёнкі, бранзалеты, ажаролкі, зліткі і срэбныя і залатыя з каменнямі, кнігі, чашы для прычашчэння, дзіскасы, манстранцыі, кандэлябры, рэлікварыі, іконы дзівоснай работы і абклады — дзіва. Дараносіцы, паціры, крыжы напрастольныя, падвескі, браціны, каўшы. Эмалі, чаканка, чэрнь — у вачах рабіць. І дзесяткі каўчэгаў залатых: дакументы і, відаць, паперы на княскую годнасць і запавет тых Альшанскіх.

— Пляваў я на гэта, — працадзіў я.

— І я. Як успомню тых «вартавых» — плакаць мне хочацца. Ці варта было іх саміх усё тое, што яны вартавалі?

— А што ў новым замураванні?

— Не ведаю. Мабыць, нарабаванае камандай Розенберга (зноў жа каштоўнасці, карціны, іншае такое). І, відаць, тое, што апошні Альшанскі разам з немцамі тады закапаў, дый не вярнуўся.

— Дык, можа, і паперы ягоныя там? — спытаў ксёндз.

— Можа, і там. І, вядома, архіў.

— Ну, гэтым будзем займацца не мы, — сказаў я. — І, магчыма, нават не Шчука.

Ксёндз гнутка, нібы ніводнай костачкі ў ягоным целе не заставалася, устаў.

— Бывайце, — сказаў ён. — Ты заўтра едзеш, Косміч?

— Мабыць, так.

— А вы, Станіслава?

— Ну, мне яшчэ тут работы і работы.

— Та-ак… То не губляйце адзін аднаго. Згубленага не знойдзеш. Хто ўжо хто, а я ведаю. А з вамі да заўтра, Антоне.

І, абыходзячы касцёл, павольна пайшоў у бок, плябаніі. Страшэнна самотны на гэтым пустынным касцельным двары.

— Мы не будзем губляць адзін аднаго? — спытала яна.

— Не будзем, калі ты ўжо так. Сапраўды, нічога няма лягчэй, як згубіць.

Мы не глядзелі ні ў бок касцёла, ні ў бок замкавых прысад. Мы глядзелі на поўдзень, дзе ўздымаліся адзін за адным — і ўсё вышэй і вышэй — зялёныя, сонечныя, як самое жыццё, узгоркі.

Раздзел Х Бывай!

Не думаю, каб калі-небудзь яшчэ міліцыю з Альшан праводзілі такім скопам і такім лікаваннем. Хіба што тады, калі разгромлена была пасля вайны банда Боўбеля, а сам ён, як лічылі, загінуў.

Дорага абышлася потым людзям гэтая «загібель». Але хто ж мог бачыць у сціплым Ганчаронку тую поскудзь. Шчука быў адзін з нешматлікіх, хто выслізнуў з ягоных кіпцюроў, дый то не бачыў «пагрозу наваколля» ў вочы.

Цяпер уся наша «кампанія» стаяла каля нашага «рафіка» і абменьвалася апошнімі цікавымі заўвагамі наконт нядаўняга і даўняга агульнага мінулага.

Археолагі ў поўным складзе, цвярозы, як шкельца, Вячорка, Мультан са сваімі малымі. Гэты, як заўсёды, балбатаў нешта ўдзячным слухачам.

— Дык я і кажу. Кундаль мой прызвычаіўся, каб яму здароўе, рыбу лавіць. І дахаты насіць.

— Гэ, дзеду, — торгаў яго Стах, — ведаем мы, як ён яе ловіць. Ты ўжо не фаліся.

— А як? Як?

— З куканаў ва ўсіх суседскіх рыбакоў здымае, — сцвярджаў бязлітасны Стах.

— Ну, скажаш. Мо і Васілька сведка?

— Та-а. Ён і яйкі крадзе. Я ж нічога нікому не кажу.

Вячорка брахаў сваё:

— У мяне суседа пры немцах стараста дужа часта на лупцоўку пасылаў. За бабу помсціў. То той нашыў сабе на азадак, на порткі спадыспаду, кажушаную латку. Портак не здымалі, бо параўнанне не на карысць старасту было.

— Ай, Чэсевіч, брэшаш, — гэта Шаблыка.

— Праўду кажу. Але аднойчы даведаліся, то порткі загадалі зняць, і тут ужо й латка не дапамагла… Пасля ён старасту таго стрэліў.

Рагочуць Шчука і ксёндз.

— То і мяне падазраваў? — у Жыховіча на вачах слёзы ад смеху. — То чаго не сачыў?

— А ён, — ківок у мой бок, — і збіраўся. «Прасачыць бы, думае, за ім». І тут жа сам сабе адказаў: — Як.

— «Прасо-очыш. Ну, выйшаў ксёндз, зайшоў — гэта прасочыш. А вось хто да ксяндза пайшоў? Ты ж на цвінтары станеш, а не ляжаш пад яго дзвярыма. Як Ас».

— Ну, Холмс. І падумаць, што я тады над студняй уратаваў яму жыццё. І, шчыра кажучы, — гэта самая кепская справа, якую я калі-небудзь у жыцці зрабіў.

Гэта былі яны, мае людзі, маё кола, свет, у якім было не страшна, а лёгка жыць. І нават іхняя гаварлівасць у апошнія гэтым разам хвіліны з імі была даравальная, бо мы звыкнуліся адно з адным.

Маўчалі, праўдзівей, гаманілі ціха, толькі Сташка з Хілінскім. І па тым, як яны раз-пораз паглядалі на мяне, можна было здагадацца, аб чым ішла ў іх гаворка. Сташка была сумная і ціхая і болей ківала галавой у адказ на словы суседа.

— А Велінец — гумарыст, — залівалася чамусьці Тарэса.

— Добры сабе гумарыст, — бубнеў Сядун, — гэта ён з дзеўкамі гумарыст. А тады, у лагчыне… У яго ж за вонкавай кволасцю сіла. Ды гнуткая, як сталёвы прут, сціснутая, як спружына.

— Ты, пане Змагіцель, дзіўна разумееш свае адносіны з людзьмі, — удавана сердаваў Шчука. — Думаеш, чаму столькім ты насаліў, чаго яны гыркаюць нават на твой цень.

— Гэта не трубныя словы, — вельмі сур'ёзна і ціха сказаў «каўбой». — Жыццё маё сапраўды, а не з трыбуны належыць грамадству. І пакуль я жыву — мая прывілегія рабіць дзеля гэтага грамадства ўсё, што ў маіх сілах. Падабаецца гэта некаторым ці не. А я хачу дзеля яго поўнасцю знішчыць сябе да моманту, калі памру.

— Развітвайцеся, — сказаў Хілінскі, — час. І быў я абцалаваны ўсім хаўрусам аж да апошняга. І зразумеў я, што трымаў сябе ўвесь час збольшага годна і як трэба. І гэта было добра, бо яны палюбілі мяне, а дабіцца такога — то была нялёгкая справа.

Усе мае селі ў машыну. Усе астатнія глядзелі на іх, не дужа ведаючы, што і казаць, як заўсёды ў апошнія секунды.

Стаялі купкаю. Адна Сташка стаяла наводдаль і не глядзела ў мой бок нават тады, калі мае ногі самі панеслі мяне.

— Бывай, Сташка.

— Бывай.

— Бывай, Сташка Рэчыц. Я дужа, дужа кахаю цябе. Я ўжо і не думаў, што мне будзе дадзена ў жыцці вось так пакахаць.

— І я.

Я ўзяў яе за плечы.

— Слухай мяне. Праз месяц скончыцца твой сезон. Я дужа хачу, каб мора чакала да сябе не мяне аднаго.

— І я таксама.

— І я вельмі прашу цябе, ты нікуды не заязджай, калі скончацца раскопкі. Ты адразу з вакзала ці там з аэрапорта прамуй да мяне.

— Так адразу?

— Мы з табой трыста з лішнім год ведаем адзін аднаго. І ўсё маладыя. Цяпер я хачу паступова, вельмі павольна старэць разам з табой. Досыць. Час пакласці канец майму «пад'езду кавалераў».

Усе маўчалі, калі я пацалаваў яе. Ніхто нібыта нават не бачыў.

І вось маленькая купка людзей пачала меншаць і меншаць. Пасля пачалі менець усечаныя шасцікутныя вежы, чорныя муры, ліпы, залітыя сонцам, арка брамы. Пасля, з гары, бліснуў на імгненне блакітам стаў, рэчка і яе рукаў, што трымалі замак у абдымках.

Мільгнулі званіцы касцёла, хаткі, рассыпаныя ў даліне. Усё тое, дзе я столькі часу перажываў жах, небяспеку, холад таямніцы, дзе я знайшоў цеплыню, сяброўства і каханне. Цяпер ужо назаўсёды, калі захоча гэтага лёс.

Узгорак вырастаў за намі, паступова закрываючы вёску.

— Бывай, Альшанка, — шапянуў я касцельнаму шпілю. — Бывайце, сябры. Бывай, Сташка мая. Бывай.

Раздзел XI «І герб радавы разбіваюць на камені тым»

Зноў закруцілі, заматлялі нас дарогі. Вадзіцель не хацеў «даваць кругаля» цераз Кладна, а ўзяў напрамкі, і таму кіламетраў са сто нас не чакала нічога, акрамя польнай ці лясной дарогі. Я ўзрадаваны быў гэтым. Яшчэ не распаленае сонцам неба наперадзе, ззаду лёгкі вэлюм пылу, па баках нівы або шматкіламетровыя саборы з хвой, адхоны і яры, дубовыя раці, што цяжка выступілі на прырэчныя паплавы.

Недзе з гушчару таполя, якая невядома як трапіла туды, мяце па зямлі, сее па свеце спозненым пухам.

На палянах, на месцы разораных хутароў камяні ад фундаментаў, акацыі з яшчэ празрыстымі стручкамі. І паўсюль — раскідана — цвітуць на іх блакітныя касачы. І бэз там яшчэ месцамі дацвітае. І шкада робіцца хутароў і жыццяў, якія прайшлі на іх.

Урачыстая раніца змяняецца ўрачыстым днём.

І добра ведаць, што ў свой час, яшчэ няхутка, дзень зменіцца вечарам, і ляжа ў лагчыне тонкі і нізкі туман, і зараніца будзе глядзець на людзей праз дрэвы. А пасля прыйдзе ноч. Для цябе ноч, а для кагосьці самы час жыцця.

Машыну па-добраму пагойдвала. Я вельмі люблю дарогі і думаю, што калі прыйдзе час і я не здолею ездзіць, то ці варта тады ўвогуле жыць.

Дарога сама як песня, і таму я часта маўчу, перапоўнены дарогай даверху. Вось так аднойчы спыталі мяне рыбакі на марскім промысле, чаго гэта я ўсё маўчу.

— Занадта хораша вакол, — толькі і здолеў адказаць.

Маўчаў я і тут. Хораша маўчыцца над бэзава-ліловымі палямі канюшыны, над стральчастым лубінам у канавах.

І разгортвалі, разгортвалі вакол лясы свае чароўныя глыбіні.

Толькі як выбраліся ўжо на шашу, нехта насмеліўся выраніць слова-другое, парушыўшы пяшчоту і задуменнасць дня.

— Ну, чаго маўчыш? — спытаў раптам Шчука.

— Адстань, — кінуў Хілінскі, гасячы чарговы недакурак, — яму проста добра.

— Што, так ужо і зусім добра?

— Амаль добра. А наконт размовы — што ж? Хваліць — колькі я магу вас хваліць. Лаяць? Ёсць за што, але не хочацца. Крытыкаваць? Ну, па-першае, мяне самога з пачатку і да канца трэба нішчыць крытыкай (за выключэннем некалькіх здарэнняў), столькі я за лічаныя тыдні нарабіў глупстваў, у якіх сам дагэтуль яшчэ не да канца разабраўся.

— Няўжо не да канца? — спытаў Шчука. — Па-мойму, галоўнае зроблена.

— Па-мойму, галоўнае аніяк не зроблена. Па-мойму, да галоўнага мы і не прыступілі. Але гэта ўжо вам, Шчука, трэба рабіць. З мяне хопіць. І я на вас крыху злы.

— Ну-ну, наводзьце сваю крытыку. Толькі не знішчальную.

— Мала для вас і знішчальнай за вашу тактыку прамаруджвання і чакання. Сто разоў я мог загінуць. Нават пры той сустрэчы ў лагчыне.

— Кінь, — сказаў Хілінскі, — гэта ён зрабіў правільна. Калі ў тых ужо не было дарогі назад і не было магчымасці нешта аспрэчваць.

— Калі яны ўжо гатовенькія, на далоні былі, — сказаў Шчука.

— Ну, а каб я замест іх быў гатовенькі?

— Гэтага б не дапусцілі.

— Ох, і не любіце вы ўсе крытыкі! Як чорт ладану!

— А хто яе любіць?

Раптоўна абуджаная імі ўва мне злосць патрабавала выйсця. Але крык у такой спрэчцы — апошняя справа. Трэба было ўзяць на ўзбраенне самую моцную зброю: крыху брахлівы сарказм і крыху разбэшчаную іронію.

— Вы, мілы Шчука, забылі, што грамадства (а асобныя людзі тым больш) не можа прагрэсіраваць без крытыкі. Іначай — балота. І вам бы не лаяцца, а даць крытыкам і крытыцы волю і бяскарнасць.

— Усім?

— Ну так. І не толькі прапановам, якія вам здадуцца прыстойнымі, цікавымі, нават дзяржаўнымі, але і тым, якія здзіўляюць замарожаных судакоў вонкавым блюзнерствам, непрыстойнасцю, нават, на першы погляд, ерэтычнасцю.

— А гэта нашто?

— А гэта на тое вам вочы і дадзены, каб разабрацца, дзе вас крытыкуе крытык, а дзе зладзюга ці чокнуты, дзе чалавек хоча выправіць справу словам, а дзе пайсці на недастойны прыклад.

Шчука выглядаў на трохі ачумелага:

— Напрыклад…

— Напрыклад, можна з лекарскага пункту гледжання проста патрабаваць ад жанчын, каб яны загаралі нагія, трубіць аб жыццёвай неабходнасці гэтага для здароўя. Але няхай яны займаюцца гэтым на жаночых пляжах, а не на газонах уздоўж усёй Паркавай магістралі. Гэта немэтазгодна.

— А што, гэта было б нават цікава, — хмыкнуў Хілінскі.

— Вось-вось, я і кажу, што вы слабы, падатлівы на ўсякае падбухторванне і непрыстойнасць матар'ял.

— Ну а больш сур'ёзны прыклад? — Шчука ўсё яшчэ не сунімаўся.

— Ну, хаця б Маркс.

— Ён пры чым?

— А пры тым, што зрабіў святую справу, склаўшы смяротны прысуд прыватнай уласнасці. Класіфікаваўшы яе як рабунак суседа.

— Нешта не дужа даходзіць.

— Ну а каб ён, давёўшы, што прыватная ўласнасць — рабунак і гвалт, узяў бы ды аддаў грошы проста скарбу, а пасрэдніка, домаўласніка, што з'явіўся за каморным, — застрэліў як рабаўніка і гвалтаўніка?

— Дык што рабіць домаўласніку?

— Прыслухацца да крытыкі. А паколькі зрабіць гэта ён арганічна не можа, бо людзі, глухія да крытыкі, — безнадзейна хворыя людзі, то што ж, за Маркса гэта з часам зробіць рэвалюцыя.

— Та-ак. Цікавыя вы рэчы кажаце, Косміч.

— Правільныя я кажу рэчы. Бо, шчыра кажучы, ніколі мне нікога не хацелася так раззлаваць, як зараз вас.

— Чаму?

— Ад злосці мазгі часам яснеюць.

— І ў вас? — азваўся Хілінскі.

— Праяснелі яны зараз і ў мяне.

На шлях, на ўсё больш рэдкія лясы паабапал яго, клаўся ўжо мяккі і ласкавы летні прысмерак. Пачыналі ўжо недзе далёка-далёка мігцець першыя агні вялікага горада.

— Што змоўкнуў? — спытаў Шчука.

— Ласкавы прысмерак, — сказаў я, — агні. А вы хаця й дбалі пра мяне, хаця і амаль на сто працэнтаў забяспечылі аховай маё жыццё, але не дужа дзяліліся са мной сваімі меркаваннямі і адкрыццямі. Не сказалі нават, што падазраеце іх, што сочыце за імі. І ў гэтым ужо была для мяне… Словам, праз гэта я мог бы не ўбачыць ні тых агнёў, ні прысмерку… Што ж гэта? Атрымоўваецца, што вы мяне як падсадную качку трымалі? Бывае ў нас такое?

— Увогуле — не, — сказаў Шчука і дадаў пасля паўзы: — Але часам, у апошні момант нейкай справы, усё ж здараецца, калі іншага выхаду няма.

— І цяпер вы задаволеныя, — мяне нібы нешта альсніла. — Не падумаўшы аб тым, што ад сувалкі гэтага пырніку яшчэ засталіся ў зямлі карані. Што ж, вы проста заслугоўваеце пакарання.

— За што?

— За тое, што вы мяне дурнем выставілі, пусціўшы па слядах «гістарычнага» злачынства. І праўда, на што ж я яшчэ, лабідуда, прыдатны. А сучаснасць? Ну, тут ужо не, тут вам і карты ў рукі.

— Куод ліцэт Іёві, нон ліцэт бові, — іранічна сказаў Адам. — Што дазволена Юпітэру, тое не дазволена быку.

— Па-беларуску гэта лепей: «Што папові можна, то дзякові зась».

— Пакрыўдзіўся? — спытаў Хілінскі.

— Не. Проста тады не трэба было патрабаваць, каб я капаўся і ў тым смецці. Давер на давер — добры прынцып. Нельга яго прытрымлівацца — давайце жыць больш афіцыйна.

— Ну каб так — Клепча меў бы большы поспех у развіцці сваёй гіпотэзы, — сказаў Шчука.

Але мне ўжо трапіла важжа пад хвост.

— Толькі і я не лыкам шыты, як кажуць расейцы. Мы тэж не яцы-тацы, а цваняцы[66], як кажуць палякі, і не нагою смаркаемся, як кажам мы.

— Ну-у, чым жа ты гэта давядзеш? — крыху ўжо кпліва, хоць і бяскрыўдна, спытаў Шчука. — Цваняк, лыкам шыты і нагой смаркаты.

Горад, заліты агнямі, быў ужо вакол нас. Пахучы, вясёлы, светлы, вірлівы натоўпам нават уначы.

Машына павараціла на нашу вуліцу.

— Давядзецца нешта давесці вам, гэткім разумным. Проста ў якасці справядлівасці, у якасці звычайнай кампенсацыі за маральную шкоду.

— Іначай…

— Іначай разбірайцеся далей ужо самі. Даўжэй, чым гэта зраблю я. А я ўмыю рукі.

— Ну, ведаеш.

— Вы заслугоўваеце пакарання, паўтараю.

— Але якім правам?..

— Тым, што я ўвесь час думаў пра гэта, што я не забываў ніводнага слова, ніводнай дробязі. Што я ўвесь час камбінаваў імі. Пачасту мозгам, а не следствам. Кеміў, а не шукаў.

— А што ж… А гэта не будзе процізаконна?

— Гэта не будзе супраць аніводнага з дзесяцёх запаветаў.

Мы выйшлі з машыны ля нашага «пад'езда кавалераў». Шчука ўсё яшчэ муляўся.

— Ды хадзем, — раптам сказаў Хілінскі.

— Тады хадзем. Дайце ўжо мне хоць такую сатысфакцыю.

— У сэнсе задавальнення? Д-добра. Куды?

— Туды. І паглядзім, які вы, Шчука, з некаторымі сябрамі цваняк.

Мы сталі падымацца па досыць скупа асветленых сходах.

— Як адзін дужа культурны, у інстытуце культуры выкладаў, цытаваў Рылеева: «Куда ты ведешь нас? Не видно ни зги!»

— Ясна куды, — сказаў Хілінскі, — на каньяк. Да сябе ў госці.

Я не збіраўся іх весці ні на які каньяк, тым больш да сябе. Яшчэ чаго не хапала? Гэта значыць, я ім каньяк, у падзяку за тое, што яны мяне будуць пашываць у дурні. Ды яшчэ адчуваючы поўнае задавальненне.

— Куды ты? — сказаў Шчука. — Да вас жа вышэй паверхам.

Але дзверы ўжо адчыніліся на мой званок, і ў светлым прамакутніку на фоне масайскіх шчытоў і дагамейскіх дзідаў узнікла постаць Вітаўта Шапо-Калаур Лыганоўскага.

Разумнае, крыху з'едлівае аблічча. У вачах іронія і дасціпнасць. Больш за ўсё мне хацелася б у гэтую хвіліну сказаць:

— Падымаемся. Ёсць гамерычны каньяк.

Замест гэтага я сказаў з выглядам, нібы напярэдадні, скажам, выспаўся ў яго на дачы. І не ў ложку, а абрыдліва п'яны на клумбе з яго ўлюбёнымі ружамі: і ў самога паўсюль стрэмкі, і чалавеку хаця ў вочы не глядзі.

— Вечар добры.

Нешта дзіўнае з'явілася ў яго вачах, калі ён паглядзеў у мае. Пільна, нібы пранікаючы. А пасля тое нешта пачало аддаляцца, знікла. Зразумеў.

— А-а, вы ўсё ж прыйшлі, Косміч. Не чакаў так… позна. То бы рана…

Ён заўважыў Хілінскага і Шчуку:

— І вы тут… Добра, заходзьце.

— Усё ж мы прыйшлі, — сказаў я.

— Што ж, хоць і не чакаў (а, гледзячы на вас, варта было чакаць) — рады. Недаацаніў мазгі сучасніка.

Ён казаў гэта з іроніяй. А ў вачах жыло нешта глыбокае, нібы злавеснае. І цень нейкай усмешкі, і дараванне — тысячы выразаў.

Урэшце гаспадар працягнуў Шчуку руку:

— З імі мы даўно ведаемся. Хаця і не зусім па правілах. Ну, будзем знаёмыя… Князь Вітаўт-Ксаверы-Станіслаў Альшанскі. Лыганоўскага можаце адправіць на могілкі імён. Тым больш што я дзеля гэтага дакумента нікога на той свет не адправіў. І ўвогуле, асабіста — нікога… Ну вось. Альшанскі.

— Ведаю, — сказаў я.

— І я ведаю, што гэта так. Адкуль з'явіўся першы цень здагадкі, прашу прабачэння і калі гэта не сакрэт?

— Гены, — сказаў я, — фамільная схожасць.

Ён адразу нібы павесялеў.

— А-а, статуя ў Альшанскім касцёле. Усё ж, значыць, спачатку была выпадковасць. Каб не яна… І хацелася ж мне змязджыць ёй твар — радзінныя забабоны перашкодзілі. А пазнавалі. І вы, і тая археолаг, і ксёндз, калі я заходзіў у касцёл. Круцілася нешта ва ўсіх у галаве. У вас і дакруцілася. Выпадковасць.

— Тое, што здарылася пазней (і раней), аніяк не было выпадковасцю. Хаця вы і яшчэ некалькі разоў нарываліся на выпадковыя неспадзяванкі.

— З вамі, — сцвярджальна сказаў ён.

— Чаму такая ўпэўненасць? — спытаў Шчука.

— Ды чаго мы тут стаім? — сказаў гаспадар. — Праходзьце ды сядайце.

Мы размясціліся на нешматлікіх сучасных рэчах у гэтай хаце, на крэслах і на тахце каля чайнага століка. А з усіх бакоў на нас выскалялі морды дужа несучасныя скульптуры і маскі, пагражала яшчэ больш несучасная зброя. Адчуванне было, як у запрошаных на вячэру да людаедаў. Не ў якасці гасцей, вядома, запрошаных, а ў якасці кароннага далікатэсу.

— А ўпэўненасць таму, што я дэтэктывы таксама часам чытаю. Схема адна: пратакол допыту, ордэр на вобыск, які праводзіць лейтэнант. Яго старэйшы калега ў гэты час у машыне праз тэлефонную трубку наводзіць патрэбныя спраўкі аб іншай машыне (марка, прыватная, колеру суніцаў з малаком, едзе па вуліцы імя Пілата, вадзіцель такі і гэтакі). Прыблізны раён і вуліца. Участковы атрымоўвае прыкметы — і праз некалькі дзён адрас вядомы… Ну, тут запрос у цэнтральную картатэку. Праз тыдзень палкоўнік мае біяграфію злачынца з турмой, амністыяй, характарыстыкай… А далей як па масле. Спынілі: «Рукі ўгору!» Пры спрытным злачынцу — перастрэлка.

Закурыў:

— Нічога гэтага не будзе. І перастрэлкі таксама. Бо — досыць стандартаў. І ўвогуле, мне ўсё абрыдла, калі я пачаў бачыць, чым гэта ўсё канчаецца. А асабліва калі ўбачыў брыдоту запусцення на месцы дзеяння.

— Ну так, — сказаў я. — Адразу адпала ахвота прыдбаць кінутае там. Падумаеш, права — хай намінальнае — на валоданне выбаровай ямай.

— Вы што ведаеце? — сказаў ён з дакорам. — І што вы можаце ведаць аб маім стане. Стане сапраўды апошняга, які хоча хоць памерці пад сваім імем.

— А дарэмна. Выдуманае прозвішча Лыганоўскі было яшчэ не так, не да канца скампраметаванае, як ваша сапраўднае. Тут ужо вы пастараліся новае прозвішча ўсямерна запэцкаць.

— Як запэцкаць? Злачынствамі, вартымі нейкага гіцля? А іхнімі ўчынкамі я ганарыўся. Іхнія ўчынкі пасавалі і адпавядалі ім, былі ім да твару. Вы памятаеце…

— Я нічога не памятаю. Я проста думаў над усім, што бачыў і чуў. Дык вось, вы пайшлі з дому яшчэ юнаком. Так? Захапіла тагачасная барацьба ўсіх супраць усіх. І ўсіх супраць санацыі. Нават прадстаўнікі арыстакратыі…

— Ведаю, што хочаце сказаць. Я б сказаў асабліва сапраўдная арыстакратыя саромелася таго, што Пілсудскі родам з гэтых мясцін. Непадалёк.

— Супакойцеся. Ад яго бацькоўскага фальварачка застаўся толькі падмурак… А вы блукалі: Прага, іншыя краіны пасля (гэта з вашых намёкаў).

— Афрыка.

— І паўночна-заходняя Індыя. Рака Нарбада. Полюс біялагічнай недаступнасці. Кветка, якая расце там… Адзін малады чалавек, мабыць, усё ж прайшоў там. Напэўна, у нейкім скафандры.

— Угм. Другі мой ляп. Жыхары вакол гэтага «полюса» і іх схільнасць.

— Каб жа ж другі. Мо ўжо дзесяты.

— А я думаў якраз гэтым адцягнуць вашу ўвагу.

— Аб чым вы? — спытаў Шчука.

— Слухай, — сказаў Адам.

— Пасля вяртання на радзіму, — сказаў я. — Прыблізна за год да вайны. І патаемная сустрэча з бацькам. Чаму? Як вынік бацькавага розуму і прадбачлівасці.

— Так. Ён быў адзін з нешматлікіх відушчых. Ведаў, што ідзе навальніца і што яе лепей пераседзець.

— І таму вы ў Кракаве, а ён у Кладна. Так.

— Я — у Кракаве і Варшаве.

— Дзе вы, мяркуючы па ўсім, сустрэліся з бацькам, калі пачалася вайна.

— Так. Кладна было ў вас. Варшаву захапілі немцы. Чаму вы думаеце, што мы сустрэліся?

— Мяркую, ваш айцец здолеў у агульных рысах разгадаць таямніцу продкаў. І ў тых жа агульных рысах перадаў яе вам. На ўсякі выпадак. Я мяркую, што ён адкрыў вам, што ёсць Кніга, Ступка і Таўкач, трыяда, якая разам складае разгадку таямніцы. І што дзве часткі ў двух верных людзей. А трэцяя…

— Трэцяя была ў вартаўніка касцёла. Таго, што быў да вашага дзеда. Немцы, адступаючы, пакінулі яго ў спакоі. Але не пакінулі…

— Але не пакінулі апошнія пагранічнікі. Я даведаўся ў Мультана, што таго застрэлілі. Кнігу ён за непатрэбнасцю аднёс на гару да іншых рэчаў, што непатрэбныя, а выкінуць нібыта яшчэ шкада. І так самая галоўная частка згубілася з вашых вачэй.

— Так. Бацька, такі прадбачлівы заўсёды, тут на старасці нібы аслеп, нібы выжыў з розуму. Балбатаў з дружкамі з айнзацкаманды аб «дзіва-зброі», аб тым, што тыя вернуцца.

— І тым, праўдзівей сваёй смерцю (можа, не выпадковай), адсек яшчэ адну пуцяводную ніць. А «дружкі» загінулі таксама ў зменлівасцях падзей вайны. І цяпер нават прыблізна, нават няпэўна, па чутках ведалі пра сховы архіва, старога скарбу і таго, што нарабавала ведамства Розенберга, толькі тры чалавекі. Два бандзюкі — і нашым і вашым — і вы, апошні ліст на дрэве, квяціна ў крапіве.

— Хутчэй Хрыстос між двух разбойнікаў, — сумна пажартаваў ён. — Хаця не такі ўжо я быў і Хрыстос. Мне там нічога не было патрэбна, акрамя запавету (у мяне быў толькі скарочаны) і знойдзенай бацькам радаслоўнай.

— Ясна. Дрэва годнасці, якое столькі год было пад сумненнем і служыла нават прадметам кпінаў, трэба было аднавіць.

— Так.

— А вы не думалі, чаму не думае нічога даводзіць адзін з Хадкевічаў, што трымае ў Афрыцы птушкаферму? Ці адна з Радзівілавых, узнагароджаная за падполле ордэнам «Віртуці Мілітары»?

— Чаму?

— Ды таму, што ім нічога не трэба было даводзіць. Яны — гэта былі яны. І даводзілі, што яны ёсць яны, «палякі, што ніколі не забывалі, што яны беларусы, беларускага высакароднага кораню» і ў падполлі, і ў партызанцы, і на барыкадах, і ў розных турмах. Гэтым даводзілі, а не радаслоўнай, ні няпэўнымі нават падазронымі «подзвігамі продкаў», ні сяброўствам са сволаччу, арыстакрат ён або бандзюга.

Ён нібы атрымаў поўху. Таргануўся:

— А вы не думаеце, што, вырашыўшы пазбавіцца і расказаць усё, я цяпер магу не сказаць нічога.

— Тады я раскажу ўсё за вас з большай ці меншай дозай пэўнасці.

— Нашто?

— Бо я ненавідзеў, і гэта навучыла мяне думаць. Стакроць інтэнсіўней.

Тут ён досыць ганарліва ўпершыню за час размовы ўскінуў галаву. Ільвіную сівую галаву продка з помніка.

— А я нікога не ненавідзеў і таму павінен быў скончыць паражэннем?

— Вы павінны былі ім скончыць, бо не ненавідзелі, а прымянялі сродкі, якія ўжывае нянавісць, ды яшчэ й самая беспрынцыповая… Вы ведалі мінулае гэтых вашых двух башыбузукаў.

— Так, — ён глядзеў некуды праз мяне сваімі доўгімі вачыма.

— І не пасаромеліся звязацца з імі. З трайнымі здраднікамі свайго краю. І тут была ваша апошняя спроба зрабіць з гэтых вялых паасобных пальцаў адзін кулак. Яны цягнулі ў розныя бакі. Вам былі патрэбныя толькі радавыя клейноды. Ну і, калі я не памыляюся, акрамя гэтых радавых грамат, была патрэбная. Словам, было патрэбнае нешта, каб легенда пра двух князёў Альшанскіх так і засталася легендай. Як назаўсёды засталася легендай гісторыя пра кляты богам замак Алелькавіча-Слуцкага на Князь-возеры… Што гэта было?

— Хроніка. Бязлітасная да нашага дому. Хранілася, каб ведалі і не дапускалі да яе нікога. Пра яе казала тая частка тэксту ў кнізе, якую вы так і не расшыфравалі.

— Угм. Ад забойства Валюжынічаў да клятвы князя на Евангеллі.

— Што яму было Евангелле? — паціснуў ён плячыма.

— Ён кляўся, што яны жывыя.

— Яны і сапраўды яшчэ два тыдні былі жывыя.

— Ну так. Што яму было да Евангелля? Як некаторым нашым сучаснікам да сумлення. Яму і дзіркі ў кнізе, перад якой сучаснікі трапяталі, было, як н… матцы ў вочы.

— Вы кажаце нечаканую праўду. Гэта здагадкі?

— Гэта думка. І памяць. І веданне тых людзей. І некаторых нашых. Дык вось, вам патрэбна было гэта. А бандзюкам, кожнаму паасобку, былі патрэбны каштоўнасці і архіў. На вочнай стаўцы вам гэта давядуць. І я не здзіўлюся, што яны збіраліся шантажаваць адзін другога і, магчыма, вас.

— Было.

— І яшчэ было тое, што была яшчэ адна група. Праўдзівей, падгрупа. Ад вас.

— Якая?

Я дастаў пачак «БТ», надрэзаў яго і працягнуў Лыганоўскаму-Альшанскаму:

— Закурвайце.

— Ясна, — сказаў ён, — занадта я тады звярнуў увагу вашу на Пахольчыка. Тады, падчас бяседы ля тытунёвай крамнічкі.

— І гэта было. І яно каштавала некаторым нават жыцця.

— Я не мачаў у гэта пальцаў.

— Так, вы не мачалі. Проста ваша пачвара пачала жэрці сама сябе. Па частках.

Шчука і Хілінскі пераглянуліся.

— Ці не досыць? — спытаў Шчука.

— Нашто, — сказаў Альшанскі, — я ж магу або разваліць яго разумовыя збудаванні-практыкаванні, або прызнаць іх. Мне ўсё адно. Трэба больш мужнасці прайграць, чым выйграць.

— Высоцкага вы зналі па сувязях яго з вашым бацькам. І іхняй агульнай сувязі з…

— Гэта вядома з кім. Не будзем выклікаць нябожчыкаў.

— Вы не разлічвалі на іхні мозг, толькі на грубую сілу. Але Высоцкі, бываючы ў горадзе, не губляў надзеі на свае мазгі. Яму нічога не каштавала выведаць у Мультана, што «нейкі з горада» ўзяў кнігу, нават прапаноўваў грошы, ды дзед не ўзяў. І таму тып з трайной мордай наведваў усе выстаўкі кнігі, старых гравюр і іншага такога, на якія ён здолеў натрапіць, бываючы ў горадзе. І аднойчы яму нечувана пашанцавала. Ён сутыкнуўся з Пташынскім і напаў на след кнігі. Я здагадаўся, што гэта быў ён па словах Мар'яна: «сумесь вясковага і гарадскога».

— Не толькі ён бачыў. Гутнік, вядомы вам, бачыў. А самі ўпэўніліся, чысты як шкельца. І антыквар.

— І ў абодвух ёсць язык, — сказаў я. — Яны — ложны след. Але Гутнік быў добра знаёмы з тым маладзёнам… ну, што з вядром да смецця. А антыквар і вы — з мастакамі з майстэрань у нашым жа пад'ездзе.

— Адкуль гэта?.. Ага, масайскія дзіда і шчыт. «Не хадзіце, дзеці, у Афрыку гуляць».

— І гэта была зручная акалічнасць, тое, што Гутнік і антыквар таксама бачылі кнігу. Зручна было намовіць кнігалюба, каб званіў, нерваваў і без таго ўстрывожанага чалавека. А яшчэ зручна нібы шантажаваць і маладога са смеццем, і гэтых.

— Я не шантажаваў, — цвёрда сказаў Альшанскі.

— Правільна, — сказаў Шчука, — відаць, хапала на тое асоб і без вас.

— Я бы вас папрасіў, палкоўнік, не перашкаджаць зараз Космічу. Мне проста цікава, да чаго і як ён дайшоў. Дамысліўся. Гэта, можа, адна з апошніх маіх здагадак па псіхалогіі. А потым… потым я цалкам у вашым распараджэнні.

Шчука вымушана ўсміхнуўся.

— Я адразу здагадаўся: мая кніга, — сказаў лекар. — Я ўжо гаварыў, бацька апісваў мне яе перад уцёкамі. Заставацца яму — не выпадала. Застаўся я. Пераехаў з Кладна ў Менск… Ну апісаў ён. Акрамя таго, гэтае апісанне кнігі перадавалася ў нашым родзе з пакалення ў пакаленне. Мне трэба было знайсці сапраўдныя граматы. Пасля мяне — каму ж? І потым, без гэтага лепей памерці. Як зраблю гэта я. Скора.

— Ну не так ужо скора.

— А пра гэта не вам меркаваць, Косміч.

— Чаму? — спытаў маўклівы, з пачатку размовы нават чымсьці ўражаны Хілінскі.

— Я не з тых, каму прызначаюць дзень і час згону. Я іх выбіраю сам. Давайце далей, Антон. Мне проста цікава, як гэта вы пры вашым псіхічным стане здолелі да сяго-таго дакапацца.

— А вы — не здолелі, нягледзячы на тое, што былі адной з прыступак тых сходаў, якімі я спускаўся ў вар'яцтва. Вы шукалі кнігу ў Мар'яна, нават калі яе ў Пташынскага ўжо не было. Не падумалі, што кнігу вынеслі з ягонай хаты. Сардэчны друг Пахольчык меў рацыю: адзін Пташынскі не пасмеліўся б несці кнігу. Нейкае падсвядомае прадчуванне прымусіла яго купіць віно і кефір і паставіць мне ў партфель. Прымітыўная маскіроўка, але ў нас з прадаўцом была з гэтай прычыны нават уратавальная бяседа дзеля душы. Аб чым ён вам паспяхова і данёс. І, да пэўнага часу, спроб улезці ў маю кватэру ніхто не рабіў. Гэта — пасля.

— Так. Дагэтуль усё дакладна… Герард быў калісьці слугою і айца і мяне, і я прасіў яго назіраць за вамі. Пры ягонай цікаўнасці яму гэта было проста дарам нябесным.

— Ясна, чаму кожны мой крок быў вядомы. І гэта яшчэ адна з прычын, чаму я не тое што западозрыў вас, а ўжо не мог ставіцца з ранейшым даверам. Я не звязваў вас з Высоцкім аж да таго самага дня, калі Пахольчыка забілі. Высоцкі забіў, бо заўважыў, што вы баіцеся: прадавец зашмат ведаў і перавысіў меру вашага даверу да яго. Вы ж давалі яму проста слабы наркотык, уласна кажучы, сродак на сон, а ён так павысіў дозу, што сродак на сон стаў сродкам на вечны сон.

— Высоцкі загінуў, — хутчэй сцвярджальна сказаў доктар.

— Так.

— Н-да, я крыху нарабіў глупстваў. І недаацаніў сяго-таго… Прынамсі, застаўся б неапазнаным, каб не вы.

— Не засталіся б.

— Проста мэты няма. Таму я і гуляю ў паддаўкі. Ну добра, гісторыя з легендай пра даму і манаха.

— Часткова сасніў. Неадрыўна думаў пра яе цэлымі днямі і таму часткова сасніў. Не без уплыву вашага сродку. І ўмення раскопваць у той пагарджанай многімі гісторыі розныя дзівосныя рэчы. Вось так. Скарбы Галконды, фантастычнае багацце роду, якое раптам знікла са смерцю старога Вітаўта, болей не вернецца ў род.

Альшанскі сядзеў нібы сшэрхлы. Анямела і нібы безуважна глядзеў на постаць нейкага ўсходняга бажка.

— А ведаеце, — нечакана сказаў ён, — я ўпэўнены, што прычынай смерці майго двайніка з магільні быў жах перад праклёнам Валюжыніча. Жах і чаканне. Ды яшчэ цені жонкі і манаха. Ён баяўся. Як дзікун баіцца праклёну чараўніка з суседняй вёскі. Ды яны і былі дзікуны. Нават гэты, вальнадумца, які ні ў шэлег не ставіў Евангелле, які прысвоіў грошы стогадовай даўнасці і грошы сваіх сучаснікаў, грошы радзімы. Скраў, і канцы ў ваду. Ды, відаць, далёка цягнуліся тыя канцы і плыткая была тая вада.

— І дарэмна было хаваць. І скарб, які нават трыста год таму каштаваў шэсцьсот тысяч золатам ды сем мільёнаў каштоўнымі камянямі. А якую лічбу ён зараз складзе — невядома. Астранамічную… І яшчэ скарб асабісты вашага бацькі і скарб айнзацкаманды. Ну і архіў, які дасць бяспеку тысячам і законнае пакаранне адзінкам з крывавымі рукамі.

— Мяне гэта не абыходзіць. Мяне датычылася тое, што з пляменнікаў старога Вітаўта пакеплівалі. А значыць, і з мяне, непасрэднага нашчадка. Цяпер не абыходзіць і гэта. Нават ганьба рэвізіі з тым Станкевічам на чале ўжо не абыходзіць нашага роду. Усё вярнулася на кругі свая.

— Зою вы мне таксама падсунулі?

— Ну не, спачатку яна сама.

Шчука ў непаразуменні абводзіў нас позіркам. Хілінскі паціснуў плячыма, нібы моўчкі сказаў мне: «Ну вось бачыш, усё так ці йначай выплыла».

— Я не збіраюся нічога хаваць ад следства, палкоўнік, — сказаў я. — Дзе вінаваты, там вінаваты. Прашу толькі, каб гэтую справу пакінулі ў таямніцы. Дзеля дабра аднаго мужчыны (не мяне) і адной дзяўчыны. Сам я гатовы адказваць, калі мяне ў нечым прызнаюць вінаватым. Чым вы яе ўзялі? Была вам абавязаная?

— Так. Многім.

— Грашыма? Зберажэннем добрага імя? Вы лічыце — гэта ўсё?

— Для многіх жанчын — усё.

— Ну, ясна. І калі мы парвалі ўжо з ёю, вы прымусілі яе ўсё ж заходзіць зрэдку. Правяраць на ўсякі выпадак, ці тут кніга, ці ў мяне? Якая ж у гэтым яе віна? Што шантажавалі знаёмствам са мной і іншымі? Годны, проста княскі ўчынак.

— Учынак Пахольчыка.

— Усё адно. Ён — ваша параджэнне… А яна, ужо не хочучы, магчыма, сапраўды кахаючы мяне, хлусіла. Завяла размову пра «Хванчкару», каб я пакінуў яе адну ў кватэры… І данесла вам, што ў Мар'яна — сэрца і што ён, тым не менш, не кінуў курыць.

— Ужо мне гэтыя памятлівыя на дробязі.

— Не толькі на іх. Вы падазравалі, ну на адну тысячную працэнта, што а раптам кніга можа быць і ў мяне, тым больш што той, са смеццем, падслухаў нашу размову з Мар'янам на сходах. І пасля па-суседску расказаў вам (памятаеце, я сведкам быў, як вы пра нешта гаварылі).

— Было, — лянотна сказаў ён.

— І вы, мяркую, можа, не ў той вечар, але папрасілі яго, каб дастаў яе ў маю адсутнасць. Абяцалі грошы. І гэта выклікала пазней спробу ўзлому маёй хаты.

Маўчаў. Ясна было і без слоў, што так. Урэшце азваўся:

— Ну тады яшчэ сумненні толькі былі. Усе — пераважна — думалі, што кніга яшчэ ў Пташынскага.

— І таму вы вырашылі ўсыпіць яго. Ці ж вы ведалі, што ўсё гэта аж так скончыцца? І вось Мар'ян сам купіў у вашага халуя пачак атручанай «Шыпкі»… Уся бяда была ў тым, што ваша правая рука не ведала, што робіць левая. Пахольчык падсоўваў «Шыпку» і ўсыпіў праз замочную шчыліну сабак, разлічваючы пагаспадарыць у кватэры падчас адсутнасці гаспадара. А ў гэты ж самы час Мар'ян ехаў на возера. Па запісцы на маёй паперы, здабытай Зояй і падробленай пад мой почырк кімсьці з вас… Вамі асабіста, Альшанскі.

— Зноў праўда. Што яшчэ?

— Ды ваша дзейнасць як атрутніка.

— Ого-го. Ды вы што, перакваліфікаваліся?

— Не, — сказаў я, — гэта мне падарунак зрабілі. А справай вашай…

— А справай іхняй і вашай цяпер зоймецца не ён, — сказаў Шчука. — І нават не я. На жаль. А можа, як падумаеш, што непасрэдна ваша, гм… аблічча… бачыць буду куды радзей, то не на жаль. Хутчэй, на радасць. Кажыце далей, Косміч.

— Вам трэба было выбіць мяне з сядла, Альшанскі. Былі ў мяне, на ваша няшчасце, дзве размовы. Амаль адначасова. Адна з вамі, калі вы, памятаеце, жываплот садзілі. Аб адхіленні ў псіхіцы кавалера. І з Пахольчыкам, ля будкі. Ён дужа пільна назіраў, як я пачак ускрываю. І абодва вы тады заўважылі дзеля сябе, што нават не ўвесь пачак труціць трэба, як Мар'яну, які курыць рэдка. І прыстасавалі вы тады Пахольчыка і на гэтую работу з «метадычным старым кавалерам». Дзве-тры цыгарэты збоку, дзе надразае. І дзейнічаць будзе не адразу… Ну вось. А цяпер будзеце гаварыць і вы. Як? Якім сродкам?

— Так, тут ужо гаварыць мне. Я тады не падумаў, што мая здагадка пра паўночна-заходнюю Індыю можа не адвесці, а навесці на пэўныя думкі. Што ж, даліна Нарбады пралягае па пласкагор'і. Невялікія судны ходзяць толькі па ніжняй плыні. Рака парожыстая, вельмі. І даліна яе гэта не савана, а амаль трапічны па дзікасці і гушчыні лес. Часам толькі скалы выходзяць да ракі і абрываюцца ў яе. І часцей за ўсё там пчаліныя мегаполісы, на многія кіламетры. Соты шматметровай таўшчыні і вышыні, мёд многіх стагоддзяў, унізе зусім чорны… Урэшце добрае апісанне ў «Кнізе джунгляў» Кіплінга… Мне зараз не да паэзіі… Чырвонае дрэва, чорнае дрэва, сандал, бог ведае што яшчэ. І ўсё гэта перавіта ліянамі, а на найбольш высокіх камянях у парогах растуць у вадзяным пыле архідэі. Кветкі — велічынёй з чалавечую галаву. Часам на тых камянях узнікаюць запруды з дрэў, і лісцяў, і іншага, і тады рака разліваецца па нізінах, калі яны ёсць, і ўтварае балоты колеру чорнай гарбаты.

Ён закурыў са свайго пачка:

— Мне давялося блукаць там доўга. І з насільшчыкамі і самому, калі яны кінулі мяне. Я ўсё адно ішоў. Мне добра плацілі і ў Ахмадабадзе, і ў Бамбеі, і яшчэ лепей у Джайпуры, і нават у Дэлі за расліны: і лекавыя, і атрутныя, і… наркатычныя… Там, недзе між Бурханпурам і… А, ды ці не ўсё адно?! Я і пачуў пра кветкі расліны Ваё і яе зерні, наркотык рэдкасны і небывалы. Рэдкасны, бо водзіцца толькі там (можа, калісьці арэал быў шырэйшы, ды там расліну звялі). А ў мегаполісах, у гэтай недаступнай пчалінай краіне «ваё» збераглася. Зрэдку вецер заносіць яе зерне, яе слёзы… да людзей…

Твар ягоны нібы пацяжэў.

— І чаго мяне зноў панесла назад, на так званую бацькаўшчыну?.. Стаміўся ў блуканнях?.. Паваліў цень багацця?.. Вось я маю яго зараз… А там я мог бы быць манапалістам, зрабіцца мільярдэрам… Толькі пляваць мне на гэта… Проста нідзе я не быў такі шчаслівы, як там… Ну добра, хопіць пра гэта.

Сеў выгадней, нібы сеў на ўлюбёнага канька і сабраўся чытаць лекцыю. Ды так яно і было.

— Вы, мабыць, не задумваліся, што чалавеку (я маю на ўвазе чалавека вытанчанага, а не прыземленую свінню) з часам усё абрыдае. Свіння так і будзе да смерці лыгаць сівуху і задавальняцца гэтым. Вытанчаны — вынаходзіць. Усё вастрэй, усё з большай выдумкай — сапсаванасцю, ненармальнасцю.

— Пра сябе? — спытаў Шчука.

— Не, — сказаў Хілінскі, — ён не з тых. Ягоная ненармальнасць — назіраць за адхіленнямі іншых. Ён як пісьменнік. Нашто яму хапацца за нож, выбівацца ў Напалеоны? Без усякай рызыкі можна рабіць што хочаш, рухаць арміямі, эпохамі, сумленнямі… Добры вядзе выдуманыя легіёны да дабрыні і дабра. Злосны…

— Правільна, — згадзіўся Альшанскі, — пісьменнік распусты і зла. Чорная сіла. Самушчальнік. Злы дух Жэневы… То вось, спачатку быў мак, Марфей, бог сну з макавай кветкай у руцэ, опій, а ў ім такія простыя рэчы, як марфін або морфій, папаверын, кадэін і іншае. І пачалося гэта ў Грэцыі, а не Індыі ці Кітаі. Фалангі Македонскага прынеслі яго на ўсход. Так яно было. І… задурманены край. Але опіум нібыта выжыў сябе, як нішчыцель. І не законы прыпынілі яго. Проста прыеўся. Ну што? Нешта каля трохсот тысяч з гакам курыльшчыкаў. У Ганконгу — дзесятая частка мільёна. Абрыднуў, як і чыстая жвачка з чыстых лісцяў кокі ў Амерыцы. І яна абрыдла, як і індыйскія каноплі, мексіканскі мескалін — гэты з кактусаў, галюцынагенныя грыбы. Словам, бядота.

Чалавек упарта ідзе ў дурман, у загібель. Адбяруць адну атруту або абрыдне яна — з'явяцца сотні новых. Марыхуана, гераін, хат… З'явіліся, ды і былі заўсёды, і ўвогуле страшныя рэчы. Чалавек набывае дзікую сілу на некаторы час. Пройдзе там, дзе і мурашка не пройдзе. Натоўп адзін раскідае. І праявы дзівосныя вакол. А пасля галаўны боль, а то і паралюш мінімум на пару месяцаў. Звыкання няма. Хто два разы ўзапар выпіў — скончыўся. І ўсё гэта дактары і вучоныя стваралі па-за прыродай, паклікаўшы на дапамогу хімію. І вось штампавалі, узважвалі, дазавалі. Усё каб пайсці ад Нясцерпнага ў свет Вялікай Ілюзіі. У свет усеабдымнай Асалоды, пры якой што табе тваё цела і цела жанчыны, твой мозг і мазгі ўсіх людзей, дзеці свае і сам Род Чалавечы? Асалода без бою за авалоданне ёю. Асалода раптоўная, як тарпеда ў днішчы карабля. Толькі тут карабель — мозг. Выбух — яго салодкая агонія. Радасная смерць сябе самога і сусвету ад сваёй жа рукі. І… знішчэнне ворага, адзін ён супраць цябе ці ў мільярдзе асоб.

— І ўрэшце знішчэнне сябе? — спытаў я. — Зямны шар населены ідыётамі? Чалавецтва, якое сядзіць і раскашуецца, пускаючы сліну з рота?

— Не. Не зусім так. Вучоныя шукаюць у гэтай кампаніі сяброў. І знаходзяць іх. Рэдка. І толькі ў памяркоўным ужытку.

Хілінскі раптам сказаў, і такім журботным тонам, якога я ані разу яшчэ ад яго не чуў:

— Людзі, нават геніяльныя, не стварылі анальгезікаў, што не ўваходзяць у склад абмену рэчываў арганізма, і таму не даюць звыкання. Наркаманіі.

— Я знайшоў, — проста сказаў Альшанскі. — Я выдзеліў такое рэчыва з майго Ваё. Я яго сінтэзаваў.

— Гэта немагчыма па ўсіх законах… Як вы гэта зрабілі?

— Вы не зведаеце гэтага. І, мабыць, не даведаецеся ніколі. Ён не шкодзіць, амаль не шкодзіць. Дае чалавеку Ілюзію больш рэальную, чым Рэальнасць. І вось я думаю, што гэта будзе дрэнны падарунак людзям. Хай знікне са мной… Пахольчык з Высоцкім папрасілі ў мяне крыху экстракту. Першы, каб збіць з панталыку, пазбавіць пэўнасці вас. Другі, каб усыпіць Пташынскага. І вось іхнія шляхі сутыкнуліся адразу і на ім, і на вас. Не непакойцеся, вы не паспелі звыкнуць да гэтага сродку. Але маглі. Я не здолеў здабыць канчаткова чыстае рэчыва. Патрэбныя былі гады і лабараторыі — не ў пару маім. І сродак усё ж дзейнічаў, і адмоўна. Ці не адчувалі вы пасля гэтых вашых «відзенняў» і кароткатэрміновай дэпрэсіі пачуцця ўзнёсласці і працаздольнасці? Ясна, ненадоўга. Урэшце, калі вы прыйшлі да мяне са скаргамі, я зразумеў, куды ўжыў Пахольчык сваю частку. І зразумеў, што звыканне ўсё ж павінна ўзяць вас у лапы. А калі ты ў кагосьці ў лапах — гэта ўжо распад асобы. Але на такое патрэбны былі гады. Нічога, застанецеся здаровы.

— Друг мой памёр.

— І гэта другая прычына таго, што сакрэт памрэ. Амаль бясшкодны сродак, і раптам чарада, лавіна смерцяў. Атрымоўваецца, гэта я выпусціў іх.

— Атрымоўваецца так. Ды яшчэ і гулялі з агнём і Пахольчык і вы. Умаўлялі кінуць курыць. Гэта ўразіла мяне, хутчэй падсвядома, яшчэ тады. Гэткае супадзенне. І парады аднолькавыя. І на тое, як «БТ» распячатваў, аднолькава глядзелі. Адно хачу ведаць, чаму не заўсёды дзейнічала?

— Шпрыцам уводзіўся, відаць, сродак толькі ў пару цыгарэт на пачак. І тое не на кожны.

— Нашто вам было гэта?

— Вы ішлі па слядах. Трэба было пазбавіць вас упэўненасці. І потым, нават калі б напалі на мой след, калі б паверылі вашым прадчуванням — ніхто не паверыў бы паказанням вар'ята.

— А Мар'яну зарадзілі цэлы пачак. І ў той жа час перадалі запіску. Так што заснуў ён не ў кватэры, ачысціўшы вам поле пошуку. Ён з'ехаў, і вы маглі, усыпіўшы сабак, шукаць колькі вам хацелася. А ён пачаў марыць і бачыць розныя з'явы і ўпаў у дрэму ў чаўне. І ніхто ўжо не зведае, аб чым апошнім ён марыў.

Зноў усталі на краі паляны дробныя, бязгучныя ўсплёскі, якія зрэдку лізалі пясок, і зноў я зразумеў, што гэта не паляна, а возера, густа ахутанае імглой. А на дне гэтага апошняга возера мой больш за ўсіх улюбёны (а болей няма і не будзе) друг.

Забіты не праз нейкія там меркаванні, а проста дзякуючы дурному супадзенню, таму што «так атрымалася». А гэтыя жывуць, і няма ў іх сэрцах майго тагачаснага прадчування нейкай вялікай бяды. Нічога, я ўсё ж не паверыў у інфаркт, я прымусіў не паверыць і іншых.

Сэрцы вось гэтых таксама захлынуцца ў апошняй тузе, і гэта адзін з нешматлікіх маіх учынкаў, за якія я папрашу ў цябе ўзнагароды, госпадзі.

— Вось так, — сказаў я, — і ў хату нябожчыка вы некалькі разоў залезці хацелі. Раз — вахцёрка перашкодзіла. Другі раз — нічога не знайшлі і вырашылі як толькі можна пільна сачыць за мной. Каб я вас прывёў да мэты. Не ведалі вы толькі пра запавет, які на мяне цень кінуў. Слаба ведалі гісторыю з карцінамі, але пад удар антыквара і Гутніка не пасаромеліся падставіць. Пешкі! І тут я пачаў расшыфроўку. І першыя ж крокі прымусілі мяне падумаць, што, можа, тут не проста спекуляцыя, што ёсць у кнізе ініцыялы Пятра Давыдавіча ды Вітаўта Хвёдаравіча Альшанскіх. А значыць, гэта фамільная каштоўнасць і гэта азначае, што павінен нейкі сваяк і спадчыннік застацца. Хаця я і не думаў тады, што існуяце вы, сын.

— Ну пра сакрэт шыфроўкі ніхто з нас тады не ведаў, хаця я і чуў нешта ад бацькі (ён сам не ведаў цвёрда) пра нейкую папяровую істужку. І што нейкую ролю іграў таўкач, і, чамусьці, вішнёвы клей, і ступка. Ды што нам было з гэтага. Невядома, што з імі рабіць, і хрэн яго ведае, як з імі распарадзіцца. І тут пачалася спрэчка. Адны казалі, што трэба вас і надалей трымаць у сумненні наконт уласных мазгоў. А я лічыў, што гэтую справу з галюцынацыямі трэба канчаць.

— Праўдзівей, прыпыніць на час. І вы прыпынілі.

— Ясна. Трэба было даць магчымасць расшыфраваць вам, калі ўжо ў нас сваіх мазгоў і ведаў не хапае. А тады скарыстацца пладамі вашых намаганняў.

— З Мар'янам не прыпынілі, — жорстка сказаў я.

— Позна даведаўся, — сказаў ён. — Кажу не дзеля апраўдання. А калі даведаўся — было позна нешта рабіць. Трэба было ўжо прыбраць Пахольчыка. Сведку. А пасля зноў вас палохаць. А можа, вы, нават ужо трапіўшы на след, спалохаецеся ды пакінеце гэты занятак.

— А я не спалохаўся. І таму вашы бандзюкі мяне вырашылі напужаць… І аж да смерці.

— Адзінае, чаго мы недаацанілі, — ваша воля. І яшчэ тое, што вось ведамства пана Шчукі зацікавілася гэтым, хаця што яму было ў дакументах трохсотгадовай даўнасці.

— Мы і не цікавіліся, — буркнуў Шчука. — Занадта доўга не цікавіліся. Злачынна доўга, не пабаюся сказаць, не цікавіліся. Таму гэта і прывяло да такіх падзей.

— А гэта не ўваходзіла ў кампетэнцыю вашых. Што, можа, іх задача дапамагаць гісторыкам і літаратуразнаўцам? Дапамагаць пану К. у пошуках аўтара «Энеіды»? Ці пані С. у пошуках старых Альшан?

— Маўчыце пра яе, — сказаў я.

— А-а… ну, дай бог. Але памагаць ім усім ці не затлуста будзе?

— Дарэмна не дапамагалі, — сказаў Шчука. — Узаемны вопыт мог бы прыдасца.

Здавалася, перад намі сядзеў не чалавек, які чакаў арышту, і не тыя, што прыперлі яго, а проста ішла мілая бяседа на цікавую для ўсіх тэму.

— Дарэчы, ці не выпіць нам каньяку? — устаў Альшанскі.

Мы пераглянуліся. Гэта было ўжо занадта. Але з другога боку…

— У якасці ўзнагароды за тое, што я прайграў, і, як бачыце, мужна прайграў. Не ламаюся. Словаахвотлівы.

Ён прынёс з серванта непачатую бутэльку «Дзвіна».

— А што? — раптам папусціўся злосці я. — Можна. Спадзяюся, што ён не трымае ў буфеце дзесяць непачатых бутэлек з атрутай.

— Можна, — сказаў Хілінскі.

— Я не атручваю віно.

— А цыгарэты? — спытаў я.

— Прыпомніце, што я раіў вам патроху піць і абавязкова кінуць курэнне.

— Было, — прызнаў я.

— Я не хацеў бы атруціць вас і не хачу атручвацца сам. А вам дзякуй за ваша «можна», Хілінскі. — І ўзняў келіх. — Ну, чокацца не будзем, гэта ўжо занадта. — Закінуў ільвіную сівую галаву. Пасля сказаў: — Цалкам магчыма, што гэта апошняя бутэлька каньяку, якую я пачаў. Ці, можа, у якасці апошняга жадання яшчэ дадуць? Прынята гэта ў нас ці не?

— Хто вам сказаў, што вам давядзецца выказваць апошняе жаданне? — спытаў Шчука. — Вы ж пра многае не ведалі. Вядома, калі вы тут казалі праўду.

— Я казаў праўду… Але нават калі б давялося — не выказваў бы жаданняў і не наракаў бы… Так, шмат аб чым не ведаў… Але ёсць у падсонечнай іншы суд. Больш непрымірымы, больш жорсткі. І, здаецца, апошні з Альшанскіх якраз і падлягае гэтаму суду.

— Што, бог? — спытаў Хілінскі.

— Гэта вы пагаварыце з Леанардам Жыховічам, — сказаў гаспадар.

— Дзяўчыну якога ў ліку іншых выдаў немцам ваш Высоцкі.

— Спеліся, — іранічна перадражніў нас Альшанскі, — забойца і нашчадак забойцы.

— Патуральнік забойстваў, — сказаў я.

— Смерць Зоі, — хутчэй сцвярджальна сказаў ён.

— Так. Бо хаця яна і сама атруцілася, а ў рэшце рэшт атруцілі яе вы.

— Чаму?

— Не вытрымала. Сумленне здрады не вытрымала. Палічыла раптам, што адзін у яе сапраўдны і быў і яго яна аддала галавою ворагам… Ведаеце, як гэта балюча, хаця й коратка.

— Я тады яшчэ не ведаў пра гэта.

— «Тады» — гэта калі ўпэўніўся, што кнігі ў хаце Мар'яна няма, і паспрабавалі ўзламаць маю хату. Вось тут вам малады чалавек са смеццем і спатрэбіўся. Нехта адчыняе…

— Высоцкі.

— А другі на варце стаіць. І калі я Высоцкага спалохаў, ён паспеў у склеп пад павуцінне прапаўзці, а пасля, пакуль я бегаў на двор, скочыць на вуліцу. А малады чалавек, «п'яны, як бэля», шмыгнуў да дзяўчат ды прыкінуўся, быццам сп'яну прыпёрся.

— Што ж, і ім зоймемся, — сказаў Шчука.

— Тым больш што, думаецца мне, папаўзуць за ім і яшчэ сякія-такія грахі.

— А што нам застаецца, — сказаў Шчука. — Справай архіва ды айнзацштаба з Адальбертам фон Вартэнбургам ды Францам Кернам іншыя зоймуцца.

— А папіхачоў іхніх я тады ўпершыню ў двары замка заўважыў. Герояў. Вы думаеце, яны спалохаліся, што я фатаграфую разбураны мур? Чорта! Фота сваіх абліччаў яны спалохаліся. Я гэта досыць скора пачаў разумець.

— І маўчаў, — сказаў Шчука.

— Усе маўчалі. І вы былі не лепшы… Але добра, што я там прыдбаў не толькі ворагаў, але і сяброў.

— А ў мяне вось сяброў не было, — сказаў Альшанскі. — Паплечнікі.

— Дый хіба паплечнікі? Паплечнікі — гэта плячо да пляча. «Поплеч», «поруч». А калі людзі с…… адзін да аднаго сядзяць, то як гэта называецца?

— «По…», — засмяяўся Шчука.

— Вось менавіта так. І не паплечнікі, а па……

— Гэта што, у вас у навуковым цяперашнім свеце заўсёды такія жарты?

— Жыццё прывучыла… Як былога самага асвечанага на ўвесь павет чалавека — Людзвіка Лапатуху.

— Так, выслізнуў ён тады, — сказаў Альшанскі. — Шанцаванне незвычайнае. Відаць, удалося на апошнім шляху туды заваліцца незаўважана ў хмызы. Варта не далічылася аднаго.

— Цяпер мы ўжо не даведаемся… — пачаў было я.

— Чаму не даведаемся, — сказаў Шчука. — Цудоўна даведаемся. Сведка, які пачаў прыходзіць да памяці. Варта было ўратавацца, жыць столькі год такім няшчасным. І каб на парозе прытомнасці сустрэла смерць. Вось вам і ўцёкі ад рэчаіснасці.

— І таксама не без вашай віны, — сцяўшы зубы, кінуў я. — Калі справа зайшла аб вашай шкуры і шкуры абяздоленага такімі вось, як… Вы выбралі сваю шкуру, а не шкуру няшчаснага чалавека. Што ён перад вышэйшымі меркаваннямі. Абстрактны гуманізм… А як наконт канкрэтнага чалавеканенавісніцтва?

— Не трэба занадта злаваць мяне, — сказаў Альшанскі.

— А колькіх вы з вашай абыякавасцю смяротна пакрыўдзілі?

— Не трэба яго перавыхоўваць, — сказаў Хілінскі. — Пустая справа.

— Пустая, — сказаў гаспадар, — я Альшанскі. А вы што думалі? Апошні. Іншых няма. Вывеліся. Неперавыхаваныя.

— А жылі. На жаль. Не як тыя, атручаныя вайной, што паміралі. Забойцы і ахвяры.

— У забойцаў, на жаль, была сіла і хітрасць. Подлая. Як той Ганчаронак-Боўбель спрытна свой «пабег ад самога сябе» ўладкаваў! Уцёк, пасядзеў у балоце, а іншым раструбіў, што напярэдадні разгрому з-пад бандыцкага расстрэлу збег. Яшчэ і ў героях хадзіў… А за таўкач свой як трымаўся! За грошы і за жыццё. Грошы здрады, грошы крыві — яны для вас скончыліся. Канец! Цяпер сапраўды канец.

— Канец, — сказаў Альшанскі. — Толькі ў мяне не такі, як вы, можа, мяркуеце. Я апошні, і я адыду, як сам захачу, і той сцежкай, якой захачу.

— І толькі не здолееце зрабіць так, каб быць высокай думкі пра свае ўчынкі, пра сваё жыццё. Наадварот, самаацэнка ў апошнія хвіліны будзе самая подлая. Пекла няверуючых. Горш за нейкія там апраметныя катлы.

— У маёй волі — перарваць успаміны. Нават калі б вы мяне не выкрылі — я адмовіўся б ад працягу гэтай камедыі.

— Чаму?

— Мне абрыдла жыць. Жыць абрыдла. Сярод гэтай вакханаліі забойстваў праз гэтых бандытаў. І Лапатуха. Баяліся, што выдасць — далоў яго. І Зоя, калі скеміла, што загінуў праз яе чалавек, — не вытрымала. Адна справа хлусіць, і зусім іншая — смерць, якой ты вінен.

— Боязь. І мяне спрабавалі перастрэць з нажамі, а калі не ўдалося — замураваць у падзямеллі. Продак ваш быў вялікі мастак — ну і вы недалёка ад яго пайшлі. Хаця і чужымі рукамі.

Сядзелі моўчкі, прыгнечаныя. Не магу паручыцца за іншых, але я адчуваў сябе так.

Гарэлі за акном шматлікія гарадскія агні, рознакаляровыя, ад саладжава-аранжавых да безжыццёва-зеленаватых. Згасалі адны, запальваліся іншыя, нібы нехта вельмі павольна граў кнопкамі на пульце невядомай волатавай машыны. І толькі сінія «дзённыя» агні вулічных ліхтароў ды чырвоныя трывожныя агні тэлевышкі наводдаль былі нязменныя.

А мне было ганебна, як заўсёды, калі трапляўся на маёй дарозе чалавек, які незваротна і не так распарадзіўся сабой.

Альшанскі глядзеў на іх нібы ў апошні раз, ды так яно, мабыць, і здавалася. І яму і мне.

— Жыць Шаблыкам? — спытаў ён. — Жыць сабой? Жыховічам?

— Космічам, — падказаў Хілінскі.

Не быў бы ён сабою, каб не паспрабаваў праверыць, а што яно атрымаецца і з такога супрацьпастаўлення.

— …Космічам яшчэ куды ні шло. Прынамсі, ведае мэту, умее ісці і ідзе. Праз небяспеку, падазрэнні, плёткі. Бачыце, якія я кампліменты вам кажу, Косміч? Закіньце там за мяне слоўца вашаму богу гуманнасці. Можа, гады на два раней выпусціць з катла… Або як там ваш пісьменнік, гісторык гэты пісаў… Ну, там яшчэ д'ябал пісаў дысертацыю: «Велічыня абсалютнага аптымальнага ціску ў катлаагрэгаце для прапарвання грэшнікаў…» Дык вось. Хілінскім, Космічам, іншымі такімі быць не магу, іншымі — не хачу. Я — Альшанскі. І памру як Альшанскі. Досыць, што ўсё жыццё жыў інкогніта.

— Ну добра, — сказаў я, — Пахольчыка вы прыбралі таму, што асноўны сведка вашай дзейнасці, што шмат ведаў, што ўтравіў вас у забойствы, што дысцыпліну парушыў, перавысіў «паўнамоцтвы». Нягледзячы на вашу забарону, усё ж распараджаўся рэшткамі наркотыку. А Кухарчыка? А дворніка нашто? Бясшкодны, з пытаннямі лезе паўсюль, дзе не трэба. І толькі.

— Вось за гэтае «толькі». Але я Пахольчыка пальцам не крануў.

— І тое верна, — сказаў я. — Нашто вам было? Вы праінфармавалі Высоцкага, а той, паколькі не пакідаў тады Альшанку, распарадзіўся жыццём прадаўца… ну, хутчэй за ўсе праз таго маладога чалавека са смеццем. Так? А Кухарчык, відаць, проста меў няшчасце быць сведкам, узлезці, на сваю галаву, у справу якраз тады, калі гэты, са смеццем, выконваў загад Высоцкага.

— Так.

— Той быў і без таго запэцканы. «Трэці» і «чацвёрты» падчас першага нападу на мяне гэта і былі яны, Пахольчык і будучы яго забойца. Са смеццем. Больш ад яго нічога і не застанецца.

— Разбяромся, хто, дзе, калі і ў што мачаў пальцы, — сказаў Шчука. — Тут ужо на высокім узроўні пойдзе справа.

— Пахольчыка мне было шкада, — сказаў Альшанскі. — Не кажучы пра духам віннага дворніка… Тады я і вырашыў, што калі нітка давядзе і да мяне — я не буду старацца адвесці ад сябе ўдар. Я нібы камень у гарах скрануў. І пайшла лавіна забойстваў. Шкада, што я запэцкаўся з гэтай свалатой.

І вельмі сур'ёзна, так, што немагчыма было не паверыць, сказаў:

— Я даў толькі след. І гэты след прывёў да загібелі многіх. А ўцячы вось хаця б ад гэтага вашага з'яўлення мне было вельмі лёгка. Толькі я не меў права ўцячы, не выказаўшы вам усяго.

— Якім чынам уцячы? — спытаў Шчука.

— А вы унь там, у шуфлядзе, вазьміце пісталет. Мне ён не спатрэбіўся і не спатрэбіцца.

Шчука ўстаў, высунуў шуфляду пісьмовага стала і дастаў адтуль «вальтэр».

— Не, я не шпег, — разважаў далей лекар. — І не бандыт. Гэта ім па плячы. Мне па плячы было большае, і я ім няважна распарадзіўся. Мне і грошай адтуль не трэба было. Рэліквіі некаторыя.

— Для самапавагі?

— Мала я вартага ў жыцці зрабіў, то вось.

— Ды нашто гэта?

— Мяркуйце, як раней, — будзеце акадэмікам. Раскопвайце і іншае такое — быць вам вядомым. Гэта прадбачанне чалавека, якому няшмат застаецца жыць… Жыць? А хто сказаў, што мой род заслугоўвае права на жыццё? То ж бо… Але таксама верна, як тое, што не заслугоўвае, таксама верна і тое, што гэта мой род, што я — крапліна ягоная, і што іншым быць не магу, і што дарогі мне ад яго няма. Значыцца, адзін выхад.

Махнуў рукой, быццам адкідаючы нешта:

— Я даўно падрыхтаваўся і да вышынь і да смерці. Толькі доўга не ведаў, што пераможа. Гатовы быў яшчэ ў саракавым, у Варшаве. З бацькам я тады быў на нажах. Магчыма, найбольш вострых за ўсё жыццё. Бо толькі зараз я стаю бліжэй да літасцівай Збавіцелькі і ўседаравальнай Ратаўніцы, чым стаяў тады. Бо ў той час мне не падабалася, што ён круціць раман з панам Розенбергам.

Кепска мне было. Магутны склад гожага цела, дасканалае ў сваім гонары аблічча, ільвіная грыва сівых валасоў. Надзіва маленькія і зграбныя кісці рук і ступакі ног.

Божа, які закончаны, бездакорны ўзор чалавечай пароды. У кіно такіх здымаць, трымаць у лепшых сябрах, бараніць за ўсялякую цану.

А замест гэтага за дасканалай, боскай абалонкай раз'едзеная ржою наскрозь, аблепленая да апошняга крывёю і багнам сутнасць. Праказа сумлення, мазгавы сіфіліс. Лёс, бог ці хто там яшчэ — як жа вы непапраўна, смярдзюча жартуеце часам з людзьмі!

Гэта ён сплывае атрутным гноем, гэта яго дзейнасць прывяла да ўсяго. А я не магу асудзіць яго, бо пакрыўджаны за ўсіх людзей. Бо гэта я зняважаны, зняслаўлены, збэшчаны.

— Пры чым тут смерць? — з гэтым новым і нясцерпным адчуваннем сваёй чалавечай агульнасці ўсё ж спытаў я.

— А хто мне можа забараніць ну хаця разбіць макітру аб мур, адмовіцца прымаць ежу. Добра — знойдзецца метад, каб я не зрабіў гэтага. А хто забароніць мне не хацець жыць? Выключу сябе — і ўсё. Паверце, з веданнем усходняга шляху да вялікага спакою, найвялікшага вызвалення ад усялякай журбы — нічога цяжкага ў гэтым няма. Спыніць сэрца на гадзіну ці назаўсёды — якая розніца?

Ён паглядзеў на Шчуку і ўсміхнуўся:

— Ну, як кажуць летувісы, «дар по вена», яшчэ па адной. Не, я не зараз. Што ж, я стану падводзіць вас і вашых калегаў, Шчука? Да таго ж мне яшчэ трэба даць афіцыйныя паказанні. Бо гэта, што зараз, гэта проста ледзь не бяседа. Спачатку я ўсё выкажу афіцыйна дзе трэба. Гэта апраўдае мяне ў адным: што я ледзь не звёў з розуму Антона. Гэтага я таксама рабіць не хацеў… Дык зноў без звону чарак.

Альшанскі павольна выпіў каньяк:

— Ну вось, гэта, бадай, усё. Унь там мой кабінет, а ў ім тэлефон. Схадзіце, Шчука, і пазваніце туды, дзе зараз будуць павінны заняцца мною… Да той ступені, да якой я палічу гэта мэтазгодным. І зачыніце за сабою дзверы, я не хачу ведаць, якімі словамі гэта гаворыцца. Не меў такога вопыту і не жадаю яго набываць.

Шчука пайшоў у кабінет. Мы трох сядзелі моўчкі, утаропіўшыся ў акно на жывыя гарадскія агні.

— Я знаю, што мяне чакае, — сказаў лекар. — Магчыма, і найгоршае (з нечага пункту гледжання). Як гэта там называюць: «вышка», «дзірка»?

— І так гавораць і гэтак, — нечакана для сябе самога сказаў я.

— Хутка крочыце. Відавочны поступ. Можа б, да Шчукі пайшлі?

— Позна, — я ўпершыню за цэлы вечар упаў у шал. — Але куды хочаце пайшоў бы, абы такіх вось, ганебна абыякавых да людзей, у імя высокай хлусні. На плошчах бы за ногі вешаў… Саматугам, без усякай міліцыі душыў бы.

Мы чулі невыразныя словы Шчукі за дзвярыма. Пасля ён паклаў трубку, з'явіўся ў пакоі і заняў сваё месца:

— Пазваніў.

І тут Альшанскі раптам засмяяўся:

— На хвіліну мне стала шкада.

Ён выскаліў белыя роўныя зубы:

— Невялічкі рэцыдыў шкадавання. А здорава гэта, Косміч. Сіла, магутныя рукі за спінаю. Род волатаў-людзей на волатах-конях. І сцягі над галавой. І слава на ўвесь свет.

Хлопцы б'юць у сякеры,

Сінія, быццам неба,

Пахолкі ў рудае полымя шчытоў сваіх удараюць,

Дзіду ўстраміўшы ў зеніт і дрыжучы ад гневу,

У хмарах чорнага дыму сцяг вялізны лунае.

Здорава! Зямля калоціцца пад коньмі. Твары і рукі з бронзы. Нічога мне не было там патрэбна, акрамя таго, што ўзвялічыць вялікую харугву. Апошні Альшанскі павінен быў і памерці з гонарам. А памрэ… Самы канец: думаеце, чаго я так лёгка згадзіўся з усім? Прапала ўсё, што сцвярджала маю годнасць. Вось памру Лыганоўскім.

— І лепей было б, — сказаў я. — Даследчык, вандроўнік, лекар. Сумленнае, незаплямленае імя. Не імя з роду нягоднікаў.

— …памрэ Лыганоўскім. Вялікай харугвы не будзе.

— Ну так. Апошні Сапега пахаваны на Вавелю. Але вас не пахаваюць ні ў Альшанскім касцёле, ні нават ля яго. Таму што тыя — гэта быў род ваяўнікоў. А вы — род нягоднікаў і прахвостаў. І вы яшчэ з іх лепшы, хаця і звязаліся з бандытамі. Што ж вы нарабілі, Альшанскі? Які вялікі матэрыял чалавечы пагубілі ў сабе, пахавалі, каменем прыціснулі?!

Прабеглі па шыбах водбліскі ад моцных ліхтароў машыны, што заварочвалася ў двары. Прабеглі, паскакалі па шыбах, па абліччы Лыганоўскага, а пасля зніклі, бо машына ўжо была пад самым домам і святло, відаць, падала на дзверы пад'езда.

Згаснула святло.

— Вось, гэта па мяне, — прыўстаў Альшанскі. — Ану, «стшэменнэго», як кажуць палякі. І слова свайго не знайшоў. Да сустрэчы, Хілінскі. Рад быў з вамі ўсімі пазнаёміцца. Калі вам будзе прыемнае прызнанне ворага — я вам скажу яго… Думаецца, шмат у якіх сваіх меркаваннях, поглядах, спадзяваннях я памыляўся. Бывайце, Косміч. Вы-то ўжо — назаўсёды.

Зрабіў крок да дзвярэй, у якіх ужо стаялі дзве постаці.

— Глядзіце за мной, хлопцы, у чатыры вокі. Чуеце?

Яшчэ крок:

— Ну вось, апошні… сам разбівае радавы шчыт на сваім надмагільным камені. «І герб радавы разбіваюць на камені тым…»

І знік. Пайшоў вонкі. Туды, дзе толькі што пагладзіла яго аблічча, а пасля знікла святло.

Эпілог Канец пад'езда кавалераў

Некалькі год назад і прыблізна праз месяц пасля падзей, на якіх я скончыў сваё апавяданне, мы з Хілінскім сядзелі ў ягонай кватэры за шахматнай партыяй.

І партыя тая была не партыя, а суцэльная нескладуха, і настрой у нас таму быў не з лепшых.

А за акном стаяў мяккі і добры ліпеньскі вечар. І тут ясна, што не за дурацкімі шахматамі трэба было сядзець, а недзе ў лесе ля вогнішча. Над ракою. Чысціць рыбу на вясле, абдзіраць цыбулю, скрэбці бульбу.

Словам, усё, што хочаце, толькі не гэта.

— Ну што, па малому каньяку? — прапанаваў Хілінскі, раптоўна змяшаўшы фігуры.

— Адзін з польскіх, здаецца, дэтэктываў так і пачынаўся: «Капітан піў усё, акрамя какавы».

— Дрэнны пачатак, — сказаў Хілінскі. — У нас бы яго рэдактар неадменна зарэзаў.

— Вып'ем за рэдактараў, якія разумеюць гумар.

Выпілі. І зноў нібы праляцеў над намі ціхі анёл, а прасцей кажучы, нібы нарадзіўся недзе злодзей.

— Ты чаму не пытаеш, чым уся гэтая гісторыя скончылася? — раптам спытаў Адам.

— Мяне яна перастала цікавіць. Ведаю, скончыцца яна так, як трэба. І кожны атрымае, чаго заслужыў. Я зрабіў што мог. Проста ў памяць аб усіх гэтых людзях, што адышлі заўчасна. Цяпер ужо гэта справа іншых. І я сярод іх не маю гонару быць.

— Альшанскі атруціўся ў камеры, — глуха сказаў Хілінскі. — Тыдзень назад. Мне Шчука казаў. І апошнія словы ў паказаннях былі такія: «Больш не маю чаго сказаць. Пражыў большую частку свядомага жыцця і пражыў яго дарэмна, не зрабіўшы, акрамя пачатку дарогі, амаль нічога людскага. Магчыма, больш сурова, чым вы судзіце мяне, я суджу сябе. І асуджаю. На смерць».

— То што ж, адкуль атруту здабыў? Не аглядалі?

— Аглядалі. Гэты чалавек казаў праўду аб магчымасці пайсці прэч, калі толькі захоча. Пад каронкамі верхніх клыкоў хірургічным метадам была зашытая маленькая капсула з атрутай. Даўно. Можа, яшчэ пры немцах. Мала чаго ён мог ад іх спадзявацца. І вось прыдалася. Лыжкаю, як рычагом, націснуў і раздушыў. Моцна, відаць, даводзілася ціснуць — зламаў два ніжнія разцы.

— Хто яму тады зрабіў такое?

— А хто цяпер можа гэта зведаць?.. Значыць, чакаў, ведаў, што кожнай вяроўцы бывае канец. І ведаеш, чамусьці нават шкада… Вось гэты быў з вартых ворагаў. Не смоўж нейкі. З такімі цяжка і небяспечна, але й прыемна мець справу.

Сядзеў, выпрастаўшыся ў крэсле. Нават у нізкім крэсле — высокі, сівы. І зараз не містэр Сміт і не славянская храпа, а проста паджылы, стомлены чалавек. Між гэтых паліц з кнігамі, мноства з якіх ён, мабыць, не паспее перачытаць.

Сухі твар з абвіслымі павекамі. У гожай мужчынскай руцэ пачаты келіх.

— Яшчэ і жартаваў у апошнюю гадзіну. Нібы намякаючы: «Гэта называецца: урэшце пасля празмернага зацікаўлення гісторыяй перайшоў да цеснага кантакту з сучаснасцю».

— Змоўкніце, Адам.

Ён моўчкі згадзіўся са мною. За акном свяцілі праз шаты ліпаў начныя агні, якіх апошні Альшанскі ўжо не мог бачыць. І міжволі думалася, што некалі іх не ўбачым і мы. Якое глупства перад гэтым былі ўсе намаганні, прывілеі, скарбы, улада над душамі і целамі?! Якое гэта ўсё было тройчы клятае глупства!

— Я павінен быў прадбачыць, — сказаў Хілінскі. — Гледзячы на ягоную прафесійную вопытнасць, не забываючы аб веданні Ўсходу… І яшчэ: мяне аднойчы ўразіла адна думка: хто мог пасля Нюрнбергскага прысуду перадаць Герынгу ампулу з цыянкалі?

— Кажуць, жонка падчас развітальнага пацалунку?

— Не. Псіхіка не тая. І я падумаў, што там магло быць вось так… як з гэтым. Не ведаю, ці меў я рацыю. Пасля ж пэўна аглядалі? Але магло быць: здаўна чакаў канца, бо жывёльна баяўся смерці, а калі даведаўся, што літасці не будзе, што ратунку няма ніадкуль, што шыбеніца — тады скончыў. Усё ж хаця і гнюсная, паскудная, гнілая дрэнь, разбэшчаная гэтым сіфілісам неабмежаваных улады і раскошы, але ўсё ж у былым ваенны чалавек.

— Кіньце, Хілінскі. Вы й самі бачылі ваенных, якія клалі ў порткі горш за іншага цывільнага. Ды ў лекара і не было жаху. Проста не хацеў жыць.

Я пачаў нібы здагадвацца і рабіцца відушчым:

— Я, здаецца, разумею хаду вашых думак. Скажыце, была б яму?…

— Не ведаю. Аб смерці Мар'яна ён не ведаў, аб «подзвігах» тых мярзотнікаў — таксама. Можа, і не была б.

— Ясна, — сказаў я. — І ён, аднак, заслужыў забыццё. Бо нашто яму ўжо было жыць? Ды яшчэ за кратамі… Шмат… Ён заслужыў.

Хілінскі моўчкі працягнуў мне цыгарэты.

— Свае, — сказаў я.

Дастаў новы пачак, раздзёр яго зубамі. Хілінскі назіраў за мной:

— Што, крушэнне звычак старога кавалера?

— Так. Калі ўжо крушэнне ўсяго пад'езда кавалераў, то чым я лепшы. Росцік ажаніўся.

— Дый яшчэ сёй-той, — усміхнуўся ён.

— Хата Лыганоўскага стаіць пустая. З часам паселіцца нехта. Пэўна ж таксама жанаты. Будзе і ў нас на сходах спачатку віск, а пасля й заравуць, як сірэны.

— Ах, чорт, — Хілінскі раптам стукнуў кулаком па сталешніцы. — Падлюга, дурань няшчасны. Меў ты рацыю: які матэрыял прапаў… Разумны, дасціпны, адукаваны, бывалы, таленавіты, як чорт. Ведаеш, які лекар? Казалі калегі — цар і бог. Адным веданнем псіхікі чалавечай больш рабіў, чым іншыя разнымі там рэзерпінамі і серпазіламі. І так не змагчы, так паскудна распарадзіцца ўласным жыццём! Патрэбныя яму былі тыя струхнелыя рэліквіі, даўно знішчаная слава роду. Такі лекар, такі чалавеказнаўца! Мала яму было гэтага для самапавагі… З атрэб'ем звязаўся, з пазаддзем, з падонкамі. І сам стаў падонкам. У, асёл!

Выпілі яшчэ трохі. І я са здзіўленнем убачыў, што мой «нязломны» сусед крыху захмялеў.

Глядзеў на партрэт у авальнай раме. Ніколі я не бачыў такога значнага твару. І такога прыгожага адначасова.

І ў Адама так змяніўся твар, так задрыжалі вусны, што я не здзівіўся б, каб ён, упершыню на маіх вачах, заплакаў.

— Помста ўсё ж ёсць, — глуха сказаў ён. — Ёсць. За кожную кроплю крыві, за кожную слязу. Не цяпер, дык заўтра. Не самому, дык нашчадкам. Іхні суд, або суд сумлення, — помста ёсць. Яна не спіць. І запісвае ў кнігу лёсаў, і абурваецца на галаву злачынцаў або дзяцей іхніх разорам, бядой, вайной. І нікому не ўцячы. І я ўпэўнены, і гэта дае мне сілу жыць — рыгнецца яна і тым, хто яе забіў. Страшна рыгнецца. І толькі гэта дае мне сілу жыць, думка, што я, наколькі сіл слабых хопіць, памагу запабягчы гэтага на будучае. І толькі гэта… сілу жыць.

Нервова зацягнуўся:

— Ты пачакай, калі задумаеш расказаць пра ўсё гэта. Ты трохі пачакай.

— Я пачакаю. Можа, і некалькі год.

Стук аддаўся ў сценку. З суседняй кватэры. Маёй. Жонка клікала нас піць гарбату.

— Ну а ты што надумаў? — спытаў, заплюшчыўшы вочы, Хілінскі, — Якія вынікі на жыццё зрабіў? Усё ж, што ні кажы, падзеі з табой адбыліся не на кожны дзень.

— Не ведаю, — сказаў я. — Ведаю толькі адно. Пастараюся пражыць жыццё, рэшту яго, спаўна. Як у гэтыя дні. Аддаць сябе поўнасцю братам. І тады я пайду на спатканне з богам, калі ён у мяне ёсць, сваімі нагамі і простай хадой. Не паўзучы. Не згінаючы нават каленяў. І не буду маліць у яго, як не маліў ні ў каго пры жыцці. І я скажу адкрыта: «Я адрабіў спаўна і па сваёй ахвоце сваю катаргу на зямлі. Я зрабіў нават болей таго, што мог. І не для сябе, а дзеля іх, дзеля гэтага акіяна, народа майго. І цяпер я прыйшоў да цябе не кленчыць аб узнагародзе. Дай тое, што мне належыць па працы маёй, калі ты ёсць. А калі няма — я не буду шукаць узнагароды за справы свае. Нідзе».

— Аман, — сказаў Адам.

Міргалі за адчыненым акном бясконцыя агні.

О, жыццё!

Загрузка...