Некалькі хвілін ён сядзеў над параненым і сумняваўся ў правільнасці свайго рашэння, якое асуджала Хакімава на гэты пакутны шлях. Можа сапраўды лепш было пакінуць яго ў якім-небудзь стажку пачакаць, калі вернецца група. Але тады з параненым трэба было б пакінуць і яшчэ кагосьці, а на гэта лейтэнант згадзіцца не мог: і без таго з дзесяці чалавек іх засталося ўсяго пяцёра. I перад гэтымі пяццю ўсё ўскладнялася іх галоўная баявая задача, дзеля якой яны хоць і са спазненнем даклыпалі сюды. Далей трэба было перайсці шашу, але як гэта зрабіць на вачах у немцаў, лейтэнант проста не мог даўмецца.

Думка аб гэтай шашы цяпер не выходзіла ў яго з галавы, і ён хутка ўстаў. Хакімаву ён нічым не мог памагчы, а пра задачу ён проста ні на хвіліну не мог не думаць. Ён уваткнуў у гурбіну лыжы і, хістка ступаючы ў снезе, палез на бруствер да Судніка.

Тут было ветрана і халадней, чым у рове, затое адкрываўся шырокі кругагляд на поле з абодвума канцамі шашы, сярэдзіна якой хавалася за вяршыняй пагорка. Там жа знікаў і роў. Па той бок шашы, месцамі блізка падступаючы да дарогі, шырока разбегліся хмызнякі і пералескі, а трошкі ўбаку ад прырэчнай лагчыны цямнеў знаёмы хвойны лясок, які так вераломна сустрэў іх аднойчы.

Лейтэнант выняў з запазухі карту, сарыентаваўся. База наўмысля не была пазначана на яго карце, але ён і без таго цвёрда памятаў яе месца на паўночным мыску невялікага надрэчнага лесу. Цяпер, знайшоўшы на карце гэты пагорак, лейтэнант убачыў, што яго і базу аддзяляла ўсяго якіх паўтара кіламетра, не больш. Зноў стала да болю крыўдна: так гэта было блізка,— і так недаступна. Праз гэтую праклятую шашу ён мусіў марнаваць увесь дзень — цэлы дзень пакутаваць ад няпэўнасці і сцюжы.

Разам з Суднікам Іваноўскі пачаў назіраць за шашой, на якой на працягу нядоўгага часу выпадалі невялікія перапынкі ў руху. Ішлі ў асноўным грузавыя — крытыя і з адкрытымі кузавамі машыны самых розных марак, відаць, сабраныя з усіх краін Еўропы. Большасць іх імчалася на ўсход, да Масквы. I раптам лейтэнант падумаў, што калі і не ўсім і не з параненым, то, напэўна, хоць бы з аднымдвума варта паспрабаваць, скарыстаўшы роў, перабрацца цераз шашу. Ва ўсякім выпадку, за дзень ён бы там нешта выгледзеў, разведаў, склаў бы план дзеяння, а як сцямнела, перавёў бы на той бок і ўсю групу.

Гэтая думка адразу надала яму бадзёрасці, новая мэта выклікала дадатковыя сілы для дзеяння. Ён споўз з бруствера, нягучна, але энергічна гукнуў лыжнікам:

— Пад’ём! Паскакаць, пагрэцца ўсім! Ну!

Краснакуцкі, Лукашоў адразу падняліся, шлёпаючы па сцёгнах, замахалі рукамі. Лукашоў расштурхаў асалавелага са сну Піваварава.

— Грэцца, грэцца! Смялей! — настойваў лейтэнант і тут жа прыпомніў найлепшую для пад’ёму каманду: — Ану, снедаць! Лукашоў, даставайце кансервы! Усім па два сухары.

Лукашоў, санліва ўздрыгваючы, дастаў з сумкі некалькі сухароў і банку рыбных кансерваў. Лейтэнант са скрыпам распароў нажом яе бляшанае дно, і яны нажамі і лыжкамі ўзяліся выскрэбваць мерзлыя кавалкі рыбы.

— Ну як, Піваварчык, наспаўся? — штучна ўзбадзёраным тонам запытаўся лейтэнант.

— Ды так, кімарнуў трохі.

— Што ж ты прыстаў быў, га?

— Прытаміўся, таварыш лейтэнант,— проста адказаў баец.

— А я думаў, ты мацачок,— з лёгкай жартоўнасцю заўважыў лейтэнант.— А ты вунь які!

— Падбіўся я.

Ён не апраўдваўся і не ныў, выгляд ягоны цяпер, пасля кароткага адпачынку, быў сарамліва-вінаваты, смуглявыя шчокі са сну гарэлі амаль дзіцячаю чырванню.

— Падбіўся! — зласліва перадражніў яго Лукашоў.— Што гэта табе — у мамкі? Тут... таго — адставака горш, чым забіты.

— Забіты што, забітаму сілы не трэба. А тут во — пухіры на руках ад вяроўкі,— паказаў Краснакуцкі свае распухлыя, чырвоныя далоні — яму, вядома, хапіла за мінулую ноч. Але каму не хапіла? I яшчэ невядома, што ўсіх чакае наперадзе.

— А то вунь сачкі! — ранейшым раздражнёным тонам працягваў Лукашоў.— Ні то змыліся, ні то заблудзіліся. А тут за іх аддувайся.

Ён меў на ўвазе Дзюбіна з Зайцам, аб якіх таксама ні на хвіліну не забываўся лейтэнант. 3 забітым усё было зразумела, вельмі трудна, але ўсё ж зразумела было з Хакімавым — старшына ж з Зайцам зніклі ў начным шляху, быццам праваліліся скрозь зямлю,— ціха, бясследна і загадкава.

— Добра яшчэ, калі проста. А то як бы не гэта самае,— бурчэў Лукашоў, строга і заклапочана пазіраючы ўздоўж рова, і лейтэнант зразумеў, на што намякаў сержант. Але таго, што ён меў на ўвазе, не павінна быць. Іваноўскі не хацеў дапускаць і намёку на думку, што старшына Дзюбін быў здольны на здраду. I тым не менш ён быў поўны няпэўнасці — як ні думаў, не мог зразумець, куды прапалі гэтыя двое з яго і без таго невялічкай групы.

— Яшчэ немцаў следам прывядуць,— прастадушна азваўся Краснакуцкі.— А што — лыжня пад носам, гані, недзе дагоніш.

— Усё можа быць,— змрочна пагадзіўся Лукашоў.

— Не, так нельга,— умяшаўся Іваноўскі.— Старшына не такі. Не той чалавек.

Лукашоў жаваў сухар і ўсё ўзіраўся ў канец рова.

— Чалавек, дапусцім, не той, а ўсё можа быць. У нас у сто дзевятым таксама такі бравы капітан быў, усё абарону ладзіў. А наладзіў, аказалася, не ў той бок. Немцы паявіліся, першым і падняў рукі.

— Ну, гэта вы кіньце,— рашуча абарваў яго Іваноўскі.— Дзюбін не капітан, гэта точна. I пасля трэба больш, Лукашоў, людзям верыць. Вам жа во вераць.

— Дык то я...

— Чаму вы думаеце, што Дзюбін горшы за вас?

— Бо я тут, а яго няма.

Сапраўды, логіка яго разважанняў была неабвержнай, запярэчыць яму было цяжка. На самай справе, ён жа вось не адстаў, хоць і быў замыкаючым, і яшчэ не даў адстаць Півавараву, які цяпер сядзеў побач і хутка аблізваў лыжку. Увогуле Лукашоў меў рацыю, але Іваноўскі чамусь не хацеў асуджаць Дзюбіна, хоць і апраўдваць яго таксама не было як.

Кансервы яны хутка даелі, пасядзеўшы ў гурбіне, дагрызлі сухары. Іваноўскі схаваў лыжку ў кішэню.

— Сержант Лукашоў,— другім тонам сказаў лейтэнант.— Заставайцеся старшым. Я пайду. Трэба трохі разведаць. Усім быць тут. Можна адпачываць. Назіранне кругавое. Хутка вярнуся. Што не ясна?

— Ясна,— з гатоўнасцю адказаў Лукашоў.

— I каб усё ў норме. Глядзіце Хакімава.

— Усё будзе зроблена, лейцінант. Дагледзім.

— Так. Піваварчык, за мной!

— Я? — здзівіўся Півавараў, але, памарудзіўшы, пачаў таропка ўставаць.

— Бярыце лыжы, астатняе. I патопалі. Лукашоў, падмяніце Судніка. Нябось, закачанеў там.

Па глыбокім снезе, які месцамі даходзіў да пояса, яны пайшлі да шашы. Лыжы неслі ў руках. Роў час ад часу рабіў невялікія завароты, выходзячы з-за якіх, лейтэнант засцярожліва пазіраў наперад. Але ў рове і паблізу, здаецца, не было нікога, рабрыстыя снегавыя гурбы на дне ляжалі някратаныя. Нарэшце стаў чуваць глухі вуркат дызеляў, павеяла ледзьве прыкметным на сцюжы дымком бензіну — яны падышлі да шашы. Іваноўскі высунуўся з-за голага гліністага выступу ля павароту і тут жа адскочыў назад. Зусім блізка, у канцы шырокага разрэза рова, мільгануў аўтамабільны кузаў, накрыты надутым на ветры брызентам, пасля яшчэ і яшчэ. Ішла калона аўтамабіляў, у некаторых адкрытых машынах каля кабін відаць былі настырчаныя постаці немцаў у зялёных шынялях. Мяркуючы па іх выглядзе, ім здорава такі дапёк рускі мароз, і седакі не дужа аглядваліся па баках. Лейтэнант зрабіў знак рукой прыціхламу ззаду Півавараву і па краі гурбіны ўзлез на адкос.

Вядома, ён быў далёкі ад таго, каб спадзявацца на хуткую ўдачу, на зручны для пераходу момант, але ўсё ж такога ўпартага нешанцунку ён не чакаў. Моцна замерзшы на ветры, ён ледзьве датрываў, пакуль прагрукаталі на дарозе машыны. Здавалася, паблізу нікога больш не было. Але толькі ён высунуўся з-за ўмерзлых на брустверы камякоў, як зноў убачыў непадалёк немцаў. Іх было трое, гэта былі сувязісты. У той час, як адзін, узлезшы на слуп, корпаўся там з правадамі, двое іншых з апаратамі сядзелі на ўзбочыне дарогі — відаць, ладзілі сувязь. 3-за іх спін тырчалі ствалы вінтовак, на зямлі ляжалі скруткі правадоў і нейкія інструменты. Праўда, занятыя сваёй справай, немцы не звярталі на іншае ўвагі, але, ведама, не так, каб не заўважыць двух рускіх, калі тыя пад іх носам надумаюць перабягаць шашу.

Значыцца, зноў трэба было чакаць.

I лейтэнант паныла ляжаў на мерзлых, прысыпаных снегам лыжах і не адрываў вачэй ад шашы. Было вельмі сцюдзёна, мерзлі ногі, параненае сцягно балела ўсё больш, і гэты боль усё часцей звяртаў на сябе яго ўвагу. Рух машын на шашы ўжо некалькі разоў то аднаўляўся з найбольшаю шчыльнасцю, то заціхаў трохі, і тады паяўляўся разрыў на кіламетр ці больш. Разы два выпадаў больш-менш зручны момант, каб перабегчы на той бок, але немцы ўсё яшчэ корпаліся ў сваёй сувязі. Лейтэнант тры разы даставаў важкі кубік танкавага гадзінніка, які апошні раз паказаў палову адзінаццатай. Сувязісты не ішлі. Мінула якіх паўгадзіны, пакуль той, што сядзеў на слупе, нарэшце злез на зямлю, і лейтэнант падумаў, што, можа, цяпер яны пойдуць. Але немец валюхаста перайшоў да наступнага слупа і, начапіўшы на боты свае сярпы-кошкі, зноў палез угору. Утрох яны там аб чымсь размаўлялі, але вецер адносіў іхнія галасы ўбок, і лейтэнант не мог нічога ўчуць.

Так прадаўжалася бясконца доўга. Іваноўскі пачаў ужо азірацца, шукаючы дзе далей ад гэтых сувязістаў якое болей зручнае месца, як убачыў, што каля двух немцаў на ўзбочыне паявіўся і трэці. Адкуль ён узяўся тут, было невядома, напэўна, заслонены ад яго пагоркам, сядзеў дзе-небудзь непадалёк ад дарогі. Лейтэнант адчуў на сабе лёгкія дрыжыкі ад таго, што так блізка быў да бяды. Калі б ён наважыўся перабегчы шашу, дык напэўна налез бы на гэтага не бачанага ім немца. Між тым немец прысеў над апаратам, аб чымсь перагаварыў з астатнімі і махнуў рукой таму, што сядзеў на слупе, і той пачаў нетаропка злазіць. Пакуль ён злазіў, гэтыя трое ўсталі, разабралі свае сумкі і скрынкі і пайшлі ўздоўж па дарозе.

На гэты раз яны спыніліся значна далей ад рова, на слуп ніхто ўжо з іх не палез, і лейтэнант зірнуў у процілеглы канец шашы — цяпер, мабыць, трэба было рашыцца. Але раней трэба было як мага хутчэй падысці да дарогі.

Ён жвава споўз па адкосе на дно рова, павярэдзіўшы набалелае сваё сцягно. Півавараў ускочыў з наседжанага ў снезе месца, Іваноўскі моўчкі кіўнуў яму, і яны, прыціскаючыся да крутога боку адкоса, хутка пайшлі па рове ўніз. Тут іх ужо лёгка маглі заўважыць з дарогі, лейтэнант упаў за снегавую хрыбціну, уціснуўся ў снег; побач спрытна закапаўся ў снег Півавараў. Апухлы ад сцюжы і бяссонніцы хлапечы твар байца знерухомеў у найбольшай увазе, час ад часу лейтэнант перахопліваў яго ўстрывожаныя запытальныя позіркі. Лежачы на дне рова, баец нічога не бачыў і ва ўсім спадзяваўся на камандзіра, які прымаў цяпер рашэнні, што так многа значылі для абодвух.

Але адсюль ужо і сам лейтэнант нічога не мог убачыць і змушаны быў спадзявацца на слых, якім старанна перабіраў усе разрозненыя зменлівыя гукі, што даляталі з дарогі. Ведама, гэта быў не самы надзейны спосаб з усіх магчымых для пераходу, але іншага ў яго не засталося. Дачакаўшыся, калі вуркотны гул дызеляў на шашы трохі аслабне, і не злавіўшы паблізу якіх новых гукаў, Іваноўскі сказаў сабе «Давай!» і ўскочыў на ногі.

За некалькі скачкоў па глыбокім снезе ён дасяг прыдарожнага канца рова, выглянуў з яго — на шашы паблізу сапраўды было пуста, хаця на дальні пагорак ён проста не паспеў глянуць. Ён з шалёным імпэтам выскачыў на наезджанае палотно шашы і размашыста саскочыў з яго ў снег на дне наступнага адрэзка рова. Бегучы, ён з задавальненнем пачуў за сабой стомленае дыханне Піваварава і з усяе сілы кінуўся да ўжо недалёкага павароту рова. Праз некалькі крокаў аднак зноў пачуў напружанае завыванне матораў і ўнутрана сцяўся, чакаючы крыкаў або, можа, стрэлаў. Але ўсё ж ён паспеў схавацца за паваротам. Півавараў схаваўся трохі пазней, Іваноўскі, азірнуўшыся, згледзеў, што машыны паявіліся на секунду пасля таго, як баец упаў за паваротам. Машыны прамчаліся, не збаўляючы хуткасці, і ён упершыню за ранак уздыхнуў з палёгкай.

— Фу, чорт!

Абодва хвіліну аддыхваліся, пасля Іваноўскі прыўстаў на каленях і агледзеўся. Здаецца, паблізу быў нейкі хмызняк — рэдзенькае яго вяршалле месцамі тырчэла з-за высокага бруствера, і лейтэнант з байцом расслаблена пайшлі па рове. Далекавата ўжо адышоўшыся ад шашы, яны спрабавалі вылезці ў поле, і, на здзіўленне камандзіра, Півавараву гэта ўдалося хутчэй; лейтэнант жа з першай спробы дабраўся толькі да сярэдзіны скоса і, паслізнуўшыся на круцізне, споўз да самага нізу. Зноў вельмі забалела сцягно. У гэты раз ён не захацеў душыць у сабе стогн, і Півавараў азірнуўся на брустверы, кінуўшы ў яго бок востры, недаўменны позірк.

— Нічога. Усё ў парадку.

Іваноўскі сабраўся з духам, пераадолеў боль, баец падаў камандзіру лыжную палку, з дапамогай якой той нарэшце пераваліўся цераз бруствер.

— Так. Цяпер на лыжы.

Тут, напэўна, ужо можна было ісці каля рова, ад дарогі іх прыкрываў бруствер і няблага хаваў хмызняк. Справа і воддаль шарэла вяршалле хвойнічку, дзе іх сёння чакала ўдача або няшчасце, слава або, можа, смерць — іх лёс.


Раздзел сёмы

Пакуль яны прадзіраліся на лыжах у кустоўі, Іваноўскі адчуў прыступ нейкага непрыемнага, амаль неадольнага ў сабе неспакою.

Было зусім невядома, чаму гэты неспакой менавіта цяпер так настойліва даняў лейтэнанта. Урэшце, усё складвалася больш-менш удала: яны перайшлі шашу, здаецца, іх не заўважылі, зусім ужо блізка была мэта іх труднага шматкіламетровага начнога шляху. Хаця і з непаладкамі, але набліжаўся фінал, пэўна, цяпер яны маглі ўжо што-небудзь зрабіць. Праўда, сілы іх раз’ядналіся — частку страцілі пры пераходзе лініі фронту, двое зніклі ўначы, трое засталіся па той бок шашы, і тут іх было толькі двое. Двое, вядома, не дзесяць. Але наўрад ці гэтая акалічнасць была прычынай яго невыразнага і такога неадольнага цяпер неспакою.

Чым бліжэй яны падыходзілі да хвойнічку, тым усё нецярплівей рабілася на душы ў лейтэнанта. Нецярпенне нарэшце ахапіла яго так моцна, што ён не мог дазволіць сабе спыніцца, каб паправіць на сцягне павязку,— здаецца, пачала крывяніць рана. Зрэшты, ён даўно ўжо стараўся не заўважаць свае раны, да яе збольшага прыцерпеўся за ноч. Цяпер ён нават не дужа азіраўся па баках — ён упарта імкнуўся да хвойніку, быццам там чакала яго самая вялікая ў яго жыцці ўзнагарода або, можа, такая ж вялікая бяда. Півавараў, мокры ад поту, які ён перастаў ужо выціраць з твару рукавом маскхалата, стараўся не адстаць, і яны задыхана, хуткім крокам паднімаліся па краі кустоўя. Ужо зусім добра развіднела, дзьмуў нямоцны марозны вецер, неба, завалочанае хмарамі, нізка навісла над шэрым, непраглядным, затуманеным марознай смугой прасторам.

Іваноўскі першы ўзабраўся на вяршыню пагорка і праз голае сучча алешніку паглядзеў уніз. Перад імі была лагчына з нешырокім языком хмызняку, у якім лейтэнант ледзьве пазнаў той алешнічак, дзе яны з Волахам чакалі ночы. Але замест гушчару, што тады прытуліў семярых, цяпер сіратліва чарнелі на снезе тонкія дубчыкі, у якіх магло схавацца хіба некалькі птушак. Затое на пагорачку за лагчынай па-ранейшаму таямніча зелянеў хвойнік, нячаста абнесены слупкамі нямецкай загарадзі, ля якой ім тады так не пашэнціла з Волахам, але павінна, не можа не пашанцаваць цяпер...

Убачыўшы знаёмую загарадзь, лейтэнант памалу пачаў спакайнець — галоўнае, усё ж ён дапяў да яе. Усё астатняе ўжо залежала ад яго ўмельства, знаходлівасці, ад іх смеласці. Дзеянне розных пабочных прычын тут ужо зводзілася да самага магчымага мінімуму.

Захінуты хмызняком, лейтэнант пастаяў хвіліну ці дзве, трохі адпачыў і памалу пачаў пазбывацца свайго нецярплівага неспакою. Ён стараўся ўпэўніць сябе, што ўсё як-небудзь абыдзецца. Праўда, канчаткова ўпэўніцца ў тым яму не ўдалося, нешта ўсё ж не пераставала яго прыгнятаць, трывожыць і без таго натрывожаныя за ноч пачуцці. Півавараў, ні пра што не пытаючыся, відаць, без слоў разумеў становішча і чакаў, калі яны пойдуць далей. Іваноўскі ж усё не мог адарваць позірку ад хвойнага ўзлеску, быццам спадзеючыся там што ўбачыць. Але на адлегласці больш кіламетра нічога не было відаць, апроч рэдкіх маладых сасонак ды некалькіх слупоў загарадзі. Зрэшты, яно і зразумела, мабыць, немцы паспелі замаскіраваць аб’ект. Яны таксама ўмелі маскіравацца — розныя там сеткі, зялёныя маскі, снег. Вось толькі здзіўляла, куды прапала дарога, на якой разведчыкі Волаха ўбачылі нямецкія грузавікі, што вазілі боепрыпасы. Яна ішла якраз па касагоры да лесу, і цяпер там на снезе не відаць было і следу. «Можа яе замяло ўночы?» — падумаў лейтэнант. Але хоць які знак яе павінен быў захавацца нават і пасля завеі. А можа дарогу праклалі ў іншым, не бачным адсюль месцы? Зрэшты, дарога цяпер яму была непатрэбна, пакарыстацца ёю, відаць, ім не прыйдзецца. Куды важней было знайсці зручныя подступы да гэтага хвойнічку, каб уночы як мага бліжэй падпаўзці да агарожы. Відаць па ўсім, адкрыты напольны бок для гэтага мала гадзіўся, трэба было пашукаць якія падыходы з захаду.

— Півавараў, айда! Ціха толькі...

Ухіляючыся ад мерзлага сучча, якое ўвесь час чаплялася за іх капюшоны, яны пайшлі хмызняком уніз, у абход поля. Іваноўскі зноў увесь насцярожыўся, усё ў ім так сцялася, як не сціскалася за ўсю шалёную мінулую ноч. Але наўкола стаяла цішыня, ім ніхто не спаткаўся, і гэта супакойвала. У каторы ўжо раз лейтэнант браўся прыкідваць, як лепш прабрацца за загарадзь — цяпер гэта было, мабыць, самае важнае і самае цяжкое ў ягонай задачы. Вядома, калі штабялі блізка ля дроту, дык можна будзе закідаць іх гранатамі і бутэлькамі з КС, хаця наўрад ці яны будуць размешчаны на такой адлегласці, каб іх можна было дастаць гранатай. Тады прыйдзецца лезці праз дрот. Лепш за ўсё, мабыць, зрабіць гэта аднаму, а астатнім прыкрыць на які выпадак і забяспечыць адход. Хай нават прыняўшы нядоўгі бой з вартавым,— на іх баку раптоўнасць, а хвіліны часу ім, мабыць, хапіла б, каб зрабіць усё, што трэба зрабіць. Горш вось, калі там — сабакі.

Але нават калі і сабакі, аднаму або двум прыйдзецца паўзці праз дрот — астатнія павінны будуць падманіць сабак і прыняць на сябе агонь вартавых — іншага не заставалася. Галоўнае — паспець за якія секунды запаліць і ўзарваць як мага больш штабялёў. Астатняе зробяць дэтануючыя выбухі і ўсё давершыць агонь.

Па хмызняку яны перасеклі лагчыну, краем узлеску абышлі адкрыты ўчастак поля. Паблізу нікога нідзе не было, ніхто ім не трапіўся насустрач. Ішлі асцярожна, цяпер ужо нетаропка. Часам лейтэнант спыняўся і прыслухоўваўся: наўкола стаяла ветраная зімовая цішыня. Аднойчы вецер прынёс у лагчыну далёкі маторны гул, але, услухаўшыся, Іваноўскі зразумеў, што гэта з шашы. Хвойнік на дзіва нема, амаль мёртва маўчаў.

Праз якіх паўгадзіны на іх шляху нечакана паявіўся равок. Крывулісты і голы, з завеянымі снегам бакамі, ён быў відаць на ўсю даўжыню, і лейтэнант не адразу зразумеў, што гэта той самы равок, адкуль Волах выйшаў у завею да загарадзі. Значыць, трэба было зайсці яшчэ далей, па кустоўі абагнуць базу на кіламетр глыбей. Ужо там напэўна можна будзе падысці да яе бліжэй і разгледзець больш падрабязна.

Ён азірнуўся на Піваварава, расчырванелы твар якога напалову закрыты быў мокрым абвіслым капюшонам; хлопец з усяе сілы перабіраў палкамі, іх лыжы па-ранейшаму глыбока правальваліся ў рыхлым снезе. Пераадольваючы ў сабе моцнае нецярпенне ад таго, што хутка бліжэла мэта, Іваноўскі моўчкі даў знак байцу пачакаць, а сам абышоў роў і спыніўся за шырокім разгалістым кустом ляшчынніку.

Голыя, са знятай карой слупы агарожы былі зусім ужо блізка. Высокія, у рост чалавека, калі не больш, яны прыкметна вылучаліся на снежна-зеленаватым фоне маладых хвоек. Але, дзіўная справа,— за імі ўсё яшчэ нічога не было відаць. Як ён ні напружваў зрок, нідзе не мог згледзець знаёмых штабялёў з жоўтых і зялёных скрынак, якія так выразна стаялі ў яго ў вачах з таго самага моманту, як ён убачыў іх у бінокль. Не было таксама відаць і брызентаў. Гэтая акалічнасць зноў нядобрым прадчуваннем занепакоіла лейтэнанта, і ён махнуў Півавараву — маўляў, сядзь, замры. Той зразумеў сігнал і апусціўся на лыжы, а лейтэнант пасля нядоўгага вагання выйшаў з кустоўя.

Напэўна, ён зрабіў неразумна, як камандзіру групы яму не трэба было так рызыкаваць сабой, але Іваноўскі не мог ужо стрымацца. Нядобрае прадчуванне зноў ахапіла яго, штось засела ў горле, ён праглынуў крыўдны камяк і, не адрываючы позірку ад блізкага ўжо ўзлеску, хутка і наўпрост пайшоў на яго.

Цяпер іх раздзялала ўсяго якіх-небудзь тры сотні метраў, і ўжо ў самым пачатку гэтага шляху лейтэнант зразумеў, што дроту на слупах не было. Дрот, які некалі густа аплятаў базу, цяпер быў зняты, і адсутнасць яго самай вялікай трывогай, амаль спалохам адазвалася ў пачуццях Іваноўскага. Ужо нічога не асцерагаючыся і не звяртаючы ўвагі на тое, што яго маглі лёгка заўважыць у адкрытым полі, ён у некалькі рыўкоў дасягнуў крайніх сасёнак хвойніку і спыніўся, уражаны, амаль знішчаны тым, што ўбачыў.

База знікла.

У сасонніку на пагорку не было ні вартавых, ні сабак, ні штабялёў з жоўта-зялёных скрынак — пад нагамі роўна ляжаў някратаны снег ды на ўзлеску цягнуўся рад белых слупоў, што адзіна напаміналі цяпер пра базу — іншых яе прыкмет тут не засталося. Дрот быў акуратна зняты са слупоў і адвезены кудысь, мабыць, у іншае, болей патрэбнае месца.

Недаўменне ў свядомасці лейтэнанта хутка мянялася на збянтэжанасць, амаль разгубленасць, ён пастаяў на чыстым, свежым пасля начной мяцеліцы снезе, пасля пайшоў на лыжах да супрацьлеглага боку, туды, дзе некалі быў выезд. Але і тут нічога не засталося, толькі ў гушчары маладога сасонніку пад снегам угадвалася некалькі апусцелых ям-капаніраў ды на краі ўзлеску каля слупоў высілася куча прысыпаных снегам жэрдак, напэўна, былых падкладак з-пад штабялёў. Болей ад базы тут не было нічога. Дарога, адсутнасць якой здзівіла лейтэнанта, белаю пустой паласой ляжала пад снегам — па ёй даўно ўжо не ездзілі.

Зусім і раптам знясілеўшы, Іваноўскі прыхінуўся плячом да шархоткага боку хвоі, уражаны пустэчай і закінутасцю гэтага цяпер нікому ўжо не патрэбнага хвойніку. Базу перамясцілі. Гэта было відавочна, але ён усё не мог у тое паверыць. У яго збянтэжанай свядомасці засела і не хацела знікаць упартая неадчэпная думка, што гэта прывід, памылка, недарэчнае злое неларазуменне і што патрэбна толькі невялікае намаганне, каб усё гэта знікла. Інакшага ён не мог уявіць сабе, таму што ён не ў стане быў прымірыцца з тым, што і на гэты раз яго спасцігла няўдача, што вялізныя намаганні групы патрачаны ўпустую, што дарма яны смяртэльна рызыкавалі і гублялі людзей, ушчэнт знясілелі самі. Яны спазніліся. Ён не адразу паверыў у гэта, але, пастаяўшы пад хвояй і аддыхаўшыся, усё ж зразумеў, што ніякага прывіду не было. Была жорсткая злая рэальнасць, яшчэ адна вялізная бяда з усіх бедаў, якія выпалі за гэтую вайну на яго злашчасную долю.

Ледзьве адарваўшы плячо ад хвоі, ён стаў на лыжы і адштурхнуўся палкамі. Лыжы крыху саўгануліся па шархоткім снезе і спыніліся. Ён не ведаў, куды скіраваць далей, упершыню за некалькі дзён адпала неабходнасць спяшацца, і ён абапёрся на палкі. На хвойнай галінцы паблізу з’явілася вяртлявая сарока, якая ўвесь час злосна стракатала на яго, пырхнула над галавой і з кароткім піскам знікла ў голлі сінічка. Іваноўскі стаяў зусім абыякавы да натуральнага жыцця лесу і не заўважаў нічога. Нейкае здранцвенне скавала яго аслабелыя мышцы, ён ні пра што не думаў, ён толькі глядзеў у пустэчу падлеску, адчуваючы ў сабе такую знямогу, што адолець яе, здавалася, не было ніякай магчымасці.

Так прадаўжалася нямала часу, але хвойнік па-ранейшаму заставаўся пусты і непатрэбны, і лейтэнант нарэшце вымушаны быў схамянуцца: усё ж яго чакалі байцы. Перш за ўсё — Півавараў. Іваноўскі азірнуўся — баец цярпліва сядзеў за ровам, там, дзе ён і пакінуў яго, і лейтэнант махнуў рукой — давай, маўляў, сюды.

Пакуль Півавараў ішоў па ягоным следзе да хвойніку, Іваноўскі адшпіліў рамяні лыж і сышоў на снег. Напэўна, тут можна было не баяцца, у пустым сасонніку не было нікога. Ён зморана прысеў на невысокі абсыпаны снегам пянёк, выцягнуў у бок нагу. Трэба было рашыць, што рабіць далей. А галоўнае — сцяміць, як гэтую няўдачу растлумачыць байцам. Ён не мог пазбавіцца ад прыкрага адчування нейкай сваёй віны, нібыта ён выдумаў усю гэтую гісторыю з базай і кагось ашукаў. Хоць, калі разабрацца, дык болей за іншых ашуканы быў ён сам.

Хаця, разважыўшы, рабілася ясна, што тут не было ашуканства, а была вайна з яе тысячамі хітрасцяў, тонкасцяў, выпадковасцяў, з усёй рознанакіраванасцю яе фактараў.


Півавараў ціха падышоў па яго лыжні і моўчкі спыніўся насупраць. Баец няўцямна азіраў хвойнік, зрэдку кідаў на лейтэнанта недаўменныя лозіркі. Нарэшце ён здагадаўся аб нечым.

— А што... Хіба тут была?

— Вот іменна — была.

— Халеры! Вывезлі, ці што?

— Вывезлі, канечне! — Іваноўскі ўскочыў са свайго пянька.— Пакінулі нас у дурнях!

На здзіўленне лейтэнанта, Півавараў вельмі стрымана адрэагаваў на яго запальчывыя, поўныя гневу словы.

— Відаць, спазніліся.

— Ну. Два тыдні мінула. Было калі.

— А цяпер як жа? Прыйдзецца шукаць.

— Што шукаць?

— Ну, базу. Загад жа...

Вядома, базы не было, але загад знішчыць яе заставаўся. Ці даўно лейтэнант сам дабіваўся ў штабе гэтага загаду, які нарэшце і атрымаў на сваю галаву. «Што ж, цяпер давай выконвай загад, лейтэнант Іваноўскі, шукай сваю базу»,— злосна падумаў пра сябе лейтэнант. Аднак тон, з якім Півавараў упамянуў пра загад, усё ж спадабаўся лейтэнанту, і ў душы ён нават узрадаваўся. У выпадку чаго, напэўна, байцам доўга тлумачыць не прыйдзецца — калі гэта зразумеў Півавараў, дык, пэўна, зразумеюць і астатнія.

Бяда, якая спярша так прыдушыла лейтэнанта, памалу пачала меншаць, хоць вядома, ён не мог не разумець, што клопату і яшчэ прыбавілася. Відаць па ўсім, базу перамясцілі на ўсход, бліжэй да лініі фронту — там яе і трэба будзе шукаць. Калі ісці ўздоўж шашы, аглядаючы кожны лясок,— магчыма, і ўдасца на яе наткнуцца. Але тут ён успомніў пра тых, за дарогай, пра небараку Хакімава і падумаў, што, пэўна, шукаць яе не прыйдзецца. Напэўна, гэта запатрабуе вялікага часу, болей прыпасаў, чым тыя, што мелі яны. Зноў жа, ці доўга пройдзеш з Хакімавым? Ды і ці лёгка адшукаць у гушчары лясоў замаскіраваны, старанна абкладзены аховай аб’ект, які цяпер стаў для іх іголкаю ў стозе сена? Зрэшты, зусім можа быць, што базы і наогул ужо няма — развезлі па частках і расстралялі ў баях усё, да апошняй міны.

Тады што ж — вяртацца з цэлай узрыўчаткай, з поўным запасам гранат? Зноў цягнуць на сабе чортавы бутэлькі з КС і дрыжэць, каб які-небудзь фрыц, запусціўшы па дурноце чаргу, не пацэліў у іх куляй? I гэта, страціўшы палову групы! 3 цяжкапараненым у валакушы. I, нарэшце, у агідным становішчы поўнага няўдачніка з’явіцца перад генералам? Што генерал скажа яму?

— Да-а...

Іваноўскі чарпануў жменю снегу, пажаваў і плюнуў. Як заўжды, пасля бяссоннае ночы ў роце доўга не мінаўся агідны металічны прысмак. Чамусьці трохі хіліла на ваніты. I нават быццам бралі дрыжыкі. Хоць дрыжыкі, магчыма, бралі ад стомы і страты крыві.

— У цябе бінт ёсць? — запытаўся лейтэнант у Піваварава. Той зняў рукавіцу і пачаў мацаць кішэні, а лейтэнант падняўся з пянька.

— Давай памажы во,— сказаў ён, расшпільваючы штаны. Ён падумаў, што ц'япер ужо няма ніякага сэнсу ўтойваць недарэчнае сваё раненне.

— Што, параніла?

— Ды зачапіла ноччу. Во чорт, усё сочыцца...

Не дзіва, што Півавараў спалохаўся — белыя споднікі лейтэнанта і яго ватныя штаны былі густа запэцканы падсохлай ужо крывёй. Са знешняга боку сцягна з невялікай ранкі хутка споўз да калена цёмна-буры струменьчык крыві.

— Давай. Абматай. Ды мацней каб.

— Доктара трэба.

— Які там доктар. Вось ты і будзеш доктарам.

Было відадь, што Півавараў устрывожыўся раненнем камандзіра больш, чым знікненнем базы. Прысеўшы побач, баец не надта ўмела абкруціў бінтамі сцягно і туга звязаў канцы сабачым вузлом.

— Не спаўзла каб.

— Ладна. Пакуль патрымаецца.

Стары, скрываўлены бінт Іваноўскі кінуў на снег, падцягнуў штаны, завязаў матуз запэцканых маскіровачных шаравараў. Півавараў прывязаў лыжы. Мяркуючы па ягоным спакойным выглядзе, няўдача з базай ніяк не адбілася на яго роўным настроі, і лейтэнант у душы пазайздросціў ягонай вытрымцы. Зрэшты, ён проста баец, а байцу што — з байца шмат не возьмеш.

— Што вось цяпер хлопцам сказаць? — заклапочана сказаў камандзір, адчуўшы жаданне лараіцца, каб хоць крыху развеяць сваю маркоту.

— А так і сказаць. Што ж такога,— проста адказаў Півавараў.

— Што немцы нас ашукалі?

— Ну а што! Ашукалі дык ашукалі!..

— Відаць, твая праўда,— падумаўшы, рашыў лейтэнант.— Трэба так і зрабіць. Толькі куды вось далей?

— А вы на карту паглядзіце,— прастадушна параіў баец.

— Якую карту?

Святая прастата, Півавараў мабыць думаў, што на ваеннай карце ўсё абазначана. Таксама, бывала, вясковыя цёткі, убачыўшы, як камандзір разгортвае карту, здзіўляліся, калі ён пытаўся, як называецца гэтая вёска або колькі кіламетраў да горада. Так і гэты яго Півавараў.

Зрэшты, лейтэнант нерваваўся і, здаецца, пачынаў злавацца — балела патрывожаная рана, і надта прыкра было на душы — ён усё яшчэ не меў пэўнага ўяўлення, што рабіць далей. Невідушчым поглядам ён хвіліну азіраў пакатае, з далёкім кустоўем поле, пакуль думка пра пакінутых за дарогай байцоў не змусіла яго да дзеяння.

Тады ён адштурхнуўся палкамі і хутка пайшоў па ранейшым сваім следзе ўніз.


Раздзел восьмы

Пакуль прабіраліся па знаёмым шляху ў кустоўі, Іваноўскі, трохі ўжо прызвычаіўшыся да сваёй няўдачы, спрабаваў разабрацца ў сабе і рашыць, як быць далей. Ведама, знікненне базы рабіла непатрэбнай усю ягоную вылазку, і было крыўдна да слёз за ўсе дарэмныя намаганні. Вельмі шкода было забітых, паміраючага Хакімава, але цяпер яго ўсё болей пачало дапякаць пытанне: як гэтую няўдачу растлумачыць у штабе? Надта ўжо ўрэзаліся ў памяць лейтэнанта іх зусім не ваенныя праводзіны, сардэчная генералава прамова ў двары дома з прыгожымі аканіцамі... «Сынкі!..» Вось табе і сынкі! Нікудыкі, маруды і разгільдзяі. Пакуль збіраліся, пакуль блудзілі ўначы, пакуль спалі ў рове, база бясследна прапала.

Агіднае становішча, болей нічога не скажаш, думаў Іваноўскі і ўвесь час моршчыўся, як ад зубнога болю. Ён ужо не ўхіляўся ад калючага голля хмызняку — ішоў наўпрост, ледзь толькі прыгнуўшыся, і думаў, што лепш бы генерал вылаяў яго ў самым пачатку ды адправіў на праверку ў Дольцава, чым слухаць той яго злашчасны даклад пра базу. А ўжо калі было прынята такое рашэнне, дык хай бы лепш начштаба строга загадаў яму адносна гэтае базы або нават прыгразіў трыбуналам на выпадак невыканання загаду, чым так вось: «Сынкі, на вас уся надзея!» Што яму рабіць цяпер з гэтай генеральскай надзеяй? Куды ён з ёй? Гэтая бязрадасная думка варушыла, трывожыла яго свядомасць, не давала прымірыцца з няўдачай і вымушала на нейкае дзеянне. Але што можна было зрабіць?

Перайсці шашу зноў аказалася няпроста: яшчэ зводдаль стаў бачны суцэльны паток войска. Ішла, напэўна, нейкая пяхотная часць — калоны варожых салдатаў, брычкі, фурманкі, зрэдку трапляліся конныя; у другім радзе кацілі машыны і цягачы з гарматамі на прычэпе. Густы гэты паток няспынна імкнуў на ўсход, да Масквы, і ў лейтэнанта ў нядобрым прадчуванні сціснула сэрца — зноў! Зноў, відаць, наступаюць, магчыма, прарвалі фронт. Бедная сталіца, як будзе ёй выстаяць супроць такой сілы? Але, пэўна, знойдзецца і ў яе сіла, прынамсі, павінна знайсціся. Іначай навошта тады столькі крыві, столькі заўчасна аддадзеных за яе жыццяў, столькі людскіх пакут і намаганняў — ёсць жа ў гэтым сэнс. Павінен быць.

Вось толькі ў яго сэнсу атрымалася дужа нямнога — хоць за гэтую ноч яны адмахалі шэсцьдзесят кіламетраў, але база ад таго не стала бліжэй, чым учора. Можа, яшчэ і далей, бо ўчора ў яго была поўная сілы група, нерастрачаная рашучасць, а што засталося сёння? Нават у яго самога, што ні кажы, а паменела сілы, а галоўнае — разам з базай знікла ранейшая яснасць мэты: ён проста не ведаў цяпер, што рабіць і куды падацца.

Зрэшты, спярша трэба было дайсці да сваіх.

I яны з Піваваравым, падхапіўшы ў рукі лыжы, зноў сунуліся ўсё ў той жа супрацьтанкавы роў. Ісці далей да шашы было небяспечна, яны затаіліся за чарговым земляным паваротам, зрэдку выглядваючы з-за яго на адкрыты ўчастак дарогі. Часта выглядваць не было сэнсу — калона войска цягнулася там без канца і пачатку,— перайсці ў такі час не было чаго і думаць. Значыць, зноў трэба было чакаць. I лейтэнант пачаў пакорна бавіць на сцюжы свой час, у поўным бяздзеянні, за паўкіламетра ад немцаў. Цяпер, аднак, нядаўняга нецярпення ўжо не было, ён гатовы быў сядзець тут да ночы, усё роўна ўдзень тут не было куды сунуцца. Да таго ж ён яшчэ не прыняў ніякага рашэння і не ведаў, куды накіруецца — далей у пошуках базы або, можа, вернецца да сваіх за лінію фронту. 3 Піваваравым ён амаль не размаўляў — размова перашкодзіла б слухаць, а слых цяпер быў для іх адзіным сродкам бяспекі ў гэтым бясконцым снегавым супроцьтанкавым рове. Іваноўскі час ад часу даставаў з кішэні танкавы свой гадзіннік, які толькі і ведаў, што сведчыць, як хутка і няспынна ідзе час. Набліжалася халодная зімовая ноч. Нягледзячы на сцюжу, вельмі хацелася спаць. Напэўна, толькі цяпер Іваноўскі адчуў, як прытаміўся за гэты начны пераход. Вялікае напружанне апошніх некалькіх дзён цяпер паступова спадала, нервы расслабляліся, непрыкметна для сябе ён нават заснуў, прыхінуўшыся спіной да марознага снегавога адхону. I раптам прахапіўся ад ціхага голасу Піваварава:

— ...а, таварыш лейтэнант! Праходзяць, здаецца.

— Што? Праходзяць?

Неяк прымасціўшыся на адхоне, баец назіраў за дарогай, голас яго прагучаў з надзеяй, і лейтэнант таксама ўзлез на адхон. Шаша сапраўды вызвалялася ад войска — апошнія фурманкі марудна адпаўзалі на ўсход. Напэўна, пакуль не позна, трэба было бегчы да сваіх на пагорак.

Яны падхапілі лыжы і трушком пабеглі па дне рова, ступаючы ў глыбокія, яшчэ не замеценыя снегам свае сляды. Ім зноў пашанцавала, яны ў самы час выбраліся на ўезджаную пустую дарогу і, перабегшы яе, зноў схаваліся ў рове. Пакуль беглі, добра ўгрэліся, у Іваноўскага спатнела спіна, а ў Піваварава зноў густа заплыў потам твар, па скронях і шчоках цяклі буйныя, нібы стэарынавыя, кроплі. Цяжка дыхаючы, баец размазваў іх рукавом маскхалата, але нідзе не адстаў, не замарудзіў, і Іваноўскі ўпершыню, мабыць, адчуў сяброўскае пачуццё да яго. Слабаваты гэты баец стараўся з усяе сілы, і было б несправядліва не ацаніць гэтага.

На пагорку за першым паваротам рова Іваноўскі прыцішыў крок і некалькі разоў з палёгкаю выдыхнуў гарачаю парай. Здаецца, зноў перайшлі. Аднекуль зводдаль зноў даляцеў вуркат дызеляў, але гэта яго не палохала. Яго думкі ўжо беглі наперад, туды, дзе іх чакалі байцы, і першай трывогай лейтэнанта было: як там Хакімаў? Вядома, неразумна было б чакаць, што той ачнецца і ўстане на ногі, але ўсё ж... А раптам ён памёр? Чамусьці падумалася аб тым без спалоху, нават без жалю, хутчэй наадварот — з надзеяй. Як бы ўсё аказалася прасцей, калі б гэты Хакімаў памёр, як бы ён дапамог групе. Але, мабыць, гэта не залежала ад ягонай волі і іхняй патрэбы.

Дзесь зусім блізка ў рове былі яго байцы, і лейтэнант прыслухаўся — здалося, ён злавіў знаёмы разважлівы голас, і гэта яго здзівіла. Лейтэнант прыспешана выйшаў з-за павароткі і тварам у твар спаткаўся з Дзюбіным. Мабыць, пачуўшы ягоныя крокі, старшына павярнуўся і з напружанаю ўвагай на бурым, нібы апечаным, твары зірнуў у вочы Іваноўскаму. Непадалёк сядзелі на снезе Лукашоў, Краснакуцкі, Суднік, і каля валакушы з Хакімавым самотна згорбіўся Заяц.

Усе павярнуліся да камандзіра, але ніхто не сказаў ні слова, і лейтэнант таксама моўчкі, не зірнуўшы ні на каго, падышоў да валакушы.

— Як Хакімаў?

— Ды ўсё тое ж. Без памяці,— сказаў Лукашоў.

— Вады давалі?

— Як жа вады? У жывот...

Мабыць так, у жывот. Калі ў жывот, дык вады нельга. Але што ж тады можна? Глядзець, як ён пакутуе, і самім пакутаваць з ім разам?

Лейтэнант угледзеўся ў збялелы твар Хакімава з пакутлівым выразам разнятых пасмяглых вуснаў — баец ледзь чутна стагнаў, заплюшчыўшы вочы, і немагчыма было зразумець, чуў ён што або не.

— Трэба б яго паўшубкам укрыць,— сказаў здаля Дзюбін.

Яму быццам з нейкаю злосцю адказаў Лукашоў:

— Паўшубак! Дзе тут возьмеш паўшубак!

— Тады прападзе.

— Даўно прыйшоў? — не паварочваючыся ад Хакімава, запытаўся Іваноўскі.

— Гадзіну назад,— сказаў Дзюбін і кінуў у бок Зайца.— Во праз яго. Лыжу зламаў...

— Якім чынам?

— Ды як лес аб’язджалі,— сказаў Заяц.— На нейкую купіну наяез, хрась — і гатова. Не вінаваты я...

Напэўна, іншым разам было б дарэчы як след вылаяць гэтага Зайца, які ўжо двойчы падвёў групу, але цяпер Іваноўскі змоўчаў. Тое, што Дзюбін дагнаў астатніх, трохі парадавала яго, хоць радасць гэтая, ведама, азмрочвалася цяпер агульнаю іх няўдачай. Лейтэнант знарок стараўся маўчаць, не заводзіць аб тым размовы, ён проста баяўся таго моманту, калі выявіцца, што шалёны іх крос быў марны.

Але доўга маўчаць яму не давялося, хоць яго змрочны выгляд ніяк не падахвочваў да размовы, і гэта бачылі ўсе. Тым не менш пытанне пра базу, відаць, непакоіла лыжнікаў, а побач у рове сядзеў прастадушны малады Піваварчык, да якога цяпер і скіраваліся погляды астатніх. Першы не вытрымаў Лукашоў:

— Ну што там? Шмат немцаў? — ціха запытаўся ён за плячамі ў лейтэнанта.

— А няма немцаў. I склада таксама няма,— проста адказаў Півавараў.

— Як няма?

Лейтэнант унутрана сцяўся, ніжай насунуў бровы. Ён не бачыў, але амаль фізічна адчуваў, як трывожна замерлі за яго спіной лыжнікі, і, доўга не вытрымаўшы, сам падняўся на ногі.

— Як, лейцінант? Гэта — на самай справе? — павярнуўся да яго Лукашоў. Усе астатнія з вялікім здзіўленнем, амаль са спалохам глядзелі на камандзіра.

— Базы няма. Напэўна, перабазіравалася ў іншае месца.

Зрабілася ціха, ніхто не сказаў ні слова, толькі Краснакуцкі праз зубы цыркнуў на снег. Заяц недаўменна глядзеў проста ў твар Іваноўскаму.

— Называецца, гарадзілі гарод. Плялі лапці,— прабурчэў Лукашоў.

— Што зробіш,— уздыхнуў Краснакуцкі.— На вайне ўсё бывае.

— А можа яе там і не было? Можа, яна дзе ў другім месцы? — змрочна засумняваўся Лукашоў, па-ранейшаму звяртаючыся да лейтэнанта.

— Там была,— проста адказаў яму Півавараў.— Слупы во стаяць. Без дроту толькі.

Лейтэнант адышоўся ад валакушы, кінуў позірк на Судніка, які з бруствера напружана пазіраў у роў. Камандзір стараўся не бачыць Лукашова, але ён і без таго адчуваў, як нядобрая злая сіла распірала сержанта, і той гатовы быў пачаць сварку.

— А што, і слядоў нікуды няма? — са спакойнай дзелавітасцю запытаўся Дзюбін.

— Нічога няма,— адказаў Іваноўскі.

— Што ж атрымліваецца... Як жа так? — не сунімаўся Лукашоў.— Нехта вінаваты, значыць.

Лейтэнант рэзка павярнуўся да яго.

— Гэта ў чым вінаваты?

— А ў тым, што за так укалывалі. Ды і людзей паклалі...

— Дык вы што прапануеце? — асадзіў яго лейтэнант рэзкім пытаннем.

Ён не мог пачынаць з ім спрэчку, бо ведаў, што ў гэтым іх напружанні недалёка да сваркі, да таго ж ён не мог не адчуваць, што ў значнай ступені сержант меў рацыю. Але навошта было цяпер шмат гаварыць пра тое, ад чаго і так было кепска кожнаму? Зноў жа, у такіх выпадках у арміі не было прынята адкрыта выказваць сваё незадавальненне, тым больш абурэнне — падобнае заўжды прасякалася з найбольшай строгасцю.

Тым не менш Лукашоў загарачыўся, вочы яго заблішчалі, азызлы, з натапыранай шчэццю твар стаў злосны і нядобры.

— Што мне прапаноўваць? Я кажу...

— Лепш памаўчыце!

Сержант Лукашоў змоўк і адышоўся ўбок, а лейтэнант зноў сеў на снег. Размова была не з самых прыемных, але нешта, што дапякала яго з самага ранку, разам апала, неяк само па сабе ўсё вырашылася, хоць, можа, і не самым найлепшым чынам. Больш да яго не звярталіся, напэўна, бачылі, што цяпер ён ведае не болей за іншых. Байцы моўчкі чакалі новай каманды або рашэння, як быць далей, і ён, зразумеўшы гэта, дастаў з запазухі карту. Ён спрабаваў усё ж нешта знайсці на ёй, штось рашыць для сябе, спрабаваў зразумець, куды з найбольшай верагоднасцю магла перамясціцца гэта праклятая база. Але колькі ён ні ўзіраўся ў карту, тая не адказала ні на адно з ягоных пытанняў, чырвоная лінія шашы хутка знікала за яе краем, суседняга ж аркуша ў яго не было. I тут, і, напэўна, і далей зручных для склада месцаў было мноства: у лясках, хмызняку, раўках. Дзе іх шукаць?

Ён так сядзеў доўга і маўчаў, не прыбіраючы з каленяў раскладзенай карты, па якой снежнай крупой шархацеў вецер. Ён ужо нічога не разглядваў на ёй — проста ён пазбягаў непатрэбных цяпер размоў з байцамі, іх запытальных позіркаў. Ён адчуваў, што неадкладна трэба нешта рашыць і, як толькі сцямнее, трэба адсюль ісці. Толькі куды?

— Падмяніце Судніка. Нябось, закалеў на ветры,— ні да каго не звяртаючыся, сказаў лейтэнант, калі адчуў, што нядобрая маўклівасць у групе надта задоўжылася.— Заяц!

Заяц адразу ж устаў і пачаў узлазіць на бруствер, а Суднік, абсыпаючы снег, задам з’ехаў у роў. Паднятае ім снежнае воблака абдало Дзюбіна, які заварушыўся і стаў на ногі.

— Дык што ж далей, камандзір? — запытаўся ён.

— Што такое? — зрабіў выгляд, быццам не зразумеў Іваноўскі, хоць ён выдатна разумеў, што непакоіць старшыну.

— Куды далей пойдзем?

— Вы пойдзеце назад,— проста рашыў камандзір.

— Як? Я адзін?

— Вы і астатнія. Паспрабуйце ўратаваць Хакімава.

— А вы?

— Я? Я паспрабую знайсці базу.

— Адзін?

Гэтае пытанне старшыны Іваноўскі пакінуў без хуткага адказу. Ён не ведаў, пойдзе адзін ці яшчэ з кім, але што трэба працягваць пошукі — гэта ён зразумеў дакладна.

— Не, не адзін. Пойдзе яшчэ нехта.

— На самай справе. А можа я, лейтэнант? — сказаў Дзюбін, нібы выпрабоўваючы сваю рашучасць. Але лейтэнант маўчаў.

Іваноўскі напружана дадумваў тое, чаго не дадумаў раней. Вядома, выйсце для яго магчыма толькі такое, ён не мог рызыкаваць усімі, ягоныя людзі зрабілі ўсё, што павінны былі зрабіць, і не іхняя віна, што мэта аказалася недасягнутай. Далей пачынаўся асобны рахунак яго камандзірскага гонару, амаль асабісты яго паядынак з нямецкай хітрасцю, і байцы да гэтага адзінаборства не мелі адносін. 3 гэтага часу ён пачне дзейнічаць на свой страх і ўласную рызыку, астатнія павінны вярнуцца за лінію фронту.

Лейтэнант падняў вочы ад карты і зірнуў на Дзюбіна. Парэзаны заўчаснымі зморшчынамі, цёмны ад сцюжы твар старшыны быў спакойны, погляд з-пад маленькага казырка чырваназорнай будзёнаўкі спакойна, без патрабавальнасці чакаў чагось і нібыта гаварыў цяпер: возьмеш — добра, а не возьмеш — таксама напрошвацца не стану.

I лейтэнанту амаль захацелася ўзяць з сабой старшыну, напэўна лепшага напарніка тут знайсці было немагчыма. Але тады старшым над групай ён павінен назначыць Лукашова, а ён чамусьці не хацеў гэтага. Лукашова ён трохі ўведаў ужо ў гэтай дарозе, і ў душы камандзіра з’явілася ўстойлівая непрыязь да яго.

Значыць, з групай павінен застацца Дзюбін.

Іх вельмі мала вярталася назад, і ім быў давераны трудны Хакімаў, іх новы шлях наўрад ці будзе лягчэйшы за іх дарогу сюды, а лейтэнанту вельмі хацелася, каб яны па магчымасці шчасліва дабраліся да сваіх. У гэтым сэнсе разумней за ўсё было даверыцца вопытнаму, ураўнаважанаму старшыне Дзюбіну.

— Не, старшына,— сказаў лейтэнант пасля працяглае паўзы.— Паведзіцё астатніх. Са мной застанецца... Півавараў.

Усе з некаторым здзіўленнем павярнулі галовы ў бок прылёгшага на баку Піваварава, які пры гэтых словах камандзіра быццам засаромеўся і сеў раўней.

— Так, Півавараў?

— Ну,— проста адказаў той, зачырванеўшыся і міргнуўшы белымі вейкамі.

— Ну і лады,— сказаў лейтэнант, задаволены тым, што ўсё так хутка ўладзілася.

(Пасля ён не адзін раз будзе пытацца ў сябе: чаму яго такі важны выбар нечакана для самога, амаль бессвядома выпаў на гэтага маладога байца? Чаму б у памочнікі сабе не ўзяць сапёра Судніка або рослага, дужага Краснакуцкага? Няўжо бяскрыўдная пакорлівасць слабасільнага вясковага хлопчыка толькі і вызначыла яго рашэнне? Або тут зрабіў сваю справу іх сумесны сённяшні пераход цераз шашу, дзе яны ўдвух перажылі небяспеку і першае для абодвух расчараванне?)

Тым не менш выбар быў зроблены, Півавараў неяк ураз падабраўся, пасур’ёзнеў і ціха сядзеў у патаптанай ботамі снегавой гурбе.

— Што ж, вашае права,— сказаў Дзюбін.— Дык як там перадаць, у штабе?

— Я напішу,— падумаўшы, сказаў Іваноўскі.

Паперы аднак у яго не знайшлося, быў толькі трафейны аловак, давялося старшыне выдраць лісток са свайго замусоленага блакнота, на якім лейтэнант, нядоўга падумаўшы, напісаў:

«Аб’екта на месцы не аказалася. Група панесла страты, адпраўляю яе назад. Сам з байцом прадаўжаю пошукі. Праз двое сутак вярнуся. Іваноўскі. 29.11.41 г.»

— Вось. Перадайце начальніку штаба.

— Гэта самае, гранаты возьмеце?

— Ага. Гранату і пару бутэлек. Півавараў, вазьміце ў Судніка бутэлькі з КС. Гранату дайце сюды.

Старшына зняў з пояса супрацьтанкавую гранату, якую лейтэнант тут жа падвязаў кавалкам бінта да дзягі.

— I харчамі б запасціся трэба.

— Харчамі таксама. Дайце сухароў. Кансерваў пару бляшанак. Самі ж, напэўна, ў АХЧ снедаць будзеце...

— Дай божа, каб у АХЧ,— уздыхнуў Краснакуцкі.

— Толькі глядзіце пры пераходзе. Як бы зноў не напароліся. Не шкадуйце жыватоў, галовы цалейшыя будуць.

— Гэта так,— ціха пагадзіўся Дзюбін.

— Ну, здаецца, цямнее, можаце рушыць. А мы тут яшчэ пасядзім. Як там на шашы, Заяц?

— Нейкая з фарамі коціць. Адна ці болей — добра не відаць.

Старшына завязаў рэчмяшок, Півавараў складваў у свой сухары і дзве вялікія, загорнутыя ў анучу бутэлькі з КС. Лукашоў і Краснакуцкі, не чакаючы каманды, падступіліся да абсыпанага снегавым пылам Хакімава.

— Глядзіце Хакімава,— сказаў лейтэнант Дзюбіну.— Можа яшчэ дажыве да ранку.

— Пра што гаварыць!

— Тады ўсё. Топайце!

— Што ж, шчасліва, лейтэнант,— павярнуўся Дзюбін і тут жа закамандаваў байцам: — Ану, узялі! За лыжы, за лыжы бярыце! Паднімайце вышэй! Вышэй, яшчэ вышэй! Во так...

Яны паднялі Хакімава і як-колечы выбраліся з рова. На брустверы Дзюбін яшчэ азірнуўся — развітанне атрымалася таропкае, невыразнае, і Іваноўскі махнуў рукой.

— Шчасліва!

Калі яны схаваліся ў полі і апошні за брустверам знік высокі капюшон старшыны, Іваноўскі сеў на снег. Ён адчуў асаблівае задавальненне ад таго, што Дзюбін не прапаў, дагнаў групу, і цяпер з тымі, хто вяртаўся, будзе талковы і чалавечны камандзір, які павінен іх вывесці да сваіх. А яны тут неяк абыдуцца ўдвух з Піваваравым, які ўсё яшчэ стаяў у рове, пазіраючы цераз край высокага бруствера. Каб неяк зменшыць няёмкасць, выкліканую гэтым расстаннем, лейтэнант сказаў з не ўласцівай яму жартоўнасцю:

— Сядай, Піваварчык. Скора і мы патопаем. Цябе як завуць?

— Пётра.

— Пецька, значыць. А мяне Ігар. Ну што ж, можа нам яшчэ пашанцуе. Як думаеш?

— Можа і пашанцуе,— няпэўна сказаў Півавараў, тручы ложа вінтоўкі, і ўздыхнуў — ціхенька і парывіста.

— Ладна. Пакуль ёсць час, давай падрубаем, менш несці прыйдзецца,— сказаў Іваноўскі і пачаў развязваць свой рэчмяшок.


Раздзел дзевяты

Праз якія паўгадзіны, калі добра ўцямнела, яны выбраліся са свайго снежнага сховішча. Абодва скалелі, надта азяблі ногі, хацелася адразу прыпусціць на лыжах, каб як сагрэцца. Але перш трэба было агледзецца. Уночы рух на шашы паменшаў, ішлі адзіночныя машыны, некаторыя слаба свяцілі падфарнікамі. Навакол было ціха і пуста, снежную далячынь з хмызняком зацягнула вечаровай імглой, хмарнае неба без зор нізка навісла над цьмяным начным прасторам. Іваноўскі рашыў ісці на ўсход уздоўж шашы, далёка не адхіляючыся ад яе, каб бачыць увесь на ёй рух. Ён думаў, што як і той раз, увосень, базу павінны выдаць машыны.

Яны хутка спусціліся са свайго пагорка, па рыхлым снезе перайшлі лагчыну. Дваццаці хвілін хапіла на тое, каб добра ўгрэцца і нават паспець замарыцца. Што ні кажы, а напамінала аб сабе мінулая ноч. Да таго ж, у адрозненне ад учарашняга, Іваноўскі адразу адчуў пры хадзе больш моцны боль у хворай назе, міжвольна ён ступаў ёю асцярожней, болей налягаючы на здаровую. Праўда, ён стараўся прывыкнуць да гэтага свайго болю, думаў, як-небудзь абыдзецца, разыдзецца, авось нага яму не пашкодзіць. Але, падняўшыся на чарговы пагорак, лейтэнант адчуў, што мае патрэбу адпачыць. Тады ён трохі расслабіў нагу, цяжар цела перанёс на здаровую і, каб Півавараў, які падыходзіў следам, не заўважыў нічога, зрабіў выгляд, што аглядаецца, хоць аглядацца не было чаго. Шаша была побач, яна ляжала пустая, наперадзе не шмат было ўгледзець, моцны ўсходні вецер пругка дзьмуў у твар, ад яго слязіліся вочы.

— Ну як, Піваварчык? — знарок жартаўлівым голасам запытаўся лейтэнант.

— Нічога.

— Угрэўся?

— Упарыўся нават.

— Ну, давай далей.

Пазіраючы па баках, яны прайшлі яшчэ, мабыць, з гадзіну, зводдаль абышлі край якогась ляску, хвойнік, нейкія будынкі ля дарогі — пасля ўчарашняга абстрэлу з хутара Іваноўскі стараўся трымацца ад будынін далей. Шаша амаль скрозь ішла прама, без паваротаў, гэта аблягчала арыенціроўку, і лейтэнант толькі зрэдку пазіраў на компас — правяраў напрамак.

Настрой яго быццам нават палепшыўся. Півавараў ішоў па пятах, не адстаючы ні на крок, і лейтэнант, спыніўшыся, запытаўся з некаторай жвавасцю ў голасе:

— Піваварчык, што ты ў жыцці бачыў?

— Я?

— Ну, ты. У жыцці, кажу, што ты бачыў?

Півавараў паціснуў плячамі.

— Нічога.

— Кніжак хоць ты пачытаў?

— Кніжак пачытаў,— не адразу, нібы ўспамінаючы, адказаў баец.— Усяго Жуль Верна, Конан-Дойля, Вальтэра Скота, Марка Твэна...

— А Гайдара?

— I Гайдара. Яшчэ Дзюма, усё, што дастаў, прачытаў.

— Ого! — здзівіўся лейтэнант і нават з некаторай павагай паглядзеў на Піваварава.— I калі ты паспеў столькі?

— А я захварэў у шостым класе і паўгода не вучыўся. Ну і чытаў. Усё перачытаў, што ў бібліятэцы было. Мне з бібліятэкі насілі.

Так, мабыць, гэта цудоўна — прахварэць паўгода і прачытаць усю бібліятэку. Колькі ён марыў захварэць у дзяцінстве ды і ў вучылішчы, але болей трох дзён яму хварэць не ўдавалася. Здароўе яго заўжды было добрае, і чытаў ён нямнога, хоць цікавыя кнігі выклікалі ў яго трапяткую да хвалявання радасць, і кніжак, лепшых чым творы Гайдара, яму ў сваім жыцці чытаць не давялося. I то ў дзяцінстве. Пасля стала не да літаратуры — пайшлі кніжкі іншага зместу.

Наўкола па-ранейшаму было ціха, увогуле спакойна, як бывае спакойна толькі далёка ад перадавой. Іваноўскі ішоў цяпер без учарашняй паспешлівасці, замінаў прыкметны цяжар у нагах і боль раны, які прыкметна запавольваў ягоныя рухі. Праўда, пакуль боль гэты можна было трываць, і, каб не надта засяроджвацца на ім, лейтэнант стараўся скіраваць сваю ўвагу на іншае, нават старонняе. Ягоныя думкі цяпер былі ля ягоных байцоў, якія пад камандай Дзюбіна вярталіся да сваіх. Напэўна, ужо ідуць ля ракі, поплавам. Добра, калі не занесла лыжню, яна дапаможа сарыентавацца. Зрэшты, Дзюбін, напэўна, і без таго запомніў дарогу, а ў выпадку чаго дапаможа карта. Карта на вайне — каштоўнасць, шкада толькі, што не заўжды хапае гэтых вось карт.

Увесь час не выходзіў з галавы Хакімаў. Вядома, напакутуюцца з ім не дай бог, асабліва пры пераходзе лініі фронту. Цяпер з ім не ўскочыш, не рванеш на лыжах, трэба ўсё паўзком, па-пластунску. Але хоць бы прайшлі. Праўда, Дзюбін, напэўна, сумее, павінен прайсці. Дзюбін і растлумачыць начальніку штаба іх няўдачу, неяк апраўдаецца за групу і за яе камандзіра. Хаця прычым камандзір? Хто мог падумаць, што за якіх два тыдні так многа зменіцца, і немцы вывезуць базу?

Сябе Іваноўскі не адчуваў вінаватым ні ў чым,— здаецца, ён зрабіў усё, што было магчыма. Тым не менш нейкі паганы чарвячок вінаватасці варуўшыся ў ягонай душы, быццам лейтэнант усё ж недагледзеў чаго і ў выніку не апраўдаў даверу. Менавіта гэты неапраўданы давер трывожыў яго болей за ўсё. Цяпер лейтэнант проста скаланаўся ад думкі, што з усёй гэтай задумы можа раптам нічога не выйсці.

Іваноўскі выдатна ведаў, як можна адным нейкім учынкам спляжыць усю добрую думку аб табе. Аднойчы ўжо здарылася ў яго нядоўгім жыцці, што, падвёўшы чалавека, ён так і не змог вярнуць добрыя яго да сябе адносіны.


Незадоўга перад тым Ігару споўнілася чатырнаццаць год, і ён пяты год жыў у Кублічах — невялікім ціхім мястэчку ля самай польскай граніцы, дзе ў пагранкамендатуры служыў ветэрынарам бацька. Забаў у мястэчку было нямнога, Ігар хадзіў у школу, сябраваў з хлопцамі, шмат часу, аднак, прападаючы на каменданцкай стайні. Коні былі шматгадовым і, можа, самым вялікім захапленнем яго дзяцінства. Колькі ён перачысціў іх, перакупаў, колькі пераездзіў конна — у сядле і без сёдлаў! Гады тры запар ён не заўважаў нічога вакол, апроч сваіх коней; кожны дзень пасля ўрокаў бег на стайню і вяртаўся з яе толькі на ноч, каб назаўтра да прыходу дзяжурнага зноў быць там. Пагранічнікі жартавалі часам, што Ігар — нязменны днявальны на іхняй канюшні, і ён бы з задавальненнем згадзіўся штодзень дняваліць, калі б не ўрокі ў школе.

На стайні заўжды было мноства цікавага, пачынаючы ад кармлення і вадапою, чысткі скрабком і шчоткай і канчаючы ўрачыстым рытуалам вывадкі з пастраеннем, мітуснёй чырвонаармейцаў, прыдзірлівай строгасцю вялікага начальства, якое насоўкамі правярала чысціню конскіх бакоў. Было штось бязмерна захапляючае ў выездцы, коннай яздзе, занятках па вальтыжыроўцы, але асабліва захапляла яго рубка лазы на пляцы за стайняй, калі ўздоўж раду стаякоў з лазовымі прутамі галопам скакалі кавалерысты, направа і налева секучы канцы гэтых прутоў. А чаго варта была джыгітоўка самага ліхога конніка ў атрадзе славутага лейтэнанта Хакасава!

Але вывадку, рубку, джыгітоўку ён назіраў збоку, сам не прымаючы ў іх удзелу — яго не пускалі ў строй і нават ні разу не дазволілі сесці з шашкай на каня. Іншая справа — купанне. На мурожным беражку возера, ля пясчанай водмелі стаяла старая, пагрызеная канавязь, і амаль кожны спякотны поўдзень да яе прыводзілі потных, змораных коней. Пачыналася купанне, і тут ужо Ігар адводзіў душу, плёскаўся да таго часу, пакуль апошні конь не выходзіў з возера.

Звычайна ён прыязджаў на Мілцы — маладой рыжай кабыле з танканогім брыкастым жарэбчыкам. Мілка была замацавана за камандзірам аддзялення сержантам Міцяевым, з якім у Ігара склаліся зусім асаблівыя, можа нават незвычайныя між хлапчуком і дарослым адносіны. Гэты Міцяеў хоць і служыў тэрміновую, але, у адрозненне ад іншых дваццацігадовых байцоў-пагранічнікаў, здаваўся Ігару амаль старым, з парэзаным маршчынамі тварам, цяжкою хадой і нязграбнай марудлівасцю пажылога вясковага дзядзькі. Родам Міцяеў быў аднекуль з Сібіры, дома ў яго засталіся дарослыя дочкі, і ён даўным-даўно павінен быў бы прызвацца ды і адслужыць сваю службу, калі б не нейкая блытаніна ў яго дакументах, дзе значылася, што Міцяеву ўсяго толькі дваццаць гадоў. Як гэта сталася, не мог растлумачыць і сам Міцяеў, які толькі лаяў нейкага п’янага дзяка ў царкве, з ласкі якога яму давялося служыць разам з тымі, хто мог быць яму зяцем.

Коні для Міцяева не былі ў навіну, напэўна, за свой век ён перавадзіў іх нямала і таму ахвотна давяраў сваю Мілку ўвішнаму сыну ветэрынара. Ігар карміў яе, чысціў, мыў і выгульваў, у той час як Міцяеў вучыў ды пахвальваў, а то і проста адпачываў, пацягваючы сваю цыгарку ў курылцы. Здаралася, што ён нават заступаўся за свайго памочніка перад ягоным бацькам, калі той ушчуваў сына за доўгую адсутнасць дома, што, вядома, не магло не адбівацца на ўроках. Адносіны ў яго з Міцяевым увогуле склаліся такія, што лепшых не пажадаеш, і стары Іваноўскі не раз казаў, што гэты сібірак, напэўна, заменіць хлопцу і бацьку. Ігар не пярэчыў, ён лічыў, што Міцяеў і на самай справе лепшы за бацьку, які не жыў з маці, любіў часцяком выпіць і зусім не песціў увагай свайго самапаса-сына.

Аднойчы звычайныя турботы з коньмі на возеры былі парушаны невялікай падзеяй — у купальню прывезлі лодку. Прывёз яе на параконнай фурманцы старшына Белуш, які тут жа апрабаваў яе на вадзе і аб’явіў, што лодка належыць самому каменданту — капітану Зарубіну і што ніхто не павінен дакрануцца да яе пальцам. Каб гарантаваць гэтую яе недатыкальнасць, Белуш прыладзіў ланцуг і прымкнуў лодку да стаяка конавязі. Лодка амаль усё лета праляжала на прывязі, Зарубін ёю не карыстаўся, і местачковыя хлапчукі згаралі ад такога зразумелага жадання паплаваць на ёй па возеры.

Неяк раз надвячоркам, калі коні былі ўжо выкупаны і стаялі на прывязі, а днявальныя пайшлі ў камендатуру вячэраць, Ігар узяў сваю вуду і пайшоў на пратоку лавіць акунёў. Клявала аднак кепска, і ён ужо сабраўся перайсці на іншае месца, як з алешніку вылезлі Колька Бароўскі і Яша Фінкель, школьныя яго сябры. Пасля нядоўгай размовы яны далі зразумець, што ёсць магчымасць «стырыць» камендантаву лодку і сплаваць на ёй да другога берага, дзе сінеў вялікі хваёвы лес і дзе ніхто з іх яшчэ не быў. Ігару гэта задумка здалася надта зваблівай: каго з местачковых хлопцаў не захапляў той бераг, дабрацца да якога было дужа цяжка — перад ім ляжала топкае, з праваллем балота ў вусці пратокі, у якой, казалі, жыве вадзянік. Было звабліва завалодаць лодкай, але на конавязі заставаўся дзяжурны Міцяеў, які адказваў за гэтую лодку перад самім капітанам Зарубіным. Праўда, гэтую прычыну тут жа адвёў Колька, сказаўшы, што Міцяеў мірна спіць пад кустом на папоне, а што датычыць замка, дык ён тут жа паказаў Ігару вялікі ключ ад бацькавага хлява з дрывамі, які замыкаўся такім жа замком, як і лодка Зарубіна. Ігару нічога болей не заставалася, як узяць гэты ключ і спакойна адамкнуць замок лодкі.

Вёслаў у іх аднак не было, яны знайшлі доўгую яловую жэрдку, звалаклі лодку на водмель і паселі ў яе самі. Спярша адпіхваліся жардзінай, пасля пачалі грэбці рукамі, лодка выплыла на сярэдзіну, і тут аказалася, што яна дужа рассохлася на беразе і праз яе барты ручаямі ліецца вада. Выліваць ваду не было чым, яны спрабавалі выплёскваць яе рукамі, але лодка ўсё больш асядала кармой у ваду, і неўзабаве хлопцам давялося спешна пакінуць судна. Насёрбаўшыся цёплай вады, яны неяк дабраліся да берага. Лодка ж спакойна сабе затанула.

Міцяеў ля конавязі спаў так моцна, што нічога не ўчуў, а хлопцы высушыліся на пагорачку і да вечара ўсе былі дома. Назаўтра, ведама, пачаліся пошукі прапажы, аказалася, што хтось бачыў паблізу ад купальні местачковага распусніка Цёмкіна, на якога тут жа і склалі пратакол. Спрабавалі дапрасіць таксама і Ігара, які з раніцы быў ля коней, але дзяжурны Міцяеў не мог нават уявіць свайго памагатага ў ролі злодзея і паручыўся ў яго невіноўнасці. I калі праз дзень Ігар усё ж прызнаўся Міцяеву ў сваёй віне, той спярша не паверыў. Давялося паказаць месца на возеры, дзе неглыбока на ілістым дне затанула лодка, якую хутка паднялі і прыцягнулі на бераг. Убачыўшы яе, Міцяеў толькі плюнуў у пясок і адышоўся ўбок, нават не зірнуўшы на свайго памочніка. Іх двухгадовае сяброўства на тым і скончылася. Да самай дэмабілізацыі Міцяеў не сказаў хлопцу ніводнага слова, быццам не заўважаў яго, не адказваў на яго прывітанне, пры сустрэчы праходзіў міма, нават не зірнуўшы на яго. Ігар не крыўдаваў, ён ведаў: гэтая пагарда была ім заслужана.


На іхнім шляху неўзабаве аказаўся рэдзенькі малады хвойнік — пасадка, яны хутка прайшлі яго між роўных радоў падросту і раптам абодва спыніліся. На самым узлеску, пэўна, была дарога, па якой цяпер некуды ўбок марудна, віхляючы на выбоінах, паўзлі ў цемры машыны. Спачатку Іваноўскаму здалося, што ён зблытаў напрамак і выйшаў да той самай шашы. Але хутка ён зразумеў, што гэта зусім не шаша, а, напэўна, якая паваротка з яе ўбок. Але чаму на гэтай паваротцы машыны?

Стаіўшыся, ён нядоўга пастаяў на ўзлеску. Машыны паўзлі зусім блізка, пярэдняя ішла з уключанымі фарамі, расхлябана віхляючы па калдобінах крытым высокім кузавам. Тры іншыя машыны, што ішлі следам, былі таксама высокія і крытыя,— што яны везлі, немагчыма было зразумець. Але той факт, што машыны з’язджалі ўбок з галоўнай магістралі, наводзіў лейтэнанта на некаторыя прыемныя думкі. Болей не пад’язджаючы да гэтай дарогі, ён павярнуў на ўзлеску следам за імі.

Цяпер ён ішоў вельмі марудна, часта спыняўся і слухаў. Далёкі нутраны гул дызеляў нейкі час яшчэ быў чуваць, пасля, заглушаны павевам ветру, неяк адразу сціх. Іваноўскі паправіў на сабе дзягу з цяжкой гранатай, азірнуўся на Піваварава. Той быў побач; прыціхлы ў прадчуванні небяспекі, ён ледзьве спраўляўся са сваім дыханнем.

— Ану, паглядзім, што там. Ты адстань трошкі...

Півавараў кіўнуў, таўхануў локцем вінтоўку, рамень ад якой наўкось перарэзаў яго белыя ў маскхалаце, вузкія грудзі. Ведама, трохі слабаваты аказаўся яго памочнік, але тут і дужы напэўна не вытрываў бы. Зашорхаўшы па снезе лыжамі, Іваноўскі пайшоў па ўзлеску.

Хвойнічак хутка скончыўся, наперадзе быў ручэй або рэчка з кустоўем па берагах, Іваноўскі з прыкметнай натугай зморанага чалавека перабраўся цераз яе і яшчэ прайшоў полем. Нечакана для сябе ён убачыў дарогу — дзве глыбока прарэзаныя ў снезе аўтамабільныя каляіны. Каб не пераходзіць яе і не згубіць у цемры, ён вярнуўся назад і на некаторай адлегласці пайшоў полем.

Вёска паявілася нечакана хутка — без адзінага гуку, без бляску святла з шэрага паўзмроку перад ім раптам вынікла страха хлеўчука, за ёю другая, і лейтэнант тут жа ў думках вылаяў сябе за неасцярожнасць — ад вёскі трэба было трымацца далей. Ён наважыў павярнуць у поле, як перад ягоным позіркам за вуглом хлеўчука мільгануў характэрны абрыс гусенічнага ўсюдыхода. Тут жа было і яшчэ нешта, незразумела грувасткае ў паўзмроку. Тонкая патарчака ад яго высілася ў небе, і, паўзіраўшыся крыху, лейтэнант зразумеў, што гэта антэна. Вядома, у вёсцы не магло быць ніякае базы, затое магло размясціцца на ноч якое тылавое ці маршавае падраздзяленне немцаў.

— Бачыў? — ціха запытаўся Іваноўскі ў напарніка.

— Ну.

— Што гэта, як думаеш?

Півавараў толькі цепнуў плячом, ён не ведаў, як не ведаў таго і лейтэнант, які цяпер звяртаўся да яго, як да роўнага. Калі б было ў яго пяць або дзесяць байцоў, Іваноўскі нізашто б не дазволіў сабе такога ў адносінах да іх панібрацтва, але цяпер для яго гэты Півавараў быў больш чым баец. Ён быў першы яго памочнік, ягоны намеснік, галоўны яго дарадца — іншага тут узяць не было дзе.

Выкінуўшы ўбок лыжу, Іваноўскі развярнуўся ў поле, Півавараў павярнуў таксама, яны крута ўзялі ў абход вёскі. Але, хвіліну прайшоўшы па снежным полі, лейтэнант спыніўся пры думцы: а раптам гэта які-небудзь буйны штаб немцаў? Штаб ім спатрэбіўся б нават болей, чым тая злашчасная база, якую немаведама дзе было шукаць уначы.

Хвіліну ён пастаяў на ветры ў роздуме, згадваў, што можна было зрабіць. Побач чакаў Півавараў. Баец разумеў, мабыць, што камандзір рашаў штосьці важнае для абодвух, і чакаў гэтага рашэння са спакойнай салдацкай вытрымкай. А Іваноўскі думаў, што, ведама, лепей бы абысці гэта асінае гняздо, але можа спачатку варта было падкрасціся бліжэй, разведаць — авось надарыцца што-небудзь зручнае, і ім пашанцуе болей, чым з той базай.

Пакуль яны стаялі так у нерашучасці, дзесьці ў вёсцы бліснула плямка святла, штось асвяціла на снезе і тут жа пагасла. Гэты выпадковы пробліск нічога не вытлумачыў ім, але паказаў у цемры напрамак, пэўнае месца. Мабыць, там была вуліца, і лейтэнант урэшце наважыўся падысці да яе бліжэй, каб зразумець, што там адбываецца.

— Так, Піваварчык, прыадстань. I паціхеньку — за мной!

Півавараў згодна кіўнуў, Іваноўскі рашуча адштурхнуўся палкамі і пайшоў да вёскі.

Спярша на ягоным шляху паявіўся стары паламаны плот, праз дзірку ў якім ён выйшаў на гарод і ў начным паўзмроку наткнуўся на тонкія дрэўцы з кустоўем — падобна, на мяжы двух гародаў. Ён павярнуў крыху ўбок і пад прыкрыццём гэтых дрэўцаў пайшоў па неглыбокім снезе да цемнаватых сілуэтаў будынін. Вакол па-ранейшаму было ціха, халаднавата, парывамі дзьмуў вецер, у паветры коса несліся негустыя сняжынкі. Ніякіх пэўных гукаў сюды не далятала, але ўсё ж па якіхсьці невыразных прыкметах Іваноўскі ўгадваў прысутнасць у вёсцы чужых, якімі цяпер маглі быць толькі немцы. Адчуваючы, што вось-вось нешта для яго адкрыецца, ён асцярожна ішоў да будынкаў.

Зусім ужо блізка высілася заснежаная страха хлява, ля якога

крывабока тырчэў падскубаны з аднаго боку і падперты жардзём стажок. Дрэўцы межавай пасадкі тут разам канчаліся, крайняй у радзе была раскідзістая грушка з таўставатым, прыкметным сярод танканогага вішняку камлём. Убачыўшы яе зводдаль, Іваноўскі падумаў, што за гэтым грушавым камяльком, мабыць, трэба прысесці, перачакаць. Але ён яшчэ не дайшоў да грушкі, як зусім невядома адкуль ля стажка паявілася нейкая постаць у расшпіленай даўгаполай вопратцы, і ён, скалануўшыся, сцяміў: немец! Немец ад нечаканасці на секунду знерухомеў, пільна ўгледзеўся ў яго, але тут жа, мабыць спакайнеючы, пракартавіў здаля:

— Es schien, ein Russe...

Іваноўскі нічога не зразумеў і, мабыць, надта рэзка рвануў рукаятку аўтамата, які вісеў на яго грудзях. Затвор гучна шчоўкнуў у цішы, немец, зразумеўшы памылку, прыдушана, з жахам крыкнуў і вёртка кінуўся па снезе ад стажка — наўскос, цераз гарод, да суседняга дома. На секунду разгубіўшыся, Іваноўскі прысеў і, здаецца, своечасова: тут жа ад будынін бухнуў адзіночны стрэл, куля гучна шчоўкнула ў намерзлым голлі кустоўя. Але ён ужо быў напагатове і з калена коратка тыркнуў чаргой па шэрым вуглу за парканам, пасля другой чаргой — ніжэй, па ўцекачу, які ўжо быў гатовы схавацца ў цень будыніны. Апошнія яго кулі былі, аднак, лішнія — немец адразу ткнуўся галавой у снег і застыў там; Іваноўскі тут жа выкінуў левую лыжу на разварот, схапіў адну палку. Другую, спяшаючыся, ён упусціў у снег і толькі нагнуўся за ёй, як у цемры двара зноў пыхнула чырвоным агнём, і ён ціха войкнуў ад глыбокага, вострага ўдару ў плечы. Адразу адчуўшы, што паранены, знячывелі шалёна рвануўся на лыжах з гэтага гарода, туды, дзе чакаў яго Півавараў.

Прамарудзіўшы на пачатку, немцы падарылі яму чвэрць хвіліны дарагога для яго часу. Ён ужо праскочыў палову межавых прысадаў, як яны толькі пачалі выбягаць з двароў на гарод. Хтось закрычаў там, камандна і строга, і чалавек пяць іх пусціліся за ім наўздагон. Ён добра іх бачыў, азірнуўшыся, і на секунду, відаць, разгубіўся, цямячы, спыніцца яму, каб агнём з ППД збіць іх увішнасць, або хутчэй бегчы ў цемру. Але хутчэй у яго ўжо не выходзіла, ён хутка слабеў ад болю і ледзьве ўпраўляўся з лыжамі.

Ззаду некалькі разоў стрэлілі — часта і не дужа гучна, бадай з пісталетаў, але ён усё ж адарваўся ад даганятых, цяпер трапіць у яго было цяжка. I ўсё ж адна куля ўдарыла кудысь пад ногі, ён, не азірнуўшыся, прыгнуўся ніжэй і з усіх, хутка слабеючых сіл стараўся прарвацца з гарода. Але вось і яшчэ адна куля працягнула вісклівую сваю струну над самай яго галавой, ён падхапіў аўтамат, каб выпусціць назад чаргу, як аднекуль спераду моцна і гучна бабахнула раз і другі. Ён зразумеў радасна, амаль паратоўча — гэта Півавараў; стрэл свае трохлінейкі ён бы пазнаў дзе хочаш. Тым часам з паўзмроку амаль насустрач яму адзін за адным бліснулі тры частыя ўдары, кулі прайшлі зусім побач, але ён ужо нёс у сабе ўпэўненасць: свая куля яго не зачэпіць.

— Хутчэй, таварыш лейтэнант!

Іваноўскі ўпаў, трохі не дайшоўшы да плота, але не ад болю ў грудзях, які хутка авалодваў усёй яго правай паловай цела, а таму, што не хапіла дыхання. Ён задыхнуўся. Але ён ведаў, што Півавараў ужо дзесь побач і не пакіне яго.

Выплюнуўшы з рота снег, ён тут жа паспрабаваў падняцца, але ногі яго дзіўна пацяжэлі, да таго ж заміналі перакрыжаваныя пры падзенні лыжы. Адна з іх зусім саскочыла з яго нагі, тады ён тузануў другой і таксама вызваліў яе з рамянёў. Ззаду і яшчэ хлопнула некалькі стрэлаў, але яго, здаецца, ужо не праследавалі, іх затрымаў Півавараў, які і выбег да яго з прыцемак.

— Таварыш лейтэнант!..

— Ціха! Дай руку.

— Я ўлажыў там аднаго! Хай цяпер сунецца...

Здаецца, ён і не надта здзівіўся яго раненню, хутка памог падняцца, але байца, мабыць, займала іншае, і ён нават не спрабаваў таго ўтаіць. Падобна было, што ён і не здагадваўся, як проста цяпер іх маглі забіць тут абодвух.

Лейтэнант хацеў быў сабраць лыжы, але зноў у галаве ў яго закружылася, і ён ткнуўся плячом у мяккі марозны снег. Півавараў, напэўна, толькі цяпер зразумеў стан камандзіра і, скінуўшы са сваіх ног лыжы, кінуўся на дапамогу.

— Што вас, здорава, га? Таварыш лейтэнант!

— Нічога, нічога,— выціснуў з сябе Іваноўскі.— Памажы.

Трэба было як мага хутчэй адсюль уцякаць, з хвіліны на хвіліну іх матлі дагнаць немцы. Півавараў раптам прымоўк і, падтрымліваючы лейтэнанта, павёў яго кудысьці ў цемру, далей ад вёскі, у поле. Іваноўскі пакорна валокся па снезе, заплятаючыся нагамі, у галаве яго хмельна кружылася, здавалася, вось-вось пачнуцца ваніты. Два разы ён выплюнуў на снег штосьці цёмнае, не адразу сцяміўшы, што гэта кроў. «Добра атрымаў!.. Добра атрымаў!..» — думаў ён амаль са злараднасцю, як пра кагось іншага, не пра сябе.

Яны не азіраліся, але і без таго было чуваць, што ззаду не ўціхаў вэрхал, раздаваліся крыкі. Праўда, стрэлаў ужо не было, але трывожлівыя галасы ззаду падганялі іх болей за стрэлы. Відаць, немцы высыпалі на ваколіцу або, можа, ішлі следам. У Іваноўскага ўжо ўсё было мокра ад поту і крыві, на баку праз бязь маскхалата праступіла вялікая цёмная пляма; ён загнана дыхаў, плюючы на снег крывянымі згусткамі. Некалькі разоў абодва яны падалі, але Півавараў тут жа ўскокваў, хапаў лейтэнанта пад пахі, і яны зноў хістка і няроўна валакліся ў шэрым марозным сутонні, пятляючы па зімовым, прадзьмутым усімі вятрамі полі.

Калі ўжо зусім знясілелі абое, лейтэнант, неяк выплюнуўшы крывавую пену, прамычэў «Стой!» і ўпаў бокам на снег. Побач упаў Півавараў. Ужо нідзе не было нічога чуваць і не відаць нічога, нават не зразумець было, у якім баку вёска. Думалася, што яны ўцяклі на край свету, дзе няма ні сваіх, ні немцаў, і Півавараў, аддыхаўшыся, сеў на снезе.

— Зараз перавяжам,— сказаў ён, лапаючы па кішэнях у пошуках бінта.— Куды вас?

— У грудзі. Пад рукой во...

— Нічога, нічога! Зараз перавяжу. А я таму як даў, дык адразу... Другі, гляджу, драла... Цэлую абойму выпусціў!

Іваноўскі адкінуўся на спіну, зняў дзягу, расшпіліў ватоўку, Півавараў сцюдзёнымі рукамі залапаў па целе. Кроў, якая багата намачыла адзенне, пачала ўжо астываць і пякла на марозе, як лёд. Зрэшты, пёкся, магчыма, снег, якога набілася скрозь, лейтэнант усё скаланаўся ад дрыжыкаў, але трываў моўчкі. Баец туга абкруціў яго грудзі двума ці трыма пакетамі, моцна завязаў канцы.

— Вельмі баліць?

— Ды ўжо ж, баліць,— раздражнёна адказаў Іваноўскі.— Усё, зашпілі дзягу.

Півавараў памог камандзіру прывесці сябе да ладу, зашпіліў на ватоўцы дзягу, абцягнуў падол маскхалата. Памалу лейтэнант пачаў грэцца, хоць цела яго па-ранейшаму білі дробныя нервовыя дрыжыкі.

— Не трэба было туды ісці,— сказаў баец, выціраючы аб штаны запэцканыя крывёй рукі.

— Што ж ты не сказаў раней?

— Дык я не ведаў,— паціснуў адным плячом Півавараў.

— А я ведаў? — раздражнёна кінуў лейтэнант. Ён разумеў, што робіцца злы і несправядлівы і што Півавараў тут ні пры чым, што ва ўсім ён вінаваты сам. Але менавіта ўсведамленне гэтай вінаватасці больш за ўсё і злавала Іваноўскага. Так, цяпер ён уліп, загубіў сябе і, мабыць, гэтага байца таксама, канчаткова праваліў важнае заданне з базай, нічога не дабіўся ў вёсцы. Але зрабіць інакш — абысці бокам базу, штаб, гэтую вёску і тым зберагчы сябе — ён не мог. На такой вайне гэта было злачынства.

— Дыскі давайце сюды. I аўтамат таксама. Я панясу,— ціха сказаў Півавараў, і Іваноўскі моўчкі згадзіўся — цяпер, вядома, ён многа несці не мог. Сабраўшы ў сабе рэшту сілы, ён толькі павярнуўся, каб сесці на снег.

— Што ж, трэба ісці.

— Ага, давайце вунь туды. Як ішлі,— ажывіўся Півавараў.— Яй-богу, тут недзе павінна быць вёска.

— Вёска?

— Ну. У нейкую вёску трэба. Без немцаў каб.

Мабыць, ён меў рацыю, падумаў Іваноўскі. Цяпер ім толькі і застаецца прыбіцца ў якую-небудзь вёску, да сваіх людзей, болей няма куды дзецца. Ён проста не адразу зразумеў, як крута гэта яго раненне мяняла ўсе яго планы. Цяпер, мабыць, трэба болей клапаціцца пра тое, каб не трапіць да немцаў. Базы яму ўжо не бачыць...


Раздзел дзесяты

Яны ўсё ішлі па калена ў снезе, без лыж — знясілена валакліся ў поцемках, трымаючыся адзін за аднаго, ад знямогі ледзьве не падаючы ў снег. Півавараў зусім выбіваўся з сілы, але не пакідаў лейтэнанта, правай рукой падтрымліваў яго, а ў левай цягнуў за рамень аўтамат і вінтоўку ды на плячы яшчэ свой рэчмяшок, які ўвесь час спаўзаў долу. Іваноўскаму ўжо зусім нестрываныя былі ягоныя ўсе пакуты, але, сцяўшы зубы, ён вымушаў сябе на апошнія намаганні і ішоў, ішоў, толькі б далей адысціся ад той праклятае вёскі.

Тым часам уначы паваліў снег, вакол забялела, затуманілася, мутнае неба зышлося з гэткім жа мутным долам, затканым мільготка-шэрай мітуснёй сняжынак. Немагчыма было падняць твар. Але вецер быў слабейшы, чым у мінулую ноч, зноў жа, здавалася, дзьмуў ім у спіну, і яны слепа брылі па полі, часам спыняючыся, каб перавесці дыханне. Плюючы крывёю, Іваноўскі з самотай адзначаў, як таялі яго сілы, і ўпарта ішоў, спадзеючыся на якое-небудзь прыстанішча, каб не прапасці тут, у гэтым завейным полі. Гінуць ён не хацеў, пакуль быў жывы, гатовы быў змагацца хоць усю ноч, суткі, хоць вечнасць, абы ўцалець, выжыць, дабрысці да сваіх.

Напэўна, Півавараў адчуваў тое ж, але нічога не гаварыў лейтэнанту, толькі як мог падтрымліваў яго, напружваючы рэшту сваёй таксама далёка не багатае сілы. Іншы раз лейтэнант, напэўна, здзівіўся б, адкуль яна яшчэ бралася ў гэтага хліпкага, заморанага з выгляду хлопца, але цяпер сам быў слабейшы за яго і цалкам залежаў ад яго хай сабе невялікіх магчымасцяў. I ён ведаў, што калі яны ўпадуць і не здолеюць падняцца, то далей будуць паўзці, бо які-ніякі паратунак у іх — наперадзе, ззаду ж іх пільнавала смерць.

У нейкай лагчыне з даволі глыбокім снегам яны нерашуча спыніліся раз і другі. Півавараў, падтрымліваючы лейтэнанта, спрабаваў разгледзець штосьці наперадзе, што лейтэнант не адразу і заўважыў. Пасля, прыгледзеўшыся праз згусцелую ўначы завіруху, ён таксама ўбачыў невыразную цёмную пляму, памеры якой, як і адлегласць да яе, угадаць было немагчыма. Гэта мог быць і куст побач, і нейкая будыніна воддаль, і дрэва — елка ці сасна на ўзлеску. Тым не менш гэтая пляма насцярожыла абодвух і, падумаўшы, Півавараў апусціў Іваноўскага долу.

— Я схаджу, гляну...

Лейтэнант не адказаў, размаўляць яму было пакутліва трудна, дыхаў ён з хрыпам, часта плюючы ў снег. Рукавом халата выцер мокрыя вусны, і на белай мокрай тканіне засталася цёмная пляма ад крыві.

«Вось, напэўна, і ўсё... Калі ўжо з рота ідзе кроў, дык, мабыць, нядоўга працягнеш»,— нявесела падумаў ён, лежачы на снезе. Галава яго хілілася долу, і перад вачыма скакалі вогненна-чырвоныя бліскаўкі. Але свядомасць яго па-ранейшаму была выразная, і свядомасць гэтая вымушала змагацца за сябе і за гэтага вось байца, цяперашняга яго паратоўцу. Паратоўца, вядома, сам ледзьве стаяў на нагах, але дагэтуль лейтэнант не мог ні ў чым папракнуць яго — там, у вёсцы, і ў полі Півавараў паводзіў сябе самым пахвальным чынам. Цяпер, адчуўшы нейкую перавагу перад камандзірам, ён прыкметна ажыў, стаў болей упэўнены ў сабе, увішны, і лейтэнант з радасцю падумаў, што ў выбары памочніка не памыліўся.

Некалькі хвілін ён самотна чакаў, паныла прыслухоўваючыся да нутранога клёкату ў прастрэленых грудзях. Побач ляжаў рэчмяшок Піваварава, і лейтэнант падумаў, што, мабыць, трэба ім разгрузіцца, выкінуць частку ношы. Цяпер ужо вялікі прыпас не патрэбны, будзе трэба асабістая зброя, патроны, гранаты. Бутэлькі з КС, мабыць, трэба дзесьці пакінуць. Але, знясілеўшы, ён не мог нават развязаць рэчмяшок і толькі знямогла хіліўся галавой долу. Ён не адразу заўважыў, як з мільготкіх прыцемак з’явіўся белы цень Піваварава, які ўзрадавана загаварыў здаля:

— Таварыш лейтэнант, лазня! Лазня там, разумееце, і нікога няма.

«Лазня — гэта добра»,— падумаў Іваноўскі і моўчкі, з намаганнем пачаў паднімацца на ногі. Півавараў падабраў рэчмяшок, ППД, памог устаць лейтэнанту, і яны зноў пабрылі да недалёкай, прытуманенай уначы будыніны.

Сапраўды, гэта была маленькая, зрубленая з яловых вяршалін вясковая лазня. Півавараў адкінуў нагой палку-падпору, і нізкія дзверы самі сабой расчыніліся. Увагнуўшы галаву і хапаючыся рукамі за сцены, Іваноўскі ўлез у яе цёмную, смярдзючую дымам цеснату, павёў па баках рукамі, намацаў гладкі шост, шархоткія сухія венікі на сцяне. Півавараў тым часам расчыніў яшчэ адны дзверы, і ў прылазніку моцна запахла дымам, попелам, бярозавай гніллю. Баец увайшоў туды і неўзабаве гукнуў лейтэнанта:

— Давайце сюды. Тут во лаўкі... Зараз састаўлю...

Іваноўскі ўчэпіста трымаўся за вушак, але пераступіў парог і, намацаўшы лаўкі, з хрыплым выдыхам выцягнуўся на іх, упёршыся нагамі ў сцяну.

— Зачыні дзверы.

— Зараз, зараз. Во тут і саломы крыху. Давайце — пад галаву.

Лейтэнант моўчкі прыўзняў галаву, даючы падкласці пад сябе ахапак саломы, і знясілена заплюшчыў вочы. Праз хвіліну ён ужо не мог зразумець, ці засынаў, ці, можа, траціў прытомнасць, агнянае ззянне ў вачах стала суцэльным, бясконца і пакутліва кружылася ў галаве, цягнула ванітаваць. Ён паспрабаваў павярнуцца набок, але ўжо не адолеў свайго налітага знямоглым цяжарам цела і забыўся — здаецца, сапраўды страціў прытомнасць...

Ачуньваў ён доўга і пакутліва, яго бралі дрыжыкі, вельмі хацелася піць, і ён доўга не мог разняць засмяглыя вусны і папрасіць вады. Ён толькі з натугай расплюшчыў вочы, калі адчуў нейкі рух побач,— з прылазніка паявіўся белы цень Піваварава з адкінутым на патыліцу капюшонам і яго аўтаматам у руках. У лазні было змрочна-шэра, але маленькае акенца ў сцяне свяцілася ўжо, як удзень, ясна прасвечвалі ўсе шчыліны ў прылазніку, і лейтэнант зразумеў, што настаў ранак. Піваварава аднак нешта яўна трывожыла, прыгнуўшыся, баец прыпаў да маленькага акенца, штось пільна выглядаючы там.

Іваноўскі паспрабаваў павярнуцца набок, у грудзях яго захрыпела, працяжна, з прысвістам, і ён закашляўся. Адскочыўшы ад акенца, Півавараў падаўся да камандзіра.

— Ну як вы, таварыш лейтэнант?

— Нічога, нічога...

Ён чакаў, што Півавараў і яшчэ пра нешта спытаецца, але баец не запытаўся нічога, а неяк адразу прыціх і прыгнуўся ўсё ля таго ж акенца. Пасля ён сказаў прыглушаным шэптам:

— Вунь, немцы ў вёсцы.

— У якой вёсцы?

— У гэтай. Вунь крайняя хата за вярбінай... Немцы ходзяць.

— Далёка?

— Крокаў дзвесце, можа.

Калі за дзвесце крокаў немцы, якія яшчэ не знайшлі іх, дык можна лічыць, што ўвогуле ім пашанцавала ў гэтай лазні. Праўда, дагэтуль была ноч, але вось пачынаецца дзень, і хто ведае, колькі яшчэ ім удасца праседзець тут незаўважанымі.

— Нічога. Не высоўвайся толькі.

— Дзверы я зачыніў,— кіўнуў Півавараў у парог.— Рыдлёўкай падпёр.

— Добра. Вады тут няма?

— Ёсць,— ахвотна адазваўся Півавараў.— Во ў дзежцы вада. Я ўжо піў. 3 лёдам толькі.

— Дай.

Півавараў не дужа спрытна напаіў яго з нейкай бляшанкі, вада смярдзела венікам, да вуснаў прыліпала размоклае бярозавае лісце. Увогуле вада была агідная, быццам бы з лужыны, і гэтак жа агідна было ўнутры ў лейтэнанта — нешта распухла ў грудзях, ужо з натугай можна было ўздыхнуць, адкашляцца ён не мог.

Калі напіўся, стала лягчэй, свядомасць яго быццам праяснілася, Іваноўскі агледзеўся навакол. Лазня была дужа маленькая, з нізкай закуранай столлю і чорнымі ад сажы сценамі. У куце каля дзвярэй чарнела куча камення на печцы, побач стаяла дзежка з вадой. На нізкім шастку над ім віселі нейкія забытыя транты. Ведама, у кожны момант і па першай патрэбе тут маглі паявіцца людзі, якія і знойдуць іх. I як ён не падумаў раней, што лазня не можа быць далёка ад вёскі і што ў гэтай вёсцы таксама могуць быць немцы.

— Што там відаць? — глуха запытаўся ён у Піваварава, які горбіўся ўжо ў прылазніку ля шчыліны ў дзвярах.

— Ды вунь са двара выйшлі... Двое. Закурваюць... Пайшлі некуды.

— Немцы?

— Ну.

— Нічога. Глядзі толькі. Так проста яны нас не возьмуць.

Ведама, ён разумеў невялікі кошт свайго галаслоўнага суцяшэння, але што ён мог болей? Ён ведаў толькі, што калі прыйдуць немцы, прыйдзецца адбівацца, пакуль хопіць патронаў, а там... Але можа яшчэ і не прыйдуць. Можа яны і зусім пойдуць з вёскі, можа яны ў ёй толькі начуюць. Дзіўна, але ў яго адчуваннях цяпер з’явіліся нейкія новыя, дагэтуль амаль не знаёмыя яму адценні, нейкі ненатуральны ў гэтай блізі да немцаў спакой без ценю ягонае спешкі, яго нецярпення, якія дапякалі яму ў апошнія дні. Цяпер гэта ўсё знікла кудысьці, прапала, мабыць, разам з ягонаю сілай, страціўшы якую, ён траціў і свой заўсёдны душэўны напор. Цяпер ён стараўся як мага дакладней усё ўзважыць у свядомасці, выверыць розумам, каб паступіць напэўна, бо кожная памылка ў яго рашэнні магла аказацца апошняй. I першай яго выразна зразумелай неабходнасцю была гатоўнасць чакаць. Удзень, у снежным полі, на краі вёскі нічога болей не было магчыма, як толькі запасціся да ночы цярпеннем, каб з наступленнем цемры штосьці зрабіць для свайго паратунку.

Але чакаць таксама патрэбна была сіла, трэба было неяк утрымліваць у сабе хісткую сваю прытомнасць, немалым намаганнем волі захаваць вытрымку. Гэта таксама было нялёгка нават для чалавека здаровага, якім быў Півавараў. У гэтае пастцы, паблізу ад немцаў не проста было саўладаць з нервамі, думаў лейтэнант, назіраючы, як кідаўся па лазні баец — то да акенца ў сцяне, то ў прылазнік са мноствам шчылін. Выглядаў ён амаль што спалоханы, і кожны раз, пазіраючы на байца, Іваноўскі думаў: ідуць! Але, мабыць, каб супакоіць камандзіра ды і сябе таксама, Півавараў час ад часу прыгаворваў услых:

— Хтосьці на сцежку выйшаў... Да калодзежа быццам. Ага. Нейкая цётка з вядром...

I яшчэ праз хвіліну:

— О, о! Выходзяць. Не, сталі. Стаяць... Пайшлі кудысь.

— Куды пайшлі?

— А чорт іх ведае! Схаваліся за вуглом.

— Нічога, не хвалюйся. Сюды не прыйдуць.

Іваноўскі не стаў забіраць у яго свой аўтамат, падумаўшы, што ў выпадку чаго Півавараў управіцца з ім спрытней за яго, у лейтэнанта ж засталася граната. Цяпер без гранаты яму немагчыма. Ён адвязаў яе ад дзягі і паклаў каля лаўкі. Побач стаяла прыхінутая да сцяны вінтоўка — усё было пад рукамі, заставалася цярпліва чакаць, спадзеючыся на ўдачу.

— Сунуцца — тут і застануцца,— сказаў Півавараў, зазіраючы ў акенца.— Праўда, і мы...

Іваноўскі зразумеў, што недаказаў Півавараў, і запытаўся нечакана:

— Жыць хочаш?

— Жыць? — амаль здзівіўся баец і ўздыхнуў.— Няблага б. Але...

У тым-то і справа, што але! Гэта але д’ябальскім праклёнам стала ўпоперак іх маладых жыццяў, уцячы ад яго было немагчыма. У той памятны дзень яно бязлітасна рассекла свет на дзве палавіны, на адной з якіх было жыццё з усімі яго несамавітымі, але такімі патрэбнымі чалавеку радасцямі, а на другой — заўчасная, агідная, праклятая смерць. 3 гэтага ўсё пачалося, і што б ні здаралася потым, у наступных яго выпрабаваннях — усё нязменна натыкалася на гэтае праклятае але. Каб неяк абысці яго, абхітрыць, перамагчы на сваім шляху і прадоўжыць жыццё, патрэбны былі неверагодныя намаганні, праца, пакуты... Вядома, каб выжыць, трэба было перамагчы, але перамагчы можна было толькі выжыўшы — у такое чортава кола загнала людзей вайна. Абараняючы сябе і краіну, трэба было забіць не аднаго, а шмат, і чым болей было забіта, тым болей надзейным было існаванне аднаго і ўсіх. Жыццё праз пагібель ворага — іншага выйсця на вайне, мабыць, не існавала.

Але як жа яму цяпер, калі немагчыма і забіць? Ён мог толькі забіць сябе, але ён ужо быў дрэнны ваяка з немцамі. Як бы ён ні цешыў сябе ды і Піваварава, як бы ні пяўся да дзеяння, ён не мог не разумець, што з прастрэленымі грудзьмі ён не ваяка.

Тады што ж — ціха памерці ў гэтай лазні?

Не, толькі не гэта! Гэта было жахліва, агідна, амаль подла ў адносінах да сябе, да гэтага байца, якога ён таксама асуджаў на пагібель, у адносінах да ўсіх сваіх. Пакуль жывы, ён гэтага сабе не дазволіць.

Ён нават спалохаўся ад гэтай недарэчнай думкі і прахапіўся з кароткага забыцця. Трэба было нешта прыдумаць, штосьці зрабіць, магчыма, зрабіць зараз жа, не трацячы ні адной хвіліны жыцця, бо пасля можа быць позна...

Кідаючыся ў ліхаманкавых думках, ён доўга, пакутліва перабіраў усе магчымыя варыянты для паратунку і не знаходзіў нічога. Тады зноў наступіла знямога, абыякавасць, гатоўнасць цярпліва чакаць да ночы.

«Праклятая вёска! — каторы ўжо раз паўтараў ён сабе.— Яна яго загубіла. I трэба было так недарэчна наткнуцца на гэтага фрыца, які падняў крык, улезці ў перастрэлку, атрымаць кулю ў грудзі... Але ўсё ж нешта там ёсць. Гэтая цемра і сцішанасць, несумненна, былі штучныя, падтрыманыя строгай дысцыплінай, немагчымай без цвёрдай улады вялікага начальства. Зноў жа антэны... Хутчэй за ўсё там размясціўся нейкі вялікі, можа нават армейскі, іх штаб, бо ў глыбокім тыле маленькага штаба не будзе. Як дарэчы было б нанесці па ім ўдар! Але як нанясеш? Самалёты цяпер не лятаюць, а настане добрае надвор’е — тады шукай яго, як гэтую распраклятую базу боепрыпасаў...»

Яму не шанцавала ў самым пачатку, а ў канцы тым болей. Калі б не гэта раненне, якое, па сутнасці, загубіла яго, ужо што-небудзь ён бы напэўна прыдумаў. Можна было б наладзіць засаду, узяць языка... А цяпер як возьмеш? Цяпер яго самога можна ўзяць замест языка, хіба што карысці ад яго будзе нямнога. Зрэшты, пакуль ён жывы і ў яго ёсць граната, якой хопіць для абодвух і для гэтай вось лазні,— яго ім не ўзяць. Відаць, на гранату цяпер уся іх надзея.

Але ішоў час, а іх ніхто не трывожыў у гэтым цесным і цёмным сховішчы наводшыбе ад вёскі. Півавараў цяпер болей стаяў за прасценкам, зрэдку каменціруючы тое, што ўдавалася згледзець праз шчыліну. Але вось ён сціх, мабыць, нічога асаблівага там не было відаць, і лейтэнант раптам запытаўся ціха:

— У цябе маці ёсць?

Мабыць, гэта было дзіўнае ў іх становішчы пытанне, і Півавараў не зразумеў.

— Га? Што вы сказалі?

— Маці ў цябе ёсць?

— Ёсць, а як жа.

— I бацька?

— Не, бацькі няма.

— Што, памёр?

— Ды так,— няпэўна адказаў Півавараў.— 3 маці жыў. Калі б яна ведала, як нам тут! Во было б страху!..

— Харошая мама?

— Ну,— проста пацвердзіў баец.— Я ж у яе адзін. Бывала, усё для мяне.

— Адкуль родам?

— Я? 3-пад Пскова. Ёсць такі гарадок Порхаў, можа чулі? Там жыў. Мама ў школе настаўніцай рабіла.

— Кажаш, шкадавала?

— Ну. Яшчэ як! Проста смешна было. 3 хлопцамі калі падурэю — трагедыя. Сняданак не даем — трагедыя. А ўжо калі захварэю — ого! Усіх дактароў на ногі падніме, тыдзень лякарствамі карміць будзе. Смешна было... А цяпер — не смешна.

— Цяпер не смешна,— уздыхнуў лейтэнант.

— Мама золата. Я ў яе адзін, але ж і яна ў мяне таксама адна. У нас там і радні ніякай. Мама з Ленінграда сама. Да рэвалюцыі ў Піцеры жыла. Колькі мне пра Піцер расказвала! А я так ні разу і не з’ездзіў. Усё збіраўся, збіраўся. Цяпер пасля вайны хіба.

— Пэўна, пасля вайны.

— Я, ведаеце, я нічога. Я не надта: заб’юць, ну і што ж! Маці шкада...

Маці, вядома, шкада, моўчкі пагадзіўся Іваноўскі. Зрэшты, шкада і бацьку таксама. Нават такога, якім быў яго, ветэрынар Іваноўскі. Не вельмі каб добры і не надта разумны, аматар пагутарыць з мужыкамі і нават выпіць з выпадку, ён часам здаваўся занядбаным, патрапаным у жыцці няўдакам. Сапраўды, ва ўсіх былі жонкі, якія клапаціліся пра харчаванне, быт, сямейныя зручнасці, у рознай ступені, але нязменна паважалі сваіх мужоў-камандзіраў, а яны з бацькам, колькі памятаў Ігар, заўсёды жылі ў нейкіх каморках, кутках, на прыватных яўрэйскіх кватэрах, абедалі, калі і чым давядзецца: кавалкам сала, міскай капусты, кансервамі, абходзіліся адной на двух алюмініевай лыжкай. Маці сваю Ігар не памятаў і амаль ніколі не пытаўся пра яе ў бацькі; ён ведаў: варта толькі пачаць пра яе размову, як бацька не ўтрымаецца ад слёз. 3 вобразам маці была звязана нейкая сямейная драма Іваноўскіх, і сын нават не ведаў, ці была яна дзе жывая, ці даўно, можа, памерла. Зрэшты, як высветлілася потым, бацька таксама пра гэта не ведаў.

Пра бацьку Іваноўскага знаёмыя гаварылі рознае, па-рознаму адносіўся да яго сын, але ўсё роўна гэта быў бацька, які па-свойму любіў адзінага свайго сына, жадаў яму толькі добрага, радаваўся яго вайсковай будучыні. I вось дарадаваўся. Апошняе пісьмо ад яго Іваноўскі атрымаў у вучылішчы, перад выпускам, у пачатку чэрвеня; бацька тады быў пад Беластокам усё ў тым жа пагранатрадзе, Ігар жа атрымаў назначэнне ў Гродна, у распараджэнне армейскага аддзела кадраў, і думаў, што яны неўзабаве ўбачацца. Ён нават не адказаў бацьку на яго пісьмо, а пасля ўжо і адказваць не стала куды; дзе ён, жывы ці не — ніхто яму дакладна сказаць не мог, ды і запытацца не было ў каго. Відаць па ўсім, з бацькам у Іваноўскага ўсё назаўжды скончылася, надзеі на сустрэчу не засталося ніякай.

Таксама як і з яго Янінкай.

Дзіўна, але тое страшнае расстанне з дзяўчынай ён перажываў куды даўжэй і пакутней, чым, па ўсёй верагоднасці, навечную разлуку з бацькам. Праўда, пасля, у баях, у крывавай мітусні франтавых будняў, часта забываўся пра яе, каб зусім нечакана дзе-небудзь у часе начлегу, у ціхую хвіліну, перад самотнай невядомасцю бою раптам прыпомніць да пранізлівага болю ў сэрцы. Ён нікому не расказваў пра гэтае сваё першае і, напэўна, апошняе, зусім кароценькае каханне. Ведаў — у іншых было не лепш. Хто ў вайну не перажывае, не сохне, не пакутуе ад разлук з каханай, маці, жонкай або дзецьмі... Разлукі тамілі, пяклі, болем тачылі салдацкія сэрцы, і ніхто не мог нічога зрабіць, каб як палегчыць гэты іх боль.

...Здаецца, ён зноў забыўся — заснуў або проста заціх на пакутным рубяжы між жыццём і смерцю, і калі ачнуўся, лазня амаль патанула ў змроку. Ён ужо не глядзеў на гадзіннік, час для яго цяпер страціў свой пачатковы сэнс, адчуванне Іваноўскага быццам і яшчэ пагоршала. Ён дробна і часта дыхаў, ледзьве адольваючы дыхавіцу, ранішнія дрыжыкі змяніліся патлівай гарачкай. Ачнуўшьіся, ён пашукаў вакол позіркам і ўбачыў Піваварава, які сядзеў на перакуленым драўляным вядзерцы ля акна і грыз сухар. Вакно, мабыць, пацела ад яго дыхання, і баец рукавіцай усё цёр шыбы.

— Што там? — адкрыўшы і зноў закрываючы вочы, запытаўся лейтэнант.

— Усё тое ж. Не ідуць, сволачы.

Не ідуць — значыць, у вёску не сунешся. Але куды ж, апроч вёскі, цяпер можна сунуцца? У полі будзе горай, чым у гэтай лазні, у полі яго даканае мароз. Але і ў лазні наўрад ці яны дачакаюцца чаго добрага.

Чорт, патрэбны былі лыжы, дарма ён кінуў іх у той вёсцы. Хаця там, пад агнём, было не да лыжаў — там трэба было ратаваць галовы. Але цяпер вось без лыжаў яны проста не маглі нікуды паткнуцца з гэтае лазні.

Зрэшты, яму ўжо ўсё роўна, лыжы яму не спатрэбяцца. Але Півавараву яны неабходны. Без лыжаў хлопцу ніяк не дабрацца да лініі фронту — на першым жа кіламетры дарогі яго схопяць немцы.

— Слухай, як думаеш, да той вёскі далёка?

— Якой вёскі?

— Ну той, учарашняй.

— Можа кіламетры два.

Аказваецца, так блізка, а яму ноччу здавалася, што яны ўцяклі ад яе можа кіламетраў на пяць, не меней. Хаця меры адлегласці і часу, відаць, страцілі для яго сапраўднае сваё значэнне, кожны метр шляху і кожная хвіліна жыцця неймаверна расцягваліся ягонай пакутай, скажаючы нармальнае чалавечае ўспрыняцце іх. Напэўна, цяпер яму трэба будзе больш спадзявацца на Піваварава.

— А што трэба, таварыш лейтэнант? — запытаўся баец.

— Схадзіць па лыжы. Ноччу. Можа не падабралі немцы.

Півавараў хвіліну маўчаў, нешта прыкідваючы сам сабе, пасля з уздыхам сказаў:

— Што ж, я схаджу. Хай прыцямнее толькі.

— Ага. Трэба, ведаеш...

— Ну. Толькі вы... Як вы тут?..

— Як-небудзь. Я пачакаю.

Яшчэ не зусім змерклася, але Півавараў падняўся і пачаў збірацца ў дарогу. Перш за ўсё ён сцягнуў з нагі кірзавы бот і пераматаў анучу. Пасля выняў з рэчмяшка два сухары, сунуў у кішэню штаноў, рэчмяшок пераставіў бліжэй да Іваноўскага.

— I гэта... я аўтамат вазьму — ладна?

— Вазьмі.

— 3 аўтаматам, ведаеце... Неяк больш смеласці.

Лейтэнант бачыў: баец не мог стрымаць радасці, займеўшы такую зброю, пра якую марыў кожны баец на фронце. Аўтаматы яшчэ толькі паступалі ў войска, пяхота амаль скрозь была ўзброена вінтоўкамі. Іваноўскі сам атрымаў гэты ППД напярэдадні выхаду, калі генерал, раздобрыўшыся, загадаў свайму канаводу перадаць аўтамат лейтэнанту. Вядома, у іхнім становішчы зброя вырашала калі не ўсё, дык многае, на спрадвечнае сіле зброі цяпер трымаліся мізэрныя іх магчымасці.

— А вінтоўка хай тут пабудзе.

Лейтэнант не пярэчыў, і Півавараў зняў з дзягі абодва брызентавыя падсумкі, лязгнуў абоймамі і паклаў іх на падлогу ля лаўкі.

— Вінтоўка харошая: бой у самую цэль. Старшына прыстрэльваў.

Іваноўскі рассеяна слухаў байца і думаў, што вінтоўка, некалькі абоймаў патронаў, супрацьтанкавая граната, дзве бутэлькі КС — напэўна, гэтага будзе даволі. Пашанцуе — ён дачакаецца Піваварава з лыжамі, і, можа, яны яшчэ нешта зробяць. А не, дык будзе з чым пастаяць за сябе да канца.

Півавараў пераматаў і другую анучу, падцягнуў дзягу і з яўным задавальненнем закінуў за плячо аўтамат. Здаецца, ён ужо быў гатовы выправіцца ў недалёкі, але хто ведае, наколькі бяспечны свой шлях.

— Каторая на вашых там? Пяць ужо? Ну, я за гадзінку ўпраўлюся. Тут недалёка...

За якую гадзіну ён управіцца, і яны зноў будуць разам. У хвіліну новага расстання Іваноўскі адчуў, як увогуле няблага яму было з гэтым ціхмяным, цягавітым хлопцам і як, напэўна, нялёгка будзе цяпер, у адзіноце, перажыць гадзіну. Раз’яднанасць значна аслабляла іх сілы. У дзеянне ўступала дзіўная, не зусім суладная з матэматыкай логіка, калі два падзеленыя напалам складалі менш за адзінку, таксама як у іншых выпадках дзве разам складзеныя адзінкі былі болей, чым два. Напэўна, такое не надта дапасавалася і з нармальнай логікай і было магчыма толькі на гэтай вайне. Але што гэта менавіта так, лейтэнант вельмі добра вывучыў на ўласным вопыце.

Баец быў гатовы ісці, але чамусь марудзіў, напэўна, не хапала яшчэ нейкай драбніцы ў іх развітанні. Іваноўскі ведаў, у чым была гэта драбніца, і ён вагаўся. Паявілася апошняя магчымасць паткнуцца ў тую праклятую вёску і паспрабаваць што-колечы даведацца пра той штаб. Хоць бы ў агульных рысах, каб не з пустымі рукамі з’явіцца перад іх генералам і хоць бы ў малой ступені апраўдаць іх прыкрую няўдачу з базай. Але ён не мог не ведаць таксама, што самая малая неасцярожнасць Піваварава магла абярнуцца адразу трайною бядой, назаўсёды пахаваўшы іх і без таго нікчэмную магчымасць выканаць свой абавязак і вярнуцца за фронт.

— Дык я пайду, таварыш лейтэнант,— рашыўся Півавараў і павярнуўся ў парог. Лейтэнант сказаў:

— Пагадзі. Ведаеш... Я не загадваю, глядзі сам. Але... Можа, як там сумееш... Што там, у вёсцы? Каб дазнацца як...

Ён змоўк, Півавараў насцярожана чакаў, але, не дачакаўшыся болей нічога, сказаў проста:

— Добра. Я паспрабую.

Штось у Іваноўскім нязгодна запратэставала, амаль закрычала ў яго прастрэленых грудзях. Што значыць — паспрабую, ад спробы не шмат карысці, тут патрэбна вужачая хітрасць, упартасць, вытрымка, і то, апроч усяго, трэба яшчэ рызыкаваць жыццём. Але ён не мог гэтага растлумачыць байцу, штось перашкаджала яму гаварыць пра благія, хоць і звычайныя на вайне рэчы, да таго ж ён ледзьве адужваў у сабе слабасць і боль. I ён толькі ўздыхнуў:

— Глядзі, асцярожна...

— Ды ладна. Вы не турбуйцеся. Я ціхенька...

— Добра. I нядоўга...

— Ну. Во тут вадзіцы вам,— баец зачарпнуў у дзежцы і паставіў ля яго бляшанку з вадой.— Калі піць захочаце...

Стомлены труднай размовай, Іваноўскі заплюшчыў вочы. Ён чуў, як Півавараў выйшаў у прылазнік, не адразу, асцярожна адчыніў там дзверы і ціха прыстукнуў імі знадворку. Хвіліну яшчэ яму чутны былі за сцяной яго крокі, яны хутка аддаляліся, і з імі аддалялася нейкая надзея; здавалася, штосьці для іх канчалася, не пачаўшы новага. Ён стаў чакаць, упарта ўслухоўваўся ў кожны шолах ветру на даху, кожны аддалены гук у вёсцы, ад гэтай хвіліны ён жыў у трывожным, скупым свеце гукаў, часам прыглушаных уласным кашлем і глухім, надакучлівым хрыпам у грудзях.

Памалу слых яго стаў прытупляцца, вакол было ціха, і ягонай свядомасцю завалодалі думкі, якія дзівосна віліся ў часе і прасторы. Здаецца, ён пачынаў драмаць, і тады сярод ірэальнай бязглуздзіцы выплывала штосьці падобнае на быль ці яго мінулае, якое трывожыла і соладка гняло адначасна...


Раздзел адзінаццаты

Да адпраўлення цягніка заставалася некалькі апошніх хвілін, а яна стаяла на платформе і плакала. Ніхто, відаць, яе тут не праводзіў і ніхто не чакаў, наогул народу ў гэты ранішні час на пероне было няшмат, і Іваноўскі, ступіўшы на прыступак ніжэй, жартоўна гукнуў дзяўчыну:

— Гэй, бялявая, навошта плакаць? Другога знойдзем.

Сказана гэта было з бяздумнаю дарожнай лёгкасцю ў адносінах між людзьмі, якія выпадкам спаткаліся і тут жа расстаюцца, каб ніколі больш не сустрэцца. Але дзяўчына ражком стракатай, завязанай на шыю касынкі выцерла вочы і кінула на яго востры, кароценькі позірк. Тым часам цягнік даў гудок. Ззаду за Ігарам, трымаючыся за поручань, навісаў Коля Тамолка, абодва яны былі ў добрым, прыўзнятым настроі і, здавалася, усякае гора маглі абярнуць жартам.

— А то давай з намі. Да Беластока!

Дзяўчына машынальна паправіла на тонкай шыі касынку, зноў мільганула позіркам па тварах двух, апранутых ва ўсё новае ваенных хлопцаў, і на яе вуснах ужо трапянулася лёгкая ўсмешка.

— А мне ў Гродна.

— Якое супадзенне! — жартоўна здзівіўся Іваноўскі.— Нам таксама. Паехалі разам!

Яна не прымусіла сябе ўпрошваць, падхапіла чамаданчык, які стаяў каля ног, і спрытна ўчапілася за поручань. Іваноўскі падтрымаў яе, Тамолка пастараніўся, і некалькі збянтэжаная і ўзрадаваная такім паваротам справы новая пасажырка паднялася на пляцоўку вагона.

— Білет, білет, грамадзяначка! — тут жа патрэбаваў у яе мітуслівы дзядзька-праваднік, які з флажкамі ў руках спяшаўся да выхаду.

— Ёсць, ёсць білет! Усё ў парадку! — тонам, які не пакідаў ценю сумнення, сказаў Іваноўскі, праціскаючыся паперадзе яе ў вагон.

Ён павёў дзяўчыну ў пятае ці шостае купэ, дзе яны атабарыліся з Тамолкам, сам нёс у руцэ яе чамаданчык, які здаўся яму надта лёгкі, хутчэй за ўсё, пусты. Коля лез следам, і дзяўчына, прыціхшы, ішла паміж імі, кідаючы па баках ніякаватыя, трошкі збянтэжаныя позіркі.

— Во, калі ласка. Можаце займаць маю. Я ўзлезу наверх,— з гасціннай лёгкасцю прапанаваў Іваноўскі сваю ніжнюю полку і апусціў чамаданчык. Яна паслухмяна прысела ля акна і не адразу, адолеўшы яўную збянтэжанасць, ціха сказала:

— А ў мяне білета няма.

— Што — не хапіла?

— Укралі...

— Як?

— Ноччу. У цягніку з Мінска.

Гэта было горш. Здаецца, яны бралі на сябе трохі празмерную адказнасць, парушаючы строгі парадак чыгункі, за што магло нагарэць абодвум. Але як было адступаць? Ігар зірнуў на Міколу і прачытаў на яго грубаватым, заўжды нахмураным твары рашучасць стаяць на сваім. Сапраўды, як было цяпер дапусціць, каб пакрыўдзілі таго, хто гэтак прастадушна і даверліва пайшоў за імі?

— Нічога. 3 правадніком дамовімся.

Але дамаўляцца мусілі не толькі з правадніком, а таксама і з рэвізорам, і з брыгадзірам цягніка, і перагаворы гэтыя скончыліся тым, што на нейкай станцыі, дзе неўзабаве спыніўся цягнік, Іваноўскі збегаў у вакзальную касу і ледзьве паспеў захапіць апошні білет на ўжо занятае ёю месца. Білет быў да Гродна, і дзяўчына прыкметна павесялела, нават заўсміхалася, канчаткова перажыўшы сваю бяду. Ачуняўшы ад хвалявання, яна аказалася разгаворлівай і ўвогуле прыемнай дзяўчынай, і хутка не без гумару расказвала ім аб сваіх дарожных прыгодах. Аказалася, што яна жыве ў Гродна і ў Мінск ездзіла да сваякоў, якіх ніколі не бачыла, і тут такое няшчасце ў вагоне. У яе ўсё начыста выграблі з яе чамаданчыка, апроч таго, узялі плашчык, жакет і, ведама, усе грошы. Але вось яна ўратавана і цяпер вельмі ўдзячна абодвум за іх велікадушную дапамогу.

— Ды ну, пра што гаварыць! — адмахнуўся Іваноўскі і перавёў размову на іншае.— А вы даўно жывяце ў Гродна?

— Там і нарадзілася.

— Ого! Значыць, тутэйшая?

— Ну.

— А так добра гаворыце па-руску?

— А ў нас дома заўжды гаварылі па-руску. У мяне бацька рускі і цётка, яго сястра, таксама руская. Толькі мама полька.

— А дзе вы вучыліся?

— У польскай гімназіі. Рускіх жа ў нас не было.

— А як вас завуць? — усё больш цікавіўся Ігар.

— Янінка. А вас — калі не вайсковая тайна? — амаль ужо какетліва ўсміхнулася яна.

— Мяне Ігар, а яго Мікалай.

— У мяне дзядзька, што ў Мінску, таксама Ігар. Ігар Пятровіч. А вы да нас служыць едзеце?

Тут ужо яны пераглянуліся, гэта сапраўды ў нейкай меры адносілася да строгай вайсковае тайны, з лёгкасцю, аднак, разгаданай іх спадарожніцай. Але што тут было таіцца? Сапраўды, тыдзень назад, пасля сканчэння вучылішча яны атрымалі назначэнне ў армію, штаб якой размяшчаўся ў гэтай яе Гродні.

— Падобна, што так,— няпэўна сказаў Іваноўскі.— А што гэты Гродна — нішто гарадок?

— Вельмі добры горад. Не пашкадуеце.

— Думаеш, нас у Гродна пакінуць? — з уласцівым для яго скептыцызмам сказаў Тамолка.— Запруць куды-небудзь у лясны гарнізон.

— О, дык у лесе ж цудоўна! У нас такія лясы! Дзіва! — поўная захаплення загаварыла Янінка.

Іваноўскі змоўчаў. Ягоныя адносіны да лесу, нават самага прыгожага, мала нагадвалі захапленне гэтай дзяўчыны. Бывала, у вучылішчы, у шматмесячных летніх лагерах, лясы, палі, уся гэта аддаленасць ад пастаяннага месца жыхарства з яго хай сабе несамавітым, але наладжаным бытам так надакучвалі пад восень, што самая багатая прырода рабілася невыноснай — хацелася ў горад. Правільна кімсьці сказана, што ваенныя не заўважаюць прыроды, для іх болей важна надвор’е.

Тым не менш у наіўным захапленні Янінкі прысутнічала такая шчырасць, што Іваноўскі заўсміхаўся, гатовы ўжо згадзіцца на першы, што трапіцца, гродзенскі лес. I наогул нешта ў ёй усё больш яму падабалася, у гэтай жвавенькай, даволі мілавіднай, з какетліва рассыпанымі на лбе светлымі кудзеркамі дзяўчыне ў просценькай стракатай сукенцы. Яму ўжо было сорамна за той свой фрывольны жарт на вакзале ў Баранавічах, за нетактоўнасць іх прапановы, каторую выбачала хіба што іх пазнейшая дапамога ў яе здарэнні.

Цягнік з кароценькімі прыпынкамі на маленькіх станцыях ішоў усё далей на захад. За вакном, нібы ў мінулае, адплывалі назад зялёныя чэрвенькія палеткі, пералескі, велічныя хвойныя бары, вёскі і скрозь — хутары, хутары. Іваноўскі ніколі не быў у гэтым баку Беларусі, меней як за два гады ўз’яднанай з яе ўсходняй паловай, і цяпер у ім нарадзілася шчырая цікаўнасць да ўсяго, што адносілася да гэтага не вядомага для яго і, напэўна, такога натуральнага для Янінкі жыцця.

На нейкай невялікай станцыі іхні вагон спыніўся якраз насупраць маленькага прывакзальнага рыначка, і Іваноўскі выскачыў на платформу, таропка накупляў у газету несамавітага сялянскага харчу — яек, гуркоў, вясковай каўбасы і нават міску гарачай, разварыстай маладой бульбы. Пасля яны елі ўсе разам, хлопцы клапатліва частавалі дзяўчыну, якая зусім ужо асвойталася ў іхняй кампаніі, ахвотна смяялася, жартавала, смачна ядучы гуркі з бульбай. Пасля абеду, мабыць, штось сцяміўшы ў адносінах да яе Ігара, Мікалай зважліва адышоўся і ўзлез на верхнюю полку паспаць. Яны ж засталіея ўдваіх — адзін супраць аднаго, раздзеленыя маленькім вагонным столікам.

Яму было добра з ёй, хоць ён усё яшчэ не мог да канца асіліць у сабе нейкае спазнелае пачуццё ніякаватасці, быццам якую вінаватасць за свае намеры, хоць з самага пачатку ніякіх намераў у яго не было. Янінка ж, мяркуючы па ўсім, адчувала сябе зусім натуральна і вольна. Яна зняла свае маленькія, белыя, на коркавай падэшве басаножкі і, напяўшы на каленях караткаватую сукенку, па-хатняму проста ўладкавалася на цвёрдым сядзенні, увесь час з нейкай мілай хітрынкай заглядваючы яму ў вочы.

— А ў нас, ведаеце, Нёман,— казала яна, менавіта так, на беларускі лад вымаўляючы гэта слова, і Іваноўскі ўнутрана ўсміхнуўся, прыпамінаючы сваё недалёкае дзяцінства, школу, вядомую паэму Якуба Коласа і гэтую беларускую назву ніколі не бачанай ім ракі.— Адразу пад вакном круты спуск, дзве вярбы і плыты ля самага берага. Я там купаюся з плытоў. Ранічкай выбегу, на рацэ яшчэ лёгкі туманок сцелецца, вада цёплая, як сырадой, нідзе нікога. Так накупаюся, што ўвесь дзень радасна.

— А мне болей азёры падабаюцца. Асабліва лясныя. У ціхае надвор’е — прыгажосць,— сказаў Іваноўскі.

— Рэкі лепш, што вы! У азёрах вада балотам смярдзіць, а ў рэчцы заўсёды праточная, чыстая, бы сляза. Улетку на рацэ — рай. Ды што там! Вось прыедзем — пакажу. Спадабаецца.

Мабыць, сапраўды спадабаецца. Ён ужо быў упэўнены, што гэта штось незвычайнае: домік, дзве вярбы на абрыве, плыты ля берага, з якіх можна ныраць у глыбокі, імклівы Нёман. I ён ужо маляваў гэта ў сваім уяўленні, хоць з вопыту ведаў, што самае багатае ўяўленне ніколі не адпавядае сапраўднасці. У сапраўднасці ўсё інакш — горш або лепш, але менавіта інакш.

Янінка паводзіла сябе з ім лёгка і вольна, так, быццам яны даўно былі знаёмыя, а ён ўсё адчуваў нейкую невыразную скаванасць, якая не толькі не міналася з часам, але і яшчэ большала. Ігару пачынала здавацца, што, бесцырымонна гукнуўшы яе ў Баранавічах, ён выглядаў перад ёй як чалавек легкадумны, схільны да нікчэмных дарожных прыгод, і што яна не магла не заўважыць гэтага. Хоць ніякага легкадумства ў тым не было, была простая дзіцячая гуллівасць, якая, можа, і не зусім дарэчы ў характары дваццацідвухгадовага выпускніка ваеннага вучылішча, нядаўна атэставанага на пасаду камандзіра ўзвода. Тады, на пероне, ён нават і не разгледзеў яе, толькі ўбачыў — разглядаў ён яе цяпер шырока раскрытымі, амаль здзіўленымі вачыма, якія, як ні стараўся, не мог адарваць ад яе прыгожага, усмешлівага твару.

Пад канец дня, пад’язджаючы да Гродна, ён ужо ведаў, што не расстанецца з ёю — яна ўсё больш зачароўвала яго сваёй юнай пекнасцю і вабіла чымсьці загадкавым і таямнічым, для чаго ён проста не знаходзіў назвы, але што адчуваў няспынна. Пра яе дарожнае здарэнне яны не гаварылі, здаецца, яна забылася пра яго і толькі аднойчы заклапочана варухнула броўкамі, калі перастаўляла на паліцы лёгенькі свой чамаданчык.

— I нават бялілы забралі. Татку везла. У нас цяпер бяліл не дастаць.

— А што, бацька — маляр?

— Мастак,— проста сказала Янінка.— А з фарбамі цяпер кепска. Раней мы фарбы з Варшавы выпісвалі.


Нарэшце цягнік прыбыў на станцыю Гродна, і яны, трохі хвалюючыся, сышлі на перон. Янінка са сваім пустым чамаданчыкам у руках павяла іх да штаба арміі, які быў ёй па дарозе. Але ў штабе, апроч дзяжурнага, нікога больш не аказалася, трэба было чакаць да ранку. Пераначаваць можна было тут, або ў гарнізоннай гасцініцы, лейтэнанты, аднак, не сталі шукаць гасцініцу і прынеслі свае рэчы ў нейкі маленькі, падобны на капцёрку пакойчык з трыма салдацкімі ложкамі каля сцен. Тамолка адразу ж пачаў уладкоўвацца на тым, што стаяў у куце пад нішай, а Ігар, ледзьве выцершы з ботаў пыл, заспяшаўся на вуліцу, дзе на бліжэйшым рагу пад каштанам яго ўжо чакала Яніна. Яна шчыра ўзрадавалася яго паяўленню і яшчэ болей таму, што ён быў вольны да заўтра, і яны пайшлі па вечаровае вуліцы горада, усё ў якім было для яго незвычайна цікавае.

За тыя пару гадзін, якія яны з Мікалаем прабылі ў штабе, Янінка справілася прыбрацца і цяпер была ў цёмнай ладнай спаднічцы і светлай шаўковай кофтачцы з маленькім белым каўнерыкам каля тонкай шыі, на яе нагах цвёрда пастуквалі высокія абцасікі модных туфляў. Прыбраная, яна здавалася старэйшай за свае юныя гады і вышэйшаю ростам — амаль упоравень з яго плячом. Яны ўсё ішлі вуліцай, і яму было невыказна прыемна, што яе тут многія ведалі і паважна віталіся: мужчыны — з пачцівым рухам рукі да капелюша, а жанчыны — ветлівым кіўком галавы з добразычліваю ўсмешкай на лагодных тварах. Яна адказвала з падкрэсленай ветлівасцю, але і з нейкаю няўлоўнай годнасцю і стрымана, напаўголасу апавядала яму пра тутэйшыя гарадскія славутасці, што трапляліся ім па вуліцы.

— Вось наша Раскоша, так яна раней называлася. Нічога асаблівага, але во царква, пабудаваная ў памяць забітых на руска-японскай вайне. Нізенькая, праўда, але вельмі акуратная цэркаўка. Я там хрысцілася. А далей, бачыце, такія смешныя домікі, вунь цэлы рад, з франтончыкамі накшталт петушыных грабеньчыкаў. Гэта дамы тэкстыльшчыкаў з Ліёна. Ага, не здзіўляйцеся. У васемнаццатым стагоддзі Тызенгауз выпісаў з Ліёна ткачоў і пабудаваў для іх такія самыя домікі, як у Францыі. Во стаяць і дагэтуль. А то вунь дом польскай пісьменніцы Элізы Ажэшковай, яна тут жыла і памерла. Ведаеце, цікава пісала.

Гарадок яму сапраўды падабаўся сціплай, але абжытай утульнасцю сваіх брукованых вулічак з вузенькімі, выкладзенымі пліткамі тратуарамі, якія былі дбайна аздоблены гладкімі каменнымі скосамі. На сценах многіх дамоў кучарава зелянеў вінаград, некаторыя з іх да трэціх паверхаў былі ўвіты яго ўчэпістаю лазой. Але болей за ўсё ён чакаў сустрэчы з расхваленым Янінкай Нёманам, які, як яна сказала, працякаў тут жа, дзелячы горад на дзве няроўныя часткі.

Каля гатычнай грамады касцёла вуліца павяртала ўбок, і яны ціха пайшлі ўздоўж гандлёвых радоў і гарадской ратушы. На рагу пад каштанамі нейкая жанчына гандлявала марожаным, і Янінка, якая ўвесь час ішла поруч, лёгенька дакранулася да яго локця.

— Ігар, можна мне папрасіць вас?..

— Калі ласка,— са шчырай гатоўнасцю выканаць самую яе неверагодную просьбу азваўся ён.

— Ведаеце, я даўно марыла... Ну гэта... Каб мяне хлопец пачаставаў марожаным.

— Ах, марожаным!..

Іваноўскі амаль жахнуўся, падумаўшы, які ж ён вахлак, калі сам не здагадаўся аб гэтым! Але ён, здаецца, і не заўважыў гэтай прадаўшчыцы, ён захапіўся вуліцай, радам каштанаў за высокай агарожай касцёла, яму проста было няўцям, чаго магла пажадаць ягоная багіня.

— Прошэ, паненка! Дзенькую гжэчнэго пана,— падзякавала прадаўшчыца, калі ён адмовіўся ад некалькіх капеек рэшты.

— Дзенькуе, пані Вандзя,— у сваю чаргу цырымонна падзякавала Яніна, прымаючы з рук у старой жанчыны вафельныя скрылёчкі з марожаным паміж імі.

Загрузка...