У канцы кароценькай вуліцы над ліпамі засвяціўся такі шырокі прасцяг, які можа адкрыцца толькі з вельмі высокага ўзгорка, і яны хутка выйшлі на каменны мост цераз роў. Гэта быў уезд у старажытны, з паўразбуранымі сценамі замак, па другі бок ад якога ў глыбіні парку высіўся раскошны палац за фігурнай рашоткай агарожы.
— Замак караля Польшчы Баторыя,— урачыста аб’явіла Янінка.— А гэта Новы замак. А цяпер зірні вунь туды. Бачыш?
Ён зірнуў цераз каменны, вышынёй амаль у чалавечы рост парапет і ўнутрана ахнуў ад вышыні, на якой яны апынуліся. Далёка ўнізе па каменных прыступках лесвіцы рухаліся маленькія фігуркі людзей, якія яшчэ ніжай расходзіліся па абодва бакі набярэжнай, што плаўна агінала бераг і дзесьці знікала пад густой навіссю дрэў.
— Ну, бачыш? Як табе падабаецца? — хінучыся да ягонага локця, дабівалася Янінка.
Старажытныя, змураваныя з вялізных камянёў сцены замка, гэты цяжкі, аграмадны, перакінуты цераз каменную лесвіцу мост, вялізныя масівы зеляніны на пагорках, высачэзны, уладарны над горадам слуп гарадской каланчы паблізу, вядома, не маглі не спадабацца яму, і ён гатовы быў аглядаць усё гэта да вечара. А вось Нёман з такой вышыні ніяк не ўразіў яго ўяўлення — звычайная, сярэдняй велічыні, заціснутая высокімі берагамі рака. Помніцца, азёрныя прасторы куды з большаю сілай краналі яго пачуцці. Затое Янінка была ў захапленні менавіта ад Нёмана і нязмоўчна шчабятала ля яго вуха:
— Паглядзі, паглядзі туды. Бачыш, якое цячэнне! Бачыш быстрак! Вунь там, пад вербамі, такія віры! Ого! Толькі сунься — закружыць, панясе, не выберашся.
Яны прайшлі трохі назад і па той самай гранітнай лесвіцы спусціліся да ракі. Не, усё ж рака была цудоўная, мабыць, з вышыні ён проста не ацаніў яе належным чынам. Па яе правым беразе ішла зусім добраўпарадкаваная, абсаджаная дрэвамі набярэжная, справа высіліся вялізныя, пакрэсленыя сцежкамі адкосы з рэштаю крапасных сцен наверсе. Рака плаўным паваротам хавалася за недалёкімі абрывамі, на якіх высіліся суцэльныя шапкі вербаў, там жа канчаўся горад і далей сінеў хвойны лес, за які садзілася сонца. Яны памалу ішлі ўздоўж Нёмана, і Янінка ўсё гаварыла і гаварыла штось не вельмі абавязковае ў гэтую хвіліну вечаровага хараства, а ён думаў, як усё ж дзіўна ўладкавана жыццё. Да сённяшняй раніцы ён і не падазраваў аб яе існаванні на гэтай зямлі, выпадкам убачыў яе ў Баранавічах і звярнуўся з дурным, па сутнасці, жартам, з якім, напэўна, не павінен быў бы звяртацца выхаваны малады чалавек. А цяпер вось, прабыўшы з ёй дзень, ён не ведаў ужо, як быць далей — далейшае жыццё без яе проста траціла для яго ўсю сваю радасць.
Яны доўга ішлі так па беразе і, калі сонца зусім схавалася за зубчастаю сцяной лесу, павярнулі назад да горада. Слухаючы часты перастук яе абцасікаў побач, ён невыразна адчуваў, як штосьці ў ягоным жыцці дзівосна перайначваецца, набываючы невядомы, але вельмі дарагі яму сэнс. I ён быў рады таму, амаль шчаслівы. Побач ледзьве прыкметна струменіла бліскучая гладзь Нёмана, людныя ўдзень берагі нанач прыкметна пусцелі, стомленыя за дзень рыбакі адзін за адным складвалі свае вудзільны і ішлі ў горад. Між цёмных узбярэжных камянёў ціха плёхалі дробныя хвалі і зыбка гойдаліся чорныя, поўныя смалістага паху чаўны. Аграмадныя вербы, навісшы над набярэжнай, клалі на яе густы начны змрок, у якім адзін за адным знікалі прахожыя. У паветры чуўся саладкаваты пах дыму і даносілася прыціхлае вечаровае дыханне горада.
У густым летнім змроку цёплае ночы Янінка прыкметна пабліжэла да яго, напэўна, канчаткова адолеўшы штось, што раздзяляла іх удзень, і цяпер ішла зусім поруч, лёгенька дакранаючыся пальцамі да яго локця. Неяк неўпрыцям для яго яна перайшла на ты, і ён таксама некалькі разоў сказаў ёй ты, абоім стала на дзіва проста, канчаткова знікла дзённая няёмкасць і незразумелая нацягнутасць, якая доўга была між імі.
Як толькі яны ступілі пад вербы, у густы, вільготны змрок ночы, Янінка, нічога не кажучы, раптам адскочыла ўбок і кінулася кудысь па травяністым схіле ўгору. Ён спыніўся ў нерашучасці, зважаючы на свае хромавыя выхадныя боты, але яна з цемры падбадзёрыла яго — давай, давай! — і сама хутка палезла між калючых кустоў, усё вышай, на кручу. Ён не бачыў, што было наверсе, паўнеба там закрывала нешта, падобнае на раскідзістую крону дрэва, але ён адчуў у яе голасе змоўніцкі азарт таямніцы і таксама палез у зараснікі. Скінуўшы з ног туфлі, Янінка караскалася ўсё вышай, зводдаль прыгаворваючы яму напаўголасу:
— Зараз ты нешта пабачыш. Зараз, зараз...
Праз якую хвіліну ён адолеў самае крутое месца і хоць абадраў да крыві руку, але ўзлез на край нешырокай, абнесенай рашоткай тэрасы, ад гладкіх камянёў якой яшчэ ішло прыемнае дзённае цяпло. Побач, закрыўшы палову неба, высілася магутнае старое дрэва і паднімалася стромкая сцяна нейкай будыніны. Вакол было ціха і цёмна, знізу, з-пад вербаў, ледзьве даносіўея ціхі плёск Нёмана, пахла вапнай ад сцен і кропам з недалёкіх, напэўна, гародаў.
— Ну, ты зразумеў? Ты зразумеў, што гэта такое?
— А што?
— Каложа — во што! Дванаццатае стагоддзе, ты зразумеў?
— Цяпер зразумеў. Але каб паглядзець...
— Пабачыш! — проста запэўніла Янінка.— Паспееш. А цяпер ідзі сюды...
Яна зноў матлянулася ў цемру, лёгенька пралезла праз негустую рашотку агарожы, нырнула ў пралом у сцяне, і яе светлая кофтачка зусім знікла ў змроку. Каб не згубіць яе, ён караскаўся следам, пакуль не апынуўся на невялікім глухім травяністым двары. Неба тут спрэс закрывалі дрэвы, было цёмна, і ў гэтай цемры ледзьве ўгадвалася шэрая сцяна побач. Прыслухоўваючыся да наваколля, замерла побач Янінка. Але вакол было ціха, бы ў склепе, і яна пакралася да нізенькіх дзвярэй у нішы. Там паклала ў доле туфлі і, пацягнуўшы да сябе дзверы, па-змоўніцку шапнула яму: «Лезь!». Ён ледзь прашчаміўся ў вузкую шчыліну, затым знутры таксама націснуў на дзверы, каб магла пралезці яна. Калі дзяўчына апынулася побач, дзверы самі сабой зачыніліся, і абоіх агарнула такая цемра, што ён зусім перастаў бачыць яе і, каб не згубіць, лёгенька прытрымліваў яе за плечы. У насцярожанай цішыні ўверсе штось заварушылася, залапатала, Янінка здрыганулася ў ягоных руках, але тут жа паспяшалася супакоіць яго:
— Не бойся: то галубы.
— Я не баюся,— шэптам адказаў Ігар, хоць яму было і цікава, і страшнавата адначасна.
— Гэта іканастас, гэта аналой. А тут вось...
Нячутна ступаючы ў цемры па каменнай шархоткай падлозе, яна падвяла яго да нейкай сцяны, дзе прымусіла сесці, затаіцца, а сама, прыўстаўшы, крыкнула:
— О-о!
— О-о! О-о! О-о! — адгукнулася ў розных месцах мноствам таямнічых галасоў, ад якіх яму зусім ужо стала страшна.
— О-о-о! — паўтарыла яна мацней.
— О-о-о-о! О-о-о-о!..— пакацілася кудысьці далей, мабыць, над нябачныя ў цемры скляпенні прытвораў, і нарэшце заглухла ўгары, напэўна, у званіцы.
— Галаснікі, зразумеў? — ціха шапнула Янінка.
— Якія галаснікі?
— Не ведаеш? Эх ты!.. Ідзі сюды... Во сюды, сюды...
Яна зноў павяла яго ў цемру, трымаючы за руку, як відушчы водзіць сляпога, дзесьці спынілася, лёгенька таўханула ў бок.
— Во, мацай. Ты ж вялікі, напэўна, дастанеш?
Ён пачаў мацаць цагляную сцяну, пакуль не наткнуўся рукамі на нейкія гладкія, адпаліраваныя дзіркі ў ёй, але зразумець нічога не мог, хоць ні пра што не пытаў ужо і не дзівіўся. Ён ужо прывык за сённяшні дзень да такога мноства загадак і ўражанняў, што, каб разабрацца ў іх, напэўна, патрэбны быў час.
А часу якраз было мала, самая кароткая ноч у годзе хутка імкнулася насустрач дню, і калі яны выбраліся з царквы, над горадам ужо гаслі зоркі, і далёкі сонечны водсвет затрапятаў на ўсходнім ускрайку неба. Янінка таропка, не даючы Ігару апамятацца, гаварыла і гаварыла штось, сама поўная невыказнае душэўнай шчодрасці, тым значымым і цікавым, што бачыла, ведала, чым абавязкова хацела падзяліцца з ім. Падхапіўшы ў рукі туфлі, яна ўжо лезла кудысь цераз калючыя зараснікі на абрыве, і ён ледзьве спраўляўся за ёю, ужо не клапоцячыся пра свае выхадныя боты, якім, напэўна, дасталося за гэтую ноч.
— Ідзі, ідзі сюды! Ну што ты такі непаваротлівы! Не бойся, не ўпадзеш. Я падтрымаю...
Яны пералезлі змрочны глыбокі роў і зноў выйшлі на бераг зусім яшчэ соннай, засланай лёгкім туманам ракі. Але Янінка пабегла і яшчэ ніжэй — па голых камянях да вады.
— Ідзі сюды. Пакуль татка спіць, я табе пакажу мой кветнік. Ужо зацвілі мацейкі. Пахнуць на досвітку — страх!
Слізгаючы на скураных падэшвах, ён спусціўся па каменным адкосе ўніз, да лодкі, у якую залезлі абое, і Янінка з адным вяслом у руках пачала разварочваць лодку ўздоўж па цячэнні.
— Так бліжэй будзе. А то па мосце пакуль абыдзеш...
— Якая ты, аднак! — сказаў ён, не стрымаўшы свайго захаплення.
— Якая? Нядобрая, га? Праўда, нядобрая?
— Цудоўная!
— Дзе там цудоўная! Во прачнецца татка, будзе гэтай цудоўнай!
Моцнае цячэнне на сярэдзіне панесла лодку ўніз, але яна неяк выграбла адзіным вяслом да берага, і хутка яны падплылі да нейкага дашчанага плота пад тоўстымі камлямі вербаў.
— Ану хапайся. А то панясе...
Ён паспеў ухапіцца за слізкі, гнілаваты слупок у вадзе, яна выскачыла на бераг, і яны выцягнулі лодку на траву не надта ніжэй таго месца, дзе яна яе ўзяла.
— Раніцай рыбакі адгоняць... А цяпер... Во гэтым завулачкам, а пасля каля саду, пярэйдзем бульбу, і там, пад касцёлам на беразе мой домік. Ты не вельмі стаміўся? — раптам клапатліва запыталася яна, заглядваючы яму ў вочы.
— Не, нічога.
Яны пайшлі ўскраінным, парослым вільготнаю муравой завулкам. Яна ўсё несла ў абедзвюх руках свае туфлі, на хадзе трошкі дакранаючыся да яго плячом, і ён праз тонкую тканіну кофтачкі адчуваў цяпло яе цела, чуў яе блізкае зморанае дыханне, незразумелы пах яе валасоў і думаў, як яму здорава пашанцавала сёння. Ён ужо быў удзячны сваёй нявыхаванасці, якая дазволіла яму той недарэчны жарт у Баранавічах, удзячны гэтаму гораду з яго старажытнасцямі і гэтай ночы, такой не падобнай на мноства пражытых ім начэй.
— Янінка,— ціха паклікаў ён, набліжаючыся да яе ззаду, але яна толькі таропка набавіла кроку.
— Янінка...
— Во абыдзем гэтую хатку, пасля павернем на сцежачку, перабяжым цераз сад...
— Янінка!
— Давай, давай, не адставай! А то хутка татка ўстане, ды як спахопіцца...
Аброслаю дзядоўнікам сцежкай уздоўж плота яны ўзлезлі вышэй. Пачынала світаць. Побач у росным змроку садоў яшчэ драмала яе Занёманне. Добра ўтаптаная сцяжынка вывела іх на край бульбяной нівы, скрозь усыпанай белымі зоркамі кветак. Дужа пахла маладым бульбоўнікам і свежай зямлёй бульбянішча. Янінка таропка ішла наперадзе, і ён, сморгаючы ў бульбоўніку ботамі, ледзьве спраўляўся за ёй. Ужо зусім блізка на светлым ускрайку неба відаць былі стромкія купалы касцёла, за якім дзесьці ў цёплай рачной вадзе ціха плёскаліся яе плыты. Заставалася прайсці яшчэ можа сотню крокаў, якія аддзялялі іх ад касцёльнай агарожы, як у начной цішыні яшчэ соннага горада з’явіўся нейкі чужы, незразумелы, настойлівы гул. Янінка наперадзе адразу ж спынілася.
— Што гэта? Што гэта гудзе? Гэта самалёты?
Так, гэта набліжаліся ў небе самалёты, але ён проста не верыў, што так недарэчна і не ў час можа пачацца тое самае страшнае, што ўсе апошнія дні благім прадчуваннем жыло, мацнела, прыгнятала людзей. Хапаючыся за слабенькую надзею, што можа яны памыляюцца, ён душыў у сабе страх і чакаў.
Але памыліцца было немагчыма.
Спалоханая Янінка, быццам шукаючы абароны, кінулася да яго, і толькі ён паспеў яе абняць, як шэраг блізкіх магутных выбухаў кінуў іх на цвёрдыя сцяблы бульбоўніку. Ранні світанак асвятліўся серыяй вогненна-чорных бліскавак, тугія гарачыя хвалі ўдарылі ім у спіны, густа закідалі бульбоўнік зямлёй...
Як толькі асеў першы грымотны грукат, ён падхапіўся, Янінка таксама ўскочыла побач і з паблытанымі на галаве валасамі, у запэцканай кофтачцы невядома навошта старалася адзець на брудную нагу свой туфель. Аглушаны выбухамі, ён не адразу пачуў яе на дзіва аслабелы голас, якім яна гукала яму:
— На мост бяжы! Хутчэй на мост! Там за касцёлам мост!..
Ну, ведама, яму трэба было на мост, у штаб, ён ужо разумеў, што здарылася, і іначай не мог.
Не азірнуўшыся болей, праз грымотныя ўдары выбухаў, падаючы і ўскокваючы, ён памчаўся на мост, несучы ў збянтэжанай свядомасці ледзьве ўхопленае зрокам аблічча дзяўчыны з чорным бліскучым туфлем у росным бульбоўніку...
Раздзел дванаццаты
Яго вырвалі з забыцця стрэлы, якія раптам даляцелі невядома адкуль. Здалося спярша, што гэта стралялі ў вёсцы, але калі, занепакоены, ён прыслухаўся, дык зразумеў, што даносіліся яны з іншага, процілеглага вёсцы боку — менавіта з таго боку, адкуль яны прывалакліся ўночы і куды пайшоў Півавараў. Мярцвеючы ад благога прадчування, Іваноўскі перастаў дыхаць, услухаўся, але ніякага сумнення не заставалася — стралялі недзе за полем.
Напэўна, самыя першыя стрэлы ён прапусціў, не ўчуўшы, ён прахапіўся толькі, калі гулка ўдарыла вінтоўка і ў цішыні працягла пратрашчаў аўтамат. Ну вядома, гэта быў яго аўтамат — нямецкія стралялі інакш, гэта ён адчуваў пэўна. Іваноўскі падхапіўся на локаць, але ў грудзях у яго штосьці сціснулася, ад болю заняло дыханне, ён закашляўся, выплюнуў згусцелы крывяны ком і зноў без сілы аблёгся на лаўцы. Пакуль ён кашляў, здаецца, усё там сціхла, і колькі ён ні ўслухоўваўся потым, нічога больш не пачуў.
Ледзьве ўтаймоўваючы хваляванне, лейтэнант намацаў ля лаўкі гадзіннік — было сорак хвілін на восьмую, значыць Півавараў адсутнічаў каля дзвюх з паловай гадзін. Калі да той вёскі толькі адзін кіламетр, няхай два, дык ён павінен быў бы ўжо вярнуцца. Але калі не вярнуўся — значыць... Значыць, ён прабраўся ў вёску, але, мабыць, няўдала, і яго спасціг той самы лёс, што і ўчора Іваноўскага.
Лейтэнант зноў прыўзняўся на локці, услухаўся, паспрабаваў зазірнуць у трошкі яшчэ светлаватае акенца, але не дапяўся да яго і сеў на лаўцы. Яму было моташна, блага, вогненна-чырвоныя плямы плылі ў вачах. Рукой ён намацаў на дзіва цяжкую вінтоўку. Але навошта цяпер была тая вінтоўка — у лазні яго пакуль ніхто не трывожыў, паблізу быццам не было нікога. Наўрад ці ён мог што зрабіць, каб аблегчыць лёс Піваварава, які яўна трапіў у бяду, але і нічога не рабіць ён таксама не мог. 3 вялізнай натугай, увесь час лапаючы па сценах рукамі, ён выйшаў у прылазнік і штурхнуў нагой дзверы.
Была зімовая ноч — як усе ночы ў лістападзе гэтага года — з ветрам, нізкім, захмараным небам, шэрым, завалочаным цемрай прасторам. Але снег ляжаў свежы і чысты, і ў ім выразна было відаць некалькі глыбокіх слядоў Піваварава, якія ішлі паўз сцяну лазні і паварочвалі за вугал.
Задыхаючыся ад налётаў парывістага ветру, Іваноўскі хвіліну счакаў, услухаўся ў глухую ціш ночы. Ні стрэлаў, ні крокаў, ні крыку — нічога не было больш чуваць. Тады, не зачыніўшы дзвярэй, ён апусціўся каля парога, прыхіліўся плячом да сцяны і сядзеў так гадзіну, а можа і больш. Ён увесь быў ва ўладзе шчымлівага, хваравіта-напружанага чакання, выразна ўсведамляючы, што калі Півавараў у бліжэйшыя хвіліны не прыйдзе, то ён не прыйдзе ніколі.
Але ён не прыйшоў ні ў бліжэйшыя хвіліны, ні ў наступныя за тым гадзіны. Калі ўжо чакаць не стала трывання, Іваноўскі, не ўстаючы, на кукішках дапяўся да кубіка свайго гадзіннічка за парогам — было без дзесяці хвілін дзесяць. Адсутнасць байца на працягу гэткага часу не абяцала нічога добрага.
«Нашто я паслаў яго? Нашто паслаў? — дакараў сябе лейтэнант.— Якія тут лыжы? Які штаб? Толькі загубіў яго ды і сябе таксама...»
Безумоўна, без Піваварава ён нічога ўжо не мог, але калі ён сам быў асуджаны на пагібель, дык трэба было падумаць, каб выратаваць хоць байца. А ён паслаў яго на такую справу, дзе на ўдачу прыпадае адзін шанец з тысячы. Немцы маглі зрабіць засаду, пасадзіць у полі сакрэты і напэўна ўзмацнілі ахову ў вёсцы — не так проста было пралезці да штаба. Калі гэта не ўдалося яму мінулаю ноччу, калі штабісты былі яшчэ не палоханыя, дык тым больш не ўдасца цяпер.
«Ну а што ж далей? Што?» — тысячны раз пытаўся ў сябе Іваноўскі, седзячы ля дзвярэй лазні.
Зрэшты, ён ужо ведаў што — ён толькі марудзіў, да апошняй магчымасці спадзеючыся, што Півавараў, можа, яшчэ вернецца. Але калі стала ўжо відавочна, што чакаць далей марна, лейтэнант, хапаючыся за сцены, устаў на ногі.
Ён выпрабоўваў сябе, каб ведаць, на што яшчэ здольны, або, можа, не здольны ўжо ні на што. Хаця і з цяжкасцю, але трымацца на нагах яму яшчэ ўдаецца, асабліва калі мець пад рукамі нейкую апору. Цяпер апораю яму былі сцены, а ў полі ён будзе абапірацца на прыклад вінтоўкі. Ногі як-колечы падпарадкоўваліся яму, горш было з дыханнем і з галавой таксама. Але ён падумаў, што галава, можа, адыдзе ў полі, а з дыханнем ён ужо неяк справіцца. Калі не спяшацца, памаленьку, з частымі супынкамі, эканомна выдаткоўваючы сілу...
Яго намер цалкам завалодаў ім, і лейтэнант вярнуўся ў лазню, распіхаў у кішэні абоймы з падсумкаў. Рэчмяшок ён не мог падняць на сябе і пакінуў на лаўцы, затое ён узяў з сабою гранату. Далей ён ужо не мог заставацца тут ні хвіліны і, перабіраючы па сценах рукамі, выйшаў на двор.
Хістка, ледзьве не падаючы, але з упартай, цяжка зразумелай рашучаецю ён прайшоў крокаў дваццаць па глыбокіх слядах Піваварава і спыніўся. Вінтоўка аказалася куды больш цяжкой, чым яму здалося спачатку, але ён абапіраўся на яе, калі гатовы быў ужо ўпасці і асабліва калі спыняўся. Сам бы ён ужо не ўтрымаўся на дрыготкіх ад слабасці сваіх нагах. Аддыхаўшыся, нейкім дзіўным, загнаным позіркам паглядзеў назад. Там сіратліва цямнела на снезе іх лазня, дзе яны ўдачліва перабылі суткі і куды, мяркуючы па ўсім, ужо не вернуцца.
У другі раз ён не адолеў, напэўна, і дзесятка паўтара крокаў, як, пахіснуўшыся, спыніўся ад кашлю. Кашаль быў самае горшае ў гэтым яго шляху — глыбінным нутраным болем ён працінаў лейтэнанта да сляпучай цемры ў вачах. Але Півавараў быццам някепска перавязаў яму грудзі, ад прысохлых да ран бінтоў хоць і было балюча, але яны не давалі спаўзці перавязцы, кроў з ран болей не ішла. Калі б толькі не гэта д’ябальская пякотка ўнутры...
Ён імкнуўся ісці як мага хутчэй, і цяпер паказчыкам ягонай хуткасці была лазня. Ледзьве стоячы на нагах, ён зрабіў ужо чатыры або пяць прыпынкаў, кожны раз азіраючыся, але лазня, бы знарок, усё цямнела і цямнела ў прыцемку, з вялікім нежаданнем аддаляючыся ў ноч. Мінула, напэўна, не менш за гадзіну, перш чым шэры паўзмрок канчаткова праглынуў яе.
Навокал быў снег, вецер і поле — і тады ён зразумеў, што быццам бы дасягнуў сярэдзіны шляху, цяпер вярнуцца ён бы ўжо і не здолеў, на гэта ў яго проста не было сілы. Болей ён не азіраўся, ззаду ўжо нічога для яго не было,— усё добрае ці благое чакала яго наперадзе.
Потым ён два разы запар упаў, проста не ўтрымаўся на сваіх аслабелых нагах, паднімаўся не адразу — спярша паляжаў на снезе, трываючы боль у павярэджаных ранах. Другі раз яму не пашчасціла і яшчэ болей — упаў дужа нязручна, спіной; балявы ўдар быў такі моцны, што на нядоўгі час, здаецца, лейтэнант страціў прытомнасць. Пасля ён ачнуўся, але доўга ляжаў на снезе, увесь час адчуваючы пад сабой мулкі кругляк гранаты. Але ўсё ж ён намогся яшчэ, каб падняцца, сесці, пасля, хістаючыся, стаць на ногі і зрабіць некалькі першых, самых няўпэўненых крокаў.
Ён стараўся ні пра што не думаць, ён нават не вельмі глядзеў па баках, усё роўна там няшмат было відаць, затое ён не адрываў позірку ад снегу, на якім цягнуліся глыбокія сляды Піваварава. Яны ішлі ўсё ў адным напрамку; здаецца, баец даволі ўпэўнена памятаў іх шлях з учарашняй вёскі і хутка ішоў да яе. Іваноўскі цяпер болей за ўсё баяўся, каб не збіцца з гэтага следу.
А збіцца было няцяжка, асабліва калі падступала чарговая хваля знямогі і цямнела ўваччу. Але тады ён спыняўся, утыркаў у зямлю вінтоўку, падпіраў сябе яе драўляным прыкладам і чакаў, пакуль пройдзе немач. Апроч таго, яму надта дакучаў вецер — не даваў глядзець наперад, выціскаў з вачэй слёзы; часам яго моцныя парывы так штурхалі Іваноўскага, што той, хіснуўшыся, ледзьве не падаў долу. Але ён упарта супраціўляўся ветру, уласнай знямозе, болю. Ён разумеў, вядома, што наўрад ці спаткае тут Піваварава, хутчэй за ўсё ён ніколі больш не ўбачыць свайго байца, але ўсё роўна ён павінен быў прайсці той шлях, на які адправіў яго. Ён не мог пакінуць яго немаведама дзе і ратаваць сябе. Безумоўна, ён надта многімі рызыкаваў на гэтай вайне, мабыць, многія па яго волі знайшлі сабе на ёй смерць. Але гэтая яго рызыка мела адрозненне ад усіх папярэдніх — яна была апошняй, і таму Іваноўскі павінен дайсці да канца. Калі ў гэтай д’ябальскай сутычцы са смерцю ён не збярог многіх, дык ён не бярог і сябе, і толькі гэта апраўдвала яго камандзірскае права распараджацца жыццямі іншых. Інакшага права на вайне ён не хацеў прызнаваць. У горшым выпадку, перш чым загінуць самому, ён павінен пераканацца, што дзе-небудзь у гэтым полі не сцякае крывёй яго Піваварчык.
Ён і яшчэ ішоў — хістка, расслаблена, раз за разам спыняючыся і абапіраючыся на цяжкую і доўгую вінтоўку Піваварава. Аднойчы, калі ад стомы падкасіліся ногі, сеў на снезе, доўга адпачываў. Але, каб падняцца потым, яму давялося патраціць столькі яго мізэрнай сілы, што болей ён не садзіўся і аддыхваўся, абапёршыся на прыклад вінтоўкі. Спыняўся ён цяпер праз кожныя чатыры або пяць крокаў. На болей у яго ўжо не хапала дыхання.
Яму зноў здалося, што ён прайшоў кіламетры два, не менш, і ён усумніўся ў правільнасці слоў Піваварава адносна адлегласці да гэтай вёскі. Цяжка было паверыць, што яна была праз два-тры кіламетры ад іх лазні. Шкада, у гэты раз ён не ўзяў з сабою гадзінніка і не мог вызначыць часу. Але па нейкіх няўлоўных прыкметах яму здалося, што вёска недалёка, магчыма ён быў ужо ля яе ваколіцы. Сляды Піваварава, аднак, усё цягнуліся і цягнуліся з прыцемак, здавалася, ім не будзе канца ў гэтым полі. Дзе цяпер мог быць сам баец, цяжка было ўгадаць, хоць Іваноўскі быў гатовы да самага горшага. Але магло стацца і так, што той, як і яны ўчора, уцёк ад даганятых і дзе-небудзь, паранены, хаваецца ў полі.
Іваноўскі ледзьве не прайшоў паўз яго, бо сляды на снезе ўсё кудысьці вялі, і наперадзе нічога не было відаць. Але раптам крыху ўбаку, у мутным цемрыве ночы сярод замеценага снегам быльнягу яго ўвагу прыцягнуў да сябе нейкі невыразны рух. Спярша ён і не паглядзеў туды, толькі матлянуў позіркам, але тут же спыніўся, угледзеўся, і штосьці ў ім роспачна здрыганулася ўнутры. Ціха, амаль бязгучна на ветры матлялася нешта, падобнае на шматок паперы, хоць адкуль тут магла ўзяцца папера? Ён збочыў са слядоў Піваварава і, не ў стане адарваць позірку ад недалёкай быльняговае грыўкі, заплятаючыся ў снезе нагамі, павалокся туды.
Яшчэ зводдаль і неяк раптам ён згледзеў белы невыразны бугорчык у тым быльнягу, характэрную лінію чалавечага цела, чорныя халявы ботаў у снезе. I ён спыніўся. У галаве яго мільганула дзіўнае недаўменне — хто мог ляжаць тут, у начным полі, на сцюжы? Лейтэнант проста не адважыўся звязаць у думках тое, што ўбачыў, з яго Піваваравым, напэўна, вельмі недарэчна было бачыць у гэткай позе байца, здавалася, гэта нехта другі, выпадковы, чужы тут чалавек.
Але ўсё ж гэта быў ён, яго апошні баец, яго Півавараў. Ён нерухома ляжаў у разадраным сваім маскхалаце, без шапкі, з абсыпанай снегам стрыжанай галавой, раскінутымі нагамі. Лейтэнант не адразу заўважыў, што снег вакол быў густа патаптаны мноствам чужых ног і ў ім дзе-нідзе чарнелі маленькія круглячкі аўтаматных гільзаў.
Давалокшыся да быльнягу, Іваноўскі выпусціў з рук вінтоўку і ўпаў побач з байцом. Замерзлымі чужымі пальцамі ён ашчаперыў яго галаву, прыўзняў, але, запарушаная снегам, яна даўно, мабыць, страціла ўсе адзнакі жыцця і была проста мёртвай галавой чалавека, пазбаўленага ўсякага падабенства з яго Піваваравым. Іваноўскі пачаў абмацваць ягонае цела — падраны маскхалат змерзся ў крыві, ватоўка таксама прымерзла да акрываўленага цела, напэўна, з блізкай адлегласці расстралянага аўтаматнай чаргой. Снег пад Піваваравым таксама пабраўся цвёрдымі намерзлымі камякамі.
— Што яны з табою зрабілі! Што яны зрабілі! — шапталі ягоныя вусны недаўменнае, марнае цяпер пытанне. Але што яны зрабілі, і так было відавочна. Мабыць, насцігнуты імі, Півавараў быў расстраляны ва ўпор. Магчыма таксама, што яны расстралялі яго параненым, на снезе, у гэтым быльнягу, і цяпер з мноства дзірак у яго ватоўцы тырчэла светлае клочча ваты. Кішэні штаноў былі вывернуты, гімнасцёрка на грудзях расшпілена, худыя скрываўленыя грудзі засыпаны снегам. Аўтамата ні ля яго, ні паблізу нідзе не было — аўтамат, напэўна, забралі немцы.
Зразумеўшы, што ўсё ўжо скончана і нікуды болей ісці не трэба, Іваноўскі абвяў, знясілеў і моўчкі сядзеў, паклаўшы рукі на снег. Побач ляжала змерзлае цела байца. Незвычайная апустошанасць авалодала лейтэнантам, ніводнага жадання, ніводнае выразнай думкі не з’явілася ў яго галаве. Хіба толькі недзе на сподзе яго пачуццяў ціхенька тлеў нейкі забыты вугольчык гневу. Гэты вугольчык аднак разгараўся ўсё болей, чым далей ішоў час. Але ён ужо не меў канкрэтнай накіраванасці супраць кагосьці — хутчэй за ўсё гэта дагарала яго чалавечая крыўда на такі яго няўдалы канец. Цяпер Іваноўскі ўжо ведаў пэўна, што не ўратуецца, не праб’ецца да фронту, што і ягоная смерць будзе на гэтым жа полі, паміж дзвюх невядомых вёсак, і ніхто не раскажа людзям ні пра яго пагібель, ні пра гэты нямецкі штаб. Штабу, вядома, ніхто зрабіць нічога не зможа, таму што нашы далёка, а мёртвыя не маюць ніякай магчымасці што-небудзь зрабіць. I яму нічога не заставалася болей, як сядзець і чакаць, калі мароз і раненне адбяруць у яго апошнія рэшткі жыцця. Чымсьці гэта было нават зманліва, бо вызваляла ад знясільваючай барацьбы з немцамі, болем, сабой. Каб скончыць усё найхутчэй, варта было выцягнуць чаку з супроцьтанкавай яго гранаты і адпусціць планку... Яе моцны выбух раздзярэ на шматкі іхнія целы, размяце вакол снег, вырые ў зямлі невялікую ямку-варонку, якая і стане іх навечнай магілай. Калі яго фінал задоўжыцца або акажацца нестрываны — відаць, так і прыйдзецца зрабіць. Іншага ўжо не аставалася. I няхай яму даруе Радзіма, людзі — не яго віна, што не выпала яму лепшай долі і не абышло яго тое самае страшнае на вайне, пасля чаго нічога больш не бывае.
Напэўна, ён бы неўзабаве і адубеў на марозным ветры і назаўжды застаўся б каля свайго напарніка, калі б у хуткім часе да яго слыху не данесліся з ветранай цішыні дзіўныя гукі. Магчыма, слых быў самым вынослівым з ягоных пачуццяў і дзейнічаў да апошняй мяжы жыцця; менавіта слых болей за ўсё звязваў яго з навакольным светам. Спярша Іваноўскі падумаў, што яму здалося, але, услухаўшыся, ён адагнаў ад сябе ўсе сумненні — на самай справе дзесьці вурчэла машына. I ён успомніў, як недзе мінулай ноччу ў полі яны напаткалі аўтадарогу, якая іх прывяла ў вёску, але дзе яна магла быць цяпер, тая дарога, ён не меў уяўлення. Тым не менш дзесьці яна была — зусім непадалёк у начной шэрай цемры па ёй ішла машына. Лейтэнант прыўзняў голаў і доўга напружана слухаў натужны маторны гул, пакуль гэты гул зусім не прапаў у далечы.
Гэта нечаканая падзея растрывожыла ягоную амаль ужо супакоеную свядомасць, новае супярэчлівае жаданне нарадзілася ў яго душы. Ён перастаў думаць пра сваё няшчасце, увесь насцярожыўся, гнеўная яго роспач паступова ўвасобілася ў мэту — апошнюю мэту яго жыцця, якой ён не мог занядбаць. Эх, калі б гэта адбылося раней, калі ў яго было трохі болей сілы!..
Баючыся спазніцца, ён заварушыўся на снезе, падцягнуў пад сябе параненую нагу, неяк абапёрся на рукі. Спярша стаў на калена, а за тым спрабаваў устаць на ногі. Але ён не здолеў утрымаць раўнавагі і ўпаў плячом у снег, глуха працяжна завыў ад болю ў грудзях. Хвілін дзесяць ляжаў, сцяўшы зубы і баючыся глыбей уздыхнуць, пасля пачаў караскацца зноў. Пасля трэцяй спробы яму ўдалося, ён нарэшце падняў сябе на дрыготкія свае ногі, пахіснуўся, але ўсё ж не ўпаў. Ён забыўся ўзяць вінтоўку, якая ляжала зводдаль, ля ног Піваварава, але цяпер у яго ўжо не было ўпэўненасці, што, нагнуўшыся за ёй, ён не ўпадзе зноў. Падумаўшы, ён так і не наважыўся нагнуцца, каб не ўпасці, а хутка, нібы з разбегу, пайшоў па снезе.
3 усяе сілы ён імкнуўся захаваць раўнавагу і ўтрымацца на нагах, але яму ўвесь час перашкаджаў моцны вецер. Здаецца, той усё мацнеў і часам так штурхаў яго ў грудзі, што ўтрымацца на нагах было немагчыма. I ён зноў упаў, можа крокаў праз трыццаць ад Піваварава, тут жа спрабаваў падняцца, але не змог. Трываючы моцны боль у грудзях, паляжаў, угаворваючы сябе не спяшацца, счакаць, болей эканомна выдаткоўваць свае слабыя сілы. Але жаданне хутчэй дайсці да дарогі так моцна завалодала ім, што розум ужо быў для яго кепскі дарадца — цяпер ім кіравала пачуццё, якое рабілася мацнейшым за довады розуму.
I ён зноў падняўся, спярша на карачкі, затым на калені, пасля слабым рыўком і вялізным намаганнем — на абедзве нагі. Самае цяжкое было ўтрымацца на іх менавіта ў момант самага першага кроку — потым набывала сілу інерцыя цела, і першыя некалькі крокаў даваліся адносна лёгка. Але наступныя зноў замаруджваліся, яго вяло з боку на бок, і нарэшце ён падаў, выцягнуўшы перад сабой задубелыя ад марозу рукі.
Яго вымушаныя прыпынкі пасля падзення рабіліся ўсё болей працяглыя, часам здавалася, што ён ужо і не паднімецца больш, у прыцьмелай свядомасці часам зусім абрывалася адчуванне часу, і ён раптам прахопліваўся ад здзіўлення; дзе ён? Але затое ён цвёрда ведаў, куды яму трэба, і ні разу не зблытаў напрамку, у паўсвядомасці выразна памятаючы апошнюю мэту свайго жыцця.
Але аднойчы ён дужа балюча ўпаў і тут жа зразумеў, што ўстаць больш не зможа. На гэтыя ўставанні пасля падзення трацілася шмат сілы, якой у яго заставалася ўсё менш і менш. Ён лёг на пякельна-марозным снезе і ляжаў доўга. Напэўна, занадта доўга для таго, каб калі-небудзь устаць. Але ў самы апошні момант ён раптам зразумеў, што замерзне, і гэта спалохала яго; замерзнуць ён ужо не мог дазволіць сабе. Тады ён проста папоўз, грабучы локцямі і каленямі мяккі, пухнаты снег.
Неўзабаве аднак аказалася, што паўзці не лягчэй, можа нават трудней, чым шкандыбаць на нагах — лейтэнант дарэшты выдыхся і цяпер падаў ніц. Гэта была бясконцая сляпая барацьба са снегам, але яна ж і мела перавагу перад хадзьбой — не трэба было ўставаць на ногі, што ашчаджала рэшту яго зусім ужо малой сілы. I ён гроб, заміраў на снезе і зноў гроб, пакуль хапала паветра ў лёгкіх. Увесь яго шлях складаўся цяпер з гэтага раз’юшанага капання ў снезе і працяглых прамежкаў паўзабыцця. Але свядомасць яго ўсё ж не выключалася надоўга, яна жыла мэтай яго апошніх хвілін і ўладарна дыктавала сваю волю пакутнаму яго целу.
Грудзі яго раздзіраў кашаль, але ён не мог ні ўздыхнуць, ні адкашляцца — ён баяўся прыступу болю, якога ўжо, напэўна, не вытрываў бы. Тым не менш аднойчы кашаль так моцна скалануў яго, што ён, задыхнуўшыся, упаў галавой у снег. Калі ён неяк адкашляўся, дык адчуў на вуснах штось саланавата-цёплае. Ён сплюнуў і выразна ўбачыў на снезе кроў. Намерзлым рукавом маскхалата выцер падбародак, зноў сплюнуў, але кроў усё ішла. На снег з падбародка капаў цёмны няхуткі струменьчык. Зусім ужо знясілены лейтэнант ляжаў на баку, разгублена адчуваючы, як памалу пакідае яго жыццё.
Аднак паляжаўшы так, ён зноў спалохаўся набліжэння найгоршага, хоць і ведаў, што калі-небудзь гэта павінна здарыцца. Але цяпер яго болей займала пытанне; дзе тая дарога? Яму трэба было паспець дабрацца да яе раней, чым яго напаткае смерць. Уся яго барацьба на гэтым полі, па сутнасці, была змаганнем са смерцю — хто абгоніць каго. Мабыць, цяпер яна дагнала яго і ішла па пятах, чакаючы моманту, каб ударыць напэўна.
Але — не! Чорт з ёю, з крывёй, можа, уся не выцеча. Ён адчуваў: чагосьці ў ім яшчэ заставалася — калі не сілы, дык, можа, рашучасці. Ён праляжаў паўгадзіны, жуючы і глытаючы снег, каб спыніць кроў, і як быццам спыніў яе. Ад сцюжы крывіла сківіцы, адзервянела ўсё ў роце, але саланаватасць на вуснах знікла. Тады ён памалу, спыняючыся, папоўз далей, цягнучы поруч на поясе адзіную сваю гранату.
Калі са снегавога паўзмроку перад ім выніклі шызыя сілуэты бяроз, ён зразумеў, што гэта дарога і што ён нарэшце дапоўз да яе. Вялікае напружанне амаль усёй ночы разам апала, у вачах яго памутнела, ён аблёг прастрэленымі грудзьмі на снег у пракапанай ім баразне і заціх, страціўшы прытомнасць...
Раздзел трынаццаты
Усё ж ён ачнуўся, зусім адубелы ад марозу, і хутка прыпомніў, дзё ён і што яму трэба. Яго апошняя мэта жыла ў ім, нават калі знікала прытомнасць; ён толькі не ведаў, колькі мінула часу і на што ён здольны яшчэ. У першую хвіліну ён нават спалохаўся, падумаўшы, што спазніўся: над дарогай ляжала цішыня, ніадкуль не далятала ні гуку. У полі мяло, вакол шархацеў вецер, лейтэнанта занесла снегам, рукі яго так змерзлі, што ён не мог паварушыць пальцамі. Але ён памятаў, што павінен успаўзці на дарогу, толькі там яго шлях мог быць скончаны,
Зноў пацягнулася бясконцая барацьба са снегам. Іваноўскі поўз марудна, упарта, па метры ў хвіліну, не больш. Ён ужо так аслабеў, што не мог прыўзняць сябе на локцях і сунуўся па снезе бокам, упіраючыся болей нагамі. Болю ў параненай назе ён чамусьці не чуў — напэўна, там штось адбалела. Затое ў грудзях у яго ўвесь час пякло і паліла, усё там ператварылася ў асяродак нестрыванага разбухлага болю. Ён вельмі баяўся, каб зноў не пайшла з горла кроў — адчуваў, што ўсё тады для яго скончыцца, асцерагаўся глыбей уздыхнуць, не мог дазволіць сабе адкашляцца. Ён ашчаджаў прастрэленыя свае лёгкія, як нешта самае неабходнае, ад чаго цалкам залежалі апошнія гадзіны яго жыцця.
Фізічна ён быў дужа кепскі і ведаў гэта. Прытомнасць яго, нібы канатаходзец на дроце, увесь час балансіравала над непрытомнасцю, гатовая кожную секунду сарвацца ў нябыт, і лейтэнант вялізным намаганнем волі асільваў учэпістую сваю немач. Траціць прытомнасць, калі побач была дарога, ён проста не мог дазволіць сабе. Гэта было ўжо занадта.
Пэўна, усё ж ён бы саўладаў з сабой і цяжка, паволі, але ўспоўз бы на дарогу, калі б не канава. Канава здрадніцкай пасткай пралегла на ягоным шляху. Іваноўскі ледзь не задыхнуўся, трапіўшы ў яе засыпаную снегам глыбіню, і закашляўся. Адразу ж адчуў, што пачалося кровацячэнне, тугі і агідны згустак выслізнуў з яго рота, і цёплы струмень крыві хутка пацёк з падбародка па шыі на снег. Ніц ён ляжаў на краі канавы і думаў, што нічога больш недарэчнага нельга сабе і прыдумаць. Гэтак цяжка, звыш усялякіх магчымасцяў паўзці ноч да дарогі, каб памерці за два крокі ад яе. Заўтра паедуць немцы, і ён замест таго, каб спаткаць іх з гранатай у руках, будзе ляжаць перад імі нікчэмным замерзлым трупам.
Прытомнасць яго зноў пачала марнець, і тут ужо не магло памагчы ніякае яго намаганне. Погляд заслала змрокам, увесь свет звузеў у яго адчуваннях да маленечкай, светлаватай кропкі, якая хутка і яшчэ меншала. I вось гэтая кропка пагасла. Але ўсё ж і на гэты раз штосьці перамагло ў ім смерць, і яго спакутаванае цела вярнулася да жыцця. Без жаднага намагання з ягонага боку кропка зноў засвяцілася, і ён раптам зноў адчуў вакол снег, сцюжу і сябе ў ёй, поўнага немачы і болю. Ён адразу ж заварушыўся, затузаўся, стараючыся ў што б там ні стала вырвацца са снегавой пасткі-канавы, успаўзці на дарогу. Пакуль ён быў жывы, ён павінен быў заняць апошнюю сваю пазіцыю і там скончыць жыццё.
I ён усё ж выбраўся з гэтай канавы, бокам узваліў на дарожны край цела, прапоўз яшчэ крокі чатыры і аціх, ужо не маючы і рэшты сілы. Але пад ім была каляя, ён добра адчуваў яе сваім целам, аб’ехаць
яго было немагчыма. Тады ён коратка, сцішана ўздыхнуў і пачаў рыхтаваць гранату.
3 гранатай аднак давялося папакутаваць доўга, можа яшчэ даўжэй, чым у канаве. Непаслухмяныя памарожаныя пальцы яго, здаецца, зусім страцілі адчуванне, некалькі хвілін ён марна імкнуўся развязаць імі кавалак бінта, якім граната была прывязана да дзягі, але так і не здолеў яго развязаць. Пальцы яго слепа блукалі па сцягне, ён проста не мог намацаць імі канцы завязкі, і гэта было так неверагодна і так жахліва. Ён ледзь не заплакаў ад такой нечаканай здрады ўласных рук, але сапраўды, рукі першыя пачалі не падпарадкоўвацца яму. Тады ён локцем упёрся ў важкі кругляк гранаты, і, сабраўшы ўсе сілы, якія яшчэ былі ў яго, даўлянуў ім на гранату ўніз, да сцягна. Штосьці там трэснула, і ён адчуў, што вызваліўся ад цяжару — граната ляжала ў снезе пад ім.
Але, відаць, ён надта многа патраціў на тое сілы і нічога ўжо не мог. Ён доўга ляжаў у каляіне, цераз якую мяла, віхурыла мяцеліца, і думаў, што так яго, мабыць, і замяце снегам. Зрэшты, цяпер няхай замятае, спяшацца ўжо не было куды, ён дасягнуў сваёй мэты,— цяпер толькі б управіцца з гранатай. Няслушнымі, акалелымі рукамі ён усё ж намацаў яе металічную ручку, але чаку разагнуць не здолеў. Тады ён падсунуў гранату па каляіне да падбародка і зубамі ўпіўся ў загнутыя канцы чакі.
Іншы раз яму даволі было б кароткага руху двух пальцаў, каб разведзеныя гэтыя канцы выпрасталіся і іх можна было выцягнуць з рукаяткі. Цяпер жа як ён ні біўся, нічога з імі зрабіць не мог. Яны быццам прымерзлі там, нібы іх прыпаялі наглуха, і ён, выламваючы зубы і раздзіраючы дзясны, паўгадзіны грыз, круціў, выгінаў непадаткія канцы драціны. Напэўна, толькі пасля сотай спробы яму ўдалося захапіць абодва канцы зубамі і сціснуць іх у адно. Увесь час ён вельмі баяўся, што не паспее, што на дарозе з’явяцца немцы і ён ім нічога не зробіць. Немцы аднак не паявіліся, і калі граната была гатова да дзеяння, ён пачаў настойліва, цярпліва чакаць.
Але чакаць аказалася ці не самым цяжкім з усяго, што яму выпала ў гэтую ноч. Чуйным абвостраным слыхам ён лавіў кожны гук у полі, ды апроч несціханага шуму ветру ніякіх гукаў вакол не было. Дарога, якая вымусіла яго на ўсе звышмагчымыя намаганні і да якой ён гэтак імкнуўся, ляжала пустая. Усё навакол сціхла, заснула, толькі снегавая крупа аднастайна шархацела па намерзлай тканіне яго халата, паволі замятаючы яго ў каляіне.
Ён усё ўслухоўваўся, але па-ранейшаму нічога не чуў, і тады з’явілася панылая думка, што, відаць па ўсім, да раніцы тут ніхто і не паедзе. Не такая гэта дарога, каб па ёй ездзілі ноччу, хіба што нехта выткнецца ранкам. Раніцай, напэўна, павінен хто-небудзь выехаць з гэтага штаба або паехаць у яго; не можа ж штаб абысціся зусім без дарогі. Але колькі яшчэ заставалася да гэтага ранку — гадзіна ці пяць — ён не меў уяўлення. Ён вельмі шкадаваў цяпер, што пакінуў у лазні гадзіннік; напэўна, гэта было зусім непрадбачліва. Не ведаючы часу, ён проста не мог разлічыць свае сілы, каб дачакаць раніцы.
Здранцвелымі пальцамі сціскаючы рукаятку гранаты, ён ляжаў грудзьмі на дарозе і чакаў. Вачэй ён амаль не расплюшчваў, ён і без таго ведаў, што навакол шэры снегавы змрок і нічога болей. У насцярожанай начной цішыні быў добра чуваць кожны гук у свеце, але тых гукаў, якіх ён чакаў, нідзе не было чуваць.
Лежачы на адным месцы, ён хутка пачаў траціць цяпло і мёрз, выразна ўсведамляючы, што мароз і вецер, напэўна, расправяцца з ім хутчэй, чым гэта зробяць немцы. Ён усё болей адчуваў гэта кожнаю клетачкай свайго наскрозь прамерзлага цела, якое не магло ўжо і дрыжэць. Проста ён неадступна, паслядоўна, паволі замярзаў. I ніхто не мог ні памагчы яму, ні ўзбадзёрыць, ніхто не даведаецца нават, як ён скончыў жыццё. Пры гэтае думцы Іваноўскі адчуў страх, бадай што спалох. Ніколі яшчэ ён не быў у такой адзіноце, заўжды ў цяжкую хвіліну хто-небудзь быў побач, заўжды было на каго абапёрціся, з кім перажыць найгоршае. Тут жа ён быў адзін, як загнаны, падстрэлены воўк у бясконцым марозным полі.
Вядома, ён быў асуджаны на пагібель і разумеў гэта з дастатковай у яго стане выразнасцю, хоць і не вельмі шкадаваў аб тым. Выратаваць яго нішто не магло, ён не спадзяваўся на цуд, ведаў, што для такіх, з прастрэленымі грудзьмі, цуда на вайне не бывае. Ён ні на што не спадзяваўся, ён толькі хацеў памерці не марна. Толькі б не замерзнуць на гэтай дарозе, дачакацца світанку і першай машыны з немцамі. Здорава, калі б гэта быў генерал, ужо Іваноўскі ўзняў бы яго ў паветра разам з шыкоўным яго аўтамабілем. На горшы выпадак прыгадзіўся б таксама палкоўнік ці які-небудзь важны эсэсавец. Мяркуючы па ўсім, штаб у вёсцы вялікі, важных чыноў там хапае.
Але для таго трэба было дажыць да світання, выстаяць перад д’ябальскай сцюжай гэтай жахлівай ночы. Аказваецца, перажыць ноч было так цяжка, што ён стаў баяцца. Ён баяўся змерзнуць, баяўся заснуць або надоўга страціць прытомнасць, баяўся болю ў грудзях, які падпільноўваў кожны ягоны рух, баяўся мацней кашлянуць, каб не сцячы крывёй. На гэтай праклятай дарозе яго пільнавалі спрэс небяспекі, якія ён павінен быў перамагчы, абхітрыць, адужаць, каб датрываць да ранку.
Рук сваіх ён амаль ужо не адчуваў, але цяпер пачалі дранцвець ногі. Ён паспрабаваў паварушыць пальцамі ў боце, але гэта яму не ўдалося. Тады, каб неяк утрымаць цяпло, што хутка пакідала цела, ён пачаў стукаць змерзлымі ботамі аб дарогу. У начной цішыні ззаду пачуўся глухі, устрывожаны стук, і ён перастаў. Ног ён не сагрэў ніколькі, але самому стала кепска, і ён, адчуўшы, што траціць прытомнасць, апошнім намаганнем сунуў пад сябе гранату. Гранату цяпер ён вымушаны быў берагчы больш за жыццё. Без гранаты ўсё яго існаванне на гэтай дарозе адразу страчвала сэнс.
Пасля глыбокага правалу ў свядомасці, за якім наступіў доўгі прамежак ліпкай, бяссільнай знямогі, ён зноў адчуў пранізлівы люты холад і амаль жахнуўся. Здавалася, гэтай ночы не будзе канца, і ніякія ягоныя хітрыкі не дапамогуць яму датрываць да ранку. «Але як жа можа так быць? — ледзьве не крычаў у ім поўны пратэсту, амаль роспачны голас.— Няўжо ж так нічога і не выйдзе?» Куды ж тады знікне столькі яго намаганняў і яго сілы? Няўжо ж усе яны прападуць марна? Але ж яны прадукт яго матэрыяльнага я і самі, напэўна, матэрыяльныя, як кожная энергія, яны ж — знясіленае яго цела і пралітая ім кроў, чаму ж яны павінны ў гэтым матэрыяльным свеце прапасці без следу? Ператварыцца ў нішто?
Тым не менш ён амаль пэўна ведаў, што ўсё скончыцца кепска, але ён адмаўляўся разумець гэта. Ён хацеў верыць, што ўсё, зробленае ім у такіх пакутах, павінна недзе адбіцца, у чымсьці выявіцца. Няхай не сёння, не тут, не на гэтай дарозе — можа, у іншым месцы, праз нейкі няпэўны час. Але ж павінна яго пакутлівая смерць, як і тысячы іншых, не меней пакутлівых смерцяў, прывесці да нейкага выніку на гэтай вайне. Інакш як жа гінуць у пустой безнадзейнасці адносна сваёй патрэбы на гэтай зямлі і ў гэтай вайне? Ён жа для чагось нарадзіўся, жыў, столькі змагаўся, цярпеў, праліў сваю гарачую кроў і цяпер у пакутах аддаваў жыццё. Павінен жа ў гэтым быць нейкі, хай не дужа каб значны, але ўсё ж чалавечы сэнс.
I ён раптам паверыў, што будзе. Што абавязкова будзе, што ніякія з чалавечых пакутаў не пазбаўлены сэнсу на гэтым свеце, тым больш салдацкія пакуты і салдацкая кроў, пралітая за гэту непрытульную, мерзлую, але ж такую сваю зямлю. Ёсць у гэтым сэнс! I будзе вынік, іначай не можа, бо іначай не павінна быць.
Яму б толькі дажыць да світання.
Тым часам мароз дабіраўся ўжо да яго нутра, і лейтэнант адчуваў гэта. Краем прыцьмелай свядомасці ён сачыў за тым, як сцюжа марудна, але няўхільна авалодвала яго абяскроўленым целам, і лічыў кароткія хвіліны, якія яму яшчэ засталіся. Аднойчы, расплюшчыўшы вочы, ён раптам здзівіўся і з натугай расплюшчыў іх шырай. Над полем світала. Цемра, якая, здавалася, век шчыльным покрывам аблягала зямлю, трохі прыўзнялася над ёй, у полі стала прастарней, праяснелася неба, і ў ім выразна адбілася заінелае вяршалле бяроз. У прытуманеную ранкам далячынь імкнула перамеценая завеяй дарога.
Ухапіўшы ўсё гэта адным позіркам, які тым не менш амаль знясіліў яго, лейтэнант хацеў апусціць галаву, як штосьці ўбачыў. Здалося спярша, што гэта машына, але калі ён лепей угледзеўся, дык зразумеў, што гэта фурманка. Стомлены працяглай увагай, ён палажыў галаву на снег, адчуваючы ў сабе збянтэжанасць, страх і надзею адначасна. Вялізнае, як прысуд, пытанне паўстала перад ім: хто едзе ў фурманцы? Калі сяляне, калгаснікі, дык гэта быў цуд, у які ён нядаўна яшчэ не хацеў паверыць: да яго набліжаўся паратунак. Калі ж немцы... Не, ён ніяк не мог сцяміць, чаму ў гэты ранішні час з вёскі, у якой атабарыўся вялікі штаб, павінны паявіцца з фурманкаю немцы? Усё ў ім паўстала супраць такога недарэчнага меркавання, бо цэлую ноч ён чакаў чаго хочаш, але ўжо не абозную фурманку з паклажай, да якой яму не было ніякае справы.
Тым не менш гэта была фурманка, і яна памалу да яго набліжалася. Ужо сталі відаць і запрэжаныя ў яе коні — пара ўкормленых рыжаватых біцюгоў, якія, махаючы кароткімі хвастамі, лёгка, амаль без натугі цягнулі за сабой грувастка накладзены саломай воз. На самым яго версе сядзелі два немцы, адзін з іх варушыў лейцамі, і абое яны ціха між сабой размаўлялі.
Іваноўскі заціх у каляіне, зусім аглушаны тым, што ўбачыў, такога нешанцавання ён не мог і прадбачыць. Пасля столькіх смерцяў, пакут і перажыванняў замест базы боепрыпасаў, замест генерала ў шыкоўным «опель-адмірале» і нават штабнога, з партфелем палкоўніка яму наканавана ўзарваць двух нягеглых абознікаў з возам саломы.
Але, мабыць, іншага ўжо не будзе. Па крайняй меры, для яго нічога ўжо не будзе. Ён рабіў свой апошні ўзнос — для Радзімы, у імя свайго салдацкага абавязку. Іншыя, болей значныя ўзносы перападуць іншым. Будуць, напэўна, і вялізныя базы, і пыхлівыя прускія генералы, і ваўкаватыя эсэсаўцы. Яму ж выпалі абознікі. 3 імі ён і сыдзецца ў сваім апошнім баі, зыход якога вырашаны быў загадзя. Але ён павінен сысціся — за сябе, за Піваварава, за забітых пры пераходзе перадавой Шалудзяка і Кудраўца. За капітана Волаха і яго разведчыкаў. Ды ці мала яшчэ за каго...
I ён зубамі выдраў з рукаяткі тугое колца чакі.
Фурманка паволі набліжалася, і, здаецца, з воза яго ўжо заўважылі. Немец з паднятым каўняром шыняля, што сядзеў да яго бокам, яшчэ гергетаў нешта, як другі, у насунутай на вушы пілотцы, што кіраваў коньмі, ужо выцягнуў шыю, углядаючыся ў дарогу. Іваноўскі сунуў пад жывот гранату і ляжаў, не крануўшыся. Ён ведаў, што здаля не дужа прыкметны ў сваім маскхалаце, зноў жа, у каляіне яго трохі прымяло снегам. Стараючыся не варухнуцца і амаль зусім перастаўшы дыхаць, ён затаіўся, прыплюшчыў вочы; калі заўважылі, няхай падумаюць, што ён мёртвы, і пад’едуць бліжэй.
Але бліжэй яны не пад’ехалі, а крокаў за дваццаць спынілі сваіх біцюгоў і нешта закрычалі яму. Ён па-ранейшаму не варухнуўся і не азваўся, толькі неўпрыцям за імі сачыў прыплюшчанымі вачыма, амаль з пяшчотай адчуваючы пад сабой выратоўчы кругляк гранаты.
Не дачакаўшыся адказу, адзін з немцаў, што сядзеў на возе з паднятым каўняром шыняля, узяў карабін і задам споўз на дарогу. Другі застаўся на возе з лейцамі ў руках, і лейтэнант прамычэў ад прыкрасці. Атрымлівалася і яшчэ горш, чым ён думаў: да яго ішоў адзін. Іваноўскі ўнутрана сцяўся, у вачах яго пазмрачнела, дарогу і бярозы пры ёй чамусьці павяло ўбок. Але ён неяк утрымаўся ў прытомнасці і чакаў.
Немец тым часам лязгнуў затворам, штось крыкнуў і, матляючы поламі шыняля, пайшоў па дарозе. Карабін ён трымаў напагатове, прыкладам пад пахай. Іваноўскі патроху адпускаў пад сабой планку гранаты і моўчкі паўтараў, бы малітву: «Ну ідзі ж, ідзі...» Ён чакаў, увесь ператварыўшыся ў жывое ўвасабленне чакання, на іншае ён ужо быў не здольны. Ён не мог дакінуць да немца гранатай, ён мог толькі ўзарваць яго разам з сабой.
Аднак гэты абознік, відаць, быў не надта каб смелы і ішоў да яго так асцярожна, што, здавалася, кожную секунду мог павярнуць назад. I ўсё ж ён набліжаўся. Іваноўскі ўжо бачыў няголены, нейкі заспаны ягоны твар, заінелыя гузікі на шынялі. Далёка яшчэ не дайшоўшы да лейтэнанта, ён зноў штось гукнуў і спыніўся. У наступнае імгненне лейтэнант ледзь не закрычаў ад крыўды, убачыўшы, як немец узнімае да пляча карабін і пачынае цэліцца. Цэліўся ён няўмела, надта старанна, ствол карабіна доўга хадзіў збоку ўбок; напарнік яго ўсё гергетаў штось з воза, напэўна, даваў парады. Іваноўскі па-ранейшаму ляжаў нерухома, шырока расплюшчанымі вачыма глядзеў на свайго забойцу, і слёзы роспачы каціліся па яго твары. Вось ён і дачакаўся світання і сустрэў на дарозе немцаў! Усё канчалася недарэчна, подла і бяздарна, як ні ў якім выпадку не павінна было канчацца. Што ж яму цяпер заставалася? Устаць? Крыкнуць? Падняць угору рукі? Або ціха і пакорна прыняць гэту апошнюю кулю ва ўпор, каб назаўсёды знікнуць з твару зямлі?
Вядома, ён знікне, цяпер яму засталося некалькі лічаных секунд, за якімі настане Вечны Вялікі Спакой. У ягоным становішчьі гэта было нават зманліва, бо разам вызваляла ад пакут. Але застануцца жыць іншыя. Яны перамогуць, ім аднаўляць гэту зялёную шчаслівую зямлю, дыхаць на поўныя грудзі. I кахаць. Але хто ведае, ці не залежыць шчаслівы іх лёс ад таго, як памрэ на гэтай дарозе дваццацідвухгадовы камандзір узвода лейтэнант Іваноўскі?
Не, ён не ўстаў, таму што ўстаць ён не мог, і не крыкнуў, хоць, напэўна, мог бы яшчэ крычаць. Ён толькі здрыгануўся, калі ў ранішняй чуйнай цішы грымнуў вінтовачны стрэл і яшчэ адна куля ўпілася ў яго акрываўленае цела. Яна ўдарыла яму ў плячо, напэўна, разбіла лапатку, але ўсё роўна ён не паварушыўся і не застагнаў нават. У апошняй натузе сцяў зубы і назаўжды ўжо заплюшчыў заінелыя вейкі. 3 апошняй трапяткою надзеяй ён слухаў набліжэнне чужых, незнаёмых крокаў і думаў, што, магчыма, яшчэ і не ўсё страчана, можа яшчэ і ўдасца. Якісьці самы мізэрны шанец у яго яшчэ заставаўся. Памалу, вельмі асцярожна, трываючы новы пякельны боль, ён паварочваўся набок, каб вызваліць з-пад цела гранату. I ён вызваліў яе якраз у той момант, калі крокі на дарозе сціхлі недзе паблізу. Ён адчуў тады побач тугі пружыністы рывок планкі, і тут жа нечакана гулка ляснуў узрывальнік. Немец коратка крыкнуў, мабыць, кінуўся прэч. Іваноўскі паспеў яшчэ ўчуць два яго спалоханых крокі і болей нічога не ўчуў...
Праз некалькі секунд, калі асеў перамешаны са снегам пыл, яго ўжо не было на гэтай дарозе, толькі невялікая варонка курылася на ветры ў адной каляіне; вакол на размеценым снезе ляжалі мерзлыя камякі зямлі, фурманка з растрэсенай навокал саломай абярнулася набок, ля яе, спрабуючы ўстаць на ногі, біўся ўкормлены рыжы біцюг, а за канавай ляжаў ніц адкінуты выбухам труп немца. Другога не было відаць...