Як бацьку, нізка пакланіцца
Я да цябе прыйшоў, Дняпро.
З ключа твайго вады напіцца,
Паслухаць шум тваіх дуброў.
Каб па мясцінах запаветных
Прайсціся зноўку пехатой
I гоман хваль пачуць прыветны,
Памарыць з вудай над вадой.
Каб да зямлі грудзьмі прыпасці
I піць яе салодкі пах,
I ад любові, і ад шчасця
I плакаць, і спяваць, як птах.
Каб і маленства і юнацтва
Сваё успомніць дзень за днём... ...
Тут нараджаўся дух бунтарства,
Хрысціў яго пярун і гром.
Машэка грозны з булавою
Тут на паноў наводзіў жах,
I вёў паўстанцаў за сабою
На шляхцюкоў Мітковіч Стах.
Тут чужаніц, гасцей нязваных,
У час Айчыннае вайны
Ушчэнт грамілі партызаны,
Дняпра свабоднага сыны.
Тут пахавана шмат герояў,
Жыццё сваё што аддалі,
Каб шчасце наша маладое
Цвіло, буяла на зямлі!
Сярод магіл тут ёсць магіла
На кручы самай, над Дняпром,
Дзе спачывае сэрцу мілы
Сівы паромшчык, дзед Пахом...
Стаю... А плечы прыгінае
Нябачны груз ніжэй, ніжэй...
Камяк да горла падступае,
I слёзы коцяцца з вачэй.
I ў памяці маёй яскрава
Малюнкі даўнія ўсплылі...
Прайшло год трыццаць, болей нават,
Калі размовы мы вялі.
...Тады тут возера лясное
Як люстра ззяла, млын шумеў...
Малолі збожжа залатое,
I кожны інтарэс свой меў.
Сюды, на бераг гэты правы,
З'язджаліся з усіх бакоў.
Не моўкла доўга пераправа
Ад басавітых галасоў.
Было паромшчыку работы.
Хоць дзед быў дужы, як мядзведзь,
Кашуля набрыняла потам,
I з ног ён не валіўся ледзь.
Ўздуваліся з натугі жылы,
Цямнеў, суровеў дзедаў твар,
А ён цягнуў, нібы асілак,
Адзін страшэнны той цяжар...
Цягнуў ён за канат пяньковы
I мармытаў штось на хаду...
Здаецца, бераг быў гатовы
Ён волакам сцягнуць ў ваду.
I бераг сапраўды памалу
Насустрач нібы падплываў,
Вада бурліла, пляскатала,
Паром, як дзед стары, крактаў.
А як змаўкала пераправа,
«Каўчэг» дзед ставіў на прыкол,
Ля будана варыў ён страву
I запрашаў усіх за стол.
Сталом тым быў замшэлы камень,
Мурог зялёны — дываном,
А столлю — Млечны Шлях над намі,
Увесь сусвет — гасцінны дом.
Дзед даставаў капшук з кішэні,
Мультанам люльку набіваў,
Зацягваўся і ў задуменні
Нам казкі баіць пачынаў.
Ах, колькі знаў ён казак дзіўных,
Паданняў, быляў і легенд.
Тады ён першы і адзіны
Нам адкрываў чароўны свет!
...Цяпер ужо ён сам паданне,
Бо дзед загінуў як герой,
Ў суровы час выпрабаванняў
Ахвяраваў Пахом сабой.
Такі ў народзе сказ вядзецца:
Як вораг захапіў паром,
Дзед падарваў сябе і немцаў,
Аж толькі пракаціўся гром.
...Вось тут яго і пахавалі
Над кручай самай, над Дняпром,
Каб чуў заўсёды гоман хваляў
Дняпроўскі чарадзей Пахом.
А я з тых казачных суквеццяў,
Як мог, звіў сціплы свой вянок,
Як доўг сыноўні, памяць сэрца —
Прынёс на гэты курганок.