Дудка-самагудка

Э-ге-ге,— паромшчык ціха

Уздыхае, кажа нам,—

Шмат яшчэ на свеце ліха,

Цяжка там гаротным дыхаць,

Дзе раздолле ёсць панам,

Дзе ўчыняецца расрава,

Творыцца кароткі суд,

Праўда дзе паноў і права,

А народ заўжды няяравы,

Быдла ім працоўны люд.

Возьмем Злучаныя Штаты.

Ў тым «раі» я пабываў,

Малады быў, блазнаваты,

Ад зямліцы роднай, хаты,

Долю там сваю шукаў...

Эх, хлябнуў жа я там гора!

Паспытаў усмак бяды...

Маладым адплыў за мора,

Ад нястач, бадзяння, зморы —

Пасівеў як лунь тады.

Ледзь вярнуўся я дахаты,

На білет я ледзь натрос...

I з тае пары праклятай

Праклінаю тыя Штаты,

Дзе працоўных горкі лёс...

Ды і ў нас, ў часы нягоды —

Пры панах ды пры царах —

Сілы гінулі народа,

Не было да шчасця ходу,

Талентам закрыт быў шлях...

Раскажу я вам паданне,

Што калісь мне баіў дзед,

Хай вам будзе павучаннем,

Каб пры ўсіх выпрабаваннях

Матчын помнілі завет.

Вось такія былі справы:

...Шмат гадоў таму назад

Усім краем гэтым правіў,

Час свой у забавах бавіў

Жорсткі самадур-магнат.

Ўсе лугі наўкол, палеткі,

Забалацці і лясы,

Ўвесь абшар вялізны гэткі,

Ўся краса і скарб наш рэдкі

Ў тыя даўнія часы

Ўсё належала магнату,

Ўсё да рук сваіх прыбраў

Крывасмок, павук пузаты,

Не было наўкола хаты,

Селянін дзе б не стагнаў...

****

I ні песень, і ні смеху

Не было тады чутно,

Бо людям не да уцехі,

Бо бяда паўзла пад стрэхі,

Гора горкае адно...

Дый магнат з мужычай мовы

Кпіў і ёю пагарджаў;

Праз паслугачоў суровых

Прысякаў жывое слова,

Думаць нават не даваў.

Ты працуй, нібы жывёла,

I ні гуку, не мычы...

Ці здаровы ты, ці кволы,

Ці апрануты, ці голы —

Лепей, браце, ты маўчы.

Бо магнат як узлуецца,

Нацкуе двуногіх псоў —

Скура аж шматамі рвецца,

Як бізун той узаўецца,

Аж цурком ліецца кроў...

Круглы год мужык гне спіну:

Ў спёку, ў слоту, у мароз,

А заробіць ён з асміну

I не зерня, а мякіны —

Заліваецца ад слёз...

Пухнуць з галадухі дзеці,

Пухне жонка, пухне сам...

Каб не згінуць, не памерці,

Жабраваць ідзе па свеце,

Шле праклён ліхім панам.

...Ды ўсіх горш жыла-гібела

Часам тым адна ўдава.

Мужыка яна не мела,

Да таго ж сама хварэла,

Чэзла, бы ў мароз трава...

****

I у полі, і у хаце,

I па дровы ў лес — адна...

Копь тут можа падарвацца

Ад такой натужнай працы,

А не толькі што яна...

I ёй так гаротна стала,

Так да сэрца дапякло,

Што яна ўжо не ўтрывала

І сабе наканавала

Лішанька-ліхое зло.

Лейцы узяла старыя

I у лсс пайшла, з вачэй,

Ў нетры цёмныя, глухія

I пятлю кладзе на шыю —

Смерць жыцця, відаць, мілей...

Ды ў аношні момант самы

Хтосьці абламаў сучок,

I з дупла тут, з дрэва прама,

Дзед з вялізнымі вусамі

Да кабеты раптам — скок!

Што ты робіш, га, дурпіца?

Што паганіш мой ты дом!

Калі хочаш удавіцца,

Дык, прашу цябе, ўдавіца,

Ў іншы лес ідзі ладком...

Ды адумайся ты лепей,

Не капай сабе ты дол...

Вунь на роднай тваёй глебе,

Вунь у родным тваім небе —

Ўсе красуе навакол!

З перануду ўдава тая

Павалілася, маўчыць,

Потым галаву ўзнімае,

Вусача ўжо аглядае,

Ў роспачы затым крычыць:

Скуль узяўся, суцяшальнік?

Чаго нос усунуў свой!

Па вусах — дык ты начальнік,

А па носе — ты пахабнік...

Што мне гутарыць з табой!

Адыдзіся у старонку,

Бач, красу яшчэ зпайшоў...

Ці зваліўся ты з сасонкі,

Ці ты трызніш, бач, спрасонку,

Ці наогул — нездароў?

Ўсё вакол тут, дзед, не паша:

Лес і поле — ўвесь абшар,

Хаты, хлеўчукі і пашы,

Сённяшні дзень і ўчарашні

Захапіў магнат-вядзьмар...

Смокча кроў ён, цягпе жылы

Абдзірае да касцей...

I жыццё ужо не міла,

I цярпець няма ўжо сілы...

Адыдзі убок хутчэй!

Стой! Ты з гора звар' яцела

Лепей дзічку на вось з'еш,

Каб ты болей не хварэла,

Каб сынка сабе займела —

З сынам ты не прападзеш!

Будзе дужы ён, прыгожы..

I яшчэ я дам дуду —

Як зайграе — ўсё ён зможа:

Ліха, гора пераможа,

I напасці, і бяду!

А калі народ пакіне

Дудка страціць сілу чар

I дудар навек загіне,

Трапіць ён у павуцінне,

Што спляце яму вядзьмар...

У дупло вусач ускочыў,

Самагудку падае,

А ўдавіца лупіць вочы,

Верыць лесуну нс хоча,

З нерашучасцю бярэ.

Потым дзічку-грушку з'ела,

I прыйшлося ёй усмак.

Налілося сілай цела,

Жыць ўдавіца захацела,

Вусачу сказала так:

Я не ведаю ўжо, хто ты:

Чалавеча ці лясун?

Толькі дзякуй за даброты,

Ты адвёў з душы маркоты,

Бачу я зямлі красу!

I за дзічку табе дзякуй,

За чароўную дуду.

Хай магнат, той ваўкалака,

Лезе у пятлю, сабака...

Я ж адолею бяду!

I дамоў пайшла ўдавіца,

Лейцы кінуўшы ля пня:

«Хай мне чорны дзень не сніцца...

Што мне з імі валачыцца?

Усё адно няма ж каня...»

...I няўцям вяскоўцам стала,

Што здарылася тут з ёй:

Век кабеціпа стагнала,

А цяпер вось заспявала

У халупіне сваёй.

Неўзабаве пагалоска

Да магната даплыла...

Што-о! Удава пяе за вёскай?!

Захацелася бярозкі...

Можа, скарб яна знайшла?

Абшукаць ўдавіцы хату,

Агарод перакапаць! —

Закрычаў магнат хрыпата

На паслугачоў заўзятых.—

А скарбонку — адабраць!

Служкі верныя са спрытам

Аб падлогу грук ілбом,

I адразу наўскапыта

Гэта зграя, гэта світа

Паімчалася бягом!

Ўсе, як ёсць, перакапалі,

Ўсё абстукалі кругом,

Ды дарма яны шукалі,

Ў хаце пуста — добра зналі,—

Пакаці хоць тут шаром...

Папляліся вон панура

I ад страху аж дрыжаць.

Бо магнат, бач, снусціць скуру,

Зробіць ім яшчэ хаўтуры —

З ім не жарты жартаваць!

— Ну, знайшлі? — магнат пытае.

— Анічогачка няма...

— А чаго ж яна спявае?!

З глузду з'ехала... Дурная!..

I шукалі мы дарма...

Ну, раз богам пакарана,

Дык і спрос малы з яе...

Усё роўна — позна, рана

Голад стуліць рот паганы,

Ў пекле ўжо не паняе!

...А ўдава жыве, квітнее —

Цуд, дый годзе з удавой:

У полі цэлы дзень гарбее

I не падае, не млее...

Скуль бяруцца сілы ў ёй?

Людзі думаюць, гадаюць,

Прыкідаюць так і сяк,

Лесуна ёй прыплятаюць,

Ды, аднак жа, спагадаюць —

Удавіца як-ніяк...

I аднойчы у жанчыны

Нарадзіўся раптам сын —

Ўдалы гэтакі хлапчына,

Хоць пішы з яго карціну,

Проста казачнай красы!

Сінявокі, кучаравы

1 важкі такі крапак,

Галасісты і рухавы.

— Хай расце! Хлапец на славу! —

Пажадалі людзі так.

Ах і сын! Як усміхнецца —

Дык адтайвае душа...

Бы ручай срабрысты льецца,

Бы салоўкі трэль, здаецца,

Сыплецца з нябесных шат.

Не па днях, а па гадзіпах

Рос хлапец і прыгажэў.

Ўжо з закуранай хаціны

Рваўся на прастор арліны,

Хоць пакуль і крыл не меў.

...А між тым парою тою

У магната-ведзьмара

Баль, як кажуць, быў гарою,

Віншавалі ўсе з дачкою

Жонку і уладара.

I дачка была, прызнацца,

Не дзіця — анёлак сам.

Як такой не любавацца,

Як такой не захапляцца

Ды не радвацца бацькам?!

Час ішоў, час нс спыняўся...

Ў золаце адна расла,

Пад страхой другі качаўся,

З лёсам горкім пабратаўся,

А сцяжынка іх звяла.

...Ды наперадзе ўся казка.

Шмат вады яшчэ сплыве...

Мне няясная развязка,

Адпачніце, калі ласка,

Дай падумаць галаве.

Дзед Пахом расказ спыняс,

Кажа аб другім: — Дармо!

Што тут казкі зараз баіць...

Можа, час каб толькі бавіць?

Казка — вось жыццё само!

I паказвае рукою

На пасёлак дзед Пахом.

...Ззяюць шыбы залатою

Электрычнаю зарою

Над Славуцічам-Дняпром.

Чым, скажыце, не жар-птушка?

Не жыццё, а проста — рай,

Недарма пяюць частушку:

«Так відно, што хоць з падружкай

Ты іголкі сабірай».

Або радыё. Вось штука!

Не ўбяру я ў галаву...

Да чаго дайшла навука —

Ў хаце ты сядзіш з унукам,

Ну а слухаеш Маскву!

Шмат мясцін паромшчык знае,

Заплыве ў глухі куток,

Бач — і рыбку падсякае,

Хоць яна й не залатая,

Ды папала на кручок.

Ля Пахома мы шнуруем,

Нібы ля чаўна малькі.

Дзед з нас цешыцца, жартуе: —

Спрытна з вамі мы ладкуем,

Малайцы, працаўнікі!

Пастараліся на славу,

Прыйдзецца пачаставаць...

А калі вам так цікава,

Дык да юшкі, на прыправу,

Трэба й казку даказаць.

Казка ж — выдумка, вядома,

Будзіць думку ў галаве.

Свет цікавы, невядомы

Адчыняе, вабіць з дому,

Ў марах і жыцці жыве.

...Значыць, сын тае ўдавіцы,

Як на дрожджах, шпарка рос...

Ужо ён бегае ў суніцы,

Слухае ён звон крыпіцы,

Гоман хвой, дубоў, бяроз.

I душа, як скрыпка тая,

Адгукаецца, пяе,

Дудку ён сваю вымае

I паціху пачынае

Граць мелодыі свае.

Ціха, жаласна, трывожна

Выгаварвае дуда.

Сэрца гук хвалюе кожны,

Слухаць спеў без слёз няможна,

Так пячэ душу нуда...

Людзі круцяць галавою:

Слаўны вырасце дудар,

Грае хвацка як, з душою...

Хоць яшчэ дзіцё малое,

А вялікі мае дар!

Маці з радасці смяецца,

То ўсплакне яна крадком.

Прадчуванні точаць сэрца,

Неспакой у сэрца б'ецца:

«Ах, што станецца з сынком!..»

Грай, мой мілы,— кажа маці,-

Толькі помні запавет:

Як з народам сувязь страціш,

Як сваёй Айчыпе здрадзіш —

Знікне таленту і след...

Змоўкне дудка-самагудка,

Сціхне спеў яе тады,

Звянеш ты, як незабудка.

Дык, глядзі, мая малютка,

Сцеражыся ты бяды.

Так гаворыць маці сыну,

Лашчыць, туліць да грудзей

I цалуе у чупрыну,

Агартае жаль жанчыну,

Слёзы коцяцца з вачэй...

Што ты, мама, не журыся,

Слёзы вытры, ну не плач,

Ну, галубка, усміхніся.

...I тут гукі паліліся —

Хоць ідзі адразу ўскач.

Нібы дождж буйны, вясновы,

Бы гуллівы плёскат хваль,

Гукі скачуць адмыслова,

Смех іскрыцца прамянёвы,

Чысты, звонкі, як крышталь.

Скача зайка, скача ліска

I вавёрка на суку,

Скача воддаль ўсё і зблізку,

Закружыўся сам вятрыска,

Як шалёны, ў сасняку.

I касцы на сенажаці,

I каровы, і пастух,

I магнат ў сваім палацы —

Пачалі усе скакаці,

Ну ажно займае дух.

Стой, спыніся, сынку мілы,

Бо яшчэ наробіш зла.

Знай, якая ў дудцы сіла,

Каб дабру яна служыла

I цябе не падвяла!

...Год за годам прамінае,

Ўзняўся, як дубок, дудар.

Ён аб шчасці людзям грае,

Людзі плечы распраўляюць,

Чахне з песень тых вядзьмар...

Ён ні хітрасцю, ні сілай

Дудара не можа ўзяць:

Войска на яго хадзіла,

Ды яго не паланіла.

Як пачне дудар іграць,

Дык адразу ўсе салдаты,

Генерал і сам магнат

Ў пляс пускаюцца заўзята,

Скачуць, нібы чарцяняты,

Іскры сыплюцца з-пад пят!

А дудар адно смяецца,

Дыхту паддае мацней:

Хай сюды ніхто не пнецца,

Бо без ботаў застанецца,

Душы вытрасу з чарцей!

...Але здарылася тое,

Цяжка што прадухіліць:

Юнаку няма спакою,

Сэрца нудзіцца тугою,

Сэрца нечага шчыміць...

I няясныя жаданні

Ахапляюць дудара,

Мары, мроі, спадзяванні...

Гэта хоць і не каханне,

Ды ўжо блізкая пара,

Калі ў сэрцы завіруе,

Дзіўны ўспыхне той агонь,

Шчасце што адным даруе,

А другім — жыццё змарнуе,

Зло й дабро ідзе з яго...

...Неяк у сваім палацы

Баль магнат гасцям даваў...

Панаехала шмат знаці

Радавітай, рознай масці,

Процьмы гэткай край не знаў.

I князі, і генералы,

Прынцы, графы, каралі,

Ліхвяры і чынадралы,

Гультаі і аб'ядалы —

З роднай і чужой зямлі...

На сталах даўгіх, дубовых

Столькі закусі, пітва —

Толькі еш ды лі, панове,

Весяліся на здароўе,

Каб кружыла галава.

Цэлы тыдзепь балявалі

Без прасыпу, навылёт —

Жэрлі, чаркі узнімалі,

Так пад музыку скакалі,

Кідала ажно у пот.

Потым, каб пацешыць зграю,

Кажа да гасцей магнат:

Паляваць хто з вас жадае,

Хай на коней той сядае,

Тут дзікоў у пушчы шмат!

Ёсць мядзведзі, рысі, лані,

I ласі ёсць, і зубры...

Кожны з вас на паляванні

Хай пакажа спрыт свой, шанец

I адвагу тут, сябры!

Вось па коней госці селі,

Гаспадар, яго дачка

I у пушчу паляцелі,

Пачалося зноў вяселле —

Паляванне на дзіка.

Ўсё злілося ў гул адзіны:

Стрэлы, крыкі, ржанне, брэх,

Рога гук і свіст прызыўны,

Трэск галля, шум вершаліпаў,

Лаянка і гучны смех...

Раптам — гоман абарваўся,

Усе замерлі ад жуды:

Пад паненкай конь спужаўся,

Ўзвіўся на дыбкі, памчаўся

Немаведама куды...

Як магнат залямантуе:

Людзі! Родныя мае!

Хто дачку мне адратуе —

Усё аддам, не пашкадую,

Адратуйце мне яе!

Хай маланка мяне спаліць,

Разаб'е мяне хай гром,

Хто дачку жывой даставіць —

З тым вяселле мне і правіць,

Будзе той ёй жаніхом!

Пажадалі ўсе магнату

У бядзе дапамагчы:

Хто з іх марыў стаць жанатым

Хто з іх марыў стаць багатым.

Хто ж — аддзячыць за харчы.

А з паненкай конь пудлівы

Прэ галопам праз гушчар.

Учапіўшыся за грыву,

Дзеўчына крычыць жахліва,

Смерць ёй дыхае ў твар...

Вось і ўзлесак. А там — строма, ​

Над Дняпром — круты абрыў...

Раптам — хлопец незнаёмы

(Быў юнак, відаць, не промах)

За аброць каня схапіў!

Конь захроп, што ашалелы,

Не скруціў ледзь галаву.

А дзяўчына ў плацці белым,

Нібы голуб, узляцела,

Чмякнулася у траву.

Нахіляецца над ёю

Устрывожаны юнак,

Нібы месяц над зарою.

Б'ецца сэрца маладое,

Упершыню грукоча так.

Ён глядзіць не наглядзіцца,

Гэта ж цуда — не краса:

Вусны пахнуць, як суніцы,

Нібы два крылы, расніцы

I да пояса каса.

Ён глядзіць не наглядзіцца,

Нібы мёд салодкі п'е...

Як без гэткай чараўпіцы

Дыхаць мог ён, весяліцца,

Жыць на свеце без яе!

Асцярожна падымае

I да берага нясе,

I вадою асвяжае,

I дзяўчына ажывае

Паступова, пакрысе.

Вось уздых з грудзей дзявочых

Вырваўся, нібыта стогн,

Вось расплюшчвае ўжо вочы,

Вось прыпомніць, сцяміць хоча —

Ява гэта ўсё цІ сон?

Перад ёй стаіць юнача,

Нібы казачны прывід,

Ў рызманах, лапцях жабрачых...

Позірк чысты і гарачы,

Поўны ласкі і любві.

Хто ты? — шэпча яна ціха.—

Бедны прынц, а можа, здань?

Я — дудар. Не бойся ліха,

Вось паслухай мяне крыху,

Як пяе мая дуда.

I зайграў ён так прыгожа,

Хораша ён так зайграў —

Зашумела нібы збожжа,

Затрымцеў лісточак кожны,

Бы салоўка засвістаў!

Аж паненка дых стаіла,

Млее сэрца у грудзях...

Ёй так соладка, так міла,

Адраслі, здаецца, крылы,

I ляціць яна, бы птах!

Ў гэты момант падскакалі

Успацелыя паны,

Дудку ў хлопца адабралі,

Рукі моцна заламалі,

Крык ўзнялі, бы груганы:

Што, папаўся ты, нарэшце?!

Падбухторшчык і бунтар!

Бізунамі яго зрэжце,

Гайдукі, і тут павесьце! —

Загадаў магнат-вядзьмар.

Стойце, тата, пачакайце! —

Тут дачка як закрычыць.—

Юнака вы не карайце,

Дудку вы яму аддайце.

Ён павінен граць і жыць,

Бо ад смерці немінучай

Ён мяне уратаваў:

Смела кінуўся, рашуча,

Супыніў каня над кручай,

Сам жыццём рызыкаваў...

А магнат той хмурыць бровы..,

Што цяпер яму рабіць?

Люты, жорсткі ён, суровы,

Ды шляхетнае даў слова

На дачцэ таго жаніць,

Хто жыццё ёй адратуе.

Вось і пашкрабі ты чуб:

Зяць, што з дудкаю жабруе,

Зяць, які народ бунтуе —

Гэткі зяць яму не люб!

Ён маўчыць... А знаць чакае:

Гаспадар ён ці трапло?

Кпіць з яго хтось пачынае,

Ў агонь масла падлівае...

I ўзяло магната зло:

Слухайце, панове, людзі!

Люб ён мне або не люб —

Як хто хоча хай тут судзіць,—

Клятву даў — дык так і будзе

Пойдзе ён з дачкой пад шлюб!

I адкладваць я не стану:

Згодна ты, дачка, ці не?

Лёсам ён наканаваны,

Богам ён табе пасланы,

Хоць нялюбы, можа, мне...

Як дачка устрапянецца

I, забыўшы сорам свой,

К дудару як прыгарнецца,

Як шчасліва засмяецца:

Згодна я! Ён будзе мой!

У вачах аж цёмна стала

У маладога дудара —

Не пятля над ім гайдала,

А паненка абдымала,

Ясная, нібы зара.

I застукалася сэрца —

Вось-вось вырвецца з грудзей.

Замест кары, замест смерці —

Шчасце з ім, у вочы свеціць,

Туліцца усё мацней!

Бачу... Ты таксама згодны,-

Буркнуў дудару магнат,—

Самародак... Грэц народны...

Толькі песні твае шкодны,

Будзеш граць па іншы лад!..

Будзеш ў золата ўбраны,

На пярынах будзеш спаць

З сваёй жонкаю каханай.

Сам цяпер ты станеш панам

I па-панску мусіш граць!

А дудар нібыта ўчадзеў...

Ён не чуе ганьбы той,

Ён ужо народу здрадзіў... Валасы паненцы гладзіў,

Што зацьміла свет сабой...

Гладзіў валасы дзяўчыне,

Ў вочы ясныя глядзеў

І аб курнай той хаціне,

І аб матчынай слязіне

Думаць нават не хацеў...

Плыў у марах ён высока,

Чары хлопца аплялі...

З-за паненкі яснавокай

Груганом зрабіўся сокал,

Здрадзіў роднай ён зямлі!

Знаць вяселле адгуляла,

Задаволены магнат:

Самагудка замаўчала,

Ўжо магната не пужала –

Здзекваўся з народа кат...

На дуду ж дудар забыўся,

Развітаўся ён з дудой...

Піў, і еў, і весяліўся,

Ў золаце, парчы тапіўся,

Цешыўся ўсё з маладой.

Ён нібы заплюшчыў вочы,

Ён нібы зусім аглух...

Ён не бачыць слёз сірочых,

Плачу ўдоў ён чуць не хоча

Нібы злы, пракляты дух...

Ды аднойчы ён прачнуўся

Ад тых чараў ці ад сна,

Глянуў на сябе й жахнуўся

I за дудкай пацягнуўся:

«Хай заграе зноў яна

Так, як некалі іграла,

Пра бяду і пра журбу...

Каб людзей яна ўзніхмала,

Гартавала, заклікала

На змаганне, барацьбу».

Дзьме дудар той ашалелы,

Надзімае шчокі ён —

Дудка нібы адсырэла,

Самагудка анямела...

Матчын спраўдзіўся праклён.

I упаў ён... I заплакаў...

Грызці ён пачаў зямлю...

А магнат, той ваўкалака,

Тут як тут, над ім загаўкаў: —

Бунтаваць? Не пацярплю!

Ах ты, вырадак паганы,

Адплаціў мне за дабро...

Гайдукі, схапіце «пана»,

Кіньце, каб не знала панна,

У вір глыбокі, у Дняпро!

Дудку ж, самагудку гэту,

Не муціла каб сялян,—

Закапайце ў дол, ад свету,

Каб не стала яе следу,

I насыпце там курган!

Слугі выканалі спраўна

Ўраз загад суровы той...

...Згінуў так дудар бясслаўна.

Патужыла крыху панна

I махнула, бач, рукой.

Паніча знайшла другога —

З радавітага двара,

Ды нягеглага, старога,

I маліла яна бога

Дараваць за дудара...

...Дудка ж,— казку завяршае,

Памаўчаўшы, дзед Пахом,—

Чуеце, як слаўна грае?

Нам аб шчасці ўсім спявае,

Ходзіць рэхам над Дняпром!

У семнаццатым мы годзе

Самагудку здабылі,

Жыве дудка у народзе,

I аб праўдзе і свабодзе

Гучаць песні па зямлі!

Вось і казка вам і ява —

Думай, разважай, гадай...

Хто паслухаў — таму слава,

А каму, бач, нецікава,

Дык, хлапчаты, выбачай.

Загрузка...