Алесь Разанаў


Нарадзіўся 5 сьнежня 1947 году ў вёсцы Сялец Бярозаўскага раёну Берасьцейскай вобласьці. Вучыўся ў БДУ, але быў выключаны за патрабаваньне беларусізацыі ўнівэрсытэту. У 1970 годзе скончыў Берасьцейскі пэдагагічны інстытут. Працаваў у «ЛіМе», «Роднай прыродзе», выдавецтве «Мастацкая літаратура», часопісе «Крыніца». Паэт і перакладчык, ляўрэат Дзяржаўнай прэміі імя Янкі Купалы.

З 1990 старшыня Беларускага рэспубліканскага фонду імя Рэрыхаў, з 1992 навуковы супрацоўнік Нацыянальнага навукова-асьветнага цэнтра імя Ф. Скарыны. Віцэ-прэзідэнт Беларускага Пэн-цэнтра. Сябра Рады СП Беларусі (з 1990). Узнагароджаны дыпломам ЮНЕСКА за ўдзел у міжнародным літаратурным конкурсе «Сустрэча двух сусьветаў».

Першыя публікацыі А. Разанава з'явіліся ў 1961 у піянэрскіх газэтах. Аўтар зборнікаў паэзіі «Адраджэньне», «Назаўжды», «Каардынаты быцьця», «Шлях – 360», «Вастрыё стралы», «У горадзе валадарыць Рагвалод» (Вершаказы і пункціры). Творчасьць паэта сьведчыць аб яго неардынарным мысленьні і нетрадыцыйным вобразна-паэтычным самавыяўленьні. Наватарскія жанравыя і рытміка-інтанацыйныя формы яго паэзіі вызначаюцца гуманістычным напаўненьнем, багатым жыцьцёвым зьместам. Як адзначаў вядомы крытык В. Бечык, «ён абапіраецца на вялікі вопыт сусьветнага мастацтва. Мы ўбачым у яго творах і баладны лад, і сучасную жанрава-стылявую раскаванасьць, і асаблівую ёмістасьць усходніх танка і хоку, і ўласьцівыя сюррэалізму сродкі і прыёмы пісьма».

У нечаканасьці асацыяцый, мэтафарычнай вастрыні і дакладнасьці, заснаваных на збліжэньні далёкіх паняцьцяў, адкрываецца неабсяжны інтэлектуальны падтэкст. Філасофскі роздум над бясконцым і непаўторным сьветам прыроды, грамадскім быцьцём і неабмежаванымі духоўнымі магчымасьцямі чалавечай асобы, над маральна-этычнымі праблемамі сучаснасьці найбольш поўна выяўляецца ў верлібры і яго разнавіднасьцях – квантэмах і версэтах.

Паэзія А. Разанава патрабуе ўдумлівага і неаднаразовага прачытаньня, заўсёды адкрывае новыя абсягі творчай індывідуальнасьці. Выступае з артыкуламі па пытаньнях сучаснага літаратурнага працэсу, а таксама ў жанры эсэістыкі. Вядомы як перакладчык. Яго творы перакладзены на ангельскую, балгарскую, грузінскую, чувашскую, чэшскую, эстонскую мовы.

Жыў некаторы час у Нямеччыне й Аўстрыі. Цяпер жыве ў Менску.

Загрузка...