На заводзе аўтапрычэпаў выбіралі дырэктара. Такія выбары былі першыя ў горадзе, хоць, безумоўна, не першыя ў рэспубліцы, у вобласці. Эксперымент перабудовы, дэмакратыі. Таму на сходзе прадстаўнікоў цэхаў, службаў прысутнічала сама Ала Уладзіславаўна Наліцкая, першы сакратар гаркома. Чалавек яна ў горадзе новы, усяго два месяцы выбрана, пераведзена з усходняй вобласці, дзе апошнія тры гады працавала старшынёй выканкома гарадка невялікага, але прыгожага — над Дняпром, угледжанага і да яе, а пры ёй проста расквітнелага; усесаюзны семінар па добраўпарадкаванні, па азеляненні ў ім праводзілі. І гэтым Алачка, як яе называлі калегі-старшыні, са шчырай мужчынскай ласкавасцю, праславілася, паднялася ў рэспубліканскім спісе рэзерву кадраў на ступень вышэй.
Гэты горад разы ў чатыры большы, прамысловы, але... запушчаны, такое было яе першае ўражанне. Праўда, пазней катэгарычнасць яго паменшылася: не тое што не ўгледжаны, а нейкі неарганізаваны — раўнінны, бязводны. Кажуць, князі былі добрымі дойлідамі. Князь, што заснаваў гэты горад, яўна не вызначаўся асаблівым талентам, ды і архітэктары, якія будавалі яго пазней, у тым ліку і ў савецкі час, не былі ні Шчусевымі, ні Карбюзье. З гэтай нагоды ў яе ўзніклі арыгінальныя думкі, якія яна выказала на пленуме, на сесіі гарсавета, думкі яе зацікавілі партыйны і савецкі актыў, і яе, як кажуць, лёгка прынялі, нягледзячы на маладосць. «Баба з галавой»,— даходзіла да яе грубаватая мужчынская пахвала.
На такім сходзе Наліцкая прысутнічала ўпершыню і адчувала, як пільна і з цікавасцю яе разглядаюць не толькі мужчыны — у мужчын усюды гарэлі вочы, калі яны глядзелі на яе, але тут — і жанчыны. Ад гэтай павышанай увагі Ала Уладзіславаўна трохі чырванела, але разам з тым і «іграла на публіку» — уменнем трымацца за сталом прэзідыума.
«Пекная кабета наш першы сакратар,— падумаў не адзін малады інжынер з мясцовых, якія лічылі сябе палякамі і мелі шляхетныя манеры.— Адразу відно — нашага паходжання».
Беларускія шляхціцы лічаць, што прыгажэйшых, чым іх шляхцянкі, жанчын у свеце няма, але ў апошнія гады пачалі прывозіць сабе жонак з усяго Саюза, ажно да Якуціі дабраліся.
Сапраўды слуцкая шляхцянка Наліцкая выглядала эфектна, асабліва побач са старшынёй заўкома Зояй Булат, якая штучна маладзілася. Але Уладзіславаўне ніхто не даваў яе трыццаці шасці гадоў. «Такі сакратар! — прыемна паглядзець. Во пайшлі кадры, не тое што аблезлы кот Рагацюк — былы першы».
Сярэдняга росту, стройная — «што маладая сасонка», элегантна, з густам адзетая, модна прычасаная. І нават вялікія модныя акуляры не псавалі яе па-майстэрску вытачаны бацькамі твар, наадварот, надавалі яму нейкую таямнічасць, пікантнасць.
Эксперымент Наліцкую трохі хваляваў, але звыкла — так яна хвалявалася за кожную новую ідэю. Аднак зусім не сумнявалася, што ўсё пройдзе па сцэнарыі, які сачыніла, не, не яна адна — распрацоўвалі калегіяльна: другі сакратар Піліп Баброўка, вопытны кадравік, старшыня выканкома Воблікаў, сівы зубр, нюху якога можна даверыцца — сем разоў адмерыць, раней чым адрэжа.
На дырэктара напрасіўся, па ўласнай ініцыятыве, намеснік старшыні гарвыканкома Мікалай Шатохін, інжынер-энергетык. Спачатку Наліцкая насцярожылася: ці не хоча Воблікаў такім чынам пазбавіцца ад свайго першага намесніка, з якім, кажуць, на пасяджэннях выканкома неаднойчы драпаўся?
Да завода першы сакратар не адразу дабралася і лічыла яго другарадным: падумаеш — нейкія прычэпы! Ёсць авіяматоры, электроніка — яны вызначаюць аблічча горада, яны ўкладаюць значную долю ў яго развіццё. Завод нярэдка не выконваў план. За гэта, уласна, і знялі былога дырэктара. Перад бюро Наліцкая не магла не наведаць завод. А пабыла там — і змяніла сваю думку. Прычэпы, але якія! Ад дзіцячых калясак — да тых платформ, на якіх возяць панелі, фермы і «сігары»; платформы такія яна бачыла на ваенным парадзе ды ў ракетнай часці, што стаяла недалёка ад прыдняпроўскага гарадка. Ад хатніх маразілак да рэфрыжэратараў. І тады яна паверыла, што Шатохін сапраўды просіцца сам: ёсць куды! Гэта не гарадская каналізацыя і цепласетка з іх бясконцымі аварыямі.
Кандыдатуру Шатохіна ўзгаднілі і ў абкоме, і ў міністэрстве. Цяжэй было з сапернікам яму. Дэмакратыя вымушае даць не пешку супраць ферзя, якую могуць збіць да галасавання. Але кадравая палітыка патрабуе, пры самай шырокай дэмакратыі, гнуткасці, каб правесці ўзгодненага чалавека. Стыхіі не можа быць. Так разумела малады сакратар гаркома. Бо інакш у чым жа сэнс партыйнага кіраўніцтва?
Зноў падказаў хітры Піліп: галоўнага інжынера завода Галубятніка, Міхаіла Юзафавіча. Вопытны работнік. З былым дырэктарам вёў вайну, і партарганізацыя падтрымала інжынера: чалавек змагаўся і за план, і за якасць, і за абнаўленне завода.
Ала Уладзіславаўна спачатку здзівілася і, не раскрываючы сваю задуму нават другому сакратару, кінула яму папрок:
«Падстаўляеш ты, Піліп Іванавіч, Шатохіну ножку. Прагаласуюць за твайго Галубца».
Але пра Баброўку даўно гаварылі, што ён умее чытаць чужыя думкі.
«Не прагаласуюць».
«Чаму?»
«Па-першае, Галубятнік бывае грубым, можа пакрыць мацюком, прабачце... не рабочых,— начальнікаў цэхаў, майстроў. Асабліва не любяць яго планавікі і бухгалтары, ён высмейвае іх планаванне з яўрэйскай дасціпнасцю. Другое: у гадах інжынер, за пяцьдзесят, і на заводзе доўга — намазоліў вочы. Цяпер стаўка на маладых. І, нарэшце, трэцяе: пішацца палякам. А ці ёсць сярод палякаў хоць адзін Галубятнік?»
Гэта рассмяшыла Алу Уладзіславаўну.
«Галубятнікаў няма?»
«Галубятнікаў хапае. Прозвішча няма. А такіх, пярэхрыстаў, не любяць. Чаму ты скрываеш сваю нацыянальнасць? Чым яна горшая за іншую? Мы ж усе інтэрнацыяналісты».
Але Галубятніка прыйшлося ўгаворваць. Ажно на ўзроўні першага сакратара гаркома. Адмахваўся рукамі і нагамі. І ўсё разумеў: «Вам хочацца пад старасць выставіць мяне дурнем перад усім заводам? У мяне чацвёра дзяцей, і ўсе працуюць у гэтым горадзе. Унукі — школьнікі. Я перажыву. Яны не перажывуць ганьбы. І мая Соф'я Міхайлаўна. Яна з'есць мяне, старога кар'ерыста, і костачкі выплюне. Яна ў мяне такая...»
«Ды чаму ганьба? У прэзідэнты не праходзяць і не лічаць сябе зганьбаванымі».
«Дык тое ж у іх... у праклятых капіталістаў».
«Як жа вы адвучаны ад дэмакратыі!»
«А хто мяне прывучаў да яе?»
«А мне казалі: у сябе на заводзе вы — дэмакрат».
«Дык там я ганяю гультаёў і разгільдзяяў як сідаравых коз. Але хіба гэта дэмакратыя? Прабачце, я часам гну гэтыя самыя... як яны называюцца па-цэнзурнаму?.. каб не разанула ваша вушка...»
«Ну, ад гэтага лёгка адвыкнуць».
І тут інжынер пайшоў «у рожкі».
«Таварыш сакратар! Скажыце шчыра: вам жа хочацца правесці Шатохіна? А мяне вы падстаўляеце для, прабачце, дэмакратыі».
Цяжкая размова была. Але ўсё ж Але Уладзіславаўне ўдалося ўгаварыць старога недаверу.
«Ат, было не было. Праверу — якое яно, маё шчасце».
Наліцкая пасля гэтай размовы, якая нагнала ёй поту, доўга адчувала задавальненне сабой: умее пераканаць не толькі сваіх равеснікаў і маладзейшых, але і такіх упартых «Галубцоў». Памыліўшыся, упершыню пачуўшы гэтае смешнаватае прозвішча, Ала Уладзіславаўна і надалей у думках называла яго «галубцом», а часам — «галубчыкам».
...Вылучэнне прайшло, як па напісаным, хоць сцэнарыя з ходу не пісалі, ад чаго Зоя Булат, якая старшынствавала, адчувала сябе нязвыкла. Трэцяга не вылучылі, і гэта спрашчала задачу. Сакратар гаркома ўпэўнілася ў поспеху эксперымента. Праўда, далейшы ход яе трохі збянтэжыў.
Шатохіна прадставіў сакратар парткома Станіслаў Сліжэўскі. Грунтоўна расказаў пра яго Воблікаў з экскурсамі ў аспекты перабудовы, якая павінна адбыцца ў краіне і на заводзе.
Заводскія за Шатохіна не выступалі. А за Галубятніка гаварылі.
Ала Уладзіславаўна пыталася ў Зоі:
«Хто гэты Шымко?»
«Рабочы».
«А гэты? Як яго?»
«Карэц? Шафёр-выпрабавальнік».
Вось у гэтым найбольшая небяспека — што за інжынера выступаюць рабочыя. Але потым начальнік цэха шасі Ляховіч гэтага Галубятніка, як кажуць, «прапусціў праз мясарубку». Яму нават пляскалі. Праўда, у пярэдніх радах, дзе сядзелі ітээр. «Лепш было б, каб падтрымала галёрка»,— падумала Наліцкая.
І вось тады, калі Ляховіч закругляўся, у залу ўвайшоў Вася Ліхач. Для Алы Уладзіславаўны — Вася. Для ўсіх іншых — Васіль Васільевіч, дырэктар суседняга, праз дарогу, завода гандлёвага абсталявання.
З'яўленне Ліхача амаль спалохала Алу Уладзіславаўну — нядобрым прадчуваннем. Вельмі добра яна ведала гэтага ліхача і з вялікай, і з малой літары.
Ліхач прайшоў у першы рад, дзе былі свабодныя месцы, і адразу, як скончыў Ляховіч, папрасіў слова.
На дырэктара ён мала падобны: хлапчук — без пінжака, у касаваротцы з кароткімі рукавамі, у джынсах.
«Пад заходніка іграе Вася. Не мяняецца мой аднакурснік»,— падумала Ала Уладзіславаўна бадай ужо весела, з гумарам, чакаючы, што ён змарозіць, каго брыкне — Шатохіна ці Галубятніка. Сутыкаўся ж, безумоўна, неаднойчы і з намеснікам старшыні, ды і з суседам мог счапіцца — абодва задзірыстыя, гарачыя.
Ліхач адкінуў з ілба непакорлівыя, выцвілыя ад сонца валасы. «Не сядзіць у кабінеце. Так загарэў»,— з асуджэннем і зайздрасцю падумала Наліцкая і тут жа сцялася, быццам на яе абрынулася бэлька, ажно ў жываце захаладала. Што ён гародзіць? А Ліхач гаварыў сур'ёзна:
— Таварышы рабочыя, інжынеры, дарагія суседзі. Ведаю, чаго вы сабраліся. На вельмі адказны сход, першы такі... І я ўзышоў на гэтую трыбуну, каб прапанаваць сваю кандыдатуру на дырэктара вашага завода.
У зале, у розных месцах, сыпнулі смяшкі, але на тых, хто засмяяўся, зашыкалі. Аўдыторыя была сур'ёзная. І сітуацыя ўзнікала нечаканая.
Разгубленая Булат глядзела на сакратара гаркома: што рабіць? Але і Наліцкая не ведала, што рабіць,— выпадку такога не было ў яе практыцы. Але шмат чаго не было! Ох, нялёгкі лёс у партыйнага кіраўніка — у гэты незвычайны, няхай і цікавы, час дэмакратызацыі і галоснасці. Але ж і дэмакратыяй трэба кіраваць, а інакш яна можа перарасці ў анархію. Вася гэты, Васілёк, «мілы друг», як ласкава называлі яго студэнткі, і ў інстытуце адмочваў нумары, за якія даставалася ў камітэце ёй, камсоргу курса. Дык што ў даным выпадку — чарговы «конік», здзек з дэмакратыі ці сур'ёзны ўчынак? Паспрабуй згані яго з трыбуны. Па-першае, як прыме гэта сход? Безумоўна, выступяць за яго. І пляснешся што ў лужу. А потым яшчэ
Леанід Генадзьевіч далікатненька, але ўедлівенька высмее з трыбуны пленума абкома, «першы» ўмее гэта рабіць, не пасаромеецца выставіць «вялікай дэмакраткай» маладога сакратара.
Здаецца, выручае Воблікаў.
— Васіль Васільевіч! Сход падвёў рысу.
Не, і яго не ратаваў вопыт. Устарэлыя прыёмы не дзейнічаюць. З залы, з розных яе куткоў, закрычалі:
— Ніхто не падводзіў!
— Вы галасавалі за яе, за рысачку гэтую? Прывыклі рысы падводзіць.
— Тайнае галасаванне пакажа.
Ліхач з пераможнай усмешкай павярнуўся да прэзідыума.
— Дык, выходзіць, маю права. А, Міхал Паўлавіч?
— Гаварыце,—- паблажліва дазЗоліла Наліцкая.
— Дзякую, Ала Уладзіславаўна,— Ліхач галантна пакланіўся нахілам галавы.
Наліцкая ўнутрана паморшчылася:
«Не, не змяніўся. Усё такі ж паяц. Скамарох!»
— Каротка пра сябе. Тутэйшы. Нарадзіўся ў Капытках. Бацькі і цяпер у саўгасе.
Наліцкая ўпікнула сябе: пяць гадоў вучыліся ў адной групе, была яго камсамольскім кіраўніком і не ведала, што Ліхач з гэтых мясцін, ніхто ніколі не называў яго заходнікам, відаць, таму, што сам ён ніколі ні да якіх груп не прымыкаў. Гэта была, бадай, яго станоўчая рыса, можа, за гэта яго, шалапута, любілі, асабліва дзяўчаты, якіх на факультэце было не так многа.
— Скончыў машынабудаўнічы факультэт. Працаваў на Гомсельмашы. Выгналі...
У зале засмяяліся.
— Схапіў загрудкі начальніка цэха. Грубіян быў. Мантажнік.
«Ну, Ліхач — лаўкач! Як хітра пляжыць канкурэнтаў. Цікава, як праедзецца па Шатохіну?» — з усмешкай падумала Ала Уладзіславаўна.
— Рабіў інжынерам на оптавай гандлёвай базе. Не навучыўся красці — хацелі выгнаць.
Зноў смех.
— Але на гэты раз я дабраўся да першага сакратара абкома. Начальства базы ўспыхнула сінім полымем. А мяне Леанід Генадзьевіч паслаў дырэктарам гэтага заводзіка. Паверце, не сябе хвалю — калектыў: за тры гады завод стаў лепшым у сістэме. Вы бачылі: адзіны дырэктар на гарадской Дошцы гонару.
Наліцкая, здалося ёй, пачула, як раздзірае ён яе хітрасплеценую задуму — што трывалае палатно, канец якога ён выхапіў. Колькі гэтага палатна застанецца ў яе руках? Шматок?
«Дошку гонару трэба зняць — устарэлая форма. Збудавалі ў скверы вароты на мармуровым п'едэстале!»
— Пра ваш завод, пра яго перспектыву скажу, калі ўключыце мяне ў спіс прэтэндэнтаў на дырэктарскае крэсла. А цяпер давайце пытанні. Адкажу, як на споведзі.
— Жанаты? — выгукнула з сярэдзіны залы маладзіца.
— Палез бы я на гэтую трыбуну, каб быў нежанаты. Хіба халасцяк можа кіраваць такім сур'ёзным заводам? Навошта яму такая зарплата? На прапой. А мне дзяцей трэба карміць.
Наліцкая сцялася, быццам ён сцёбнуў па ёй.
«Бестактоўны тып. Але дыпламат. Шатохіна не зачапіў».
— За зарплатай гонішся? — паважна, прыпадняўшыся, спытаў з першага рада галоўбух Яўтушка.
— Не толькі. Але што ў гэтым дрэннага, Павел Іосіфавіч? Мы з вамі добра ведаем прынцып сацыялізму...
— Гарэлку п'еш?
— П'ю. Калі даюць. Але ж не даюць — у горадзе поўная цвярозасць.
Зала выбухнула рогатам.
«Зноў па мне?» — ужо без злосці, паблажліва падумала Ала Уладзіславаўна: продаж спіртнога спынілі па яе прапанове на час сенакосу і ўборкі ўраджаю: горад актыўна памагаў сялу. Але чаму рагочуць? — во што ўстрывожыла.
— Чаму рогат? — спытала яна ў Воблікава.
— Бо няма яе, цвярозасці,— гоняць самагонку.
Воблікаў на бюро выступаў супраць поўнай забароны:
«Зарплату не будзе чым плаціць».
«Нічога, пераможам і гэтае зло».
«Дай бог».
Хітругай гэты Воблікаў: часцей за ўсё згаджаецца, а робіць па-свойму. І гарэлачку «выкінуў» да Дня вызвалення. Можна было б запісаць яму за парушэнне пастановы бюро, але не захацела заядацца на пачатку сумеснай работы.
А зала сыпала пытанні. Ліхач дасціпна адказваў. Ішла забава, вызначыла Наліцкая, такой тут, напэўна, ніколі не было, а народ любіць павесяліцца, нават робячы сур'ёзную справу.
— Чужых баб любіш? — дзіўна, што жаночы голас: во бессаромнае насенне!
— Яшчэ б! Такі малады!
— Люблю. Маладых і прыгожых. Але баюся жонкі. І так, бачыце, чупрына парадзела. Ого, зірні я на маладзіцу! — прыгожым жэстам адкінуў звіслыя на лоб валасы.
Магчыма, не сам адказ, а гэты яго жэст і ўся нейкая ж вельмі мужчынская пастава адключыла Алу Уладзіславаўну ад залы, ад выбараў дырэктара, ад усіх іншых клопатаў і ўміг перанесла ў мінулае — у Мінск, у студэнцкія гады, у інтымнае, пра што яна даўно не ўспамінала — да прыезду ў гэты горад, да сустрэчы з ім.
Ліхача любілі, асабліва дзяўчаты,— такіх шалапутных заўсёды чамусьці любяць. І яна на першых курсах заглядалася на яго, гэта нават заўважылі суседкі па інтэрнацкім пакоі — калі яна захапілася Блокам і ўвогуле любоўнай лірыкай — да позняй ночы чытала. «Сохне Алка па Васю». А потым думкі яе скіраваліся на іншае. Здаецца, на трэцім курсе дзяўчаты са смехам расказалі, што Вася Ліхач лазіць у дзявочы інтэрнат па вяроўцы. Выкідваюць яму з акна вяроўчыну, і ён са спрытнасцю ката ўзбіраецца на трэці паверх. Ала, камсорг групы, абурылася і хацела разабраць яго ўчынак, які ганьбіць студэнта, камсамольца. Адгаварыла яе старэйшая ў групе Галя Бурэйка, жонка выкладчыка інстытута.
«Не рабі гэтага, Алачка, не раю. Ён стане героем, ты не знаеш псіхалогіі мужчын. Можа, у дэканаце і абурацца, але гэта ж не такая крамола, каб яго сурова пакаралі. Даўно ж, нават на сходах, смяюцца, што дзявочы інтэрнат ператварылі ў манастыр. Пасмяюцца з цябе, а не з яго. Павер майму вопыту».
Вопыту Галі яна не верыла, але становішча Бурэйкі — усе выкладчыкі да яе з павагай — вымушала згадзіцца. Аднак пра тых дзяўчат, што спускаюць вяроўку, яна доўга выказвалася з абурэннем. «Якая ты правільная ў нас, Ала!» — адны гаварылі гэта сур'ёзна, другія — з гумарам, а трэціх — не зразумець. Гэтых трэціх, што «ні вашым ні нашым» яна асабліва не любіла; сябе яна лічыла самым шчырым чалавекам і самым смелым: рэжа праўду ў вочы, нават дэкана на сходах крытыкавала і ганарылася гэтым.
А было яшчэ такое. У пачатку пятага курса яна прабірала Ліхача за вытворчую практыку — гуляка часта знікаў з завода. Студэнтам групы гэта не падабалася: гучала даносам, неэтычна выдаваць таварыша, тым больш што справаздача яго аб практыцы не горшая за тваю, пра гэта хтосьці і выгукнуў. Яна не адчувала варожасці аўдыторыі і распалялася, пранікалася зацятасцю, мнагаслоўна даказвала апраўданасць сваёй крытыкі: маўляў, дзеля яго ж карысці. Значна пазней зразумела, што для такой апантанасці не было падстаў — дробнае пытанне; яна ўмела паглядзець на сябе і самакрытычна. (Праўда, заўважым наперад, амаль заўсёды са спазненнем.)
Ліхач слухаў уважліва, без заўсёднай сваёй скептычнай усмешкі, і гэта яе насцярожвала: такая сур'ёзнасць што зацішша перад навальніцай — чакай бліскавіцы жарту. І ён бліснуў, жарт. А калі гэта быў не жарт?
Вася падняўся і без усмешкі, на поўную сур'ёзнасць, перад усёй групай у трыццаць чалавек сказаў:
«Алка, выходзь за мяне замуж. Во пара будзе! Я — няправільны. Ты — правільная. Закон супрацьлегласці! А якія дзеткі ў нас будуць!»
Яна магла б прыняць жарт яго — прывыкла за чатыры гады — і не звярнуць увагі. Але дзяўчаты, дурніцы, закрычалі:
«Алка, згаджайся! Лаві момант! А то позна будзе. Такія хлопцы не валяюцца!»
Яна абразілася і са слязамі на вачах выскачыла з аўдыторыі, чаго не рабіла ніколі, нават калі размова даходзіла да сур'ёзных сутычак, да абвінавачвання яе ў кар'ерызме, а гэта часам рабілі. Дзіўна, Вася выйшаў следам і зноў-такі зусім сур'ёзна папрасіў прабачэння. І ёй стала сорамна за свае слёзы. А пасля ён быў уважлівы да яе, пачцівы, без смяшкоў. І ў яе — о, слабы пол! — часам з'яўляліся зусім бабскія думкі! Але яна праганяла іх: не на кухні і не ў пялёнках яе прызванне!
А потым здарылася гэтае... Недзе ў зімовыя канікулы. Яна позна затрымалася ў пакоі камітэта — выконвала абавязкі сакратара інстытуцкага камітэта, вызвалены сакратар быў на вучобе ў Маскве. У пакой увайшоў Вася Ліхач. Не павітаўшыся, спыніўся ля парога і пачаў дзіўна разглядаць яе — як убачыў упершыню. Яна адступіла ад стала да сцяны і таксама моўчкі глядзела на яго са страхам і... надзеяй. Божа! Якая ганьба — з надзеяй!..
І раптам ён павярнуўся і шчоўкнуў выключацелем.
«Ала! Пагуляем у кошкі-мышкі?»
І яна не абурылася, не выставіла нахабніка прэч.
Яна ўсё з тым жа страхам чакала.
Калі трохі адаптавацца, знайсці чалавека ў зацемненым пакоі няцяжка — вуліца далекавата, але святло ліхтароў даходзіць.
І ён адразу знайшоў яе. Абняў, моцна прыціснуў, пачаў прагна цалаваць... у вусны, у шыю. І — о, жах! — ёй гэта было салодка. Потым яго рука дакранулася да калена і, гарачая, папаўзла ўгору, забралася пад трусікі да самага патаемнага месца і ласкава, да неверагоднасці, да галавакружэння прыемна гладзіла гэтае месца. Сапраўды, яна згубіла галаву ў той, адзіны ў яе жыцці, міг. А ён асцярожна, па сантыметры, падводзіў яе да канапкі, што стаяла ў кутку за газетным столікам. О, гэты пракляты столік! Яны такі зачапіліся за яго, пахіснуліся, і ў яе зляцелі акуляры, з гучным звонам разбіліся. І тады яна адпіхнула яго і сказала: «Дурань!»
Васіль выпусціў яе, адступіў і — як растварыўся ў змроку; яна не бачыла яго і не чула нават дыхання, хоць, цалуючы, ён задыхаўся. Яна не чула, калі ён адступіў ажно да дзвярэй, да выключальніка. Калі нечакана ўспыхнула люстра на пяць вялікіх лямп, яна, заплюшчыўшыся, чамусьці вельмі спалохалася: чакала, што ён зганьбіць яе. Не, Вася меў, як ніколі з часу іх знаёмства, разгублены выгляд, такім не бачыла яго ні разу ні перад кім.
Ён нахіліўся, падняў пазалочаную аправу яе акуляраў, асцярожна палажыў на столік. Уздыхнуў — са шкадаваннем. Сказаў ціха, ветліва, прыстойна: «Прабач, калі ласка».
Ёй захацелася заплакаць, яна спалохалася і адвярнулася. Ён спытаў: «Да інтэрната без акуляраў дойдзеш? Ці праводзіць?»
Яна адказала раззлавана:
«Дайду без цябе!»
«Бывай здарова. Шчасця табе».
Гэтае «шчасця табе» не давала заснуць усю ноч. Не, не гэтае. Дотык яго рукі да мясцін, якіх краналася хіба што рука маці даўно, у яе маленстве; нават дактарам, жанчынам, яна ні разу не дазволіла на медаглядах мацаць у тым месцы, праўда, ніводная і не настойвала на гэтым: не ў сталоўках практыку праходзіць — на заводах. Толькі адна па-матчынаму ласкава пагладзіла яе жывот, ногі, пахваліла:
«Прыгожае ў цябе цела. Во будзе шчасце камусь».
Гэта яе ўсхвалявала мацней, чым усе заляцанні студэнтаў і нават выкладчыкаў.
Так, незвычайная была тая ноч, незабыўная.
Часцей — сорам! — яна замірала ад цеплыні яго рукі. Пасля, ацверазеўшы, гневалася: нахабнік, лавелас, марцоўскі кот! Гэта табе не па вяроўках лазіць. Не на тую натрапіў! І бадай супакоілася і заснула, калі адагнала ўспаміны пра ўласную слабасць і канчаткова пераканала сябе, што сапраўды не на тую натрапіў, што грэхападзення не адбылося толькі дзякуючы яе стойкасці і высокім маральным прынцыпам. Адступілі ўсе староннія думкі, якія расслабляюць, і прыйшло задавальненне сабой: але, яна вось такая і такой застанецца! Самазадаволенасць гэтая яшчэ больш вырасла, калі яна прыйшла ў інстытут і ўбачыла, што Ліхач вінавата адводзіць вочы. Праўда, праніклівая Галя Бурэйка спалохана прашаптала:
«Што гэта Вася на цябе баіцца глядзець? Пляснула па мордзе? Ці пабывала ў раі?»
Замужняя жанчына, маці дзіцяці, называе гэта раем? Што робіцца на свеце!
Але нішто не спыніла задаволенасці сабой. І няўцям дзяўчыне было, што такая самазадаволенасць, любаванне сваёй недаступнасцю аддаляе яе жаночае шчасце.
...Наліцкая ўздрыганулася, кроў ударыла... не ў галаву — у жывот, прычыніўшы моцны боль, на лбе выступіў пот. Яна ледзь не ўскрыкнула. Здалося немаведама што: быццам усе гэтыя людзі, пяцьсот чалавек, што сядзяць у зале, убачылі тое ганебнае, што магло адбыцца ў цёмным інстытуцкім пакоі дванаццаць гадоў назад і... засмяяліся. Не адразу дайшло, што засмяяліся з нечага, што сказаў Ліхач, яна не пачула — што, бо знаходзілася там — далёка...
Воблікаў спытаў:
— Што з вамі, Ала Уладзіславаўна? Вады даць?
Яна паглядзела на старшыню асуджальна — за тое, што ён такі ўважлівы да таямніц яе перажыванняў, да змены выгляду яе твару.
— Не трэба мне вады.
І прымусіла сябе слухаць прэтэндэнта на пасаду дырэктара. І віноўнік раптоўнага ўспаміну, страшнага сваім магчымым вынікам — праявай яе дзявочай слабасці, і яшчэ страшнейшага тым, што была ва ўспаміне гэтым нейкая сарамлівая прыемнасць, ад чаго ажно ў жывот ударыла,— ён, Вася, адразу што з калодзежа яе дастаў, вярнуў да рэальнасці, у асветленую залу, на цэнтральнае месца за сталом прэзідыума, да адказнага эксперымента.
Ён не жартаваў — гаварыў сур'ёзна і пра сур'ёзныя рэчы — пра прычэпы, рэфрыжэратары. Ён параўноўваў машыны, якія выпускае завод, з аналагічнай тэхнікай японскай, амерыканскай, нямецкай. Металаёмкасць, гарантыйны прабег. Адкуль узяў такія даныя? Выходзіць, загадзя рыхтаваўся да конкурсу. Чаму ж спазніўся на сход? Для эфекту? Ён і ў інстытуце ўсё рабіў эфектна, тэатральна. Акцёр!
Параўноўваць свае вырабы з сусветнымі ўзорамі стала амаль модай. Але, паколькі гэтыя параўнанні цалкам не на нашу карысць, Ала Уладзіславаўна прымала іх цяжка, насцярожана, бадай з болем: навошта раздзяваць сябе дагала? Ну, ладна, тавары шырспажыву, мы ім мала ўдзялялі ўвагі... А цяжкая індустрыя? Тая, што сакрушыла ваенную машыну фашысцкай Германіі, на якую працавала ўся Еўропа. Хіба нашы самалёты, танкі былі горшыя ўжо тады, амаль паўстагоддзя назад? Што ж, мы ўсе гэтыя дзесяцігоддзі стаялі на месцы, калі яны, капіталісты, імкліва рухаліся? Неаднойчы ёй хацелася сказаць такім смелым выкрывальнікам тэхнічнага адставання сваёй краіны: «Што вы параўноўваеце японскія відэафоны з нашымі? Мы толькі пачынаем іх вытворчасць. Французскія чаравікі з мінскімі. Вы параўнайце ракеты, касмічныя караблі, падводныя лодкі».
Дзіўна, Ліхач параўноўваў і ваенную тэхніку — платформы, на якіх возяць ракеты. І марку назваў. А яна ж засакрэчаная. Ёй, сакратару гаркома, выпісвалі спецыяльны пропуск у цэх, каля якога стаіць ваенная ахова. Праўда, і ёй гэтыя строгасці здаліся непатрэбнай гульнёй. Але такая галоснасць з вуснаў, па сутнасці, старонняга чалавека спалохала Наліцкую. Хто яму даў такія факты, лічбы? Хто дазволіў? Аднак жа слухаюць яго ўсе вельмі ўважліва, моўчкі, у тым ліку і ваенны прадстаўнік — падпалкоўнік. Праўда, на сходзе ён у цывільным. Ала Уладзіславаўна знаёмілася з ім пры наведванні завода і запомніла: ён выказваў смелыя заўвагі кіраўніцтву завода.
— Машын нашага класа выпускаецца ў краіне...
«Нашага». Ужо — нашага. Чыста ліхачоўская самаўпэўненасць»,— усміхнулася Ала Уладзіславаўна і прапусціла лічбу.
— ...Праўда, даныя пяцігадовай даўнасці. Але для нагляднасці гэта не мае значэння. Для прыкладу. Уявіце, каб усе мы знізілі іх металаёмкасць да ўзроўню заходнегерманскага... на адну пятую... на дваццаць працэнтаў. Давайце падлічым. Можна без камп'ютэра падлічыць. Прыкінь, Павел Іосіфавіч!
— Іншы метал трэба,— кінуў рэпліку нехта з інжынераў, з першага рада.
— Правільна... Але калі не будзем патрабаваць ад металургаў новых профіляў, то калі яны з'явяцца? Не перабудуюцца да двухтысячнага года. Давайце абумовім у дагаворах. Не рабіць па прынцыпу: што даюць — і за тое дзякуй. На гіры — ганьбу нашу, рэч каменнага веку... мы ўсё яшчэ выпускаем іх — і то не ўсякі метал падыходзіць...
З гір засмяяліся, чамусьці асабліва весела. Воблікаў рагатнуў у вуха Але Уладзіславаўне. А ёй заўсёды рабілася брыдка, калі мужчына зблізку дыхаў у твар. Яна зморшчылася. Аднак спазм твару зняў тупы боль у жываце. І яна з палёгкай уздыхнула.
— Падлічылі, колькі мы зэканомілі б металу? А цяпер аб хадавой часці, аб рэсурсах прабегу. Пра японскія я не мару — няскора дацягнем. Аднак каб мы здолелі павялічыць прабег хаця б працэнтаў на дзесяць-дванаццаць. Дух захоплівае, калі думаеш пра лічбы эканоміі і эфектыўнасці...
Калі гэта ж зробяць і аўтазаводцы — ухты-муфты!..
Гэта трэба ўмець — пра эканоміку гаварыць весела.
Ала Уладзіславаўна павярнулася да суседа злева, ёй падабалася, што ад Шатохіна пахне не тытунём, а тонкім адэкалонам; яна ў пачатку сходу нават са смяшком падумала: «Ці не п'е ён яго?»
— Вось як трэба рыхтавацца.
— Ды ўжо ж,— хмурна адказаў прэтэндэнт нумар адзін.
Ліхачу дружна пляскалі. Воблікаў яўна дэманстратыўна біў у далоні над самым вухам. Гэта раздражняла, і яна падумала, што за продаж гарэлкі на мінулым тыдні старшыні ўсё ж варта запісаць.
Бадай ўвесь час, пакуль выступаў Ліхач, яна не адкрыта, не рашуча — падсвядома думала, як не дапусціць уключэння яго ў спіс для тайнага галасавання. Апладысменты залы і... Воблікава канчаткова зруйнавалі яе тайны намер. Не, ніякіх хадоў, якія б абмяжоўвалі дэмакратыю! Урэшце, калі з абкома кінуць папрок, можна добрую долю яго зваліць на Воблікава, на Баброўку: яна, маўляў, чалавек новы тут, а яны старыя работнікі — павінны былі прадугледзець, падказаць.
У перапынку, пакуль друкавалі бюлетэні, пілі чай у пакоі прэзідыума. Столікі там нізкія, газетныя, крэслы мяккія. Наліцкая ніколі не любіла сядзець у такіх: не ведаеш, куды дзяваць доўгія ногі. А тут... у пакой заглянуў Ліхач, з нечым звярнуўся да Баброўкі. Аднак яна ўгледзела, як позірк яго спыніўся на яе каленях. І яе зноў кінула ў жар і зноў удар крыві не ў галаву — у жывот. Ніколі падобнага не было пры самых стрэсавых сітуацыях — прылівала да галавы. І зноў абдала гарачая... ці халодная? — не сцяміць — хваля непрыемнага ўспаміну. Але ці такі ўжо ён непрыемны? Во што, бадай, палохала.
Калі Ліхач выйшаў, Але Уладзіславаўне пачало здавацца, што ўсе маладыя мужчыны разглядаюць яе ногі, адзін хіба стары Воблікаў абыякавы. Раней гэта не бянтэжыла: мужчыны часта паглядвалі на яе прыгожыя ногі і ніколі ад гэтага чырвань не залівала твар.
Не дапіўшы чай, спаслаўшыся на духату, Наліцкая выйшла на вуліцу. Але і там прахалоды не было, хоць сонца і схавалася за блізкімі дамамі мікрараёна. Парыла. Падобна, на ноч збіралася навальніца. Гарком займаецца не толькі горадам, але і сельскім раёнам, савецкія органы раздзельныя. І яна з заклапочанасцю добрай гаспадыні падумала, што, калі пройдзе дождж, гараджанам, якія выедуць заўтра на суботнік у калгасы і саўгасы, не будзе фронту работы, бо стаяла задача ў гэтыя спякотныя дні падагнаць уборку сена. Трэба раніцою, не пазней як у шэсць, звязацца са старшынямі і дырэктарамі, высветліць абстаноўку і даць параду. Цяпер выступаюць супраць парад зверху. Але як без іх? У чым жа будзе заключацца партыйнае кіраўніцтва? Іншая справа, каб не было патрэбы пасылаць людзей з горада. Тады і колькасць званкоў можна было б абмежаваць. Давайце хлеб, давайце малако, мяса, а як вы іх вырошчваеце — ваша справа. Дык не выходзіць жа так.
І зноў — Ліхач. Як злы дэман, як прывід. Ён стаяў у акружэнні вялікай групы і, безумоўна, расказваў анекдоты, бо слухачы рагаталі.
«Дэмагог,— нядобразычліва падумала былая аднакурсніца.— Умее выгодна падаць сябе».
Убачыў яе, пакінуў сваіх слухачоў, пайшоў насустрач, прыветлівы, вясёлы, фізіяномія — што намаслены блінец.
Не даўшы яму першаму загаварыць — сказаў бы які-небудзь пошлы камплімент,— Ала Уладзіславаўна спытала ва ўпор:
— Навошта табе гэтае дырэктарства?
— Ха! Ала! Яшчэ Кутузаў сказаў: калі не падумаеш сам пра сябе, то хто пра цябе падумае? Я ведаю сабе цану.
— Высокая яна ў цябе.
— Не высокая, але і не нізкая. Ты добра ведаеш, што я здольны на большае, чым рабіць гіры.
— Адкуль гэта ты даныя такія выкапаў аб гэтай тэхніцы? — кіўнула яна ў бок завода прычэпаў, потым — у бок яго завода.— Не аб вагах сваіх.
— А мне Міша Стасюк прыслаў. Помніш яго? Ён у Маскве ў міністэрстве гэтым працуе.
— Ты з многімі нашымі перапісваешся?
— З хлопцамі — з многімі. Дзяўчат разгубіў — павыходзілі замуж. Сустрэў у Брэсце Наташу Рэнту, а яна, як качка, вядзе цэлы вывадак — трое пацаноў адзін у адзін. Во малайчына!
«А тактоўнасці ў цябе бракуе»,— падумала Наліцкая і спытала:
— У цябе многа дзяцей? — хоць добра ведала, колькі ў яго дзяцей, навяла даведку праз сакратаршу.
— Двое. Зайшла б у госці. Інстытуцкія таварышы...
— Жонка не прыраўнуе?
— Ха! — рагатнуў ён.— Да першага сакратара — не. Яна ў мяне разумная. Ды і я не дурань. Не расказаў ёй, што ты пяць гадоў сушыла маё сэрца.
Ала Уладзіславаўна з апаскаю азірнулася — ці не пачуў хто? Ціха, з паблажлівасцю старэйшай сказала:
— Балбатун ты, Вася. Якім быў...
— Такім і застаўся? — падхапіў ён запытальна і рашуча адмовіў: — Не! Ты не знаеш, які я сур'ёзны стаў.
— Пабачым.
З 447 чалавек, што ўдзельнічалі ў галасаванні, 276 падалі голас за Ліхача, 132 — за Галубятніка і толькі 39 за Шатохіна. Калі абвяшчалі вынікі, Воблікаў спытаў у Наліцкай — усё роўна як падслухаў яе патаемныя думкі:
— Дзве трэці не трэба?
Яна ўзлавалася: стары правакатар, добра ж ведае, што нідзе пра дзве трэці не запісана, ні ў адной інструкцыі, ні ў адной пастанове, дадзена поўная дэмакратыя — як вырашыць калектыў.
Аднак пакутліва думала: як далажыць у абком аб поўным правале ўзгодненага Шатохіна? На бюро не паклічуць, але падумаць могуць: слабаваты першы, не здолела арганізаваць як мае быць першае галасаванне, не разумее сутнасці дэмакратыі.
Калі выходзілі, Шатохін, бадай, непачціва і ўзлавана сказаў:
— Добры вы, Ала Уладзіславаўна, спектакль разыгралі. Выдатны рэжысёр! Аднакурснікаў цягнеце? Сваіх людзей...
Можна было абурыцца. Яна не абурылася. Пасля таго, як яе выбралі першым сакратаром, яе абурыў Ліхач, які прыйшоў за сцэну і па-панібрацку, залішне фамільярна павіншаваў: «Добра крочыш, Ала!»
А тут, пасля слоў Шатохіна, раптам узрадавалася. Усё ж атрымалася найлепшым чынам, сапраўды па-сучаснаму, у духу перабудовы. Хто-хто, а Леанід Генадзьевіч, безумоўна, ухваліць, Ліхача ён напэўна помніць, раз апальнага інжынера гандлёвай базы паслаў дырэктарам завода.
«Ліхача трэба падтрымаць,— цвёрда вырашыла Ала Уладзіславаўна.— Гэта мой выйгрыш, як кажа той жа Леанід Генадзьевіч».
Дзень быў душны, парны, але сонечны — на небе ні хмурынкі. «Мора сонца»,— пачула Ала Уладзіславаўна хлапечы голас раніцою — кагось з тых шчаслівых, што газавалі матацыкламі, збіраліся на раку. Учора стаяў такі ж дзень — з морам сонца, а скончыўся морам дажджу, ліўнем. У горадзе нарабіла бяды — затапіла падвалы, вада прарвалася ў аптэчны склад і папсавала лякарствы, якіх і без таго небагата. Першаму сакратару прыйшлося да поўначы займацца ліквідацыяй вынікаў «біблейскага патопу», як назваў лівень Баброўка. Зайздросны характар у другога, нічога яго не здзіўляе, не бянтэжыць, не выбівае з раўнавагі. А яна вось за ўсё хвалюецца. Паспала не больш як пяць гадзін і, як кажуць, па ранішняй расе — у калгасы. А там — спакой, як у Баброўкі. Старшыня калгаса «Партызан» Івіца толькі снедаў. Запрасіў і яе, але яна адмовілася, хоць пасля пашкадавала, бо дома выпіла кубачак кавы з зацвярдзелым сырам і пячэннем, хлеба нават не было, не паспела купіць учора.
Дзіўны гэты Івіца. Прозвішча чаго варта! А імя яшчэ больш дзіўнае, нейкае стараверскае — Фрол, а па-бацьку дык католік — Эдуардавіч. І ўсё, што акружае яго, гэткае ж супярэчлівае. Дом — катэдж, на выгляд добра ўгледжаны, усяродак яна не зайшла, але гардзіны і шторы багатыя. А перад домам, там, дзе павінны расці кветкі,— памідоры, не пасынкаваныя, не падвязаныя, разрасліся, ажно спляліся, каля плота — крапіва, на вуліцу лезе.
«Што ён, у калгасе памідораў не садзіць? Казалі ж: лепшы гаспадар. Дзе ж твой прыклад гаспадарання, калі ўласны гарод крапівай зарос?»
І сам — як Эдуард і Фрол: чысценькая маладзёжная сарочка, модная, імпартная, і зашмальцаваныя штаны, запэцканыя гумавыя боты. У ліпеньскі дзень з «морам сонца» — гумавыя боты! Так цяпер дзяды не адзяюцца. А ён жа — малады чалавек, хіба гады на тры старэйшы за яе.
У Алы Уладзіславаўны расла злосць на Івіцу. Уласна кажучы, настроенасць супраць яго з'явілася яшчэ да знаёмства, бадай, з учарашняга дня, калі складала маршрут сваёй паездкі па гаспадарках. Не магла ўспомніць гэтага Івіцу, выходзіць, за два месяцы яе работы ў таго не з'явілася патрэба наведацца да першага сакратара гаркома. Памочнікі, той жа Баброўка, інструктары, рапаўцы як забыліся на яго — не хвалілі, не ганілі ні на пасяджэннях бюро, ні ў прыватных размовах.
— Вы член гаркома?
— Ага.
— Прысутнічалі, калі мяне выбіралі?
— Быў.
Наліцкая здзівілася: у яе ж добрая памяць на твары, а такія рыжыя, па-шляхецку падкручаныя вусікі немагчыма не запомніць.
«Выходзіць, з тых, што не вылазіць наперад. Пасядзеў у кутку».
— Дождж многа напсаваў?
— Што вы, таварыш сакратарка! Хіба дождж можа зямлі напсаваць? Ячмені, праўда, трохі палажыла. А так — лета як па заказу.
«Што ён здзекуецца — «сакратарка»? Прастачком прыкідваецца?»
— А сенакос?
— А што сенакос? У нас — тры сушылкі.
— Сёння работай шэфаў забяспечыце?
— Шэфаў забяспечу, у нас з імі дагавор.
— Хто вашы шэфы?
— Завод аўтапрычэпаў.
— Ведаеце, што там выбралі новага дырэктара?
— Ліхача? Ён з нашага калгаса. За чатыры кіламетры яго вёска. У адну дзесяцігодку хадзілі, толькі я трохі старэйшы.
— Вунь як! — амаль здзівілася Ала Уладзіславаўна і пацешылася, што мае такое пільнае вока: узрост вызначала дакладна.— Колькі прыедзе шэфаў?
— Шаснаццаць.
— Колькі?!
— Чатыры машыны з прычэпамі. Па тры грузчыкі на кожны, плюс вадзіцелі. Да нас ахвотна едуць: мы добра плацім. І добра кормім.
Наліцкая дастала з папкі — дамскіх сумачак не любіла — спіс разнарадкі выезду гараджан на сельгасработы.
— Да вас прыедзе пяцьдзесят чалавек.
— Нам столькі не трэба.
Яна гнеўна пачырванела. Узлавалася не на Івіцу — на гаркомаўцаў, на кіраўнікоў РАПА: працуюць па-старому, фармальна, не ведаюць нават, якая дапамога патрэбна таму ці іншаму калгасу ці саўгасу. Можа, камусьці зусім не трэба. Не, пасылаюць. Там, у прыдняпроўскім раёне, дзе людзей у сяле значна менш і калгасы слабейшыя, такіх аўралаў не ўчынялі, панікі не рабілі, старшыню гарвыканкома не прымушалі выязджаць з гараджанамі. Выходзіць, не яна кіруе, не яна ламае замшэлыя завядзёнкі, а яе падхапіла і нясе старая інерцыя. Ламаць! Ламаць старое! Старшыня райвыканкома Сіротка прыкідваўся казанскай сіратой: вымагаў разам з начальнікам РАПА як можна больш людзей. А дырэктары стагналі: час адпачынкаў, людзей у цэхах не хапае. Дырэктар хлебазавода сказаў ультыматыўна, што не забяспечыць горад і раён... два раёны!.. хлебам, калі рабочых адарвуць ад цестамяшалак і печаў.
«Перш-наперш трэба думаць, з чаго спекчы гэты хлеб»,— на нарадзе ў гаркоме Ала Уладзіславаўна была задаволена сваім адказам, а тут раздражнёна падумала: дырэктары добра ведаюць, што некаторых людзей вывозяць у поле дарэмна. Аднак на нарадзе пра гэта ніхто не сказаў. Увогуле ёй не падабаецца маўклівасць гарадскіх кіраўнікоў, сельскія больш гаваркія, патрабавальныя. Што гэта? Стыль застойнага часу? Ці маўклівае ігнараванне ўказанняў гаркома? Маўляў, у нас сваё начальства ёсць — міністэрствы. Калі так, то трэба і гэта ламаць.
— Гаспадарку пакажаце? — спытала ў старшыні.
— Калі ласка, таварыш сакратарка.
— Маё імя — Ала Уладзіславаўна.
— Зразумеў.
«Прыкідваецца мужычком. Боты нацягнуў...»
Наліцкая даўно, з абкома камсамола, не любіла такіх вось дамарошчаных акцёраў у кіраўніцтве, у калгасах іх больш, чым дзе, яны неаднойчы ставілі яе ў няёмкае становішча сваёй ігрой. Яна — шчыра, верачы ім, а яны падсоўвалі лухту, абракадабры. Сакратару абкома камсамола такіх жабак можна было пракаўтнуць, хоць і брыдка. А ўжо ў гарвыканкоме яна давала такім па носе. Ставіла на месца, навучыла павазе. Тым больш гэта трэба рабіць у яе цяперашнім становішчы.
— У вас якая адукацыя, Фрол Эдуардавіч?
— Ветэрынарны тэхнікум.
— Завочна не вучыцеся?
— Спрабаваў — не выцягнуў. Чацвёра дзяцей. І ад гаспадаркі не адарвешся. Дня не хапае. Дзяцей не бачыш.
«Трэба мяняць. Цяпер без вышэйшай адукацыі не кіраўнік,— цвёрда вырашыла Наліцкая.— Інстытут не выцягнуў. Як жа перабудову выцягне?»
— Што ў вас памідоры так зараслі?
— Цешча ў бальніцы.
— А жонка?
— Яна ў дзіцячым садзе робіць. А ў нас сад — з цямна да цямна,— і нявесела пажартаваў: — Жонку таксама няма калі пацалаваць.
Лужыну паміж веснічкамі і машынай Ала Уладзіславаўна абышла. А Івіца паплёхаў праз лужыну. Яўна знарок. Яна ледзьве не засмяялася, убачыўшы, як зірнуў на старшыню яе чысцюля Толік, шафёр; машыну і ўнутры, і звонку ён утрымлівае ў ідэальнай чысціні, паездка па палявой дарозе для яго трагедыя, на яе жарты нязменна з гонарам адказвае: «Я генерала вазіў». Яна ўсё намервалася заглянуць да шафёра дадому: цікава, які парадак у яго ў кватэры? Сябе яна часам папракала, што не заўсёды наводзіць чысціню ў кватэры — не хапае часу.
Павярнулася да Івіцы:
— Як думаеце перабудоўвацца?
— А мы даўно перабудоўваемся.
— Як даўно?
— Ды гадоў дзевяць. Як я прыйшоў сюды.
— Высокай вы думкі пра сябе.
— Чаму пра сябе? Пра людзей. Надойвалі мы тады тысяча восемсот, а цяпер — тры чатырыста...
— І вы лічыце гэта дасягненнем?
— Няхай усе па столькі дадуць — не будзе куды малака дзяваць. З нашым малаказаводам.
Заводам Наліцкая займалася, на бюро слухалі, хацелі ўляпіць дырэктару вымову, яна ратавала — не яго віна, былога міністэрства, цяперашняга ўпраўлення аграпрома.
— І ўраджайнасць. Было чатырнаццаць. А ў мінулым годзе — дваццаць сем. У гэтым, калі ніякай стыхіі не здарыцца, плануем... Хіба не перабудова?
«Такога не заменіш. Такога Леанід Генадзьевіч напэўна асабіста ведае. Паспрабуй сунься з заменай — будзеш тыдзень чырванець. Хіба што на павышэнне — у РАПА».
Вуліца гразкая, выбітая, з глыбокімі лужынамі. Толік ажно стагнаў — так шкадаваў новенькую чысцюльку «Волгу».
— Замасціць не можаце? Людзі ж ходзяць.
— Тры гады кланяюся дарожнікам. Памажыце. Гаспадарчым спосабам дарогу не намосціш.
— Памагу,— цвёрда паабяцала Наліцкая, хоць да дарожнікаў яшчэ не дабралася і магчымасцей іх не ведала. Але ж не турысткай яна сюды прыехала — справу робіць.
Не спытаўшы, з чаго пачаць агляд, Івіца скіраваў да свінакомплексу. Але не пад'ехаў да цэнтральнага ўвахода, каля якога, як пасля выявілася, была бетонная пляцоўка, а прымусіў Толіка ехаць паміж двума доўгімі і нізкімі хлявамі, дзе гразі было па каўпакі колаў. Праўда, спыніў каля дзвярэй, ад якіх ішла ў другі хлеў дашчаная кладка. Не прымусіў усё ж яе ступіць у чаравічках у гнойную жыжу. І за гэта дзякуй.
— Гразна ў вас.
— Дык тут жа свінні гуляюць. Канечне, не тое што на ставасьмітысячніку ў Хмяньках. Але наша свініна на трэць танней, чым у хваленага Валевіча. А потым я вам скажу... Пішуць многа пра Галандыю: во дзе культура! Ездзіў я туды. Заглянулі знянацку — мая прыдумка — на адну ферму. У свінарнік. Галоў на пяцьсот. У нас шэсць тысяч. Дык вы думаеце, там чысцей? Не сказаў бы. Свінарнік ёсць свінарнік. Але што мяне пеканула. У станку стаяла дзіцячая каляска. У ёй дзіцятка-немаўлятка. Пад накідкай. Але ўсё роўна мух — хмара. Ажно страшна зрабілася. І памеркла — для мяне — уся іх высокая культура. Каб у нас аператар прывезла сюды дзіця такое, я ў той жа дзень сам збег бы з калгаса. А вы кажаце: перабудовы няма...
Разгаварыўся старшыня, які напачатку здаўся насупай.
Вадзіў па свінарніку. Спыняўся каля клетак з пароснымі свінаматкамі, з ружовымі парасяткамі, тлусценькімі падсвінкамі. І нечакана мнагаслоўна расказваў пра нораў жывёл, пра работу аператараў, ні разу не назваў свінаркамі, што Але Уладзіславаўне падабалася. Гаварыў пра тэхналогію бадай з захапленнем, якому можна пазайздросціць. Але яна не зайздросціла. Здарылася незвычайнае. Не была яна гарадской чыстаплюйкай. Вясковая дзяўчына. Дома ў бацькоў карміла свіней, даўно, праўда, калі прыязджала на канікулы, памагала выкідваць гной з хлеўчукоў. А тут раптам ад свінога спецыфічнага смуроду яе пачало пудзіць — да балючых спазмаў у жываце, горшых, чым на сходзе. І яна не слухала Івіцу. Яна са страхам думала: «Толькі б не вытваніла. Толькі б не вытваніла». Якая ганьба будзе! Што пра яе падумае гэты хітры старшыня і жанчына ў белым халаце — аператарка, што далучылася да іх. Чаго добрага, падумаюць, што яна цяжарная, такое, кажуць, здараецца ў цяжарных. Чамусьці яе найбольш страшыла, што падумаюць менавіта так. Здаецца, наадварот — лепшае апраўданне.
«Але ж ён, напэўна, ведае, што я незамужняя. Ці даведаецца».
Паскорыла Івіцу:
— Тэхналогію вырошчвання парасят я ведаю.
Прагна ўдыхала паветра, вільготнае яшчэ пасля ўчарашняга дажджу, але цёплае ўжо, нагрэтае яркім ліпеньскім сонцам.
Разумела, што нядобра віну за сваю слабасць — мала што здараецца! — звальваць на старшыню. Але здавалася, што Івіца бачыў яе стан — такі Хрол усё бачыць! — і знарок зацягваў знаёмства са свіннямі, раздражнёнасць супраць яго нарастала. Не хацелася гутарыць з гэтым хітруганам далей, хоць ехала з намерам унікнуць ва ўсе дэталі калгаснай вытворчасці, каб дасведчана, з фактамі выступіць на нарадзе работнікаў аграпрома — аб арганізацыі па-новаму блізкай уборкі ўраджаю. Але што значыць па-новаму? Аднак спытай у такога, як гэты Івіца, калі ён лічыць, што перабудоўваецца ўжо дзесяць гадоў. Занадта самаўпэўнены тып!
— Палі я сама пагляджу.
Івіца здзівіўся, бо, мабыць, настроіўся і далей прасвячаць сакратара гаркома. Такія «прафесары» — што азартныя гулякі, спыніцца не могуць.
У машыне Ала Уладзіславаўна зноў пачула свінячы дух — ад сябе. Гэта яе спалохала. Чаму раптам? Быццам упершыню наведала свінарнік. Няўжо прыйдзецца ездзіць з гэтым брыдкім адчуваннем цэлы дзень? Зірнула на шафёра: ці не цягне гэты чысцюля носам, ці не абнюхвае яе?
Адмовілася ад задумы наведаць комплекс — стотысячнік. Не, хопіць з яе свіней! А то і сапраўды яшчэ аскандалішся.
За вёскай спыніла машыну на мяжы поля буракоў і ячменю.
Пайшла па разоры.
Ячмень наліваўся і мяккімі сухімі ўжо вусікамі прыемна казытаў лыткі. А на лапушыстым лісці буракоў трымалася яшчэ буйная раса, гарэла вясёлкамі.
Ала Уладзіславаўна разула запэцканыя чаравікі, з грэблівасцю выцерла іх мокрым лісцем. Ім жа, лісцем, памыла рукі. Расцёршы, з асалодаю ўдыхала іх свежую, жывую духмянасць. Як чыста пахне расліна! Расцерла мяккія каласы ячменю, таксама панюхала. А ў няспелым зерні зусім чароўны пах. Ап'янець можна. Пайшла босая па разоры ў канец даўжэзнага поля, ажно да сасоннікаў. З незвычайнай прыемнасцю, з адчуваннем чалавека, які вярнуўся з пустыні ці з космасу, пагуляла па лесе. Пад соснамі і бярозкамі зямля была вільготная, пахла грыбамі. Купінкі ярка-жоўтых лісічак здаліся маляўнічым цудам, акварэлямі вялікага мастака. І тут нечакана для сябе яна паламала план свайго суботняга дня. Урэшце, жывы ж яна чалавек, мае права на адпачынак, як усе; у гарвыканкоме выкарыстоўвала па два выхадныя, асабліва раней, да перабудовы, калі ўсе пасяджэнні праводзілі ў рабочы час. А тут яна дазволіла толькі адзін выхадны, ды і то калі атрымала кантэйнер з мэбляй і расстаўляла яе ў кватэры.
Нясцерпна захацелася пакупацца. Такі дзень! У Дняпры купалася штодня, да халадоў. А тут ні разу не выбралася, так і лета міне.
Даўно намервалася наведацца ў месца масавага адпачынку на Нёмане.
Шафёр, разамлелы ў нагрэтай сонцам машыне, салодка спаў, адкінуўшы галаву на сядзенне. Чамусьці яго бестурботны сон узлаваў Алу Уладзіславаўну. Яна рэзка рванула дзверцы машыны. Хлопец спалохана ўздрыгнуў, прачнуўся і пачырванеў, быццам захапілі яго з нечым недазволеным, ганебным.
— Мухі ў рот наляцяць, Толя,— упікнула за сон.
— Мух тут няма. А пчолы заляталі. Я ў сняданак чай з мёдам піў. Няўжо чуюць? Во дзіва! Праўда?
Толя сумленнейшы хлопец, але без пачуцця гумару, нават жарты прымае сур'ёзна.
Наліцкая цаніла нядаўняга сяржанта, які вазіў генерала, акуратнасць яго ва ўсім цаніла, не здагадваючыся, што сам ён перажывае душэўную раздвоенасць.
У гаркоме Толя працаваў да яе, вазіў гэтак жа акуратна былога сакратара, любіў вясёлага чалавека, балюча перажываючы, аднак, яго начныя паездкі ажно ў суседні райцэнтр — да жанчыны; з-за гэтага і пагарэў сакратар, бо развёўся з жонкай.
Толя ганарыўся новай гаспадыняй: прыгожая, маладая, далікатная і правільная, як генерал, ніякіх вольнасцей не дазваляе сабе. Але ў яго была нявеста, яны падалі заяву ў загс. Убачыла Данута новага сакратара побач са сваім жаніхом і — як з ланцуга сарвалася, а да таго ж была што майскі лісточак — духмяная, ліпкая.
«Не хачу, каб ты вазіў такую! Пераходзь у другую арганізацыю, інакш ніякага вяселля не будзе».
Шкада пакідаць гарком — пачэсна. Машыны найноўшай мадэлі, адзінай у горадзе, у генерала такой не было, таксама шкада. Але ж не расставацца з-за машыны з Данутай, не з такіх ён ветрагонаў; паабяцаў ёй знайсці новую работу. І не знаходзіў. І пакутаваў. Хацеў нават паскардзіцца Але Уладзіславаўне, але разважыў, што нядобра гэта: Дануціна недарэчнае раўнівае падазрэнне напэўна ж абразіць строгую жанчыну, якая наконт адносін паміж палавінамі роду чалавечага нават не пажартавала ніколі, не тое што былы — расказваў такія анекдоты, ад якіх у Толіка валасы гарэлі.
Праехалі па шашы з кіламетр. З ветрыкам.
— Толя, ведаеш месца масавага адпачынку гараджан?
— На Нёмане?
— Так.
— Дык гэта ж у другім баку.
— Разварочвайся.
Здзівіўся хлопец. Раніцою яна выдала свой дзённы план. Ніякага Нёмана і блізка не было. Няўжо захацела адпачыць, пакупацца? Толя рэзка, чаго ніколі не рабіў, затармазіў, павольна, як нехаця, развярнуўся, адчуваючы, што ў яго макрэе майка на спіне. Яму ўсё роўна куды везці. Але туды... Туды збіралася са сваімі дзяўчатамі, работніцамі трыкатажнай фабрыкі, Данута і зрабіла яму цяжкую сцэну рэўнасці, калі пачула, что ён паехаць не можа, што ў яго субота рабочая. «Канечне, табе прыемней з ёй. Ну і катайся са сваёй мадамай. Катайся!» — і пакінула яго ў скверы аднаго. Што ж будзе, што будзе, калі Данута сустрэне іх на пляжы! Успацелі нават далоні, слізкімі сталі на шурпатай паверхні руля.
Пакуль даехалі туды — каля сотні кіламетраў адматалі, сонца паднялося ў зеніт, нават і на добрай скорасці машына нагрэлася. Але па шашы нічога, астуджала вецярком. А дарога ад шашы да ракі праз густы яловы лес — не дарога, а хутчэй ласіная сцежка, выбітая коламі машын, з бясконцымі лужынамі ад ліўню. Машыны паўзлі з хуткасцю чарапах, многа машын — «Жыгулёў», «Масквічоў». Ледзьве размінуліся з сустрэчным пустым аўтобусам, паўдзесятка машын, у тым ліку і іх даволі ўжо запэцканая белая «Волга», мусілі даваць задні ход на палянку, каб уступіць дарогу аўтобусу.
У лесе — што ў лазні, вільготна, душна. Толя цяжка дыхаў, як стары, пацеў. Наліцкую гэта занепакоіла.
«Ці ў парадку яго лёгкія?»
Яна саромелася прызнавацца самой сабе, але быў у яе своеасаблівы «комплекс»: яна баялася хворых; зрэдку нават адважвалася пажартаваць, што міласэрнай сястры з яе не атрымалася б.
«Я па сваёй псіхалогіі — міласэрны брат, улавіце розніцу»,— сказала яна неяк свайму былому сакратару райкома.
А яшчэ яна не любіла патлівых. Даўно, можа, гадоў пятнаццаць назад, калі яшчэ вучылася, маці пачала з ёй гаворку пра замуства: ці ёсць у яе жаніх? Па ўзросту варта мець. Не вельмі цнатліва яна адказала:
«Мне брыдка падумаць, што трэба класціся спаць з мужчынам. Ад іх потам пахне, тытунём і... гарэлкай».
Маці паглядзела на яе з трывогай, са шкадаваннем, як глядзяць на хворае дзіця, сумна паківала галавой:
«Дурная ты, дурная, Алька».
А ёй спадабаўся ўласны адказ, і яна бадай з гонарам, з маральнай перавагай паўтарала яго сваім аднакурсніцам, у якіх голавы былі начынены думкамі пра хлопцаў. Дзяўчаты весела рагаталі. А ўедлівая, бадай, злосная і зайздросная, можа, з-за сваёй непрыгожасці Жанна Шкаруба адказвала:
«Не слухайце вы яе. Яна самая большая грэшніца з усіх нас».
Жанна, кажуць, двух мужоў памяняла. І Але часам хацелася сустрэцца і гэтак жа ўедліва спытаць:
«Дык хто з нас грэшніца?»
Аднак пазваніць Жанне, калі наведвалася ў Мінск, баялася: на гэтае пытанне Жанна можа такое адказаць, што не парадуешся. Здзівілася: чаму ў гэтым душным лесе прыйшлі ў галаву такія мізэрныя, проста ганебныя для яе становішча думкі? Увогуле пасля сходу на заводзе, дзе выбіралі Ліхача, да яе часцей, чым раней, прыходзяць бабскія думкі. І яна злавала. На сябе. І на яго. На яго завошта?
Толя закашляўся.
«Трэба сказаць Баброўку, каб патрабаваў ад шафёраў медыцынскія даведкі».
Але тут жа зразумела, што гэта неразумна. Якая дзікая думка можа ўзнікнуць у другога сакратара, які любіць, праўда, даволі далікатна, памусоліць жаночую тэму. Дзіўна для яе: быццам людзі толькі гэтым і жывуць — каханнем, жаніцьбай, замуствам, узаемаадносінамі полаў. Яе гэта цікавіць толькі ў плане работы — клопатаў пра загсы, радзільныя дамы, яслі, сады.
— Што, Анатоль, кашляеш? Як дзед. Глядзі, машына закашляе.
— У мяне алергія на елку. З маленства. З-за мяне ў доме ніколі не ставілі ёлку. Праўда, у арміі ў лагеры мы жылі ў яловым лесе — і нічога. Армія ад усяго вылечвае. Наш начальнік медсанчасці казаў, што алергія — панская хвароба.
Ала Уладзіславаўна пачула зноў пах свінарніка і жорстка, з асуджэннем, падумала пра сябе:
«У цябе, дарагая, часам не панская хвароба?»
— Многа такой дарогі?
— Тры кіламетры.
— І нікому не прыйшло ў галаву выпраміць яе і замасціць? Хаця б гравій насыпаць.
— Дык другі ж раён.
— Раён другі, а людзі нашы. Дзелім горш, чым суседнія недружалюбныя дзяржавы,— і цвёрда вырашыла::— Дарогу мы тут зробім!
— Во людзі дзякаваць будуць,— узрадаваўся Толя, хоць не пакідала яго трывога за магчымую сустрэчу з нявестай.
Нарэшце выехалі з лесу на прырэчны прастор. І хаця ракі не было яшчэ відаць, але, здаецца, подых яе Ала Уладзіславаўна адчула высунутай з кабіны рукой. А ў сэрцы ажно зашчымела ад успаміну: такі дняпроўскі прастор бачыла яна штодня з акна кватэры ажно цэлыя тры гады. Бяскрайнасць неба, бясконцы паток вятроў, блізасць вады, стагі сена — як кінуць вокам, што старажытныя вартавыя вежы.
Тут, праўда, не луг — высокі бераг, пясчаны, але на ім такія ж адзіночныя дубы, лазняк у нізінах, як і там на высокім беразе за лугам. Прыбярэжжы вялікіх рэк падобныя і ў той жа час непаўторныя, кожнае запамінаецца нейкай адметнасцю.
Дарогу разбілі так, што пад узгоркам «Волга» забуксавала ў пяску. Ледзьве вылезлі. Злева пад дубамі стаяла добрая сотня машын. Далей хадзілі мужчыны і жанчыны ў плаўках і купальніках. І хоць з двух бакоў — як кінуць вокам — таксама стаялі адзіночныя машыны, уздоўж берага, безумоўна, Наліцкая вырашыла, што ёй лепш не ехаць туды, дзе напэўна паабапал дарогі ляжаць адпачываючыя.
Узышла на ўзгорак і ўбачыла тое, з-за чаго едуць сюды людзі за сорак вёрст.
Рака пракапала сабе новае рэчышча там, на лугавым беразе, пакінуўшы тую абмялелую, але чыстую, незарослую травой старыцу. Але, мабыць, самае прываблівае — даўгія палосы пяску і тут, пад абрывам, і на другім баку старыцы, на маляўнічым востраве паміж старым і новым рэчышчамі. Пясок надзіва чысты, як знарок намыты, буйны — што бітае шкло,— ажно іскрыўся на сонцы, сляпіў вочы праз акуляры; цёмных Ала Уладзіславаўна не насіла, не магла глядзець на затуманены свет; любіла ўсё натуральнае.
Востраў зарос вербамі, кустамі — не ўгледзець якімі, але адно відаць: даваў утульны цень. Там гарэлі кастры, і лёгкі вецер нёс з лугу, дзе стаялі стагі, пах сена і... шашлыкоў. Ды і тут — вось ён лес і на ўзлессі — машыны, кастры і голыя, што першабытныя, людзі.
Наліцкая, якая добра ведала прыдняпроўскія краявіды, адразу ацаніла: лепшага месца для адпачынку не прыдумаеш. Але ўсё роўна здзівіла колькасць людзей на пляжах, асабліва на астраўным; была першая палавіна дня, і людзі яшчэ не перагрэліся, не хаваліся ў кусты. Яна нават у першы міг асуджальна падумала: «На сельгасработы няма каго паслаць, кіраўнікі стогнуць, а тут... вунь колькі іх тут! — не адна тысяча з невялікага горада».
Але хутка ў ёй абудзілася руплівая гаспадыня. Яна задавала сваёй «кібернетычнай машыне» праграму. А як такая маса народу дабіраецца сюды? Не ва ўсіх жа машыны. Ці падумаў хто пра харчаванне? Як з вадой? Ці ёсць выратавальная служба? Купаюцца ж не толькі ў ціхай старыцы, але і ў хуткаплыннай вірлівай рацэ. Загадала сабе: не пазней аўторка-серады сабраць спецыяльную нараду кіраўнікоў усіх прадпрыемстваў і ўстаноў.
На пляжы, што ў лазні,— усе роўныя. Яна новы чалавек, і яе ніхто не пазнаваў. Таму дазволіла сабе зняць чаравікі, у якія набілася пяску, ішла босая па калючай траве і адчувала незвычайнае задавальненне — усё роўна як вярнулася ў сваё босае маленства. Нясцерпна хацелася пакупацца. Пашкадавала, што не захапіла купальніка. Некаторыя старэйшыя жанчыны, работніцы, пэўна, купаюцца ў трусах і бюстгальтарах. І ніхто не звяртае на гэта ўвагі. Дзіўныя пляжныя ўмоўнасці! З'явілася б жанчына ў такім убранні, напрыклад, на балконе сваёй кватэры — скандальная прыгода, а тут — хоць бы што. Але ёй пры яе ўзросце і становішчы — якраз і наскочыш на знаёмага — у такім выглядзе і на пляжы нельга паказацца, нават пры тым, што і ліфчык, і трусікі ў яе імпартныя, выглядаюць лепш за многія купальнікі, пашытыя мясцовай фабрыкай. Успомніліся адмысловыя, стракатыя купальнікі інтэрнацыянальнай публікі на Залатых Пясках, дзе яна адпачывала летась. Сёлета немагчыма будзе вырвацца ў адпачынак у купальны сезон, хіба ў кастрычніку, калі скончыцца ўборка, куды-небудзь у цёплы Батумі можна злётаць.
Прайшла група падлеткаў.
Ала Уладзіславаўна спытала:
— Рабяты, марожанае тут прадаюць?
Яны засмяяліся, не адказаўшы. Адышлі — і яна пачула наўздагон:
— Цётка з неба звалілася.
Нічога няма. Узлавалася на кіраўнікоў, якім па абавязку службы належыць клапаціцца пра людзей. Але на каго скіраваць гнеў? На Воблікава, старшыню гарвыканкома? Але, на Воблікава. Толя ж сказаў, што гэта тэрыторыя суседняга раёна, Сіротка тут не гаспадар. Ды і чаму сельскія ўлады павінны клапаціцца пра гараджан, ёсць у іх больш істотны клопат: хлеб, малако, мяса.
Яна ўмела жыць мірна і з начальствам, і з падначаленымі. Але з Воблікавым міру не будзе — ён праяўляе самастойнасць і залішнюю ініцыятыву там, дзе не трэба.
Мужчына з масіўным жыватом, у даўгіх ярка-зялёных трусах збянтэжана павітаўся з ёй; ёсць, выходзіць, тыя, хто пазнае. Гэтага, здаецца, яна бачыла на нарадзе дырэктараў і завучаў школ.
Прыпынілася.
— Скажыце... Вада тут бывае... напіткі?
— Не. Раней прывозілі піва. Цяпер забаранілі. Хоць скажу вам, таварыш сакратар, дарэмна. Ад піва ніхто не ап'янее. Эх, як піва праганяе смагу! — ён аблізнуў губы. Адчуваў ён сябе ніякавата перад сакратаром гаркома, жанчынай, але не праз тое, што стаяў голы, а праз жывот свой, падцягнуў яго, прыкрываў далоняй.
«Півам ты і наліў жывот»,— падумала Ала Уладзіславаўна і зноў прыгадала Воблікава — з якой рашучасцю той выступаў супраць скарачэння вытворчасці піва. Не ў духу часу, нават глупствам назваў такую антыалкагольную кампанію. Трэба праверыць... Калі не скарацілі, запісаць і дырэктару, і паважанаму Міхаілу Паўлавічу. Трэба рашуча патрабаваць выканання пастаноў, яе ўказанняў, інакш гэтыя... пузатыя адчуюць слабінку і сядуць на галаву, ім толькі паддайся.
— А што ж людзі п'юць? З ракі?
— Прырода шчодрая. Яна паклапацілася. Вунь там, каля таго дуба, пад абрывам струменіць добрая крыніца. Вадзічка, я вам скажу, цуд. Зубы зводзіць. І холад улівае ў цела моц. Хочаце? Я толькі прынёс цэлую бутлю...
— Не, дзякую. Шчасліва адпачываць.
— Якое шчасце! Унукаў пасу. Толькі адвернешся — яны ў вадзе, жэўжыкі. А ў мяне сэрца не на месцы. Сам цэлы дзень з вады не вылажу. Пасінеў.
— А служба выратавальная хоць якая ёсць?
— На рацэ дзяжураць хлопцы з АСВОДа. Праўда, маторка ў іх усяго адна, але і тое добра. А то ў маі тут дзяўчына ўтапілася.
Дзякуй богу, хоць да кіраўніка адной арганізацыі дайшло. А з астатніх трэба добрую стружку зняць, вырашыла Ала Уладзіславаўна. Падышла на край абрыву і ўбачыла тую крыніцу. Вада цякла па драўляным жолабе, варта дзякаваць той добрай душы, хто жалабок такі прыладзіў. Крыніца ёмкая, цэлы раўчак збягаў у старыцу. Але ўсё роўна каля жалабка стоўпілася чарга, чалавек дваццаць з пляшкамі, бітонамі. Дзеці пілі са жменяў, пырскалі адно па аднаго. Дзіўна, калі пузаты прапанаваў ваду, ёй сапраўды не вельмі хацелася піць, пагрэбавала, ці што. А тут страшэнна захацелася напіцца. І вось так — са жмені. Але будзеш выглядаць сярод гэтых «неграў» белай варонай у сваім блакітным плацці. Ды і бераг гліністы, мокры — на попе можаш праехаць, спускаючыся. І вакол жалабка размешаная нагамі гліна. Прыйдзецца абмываць ногі ў старыцы — вось так, адзетай. З перасохлым горлам рушыла далей, не губляючы надзеі знайсці бязлюдную мясціну і акунуцца. Далёка прайшла — да таго месца, але рака вярнулася ў старое рэчышча, бераг паніжэў, і на ім, не па-летняму зялёным ад густой свежай травы, рос маліннік, каліна. І рака тут для яе, добрай плаўчыхі, была асабліва прывабная — шырокая, але, бадай, з хутчэйшай, чым у Дняпры, плынню. Аднак і тут былі людзі. Не столькі, колькі на пляжы, але ледзьве не за кожным кустом — сям'я ці кампанія. Выпіваюць.
Наліцкая ўстрывожылася. Дзе бяруць гарэлку? Няўжо ў горадзе гандлююць ёй? У такім разе Воблікаву не запісваць трэба, а здымаць з пасады, а начальніка райхарчгандлю дык без лішніх размоў і ўшчуванняў.
Пад трыма маладымі бярозкамі за кустом крушыны звінеў вясёлы дзіцячы смех і пачуўся знаёмы голас. Вася Ліхач!
Першы парыў — абысці гэтыя бярозы па кустоўі ці зусім вярнуцца; у такі дзень да Балтыкі дойдзеш і не знойдзеш месца, дзе можна паплаваць без купальніка. Але перамагла чыста жаночая цікаўнасць: якая ў яго жонка, якія дзеці?
Абула чаравікі, паправіла прычоску, якая ад патлівасці кудлацілася. Наблізілася. Заглянула за куст.
Васіль ляжаў на спіне, задраўшы ногі, і з дзіўнай віртуознасцю перакідваў з ног на рукі і назад дзяўчынку годзікаў трох, зусім голенькую. Лавіў малую, што мячык, і цалаваў ёй ножкі, попку. Малая залівалася смехам. Побач сядзела белая пышнагрудая жанчына ў мокрым купальніку. Вязала. Але адрывалася ад спіц, замілавана глядзела на мужа, на дачку. Дакарала:
— Вася, намардуеш гэтую ляпёху, ды яшчэ накупаеш, перагрэеш — зноў не ўкладзеш. Будзем да поўначы ката спяваць. Не забывай, што ў мяне начное дзяжурства.
Ала Уладзіславаўна ўспомніла, што Ліхач, здаецца, пры першай сустрэчы сказаў, што жонка яго медыцынская сястра. Не, інакш сказаў — міласэрная сястра, трохі, можа, і з гумарам (а што ён калі гаварыў без гумару?), але і з любасцю, бадай, з гонарам. Падумала, асуджаючы:
«З калектывам на сенаўборку пан дырэктар не паехаў, у кусты схаваўся».
Выйшла з-за куста, праўда, зрабіўшы выгляд, што не заўважае яго, а проста праходзіць міма. Але жонка, якая ўгледзела яе першая, здзівілася: ці то здагадалася, ці, можа, бачыла ўжо недзе сакратара гаркома. Паклікала:
— Вася!
Ён глянуў, падхапіўся.
— Ала?! Прабач, што я не ў форме. У такім выглядзе перад такой асобай...
— Пляжная форма,— сказала жонка, бадай, троxi раўніва, пэўна, за тое, што ён як бы просіць прабачэння за свой выгляд.
— Ды пляжная.
— На сена людзі паехалі?
Ён коратка рагатнуў:
— Ала! Ты і тут пра работу? Не забывайся, што маеш перад сабой самага прыкладнага дырэктара. Знаёмся лепш. Мая жонка — Даша. А гэта — Маша,— паказаў на малую.— Бачыш, якое дзіця чалавечае! Што з карціны Рафаэля. А сын — Саша, у піянерскім лагеры. Усе на ша. Адзін я на ся: Вася-парася.
— Маша і цябе называе Ваша,— сказала маці. Яна паднялася са сваёй коўдры. Павіталася кіўком галавы, але рукі не працягнула, аднак гэта не здзівіла і не пакрыўдзіла, бо і сама яна таксама рэдка пры знаёмстве з жанчынамі працягвае руку, з мужчынамі — справа іншая.
— А я вас пазнала па фатаграфіі. Вас там група. Пяць дзяўчын і адзін Ліхач, ляжыць каля вашых ног.
— Як верны пёс,— засмяяўся Васіль.
Ала не помніла такога студэнцкага здымка — дзе, калі? Хто іншыя дзяўчаты? Але тое, што Даша пазнала яе па фатаграфіі і сказала пра гэта проста — неяк нязвыкла прыемна пацешыла. І яна аглядала гаспадыню больш прыязна, чым у першую хвіліну. Так, нізкаватая, паўнаватая, жывот рыхлаваты, з белаватымі пісягамі, але, кажуць, што такі жывот у большасці жанчын, якія нараджалі.
Збянтэжылася, калі затрымала позірк на былым аднакурсніку. У думках — ці не ўпершыню ацаніла так мужчыну? — адзначыла: прыгожы. Высокі, стройны, мускулісты, як спартсмен. Загарэлы. На студэнта так не глядзела, калі і выязджалі часам кампаніяй на Мінскае мора, гулялі ў валейбол. Студэнт ён быў як усе — худы, кастлявы, цыбаты. Зацікавіў яе хіба тады, калі сказалі, што ён па вяроўцы лазіць у дзявочы інтэрнат. Але глядзела яна тады на яго з абурэннем і агідай: кот. Цяпер жа хацелася любавацца ім, голым, а гэта спалохала: не сорамна, таварыш сакратар? А потым было амаль стрэсавае адчуванне. Падышла Маша, ласкава ўзяла яе маленькай ручкай за руку, ласкава пралепятала:
— Цёця халосая? Цёця пакупае Машу?
— Во хітруння! — парадаваўся за дачку Васіль.— Цэлы б дзень сядзела ў вадзе.
Ці ўпершыню адчувала дзіцячую ласкавасць? У маленстве малодшую сястру няньчыла, пасля, перавёўшы сям'ю сястры ў прыдняпроўскі гарадок, памагала ёй гадаваць дзяцей, часта малодшую, Янку, забірала на ноч да сябе. Не мінала ясляў, дзіцячых садоў, школ не толькі па абавязку службы, бадай, ганарылася гаспадыня горада, што любіць дзяцей. Але ці адчула яна хоць раз вось такую іскру, такі душэўны разрад, як ад дотыку гэтай голенькай дзяўчынкі? Пазней у той дзень баялася прызнацца сама сабе, што бліснула ў яе кароткая, як маланка, думка: гэтае дзіцятка магло быць яе дачкой.
— Атабаруйся, Ала. Адпачні з намі. Паабедаем. Ёсць пляшка віна,— і ажно пацёр рукі, смакуючы наперад асалоду.
Яна ўсміхнулася: у наш час прызнацца ў гэтым можа толькі Ліхач.
— Не, дзякую. Мяне чакаюць.
— Хто цябе чакае? — прагучала крыўдна: маўляў, ніхто цябе не можа чакаць!
Яна кіўнула Дашы і пайшла неразумна (пасля гэта сцяміла) — не да ракі, а направа, у лес, у густы кустарнік. І там прымусіла сябе на хвіліну спыніцца: мела такую жаночую слабасць — паслухаць, што пра яе скажуць.
— Глядзіш ты, Вася, што кот на сала.
— У яе прыгожыя ногі. Праўда?
— Помніш анекдот? Наганяй, наганяй апетыт — вячэраць будзеш дома.
Ліхач весела зарагатаў.
— Салёныя анекдоты расказваюць твае ўрачы. Добра, што Маша не разумее.
— Скажы: чаму яна не замужам?
— Яна з той пароды жанчын, якія аддаюцца рабоце, а не мужчыне.
— Ну і дуры.
— Аднак каб я так рана не пакахаў цябе, я зрабіў бы з яе чалавека.
Ала Уладзіславаўна ўспыхнула гневам: толькі такі нахабнік, як Ліхач, можа сказаць такое жонцы і яшчэ прыкідваецца святым: «каб не пакахаў». Ці прызнаўся ты, як лазіў па вяроўцы?
— Скажы: ёй — чалавека.
— А гэта адно і тое ж. Пакуль жанчына не раджала...
Не, далей слухаць гэтага нахабніка, амаральнага тыпа немагчыма, бо можаш пачуць і не такое.
Вярнуўшыся дадому, адразу палезла пад душ. Змыць і свінарнік, і штось ліпучае, хоць і не такое брыдкае, што засталося ад падслуханай размовы мужа і жонкі. Дзіўныя адносіны ў гэтых людзей! Але нечым і прывабныя — такім вось даверам у самым інтымным, пры такім даверы, бадай, не можа быць фальшу, няшчырасці. І гэта варта псіхалагічнай увагі. Ала Уладзіславаўна лічыла, што яна ведае псіхалогію людзей; працуючы ў камсамоле і ў Савеце, прачытала гару кніг па псіхалогіі чалавека, калектыву, грамадства, магла прачытаць лекцыю не горш за прафесара.
Вада была халодная, апякала. У гарком дзён колькі назад званілі з абурэннем: чаму няма гарачай вады? А між тым гэта яе ўказанне: пакуль лета, зрабіць прафілактыку цеплацэнтралі. Ведала з вопыту, хоць там, у прыдняпроўскім гарадку, і не было цэнтралізаванага забеспячэння цяплом, што такі рамонт у летні час — гарантыя надзейнай работы зімой. Прымусіла Шатохіна выступіць у мясцовай газеце. Званкоў не стала. Цешылася: во прыклад таго, што людзям трэба гаварыць праўду, ва ўсім павінна быць галоснасць.
Прыняўшы душ, без халата выйшла ў пакой. Не знарок, а неяк непрыкметна спынілася насупраць трумо. Здалёк блізарукія вочы ўбачылі адлюстраванне ўласнага цела, як у тумане. Гэта прыцягнула ўвагу — што на палотнах імпрэсіяністаў. Наблізілася да люстра, агледзела сябе пільна, да радзімай плямкі на левай грудзі. Ніколі так не разглядала сябе, голую. Залюбавалася. Сапраўды прыгожая! Якая дасканаласць форм! Мастакі мінулага былі не дурні, разумелі гэта, калі так многа пісалі голую натуру, жаночую. І Ліхач мае густ: не пабаяўся жонцы сказаць, што ў Алы прыгожыя ногі; у яго жонкі тоўсценькія. І тут жа прыгадала дробную дэталь: падняўшыся, ён непрыгожа паправіў плаўкі. Там яна сарамліва адвяла вочы. А тут... спачатку засмяялася. Але тут жа абурылася: якая нявыхаванасць! І ўявіла блізкасць з ім.
— Фу, якая брыдота! — і плюнула на люстра, у тое месца, дзе
адлюстраваўся залацісты трохвугольнік.
Ліхач хадзіў па прасторнай прыёмнай міністра і разглядваў здымкі аўтамабіляў. Паўгадзіны таму назад, не ўзяўшы з першага заходу масіўныя дзверы кабінета, ён сказаў сакратарцы, даволі прыгожай татарцы ці башкірцы, ветлівай і дакладнай, як робат:
— Шыкоўна вы тут жывяце.
— Чым жа шыкоўна? — здзівілася жанчына, якая даўно навучылася нічому не здзіўляцца.
— Карцінак многа.
Трое наведвальнікаў — мужчын, што чакалі сваёй чаргі на прыём, засмяяліся правінцыяльнай наіўнасці знешне даволі элегантнага маладога чалавека, падобнага на бывалага прадстаўніка «Аўтаэксгхарту», што аб'ездзіў увесь свет.
Сакратарка пры ўсёй сваёй ветлівасці не здзівілася і не ўсміхнулася, наадварот, твар яе непрыгожа пасуровеў: яна зразумела, што гэты — глянула ў паперку — Ліхач з пароды тых... не, не прасіцеляў-дамагацеляў — выбівацеляў, ад якога пазбавіцца нялёгка. А гэтага яна не любіла, такая настырнасць здавалася спеставанай жанчыне нахабствам, а любую, нават хітра схаваную, некарэктнасць, непачцівасць да высокай установы і яе кіраўніка яна перажывала, як уласную абразу.
А прытым яшчэ гэты чалавек не сядзеў на месцы, як іншыя, нецярпліва крочыў ад сцяны да сцяны, спыняўся перад здымкамі, агледзеўшы іх раз, вяртаўся паўторна, доўга любаваўся чароўнай японкай на календары, не ўтрымаўся, пагартаў каляндар, да якога ніхто, акрамя яе, не дакранаўся, і не толькі разгледзеў яшчэ пяць гейш, але як бы спланаваў свой час да канца года, уголас прачытаў па-англійску дні тыдня і японскія паэтычныя выслоўі аб харастве кожнай пары года.
Тая акалічнасць, што наведвальнік валодае англійскай мовай, змякчыла сакратарчына зацвярдзелае сэрца, бо і сама валодала чужой мовай і ганарылася гэтым: не ва ўсіх міністраў такія сакратаркі, якія могуць пагутарыць ледзьве не з кожным замежным госцем — амерыканцам, японцам, афрыканцам. Падабрэўшы, яна вырашыла паспрабаваць угаварыць Сяргея Паўлавіча прыняць гэтага дырэктара невядомага завода; міністр так і сказаў, што ўпершыню чуе пра такі завод, ад таго, відаць, і прымаць не пажадаў. Для яе важна было не памагчы гэтаму ўвогуле сімпатычнаму мужчыну, а лішні раз праверыць свой уплыў на шэфа, скарыстаўшы, напрыклад, яго жарт: «Пры разгуле дэмакратыі прыходзіцца прымаць усіх».
Ліхач хвіліну пасядзеў на краі крэсла, больш уважліва паразглядаў жанчыну, жадаючы цікавасцю сваёй уздзейнічаць на яе, здзівіўся, што не можа вызначыць яе ўзрост, ласкава падумаў: «Во чортавы бабы, умеюць загрыміравацца. Мастачкі. Можна даць трыццаць, хоць, напэўна, сорак пяць».
Хутка падняўся і, як баючыся спазніцца, кінуўся да супрацьлеглай сцяны, дзе ўжо двойчы разглядваў узоры сусветнага аўтамабілебудавання.
— Скажыце, чыя мадэль поезд гэты?
Ніхто ніколі не задаваў такіх пытанняў, і сакратарка дакарыла сябе за сваю недасведчанасць: яна абавязана і фатаграфіі гэтыя ведаць, як сістэму сувязі, як кампозер, як усё іншае ў гэтай прыёмнай.
Пажылы чалавек з бародкай, у акулярах, падышоў і, зняўшы акуляры, агледзеў здымак.
— Канадская мадэль «Гтыым ов дыаз» — «аленевая запрэжка». Поезд для палярных перавозак.
— Здорава! Вось бы нам такі!
— Вы займаецеся прычэпамі?
— Я дырэктар завода. Але мяне выбралі ўсяго месяц назад.
— Выбралі? Галасаваннем? Цікава. Вас добра ведалі?
— Не. Я сам выставіў сваю кандыдатуру.
Другі раз сакратарка здзівілася, уласна, не таму, што ён сказаў, а, бадай, самой сабе — што праяўляе цікавасць да гэтага чалавека. Спытала:
— А кім вы былі да таго?
— Па адукацыі я машынабудаўнік. Але займаўся бог ведае чым, толькі не аўтамабілямі.
— Харашо мы выбіраем,— іранічна заўважыў грузін, які і тут, у прыёмнай, не выпускаў дыпламат, быццам насіў у ім залаты запас рэспублікі.
— Выбіраюць — як трэба,— адказаў Ліхач. Між іншым, яму даўно карцела пажартаваць наконт гэтага дыпламата — нагадаць, што ў некаторых развітых краінах дыпламаты і партфелі з каштоўнасцямі прыкоўваюць да рукі ланцугом з адмысловым замком — не вырве ніякі гангстэр, хіба з рукой адарве. Але ўладальнік дыпламата быў неўласціва для сваёй нацыі маўклівы і сур'ёзны.
У прыёмную ўляцеў імклівы чалавек, хоць далёка не малады — сівы, пэўна, са сваіх, бо без гальштука, у расшпіленай парусінавай куртцы, засвоіў стыль дзелавых клеркаў захаду і поўдня. Аднак свой-свой, але з тых, хто без даклада да міністра не ўваходзіць.
— Зоя Аліеўна, далажыце пра мяне.
— Сяргей Паўлавіч сказаў: да дванаццаці — нікога.
— Пільная справа. У мяне сядзіць прадстаўнік фірмы.
Сакратарка пэўна ведала, што аб такіх сітуацыях трэба дакладваць. Пайшла да дзвярэй.
— Далажыце, Зоя Аліеўна, што і я чакаю,— сказаў Ліхач.
— Вам жа сказалі, што вас прыняць не могуць. Ідзіце да начальніка ўпраўлення.
— Я буду сядзець да вечара. І ўсю ноч. Магу легчы вось тут перад дзвярамі. Няхай міністр пераступіць цераз свайго дырэктара. Зняць мяне з работы яму нялёгка — выбраў калектыў.
У сакратаркі расшырыліся вочы — сталі што чарнаслівы ў ранішняй расе. У гэтых сценах розныя здараліся сцэны, аднак такім тонам рэдка гаварылі, ва ўсякім разе, падначаленыя.
Але нечакана весела засмяяўся маўклівы і суровы грузін. І як падагнаў жанчыну і адначасова настроіў на... перабудову — на змяненне даўно ўсталяванага стылю: начальніку сваёй думкі не выказваць, толькі голую інфармацыю.
Міністр на міг адарваўся ад паперы, зірнуў на сакратарку і зноў схіліўся.
Зою Аліеўну даўно здзіўляла і, бадай, захапляла нечаканае спалучэнне ў адным чалавеку і сталасці, блізкай да старасці, і маладосці — не толькі ў паводзінах, псіхалогіі, але ў знешнім абліччы: маршчыністы твар з чорнымі ўкрапінамі, як у вуглякопа, і цыганская капа чорных да глянцавага бляску кучаравых валасоў, без адзінай сівой пасмачкі.
Сакратарка пачціва стаяла, чакаючы, калі міністр зверне ўвагу, і разглядвала яго не вельмі акуратна прычасаныя валасы і маршчыністае чало.
«Што ён, фарбуе іх, ці што?» — падумала соты раз.
Сяргей Паўлавіч урэшце адкінуўся на спінку крэсла, працёр кулакамі вочы, чытаў ён без акуляраў — яшчэ адна загадка прыроды. Зоя Аліеўна далажыла пра таварыша са знешнегандлёвай фірмы.
— Няхай пачакае,— перагарнуў паперы, вымераў па іх час,— мінут пятнаццаць. Дачытаю пастанову ЦК. Тут моцна запісана ў наш адрас,— уздыхнуў.— Зоя Аліеўна, сур'ёзная гэта справа — перабудова.
І ўглыбіўся ў чытанне пастановы. Праз хвіліну здзівіўся, што сакратарка не выходзіць: нешта новае.
— Там яшчэ гэты... Ліхач.
— Хто?
— Я дакладвала. Дырэктар з Беларусі.
— Я ж сказаў: да начальніка ўпраўлення.
— А ён кажа: лягу перад дзвярамі і буду ляжаць, няхай міністр пераступіць цераз мяне. І знаеце... я веру: такі ляжа.
— Вы што? Так і сказаў? — Сяргей Паўлавіч засмяяўся.— Ён што — нахабнік ці жартаўнік? Ці таго...— крутнуў пальцам каля скроні.
— З выгляду — дзелавы чалавек. Месяц назад яго выбралі дырэктарам тайным галасаваннем.
Мяккі да таго, рыхлаваты твар высокага кіраўніка пачарсцвеў, ён стоена ўздыхнуў:
— Ох, гэтыя мне дзелавыя людзі! У час дэмакратыі з імі вельмі нялёгка.
— Нялёгка,— пацвердзіла Зоя Аліеўна.
Міністр падняўся з крэсла.
— Давайце яго сюды,— і пажартаваў ёй услед: — Ад Ліхачова да Ліхача. Усё вышэй і вышэй.— Як яго імя, імя па бацьку?
Яна здзівілася, што ён нагадаў пра тое, што ўваходзіць у яе абавязак і што яна зрабіла пры першым дакладзе — падала паперку.
Спрытны імпарцёр падскочыў з крэсла, убачыўшы сакратарку, гатовы кінуцца ў кабінет. І быў ашаломлены, калі яна павярнулася да чалавека, якога ён ніколі не бачыў тут.
— Таварыш Ліхач, вы... міністр чакае...
Міністр паглыблена чытаў. Ліхач спыніўся пасярод кабінета і пачціва пачакаў. Паўза зацягвалася. Такая няўвага да наведвальніка непрыемна кранула, і Васіль Васільевіч вайсковым голасам, без гумару, далажыў пра сябе, падкрэсліўшы «новы дырэктар».
Міністр здзіўлена глянуў на яго і, як бы ўспомніўшы, хутка падняўся, выйшаў з-за стала, прыветліва паціснуў руку.
— Ведаю, ведаю,— і сам сабе паверыў, што ведае, помніць гэтага чалавека па анкеце, хоць сакратарцы ўпачатку прызнаўся: «Першы раз чую пра такога дырэктара»; зацвярджэнне Ліхача адбылося на ўзроўні ўпраўлення, а загад падпісаў намеснік.— Сядайце,— і, калі дырэктар сеў, уважліва ўгледзеўся ў яго і застаўся задаволены: малады, з разумнымі вачамі, інтэлігентны, адным словам, сучасны кіраўнік — тое, што трэба.
— Ну, і з чаго вы рашылі пачаць?
— Дзе?
— На заводзе, канечне.
— З перабудовы.
— І па-вашаму, перабудова — гэта вось такі кавалерыйскі наскок на міністра?
— А па-вашаму, перабудова — гэта лёгкае жыццё для міністраў?
Сяргей Паўлавіч засмяяўся.
— А вы вясёлы чалавек. Рабочыя любяць вас?
— На ранейшым заводзе любілі. А тут больш скаргаў, чым прызнанняў у любові.
— На якім ранейшым?
— Гандлёвага абсталявання.
— Гэта вы вылучылі сваю кандыдатуру?
— Я.
— Смела.
— У наш час трэба быць смелым.
— Правільна. У вас якая прафесія?
— Машынабудаўнік.
— Аўтамабіліст?
— Станкабудаванне. Але станкі я не рабіў. Ведаеце, якія зігзагі бываюць пры размеркаванні маладых спецыялістаў.
— Любіце аўтамабілі?
— Люблю цікавую работу.
— На заводзе прычэпаў цікавая работа?
— Можа стаць такой.
— Пры ўмове?
— Мадэрнізацыі вытворчасці. Аднаўлення прадукцыі. Адстаём жа ад сусветных узораў.
— Адстаём,— міністр уздыхнуў, а ўвогуле быў задаволены сабою, што прыняў дырэктара малавядомага завода; спадабаўся яму гэты малады востры чалавек, некалі на заводзе ў рангу інжынера, начальніка цэха і ён быў, бадай такім, праўда, у крэсле дырэктара быў ужо іншым, можа, і гэта было прычынай цяжкаватага ўздыху, бо падумаў: «Напэўна, гэтак не адсталі б, каб не толькі я, але многія дырэктары даўжэй заставаліся такімі, як гэты Ліхач,— і зноў разгладзіў маршчыны, усміхнуўся. Ліхачоў быў такі ліхачом, таму застаўся Ліхачовым».
— І якая ў вас просьба? Толькі канкрэтна. Не расцякайцеся. У мяне мала часу.
— Мне трэба новае абсталяванне, напачатку хаця б для аднаго цэха — шасі. У нас, смешна сказаць, працуюць станкі пяцідзесяцігадовай даўнасці.
Міністр лёгка свіснуў.
— Вы думаеце, яно ляжыць у мяне пад сталом?
— То з чаго пачынаць перабудову?
— З перабудовы.
— Сяргей Паўлавіч, я фантазёр, але адначасова і прагматык і ніколі не любіў сафістыкі, нават у адносінах з дзяўчатамі, дзе трэба напускаць туман.
Міністр зноў засмяяўся.
— Сядзець вам гадоў праз дзесяць у маім крэсле.
— Сесці магу, але не ўсаджу. Выб'юць. Не ўмею я моцна трымацца за яго, за крэсла.
Маршчыны на твары Сяргея Паўлавіча, якія былі расплыліся і памаладзілі яго, раптам звузіліся і паглыбіліся. Пачарсцвеў бохан твару.
Міністр задумаўся.
Ліхач упікнуў сябе:
«Распусціў язык, дурань. Знайшоў перад кім дэманстраваць сваё вастраслоўе. Гэта табе не Ала Наліцкая. Ды і яна ў ролі першага сакратара кісла прымае такі тон».
Міністр павярнуўся да пульта селектара, націснуў кнопку. Адразу адгукнуўся густы барытон:
— Слухаю, Сяргей Паўлавіч.
— Андрэй Самойлавіч, у нас нямецкая лінія ў Брэжневе так і ляжыць?
— Ляжыць,— уздыхнуў барытон.
— І доўга будзе ляжаць?
— Думаю, год, не менш. Будзем рэалістамі. Падводзяць будаўнікі.
— Самае простае: усё валіць на будаўнікоў,— Сяргей Паўлавіч чамусьці раптам цяжка задыхаў, быццам у яго пачаўся прыступ астмы.
Мабыць, сэнс дыхання гэтага добра ведалі, нават калі яно перадавалася і па селектарнай сувязі.
— А што вы прапаноўваеце? — у Андрэя Самойлавіча барытон змяніўся на тэнар.
Голас міністра наліўся гарачай сталлю:
— Упакоўка згніла. Ржавеюць дарагія станкі. Псуецца праграмная сістэма...
— Яна якраз пад крышай.
— Ты супакоіць мяне хочаш? Нас з табой судзіць трэба!
— Гэта куплялася да мяне.
— Я купляў, чорт вазьмі! А ты павінен быў устанавіць. Год назад лінія павінна была працаваць! А ты мне абяцаеш — праз год. Праз год нас з табой не будзе тут, май на ўвазе...
— Не разумею вашага гневу,— голас Андрэя Самойлавіча перайшоў на піск.
— Перадайце лінію энскаму заводу! Сёння ж!
— Ка-а-му? — гэтае «каму» праспявалася з вялікім здзіўленнем.
— Табе што трэба — прэстыжны завод ці машыны?
— Прычэпы.
— А прычэпы — не машыны? У цябе яны лішнія? Няма каму працаваць? Перавытворчасць? Зараз да цябе зойдзе дырэктар завода. Аформіць без каніцелі! Усё! — і націснуў на кнопку пульта. На развітанне міністр сказаў проста, па-бацькоўску: — Ну, калі ты мяне падвядзеш — я з цябе штаны здыму.
— Не падвяду, Сяргей Паўлавіч. Не падвяду.
У прыёмнай намесніка Ліхач чакаў значна даўжэй. І нічога не рабіў, каб паскорыць прыём. Няхай самаўпэўнены Андрэй Самойлавіч астыне, перагаворыць з аддзеламі, пададдзеламі, можа, нават з Брэжневам — з нейкай там філіяй гіганцкага КамАЗа, якую ніяк не могуць дабудаваць. Сядзеў дырэктар ціха і пачціва. Нават не жартаваў з сакратаркай, хоць была яна намнога маладзейшая, чым Зоя Аліеўна.
З бліжэйшага паштамта (з міністэрства не стаў званіць, каб не выдаваць сваёй радасці) звязаўся з заводам, з галоўным інжынерам.
— Міхаіл Юзафавіч, я толькі што выбіў у міністра лінію. Заходнегерманскую.
Галубятнік расчаравана ўздыхнуў.
— За морам цяля — паўрубля... Але бяда не ў цане перавозу — у часе. Лепш свае, за рублікі, ды хутчэй.
— Не хныкай, стары! Лінія не ў Ліпштаце — у Брэжневе.
— Дзе?
— Горад ёсць такі на Каме... У гонар аўтара застою. У былых і, здаецца, будучых Набярэжных Чаўнах.
— З вамі не заснеш.
— А вы хацелі б паспаць?
— Я ні з кім не спаў.
— Знаю, што не спалі. Афармляйце банкаўскі крэдыт. Каля мільёна.
— Вылецім у трубу, Васіль Васільевіч,— застагнаў галоўны.
— Не вылецім! Вылецім са станкамі трыццаць шостага года — са спадчынай панскай Польшчы. Заказвайце платформы. Узнайце грузаёмкасць гэтай лініі. Запішыце яе «шыфр». Я пазваню Наліцкай і Леаніду Генадзьевічу, каб памаглі вам дамовіцца з упраўленнем дарогі. Па лінію паедзеце вы. Але перад гэтым я сам пабуду там,— і праспяваў: — «Горад на Каме — не дастаць рукамі». Дастанем. Дастанем! Сёння я штурмую міністэрства абароны, заўтра — шыннікаў у горадзе на Волзе. Як план?
— Цягнем.
— Міхаіл Юзафавіч! Не цягнуць трэба! Рвануць! Зрабіць запас на перыяд пераабсталявання і асваення. А то Ала нас з'есць і гузікі выплюне, калі не дамо гадавога. Спрабаваў я тут у планавікоў гаварыць аб карэкціроўцы — слухаць не захацелі. Во нетры, я вам скажу! Наша мясцовая бюракратыя — дзіцячы сад. А тут — прафесіяналы трагедыйнага тэатра.
— Толькі ім не кажыце пра гэта,— сур'ёзна папярэдзіў Галубятнік.
— Дрэнна вы думаеце пра свайго дырэктара. Я тут такія пернікі раздаю — пальчыкі аблізваюць. Адну старую сакратарку так зачараваў, што яна спатканне мне назначыла. Не выдавайце жонцы,— Ліхач рагатнуў і сур'ёзна параіў: — Дзейнічайце і вы гэтак жа. Кавалерыйскім наскокам.
— Куды мне да вас.
— Не пыхкайце, як стары паравоз. Пары ў вас яшчэ даволі. Абнімаю.
А праз колькі гадзін Ліхач пераканаўся, што бюракратыя штаба аўтабудаўнікоў таксама «дзіцячы сад», ненамнога вышэйшая, чым наша, свойская, у таго ж Воблікава — у аддзелах жыллёвым, аховы здароўя ці сацзабеспячэння. Непрыступнай цытадэллю аказалася ваеннае ведамства, куды ён вырашыў абавязкова трапіць: іх прадукцыя, пра якую не дазвалялася сказаць нават на пленуме гаркома, «садзіла» завод.
Дырэктар ведаў, безумоўна, не толькі паштовую скрынку, але і дакладны адрас, тэлефоны ўпраўлення, званне, прозвішча начальніка, з якім разы два ўдалося звязацца па тэлефоне. Але гэта мала памагала. Прыйшлося ісці і на лабавы штурм, і на абходныя манеўры толькі для таго, каб дабрацца да нейкага, яўна не першага, ад'ютанта, якому належала далажыць сутнасць справы, а гэта, разумеў Васіль Васільевіч, марная трата часу, бо сутнасць яго справы мог зразумець толькі высокі спецыяліст, дзяржаўны чалавек. У выкшталцонага капітана такая тоўстая браня, што не прабівалі яе ні «кавалерыйскія наскокі», ні жарты, на службе чалавек развучыўся ўсміхацца. «Не дазваляецца, ці што? Гэта, Вася, табе не Зоя Аліеўна! Наіўняк!»
Пасля добрых гадзін трох бою ўдалося дамагчыся, каб пра яго далажылі генералу, з якім Ліхач меў гонар гутарыць па тэлефоне са свайго заводскага кабінета. Аўдыенцыя была назначана на паслязаўтра. Васіль Васільевіч застагнаў так, што прымусіў капітана здзівіцца.
— Ды мне дарагая кожная гадзіна! У нас — перабудова! Пе-ра-бу-дова! Разумееце, што гэта такое? Мы не можам жыць па прынцыпу: салдат спіць, а служба ідзе.
Капітан зморшчыўся, як ад зубнога болю, яўна падумаў: «Які палітычна неадукаваны дырэктар завода».
Васіль Васільевіч пайшоў на «штурм», які лічыў ганебным для сябе і які дагэтуль нідзе не выкарыстоўваў,— прыпужнуць вышэйшым начальствам.
— Пайду ў міністэрства. Да міністра не траплю, але да намесніка яго...— і назваў прозвішча чалавека, які колькі гадоў назад камандаваў Беларускай акругай,— запэўніваю вас, траплю, няхай праз тыдзень, а траплю.
Але ад'ютанта такая атака не пахіснула. Не адразу нават сцяміў настойлівы прасіцель, чаму капітан вокам не маргнуў. Пасля зразумеў: не быў гэты намеснік непасрэдным начальнікам яго генерала. Аднак пагроза ўсё ж падзейнічала. Увечары яго знайшлі ў гасцініцы, і ўжо другі голас, не ад'ютанцкі, больш цывільны, паведаміў, што генерал прыме таварыша Ліхача заўтра раніцою.
Яму дрэнна спалася пасля густа насычанага маскоўскага дня, галава была цяжкая, і ён ехаў на прыём, як кажуць, заведзены, праўда, разумеў, што дыскусіі аб дэмакратыі з генералам не атрымаецца, але пару шпілек усё ж вырашыў падпусціць. Але сустрэў яго чалавек зусім не генеральскага выгляду — маленькі, рухавы і... гасцінна прыветлівы. І гэтым абяззброіў. Загадаў падаць чай. І Ліхачу падабалася, што манументальны ад'ютант ператварыўся ў паслужлівага афіцыянта. Сапраўды, трымаў паднос, як добрая гаспадыня, лепш за Дашу. Размову генерал пачаў з актуальнага анекдота. «Учора мне расказалі забаўны анекдот. Вы бліжэй да мас. Скажыце: ёсць у ім зерне праўды? У сібірака спыталі: «Што такое перабудова?» — «Тайга».— «Чаму тайга?» — «Уверсе шуміць-шуміць, а ўнізе — ціха- ціха».
Анекдот барадаты. Ліхач чуў яго год назад і, між іншым, ніколі не падумаў пра нейкае там зерне праўды, для яго перабудова эканомікі стала аксіёмай, альтэрнатывы ёй няма, ён, інжынер, дырэктар заводаў, аднаго — мясцовага, другога — саюзнага, выдатна разумеў гэта. Справа іншая, што не ўсё ў эканамічнай рэформе яму падабалася, але шмат чаму з таго, што не падабалася, свайго рашэння ён не меў, спадзяваўся, што ёсць эканамічныя галовы непараўнальныя з яго галавой, у якой больш практычных ведаў, чым тэарэтычных. У інстытуце тэарэтыкам была Ала Наліцкая, няхай цяпер і вядзе яго, ёй, як кажуць, і карты ў рукі.
— Па-мойму, анекдот сачынілі тыя, каму хочацца спакойнага жыцця.
Адказ развесяліў генерала.
— А вам хачацца неспакойнага?
— Неспакойнага.
— І вы вырашылі пазбавіць сну мяне? Чым?
— Металаёмкасцю вашых платформ.
Твар весельчака пазмрачнеў, генерал не сказаў, якіх платформ, ён добра падрыхтаваўся да размовы з дырэктарам.
— Вы ведаеце, які груз мы возім на гэтых платформах?
— Таварыш генерал! Вы думаеце, амерыканская разведка не ведае, што вы возіце?
Генерал зноў засмяяўся.
— Дапусцім, ведаюць.
— Значыцца, амерыканцы ведаюць. А дырэктар завода, які вырабляе гэтыя платформы, не абавязаны ведаць? Цёмны выканаўца, так?
— Што гэта вам дасць?
— Заводу — эканомію металу, а ў выніку — зніжэнне сабекошту ў цэлым, павелічэнне прыбытку, павелічэнне фондаў на развіццё прадпрыемства, на зарплату, на сацбыт. Пераходзім на самафінансаванне. А вам дасць эканомію паліва. Хіба яно ў вас лішняе? У дзяржавы не хапае ні металу, ні паліва. У век галоснасці гэта ведае кожны школьнік.
— Што ж вы прапануеце?
— Я і нашы правінцыяльныя канструктары прапануюць зніжэнне вагі,— ён назваў марку машыны — літары і лічбы,— прыкладна на паўтары тоны.
— За кошт чаго?
— За кошт новай канструкцыі. Грузапад'ёмнасць — гэта не толькі маса. Гадоў пяць назад я ездзіў у Швецыю і быў ашаломлены грузапад'ёмнасцю крана, разы ў тры лягчэйшага за наш. Так і тут... У нас разлікі.
Ліхач дастаў з партфеля згорнутыя лісты чарцяжоў, добра зашмальцаваныя, у масляных плямах, быццам па іх ужо рабілі машыны.
Генерал здзівіўся:
— Што яны ў вас у такім выглядзе?
— Таварыш генерал! Мы ж выхаваныя на шпіёнскіх фільмах. Кожны з нас — дэтэктыў. Якому разведчыку трэба старыя чарцяжы.
— Аднак возіце ў партфелі...
— Ды тут — адны дэталі. Сам бог не разбярэ — ад якой яны машыны. А разлікі — вось яны, каля сэрца,— і дастаў з унутранай кішэні пінжака тоўсценькую запісную кніжку.
Генерал выклікаў падпалкоўніка, і яны абодва доўга і ўважліва, з прафесійнай дасведчанасцю, а таму з вельмі кароткімі заўвагамі, якія не заўсёды разумеў і Ліхач, праглядвалі чарцяжы, гарталі яго кніжку, да яго, каб патлумачыў, звярнуліся разы два-тры, не больш. Скончыўшы вывучэнне дакументаў, да яго звярнуўся не генерал — падпалкоўнік.
— Можаце злётаць са мной у наша канструктарскае бюро?
— Далёка?
Генерал назваў уральскі горад.
Ліхач лёгенька свіснуў: яшчэ адно падарожжа! І па тэлефоне не растлумачыўшы ні Але, ні міністэрскаму начальству. А на заводзе — завалы работы.
— Мы вам аформім камандзіроўку і дакумент, які апраўдае вашу «прагулку».
— Палячу. Дзеля справы на край свету палячу. Чаго не зробіш для перабудовы.
— А вы кажаце: унізе — ціха. Не! — задаволена пажартаваў генерал.
Тэлефонны званок разбудзіў гадзін у шэсць раніцы. Васіль з натугай адарваў галаву ад цвёрдай гасцінічнай падушкі. За тысячы вёрст пазнаў голас свайго галоўнага інжынера, хоць голас яго на гэты раз быў нязвыклы — раздражнёны, непачцівы:
— Дзе вы гуляеце? Да гадзіны ночы званіў, са станцыі, іншакш не дазвонішся, тэлефаністак цукеркамі абкарміў, каб набіралі... Я вам рахунак прад'яўляю... за цукеркі.
Апошняя фраза зняла трывогу, якая была з'явілася ад такога ранняга званка і ад голасу Галубятніка: значыцца, аварыі няма, калі сур'ёзны і строгі чалавек хоць змрочна, але пажартаваў.
Салодка пацягнуўшыся, Ліхач засмяяўся.
— Вам смешна, так? Вам смешна? А мне ўчора ваша патранеса так намыліла галаву, што і зараз свярбіць.
— Якая патранеса?
— Ха, якая! Наліцкая.
— Была на заводзе?
— Каб жа была, дык я адчуваў бы сябе больш упэўнена. У сваёй цытадэлі. У гарком запрасіла. А я ўсё жыццё баюся афіцыйных устаноў.
— За што яна?
— За вас.
— За мяне?
— Вы здзіўляецеся? Хтось з нашых напісаў, што дырэктар за кошт завода арганізаваў сабе турысцкае падарожжа, купаецца ў Азоўскім моры.
Васіль пачырванеў. Сапраўды, учора пасля абеду ўпершыню за два тыдні касмічных перагрузак — з пералётамі, цяжкімі размовамі, пакутамі з білетамі — ён дазволіў сабе адпачынак — парыбачыць, пакупацца; запрасіў намеснік дырэктара па збыту «Азоўсталі», павёз у мора на заводскім катэры.
— Ды вы хоць растлумачылі, чым займаецца турыст?
— Яна слухаць не захацела. Патрабавала, каб вы сёння ж былі на заводзе, а заўтра — у яе...
— Дзе яна жыве? На зямлі ці ў небе? Вы знаеце, як тут з білетамі?
Галубятнік раздражніўся да яўнай непачцівасці:
— Я нічога не хачу знаць! Я перадаю загад. І дадам: я таксама падбіўся, як стары конь. Мне не пад сілу цягнуць два вазы.
— Вылятайце ў Брэжнеў.
— Не палячу, пакуль не з'явіцеся вы! Пад пагрозай план.
— Добра. Заўтра я буду на заводзе.
Падрабязнасцей распытваць не стаў. Не развітаўся нават, як звычайна. Кінуў трубку, падскочыў з ложка. Сапсавалі прыемнае ўражанне ад учарашняга адпачынку. Узлаваўся і на Алу, і на галоўнага інжынера.
«Нагнала яна табе страху, стары галубятнік».
Ала такая! Яе і студэнты, бадай, баяліся. Ён таксама аднойчы адчуў нешта падобнае на боязь, калі паставілі ў план работы камітэта камсамола яго справаздачу. Таму і пасягнуў на яе нявіннасць. Грубы і дзёрзкі ўчынак, але ён не каецца — ёсць апраўданне: Ала сапраўды-такі падабалася, і ў яго было шчырае жаданне такім чынам прымусіць дзяўчыну выйсці за яго замуж. Груба, але надзейна.
Прыгадаўшы пад халодным душам студэнцкія пачуцці свае, загарэўся спакуслівым жаданнем, адначасова чырванеючы перад жонкай. Засмяяўся і вылаяў сябе.
Аднак жартаў Ала не любіць. Не паглядзіць, што яны аднакурснікі. Здыме такую стружку, што доўга будзеш чухацца, і прыклеіць такі ярлык, што не адмыешся. Трэба ляцець. Але як замяніць білет? Нават службы такога гіганта, як «Азоўсталь», дасталі яму білет толькі на аўторак, а сёння субота. Наліцкая чакае яго ў нядзелю. Не дае Алачка адпачынку ні сабе, ні іншым.
«Ах, любоў мая, любоў»,— Васіль сумна ўздыхнуў.
Пасля глабальных пытанняў, звязаных з перабудовай на заводах, у калгасах, у гандлі, перайшлі да персанальных спраў.
Людзей у цеснаватай зале аказалася больш чым трэба, супрацоўнікі гаркома бадай усе. Наліцкая спачатку хацела «пачысціць» аўдыторыю: няхай працуюць, а не «балеюць» за п'янюгу. Але потым вырашыла: няхай застаюцца, можна будзе выявіць, калі не па выступленнях, то па рэпліках, па вачах, па ціхім рэагаванні, як хто ставіцца і да ўчынку Булаўскага, і да яе рашучасці на яго прыкладзе навучыць усіх іншых. А сабраліся ж яўна на яго персаналку — свайго чалавека, не на загадчыка фермы з калгаса Кірава Адама Гулевіча, які, як высветлілася, у вайну быў дэзерцірам, хоць сама гэтая справа непараўнальна больш значная, можна сказаць, палітычная справа. А Будаўскі... Эдзіка сапраўды шкада. Наліцкая ведала настрой гаркомаўцаў, яны прыходзілі да яе дэлегацыямі, нават шафёры, машыністка і бібліятэкарка прасілі за яго. Але яна заставалася няўмольнай. Ніякага лібералізму ў барацьбе з п'янствам не дазваляць! Ніякага паслаблення ні сабе, ні іншым, ні віноўнікам, ні плакальшчыкам за «хлопчыка, які паслізнуўся».
Эдуард Будаўскі ледзьве не самы малады работнік гаркома, загадчык аддзела прапаганды, паэт, музыка, спявак, жартаўнік. Яго любілі ў горадзе, у раёне — забаўнік. І яна, першы сакратар, высока цаніла: работнік эпохі перабудовы, не сухар, не фармаліст, памочнік, які трэба ў наш час на такім важным участку — ідэалагічным. І на ж табе... Быў у гасцях, выпіў, добра, відаць, выпіў і нічога разумнейшага не прыдумаў, як сесці ў скверы насупраць гаркома і... заснуць. Соннага і прыхапіў пільны намеснік начальніка гарадской міліцыі Мігун, не паглядзеў, што гаркомавец.
Большай роспачы Ала Уладзіславаўна не перажывала, бадай, за ўсю сваю камсамольскую, савецкую, партыйную дзейнасць. Кіпела гневам на Булаўскага: які ідыёт, так зганьбаваў сябе, так падвёў яе! Скланяла, як толькі дазваляў яе ранг і пол, Мігуна: фармаліст, чыноўнік, дзяржыморда, не мог ціха завезці хлопца дадому ці іншым чынам «спусціць на тармазах». Мог бы зразумець, што ганьба не аднаму Булаўскаму — гаркому, а больш за ўсё таварыству цвярозасці: Эдзік — намеснік старшыні. Рагочуць усе п'янюгі, добра, што гарэлку не прадаюць і чэргі не збіраюцца.
Не, няхай яе не ўпрошваюць. Літасці не можа быць. Ды і ў абкоме ўжо ўзгадніла: зняць з пасады, выключыць з партыі. Баброўка кажа: вышэйшая мера для маладога чалавека. Але, вышэйшая. І па-жаночаму ёй шкада гэтага дурня. Але інакш з небяспечным злом ніколі не скончыць.
Супраць Гулевіча гаварылі каротка, гнеўна, прапанавалі аднадушна. Але ў самой Наліцкай такога гневу, як супраць Булаўскага, на дэзерціра не было. Каб нехта знайшоў хоць ускоснае апраўданне... Дэзерцірства было не прамое. Можна, бадай, паверыць тлумачэнню старога чалавека, што гады ён зменшыў у часе акупацыі, каб гітлераўцы не пагналі ў Германію. Для гэтага была магчымасць. Пасля вызвалення Заходняй Беларусі да пачатку вайны бацька яго рабіў старшынёй сельсавета, і, калі прыйшлі немцы, сыны закапалі кнігі былой польскай гміны аб рэгістрацыі нараджэнняў і смерцяў. За тры гады людзі забыліся, каму колькі гадоў, а хто і помніў — баяўся пікнуць і ў вайну, і пасля яе. І толькі вось цяпер мясцовы летапісец, з маладых і пільных, праверыў даўнюю вясковую легенду па касцельнай кнізе, раскапаў яе ажно ў Вільнюсе.
— Ну, добра, ад немцаў схаваць гады былі падставы. А калі нашы прыйшлі і вашы аднагодкі пайшлі ў ваенкамат. Вы пайшлі туды? Кнігу выкапалі?
— Не.
— І ваеннага трыбунала не баяліся?
— Баяўся.
— На што ж вы спадзяваліся? Калі што — шмыгнуць у лес, да бандытаў?
— Не. Мама плакала. Бацька не вярнуўся з партызанаў...
— Бацька загінуў як герой. А сынок — дэзерцір. І пасля ў вас хапіла нахабства пралезці ў партыю? Дзе ваша сумленне?
— Вінаваты.
— Ды яшчэ як вінаваты!
— А што мы цягнем такое яснае пытанне? Іншай думкі не можа быць!
Праўда, не можа. Аднак бескампраміснай Але Уладзіславаўне чамусьці хацелася, каб хто-небудзь хоць паразважаў, што ў сорак чацвёртым хлопцу было васемнаццаць, а зараз шэсцьдзесят адзін, столькі ж, колькі яе бацьку, дзеці сталыя, унукі — школьнікі. На ўсіх лажыцца кляймо. Не, ніхто пра гэта не сказаў. Да дэзерціра літасці не мелі і тыя, хто вайну ледзьве помніць, як Сіротка, як Баброўка, і тыя, што нарадзіліся пасля вайны. Не выступаць жа ёй з такімі развагамі ды яшчэ перад разборам учынку Булаўскага.
Пра ўчынак загадчыка аддзела гаварылі падоўгу і строга. (Строга, але не гнеўна, адзначыла Наліцкая.) І тут жа падпускалі гумар, жартачкі, амаль кожны выклікаў калі не смех, то ўсмешачкі. Сур'ёзныя людзі — члены бюро — гавораць пра сур'ёзную барацьбу, ад вынікаў якой у значнай ступені залежыць перабудова, і раптам такія несур'ёзныя кепікі. Гэта абурала Алу Уладзіславаўну. Сапраўды размагнічваюць адзін аднаго, так можна дагаварыцца да... даравання. Вунь куды верне Баброўка: з Эдзіка можа вырасці добры паэт. І — хто ў яго ўзросце не спатыкаецца? І дагаварыўся — да вымовы без занясення ва ўліковую картку. Вунь на колькі ступеняў спусціўся! Хоць лепш, чым хто, ведае думку аддзелаў абкома. У першага сакратара ажно ўчасціўся пульс, на шыі выступілі непрыгожыя плямы, яна шпарка занатоўвала тэзісы на паперы, каб даць водпаведзь кожнаму з гэтых жартаўнікоў-лібералаў. Яна таксама пажартуе, але яе жарты будуць іншага адцення.
Жнівень гарачы. Добры прыпар — радуе штодзённая зводка па ўборцы ўраджаю. Усе тры акны ў зале адчынены, а ўсё роўна душна. Мужчыны паздымалі пінжакі. А яна вельмі рана ездзіла па калгасах і не паспела змяніць шарсцяны касцюм на лёгкае плацце. Жакет, праўда, і яна скінула, але пад поясам спадніцы пацела паясніца, ногі; дыскамфорт такі даваў адчуванне забруджанасці, адрываў думкі ад справы. Яна злавала на сябе: «Чыстаплюйка, баба! Пра сцёгны свае думаеш. Сорам!» — і запісала тэзіс з выступлення начальніка міліцыі Пацеркі, які таксама хітра выгараджваў Булаўскага. «Намёк на дурноту твайго намесніка зразумелы. Але выдам я табе, ахоўнік парадку, галоўны змагар за цвярозасць, па самую, як кажуць, завязку. Не ратуюць цябе твае салдацкія жартачкі. Сам ты ці не ад гэтай гары пажаўцеў?» Худы падпалкоўнік пацеў, як ніхто, і Наліцкай стала непрыемна глядзець на яго. Павярнулася да акна і... устрапянулася, перастала слухаць, што гаворыць начальнік міліцыі. Пасярод плошчы стаяў Вася Ліхач. Побач з ім дзве маладыя жанчыны. Ён нешта расказваў, і жанчыны весела смяяліся. І ў Алы Уладзіславаўны варухнулася незнаёмае пачуццё, нядобрае — гэта яна ведала пэўна, але не ведала, як яно называецца. Няўжо рэўнасць? Смешна. Раўнаваць чужога мужа? Раздражнялася супраць яго зусім за іншае. За доўгую адлучку, хоць у ананімку, што ён купаецца ў моры, не паверыла — не той дырэктар, Васіль сядзіць на заводзе больш, чым яна ў гаркоме. Днюе і начуе. За выгляд яго раздражнілася. Ідзе ж у гарком, а надзеўся, як для загараднай прагулкі: джынсы, сіняя сарочка.
«Трэба табе прачысціць мазгі».
Ах, Ала, не хітруй сама з сабой. Усё больш складана. І таямніча. Пра такое сапраўды хіба сама сабе ўначы ў бяссонніцу прызнаешся. Узбунтавала яе душэўны спакой тая неспадзяваная сустрэча ля Нёмана з ім, з яго сям'ёй. У наступную ноч сасніла дзіця, такога ж узросту, як яго Маша, толькі не дзяўчынку — хлопчыка. Падкідвала яго, што мяч, лавіла, цалавала яго ножкі, хлопчык заліваўся смехам, і яна таксама рагатала, і было ад гэтай гарэзлівасці незвычайна прыемна. Сон гэты не даваў засяродзіцца на рабоце. А на другую ці трэцюю ноч яшчэ горш: яна спала з мужчынамі, адразу з двума, адзін з аднаго боку, другі з другога,— Толя, вадзіцель, і ён, Ліхач. Сарамата якая! І брыдота. Пасля, удзень, з'яўлялася проста-такі страшнае адчуванне: мужчыны ведаюць пра яе ганебны сон і аглядаюць да абразлівасці пажадліва.
Незвычайныя сны ў розных варыяцыях паўтараліся і выбівалі яе са звычайнай жыццёвай каляіны, добра наезджанай за дванаццаць гадоў кіраўнічай работы. Нельга сказаць, што раней яна не думала пра асабістае, чалавек ёсць чалавек,— пра тое, што варта неяк уладкаваць сваё жыццё, не лепшы гэта лёс застацца векавухай, ды і нелагічна з яе знешнасцю — лепшым пасагам, што маглі падараваць бацькі. Думала пра дробязі — што купіць, што пашыць, тут яна захоўвала пачуццё меры, але ад моды ніколі не адставала, гардэробам сваім забяспечвала сястру, пляменніцу, маладых суседак, калі наведвалася да бацькоў. Аднак такія клопаты ніколі не перашкаджалі рабоце; пабочныя думкі — добрыя паўзы для адпачынку.
Уласна кажучы, выбілі яе з усталяванага рытму не сны — бяссонніца ад гэтых сноў, думкі. Сны — ліха з імі, яны бываюць самыя нечаканыя, фантастычныя, снілася, напрыклад, што яна хадзіла па Месяцы — жахлівыя пейзажы. А вось думкі... Яны заўсёды зямныя, прывязаныя да людзей, да спраў, да планаў, розных планаў, у тым ліку і асабістых.
І чым далей, тым горш. Пацягнула Алу Уладзіславаўну ў радзільны дом. Наведвалася ж разоў колькі і там, у дняпроўскім горадзе, ведала, што гэтыя нечаканыя «налёты» старшыні выканкома добра падцягваюць людзей, трымаюць, як кажуць ваенныя, у баявой гатоўнасці. Але там ніякіх асабістых эмоцый радзільня не выклікала — звычайная неабходная ўстанова, як бальніца, сталоўка, лазня. А тут адбылося сапраўды-такі штось незвычайнае. Можа, таму, што трапіла сакратар гаркома якраз тады, калі маці кармілі дзяцей. Якую палату ні адчыніць — поўныя белыя грудзі маладых матак і смоканне ружовенькіх роцікаў. Як спрытна гэта дзеці робяць. Суткі-двое пражыло, а ўжо шукае, калі згубіць сасок. І маці ўсе нейкія дзівосныя. Мадонны! І пахла ад іх малаком.
Дні два выява гэтая стаяла перад вачамі, перашкаджала працаваць. Гутарыць з дарослым, часам барадатым чалавекам, а бачыць яго маленькага — уяўляе, як ён смактаў матчыны грудзі. Проста насланнё нейкае. Бадай, ненармальны псіхічны зрух.
А потым пачаў паўтарацца адзін і той жа сон: дзіця смокча яе грудзі. Праз тыдзень Ала Уладзіславаўна пачула ў грудзях боль. Гэта моцна спалохала. Звярнулася да ўрача-тэрапеўта. Тая паслухала, памацала грудзі і павяла да анколага. Анколаг — мужчына, і ёй стала непрыемна, што той будзе камечыць яе грудзі пракуранымі жоўтымі пальцамі. Але ён толькі ласкава павадзіў далоняй па яе грудзях і павёў на рэнтген. Уважліва глядзеў разам з рэнтгенолагам.
«Абсалютна чыста,— заключыў, прынёсшы ёй заспакаенне, але тут жа спытаў: — Вы ў гінеколага былі?»
«Не. А навошта?»
«О не! Зараз жа пойдзем да гінеколага. Думаю, што вашы нядужасці — па іх часці».
Анколаг займаў пасаду намесніка галоўнага ўрача і добра ведаў, хто пацыентка, і Ала Уладзіславаўна яго помніла — па нарадах.
Яна не любіла гінеколагаў, агляды іх абражалі яшчэ ў інстытуце, і гадоў сем ужо не наведвалася да гэтага спецыяліста, ды і ўвогуле да ўрачоў звярталася хіба толькі калі грыпавала, а так не мела патрэбы, здароўе ў яе было выдатнае, і перастарэлая дзяўчына пераканала сябе — не хварэе таму, што вядзе ідэальна правільнае жыццё.
Па дарозе ў жаночую кансультацыю — намеснік галоўурача палічыў сваім абавязкам суправаджаць высокую пацыентку — Наліцкая збянтэжана папрасіла:
«Не кажыце, калі ласка, хто я».
Ён прыпыніўся, агледзеў яе.
«Вы што, цяжарная? — і здзівіўся: — Дык што ж тут такое...— пашукаў слова,— недазволенае? Ала Уладзіславаўна!»
Яна пачырванела.
«Ведае ён, што я незамужняя? Ведае, безумоўна, гэтую рысу маёй біяграфіі, бадай, увесь актыў ведае. І лічыць, што і пры такой сітуацыі ў цяжарнасці нічога ганебнага няма».
Такая філасофія ўрача неяк дзіўна заспакоіла, ледзьве не ўзрадавала: усё ж прасцей, чым ёй здаецца.
Гінеколаг, сівая поўная жанчына, за сваю доўгую практыку чула і бачыла тысячы драматычных і трагічных сітуацый, нават камічныя здараліся. Здзівіць яе нічога не магло. Аглядала яна няспешліва, ляніва, здавалася, абыякава, можа, не падабалася ёй, што пацыентку прывёў намеснік галоўнага: падумаеш, персона! Зрабіўшы такі вывад, Ала Уладзіславаўна трохі забаўлялася назіраннем за ўрачыхай, іграючы гэткую ж абыякавасць і звыкласць да аглядаў. Але і праз шкло двух акуляраў, сваіх і бабуліных, убачыла ў пэўны час у вачах урачыхі здзіўленне. Але на словах гінеколаг яго не выказала.
Скончыўшы працэдуру агляду, гэтак жа няспешліва памыла рукі, села, падсунула бланкі рэцэптаў, але тут жа бадай раздражнёна адсунула іх. Сказала катэгарычна: «Нарадзіць вам трэба! Баліць у вас не тут,— прылажыла руку да грудзей, пасля перанесла да галавы, запусціла пальцы ў сівыя пасмы,— а вось тут».
«Бесцырымонная бабуля»,— падумала Наліцкая, але падзякавала шчыра, узрадаваная: урачы, усе трое, развеялі яе анкалагічны страх.
Аднак ненамнога і ненадоўга стала лягчэй. Знік страх. Але ўзнікла праблема, ад якой раней яна лёгка адмахвалася, нават калі пра гэта пачынала сур'ёзную гаворку маці, ад знаёмых проста ўмела аджартавацца. Нельга, безумоўна, сказаць, што не думалася пра магчымасць адзіноцтва, якое можа наступіць; цяпер ніколі не адчувала яго, таму не баялася. Але з кніг, з расказаў людзей ведала, што гэта цяжкі пакутлівы стан, і, як бы яна ні навучылася пазбягаць яго, адзіноцтва, старасць будзе бязрадасная — гэта яна добра разумела. Але ў такія гады старасць яшчэ здаецца далёкай абстракцыяй. Калі яна наступіць! Да яе ў жыцці можа адбыцца многа нечаканага. А пакуль жыві тым, што цябе грэе. Падабаецца многім няньчыцца з дзецьмі — няхай нараджаюць дзяцей. А яна будзе аддаваць сябе працы дзеля таго, каб дзецям гэтым шчасліва жылося — у камунізме. Кожнаму — сваё. А карацей кажучы, з-за працы проста не хапала часу філасофстваваць на гэтую тэму. Спала добра, сніла рознае — без такіх паўтораў, як цяпер,— і сны гэтыя забываліся пры першай жа сустрэчы з людзьмі на лесвіцы дома, дзе жыла, ці ў прыёмных выканкома, гаркома.
А тут раптам, пасля звароту да ўрачоў, у бяссонную ноч з'явілася незнаёмае — як нечаканы цяжар — адчуванне сваіх трыццаці шасці гадоў і прыйшла думка: не агледзішся, як наступіць той фізіялагічны ўзрост, калі нарадзіць ужо не здолееш, нічога нечаканага за гэтыя пяць-сем гадоў не здарыцца, як не здарылася дагэтуль.
Але лёгка сказаць: нарадзіць трэба. А як гэта зрабіць, мудры доктар? Выйсці замуж... За каго — з пасагам яе гадоў і пры яе становішчы? За таго начальніка будтрэста, якому на мінулым бюро запісалі вымову за развод з жонкай? Хто з такіх адважыцца зрабіць ёй прапанову? Спакусіць Толю? Спакусіць можна — пазірае на яе калені пажадліва. Але такі маральны чысцюля здольны пакаяцца перад маладой жонкай, і, калі тая ўзніме лямант, а напэўна ўзніме, за такую амаралку зляціш з высокага крэсла,што футбольны мяч. А Ала Уладзіславаўна больш за ўсё баялася на нечым спатыкнуцца так, што за гэта могуць без парашута, як жартуюць яе калегі, спусціць з тае вышыні, на якую яна ўзнялася не за прыгожыя вочы, не з дапамогай пратэкцый, а стараннай сумленнай працай у камсамоле, у гарсавеце. Яна ганарылася, што дамаглася сваіх пасад сама — нікога не паіла каньяком, ні з кім не цалавалася, хоць некаторыя начальнікі квапіліся, рабілі нахабныя намёкі, і ні перад кім, бадай, не падхалімнічала. Пачцівай была, паслухмянай, дысцыплінаванай — асабліва начальству не пярэчыла, аднак свой погляд, сваю пазіцыю па пытаннях прынцыповых умела адстойваць далікатна, без шуму, без «ігры на публіку». Разумела, што за гэта яе цэняць — за ўмераную паслухмянасць, пры якой Ала Уладзіславаўна, аднак, умела не прыніжаць сябе. І гонар яе жаночы, лад жыцця ўхвалялі і кіруючыя мужчыны, і нават іх жонкі, бо ў паездках з ёй на нарады, па раёне не баяліся за мужоў: Наліцкая ніякіх «жартачкаў» не дазволіць. Такая слава, як і ўсялякая іншая, кружыла перастарэлай дзяўчыне галаву. Яна ўпэўнілася, што валодае адзіна правільным спосабам жыцця, што жанчыне — партыйнаму кіраўніку, каб не страціць аўтарытэт, толькі гэтак і трэба паводзіць сябе.
І вось упэўненасць яе рушыцца. Хіба толькі так можна пражыць? І асудзіць сябе на адзіноцтва ў старасці? Само жыццё, уся практыка роду чалавечага, сама прырода даводзіць, што сэнс толькі ў тых законах, па якіх жыве большасць людзей — дзевяноста дзевяць працэнтаў іх. У якую ж мізэрную меншасць яна залічыла сябе. І пры гэтым прэтэндуе на ролю кіраўніка, знаўцы, дарадцы, суддзі ўсіх чалавечых адносін, наладчыка гэтай самай складанай машыны — жыцця.
Пасля доўгіх, пакутлівых, саромных і нявінных, посных і скаромных разважанняў Ала Уладзіславаўна пераканала сябе: трэба нарадзіць. За сувязь з такім, як Толя, сапраўды можна пагарэць. А калі нарадзіць так, каб ніхто не ведаў — ад каго, то... ніхто з калег, з начальства яе не асудзіць, ніхто персанальнай справы не створыць. Дзякуй богу, у гэтым плане грамадства далёка адышло ад дзікай дамастроеўшчыны. Цяпер нават у глухой вёсцы не асуджаюць маці-адзіночку. Большасць ухваляюць — тых, хто нараджае без разбэшчанасці, ад жадання мець дзіця.
Праўда, палохала думка, што на некаторы час, на паўгода мінімум, прыйдзецца перапыніць работу. А за гэты час там, уверсе, могуць падумаць: жанчына з малым дзіцем — не той «першы» ў напружаны час перабудовы; у прафсаюз яе куды-небудзь ці на завод — інжынер па адукацыі. Гэтага баялася і пасля халодных цвярозых разваг адступала ад свайго намеру.
«Не губляй галавы, Алька, а то пакоцішся ўніз».
Але цвярозасці хапала хіба на дзень, калі празаічныя справы засланялі фантастычныя ўяўленні. А ўначы ўсё пачыналася спачатку.
Не, нарадзіць! Вырашана і запісана — так любіла гаварыць на пасяджэннях, завяршаючы абмеркаванне чарговага пытання. Перабірала мужчын — ад каго? Ішла ў адзін бок — у мінулае, у маладосць, у другі — у сучаснасць. Колькі іх, мужчын, самых розных! І бадай ніхто не пагрэбуе ёю — ведае яна гэтах кабялёў, толькі міргні, дай зачэпку. Але ў тым і загвоздка, што не ўмее яна міргаць, не навучылася, ды і крэсла перашкаджае. І ўсе тайныя будучыя бацькі адсыпаліся па самых розных прычынах: з адным ёй брыдка легчы ў ложак, другі — балбатун... Перад вачамі стаяў адзін. Куды б ні плылі думкі, круг іх замыкаўся на ім. Толькі яму магла б сказаць... у пэўных умовах:
«Вася, я хачу дзіця... ад цябе».
Але менавіта — у пэўных умовах. А якія яны, гэтыя ўмовы? Як іх стварыць? Першыя бяссонныя гадзіны яна гнала яго прэч:
«Згінь з маіх вачэй. Нахабнік! Брыдкі тып! Памяло!»
А пад світанне прасіла:
«Здагадайся сам — прыйдзі. Не прымушай мяне прыніжацца. Я ж — жанчына. А нават у раманах... у старых раманах гераіні ніколі не прасілі дзіця».
...Ліхач развітаўся з жанчынамі і ішоў да гаркома. Убачыў Наліцкую праз адчыненае акно, прыветліва памахаў рукой. Натуральна, што яна не адказала — трэба весці пасяджэнне. А то проста вылецела б з залы — так апанавалі думкі. Не любіла такой рассеянасці, калі думкі пра адно, а слухаць і гаварыць трэба зусім іншае. Дзіўна, што і такое не ардынарнае, не дзяжурнае пытанне, як персанальная справа маладога выпівакі, адышло за празрыстую, але глухую сцяну: глядзела на людзей і не чула іх — жыла патаемнымі начнымі перажываннямі. Гэта ўжо проста заскок нейкі. Зноў успыхнуў гнеў на Ліхача: во прычапіўся, назола!
Выступаў Воблікаў і сказаў нешта такое, што ўсе засмяяліся. Нават у вінаватага Булаўскага посная фізіяномія павесялела. Што сказаў старшыня, які ўмее падладзіцца да маладых? Хітруган. Хоць зараз усе падладжваюцца да маладых. Паўзе, як ляднік, змена пакаленняў. Старэйшыя баяцца, што адламаецца глыба і абрушыцца на іх. Хаваюцца за спіны маладых.
Ала Уладзіславаўна заглянула ў парадак дня. Работы яшчэ на добрую гадзіну. Ліхачу прыйдзецца чакаць яе. І хоць кальнула паганенькая рэўнасць ад думкі, што будзе фліртаваць з Янінай, сакратаркай, какетлівай рагатунняй, ёй раптам зрабілася суцешна і бадай весела. Яна стала добрая.
— Дык што ты прапануеш, Міхаіл Паўлавіч? Я не чула.
— Вымову.
— З занясеннем?
— Без занясення,— сказала Марыя Казіміраўна Тапыга, сакратар па ідэалогіі: ратавала свайго падначаленага, а можа, і больш, чым падначаленага.
Ала Уладзіславаўна на пачатку сваёй работы тут пасябравала з Марыяй; дзве жанчыны будуць цягнуць адзін воз, і лёс у іх аднолькавы — незамужнія, праўда, Тапыга разведзеная. А пасля начных перажыванняў амаль узненавідзела сваю каляжанку, што тая не жыве манахіняй і ніхто на яе не паказвае пальцам. І з гэтым прыгажуном Булаўскім у яе, напэўна, не толькі службовыя адносіны, таму стараецца ўратаваць яго, тры дні ўпрошвала не караць жорстка. І ў яе зноў успыхнуў ранейшы гнеў на супрацоўніка, які ў разгар антыалкагольнай барацьбы заснуў перад гаркомам. За адну такую дурноту трэба гнаць не толькі з работы! Але прымусіла сябе накінуць наморднік на сабаку гневу.
— Добранькія мы.
— Ала Уладзіславаўна! Нават Біблія вучыла: авечку, якая заблукалася...
— Табе, Піліп Іванавіч, папом трэба быць. Бразоўскі! Вакантнага прыходу няма? А то парэкамендуем мітрапаліту.
— Царква пустуе.
— За папа ў нас Марыя Казіміраўна.
— Яна ж каталічка.
— Лепшы прапаведнік Саша. Толькі слязу не пускай. Алілуя заводзь.
— Вось за гэта і запішам яму: за разыходжанне слова з дзелам. Хто за вымову з занясеннем?
Прагаласавалі дружна. Наліцкая зразумела: узрадаваліся мяккасці пакарання, бо ведалі яе непрымірымасць і рашучасць дамагчыся выключэння. Пашкадавала, што так раптам падабрэла. З-за чаго? Ліхача ўбачыла? Цьфу! Сябе перастанеш паважаць з-за такой амплітуды настрою. Дадала Булаўскаму стальным голасам суддзі:
— Пойдзеце інструктарам у райвыканком. Узніміце культуру на сяле. Можаце быць свабодным.
Забылася, што ён член бюро і рашэння пленума не адбылося. Аднак ніхто не паправіў яе.
Здзівілася, што яго няма ў прыёмнай. Здзівілася і ўстрывожылася. Няўжо не дачакаўся заканчэння пасяджэння і пайшоў? Аднак у Яніны не спытала, куды знік Ліхач. І ад гэтага зрабілася сорамна — ад боязі выдаць сваю павышаную цікавасць і нецярпенне бачыць яго. А яно такі было, нецярпенне, быццам з яго прыходам вырашыцца яе лёс. А што? Можа, і вырашыцца. І Ала Уладзіславаўна забылася на ўсе справы, а іх было бездань, і напружана ўслухоўвалася ў прыглушаныя галасы за двайнымі дзвярамі. Баялася, што зойдзе нехта з тых, хто заходзіць без дакладу, напрыклад, Марыя Тапыга, і сваёй балбатнёй адцягне сустрэчу з ім. Але сказаць Яніне, што яна нікога не прымае, акрамя... не магла. Менавіта гэтае «акрамя» і стрымлівала.
Па залівістым Янініным смеху зразумела, што ў прыёмнай з'явіўся Ліхач. І не вытрымала, паднялася, выйшла з-за стала. Чакала, як высокага госця, са страхам слухаючы ўдары сэрца і адчуваючы, як непрыемна перасыхае ў роце, у горле, быццам абязводжваўся арганізм.
Дзверы размашыста адчыніліся, у гэтыя дзверы мала хто так заходзіў.
— Можна, Ала Уладзіславаўна?
— Заходзь.
Божа, што гэта ў яе за голас?! Хіба такім голасам гаспадыня кабінета павінна запрашаць наведвальніка, якога паклікала, каб паўшчуваць?
Васіль прычыніў дзверы і застаўся стаяць ля парога, бесцырымонна аглядаючы былую аднакурсніцу.
Ала пачула, што загарэліся шчокі, але, бадай, не ад таго хвалявання, з якім чакала яго,— хутчэй ад страху перад яго бесцырымоннасцю — як паводзіць сябе! — і ад стоенага абурэння: «Няўжо чакае, што першая я павінна падысці, каб павітацца? Нахабнік!»
Не, падышоў. Рука яго была мяккая і гарачая. Такога ласкавага поціску яна не помніла. Закружылася галава, зазвінела ў вушах. І ёй захацелася неверагоднага — страціць прытомнасць. Каб ён падхапіў яе на рукі. Каб ведаў, куды пакласці. Даў вады. І тады ёй лягчэй было б сказаць:
«Вася, я хачу дзіця — ад цябе».
Але тут жа пасміхнулася са свайго бабскага глупства. Не без гумару падумала: а праўда — куды ён паклаў бы яе? На даўгі стол? А раптам паклікаў бы на дапамогу? Ускочыла б Яніна... Урэшце, нічога дзіўнага, каб ёй зрабілася блага — спякотны дзень, парыць, яўна перад навальніцай, напружанае пасяджэнне... і нечаканае жаданне як бы спакваля вярталася. Не запрашаючы сядаць, спытала:
— Дзе гэта ты загараеш, гуляка?
— Ала! Я ж званіў... Якую я лінію выбіў... Заходнегерманскую. Праграмную... Зраблю завод — капіталісты здохнуць ад зайздрасці...
— Здаецца, лінію ты выбіваў не ў Жданаве.
— На «Азоўсталі» я выбіваў сталь. Ты знаеш, як рэжуць нас пастаўкі металу.
— На цябе напісалі, што ты за кошт завода наладзіў сабе турысцкае падарожжа і... курорт.
— Хто напісаў?
— Заводскія, безумоўна.
— Ты не хочаш сказаць хто?
— Прозвішчаў не разабраць.
— Слухай! Ты дагэтуль сур'ёзна прымаеш ананімкі! Плюнь ты на іх! Хіба я падобны на гультая? Я мог сачкануць у інстытуце. Але на рабоце — ніколі. Даша сказала, што я пахудзеў за гэтае падарожжа. Ажно прыраўнавала. Добранькі курорт! Ты ведаеш, як я дабіраўся са Жданава? Калі Галубятнік пазваніў, што ты разнесла яго... за мяне, я зразумеў, што ты кіпіш.
— Не вельмі твайго Галубятніка разнясеш. Па-мойму, беспартыйны тып...
— Ды не! Партыйнасці ў яго ажно занадта, калі тычыцца справы... Ды ты паслухай, як я дабіраўся з гэтага «курорта». Білетаў, канечне, няма. Але ў нас усюды працуе падпольны сіндыкат. Усюды «жучкі». Адразу сцямілі, калі я кідаўся па аэрапорце, што мне во як трэба ляцець. «Ёсць білет».— «Да Мінска?» — «Не».— «Да Вільнюса?» — «Да Таліна. Ды там жа пехатой можна дайсці да твайго Мінска». Гумарысты, чортавы дзеці! Грошай у мяне не хапае. Чакаць, пакуль здам свой білет, не хочуць. Ледзьве ўмаліў, каб узялі грошы, якія меў, і білет да Мінска. Трохкратная цана. Якая бухгалтэрыя аплаціць? А ты кажаш: за кошт завода. У Талін прыляцеў — у кішэні сорак сем капеек. І ніводнага тэлефона. А дзень выхадны, установы зачынены. Пачаў на вакзале электронны гадзіннік прадаваць. Але каму трэба наша дзярмо? Каб японскі! Міліцыянер пачаў за мной цікаваць: жулік. Тады я да яго. Так і так. Вазьмі гадзіннік у залог. Дай на білет хоць да Вільнюса. Гадзіннік у сем раз даражэйшы. Во так... А ты кажаш, я анархіст. Не, я — перабудоўшчык. Сапраўдны менеджэр. Толькі гандляваць не навучыўся, а рабіў у гандлі. Гадзіннік не здолеў прадаць. Двое сутак не еў.
Так яны і стаялі адно перад адным. Здавалася, гаспадыня кабінета слухае госця са шчырай увагай. Гэта яго натхняла. Захоплены сваімі дарожнымі прыгодамі, дырэктар не думаў пра штось пабочнае і не так пільна ўглядаўся ў былую аднакурсніцу, каб адчуць, зразумець усю складанасць і супярэчлівасць яе пачуццяў. Упачатку толькі падумаў, убачыўшы чырвань на яе шчоках: «Прыгожая ўсё- такі баба». Аднак не пашкадаваў, што яго студэнцкія заляцанні засталіся марнымі. А яна ўзіралася ў яго твар і слухала ўдары ўласнага сэрца, таемна жадаючы, каб яно, сэрца, неяк выдала яе пачуцці — каб ён зразумеў, настроіўся на яе просьбу. А магло выдаць, бо білася арытмічна — то прыглушана, то моцна да звону, так, што ажно пульсавала ў горле. Ала адчувала, чула гэтыя ўдары і чула, што шчокі гараць, а рукі халодныя. Упачатку падумала, што добрую долю сваіх прыгод Васіль сачыніў — помніла з інстытута, які сачыніцель. Але потым амаль не слухала, што ён расказвае. Глядзела праз акуляры ў яго вочы, бачыла, што яны пачырванелыя — відаць, сапраўды не спаў,— і думала адно:
«Зараз я скажу... зараз скажу... Вася, я хачу дзіця. Ад цябе».
Пры ўсім хваляванні ўявіла, як ён здзівіцца. І няхай здзівіцца, няхай мацней здзівіцца, з ашаломленым лягчэй размаўляць. Гэта будзе як запозненая помста за яго «Пагуляем у кошкі-мышкі?». Пагуляем, Вася, пагуляем. Але ты гэта хацеў зрабіць, патушыўшы святло, а я — пры ззянні летняга дня, адкрыта, шчыра, галосна для дваіх. Хто ж цяпер будзе кошка, а хто мышка?
Не стрымалася — усміхнулася думкам сваім.
— Смяешся? Не верыш?
— Амаль веру.
— Здзекуешся? Ты мне ніколі не верыла. А я, між іншым, сур'ёзны чалавек.
— Між іншым.
Васіль рагатнуў.
— З табой небяспечна гаварыць. Але скажу табе па-сяброўску: скептыцызм, які ты выпрацавала ў сабе, якасць не лепшая... для тваёй пасады і... для нашага часу.
«Вася, я хачу дзіця — ад цябе».
І тут яе ўдарыла да аглушэння, да звону ў вушах. Яна ажно адхіснулася. А калі ён зарагоча ёй у твар? Ён можа. Пераможна зарагоча, здзекліва. Сыты ж, як кот, правёўшы ноч са сваёй «пампушкай» пасля паўмесячнай адлучкі. Возьме і скажа, ды яшчэ на поўны голос: «Не, Ала, позна. У мяне — жонка, дзеці».
Як яна ўнізіцца, зганьбіцца!
У кабінеце і ў сцен ёсць вушы. Спалохана азірнулася на стол, на тэлефоны, быццам яны здольныя пачуць не толькі словы, але і думкі. І пайшла за стол, бо толькі там, у крэсле за сталом, адчувала сябе ўпэўнена і... спакойна — як за каменнай сцяной. Сказала амаль афіцыйна:
— І ўсё ж ездзіць два тыдні ў такі гарачы час — гэта, прабач, легкадумнасць.
— Але ж я зрабіў за два тыдні тое, чаго, седзячы ў кабінеце, не зрабіў бы і за два гады.
— Добра. Лінію ты атрымаў. Але ж яе трэба ўстанавіць.
— Установім!
— І выканаеце план? — іранічна спытала Ала Уладзіславаўна.
— Ух, план! — Ліхач зморшчыўся, як ад зубнога болю, і пашкроб патыліцу; сеў у крэсла для наведвальніка.— Карэкціроўку не прабіць. Такія бюракраты! Я дакладваў табе па тэлефоне. Скажаш пра план — як у панцыр лезуць. Во дзе трэба ламаць...
— Што ламаць?
— Псіхалогію чыноўнікаў. Дайце мне вырашаць, гаспадару!
— Ты такі ж служачы, як і яны. У грамадстве. Вырашай, для гэтага табе дадзены ўсе правы. Але план — закон, дзяржаўны. Ніякім галасаваннем, ні адкрытым, ні тайным, яго нельга змяніць. «На што ты намякаеш? Табе не падабаецца, што мяне выбраў калектыў? Паламалі твой план аб выбранні Шатохіна?» — ужо ўзлавана падумаў Ліхач. І яшчэ падумаў: варта было б сказаць гэтай самавітай жанчыне ў высокім крэсле, што калі яна выклікала яго дзеля таго, каб зрабіць такую банальную праборку, то дарэмна траціць час, ён залішне таўстаскуры для такіх дамскіх ушчуванняў. Але разумеў, што гэта сапсуе іх адносіны. А навошта яму псаваць адносіны з першым сакратаром гаркома? Студэнцкае сяброўства можна добра выкарыстаць для справы. І нават сваё даўняе заляцанне. Можа, аднавіць яго? Платанічнае. Не засохла ж яна зусім. Наадварот, набыла больш жаноцкасці, формы акругліліся. Памаўзліва заглянуў у прарэз плацця.
«Такая гульня магла б уратаваць ад лішніх сінякоў за план».
Але засмяяўся са сваіх юрлівых думак. Студэнцкія забаўкі — не для сталага чалавека.
— Ад чаго табе смешна?
— Ад плана. Выканаем мы яго... з дапамогай гаркома.
Наліцкая адказала сур'ёзна:
— Але, бачу, гаркому прыйдзецца сур'ёзна памагаць табе, каб выцягнуць план пры тваіх навацыях.
— А як жа інакш перабудоўвацца?
— Не думай, што адзін ты перабудоўваешся.
— Далібог, не думаю так, Ала Уладзіславаўна!
За два гады работы на «заводзе гір», як Ліхач жартаўліва называў той завод, дзе працаваў раней, у яго не ўзнікала ніякіх праблем. Поўнае ўзаемаразуменне з калектывам, з парткомам, з заўкомам. Яго любілі, і Васіль Васільевіч ганарыўся гэтым. Ніводнай ананімкі ні ў якую інстанцыю! Камунікабельнасць яго, вясёлая дэмакратычнасць даходзіла да рабочых суседняга завода, таму, напэўна, і выбралі яго, можна лічыць, трыумфальна.
Здаецца, і тут знешне ўсё добра. Рабочыя, інжынеры паважаюць новага дырэктара, і Ліхач даражыў іх даверам. Яны ішлі за ім, як за добрым камандзірам, упэўненыя, што бой гэты, штурм вышыні — не дарэмная трата сіл, што гэта звенні, з якіх скуецца ланцуг пераўтварэнняў, перабудовы.
Але вельмі хутка, не паспеўшы, як кажуць, разгарнуцца, выявіць свае якасці, станоўчыя і адмоўныя, Васіль адчуў, што існуе сіла, нейкая таемная глыбінная плынь, якая скіравана супраць яго. Хто гэта? Чаму? З якой прычыны? Не мог сцяміць і недаўменна здзіўляўся. Разумеў: гэта небяспечна, калі не бачыш праціўніка...
Яшчэ да ананімак за яго камандзіроўку паступіла ажно ў абком ананімнае пісьмо за самачынную арганізацыю суботніка па навядзенні парадку, без аплаты гэтага паўдня вясёлай працы, калі сам дырэктар сцягваў цяжкі металалом, які зарос пад плотам травою. Яго радавала, як людзі рабілі. І раптам — абухом. Праўда, міма. Ён таксама не прастачок — дамогся сумеснага рашэння парткома і заўкома, згоды выбраных органаў не на словах, а на паперы.
Справаздачу па камандзіроўцы правяралі тры камісіі. Жах. І смех. Выедзенага яйка не варта. Прычапіцца не было за што. Але прычапіліся. Ашаламіла, што сур'ёзныя рэвізоры з сур'ёзнай фінансавай установы могуць сур'ёзна падазраваць у махінацыях з камандзіроўкай дырэктара завода. Што робіцца!
Меў ён глупства паставіць на камандзіровачным пасведчанні пячатку паштовай скрынкі, а білетаў туды не было: ляталі на ваенным самалёце.
Распаўнелая ад сядзячай працы жанчына ўчыніла допыт:
«Што гэта такое — ПЯ нумар...»
Нельга было тлумачыць чалавеку, далёкаму ад спецыфікі завода, што гэта такое, і Ліхач паспрабаваў жартаваць:
«Скрыначка. Вось такенькая. Але жалезная».
«Дзе яна?»
«Вісіць на дубе ля сіняга мора».
Жарт быццам падхапіла, але па-свойму:
«І вы ездзілі туды?»
«Лятаў».
«За чый кошт?»
«За свой».
«Па якой патрэбе?»
«Салаўя паслухаць».
Дурная баба так і запісала ў акт рэвізіі, з чаго пасмяяўся не толькі ён сам, але і бухгалтары завода.
Другая камісія прычапілася да квітанцый аплаты за маскоўскую гасцініцу: дарагі нумар.
«Але ж я атрымаў не больш таго, што належыць».
Усумніўся на гэты раз рэвізор-мужчына, даволі інтэлігентны з выгляду:
«А тры чвэрці плацілі са сваёй кішэні?»
Гэта абурыла.
З трэцяй камісіяй Ліхач адмовіўся размаўляць. Узлавана пазваніў Наліцкай. Ала Уладзіславаўна таксама абурылася. Ён паабяцаў не жартам:
«Пішы мне загадзя суровую вымову. Калі хто-небудзь яшчэ з'явіцца з такой праверкай, нават з міністэрства майго, узвалю на аўтакар і вывезу ў той роў, куды мы высыпаем смецце».
«Не блазнуй, Васіль».
«Ты мяне дрэнна ведаеш».
«Я цябе вельмі добра ведаю».
Так, яна яго ведала, бо думала пра яго і ўдзень і ўначы. Ён жа ўспамінаў яе толькі на рабоце, калі трэба была дапамога гаркома.
Званок дырэктара завода навёў першага сакратара на думку: прыняць пастанову, якая забараняла б камісіям любых інстанцый рабіць праверкі заводаў, устаноў без згоды гаркома.
У даверлівай размове з галоўным інжынерам Ліхач паскардзіўся на дзіўную атмасферу, якой ніколі не адчуваў на тым заводзе, што праз вуліцу.
Галубятнік не здзівіўся, яго ніколі нішто не здзіўляла.
«А ты думаў — ён пакіне цябе ў спакоі?»
«Хто?»
«Каго не выбралі».
«Цябе не выбралі, Міхаіл Юзафавіч».
«Я запасным іграком ішоў — для дэмакратыі».
«Шатохін?!»
«У яго на заводзе поўна сваякоў. Ён жа некалі рабіў тут галоўным энергетыкам. А чаму, думаеш, ірваўся сюды? Свае людзі вакол».
Вунь як! Вось табе і далікатны Мікалай Свірыдавіч! А ён, Ліхач, выходзіць, наіўны ідэаліст. Цікава, хто ж яны, сваякі цяперашняга намесніка старшыні гарвыканкома? Распытваць у Галубятніка палічыў няёмкім; увогуле адносіны яго да галоўнага інжынера — як у сына да бацькі: сын можа перарасці па адукацыі, па пасадзе, але бацька застаецца бацькам.
На падазронасць Ліхач ніколі не хварэў, і ценю яе не было, верыў людзям. Гэта нярэдка падводзіла. Падвяло і тут. Размову аб сваяках Шатохіна пачаў са сваёй сакратаркай, Рэгінай Адамаўнай. Жанчына падабалася яму акуратнасцю, камунікабельнасцю і дасведчанасцю ў заводскіх справах: у першыя тыдні яго работы яна амаль гэтак жа «адукоўвала» яго, як Галубятнік. І ён даверыўся ёй. Расказваў усё, нават тое, чаго, магчыма, і не варта было ёй ведаць. Расказваў пра свае сямейныя справы, больш пра дзяцей — Машу і Сашу. І не падумаў, што яна таксама сваячка Шатохіна, няхай і далёкая,— сястра яго свацці. Проста да слоў Галубятніка ён не думаў пра Шатохіна.
Балаціраваўся чалавек — не прайшоў. То і што? Застаўся на сваёй, не ніжэйшай, чым дырэктар, пасадзе. Прыдзірак якіх-небудзь з яго боку не было. Ды і за што? За ваду? За каналізацыю? Дык у гэтым плане ў завода больш прэтэнзій да гарадскога Савета. Праўда, ачыстныя збудаванні дапатопныя, але на заводзе ўсё дапатопнае. Ды і не зліваюць яны адпрацаванае масла ў раку — няма яе. А хіміі тут — толькі цэх афарбоўкі ды лабараторыя.
Дзіўна, чаму Галубятнік не папярэдзіў наконт Рэгіны? Няўжо і сам не знаў? Але пра гэта Ліхач не паспеў даведацца.
Рэгіна паведаміла, што сваякоў у Шатохіна зусім не поўна, перабольшыў галоўны інжынер,— усяго адзін: намеснік начальніка планава-эканамічнага аддзела Самалёў — сват яго.
Можа, пераканаўшыся, што дырэктар асабліва не ўнікае ў гэтыя справы — спытаў так, дзеля цікавасці,— Рэгіна скрыла сваё сваяцтва, а галоўнае, змоўчала наконт Зоі Іванаўны Булат, старшыні заўкома, якая таксама звязана з Мікалаем Свірыдавічам тым далёкім сваяцтвам, якое не перашкодзіла б ёй займаць прафсаюзную пасаду і тады, калі б дырэктарам выбралі Шатохіна. Таму Рэгіна і не сказала. Не прыдала значэння? Падумаеш, сваяцтва: дзесятая вада на кісялі!
Ліхач і на інжынерава паведамленне «поўна сваякоў» адрэагаваў спакойна. А сакратарка зусім заспакоіла яго. Глупства ўсё! У некаторай калгаснай брыгадзе паўвёскі сваякоў. І што? А тут адзін чалавек... ну, няхай два-тры з дзвюх тысяч... Абы працавалі сумленна. А Самалёў якраз талковы эканаміст, што цяпер вельмі важна. Ананімкі? Іх маглі напісаць зусім іншыя людзі. Развялося пісараў. Выкідаць іх трэба ў кош, гэтыя ананімкі, што ён і параіў Але Наліцкай.
Пра галоўнага, можа, упершыню падумаў трохі нядобразычліва: «Навошта старому спатрэбілася палохаць мяне?»
Драбнюсенькі эпізод, у той жа дзень забыты. Нават Дашы не расказаў пра высвятленне сваяцтва сваіх падначаленых, хоць амаль пра ўсё іншае, вартае ўвагі, расказваў, акрамя, безумоўна, таго, што звязана з ваеннымі заказамі.
Лавінай навальваліся праблемы завода і вытворчасці. Прыйшла лінія. Аб'явілі аўрал па ўстаноўцы яе. Рэканструкцыю цэлага завода, асноўнага, трэба зрабіць так, каб гэта не вельмі адбілася на выкананні плана. За што, за што, а за правал плана дадуць па лысіне — і партыйныя органы, і міністэрства. Тым больш што ваенныя з незвычайнай аператыўнасцю змянілі сваіх «панелявозаў» і паспяшалі з асваеннем навінкі.
Спецыяльных мантажнікаў на ўстаноўку лініі атрымаць вось так, з наскоку, без уключэння ў план, немагчыма. Усё належала зрабіць сваімі сіламі. А дзе іх узяць, сілы? Рабочых і без таго не хапае. Мясцовыя бацькам сена косяць.
Галубятнік параіў адмяніць адпачынкі — усім, нават за- водаўпраўленню. Праблемка. У жніўні! Паспрабуй адмяніць — звальняцца пачнуць. Адказнасць дырэктара, як у камандуючага арміі перад рашучай аперацыяй. Усё ўлічыць: і матэрыяльныя рэсурсы, і маральны дух людзей.
Вось тут у яго і адбыўся першы канфлікт з Зояй Іванаўнай. Яна рашуча выступіла супраць адмены адпачынкаў: парушэнне працоўнага заканадаўства. Правяла рашэнне на заўкоме амаль аднагалосна, адзін галоўны інжынер, член заўкома, да хрыпаты змагаўся за сваю ідэю. Ліхач у гарачай спрэчцы непаважліва адазваўся аб прафсаюзах: дзе трэба памагчы, заўкома няма, а пашкодзіць вытворчасці пад дымавой заслонай клопату пра рабочых такія дзеячы, як Булат, могуць. І нешта заўважыў — сам не помніў што — аб жаночых здольнасцях ці аб тым, што эмансіпацыя нясе не адно дабро.
Булат паскардзілася ў гарком.
Наліцкая паклікала яго.
— Што гэта ты не ладзіш з прафсаюзамі? Недаацэнкай іх ролі ставіш сябе перад рабочымі ў цяжкае становішча.
Астылы за два дні дырэктар спакойна растлумачыў сутнасць канфлікту.
Ала Уладзіславаўна згадзілася з ім: перабудова, мадэрнізацыя завода патрабуе рэвалюцыйных дзеянняў і адступленняў ад некаторых заплеснелых інструкцый.
Ліхачу варта было парадавацца падтрымцы першага сакратара гаркома. Але штось яму не падабалася ў яе згодзе, магчыма, адсутнасць пафасу, з якім Ала заўсёды гаварыла пра справы, яшчэ ў інстытуце, нават пра тыя праблемы, з якіх такія скептыкі, як ён, пасміхаліся. А тут пра клопат, што быў сэнсам яго жыцця, Ала гаварыла, здалося яму, без належнай увагі, бадай, абыякава,— так згаджаецца з усім кіраўнік, які ведае, што заўтра ён за гэты ўчастак ужо не будзе адказваць.
Як было здагадацца, што засяроджанай размове з ім Але Уладзіславаўне перашкаджала неадчэпная думка пра яго, як пра адзіна магчымага бацьку свайго будучага дзіцяці. Уласна, не сама думка, а неспакой ад таго, што знікла рашучасць сказаць: «Вася, я хачу дзіця — ад цябе». Пераканала сябе, што гарком не месца для такой размовы, ці што?
— Ала Уладзіславаўна,— тут, у кабінеце, і ён станавіўся па-сталаму афіцыйны.— Растлумач ты гэтай упартай жанчыне, што яна дрэнна ведае мяне. Адна ты ведаеш. Я склікаю агульны сход калектыву на заводскім двары і пастаўлю пытанне аб даверы ёй як старшыні. Можа, і не правалю, але ціск, на які яна скардзіцца, наганю. Невясёлую гадзінку перажыве прафсаюзны лідэр.
— Дагаварыцеся самі. Я вам не нянька.
— Ды не ўмею я дагаворвацца з бабамі.
— Раней ты добра ўмеў.
Васіль прыняў яе словы як жарт і характэрна, знаёма са студэнцтва, каротка рагатнуў.
— Раней умеў. Цяпер развучыўся. Даша развучыла.
«Гэта праўда — развучыла»,— падумала Ала Уладзіславаўна, і ўпершыню яе кальнула пачуццё, якога яна яшчэ не ведала,— рэўнасць да яго жонкі, якую іранічна называла «міласэрнай сястрой» і «прэснай пампушкай».
Сход ён склікаў. Праўда, не агульназаводскі мітынг, як пагражаў, а сход прадстаўнікоў прафсаюзных груп. Сход праходзіў цяжка. Але ўвогуле яго парадавала актыўнасць людзей — не маўчалі і не баяліся сказаць шчыра. Асабліва парадавала, што за адмену адпачынкаў дзеля хуткай устаноўкі лініі выступілі рабочыя асноўных цэхаў. Глуха маўчалі — ні вашым ні нашым — інжынерныя службы, людзі з заводаўпраўлення. Горача выступалі за рашэнне свайго заўкома — Зоіна рашэнне — усе падсобкі. Сапраўднай прычыны не называлі, і ён, дырэктар, не раскрываў яе, хоць добра ведаў: лабаранты, кладаўшчыкі, кантралёры, вахцёры баяліся, што прыйдзецца ім «адпачываць» у падшэфных калгасах, а іх два.
Давялося пайсці на кампраміс: адпачынкі перанесці толькі тым, хто непасрэдна заняты на дэмантажы старых станкоў і ўстаноўцы новай лініі. І, аднак, усё роўна з'явілася камісія рэспубліканскага прафсаюзнага камітэта. Прыйшлося апраўдвацца, а гэта прыніжала — не для сваёй жа выгады зрабіў. Злаваў на Зою. Магла б хоць папярэдзіць.
Спрабаваў дамовіцца з Баброўкам, які «вёў» сяло, каб менш пасылаць людзей у калгасы. Куды там! Цяжкае жніво — ішлі дажджы, палажылі багаты ўраджай.
Ліхач гэта разумеў, але выйсця не было: вырашыў, што за ўборку ў калгасах удараць мякчэй, чым за катастрафічны зрыў заводскага плана. Але, як толькі абмежаваў колькасць людзей, пасланых у калгасы,— тут жа выклікалі на бюро. Здзівіўся ўзлаванасці, з якой выступаў добры і, здавалася, разумны Піліп Баброўка і Антон Сіротка, старшыня райвыканкома, які ўсяго паўгода займаў гэтую пасаду, вырас з агранома саўгаса. Ды і галоўны ідэолаг «раздзімала мяхі» кавальскія, паддавала жару, як толькі вуголле астывала. Праўда, спачатку агонь скіравалі на сакратара парткома завода Паўла Шур'яка. А той не вельмі ўмеў адбівацца — пацеў і вінавата ўздыхаў. Тады Ліхач кінуўся абараняць яго.
— Таварышы члены бюро! І гэта вы называеце самастойнасцю, пра якую столькі шумім?
— Пра чыю вы самастойнасць?
— Пра нашу. Завода. Саўгаса, якім нядаўна кіраваў Сіротка. Хутка ты перабудаваўся, Антон.
— Эх, як узвіліся! — Чамусьці асабліва абуралася Марыля Тапыга.
— Не, вы чулі? Чулі? Ён зараз пачне чытаць палітграмату! Хлеб яму не трэба! Мяса не трэба! Няхай іншыя дбаюць.
— Па-мойму, курс партыі на тое, каб кожны адказваў за свой участак. Ды ўся логіка гаспадарання...
— Ну, вось, не казала я вам! Давайце прачытайце лекцыю нам, мы не ведаем курса гісторыі партыі.
— Мне трэба прычэпы. Заўтра вы паставіце мяне на гэты дыванчык за план завода.
— І паставім!
— Цяпер зразумела, хто разводзіць анархію. Не Шур'як, а Ліхач.
— На тое ён і Ліхач.
— Думаю, што вымова астудзіць яго, як добры душ.
— І спусціць на зямлю. Узнёсся чалавек. Да нябёсаў...
Тут не да жартаў.
А Наліцкая маўчала. Дзіўна маўчала. Зусім не ўласціва ёй такое маўчанне ў час вядзення пасяджэння; звычайна яна перапыняла прамоўцаў рэплікамі, пытаннямі, падштурхоўвала на большую рашучасць ці спыняла таго, хто перабіраў меру.
«Шкадуе мяне»,— падумаў Ліхач. Але нічыё шкадаванне яму непатрэбна! Яно абразіла б. Тым больш яе — ведаюць жа, што яны аднакурснікі.
Аднак трэба абараняцца. А то сапраўды запішуць. А чыстае месца ва ўліковай картцы трэба берагчы — вельмі непажадана, каб па ёй шкрабала пяро інструктара з-за калгаса, наперадзе — справы больш сур'ёзныя.
— Таварышы дарагія! Ды хто-небудзь з вас быў на заводзе? Бачыў, якую мадэрнізацыю мы там разгарнулі? Зробім — дэлегацыі будзеце вадзіць. Во дзе перабудова не на словах — на справе.
Прыціхлі. Утаймаваліся. Гатовы былі, бадай, закругляцца. Але Ліхач дапусціў тактычную памылку. Даўно вядома: не лезь у чужую парафію. А ён палез.
— Скажу пра калгасы. Не пра ўсе. Пра «нашы». Вывучаў я там становішча. І скажу з усёй адказнасцю... Хапае там людзей, гэта не Віцебшчына. Гаспадароў там не хапае... Асабліва ў «Прамені». Слабы прамень... Не свеціць... Не грэе.
Выклікаў агонь на сябе.
— Вы чулі? Ён і там усё вывучыў. Ён адзін ведае становішча лепш за гарком, за райвыканком... І прамень у яго не свеціць. І ніхто яго не грэе.
«А вы што — багі?» — трохі не ўскіпеў ён, але Ала падала знак — прыклала палец да вуснаў: маўчы.
Магчыма, незразумелая пазіцыя першага сакратара збіла з панталыку вопытнага Баброўку — ён сцішыўся, усё роўна як змарыўся ад запалу. А Сіротка ўпарта дамагаўся вымовы — і дырэктару, і сакратару парткома.
Наліцкая сказала короткую, але выразную прамову аб тым, што літасці нікому не будзе — тым, хто зрывае заданне гаркома аб дапамозе калгасам. І прапанавала строга папярэдзіць Ліхача і Шур'яка. Васіль з палёгкай уздыхнуў: на гэты раз пранясло, словы няхай будуць самыя суровыя, абы без запісу. Біяграфію робяць запісы.
А на другі дзень Ала Уладзіславаўна з'явілася на заводзе знянацку. Без званка. Сама пайшла па цэхах. Здзівілася, як многа разварочана, выкінута станкоў. Усведамляла, што ад машынабудавання за час камсамольскай работы адстала, але ж не настолькі, каб не ўбачыць, што Ліхач пачаў рэканструкцыю, якую не зрабіць за тыдзень, за два. І гэта яе ўстрывожыла — за план. Спытаюць з яе — за гарадскі план. І нічым не апраўдаешся, ніякай мадэрнізацыяй, хоць усе прызнаюць неабходнасць яе. Пашкадавала, што паверыла Ліхачу на слова, не ўнікла ў аб'ёмы работы. Усю віну на яго не ўзваліш, бо, па-першае, узгадняў з ёй, а па-другое, кожнаму, нават далёкаму ад праблем перабудовы, зразумела, што дырэктар робіць карысную справу. Але якім чынам, якімі сродкамі!
З'явілася дваістае пачуццё. А яна не любіла няпэўнасці ў сваіх думках і пачуццях, ёю заўсёды валодалі яснасць і катэгарычнасць. Або-або. А хваліць Ліхача і злаваць на яго — гэта, здавалася, не да твару кіраўніку такога рангу, як яна. Гэта яна можа дазволіць сабе толькі як жанчына. А як у жанчыны ў яе не проста раздвоенае пачуццё, а... расколатае на многія часткі, як разбітае люстра, і з кожнага кавалка выглядае яе таемная сутнасць, як дакор.
Так, агледзеўшы завод інкогніта, яна і хацела адбыць — няхай і ён паламае галаву над такім загадкавым візітам. Але з'явіліся Ліхач і Галубятнік — папярэдзілі іх; галоўны інжынер ажно задыхаўся, Ліхач знаёма вясёлы, насмешлівы.
— Нарабіла ты спалоху ў заводаўпраўленні. Рэгіна ў поце выкупалася, шукаючы свайго любімага дырэктара. Як табе падабаецца наш аўрал?
— Ён мне спадабаецца, калі ў зводцы выканання дзевяцімесячнага плана вы будзеце стаяць ну... калі не першыя, то, ва ўсякім разе, не ў апошніх радах.
— Будзем стаяць у першых.
— Самаўпэўнены ты.
Вялі яе там жа, дзе яна ўжо прайшла, і, перапыняючы адзін аднаго, бадай з захапленнем тлумачылі, што будзе пасля ўстаноўкі новай лініі. Але слухала Наліцкая няўважліва. З асуджэннем сябе, але і з прыемным хваляваннем адчувала, што ператвараецца з афіцыйнай асобы ў... бабу, у звычайную бабу (знарок, як бы помсцячы сабе за слабасць, гэтак груба і называла), і не робіць намагання вярнуцца ў пачэснае афіцыйнае званне. Яе раздражняў Галубятнік, высокі, сутулы, з сівымі неахайнымі вусамі, у зашмальцаваным берэце і ў халаце, ад якога пахла машынным маслам і гарачай стружкай. Ёй хацелася застацца адзін на адзін з Васілём. Здалося, што толькі тут, у ляскаце і грукаце, калі трэба нахіляцца да вуха адно аднаго, каб пачуць, яна магла б сказаць тыя словы, што не даюць засынаць уначы з ранейшай дзіцячай бестурботнасцю і спакойна працаваць удзень, не раздвойваючы думкі, свой усталяваны характар.
Галубятнік не адступіў ад іх, і Ала Уладзіславаўна развіталася паспешліва і холадна.
Канфлікт з Зояй — чамусьці ўсе называлі старшыню заўкома Зояй, рэдка па прозвішчы — расшыраўся. Пакуль што расшыраўся — не паглыбляўся. Знешне здавалася, што гэтыя двое вясёлых людзей закаханы адно ў аднаго. Справы вырашаюць — як гуляюць, з жартамі, са смехам. Але пасля гісторыі з адпачынкамі ў Ліхача з'явілася здагадка, што сігнал аб яго камандзіроўцы пайшоў ад яе. А ён усё мог дараваць, толькі не ананімкі. А Зою падазрона насцярожыла яго высвятленне сваяцтва на заводзе. З якой мэтай?
І раптам адкрыты канфлікт.
Прыйшоў да дырэктара на прыём інжынер Шпілеўскі. Інжынер з непрыкметных, Ліхач нават яго не помніў добра, не давялося дагэтуль пагутарыць адзін на адзін, хоць з інжынерамі, як і з эканамістамі, ён добра пазнаёміўся ў першыя ж тыдні сваёй работы. На прыёме Шпілеўскі таксама зрабіў дзіўнае ўражанне. Бываюць людзі ціхмяныя, сарамлівыя, але гэты як бы зацюканы, спалоханы. Прасіў ён самае натуральнае, што просяць многія,— паляпшэння жыллёвых умоў. Але рабіў гэта так, быццам прасіў чагосьці недазволенага, такога, што магло яго зганьбіць. Адно толькі і растлумачыў як мае быць — што ў яго трое дзяцей, нават прасвятлеў і ажывіўся, калі пра дзяцей загаварыў.
Ліхача — пасля саромеўся — раздражняў гэты чалавек сваёй такой далёка не сучаснай прыніжанасцю. «Які ты да д'ябла інжынер, камандзір вытворчасці? Як ты размаўляеш з рабочымі?»
— Што вы маеце?
— Два пакойчыкі. У старым драўляным доме, без выгод.
— Людзі і гэтага не маюць.
— Так-то яно так,— нібыта згадзіўся інжынер і пачырванеў, здалося, гнеўна, ва ўсякім разе, Ліхач падумаў: «Не такі ты ўжо бяззубы» — і тузануў сябе: «Размаўляй з чалавекам не фармальна». І Шпілеўскі як бы пачуў змену ў настроі дырэктара.
— Гэта праўда: людзі і таго не маюць. Але ж дзеці. З імі нялёгка. Валодзьку тры годзікі...
— На чарзе вы даўно стаіце?
— Не. Усяго год.
— Цяжкі выпадак.
— Цяжкі,— згадзіўся Шпілеўскі.
— Добра. Я скажу Зоі, каб падумала, як памагчы вам.
Інжынер цяжка ўздыхнуў і — больш ні слова.
А дзён праз колькі прыйшла да Ліхача цэлая дэлегацыя — ажно чатыры работніцы, адна майстар у цэху афарбоўкі. Ад іх Васіль Васільевіч пачуў невясёлую гісторыю з жыцця Шпілеўскага. Паколькі пра гісторыю гэтую ведаў увесь завод, інжынер, відаць, быў упэўнены, што ведае і дырэктар, таму і змаўчаў пра сітуацыю, якая склалася ў яго сям'і. Жонка, буфетчыца, піла, гуляла, здраджвала мужу адкрыта, не тоячыся. Дзеля дзяцей ён доўга цярпеў, хоць пра яе паводзіны ведаў ледзьве не ўвесь горад. Але пасля аднаго дзікага выпадку, калі яна прывяла мужчыну на кватэру, пры дзецях, Шпілеўскі падаў на развод. Папрасіў суд дзяцей пакінуць яму, суд задаволіў яго просьбу, і жонка лёгка згадзілася з гэтым — развязала сабе рукі. Але вызваліцца вызвалілася, а кватэры не пакідала, больш таго — нахабна выжывала мужа з дзецьмі.
Жанчыны і выйсце падказалі: ёсць жа кватэра, тры месяцы стаіць пустая. Але, кватэра была. Яшчэ да яго засялілі невялікі дом — на шаснаццаць кватэр, збудаваны гаспадарчым спосабам. Адна кватэра, трохпакаёвая, заставалася ў рэзерве, яму растлумачылі, што пакінулі на той выпадак, калі новы дырэктар будзе прысланы з іншага горада. З-за гэтай кватэры яму абівалі парогі, таму і Шпілеўскі раздражняў больш за жанчын, што істэрычна плакалі ў кабінеце, і за шафёра-выпрабавальніка, які хрысціў начальства трохі не мацюкамі і пагражаў паехаць у Маскву да самога Генеральнага сакратара.
Ліхач патрабаваў ад парткома і заўкома, каб далі кандыдатуру — не па-гаспадарску гэта, што кватэра пустуе. Зоя дала спіс прэтэндэнтаў — пяць чалавек з ліку тых двухсот, што стаялі на чарзе. Маўляў, гэтыя маюць найбольшае права. У прыватнай размове Булат хітра і асцярожна даводзіла, што самая пэўная кандыдатура Трыфан Самалёў, планавік: мае чалавек старэнькі, збудаваны пасля вайны, уласны дамок, а ў доме тым жанаты сын, замужняя дачка, іх дзеці, старым засталася адна ўцепленая верандачка, на якой зімой немагчыма жыць.
Васіль Васільевіч бадай ужо згадзіўся. Але калі даведаўся, што Самалёў — сват Шатохіна, даў стоп. Вырашыў сам агледзець «старэнькі дамок», ды і да астатніх першачаргавікоў паслаць сваю камісію, аб'ектыўную, якой можна паверыць.
Сумненні не ўзнікалі наконт падказкі жанчын: кватэру трэба аддаць дзецям Шпілеўскага!
Правёў узрадаваных жанчын у прыёмную і там жа прадыктаваў Рэгіне распараджэнне.
А праз пяць мінут у кабінет уляцела расчырванелая, раз'юшаная Зоя Іванаўна.
— Вы аддаяце кватэру Шпілеўскаму?
— Дзецям яго, што засталіся без маці.
— Без рашэння заўкома?
— Не сумняваюся, што заўком падтрымае мяне. Там жа гуманныя людзі.
— Не іранізіруйце. Я касцьмі лягу...
— На дарозе ў дзяцей? Зоя Іванаўна!
— Гарвыканком не выдасць ордэр Шпілеўскаму.
— Выдасць.
— Не выдасць!
— Вы так упэўнены? Я ўсялю дзяцей без ордэра. І ўсяліў.
І пайшло-паехала. Зноў камісіі. Тлумачэнні...
Лінію ўстанавілі па-ўдарнаму, хутчэй, чым планавалі дырэктар і галоўны інжынер. Ліхач радаваўся: сур'ёзная мадэрнізацыя праведзена і план, бадай, можна яшчэ выцягнуць — да канца квартала засталося тры тыдні. Але асабліва радавалі людзі, іх энтузіязм. З такімі людзьмі можна ўсё перабудаваць. Ніякі «клопат» Зоі Іванаўны не перашкодзіў ім працаваць па дванаццаць гадзін і ў выхадныя дні. Але пасля радасці наступіла расчараванне. Лінію не здолелі пусціць. Не маглі прачытаць электроннай схемы, хоць усе інструкцыі былі на рускай мове. Нічога не зрабілі запрошаныя з завода аўтаматычных ліній наладчыкі.
Ліхач паляцеў у Маскву, прывёз спецыялістаў вышэйшага класа. Але і яны распісаліся ў сваёй бездапаможнасці.
«Во праклятыя буржуі! Недабітыя фашысты!— абураліся рабочыя.— Знарок, мабыць, зашыфравалі так, каб нашы вучоныя да сэнсу не дайшлі».
Трэба запрашаць прадстаўнікоў фірмы. Але лёгка вырашыць, а як гэта зрабіць? Ліхач зноў паляцеў у Маскву. На гэты раз ледзьве прабіўся да намесніка міністра. Той адаслаў яго да людзей, якія ажыццяўлялі закупкі абсталявання за мяжой.
Бачыў Ліхач бюракратыю ў самых розных яе праявах — грубых, утончаных, далікатных, крыклівых. Але з такой, як у «імпартным» упраўленні, не сустракаўся. Гэтых людзей нічым нельга было прабіць — ні слязамі, ні смехам. Аўтаматы. Без эмоцый. Яны літаральна футболілі яго, што мяч, з аддзела ў аддзел, з паверха на паверх, з пакоя ў пакой. Яны лёгка заключалі мільённыя кантракты на абсталяванне, якое пасля гадамі, як гэтая лінія, ляжала на складах. А капеечную справу з наладкай станкоў ніхто не хацеў вырашаць — не прадугледжана інструкцыямі.
Лінія ўстанаўлівалася столькі часу, што гарантыі фірмы скончыліся, спецыялістаў за свой кошт яна не можа паслаць. Плаціце. А для гэтага трэба валюта. Хто адважыцца даць дазвол на такую не прадугледжаную лімітамі трату валюты?! Але праблема заключалася не толькі ў валюце — у самім факце запрашэння заходнегерманскіх інжынераў. Хто запрашае? І ці можна іх увогуле запрашаць у той беларускі горад, на той завод? Патрабаваліся ўзгадненні з шматлікімі органамі і ў рэспубліцы, і ў Маскве — у міністэрствах абароны, знешняга гандлю, фінансаў, у Камітэце дзяржбяспекі і г. д., і г. д. Ліхач быў ашаломлены. Як жа тут людзі перабудоўваюцца? Новыя інструкцыі — асабліва па валюце — не пашыралі, а абмяжоўвалі правы тых, хто павінен купляць падобныя лініі. Але самае крыўднае было, што, калі такое дарагое абсталяванне разладзіцца ці сапсуецца, яго, выходзіць, трэба выкідаць у металалом. І выкідалі, як ён даведаўся,— расказалі па сакрэту тыя, чые сімпатыі яму, чалавеку камунікабельнаму, удалося заваяваць. Во дагаспадарыліся! Ганьба! Яго за камандзіроўку, за адсутнасць білета ад Масквы да Урала сем камісій правярала. А тут мільёны ляцяць, ды і не папяровыя — залатыя.
Ніводная камандзіроўка так не знясільвала. Нагнала бяссонніцу, дала нервовы цік века, чаго ніколі не ведаў.
Наладчыкаў ён нарэшце выбіў. Але, пакуль яны прыехалі, план згарэў.
— Націскай, Толя.
— Націснем у сваім раёне, Ала Уладзіславаўна. Там свая ДАІ. І так сотню трымаю. А куды вам спяшацца? Дзеці плачуць, ці што?
Наліцкая сцялася, быццам на яе замахнуліся. Узлавалася на шафёра, акуратнасцю якога захаплялася. Псуецца хлопец. Фамільярнічаць пачынае, непачцівасць выяўляе. Выходзіць, не на карысць яму жаніцьба пайшла. Рысачкі нахабнасці з'яўляюцца.
— А ты не спяшаешся да маладой жонкі?
— Спяшаюся. Але... цішэй едзеш — далей будзеш.
— Ад таго месца, куды едзеш. Што лепш: халастому жыць ці жанатаму?
— Жанатаму, канечне.
— Во як! Чым жа яно лепш? Свабоды няма.
— А якая мне свабода трэба? Мне цеплыню дай, ласку. Каб родны чалавек побач. Адзін я не знаў, да каго прытуліцца.
Ала Уладзіславаўна стоена ўздыхнула і тут жа спалохалася, што выдае свае перажыванні: павяла размову, дурніца! І зноў узлавалася на Толю: ён як бы знарок пачаў сыпаць соль на яе рану. Раней праяўляў рэдкую для хлопца тактоўнасць і паважлівасць.
Машына імчала праз асенняе поле. Пустынна, гола і... сумна. На ўсходзе згушчаўся змрок. Ала падумала, што яна спяшаецца ў ноч. А навошта? Ночы яе сталі пакутлівымі. Шафёр таксама доўга маўчаў. Нязвыкла. Ён жа быў гаваркім, ніколі не даваў драмаць. У машыне, заўсёды своечасова і да месца, пачынаў размову, часам Наліцкая здзіўлялася: як прачытаў яе думкі. Так здарылася і тут, па дарозе з абласнога цэнтра.
— Вы нейкая, Ала Уладзіславаўна,— падумаў, як найбольш далікатна выказаць: — не такая сёння.
— Чаму не такая? — бадай спалохалася яна.
— Усхваляваная... невясёлая...
— Хіба я калі-небудзь спявала ў машыне?
Толя засмяяўся, мабыць, уявіў, што першы сакратар гаркома раптам магла заспяваць.
— Не. Калі вы і маўчыце, я ўсё роўна чую, што вам весела, радасна...
І ў яе нечакана для самой вырвалася прызнанне:
— У мяне, Толя, адна радасць — работа. А працую я ад сну да сну.
— Вас крытыкавалі сёння?
— Крытыкавалі.
— Цяжкая ў вас работа.
— Нялёгкая.
Змоўклі зноў.
Ала з цяжкім пачуццём успомніла перажыты дзень. Сапраўды яе сурова крытыкавалі на бюро абкома: прамысловасць горада не выканала план. Яшчэ ў камсамоле яна прывыкла да крытыкі і навучылася ставіцца да яе, як казаў адзін рэспубліканскі кіраўнік, з «дзелавым гумарам». Але сёння ёй было крыўдна. Тыдзень назад за поспехі ў сельскай гаспадарцы раёну ўручылі пераходны сцяг. На ўрачыстым сходзе актыву гаварыліся кранальныя прамовы, іграў аркестр, выступалі піянеры. І раптам з цёплага — пад халодны душ.
«Сэрцы ў вас абраслі мохам, на пенсію вам даўно пара»,— узлавана падумала пра членаў бюро, людзей у гадах, у тым ліку і пра першага, якім да гэтага дня захаплялася. Але і на сябе злавалася — не магла дараваць слабасці. Упершыню гэта здарылася за яе кіраўнічае жыццё. Выйшла з залы пасяджэнняў, пайшла ў туалет і расплакалася там, як дзяўчынка. Ганьба! Доўга не магла выйсці на людзі — нос чырвоны, а пудру яна, дзелавая жанчына, ніколі не насіла з сабой.
З абкома пазваніла да сябе, назначыла пасяджэнне бюро на заўтра. І цяпер, у машыне, настройвалася на яшчэ больш бязлітасную, чым гаварылі з ёй, размову з дырэктарамі, якія паставілі горад у такое ганебнае становішча.
Найбольшы правал плана — на заводзе прычэпаў у яго. О, з ім яна пагаворыць, як ні з кім! Але разам з рашучасцю апасалася, каб не страціць уладу над сабой, не выдаць гневам свае пачуцці.
А якія яны, яе пачуцці? Хацела пераканаць сябе, што ненавідзіць гэтага ліхача. Як ён узбунтаваў яе жыццё, як раздвоіў пачуцці, пераблытаў, пакамечыў і... топча, топча!.. Ён ганебна ўніжае яе. Прымушае ўніжацца. Штоночы. Яна грашыць з ім. У сне. Ах, каб толькі ў сне! І грэх такі, лічыць яна, прыніжае яе да... бог ведае каго — да разбэшчанай дзеўкі, бязвольнай, хоць не ўтаптанай у гразь яшчэ, той, што ўначы грашыць, а ўдзень каецца. А пакаянне прыніжае перад людзьмі, ёй здаецца, што гаркомаўцы здагадваюцца пра яе грэх, пасміхаюцца, і яна губляецца, траціць ранейшую ўпэўненасць, цвёрдасць, непахіснасць у вырашэнні глабальных пытанняў жыцця іншых людзей. Ці так яна вырашае, калі свайго жыцця не ўмее наладзіць?
Праўда, у апошнія дні яна знайшла маленькае суцяшэнне. Цяпер сталі выдаваць нямала сексалагічнай літаратуры. Раней яна ніколі не цікавілася ёю. Пачала чытаць спачатку з агідай, пасля з цікавасцю, не разумеючы, не адчуваючы, што гэта яшчэ больш распальвае яе пачуцці і ўскладняе перажыванні. Некаторыя аўтары лічаць, што ў тым, чым яна займаецца, няма недаравальнай заганы, на псіхіку і фізічны стан гэта не ўплывае.
Аднак галоўнае не гэта, у кожнага чалавека ёсць інтымнае. Галоўнае — як дзіця нарадзіць? Яе спальваў запознены інстынкт дзетанараджэння. Цяпер на дзіця яна гатова была памяняць сваю пасаду, на атрыманне якой патраціла столькі энергіі. Такая перамена ў псіхалогіі і радавала, і палохала: з такімі думкамі можна апынуцца каля разбітага карыта.
У бяссонныя ночы яна хадзіла ўздоўж кароткіх і доўгіх шарэнг знаёмых мужчын; каго з іх можна выбраць у бацькі дзіцяці свайго? Ці стане ён мужам — гэта не мела значэння. І нікога не магла выбраць, акрамя яго. Але разам з кожнай сустрэчай раставала, як лядзяш у змрочную адлігу, упэўненасць, што калі-небудзь яна ўсё ж скажа яму пра сваё жаданне і ён пачуе — не можа не пачуць — кліч яе крыві, яе кахання, яе матчынага інстынкту.
За слабасці гэтыя ненавідзела і сябе, і... яго. Старая, як свет, сітуацыя: зліццё кахання і нянавісці ў адзін сасуд. Што пераможа — ад гэтага залежыць, што настоіцца: жыццядзейны нектар ці смяртэльная атрута.
Першым выклікалі «на кавёр» Ліхача.
Увайшоўшы ў малую залу, ён адзначыў, што і Ала, і ўсе іншыя члены бюро больш засяроджаныя, строгія, чым на мінулым пасяджэнні, калі яго пясочылі за ўборку. Падумаў: «Быццам надзелі мундзіры». Такі і надзелі. У жніўні некаторыя сядзелі ў сарочках, першы сакратар у лёгкім плацці, расслабленыя ад спякоты, добрыя ад летняга настрою. А цяпер кастрычнік. Ала ў карычневым шарсцяным касцюме, мужчыны ў гальштуках. Настрой асенні. За акном з клёна злятае залатое лісце, асфальт плошчы мокры ад нядаўняга дажджу. Палошчуцца на ветры сцягі, вывешаныя да Дня Канстытуцыі.
Наліцкая заглянула ў паперу і перад тым, як вымавіць чарговы пункт парадку дня, глынула паветра, быццам яго не хапала. Хто іншы, можа, і не заўважыў гэтага, Ліхач убачыў, у яго была незвычайная здольнасць бачыць усё ў адзін міг. Дома ён любіў гульню з Дашай, Машай і Сашам: набраць употай дзесяць розных прадметаў, накрыць салфеткай ці хусткай, потым на міг адкрыць, зноў закрыць — і назаві, што ўбачыў. Ён часта называў усе дзесяць і цешыўся, смяяўся, што трохгадовая Маша называла больш, чым яе мама.
— Дакладвайце, таварыш Ліхач.
«Ух ты, як афіцыйна!» — падумаў Васіль.
Ён разумеў, што хвалу яму не выдадуць. Хоць асабіста ён за тое, што зроблена, пахваліў бы людзей, не сябе — рабочых, інжынераў, у тым ліку нямецкіх. Але гэтага ён, вялікі рэаліст, не чакаў, аднак добра прадумаў свой даклад, насыціў яго такімі фактамі, лічбамі, развагамі, якія, здавалася яму, у атмасферы эканамічнай рэформы павінны зрабіць уражанне. Не зрабілі. Не паспеў ён, праўда, не без гумару, нарысаваць, што ўяўляла з сябе вытворчасць прычэпаў да мадэрнізацыі завода, расказаць пра вызначэнне прычэпаў у аўтаперавозках (у яго меліся даныя па рэспубліцы, па краіне, па капіталістычных краінах), як Наліцкая перапыніла:
— Карацей можна?
— Можна. Але не будзе таго эфекту.
— У нас тут не спектаклі, і вы не акцёр.
— А я думаю, кожны кіраўнік мусіць быць трохі акцёрам.
Воблікаў спытаў:
— Іграць на публіку?
— Хутчэй — на начальства.
Баброўка засмяяўся. Наліцкая паглядзела на сакратара з асуджэннем. Кінула бадай злосна Ліхачу:
— І вы прыйшлі сюды, каб пацешыць нас? Паказаць сваю ігру?
— Не. Расказаць пра сур'ёзныя праблемы, якія хвалююць калектыў.
— Вось і расказвайце.
— А я гэта і раблю. Калі мне не перашкодзяць...
На міг Ала Уладзіславаўна адчула няёмкасць за сваю раздражнёнасць. Пры яе пасадзе так нельга, ніколі такога не дазваляла сабе. А такую строгасць і афіцыйнасць у адносінах да Ліхача могуць няправільна вытлумачыць, бо ўсе ж ведаюць, што яны аднакурснікі і заўсёды былі на ты. Не паставіць бы сябе ў становішча, калі пачынаюць сачыняць легенды, небылі.
Ліхачовы выкладкі ў сувязі з пераходам на гаспадарчы разлік і самафінансаванне зацікавілі. Граматна, доказна. Не ўсе члены бюро дайшлі да тонкіх эканамічных мудрасцей, некаторыя так даўно вучылі палітэканомію і так забыліся на яе асновы, што шмат якія далёка не новыя палажэнні, пра якія гаварыў малады дырэктар, здаваліся адкрыццямі.
Наліцкая адчула гэтую зацікаўленасць калег і занервавалася: і перапыняць не хацелася, аднак і дапусціць нельга, каб гэты гаварун заваражыў дзелавых мужчын, як некалі заварожваў студэнтак. Успамін пра Ліхачовы даўнія прыгоды чамусьці як ніколі настроіў супраць яго, да разгневанасці, быццам ён быў тады яе мужам і адна яна мела права на яго ўвагу і... каханне.
Непакоіла і яшчэ адна акалічнасць, не новая па зместу, але новая па адчуванні, якое засталося з ночы. Яна зноў сніла дзіця, яно смактала яе грудзі. Але ніякага болю не з'явілася, жыло цэлы дзень адчуванне прыемнага раздражнення, ад чаго хацелася памасіраваць грудзі. І яна баялася, што забудзецца і зробіць гэта перад членамі бюро, мужчынамі. Сядзела ў незвычайнай напружанасці, шмат што з таго, аб чым гаварыў Ліхач, прапускала. Думала, што ёй не варта заходзіць у радзільны дом. Што яе пацягнула туды, трэці раз? Праўда, яе наведванні навялі добры парадак, не толькі ў раддоме, але і ў бальніцы, у паліклініках. Пра яе ўвагу медустановам і гандлю хадзілі легенды. Да школ не хапае часу дабрацца, верасень з'елі сельскія справы.
— Вы што, Ліхач, намераны прачытаць нам даклад?
— А хіба не цікава членам бюро паслухаць аб праблемах буйнейшага ў горадзе калектыву?
— Членам бюро цікава паслухаць, што з планам.
— Што з планам — вы ведаеце. З-за плана я і стаю тут.
— Як вы збіраецеся выканаць яго — во што нас цікавіць.
— Пастараемся выканаць, калі... лінія не падвядзе.
— Лінія, лінія! Прамая? Крывая? На старых станках завод даваў план! — узлавалася Наліцкая.
— Што ж, па-вашаму, трэба было заставацца ў мінулым стагоддзі?
— Не іранізуйце, Ліхач. Але не стаўце нас у залежнасць ад буржуазных спецаў. Колькі яны ў вас будуць корпацца?
— Немцы не бралі сацабавязацельстваў.
— Ну, знаеце! Жартуйце, але ведайце дзе і з чым! — абурылася Марыля Тапыга.
— Ім добрыя камандзіровачныя плацяць. Чаго ім спяшацца? — пасміхнуўся Воблікаў.
— І каньяк прадаём. Ікру... Хто з нас есць ікру? А яны па кілаграму бяруць. Бюргеры! — зноў абурылася ідыёлаг.— У рэстаране зрабілі агульны парадак: нікому спіртнога не падаваць — ні сваім, ні чужым. З Мінгандлю ўказанне: немцам даваць.
— Вы, Ліхач, пастараліся?
— Я пастараўся. Няхай ведаюць нашу гасціннасць.
— Няхай ведаюць гасціннасць сынкі тых, што тапталі нашу зямлю! — ажно расчырванелася Марыя.
— А вы разам з імі не дэгустуеце каньяк? Не прыкладваецеся? — з брыдзенькім смяшком спытаў Шатохін.
Калі ўвесь нечаканы дыялог Васіль Васільевіч прымаў з пэўнай доляй гумару, то за гэтае пытанне ўзлаваўся: яўная правакацыя!
— Уявіце, Шатохін,— не прыкладваюся! Вам цяжка ўявіць?
За намеснікам старшыні меўся грэх, пра гэта ўсе ведалі. Таму ён узлавана запунсавеў.
Наліцкая добра ведала Ліхачоў характар: узлуецца — літасці не дасць самому пану богу. А гэта не на карысць будзе яму ж. Узлуюцца людзі, калі ён пачне вось так шпіляць іх. Ёй хацелася іграць ролю добрага педагога: і пакараць, і пашкадаваць. Спытала памяркоўна, без раздражнёнасці:
— Ды што будзем рабіць з планам, Васіль Васільевіч?
— Не выканаем у гэтым годзе — перавыканаем у наступным.
Што ён гаворыць? Якая бяздумная бесклапотнасць! Не, такога шкадаваць нельга! Яе на бюро абкома не шкадавалі, не паглядзелі на прыналежнасць да слабога полу.
Знікла жанчына, зніклі ўсе жаночыя думкі і адчуванні, застаўся кіруючы работнік — той, строгі, прынцыповы, якім яна заўсёды была, калі не дазваляла сабе ніякай расслабленасці і не шкадавала для справы ні сіл, ні асабістых радасцей.
— Хто жадае выступіць?
Першы адгукнуўся Баброўка.
— Канечне, таварыш Ліхач нямала зрабіў для перабудовы...
Наліцкая асекла яго, здзіўлена і бадай узлавана.
— Якой перабудовы? Да перабудовы — як да неба,— спахапілася, што залішне абагульніла, удакладніла: — Дырэктару прычэпаў...
Паднялася і пачала гаварыць энергічна, рашуча. У запале і злосці дагаварылася да таго, што дзеянні Ліхача па мадэрнізацыі завода — без карэкціроўкі плана — назвала анархічнымі і нават авантурыстычнымі.
Васіль знаёма рагатнуў.
— Ну, сячэш ты, Ала,— трэскі ляцяць. То растлумач: што ж такое перабудова? Рэвалюцыйная!
Яго фамільярнасць яшчэ больш разгневала першага сакратара, але — як бы знясіліла, збіла з пафаснай хвалі. Зрэзала час на завяршэнне характарыстыкі дзеянняў дырэктара. Села і, забыўшыся, пагладзіла-такі грудзі, але прысутныя падумалі, што ў яе забалела сэрца, і паспачувалі: такая маладая! во да чаго даводзіць партыйная работа!
— Якія прапановы? — спытала аслабелым голасам.
— Запісаць! — каротка прапанавала Тапыга, не без злараднасці хітра нагадваючы, што ў мінулы раз — за ўборку — не запісалі з-за ліберальнасці Наліцкай. Марыя, маючы вопыт, не верыла, што ў былых аднакурснікаў чысценькія платанічныя адносіны — не той мужчына Ліхач, сама на яго заглядалася, і да свербу хацелася развянчаць «Алаччыну святасць», злавіць іх хоць на пераглядванні.
Запісалі. Супраць прагаласаваў Баброўка, здзівіўшы і збянтэжыўшы Наліцкую: другі сакратар звычайна не скупіўся на спагнанні.
Ліхач абурыўся:
— Буцу скардзіцца. У абком. У ЦК.
— Ваша права,— адказала Ала Уладзіславаўна, знешне быццам абыякава, а ўнутрана — і са злосцю на яго, і са страхам, з адчуваннем незадаволенасці сабой. «Не тое. Не так. Не тое я думаю. Не так раблю. Мяне нясе стыхія. Не паддавацца ніякім пачуццям. Не паддавацца».
А Воблікава Ліхачова пагроза чамусьці абурыла. Ён ажно падскочыў.
— Вы падумайце! Ён нас яшчэ палохае! Бюро гаркома палохае! Мала мы табе запісалі, Ліхач! Мала! Страгача трэба! Страгача!
— Запішуць і вам, Міхаіл Паўлавіч. Не хвалюйцеся.
— Які нахабнік! Які нахабнік! — прадаўжаў абурацца старшыня гарвыканкома, калі за Ліхачом зачыніліся дзверы.
Астатнія члены бюро маўчалі — вочы ў паперы, «вывучалі» даўно вядомыя пункты парадку дня.
— Надзеў ты на сябе, Вася, хамут.
— Дашок! Няўжо ты хочаш, каб я ўсё жыццё гіры вырабляў?
— Чаму ты прыніжаеш сябе і завод? Не гіры ж там робяць.
— Абсталяванне. Гандлёвае. Пячэрныя людзі больш складаныя вагі мелі. Я, дарагая мая жонка, запраграмаваны на вялікія справы. Праз пяцёрку гадоў я займу пасаду генеральнага дырэктара МАЗа ці БелАЗа. Стаў высокія мэты!..
— Ну і хвалько! Як Машка.
— А што! Яна — у мяне. Лідэр у групе, у садзіку.
— Ды ўжо ж лідэр! Выхавацелька плача ад яе лідэрства.
— Фармалістка яна атлусцелая, твая выхавацелька, якую такія мамы, як ты, шакаладкамі перакармілі. Што ёй хочацца — каб дзеці толькі адно і ведалі: за ручкі ўзяўшыся, па кругу хадзілі. Я Машку навучу...
— Не рабі глупства. А чаму яна ўз'елася на цябе?
— Хто? Ала? Гэта не «ўз'елася», Даша. Гэта больш складана. Ведаеш, у чым яе трагедыя? У трыццаць шэсць гадоў яна старая... састарэлая, зацвілая... У яе мысленне старое. Выбіць план любой цаной — для яе вяршыня кіраўніцтва. Я так і напісаў сакратару абкома...
— А па-мойму, яна не можа дараваць, што ты не ажаніўся з ёй.
Васіль засмяяўся.
— Бабскае ў цябе ў галаве. З ёй немагчыма было ажаніцца. Не, яна не з тых, каго некалі называлі «сіняй панчохай». Яна горш. Пры жаноцкай знешнасці, пры ўменні прыгожа адзецца ў яе нейкая генеральская псіхалогія. Ты знаеш, гэта нават кар'ерызмам не назавеш. Яе задавальняе толькі адно: каб усе маршыравалі. І сама таксама. Але каб яна наперадзе. І з шабляй на плячы. Аць-два. Аць-два.
— Прызнайся. Цалаваўся ты з ёй... у інстытуце?
— Хацеў адзін раз пацалаваць. Але яна крутнулася. Разбіла акуляры. І назвала мяне дурнем. Гэтага я не мог дараваць. Хіба дурні такія?
— Ды ўжо ж. У дурняў такога спрыту няма. З кім ты толькі не цалаваўся?
— Не заводзь сваю рэўнасць.
— Каб я цябе не раскусіла, то ў мяне даўно палопаліся б усе завадныя спружыны.
— Разумная жонка ў мяне.
— Не падхалімнічай. Я табе вымовы не запішу.
— Ты можаш запісваць кожны дзень. Горш, калі гарком запісвае. Дарэчы, пра Наліцкую. Забыўся табе расказаць. Пазаўчора адплаціў ёй. Нагнаў чырвані на яе шчокі і вушы.
— Зноў адмачыў якое-небудзь глупства?
— Ну, вось і ты туды ж мяне залічваеш — у дурні. Паміж глупствам і жартам істотная розніца, мой верны таварыш. Запомні. Ала праводзіла эканамічныя заняткі. З дырэктарамі, кіраўнікамі ўстаноў, якім належыць перайсці на гаспадарчы разлік. Падрыхтавалася яна грунтоўна, працуе яна заўсёды сур'ёзна. Але, ведаеш, калі чалавек свабодна не валодае прадметам, калі вывучыў чужое, то, якім бы ён ні быў прамоўцам, выкладаць чужыя думкі будзе сумна. Карацей кажучы, напала на мяне пазяханне. Ведаеш жа, ёсць у мяне такі грэх.
— Ты вырашыў так адплаціць?
— Ды не ж, далібог, не падумаў. Проста само. Пазяхаю — хоць засні. На каго іншага Ала, можа, не звярнула б увагу. А маё пазяханне, канечне, зачапіла за жывое. «Вы чаму пазяхаеце, Ліхач? Не цікава?» А я падняўся, як школьнік, прыкінуўся вінаватым. «Прабачце, Ала Уладзіславаўна, але ў нас кажуць: хто зявае ўдзень, той не зяваў уначы».
Цяпер засмяялася Даша.
— Ох, і язык у цябе. Ох, і язык! Урэжуць яго табе.
— А зубы навошта? Язык за зубамі... Аўдыторыя зарагатала. А Ала ўспыхнула полымем. І вочы яе сыпанулі такія іскры, як на аўтазварцы. А потым яна раптам дзіўна змянілася. Знаеш, як ты з Машкай: ад узлаванасці раптам пераходзіш да пяшчоты. Наблізілася, палажыла ўказку мне на галаву. І на ты, па-студэнцку: «У тваёй галаве што іншае ёсць?» — «Ёсць,— кажу.— Як выканаць план». Дырэктар «Электрона» Асецкі віскнуў па-бабску: «Ну, і Ліхач! Ну, і хахмач!» Ала зноў пачырванела і адвярнулася да схем.
Даша на апошнія словы не зрэагавала. Васіль змоўк, прыслухаўся да стоенага жончынага дыхання. Штось ёй не падабалася. Ці штось устрывожыла. Што?
— Чаму ты змоўкла?
— А хіба я гаварыла?
— Мы размаўляем.
— Думаю. Што так адразу змяніла яе настрой. Да пяшчоты.
— Якой пяшчоты! Пяшчота ў цябе — да Машулі. Не тое параўнанне я ўжыў. Выкінь ты з галавы дурную падазронасць.
— Якую? Да каго? Калі ты яе бачыў? — Даша павярнулася на бок тварам да мужа, гарачае яе дыханне прыемна ўсхвалявала.— А я сёння таксама пасмяялася. Ты здзівішся — з каго. Чытаючы сур'ёзную газету. «За рубежом». Апыталі бельгійскіх жанчын: на які занятак колькі часу яны трацяць. На кухню. На тэлевізар. На размовы... А на тое, пра што звычайна не гавораць? Адгадай, што адказала большасць?
— Ну?
— Дзве-тры мінуты.
Васіль гучна зарагатаў.
— Цішэй ты. Дзяцей разбудзіш. У нас з табой не так? Праўда?
Даша горача абняла яго, соладка пацягнулася і заціснула вуснамі яго вусны — няхай не смяецца.
Сабраўся выканком гарадскога Савета.
Воблікаў любіў пашыраныя пасяджэнні, не келейныя, і цяпер хваліўся: маўляў, у яго заўсёды была галоснасць, ніякіх сакрэтаў ад грамадскасці. Мала хто сядзеў у калідоры, чакаючы свайго пытання.
Прысутнічала, як заўсёды, Наліцкая, лічыла, што ў яе багаты вопыт савецкай работы. А на гэты раз да таго ж цэнтральнае пытанне ў парадку дня прапанавана ёю: аб падрыхтоўцы гаспадаркі да зімы. Яна асабіста праверыла некаторыя службы і забіла трывогу, хоць бацькі горада пераконвалі, што ўсё добра і ёсць час да маразоў падцягнуць слабыя мясціны.
Настроена Ала Уладзіславаўна была ваяўніча. Перад пасяджэннем добра распякла Воблікава, загадчыка аддзела харчгандлю Сака, намесніка начальніка міліцыі Мігуна за... рэцыдыў ганебнай з'явы. Гуляла ў мінулую нядзелю па вуліцы, было каталіцкае свята — Барбары ці Міколы? — і на цэнтральнай вуліцы ёй сустракаліся не адзіночныя падвыпіўшыя, а цэлыя кампаніі залішне вясёлых людзей. Жанчыны, якія лічылі сябе набожнымі каталічкамі, заводзілі песні, ледзьве не «Шумел камыш».
Наліцкую даўно абурала пазіцыя старшыні выканкома: Воблікаў адносіўся да выпівак паблажліва, са смяшкамі.
— Ад рэлігіі колькі гадоў адвучваем? А ў касцёл цягнуцца не толькі бабулі.
— Бо і антырэлігійную кампанію мы вялі гэтак жа, як зараз вядзём антыалкагольную.
— Гэта праўда, змагаліся з іконамі — выкідвалі на сметнік, а цяпер збіраем у фонд культуры.
— Не іранізуйце, Міхаіл Паўлавіч. Пляшкі збіраць не будзем.— І да Сака: — Дадзіце даныя аб рэалізацыі гарэлкі ў суботу. Калі ён перавысіў дзённы ліміт, майце на ўвазе... размова будзе сур'ёзная. Не ўздумайце ліпу падсоўваць.
— У банку грошай няма. Хутка зарплату людзям не дамо.
— Развівайце паслугі.
— Развіваем па-слугі,— яўна блазнаваў Воблікаў.— Але з чым служыць, каб грошы ў банк вярнуць?
Ала Уладзіславаўна кіпела, але ўмела стрымліваць сваю выбуховую энергію — перад Воблікавым заўсёды: сівы чалавек, равеснік яе бацькі. Не магла не ацаніць яго вопыту. Але неаднойчы ўжо думала: «Здзекуецца, чортаў дзед, з маёй маладосці. Трэба развітвацца з такім паплечнікам. Не па плячы».
Перанесла агонь на міліцыю:
— А наша доблесная міліцыя...
Мігун, поўны, чырванатвары маёр, па ўсім відаць, не дурань выпіць і закусіць, падскочыў, «рукі па швах», што таксама не падабалася: на здзек не падобна, але навошта такое выцягванне перад сакратаром гаркома? Не генерал жа яна.
— Колькі вы чалавек затрымалі ў той вечар?
— Дваіх.
— Дваіх! Ордэны вам трэба выдаць за такі подзвіг. Паўгорада п'яных...
— П'яныя для вас не ЧП?
— У нас культурныя людзі, Ала Уладзіславаўна,— зноў падпусціў іронію Воблікаў.— Мы зарплату без касіраў выплачвалі. Яшчэ трохі — і ў магазінах касіраў адмянілі б.
— П'яны для вас не ЧП?
— Улічым.
— Трэба не ўлічваць, а працаваць па-новаму, як патрабуе перабудова.
— Рады старацца.
— А з вашай іроніяй, Міхал Паўлавіч...— Наліцкая зморшчылася што ад зубнога болю: з кім прыходзіцца рабіць круты пералом! Адзін — нігіліст, скептык, другі — бяздумны аўтамат. Не хацелася ўжываць больш важкага слова — не дазваляла становішча. Але «завяла» яе не паслухмянасць міліцыянера, не проста гумар старшыні, а яго яўна хітрая, з падвохам, прапанова:
— А вы, Ала Уладзіславаўна, на выканкоме выкажыце сваю думку актыву... Няхай паслухаюць.
Зноў, бадай, здзекаваўся, бо добра ведаў, што ў кожнай сваёй прамове перад любой аўдыторыяй яна не прамінала, каб не сказаць, горача, пафасна, пра барацьбу з «зялёным зміем».
...Заняўшы сваё старшынскае месца ў тарцы доўгага стала, за якім сядзелі члены выканкома, Воблікаў весела агледзеў залу — сваіх супрацоўнікаў, запрошаных. Спыніў позірк на Булат.
— Зоя Іванаўна, дзе Ліхач?
— Катэгарычна адмовіўся паехаць. Сказаў, што ў гэтым пытанні для яго няма пытання.
Калі да папрокаў Наліцкай за нядзельных п'яных Воблікаў аднёсся з іроніяй, то адсутнасць Ліхача, ды яшчэ такая яго заява, абурыла. Добры месяц супраць Ліхача яго настройвалі — Шатохін, Булат, загадчык жыллёвага аддзела Лежань. З-за кватэры Шпілеўскаму. Спачатку ён адмахваўся. Але яго пераканалі, што развод у Шпілеўскіх фіктыўны — абы вырваць кватэру. Маці, якую суд пазбавіў права на дзяцей, ходзіць да іх і — бачылі — даволі мірна размаўляе з былым мужам. Ордэр Шпілеўскаму не выдалі, перадалі справу ў суд на яго высяленне. І суд пастанавіў: выселіць. Але зноў умяшаўся Ліхач: у Мінску зайшоў да пракурора рэспублікі і апратэставаў рашэнне суда. Праўда, пракурор не вынес афіцыйнага пратэсту, а пазваніў Воблікаву і параіў выдаць ордэр. Але ўсё роўна — «пстрычка па носе». Зайгралі амбіцыі і ў Воблікава. А Шатохін, Булат і Лежань падлівалі масла ў агонь. Прызналі сваю памылку ў адным — што не правялі рашэння аб высяленні праз выканком. Папраўляліся — уключылі пытанне ў парадак чарговага пасяджэння. Не сумняваліся, што прапанова кіраўніцтва будзе ўхвалена, калі не аднагалосна, то абсалютнай большасцю. Няхай пракурор апратэстуе рашэнне калегіяльнага савецкага органа! Але прыйшлі да агульнай думкі, што на пасяджэнні абавязкова павінен прысутнічаць дырэктар, які адзінаўладна, без прафсаюза, без грамадскасці выдаў кватэру. Няхай пабачыць аднадушнасць членаў выканкома, павучыцца дэмакратыі, можа, працверазее. Але Ліхач другі раз не з'явіўся на пасяджэнне.
Воблікаў выказаў сваё абурэнне, звяртаючыся да першага сакратара:
— Ала Уладзіславаўна! Што ў нас робіцца? Ліхач проста ігнаруе Савет. Уявіў сябе пупам зямлі, шышкай... Думае, што калі дэмакратыя, то ўсё яму дазволена. Можна не выканаць план, можна не з'яўляцца на пасяджэнні. Да чаго такая ўсёдазволенасць нас давядзе?
Наліцкай здалося, што гэта папрок і ёй: маўляў, з-за яе патурання, з-за яе асобых адносін да Ліхача, якія праніклівы старшыня мог угледзець — у такога зубра вока набітае,— ён вось так ігнаруе ўсіх, не лічыцца ні з кім, ні з якімі мясцовымі ўладамі. З'явілася злосць і на Воблікава, і на «мілага друга».
— А што вы апялюеце да мяне? У Савецкай улады няма ўлады? Дастаўце яго сюды.
— Даставіць? — сумеўся старшыня выканкома.
І яна рашуча загадала:
— Шатохін! Мігун!
Мігун падхапіўся.
— Слухаюся.
— Зрабіце ласку дырэктару завода прычэпаў. Дастаўце яго на пасяджэнне выканкома пад ганаровым эскортам.
— Ёсць даставіць! — маёр стукнуў абцасамі.
Шатохін падняўся нехаця, паглядам просячы ў свайго старшыні пазбаўлення ад незвычайнай місіі. Але Воблікаў не глядзеў на яго, ён, здавалася, з захапленнем ці здзіўленнем разглядваў Наліцкую, адкрыўшы новую яе якасць. Больш таго, ён, стары ліс, бадай, узрадаваўся, бо разумеў, што на такой акцыі можна паслізнуцца, як на апельсінавай корцы.
У калідоры Шатохін незадаволена сказаў Мігуну:
— У цябе — служба... А мне на чорта такое заданне? — не ўспомніў, што сам першы заварыў гэтую кашу з-за кватэры, якую Ліхач выхапіў у яго свата, а значыцца, і ў яго дачкі; на сямейнай нарадзе былі разыграны ўсе хады, як на шахматнай дошцы,— усе замены, у выніку якіх і старыя, і маладыя ўладзяцца найлепшым чынам, а ён, намеснік старшыні выканкома, застанецца чысценькім, бо цяпер не той час, каб памагаць блізкім адкрыта. Ды і раней ён груба не дзейнічаў — заўсёды далікатна, тонка, не так, як іншыя яго калегі. Уладай трэба ўмець карыстацца.
Рэгіна сказала, што Васіль Васільевіч паехаў у вёску — праведаць хворага бацьку.
Шатохін узрадаваўся, гатовы вяртацца назад.
Мігун таксама ўзрадаваўся, але зусім па іншай прычыне. У яго ажно ноздры раздзьмуліся, як у таго ганчака, што ўчуяў здабычу. Заглядваў ён неяк з Ліхачом да яго бацькі, да пастановы яшчэ. Стары выставіў, можа, дзесяць настоек на розных травах, карэнні, ягадах. Такі спакуслівы ласунак — адна адной смачней. Ды яшчэ ў адмысловых замежных пляшках, безумоўна, прывезеных сынам. Ад выгляду адных пляшак — слінкі цяклі. Начаставаліся яны тады — праз два гады прыемна ўспомніць. І цяпер, як кажуць, на ўсе сто Мігун быў упэўнены, што прыкладзецца ў роднай хаце Ліхач да якой-небудзь траўнічкі, напэўна, у старога чарадзея ёсць і такія, што паху не даюць; не паедзе ж ён ад бацькі і маці не паабедаўшы. Знарок паехаў да абеду, а цяпер ужо чацвёртая гадзіна, сакратарка сказала, што паабяцаў вярнуцца пад канец змены. А змена вунь яна — ідуць рабочыя! Во ўдача дык удача! Сама лезе ў рукі. Толькі б правільна паставіць капкан! Во будзе падаруначак Наліцкай, якая бязлітасна карае членаў партыі за адзін учуты душок.
Адным словам, Мігуну, не ў прыклад Шатохіну, не тое што не хацелася вяртацца на пасяджэнне, але ён гатовы быў хоць да раніцы сядзець у засадзе ў дырэктарскім кабінеце, абы не ўпусціць здабычу. Ён выказаў сваю здагадку Шатохіну. І план: прывесці Ліхача на выканком цёпленькага. Шатохін зморшчыўся — непрыемна, самі не бязгрэшныя,— але змаўчаў, бо ў цэлым план спадабаўся, «спусціць» Ліхача яму хацелася мацней, чым Мігуну.
Рэгіна адчыніла кабінет: не могуць жа такія паважаныя госці сядзець у прыёмнай, і «паляўнічыя» размясціліся з камфортам. Знайшлі на падаконніку дарожныя шахматы, селі гуляць.
Аднаго ў шчырай размове Мігун не растлумачыў старому сябру — па якой прычыне ў яго такая службовая стараннасць. Але Шатохін здагадаўся сам.
Два месяцы хварэе начальнік міліцыі, ляжыць у шпіталі, і ўсе супрацоўнікі, не гаворачы на гэтую тэму, ведаюць, што ў палкоўніка Пацеркі тая хвароба, пра якую ў некралогах пішуць «пасля цяжкай і працяглай». Пры такой сітуацыі Мігун спаў і бачыў сябе начальнікам міліцыі. А за кар'еру ён гатовы бацьку роднага прадаць, не тое што нейкага Ліхача. Напляваць яму, што яны некалі разам ездзілі на паляванне. Змяніўся час, абставіны — змяніліся і людзі. Ты вунь не пасаромеўся сам выставіць сваю кандыдатуру на дырэктара буйнейшага ў горадзе завода. А я — што? Горшы? Хочаш, каб я, стары служака, выцягваўся перад нейкім маладым фендрыкам? Многа іх цяпер такіх скакуноў, што дарастаюць да палкоўнікаў у трыццаць гадоў! Прышлюць такога — і будзе ён цябе ганяць, што ардынарца. Пацерка хоць чалавек быў. Каго няма, тыя ўсе добрыя былі.
Мігун добра ведаў кадравую палітыку — ад каго будзе залежаць яго назначэнне. Ад гаркома — у першую чаргу. Вось таму трэба паказаць Наліцкай сваю стараннасць і ўменне, загладзіць усе прамашкі.
Рэгіна адарвала іх ад шахмат:
— Прыехаў.
Мігун, падцягнуўшы пры жанчыне штаны, кінуўшы Шатохіну «хвіліначку», пайшоў у туалет — аблягчыцца перад адказнай і, магчыма, зацяжной аперацыяй, калі і адлучыцца не будзе як.
Рэгіна па-сваяцку даверліва сказала Шатохіну:
— Дзядзя Коля, дырэктар сюды не прыйдзе. Я адкрыю вам нашу маленькую тайну. Васіль Васільевіч так не любіць камісій, што зрабіў сігналізацыю... Над акном кабінета лямпачка... бачыце, гарыць?.. Я ўключаю, калі яго хтось чакае тут. А потым ён звоніць па ўнутраным сюды, у кабінет, і я дакладваю — хто. Зараз пазвоніць...
Сапраўды зазваніў тэлефонны апарат. Рэгіна падняла трубку, каротка паведаміла:
— З гарвыканкома. Зразумела,— паклала трубку, перадала дзядзьку: — Сказаў: яго няма. З такімі гасцямі сустракацца не жадае.
— Стрэнецца.
— Калі яго не будзе ў механічным цэху, загляніце ў гараж, у бокс, дзе легкавая стаіць. Там у яго кабінет — вынаходніцкі. Чарцёжная. Ён там з шафёрамі нейкі новы прычэп канструюе.
Атрымаўшы ў калідоры ад Шатохіна ўсю інфармацыю, што перадала сакратарка, Мігун пошук дырэктара ў цэхах выключыў з аперацыі, адразу накіраваўся ў гараж, у яго быў добра развіты нюх сышчыка.
Вароты ў гараж зачыненыя. Але праз шчыліны прабівалася яркае святло.
Мігун стукнуў кулаком раз, другі.
— Ліхач! Адчыняй! Мы ж ведаем, што ты тут. Сакратарка сказала.
Шатохін у думках вылаяўся: навошта, дурань, выдае Рэгіну, ёй працаваць з дырэктарам.
Ліхач адчыніў не адразу, чым умацаваў Мігунову здагадку, ведаў міліцыянер, чаму зачыняюцца ў гаражах, сам неаднойчы зачыняўся.
Нарэшце ляпнула засоўка.
Перад імі стаяў Ліхач, весела ўсміхаючыся, быццам разыграў іх. Адзеты ў кажушковую душагрэйку, але без шапкі, у руках трымаў рэйсшыну і карандаш.
Машыны ў гаражы не было. Прасторны бокс сапраўды нагадваў чарцёжную. На сценах фатаграфіі аўтамабіляў і прычэпаў, незнаёмых мадэляў, на доўгай паліцы — лялечныя макеты гэтых жа машын. У левым куце — адкідны чарцёжны стол, да дошкі прышпілены кнопкамі ліст ватману з першымі лініямі будучага чарцяжа.
Але гэта ўбачыў Шатохін, ён павітаўся з Ліхачом за руку і спыніўся ў варотах. Мігун, не павітаўшыся, імкліва прайшоў у глыбіню памяшкання, бо ўбачыў не макеты, не чарцёж, а тумбачку ў другім куце і на тумбачцы пляшку «Сталічнай», напалавіну выпітую. У спрытнага дэтэктыва ажно вочы загарэліся. Во ўдача дык удача! Рэчавы доказ. Дурань, не паспеў і схаваць. Аднак няўжо п'е без закусі? Алкаголік! Такіх Мігун зневажаў.
— А гэта мы прыхопім з сабой.
— Давай, давай,— весела адгукнуўся Ліхач.— Толькі ж мала табе будзе аднаму. Табе вядро трэба, як добраму каню.
— Пажартуем пасля,— буркнуў Мігун.
Ліхач адвярнуўся ад Шатохіна, і той у адзін міг знік, што праз зямлю праваліўся: учуяў чалавек, што ў місіі іх з-за стараннасці міліцыянера запахла смажаным. А наліха яму ўлазіць у брудную гісторыю! Далей ад яе!
— Мікалай Свірыдавіч, засведчыў Коля! Дзе ты?
Мігун вярнуўся да варот, выглянуў на двор.
— Дзе ён? Куды знік?
— На неба ўзнёсся,— засмяяўся Ліхач, убачыўшы ў руках маёра пляшку: яна, пляшка, дала разгадку, чаму спалохаўся намеснік старшыні выканкома.
Аднак чаму мільтон так разышоўся? Вылаяўся на Шатохіна:
— Чыстаплюй! З такім у разведку не пойдзеш,— і да гаспадара: — Збірайцеся, Ліхач, паедзем.
— Куды? — тое, што былы сябра па паляванні і па застоллі раптам на «вы», насцярожыла, але і заінтрыгавала яго, аматара прыгод, мастака на жарты і розыгрышы.
— Там убачыш — куды.
— Андрэй, не тлумі галаву.
— Я магу быць вам Андрэем на адпачынку, а тут я пры выкананні службовых абавязкаў. Не забывайце.
— Дурны ты службіст.
— За абразу... Во курва, Шатохін, уцёк, мог бы пасведчыць. Загадваю: паехалі! Інакш паклічу панятых — вашых рабочых!
Ліхач глядзеў шырока расплюшчанымі вачамі на чалавека, якога добра ведаў і лічыў нармальным — умеў пагуляць, пажартаваць. Глядзеў спачатку няўцямна — што сталася з чалавекам? — пасля з разуменнем. Але, дайшло — хто перад ім. Чалавек, якому нельга служыць у органах, бо ён п'янее ад улады над людзьмі.
«Цяпер ён на мне праяўляе гэтую ўладу. Але дзеля чаго? Даказаць, што я выпіваю? Дык разам выпівалі. Хто яго паслаў? Воблікаў? Ала? Разумная ж баба...»
— Паехалі.
З дурнем лепш не задзірацца, а то яшчэ праўда наробіць шуму, з агульнага гаража, што за сцяной, прыбягуць шафёры і ўбачаць гэтую злашчасную бутэльку ў яго ў руках. «Што там Павел пакінуў? Няўжо гарэлку? Як я не звярнуў увагі на яе?»
Зачыняючы вароты бокса, сказаў Мігуну:
— Бутэльку схавай.
Той зрабіў ласку.
— Схаваю,— і сунуў пляшку ў кішэню штаноў.
«Канарэйка» стаяла каля пад'езда заводакіраўніцтва. Ліхач адразу юркнуў на задняе сядзенне — не хацелася ўсё ж, каб свае варажылі: куды дырэктар паехаў на міліцэйскай машыне?
Мігун перад тым як сесці ў машыну — дзверцы яму адчыніў шафёр,— дастаў бутэльку, паказаў яе ўсім вокнам, пасля акуратна паставіў на сядзенне.
«Во свіння! Пачакай жа, я зараз нагадаю пра тваю «святасць». Шафёр усё роўна знае пра твае прыгоды».
Машына кранулася з месца.
— Куды, Андрэй Сямёнавіч? — спытаў шафёр.
— У цэнтр.
— А помніш, Андрэй, як ты паддаў у ляснічага пасля таго, як упалявалі дзіка? Так паддаў, што пачаў хапаць леснічыху за каленкі. А ляснічы ўгледзеў гэта і надзеў табе на галаву міску з капустай. Ты — за пісталет... Ледзь я развёў вас...
Шафёр, малады хлопец, заліўся пісклявым смехам, адкінуўшы галаву на сядзенне.
У Мігуна карак наліўся крывёю. Ніколі яшчэ ніхто гэтак не падрываў яго аўтарытэт перад падначаленымі.
— На дарогу глядзі! — злосна кінуў ён шафёру.— Задраў галаву! Развесіў вушы!
У той міг ці, можа, раней яшчэ, ва ўсякім разе, не пазней, змяніў ён план дзеяння. Прывезці Ліхача на выканком і выставіць на стол недапітую бутэльку — не, неразумна. Не стане ж яго Наліцкая нюхаць, калі ён адмовіць. Дакуменцік, дакуменцік трэба! Мед- заключэнне. Вось тады не адкруціцца.
— У паліклініку.
— У якую?
— У тую. Не ведаеш — у якую!
Ліхач зразумеў, з якой мэтай вязе яго «сябра» ў паліклініку. Абурыўся. Але, паколькі баяцца яму няма чаго, вырашыў блазнаваць, каб давесці дзікую задуму міліцыянера да абсурду і выставіць яго дурнем.
Урач, флегматычны, барадаты мужчына, ведаў добра і міліцэйскага начальніка, і дырэктара завода і на патрабаванне ахоўніка парадку даследаваць Ліхача на алкаголь балюча скрывіўся: да чаго дайшлі!
Сястра, жанчына сталых гадоў, таксама рыхтавала працэдуру са змрочнай маўклівасцю, аднолькава дрэнна думаючы пра абодвух наведвальнікаў: сур'ёзныя людзі, а займаюцца глупствам.
Ліхач дыхнуў у трубку весела, з цікавасцю — упершыню сустрэўся з такім прыборчыкам, засмяяўся, праўда, трохі раздражнёна, злосна.
— Чыста,— сказала сястра.
— Не можа быць! — расчаравана здзівіўся Мігун.
Ліхач выхапіў у сястры трубку і сунуў пад нос маёру.
— А цяпер ты дыхні! Толькі, баюся, трубка не вытрымае, лопне ад тваіх пароў.
І тады сур'ёзная з выгляду сястра залілася смехам. Весела зарагатаў і ўрач. Абое яны падумалі, што наведвальнікі — дасціпныя жартаўнікі, паспрачаліся і выпрабоўваюць адзін аднаго. А Ліхача смех іх абпёк варам уніжэння. Не тую гульню пачаў ён з гэтым ідыётам, хутчэй прэч ад яго, пакуль нервы заціснутыя ў кулак. Ціха падзякаваў медыкам і пайшоў.
Мігун успомніў, што ў Ліхача жонка медсястра, напэўна, тут працуе, і пагразіў пальцам медыкам, збянтэжыўшы і жанчыну, і спакойнага барадача. Уподбег дагнаў на ганку сваю ахвяру. Той, не азірнуўшыся, павярнуў у другі ад машыны бок.
— Сядай у машыну! — суровым воклічам спыніў яго Мігун.
— Пайшоў ты...— і назваў тое адмысловае месца, куды і варта было падацца такому шчыраму служку.
Маёр ляпнуў далоняй па шынялі, дзе той адтапырваўся — ад кабуры. Словы яго пачалі страляць:
— Не з тым жартуеш, Ліхач! Са мной жарты дрэнныя! Вунь стаіць паставы, а ў яго ў кішэні наручнікі. Я не спыняюся і перад такой мерай.
Кроў ударыла ў галаву да звону ў вушах. Васіль аглянуўся. Тут, у цэнтры — насупраць ГУМ,— нямала людзей, бліжэйшыя пешаходы ўжо азіраюцца на іх, пачуўшы ці адчуўшы, што ў адносінах паміж афіцэрам і цывільным адбываецца нешта незвычайнае. Не хапала яшчэ, каб яму тут, на вуліцы, надзелі наручнікі. А гэты ап'янелы ад улады «вартавы парадку», падобна, і такое здатны зрабіць. Васіль Васільевіч павярнуўся і ўскочыў у машыну. Гэтак жа спрытна, не марудзячы ні хвіліны, ускочыў на пярэдняе сядзенне і Мігун.
— У гарком! — крыкнуў Ліхач.
— У шпіталь! — пераможна, захлынаючыся ад задавальнення, праспяваў гаспадар машыны. Цяпер ён не сумняваўся, што ў паліклініцы Ліхачовы знаёмыя, сябры, а ў шпіталі ў яго, Мігуна, свае людзі.
— У які шпіталь? — здзіўлена спытаў шафёр.
Мігун узарваўся:
— Табе памяць адбіла? Колькі ў нас шпіталяў?!
У горадзе адзін шпіталь — інвалідаў вайны.
Машына сарвалася з месца. Але пакрыўджаны за сваю памяць вадзіцель своеасабліва адплаціў:
— А ў бутэльцы — вадзічка... святая, дыстыляваная. Для акумулятараў...
— Замяніў? — па-бычынаму зароў начальнік.— П'янюга! Выгарадзіць свайго хочаш?
— Ад п'янюгі чую.
— Сёння ж вылеціш з работы!
— А напляваў я на вашу работу! Падумаеш — работа! Ні дня ні ночы спакою. На свае рукі я ўсюды баранку знайду.
Шафёр злосна газануў, машына набрала хуткасць, дазволеную хіба што «міргалцы». І раптам дзіка завішчалі тармазы, хоць перад машынай нікога не было. Мігун балюча стукнуўся лбом у шкло — як толькі не высадзіў.
— Ты што робіш, ідыёт?
— Сам ідыёт! Чалавека згубілі! Чалавека! — спалохана закрычаў вадзіцель і выскачыў з машыны.
Мігун азірнуўся. Задняе сядзенне было пустое, дзверцы адчынены. З машыны ён не здолеў выйсці: даўгі цвік праткнуў сэрца, прыбіў яго грувасткае цела да спінкі сядзення.
Болю не было. Быў правал. Як у сне. Сніў неаднойчы: вывальваўся з самалёта і вольна плаваў у космасе. Бачыў чорнае неба і блакітную зямлю. Усё наадварот. Адчуванне страшнае і... незвычайнае, такога на яве не перажываў — нейкае звышрадаснае захапленне палётам, калі ажно дыханне спыняецца, а ўдары сэрца запаўняюць усю істоту — са звонам б'юць у вушы, у жывот, у рукі, у ногі.
Страх з'явіўся, калі ён пачуў над сабой людзей. Чалавечы гул. Як прыбой, які набліжаўся. Спачатку страх ад таго, што гул захлыне яго, змые і панясе... не ў космас, не... А потым праз гул паляцеў крык злосці, абурэння: «Міліцыя! Міліцыя выкінула з машыны чалавека. Во гады! Біць іх!» І тады страх стаў усвядомлены — за чалавека... за Мігуна. Трэба сказаць, што той не вінаваты, што ён сам... Сам... Усё ён рабіў на хаду... сігаў з воза, з трамвая... сігануў у космас...
А потым былі арэлі. Ён гушкаўся з Машай. Дачка залівалася звонкім смехам. І ён стараўся гушкнуць як мага вышэй. Шырока, як парус, напіналася яе чырвонае плацце.
Пачуў страшны Дашын крык: «Спыніся, Вася! Спыніся!»
У гэты міг Маша, бы пушынка, зляцела з арэляў і... паляцела ўгару. А ён застыў на месцы і заварожана глядзеў, як у чорнае неба ўзлятае ярка-чырвоная зорка. І не было ў яго страху. Было здзіўленне.
...Хірург пачуў за спіной жаночы крык. Не азірнуўся. Паглядзеў на прыборы. Стрэлкі паўзлі ўлева...
Ала сядзела не за пісьмовым — за доўгім сталом, пустым — ніводнай паперкі, бліскучым, як узлётная паласа пасля дажджу. Сядзела нерухома, боязна было паварушыцца, павярнуцца да акна, за якім глуха шумеў горад, здавалася, любое фізічнае дзеянне наблізіць страшнае, чаго яна баялася. А нерухомасць — як бясконцасць, вечнасць. Аднак вочы ўтрапёна са страхам уставіліся на дзверы. Не, нікога яна не чакала. Наадварот, хацела, каб ніхто не прыйшоў. Загадала Яніне нікога не пускаць, ні свайго, ні чужога. Сакратарка, хоць і ведала пра здарэнне, прыняла гэта натуральна: Ала Уладзіславаўна нярэдка вось так зачынялася — калі рыхтавала даклад, лекцыю, усё рабіла сама, на памочнікаў не спадзявалася, нават найбольш важныя пастановы пісала сама.
Хацелася, каб і думкі не варушыліся. Але яны — што зблытаны клубок нітак, «барада», якую разблытаць немагчыма, можна толькі парваць. Але і парваць гэты клубок не мела сілы. Ды і што парвеш? Што зменіцца?
На пісьмо Васіля ў абком — на скаргу за несправядлівую вымову — Леанід Генадзьевіч вымавіў ёй мякка, па-бацькоўску: «Што ты там Ліхача тузаеш? Дай чалавеку свабоду. Няхай эксперыментуе. Думай, што ён разумней за нас, ва ўсякім разе, не дурней».
«Я дам табе свабоду, Вася. Я дам табе свабоду...»
Здалося, што сказала гэтыя словы ўголас, і азірнулася: ці не пачуў хто?
Праз двайныя дзверы чутно кляпанне машынкі. Што цвікі забіваюць. Ніколі машынка так не раздражняла. Што там такое тэрміновае ў гэтай бестурботнай і гультаяватай Яніны? Нічога тэрміновага няма. Нікуды не трэба спяшацца. Чакаць, чакаць... Чаго?
Яна ўздрыганулася. Нічога не трэба чакаць. Усё будзе добра. Воблікаў пазваніў, што... Вася ў бальніцы. Яна ніколі не ляжала ў бальніцы, баялася туды трапіць. Але ж бальніца — ратунак.
Чаму такое неадчэпнае ўяўленне з таго летняга дня, калі ўбачыла, як акрабатычна ён кідаў голенькую малую з рук на ногі, а дзіця залівалася смехам. Як імя яго дачкі? Даша? Не, Даша — жонка. Саша? «Усе на «ша», адзін я на «ся».
Чаму яна не пайшла да яго ў госці? Запрашаў жа неаднойчы. Баялася выдаць сваё жаданне?.. О божа, які сорам! Ці не дазволіла становішча першай асобы ў горадзе? Якое глупства! «Я прыйду да цябе ў госці, Вася. Прыйду»,— абяцала цвёрда, бадай з радасцю, што пераадолела ўсе недарэчныя ўмоўнасці.
Зазваніў тэлефон, прамы, падобна — міжгародні. Яна не паднялася, не азірнулася на апарат, толькі ўціснула галаву ў плечы, непрыгожа сцялася, як бы ратуючыся ад цяжкай лавіны.
«Я дам табе свабоду. Я прыйду ў госці. І ў мяне хопіць смеласці сказаць, што я люблю цябе. І — больш нічога. Больш нічога...»
І ўпершыню ўстрапянулася:
«Што робіцца ў маёй галаве? Пра што я думаю!..»
Дзверы адчыніліся як ад удару ботам. Грукат іх здаўся выбухам бомбы.
Воблікаў прычыніў за сабою дзверы спіной і так застаўся стаяць прытулены, як бы не ўпускаючы кагосьці невядомага, хто ішоў за ім.
Ала адкінулася на спінку крэсла так імкліва, што ў патыліцу ўдарыў боль. І зноў застыла, зноў баялася паварушыцца. Глядзела на старшыню нерухомымі вачамі, у якіх адбівалася адно — надзея. Воблікаў таксама глядзеў на яе. Але — о, жах! — якія ў яго халодныя і... пустыя вочы. Ды не ж, не, гэта так здалося ад страху. Вочы яго пацяплелі і як бы запацелі. Ён ступіў да стала, сеў у другім канцы — насупраць яе, і ў гэтай паставе, здалося ёй, апынуўся далёка-далёка і — як у тумане. Зняў капялюш, правёў ім, мокрым, па твары і з-за капелюша, як з далечы, глуха і бязлітасна жорстка сказаў:
— Скончылася, Алка, наша з табой кар'ера. Вымятайся! — і вылаяўся, як ніколі не дазваляў сабе пры жанчыне.— Але што — кар'ера! Чалавека шкада. Які ідыёт гэты Мігун! Прымусь дурня богу маліцца...
Ала ўпала тварам на стол, пракусіла сваю руку, з надрыўным стогнам зарыдала.
— Не, гэта — я... я...