Гісторык. Жнівень 1917 года. Пасля ліпеньскіх падзей урад Керанскага перайшоў у контррэвалюцыйнае наступленне на пралетарыяў, на салдат, на бальшавіцкую партыю, якая ўзначальвала рэвалюцыйныя сілы народа. Меншавіцка-эсэраўскія Саветы сталі на шлях адкрытых памагатых буржуазіі.
Урад двойчы ўжо аддаваў загад аб арышце Леніна. Закрыў бальшавіцкія газеты. Але яны прадаўжалі выходзіць пад змененымі назвамі.
Падвальнае памяшканне газеты «Пролетарий». Рэдакцыйны пакой. За сцяной стук друкарскай машыны. Якаў Свярдлоў перадае Наборшчыку невялікія лісткі паперы.
Свярдлоў. Тэрмінова ў нумар. Разбіраеце почырк?
Наборшчык (бярэ лісткі). Ленін?! Не першы раз. Адзін я і разбіраю. (Чытае.) «Аб выступленні Каменева ў ЦВК наконт Стакгольмскай канферэнцыі». Растлумачце мне, таварыш Свярдлоў, а чаму мы супраць гэтай канферэнцыі. Селі б за адзін стол...
Свярдлоў. З кім? З сацыял-шавіністамі? Туды ж паедуць Чарноў і Цэрэтэлі, Кауцкі... Яны ж таксама лічаць сябе сацыялістамі. Ды Ленін усё растлумачыў. (Бярэ лісткі.) Вось тут. Ён... Каменеў... «змаўчаў аб тым, што там будуць удзельнічаць сацыял-імперыялісты, што мець сувязь з гэтакімі ганебна для рэвалюцыйнага сацыял-дэмакрата». І далей. «Ісці на нарады з сацыял-імперыялістамі, з міністрамі, з пасобнікамі катаўства ў Расіі — ганьба і здрадніцтва. Аб інтэрнацыяналізме тады няма чаго і гаварыць».
Наборшчык. Ленін і сваім не дае літасці.
Свярдлоў. Калі яны хістаюцца. Як Каменеў.
Наборшчык. А мне ён здаўся самым рэвалюцыйным. Тут ён са Сталіным спрачаўся. Абвінавачваў яго ў нерашучасці. Дык у гэты ж нумар «Пралетарыя»?
Свярдлоў. Абавязкова ў гэты. Зараз паглядзім, замест чаго можна паставіць.
Наборшчык ідзе ў друкарню. Свярдлоў садзіцца за стол, завалены рукапісамі і адбіткамі газетных палос. Паглыблена акунаецца ў чытанне.
З'яўляецца Каменеў.
Каменеў (як быццам здзіўлена). О, Якаў Міхайлавіч! Вы — усюдыісны. Куды ні прыйду, там вы і Урыцкі.
Свярдлоў. Трэці Каменеў. У нас агульная рыса.
Каменеў (смяецца). Вы мне ліслівіце, Якаў Міхайлавіч. Што будзе гваздом у нумары?
Свярдлоў. Пісьмо Леніна.
Каменеў. Аб выступленні Дана? Керанскага?
Свярдлоў. Аб выступленні Каменева наконт Стакгольма.
Каменеў (змяняецца з выгляду, натапырваецца, прабягае па пакойчыку). Зноў Ленін? У кожным нумары Ленін! У яго што там — сіндыкат?
Свярдлоў. У яго — галава.
Каменеў. Члены рэдкалегіі ведаюць пра пісьмо?
Свярдлоў. І члены ЦК.
Каменеў. Я — член ЦК.
Свярдлоў. Таварыш Каменеў! І вы ведаеце. З-за гэтага вы прыйшлі сюды ў такі позні час.
Каменеў. Дык я вам скажу. Ленін памыляецца ў сваёй бескампраміснасці. Мы жывём у час кампрамісаў. Мы з вамі ў гушчы мас. А Ленін... Дзе ён? У кустах?
Свярдлоў (жорстка). Ільіч вымушаны быць у падполлі.
Каменеў. Так, так, у падполлі. Я разумею. Між іншым, дзе ўсё ж Ленін цяпер? Вы былі на сувязі з ім, калі ездзілі ў Разліў? Дзе Зіноўеў — я знаю. А дзе Ленін? Ненармальна, што ад мяне, члена ЦК, скрываюць... Два каўказцы — Арджанікідзе і Сталін, па-мойму, іграюць у канспірацыю. Хто ім даручыў?
Свярдлоў (жартаўліва, з грузінскім акцэнтам). Дарагі таварыш Каменеў! Гэта вельмі нармальна. Канспірацыя тонкая штука. Я скажу жонцы, вы скажаце сябру... Якая будзе канспірацыя? (Натуральна.) Я трымаў сувязь з Разлівам, але цяпер і я не знаю, дзе Ільіч. І гэта натуральна.
Каменеў. Калі ўлічыць, як хутка да яго дайшло маё выступленне, то недалёка. Я адкажу на яго пісьмо. І дакажу, што ён памыляецца. Я мог бы адказаць сёння. Але я стомлены. Мы працуем, як валы.
Свярдлоў. Працуе Ленін. А мы пацеем.
Каменеў (бадай узлавана). Мы пацеем? У вас, прабачце, адсутнічае гонар.
Свярдлоў. Які? Гонар, як шмат што, катэгорыя класавая, Леў Барысавіч. Нам нямала прыйдзецца папацець, каб вытравіць з сябе наш местачковы, дробнабуржуазны гонар. Аднак я пайшоў у друкарню...
Свярдлоў выходзіць. Каменеў садзіцца на яго месца. Піша. Уваходзіць Літаратар — з тых, хто за сабраныя звесткі мае двайны ганарар. Каменеў здзіўлены.
Літаратар. Вы думалі, што можна схаваць цэлую друкарню? Ад каго? Ад юнкераў можна. Ад свайго брата газетчыка гэта немагчыма. Мы ж, літаратары, што Шэрлакі Холмсы. Аднак ахова ў вас пільная. Ледзь даказаў пралетарыю, што я свой.
Каменеў. Карэспандэнт эсэраўскай газеты свой у бальшавіцкай рэдакцыі?
Літаратар. Леў Барысавіч, мы ж з вамі культурныя людзі. Мы належым да розных партый, але ж сацыялістычных. Да таго ж у нас павінна быць прафесійная салідарнасць. Літаратарская. А калі яшчэ ўлічыць, што мы з вамі землякі і добрыя знаёмыя... Аднак — добры вечар. (Вітаецца за руку. Садзіцца каля стала.) Што будзе гваздом у чарговым нумары «Пралетарыя»?
Каменеў. Пісьмо Леніна супраць Каменева.
Літаратар (смяецца). І вы пра гэта так спакойна паведамляеце? Вясёлыя вы людзі, бальшавікі. Уяўляю, што было б, калі б Спірыдонава выступіла супраць Керанскага ці Чарнова. А між іншым, адкуль ён піша, Ленін?
Каменеў. Вы што — лічыце мяне хлопчыкам? Ваш Керанскі аддае загад арыштаваць лідэраў нашай партыі — Леніна, Зіноўева... ды і мяне, Троцкага садзіў у турму. І вы хочаце, каб я выдаў...
Літаратар. Я ж не пытаю ў вас дакладны адрас... дом, кватэру... У мяне прафесійная цікавасць. І я мог бы нажыць журналісцкую славу, паведаміўшы, дзе Ленін,— у Расіі, у Швейцарыі, у Германіі... Усе мы, Леў Барысавіч, славалюбівыя. Ды і лішні рубель у наш галодны час не зашкодзіць.
Каменеў (падхопліваецца, мітуслівасцю падкрэслівае абурэнне). Ах, як вам хочацца, каб Ленін апынуўся ў Германіі! Каб пацвердзіць гнюсны паклёп, што ён нямецкі шпіён... Паклёп, ад якога эсэры мусілі адмовіцца, каб не сесці ў лужыну. Вы ж адзін з тых, хто ў ліку першых выказаў сумненні наконт гэтай бязглуздай хлусні.
Літаратар. Я не паверыў у гэта з самага пачатку. Я ведаю бальшавікоў, сядзеў разам у турме. Я — аб'ектыўная сведка і летапісец рэвалюцыі. А вы так дрэнна падумалі пра мяне, западозрылі, што я агент генерал-пракурора, які шукае Леніна.
Каменеў (астывае). Прабачце, Павел...
Літаратар. Антонавіч. У вас добрая памяць, Леў Барысавіч. (Паднімаецца, прыкрывае дзверы ў друкарню, набліжаецца да Каменева, становіцца тварам у твар, гаворыць паніжаным голасам, па сакрэту, даверліва.) А я вас шукаў цэлы дзень. Супраць вас рыхтуецца бомба. Куды страшнейшая за пісьмо Леніна. Жандарскі палкоўнік Балібін даў паказанні, што ў Кіеве вы былі агентам ахранкі.
Каменеў (з абурэннем). Гнюсны паклёп! Правакацыя!
Літаратар. Я прапаную вам здзелку. Зараз жа перадаю вам паказанні Балібіна. Магчыма, гэта не ратуе вас ад апублікавання ў чарнасоценных газетах. Але гэта дасць вам магчымасць падрыхтавацца да абвяржэння. Член ЦВК Савета, вы здолееце папярэдзіць публікацыю ў газетах урадавых партый... Але за гэта вы скажаце мне, канфідэнцыяльна, дзе Ленін...
Каменеў (гнеўна). Пайшоў прэч! Аб'ектыўны літаратар!
Літаратар (адступае). Ах, пан Разенфельд, пан Разенфельд! А я лічыў вас дзелавым чалавекам. (Выходзіць.)
Каменеў утароплена глядзіць на дзверы.
Свярдлоў (з'яўляецца ў дзвярах друкарні). Каго гэта вы так пужнулі, Леў Барысавіч?
Каменеў. Ды тут адзін знаёмы літаратар з «Дела народа»... Выпытваў, дзе хаваецца Зіноўеў. Правакатары!
Свярдлоў. О, гэтыя газетчыкі! Няма больш небяспечных даносчыкаў! А «свабода» друку дае ім для гэтага неабмежаваны прастор. Чалавека па яго публікацыі садзяць у турму, а паклёпнік ходзіць героем — «памог» рэвалюцыі. Паклёпнікі карыстаюцца ў нас прывілеяй недатыкальнасці.
Кватэра шведскага сацыял-дэмакрата Блумквіста ў Гельсінгфорсе. Сціпла і проста абстаўлены пакой. Крэслы, канапа, этажэрка, падаконнік завалены газетамі, але так, што відаць: газеты не проста складваюцца пасля прачытання, з імі пастаянна працуюць. На невялікім стале газет нямнога.
За сталом Ленін — у святле яркага пражэктара знаёмы воблік. Але барада і вусы толькі пачалі адрастаць.
Ленін працуе.
Голас Леніна — яго думка. Голас думкі своеасаблівы, ён павінен быць адметным ад жывой ленінскай размовы з людзьмі і нават ад яго развагі адзін на адзін у часе працы [2].
«Паўстанне Карнілава ёсць надзвычай неспадзяваны (у такі момант і ў такой форме неспадзяваны) і прама-такі невераемна круты паварот падзей...» Ленін падымаецца, ходзіць па пакоі.
Ленін (разважае, цяпер голас яго натуральны). Але, як усялякі круты паварот, ён патрабуе перагляду і змянення тактыкі. І, як з усялякім пераглядам, трэба быць архіасцярожным, каб не ўпасці ў беспрынцыповасць, у хістанні. А некаторых бальшавікоў ужо моцна хістае вецер падзей. Як Валадарскага. Звярнуць увагу членаў ЦК, што ў беспрынцыповасць упадаюць тыя, хто скочваецца да абаронніцтва ці да блока з эсэрамі, да падтрымкі Часовага ўрада. Такая пазіцыя архіняправільная.
Ленін садзіцца за стол, моўчкі піша, хутка піша — думка выкрышталізавалася.
Зноў гучыць ленінская думка:
«І падтрымліваць урад Керанскага мы нават цяпер не павінны. Гэта беспрынцыповасць... Мы будзем ваяваць, мы ваюем з Карнілавым, як і войскі Керанскага, але мы не падтрымліваем Керанскага, а выкрываем яго слабасць. Гэта розніца. Гэта розніца даволі тонкая, але архіістотная і забываць аб ёй нельга».
Ленін (разважае). У чым жа змяненне нашай тактыкі пасля паўстання Карнілава? У тым, што мы відазмяняем форму нашай барацьбы з Керанскім...
Задумваецца, як бы пражэктарам высвятляе аснову новай тактыкі.
Але, толькі так! Ні на ёту не аслабляючы варожасці да яго, не адмаўляючыся ад задачы звяржэння Керанскага, мы ўлічваем момант і звяргаць зараз Керанскага не станем. Мы інакш паставім задачу барацьбы з ім: растлумачым народу, які змагаецца з Карнілавым, слабасць і хістанні Керанскага. Гэта мы рабілі і раней. Але цяпер гэта стала галоўным. Цяпер галоўным стала ўзмацненне агітацыі за частковыя — будзем іх называць так, у двукоссі,— «частковыя патрабаванні» да Керанскага: арыштуй Мілюкова, карнілаўцаў, узброй піцерскіх рабочых, пакліч кранштацкія, гельсінгфорскія войскі ў Піцер, арыштуй Радзянку, узаконь перадачу памешчыцкіх зямель сялянам, увядзі рабочы кантроль. Але гэта патрабаванні не столькі да Керанскага. Гэта патрабаванне да рабочых, салдат, сялян, узнятых барацьбой з Карнілавым. Весці іх далей, заахвочваць збіваць генералаў і афіцэраў, што пайшлі за Карнілавым, настойваць, каб салдаты, сяляне патрабавалі зараз жа перадачы зямлі. Наводзіць на думку аб неабходнасці арышту Радзянкі і Мілюкова, разгону Дзяржаўнай думы... Напісаць таварышам, каб не думалі, што мы далей адышлі ад задачы заваявання ўлады пралетарыятам. (Запі свае.)
Гучыць думка:
«Не. Мы надзвычай наблізіліся да яе, але не прама, а збоку. І агітаваць трэба зараз не столькі прама супраць Керанскага, колькі ўскосна, супраць яго ж, але ўскосна, іменна: патрабуючы актыўнай і актыўнейшай, ісцінна рэвалюцыйнай вайны з Карнілавым. Развіццё гэтай вайны адно толькі можа нас прывесці да ўлады, і гаварыць у агітацыі аб гэтым менш трэба... »
Ленін (разважае, голас натуральны). Вось так тонка, дыялектычна супярэчліва: і агітаваць і маўчаць. Умела растлумачыць гэта агітатарам. Не ў друку. Ні ў якім разе не ў друку! У пісьмах — да рэўкомаў. На каленях агітатараў. Такая агітацыя — майстэрства, роўнае майстэрству паўстання. Мы не пабаімся змены нашай тактыкі са зменай падзей. Але сёння — толькі так! Цяпер час справы, вайну супраць Карнілава трэба весці рэвалюцыйна, уцягваючы масы, запальваючы іх. А Керанскі баіцца мас, баіцца народа.
Мінула колькі дзён. Да Леніна прыходзіць Густаў Ровіа — малады прыгожы фін з мяккімі жаночымі рысамі твару. Ён уваходзіць без стуку — так дамоўлена. Ленін адрываецца ад працы, імкліва паднімаецца насустрач.
Ленін (радасна). Густаў Сямёнавіч! Добры вечар! Добры вечар! (Нецярпліва.) Газеты?
Ровіа (збянтэжана). Я не сустрэў петраградскі поезд.
Ленін (расчаравана). Таварыш Ровіа!
Ровіа. Поезд спазніўся. Што зробіш. У такі час паязды спазняюцца нават у Фінляндыі. Газеты прынясе Ахмала.
Ленін. Вы добры паліцмайстар, але слабы канспіратар.
Ровіа (смяецца). Я праходжу навуку ў вас.
Ленін. Нельга Ахмала ператвараць у гарадскога паштальёна. Страта такога чалавека, як таварыш Кэсі, для нас была б катастрофай. Лепшага сувязнога, як начальнік паштовага вагона, знайсці немагчыма. Скажыце... многа ў горадзе шпіёнаў Керанскага?
Ровіа. О, каб я мог іх палічыць!
Ленін. Аднак арыштаваць вы іх не можаце.
Ровіа. На жаль, не магу. Фінляндыя ўсё яшчэ княства імперыі Расійскай... Прабачце, рэспублікі...
Ленін. Вы ў мяне просіце прабачэння за рэспубліку Керанскага, якая ў адносінах малых народаў, па сутнасці, прадаўжае палітыку царызму? Фінляндыя павінна атрымаць самастойнасць!
Ровіа. Гэта адбудзецца тады, калі прэм'ерам стане таварыш Іваноў, Канстанцін Пятровіч.
Ленін (пасміхаецца). Вы вясёлы чалавек, Ровіа. Але шпіёнаў Керанскага ўсё ж выяўляйце. Гэта патрэбна не толькі для бяспекі таварыша Іванова, але і для вашай барацьбы за незалежнасць. Гэта злейшыя ворагі фінскіх сацыял-дэмакратаў. Яны не проста будуць вынюхваць бальшавікоў, яны будуць цягнуць вас у эсэраўска-меншавіцкае балота. Агенты Керанскага больш небяспечныя, чым агенты царскай ахранкі. Тыя знішчалі рэвалюцыянераў фізічна. Гэтыя ўпырскваюць атруту згодніцтва з буржуазіяй...
Ровіа. У нас складанае становішча. Фінскі сейм у большасці сваім буржуазны. А савет слабы.
Ленін. Я раіў таварышу Війку і вам цясней звязацца з рэўкомамі рускіх часцей. У Фінляндыі размешчаны самыя рэвалюцыйныя часці. Балтыйскі флот — апора рэвалюцыі.
Ровіа (уздыхае). У фінаў накапілася замнога недаверу да рускіх. Нават у рабочых...
Ленін. Заразную інфекцыю пакідае нам смярдзючы труп старога свету. Але мы, інтэрнацыяналісты, знішчым гэтую інфекцыю. Лозунг, напісаны Марксам, «Пралетарыі ўсіх краін, яднайцеся!» — не проста заклік. Гэта — вялікая праграма. Удалося вам сустрэцца са Смілгам? Арганізуйце мне спатканне з ім. Двое членаў ЦК, адзін нелегальна, па волі Керанскага, другі легальна, знаходзяцца ў Гельсінгфорсе. Ненармальна, што мы не сустракаемся.
Ровіа. Эйно Рах'я перадаў ад таварышаў з Петраграда аб магчымасці вашай сувязі з Жамчужным. Я сустракаўся з Барысам. Энергічны марак.
Ленін (задумваецца). Думаю, нам можна сустрэцца тут, на кватэры. Калі не будуць пярэчыць гаспадары...
Ровіа. Што вы, Уладзімір Ільіч! Блумквісты — дабрэйшыя людзі.
Ленін. Выдатныя людзі. І ведаеце, які адбываецца феномен? Псіхалагічны. Я, на жаль, не ведаю шведскай і фінскай моў. Таварыш Эмілія не ведае рускай, нямецкай, французскай. Але мы выдатна разумеем адно аднаго. У нас большае ўзаемаразуменне, чым у мяне (смяецца) з Зіноўевым ці Троцкім, вялікім лінгвістам. Троцкі лічыць сябе знаўцам усіх навук. Але ў марксізме блукае, што ў лесе. Добра. Рускія газеты вязуць. А што пішуць у фінскіх?
Ровіа (сур'ёзна). У Петраградзе арыштавалі Леніна.
Ленін (спыняецца пасярод пакоя, глядзіць на Ровіа, пэўна, здзіўлены яго хітрай сур'ёзнасцю. Перапытвае з той жа сур'ёзнасцю). Арыштавалі-такі?
Ровіа. Арыштавалі. Паведамленне Петраградскага тэлеграфнага агенцтва.
Ленін. Ах, няшчасны Ленін! Няшчасны Ленін! Мне шкада яго. Як мне шкада яго!
Весела смяецца; так смяяцца мог толькі Ленін. Уваходзіць гаспадыня кватэры Эмілія Блумквіст з падносам, на ім шклянкі з чаем, талерачка з самаробным пячэннем. Такі бадай дзіцячы смех сур'ёзнага кватаранта яе здзіўляе і бянтэжыць.
Эмілія (пытае ў Ровіа). Чаму смяецца Канстанцін Пятровіч?
Ровіа. Арыштавалі Леніна.
Эмілія (ашаломленая). І ён?..
Аднак уміг асяняецца, азораная раптоўнай здагадкай. Глядзіць на кватаранта шырока расплюшчанымі вачамі. Ленін ажно бянтэжыцца ад гэтага позірку. Робіцца сур'ёзным, ідзе па пакоі, хмыкае, звыклым рухам гладзіць бародку, якой няма. Эмілія пераводзіць позірк на Ровіа, закрывае рот далонню. Ровіа прыкладае палец да вуснаў: так, поўнае маўчанне!
Прыемнага апетыту. (Выходзіць.)
Ленін (спыняецца перад Ровіа). Я казаў, што вы няважны канспіратар.
Ровіа. Уладзімір Ільіч! Вы самі выдалі сябе. Нельга так смяяцца з глупства шпікоў Керанскага.
Ленін (сур'ёзна). Не, з глупства ворага можна смяяцца. Нельга смяяцца з яго розуму. Што яшчэ ў газетах?
Ровіа. Керанскі арыштаваў Карнілава. Галоўнакамандуючым назначаны генерал Аляксееў.
Ленін. Што ж, гэта я прадбачыў, як толькі атрымаў звестку аб разгроме карнілаўцаў рэвалюцыйнымі салдатамі і рабочымі атрадамі. Карнілавец Керанскі ратуе сябе. Лагічна. Але выдае сваю слабасць. Сітуацыя змянілася. Рэвалюцыя ў Рассіі перайшла ў новую стадыю. (Бярэ са стала спісаныя лісткі.) Таварыш Ровіа! Як вы адносіцеся да кампрамісаў?
Ровіа. Мяне называюць лібералам.
Ленін. Вы ставіце гэта сабе ў заслугу? Калі ласка, не блытайце згодніцтва з кампрамісам, з палітычным кампрамісам. Гэта розныя рэчы. Палітычны кампраміс — сур'ёзны тактычны прыём. Я выказваўся пра гэта раней. І сёння, пасля ўчарашніх газет. (Чытае.) «Кампрамісам называецца ў палітыцы ўступка некаторых патрабаванняў, адмаўленне ад часткі сваіх патрабаванняў з прычыны пагаднення з іншай партыяй.
Звычайнае ўяўленне абывацеляў аб бальшавіках, якое падтрымліваецца друкам, узводзячым паклёп на бальшавікоў, заключаецца ў тым, што бальшавікі ні на якія кампрамісы не згодны, ні з кім, ніколі».
Такое ўяўленне прыемна для нас... Нават ворагі вымушаны прызнаць нашу вернасць асноўным прынцыпам сацыялізму і рэвалюцыі... «Задача ісцінна рэвалюцыйнай партыі не ў тым, каб абвясціць немагчымым адмаўленне ад усякіх кампрамісаў, а ў тым, каб праз усе кампрамісы, паколькі яны непазбежныя, умець правесці вернасць сваім прынцыпам, свайму класу, сваёй рэвалюцыйнай задачы, сваёй справе падрыхтоўкі рэвалюцыі і выхавання мас народа да перамогі ў рэвалюцыі». І я зрабіў сёння вывад. Цяпер наступіў такі круты і такі арыгінальны паварот рускай рэвалюцыі, што мы можам, як партыя, прапанаваць... звернем увагу — прапанаваць! — добраахвотны кампраміс, праўда, не буржуазіі, а нашым бліжэйшым праціўнікам, дробнабуржуазным дэмакратычным партыям, эсэрам і меншавікам, якія трымаюць уладу.
Ровіа. Вы зрабілі з мяне бальшавіка. Таму я не разумею, што гэта дасць нам.
Ленін. Таварыш Ровіа! Вы не ўніклі ў абстаноўку, якая склалася ў Піцеры, у Маскве, дзе ў Саветах прагаласавалі за бальшавікоў. Кампрамісам з'яўляецца з нашага боку наш зварот да ліпеньскага патрабавання: уся ўлада Саветам, адказнасць перад Саветамі ўрада з эсэраў і меншавікоў. Адказнасць! Зразумейце! Цяпер, і толькі цяпер, можа быць, усяго на працягу некалькіх дзён ці аднаго-двух тыдняў такі ўрад мог бы стварыцца і ўмацавацца цалкам мірна. Толькі ў імя мірнага развіцця рэвалюцыі, што бывае вельмі рэдка ў гісторыі і што незвычайна каштоўна — бяскроўная перамога! — толькі ў імя гэтага бальшавікі, прыхільнікі рэвалюцыйных метадаў, могуць і павінны, на маю думку, ісці на такі кампраміс. Каб зберагчы жыцці людзей. Наша ўмова простая: поўная свабода агітацыі і скліканне Устаноўчага сходу без новых адцяжак, у самы кароткі тэрмін.
Гэта сур'ёзныя думкі, таварыш Ровіа. І гэта самы сур'ёзны кампраміс. Можа быць, гэта ўжо немагчыма? (З іроніяй.) Маючы інфармацыю толькі аб тым, што арыштавалі Леніна, цяжка рабіць такія сур'ёзныя вывады. Але калі ёсць хоць адзін шанц з сотні, то яго абавязкова трэба выкарыстаць. Шанц гэты — рашэнне эсэраў і меншавікоў не ісці ва ўрад разам з кадэтамі — партыяй буржуазіі.
Ровіа. Складана ў вас.
Ленін. А ў вас?
Ровіа. У нас у сейме пакуль што гавораць. Самыя доўгія прамовы за гісторыю Фінляндыі. Фіны ніколі не гаварылі так доўга. У нас пераважаюць анекдоты аб маўклівасці фінаў.
Ленін. Калі меркаваць па вас, то фінаў не назавеш маўклівымі.
Ровіа (смяецца). Ва ўласнай сям'і я быў выключэннем. Маці затыкала вушы, калі я пачынаў гаварыць.
Ленін. Наладзьце мне спатканне з таварышамі Манерам і Куусіненам. Я мушу ведаць, чым жыве фінская сацыял-дэмакратыя.
Далікатна пастукаўшы, уваходзіць гаспадыня.
Эмілія (да Ровіа). Канстанціна Пятровіча пытае руская сялянка.
Ровіа. Вас пытае нейкая сялянка.
Ленін (здагадваецца). Надзя! Вядзіце сюды.
Эмілія разумее без перакладу — па радаснай узбуджанасці пражывальца. Уваходзіць Крупская, апранутая пад тагачасную работніцу — у хусціне, завязанай на патыліцы, у чорнай сацінавай кофтачцы. З вузялком у руках. Уладзімір Ільіч бярэ жонку за руку.
Надзя! Ах, якая ты малайчына, Надзя! (Да гаспадароў — фіна і шведкі.) Таварышы, гэта мая жонка — Надзежда Канстанцінаўна. (Аглядвае яе ўбранне, смяецца.) А канспіратарка ты лепшая, чым я. Лепшая! Усё натуральнае — і такое пераўтварэнне. Як ваша імя, цётачка?
Крупская. Агаф'я Атаманава. (Змрачнее.) На жаль, сапраўднай Агаф'і няма ўжо на свеце. Гэта цётка Мікалая Аляксандравіча Емяльянава. Яна жыла ў Райвола, на фінскай старане.
Ленін (радасна ўзбуджаны). Праўда, канспіратарка ты выдатная.
Крупская. Не зусім. Калі праяўляла твой тайнапіс, то падпаліла край пісьма, нумар кватэры. Добра, што нумар дома ўцалеў. Прыйшлося паблукаць. Пыталася па-французску. А хіба я падобна ў гэтым адзенні на францужанку?
Ленін (весела). Падпаліла? Калі мы зробім рэвалюцыю, то напішам з табой пра свае канспіратыўныя паходжанні. Чціва будзе больш займальнае, чым у Конан Дойла. І табе раскажу, як два дэтэктывы таварыша Ровіа везлі мяне з хутара Ялкала сюды, у Гельсінгфорс.
Ровіа. Дэтэктывы не мае — дэпутата Війка.
Ленін. Два акцёры. Забаўныя, вясёлыя хлопцы. Яны загрыміравалі мяне пад лютэранскага пастара. А ехалі начным поездам. Я заснуў на верхняй паліцы. А было душна. Спацеў. І парык мой адклеіўся, фарба пацякла па лбе, па шчоках. Добра, што, калі развіднела, гэта першы ўбачыў нядрэмны Каарло Куусело. Як ён спалохаўся! Разбудзіў мяне, а ў самога вочы — во, па яблыку. І як ён варажыў нада мной, ляжачым, праводзіў аперацыю на маёй галаве, на твары, каб пасажыры, калі прачнуцца, пазналі вячэрняга пастара. А яшчэ я напішу, Густаў Сямёнавіч, як мы гулялі з вамі. Ён расказвае мне анекдоты па-фінску, я ніводнага слова не разумею, а рагачу. Шчыра я рагачу?
Ровіа. Рагочаце вы шчыра. А вось калі замест «так» часта адказваеце «не» ці наадварот — такая канспірацыя магчыма хіба толькі з начальнікам паліцыі.
Ленін (смяецца). Надзя, ты чула, якія кур'ёзы здараюцца? Як у Зіноўева ў палітыцы. Дзе трэба сказаць «так», ён гаворыць «не». А ці чула ты, каб бальшавіка асцерагаў паліцмайстар? Я жартаваў, таварыш Ровіа, калі сказаў, што вы дрэнны канспіратар. Вы вясёлы канспіратар.
Ровіа. Прабачце, Уладзімір Ільіч. Жонцы вашай трэба адпачыць з дарогі.
Далікатны Ровіа выходзіць.
Ленін. Як я рады, Надзя, што ты прыехала. Як я рады! Даехала без прыгод, калі нё лічыць падпаленага пісьма?
Крупская. Без прыгод. Але...
Ленін (устрывожана). Што але?
Крупская. Быў момант, калі я спалохалася. Не, не за сябе. За цябе.
Ленін. Чаму раптам за мяне?
Крупская. Ехаў у вагоне нейкі буржуй. Прачытаў у газеце, што цябе арыштавалі...
Ленін. І ты паверыла?
Крупская. Не. Глупства гэтае я чытала яшчэ ў Петраградзе. Спалохала іншае. Тып гэты пачаў разглагольстваваць, што ён зрабіў бы з табой, каб яго воля была. Вымазаў бы дзёгцем, выкачаў бы ў пер'і і правёў бы па Піцеры, каб кожны прыстойны чалавек плюнуў у твар. А пасля, жывога, залажыў бы ў берагавую пушку і выстраліў на мора. Каб і праху на зямлі не засталося. Якая жывёльная нянавісць, Валодзя! Хіба не страшна?
Ленін. А ты чаго хацела ад буржуа? Каб яны перамаглі, то распялі б нас на крыжах. Ад Піцера да Камчаткі. Утварылі б гіганцкую Апіеву дарогу.
Крупская. Але потым я парадавалася. У купэ ехалі матросы. Выслухалі пана моўчкі. А пасля адзін кажа... ведаеш, спакойна гэтак і сур'ёзна: «Братва, а ці не выкінуць нам гэтага тыпа з вагона?» І пачаў адчыняць акно. Ох, пабачыў бы ты, як ён спалохаўся. Пабялеў. Закалаціўся. «Матросікі, браточкі, я ж пажартаваў. Хіба на мне крыжа няма, каб такое падумаць».
Ленін (весела смяецца). Тыповы буржуа. Газеты прывезла?
Крупская. Толькі «Новую жизнь», «Живое слово» і «Новое время».
Ленін. Правільна! Перш-наперш трэба ведаць, што думаюць ворагі і нейтралы. Што ў Піцеры?
Крупская. О, пабачыў бы ты, як узняліся рабочыя на бой з Карнілавым. Атрады ішлі на пазіцыі дзень і ноч. А ў апошнія дні з усёй Расіі паступае паток рэзалюцый з патрабаваннем спынення ганенняў на пралетарскіх рэвалюцыянераў, каб даць магчымасць Леніну легальна кіраваць барацьбой рабочага класа. Маняша прысутнічала на мітынгу рабочых металічнага завода. Вярнулася ўсхваляваная. Восем тысяч чалавек аднадушна патрабавалі вызвалення рэвалюцыянераў, спынення паклёпаў на Леніна. Гэтага ж патрабавалі трыццаць сем часцей Петраградскага гарнізона. Патрабуюць перадачы ўлады Саветам. А ЦВК Савета сялянскіх дэпутатаў выражае давер Керанскаму. Якія згоднікі!
Ленін (у задуме). Ці не спазняецца мая прапанова з кампрамісам?
Крупская (разбірае вузел). Што? Я прывезла табе новую бялізну. У Піцеры нялёгка яе купіць. Саша Калантай дастала. Саша ўсё умее. Зноў паехала ў Швецыю.
Ленін. Гэта архіважна, што там будзе Калантай. Саша ўсё ўмее. Саша талент. Ідзі ўмывайся. Хутка Эмілія пакліча нас вячэраць.
Крупская выходзіць. Ленін садзіцца за стол, разгортвае адну газету, другую... Прабягае вачамі. Нейкі артыкул чытае ўважліва. Хмыкае. Падкрэслівае алоўкам. Вяртаецца Надзежда Канстанцінаўна.
Крупская. Гаспадыня ўзрадавалася, што я ведаю колькі шведскіх слоў.
Ленін (ляпае далонню па газеце). Не, дарога мірнага развіцця мінула! Кампрамісы немагчымыя. Бальшавікі павінны ўзяць дзяржаўную ўладу.
Крупская (ласкава). Валодзя! Ты можаш хоць мінуту без палітыкі?
Ленін. Не, Надзя, гэта не проста палітыка! Гэта — стратэгія партыі на бліжэйшы час!
Гісторык. Ленін і ўдалечыні, у падполлі, у Гельсінгфорсе адчувае лепш, чым некаторыя ў Петраградзе, нарастанне рэвалюцыйнага ўздыму рабочых, сялян. Ленін рыхтуе ўзброенае паўстанне. Але паколькі адкрыта пра яго яшчэ нельга сказаць, піша працы, якія нібыта носяць тэарэтычны характар, але ў сапраўднасці ставяць сур'ёзныя практычныя мэты і вучаць высокай алгебры рэвалюцыі. Сярод гэтых прац асаблівае месца займае «Пагражаючая катастрофа і як з ёй змагацца».
Ленін пісаў: «Расіі пагражае немінучая катастрофа... А між тым дастаткова самай невялікай увагі і размышлення, каб пераканацца ў тым, што спробы барацьбы з катастрофай і голадам ёсць, што меры барацьбы зусім ясныя, простыя, у поўнай меры ажыццявімыя, поўнасцю даступныя народным сілам і што меры гэтыя не прымаюцца толькі таму, выключна таму, што ажыццяўленне іх закранае нечуваныя прыбыткі жменькі памешчыкаў і капіталістаў».
«Вось гэтыя галоўнейшыя меры:
1. Аб'яднанне ўсіх банкаў у адзін і дзяржаўны кантроль над яго аперацыямі або нацыяналізацыя банкаў.
2. Нацыяналізацыя сіндыкатаў, г. зн. буйнейшых, манапалістычных саюзаў капіталістаў (сіндыкаты цукровы, нафтавы, вугальны, металургічны і г. д.).
3. Адмена камерцыйнай тайны.
4. Прымусовае сіндыкаванне (г. зн. прымусовае аб'яднанне ў саюзы) прамыслоўцаў, гандляроў і гаспадароў наогул.
5. Прымусовае аб'яднанне насельніцтва ў спажывецкія таварыствы ці заахвочванне такога аб'яднання і кантроль за ім».
Ленін падрабязна разбірае, што дало б краіне здзяйсненне гэтых мер. Нібыта тэарэтычныя палажэнні марксізму з вострай крытыкай буржуазнага і эсэраўска-меншавіцка-кадэцкага ўрада, якія абмяжоўваліся бюракратычнай ігрой у рэформы. Але Ленін ідзе далей, Ленін падрыхтоўвае свядомасць мас да неабходнасці ўзяцця ўлады пралетарыятам.
Ленін (яго думка). «Трэба перайсці рашуча, беспаваротна, не баючыся рваць са старым, не баючыся будаваць смела новае, да кантролю над памешчыкамі і капіталістамі з боку рабочых і сялян».
«Імперыялістычная вайна ёсць пярэдадзень сацыялістычнай рэвалюцыі».
Гісторык. Як ні добра была наладжана сувязь з Петраградам, звесткі з яго ў Гельсінгфорс даходзілі са спазненнем. А падзеі нарасталі з хуткасцю снежнай лавіны. Да таго ж некаторыя бальшавікі дапускалі памылкі. Ленін нелегальна пераязджае з Гельсінгфорса ў Выбарг, ад якога да сталіцы пяць гадзін язды і дзе размяшчаўся вялікі і самы рэвалюцыйны гарнізон арміі і флоту.
Дом фінскага журналіста Юхані Латука на ўскраіне Выбарга. Перад домам карэльскія сосны і залатыя бярозы. Ад іх святла ў пакоі нейкая асаблівая ўрачыстасць.
Лююлі Латука старанна прыбірае ў пакоі, але з пачцівай асцярожнасцю — каб не закрануць газеты, кнігі госця, або паперы на стале. Ёй памагае муж, па-мужчынску, робячы другарадную неабавязковую працу — прымярае з фінскай акуратнасцю, як лепш паставіць колькі простых крэслаў, быццам рыхтуючыся да прыёму незвычайных гасцей.
Лююлі. Юхані, наш госць сёння нечым усхваляваны. Баюся: можа, я нешта не так зрабіла.
Латука. Не бойся. Для хваляванняў у яго ёсць больш важкія прычыны.
Лююлі. Божа! А колькі ён піша! Мы, фіны, працавіты народ, але я ніколі не бачыла, каб хто-небудзь з нас столькі працаваў. Ты — журналіст. І сябры твае. Але хто-небудзь з вас калі столькі пісаў? Хаця б на працягу аднаго дня. Самага гарачага... У сакавіку ці ў ліпені.
Латука. Прыраўняла!
Лююлі (падыходзіць да мужа, амаль шэптам, азіраючыся на адчыненае акно). Хто ён?
Латука. Іваноў, Канстанцін Пятровіч.
Лююлі (па-жаночаму пакрыўджана). Ты размаўляеш са мной, як з маленькай.
Латука. Не, Лююлі, наадварот. Я размаўляю з табой, як з вельмі сталай жанчынай. Ты ж у мяне — разумніца. Я ўсё давяраю табе.
Лююлі (зусім шэптам). Гэта ён... Ленін?
Латука. Лююлі!
Лююлі. Мы з табой — фіны. А фіны ўмеюць не толькі працаваць, але і маўчаць. Хіба ты не пераканаўся, што я ўмею маўчаць?
Латука (смяецца). Але фінскія жанчыны, як усе жанчыны ў свеце, залішне цікаўныя. Скажы Хільдур, каб яна нічога не гаварыла сваім сяброўкам пра нашага кватаранта.
Лююлі. Я папярэджвала яе. Хільдур вельмі любіць гаварыць з Канстанцінам Пятровічам. Яна не так ведае рускую, як мы з табой. Але паслухай, што яна мне сказала. Гэты чалавек, кажа, выпраменьвае цеплыню абаяльнасці. Я сама адчуваю гэтую цеплыню, калі гавару з ім. Сястра яшчэ сказала, што сталыя людзі звычайна не ўмеюць гаварыць з маладымі, нават бацькі з дзецьмі. Часта не разумеюць адзін аднаго. А яна ўсё разумее, што гаворыць Канстанцін Пятровіч. Разумніца яна, праўда?
Латука. Ты ўлюбёна ў сваю сястру.
Лююлі. Яна тыповая фінка — маўклівіца, ты ж ведаеш. І я вельмі здзівілася, якой яна красамоўнай бывае з ім, не саромеецца нават сваёй рускай мовы. Праўда, я вымушана была вымавіць ёй. «Чаго вы баіцеся, што гуляеце толькі позна ўвечары? — спытала яна ў яго.— У свабоднай Фінляндыі няма чаго баяцца!» Дзяўчо верыць, што мы ўжо свабодныя. Ведаеш, можа, таму Канстанцін Пятровіч пайшоў сёння на прагулку раніцою. У лес пайшоў. І гуляе доўга.
Латука. І гэта мяне непакоіць. Тваёй Хільдур трэба даць папругі. Фінка, называецца! Распусціла язык! Папярэдзь яе, калі ласка. Каб яна без панібрацтва. Параўнялася. Пасля самой будзе сорамна...
Лююлі. Пасля чаго?
Латука. Пасля таго. (Як бы спахапіўшыся.) Лююлі! Ты выцягваеш з мяне больш, чым я ведаю.
Лююлі. Ведаеш ты многа — гэта я ведаю. Але я маўчу. Я — фінка. А за Хільдур не хавайся. Адчуваць цеплыню абаяльнасці — гэта зусім не панібрацтва. Гэта так хораша. Я веру, што некалі людзі ўсе стануць такімі — будуць дарыць адзін аднаму цеплыню.
Латука. А ты фантазёрка.
Лююлі. Жонка сацыял-дэмакрата абавязана быць фантазёркай. Ды яшчэ калі ёй даверана такая тайна!
Латука. Пра тайну, калі ласка,— не на поўны голас. (Зачыняе акно.) А вось і Канстанцін Пятровіч. Нарэшце.
Уваходзіць Ленін. Ён без звыклай бародкі, у той жа фуражцы, якую мы ведаем па фатаграфіі ў пасведчанні на імя Іванова.
Ленін. Дзень добры, таварыш Латука. А з вамі, Лююлі, мы бачыліся! Ах, як хораша я пагуляў! Пачатак кастрычніка, а такая цеплыня! У лесе — што ў казцы. Даўно я не гуляў па лесе з такой асалодай. У Швейцарыі лясы не такія. Не, не такія! Хіба ў гарах. Я забрыў на край вялікага балота. І, ведаеце, там растуць журавіны. Поўна журавін. І я еў іх. Моршчыўся, як ад прамоў Цэрэтэлі і Чарнова (смяецца). Але еў з непараўнальна большым задавальненнем. Еў з асалодай. Не выпацкаўся, як дзіця?
Лююлі. Не, Канстанцін Пятровіч. Журавіны — не чарніцы і не маліны. Яны не фарбуюць.
Ленін. Усё жыццё, Лююлі, я буду ўспамінаць ваша малінавае варэнне. Па дарозе я сустрэў рускіх матросаў. Вельмі хацелася пагаварыць з імі! Але я не дазволіў сабе такой раскошы. Не мог дазволіць. Непрыемная рэч канспірацыя, але законы яе трэба ведаць. Можа здарыцца, што і вам, фінскім рэвалюцыянерам, прыйдзецца хавацца ад сваёй буржуазіі.
Пачалася палітыка — і далікатная гаспадыня выходзіць.
Латука. Жонка сказала, што вы, Уладзімір Ільіч, былі нечым усхваляваныя.
Ленін. Раніцою? Я не ўсхваляваны быў, таварыш Латука. Не! Я абураны, прачытаўшы ранішнюю почту. Калі фінскі сейм не падпарадкаваўся загаду Керанскага аб яго роспуску, я вітаў гэта ўсёй душой. Знаю, што ў сейме большасць месц належыць буржуазіі, але пратэст фінаў — крок у развіцці дэмакратычнай рэвалюцыі, у атрыманні народам незалежнасці. Калі ж карнілавец Керанскі для падману рабочых, салдат, сялян склікае нараду, якую па-жульніцку называе «дэмакратычнай», і на гэтую смярдзючую прынаду клююць вядомыя бальшавікі, ідуць туды і ўдзельнічаюць у камедыі — хіба можна заставацца спакойным? Скажыце, калі ласка.
Латука. Вы выказвалі мне гэтыя думкі тры дні назад. Але мне здалося, што тады вы гаварылі больш спакойна. Я паспрабаваў, як здолеў, выкласці іх у нашай газеце. Без ссылкі. Самую сутнасць. Я заняўся плагіятам... перапісаў вашы думкі. Прабачце...
Ленін. Вы правільна тлумачылі фінскаму чытачу ідэю байкоту Нарады і Прадпарламента. А паглядзіце, як гэта робіць орган бальшавіцкай партыі «Рабочий путь»! Я напісаў артыкул «Аб героях падману і аб памылках бальшавікоў». І што яны публікуюць! У якім абразным выглядзе. Сам загаловак... толькі — «Аб героях падлогу». І ні слова пра памылкі бальшавікоў... пра памылку Каменева і Зіноўева, якія цешацца сваімі ролямі ў гэтым свінушніку, які назвалі «прадпарламентам». Народ... рабочыя адразу ахрысцілі яго «предбанником». Трапна, праўда? Вельмі трапна! Там раздзяюцца героі падману перад тым, як прыемна пасцёбаць адзін аднаго венічкам. Але абурае мяне, не толькі, што апушчана ўся частка пра памылкі бальшавікоў. Хто рэдагаваў? Каменеў? Напэўна, ён. Ці Троцкі, вялікі майстра па часці рэдагавання марксізму. Вы глядзіце, як па-халуйску кланяюцца банапартысту Керанскаму і бандзе Ліберданаў — Цэрэтэлі! Я ўсё называў сваімі імёнамі, хлеў — хлевам, хамаў — хамамі. Я звяртаў вашу ўвагу на выступленне Заруднага. І вы правільна тады спыталі: хто ж ён — дурань ці хам, які здзекуецца з народа? І я пісаў: «Што хамы здольны весела рагатаць, калі «іх» міністр, які вызначаецца рэдкай наіўнасцю або рэдкай тупасцю, дакладвае ім, як Керанскі ганяе міністраў (каб за спіной народа і «без лішніх вачэй» дагаворвацца з карнілаўцамі), гэта натуральна. Што хлопцы маўчаць, калі «іх» міністр, які прыняў быццам бы ўсур'ёз усеагульныя фразы аб міры, які не зразумеў іх крывадушнасці, прызнаецца, што яму нават не адказвалі на пытанні аб рэальных кроках да міру, гэта нядзіўна».
І нехта гэта выкрэслівае! Падумайце! Хто? У рэдкалегіі ж Свярдлоў, Сталін... Не, таварыш Латука, я сёння ж пішу ЦК, што маё месца ў такі час у Петраградзе...
Латука. Такое пісьмо можна пасылаць толькі з вельмі надзейным сувязным.
Ленін. Я спадзяюся, што сёння, не пазней заўтра, такі чалавек прыедзе.
Далікатна пастукаўшы ў дзверы, уваходзіць Лююлі.
Лююлі. Прашу прабачыць, калі перашкодзіла. Запрашаю вас на перадабедзенны чай.
Латука. У маёй жонкі — англійскія манеры. Адкуль?
Ленін. Дзякую, Лююлі. Мы зараз жа будзем.
Лююлі. Вы, Канстанцін Пятровіч, акуратны чалавек. А фін Латука самы неакуратны ў свеце муж.
Латука. Жонка заўсёды крытыкуе мяне.
Лююлі. А хіба можна без крытыкі?
Ленін. Правільна. Без крытыкі нельга. А чай — з бруснічнікам?
Лююлі. З бруснічнікам.
Ленін. Якое гэта вынаходства — чай з бруснічнікам!
Лююлі выходзіць
Ну што ж, таварыш Латука, хадземце вып'ем чай. (Здымае фуражку. Адразу робіцца падобным на Леніна. Зашпільвае пінжак — рыхтуецца да чаю. Але, праходзячы каля стала, бярэ «Рабочий путь». Праглядае. Хмыкае. То незадаволена, то памяркоўна.) Нават маю крытыку Каменева знялі. За яго недарэчную пастаноўку смешнага пытання аб давер'і ці недавер'і ўрада. Яўна — карандаш самога Каменева. Абуральна! Добра, што хоць такое пакінулі. «Дзесяць перакананых салдат ці рабочых з адсталай фабрыкі варты ў тысячу разоў больш, чым сотня падтасаваных Ліберданамі дэлегатаў ад розных дэлегацый». Але без крытыкі памылак бальшавікоў павісае вельмі важнае ў даны момант тактычнае палажэнне: ісці ў масы, на заводы, у вайсковыя часці, а не займацца гаварыльняй. Сто трыццаць шэсць адукаваных бальшавікоў два тыдні сядзелі на нарадзе. А там хапіла б двух для сувязі (Зноў незадаволена хмыкае. Абураецца.) Якое нізкае ўгодніцтва! Знялі нават маё сатырычнае меркаванне, што мог бы запісаць у сваю кніжку Цэрэтэлі аб Зарудным. А ён, напэўна, запісаў бы: «Гэткі ёлуп, Зарудны! Такому дурню гной бы вазіць, а не міністрам быць. Абаронца кааліцыі, а рэжа яе горш сотні бальшавікоў. А гэта так! Члены Часовага ўрада не ўпершыню выдаюць свой крэцінізм.
Латука. Стыне чай, Канстанцін Пятровіч.
Ленін. Так, чай. З бруснічнікам. (Весела.) Хільдур мне сказала, што вы, Юхані, пішаце вершы.
Латука (збянтэжана). Яна нагаворыць...
Ленін (сур'ёзна). Напішыце оду бруснічніку. Аднак Лююлі чакае нас. Ах, які гэта цуд — чай з бруснічнікам!
Імкліва выходзіць. Латука акуратна складвае кінутую Леніным газету на стол. Пачціва, як каштоўнасць, бярэ з крэсла фуражку, вешае на ласіныя рогі. Ідзе следам.
Ленін працуе. Голас Леніна — яго думка з важнейшай тэарэтычнай працы «Ці ўтрымаюць бальшавікі дзяржаўную ўладу?». «У чым згодны ўсе накірункі, ад «Речи» да «Новой жизни» уключна, ад кадэтаў-карнілаўцаў да паўбальшавікоў, усе, за выключэннем бальшавікоў. У тым, што бальшавікі адны або ніколі не адважацца ўзяць усю дзяржаўную ўладу ў свае рукі, або, калі адважацца і возьмуць, не здолеюць утрымаць яе нават на працягу самага кароткага часу!» «Я працягваю стаяць на тым пункце гледжання, што палітычная партыя ўвогуле — а партыя перадавога класа ў асаблівасці — не мела б права на існаванне, была б недастойна лічыцца партыяй, была б вартым жалю нулём ва ўсіх сэнсах, каб яна адмовілася ад улады, калі маецца магчымасць атрымаць уладу».
Ленін (паднімаецца з крэсла, размінае ногі). Тут дамо вытрымку з кадэцкай «Речи». Дзе яна? (Хутка знаходзіць газету ў невялікім стосе падрыхтаваных для працы газет.) Вось яна! Рэдакцыйная перадоўка. (Чытае.) «Рознагалосіца і разбор панавалі ў зале Александрыйскага тэатра, і сацыялістычная прэса адлюстроўвае тую ж карціну. Пэўнасцю і прамалінейнасцю вызначаецца толькі погляд бальшавікоў. У Нарадзе гэта погляд меншасці. У Саветах — гэта плынь, якая ўсё ўзмацняецца». Шчыра пішуць панове кадэты! Карысна чытаць буржуазную прэсу. Але ж у іх хапае назіральнасці і ні на грам няма палітычнай дальназоркасці. Не, і тут яны маюць рацыю, калі слухаюць Каменева. «Але, нягледзячы на ўвесь слоўны запас, на выхавальныя фразы, на дэманстрацыю самаўпэўненасці, бальшавікі, за выключэннем нямногіх фанатыкаў, храбрыя толькі на словах». Не, панове, такіх «фанатыкаў» вельмі многа — дзвесце сорак тысяч. І за імі масы! «Лепшым спосабам на доўгія гады вызваліцца ад бальшавізму, выкінуць яго, было б уручэнне яго правадырам лёсу краіны». (Смяецца.) Паспрабуйце, панове. Мы бяром адказнасць за лёс краіны. І вам пасля ніколі нас не звергнуць. Варта пазнаёміць чытачоў і з вывадамі «мілых сяброў» нашых — эсэраў. (Бярэ другую газету.) І яны нас палохаюць. Але іх ацэнка пазіцыі паўбальшавікоў вычарпальная. Вось. «І няхай яны не робяць бескарысных намаганняў схавацца за тэорыі, што хутка ствараюцца, аб немагчымасці ім узяць уладу». Гэта вам, Каменеў! Не ў брыво — у вока. Але яшчэ больш выразныя тыя, што сядзяць паміж двух крэслаў,— новажызненскія чвэрцьбальшавікі. Тут ужо сапраўды не палавінны набытак, а чацвяр- цінкавы. (Чытае з «Новой жизни».) «Аднак не лепшым, а яшчэ горшым выхадам са становішча, уласна не выхадам, а проста правалам,— было б утварэнне другога тыпу аднароднага кабінета, урада «пралетарыяту і бяднейшага сялянства». Такі лозунг, праўда, нікім і не выстаўляецца, акрамя як у выпадковых, нясмелых заўвагах «Рабочего пути», якія сістэматычна пасля тлумачацца». Хлусня! І гэта пішуць сур'ёзныя публіцысты! Але і да іх трэба прыслухоўвацца і рабіць вывады. «Рабочий путь», які выразае з майго артыкула крытыку бальшавікоў, якія лезуць у прылазнік, не баявы орган рэвалюцыйнай партыі. Трэба дамагчыся, каб газета ўмела, вельмі ўмела, не выдаючы ворагу галоўнага, агітавала за паўстанне. Менш тэарэтычнага барматання!
Ленін садзіцца за стол, углыблена, хутка піша.
Голас Леніна — яго думка: «Саветы гнілі і разлагаліся жывымі пад кіраўніцтвам Лібераў, Данаў, Цэрэтэлі, Чарговых.
Развіцца сапраўдным чынам, разгарнуць поўнасцю свае задаткі і здольнасці Саветы могуць, толькі ўзяўшы ўсю дзяржаўную ўладу, бо інакш ім няма чаго рабіць, інакш яны або простыя зародкі (а занадта доўга зародкам быць нельга), або цацкі. «Двоеўладдзе» ёсць параліч Саветаў».
Уваходзіць Лююлі, насцярожаная.
Лююлі. Нейкі фін пытае, ці тут Іваноў.
Ленін (імкліва паднімаецца). Рах'я! Безумоўна, гэта ён. Нарэшце!
Лююлі. А калі шпіён?
Ленін (смяецца). На шпіёна ў нас ёсць рэвальвер. (Бачыць, што гаспадыня здзіўлена і ўстрывожана.) Не бойцеся. Я жартую.
Лююлі выходзіць. Уваходзіць Эйна Рах'я.
Уладзімір Ільіч радасна вітаецца з ім.
Як я рады, Эйна Абрамавіч, што вы прыехалі. Вы не ўяўляеце, як пакутліва чакаць. Тыдзень назад мне абяцалі, што прыедзе Шотман.
Рах'я. Шотман паехаў на Урал.
Ленін. Выдатна, што ёсць вы! Незамянімы канспіратар. Прывезлі рашэнне ЦК аб маім пераездзе ў Петраград?
Рах’я. Не, Уладзімір Ільіч.
Ленін (вельмі здзіўлена). Не?
Рах’я. Мяне паслала Надзежда Канстанцінаўна. Яна прасіла перадаць, што таварышы выказаліся супраць вашага прыезду ў Петраград.
Ленін. Хто так асцярожнічае?
Рах’я. Думаю, большасць. А можа, правільна, Уладзімір Ільіч? Нашы даведаліся, што начальнік Петраградскай міліцыі паўторна паслаў тэлеграму аб неадкладным арышце Ульянава-Леніна. Кажуць, што гэта загад самога Керанскага.
Ленін. Не, таварыш Рах'я. Няхай яны рассылаюць сто тэлеграм. А я ў такі час павінен быць у Петраградзе. Калі ЦК запярэчыць, няхай прышлюць мне пісьмовую пастанову. Тады я самайстойна прыму рашэнне. Так і перадайце Свярдлову. ЦК прыслаў адказ на маё пісьмо?
Рах'я (паціскае плячамі). Наконт гэтага Надзежда Канстанцінаўна нічога не казала. Але я сустракаўся з Сярго. Ён сказаў: перадай, калі ласка, Ільічу, што ў ЦК няма адзінадушнасці наконт галоўнага пытання, якое ён паставіў.
Ленін (абурана крочыць па пакоі). У іх няма адзінадушнасці аб узяцці ўлады бальшавікамі? Зноў апазіцыя? Каменева — Зіноўева — Троцкага? Так? А вы кажаце, што мне трэба заставацца ў Фінляндыі!
Рах’я. Сярго сказаў пра Троцкага. Ён лічыць, што трэба чакаць з'езда Саветаў, што пры цяперашніх суадносінах сіл у Саветах з'езд уручыць уладу бальшавікам.
Ленін (абурана). Не, вы падумайце, які ідыятызм! Троцкі лічыць, што яму паднясуць уладу на залатой талерцы. Не! Тысячы разоў не! Уладу можна ўзяць толькі ўзброеным паўстаннем! Калі мы гэтага не зробім на працягу бліжэйшых тыдняў, буржуазія рукамі Керанскага задушыць нас з такой жорсткасцю, якой яшчэ не знала сусветная гісторыя. Керанскі рыхтуецца. А што робім мы? Што робіць бальшавіцкі ЦК? У краіне расце сялянскае паўстанне. Пры ўрадзе эсэраў і меншавікоў! Але чаму здзіўляцца, калі пры нечуваных бедах, якія прычыняюць народу зацягваннем імперыялістычнай вайны, пачалося і разрастаецца сялянскае паўстанне? Зразумела само сабой, што калі ў сялянскай краіне пасля сямі месяцаў дэмакратычнай рэспублікі справа дайшла да сялянскага паўстання, то гэта неабвержна даказвае агульнанацыянальны крах рэвалюцыі, крызіс яе, падыход контррэвалюцыйных сіл да апошняй мяжы. Крызіс наспеў! Крызіс наспеў, дарагі таварыш Рах'я! А ў ЦК ёсць плынь, думка за чаканне з'езда Саветаў, супраць неадкладнага ўзяцця ўлады, супраць неадкладнага паўстання. Трэба перамагчы гэтую думку! Інакш бальшавікі зганьбяць сябе навекі і ператворацца ў нішто як партыя. Я чытаў: з'езд аднесены на 20 кастрычніка. Так?
Рах’я. Так. Ёсць рашэнне ЦВК.
Ленін. Рашэнне Лібераў, Данаў і Цэрэтэлі. Чакаць бальшавікам з'езда ёсць поўны ідыятызм, бо гэта значыць прапусціць тыдні, а тыдні і нават дні рашаюць цяпер усё. Рашаюць лёс народа, краіны! Не ўзяць улады цяпер, балбатаць у ЦВК, абмежавацца барацьбой за з'езд — значыцца загубіць рэвалюцыю. І ў такі час ЦК пакідае нават без адказу маё патрабаванне не гаварыльняй займацца, а дзейнічаць. Цэнтральны орган выкрэслівае з маіх артыкулаў указанне на такія абуральныя памылкі бальшавікоў, як ганебнае рашэнне ўдзельнічаць у Прадпарламенце. Як я гэта павінен разумець? Як нежаданне ЦК абмеркаваць гэтае пытанне? Як намёк на зацісканне рота? Дзіўна, што Надзя не зразумела маўчанне ЦК. Але добра, што яна накіравала вас да мяне.' Сувязь... тэрміновая, надзейная мне патрэбна ў два бакі.
Рах'я. У які другі бок?
Ленін. У Гельсінгфорс. Эйна Абрамавіч! Зараз я папрашу Лююлі, каб яна напаіла вас чаем. Хоць вы і фін, але, запэўніваю вас, такога, чаю вы не пілі. Цудоўны дар фінскага лесу. А потым вы пагуляеце гадзіны дзве-тры. У вас знойдуцца справы, я ведаю. Схадзіце да матросаў. Абавязкова — да матросаў. Вам можна. А я за гэты час напішу два вельмі важныя пісьмы.
На авансцэне — Ленін і Рах'я ў паставе людзей, калі адзін праводзіць другога ў дарогу.
Ленін. Абавязкова знайдзіце Смілгу і перадайце яму пісьмо. Гэта архіважна. Пакуль у Петраградзе прымаюцца рэзалюцыі, мы павінны дзейнічаць. У старшыні абласнога камітэта арміі, флоту, рабочых Фінляндыі вялікія магчымасці. Ён той член ЦК, які практычна можа рыхтаваць узброеныя сілы для звяржэння Керанскага. На той выпадак, калі пісьмо прыйдзецца знішчыць, перадайце вусна... Дарэчы, і Смілзе скажыце, каб пісьмо спаліў, азнаёміўшы з ім самых надзейных бальшавікоў. Перадайце галоўнае. Паездка Керанскага ў Магілёў у Стаўку — гэта яго змова з Аляксеевым, з карнілаўцамі, як задушыць рэвалюцыю. Яны рыхтуюць здачу Петраграда немцам, як здалі Рыгу. Чакаць нельга. Партыя павінна паставіць на парадак дня ўзброенае паўстанне. Гісторыя зрабіла карэнным палітычным пытаннем пытанне ваеннае.
Рах'я. Рабочыя разумеюць гэта. Атрады Чырвонай гвардыі патрабуюць зброі. У нас на заводзе...
Ленін. А некаторыя бальшавікі забываюць пра гэта, спадзяюцца, што змесці Керанскага можна словамі.
Рах’я. Я перапыніў вас, Уладзімір Ільіч. Прабачце.
Ленін. Галоўнае — аб ролі Смілгі, фінляндскага камітэта. Скажыце яму. Адзінае, што мы можам мець у сваіх руках і што мае сур'ёзную і вельмі сур'ёзную важную сілу,— гэта войскі, размешчаныя ў Фінляндыі, і Балтыйскі флот. Няхай ён выкарыстае сваё высокае становішча, зваліць з сябе на памочнікаў усю драбязу, не траціць час на рэзалюцыі, а ўсю ўвагу аддасць ваеннай, падкрэсліваю, ваеннай падрыхтоўцы войск і флоту. Стварыць тайны камітэт з надзейных ваенных! Сабраць дакладнейшыя даныя аб саставе і размяшчэнні войск пад Піцерам і ў Піцеры, аб пераводзе войск з Фінляндыі ў Піцер, аб перамяшчэнні флоту...
Рах'я. У фінскіх газетах многа пішуць аб вывадзе рускіх войск. Маўляў, з наступленнем восені небяспека нямецкага дэсанта знікае.
Ленін. Гэта хітры манеўр Керанскага. Я пішу пра гэта. Ні ў якім разе не дазволіць вываду войск з Фінляндыі! Ні ў якім! Гэта тая сіла, што будзе супрацьстаяць казакам, якіх Керанскі і Аляксееў хочуць рушыць на Піцер з Заходняга фронту. Дарэчы, пра казакаў. Керанскі і кампанія выводзіць іх з Выбарга, баючыся «бальшавізацыі».
Рах'я. Я назіраў сёння вывад палка. Спытаў куды. У Перк'ярві.
Ленін. Далей ад бальшавіцкіх прапагандыстаў — матросаў. Таму я і пішу Смілзе. Вывучыць усе звесткі аб размяшчэнні казахаў і паслаць да іх агітатарскія атрады з лепшых бальшавікоў.
Рах'я. Усё вы прадугледзелі, Уладзімір Ільіч.
Ленін. Дарагі Эйна! Яшчэ Маркс сказаў: да паўстання трэба адносіцца як да высокага майстэрства. Скажыце і Смілзе, і сваім таварышам у раённым Савеце, заводскім камітэце. Трэба пусціць у зварот такі лозунг: улада павінна неадкладна перайсці ў рукі Петраградскага Савета, які перадасць яе з'езду Саветаў. Няма чаго цярпець яшчэ тры тыдні вайны і «карнілаўскага наступлення» Керанскага.
Рах'я. Рабочыя гатовы выступіць хоць заўтра.
Ленін. Час мы выберам па законах ваеннага майстэрства. Я пішу Смілзе, што хачу сустрэцца з ім. Няхай прыедзе найхутчэй. Толькі няхай папросіць Ровіа пазваніць па тэлефоне сюды, у Выбарг, Хутанену. Я магу паехаць нечакана.
Рах'я (устрывожана). Уладзімір Ільіч! Я прашу: без мяне ў Піцер не ехаць. Так і Надзежда Канстанцінаўна прасіла. І Сярго сказаў.
Ленін. Без вас не паеду. Абяцаю. Але вяртайцеся хутчэй. Шчасліва вам.
Рах’я. Шчасліва вам, Уладзімір Ільіч. Холадна, а вы лёгка адзеты. Вяртайцеся. Латукі будуць хвалявацца. Да пабачэння. (Моцна паціскаюць рукі.)
Гісторык. Крызіс наспеў. У Саветах большасць у бальшавікоў. Пралетарскія масы падтрымліваюць ленінскія лозунгі і заклікі. Ленін, нягледзячы на небяспеку, якая значна ўзрасла, арышту і нават забойства, нелегальна, з дапамогай Рах'я і машыніста Ялавы, і з тым жа пасведчаннем на імя Іванова, пераязджае з Выбарга ў Петраград.
Гісторыкі і дагэтуль спрачаюцца аб даце пераезду. Выходзіць, пры жыцці Крупскай, Рах'і, Шотмана, Фофанавай ніхто з нашага брата не паклапаціўся ўстанавіць дакладную дату. У дваццатыя гады, пасля смерці Ільіча, некаторыя з блізкіх Зіноўева і Троцкага «пусцілі версію», што Ленін вярнуўся толькі 22 кастрычніка, за тры дні да штурму Зімняга. Апублікаванне пратаколаў ЦК РСДРП абвергла гэтую ліпу. Дзесятага кастрычніка Ленін выступіў на пасяджэнні ЦК з двухгадзінным дакладам, у якім давёў неабходнасць узброенага паўстання. Неадкладна.
«Прамаруджванне смерці падобна». Члены Цэнтральнага Камітэта, частка з якіх праяўляла раўнадушнасць да паўстання, перакананыя логікай доказаў Стратэга Рэвалюцыі, прынялі Ленінскую Рэзалюцыю, якая заканчвалася словамі:
«Прызнаючы такім чынам, што ўзброенае паўстанне непазбежна і зусім наспела, ЦК прапануе ўсім арганізацыям партыі кіравацца гэтым і з гэтага пункту гледжання абмяркоўваць і вырашаць усе практычныя пытанні (з'езда Саветаў Паўночнай вобласці, вываду войск з Піцера, выступлення масквічоў і мінчан і г. д.)».
Супраць рэзалюцыі галасавала двое.
Падпольная кватэра Зіноўева на станцыі Удзельная, дзе яго са жніўня, з прыезду з Разліва, не маглі «адшукаць» агенты Керанскага. Зіноўеў і Каменеў. Гаспадар мерзне — ходзіць па пакоі ў накінутым кажушку. Каменеў апрануты па-летняму — у добрым касцюме і выглядае элегантным інтэлігентам. Зіноўеў спыняецца каля стала, заглядвае ў паперы, пацірае рукі — ад задавальнення ці холаду.
Зіноўеў. Не, Лёва, гэтым пісьмом я задаволены. Шкадую, што такой аргументацыі нам не хапіла на пасяджэнні ЦК. Няхай ЁН паспрабуе аспрэчыць.
Каменеў. Ён можа ўсё аспрэчыць. У яго віртуозная логіка. Часам, здаецца мне, парадаксальная.
Зіноўеў. О, не! У пытанні паўстання ў яго жалезная логіка. Што датычыць тэорыі. Але, седзячы тры месяцы ў Фінляндыі, ён адарваўся ад жыцця, не ўяўляе расстаноўку сіл на даным этапе рэвалюцыі. Ён што азартны ігрок — не можа спыніцца. Не можа ўзважыць сілы і магчымасці праціўнікаў.
Каменеў. Аднак пераканаць большасць ён умее. Растлумачце гэтую унікальную здольнасць яго. Сядзець недзе ў Фінляндыі і... сагітаваць сто трыццаць бальшавікоў пакінуць Прадпарламент. Але (з гонарам) не лічу сваім паражэннем, што я застаўся там адзін. Гісторыя ацэніць гэта.
Зіноўеў. Мы не выступаем перад гісторыяй, як нявесты на кірмашы. Але на свае месцы яна паставіць кожнага.
Каменеў. У вас пасіўная пазіцыя, Яўсей Аронавіч. Не яна паставіць.. Мы яе створым і зоймем месцы, якія нам належаць.
Зіноўеў. На жаль, так не заўсёды бывае. Гэтая цётка бывае і капрызнай і няўдзячнай.
Каменеў. Вы робіцеся песімістам.
Зіноўеў. Мяне страшыць безвыніковасць дыскусіі, якую мы пачалі. Леніна пераканаць немагчыма. (Нервова ходзіць па пакоі.) І астатнія... Жаданне схапіцца з ворагам — сляпое жаданне. Наркотык, які туманіць розум. Толькі мы з табой разумеем, што гэта палітычная авантура. Ленін тэарэтычна супраць бланкізму. А сённяшняя практыка яго — чысцейшы бланкізм.
Каменеў (ён, у супрацьлегласць песімістычнаму тону хаўрусніка, гаворыць весела, гулліва, як бы несур'ёзна, пра самыя сур'ёзныя рэчы). Усе яго памылкі — ад яго ідэі... як можна прыйсці да такой ідэі?.. Што пралетарская рэвалюцыя можа перамагчы ў адной краіне... У Расіі! Ха! Мяне гэта заўсёды забаўляе! Калі я гляджу на пралетарыяў, што ўмеюць лічыць да дзесяці... Калі ўяўляю, як у сацыялізм паедзе барадаты мужык на худой клячы, на возе з драўлянымі восямі і коламі, змазанымі бярозавым дзёгцем. У гэтай краіне ўсё бярозавае. Дубцы, якімі ўчора яшчэ секлі сённяшні перадавы клас...
Зіноўеў. І шыбеніцы, на якіх новы Карнілаў павесіць нас... калі падавяць паўстанне.
Каменеў. У вас сапраўды такі цяжкі настрой, Яўсей Аронавіч. Не паддавайцеся. Гэта ў вас ад доўгага сядзення ў падполлі. Выходзьце.
Зіноўеў. Каб сесці ў турму?..
Каменеў. Мы ж з Троцкім... два Львы (смяецца) пасядзелі па месяцу — і гэтым толькі узнялі сваю папулярнасць. Колькі гарачых прамоў сказалі ў Саветах і на заводах у нашу абарону! Керанскі мусіў даць задні ход. У Расіі сёння дэмакратыя вышэй французскай.
Зіноўеў. А Ленін імкнецца да ўлады адной партыі. Гэта ж — грамадзянская вайна. Патокі крыві. Ты ў сваёй кіпучай дзейнасці не задумваешся, што гэта такое. (Тэатральна хапаецца за галаву.) Жах! Узнімуцца ўсе цёмныя сілы. Пагромшчыкі. Дзікія дывізіі...
Каменеў. Я ваш аднадумец цалкам. Але не будзем палохаць сябе. Нешта доўга Троцкага няма.
Зіноўеў. Лёва не ўпершыню прымушае чакаць сябе.
Каменеў. Падпіша?
Зіноўеў (упэўнена). Падпіша.
Як кажуць, лёгкі на ўспамін, уваходзіць Троцкі, рухавы, вясёлы, распранае паліто, фуражку, характэрна кудлачыць бародку, здымае і працірае пенснэ. Пацірае рукі.
Троцкі. Цёпла ў вас. А на дварэ дождж. Піцерская восень. Доўгая і змрочная, як гісторыя Расіі. Калі ўзыдзе сонца сацыялізму? (Іранізуе.) Адзін Ленін ведае.
Каменеў. Доўга вы дабіраліся, Леў Давыдавіч.
Троцкі. Мне здалося, што я цягну «хвост», таму прыйшлося добра памясіць гразь.
Зіноўеў. Чаго вам баяцца?
Троцкі. Я ж не за сябе. За вас. І за Леніна.
Зіноўеў (незадаволена). Не іранізуйце, Леў Давыдавіч. Я не схільны да жартаў.
Троцкі. Дарэмна. Мы з вамі — сацыяльныя аптымісты. Хіба не так? Я сапраўды падумаў, што вы запрасілі ядро ЦК.
Каменеў. Каго вы лічыце ядром? Свярдлова? Сталіна? З імі кашы не зварыш. Ядро — гэта мы з вамі.
Зіноўеў. Мы запрасілі вас, каб пераканаць, на якую авантуру штурхае нас усіх Ленін. Мы напісалі пісьмо членам ЦК, Петраградскай, Маскоўскай, другім арганізацыям...
Падае лісткі машынапісу. Троцкі чытае, стоячы, удумліва, уважліва, хаця і хутка. Зіноўеў прылёг на канапу, гладзіць пад кажушком хворую печань. Каменеў прытуліўся спінай да цёплай грубкі і мурлыкае, як кот, ад задавальнення.
Троцкі (уголас паўтарае асобныя фразы). «Усе тэрміны сышліся цяпер так, што, калі гаварыць пра такое паўстанне, яго прыйдзецца ўжо прама назначаць, і прытым на бліжэйшыя дні». (Каменціруе.) Правільна. Такой думкі большасць ЦК.
Каменеў. Пад націскам ленінскай логікі.
Зіноўеў. Не перашкаджай, Леў Барысавіч.
Троцкі. «Шанцы нашай партыі на выбарах ва Устаноўчы сход выдатныя»... Мда... Лагічна. Хоць, хоць... «Устаноўчы сход плюс Саветы — вось той камбінаваны тып дзяржаўных устаноў, да якога мы ідзём». Так. Але ці дойдзем? «...якім-небудзь непрадуманым выступленнем, якое ставіць увесь лёс рэвалюцыі ў залежнасць ад неадкладнага паўстання, пралетарская партыя штурхае дробную буржуазію ў абдымкі Мілюкова надоўга...» Надоўга — курсіў. Правільна. Мілюкоў з абдымкаў не выпусціць... Пераацэньваць сілы вельмі шкодна... І гэта праўда. «Калі мы зараз, паставіўшы ўсю ігру на карту, пацерпім паражэнне,— мы нанясём суровы ўдар і міжнароднай пралетарскай рэвалюцыі...» Мы пахаваем яе! «...Пакуль выбар залежыць ад нас, мы можам і павінны цяпер абмежавацца абароннай пазіцыяй». Курсіў наш. Хм...
Каменеў. Не хмыкайце скептычна.
Троцкі. Я хмыкаю вельмі сур'ёзна. Які скепсіс! Гэта моцна сказана. І вельмі сур'ёзна. «Перад гісторыяй, перад міжнародным пралетарыятам, перад рускай рэвалюцыяй і расійскім рабочым класам мы не маем права ставіць цяпер на карту ўзброенага паўстання ўсё будучае». Вельмі сур'ёзна!
Зіноўеў (катэгарычна). Падпісваеце?
Троцкі (спакойна дачытвае да канца, уголас паўтарае апошнюю фразу). «Супраць гэтай згубнай палітыкі мы паднімаем голас перасцярогі». Харошае пісьмо.
Каменеў. Падпішыце!
Троцкі. Не. Не падпішу.
Зіноўеў (расчаравана). Чаму?
Троцкі. Я галасаваў пазаўчора за ленінскую рэзалюцыю.
Зіноўеў (зрываецца з канапы, кажушок валіцца на падлогу). Вы ніколі не былі дагматыкам! Вы ж творчы марксіст! Вы ж выказалі асобую думку, блізкую да нашай: чакаць з'езда Саветаў.
Троцкі. Але, чакаць з'езда! І з'езд уручыць уладу нам.
Каменеў. Геніяльна! Але вы забыліся, што вам адказаў Ленін. «І Керанскі на залатой талерцы паднясе вам уладу?» Ці не так вам здаецца?
Троцкі. Не, так не здаецца. Керанскі — хоча ён ці не хоча гэтага — як дэмакрат, падначаліцца большасці.
Каменеў. Нашаму галасаванню?!
Зіноўеў. Пакуль мы будзем паднімаць рукі, ён падніме армію, нямала ёсць часцей, верных ураду. Ён выкліча казакаў. І гэтая апора манархіі... пагромшчыкі, майце на ўвазе, перш за ўсё... раней, чым Сцяпанаву ці Антонаву, Джугашвілі, паказыча шаблямі нашы бародкі... Бранштэйна і Розенфельда...
Троцкі. Грыгорый, вы панікуеце. Вы не адышлі ад страху перад царскімі казакамі. Мы жывём пры самай шырокай дэмакратыі.
Каменеў. Так, калі не ваюем. Калі гаворым прамовы. Але як толькі прагучаць першыя стрэлы грамадзянскай вайны — ад дэмакратыі вашай застануцца рожкі ды ножкі. Вось ад чаго мы перасцерагаем сваім пісьмом.
Зіноўеў. Падпішаце?
Троцкі. Не.
Зіноўеў (са стоеным гневам). Вы здзіўляеце мяне, Леў Давыдавіч.
Каменеў. Вы забываеце, што папулярнасць вам стварылі мы.
Троцкі. Вы?! У каго? Папулярнасць у каго?
Каменеў. І ў пралетарыяце. І ў буржуазіі, калі хочаце. Кадэцкія, эсэраўскія, нават меншавіцкія газеты, пішучы, сур'ёзна ці з гумарам, пра магчымы бальшавіцкі ўрад, называюць яго ўрадам Троцкага і Леніна. Троцкага! На першым плане вы!
Троцкі. І ты лічыш, што гэта твая заслуга, Лёва? Памыляешся. Гэта жаданне разумных людзей, каб на чале ўрада быў я.
Каменеў (здзіўлена). А Ленін? Якую ролю вы адводзіце Леніну?
Троцкі. Леніна мы выберам старшынёй ЦВК. Ці старшынёй Устаноўчага сходу. Па французскім узоры.
Зіноўеў. Вы раздзялілі партфелі?! І, ап'янелыя гэтым, вы штурхаеце партыю на авантуру! Вы мяне здзіўляеце, Леў Давыдавіч. За кім вы ідзяце? За Леніным?
Троцкі (сур'ёзна). Я іду адзін.
Каменеў. Адзін? Як гэта разумець? (Разгублена.) А мы?
Троцкі. Я іду наперадзе сусветнага пралетарыяту.
Зіноўеў (глядзіць на Троцкага здзіўлена, але, бадай, пачціва). Прабачце, Леў Давыдавіч, што патурбавалі.
Троцкі. Я рады быў сустрэцца з вамі. (Бярэ са стала пісьмо, яшчэ раз праглядае, круціць галавой, пасміхаецца.) Уяўляю, які агонь адкрые па ім Ленін. Вялікі палеміст. Нават я так не ўмею. Але пісьму давайце ход. Подпісы такіх вядомых рэвалюцыянераў прымусяць шмат каго задумацца над доказамі, што бальшавікі ўтрымаюць уладу. Узяць можна. Утрымаць — во звышзадача. Поспехаў вам. (Зіноўеву.) Траўку папіце, траўку. Маці мая лячыла нас, дзяцей і работнікаў маёнтка, стэпавымі травамі. О, якая гэта была жанчына! Гатовая сацыялістка. А бацька — эксплуататар. Новы памешчык. І ведаеце, яны добра ўжываліся. Яны любілі адно аднаго. Бывайце. Мне яшчэ выступаць у Нарвскім Савеце. А рамізнікаў няма. Авёс з'елі людзі.
( Выходзіць.)
Каменеў (узлавана). Лезе ў Напалеоны.
Зіноўеў (нацягвае кажух, адказвае не адразу, задумліва). Напалеон, кажаце? Няхай будзе наш сацыял-дэмакратычны Напалеон. Мы павінны памагчы Лёве стаць ім.
Гісторык. На пасяджэнні ЦК 16 кастрычніка Зіноўеў і Каменеў зноў выступілі супраць рашэння аб узброеным паўстанні, прынятым дзесятага абсалютнай большасцю галасоў, акрамя іх. Леніну зноў прыйшлося выступаць многа разоў, каб разбіць аргументы баязліўцаў ды і растлумачыць становішча ў краіне і марксісцкае вызначэнне паўстання як майстэрства,— некаторым з тых прысутных, што хісталіся і дакладвалі аб сітуацыях на месцах не аб'ектыўна, а залежна ад свайго настрою і ўплываў поглядаў песімістаў. Зіноўеў і Каменеў збівалі людзей з панталыку. Леніну было цяжка. Пасяджэнне было пашыранае, на ім акрамя членаў ЦК прысутнічалі прадстаўнікі раёнаў Петраграда, Масквы, флоту, Ваенна-рэвалюцыйнага камітэта. Не наспеў час выдаваць усе дэталі паўстання, але апаненты вымушалі на гэта.
У размове адзін на адзін Зіноўеў паабяцаў Леніну не размнажаць і не рассылаць шырока яго з Каменевым пісьмо. Але ў канцы пасяджэння, якое скончылася ў шэсць гадзін раніцы, Бокій і Калінін перадалі Леніну лісткі пісьма Зіноўева — Каменева, якія ім сунулі людзі Каменева.
Адпачыўшы гадзіны дзве-тры, Ленін сеў за «Пісьмо да таварышаў». Больш за трыццаць старонак незвычайнага па глыбіні тэарэтычнай думкі тэксту. Два дні нечалавечай па напружанасці працы. Каменя на камені не застаецца ад патуг абывацеляў, якія спалохаліся выступлення пралетарыяту, якія, груба кажучы, баяліся за свае шкуры.
Ленін (за рабочым сталом. Узлёт яго думкі перадаецца і ўсёй паставай і словамі, якія кладуцца на паперу).
«Довады, з якімі выступалі гэтыя таварышы, да таго слабыя, гэтыя довады з'яўляюцца такім здзіўляючым праяўленнем збянтэжанасці, запалоханасці і краху ўсіх асноўных ідэй бальшавізму і рзвалюцыйна-пралетарскага інтэрнацыяналізму, што нялёгка падшукаць тлумачэнне такім ганебным хістанням. Але факт у наяўнасці, і паколькі рэвалюцыйная партыя цярпець хістанняў па такім сур'ёзным пытанні не мае права, паколькі пэўную смуту гэтая парачка таварышаў, растраціўшых свае прынцыпы, унесці можа, то неабходна разгледзець іх довады, ускрыць іх хістанні, паказаць, наколькі яны ганебныя».
Ленін (адрываецца ад пісання, заглядвае ў лісткі). Які ж ваш першы довад, на якім я спыніўся? «У нас няма большасці ў народзе...» Панове, вы або ашуканцы, шулеры, што тасуюць карты, або педанты, якія хочуць, не лічачыся з рэальнай абстаноўкай, атрымаць гарантыі, што ва ўсёй Расіі бальшавікі маюць роўненька палавіну галасоў плюс адзін. Не, бальшавікі маюць большасць у шмат якіх Саветах. У Піцеры — што самае важнае. У Маскве... Гэта дакажам! І зробім вывад. А ён адзіны. Пакуль эсэраўска-меншавіцкія здраднікі народа бурчаць, пагражаюць, пішуць рэзалюцыі, абяцаюць накарміць галодных скліканнем Устаноўчага сходу, народ па-бальшавіцку — падкрэслім гэта — прыступіць да вырашэння пытання аб хлебе паўстаннем — толькі паўстаннем! — супраць памешчыкаў, капіталістаў і скупшчыкаў. Толькі так, панове хліпакі! (Выходзіць з-за стала, праходзіць па пакоі. Смяецца сваёй думцы.) А хораша вам, Зіноўеў, адказаў Скрыпнік на ваша сцвярджэнне, што Саветы павінны быць рэвальверам, прыстаўленым да віска ўрада. «Рэвальвер без кулі?» — спытаў наш украінскі таварыш і выклікаў смех. Так і запісаць! Калі рэвальвер без кулі, то гэта прамы пераход да Ліберданаў, якія тысячу разоў абвяшчалі Саветы «рэвальверам» і тысячы разоў падманвалі народ, бо Саветы пры іх панаванні былі нулём. Вынікі доказу: «Або пераход да Ліберданаў і адкрытая адмова ад лозунга «Уся ўлада Саветам», або паўстанне. Сярэдзіны няма!»
Ленін (зноў паглыблены ў працу. Гучаць яго бессмяротныя словы). «Альбо скласці непатрэбныя рукі на пустых грудзях і чакаць, кленучыся «верай» ва Устаноўчы сход, пакуль Радзянка і К0 здадуць Піцер і задушаць рэвалюцыю,— альбо паўстанне. Сярэдзіны няма...» «Ці ад таго, што мы, бальшавікі, абвясцім веру ў скліканне Устаноўчага сходу, ад гэтага голад згодзіцца пачакаць?» (Адрываецца ад паперы, заглядвае ў лісткі апанентаў, злосна ляпае па іх, абурана.) А гэта ўжо чорт ведае што! Дзіцячае разважанне! Каб карнілаўцы пачалі яшчэ раз, во тады мы паказалі б ім. А пачынаць самім — навошта рызыкаваць! Ах, як пераканаўча! Як рэвалюцыйна! Смех! А калі карнілаўцы другога прызыву навучыліся сяму-таму? Калі яны дачакаюцца галодных бунтаў, прарыву фронту, здачы Піцера, не пачынаючы да таго часу? Што тады?
Ленін засяроджана запісвае свае думкі. У іх усё істотна. Але ёсць ударныя акорды, якія гучаць з асаблівай сілай.
Акорд тэзіса дзесятага: «Прамаруджванне ў паўстанні смерці падобна — вось што трэба адказаць тым, хто мае сумную «мужнасць» глядзець на рост разрухі, на блізкасць голаду і адгаворваць рабочых ад паўстання (гэта значыць раім ім пачакаць, яшчэ пакласціся на буржуазію)». (Ленін зноў чытае лісткі, смяецца.)
А гэта ўжо з «Сатырыкона». Пра такое ў народзе кажуць: адзін дурань можа ў дзесяць разоў больш задаць пытанняў, чым дзесяць мудрацоў здольны адказаць.
Што будзе, калі мы возьмем уладу, а не атрымаем ні перамір'я, ні міру? Атрымаем! Не хвалюйцеся, панове! Прапанаваны намі дэмакратычны мір могуць не прыняць некаторыя ўрады, але народы прымуць усё!
Аб ваеннай змове... Марксізм вельмі глыбокае і рознабаковае вучэнне. І я не здзіўляюся, што ўрыўкі цытат з Маркса заўсёды сустракаеш сярод довадаў тых, хто рве з марксізмам. Вы, панове, парвалі з марксізмам, калі не разумееце розніцы паміж мастацтвам узброенага паўстання і ваеннай змовай, вартай асуджэння. Любезныя таксама марксісты! Праспявайце нам супраць «ваеннай змовы».
Гісторык. Калі «Пісьмо да таварышаў» было напісана, позна ўвечары Ленін атрымаў меншавіцкую газету «Новая жизнь», у якой прачытаў, што па горадзе ходзіць лісток, у якім два вядомыя бальшавікі выказваюцца супраць паўстання. Дык вось яна цана зіноўеўскага абяцання! Раскольнікі не спыняюцца.
І Ленін піша »Пасляслоўе» да «Пісьма да таварышаў», у якім кажа, што пісьмо «пісалася не для друку, а толькі для гутаркі з членамі партыі па перапісцы». Але, калі агітуюць супраць паўстання, тады маўчаць нельга. Трэба агітаваць і за паўстанне!
«...Я прашу таварышаў, у рукі якіх гэтае пісьмо не можа трапіць раней паўдня ў сераду, надрукаваць яго, як мага хутчэй».
Пісьмо было надрукавана ў «Рабочем пути» 19, 20, 21 кастрычніка — за тры дні да пачатку Вялікай сацыялістычнай рэвалюцыі. Нашчадкі могуць уявіць яго ўздзеянне на рабочых і салдат Расіі! Ленін вельмі ўсхваляваны ходзіць па пакоі, у нерашучасці спыняецца перад дзвярамі, як бы не адважваецца адчыніць іх. Але, падумаўшы, шырока адчыняе.
Ленін (кліча). Маргарыта Васільеўна!
Уваходзіць гаспадыня кватэры Ф о ф а н а в а.
Я прашу прабачыць, але сярод тых газет, якія вы прынеслі, няма «Новой жизни».
Фофанава. Больш за ўсё вы лаеце гэтую газету, больш чым «Біржайку».
Ленін. Гэта паўменшавіцкая базарная баба. Але таму, што яна баба і таму, што базарная, да таго ж чартоўскі беспрынцыпная — пазаўчора новажызненцы галасавалі за бальшавікоў, учора за меншавікоў, заўтра... можа, за Керанскага і Радзянку — менавіта ў сілу гэтага хістання яна часам выкрывае сакрэты. І Керанскага, і нашы. На жаль, і нашы, бо знайшліся людзі...
Фофанава. Позна, Уладзімір Ільіч. Дзе дастаць? Навокал жывуць рабочыя. Наўрад ці выпісвае хто-небудзь «Новую жизнь».
Ленін (заклапочана). Мне вельмі патрэбны гэты нумар газеты. Мне пазванілі, што ў ёй выступілі Каменеў і Зіноўеў. Гнюсна выступілі. Я пішу пісьмо ЦК.
Фофанава (спалохана). Уладзімір Ільіч! І Свярдлоў і Надзежда Канстанцінаўна прасілі вас не падыходзіць да тэлефона. Я прашу...
Ленін. Не бойцеся. Я не падвяду вас.
Фофанава. Прабачце, я не тое сказала. Газету я вам дастану. Зараз жа. Ёсць тут сусед, які заўсёды чытае яе.
Выходзіць. Ляпаюць дзверы. Праз колькі хвілін — умоўны стук у дзверы.
Ленін прыслухоўваецца. Пазнае. Ідзе адчыняць. Вяртаецца з Рах’я.
Ленін. Выдатна, што вы прыйшлі сёння, Эйна Абрамавіч!
Рах’я. Зноў кудысь ісці? У такі час? Наляцім мы з вамі на шпікаў.
Ленін. З вамі не наляцім. Вы — народжаны канспіратар. І разведчык. Палітычны. Сёння вы мне патрэбны як разведчык. Пазаўчарашнія справаздачы з месц на пасяджэнні ЦК аб становішчы ў раёнах не задаволілі мяне. Уражанне такое: мы лепш ведаем сілы праціўніка, чым уласныя. Што на заводах? Які настрой? Бокій дакладваў: на Васільеўскім востраве баявога настрою няма. І ў Охценскім дрэнна. Так гэта?
Рах’я. За Охту — не скажу. А наконт Васілеўскага ў мяне думка іншая. Там — лепшыя чырвонагвардзейскія дружыны. І вучацца па-армейску.
Ленін. Што значыцца — па-армейску? Вучацца пазіцыйнай вайне? Не тое гэта, таварыш Рах'я, не тое. Трэба вучыць вулічным баям. Майстэрству паўстання. Наладзіце мне заўтра сустрэчу з кіраўнікамі Ваенкі. Трэба паслухаць іх... не на шырокім партыйным сходзе, як пазаўчора. Дзе яшчэ ўдалося вам пабываць?
Рах’я. Больш за ўсё парадавалі мае, сестрарэцкія. У рабочых баявы дух. І зброя ёсць. Дзе толькі здабылі столькі зброі! Кулямёты. Марціра нават. Яны гатовы выступіць хоць заўтра.
Ленін. Не, заўтра рана.
Рах’я. У пуцілаўцаў нібыта ўсё добра. Ёсць атрады, ёсць зброя. Але...
Ленін. Што — «але»?
Рах’я. Муціць там нехта ваду.
Ленін. Эсэры?
Рах’я. Не толькі. Тых ведаюць і неаднойчы зганялі з трыбуны. З'явіліся анархісты. Іграюць на голадзе. Крычаць: буржуазія схавала прадукты. Заклікаюць зрабіць узброеную рэвізію складаў і падвалаў.
Ленін (усхвалявана). Вы заўважылі вельмі істотную правакацыю буржуазіі. Штурхнуць несвядомую частку рабочых на пагромы, на рабаўніцтва вінных скляпоў. І скампраметаваць паўстанне, скампраметаваць рабочых, даць козыр Керанскаму. (Падыходзіць да стала, робіць нататкі.) Кінуць лепшыя партыйныя сілы! Развянчаць анархістаў! Нейтралізаваць! Што ў Маскоўскім раёне? Што значыцца «настрой бесшабашны? Выйдуць па закліку Савета, а не партыі». Так сказаў Бокій. Якога Савета? ЦВК, дзе ўсё яшчэ верхаводзяць згоднікі і абывацелі? Чарновы, Цэрэтэлі ды наш блытанік Каменеў, які баіцца паўстання як чорт ладану? Вы не ўяўляеце, на што яны пайшлі, ён і Зіноўеў. Але пра гэта пасля. Такі ЦВК не дасць кліч да паўстання. З'езд? Хто працягвае ідэю Троцкага? Сам ён часта выступае перад рабочымі?
Рах’я. Часта. І яго слухаюць. Ён — з гаваруноў.
Ленін. Та-ак... Выходзіць, гэты праводзіць сваю ідэю інакш, чым Каменеў. Трэба паслаць і да васільеўцаў надзейных бальшавікоў. Аднаго з членаў ваенна-рэвалюцыйнага цэнтра. Каго? Сталіна? Не. Лепш Бубнова. Я напішу Свярдлову. (Запісвае коратка думку для памяці.) Дзе яшчэ ўдалося вам пабыць?
Рах’я. Кароткі дзень, Уладзімір Ільіч.
Ленін. Кароткі? Насуперак прыродзе падоўжым яго. У мяне таксама дзень кароткі. Але я падаўжаю яго. Шкада — часта выключаюць электрычнасць і прыходзіцца карыстацца газоўкай. Ад яе баліць галава. Але гэта дробязь. Якая ваша агульная думка аб настроі мас?
Рах’я. У цэлым настрой баявы. Масы гатовы да паўстання. Чакаюць лозунга і зброі. Каб хапала зброі, рабочыя былі б ужо на вуліцах, бо наступленне голаду і контррэвалюцыі ўжо ідзе. Яго не трэба чакаць. Песімізму няма, як казалі некаторыя пазаўчора. Ёсць іншае, Уладзімір Ільіч,— страта даверу да кіраўнікоў. Рабочыя... У Сестрарэцку, ва ўсякім разе... лічаць, што слоў многа, а спраў мала... Патрабуюць баявога лозунга.
Ленін. Калі так лічаць рабочыя — сігнал, варты ўвагі. Але калі крычыць Каменеў, што за тыдзень ЦК нічога не зрабіў — гэта беспардонная дэмагогія і паклёп на таварышаў. Нічога не зрабіў Каменеў, бо нічога і не хоча рабіць. Ён здольны выдаць ворагу тайну. А мы зрабілі нямала. Але што ў пэўнай часткі кіраўнікоў ёсць разгубленасць — гэта рабочыя правільна адчулі. Мяне таксама ўстрывожылі некаторыя пазаўчарашнія справаздачы з месц. Калі Шляпнікаў заяўляе, што чуткі аб бальшавіцкім паўстанні выклікалі ў металістаў паніку,— я гэтаму не паверыў. Вы верыце?
Рах’я. Не. Металісты — баявы народ.
Ленін. Наведайце вы металістаў. Як мне хочацца асабіста выступіць перад рабочымі!
Рах’я. Вам нельга.
Ленін. У тым і бяда, што нельга. Керанскі думае, што загнаў мяне ў бярлогу.
Рах’я. Не думае ён так. Інакш не аддаваў бы чацвёрты раз загад аб вашым арышце. Усе сілы падключыў. Армейскія часці...
Ленін (смяецца). Палкі і дывізіі — на аднаго «двараніна Ульянава»? Вы заўважылі, як націскаюць кадэцкія і эсэраўскія газеты на тое, што Ульянаў — дваранін? Гэта ход. Не выйшла з нямецкім шпіёнам — паспрабуем з дваранінам. Хіба не варта смеху?
Рах’я. Рабочыя цяпер ведаюць, хто ёсць хто. Вы паслухалі б, якія частушкі сачыняюць пра «важдзей народа» ліберданаў і чарновых. Не смею паўтарыць.
Уваходзіць Фофанава.
Фофанава. Калі ласка, Уладзімір Ільіч, «Новая жизнь».
Ленін (нецярпліва бярэ газету). Дзякую, Маргарыта Васільеўна. Колькі я задаю вам клопатаў!
Фофанава. Што вы!
Ленін. Але гэта не дзеля мяне. Дзеля рэвалюцыі.
Фофанава. На дварэ добра падмарозіла. Не холадна вам?
Ленін (ён ужо ўглыбіўся ў газету). Не. Нічога.
Рах’я. Не, Рыта. Халаднавата.
Фофанава. Я запалю печку. (Уздыхае.)
Рах’я (разумее гаспадыню). Я прывязу вам дровы.
Фофанава (радасна). Добрую справу ты зробіш, Эйна. (Выходзіць.)
Ленін чытае — твар яго робіцца суровым, гнеўным.
Ленін (абурана камечыць газету, кідае на падлогу, але тут жа паднімае, размахвае ёю, шпарка ходзячы з кутка ў куток). Якая подласць! Якая подласць! Гнусная здрада! Перабежка ў стан ворага! На фронце за такое расстрэльваюць! Не, вы пачытайце, таварыш Рах'я! Пачытайце! (Працягвае газету.) Паглядзіце на іх нізасць! Адшчапенцы! Спалоханыя абывацелі! Унікніце, што яны зрабілі! З верасня ў партыі абмяркоўваецца пытанне аб узброеным паўстанні. У легальнай газеце. Тэарэтычна. Каб падрыхтаваць партыйныя кадры, масы да неабходнасці ўзяць уладу, да перакананасці, што бальшавікі могуць утрымаць уладу. Да разумення таго, што паўстанне — гэта не стыхійнае выступленне, гэта мастацтва, майстэрства. Тады Зіноўеў ляжаў у сваім «падполлі» на дыване і... маўчаў. А Каменеў краса- моўнічаў у ЦВК у кампаніі Ліберданаў ці выбіваў сабе месца ў Прадпарламенце, створаным Керанскім і кампаніяй для зману народа. А цяпер, калі ЦК абсалютнай большасцю галасоў, за выключэннем іх двух, прынімае рэзалюцыю аб узброеным паўстанні, якую мы павінны трымаць у тайне ад урада, ад буржуазіі, двое членаў ЦК выдаюць наш план ворагу. Глядзіце, што заяўляе Каменеў ад сябе і ад Зіноўева: «Не толькі я і таварыш Зіноўеў... (каму таварыш?), але і шэраг таварышаў — практыкаў (якіх практыкаў?) знаходзяць, што ўзяць на сябе ініцыятыву ўзброенага паўстання ў сучасны момант, пры цяперашніх суадносінах грамадскіх сіл, незалежна (ад каго? Ад Керанскага?) і за некалькі дзён... за некалькі дзён (падумайце!) да з'езда Саветаў было б недапушчальным, гібельным для пралетарыяту і рэвалюцыі крокам». Хіба не выдача планаў ворагу? Хіба не поўны састаў штрэйкбрэхерства! Зіноўеў і Каменеў пайшлі супраць ЦК. І я пішу... Я напісаў, як толькі мне перадалі па тэлефоне змест іх выступлення... «Я лічыў бы ганьбаю для сябе, калі б з-за ранейшай блізкасці да гэтых былых таварышаў я пачаў хістацца ў асуджэнні іх. Я гавару прама, што таварышамі іх абодвух больш не лічу і ўсімі сіламі і перад ЦК і перад з'ездам буду змагацца за выключэнне абодвух з партыі». Толькі так, таварыш Рах'я! Толькі так! Французы гавораць: здраднікам можа стаць толькі свой чалавек. Калі ж да таго здраднік займае «віднае месца, тым больш абавязкова гнаць яго прэч. Вы згодны?
Рах’я. Цалкам згодзен, Уладзімір Ільіч.
Ленін. Цяжка вымераць адразу шкоду, якую штрэйкбрэхеры нанеслі партыі, планам паўстання. Шкода вялікая. Але мы не адступім. Здраду трэба нейтралізаваць. Ворага перахітрыць. Абавязкова мая сустрэча з членамі В PK! Але з вузкім колам. Канкрэтна: Падвойскі, Антонаў, Неўскі. Падбярыце надзейнае месца. У Смольным мне нельга. Людзі тыпу Каменева могуць выдаць і мяне.
Рах’я. Я падумаў ужо пра такую кватэру. Тут. Побач. У рабочага Паўлава.
Ленін. Выдатна, і яшчэ просьба. Я не скончыў пісьмо да членаў ЦК партыі... Зараз я скончу яго. Зайдзіце раніцою да Надзежды Канстанцінаўны... толькі як мага раней... яна рана ўстае і ідзе ў райком... каб заўтра яна прыслала надзейнага чалавека для сувязі з ЦК, са Свярдловым. Магчыма, мне прыйдзецца пісаць не адно пісьмо.
Рах’я. Усё зраблю, Уладзімір Ільіч. Спакойнай вам ночы. Хоць які спакой! Адчуваю: не будзе ў вас ночы.
Ленін. Не будзе... Але... Надзі пра гэта не гаварыце. І Маняшы... Марыі Ільінічне. Вам добрай ночы.
Паціскае госцю руку на развітанне. Ленін за сталом.
Гучаць, як заключны акорд, радкі яго пісьма: «Цяжкі час. Цяжкая задача. Цяжкая здрада. І ўсё ж такі задача будзе вырашана, рабочыя згуртуюцца, сялянскае паўстанне і крайняя нецярплівасць салдат на фронце зробяць сваю справу! Цясней згуртуем рады,— пралетарыят павінен перамагчы!»
Ленін і Рах'я на кватэры ў Паўлава. Ленін загрыміраваны пад старога настаўніка ці букініста: сівы парык, чужая барада, зашмальцаваны сурдут. Яны стаяць ля акна, углядаюцца ў вуліцу.
Ленін. Дык, кажаце, масты пад надзейнай аховай юнкераў?
Рах’я. Так, і Неўскі паўпусты.
Ленін. Керанскі і абывацелі, напалоханыя буржуазнымі газетамі, чакалі нашага выступлення сёння,— у дзень адкрыцця з'езда. І мы мусілі былі выступіць да з'езда. Але ці былі мы гатовыя ў ваенным плане? А тут яшчэ подлая здрада штрэйкбрэхераў. ЦК праяўляе лібералізм і адцягвае іх выключэнне.
Рах'я. Учора я заглядваў у рэдакцыю. Зіноўеў публікуе ў «Рабочем пути» пісьмо. Заяўляе, што ў палеміку не ўступае і што яго погляды на спрэчныя пытанні далёкія ад тых, якія аспрэчвае таварыш Ленін.
Ленін. Фарысейства! Чарговы спалох абывацеля.
Рах’я. І ёсць прыпіска ад рэдакцыі... Наборшчыкі сказалі, што яе напісаў Сталін. Маўляў, гэтай заявай Зіноўева і Каменева ў Савеце пытанне можна лічыць вычарпаным.
Ленін. Лёгка яны вычэрпваюць галоўнейшае пытанне стратэгіі.
Рах’я. Сталін піша, што рэзкасць тону артыкула таварыша Леніна не мяняе таго, што ў асноўным мы застаёмся аднадумцамі.
Ленін. Тыповы ўзор беспрынцыповасці! З боку Сталіна. Хто з кім аднадумцы? Я не магу быць аднадумцам з Каменевым. Шкада, што мне яшчэ не прынеслі сённяшняга нумара. (Дастае з камізэлькі гадзіннік.) Аднак ваенныя нашы затрымліваюцца. А час ляціць. Часу мала. У нас катастрафічна мала часу... да перамогі рэвалюцыі.
Рах’я (узіраецца ў акно, амаль спалохана). Што яны робяць?
Ленін. Хто?
Рах’я. Ваенныя. Яны падкацілі на аўтамабілі. Канспіратары, называюцца!
Ленін (зазірае ў акно, пацірае рукі). А знаеце, таварыш Рах'я, гэта ж выдатна, што нашы савецкія генералы ездзяць па Піцеры на аўтамабілі. (Смяецца.) Пад вокнамі ў Керанскага. Факт, што ўрад выпускае дух. Хто можа спыніць прадстаўнікоў Савета? І пралетарыят павінен, як мага хутчэй, выкарыстаць разгубленасць урада. Пакуль Керанскі не сабраў сілы.
Уваходзяць Падвойскі, Антонаў-Аўсеенка, Неўскі. Пытаюць у Рах'і, якога добра ведаюць:
— Ільіча няма яшчэ?
Ленін здымае парык. Прадстаўнікі ВРК здзіўленыя і ўзрадаваныя.
— Уладзімір Ільіч!
— Добры дзень, Уладзімір Ільіч!
Антонаў. Сорамна, што мы не пазналі вас. Ужо прабачце.
Ленін. Дрэнны з мяне быў бы канспіратар, каб вы адразу пазналі. Жыццё навучыла. Аднак за справу, таварышы. Не будзем траціць часу. Яго ў нас мала. Вельмі мала. Прашу.
Усе садзяцца вакол стала. Рах’я выходзіць — яму належыць ахоўваць правадыра. Падвойскі дастае з планшэта і раскладвае на стале планы Петраграда.
Ленін глядзіць план і разгортвае свой.
У мяне больш падрабязны. Прашу адзначыць на сваім узгодненыя пункты. Я — на сваім. Умоўна. Каб разумелі мы з вамі, больш ніхто. Першае пытанне ваенна-палітычнае. Якая абстаноўка сёння у горадзе — на думку Генеральнага штаба?
Неўскі. Якога?
Ленін. Рэвалюцыйнага. Вы — Генеральны штаб паўстанцкіх сіл. Толькі так я вас разумею, з разуменнем гэтай вашай ролі буду мець размову з вамі.
Падвойскі. Для Генштаба нам шмат чаго не хапае. Ленін. Чаго? Будынка? Хутка вы зоймеце яго. Антонаў. Ваеннай адукацыі.
Ленін. Вы атрымаеце яе ў рэвалюцыі. Дык што ў горадзе? Я не маю магчымасці праехаць на машыне. Хаджу па завулках. З барадой антыквара.
Антонаў. Керанскі яўна нервуецца. Але і насцярожаны. На вуліцах юнкеры. І казакі.
Неўскі. Урад чакаў нашага выступлення ў дзень з'езда.
Ленін. Безумоўна, рыхтаваўся. Асабліва пасля таго, калі два штрэйкбрэхеры выдалі яму план паўстання.
Падвойскі. Так, Керанскі баяўся. Недарэмна ён мусіў прасіць ЦВК перанесці дату адкрыцця з'езда на дваццаць пятае.
Антонаў. Контррэвалюцыя хоча выйграць час, каб падрыхтавацца.
Ленін. Вось іменна — каб падрыхтавацца. Але час павінен працаваць на нас. Мы павінны выкарыстаць яго. Скажыце шчыра: гатовы ўзброеныя сілы рэвалюцыі выступіць сёння?
Неўскі. Не, Уладзімір Ільіч.
Падвойскі. Усё залежыць ад сітуацыі. Каб урад пачаў выводзіць войскі з Петраграда на фронт, гэта магло б стаць прычынай узрыву. Гарнізон паўстаў бы. Каб аб'яднаць нашы сілы, падрыхтавацца як мае быць, нам бы яшчэ дзянькоў дзесяць, Уладзімір Ільіч.
Ленін. Таварыш Падвойскі! У нас няма і пяці дзён! Была б марнай тратай часу, энергіі і сілы бясплодная дыскусія з эсэрамі і меншавікамі на з'ездзе, падлікі галасоў, як таго патрабуе Троцкі. Партыя павінна ўзяць уладу і ўручыць яе з'езду для ўтварэння Савецкага ўрада, прыняцця дэкларацыі аб міры і зямлі.
Антонаў. Значыць, выступаем да з'езда?
Ленін. Абавязкова да з'езда.
Падвойскі. Калі? Засталося чатыры дні.
Ленін. ЦК назначыць дзень. Але падказаць час павінны вы. Вы — наш Генеральны штаб. Паўстанне — майстэрства. Высокае майстэрства. Мастацтва. Як і добра падрыхтаванае наступленне на фронце, яно павінна быць нечаканым для ворага. Найвышэйшая арганізацыя! Ніякіх стыхійных выступленняў!
Антонаў. Мяне асабліва трывожыць нядзеля, дваццаць другое. ЦВК абвясціла яго днём Саветаў. Даклады, канцэрты, маніфестацыі. Мірныя. А ўрад назначыў хрэсны ход казакаў да Казанскай Багамацеры для асвячэння зброі. Не хітрасць гэта? А калі не хітрасць, то ўсё роўна магчымы стыхійныя сутычкі, яшчэ невядома, у што яны перарастуць. Як у ліпені.
Ленін (задумваецца). Паўтарэнне ліпеня — гэта смерць рэвалюцыі. Уступіце з урадам у перагаворы. Ад імя ЦВК. Прасіце адмяніць шэсце казакаў. Менавіта па гэтай прычыне, што Савет баіцца паўтарэння ліпеньскіх падзей. Урад можа пайсці на гэта. Керанскі спалоханы. Здаецца, перанос даты з'езда трохі заспакоіў яго, хоць ваенныя сілы ён, безумоўна, рыхтуе. «Мірныя» перагаворы аб казаках прытупяць яго пільнасць. Ворага трэба перахітрыць.
Неўскі. Разумная ідэя. Казацкі ход чырвонагвардзейцы прымаюць як хітрасць урада. І рыхтуюць зброю.
Ленін. І будуць стыхійныя выступленні. А іх, паўтараю, нельга дапусціць. Толькі ўсеагульнае паўстанне.
Падвойскі. Абавязкова, Уладзімір Ільіч, мы здзейснім вашы парады. Бяру на сябе размову з начальнікам гарнізона Палкоўнікавым. Учора я гаварыў з ім. Мы прынялі рашэнне накіраваць у кожную вайсковую часць камісараў Ваенна- рэвалюцыйнага камітэта. Мы паслалі іх. Але мы хочам большага — правесці іх загадам па гарнізоне. Каб іх распараджэнні былі абавязковымі і для камандзіраў.
Ленін. Выдатнае рашэнне! Узор марксісцкай падрыхтоўкі да паўстання. Рэвалюцыйны кантроль над войскам, якое можа хіснуцца. Само па сабе гэта перамога. Каменеў крычыць, што ЦК нічога не зрабіў. Зіноўеў і ён заяўляюць, што мы недаацэньваем сілы праціўніка, што сілы гэтыя большыя, чым нам здаецца, што значная частка на баку ўрада. Ударная сіла ўрада — казакі. Ледзьве не ўся артылерыя веерам размешчана вакол Піцера. Што ЦВК паможа ўраду прывесці войскі з франтоў. І яшчэ адзін аргумент: ва ўрада — штаб, арганізацыя. Вось якое значэнне надаюць штабу нават спалоханыя штрэйкбрэхеры. Якія звесткі пра сілы ворага і свае мае рэвалюцыйны штаб?
Падвойскі. Гарнізон — сто пятьдзесят тысяч чалавек. Большасць яго пад уплывам бальшавікоў, але цалкам могуць выступіць толькі Паўлаўскі, Кексгольмскі, Валынскі, Літоўскі палкі... Яшчэ больш дакладна — адзінаццаць рот. Другая частка гарнізона займае нейтральную пазіцыю. Яны супраць урада, але «страляць у братоў сваіх» не жадаюць. Такія могуць хіснуцца ў той ці іншы бок... У залежнасці ад сітуацыі.
Ленін. Самых надзейных камісараў накіруйце ў арсеналы. Каб патроны і снарады выдаваліся толькі па іх распараджэнні. Хто ж ваша ўдарная сіла?
Антонаў. Дваццаць тысяч узброеных чырвонагвардзейцаў.
Ленін. Мала. Войска — войскам. А наша апора — пралетарскія чырвонагвардзейскія атрады.
Неўскі. У ходзе паўстання гэтая сіла абавязкова падвоіцца...
Ленін. Вы ўпэўнены?
Неўскі. Упэўнены. Выйдзе бадай увесь пралетарыят.
Ленін. З каменнем у руках? Думайце, таварышы, каб было як мага менш ахвяр. Сваіх — само сабой. Але і ў войску праціўніка... там тыя ж салдаты. Больш агітацыі! І ультыматумаў! Скажыце... самая рэвалюцыйная сіла — матросы Балтфлота. Можна ўвесці ў Няву цяжкія караблі?
Неўскі. Не. Нельга.
Ленін. Чаму?
Антонаў. Мы аголім фронт перад немцамі... Матросы гэта не зразумеюць.
Падвойскі. Не дазволіць фарватэр...
Неўскі. І галоўнае... Трэба пачаць з паўстання на флоце... арыштаваць афіцэраў. А хто павядзе караблі? Хто з матросаў умее чытаць карты мінных палёў? Матросы не правядуць караблі праз мінныя палі... І матросы не здолеюць імі камандаваць у выпадку бою.
Ленін (задумліва). М-да. Аргумент пераканаўчы. А колькі за два-тры дні можна перавезці матросаў па чыгунцы з Гельсінгфорса, з Выбарга?
Падвойскі. Тысячы дзве-тры.
Ленін (зноў задумваецца). Мала. Таварыш Неўскі, сёння ж едзьце ў Гельсінгфорс і прывязіце матросаў, скажыце Дыбенку, Смілзе — самых баявых. І як можна хутчэй. А цяпер падлічым сілы праціўніка. Што ён мае?
Неўскі. Колькасна менш.
Антонаў. Без тых часцей, якія можна перакінуць з фронту...
Ленін. Не даць Керанскаму кінуць на пралетарыят Піцера ніводнай контррэвалюцыйнай часці! Як не далі Карнілаву. Паслаць на ўсе франты, ва ўсе арміі надзейных бальшавікоў! Перадайце гэта ў ЦК, Свярдлову.
Падвойскі. Такую пасылку пачалі...
Ленін. Не пачынаць... Завяршаць! Сёння ж адаслаць лепшых прапагандыстаў. Даручым гэтую справу вам, Уладзімір Аляксандравіч, і ў палітычным плане. І ў ваенным. Вашы задачы: у дзень паўстання і пасля перамогі не прапусціць у Піцер ніводнай часці, вернай Часоваму ўраду. А што мае Керанскі ў Піцеры?
Падвойскі. Сем тысяч юнкераў.
Антонаў. Узброеных да зубоў. Фанатычна верных ураду ў сілу свайго сацыяльнага становішча. Тут мае рацыю Зіноўеў... Гатовых біцца да апошняга...
Ленін. Але ж гэта — юнакі. Нельга іх хаця б нейтралізаваць? Каб менш крыві.
Падвойскі. Не. Гэта фанатыкі. У іх паталагічная нянавісць да бальшавікоў, да прасталюдзінаў. Лягчэй гаварыць з афіцэрамі генштаба. Але разам з афіцэрамі ваенных вучылішчаў генштаба — вялікі рэзерв каманды, якога няма ў нас. Тысячы афіцэраў, якія прайшлі фронт,— гэта сур'ёзная сіла, сярод іх нямала выхадцаў з народа.
Антонаў. Дзяцей кулакоў. Будуць біцца, як юнкеры. Толькі больш умела.
Ленін. Вы не запалохваеце сябе?
Падвойскі. Праціўніка трэба ацэньваць рэальна...
Ленін. Правільна. Але ў нас павінна быць пяці... не, дзесяцікратная перавага ў сілах. У тым майстэрства паўстання. І толькі так можна дасягнуць перамогі малай крывёю. А цяпер далажыце ваш план наступлення.
Падвойскі. Што вы маеце на ўвазе, Уладзімір Ільіч?
Ленін. Перш-наперш генеральную экспазіцыю, размяшчэнне сіл, напрамкі ўдараў...
Члены Ваенкі пераглядваюцца паміж сабой. Яны збянтэжаныя.
Неўскі. Вы, Уладзімір Ільіч, патрабуеце ад нас, як ад сапраўднага Генеральнага штаба.
Ленін. У вас больш складаная задача. Старыя генштабы маюць аналагі, узоры. Мы іх не маем. Канкрэтна. Хто займае Варшаўскі вакзал? Охцінскі мост? Тэлефонную станцыю? Хто штурмуе Зімні?
Падвойскі. Такой распісанай экспазіцыі мы не маем.
Неўскі. Яна ў нашых галовах.
Ленін. Дрэнна. Мы маглі пачаць учора. У нас засталося два-тры дні. ЦК назначае вас, таварыш Падвойскі, камандуючым усімі сіламі паўстання. У вас будзе сто пасыльных. Так, не менш. Каго куды вы пашляце? Вы помніце ўсе атрады, усіх камандзіраў?
Антонаў. Будуць раённыя штабы.
Ленін. Так. Але павінна быць агульная каардынацыя. Ніякай стыхіі. Нішто не павінна выйсці з-пад каманды ВРК. Асабліва рабочыя дружыны, атрады Чырвонай гвардыі. Хто там камандзіры? Ведаюць яны тактыку вулічнага бою? Якая іх сувязь з раённым штабам, з заводам? Якую пазіцыю займае раённы Савет? Ці ўсюды кіруюць бальшавікі? У раённых думах нямала буржуазіі. Гэта нельга не ўлічваць. Пры пэўнай сітуацыі буржуазія стане рэзервам Керанскага.
Антонаў. Гэта мы разумеем. І ўлічваем.
Ленін. І яшчэ адно. Як вы ўяўляеце ролю ВРК?
Падвойскі. Як пашыранае бюро ваенных арганізацый пры ЦК партыі.
Ленін. Вось гэта і няправільна. Ні ў якім разе не бюро. Бюро створана асобна. ВРК — паўнамоцны, але беспартыйны орган паўстання, які звязаны з самымі шырокімі масамі рабочых і салдат. Не дапускаць дыктатарства ваеннай арганізацыі ў ВРК. Там залішне многа людзей, далёкіх ад ваеннай справы. Галоўная задача ваеннай арганізацыі ЦК сачыць, каб ВРК не ўхіляўся ад бальшавіцкай пазіцыі. Гэта ў першую чаргу палітычны орган паўстання. А ўсімі баявымі аперацыямі павінен кіраваць ВРК. У выніку пераможнага паўстання дзяржаўная ўлада пяройдзе ў рукі ВРК — органа Петраградскага Савета. Вы перадасце яе з'езду Саветаў, які ўтворыць першы Савецкі ўрад. Такі ваенна-палітычны план.
Падвойскі. Я сказаў бы стратэгічны план. Вы нам праяснілі і палітычныя і ваенныя аспекты.
Неўскі. Ваша ўпэўненасць у перамозе натхняе.
Ленін. Кампліменты будзем гаварыць пасля перамогі. А без упэўненасці не варта пачынаць маленькі лакальны бой, а не толькі вялікую рэвалюцыю. Сацыялістычную. Рабоча-сялянскую. Трымайце сувязь са Свярдловым, Дзяржынскім, Урыцкім, Сталіным. Крытычна стаўцеся да ўказанняў старшыні Петраградскага Савета Троцкага. Ён вельмі актыўны чалавек. Але ў яго дзеяннях не заўсёды прысутнічае цвёрдая бальшавіцкая лінія. Троцкі здольны зрабіць самы нечаканы зігзаг.
Падвойскі. Уладзімір Ільіч, а ці не мэтазгодна надрукаваць мільённымі тыражамі дэкрэты аб зямлі, аб міры, аб Савецкай рэспубліцы? Да паўстання.
Ленін (весела смяецца). Моцна я вас пераканаў. Не. Спачатку пераможам, а потым будзем друкаваць дэкрэты. Што ж — у добры час. (Паднімаюцца па-ваеннаму.) І яшчэ адна парада. Штаб ВРК перанясіце ў Смольны. На выпадак, калі Керанскі нападзе першым. Смольны, дзе ЦВК, які з Керанскім згоднічаў, куды збіраюцца дэлегаты з'езда, яны штурмаваць не адважацца. Займіце лепшыя пакоі і тэлефоны! Некалькі апаратаў! І караблі ў Няву ўвядзіце. Тыя, якія можна...
Неўскі. У дзень паўстання ўвойдуць крэйсер «Аўрора» і эсмінцы.
Ленін. Мяне шукайце праз Свярдлова ці Сталіна. Я мушу ўсё яшчэ хавацца.
Антонаў. Сёння вас зноў арыштавалі! Чыталі?
Ленін (смяецца). У чацвёрты раз. Ах, як шкада таварыша Леніна!
Смяюцца ўсе. Паціскаюць Леніну руку.
Смольны. Пакой ВРК. Тэлефонныя апараты на сталах. Члены ВРК, камісары, сувязныя. Яны ўваходзяць і выходзяць. Крэслаў не хапае. Большасці, сядзяць на падлозе. Тут жа Троцкі, Каменеў—гэтыя людзі імкнуцца быць у цэнтры падзей. Троцкі шчыпае бародку і ходзіць па пакоі з выглядам галоўнакамандуючага.
Антонаў-Аўсеенка (гаворыць па тэлефоне). Маскоўскі-Нарвінскі! Маскоўскі-Нарвінскі! Кацюбінскага! Юрый? Няма твайго атрада. Выйшаў? Слухай! Падкінь нам роту кулямётчыкаў. Як дзе ўзяць? Ты ж камісар палка! Камендант раёна! Вазьмі ў сямёнаўцаў! У егераў! Не, нас не атакуюць. Але нам толькі што даставілі загад Керанскага аб арышце Ваенна-рэвалюцыйнага камітэта. Май на ўвазе гэта. Яны могуць пачаць з раёнаў. Да вас не сунуцца. На Царскасельскі прыбываюць юнкеры з Паўлаўска? Аддаў каманду заняць вакзал? Чакай, параімся.
Падвойскі (на другім тэлефоне). Таварыш Скрыпнік? Так, так, Падвойскі! Тыраж «Рабочего пути» надрукавалі? Развозіце? Не хапае машын? Звярніцеся ў аўтамабільны дывізіён! Там нашы хлопцы! На кожную машыну — узброеных чырвонагвардзейцаў! Што рабіць, калі спыняць юнкеры? Страляць!
Каменеў (узбуджана). Якія каманды вы аддаяце? У каго страляць?
Падвойскі. У юнкераў. У Казакаў.
Каменеў. Але ж гэта правакацыя. Гэта сігнал ураду — перайсці ў рашучае наступленне.
Антонаў. Урад перайшоў у такое наступленне, калі раніцою разграміў нашу газету. Юны прапаршчык Кацюбінскі правільна гаворыць аб неабходнасці захопу Царскасельскага вакзала, каб не даць Керэнскаму перавезці юнкераў з прыгарадаў.
Каменеў. Менавіта — юны. Захапляецеся, таварышы, захапляецеся. Рэвалюцыя не робіцца бязвусымі юнакамі.
Падвойскі. А па-мойму, марудзім. Ільіч патрабаваў у першую чаргу заняць масты і вакзалы. Раз'яднаць сілы праціўніка, паралізаваць. А мы топчамся на месцы.
Троцкі. Ленін незразумела спяшаецца. Заўтра адкрываецца з'езд Саветаў. ЦВК вядзе перагаворы з урадам. Засядае Прадпарламент. З'езд прымусіць Керанскага і кампанію перадаць уладу Саветам. У нас абсалютная большасць. Мы правялі рэгістрацыю дэлегатаў. Цяпер усё залежыць ад з'езда. Адзін ратунак — цвёрдая палітыка з'езда. Арышт Часовага ўрада не стаіць на парадку дня як самастойная задача...
Матрос (сядзіць у кутку на падлозе). Растапырвай кішэню шырэй. Так табе і паложаць уладу туды. Загад аб арышце ВРК — гэта што, мірная перадача ўлады Саветам? (Да Падвойскага.) Таварыш камандуючы! Давай указанні флоцкаму экіпажу.
Антонаў. Выйсці на подступы да Генеральнага штаба і Дварцовай плошчы!
Каменеў (узбуджана да Троцкага). Леў Давыдавіч! Па-мойму, гэтыя людзі гуляюць у паўстанне. Як дзеці. Вывесці матросаў да Зімняга, гэта повад для ўрада штурмаваць Смольны. А мне казалі таварышы з ЦВК, што для такога штурму падрыхтаваны пяцьдзесят батальёнаў.
Матрос (зняважліва). У страха вочы вялікія.
Падвойскі. ЦВК панікуе. Па-першае, дзе ў Керанскага столькі батальёнаў? А па-другое... З ваеннага пункту гледжання гэта абсурд — штурмаваць адзін будынак пяццюдзесяццю батальёнамі. Даволі — двух...
Каменеў. Вось-вось — даволі двух, пяці. А што ў нас? У нас нават няма апорнага пункта на «Аўроры» ці эсмінцы, як дамаўляліся.
Матрос (у дзвярах папраўляе партупею, з іроніяй). А вы што, сабраліся ўцякаць? У Швецыю?
Каменеў (абурана). Таварыш, маё становішча не дазваляе мне адказаць на ваша, прабачце, хамства.
Матрос. Рабом быў. А хамам не быў. Да вашага ведама, пан харошы.
Камісары пасміхаюцца. Каменеў яўка адчувае сябе няўтульна. Троцкі (таксама ўсміхаецца бадай пераможна). Леў Барысавіч! Прытрымайце свае эмоцыі. Наперадзе многа вострых момантаў.
Уваходзіць чырвонагвардзеец з чырвонай стужкай на шапцы, з вінтоўкай, падпяразаны патроннай лентай. Адразу да Падвойскага.
Чырвонагвардзеец. Мікалай Ільіч! Загад Палкоўнікава... перахапілі хлопцы... да шаснаццаці нуль-нуль развесці масты. (Перадае паперу.)
Падвойскі (чытае загад). Дакуменцік сапраўдны. (Да Антонава-Аўсеенка.) Што скажаш, Уладзімір Аляксандравіч?
Антонаў. Гэта сігнал. Яго дае праціўнік.
Каменеў. Сігнал да чаго?
Падвойскі. Да агульнага наступлення. Па ленінскім плане.
Троцкі. Без рашэння ЦК? ВРК — не орган паўстання, ён орган аховы рэвалюцыі.
Падвойскі. Рашэнне прынята тыдзень назад. Вы галасавалі за яго. Таварыш Каменеў не галасаваў. І не толькі не галасаваў... Таму выбар моманту для наступлення прадастаўлены Ваенна-рэвалюцыйнаму камітэту.
Антонаў (круціць ручку аднаго тэлефона, другога). Тэлефоны адключаны!
Людзі, што сядзелі на падлозе, як па камандзе падхопліваюцца.
Падвойскі. Спакойна, таварышы! Праціўнік хоча раз'яднаць нашы сілы. Не даць развесці ніводнага моста! Лашэвіч! Бяры наш аўтамабіль! Атрад чырвонагвардзейцаў. Прабівайся да сваіх кексгольмцаў! Не даць развесці Мікалаеўскі мост! Калі ўжо разведзены — навесці! Там блізка ад вас «Аўрора». Няхай падыдзе да моста. Яе пушкі працверазяць юнкераў. Пятроў! У Петрапаўлаўку! Няхай бяруць Троіцкі мост. Охцінскі мы ахоўваем надзейна. Там першы запасны полк. Хто ў нас у ім камісар? Быкаў? Перадайце яму: з Охцінскага раёна каб контррэвалюцыйная мыш не пралезла. Хто з «Арсенала»? За імі — Ліцейны!..
Каменеў (Троцкаму). Я патрабую склікання ЦК.
Антонаў. Вы ж выйшлі з ЦК.
Троцкі. Таварыш Каменеў забраў сваю заяву. К дэмакратычнай партыі могуць быць розныя думкі.
Падвойскі. У Генеральнага штаба павінна быць адна думка.
Каменеў. Дзе Свярдлоў? Дзе Дзяржынскі? Яны — ваенны цэнтр... (Выходзяць.)
Антонаў (Падвойскаму). А што з вакзаламі? Ленін асаблівую ўвагу звяртаў на вакзалы.
Падвойскі. Пакуль што пашлём ва ўсе часці загад аб баявой гатоўнасці. Таварышы камісары! Рыхтуйце сувязных!
Камісары акружаюць стол старшыні ВРК.
Антонаў. Гэтыя двое... а калі яшчэ і Зіноўеў тут... будуць муціць ваду. Шкада — Ільіча няма. Чаму няма Ільіча?
Падвойскі. Я ўжо думаў: а ці не паслаць нам атрад рабочых на аўтамабілях? І прывезці Леніна ў Смольны. Трэба пагаварыць з Дзяржынскім, ён — чалавек дзеяння.
Фляроўскі. Даручыце мне з маімі матросамі. Гарантую правадыру рэвалюцыі поўную бяспеку.
Лацыс. А я паслаў бы рэзерв камісараў. Давай каманду, Мікалай Ільіч.
Падвойскі. Без ЦК не магу. Ды і кватэры не знаю. (Да Бокія.) Глеб Іванавіч! Ідзі пагавары з таварышамі з ЦК, ты там свой чалавек.
Штаб ВРК працуе. Прыходзяць і выходзяць камісары. Зноў паяўляюцца Каменеў і Троцкі.
На авансцэне Крупская і Свярдлоў.
Крупская (перадае Свярдлову пакет). Ільіч даручыў тэрмінова перадаць гэтае пісьмо вам і просіць неадкладна пазнаёміць з ім членаў ЦК. Ільіч абураны, што ЦК не дазваляе яму перайсці сюды, у Смольны. Я адчуваю, што нам не ўтрымаць яго. Баюся, што ён ужо ў дарозе. А ў горадзе ўсюды юнкерскія раз'езды. Добра, калі Рах'я застане яго. Прыдумайце што-небудзь, Якаў Міхайлавіч.
Свярдлоў. Мы дапусцілі памылку, што не зрабілі гэтага ўдзень. Ільічу трэба быць тут. (Чытае пісьмо.) Ён і адтуль, з Сердабольскай, бачыць, што робіцца ў горадзе і як хістаюцца некаторыя нашы таварышы. Як кажуць, не ў брыво, а ў вока. (Чытае пісьмо.) «...становішча надзвычай крытычнае. Ясней яснага, што цяпер ужо сапраўды прамаруджванне ў паўстанні смерці падобна. Нельга чакаць! Можна страціць усё!» Ах, як гэта справядліва! Надзежда Канстанцінаўна, перадайце Ільічу, што зробім усё, як ён патрабуе.
Крупская. Ён не застанецца ў такі час у падполлі. Ён рвецца сюды.
Свярдлоў. Папрасіце пачакаць трохі. Мы пашлём да яго надзейных людзей. Перадайце: ЦВК пакінуў Смольны і прыняў рэзалюцыю ў падтрымку ўрада. Што Ільіч думае пра гэта? Няхай напіша.
Крупская (уздыхае). Каб мне толькі паспець.
Шуміць пакой РВК. Прыходзяць і выходзяць пасыльныя. Перадаюць пісьмовыя данясенні. Каротка аддаюцца каманды.
Пасыльны. Мікалай Ільіч! Міхайлаўцы ачапілі Фінляндскі вакзал. Ёсць сігнал ад чыгуначнікаў, што чакаюць поезд з казакамі.
Падвойскі. Разбіся ў блін, а тэлеграфуй па лініі — у Белавостраў, у Сестрарэцк: поезд затрымаць! Фляроўскі! Ляці з атрадам ў Маскоўскі рэзервовы. Ачысціць вакзал ад юнкераў!
Фляроўскі. З боем?
Падвойскі. Па магчымасці, бяскроўна. Шкада гэтых бязвусых дурняў.
Троцкі. Правільна. Занімаць пазіцыі бяскроўна. Усё іншае — вырашыць з'езд.
Антонаў. На вайне так не бывае. Калі адкрыюць агонь па нас — мітынгаваць мы не будзем.
Каменеў. Юнкеры не адважацца страляць.
Падвойскі (з іроніяй). Вы так думаеце?
Імкліва ўваходзіць Свярдлоў з пісьмом у руках.
Свярдлоў. Таварышы! Во адказ Ільіча на хістанні некаторых з нас. (Чытае.) «З усіх сіл пераконваю таварышаў, што цяпер усё вісіць на валаску, што на чарзе стаяць пытанні, якія не нарадамі вырашаюцца, не з'ездамі (хаця б нават з'ездамі Саветаў), а выключна народамі, масай, барацьбой узброеных мас».
Уншліхт. Вось гэта па-ленінску!
Каменеў. Каму адрасавана пісьмо?
Свярдлоў. Членам ЦК.
Каменеў. Я патрабую пасяджэння ЦК.
Свярдлоў. Сакрэту ад народа Ленін не робіць. Такое пісьмо варта было б прачытаць усім чырвонагвардзейцам, усім рэвалюцыйным салдатам. Во што піша Ленін: «Трэба, каб усе раёны, усе палкі, усе сілы мабілізаваліся зараз жа і паслалі неадкладна дэлегацыі ў Ваенна-рэвалюцыйны камітэт, у ЦК бальшавікоў, настойліва патрабуючы: ні ў якім разе не пакідаць улады ў руках Керанскага і кампаніі да 25-га, ніякім чынам; рашыць справу сёння абавязкова ўвечары ці ўначы».
Лацыс. А ўжо вечар. А мы чухаем патыліцы. Камандуй, Падвойскі! Людзі рвуцца ў бой!
Свярдлоў (чытае). «Гісторыя не даруе прамаруджання рэвалюцыянерам, якія маглі перамагчы сёння (і напэўна перамогуць сёння), рызыкуючы страціць многа заўтра, рызыкуючы страціць усё. Узяўшы ўладу сёння, мы бяром яе не супраць Саветаў, а для іх». (Паказвае на Лацыса.) Таварыш правільна сказаў. Чухаць патыліцы, мітынгаваць няма калі. Камандуйце, таварышы ваенныя! Уладу павінны ўзяць вы! Час настаў! Вось як Ільіч заключае сваё пісьмо. «Урад хістаецца. Трэба дабіць («дабіць» Ленін падкрэслівае трыма рысамі) у што б там ні стала. Прамаруджанне ў выступленні смерці падобна!»
Чырвонагвардзеец. Гэта сапраўды па-ленінску! Здорава!
Троцкі. Я падтрымліваю ідэю агульнага выступлення.
Каменеў (вельмі здзіўлены). Леў Давыдавіч!
Троцкі, Леў Барысавіч! Мы павінны ісці наперадзе мас, а то апынёмся ў хвасце.
Падвойскі. Ваенна-рэвалюцыйны камітэт аддае загад аб агульным наступленні. Таварышы камісары! Перадайце задачу сваім пасыльным! Усе — у атрады і палкі.
Камісары і пасыльныя хутка выходзяць. Людзей у пакоі ВРК менш, але ўсё ж нямала. Падвойскі і Антонаў схілены над планам Петраграда. Адзначаюць карандашамі і сцяжкамі пункты і маршруты; працуюць, як належыць камандуючым у час наступлення. Уваходзіць Ленін. Ён у парыку, у кепцы — той жа Канстанцін Пятровіч Іваноў. На яго нейкі час не звяртаюць увагі. Мог бы не звярнуць і Антонаў-Аўсеенка, каб ў дзвярах не з'явіўся Рах’я. Антонаў узіраецца ў «Іванова».
Антонаў (здзіўлена і ўзрадавана). Уладзімір Ільіч? Вы? Якім чынам?..
Ленін. Ды вось уласнымі нагамі. Самае цяжкае было прайсці ў Смольны. Але скажу вам, таварышы ваенныя, калі будзе такі «парадак» пры ўваходзе ў штаб рэвалюцыі, да вас могуць прабрацца шпікі.
Падвойскі (таксама ўзрадаваны, да ўсіх). Таварышы! З намі Ленін!
Хто сядзеў на падлозе і не адразу сцяміў, з кім пачаў размову Антонаў, падхопліваюцца, акружаюць Леніна.
— Уладзімір Ільіч!
— Вы ішлі па Піцеры?
— Як жа вы загрыміраваліся!
— З намі — Ленін!
— Ура — таварышу Леніну!
Ленін. Таварышы! Кампліментамі будзем абменьвацца пасля перамогі рэвалюцыі. А зараз за справу! (Падыходзіць да стала, да карты.) Што зроблена ВРК за гэты час?
Падвойскі. Намі ўзяты пад кантроль масты...
Ленін. Бачыў я, як яны ўзяты. На адным беразе чырвонагвардзейцы, на другім — юнкеры.
Рах’я. Юнкерскія раз'езды двойчы спынялі нас.
Ленін. Архідрэнна, што цэнтральныя вуліцы пад кантролем урада. Недапушчальна! У нас жа шматкратная перавага ў сілах. Што з вакзаламі?
Падвойскі. Фінляндскі мы ўзялі. Толькі што былі веставыя.
Ленін. Царскасельскі? Варшаўскі? Ні ў якім разе не дапускаць прыбыцця казацкіх часцей з фронту!
Антонаў. Загад пасланы, Уладзімір Ільіч. Чакаем пасыльных. На Варшаўскім наш камісар.
Ленін (паказвае на апараты). А тэлефоны навошта?
Падвойскі. Тэлефоны адключаны.
Ленін (абурана). Як? Да гэтага часу вы не ўзялі станцыі? Недаравальна! Таварышы кіраўнікі РВК! Мы ж з вамі дамовіліся: тэлефон і тэлеграф у першую чаргу ўзяць! Галоўны закон паўстання, неажыццяўленне якога можа дорага каштаваць. Станцыю ўзяць неадкладна! Тэлефоны падключыць! Тэлефоны Зімняга адключыць!
Падвойскі. Тэлеграф узяты. Там камандуе Ляшчынскі. Логвінаў! Тут Логвінаў?
Матрос. Я!
Падвойскі. На крыллях ляці да сваіх! Штурмам бярыце тэлефонную! Толькі далікатна з тэлефаністкамі, а то яны вам наўключаюць.
Матрос. Ёсць — узяць тэлефонную станцыю! (Казырае, шчоўкае абцасамі, паварочваецца.)
Антонаў. Чакай! Перадай свайму экіпажу, чырвонагвардзейцам! І ўсе, таварышы, перадайце... Паўстаннем кіруе Ленін. Ленін — у Смольным!
Галасы: — Правільна!
— Народ павінен ведаць!
— Калі з намі Ленін...
Ленін. Будзем рабіць рэвалюцыю без непатрэбных маніфестацый. Поспех паўстання вырашаюць ваенныя сілы. Хто сочыць за дзеяннямі Керанскага?
Падвойскі. Свярдлоў ад ЦК. І камісары ВРК. Лазімір, Пэтэрсан...
Ленін. Што ў Зімнім?
Антонаў. Апошнія паведамленні. На Дварцовай плошчы з'явіліся юнкеры Паўлаўскага і Уладзіміраўскага вучылішчаў. Перахоплена тэлеграма: прыбыць Пецяргофскай і Гатчынскай школам прапаршчыкаў...
Ленін. Керанскі сцягвае сілы. А мы? Не маем поўнага кантролю над вакзаламі. Яшчэ раз паўтараю: ніводнага контррэвалюцыйнага эшалона ў Піцер не прапусціць! Ці акружаны Зімні? Якія маем сілы ў гэтым раёне?
Падвойскі. Сцягваем лепшыя атрады Чырвонай гвардыі, маракоў.
Ленін. Марудна. Час штурмаваць. Ёсць план штурму? Хто дасць сігнал?
Антонаў. Петрапаўлаўка — святлом ліхтара. Ці ў выпадку туману — «Аўрора» стрэлам гарматы.
Ленін. Тактычныя планы трэба выконваць з ваеннай дакладнасцю! Марыінскі палац і Зімні ўзяць у бліжэйшыя гадзіны! Керанскага і яго міністраў арыштаваць! Таварыш Антонаў! Даручаем гэта вам. Выязджайце да часцей. (Схіляецца над картай.) Пачынайце са штурму штаба ваеннай акругі! Вазьміце яго! Гэта дасць магчымасць захапіць прамыя правады са Стаўкай і штабамі франтоў. Папярэдзьце штабы, што контррэвалюцыйныя часці будуць сустрэты агнём салдат гарнізона і рабочых. Перанясіце ў штаб акругі ваш штаб. І адтуль... адтуль, не са Смольнага — Смольны далёка — камандуйце штурмам Зімняга. І — абавязкова ўзяць банк. Не дапусціць памылкі Парыжскай камуны.
Антонаў. Слухаюся, Уладзімір Ільіч. Таварышы камісары! За мной!
Выходзяць. Уваходзіць Свярдлоў.
Свярдлоў. Уладзімір Ільіч! Мне сказаў Дзяржынскі: Ленін у Смольным. Я не паверыў. Якім чынам? ЦК усяго гадзіну назад паслаў вам дазвол прыбыць сюды.
Ленін (незадаволена). Позна паслалі, Якаў Міхайлавіч. Позна. Маё месца — даўно тут. Члены ЦК у Смольным?
Свярдлоў. Большасць тут. Мы яшчэ раніцою прынялі пастанову: без асобага дазволу са Смольнага не выходзіць.
Ленін. Каму? (Паказвае на Падвойскага і камісараў ВРК.) Ім?
Свярдлоў. Не. Членам ЦК, дзеля іх бяспекі. Керанскі патрабаваў у сваёй прамове ў Прадпарламенце ўсіх арыштаваць — ВРК, бальшавіцкі цэнтр. І ў мэтах аператыўнага збору. Засядае фракцыя з'езда...
Ленін (углыблена вывучае план Петраграда, робіць паметкі карандашом. Падвойскі разумее яго без слоў, ківае галавой, згаджаючыся). Так, так, для бяспекі. Гэта правільна. Людзей трэба берагчы. (І як бы схамянуўся.) Не выходзіць — каб кіраваць фракцыяй? Але спачатку пераможам у паўстанні. Гэта — самае галоўнае на бліжэйшыя гадзіны, а не спрэчкі ў фракцыях. А ЦК збярыце, Якаў Міхайлавіч. Абавязкова збярыце. Мы скончым з таварышам Падвойскім распрацоўку аператыўнага плана, гэта справа неадкладная, і я прыйду. У якім пакоі?
Свярдлоў. У трыццаць першым, на першым паверсе.
Ленін (усміхаецца). Правільна. У гушчы народа. Там, у калідорах, немагчыма прабіцца. (Да Падвойскага.) Мікалай Ільіч! Выводзьце людзей на вуліцу. Ачысціце ад юнкераў раён Смольнага. Ад Ліцейнага нас двойчы спынялі юнкерскія раз'езды. Чаго добрага, яны пачнуць штурмаваць Смольны.
Пустая бакоўка ў дальнім кутку Смольнага. Уваходзяць Ленін і Троцкі. Троцкі нясе салдацкі шынель і невялікую падушку.
Ленін (з вясёлай іроніяй). Дзе гэта, Леў Давыдавіч, вам удалося дастаць падушку?
Троцкі (гэтак жа весела). Вы забыліся, што мы — у інстытуце «благародных дзявіц».
Ленін. Практычны вы чалавек.
Троцкі. Падушка для вас, Уладзімір Ільіч.
Ленін (збянтэжана). Што вы! Ні ў якім разе. Дзякую, што знайшлі гэты пусты пакой.
Троцкі. Падушку раздабыў не я. Стасава. У каменданта Смольнага. Так і сказала: для Ільіча. Нам такі трэба адпачыць хоць гадзіну. Наперадзе — цяжкі дзень.
Рассцілае шынель на падлозе, кладзе на яго падушку.
Ленін (ходзіць па пакоі). Наперадзе — шчаслівы дзень. Дзень перамогі рэвалюцыі.
Троцкі. Так. Безумоўна. Мяне захапляе ваша ўпэўненасць.
Ленін. А я ўсё ж асуджаю вашу пазіцыю. З выступленняў таварышаў у ЦК я зразумеў, чым былі збіты з панталыку... чаму праяўлялі нерашучасць члены ВРК. Вашым і Каменевым выступленнем у Петраградскім Савеце і ў фракцыі бальшавікоў, што ніякага паўстання няма і што да пачатку з'езда ніякага выступлення не будзе. Калі вы ўводзілі ў зман праціўніка пасля таго, як Каменеў і Зіноўеў выдалі план паўстання,— гэта было апраўдана. А цяпер, калі паўстанне пачалося, нарастае... выступаць так перад Саветам, у якім большасць бальшавікоў,— значыцца дэзарганізоўваць людзей, дэмабілізоўваць іх.
Троцкі. Уладзімір Ільіч! Гэта доўгая дыскусія, а нам трэба спаць. Я не лічу сваё выступленне памылковым. Але цяпер я згодзен з вамі, што ўрад трэба арыштаваць да адкрыцця з'езда, каб не даць Керанскаму сабраць сілы.
Ленін. Мне здаецца. Каменеў гэтага так і не зразумеў.
Троцкі (лажыцца на краі шыняля, накрываецца палітом). Кладзіцеся, Уладзімір Ільіч. Калі заведзены, як механізм, не адчуваеш... А лёг — і пачуў смяртэльную стомленасць.
Ленін (спыняецца над ім). Леў Давыдавіч! Вы добры дыпламат...
Троцкі. Гэта камплімент ці папрок?
Ленін. Лічыце кампліментам. Падключыцеся да перагавораў з левымі эсэрамі. Пераканайце іх — вы гэта ўмееце — каб на з'ездзе яны ўступілі ў кааліцыю з бальшавікамі.
Троцкі. Я гаварыў з Камковым. Залішне дыпламатнічае. Перагавару са Спірыдонавай... Але будзе дзень — будуць справы. Кладзіцеся.
Ленін скідае з плеч паліто, сядае на шынель.
Ленін. Так, паспаць трэба. Але гадзінку — не больш.
Троцкі. Рэвалюцыі не праспім.
Ленін. А, ведаеце, маглі праспаць.
Троцкі (смяецца). Пазнаю ваш гумар, знаёмы з Парыжа.
Паўза. Троцкі паварочваецца тварам да Леніна.
Ленін не лажыцца — сядзіць.
Уладзімір Ільіч! У другой палавіне пасяджэння ЦК мы абмяркуем склад урада. Так?
Ленін. Так. Урада і ЦВК. Архіцяжкае пытанне. Урад мы прапануем бальшавіцкі. А Выканаўчы камітэт... Перад выбарамі ва Устаноўчы сход мы не можам не лічыцца з іншымі партыямі...
Троцкі. Я прапаную на пасаду старшыні ЦВК Каменева.
Ленін (перасмыкаецца). Штрэйкбрэхера?
Троцкі. Хто з нас не памыляўся!
Ленін. У правядзенні палітыкі партыі нельга памыляцца! ЦК прыняў рашэнне, а два яе члены... Іх здраду мы адчуваем і сёння. Я буду галасаваць супраць Каменева. І заклікаю таварышаў.
Троцкі (пасля паўзы, цяжка ўздыхнуўшы). У такім разе мы вымушаны будзем выйсці з ЦК і не ўваходзіць ва ўрад.
Ленін (з рашучым гневам). Хто мы?
Троцкі. Зіноўеў, Каменеў, Іофе... Я кажу і ад іх імя.
Ленін (працягла і цяжка маўчыць). Гэта што — ультыматум?
Троцкі (пераможна). Не, гэта даверлівая таварыская размова. Калі хочаце — прапанова кампрамісу. Каменева падтрымаюць дэлегаты іншых партый... Гэтага нельга не ўлічваць.
Ленін (стомлена). Я ніколі не ішоў на такія кампрамісы.
Троцкі (зноў пераможна). Іншы час. Мы—не ў эміграцыі. Мы бяром уладу.
Ленін (перадае Троцкаму падушку). Спіце. А я пайду папрацую. Над дэкрэтамі аб зямлі.
Імкліва паднімаецца. Накідвае паліто на плечы. Выходзіць. Троцкі сядзіць на падлозе. Глядзіць услед Леніну, на твары яго — незразумелая ўсмешка.
Гісторык. Прабыў Каменеў на высокай пасадзе старшыні Цэнтральнага Выканаўчага Камітэта Саветаў роўна два тыдні. У крытычны момант наступлення Керанскага, юнкерскага мяцяжу ў сталіцы і жорсткіх баёў у Маскве Вікжэль (саюз чыгуначнікаў), пагражаючы забастоўкай, ультыматыўна патрабаваў стварыць новы ўрад з удзелам усіх дэмакратычных партый — «ад бальшавікоў да народных сацыялістаў уключна». Гэта значыла.— з удзелам меншавікоў, правых эсэраў і ўсіх тых, што памагалі контррэвалюцыі, Керанскаму. І «бальшавік» у двукоссі — Каменеў, Зіноўеў, Разанаў, Ракаў, Нагін падтрымалі гэтае патрабаванне, выступілі за стварэнне так званага «аднароднага сацыялістычнага ўрада». Меншавікі і эсэры, акрыленыя падтрымкай згоднікаў, патрабавалі спыніць супраціўленне войскам Керанскага, утварыць урад без Леніна і... Троцкага.
Што датычыць Троцкага, то гэта было не што іншае, як тактычны ход. Сам Троцкі і яго сябры рабілі ўсё, каб імя Троцкага звязвалася з Леніным. Такім чынам Троцкаму стваралася папулярнасць у рабочых і сялян.
Ленін, ЦК партыі бальшавікоў рашуча выступілі супраць контррэвалюцыйнага плана згоднікаў. Апазіцыя пагарэла. У гэты раз Каменеў вымушаны быў выйсці з ЦК. На пасаду старшыні ЦВК Ленін прапанаваў Свярдлова.
Пакой Ваенна-рэвалюцыйнага камітэта. Раніца 25 кастрычніка. Камандуюць Падвойскі і яго памочнікі. Звіняць тэлефоны. Снуюць людзі.
Уваходзіць Ленін.
Ленін. Зімні ўзялі?
Падвойскі. Не, Уладзімір Ільіч. Але палац поўнасцю абкружаны чырвонагвардзейцамі, матросамі, салдатамі. Юнкеры выціснуты з Дварцовага моста. Як бачыце, тэлефонная станцыя ў нас. Банк таксама. І галоўная электрастанцыя сталіцы. Толькі што пазваніў Антонаў: заняў Адміралцейства. «Аўрора» падышла да Мікалаеўскага моста. Гарматы яе нацэлены на Зімні.
Ленін. Што думаеце рабіць?
Падвойскі. Мы можам узяць Зімні ў бліжэйшыя гадзіны. Але... біць з гармат па Зімнім... Не магу, Уладзімір Ільіч! Такі помнік...
Ленін (задумліва ходзіць па пакоі). М-да... помнікі трэба зберагчы.
Падвойскі. А потым яшчэ гэтыя жанчыны... Зімні абараняе жаночы батальён... Перастраляць іх?!
Чырвонагвардзеец. Дакаціліся. Прыкрываюць сябе бабамі.
Ленін. М-да... Гэта апошняя нізасць Керанскага.
Падвойскі. Я прапаную прад'явіць ураду ультыматум.
Ленін. Былому ўраду. З гэтага моманту дзяржаўная ўлада знаходзіцца ў руках Ваенна-рэвалюцыйнага камітэта. (Перадае Падвойскаму ліст паперы.) Прачытайце. Падпішыце гэты гістарычны дакумент. І дзейнічайце, таварыш Падвойскі, з усёй адказнасцю за паўнату ўлады, якую вы ўзялі ў свае рукі.
Звініць тэлефон. Матрос перадае трубку Падвойскаму. Той моўчкі
выслухоўвае.
Падвойскі (Леніну). З Дварцовай плошчы. У Зімні прайшла машына амерыканскага пасольства. Пытаюць: што рабіць?
Ленін (адрываецца ад паперы). Амерыканскага? Няма сумнення: сусветная буржуазія шукае магчымасць, як уратаваць свайго стаўленіка. Не выключаю, што на гэтай машыне ўцячэ Керанскі.
Камісар. Не пакіне ён Зімні. У яго многа гонару.
Ленін. Гонар у чалавека, які гнаў на смерць мільёны людзей, які ўвёў смяротную кару? Не, у буржуа няма гонару! Але... таварыш Падвойскі, дайце... абавязкова дайце ўказанне: пасольствы ахоўваць, пасольскія машыны не спыняць! Нікому не даць падставы кінуць цень на сацыялістычную рэвалюцыю, на пралетарыят.
Падвойскі. Раённым РВК такое ўказанне дадзена. Імкліва ўваходзіць маладзенькі чырвонагвардзеец.
Юнак (ад дзвярэй, па-дзіцячаму шумна). Хто тут галоўны?
Падвойскі. А ў чым справа, таварыш?
Юнак. Тэлефонную станцыю мы ўзялі, а тэлефаністкі хочуць абвясціць забастоўку. Іх двое сутак не кармілі.
Ленін (Падвойскаму). Мікалай Ільіч! Хто ў нас займаецца харчаваннем? Мілюцін? Я напішу вам, таварыш, запіску. Тэлефаністак накарміць абавязкова. (Хутка піша. Перадае чырвонагвардзейцу.)
Юнак (з цяжкасцю, амаль па складах, павольна чытае). «Падацелю сяго адпусціць пяцьсот буханак хлеба... два мяшкі цукру, два фунты чаю. У. Ленін». (Страшэнна здзіўлены.) Ленін? Вы Ленін?! (Паварочваецца, па-хлапецку падскоквае. Адчыніўшы дзверы, крычыць на ўвесь Смольны.) Таварышы! Ленін! Тут Ленін! У мяне пісьмо Леніна! Ленін (пасміхаецца). Наша будучыня.
Ленін, Свярдлоў, Падвойскі ў суседнім пакоі ля тэлеграфнага апарата. За апаратам — матрос.
Ленін (Падвойскаму). На «Аўрору» пашліце пасыльнага. Каб перадалі зварот па радыё. (Да тэлеграфіста.) Перадавайце... па ўсіх лініях. У Маскву. Ва ўсе губерні. Фронту. Усім. Усім. Дыктую. «Да грамадзян Расіі!
Часовы ўрад звергнуты. Дзяржаўная ўлада перайшла ў рукі органа Петраградскага Савета рабочых і салдацкіх дэпутатаў — Ваенна-рэвалюцыйнага камітэта, які стаіць на чале петраградскага пралетарыяту і гарнізона. Справа, за якую змагаўся народ: неадкладная прапанова дэмакратычнага міру, адмена памешчыцкай уласнасці на зямлю, рабочы кантроль над вытворчасцю, стварэнне Савецкага ўрада, гэтая справа забяспечана.
Няхай жыве рэвалюцыя рабочых, салдат і сялян!»
Стук мноства тэлеграфных апаратаў. Паволі іх заглушае музыка «Інтэрнацыяналу». Яна нарастае.