* * *
Час-
Рахманы, бясстрасны,
натурысты дзед —
Канаваў гаспадарна
(Прыняць бы з пакорай):
За агульным сталом нам
Не поруч сядзець,
Каб увагу сваю аддаваць тым,
Хто поруч.
Нам змірыцца б...
І мірымся, —
Да пары, да красы,
Што бязлітасна тлум і самоту авесшць! —
І сальюць нашы смуткі свае галасы,
І хіснецца зямля ад суладнейшай пеоні!..
І забыта, знябыта, знепрытомнена дзесь
Тое рэха, што заўтра непазбежна паўторыць:
«За агульным сталом нам
Не поруч сядзець».
А й яны хочуць душ нашых,
Тыя,
Хто поруч...
ОДА ДЗІВОСНА ПРЫГОЖАМУ ЧАЛАВЕКУ
Сымону
Існуе ж хараство!.. Як на ікону,
Так і глядзела б на цябе да скону,
Не заўважаючы ваколля, часу -
Ва ўладзе неўгаданейшага шчасця
Наяве анынуцца раптам сведкай
Гармоніі невераемнай гэткай
Духоўнага і вонкавага, –
мусіць,
Такі адзіны ты на Беларусі!
Бо цуд, каб часты быў, не зваўся б цудам.
Відаць, ніколі з памяці не збуду
Прадоннай, засяроджанае плыні
З вачэй тваіх, нібы валошкі, сініх,
Такіх сінюткіх - аж безабаронных
Пры смолі валасоў рассераброных!
Нібы крынічку, не стамлюся слухаць
Бянтэжлівасць усмешкі, годнасць рухаў,
Усё тваё прыўкраснае аблічча,
Сагрэтае, ажыўленае знічам
Душ волелюбных нашага народу,
Якім –
ты – знак таго –
не будзе зводу!
1985
* * *
Былі словы, як шолах травы...
Вам сёння скажуць шмат харошых слоў,
Для гэтага ёсць не адна прычына.
Прыйду і я — цераз маіх паслоў:
Світальны вецер, зорку, аблачыну.
Калі натоміць Вас бяздарны дзень,
Бясконцым здасца доўгі шэры вечар —
Да золкай шыбы лёгка прыпадзе
І Вас аклікне мой світальны вецер.
І вы тады расчыніце акно,
І мова ветру будзе зразумета:
Утканы ў долі Вашай палатно
Усе калёры залатога лета.
Павольна пройдзе ў Вас над галавой
У час той аблачына, ціха скажа:
Мінецца морак, як мінуцца ёй,
І зноў пагодна будзе ў небе Вашым.
Там вечна зорцы лучнасці цвісці,
Той лучнасці з зямлёй, з сябрынай, з песняй,
Што памагае па жыцці ісці,
Што не дае душы прагоркнуць плесняй.
...Вам сёння скажуць шмат харошых сдоў.
А свята — нібы пяцьдзесят аерын...
Я аддаю Вам трох маіх паслоў —
На шчасце, і на сілу, і на веру!
1981
* * *
Я з Вамі развіталася. Даўно.
Хай ні мяне, ні Вас не ашукае
Спазм хвалявання, што яшчэ сціскае
Мне горла пры сустрэчы:
Вы са мной –
Як зорка дальняя, якой не маю,
Але чыё святло ўсё дападае...
Я з Вамі развіталася. Даўно
1976
* * *
...I прыпасе нялёткае імгненне:
Зноў змрочна, глуха.
А ты не маеш права на сумненне,
На стому духу.
Не маеш права ты ў нявер'і горкім
Шукаць прычалу, —
Не прабачаюць здраду нашы зоркі,
Не прабачаюць.
1977
* * *
Алесю Разанаву
ў дзень 50-годдзя
Прымі, зямляча мілы, віншаванне!
Ажно губляюся, што пажадаць:
Ты так бліскуча творчым шчыраваннем
Умееш земнаванню сэнс надаць!
А што патрэбна чалавеку болей
Тут, у марноцці скрушлівым юдолі?!
Не прагнеш ты пустога барыша.
Будзь блаславёнай век,
Прамень-душа!
3 снежня '97
СТУДНЯ
Піць.
Не толькі вуснам.
Сэрцу піць.
Кожны сам сваю капае студню.
Дзе ж мая крынічка спіць?
Важкі, вязкі глей далоні студзіць.
Піць.
Каб не адной.
Яшчэ кагось,
Шчэ адну хоць
Блізкую мне душу
Напаіць з калодзежа майго.
Да крынічкі я дабрацца мушу!
Уздыхну, шчаслівая, тады,
Праз гады дарогу пацалую,
Прыпаду да ломкае вады,
Смагу наталю.
I... засмуткую.
РОСПАЧ У ВЯЧЭРНІМ АЎТОБУСЕ
Уздрыгваюць ссутуленыя плечы...
Сутоніцца, і лівень на двары
Панура, утрапёна ў шыбы плешча,
Зняверыўшы пагодныя дары, —
I ты —
Рыдаеш, змоглы і стары...
Удаль дарога ўпоцемках пралегла,
Бяжыць аўтобус па дарозе ўдаль,
Дзе ўсё ў вузёл раздратавання збегла:
Рух, і лятунак, і нясцерпны жаль...
Бяжыць аўтобус,
I жыццё прабегла.
Навідавоку ў маладосці дзёрзкай
Ёсць што аплакаць вопыту твайму.
...I шлях, і слота — сцэнай бутафорскай
Пякельнасці небутафорскіх мук, —
I палагодзіць іх
Няма каму...
1984
* * *
Ядвізе Адамаўне
Рымашэўскай-Шмідт-Ноак
І на чужыне-чужыне,
Што сталася жыццём і лёсам,
Вам, светлая душа, далося
Не ўтравянець, не ўкамянець,
А –
і ў бядзе –
важкім калоссем
Спагады, дабраты звінець.
Хай не слабее сіла духу,
Не цьмяцца зыркія агні
Душы і сэрца:
моцы, руху,
Неадзіноты, цеплыні!
9 снежня '97
* * *
Вечар задуменна
Сеў каля дзвярэй.
Аказаўся вечар
Раніцы мудрэй.
Згінула няпэўнасць,
Знаю, што чакаць.
Ад слязы бяссільнай
Высахла шчака.
Хай вам светла будзе,
Усім, каго люблю!
Промнем вечаровым
Смутак спапялю.
Свет такі адзіны,
Дык чаго ж яшчэ?
Чарадою птушкам
Весці лёт
лягчэй.
Шляху немінуча
Сонцам набракаць.
Прагай скрыжавання —
Да рукі
рука.
І не размінуцца...
Травы ці ў расе?
Задуменна вечар
Пад дзвярыма сеў.
1975
ЛЯ БЕЛАГА ВОЗЕРА
Уладзіміру Васілевічу
...I ўскіне возера, ускалыхне
З таемнага прадоння белы ранак.
Мой светлы друг!..
Вялікшае, што мне
З вялікшых радасцяў наканавана.
Мой шчодры друг!..
Адзінае, над чым
Уладны тлен не будзе мець улады,
Калі, як скнара, возьмецца лічыць
Па мне маю
за права дыхаць
плату.
Усё ягоным будзе, нат пітво
З кастальскае крыніцы, нат маўчанне.
Без намагання толькі вобраз твой
Узмые горда з рук яго кашчавых.
Калі ж пад восень кіне цераз луг
Дарогу месяц, выштукуе срэбрам,
Я і з нябыту ўбачу: ты, мой друг...
Душ знітаванасць...
Хваль азёрных грэбні...
1974
ВАСІЛЁК
Само лета ў імені тваім,
Само лета.
Цэлы лёс наш аказаўся ім
Абагрэты.
А высокай радасці куток
Не абжыты...
Ходзіць хваляй, чыстай і крутой,
Поле жыта.
Расхінуцца раптам каласы —
Проста ў вочы
Таямніцай смутку і красы —
Васілёчак...
Столькі лета ў імені тваім!
1977
СВІТАННЕ
Тамары Кузняцовай
Няўжо быў морак і грымоты? —
Блакіт прасушвае крыло.
I ты са мной —
сама пяшчота,
I ты са мной —
само святло.
Сачу здзіўлёна, як світае,
Як соладка ўва мне трымціць
Танюсенькая, залатая
Жаварановачкава ніць.
Сама з сабою шчэ не ў згодзе:
Было ўжо добра й пры сычах...
Нашто мне сонца, што ўзыходзіць
З-за ўтульнага твайго пляча?
Ці выдужаю шчэ раз потым,
Як вызірне і ў гэтым тло?
А ты са мной — сама пяшчота,
А ты са мной — само святло...
1987
* * *
Сяргею Панізніку
...I любасць белаю лілеяй
Усходзіць з хваль саракавых...
Няхай давеку не мялее
Крыніца радасцяў тваіх,
Турботаў, клопатаў вясновых.
У долі шчодрая рука:
Ужо не спустазеліць слова
Тваё
ў палях Мацерыка!
Травень, 1982
ЗАЛАТАЯ ДЗІДА
Валянціне
Тваё жыццё і праўда - як прадвесне,
Калі зіма змагаецца з вясной,
Калі нябёсаў жаўрукова песня
Ледзь выжывае ў золі снегавой.
І немач цела, і зямныя страты,
І марны пошук праўды на зямлі, -
Як сіляцца яны твой дух за краты,
У гіблы лёх адчаю пасяліць!..
І як бы йшчэ, якім бы чынам-дзівам
Убараніцца ад бяды ён змог,
Калі б не той святоўны абярог -
Тваёй любові залатая дзіда?
5 красавіка '97
* * *
...Трапечаш між людзьмі —
Ліст у лістве густой.
Расіначку садзьмі —
I ліст ужо не той.
I ўжо інакшы свет,
Інакшы ў часу твар.
Пакуль ты у лістве,
I ты —
яна, ліства.
У слотнае радні
I ўсмех свой, і правы.
...Чуць, як лістком адным
Балюча
куст жывы...
1976
РАНДО ДЛЯ МАР’І НОВІК
Вось і для верша ёсць прычына,
Яна зусім навідавочку:
Касіла Мар'я канюшыну
У Ярашэўскага ў садочку.
Каітнелі ружы і вяргіні.
Ступала быццам па шнурочку
Адважная касінярыня
У Ярашэўскага ў садочку.
Пракосы ж клаліся крывенька...
Касіла Мар’я аж да ночкі,
Аж покуль конік не заценькаў
У Ярашэўскага ў садочку.
Зацёхкаў конік, як салоўка...
І села Мар'я ў халадочку,
Схіліла гожую галоўку
У Ярашэўскага ў садочку.
Залюбавалася міжволі,
Хоць і зажурваліся вочкі:
"Няўжо не буду больш ніколі
У Ярашэўскага ў садочку?.."
Душы не кратай, паняверка,
Сумненні, адбягайце ўпрочкі:
Яшчэ паходзіць касінерка
У Ярашэўскага ў садочку!
3 вечара на 14 жніўня '97,
Гота (Цюрынгія)
* * *
Памяці
Леаніда Якубовіча
Я — камень, кінуты ў раку.
Кругі, расходзяцца кругі,
Усё шырэй, шырэй, здаецца.
Ды раптам зыркне бліскавіца,
I ўжо не вочы ўбачаць — сэрца:
Усё шчыльней, шчыльней кругі...
1970
* * *
На магілу
Леаніда Якубовіча
Вечна поруч...
«Дзень добры, Ніна!
Нешта ты, сяброўка, прымоўкла...
Як там маецца вёска Нівы?
Што пяе канал тваім вокнам?
Так даўно не пісаў... Даруй мне.
Гэткі час нейкі быў няпэўны.
Несці радасць люблю, як дарунак,
А з нягоды нягода, пэўна ж?
А было не зусім вясёла:
То адно не ў лад, то другое.
Людзі, ведаю, не анёлы,
Толькі гэта сэрца не гоіць...
Можа, трэба было б іначай?
Можа, трэба не так хваравіта?
Ды, відаць, мне ўжо лёсам прызначана
Подласць біць і быць подласцю бітым.
Я, здаецца, завёў пра сумнае...
Чапялою мяне, чапялою!
...Знаеш, Нін, толькі хмара насунецца,
Завіруюць сняжынкі роем —
I прыгадамі ўжо прыкованы,
Як дзікун да агню святога,
Да сустрэчы той невыпадковае,
Дзе звяло нас СП ці Богам!
Што чуваць у сяброў нашых, Ніна?
Мо пашчасціць — летам збярэмся.
Нізка кланяюсь вёсцы Нівы
I тваёй любімай бярэзінцы...»
За акном бяззорна і нема,
Ноч — як чорная штольня шахты,
Дзе разбілася яснае неба
У тваю апошнюю вахту.
Вёска Нівы спраўляе вяселлі,
Вёска Нівы спраўляе радзіны.
Што ніколі яе аселіцы
Больш не стрэць цябе —
страшна, дзіка.
Перадушаны крык маўчаннем
У душы — як сізіфаў камень.
У кожнай пошце няўцямна вачамі
Ад цябе ліста ўсё шукаю...
1970
СУХМЕНЬ, 1979
Цяпер, калі ўсееўрапейская спякота
З неміласэрнай сілаю сягнула
З нябёсаў высквараных і сюды,
На старану палескую маю,
У дольных водах некалі купаную, —
Цяпер яна жадна глытку вады.
Як дзіўна: гэту смагу
Непрыспанаю
Нашу ў сабе ўсе помныя гады.
Мяне ў дарозе —
У любой —
Заўжды —
Да чыстага калодзежа цягнула.
НАМ ВЕЧНА ЧАСУ НЕ ХАПАЕ
У калатні, у мітусні,
У спраў пад цэзарскай уладай,
Калі сабе самім не рады —
Тады начамі любых снім.
Няпэўны, хісткі човен-сон,
Як да зямлі абетаванай,
Шчаслівых нас, усхваляваных,
Нясе ў рэальнасць галасоў,
Абліччаў, родных назаўжды,
Адметных сілаю прыўкраснай, —
I ім, адзіным, наша страснасць,
Тыранства дум і мары дым.
...Усё ў чаканні берагі,
Якія ўрэзаліся ў памяць.
Чаму нам часу не хапае
На самых блізкіх, дарагіх?
1971
* * *
Адыходзяць мае беларусачкі,
Адлятаюць дзяўчаткі...
Як цнатлівыя краскі,
Што толькі да траўня свайго дажылі,
Толькі шчыра ўсміхнуліся роднай зямлі —
I няма,
I знікаюць,
Пакідаючы нам толькі згадкі.
Толькі цень свайго побыту:
Шпільку, хустачку, чаравічак,
Рэха смеху ці песенькі,
Вобліку ўяву...
Божа Ласкавы, не адрынь,
Прыгарні да сябе
Нашых знічак!..
Хай набудзецца ім,
Колькі схочацца,
У Тваіх іншасветах;
Хай да шляху далейшага іхняга
Шчодра прыточыцца
Радасці
За ўсю скруху
Непавянчанага з імі
Беларускага лета...
1991
СЯБРЫНЕ
Не знадзейвайся. Перажыві.
Хоць якая, ды ёсць патоля:
Намарозіць радня па крыві —
Адагрэе радня па долі.
Скруха — зашмаргай... Перарві.
Ёсць лагода на боль, на скруху:
Адрачэцца радня па крыві —
Паратуе радня па духу.
Праўду гэту — як ёсць — прыві
Да сцяжыны далейшага руху.
Будзь здарова, радня па крыві.
Будзь бяссмертна, радня па духу!
1985
ТАЯ ЎСМЕШКА
А. Д. Кушчынай
Праўду кажуць, што ўпоцемках доля брыдзе,
Бо не раз і не два спатыкнецца,
Хоць магічны ліхтарык даецца —
Тая ўсмешка, якая на вуснах цвіце,
А карэніцца ў саменькім сэрцы.
Як багата людзей умурована ў змрок
Страху, злосці або нараканняў,
Ні сабе, ні камусьці ў блуканнях
Не пасвецяць ні поблізу, ані здалёк,
Пераслеплыя да шкадавання.
I як мала, як мала між люду такіх,
Хто ва ўласнай хадзе па выбоях
Зберагае, як найдарагое,
Чысты вогнік свайго міласэрдзя да ўсіх,
Сам аж свеціцца хто дабратою.
Але вось ён, нябесны ці дар, ці заклён:
Покуль ляжаш грудочкам пад сосны —
Аддавайся жыццю светланосна!
I цвіце тая ўсмешка, якая спакон —
Знак абранасці тайнай, дзівоснай.
1989
ПАМЯЦІ РАМАНА
- Ты клікала мяне?
- Прыгадвала цябе.
Сказала,
Што мне яшчэ ні разу ты
Не сніўся...
Не падыходзь так блізка:
Цябе ж ужо няма,
Ты ж у магіле!
- Ты памыляешся: Усе мы ёсць.
I ўсе мы тут.
- Не падыходзь.
Не датыкайся!
...I пракідаюся ў спалоху.
Кужэльнае святло світання.
Уласны мой пакой.
Тыгр цацачны з разумнымі вачамі
I кнігі на паліцах.
Спакой і ціша.
Нікога.
Але —
Зачыненыя нанач дзверы —
Прачынены!..
Але —
Шчака мая гарыць
Ад пацалунка!..
1989
ПАМЯЦІ ФЁДАРА МІХАЙЛАВІЧА ЯНКОЎСКАГА
Бываюць душы — светлата сама,
З нялёгкім конам — цемнату адпрэчваць.
Вас Беларусі выкахала Вечнасць,
Але ў гурмы пытаць пра Вас — дарма:
Не ведае, не прыгадае Вас,
Таго, хто так нямодна, далікатна,
Нястомна ў час, да ганьбы духастратны,
Вялічыў дух* каб ён ушчэнт не згас,
Каб выспявала, як зара, пара,
Калі на мову сэрца і служэння
Высока зашугае ўспалымненне
I бел-чырвона-белага кастра.
Калі, стваральнай мудрасцю жывы,
Згартуюць люд Асвета, Памяць, Веры.
...I недзе там, у яснасяйных сферах,
За свой народ усцешыцеся Вы!
1991
БРАНЗАЛЕТ
Марыі
...I пакорна белую хусцінку
Перад тым, што сталася, ўзняла.
Не пярсцёнак на руцэ — пласцінка
Шчыльненька запясце абняла.
Медны цуд камп'ютэрнага веку —
Зелянкава-жоўты бранзалет,
Ад усіх занемаганняў лекі:
Покуль носіш — будзе ўсё як след!
- I галоўцы не балець ад жалю?
- I адчаю сэрцайка не джаліць?
Ах, не зразу белую хусцінку
Перад тым, што сталася, ўзняла.
Тонкай змейкай меднай пласцінка
Тонкае запясце абвіла.
1989
ПАМЯЦІ ЖЭНІ ЯНІШЧЫЦ
Мая ж ты назяблая кнігаўка, горкая каня,
Бязрадная птушка бязраднай палескай старонкі!..
Пранізлівым крыкам зайшлася душа твая трапяткая—
I вырвалася з невыноснай ужо для яе абалонкі...
Мая ж ты трысцінка з да жалю ранімага роду,
Як жорстка, ласкавая, ты долі і людзям сказала,
Што гэтага свету, што гэтага згубнага лёду
Самоты і скрухі няўгойнае ты не прымала.
Ад догмы ці зайздрасці крыламі не ўбараніцца.
Да расчужання, да самазнішчэння звыкаем...
Ці праўда, што ўжо не пакутуеш ты, сястрыца?
Трысцінка, трагічная птушка трагічнага краю...
1988
У ВЯНОК ЛЮБЕ
* * *
Твая істэрыка раздратавання
Пры возеры, пераплываным мною,
Калі цябе жахае, што жывою
Мяне прадонне ўжо не верне,
Не! —
Твой лямант
Зноў і зноў мяне ратуе ў цяжкім сне...
Няўжо і там,
I за мяжою невяртання,
Табе так страшна плачацца
Па мне?..
* * *
Знаёма-новы,
Ледзь абжыты дом.
Мне абжываць яго.
I ты
Заходзіш.
Не прывідам —
Жывая.
Пытаешся, ці я ўзяла вазон —
Без кветкі ў хаце
Як без гаспадыні...
З патайным хваляваннем
Я дзялюся
Арэхамі з табой.
I ты ўсміхаешся, бярэш...
А неўзабаве
Цябе схаваўшы похапкам за дзверы,
Аўтобус,
Перапоўнены людзьмі,
У пільную дарогу вырушае.
Праз шыбу шэрую
Твая відаць мне постаць.
Ды ты ўжо не звяртаеш
Увагі на мяне.
Сачу шчымліва,
Як прападае ў далечы
Аўтобус...
Вяртаюся ў той звычна-новы дом,
У ледзь абжыты:
З краю на стале —
ТАБОЙ ПАКІНУТЫЯ
МНЕ АРЭХІ...
* * *
...Усе задумы, словы, крокі, сны —
Яны не абрываюцца труною:
У душах блізкіх ядрацца яны
Неўразумелай, жорсткаю віною.
А свет — ранейшы?.. I не той, і той:
У кожнага свой смех і свае слёзы.
Атаву спеліць позні травастой,
I кнігаўкі крычаць ў апошніх лозах.
Усё, як пры табе. I я сама
У клопатаў ранейшых у палоне,
Як пры табе. Але цябе — няма,
«Няма й не будзе...» — сэрца захалоне.
Дык што ж такое, гэтае жыццё?!.
Я азіраюся: твой сын малодшы
На ўзмежжы, колючыся аб асцё,
Збірае ў жменьку цёплыя валошкі...
1974
ТРЫ ПЕСНІ
Колькі песень ты, мамачка, некалі ведала — мора!
Калі рэдка спяваецца,
мусяць яны забывацца.
А тры песні твае
не канчаюцца нават і ў горы:
Песня працы,
Яшчэ — песня працы,
I зноў — песня працы.
1974
РУКІ МАЦІ
Як соладка спіцца
У роднай хаце,
Калі пасцель табе
Слала маці.
Як хораша ранкам
Прачынацца,
Калі да сняданка
Будзіць маці.
Як рупна сонца
З паўдня прыпякае,
Нада мной узнятае
Матчынымі рукамі.
Ператомлена ўздрыгваюць
Рукі маці:
Як кара, шчасце
Неба трымаць ім!
На крокі твае,
Як на песню,
Галаву ўзнімаю.
Пакуль іх чую,
Мне жыць не страшна,
Мама.
1977
КАЛЫХАНКА МАМЕ
Быць разам выпадае нам так мала.
Забудзь трывогу вечную сваю,
Прыляж, мая натомленая мама,
Як некалі ты мне, табе спяю.
Задрэмлюць веі над вачыма карымі —
Не дам упасці й парушынцы я.
Сустрэнься ў сне з сабой, мая ласкавая,
З вясной сваёю, любая мая.
Хоць кропля з абяцанага нам маем
Збываецца праз мулкія гады.
Прыляж, мая даверлівая мама,
Спяю табе, як мне спявала ты.
Задрэмлюць веі над вачыма карымі —
Не дам упасці й парушынцы я.
Сустрэнься ў сне з сабой, мая ласкавая,
З вясной сваёю, любая мая.
Любоў нябёсы над табой трымае,
Любоўю зораць дні ў тваім акне.
Прыляж, мая усмешлівая мама,
Спяю табе, як ты спявала мне.
Задрэмлюць веі над вачыма карымі —
Не дам упасці й парушынцы я.
Сустрэнься ў сне з сабой, мая ласкавая,
З вясной сваёю, любая мая.
ПАЭМА ЖНІВА
Ляжыш на канапе, што раптам зрабілася лаваю.
Васковая свечка гарыць у цябе ў галавах.
І рукі твае спрацаваныя, рукі ласкавыя
На грудзях — як два перавяслы на полі жніва.
Дажала, матулечка, вось ты, матулька, й дажала
Усе свае болі, маркоты і ўцехі свае.
І рукі на грудзях так ціха, спакойненька склала,
Што дзецям тваім іх аплакаць і слёз не стае...
Васковая свечка паколі гарыць — дагарае.
У слоік з ячменем сыходзіць счарнелая ніць.
Хіба ж ты, матулька, была ўжо такая старая,
Настолькі старая, што ўжо расхацелася жыць?!
Ляжыш, прычасаная, ўбраная, як на вялікдзень.
І ў печы пячэцца твой белы — наш чорны — пірог...
Устань жа, галубка, устань, мая зорачка, выйдзі
Хоць глянь,
колькі люду сабраў твой зычлівы парог!..
Устань, мая родная, ты ж на дасвецці ўставала,
А гэта ж — паглянь толькі! —
сонца пайшло на заход...
Усмешкай людзей прывітай, як заўсёды вітала,
Няхай не стаяць так журліва ля нашых варот!..
Ой, мылі, ой, мылі крылмі вокны чорныя вораны!
А ты і тады ўжо маўчала, амаль як цяпер...
Што плавіла ты ў гэтай моўчы аддаленай горане?
Мо бачыла зорку дзявоцтва, што ўпала ў аер?
Усё нешта складвала, згортвала, — ні на хвілінку
Не ведалі рукі спачыну і ў злічаны час...
Ты ж, мамачка,
з кожнаю птушачкай, з кожнай зялінкай
Умела гукнуцца, — чаму ж не азвешся да нас?!.
Цябе ў маладосці, было, каралеваю звалі.
Знімі чорны смутак з сівога свайго караля!..
Ты ж, мамачка, гэтак любіла і кветкі і далі.
Паглянь, як — ажно да рыдання — красуе зямля!..
Навошта ўсё гэта?.. Куды гэта?.. Лапкі яліны...
Вянкі... Каснікі... Дамавіна...
Каму — дамавіна?..
Вясковая чорная вуліца... Людзі... Літанні...
Магіла... Аркестр... Пахаванне...
Чыё пахаванне?..
Потым цётка бярэ жменьку жвіру сырога з пагорка.
Просіць маму
з дзяцей сваіх зняць смутак цяжкі ды горкі...
А потым—сталы, на сталах—каша, боб і капуста...
Памінанне... Кароткія пацеры...
Няўцямна і пуста...
Ой, ляцела зязюленька
Цераз круту гору.
Пасеяла пшанічэньку,
Выжала палову.
Ой, навошта ж мне палова,
Як зерня не маю?
Ой, нашто ж мне жыць на свеце,
Як мамы не маю?..
* * *
Стала цёмнай цямніцай былая святліца...
І сніцца:
Апраметная цемра над хатай, над садам —
Нібы сонца на свеце зусім не было...
Злавесныя бліскаўкі за даляглядам
Толькі болей згушчаюць чарноцця сіло.
Я — пад нейкім скляпеннем. Я моўчкі блукаю
Паміж ложкаў, насілак, між хворых, калек.
Я маўкліва шукаю.
Я маму шукаю.
Пасярэдзіне залы — стол. На гэтым стале
Спісы. Доўгія спісы ўсіх тых, хто загінуў;
Хто без вестак прапаў;
Хто застаўся жывы.
З краю — шчэ адзін спіс пад засохлай галінай:
«ЭРЭТЭК»... «ЭРЭТЭК»...
Ён не йдзе з галавы,
Дзіўны спіс «ЭРЭТЭК»...
Я не знаю, што значыць
Гэта слова. Не ведаю. Толькі мяне
Аж калоціць усю ад бязгучнага плачу:
Гэты спіс шыфраваны
спісу мёртвых страшней!..
І не моўчкі, а з крыкам ужо, з кулакамі
Я кідаюся на
нейкі цень, на
абрыс
Нейкай здані, якая і маму —
і МАМУ! —
Хоча ўнесці ў той спіс...
Там адзначаны, хто падлягае знішчэнню, —
Хто жывы, ды ўжо гэта не мае значэння...
А мяне адпраўляюць у іншую залу.
Я іду, маладая, прыгожая.
Мне
Тая здань з нейкан дзіўнай усмешкай сказала,
Што маму маю не кране...
Маладую, прыгожую, у паняверцы
Зноў мяне невымоўны мой смутак вядзе
З заміраннем зняможаным ціхага сэрца
Углядацца ў абліччы і твары людзей.
Іх тут безліч — такіх маладых і прыгожых! —
Гаманкі і гуллівы —
Жахлівы засеў:
Бо ўжо ведама, ведама мне, о мой божа,
Гэта — мёртвыя ўсе!..
І сама ўжо —
І гэта таксама я знаю —
І сама я хаджу сярод іх
Нежывая...
У сляпым, у раптоўным пякельным кастры
Спапялелі ўжо ўсе, і радня, і сябры...
У жывых толькі недзе мой брат і сястра:
Як ім выжыць, як жыць пасля ГЭТАКІХ страт?!
Дзеці ў ранах, у язвах, у страшнай каросце...
ШТО
пра нас дзеці думаюць там,
Пра дарослых?..
...Я расплюшчваю вочы.
На змятай падушцы
Грае сонечны зайчык.
За сцяной галасы.
Мне нядобра. Калоціцца сэрца. Мне душна.
Вокны песціць лагодай высокая сінь.
Пад нагамі зямля. Дол — адзіны навек.
А ў гарачыя скроні —
«ЭРЭТЭКІ..»
«ЭРЭТЭК!.. »
* * *
Упіўся козак, упіўся,
З дарожанькі збіўся,
Вараному коню
На грыўку схіліўся.
Ой, бяжы ж ты, коню,
У чыстае поле.
Ой, там сіраціна
Пшанічэньку поле.
Пшанічэньку поле,
Куколь вырывае,
Вараному коню
Пад ногі кідае...
Памажы мне, песня, акрыяць...
Там, за летаў лёткай чарадою,
Можа, ўбачу маму маладою,
Бацьку маладым убачу я:
Быстрага русявага хлапца
З яснымі блакітнымі вачыма,
Гнуткую чарнявую дзяўчыну —
У касе сцяблінка чабраца...
На пясках спануранай зямлі
Што было ў іх? Беднасць ды сіроцтва.
Што было? Юнацтва ды дзявоцтва.
Ды надзеі з марамі былі.
Не пазнаю кута, дзе ўзрасла,
Але ў шолаху лістоты ўчую
Бацькаву і матчыну вясну я,
Галасы журлівага святла...
...Цені перадсвітання
Так глыбока ў траве заляглі...
«Гэта ж песня — каханне.
А жыццю трэба хлеба, зямлі...»
Поўнік — вехцем саломы,
Растрывожана пахне аер...
«Я змагу! Я ж не ўломак!
Ты толькі чакай, ты — павер!..»
Залатой прыпарошай
Сыпле й сыпле жаўронак на ўсход...
«Зараблю-такі грошай!
Ці ж збаюся казённых работ?!
А не выйдзе... Што ж, любая,
Не ўпікну я ні словам нідзе,
Як хтось іншы да шлюбу,
Шчаслівейшы
цябе павядзе...»
Як пяшчотна вішанька цвіла!..
Мама, мама! Недарэчна, мусіць,
І пытацца, ці ў сваім замустве
Сапраўды шчаслівай ты была.
На тваім вясельным ручніку
І сягоння галубы туркочуць,
Што бярэцца сонцам свет сірочы,
Як каханне падае руку.
І казалі, бачачы цябе
У рабоце і ў гулянні, людзі:
— От каго ўжо доля шчыра любіць, —
Трэба ўдасца ж гэткай харашбе!
І ў руках яе — усё гарыць,
А і з твару — хоць вады напіся.
І каму ўжо, як не Мацяшысе,
І спяваць, як птушцы на зары;
Падрастаюць дзеткі, і мужык
Працавіты, добры ды талковы...
Мама, мама! Дзе яна, падкова
Шчасця-долі, на якой мяжы?
Мук жыццё адважвала спаўна.
Ты ж спявала, хоць душа балела.
Не магла інакш ты. Не хацела,
Каб пакута ўсім была відна.
Мацяркам бо вечна што пячэ?
Каб адно былі ў здароўі дзеці,
Каб адно было спакойна ў свеце, —
Большага чаго жадаць яшчэ?
Леты-зімы — вірам-мітульгою...
Ні таго здароўя, ні спакою...
Што чакае за крутой гарой —
Выявіцца толькі на вяршыні.
Птушка лёсу ўсё кругі вяршыла —
З паднябесся да зямлі сырой...
Як жыццё любіла, мама, ты,
Як яму ты радавацца ўмела!
Ты для ўсіх, як зорачка, гарэла
Між будзёншчыны і гаркаты.
Успаміну светлы каласок:
Ты вяртаешся таропка з поля,
Малачай ды лебяда ў прыполе,
А ў руцэ — рамонкі для дачок...
Пад замкамі для цябе была
Азбука і мудрасць кніжных ісцін.
Поўнілася ты, як сокам лісцік,
Мудрасцю саўдзелу і цяпла.
Што вы з бацькам тут ні зажылі!..
Але вечна помнілі пра тое,
Што павага — самае святое,
Бо людзей з нас лепіць на зямлі.
Праз усё, што наканоўваў час,
Праз надзей змярканні і дасвецці,
Праз крывавы пот і боль па дзецях
Вас вяла, трымала любасць вас.
Гэткіх душ не пакалечыць быт!..
І ў мяне ад вас перакананне,
Што адзіна праца і каханне
У жыцці апірышча і шчыт.
Хоць з гадамі ў голасе тваім
Болыпала зажурынкі, матуля, —
Голас твой — і суд мой, і атулле,
Лепшае ўва мне згукана ім.
* * *
А ты ж і не ведаеш, ма,
што з табой адбылося,
Не ведаеш нават,
Што ўсё,
з чым зжывалася ты, чым жыла,
ад цябе адцялося...
Што раптам пайшлі ад цябе
ўсе дарогі твае і сцяжыны,
Пакінулі ўсе —
Па пяклівай расе,
па іржэўніку,
па ажавінні.
Што ўраз адступіліся і ад каленак тваіх,
і ад рук тваіх грады,
Адпрэчыўся кветнік,
І нават над ранішнім полымем печы
твая ўжо не ўлада.
Не ўлада, не ўлада твая ўжо
ані над дзяжою, ані над дайнічкай.
Навек, незваротна
Пайшлі ад цябе ўжо
і смага твая,
і крынічка.
Сышлі і піліпаўкі ўсе твае,
мама,
і спасы,
А ты і не знаеш,
Што цэлага свету знянацку не стала ў цябе
ўжо.
Ні свету, ні часу...
А ў тым, незамглёна далёкім,
пад вернай аховай
Любові і смутку
Нявыказна велічна, ціха
ў дуброве перадвечаровай.
Разгалыя кроны варожаць
змярканню ў задуме ўрачыстай.
Узнёсла. Харальна.
Між бурага лісту яшчэ так багата
зялёнага лісту.
Яшчэ нам ні разу не сніліся
войны нейтронныя. Поўнім
Мяхі жалудамі.
Яшчэ мы адзіна пра тое, што перад вачыма,
і помнім:
Вунь тата, вунь мама.
А вунь і мы, дзеці. Заўзята збіраем
Бурштын жалудовы.
І тата лагодна ўсміхаецца маме.
І мама жывая...
VII. 1982—IV. 1983
ТРЫ КАЛАСКІ ЛЮБОВІ І СМУТКУ
Трыпціх
1
Вось і ўсё. І за Вечнаю Брамаю весніцы,
За якімі душа ўмела ў сонцы пабыць...
Прымірыцца...
Не прагнуць таго, што не здзейсніцца.
Засяродзіцца: што тут шчэ змога рабіць?
Не ўціхай толькі, памяць мая здрасаваная.
Прытаўчу, прытапчу безнадзей гадаўё...
Свецяць, мамачка, рукі Твае спрацаваныя.
Мама, свеціць трывушчае сэрца Тваё...
2
А па начах ляцяць, як зёрны, знічкі.
Ссаламянела месяца брыво.
Гай амаўкае, слухае крынічку,
Якая зноў спявае пра жніво.
Жніво, жніво!
Высокая часіна
Цяжкой натомы рук і свята душ,
Ганараванне кожнай каласіны, —
Цяпер яе ніякі глум не руш!
Яна як чалавек, прайшла ўсё пекла, —
Жывою выйшла з павадку яна,
Яе і падмароззе не падсекла,
І суш яна змагла, і перуна!
І вось цяпер, на палявым улонні,
Каб кожны працаунік быў сыты,
каб
Лагоднеў свет —
у шчырыя далоні
Стакроць вяртае жыццяносны скарб.
А па начах спадаюць долу знічкі.
Усё празрысцей робіцца ў садах.
Да ранку чуцен голас той крынічкі,
Дзе з даўніх даўняў спеўная вада.
Ой, лета, лета, лецейка,
Даспела ў полі жыцейка.
Прасіў каласочак дзявочак:
— Сажніце мяне ў снапочак!
Бо я ўжо ў полі набыўся,
Буйнага ветру начуўся,
Дробнага дошчу напіўся.
А мне ўжо ў полі няміла,
Сонейка тварык спаліла,
Дык я паляжу ў стадоле
І зноў пабягу у поле...
А промні сонца ад расы абудзяць
Пшаніцу, жыта, ячмяні, аўсы —
І ў шчыравалыіым, у маторным гудзе
Знябудзецца мінуўшчына зусім.
Хай знебываецца, хай прападае —
Каму маркот бясхлебіцы шкада?!
Пяе крынічка, ды не дападае
Да мітуслівых
спеўная вада...
Ты нам даруй, матуля, тваім дзецям,
Што мы не ля магілы ў гэты час,
Што да паўночы з шызага дасвецця
Не адпускае хлебны клопат нас...
Даруй, хоць так было яно адвеку,
Заўжды вялося гэтак на зямлі,
Што трэба дбаць пра поўныя засекі, —
Не ўсім пра мёртвых думаць ёсць калі...
Жывым — жывое?
Што ж, жывым — жывое.
Тут, можа, й мудрасць людскага быцця,
Што раны нашы мы ў турботах гоім,
Каб мела наша спадчына працяг.
А ці ж яна адзіна ў хлебе — сале?..
Бядуе бацька: «Зводзіцца гняздо.
Дзяцей бязглузда выкрадаюць далі.
Нішто іх тут не ўтрымвае, нішто.
Раней была зямля патрэбна, хата,
А сёння — лёткай птушкаю ляці.
Цяпер людзей за добрую зарплату
З гнязда крайсвету можна адвясці.
Дый робяць як?.. Здаецца, сама ў сіле,
Здаецца, дужы, сыты, малады, —
Крый бог, каб мы так замаладзь рабілі, —
І лыжкай хлеб не сёрбалі б тады!..»
Шуміць сасна над матчынай магілай...
Паслухай, мама, як сасну, мяне.
Усё, чым нас ты, мама, адарыла,
Мы ўжо не прамарнуем, не.
Якія б нам у твар вятры ні дзьмулі —
Яны любоў не выстудзяць ужо.
Да скону пчолам бараніць свой вулей,
Свой спадак працы, сонца і дажджоў.
Калі мы тут багатыя на ўсмешку,
На шчырасць, на давер, на песню —
мы
Багатыя табой, тваёю сцежкай,
Што ты ў вясну тарыла нам з зімы.
Калі на сонцы не шукаем плямаў,
Калі і роспач нас не заграбе,
Калі й надзеі мы не здрадзім,
мама, —
Мы гэтым абавязаны табе.
У нашым, часам з прымаразкам, леце
Удосталь і маланак, і асця.
Хай вам, бацькі, не плачацца па дзецях:
Нам сцежкі вашы весці ў глыб жыцця.
І хай кіруе векавая памяць:
Дзе толькі сытасць — там душы няма.
Не пакідай нас, ма!..
3
А ў палях так жыццядарна жыта
Абнімае маладую шыр!
Жыта, жыта, вечны скарб,
спажытак
Чалавечых цела і душы!
Бо ўміраюць з голаду й па людзях...
Покі ж ёсць што сеяць, ёсць што жаць,
Як шляхі жыццёвыя ні блудзяць —
А да Хлеба існыя ляжаць.
Да таго да Еднаснага Хлеба,
Што збірае за адным сталом
Тых, у кім гарыць адна патрэба:
Наталіцца роднасці святлом.
I, адчуўшы сэнс і веліч долі,
Гэты сэнс і веліч перадаць
І сваім унукам, каб ніколі
Ім не давялося жабраваць.
Каб ва ўпартым поступе да мэты
Без галечы, звад і калатнеч
Іх, як зерне, маладому свету
Не намульваў плечы прагны меч.
Каб нідзе занесены не быў ён,
Меч знішчэння, —
як цяпер завіс
Над саспелай нівай, над рабінай,
Што ўжо цяжка хіліць гроны ўніз,
Над буслом, які ўжо вырай чуе
І зямлі з паднебнай вышыні
Па дажджах, па маразах вяшчуе
Новых вёснаў сонечныя дні.
Мой турботны дзень, мая Нядзеля!
Лашчыць пальцы шорсткі каласок...
Краю родны!
Я ўжо неаддзельна
Ад цябе, як ад зямлі расток.
Вырві з глебы, што яго сілкуе, —
І змарнее, і засохне ён.
Я з табою ўсё перавякую,
Што нам ні намелюць жорны дзён.
Ці ж любоў альбо натхненне ўкрасці?
Ёсць дзівосы свету — абразы,
Ды яны ніколечкі не засцяць
Мне тваёй някідкае красы.
І дарогу гэту палявую
У бялёсай жнівеньскай смузе
Мне давеку ўжо любіць —
жывую,
А не ў той няўтоленай тузе,
Што ў хвалёнай некалі Канадзе
І па сёння смокча сваяка,
І па сёння неадступна надзіць
Несмяротны прывід васілька.
Колькі іх — з гаротнасці, з нястаткаў —
Так сябе самохаць адцялі
Ад свайго народа і зямлі...
Абміні мяне, такая доля,
Бо няма страшнейшага ў жыцці —
У чужым, у непрытульным доле
Ды прытул апошні свой знайсці!..
І каліна тамка не паплача,
І не тая зорка ў галавах...
Нават воран там
чужы
пракрача,
Што чужая
прарасце
трава!..
Смерць — яна не ў кожным разе драма...
Родны дол абдымкі расхіне,
І ступлю я ў ростул Вечнай Брамы
З краскай той, што мама рвала мне,
З тою песняй, што яна спявала.
...Толькі б ведаць, толькі ведаць мне б,
Што жывы і свет, і жытні хлеб.
VI.1983
МАРОЗ НА ДВАРЭ
Ці не холадна табе, мама?
Мароз на дварэ.
А ты ўсё трымаеш
у далонях сваіх
некалькі каласкоў,
А ты ўсё трымаеш
у далонях сваіх
некалькі васількоў,
Каторы ўжо год
іх
да грудзей прыхінаеш.
Але гэта ніколечкі не кранае
Сурова-сцярожкага крыжыка
над тваёй галавою.
Праз маўклівую, праінелую хвою
Шматочак неба ўзіраецца,
Як вусны твае —
каторы ўжо год!.. —
усміхаюцца
Ўсё адной і той жа ўсмешкаю.
А я
Ўсё ліпею на гэтым,
Ужо нясцерпна няўтульным узмежку
Між марозным буднем маім
I тваёй лагоднай імглою.
Баюся, што гэта ты
Мяне тут —
навошта?—
Так доўга, так доўга трымаеш.
Хачу быць з табою.
Холадна мне, мама.
1989
* * *
Зноў верабейка ўляцеў у акно,
Тройчы ўжо ён убіваецца ў хату,
Слепа кружляе, нібыла ў зацятым
Пошуку той, што ў магіле даўно...
Мамачка-мама, а мо ты сама,
Можа, душа твая гэта ўлятае,
Свет наш пахоплівы так аглядае, -
Можа і там ёй спачыну няма?
Мо толькі хлусяць пра вечны спакой,
Гэтак, як хлусяць пра вечную памяць?
Мамачка! Мама...
1983
ЖАЛЬ
У вянок Марыі
Крычыць душа на адыход, што чалавеку тут
Расінкі шчасця не далося на вяку,
Што толькі за навек самгнёнымі павекамі –
Жадана-ўтальны свет, без крыўды, без пакут.
Які гаротны смутак-жаль!..
Чаго ж так плачацца
Пры пэўнай ведзе, што, пакінуўшы зямлю,
Тут кожны з нас яшчэ не раз адзначыцца,
Каб навучыцца прамаўляць Святлу “люблю”?
Які гаркотны смутак-жаль!
Бо дзе ж, бо дзе яны,
Таго вяртання сведкі існыя?
Ці ж мы?
Але – нявечным сэрцам квола абнадзееныя
На стрэчу ў вечнасці,
ўмываемся слязьмі...
1993
НАЎЗДАГОН
Не далі табе, сястрычка, не далі
Лёгка ўмерці.
Ратавалі, як маглі,
I патрапілі:
Памкнёную ў нябёсы —
Да зямлі
Зноў вярнулі,
Да пакутаў прыкулі...
Быццам шчэ замала ты
Іх спазнала,
Быццам шчэ не ўсе куты
На абшарах саматы
За свае паўвеку ты
Паабжывала...
Што ёсць жорсткасць,
Што ёсць літасць -г-
Хто адкажа?
Замаўкаюць нават вочы,
Твае вочы.
Днём і ўночы
Я малю ў твайго бяссоння:
Хоць мяне ў сваё прадонне,
Хоць мяне пусці, сястра:
Што там чуеш,
Што там бачыш,
Што там думаеш ты сёння
Дні і ночы?..
I не гоніш прэч мяне ты,
I ўпусціць ужо не хочаш:
Не пара.
Позна. Позна:
Слёз не ўцерці...
Не далі табе, зязюлька,
Лёгка ўмерці.
1993
КРЫЖ
Усё склалася
Як бы само сабою,
Без майго ўдзелу,
Вонкі маёй волі.
Але з'яўляюцца паблізныя
I пытаюцца ў мяне,
Што рабіць, што чыніць цяпер,
Калі ўсё склалася так,
Як склалася —
Непапраўна?
Вымагаюць чынаў маіх.
I ўпакорваюся,
I жахаюся дзёрзкасці
Па-зямному ўплываць
На развітак падзей,
Ад мяне не залежны.
Скаланаюся:
Вузлы лёсу якія
Сёння зноў я зацягваю?
Скаланаюся:
А без гэтага ж не абазначацца
Ні дарогі абрысы,
Ні абліччы паблізных...
Ямчэй прымошчваю
На плячах насмылелых
Свой крыж:
— Рушайма далей, дарагія.
1993
У ТОЙ ХАЦЕ
Там, дзе ложак твой стаяў, —
пустое месца.
Хутка ўсё, усё адменіцца ў той хаце.
I хадзіцца будзе йнакш, і піцца-есца.
I начынне ўсё
свой сэнс ранейшы страціць.
Душы новыя ўва ўсё ўнясуць абнову.
Столь і сцены на свой густ пераніцуюць.
Пасярэбраць спадзяваннямі падкову
I над самым сэрцам болю прымацуюць.
Там, дзе ложак твой стаяў, —
Пустое месца.
Толькі голас шчэ ляціць звышы-звысоку,
Тваё ледзьве ўжо дасяжлівае мецца.
Пра любоў... пра супачынак... пра вясёлку...
1993
НА АДЫХОД УЛАДЗІМІРА АНДРЭЕВІЧА КАЛЕСНІКА
Уладзімір Андрэевіч, даруйце
Нам нашы слёзы: слёзы цягнуць долу,
А Вы заўжды былі на вышыні,
Ваяр Асветы, рыцар Светлыні.
Мы плачам, бо нічога не зыначым.
Вас не вярнуць сюды, у нетры гліны.
Душа Ваша атрэсла ўжо яе.
Дзесь азірае сцежачкі свае.
Хай Бог даруе ёй усе правіны.
Хай шлях далейшы будзе беспакутны.
Бывайце. Можа, й стрэнемся яшчэ.
Хай толькі Вас, як нас, боль не пячэ...
1994
БЫВАЙ!
Міколу Арахоўскаму
Вось, вычарпаліся й пакуты.»
Караны быў Ты? Ці - абраны,
Каб у двубоі з лёсам лютым
Так і не быў Ты зваяваны?!
Ты ведаў: Ты - зусім не цела,
І моцай фарбы, моцай слова.
Адпрэчваў бруд, хлусню, спусцеласць,
Трываліў годнасці аснову.
Душа не ведала спачыну.
Дай, Бог, ёй долі ў дальшым руху.
Ты нам не толькі жаль пакінуў:
Свяціцьме веліч Твайго духу.
* * *
У вянок Ганне
Для кожнага тут
знайшлося ў мяне слова добрае
і на сустрэчу, і на развітанне.
Перазовы ж з табой
пажыццёвай журбой
абсякло
тваё неадгуканне.
Скрыжоўваю рукі, як табе скрыжавалі былі —
на сэрцы, на чашы,
каб душы нашы
адна ў адну паўзірацца маглі,
на мове агню цяпер ужо
бясконцую
гамонку вялі...
БАЦЬКА
Тата родны... Не трэба!
Як гаротна сашчэплены пальцы,
Як бяссільна упалі
На мулкія дошкі стала...
Мне б падбегчы к табе
I вачыма вачэй дапытацца,
Што за скруха пакутная
На цярплівыя плечы лягла
Мне б падбегчы к табе
I абвіць тваю шыю рукамі,
Прытуліць да грудзей
Галаву клапатліва тваю.
За секундай секунда,
Нібы цяжкія камень за каменем,
За секундай секунда,
А я нерухома стаю.
Мне б прыпасці к табе, —
Ды няма ў нас такой завядзёнкі..
Ты й мяне прывучыў
Быць скупою ў пачуццях услых.
Асцярожна выношу з пакоя
Любві сваёй дзёрзкасць,
Каб нічым не абразіць
Дум падгледжаных горкіх тваіх.
1964
ДВА ДРЭВЫ
Прыпыніцеся, дні, пачакайце!
Лёт шалёны...
...Пасадзі пад акном маім, бацька,
Рабіну і клёна.
Я не ведаю дрэва, якое
Красамоўней рабіны
Мне сцвярджала б заўсёднай парою,
Што нягоды любыя
Можна мужнай душой адолець
(Так, як маці)
I з падсечаным нават голлем Цвету не страціць.
Я не ведаю дрэва, каб гэтак,
Як клён, гаварыла
Пра ранімасць бацькоўск*ага свету,
Пяшчоту і сілу...
Пасадзі пад акном маім, бацька,
Рабіну і клёна.
Век над лёсам дачкі калыхацца
Санцалюбным іх кронам.
1975
ПЕСНЯ Ў ЦЯРНОЎНІКУ
Алесю Разанаву
Лісцё між калюкоў
Буй-цвету наварожыць,
I сцішнавата ў гэтай варажбе...
Давермася сабе:
Што ўмеем мы, што можам?
Давермася найлепшаму ў сабе.
Усё, што варта нас,
Дарогу заступае,
Бо шлях адзін: не ўскрай, а толькі праз.
I вастрыё стралы
Дакладна гэта знае,
I руху птах наўзрыд спявае ў нас...
Хай з думак ападзе
Цярновае калючча.
За ўсё, што ёсць — і ў тле, і ў харашбе,
За выпадковы дар
Прылетаваць да кручы
Раскрыймася найлепшым у сабе.
1988