І

Урочышча называлася Дзікі Луг. Было да яго кіламетраў дваццаць ад вёскі, за Нароўляю, па другі бок Прыпяці. Кожны год у ліпені туды вербавалі касцоў і жанок, бо мясцовых рук не хапала, а травы перастойвалі.

Рыхтаваліся да паездкі грунтоўна. Брыгадзір паляк Маслоўскі нават рабіў абход кожнага двара, правяраў, ці ўсё ў парадку. Мужчыны кляпалі косы, устаўлялі зубы ў граблі, выразалі з сырых асін мянташкі, запасаліся новенькімі зярністымі брускамі. У кожнага мелася адмысловае паленца з убітай бабкай, каб там, на месцы, пакляпаць. Жанкі пакавалі ў клункі закуску, рыхтавалі флягі, бідоны, біклажкі — пад ваду, а некаторыя, самыя эканомныя — пад беражоны яшчэ з вясны бярозавы квас, перастаялы, сівушны на выгляд і на смак.

Асабліва радасці было малым. Дзікі Луг у іх уяўленні — рай зямны. Там начуюць у шалашах з сена, ядуць каля вогнішчаў, расказваюць розныя гісторыі, там Прыпяць, у якой столькі рыбы, што сама выскоквае з вады на бераг. Малыя рабілі вуды, плавілі ў лыжках волава для грузілаў, вучыліся на выгане закідваць донкі, збіралі пад калодамі тоўстых чарвякоў-выпаўзкаў і складвалі ў бляшанкі з-пад халвы, не забыўшы прабіць у накрыўцы дзірачкі, каб даставіць чарвякоў жывымі — шлях няблізкі!

Выязджалі зацемна, гадзіны ў чатыры раніцы, на дзвюх грузавых машынах. Людзі набіваліся ў кузавы: мужчыны, дзеці, бабы — каторая і з немаўлём. У пярэднюю кабіну побач з шафёрам сядаў Маслоўскі. Дома заставаліся толькі самыя старыя і падлеткі — глядець гаспадарку.

Машыны ехалі з уключанымі фарамі. Дарога вяла праз поле з жытам, праз пясчаныя заносы, дзе колы буксавалі і трэба было выгружацца і штурхаць, праз лес з каранямі, ад якіх кішкі з цябе вытрэсвала, і нарэшце кацілася гладкай роўненькай шашою. У ліпені віднее хутка. Сонца яшчэ не ўстала, а ўжо каля Нароўлі светла, толькі над ракой белы туман, нібы вада кіпіць. Прыткнуты да берага, людзей чакаў маторны паром. На беразе каля яго тапталіся ажно тры начальнікі, усе ў белых сарочках, без пінжакоў, штаны запраўлены ў боты і ва ўсіх трох на раменьчыках афіцэрскія планшэты. Калі пачалі грузіцца, убачылі на пароме бабулю з кароваю — вяроўка накінута на рогі. На нагах у старой кірзавыя чобаты з белымі працёртымі дзірачкамі на халявах, на плячах ваенны кіцель, за спінаю гарбом — хустка з прыпасамі, на твары суровая акамянеласць.

«Хворая карова, — пранеслася між людзей. — На травы вядзе…»

Гэта не было рэдкасцю — калі ў мяcцовага люду хварэла скаціна і не памагаў ветэрынар, дык ішлі ў Дзікі Луг, з надзеяю, што жывёліна сама адшукае, што ёй трэба, і вылечыцца.

Застопарылі колы ў машын, адвязалі канат, завёўся матор. Карова павярнула галаву і пачала глядзець на свой бераг.

…Плыве, скрыпіць паром. Плюхае знізу ў дошкі вада. Над ракой туман. У тумане на сярэдзіне адзінокая лодка з рыбаком. І так прыемна пахне бензінчыкам і дымам ад цыгарак!..

Загрузка...