VI

Прайшло шэсць гадоў. У Кулінічаў выгадаваўся сынок — гэткі херувімчык з белымі, як ільняное палатно, валасамі, і з сінімі, як кветкі лёну, вачыма — увесь у свайго дзядзьку Пятра.

Чамусьці познія дзеці заўсёды крыху не такія, як усе. Васілька больш цягнула да дарослых. З дзецьмі ён не надта любіў гуляць «у нашых і немцаў», у хованкі, у хакей-футбол, — адзінае, на што згаджаўся, пастаяць у варотах, ці, як ён казаў — «на вароцях». Яму цікавей было з бацькам пасоўваць па клетках шашкі, складаць даміно ці перакідвацца з маткаю картамі ў «п’яніцу». Часта пад вечар каля Кулінічавай хаты можна было назіраць такі малюнак: сядзяць на лаўцы дзяды з ківенькамі, і з краю маленькі Васілёк з палачкаю, пальчыкі счэплены на каленях.

Кулінічы не шкадавалі для яго нічога. Больш дзяцей у іх не было, і Васільку даставалася ўся пяшчота.

У вёсцы не разумелі гэтага. Вёска ўсё хавае, тут не прынята паказваць, што ты нешта ці некага моцна любіш, тут не да мусі-пусяў, не да цялячых пацалункаў, не да цырымоній; усё гэта выпрацоўвалася вякамі, перадавалася з пакалення ў пакаленне як абярэг, было няпісаным кодэксам.

Вось класічны дыялог маці з сынам: «Ідзі есці, ірад!» — «Ай, не хочу!» — «Я табе не захочу!.. Я з цябе шкуру злуплю!..»

У Кулінічаў усё па-іншаму. Махновачка выплыве на вуліцу, мядовым голасам: «Васілёчку, ідзі, сыночку, естачкі!» — «Іду, мамачка. А дзе татка?»

Бацькі з малых гадоў прывучаюць дзяцей да скрытнасці: пойдзеш гуляць, дык хаця нікому не кажы, што еў, у чужой хаце не сядай за стол, не пазірай, як чужыя ядуць, — самы вялікі сорам, калі падумаюць, што галодны.

— Ды барані Бог нічога нікому не расказвай! Маўчы, і ўсё!

Васілька ахвотна ішоў у любую хату, як у сваю ўласную. Лез за стол, калі запрашалі. І адказваў на любое пытанне. Хітрая баба перастрэне, заманіць цукеркаю ці грушаю, і пачынаецца: «А што ты сёння еў, Васільку?»

— Каўбасу з казулі. І яшчэ фаршу матка накруціла.

— А браце! А дзе ж вы мяса бярэце?

— Ляснічы прывёз, — бесклапотна казаў Васілёк, седзячы на лаве, хістаючы ножкаю.

— А матка цябе б’е калі?

— Не-а.

— Ты, мабыць, як вырасцеш, будзеш ляснічым?

— Не-а.

— Дык мо брыгадзірам? Маслоўскі хутка на пенсію, дык мо ты замест яго будзеш?

— Не-а.

— А кім ты будзеш?

— Матросам на караблі.

— Ты пабач! — аж слупянела баба ад здзіўлення. — Хто ж цябе гэтаму вучыць? Матка?

— Не-а. Дзядзька Пятро.

— А колькі табе матка грошай на кніжку паклала? Мо ўжо тысячу?

— Не-а. Сто мільёнаў.

— А браце!.. Так Махновачка навучыла…

Зрэшты, усе падобныя спектаклі заканчваліся аднолькава — пасля бабы ўголас адна адной пераказвалі (ведаючы, што кожная данясе Махновачцы):

— Не людзі, а золато! І Кулініч, і дзіцятко, і жоначка яго!..

А Кулініч між тым выматваўся ў сваім лясніцтве; усё зарабляў і бярог. Не адставала Махновачка: і ў калгасе, і ў горадзе на базары, і агарод вяла. Многа памагаў лес-карміцель. Узімку, расцягнутыя на рожках перад печчу, заўсёды сушыліся зайцавы шкуркі ці смярдзела на ўсю хату ліса. Не саромеліся дзіцячага заробку: збіралі і здавалі ў нарыхтоўчую кантору сасновыя і бярозавыя пупышкі, лупілі іх вёдрамі, а ўвосень тымі ж вёдрамі ў тую ж кантору цягалі рабінавыя ягады. Пра лета няма чаго казаць. Улетку літаральна начавалі ў лесе. Дралі кару з крушыны і лазы, грабёнкаю збіралі ягады, латашылі арэхі, ці, як казаў Васілёк, арах — «арахоў цехнік даў!» Кару ён называў — кора. Увогуле, Васілёк дзякуючы матцы ўзбагачаў мясцовую лексіку. Усе казалі — «во ён», Васілёк — «во се то во ён»; усе — «даўно», Васілёк — «во се пара»…

Мацнела гаспадарка. З’яўляліся новыя матэрыяльныя рэчы. І ўсё было як бы ў квадраце, мела сваю маленькую копію — з прыцэлам на Васілька. Была кабыла — і жарэбчык, стрэльба двухстволка — і тульская аднастволачка, матацыкл «Урал» — і каляска да яго… Быў чорна-белы тэлевізар — Кулініч з’ездзіў у горад, вярнуўся з каляровым.

Махновачка на вуліцы прыціскала Васілька да сябе і ў залежнасці ад таго, як рос іх дабрабыт, мяняла сынаву будучыню:

— Хутка будзеш з намі ў калясачцы ў лес ездзіць, кору драць…

— Будзеш са стрэльбачкі зайцоў біць…

— Выгадуецца жарэбчык — паскачаш на ім у лясніцтва, бацьку памагаць…

— Вось вывучышся — будзеш у цвятным целевізарыку выступаць…

— Вось прададзім матацыкл, купім машынку — будзеш руль круціць…

Усе гэтыя штучкі не маглі не насцярожваць. Не трэба хваліцца шчасцем, яно не любіць публічнасці, яго трэба хаваць, нават саромецца яго; шчаслівыя павінны адгарадзіцца ад астатніх дубовымі дзвярамі, жалезнымі замкамі — хаця б дзеля таго, каб не сурочылі.

І быў яшчэ адзін момант. Надта ж прыгожа ў Кулінічаў пад акном расла каліна. А па вясковых няпісаных законах каліну (як елку ці сасну) нельга садзіць блізка. Звычайна яна туліцца на задворках, хаваецца ў глухім канцы агарода. А ў іх расла навідавоку, адразу перад верандай, у кампаніі толькі ламаносаў — гэтыя абвівалі і калінавы куст, і шула, і саму веранду і яшчэ паўзлі ўверх, чапляючыся вусікамі за нацягнутыя гаспадыняй ніткі, да самага франтона. Акрамя гэтых бяскрыўдных ламаносаў, нічога больш не замінала каліне; яна тут уладкавалася, як пані: шыкоўная, пародзістая, увесну аблітая белым кветам, улетку нават здалля чырвоная ад буйных, большых за вішні ягад.

Калі б у Кулінічаў была дачка, дык вось ён, гатовы, апрабаваны сімвал: каліна — дзяўчына. Дрэўца расце і квітнее, і разам з ім дачушка… Але Васілёк быў мужчынскага полу, таму гэты варыянт не спрацоўвае, на жаль. Неяк у жніўні, увечары, сонца заходзіла за хаты, я, босы на цёплым вулічным пяску, спыніўся перад калінай… І так сэрца забалела!.. Чаго яно баліць, куды ірвецца, што яму хочацца, яно ж нічога яшчэ не ведае… Адкуль гэтае адчуванне, якое не магло ва мне ўзнікнуць з нічога? Гэта чужое адчуванне — таго, хто жыў да мяне, я цвёрда ведаю, яно перайшло, пасялілася ў маім целе, я проста яго нашу ў сабе, як чужую рэч, а потым яно таксама пяройдзе ў чыёсьці цела, і ўжо той будучы чалавек будзе заміраць ад салодкага і жахлівага болю ў сэрцы, не разумеючы, што яго мучыць… Жыццё — рака; у яе то ўваходзяць, то выходзяць, то нараджаюцца, то паміраюць. Я памру — выйду з ракі, нараджуся — увайду ў раку іншым целам. Целы розныя, а адчуванні свету, сонца, пясочку пад нагамі, прахалоднай імклівай вады, паху травы з дзікіх лугоў — інакш кажучы, душа — на ўсіх адна. І якая розніца, у чыім новым абліччы я ўвайду ў знаёмую раку, каб зноў адчуць тое ж самае?.. Можа, таму людзі так і клапоцяцца пра сваю будучыню, так б’юцца над яе ўладкаваннем, так стараюцца вымасціць дарогу да яе, каб яна была лепшаю за сёння — бо адчуваюць, што ім самім там яшчэ жыць?..

Загрузка...