Далася ў тыя часы ў знакі гэта калектывізацыя. У нас яе праводзіў Л. Г. Кляцкоў. Потым ён мне расказваў, як цяжка было ўламаць майго дзядзьку Фадзея, якога шанавалі не толькі ў сваёй вёсцы. Не хацелі ў нас ісці ў калгас ды і баяліся розных банд, якія тады яшчэ туляліся па нашых лясных аколіцах. Нат заявы аб уступленні ў калгас падпісвалі адначасна, па камандзе, каб ніхто не быў першым, бо з першымі, як з актывістамі, жорстка разлічваліся бандыты.


28.VІІ


Закончыў баладу «Ля вогнішч начлежных». Прыехаў на Нарач з сям’ёй П. Броўка. Вечарам слухалі, як прыгожа, вяртаючыся з поля, спяваюць жнеі.


1.ІХ


Першы дзень занятак у школах. Пайшлі і нашы Ірынка і Верачка. Здаецца, адбылася нейкая надзвычайная радасная падзея. Нат сфатаграфіравалі іх для «Чырвонай змены».


10.ІХ


Коласа, Броўку, Крапіву і мяне выбралі наабласной партыйнай канферэнцыі дэлегатамі на XX з’езд КП(б)Б. Няспынна ідуць дажджы. Нат не хочацца выязджаць за горад, каб не бачыць, як гіне ўраджай. Не помню, каб так позна калі ўбіралі жыта і ярыну.


18.ІХ


Прывёз з Пількаўшчыны старыя чарнавікі. Фрагмент незакончанага памфлета «Ідылія» (30.ХІІ.1938).


М а н а х


... Перш так было: жыве сабе паэт,

На неба гляне, нечага заплача,

А крытык на цалюткі свет

Нам астраномію лірычную тлумачыць.

I мір на Беларусі быў тады.

Нідзе у летапісах даўніх

Не ўспамінаюць пра пабітыя ілбы

Ні ў крытыкаў, ні ў вершаплётаў слаўных.

Сустрэнуцца даўней, як з братам брат.

Змест гутаркі высокі – лёс старонкі.

Глядзіш – і апусцеў бутэлек рад

Крутой, нацыянальнай самагонкі.

Не гналіся за модай. Быў бы звон,

Без асанансаў, саракапудовы.

А тэмы іншыя, bоn-ton?

Смяяліся б з таго каровы.

I не было ні партыяў, ні каст.

Пасля, я думаю: віной – асвета.

Нацыянальны маналіт у нас

Распачалі даследаваць паэты,

З народу вышаўшыя.

Я не раз

Перасцерагаў усіх перад спакусай,

Ды наступіла змрочная пара,

I голас мой з амбонаў Беларусі

Да ачарсцвелых сэрц не прамаўляў.

I пачалі пісаць аб класавым змаганні,

Што, быццам, свет стварыўся з мазаля.

I тут знайшлі прычыну нараканняў.

Не раз супроць публічна выступаў

I, паклікаючыся на сілабус Пія,

З апакаліпсісу цытаты падбіраў,

Ды ўжо не верылі ў прадбачанні святыя.

Я, прызнаюся, цяжка вінават,

Што не магу глядзець на свет з пакорай,

Што ў маім летапісе шмат

Лірычных адступленняў, араторый.

Але, далей, ў храналагічным я

Парадку буду падаваць падзеі.

Мо праца крапатлівая мая

З-пад попелу гадоў запалымнее,

Калі мінуць асеннія вятры

I незалежнасць вызваняць званіцы,

Нашчадак мой да ранняе зары

Пачне з маіх пергаментаў вучыцца.

Як з падзямелля залаты сіроп,

Перабрадзіўшы, ярка завішнёвіць,

Тады старая быль...


Ч о р т


Гоп-гоп!

Як ювелір, карпееш ты над словам.

А вартасць слова мерыцца крывёй,

А не, манах, тваёю балбатнёй.


Уся нядзеля такая мітуслівая. Кожны сход у вярхах выклікае ланцуговую рэакцыю аж да самых нізоў. Вельмі доўга і легкадумна мы захапляемся індустрыялізацыяй і заваяваннем прыроды. «I калі ты, горад, станеш месцам фабрык дымных і машын». Зараз многія гарады ўжо сталі крэматорыямі, як называюць палякі раёны свайго Горнага Слёнску.

I так, перапісваю з чарнавікоў свае ранейшыя вершы.


* * *


Настаў зноў вечар навагодні,

Пад сумятлівы крык варон.

Над полем сівер непагодны

Калыша снежны перазвон.

З кім падзялюся я трывогай,

Калі ніхто з маіх сяброў

Не прыйдзе сёння да парога

З этапных сцежак і шляхоў.

I ўсё ж гары, лучына, ў хаце!

Мо ад твайго святла хутчэй

Начныя зоры разгарацца

I сэрцу будзе весялей.


(31.ХІІ.1938 г.)


* * *


Без «świadectwa moralności»

Ён пакінуў гэты свет.

У паперах напісалі:

«Беларус... паэт...»

Толькі-толькі пахавалі,

Зноў апекуны прышлі,

За antypaństwowe вершы

Зноў павесткі прыняслі,

На магіле палажылі,

Каб не трапіў у Эдэм

I хутчэй на суд з’явіўся,

Артыкул 97.


(13.11.1937 г.)


* * *


Па скверах, па збітай траве

Дождж сеецца вечарам сіні.

Самотны стаіць чалавек,

Загледзеўшыся на вітрыны –

Люстраныя шыбы кнігарні.


(15.11.1937 г.)


21.IX


Сёння ўсе дэлегаты з’езда Кампартыі Беларусі былі на адкрыцці манумента Сталіна, які грозна і велічна ўзняўся на цэнтральнай плошчы, перад скверам. Мне здаецца, ён непрапарцыянальна вялікі ў параўнанні да абрамляючых яго будынкаў і руінаў яшчэ незабудаванага заплечча і нават шматтысячнага натоўпу народа, які сабраўся на гэту ўрачыстасць.


28.ІХ


Абмяркоўвалі новую паэму А. Куляшова. Яна значна слабей за «Сцяг брыгады» і «Толькі наперад», напісаных на вялікім ідэйным і мастацкім уздыме. Учора ў ЦК Ц. С. Гарбуноў крытыкаваў нас, палымянцаў, за артыкул С. Майхровіча, за няправільнае яго асвятленне творчасці Чачота, Баршчэўскага. Колькі я, як рэдактар, наслухаўся розных заўваг, папярэджанняў ад людзей, што хацелі літаратуру звесці да ролі агіткі, якая гэтым толькі кампраметуе сябе і, як літаратура, траціць сваю вартасць.


4.Х


Вярнуўшыся з Каралішчавіч, даведаўся аб смерці У. I. Агіевіча. Цяжкое ўражанне пакінула ва ўсіх гэта прадчасная смерць чалавека прыгожай душы. Я шмат з ім ездзіў на розныя літаратурныя сустрэчы. Перад смерцю прасіў, каб яму далі жывой вады. Толькі дзе яе ўзяць? Асіраціў сваю шматлікую сям’ю, якой без свайго кармільца цяжка будзе жыць.


5.Х


Пачынаецца XIX з’езд партыі. Усе, наставіўшы радыёпрыёмнікі, слухаем Маскву.

Пад датай 13.11.1930 г. яшчэ знайшоў некалькі сваіх вершаў:


ТЫ ЧУЕШ, БРАТ...


Ты чуеш, брат, як на прадвесні

Вятры, лёд крышучы, гудуць,

Як на сваю радзіму з песняй

Зноў птушкі з выраю лятуць.


Пагоні сілы баявыя,

I вы рыхтуйцеся ў паход,

Каб знішчыў путы векавыя

Наш заняволены народ.


Глядзіце ў будучыню смела!

Настаў доўгачаканы час,

Пад сцягам бел-чырвона-белым

Чакае перамога нас.


Няхай жа меч Пагоні ззяе!

Гартуйма нашу еднасць, моц!

Вядзі нас, Воля прасвятая,

Да новай славы, новых сонц!


* * *


Калі сцежку тваю цернь пакрые густы

I нахлынуць панурыя хмары

Лютай цемры ліхой, не палохайся ты,

Не схіляйся прад ёю, таварыш.

Лепей песню сваю баявую запей,

I на сэрцы тады стане шмат весялей.


* * *


Я ляту, як птушка,

На сваім кані.

Гэй, вятрыска, песню

Маю дагані!

Не дагоніш, вецер,

Песні ты маёй,

Што ляціць свабоднай

Птушкай над зямлёй.


* * *


Не забудзе катаваны

Наш народ цяжкія раны,

Помніць курганы-магілы,

Дзе схаваны яго сілы.

Хай дрыжаць усе тыраны,

Хутка помсты дзень настане.


Колькі я тады пісаў такіх вершаў! Адзін нават, помню, быў надрукаваны ў «Вучнёўскім звоне». Не помню толькі, пад якім псеўданімам і хто яго туды занёс, бо я ўжо тады вучыўся не ў беларускай гімназіі, а на меліярацыйных курсах. Перакладаю па падрадкоўніках вершы нашых літоўскіх сяброў. Не ведаю, ці заўважыў хто, што этнаграфічныя рубяжы найбольш багатыя на таленты.


19.ХІ


Усе апошнія дні заняты коласаўскімі юбілейнымі ўрачыстасцямі, на якіх было шмат гасцей амаль з усяго Савецкага Саюза.


21.ХІ


Прыснілася, што над пількаўскім Вялікім борам ляціць цень чалавека. Я паказваю гэта дзіва свайму дзеду. I, раптам, цень гэты распадаецца, і над намі пачынаюць кружыць чорныя крумкачы.

Закончыў казку «Быль пра злога Сухавея».


25.ХІ


К. Д. Фрыдрых гаварыў: «Мастак павінен маляваць не толькі тое, што бачыць перад сабой, але тое, што бачыць у сабе, а калі нічога не бачыць у сабе, павінен перастаць маляваць тое, што бачыць перад сабой». Гэта, мне здаецца, можна сказаць і пра пісьменніка.

Пры ўсім аптымізме, мяне чамусьці не пакідае трагізм існавання. Мо гэта – далёкае рэха катастрафістаў, якія аказаліся, на вялікі жаль, больш прадбачлівымі, як многія з нас. Агулам, слушна пісаў калісьці Т. Ман, што пісьменнік – чалавек, якому пісанне спраўляе большыя цяжкасці, як іншым людзям. Амаль усе свае вершы безліч раз перапісваю і праўлю.


1.ХІІ


Збіраемся з Куляшовым у Маскву на канферэнцыю прыхільнікаў міру. Агулам, колькасць розных грамадскіх нагрузак не пакідаюць часу на маю асноўную, пісьменніцкую працу. Часамі нават думаю: можа, у гэтым нехта і зацікаўлены.


1953


2.I


Учора адсвяткаваў у Каралішчавічах Новы год. Нешта Пімен замкнуўся, сядзіць дома. Павіншаваў я яго па тэлефоне. Магчыма, ён яшчэ не развітаўся са старым годам.


7.I


У рускім тэатры пазнаёмілі мяне з М. П. Ахлопкавым. Ён хоча ў праграму дэкаднага канцэрта ўключыць і выступленне каго-небудзь з нашых паэтаў. Папрасіў, каб я яму прачытаў свой верш «Форт Ружана». Тройчы я чытаў, а ён усё патрабаваў: «Мацней! Мацней!» Апошні раз я яму чытаў такім грамавым голасам, што аж сам здзівіўся: «Очень хорошо!» – пачуў з задніх радоў тэатра, адкуль ён слухаў мяне. Аж страх мяне ахапіў, што могуць мяне ўключыць у гэты канцэрт. А галоўнае – трэба напісаць і такі верш, з якім не сорамна было б выступіць.


14.I


Напісаў казку «Конь і Леў». Вечарам з Любашай былі на фільме «Малады Каруза». Мне здаецца, што паэзія наша вельмі традыцыйная па форме. Паэмы – зарыфмаваная проза. I чорт ведае, як усё гэта ажывіць. Ведаю толькі, што паэзія, якая не ставіць перад сабой складаных праблем свайго часу, перастае быць паэзіяй, да якой мы вяртаемся, якая з’яўляецца неабходнай у нашым жыцці. Мы вельмі любім да розных выкрутасаў прыбаўляць «неа» (неасімвалізм, неарамантызм, неакласіцызм...), хоць гэта ад ніякага пераймання не ратуе.


18.I


Магчыма, што хутка пераедзем на новую кватэру. Тут, дзе зараз жывём, цеснавата для такой сям’і з дзевяці чалавек, як наша. I неяк шкада пакідаць наседжанае месца, гэты невялікі зялёны дворык і дрэвы, якія сваімі кронамі дацягнуліся амаль да трэцяга паверха.


12.II


Раніцой хадзілі галасаваць. Ледзь дабраліся да выбарчага ўчастка, такі дзьмуў штармавы і пранізлівы вецер. Пераклаў верш А. Твардоўскага «Ля слаўнай магілы». Спрабаваў перакласці і яго «Ивушку», але нічога не выйшла. Адклаў. У апошнім нумары «Літаратуры і мастацтва» – артыкул Шчарбатава аб маіх вершах. Шмат вельмі слушных крытычных заўваг.


4.ІІІ


Радыё перадало аб цяжкім стане здароўя таварыша Сталіна. Што прынясе заўтрашні дзень?


6.ІІІ


У дзве гадзіны ночы прыйшоў Міхась Лынькоў. Ад шафёра Ц. Гарбунова ён даведаўся аб смерці Сталіна. У шэсць гадзін раніцы пачулася мелодыя гімна і голас Левітана абвясціў аб гэтым. Выйшаў на вуліцу, запруджаную народам. Усе пытаюцца, няўжо нельга было хвораму аказаць дапамогу, не дапусціць да трагічнай развязкі.

Вечарам у СП адбыўся жалобны мітынг, і мы з А. Куляшовым вырашылі ехаць у Маскву.


7.ІІІ


Субота. У СП сустрэлі С. Шчыпачова, які паведаміў, што вельмі цяжка прабіцца да Калоннага зала. Але мы, пакінуўшы свае партфелі ў брата Рэні Чорнай, пры дапамозе сваіх дэпутацкіх білетаў, хоць з цяжкасцямі, змаглі ўліцца ў чаргу і прайсці міма труны Сталіна.


8.III


Неспадзявана нам удалося ўладкавацца і ў гасцініцы «Масква» (№ 1406). Раніцай у фае сустрэлі М. С. Патолічава, які запрапанаваў нам далучыцца да ўрадавай беларускай дэлегацыі, і мы змаглі з усімі пастаяць у ганаровай варце. Я ўпершыню так блізка бачыў Сталіна. Аж не верылася, што гэта ляжыць той чалавек, які столькі год быў рулявым нашай краіны.


9.ІІІ


Гулка над Чырвонай плошчай прагрымеў салют. Над Крамлёўскім палацам узняўся чырвоны сцяг. На граніце маўзалея: Ленін, Сталін.


11.III


Заўтра з А. Куляшовым выязджаем з Масквы. Вечарам зайшлі да нас А. Твардоўскі і П. Варанько. А. Твардоўскі шмат цікавага расказваў пра Сталіна. Ён прысутнічаў пры пераносе яго ў Маўзалей. Якія цяжкія і трывожныя дні! На мітынгу ў СП Сіманаў заклікаў да напісання твораў пра найвялікшага генія ўсіх часоў і народаў, чыім імем азорана наша сучаснасць і будучыня. Заданне – не з лёгкіх. I як яно будзе вырашана, пакажа час – няўмольны суддзя і карэктар.


16.III


А. Куляшоў прынёс для «Полымя» цікавы верш пра Сталіна. Толькі, можа, расцягнуты. Але ён, напэўна, як кожную сваю рэч, будзе яшчэ раз дваццаць правіць, даводзіць да належнага ўзроўню. Чуваць, што наша дэкада мастацтва і літаратуры, якая безліч раз адкладвалася, адбудзецца ў красавіку г. г.


21.III


Вечар на аўтазаводзе. Даклад чытаў М. Лынькоў: «Вобраз Сталіна ў беларускай літаратуры».

Насталі цудоўныя прадвясеннія дні. У такі час дома на дрывотні пілавалі і складалі ў клады дровы. Цікава, як там зараз у Пількаўшчыне? Напэўна, на полі ўжо чарнеюць першыя праталіны.


26.III


Раніцой выклікалі ў ЦК. У загадчыка аддзела культуры і прапаганды К. Буслава застаў вядомага артыста і рэжысёра М. П. Ахлопкава. Яны пазнаёміліся са зместам майго дэкаднага верша. Зрабілі некалькі заўваг. У сувязі з апошнімі падзеямі неабходна ўнесці ў тэкст некаторыя змены. Гэта, здаецца, ужо будзе пятая ці шостая рэдакцыя, і яшчэ невядома ці прыйдзецца мне яго чытаць. У «Литературной газете» грамавы артыкул А. Фадзеева аб рамане Гросмана ў часопісе «Новый мир». Чытаю Жуля Камвона. Чуваць, з нейкай місіяй прыедзе да нас К. Сіманаў.


31.III


Падчас аварыі загінулі Ів Фарж і ўсе пасажыры і каманда самалёта.


9.ІV


Заўчора ва універсітэце быў мой літаратурны вечар, пасля якога шмат было розных пытанняў і запісак. Прачытаў новую цікавую аповесць А. Карпюка.

А гэта некалькі старонак з франтавога блакнота...


18.ІV


З захапленнем прачытаў апавяданне М. Лынькова «Агні Танганьікі». Сам Міхась Ціханавіч зараз ляжыць у лечкамісіі хворы. Трэба будзе яго наведаць. Учора былі ў мяне Я. Брыль, I. Грамовіч, М. Аўрамчык. Заседзеліся на радасцях, што будзе ў нас выходзіць новы штомесячны літаратурны часопіс «Маладосць».

Прачытаў цікавы зборнік вершаў Дзяргая і ўзяўся за М. Федароўскага і Го Мо-жо, які мне здаецца кітайскім В. Брусавым. «Дух непрымірымасці, рэвалюцыі – маці ўсіх мастацтваў». З Го Мо-жо я калісьці пазнаёміўся ў Празе на Кангрэсе прыхільнікаў міру, на якім ён выступаў з палымянай прамовай і абвясціў тэлеграму аб фарсіраванні народнай кітайскай арміяй Янцзы.


9.V


Субота. У мінулую сераду ездзіў з А. Куляшовым на Нарач. Былі ў Занараччы, у Купе і ў Пількаўшчыне. Рыхтуюся да экзаменаў па палітэканоміі і філасофіі. Прачытаў незакончаную аповесць Змітрака Бядулі «Сярэбраная табакерка». Пачатак гэтай рэчы мне вельмі спадабаўся. Але далей ёсць шмат мясцін, якія выклікаюць сумненне, губляецца падтэкст. Шкада, што ён не паспеў давесці гэту рэч да канца. I так гэта адзін з лепшых яго твораў па задуме, філасофскай глыбіні, прасякнуты народнай мудрасцю і арыгінальны па форме. I хоць К. Крапіва не раіць гэты незакончаны твор друкаваць, але іншыя члены рэдкалегіі «Полымя» з некаторымі скарачэннямі раяць даваць. I я з імі згодзен.


2.VІ


Перад сваімі гастролямі ў Львоў заходзілі Палосін, Кузьменка. Збіраюся з’ездзіць у Брэст на адкрыццё помніка партызанам і на сустрэчу з выбаршчыкамі ў Ружану. Званіў П. М. Машэраў. Раіў мне з нашай брыгадай пісьменнікаў з’ездзіць у Кіеў, дзе ЦК камсамола Украіны запланаваў правесці шэраг літаратурных вечароў і сустрэч з рабочымі, пісьменнікамі. Бяру ў дарогу Л. Рудніцкага «Старое і новае». З. Азгур пазнаёміў мяне са сваім цесцем, вядомым мастаком Г. Н. Гарэлавым. Піша мой партрэт і расказвае аб сваіх цікавых сустрэчах з М. Горкім на Капры і з Рэпіным у яго Пенатах...


8.VІ


На Брэстчыне трапіў у такое бездарожжа, што нат спазніўся на пачатак адкрыцця помніка партызанам. Начаваў у Пружанах. З М. Засімам пабывалі ў яго вёсцы Шэні і наведалі магільнік, на якім пахаваны закатаваныя фашыстамі яго бацькі.


20.VІ


Вярнуўся з Кіева, ачараваны хараством гэтага горада і стомлены бясконцымі сустрэчамі, гасціннымі прыёмамі нашых украінскіх сяброў.

Няма калі адпачываць. Трэба рыхтавацца да выступлення на пленуме Камітэта прыхільнікаў міру.


26.ІХ


Зноў апынуўся ў лечкамісіі. Наведала Любаша. Казала, заходзіў брат Веры Харужай. У пісьме, якое пакінуў, дзякуе за верш, прысвечаны яго сястры. М. Рыльскі прыслаў здымак, зроблены яго сынам Богданам, калі мы былі ў К. Арлоўскага ў яго калгасе «Рассвет».


4.Х


Чуюся лепш, хоць да нармальнага стану яшчэ далёка. Ездзіў з Максімам у Пількаўшчыну наведаць бацькоў. У Маскву ехаць на пасяджэнне Славянскага камітэта адмовіўся, бо, можа, паеду далечвацца ў Жалезнаводск. З захапленнем чытаю «Греческне эпиграммы».


«Я та Лаида, что гордо смеялась над всею Элладой,

Чей осаждался порог роем влюбленных, дарю

Пифии зеркало, видеть себя в нем, какою я стала

Уж не хочу, а такой, как я была, не могу».


(Платон. «Афродите от Лаиды»)


Набыў Гардэліна «Смерць Эмпедокла» і «Сатыры» Ювенала. Вечарам заходзіў дзядзька Рыгор. Ён толькі што вярнуўся з гастроляў па Украіне.


25.Х


Нядзеля. Зноў ляжу ў лечкамісіі. Прыходзіла Любаша. Былі А. Куляшоў, А. Зарыцкі, У. Нейфах. Глядзеў прафесар Трусевіч. Загадаў есці лімоны... Кожны дзень мяне наведвае сімпатычны С. I. Ларэнцэвіч.


4.ХІ


Б. Шоў, Ластоўскі, Хасе Марці... Стараюся, хоць у бальніцы, папоўніць свой пусты кацялок галавы.

Падчас хваробы напісаў два вершы: «Сад» і «Ля пасёлка Леніна».


30.ХІ


У Оперным тэатры, у якім глядзелі з польскай дэлегацыяй «Страшны двор», сустрэў Міраслава Жулаўскага, аўтара цікавай аповесці «Чырвоная рака», якую варта перакласці і даць у часопісе «Полымя». Хутка юбілейны вечар П. Пестрака. Магчыма, пры дапамозе М. С. Патолічава, атрымаю пуцёўку ў Барвіху, бо хвароба дае знаць аб сабе. Недзе чытаў, што Ф. Шапэн вельмі баяўся, каб яго не пахавалі жывым.


14.XII


Учора Куляшовы, Лужаніны і мы гасцілі ў Лыньковых. Міхась Ціханавіч толькі што вярнуўся з Нью-Йорка. Раніцой паехаў да бацькоў. У старой хаце, у якой жыве дзядзька Фадзей, на сценах развешаны паляўнічыя стрэльбы і трафеі – скуры лісіцы, зайцоў, белак. Сумнавата старым у гэтых кустах. Трэба будзе прывезці ім радыёпрыёмнік. На дарогу надзялілі мяне яблыкамі і пару бутэлькамі ад знаёмага варажбіта нейкай «жывой вады», якая, нібыта, лечыць ад усіх хвароб.


28.ХІІ


Пачаўся пленум нашага СП, на які прыехалі з Масквы: Ісакоўскі, Суркоў, Мазалькоў, Піменаў. З дакладам выступіў А. Макаёнак. Вечарам зайшоў да нас М. Засім. Напіўся, чорт! Пазычыў сто рублёў і, здаецца, пайшоў да Я. Брыля. Пісанне даецца яму цяжка. Амаль кожны верш дапрацоўваем, шліфуем у рэдакцыі. Засеў пісаць навагоднія віншавальныя паштоўкі, тэлеграмы. А гэта Я. Коласу:


Паколькі настала з снягамі зіма,

А ў доме яшчэ тэлефона няма,

У светлае ў навагодняе ранне

Фотатэлеграмнае шлю прывітанне.

Жадаю ад сэрца здароўя і сілы,

Каб з чаркаю, а не з лякарствам дружылі,

I так, як у песні, якую Вы пелі,

Гадоў не лічылі Вы і не старэлі.


1954


2.І


3 Лыньковым былі ў тэатры, глядзелі «Даходнае месца» Астроўскага. Казалі, па радыё была мая перадача, але я прапусціў. У паперах знайшоў адрас A. Л. Валюкевіча, сын якога ў нейкім былым нямецкім лагеры знайшоў дзённік Емяльяна Баграмава. Я прачытаў яго і, прызнацца, у пару мясцінах закрэсліў поўныя горычы словы, сказаныя ў адрас віноўнікаў нашых няўдач і паражэнняў у першыя дні вайны, каб яны не трапілі ў непатрэбныя рукі, і пераслаў у «Новы мір». Як потым аказалася, Е. Баграмаў — псеўданім С. Злобіна, вядомага аўтара гістарычных раманаў «Салават Юлаеў», «Сцяпан Разін». Калі сустрэну яго ў Маскве, параю, каб ён паслаў на памяць сыну Валюкевіча сваю кнігу. Сапраўды прыгодніцкая гісторыя, якая для аўтара магла закончыцца трагічна. Пісьменнік пісаў, страціўшы надзею, што яму ўдасца выйсці на волю, а тут не толькі сам, але ацалеў і яго трагічны дзённік, які — аб чым даведаўся — некаторыя з пісьменнікаў стараліся перахапіць.

У вокны глядзіць сцюдзёная зімняя ноч.


5.І


У «Кнізе вандровак» Сафар Намэ дікавая ле­генда: нейкаму вялікаму чалавеку прысніўся прарок, у якога ён папрасіў, каб той аблягчыў цяжар жыцця, на што прарок яму адказаў: «Я ручаюся за хлеб і за масла Сірыі». I яшчэ: «Султан Лахан дазволіў свайму народу не маліцца і не пасціць, бо ён адзін заступнік за ўсіх. Каля магілы Абу-Саіда дзень і ноч трымалі стрыножаных коней, упрыгожаных залатымі ланцугамі, дыванамі, каб ён мог сесці на каня, калі васкросне. А сынам сказаў: «Калі я васкросну, можа так здарыцца, што вы мяне не пазнаеце, вось вам знак: ударце мяне па шыі мячом. Калі гэта — я, то застануся жывым». Зрабіў ён гэта дзеля таго, каб ніхто не змог сябе выдаць за Абу-Саіда. Кніга заканчваецца вершамі:

«Мы из странствия вернулись... Из него вернуться можно.

В путь другой уйдём, оттуда к нам никто уж не приходит...»


7.І


Выклікалі ў ЦК. Далі ўсім нам задание: напісаць па 2—3—4 вершаваныя радкі для помніка, які хутка стане на Круглай плошчы. Спрабаваў, але нічога арыгінальнага не атрымалася, бо дадзеныя для арыентацыі словы аб партыі, дружбе народаў, гераізме воінаў, партызан і перамозе ў абмежаваную колькасць радкоў не ўкладваюцца.


8.І


Памер Юльян Тувім. Вярнуўся да яго верша «Невядомае дрэва», якое яшчэ у 1945 г. хацеў перакласьці і не змог. Помню нашу апошнюю з ім сустрэчу ў Варшаве. Быў ён яшчэ бадзёрым, частаваў нас, савецкіх пісьменнікаў, віном, цікавіўся развіццём беларускай літаратуры. I хоць заўсёды ён стаяў на іншых пазіцыях, але быў блізкім нам і быў пасля Ю. Славацкага незраўнаным майстрам слова. Шкада, што ў нас мала знаёмы з яго выдатнай творчасцю.

Трэба яшчэ раз спрабаваць вярнуцца да да яго «Невядомага дрэва». Можа, удасца перакласці.


13.І


Зноў у Маскве. Сустрэўся з Самедам Вургуном. У рэстаране не было месца, вярнуўся ў свой 637 пакой. «Знамя» ў пятым нумары дае падборку маіх вершаў. Пад вечар прыехаў у «Барвіху». Тут сустрэў Васілеўскую, Карнейчука, Лаціса. Але я мала з імі знаёмы. У вольны ад працэдураў час займуся сваімі творчымі справамі. Нешта дакучае бяссонніца. Напісаў пісьмо дамоў. Потым узяўся за верш. Але ён атрымаўся нейкі апісальны, расцягнуты. А гэта, як пісаў Ю. Славацкі, забівае паэзію. У нашым беларускім запаведніку ёсць паэты, якія даўно перасталі быць паэтамі, але іх чамусьці ўспамінаюць і праслаўляюць ва ўсіх афіцыйных выступленнях, артыкулах.


31.І


Нядзеля. Пісьмо ад Любашы, ў якога дазнаўся, што хутка будуць прынімаць нашых малышак у піянерскую сям'ю. Трэба будзе паслаць ім віншавальную тэлеграму.


1.ІІ


Настрой пагаршаецца. Паднялася тэмпература. Прапаў сон і апетыт. Прачытаў Мусу Джаліля і, як баба, расплакаўся:


«Меня учила песня жить,

Любить, беду встречать,

Звучала песней жизнь моя,

И смерть должна звучать».


Няўжо і мне не дасць хвароба дапісаць тое, што я пачаў і задумаў?


2.ІІ


Яшчэ ніколі так дрэнна сябе не адчуваў, нат у самы разгар сваёй хваробы. Відаць, нешта новае прычапілася. Чытаю ўсё, што трапляе ў рукі.

Памыляецца нямецкі мовазнаўца Аўгуст Шлейхер, што мова, нават адарваная ад штодзённага жыцця, можа жыць. Але гэтаму пярэчаць факты. Зараз наша беларуская мова, жывыя крыніцы якой перакрыты іншамоўнымі школай, прэсай, радыё, прапагандай і міграцыяй, — усё больш і больш адступае перад экспансіямі суседніх дзяржаўных моў, губляе свае пазіцыі і знікае. I гэта — у той жа час, калі вызваляюцца народы ад імперыялістычнага прыгнёту і адраджаюць сваю мову і культуру. А ў нас многіх і сёння абвіняюць у нацыяналізме, тады, калі стан беларускай мовы і культуры не можа не насцярожваць. Карабель, якога ватэрлінія на вачах ідзе ўглыб, патанае. А мы — «дзеці набата» (Рэнэ Шар) — маўчым.


З.ІІ


Мінула яшчэ адна ноч жудасных сноў. Амаль да раніцы чытаў Леанарда да Вінчы. Думаю пра сваіх дамашніх. Мілыя мае, як мала я даражыў тымі непаўторнымі днямі, калі ўсе мы былі разам. Уводзяць кафеін. Страшэнная слабасць, рвота. Думаў сёння вызываць сюды Любашу. Збіраюцца пераводзіць мяне ў нейкую бальніцу. Хацеў пісаць завяшчанне. Сказаў аб гэтым доктару. Смяецца, хоць прызнаўся, што вельмі быў занепакоены станам майго здароўя. Быў? А зараз?


6.ІІ


Трэба пісаць дамоў, каб нехта прыехаў. Дарагія мае, як я не хацеў бы вам слаць такое пісьмо! Колькі за гэтыя дні перебывала ў мяне дактароў! Глюкоза, камфара, кісларод і безліч розных таблетак.


18.ІІ


Наведаў мяне В. I. Казлоў. Сёння яму спаўняецца 51 год. Гэту ноч спаў пару гадзін. На прагулцы бачыў Макса Рэймана з жонкай. Жонка яго — дачка Тэльмана. Яна і падобная да свайго бацькі. Па тэлефону гаварыў з Любашай і Ірынкай. Цэлы дзень падае ціхі снег.


8.ІІІ


Нарэшце перавезлі мяне ў сакольнікаўскую бальніцу. Ляжу ў велізарнай палаце, у якой яшчэ чалавек 20 хворых. Крыху чуюся лепш. Памалу вяртаецца сон. Недзе блізка аўтазавод, бо цэлымі днямі чуецца рэактыўны роў матораў, ад якога дрыжаць усе вокны.


28.ІІІ


Нарэшце — дома. Сёння нат выйшаў на прагулку і зайшоў у лечкамісію да хворага Я. Коласа. Прачытаў ён мне са сваёй трылогіі цікавую сцэну ў судзе. Паслаў зборнікі сваіх вершаў дактарам, якія мяне лячылі: Ларыновай Веры Іванаўне і Сарокіну Генадзію Міхайлавічу. Чытаю Н. Хікмета. Самыя лепшыя яго вершы — вершы астрожныя. Сёння прагрымеў першы, раскацісты вясновы гром. Буйныя кроплі дажджу забарабанілі ў шыбы. Пацямнела. Мы ўсё яшчэ насцярожана адносімся да абстрактнага мыс­лення, тады, калі сёння яно з’яўляецца неабходнасцю ў многіх навуковых даследаваннях і адкрыццях.


4.V


Адвёз у Пількаўшчыну маму, якая некалькі дзён гасціла ў нас. Заехаў на Нарач. Расцвілі пралескі, а возера ўсё яшчэ пакрыта нейкай ледзяной кашай, якая іскрыцца, гарыць у майскім сонцы. Вечарам узяўся чытаць кнігу П. Мельнічука «Яраслаў Галан», —пра рэвалюцыянера, харошага пісьменніка, які трагічна загінуў з рук рэлігійных фанатыкаў. Здаецца апошняя мая сустрэча з ім была ў Саратаве, у радыёкамітэце.


16.V


3 Лужаніным наведалі Я. Коласа ў лечкамісіі. Заўтра збіраецца выпісвацца. Прачытаў нам но­вую частку сваёй трылогіі — сцэну ў астрозе. Напісана цікава і жыва, толькі, можа, крыху ідылічна. Відаць, самыя цяжкія хвіліны жыцця, перажытыя ў маладосці, становяцца ва ўспамінах па-свойму прывабнымі. Наведалі ў палаце 16-й і М. Машару. Дрэнна ён выглядае, хоць, казаў, зараз адчувае сябе лепш. На калідоры сустрэлі М. Аўрамчыка. Нейкі час мы разам з ім працавалі ў рэдакцыі «Полымя». Усе мы шкадавалі, што ён нас пакінуў, бо і чалавек ён — сяброўскі, добразычлівы і паэт — выдатны. Зараз, здаецца, працуе над паэмай.


18.V


На сустрэчы з венгерскай дэлегацыяй пазнаёміўся з паэтам Шымонам Іштванам. Ён казаў, помніць, калі я на сходах Венгерскага нацыянальнага музея на мітынгу чытаў свой пераклад верша Петэфі «Нацыянальная песня». Званіў А. Куляшоў, каб я прынёс свой зборнік у канцылярыю Савета Міністраў, дзе для нашых сяброў украінцаў камплектуецца бібліятэка твораў беларускіх пісьменнікаў і рыхтуюцца розныя падарункі: габелены, радыёпрыёмнікі, гадзіннікі...

Ездзіў з Міхасём Лыньковым у Каралішчавічы. Сустрэў П. Броўку, які расказваў, што піша аповесць пра электрастанцыю «Дружба народаў».

Як падобны ўсе нашы оды і гімны на малітвы. I вельмі ж яны крыклівыя. Шкада, што і крытыка наша ў ацэнцы гэтай паэзіі займае невыразную пазіцыю. Адзін выхад — разбірайся, чытач, сам. А разабрацца не так лёгка, бо часта ў нашых вершах можна знайсці замыславатыя рыфмы, рэдкія словы, дзівосныя вобразы, не хапае толькі спелай, арыгінальнай думкі, якая б у сэрцы выпраменьвала паэзіяй.


24.V


Прачытаў Абавяна «Раны Арменіі». Якія суровыя і трагічныя словы вырваліся з-пад яго пяра, напісаныя крывёй яго сэрца: «Даже отходя ко сну, нужно держать меч и ружье под подушкой, умирая, нужно уносить в могилу меч на боку или завернутым в саван, чтобы камень бессловесный знал, кто под ним похоронен».

На стадыёне сустрэў А. Куляшова і А. Кучара. Апошнімі часамі яны сталі неразлучнымі сябрамі.


26.V


Правялі на вечны спакой Веру Лютаву. Відаць, вайна не сціхла. Прыходзіць за тымі, каго ў свой час не паспела забраць. У «Правде» артыкул А. Сур­кова. Падзівіўся, як гэта можна напісаць два пустапарожнія падвалы, не выказаўшы ніводнай свежай думкі. А ён жа выдатны прамоўца, палеміст.


3.VI


Газеты прынеслі звестку аб смерці А. Нексе. Калісьці ў Маскве на пушкінскіх урачыстасцях мяне з ім пазнаёміў А. Фадзееў. Многія з чытачоў пазнавалі яго — шыракаплечага, з узлахмачанай сівой капной валос на галаве. Постаць яго рэзка вылучалася з натоўпу людзей, якія, размінуўшыся з ім, доўга праводзілі яго сваім зрокам. Так, часамі, глядзім на высокае дрэва, любуемся яго хараством і сілай.


6.VI


Быў у Пількаўшчыне. Бацьку застаў на полі. Баранаваў бульбу, а маці — у агародзе. Яны за ра­ботай і не заўважылі, як я прыехаў. Хадзіў з дзядзькам Фадзеем на слабадское балота, дзе экскаватар пракладаў канаву для нашай няўрымслівай рачулкі, якая кожнай вясной зрывала масты і размывала грэблі. Пастаяў на беразе ля новага рэчышча як над свежавырытай магілай. Паслухаў устрывожаных галасоў апошніх кулікоў, чэпікаў, чыранак, якім ужо больш тут не спраўляць сваіх вяселляў, не гнездаваць, не пераклікацца.


7.VI


Купа. Прыехаў П. Малчанаў палюбавацца на Нарач. Ён ніколі раней не быў у нашых краях. Нешта захварэла Верачка. Добра, што ў М. Садковіча была машына, і мы з’ездзілі ў бальніцу за Люсяй, якая засталася ў нас нанач, бо трэба было хворай уводзіць пеніцылін.

За акном у пана Яцыны, у якога мы кватаруем, цвітуць непралазныя кусты бэзу. Усе апошнія ночы сцюдзёныя. I даўно не было дажджу.


16.VI


Быў у ЦК у Ц. Гарбунова. Трэба збірацца ехаць у Польшчу. Шмат цікавага расказваў Цімох Сазонавіч пра святкаванне 300-годдзя ўз’яднання Украіны з Расіяй. Быў ён падчас параду на Маўзалеі, быў і на прыёме ў Крамлі. Званіў з Вільнюса I. Каро-юсас, прасіў, каб я выслаў спраўку аб тым, што ў 1932-1935 гг. ён за прыналежнасць да КПЗБ сядзеў на Лукішках. Спраўка такая яму патрэбна для абмена партдакументаў.


28.VI


I чаго я згадзіўся ехаць у Польшчу? Паддаўся на ўгаворы Гарбунова, Котава. Колькі раз я ўжо там быў! А тут яшчэ набліжаюцца з’езд пісьменнікаў Беларусі, усесаюзны з’езд пісьменнікаў, дэкада. На­рэшце пайшоў дождж!


29.VI


Прачытаў у «Новом мире» выдатную паэму нашага друга А. Парніса «Сказание о Белояннисе».


«О родина, склони знамёна к изголовью

Того, кто высоко всю жизнь твой стяг держал,

Колени преклони к земле, покрытой кровью

Того, кто пред врагом колен не преклонял».


Даўно не браўся за свае вершы. Здаецца, ужо забыўся як іх і пісаць. Як губка, толькі ўбіраю ў сябе ўсё, што бачу, чую, чытаю. Абыякава адношуся да сваіх ранейшых твораў. Быццам, не я іх пісаў.

Учора з братам Федзем на стадыёне глядзелі зацямненне сонца. У горадзе, напэўна, не так было цікава сачыць за гэтай з’явай, як недзе на лоне прыроды.

I так праз пару гадзін буду ў Варшаве. На аэрадроме сустрэў К. В. Кісялёва, які пазнаёміў мяне з міністрам замежных спраў Польшчы.


3.VII


Рана выехалі з Варшавы разам з праф. І.І. Анісімавым. Доўга блукалі па нейкіх аб’ездах, пакуль дабраліся да Торуня, а там — да Сопата і Гдань­ска. Сазваніўся з С. Малько, які тут служыць у ранзе камандарма флоту ці яго намесніка. Кіламетраў 500 адмахалі. Дамовіліся заўтра сустрэцца ў Гдыні. Трэ­ба будзе пахадзіць па аптэках, можа, удасца знайсці прэпарат «Rotar». Яго — казаў Г. Смоляр — вырабляюць у Англіі, Галандыі, Германіі. Ён вельмі памагае пры лячэнні страўнікавых і кішэчных хваробаў.


5.VII


Наведалі Мальборк — асінае гняздо тэўтонаў, потым Эльблонг, Бранева, Фромбарк і музей Каперніка. У прытворы касцёла Св. Марыі чытаю: «Помніце, бацька і маці! Два разы на тыдзень прысылайце сваіх дзяцей да касцёла... Дарагія турысты, служыце ў радасці свайму пану Богу». Едзем далей на Бранбург, Млаву...


8.VII


Перад ад’ездам дамоў удалося яшчэ пабачыць фільм А. Форда «Пяцёра з вуліцы Барскай», сустрэцца з Брандысам і Путрамантам, які толькі што вярнуўся са сваіх вакацый з Ольштына. Загрузіўся кніжкамі: С. Рыльскі «Вугаль», Браўн «Леванты», I. Неверлі «Памятка з цэлюлозы».


17.VII


Не паспеў вярнуцца, як зноў мяне ўсваталі ў новую дэлегацыю ў Польшчу на дзесяцігоддзе ПНР. Дэлегацыю ўзначальвае А. С. Гундараў. У складзе дэлегацыі: рэдактар часопіса «Крестьян­ка» 3. I. Леонцева, рэжысёр М. I. Ром, украінскі ма­стак М. I. Хмялько і я.


20.VII


Выступаў на заводзе імя Навоткі. Зацягнулася гэта сустрэча з рабочымі, бо потым быў канцэрт самадзейных гурткоў «Обэрак для другога механічнага», «для трэцяга механічнага — марш!..». Пасля ўручалі рабочым-перадавікам узнагароды. Рабочага Каву прэміравалі сервізам. Некаму далі канапу. Ледзь не спазніліся ў тэатр, дзе МХАТ паставіў «Се­верную Аврору». На спектаклі прысутнічалі члены ўрада ПНР і наш пасол Міхайлаў, якія разам з Булганіным, Берутам і Ракасоўскім сядзелі ва ўрадавай ложы.

Намі ўвесь час апякуецца прадстаўнік ВОКСа ў Польшчы I. А. Рачук, які калісьці працаваў у камсамоле і стыль, прыёмы той работы перанёс на свой новы дыпламатычны ўчастак работы. Усім ад яго даставалася. Мяне толькі тое ратавала, што я лепш, як ён, арыентаваўся ў польскіх справах. I ён мяне не чапаў.


21.VII


Пабываў на выстаўцы выяўленчага мастацтва. Бачыў некалькі цікавых работ Рудскай-Цыбісавай («Партрэт Дунікоўскага»), Міхалоўскага, Врублеўскага, Бежкоўскага («Галава Шапэна»). Агу­лам, цяжка новае жыццё ўкладваецца ў старыя формы. На адным палатне «Сям’я» намаляваны маці, бацька і пяцёра дзяцей. Уся кампазіцыя распадаецца. А ў бацькі нейкі глупы выгляд, быццам ён сваім здзіўленым зрокам пытае: «Няўжо гэта мая работа?»


22.VII


Люблін. Разам з нашай дэлегацыяй едуць Левандоўскі, Арлоўская і Смоляр. Пасля ваеннага па­раду пайшлі бясконцыя калоны дэманстрантаў. Першымі ішлі дзеці з плакатамі — «Нам столькі год, колькі народнай Польшчы». Спартсмены з эмблемамі сваіх клубаў, шахцёры, студэнты, сяляне, мастацкія ансамблі, чароды. Партрэты перадавікоў прамысловасці, сельскай гаспадаркі... Вечарам на прыёме вы­ступалі Берут, Булганін, Ракасоўскі. Побач са мной сядзеў стары селянін Коваль Станіслаў. «Падумаць, — казаў, — я просты чалавек сяджу за адным сталом разам з генераламі, міністрамі, вучонымі. Усе гэта нашы людзі, з нашых мазалёў і рабочай косці». Ро­дам С. Коваль з вёскі Брусы. Узнагароджаны «Кры­жам заслугі». Насупраць мяне сядзеў нейкі калгаснік Майгак Стэфан, які калісьці батрачыў у паноў. Прасіў, каб я перадаў прывет гамяльчаніну А. Кар­пюку з вёскі Селішча, які вучыў яго чытаць і пісаць. Жыве ён зараз у Кашаліне, вул. Чырвонай Арміі, 28.

На гэтым прыёме, пасля свайго тоста, Булганін неспадзявана расказаў анекдот: падчас тэгеранскай каяферэнцыі Сталін, Рузвельт і Чэрчыль ехалі разам, і раптам перагарадзіў ім дарогу ішак. I так і сяк прасілі вушастага, каб ён дазволіў праехаць, а той — ні з месца. Тады Сталін кажа: — Дайце я спрабую. Падышоў да асла і нешта шапнуў яму на вуха, і той, задзёршы хвост, даў драла. — Што Вы яму сказалі? — пацікавіліся здзіўленыя Рузвельт і Чэрчыль. — Нічога такога, — адказаў Сталін. — Я яму шапнуў толькі: калі ён не сыдзе з дарогі, я яго запішу ў калгас.

Тут нашы разгубленыя дыпламаты пачалі нам тлумачыць, як гэта трэба разу медь. У Польшчы за­раз пачынаюдь арганізоўвацца калгасы... Толькі cілай не трэба нікога ў іх заганяць.


23.VII


Самалётам прыляцелі ў Кракаў. У клубе дружбы выступаў цудоўны гуральскі ансамбль з Ліманоўскага павету. Пабывалі ў Сукеніцах, дзе пабачылі карціны Вашкевіча «Гальны ведер», Хелмонскага «Бура», Гротгера, Семірадзкага, Падкавінскага «Шал» і «Жалобны марш».

Вечарам былі ў тэатры на спектаклі «Фантазы». У Саюзе пісьменнікаў Ялю Курэк падарыў сваю аповесць «Пад Чарштынам», і я ўбачыў перакладзеную на польскую мову 3. Федэцкім, Я. Меткоўскім і Т. Монгірдам сваю «Казку пра Музыку».


25.VIІ


Дарогай у Закапана на кароткі час спыняліся ў Бжазове, каля Любернова. Пабывалі і на гор­ным возеры «Марское вока» і на шахце «Вялічка». По­тым — «Асвенцім». Я быў у Майданаку, але гэты лагер смерці, дзе загінулі чатыры мільёны чалавек, — адно з самых страшных, пакутлівых мясцін на зямлі.


27.VII


Сталінград (Катавіцы). Сустрэчы з моладдзю, з шахцёрамі, а ў гуце «Баторы» — са сталяварамі. Заўтра ляцім самалётам у Гданьск, дзе на верфях запланавана некалькі сустрэч з рабочымі, якія будуюдь караблі для Савецкага Саюза.


31.VII


Былі на прыёме ў тав. Берута. Шмат расказваў аб становішчы ў Польшчы, якая работа праводзіцца на прамысловых прадпрыемствах, на сяле і сярод інтэлігенцыі. Гаварыў аб небходнасці ўмацавання нашай братэрскай дружбы і кантактаў творчых саюзаў і арганізацый. Пацікавіўся нат, чаму я выбраў такі свой псеўданім: грэх маладосці? Ну, грахі ў маладосці самыя прыемныя. Праўда, нават самы лепшы псеўданім мала памагае ў творчай рабоце... Дзве гадзіны працягвалася гэта сустрэча.

Зусім іншай была наша бяседа ў М. А. Міхайлава. Незадаволены быў пасол вынікамі нашай дэлегацыі. Здорава крытыкаваў Гундарава і Хмялько. Гундарава за тое, што ў Закапаным, не разабраўшыся, падняў тост не за гуральскага, а за уральска паэта і потым здзіўлены ў мяне пытаўся: «Ты не знаеш, скуль тут узяўся ўральскі паэт?» А Хмялько дасталася за тое, што, будучы на Вавелі, па прапанове фотакарэспандэнта сеў у каралеўскае крэсла і даў сябе сфатаграфаваць. Я і тады, жартуючы, сказаў Хмяль­ко, што і Хмяльніцкі да гэтага крэсла не змог дайсці, а ты адразу прыйшоў і сеў. Дасталося і Рому, што ён у Кракаве больш за ўсё цікавіўся касцёламі. Відаць, наш апякун Рачук аб усім гэтым праінфарміраваў пасла. Агулам, кожная паездка па лініі ВОКСа — паездка складаная і цяжкая. Дзякуючы Рому, мне ўдалося паглядзець некалькі цікавых польскіх фільмаў: «Цэлюлёза», «Прыгоды на Марыенштаце» і «Домік з карт».


2.VIII


Разам з намі ў адным вагоне едзе кітайская дэлегацыя. Пазнаёміўся з намеснікам старшыні Саюза кітайскіх пісьменнікаў Кэ Зун-пінам. Энергічны, жывы. Хвіліны не пасядзіць спакойна. Падарыў мне пачку кітайскага чаю, на якой напісаў: «Я чай прывёз з Пекіна. Тры месяцы яго не піў, але сустрэў Танка і падарыў яму. Хай п’е яго дома са сваімі сябрамі». Узяў некалькі падрадкоўнікаў яго вершаў, якія трэба будзе перакласці. Падарыў яму свой верш «Чырвоная рака», падрадкоўнік якога зрабіў Гао Ман, які добра ведае рускую мову і які абяцаў надрукаваць гэты верш у зборніку «Паэты свету пра Кітай».


5.VIII


Зноў на сваёй Нарачы. Няспынна ідуць дажджы. Гіне ўраджай. Міхась Коласаў, якога я прасіў калісьці падшукаць для мяне харошую паляўнічую стрэльбу, прыслаў праз Лыньковых двухствол­ку фірмы «Сіменс». Каштуе яна 1600 рублёў. Прыеду ў Мінск — разлічуся. Стрэльба выдатная. Трэба бу­дзе паказаць яе бацьку і дзядзьку Фадзею і нашым пількаўскім паляўнічым, якія і сёння ходзяць на паляванне з нейкімі дапатопнымі пістонаўкамі.

Ездзіў з А. Куляшовым рыбачыць, але нічога не злавілі, ледзь уцяклі ад навальніцы, якая разгулялася над возерам. Атрымаў пісьмо ад Паплаўскага і фатаграфію, на якой — ён і С. Малько («Паўлік»). Шкада, што мы не сустрэліся ў Мінску.


30.VIII


Учора з Піменам прыляцелі ў Маскву. У гасцініцы сустрэлі Я. Брыля і Я. Міско. У 7 г. раніцы з Піменам ляцім у Алма-Ату. Шкада, што на кароткі час. Самалёт наш спыняецца ў Уральску, у Акцюбінску, і нам не ўдасца пазнаёміцца з гэтымі сібірскімі гарадамі, бо хто ведае, калі нас вандроўны бог другі раз закіне ў гэтыя мясціны. Разам з намі ляціць Астаф’еў. Пад намі — бясконцыя стэпы.


31.VIII


Прызямліліся ў Кустанаі. На небасхіле — велізарная хмара. Здаецца, будзем тут начаваць. Мо ўдасца закончыць верш «На радзіме Абая», які пачаў у самалёце, калі вылецелі з Уральска.


1.IX


У шэсць гадзін раніцы прызямліліся ў Карагандзе. На гарызонце — чорныя капры, шахты. Нарэшце заззяў пад крыламі самалёта нейкага попельнага, сталёвага колеру Балхаш. А вось і Алма-Ата. Спыніліся ў доме адпачынку ЦК. Вечарам прыехаў П. К. Панамарэнка. Пацікавіўся, як даляцелі, як чуемся, ці былі мы калі раней у Казахстане. Доўга хадзілі з Е. Мальцавым па парку, дзе ў начной цішыні толькі чуваць, як ападаюць яблыкі з дрэў і звіняць арыкі. Пасялілі нас у адным пакоі з Астаф’евым.


2.ІХ


Літаратурны вечар ва універсітэце. Выступалі С. Васільеў, П. Кузняцоў (перакладчык Джамбу­ла), Е. Мальцаў, М. Грыбачоў, С. Смірноў і мы з Піменам. Многія дзяліліся ўспамінамі аб сваіх сустрэчах з Джамбулам, расказвалі пра яго нешчаслівую любоў да дзяўчыны, якая па-казахску называлася Ластаўкай. Ды яе ўпадабаў сабе нейкі высокі дарскі чыноўнік. I яе яму прадалі. Тады Джамбул украў сваю Ластаўку і ўцёк у стэп. Але родзічы дзяўчыны дагналі яго і параілі вярнуць яе, бо калі не верне, будзе шмат гора і пральецца кроў. Джамбул згадзіўся вяр­нуць Ластаўку, але «з гэтага часу — сказаў ён — калі не даюць любіць, я буду ненавідзець».


4.ІХ


Учора адкрыўся з’езд пісьменнікаў Казах­стана. Сёння на з’ездзе выступаў М. Шолахаў. Вы­ступление было досыць нуднае: аб выхаванні пісьменнікаў, аб ганарарных правах. Ад грузінскіх пісьменнікаў з’езд вітаў I. Нанешвілі.


7.ІХ


У часе перапынку П. К. Панамарэнка запрасіў нас з Піменам да сябе ў ЦК. Цікавіўся, над чым працуюць беларускія пісьменнікі, якія выйшлі новыя творы. Шмат цікавага расказваў і пра Казахстан. Вечарам выступалі ў 19-й і 34-й школах Алма-Аты. Заўтра чакаем выступлення П. К. Панамарэнкі.


8.ІХ


Быў на ўрачыстым вечары, прысвечаным 50-годдзю з дня смерці Абая, на якім прачытаў прысвечаны яму свой верш. Л. Скалкоўскі досыць добра яго пераклаў для газеты «Казахстанская праўда». За вокнамі асабняка, у якім гаспадары пасялілі Пімена і мяне, у бязмежным блакіце бялеюць снежныя вяршыні Ала Тау. Відаць, няма слоў на людской мове, каб перадаць іх гордую веліч і чаруючае хараство. Не дарма сталіцу Казахстана называюць Горадам яблыкаў. Усюды — сады. Яны цягнуцца амаль да леднікоў. Нат месяц, які прасвечвае праз непралазныя зараснікі, здаецца вялізарным крамяным яблыкам.


9.ІХ


Ездзілі на радзіму Джамбула. Наведалі яго музей і маўзалей. На іпадроме наглядалі спартыўныя гульні беркутыстаў. Потым запрасілі нас калгаснікі ў свае юрты. Разам з Лявонавым, Грыбачовым, Турсун-задэ, Няходам я трапіў у юрту старшыні калгаса, дзе частавалі нас кумысам, чаем, яблыкамі і нейкімі нацыянальнымі прысмакамі, а потым, у юрце чабана Таджыбая Аліма — нейкім сваім духмяным, як стэп, віном.


10.IX


Вяртаемся. Усіх нас у самалёце хмарыць сон, бо апошнія суткі амаль не спалі. Былі на ўрадавым прыёме, дзе гасцінныя гаспадары ўсіх нас абдарылі сваімі ўзорнымі халатамі і цюбецейкамі.


15.IX


Сёння пачаўся наш з’езд пісьменнікаў даўжэзным і нудным дакладам П. Броўкі. Нічога не ўнеслі новага і іншыя выступленні. Не атрымалася сур’ёзнай гутаркі ні аб паэзіі, ні аб прозе. А. Куляшоў «сарыгінальнічаў», засяродзіўшы ў сваім выступленні амаль усю ўвагу на паэме А. Зарыцкага, хоць гэта і не такі ўжо выдатны твор, як яму здаедца.


22.ІХ


Бачыў Пімена. Ён, здаецца, будзе рэдактарам рускага Альманаха. Усёй сям’ёй хадзілі ў кіно на фільм «Два біглі зямлі». Дачытваю цікавае даследаванне Е. Фіцоўскага «Польскія цыганы».


28.ІХ


Наведаў Вільнюс. У бібліятэцы Літоўскай АН натрапіў на рэшткі свайго архіва, які перахоўваўся ў Беларускім музеі Івана Луцкевіча. Відаць, да мяне папрацавалі тут розныя «даследчыкі». Прапалі мае акты абвінавачання, розныя павесткі і прысланыя з Лукішак калісьці мне вершы і грыпсы В. Таўлая і П. Пестрака. Засталіся толькі пустыя канверты, у якіх яны ляжалі.

У зборніку Е. Вайнтраўба неспадзявана знайшоў яго верш «Максіму Танку, або Зімовы ліст аб беларускай восені». Хоць шмат год мінула са дня смерці, але на яго ліст я мушу адказаць. Вось якая неспадзяваная сустрэча пасля памятнай нашай сустрэчы ў Вар­шаве напярэдадні вайны.

Адпісаў на дзесятак пісем маладых паэтаў. А. Куляшоў пазнаёміў мяне з працягам сваёй паэмы «Граніца», які мне лепш спадабаўся, як папярэднія часткі. I ўсё ж адчуваецца, што гэта тэма — запазычаная, не яго, як і ў Я. Коласа «Рыбакова хата» ці ў 3. Бядулі «Хлопчык з-пад Гродна».

Дождж. Відаць, нікуды не пайду. Дачытваю аповесць Багдана Чэшкі «Каралавыя карані».


8.Х


Учора з Любашай і Софіяй Захараўнай ездзілі на Нарач, дзе думаем будаваць свае дачы. I зноў заглянулі ў Вільнюс, і зноў на некалькі гадзін засеў у архівах, дзе натрапіў на запісы беларускіх прыказак Дубяйкоўскага, сярод якіх шмат знайшоў невядомых мне. А вось рукапісу яго аб беларускай архітэктуры знайсці так і не ўдалося.

Вяртаючыся ў Мінск, трапілі ў такую снежную завею, што амаль на кожным кіламетры змушаны былі спыняцца і праціраць шыбы, фары. Аж страх падумаць, колькі на палях засталося бульбы. Нейкі ўвесь гэты год цяжкі: позняя была вясна, дурное ле­та і яшчэ горшая сцюдзёная і мокрая восень.


29.Х


Усе гэтыя дні працаваў над перакладамі з польскай паэзіі. Прачытаў ваенныя нарысы Я. Бранеўскай, у якіх бязбожна пераблытаны некаторыя факты. Піша, што я быў на ўрачыстасцях, калі прымала прысягу іх першая дывізія. Усё гэта адбывалася недзе воддаль ад Масквы, і ніхто з нашых пісьменнікаў там не прысутнічаў.


31.Х


Прыехалі з пількаўскага калгаса імя Молатава намеснік старшыні і бухгалтар. Дзякавалі, што памог ім набыць машыну. Відаць, справы ў калгасе памалу наладжваюцца, хоць працадзень яшчэ вельмі малы — 0,5 кг хлеба. Маюць намер купіць яшчэ адну машыну і пілараму. Збіраецца на гэтым тыдні пад’ехаць у Мінск і дзядзька Фадзей, каб папоўніць неабходнымі лекамі сваю ветэрынарную аптэку.


5.ХІ


Памёр Міхаіл Мікалаевіч Клімковіч. Які гэта быў працавіты чалавек! Шкада, што перад самай яго смерцю, напярэдадні нашага з’езда пісьменнікаў, увесь агонь крытыкі абрушаны на яго. У адрас з’езда ён напісаў пісьмо, але яго нат не зачыталі, бо ён там выказваў сваю крыўду на М. Лужаніна і Я. Коласа. М. Клімковіч быў не з тых выдатных пісьменнікаў, пра якіх часта пішуць у перадавіцах і юбілейных ар­тыкулах, але гэта быў патрэбны ў літаратуры чала­век, які любіў яе і самааддана памагаў пачынаючым пісьменнікам, якія, як гэта часта бывае, апярыўшыся, рэдка калі прызнаваліся, хто быў іх першым хрос­ным бацькам ці настаўнікам.


10.XI


Ездзіў з дзядзькам Фадзеем у Кабыльнікі. Дамовіўся з арцеллю аб будаўніцтве дачы. Па дарозе Ў Пількаўшчыну ўгразлі на грэблі і толькі познім вечарам дабраліся да хаты. Бацькі яшчэ не спалі. Мінулай ноччу ваўкі схапілі сабаку. На балоце гарэлі фары трактароў, якія ўздымалі тарфянішча. Ноч была досыць светлая. Асцярожна, абмінаючы выбоіны, без прыгод выехалі на гасцінец. Ля Памарацкага азярка сустрэлі нейкі абоз. Пра азярко гэта я калісьці напісаў быў у адным са сваіх першых вершаў, у якім пераказаў легенду аб тым, што на гэтым месцы стаяў двор злога пана, і гэты двор праваліўся.


11.XI


Прачытаў цікавае даследаванне С. Жулкеўскага «Spòr о Mickiewicza». Бачыў Пімена. Быў у М. Садковіча, які прывёз з Масквы цэлую торбу літаратурных навін і розных анекдотаў. Да зборніка вершаў польскіх паэтаў пераклаў Путраманта, Пентака, Леца... Атрымаў пісьмо з Кіева ад К. Літвінчука, піша, што яны запланавалі зборнік маіх казак у перакладах Рыльскага, Сасюры, Забілы, Тычыны, Чалага, Прыгары. Разбіраючы залежы непрачытаных кніг, знайшоў анталогію «Oblicze dnia», калісьці адзін з самых баявых і папулярных тыднёвікаў у даваеннай Полыпчы.

Прыснілася, што вецер зламаў на нашай пількаўскай дрывотні яблыню і толькі застаўся невялічкі атожылак. Хаця б там чаго не здарылася.


20.ХІ


Быў на вечары, прысвечаным 50-годдзю А. Русака. У «Новом мире» прачытаў п’есу А. Карнейчука «Крылы». Вельмі слабая рэч. Такая ж сла­бая і нудная паэма П. Антакольскага «В переулке за Арбатом». Заўтра на трактарным заводзе — літаратурны вечар.

Пачынае церушыць дробны снег. Здаецца, хутка паедзем на свой усесаюзны з’езд пісьменнікаў. Часамi дзіўлюся: адкуль у нашу паэзію прыйшло нейкае «бодрячество», калі ў жыцці людзей яшчэ столькі бед і гора. Мы часта даем завышаныя ацэнкі творам на тэму дня, хоць яны ў большасці такія хадульныя, надуманыя, што і ў рукі не хочацца браць. Не ведаю, якія пытанні будуць вырашацца ці ставіцца на з’ездзе, бо папярэдняя дыскусія нічога не праясніла, нічога не ўнесла новага.


10.XII


Завёз старшыні Мядзельскага райвыканкома Міцкевічу, былому падпольшчыку, два тамы рамана П. Пестрака «Сустрэнемся на барыкадах». Дзень быў ясны, марозны. Усе азёры былі ўжо ў лядовым панцыры, толькі на сярэдзіне Нарачы ўскіпалі белыя грэбні хваль. Заехаў у Маладзечанскі абком, але не застаў С. Прытыцкага. А шкада, бо хацеў папрасіць памагчы вырашыць некалькі спраў сваіх аднасяльчан.


30.ХІІ


I так, якім паехаў, такім і вярнуўся са з'езда пісьменнікаў: нічога не згубіў, але нічога і не прыдбаў. Зараз рыхтуемся да стрэчы Новага года. Можа, лепш было б святкаваць адыход старога года і святкаваць у залежнасці ад таго, якім ён быў. Бо радавацца прадчасна Новаму году, не знаючы, якім ён будзе для нас, ці варта. Мо напісаць верш на гэту тэ­му? Як часта прымаем мы жаданне за рэальнасць! Бачым толькі тое, што хочам бачыць і працуем на будучыню, якая можа быць зусім іншай, як мы яе ўяўляем. Усякія прароцтвы і прадбачанні размінаюцца з рэальнасцю. Недзе чытаў: пад канец XIX веку ду­малі, што ў XX трамваі будуць цягнуць 30 коней. А гэтыя коні, як вядома, пайшлі на кілбасы. Нават пра Эйнштэйна гаварылі, што ён быў геніем у фізіцы, аматарам — у музыцы і дзіцём — у палітыцы. А што ўжо казаць пра нас!

Папулярнасць пісьменніка не можа быць непадважальнай яго ацэнкай. Кажуць, англічане дзівяцца, што ў нас папулярнымі сталі многія іх другарадныя пісьменнікі. У Фінляндыі ў саракавых гадах мінулага стагоддзя Булгарын быў больш папулярны, як Пушкін. А што было і бачым у нас? Толькі час, адкінуўшы моду і забабонную веру, можа выявіць сапраўдную вартасць таго ці іншага творцы і пісьменніка.


1955


1.І


Новы год сустракалі ў Лыньковых. Былі Я. Колас, Куляшовы, Лужаніны. Міхась Ціханавіч шмат расказваў пра свае амерыканскія прыгоды. Распілі ў яго дзве бутэлькі нейкага заморскага зелля. А сёння былі ў нас Федзя з жонкай і Танюшай і Я. Семяжон. Калі госці разышліся, узяўся перакладаць баладу А. Міцкевіча «Лілеі». На з’ездзе пісьменнікаў у Маскве пераклаў яго «Паліліся мае слёзы». Некалькі раз я браўся за пераклад гэтага шэдэўра сусветнай паэзіі. Зараз, мне здаецца, пераклад удаўся. Відаць, у кожнай мове ёсць свае непераадольныя для перакладу бар'еры. I ўсё ж трэба «дерзать», бо нам неабходна перакладаць і перакладаць, каб прысвоіць на­шай літаратуры новыя вартасці, якія пашыралі б яе гарызонты. I гэта разумеў М. Багдановіч. Ён адзін з першых адрабіў многія нашы спазненні.


7.І


Пачаліся пасяджэнні выбарчай камісіі па выбарах у Вярхоўны Савет БССР. Адказаў на некалькі лістоў. У «Литературной газете» надрукаваны перакладзены Я. Хелемскім мой верш «Шчасліва ў далячынь ляцець». Блок, Белы, Чосар, Вальтэр... Быў у лечкамісіі. Хацелі палажыць, бо кепскія справы з маім здароўем. Дамовіліся, што буду ляжаць дома. Заходзіў А. Куляшоў. Прынёс для «Полымя» (№ 3) новую сваю паэму. Неспадзяваная звестка: у калгасе «Іскра» Брэсцкага раёна, па Матыкальскай выбарчай акрузе № 83, мяне вылучылі кандыдытам у депута­ты Вярхоўнага Савета БССР.


19.І


А хвароба не адступае. Прачытаў газеты і зборнік вершаў Э. Валасевіча. Найлепш яму ўдаюцца байкі, бо лірычныя вершы значна слабейшыя. Гэта можна сказаць пра ўсіх сатырыкаў. У Бенвенута Чэліні знайшоў цікавую думку: «Усе людзі ўсякага рода, якія зрабілі нешта доблеснае або падобнае на доблесць, павінны б, калі яны праўдзівыя і сумленныя, сваёю рукою апісаць сваё жыццё; толькі не трэба пачынаць такое дабрачыннае мерапрыемства раней сарака год».

Значыць, самы час мне брацца за свой жыццяпіс. Больш складаная справа, што ў сваім жыцці мы можам лічыдь доблесцю?


27.І


Будучы хворы, узяўся за лекцыі аб славянскіх літаратурах, прачытаныя А. Міцкевічам у Col­lege de France. Шмат у іх цікавых звестак, але і шмат адвольных ацэнак.


26.ІІ


Вярнуўся з Дэкады беларускага мастацтва і літаратуры з Масквы, якая, як пісалі газеты, «прайшла з вялікім поспехам». Горш толькі, што хвароба мая не адступае, хоць пабываў я і ў гамеапатаў.

Былі з Любашай на французскім фільме «Плата за страх». Сцюжа. Сівер. «Советская Белоруссия» піша, што вядомы мексіканскі кампазітар Якаў Кастакоўскі перад сваёй канчынай напісаў музыку на мае вершы «Сасна», «Галінка і Верабей» і «Граніца». Уда­ва кампазітара пераслала нашаму Таварыству культурнай сувязі з заграніцай гэтыя яго музычныя творы.

Разам з іншымі пісьменнікамі — аб чым даведаўся з газет — і я ўзнагароджаны ордэнам Працоўнага Сдяга. Хоць паэзія, кажуць, губляецца ў перакладах, але я ўзяўся за пераклад міцкевічаўскага шалёнага «Фарыса».


7.ІІІ


Перакладаю і перакладаю. На перакладах кожная мова правяраецца на гнуткасць, на трываласць, на гарт і бляск.

Учора наша Верачка на пытанне, чаму не слухае сваю настаўніцу і не адрывае сваіх пальчыкаў ад клавішаў раяля, заявіла: «Я так раблю, бо не хачу здавацца».

Ну і зязюлька расце! У каго яна такая ўдалася?

Пазванілі з ВОКСа, папрасілі напісаць пісьмо жонцы Якава Кастакоўскага. Вось чарнавік гэтага пісьма:

«Уважаемая госпожа Костаковская! Сердечно бла­годарю Вас за присланные мне замечательные произ­ведения Вашего мужа Якова Костаковского. По моей просьбе Белорусское общество культурной связи с за­границей уже их передало музыкальным коллекти­вам нашей республики, которые будут их разучи­вать, и в скором времени мы сможем их услышать на наших концертах и по радио. Как реквием павшим бойцам за свободу величественно звучит песня-бал­лада «Граница». С большой глубиной раскрыта ком­позитором тема созидательного труда нашего народа. Волнующе написаны произведения «Сосна», заду­шевно и трогательно «Вербинка и воробей». Нам осо­бенно близки по своему звучанию и верны по своему содержанию эти музыкальные произведения, даже трудно себе представить, что они созданы в далекой Мексике. Чтобы найти такие краски и звуки, мало быть большим художником, надо быть и Человеком, любящим мир, созидательный труд, быть борцом за правое дело. Таким перед нами встает образ компо­зитора Якова Костаковского, чье светлое имя всегда будет жить в его замечательных песнях, посвящен­ных Белоруссии, и в сердцах всех его многочислен­ных друзей».


26.ІІІ


За адзін прысест яшчэ раз прачытаў «Рamiętniki chlopòw», першы том апавяданняў Я. Івашкевіча. Атрымаў пісьмо і цікавае апавяданне Ганны Новік. Дапрацаваўшы, можна было б даць у «Полы­мя». Вельмі хутка расце ў нас колькасць твораў сярэдніх, твораў, якія можна друкаваць, але калі б былі лепшыя, не варта было б іх друкаваць.

Нехта прыслаў мне стары буквар С. Паўловіча, які выйшаў быў у Вільні ў 1937 г. Знайшоў там адзін са сваіх вершаў «Сем радкоў», які, крыху падрэдагаваўшы, можна было б даць і ў зборнік, разам з іншымі даваеннымі маімі вершамі.

Верш гэты, відаць, быў напісаны ў 1936 г., калі С. Паўловіч пачаў складаць свой буквар, калі Кампартыя вяла перагаворы з лідэрамі хадэцыі аб супольных выступленнях у абарону беларускіх школ. Пом­ню, перагаворы з хадэкамі тады вёў Трахім, які ў 1937 годзе быў арыштаваны і загінуў у варшаўскай турме. Якое было яго сапраўднае прозвішча, хіба толькі знае «Паўлік» (Самуіл Малько). Ведаю толькі, што ён родам з Палесся і што дома ў яго засталіся асірацелыя жонка і дзеці.


8.IV


Ездзіў з М. Лыньковым на Нарач. I так, гэтымі днямі арцель Лапціка пачынае будаваць нашу дачу. Атрымаў ад Е. Путраманта кнігу яго нарысаў «На літаратурным фронце», напісаную і смела і све­жа, не так, як пішуць нашы прысяжныя крытыкі, абмінаючы ўсіх т. з. «класікаў» і «непрыкасаемых».


12.IV


Позна вечарам пазваніў М. С. Патолічаў. Магчыма, мне зноў прыйдзецца ў складзе ўрадавай дэлегацыі ехаць у Польшчу на святкаванне дзесяцігоддзя савецка-польскага дагавору аб дружбе. Заўтра ў 10 г. трэба быць у ЦК. Збіраемся з П. Броўкам у Вільнюс пазнаёміцца, як там абстаяць выдавецкія справы, на якой базе яны арганізаваны, бо мы на правах прымацкіх пакутуем, пеклімся ў сваім бяспраўным становішчы.

Купіў некалькі рэпрадукцый Пікасо. «Маё жыццё мастака не было нічым іншым, як барацьбой з рэакцыяй і адуміраннем мастацтва». Некаторыя ў нас да рэалістычных твораў залічаюць яго «Вайну і мір», «Герніку», «Расправу ў Карэі». Поўная разгубленасць У радах тэарэтыкаў сацыялістычнага рэалізму. Каб не атрымалася так, як з імпрэсіяністамі.


16.IV


Субота. Самалёт, якім ляцеў у Маскву, з-за дрэннай пагоды вярнуўся ў Мінск. Чакаем праяснення. Спыніўся ў гасцініцы «Советская». Вечарам наведаў гамеапата Т. С. Абашыдзе. У запас набраў розных лекаў.


19.IV


Сёння ў мяне вольны дзень. Пайшоў блукаць па старых знаёмых вуліцах і завулках Краснай Прэсні. Быў на той Ціхвінскай вуліцы, дзе ў 1922 г. жылі мы ў бежанстве, дом № 16, кв. 1. Няма ўжо таго дома. А былыя агароды і сад нейкага сівухі пайшлі пад новабудоўлі. Толькі дажывае свой век старая царквушка, у якой я калісьці маліўся святому Мікалаю-цудатворцу, каб за нейкую правіну не выклікала настаўніца бацькоў, ад якіх, вядома, мне дастанецца. I трэба сказаць, што тады ён мне дапамог. Дождж загнаў мяне ў Політэхнічны інстытут, дзе я правёў амаль чатыры гадзіны, знаёмячыся з рознымі цудамі тэхнікі.


20.IV


Каля гасцініцы не было таксі, і да аэрадрома дабіраўся аўтобусам. Потым доўга шукаў патрэбныя вароты. Сустрэў М. Зімяніна. Следам за ім прыехаў маршал Конеў, а праз нейкіх дзесяць мінут М. С. Хрушчоў. У самалёце я сеў воддаль, каб нікому не перашкаджаць, але Мікіта Сяргеевіч запрасіў да свайго стала. Тут ён пачаў расказваць аб сваёй апошняй паездцы па калгасах, пра сустрэчы і розныя прыгоды падчас гэтай паездкі. А расказчык з яго — выдатны. Усіх дэлегатаў пазнаёміў ён з тэкстам свайго выступлення на аэрадроме і з дакладам на ўрачыстым пасяджэнні ў Варшаве.

Увесь час ляцім у хмарах. Толькі пасля трэцяга заходу прызямліліся на аэрадроме. Пасля ўрачыстай сустрэчы накіраваліся ў Бельведэр, адкуль паехалі да помніка паўшым воінам Савецкай Арміі, дзе ўсклалі вянкі. Вечарам былі ў Вялікім тэатры. На­зад, у Бельведэр, — I. I. Матуліса, О. I. Івашчанку i мяне — на сваёй машыне прывёз К. К. Ракасоўскі. Да позняй ночы прагаварылі з намеснікам пасла I. Р. Месьнікам аб складаным становішчы ў Польшчы і асабліва ў творчых саюзах і арганізацыях.


21.IV


Падчас снедання Мікіта Сяргеевіч сказаў, што ён едзе ў калгас, а мы з І.І. Матулісам засталіся і можам сустрэцца з вучонымі, з пісьменнікамі. Я, набраўшыся смеласці, запытаўся, ці нельга было б і мне паехаць з ім, бо з пісьменнікамі я часта сустракаўся і ў Варшаве, і ў Маскве, і ў Мінску. Ён згадзіўся. I мы ўсе, акрамя маршала I. С. Конева, паехалі на Пазнаньшчыну, у Яцковіцкую спулдзельню, якая была арганізавана ў 1950 годзе. Гэта быў першы калгас у павеце. Вядома, цяжка было яго арганізаваць, — расказваў адзін з калгаснікаў. «Баяліся ісці, не ве­рылі, што будзе лепш. Калі прызнаўся жонцы, што запісаўся, яна толькі цяжка ўздыхнула і сказала: «Калі ты не памрэш, дык і я буду жыць». Тут мы пазнаёміліся з цікавым аграномам, якога Мікіта Сяргеевіч адразу пачаў агітаваць сеяць кукурузу. «Мы верым у яе, — гаварыў старшыня, — ды ў нас няма ратунку ад варон...» «Ну вось, — перабіў яго Мікіта Сяргеевіч,— Гітлера разбілі, а ад варон не можам уратавацца...». Ён угаварыў-такі гаспадароў пашырыць клін кукурузы і паабяцаў прыслаць яму насенне. Ён прывёў цікавыя дадзеныя: «Амерыка засявае 30% пахаты кукурузай, а збірае 50% зернавых. За­раз мяне крытыкуюць некаторыя амерыканцы за тое, што мы збіраемся сеяць кукурузу там, дзе яна раней ніколі не расла. Так, генерал Грунтэр гаварыў:

— Хрушчоў не разумее таго, што ў Савецкім Саюзе не можа расці кукуруза, ды і Бог не дасць, каб яна ў камуністаў расла... Там, дзе кукуруза не выспявае, мы яе і не будзем расціць на зярно. А такая можа расці ўсюды, дзе выспявае пшаніца. Мы будзем салому і пачаткі сіласавань. Калі буракі з 1 га даюць 5 ты­сяч кармавых адзінак, бульба — 5,5, авёс — 2,2, дык кукуруза — 6 500 кармавых адзінак. Калі ж да апрацоўкі кукурузы трэба ўкласці працы 100 %, то на буракі — 500 %, на авёс —120 %, на бульбу — 413 %. Дык якая ж культура самая карысная? Я хачу, — гаварыў Мікіта Сяргеевіч, — быць у вас добрым дарадчыкам і госцем».

Заглянулі мы яшчэ і ў суседні саўгас у вёсцы Доманікі. Мікіта Сяргеевіч доўга бяседаваў з сялянамі, цікавіўся іх жыццём, знаёміўся з іх гаспадаркай. Былі на вечары самадзейнасці, дзе паказалі нам цудоўнае «Вяселле лавецкае».

Шкада, што быў позні час, не змаглі яшчэ пабываць мы на радзіме Ф. Шапэна.


22.IV


Ноччу выпаў снег. Пабялелі ў Лазенках усе дрэвы. Натрапіў у газеце на цікавую французскую пагаворку: не важна хто што гаворыць, важна хто гаворыць. Ездзілі аглядаць «Палац культуры». Былі ў ЦК, дзе выступалі спецыялісты па сельскай гаспадарцы і Мікіта Сяргеевіч.


23.IV


Велізарны мітынг на Новай Гуце, дзе з палымянай прамовай выступіў М. С. Хрушчоў.

Я стаяў у натоўпе. Нехта: — Чаго іх чорт ганяе па нашай Гуце? Я не вытрымаў: — Пане, як вам не сорамна? Увесь ваш завод абарудаваны станкамі з Савецкага Саюза... Ён, відаць, не спадзяваўся, што яго можа нехта пачуць з савецкай дэлегацыі.


25.ІV


Вецер, снег. І. І. Івашчанка і маршал Конеў паехалі на Стары рынак, а я — у Нацыянальны му­зей, дзе пазнаёміўся і з дачкой Ф. Рушчыца, якая па­казала мне яго цудоўны вобраз «Балада» і іншыя, якія калісьці бачыў у Вільні. Дзіва, што іх удалося ўратаваць у часе вайны і вывезці ў Кракаў.


6.V


Чорт ведае, якая цяжкая вясна. Кожны дзень: снег, дождж, галалёд. Ужо цэлы месяц няма чым карміць жывёлу. Атрымаў ад I. Нанешвілі зборнік яго вершаў «Друзья повсюду». Трэба пад’ехаць у Вільнюс, а 8-га мая — на Усесаюзную канферэнцыю міру. Калі вярнуся, паеду з Лыньковымі на Нарач, дзе, здаецца, пачалі ўжо ставіць зрубы нашых дач. Магчыма, ле­там будзем пад сваёй страхой. У брата Федзі нарадзілася дачка. Трэба было б наведаць і бацькоў. Увесь час — у паездках, розных камандзіроўках. Няма калі і пісаць. Мне вершы толькі сняцца. Трэба выслаць зборнік сваіх вершаў Ашоту Грашы. Часопіс «Пограничник» надрукаваў некалькі маіх вершаў.


22.V


Ездзілі з Янкам Брылём на Нарач. Дарогі ад дажджоў зусім раскіслі. Яшчэ на Мядзельшчыне і да сяўбы не прыступалі. У Заворначы (там гліністыя землі) нельга і на поле ўзысці. Ледзь дабраўся да сваёй Пількаўшчыны і ледзь з яе выбраўся. На гэтым тыдні збіраўся на Навагрудчыну. Прыйшоў пяты нумар «Twòrczości», у якім надрукаваны перакладзеныя Федэцкім фрагменты з паэмы А. Куляшова «Сцяг брыгады» і мой верш «Іван-ды-Мар’я», перакладзены Р. Квяткоўскім.

А дождж усё ідзе і ідзе. Канец мая, а дрэвы толькі пачынаюць прасынацца. Любаша і Соф’я Захараўна паехалі на Нарач. Чытаю «Лясныя долы» Трапачынскай-Агарковай. Варта было б нам перакласці гэту яе аповесць.


30.V


Быў у Кабыльніку і ў Купе ў пана Яцыны. Марудна ідзе будаўніцтва нашых дач. У Мінск вярнуўся на машыне Астапенкі, які працуе ў Міністэрстве замежных спраў. А дождж не сціхае. За Маладзечнам яшчэ пайшоў і снег. Ну і вясна! Першага чэрвеня — дзень нараджэння Ірынкі і Верачкі. Трэба будзе неяк адзначыць іх першае дзесяцігоддзе.


3.VI


I так адсвяткавалі юбілейную дату — імяніны нашых дзяўчат. Былі Лыньковы, Куляшовы, Лужаніны, Крапіва з жонкай, Марыя Канстанцінаўна з мужам і Я. Семяжон.

А дождж усё ідзе. Тэмпература апала да +5. Пасяўная, відаць, сёлета закончыцца толькі ў чэрвені. Дрэнна выглядаюць азімыя, якія пачалі касіць на пошар.


12.VI


Учора ездзілі ў Навагрудак на вечар, прысвечаны сотай гадавіне смерці А. Міцкевіча. Кароткі даклад зрабіў П. Броўка. Я — чытаў свае пераклады. Пабывалі на Замкавай гары, з якой адкрываецца паўночны від на маляўнічыя аколіцы Навагрудка. Сам горад пасля вайны, як пасля страшнага землетрасення, толькі пачынае прыходзіць у сябе залечваць свае раны, адбудоўвацца. Праўда, гэта ўжо іншы Навагрудак, не той, які быў са сваімі гандлёвымі радамі, невялічкімі яўрэйскімі крамамі, садамі, агародамі, а галоўнае — старажыламі і іх традыцыямі.


13.VI


Званіў мой стары знаёмы па Лукішках I. Л. Фрыдлянд. Цікавіўся, можа, я што ведаю, як абстаяць справы з аднаўленнем партыйнага стажа былых членаў КПЗБ. У «Trybuna Ludu» бачыў фатаграфіі кіраўнікоў КПП на чале з Ленскім. А гэта ўжо абнадзейвала, але пакуль што ў нашым ЦК я нічога аб гэтым не чуў.

Быў у А. Д. Рудака па справе рэпрэсіраванага П. Бітэля — перакладчыка твораў А. Міцкевіча. Характарыстыка, якую даў Аркадзь Дзянісавіч П. Бітэлю («чалавек з такой заблытанай біяграфіяй, што яго нельга друкаваць»), перакрэсліла нашы намеры даць у часопісе «Полымя» яго пераклад «Пана Тадэвуша». Параіў узяцца за новы пераклад, а гэты здаць у архіў СП.


18.VI


Быў у мяне са сваім сынам адзін з вядомых былых кіраўнікоў Кампартыі Польшчы — Якуб Шленскі, які прыехаў з Варшавы да сваіх родных і прывёз мне ад Г. Смоляра прэпарат «Ротар». Трэба будзе паказаць яго нашым дактарам. Шленскі сядзеў калісьці ў санацыйных турмах разам з Царуком, Прытыцкім, Пестраком. Прасіў, каб мы дапамаглі яго сыну, які канчае ў Мінску 10 клас і хоча паступіць у медінстытут. Цікава, чаму сам ён — у Варшаве, а сын — тут? Пытацца неяк не выпадала. Спытаю ў П. Пестрака, якога ён збіраецца наведаць.

Паслаў віншавальную паштоўку кампазітару К. М. Галкоўскаму, які калісьці ў гімназіі А. С. Пушкіна выкладаў нам дыкцыю. Ітак, яму ўжо 80 год! Паслаў, а марку на канверце, здаецца, забыўся наклеіць. Ну і галава! Чытаю падораныя М. С. Арэхвай «Wspomnienia z pola walki» i «Ludzie КРР».

A ў СП — бясконцыя нарады, пасяджэнні, розныя сустрэчы.


19.VI


Атрымаў кітайскі часопіс «Івэнс» («Перакладная літаратура». Пекін, № 5, 1955), у якім надрукаваны мой верш «Блакітная рака». Зноў збіраюся на Нарач. Але перад гэтым трэба будзе яшчэ пабываць у Каралішчавічах на юбілеі П. Броўкі. Накідаў верш пра Гаркушу.


20.ІХ


Раскапаў у пількаўскіх паперах некалькі картак са сваіх даваенных блакнотаў:

«Здалося ёй, што будынак гэты мог бы быць яшчэ прыгажэйшы, калі б быў вышэйшы, але крытыка раптам спынілася, калі ўбачыла кароткае ў адным слове ўвабраўшае ў сябе ўсё, што яны маглі сказаць — Ленін — і нічога больш». Не помню толькі, чые гэта словы.

«Не маліся над імі, бо ты іх гэтым пакрыўдзіў бы... Іх палічыў бы на пальцах, a іх не сцерлі». А хто аўтар?

«Жыцце людское ўзбагачаецца на ўсю суму заашчаджаняга часу» (Каларэс).

«Замардаваныя антыфашысты: Ёган Шур, Эрых Штэйн-фурм, Ендан Шонгаар, Рудольф Шварц» («Двутыднёвік ілюстраваны», № 6).

Пасля нарады маладых пісьменнікаў ездзіў у Лошыцу за прышчэпамі для сада. Украінскае выдавецтва «Моладзь» прыслала зборнік маіх казак «Сярод лясоў наднёманскіх». Трэба будзе шчыра падзякаваць маім украінскім сябрам за іх выдатныя пераклады. Яны значна лепшыя, як пераклады на рускую мову. Ды тут і не дзіва, бо перакладалі такія майстры, у якіх ёсць чаму ўсім нам павучыцца.


26.IX


Нядзеля. Вечарам быў на юбілейным банкеце П. Глебкі. Было досыць весела і шумна. Толькі Пімен, крыху выпіўшы, быў у кепскім настроі. Перажывае нейкі ўнутраны канфлікт. Пад сакрэтам прызнаўся, што ён піша аповесць. Ужо напісаў больш сотні старонак. Але, калі нічога не атрымаецца, вырашыў застрэліцца. Я яго крыху знаю. У такі час, у гутарцы з ім трэба асцерагацца, каб не сказаць нешта такое, што ў адносінах да сябе ён успрыняў бы як настаўленне ці спачуванне. Лепш пасядзець з ім і памаўчаць, на што ён не пакрыўдзіцца. Але як так атрымалася, што ён дайшоў да такога стану? Я яму толькі сказаў: — Не будзь скарпіёнам, які сябе смяротна раніць. I падзяліўся сваімі ўражаннямі з А. Куляшовым.


15.Х


Два дні як вярнуўся з дэкады беларускага мастацтва і літаратуры ў Польшчы. Аб’ездзілі амаль усю краіну. Шмат было розных сустрэч. Толькі ўсё гэта выбіла мяне са строю, і не магу прыйсці ў сябе. Заўтра выступае ў Доме афіцэраў ансамбль «Слёнск». Няма калі перагледзець газеты, часопісы, карэспандэнцыю. А калі працаваць? Наступілі першыя прымаразкі. Прасілі выступіць у школе і ў бібліятэчных работнікаў.


30.Х


Званіў Я. Колас. Пытаўся, што парабляю. А голас у самога нейкі стомлены. — Змарыўся, — кажа, — відаць, пара ісці на адпачынак... Ці дажыву да свята...

Я падзякаваў яму за новую частку «На ростанях», якую ён перадаў праз М. Лужаніна для «Полымя». Паабяцаў заўтра яго наведаць. Відаць, Канстанцін Міхайлавіч вельмі дрэнна сябе адчувае, цяжка і сумна на яго сэрцы, калі не мог не паскардзіцца.


З.ХІ


Дзень нараджэння Якуба Коласа. Толькі прыехалі мы з Максімам Лужаніным яго павіншаваць, як за намі следам Мацапура з жонкай, а за імі — і доктар Сяргей Іосіфавіч Ларэнцэвіч. А вечарам прыбыло яшчэ гасцей: тт. Патолічаў, Мазураў, Гарбуноў. Шкада, што за сталом не было самога гаспадара, якому доктар не дазволіў падымацца. Усе віншавалі, і, асабліва, Патолічаў шмат добрых і прачулых слоў сказаў пра Канстанціна Міхайлавіча, пра свае сустрэчы з ім. 3 дазволу хворага на адыходзе мы сцішанымі галасамі праспявалі некалькі рэвялюцыйных песень, якія, здаецца, крыху прыабадрылі і Коласа і крыху рассеялі нашу трывогу за яго здароўе.


4.ХІ


У рэдакцыі «Полымя» сустрэўся з Р. Бярозкіным, які пасля перагляду сваёй справы, рэабілітаваны, выйшаў на волю. Колькі ні за што, ні пра што давялося яму адпакутаваць! Выглядае ён досыць до­бра, і настрой баявы. Толькі здароўе, казаў, ненадзейнае. У кожным выпадку вяртанне яго — значная падзея ў нашай літаратуры.

Хадзілі з Броўкам і Панчанкам сустракаць Саміда Муканава, які прыехаў пазнаёміцца з нашай рэспублікай. Піша аповесць пра цалінныя землі, і сярод герояў яго аповесці ёсць і беларусы.


7.ХІ


Учора Хадкевіч, Кулакоўскі і мы з Любашай разам з нашымі казахскімі гасцямі ездзілі на Нарач. Усё было добра, толькі мы не прадбачылі, што не тую закусь узялі з сабой у дарогу, бо ні Муканаў, ні яго сябры і не дакрануліся да нашых свінскіх прысмакаў. Добра, што хоць на скорую руку Любаша падрыхтавала яешню, чай, і яны сяк-так заспакоілі свой голад. Па дарозе заехаў да бацькоў. Дзядзьку Фадзея не застаў дома, бо паехаў у Даўгінава купляць дру­гую карову. Дома загрузілі нашу машыну крамянымі антонаўкамі, якімі частаваліся ўсю дарогу.


8.ХІ


Разгасцяваліся. Былі з Любашай у Лыньковых, а сёння — у Лужаніных. Дождж. Імгла. Нат не відаць другой стараны вуліцы. Атрымаў тэлеграму ад С. Малько. Піша, што, вяртаючыся ў Маскву, на пару дзён спыніцца ў Мінску. Прышло пісьмо ад Е. Путраманта, пытае, якія яго творы выходзілі ў нас. Крытычна адзываецца аб Брандысе і яго кнізе «Абываталі». Тут трэба прызнаць яму рацыю, бо кніга вельмі нудная.


9.ХІ


Прынёс у рэдакцыю «Полымя» А. Бялевіч сваю новую паэму. Даўжэзную, як пугу. Відаць, скараціўшы, дамо яе ў 12 нумар, хоць хваліць нас за яго «Лёгкі хлеб» (так называецца паэма), напэўна, не будуць ні чытачы, ні крытыкі.


13.XI


Учора цэлы дзень абмяркоўвалі ўсе нумары «Полымя», якія выйшлі за гэты год. На абмеркаванне прыехалі з Масквы Трыгуб і Осін. На пару дзён пазычыў у сястры 3. Астапенкі рукапісы яго вершаў. Аказваецца, з самім 3. Астапенкам я сустракаўся ў Маскве. Я толькі не ведаў яго сапраўднага прозвішча. А мне ён і не мог яго адкрыць, бо накіроўваўся ў варожы тыл, аб чым я толькі потым даведаўся. Помню, тады пазнаёміўшыся з яго паэмай, я яму сказаў, што гэта выдатная рэч і напісана яна не нейкім пачынаючым паэтам, а паэтам, у якога за плячамі багаты вопыт і рэдкі талент. На што ён мне нічога не адказаў. Цікава, што калі я расказаў пра гэту сустрэчу і з большага апісаў выгляд паэта, усе — Лынькоў, Куляшоў, Броўка — у адзін голас сказалі, што хутчэй усяго гэта быў Змітрок Астапенка. Значыць, я быў апошнім, хто бачыў яго жывым, бо хутка ён, здаецца, у Карпатах гераічна загінуў. I сёння ніхто не знае, дзе яго магіла — магіла «Змітрака Няміры» — Змітрака Астапенкі.

На сон сваім малышам чытаю «Песню пра Гаявату», а сам сабе «Махабхарату».


21.XI


Думаю над вершам, прысвечаным Я. Коласу. У СП пазнаёміўся з А. Звонакам. Прызнацца, ма­ла яго ведаю. Пазычыў яго нейкі даваенны зборнік у П. Глебкі, зборнік зачытаны, без вокладкі. Зна­чыць, варты ўвагі.

3 цікавасцю чытаю аб візіце Булганіна і Хрушчова ў Індыю. Здаецца, ад братняга поціску рук народаў Кітая, Індыі і Савецкага Саюза чуваць, як распадаюцца звенні каланіялізму ў Азіі.


26.ХІ


Запар некалькі дзён выступаю на вечарах, прысвечаных А. Міцкевічу. На адным з такіх вечароў у зале Чайкоўскага чытаў сваё слова У. Бранеўскі. Чытаў вельмі дрэнна. Прапускаў, блытаў цэлыя старонкі свайго выступления. Відаць, дрэнна сябе адчуваў, бо ў гэты ж вечар выехаў з Масквы.


28.ХІ


Наведаў у бальніцы Лёню, якога заўчора аперыравалі. Дамоў рашылі не пісаць, пакуль не ачухаецца. Не хапала яму яшчэ гэтай язвы страўніка. I так увесь пакалечаны вайной.

I. Эрэнбург звярнуўся з пратэстам да шведскага выдавецтва, якое без згоды аўтара з тэндэнцыйнай прадмовай выдала яго «Адлігу». Ён патрабуе, каб выдавецтва спыніла продаж гэтай кнігі, з чым яно не згадзілася.


29.XІ


Раніцой сустракалі польскіх сяброў. У. Бранеўскі адразу, яшчэ на вакзале, запытаў у мяне: «Дзе тут можна выпіць сто грам?» Потым званіў ён з гасцініцы, але я так і не зразумеў, што ён хоча купіць: ці то цёплую шапку, ці то валёнкі, бо мароз узмацніўся, а перад намі яшчэ паездка ў Навагрудак.

3. Федэцкі прыслаў зборнік вершаў Б. Лесьмяна — аднаго з выдатных польскіх паэтаў. Праўда, непамерна вялікае месца ў яго вершах займае тэма смерці. Сустрэў недзе цікавую заўвагу, што ў народнай творчасці амаль зусім няма вершаў прыродаапісальных.


11.XII


Прачытаў вельмі слабы артыкул Р. Бярозкіна пра свае вершы. Толькі трэба прызнацца, што і вершы слабыя.

А зіма ўсё ўбіраецца ў сілу.

Паслязаўтра трэба сустрэць польскую парламенцкую дэлегацыю. Здаў у «Полымя» новую падборку сваіх вершаў. А там — розныя сустрэчы, прыёмы, абмеркаванне паэмы А. Бялевіча, літаратурны вечар у педінстытуце, юбілей В. Барысенкі, партканферэнцыя, прыезд кітайскай дэлегацыі... У нас усё так геніяльна арганізавана, каб адзін аднаму не даваў працаваць. I ў гэтым дабіліся мы небывалых поспехаў.


20.ХІІ


Вярнуўся з Амерыкі Міхась Лынькоў. Казаў, трапілі ў такую паласу штормаў, што ледзь выбраліся жывымі. Прасіў забегчы да яго.

Вось некалькі цікавых думак Пікасо: «Для мяне ў мастацтве няма ні мінуўшчыны, ні будучыні. Калі мастацкі твор перастае быць заўсёды жывым, не бяры яго пад увагу. Мастацтва не развіваецца, змяняюцца толькі ўяўленні людзей і іх формы выказвання... Стаў камуністам, каб менш было нэндзы».


31.XII


Сумным вершам пра Асвенцім закончыў стары год. Новы будзем сустракаць у сваім дамашнім кругу. У шыбы несціхана барабаніць дождж. Магчыма, хутка зноў трэба будзе ехаць у Маскву на пленум СП. Канчаю чытаць Яна Бжозу «Дзесяты батальён» і новыя вершы Яна Гушчы. Думаў нешта выбраць з іх і перакласці, але вершы вельмі слабыя, такія і мы ўмеем пісаць.

Даўно ўжо не быў дома, у сваёй Пількаўшчыне, ля таго вогнішча, якое заўсёды мяне грэла.


1956


14.І


Прыйшла сумная звестка з Варшавы — памёр Віктар Грош, выдатны Чалавек, рэвалюцыянер, публіцыст. У гады вайны сустракаўся я з ім у Саратаве, у Маскве, у Варшаве і ў Празе, дзе ён быў паслом ПНР. Часта мы з ім гутарылі пра нашы літаратурныя справы. I вось ужо не стала яго сярод нас. Недзе захаваліся ў мяне нумары тыднёвіка «Сігналы» з яго баявымі антыфашысцкімі артыкуламі, якія і сёння здзіўляюць сваёй празарлівасцю і глыбінёй.

Адказ Сальвадора Далі, дадзены мексіканскаму журналісту на яго пытанне: якім трэба быць, каб быць гешем? — Каб быць геніем, па-першае, трэба быць іспанцам, а па-друтое, — называцца Сальвадо­рам Далі.


24.І


Знайшоў у кнігарні гістарычны нарыс С. С. Вайткевіча пра Серакоўскага. Можна было цікавей напісаць пра паўстанне 1863 г., пра палітычнае становішча ў Літве, пра Камітэт Чырвоных. Недаравальна мала аўтар удзяліў увагі К. Каліноўскаму. Непраўдападобнай атрымалася і сцэна перад шыбеніцай, дзе шэф жандармерыі Шахоўскі на развітанне працягвае сваю руку Каліноўскаму, бо за такі жэст Мураўёў павесіў бы свайго служаку, як сабаку.

Сёння пачынаецца XXVII з’езд КП Беларусі. Трэба адпісаць і падзякаваць Э. Межалайцісу за прысланую мне яго «Брацкую паэму», ад якой, прызнацца, я не ў захапленні, і адказаць на тэлеграму А. Суркова: «Срочная государственная необходи­мость требует обязательного вашего присутствия в Москве первого февраля». Такія ж тэлеграмы атрымалі П. Броўка і А. Куляшоў... Што там за такая тэрміновая справа?


27.І


Чытаю вершы Ду Фу, перакладзеныя А. Гітовічам на рускую мову. Які высокі ўзровень гэтай паэзіі, якая праз тысячу год данесла да нас любоў паэта да свайго народа, да сваёй радзімы, жывое біццё яго сэрца.


3.ІІ


У шэсць гадзін раніцы Броўка, Куляшоў і я вярнуліся з Масквы, дзе, як і многія іншыя паэты, атрымалі задание: напісаць новы тэкст гімна і пераклад прыслаць да першага сакавіка г. г. Не ведаю, што з гэтага атрымаецца. Вельмі ж абмежаваныя зместам, хоць, як вядома, нат у сярэднявеччы маста­кам і паэтам дазвалялася выходзіць за рамкі догмаў.


9.ІІ


Быў на паніхідзе і на магільніку, на якім пахавалі А. Стаховіча. Яшчэ некалькі дзён таму я сустрэў яго на праспекце. Ён здалёк заўважыў мяне і Гурскага, з якім мы ішлі з СП ці са з’езда партыі, перайшоў праз вуліцу, аддаў мне 25 рублёў, якія калісьці ў мяне пазычыў... А пазнаёміліся мы на Бранскім фронце... Радзее сям’я ветэранаў. Нічога тут не параіш.

Верш выкрасаецца з сэрца, як іскра з крэмня. Адчуваю, што пара вызваліцца з палону старых канонаў і ўяўленняў, старых рыфм, памераў, вобразаў. Толькі — як? Пакуль што не знаходжу адказу. Праўду калісьці гаварыў Гейне Л. Калішу, што паэзія стварае больш мучанікаў, чым рэлігія.


10.ІІ


Увесь час — марознае, сцюдзёнае надвор’е. Агітаваў М. Садковіч ехаць у Брэст, але, відаць, не змагу. Трэба падумаць і над тэкстам гімна. Пазнаёміўся за гэты час з гімнамі розных народаў, і больш за ўсё спадабаліся мне два гімны — дацкі і фінскі. Не дарма апошні пераклаў на рускую мову А. Блок. Толькі ў нас такі гімн без розных палітычных лозунгаў і іншых стандартных рэквізітаў не мае шансаў, што будзе прыняты.


17.ІІ


Глыбокае ўражанне пакінуў даклад М. С. Хрушчова на з’ездзе партыі. Намячаецца велізарны зрух у эканоміцы, сельскай гаспадарцы і ўсё гэта на працягу нейкіх пяці год. Тут нават я, са сваёй закаранелай мужыцкай насцярожанасцю, з захапленнем перачытваю дырэктывы з'езда. Хочацца верыць, што ўсё гэта ўдасца ажыццявіць. Здаецца, Вальтэр казаў, што чалавеку надзея патрэбна як сон.

Прачытаў выдатную, як шматколерны вітраж, паэму Ю. Тувіма «Польскія кветкі». Мо спрабую некаторыя фрагменты яе перакласці.


8.ІІІ


Нейкае вар'яцкае надвор'е: снег, дожд, вецер. Былі з Любашай на Леніным вяселлі. Потым хадзіў сустракаць З. Федэцкага, які прыехаў за матэрыяламі да анталогіі беларускай паэзіі. Пазычыў у яго зборнІк прозы M. Цвятаевай.


21.ІІІ


Ездзіў па справах калгаса імя Молатава ў Маладзечна да Прытыцкаго. Ледзь не разбіліся на заносах і ўхабах. Пазваніў Кабзарэўскаму. Можа, з Любашай і Максімам на пару дзён пад’едзем у Ленінград.


5.ІV


Вярнуўшыся з камандзіроўкі, трапіў на пахаванне бацькі С. Прытыцкага, дзе сустрэў і М. Лынькова, з якім позна вечарам вярнуліся дамоў. Відаць, і сёлета вясна будзе зацяжная. Нешта даўно не пісалі з Пількаўшчыны. Людміла закончыла свой медінстытут. Атрымала накіраванне ў Мядзельскі раён. У эстонокім часопісе «Люмінг» № 2 надрукаваны перакладзеныя Р. Паавелем мае вершы: «Свята ў Таліне», «Хлеб-соль» (?), «Дружба» і «Рукі маці». Заходзілі А. Есакоў і 3. Федэцкі, які гэтымі днямі вяртаецца ў Варшаву.


15.ІV


На палях яшчэ шмат снегу, але ўжо сям-там на лазовых кустах забялелі коцікі, а на сонечных лясных праталінах — зазелянелі пралескі. Пішу адразу два вершы «Абвяржэнне» і «Сентыментальную трагедыю».


22.IV


Нядзеля. Чытаю новы раман І. Шамякіна «Крыніцы». Ён адзін з аўтараў, які ўмее цікава будаваць сюжэт. Арыгінальнае норвідаўскае акрэсленне хараства. Яно з’яўляецца формай (ksztaltem) любові. Я даўно сумняваюся ў тым, што можа існаваць толькі адзін метад раскрыцця, адлюстравання жыцця — метад сацыялістычнага рэалізму. Хоць пакуль што ўсе мы гэтаму богу клянёмся ў любові і на яго алтар складаем свае ахвяры. Мы ўступілі ў свет абстрактных даследаванняў акружаючай нас прыроды і космасу. I мастацтва не можа праходзіць міма гэтага ці гэтага не заўважаць. I яшчэ адно трывожнае пытанне: як у часы няспыннага росту ўтваральнай тэхнікі, міжнародных сувязяў і кантактаў захаваць нацыянальныя рысы сваёй культуры?


1.V


Хадзіў з М. Лыньковым глядзець на першамайскі парад. Закончыў чытаць аповесць Г. Марцінака пра Андрашка. Можна было пра гэтага народнага героя напісаць больш цікава. Асабліва слаба атрымаўся эпілог. А зараз трэба засесці і адказаць на некалькі пісем. Поўнач. Зноў узяўся за перагляд сваіх старых нататак, чарнавікоў. Аднойчы Павел Кабзарэўскі, застаўшы мяне за татальнай расправай з гэтай макулатурай, аж быў за галаву схапіўся: што я раблю?

А вось гэты фрагмент са сваёй незакончанай паэмы «Сілаш», можа, і варта перапісаць:


«...Здзіўленне вас, хіба, ахопіць —

Мне боязна нават самой,

Калі на завеяных тропах

Да вас гэта трапіць пісьмо.

Я думала перад ад’ездам,

Што стрэнемся з вамі ізноў,

I мо з непрадбачаным зместам

Maix не пачулі вы слоў.

Не ведаю, што іх спаткае.

Хіба не дакучаць горш мне,

Калі, заблукаўшы, растаюць

На вашых далонях, як снег.


Вас успамінаюць штовечар.

Я радуюся і маўчу.

Хацела б у нашых сустрэчах

Не толькі сяброўства адчуць.

Бо столькі ў мяне разбудзілі

Вясёлкавых мар і надзей.

Здаецца, святлом азарылі

Мой шэры нахмураны дзень,

Пакой, дзе ў сцюдзёную сырасць

На кнігі цярушыцца тынк...

Мо смешнаю выдасца шчырасць,

Авеяны лірыкай стыль.


Зайздрошчу таму, хто на вёсцы.

Цяпер, хіба, ў ранняй імгле

Такое марознае сонца,

Такі асярэбраны лес.

Успомню, і думы яснеюць,

I ўсё, што нясмела пішу.

У нас жа — дзень кожны падзеі:

Рэвізіі, арышты, шум.

Пішыце: ці ў нашу сталіцу

Зноў вернецеся і калі,

Ды свежасць з сабой прывязіце

3 аснежаных ніў і далін».


I неяк страх было з пісьмом расстацца

Не раз здавалася і думалася Марце:

Старонкі дзіўныя яе жыцця,

Яшчэ не усвядомленыя, можа,

У нейчых пальцах шалясцяць.

I як сама неасцярожна

Дала чытаць іх.

Але час памалу

I снег у ашалелым карнавале

Заносіў іх і рэха дальніх слоў.

Ужо на шыбах пачыналі таяць астры.

А вечарам зноў бачыла іх Марта.

А на пісьмо адказу не было.

Прадмесцем голас слабы і нясмелы

Разносіўся.

Катрынка пела,

Ахрыплая: «Настал тяжелый час

Для родины моей...»

Прамень у лёдзе

Між камяніцаў, заблудзіўшы, ўграз,

Мо, часам, пісьмы не даходзяць...


Фрагмент гэты перапісваю са старонак, перадрукаваных Любашай на машынцы Янкі Шутовіча.


4.V


Памёр Фрыдлянд-«Гарэлік». На славутых Лукішках ён быу членам нашага турэмнага камітэта палітвязняў. Заўсёды, пры стрэчы, успамінаў гарэзлівыя і «выўратовыя» заўвагі, напісаныя мной на сваім акце абвінавачвання. Ён шмат памагаў нам, маладзейшым, у палітвучобе. Пад гукі Інтэрнацыянала пахавалі яго на новым магільніку. Вечная табе памяць, дарагі дружа маёй бурнай і хмурнай маладосці.


10.V

Чытаю новы раман Ул. Карпава пра будаўнікоў Мінска. Раман досыць нудны, хоць і напісанм на тэму дня. Ды і мова кульгае на ўсе чатыры нагі. Калі браць словы паасобку, дык яны — беларускіяі але ў нейкім ненатуральным спалучэнні. Бяда, што аўтар гэтага не адчувае і ў захапленні ад свайго рамана. А вось — як ні дзіва — рэдактар з яго вельмі ўдумлівы і патрабавальны.

Паслаў праз У. Юрэвіча некалькі новых вершаў у «Литературную газету».


14.V


Еду з групай турыстаў у Югаславію. У Кіеве сустрэлі нас Первамайскі і Дзмітэрка, ад якіх даведаліся аб смерці А. Фадзеева. Вечарам былі ў гасцях у польскага консула, друга і аднасяльчаніна Янкі Бры­ля. Усе знаходзімся пад цяжкім уражаннем ад трагічнай смерці А. Фадзеева, паслалі ў Маскву ў СП спачувальную тэлеграму, пад якой падпісаліся Брыль, Панчанка, Адамовіч і я. Аж тэлефаністка жахнулася, прачытаўшы яе, бо аб гэтым не было яшчэ ніякага афіцыйнага паведамлення.

Заўтра, здаецца, у Чопе, чакае нас перасадка.


16.V


Цэлы дзень наша сімпатычная правадніца Маргарыта Сігеці знаёміць з музеямі, з гістарычнымі помнікамі Будапешта. Стаміліся чартоўскі, вандруючы па гэтым цудоўным горадзе. Я ў захапленні гляджу на яго самабытную архітэктуру, у якой адчуваецца шматвекавая гісторыя венгерскага народа. І можна толькі пазайздросціць, што усё гэта захавалася да нашага часу, хоць над горадам не раз бушавалі вогненныя навальніцы.


17.V


У Белградзе сустрэў першага сакратара нашага пасольства Малышава, які раней быў у Балгарыі, дзе я з ім пазнаёміўся на юбілейных урачыстасцях з нагоды стагоддзя нараджэння Вазава. У складзе дэлегацыі былі тады С. Міхалкоў, В. Кажэўнікаў і я. Помню, тады чамусьці паездка наша зацягнулася. Мы, здаецца, aпошнімі з ycix дэлегацый пакінулі Сафію. А міжнароднае становішча было напружанным. Хадзілі чуткі, што на югаслаўска-балгарскай граніцы пачаліся сутычкі.


20.V


Нядзеля. Вечарам прыехалі ў Сараева. Кінулі ў гасцініцы свае рэчы і пайшлі знаёміцца з горадам. Вуліцы запоўнены турыстамі. Палюбаваліся на царкву, пабудаваную яшчэ ў XII веку, на мячэць — у XIV веку. Тут ужо адчуваецца подых усходу. Шмат турак. Прайшлі ў нейкую старую гасцініцу, акупіраваную мастакамі-абстракцыяністамі, завешаную іх карцінамі.


21.V


За плячамі больш сотні кіламетраў горных дарог. Едзем у Мостар. На гарызонце — славутая Іван-Гара. Абапал дарогі чарнее лес: дуб, граб, бук, шыпшыннік, ядловец... Спыніліся ў гасцініцы «Нератва». У падножжа тары Жыгулі — хаты, як чарапіцай, пакрытыя плоскімі камянямі. Дык вось дзе былі арліныя гнёзды югаслаўскіх партызан. Стра­шенная гарачыня.


22.V


Дуброўнік. У дарозе прачытаў зборнік выдатных вершаў Веранікі Тушновай. У дамініканскім касцёле некалькі карцін Тыцыяна і яго вучняў. Шка­да, што няма калі на даўжэй спыніцца хоць бы ля дзіўнай карціны В. Буковеца, падзівіцца на гэтыя сярэднявечныя завулкі, плошчы, скверы. Усё — бягом і бягом. Зноў — у дарогу. Дагналі нейкую эстафету веласіпедыстаў, за якімі больш гадзіны цягнуліся следам аж да Цэцыні. Знаёмства з горадам пачалі з музея Н’егаша — аўтара «Горнага вянка». Дарога так закалыхала, і так стаміліся, што ледзь дацягнуліся да «Гранд атэля», у якім спыніліся на ноч.


23.V


Раніцой прывіталіся з усходам сонца і з мо­рам. Пабывалі на нейкім пустынным скалістым астраўку. Спрабавалі купацца, але пазакалывалі ногі калючкамі марскіх вожыкаў, якімі тут густа ўсеяна марское дно. Спыніліся ў прыморскай гасцініцы «Сплендіт». Народу тут яшчэ мала, бо мора для еўрапейцаў халаднаватае. Гэта толькі мы — паўночныя мядзведзі — можам у ім боўтацца.


25.V


Едзем маляўнічай далінай Нерэтвы ў Спліт. Пасялілі мяне з Піменам у адным нумары гасцініцы «Паляцэ». Перакусіўшы, адразу пабеглі знаёміцца з грабніцай Дзіакліцыяна, музеем Івана Мештровіча... Божа, колькі тут розных гістарычных помнікаў! У параўнанні з тым, што тут бачым, мы — жабракі з жабракоў. I сёння з азіяцкай абыякавасцю да спадчыны і гісторыі народа працягваем разбураць нават апошнія свае святыні і помнікі, якія цудам сям-там ацалелі. А народ жа без сваёй гісторыі становіцца сляпым, глухім, бязродным.

Зноў клічуць збірацца ў дарогу.


27.V


Нядзеля. Цыцынне. Едзем у госці да Плітвіцкіх вадаспадаў. I так набліжаемся да канца нашай турысцкай паездкі па незабыўнай Югаславіі. У 7 гадзін 10 мінут з Загрэба цягніком вяртаемся ў Бел­град. Відаць, ва ўсіх нас застанецца глыбокае ўражанне ад шчырай добразычлівасці і гасціннасці нашых праваднікоў, ад сустрэч з сялянамі, рабочымі, студэнтамі. I гэта не зважаючы на тое, што столькі год рознымі палітычнымі лідэрамі паміж нашымі народамі ўздымалася глухая сцяна недаверу і варожасці. Трэба ж было дайсці да таго, што ў выдадзеным у нас велізарным атласе свету не знайшлося месца для асобнай карты Югаславіі, на што звярнулі нам увагу югаслаўскія сябры, калі мы хацелі падарыць ім гэты атлас.


4.VI


Вечарам, пасля сваёй іліяды, з рознымі дарожнымі прыгодамі дабраліся дадому. Калі нішто не затрымае, гэтымі днямі з усім сваім калгасам уцяку на Нарач, куды, казаў П. Броўка, збіраюцца ў адведзіны прыехаць К. Сіманаў, маладыя літоўскія пісьменнікі. Баюся, што і сёлета на Нарачы будзе ў мяне цэлы кірмаш, бо збіраюцца на лета прыехаць розныя сваякі і на некалькі дзён — I. Мальцаў, К. Крапіва з сям’ёй...


26.VI


Узяў з сабою цэлую бібліятэку: «Новый мир» № 5, 6, «Дневник» А. В. Нікіценкі, Я. Патоцкага «Рукапіс, знойдзены ў Сарагосе», вершы В. Гюго, якія паказаліся мне цяжкімі і досыць нуднымі. Маг­чыма, абяднілі яго перакладчыкі, бо яшчэ Гарацый і Цыцэрон гаварылі, што вернасць перакладання ў перакладзе сэнсу твора, а не ў даслоўнасці. Некалькі рускіх песень прасіў для капэлы перакласці P. Р. Шырма. Трэба сказаць, што ў нас майстэрству перакладу, пачынаючы ад М. Багдановіча і Я. Купалы, да гэтага часу не ўдзялялася належнай увагі. Няма ў нас ні грунтоўных даследаванняў, ні манаграфій.


27.VI


Зноў дыхнула сцюжай. Ноччу быў нават замаразак. Пры такім надвор’і не ведаю, як удасца правесці свята песні, да якога ўсе тут рыхтуюцца. Прыязджалі з Пастаў ваенныя, прасілі М. Лынькова, А. Куляшова, Я. Брыля і мяне выступіць на літаратурным вечары ў іх Доме афіцэраў. А гэта чарнавы пераклад верша Е. Загурскага:


Каб даць Польшчы вобраз нейкі,

Дарма пёрка паўліна шукаю:

Толькі дождж ды пустая арэна.

Чужаземец бутэлю гарэлкі

Бачыць. Часам сустрэне Шапэна:

Рэчы, якіх я амаль не ўжываю.


25.VII


Учора прыехаў Я. Колас, які спыніўся ў Лыньковых, у якіх мы ўсе былі на абедзе, а сёння — чарговае застолле ў нас. Потым доўга Міхась Ціханавіч вазіў на сваёй маторцы Я. Коласа, Лужаніных Куляшовых. Былі на Касе, на Гатаўскім беразе. Кры­ху ў лесе назбіралі грыбоў — баравікоў, лісічак. Хлоп­цы з Урлікаў прынеслі цэлае вядро ракаў. Відаць, заўтра паеду з нашымі гасцямі ў Мінск на сесію Вярхоўнага Савета БССР. Да позняй ночы праседзелі ля кастра на беразе Нарачы.


7.VIII


Усёй сям’ёй ездзілі ў Рыгу. Былі ў Дубултаўскім доме творчасці СП, у якім ніколі раней не быў. Вярнуліся ачараваныя Прыбалтыкай і адразу трапілі да Куляшовых на вяселле іх дачкі Валі. Поўны дом і двор гасцей. Міхась Ціханавіч, як заўсёды, усіх вазіў на сваёй маторцы, устрайваў розныя аварыйныя сітуацыі і некаторых з нас добра выкупаў у возеры, з чаго быў вельмі задаволены.

3 Рыгі ад Пігулеўскага прывёз некалькі цікавых старых беларускіх часопісаў, якія выдаваліся перад вайной у Латвіі.


13.VIII


Віталій Вольскі прынёс сумную звестку аб смерці Якуба Коласа. Цяжка паверыць, што не стала яго паміж намі, не стала Чалавека, які многім з нас паказаў дарогу ў жыцці, быў славай і сумленнем нашага народа, быў жывым звяном дзвюх эпох — мінулай і сучаснай.


17.VIII


Вярнуўся з Мінска. Ва ўсіх цяжкі на­строй. Развіталіся са сваім незабыўным настаўнікам. Цікава, што Канстанцін Міхайлавіч, кажуць блізкія, прадчуваў, што смерць неадступна ходзіць за ім сле­дам. Напісаў пісьмо ў ЦК аб неабходным вырашэнні справы выкладання ў школах і ўжывання ў штодзённым жыцці ў рэспубліцы беларускай мовы, а сустрэўшыся са знаёмымі, гаварыў, што ён, відаць, апошні раз наведаў цырульню, а дзяжурнаму міліцыянеру — што ён, знаць, апошні раз падымаецца па сходах ЦК.


18.VІІ


А дождж не сціхае. Гэта ўжо не проста дождж, а нейкае насланнё. Запісаўся з Піменам на турысцкую паездку навакол Еўропы. Калі не перашкодзіць нейкая камандзіроўка, трэба будзе паглядзець на свет, у які Петр Вялікі калісьці «прорубил окно».


24.VIII


Раніцой хадзіў з Максімам у грыбы. А ў Любашы ўсё не сціхаюць болі ў сэрцы. Усю ноч не спала.

I ніякія таблеткі не памагаюць.

Шум сосен зліваецца з шумам дажджу і штармавым шумам Нарачы. Міхась Ціханавіч падарыў некалькі харошых здымкаў, зробленых ім падчас апошняга прыезду Я. Коласа да нас.

Усё ўбіраю ў сябе, як нейкая губка, з думкай, што, можа, з гэтага нешта атрымаецца новае, арыгінальнае.


1.IX


Амаль чатыры гадзіны цягнулася ў К. Т. Мазурава абмеркаванне нашых літаратурных спраў, на якім былі ўсе члены прэзідыума СП.

Званіў з Міністэрства замежных спраў П. Я. Acтапенка: ці не згадзіўся б я паехаць у Індыю. На вялікі жаль, відаць, не змагу. Заходзіў Янка Шутовіч. Яго толькі што рэабілітавалі. Прыехаў ён з Казахста­на. Скардзіўся, што ніяк не можа падшукаць сабе працу. У часы фашысцкай акупацыі працаваў у Вільнюсе, у беларускім музеі імя I. Луцкевіча, які перадалі літоўскай Акадэміі навук. Агулам, казаў, таго музея, які быў, няма. Многа экспанатаў прапала ў часе вайны, многа — пасля вайны. Пра гэта і я ведаў ад свайго былога аднакласніка па гімназіі Чараповіча, які хваліўся, што працуючы ў архівах МВД, яны з нейкім Нарновым шмат архіўных гадавікоў газет і часопісаў распрадалі розным магазінам на ўпакоўку і прапілі.


З.Х


Цягніком — Брыль, Рамановіч і я — прыехалі ў Ленінград. Сустрэлі нас А. Астроўскі і П. Кабзарэўскі. Дзень правялі ў гасцініцы «Астория». На абедзе былі ў А. Астроўскага, вечарам дабраліся да свайго цеплахода «Победа». Пасля вячэры, стомленыя, заваліліся спаць. Нат не чулі, як наш цеплаход адшвартаваўся ад пірса і, набіраючы хуткасць, пайшоў у сваю далёкую дарогу, на стрэчу сцюдзёнаму штармавому ветру Балтыкі.


4.Х


Янка і я сядзім у сваёй каюце, грыпуем. Падчас абеду сустрэлі В. Катаева з жонкай, мастака Яр-Краўчанку, башкірскага пісьменніка Бікчэнтаева, украінскага крытыка Пархоменку. Чытаю пра літаратурнае аб’яднанне «Пралеткульт». Ён, аказваецца, налічваў больш 400 тысяч членаў. «Класіка — атрута. Трэба спаліць і ачысціць месца для новага мастацтва». Відаць, кожнае пакаленне па-свойму вар’яцее, праходзячы праз розныя стадыі снабізму, нігілізму.


5.Х


Плывем міма шхер, парослых нізкімі сасоннікамі і бярэзнікамі, якія ярка выдзяляюцца на шэрым фоне Балтыкі. На многіх астраўках стаяць шматкалёрныя дачныя домікі. Усё больш і больш страчаем розных параходаў, маторных лодак. I на­рэшце з імглы выступае Стакгольм — горад, высечаны ў граніце Скандынавіі — на радзіме нашых валуноў, на зямлі легендарных варагаў. Вечарам былі ў Оперным тэатры на «Кармэн». Афармленне досыць сціплае, але ігра артыстаў спадабалася. Асабліва — сама Кармэн (Карсцін Мапер).


6.Х


Ізноў мы не пачулі, калі наш каўчэг пакінуў порт. Прачнуліся, калі ён выбіраўся з лабірынту шхер на марскія прасторы. Відаць, быў прымаразак, бо астраўкі сталі светла-шэрымі. Над намі пралятаюць дзікія лебедзі, качкі і неадлучныя спадарожніцы — чайкі. Апошнія, часта, застываюць у паветры, вісяць над цеплаходам, быццам некага выглядаюць. Плывем уздоўж Готланда.

Перад ад’ездам з Ленінграда ўзяў у П. Кабзарэўскага цыкл вершаў А. Пракоф’ева, прысвечаны Бела­русі. Спрабую ў дарозе іх перакласці.

На небасхіле застылі цяжкія, сцюдзёныя хмары, быццам у роздуме: ці ім дажджом апасді, ці снегам.


7.Х


Сонца, вецер, белагрывыя хвалі. Далёка відадь чарада нейкіх птушак. Мо нашы журавы? Хутка трапім у бетонныя абдымкі Кільскага канала. Сустрэлі наш параход. Прывіталіся гулам сірэн. Відадь, выйшлі на самы бойкі марскі гасцінец, бо куды ні глянь — дымяць трубы параходаў. Следам за намі — хмары чаек. Усё лепей высоўваюцца берагі Нямеччыны.


8.Х


Увайшлі ў брамы Кільскага канала. Разам з намі шлюзуюцца турэцкі карабель, польскі «Golab» са Свіноўсця, наш грузавоз і яшчэ нейкія баржы над паласатымі флагамі. 3 правага борта — Галандыя. Па радыё нехта расказвае пра гэту краіну. Янка сядзідь і дрэмле, бо апошнюю ноч мала спалі, усё глядзелі на маляўнічыя аколіцы канала, залітыя святлом ліхтароў.


9.Х


Ротэрдам. Побач стаяць на якарах «Warmia», «Dosterk», «Агапіа», «Madoera» і ў доку на рамонце велізарны «Treveand». У музеі Рэмбрандта бачыў Саскію Флору і шмат іншых работ гэтага геніяльнага мастака. Музей пабудаваны ў канструктыўным стылі, без вокан, з высокай арыгінальнай вежай. Плошча, на якой стаіць музей, вымашчана чырвоным клінкерам і абрамлена невысокімі дамамі, апаясанымі белымі лініямі. Каналы, ветракі, бензакалонкі, магазіны. У часе вайны ў Ротэрдаме было разбурана больш 20 тысяч дамоў. Яшчэ і сёння тут можна бачыць сляды гэтых знішчэнняў. Пабывалі і ў доме, дзе жыў Рэмбрандт, і на базары стар’я. Абедалі ў «Cafè de Кгіоп».


10.Х


Зноў мора, чайкі. На гарызонце — белыя берагі Англіі. Хутка Францыя. Парыж. Колькі раз я збіраўся наведаць гэту краіну, і кожны раз нешта стаяла на перашкодзе. Вечарам былі ў Гаўры. Шкада, што цягнік ідзе ноччу і не відаць нічога за вокнамі вагона. Знаць, позні быў час, калі мы дабраліся да Парыжа. I ўсё ж, не зважаючы на гэта, пакінуўшы свае рэчы ў гасцініцы «Hôtel Brelant et Beausejour» на вуліцы Монмартр. Брыль, Рамановіч і я рашылі яшчэ пахадзіць па апусцелых вуліцах Парыжа, на знаёмства з якім у нашай праграме, чамусьці, былі адведзены толькі два дні.


14.Х


Вітае нас Партугалія агнямі маяка з мыса Фіністэра.


15.Х


У самы поўдзень прайшлі Гібралтар. Адначасна бачым крутыя пустынныя горныя скалы Еўропы і Афрыкі. Абмінулі гамбургскі параход «Selma nimir» і амерыканскі «Lykes Lines». За намі гоняцца касякі акул і дэльфінаў. Мігцяць агні нейкага мая­ка. Ноч цёплая, месячная. Увесь час над намі кружаць англійскія рэактыўныя самалёты.


17.Х


Плывем уздоўж берагоў Марока. Заўтра ўбачым Сардынію.


19.Х


3 правага борта — Капры. Ідзе сонечны дождж. Мы яго бачым, але ён не даходзіць да нас, у адлегласці нейкіх дзесяці метраў спыняецца перад нашым цеплаходам. Перад самым Неапалем нас бяруць на буксір і цягнуць да прычала, міма амерыканскага двухтрубнага «Generate kander М. Petch». Нейкі негр у белым фартуху фатаграфіруе нас. Сёння яшчэ трэба пабываць на Капры, на руінах Пампеі, хоць здалёк палюбавацца на Везувій. Заўтра нас чакае Рым.


22.Х


Зайшоў В. Катаеў. Папрасіў памагчы перазарадзіць фотаапарат.


24.Х


Мінулі грэцкія астравы. Спыняемся ў Пірэі. Тут цэлая флатылія караблёў: «Нуова Фортуна», «Істра», «Ганцыана», «Фрыдэле», «Дэмірбан», «Квэн Фрыдэрыка», «Ахілоус» і ўжо знаёмы нам «Ген. Аляксандр», з якім побач стаялі ў Неапалі.


25.Х


Дарданелы. Чамусьці прыйшлі на памяць словы Ю. Тувіма: «Смерць мае вочы адкрытыя». У ту­мане патанулі берагі. Сцішаным ходам ідзе наш цеплаход. А перад Стамбулам зусім спыніўся. Стаім на рэйдзе. Толькі сям-там над пеляной туману высяцця шпілі мінарэтаў.


28.Х


Са спазненнем, ноччу прыбылі ў Варну. Горад ужо спаў. Заўтра — у Канстанцыі апошні прыпынак. Трэба будзе абавязкова пабачыць там помнік Авідзія, над «Энеідай» каторага, некалі ў гімназіі, столькі давялося папацець, што і сёння помню яго чаканныя радкі:


«At regina, gravi iam dudum sancta cura

Vulnus alit vancis et caeco carpitur iqui...»


Неяк нядаўна да нашага цеплахода прышвартаваўся буксір і сарваў левы трап.


30.Х


3 Адэсы ляцім самалётам. Толькі чамусьці завярнулі на Кішынёў, а з Кішынёва на Вільнюс, адкуль цягніком дабраліся да Мінска.


24.XІ


Узяўся за вершы аб сваім падарожжы, хоць на небасхіле сабраліся такія крывавыя хмары, што нікому цяпер не да вершаў. Падзеі нарастаюць, і ў гэтых падзеях не так лёгка разабрацца. Гасціла ў Мінску і была ў нас Валя Найдус. Янка Брыль і я здорава з ёю паспрачаліся. Калі ўжо яна падпявае розным галасам і падгалоскам, дык, відаць, у Польшчы забылі, што сотні тысяч савецкіх салдат злажылі свае галовы за яе свабоду і незалежнасць. Хутка будуць здзекавацца і над іх магіламі і над іх памяццю. Відаць, праўду пісаў Віткевіч: кожны паляк лічыць, што ён не на сваім месцы, а кожнае месца, якое ён займае, для яго занізкае.


9.ХІІ


3 Янкам Брылём і В. Палескім ездзілі ў Любчу да Паўла Жалезняковіча на адкрыццё помніка загінуўшым партызанам. Вяртаючыся, трапілі ў такую замяць, што ледзь дабраліся да Мінска.

Вельмі захварэла Любіна мама. Пульс зусім разладзіўся. Не спіць. Учора ўздрамнула, ды хутка прачнулася ў слязах. Прыснілася, што Верачка ўвалілася ў нейкую яму і не можа выбрацца. Адчуваю, што но­вы год, які набліжаецца, будзе годам цяжкіх выпрабаванняў.


15.XII


Як часта мы праўду замяняем легендамі, адсутнасць думкі — пустазвонствам і пафасам, а бягучую палітыку стараемся спалучыць з мастацтвам. А потым дзівімся, што з гэтага нічога талковага ці вартага ўвагі не атрымалася. Значыць, у пошуках сваёй дарогі не па гэтых азімутах трэба арыентавацца.

Мне здаецца, нельга перабольшваць уплыву літаратуры на развіццё грамадства, узвальваючы на яе непасільную віну за бесчалавечнасць палітыкі.

Калі перачытваю некаторыя старонкі сваіх дзённікаў, бачу, як з кожным днём нешта сціраецца з маёй памяці. Застаецца толькі тое, што знайшло сваё адбіццё ў мастацтве. Хораша аб гэтым сказаў на сваім 70-годдзі Ежы Шаняўскі: «У гэту хвіліну чую, быццам стук малаткоў на караблі, на якім адплываю, ужо заканчвае апошнюю падрыхтоўку. Будзьце здаровы, сябры!»


1957


8.І


Зусім аслабла наша мама. Відаць, ніякай на­дзеі на папраўку. Каторую ноч не спіць і Любаша, хоць і ў самой хворае сэрца.

За акном шалее вецер. Па радыё перадавалі, што над Швецыяй прайшла навальніца, якая шмат дзе паразбурала дамы, панішчыла лясы, пакрышыла мач­ты электраперадач.

Чацвёрты раз перарабляю свой верш «Форум Романум», але і апошняя рэдакцыя мне не падабаецца. Пленум, які меўся адбыцца 15 г. м., адклалі на пазней.


18.І


Учора ў 17 гадзін памерла наша старэнькая. Сёння ў другой палове дня пахавалі яе на Маскоўскім магільніку. Праводзілі яе ў апошнюю дарогу ўся радня, усе нашы блізкія і знаёмыя. Лёня зрабіў некалькі зарысовак, а Юра — фотаздымкаў. Спадзяваліся, што з Варшавы прыедзе Зося, але, відаць, не змагла аформідь дакументаў. Ці, можа, затрымалі нейкія іншыя справы. Так і не развіталася са сваёй маці.


24.І


Усе гэтыя дні не можам прыйсці ў сябе. Пусткай вее з кожнага пакою.

3. Федэцкі гаварыў, што кампазітар Лютаслаўскі напісаў музыку на маю «Казку пра Музыку», якую некалькі раз перадавалі па варшаўскаму радыё.


4.ІІ


Са спазненнем даведаўся аб смерці Валодзі Царука, а сёння — аб смерці Юркі Шчарбатава. Нешта мой дзённік усё больш становіцца падобным да памінальнай кнігі. Адзін за другім выбываюць са строю сябры. У В. Царука хоць дзеці дарослыя, а ў Ю. Шчарбатава — трое малалетак, старая маці. Як з такой бядой справіцца жонка, як будуць жыць? Пахавалі Юрку Шчарбатава на Даўгабродскім магільніку.

Магчыма, заўтра прыйдзецца выехаць у Вільню і ў Каўнас на літаратурныя вечары, якія арганізуюць камсамольцы Літвы і Баларусі. Працую зараз над складаннем свайго двухтомніка.


1.ІІІ


Заходзіў Пігулеўскі. Расказваў пра свае юнацкія гады, пра сваё жыццё-быццё. Наведаў Міхася Ціханавіча. Заўтра нам трэба з ім быць на пасяджэнні замежнай камісіі, а ён вельмі дрэнна сябе адчувае. Якая там камісія, калі трэба хутчэй выклікаць доктара.


З.ІІІ


Зноў палажылі Міхася Ціханавіча ў лечкамісію. Дамовіліся з К. Крапівой яго наведаць, бо стан яго здароўя вельмі цяжкі.

Сёння памёр Іван Дзянісавіч Варвашэня. Што гэ­та за год! Што за год!


7.ІІІ


Заходзіў Алесь Анішчык. Раіўся, што яму рабіць: ці ехаць ў Польшчу, ці тут заставацца. Пасля ўсіх сваіх лагерных пакут, магчыма, што паедзе ў Польшчу. Калі ўдасца асесці ў Беластоку, будзе — казаў — працаваць у «Ніве». Даў я яму тры гадавікі «Полымя» і два свае апошнія зборнікі вершаў.


10.ІІІ


Алесь Звонак з нагоды свайго 50-годдзя наладзіў у Каралішчавічах банкет. Там зараз і без банкета цудоўна. Адчуваецца набліжэнне вясны. Мо яна ўжо жаўруком ці зязюляй сядзіць, прытаіўшыся, пад нейкім кустом.

Пераклаў верш М. Нагнібеды «Дарога ў Гурыю». 3. Азгур, казаў, чытаў маскоўскім мастакам мой верш «Ave Maria», a C. Гарадзецкі нат узяў у яго, каб перакласці.

Усім калгасам хадзілі ў кіно.


12.ІІІ


У сувязі з вялікапанскім і абразлівым нарысам Мацёнга ў газеце «Żусіе Literackie» аб падарожжы па Беларусі, прыслалі свае водзывы на яго Я. Бранеўская, З. Федэцкі, Л. Бартэльскі... Трэба будзе ім адпісаць.


18.ІІІ


Пачаўся пленум СП. Зноў з Масквы прыехаў нудны, як восень, Д. Осін. Думаю, і гэты пленум, як і папярэднія, не будзе «гістарычным» і нічога не дасць. Літаратура такая ж інтымная справа, як і любоў, і вырашаецца яна не на сходах і мітынгах. Даў складку на арганізацыю развітальнага вечара з гасцямі ў Каралішчавічах, але сам не паеду, бо нешта дрэнна сябе адчуваю. Прыходзіў М. Засім. Прынёс кіпу вершаў, але, на жаль, нельга было нешта з іх выбраць для «Полымя». Потым — званіла жонка Фрыдлянда. Дзякавала за верш, прысвечаны яе мужу. Потым — заглянуў П. Кабзарэўскі. Потым — са сваёй сяброўкай прыехала сястра Людміла. Відаць, сёння і дзверы нанач не прыйдзецца закрываць.


24.ІІІ


Зноў захварэў Міхась Лынькоў. I, як на злосць, усе хваробы амаль заўсёды пачынаюцца або перад самым святам або ў разгар свята, калі ні да каго не дазвонішся.

Са старшынёй калгаса прыехаў дзядзька Фадзей за дзвіжком, які я ім памог набыць. Здаедца, справы ў калгасе ідуць весялей. I на працадзень людзі атрымалі больш, як у мінулыя гады.

Пісьмо ад С. Гарадзецкага. Піша, што верш мой «Ave Maria» яму не ўдалося перакласці так, як хацелася б. Не ведаю, як з гэтым справіцца Я. Хелемскі, бо пераклад яго верша «Ла Манш», надрукаваны ў «Литературной газете», мне не спадабаўся.


1.IV


Ездзіў у Гродна на літаратурныя сустрэчы. Зведаў і Мелавыя горы, і іншыя маляўнічыя наднеманскія мясціны. Пабываў і ў Гродзенскім музеі, дзе захавалася шмат каштоўнейшых гістарычных матэрыялаў.


5.IV


Відаць, няма чаго рабіць нашым кіраўнікам. Абмяркоўвалі — ужо каторы раз — планы свя­точных нумароў газет, часопісаў. Заходзіла да нас жонка А. М. Уласава — былога рэдактара «Нашай Нівы». Збіраецца звярнуцца з просьбай у пракуратуру, каб разгледзець справу рэабілітацыі і яе мужа. Вельмі пакрыўджана на «ЛіМ», дзе быў надрукаваны паклёпніцкі артыкул пра палітычную лінію «Нашай Нівы» і яе супрацоўнікаў і рэдактараў. Расказвала пра сваё жыццё ў маёнтку пад Радашковічамі, пра рукапісы Аляксандра Мікітавіча, якія захаваліся ў яе. Зараз жыве яна ў сваіх сыноў у Гомелі. Выглядае яна вельмі дрэнна, хоць трымаецца годна. Дамовіліся, што яна пазнаёміць мяне з рукапіснай спадчынай Аляксандра Мікітавіча. Можа, удасца што надрукаваць і хоць крыху дапамагчы ў яе бядзе, у яе няўцешным горы. Старога Уласава я добра помню яшчэ па Радашкоўскай гімназіі, якой ён апекаваўся, быў у яго невялічкім і запушчаным маёнтку, некалькі раз сустракаўся ў Вільні, чытаў яго цікавыя ўспаміны ў «Калоссі» пра Я. Купалу. Гэта быў надзвычай цікавы і сімпатычны чалавек, адзін з віднейшых прадстаўнікоў сваёй бурнай адраджэнскай эпохі, якіх у нас незаслужана працягваюць трэціраваць.


7.IV


Зноў сапсулася надвор’е: снег, вецер. Прачытаў у «Новом мире» палемічны артыкул К. Сіманава. Відаць, ён не чытаў артыкула Цепліца і выступленняў іншых польскіх пісьменнікаў. А шкада. Хоць ёсць у яго і цікавыя назіранні, але і сам ён унёс шмат блытаніны ў дыскусію аб сацыялістычным рэалізме, партыйнасці літаратуры. I ўжо зусім недаравальна тое, што ён не заўважае нацыянальных літаратур і іх асаблівасцей. Яны, агулам, для яго не існуюць.


16.IV


«Гродзенская праўда» ў адным з апошніх нумароў дала падборку маіх вершаў. Вечарам зайшоў Расціслаў Крот, з якім я калісьці вучыўся ў гімназіі. Зайшоў — казаў — праверыць, бо ён ад некага чуў, што я стаў вядомым паэтам і зазнаўся.


17.IV


Выступаў у партшколе. У рэдакцыі «Полы­мя» сустрэў Л. Бэнду. Цяжкі і непрыемны чалавек. Каб даць яму ўладу, зноў бы пачаў гнуць сваю лінію. Даў мне М. Лужанін прачытаць яго жахлівы нарыс пра Я. Купалу, напісаны ў 1932 г.

Гэтымі днямі прачытаў цікавы адказ А. Брауна ў тыднёвіку «Нова культура» на артыкул А. Парніса аб тым, што на ідэі ахвярнасці нельга спекуліраваць і нельга будаваць будучыні...

У часопісе «Смена» надрукаваны мой верш «А што гэта за даліна» ў перакладзе П. Жура.


27.IV


Гасціў у Мінску М. Нагнібеда. Ездзіў я з ім у Вільню. Але перад дарогай так напаілі яго нашы хлопцы, што ён не бачыў ні Маткі Боскай Вострабрамскай, ні гары Гедыміна, ні руінаў замку на ёй, ні літоўскіх красуняў-маргайтэ ў Бернардынскім парку.

Цэлую гару кніг прывалок з кнігарні: «Калева­ла», Булгакаў, Л. Талстой, тры тамы Уэлса...


1.V


Да касцей пранізала сцюжа, калі стаяў на трыбуне. Змерзлі і ўсе ўдзельнікі першамайскай дэманстрацыі. А тут яшчэ і непрыемны званок Пігузавай, што, быццам, Пімен спіць на лаўцы ў парку Горкага. Абышоў увесь парк. Адкуль яна ўзяла, што там ляжаў Пімен?


25.ІХ


Толькі што вярнуўся з Украіны, і зноў трэба збірацца ў дарогу. 3 дэлегацыяй ВОКСа лячу ў Кітай.


29.ІХ


Расхварэўся. Усю ноч не мог заснуць. Ды і ў маім нумары 831 гасцініцы «Масква» было, як на полюсе, сцюдзёна. Вечарам у 6 г. 30 м. велізарны ТУ-104 узняўся над аэрадромам. У 8 г. 15 м. былі ў Омску. 3 вышыні 10 тысяч метраў любаваліся паўночным ззяннем. На пару гадзін прызямліліся ў Іркуцку. Вецер. Не знаю, як я ў такую дарогу адважыўся ляцець у сваім летнім плашчы, калі ўжо цяпер зуб на зуб не пападае. А што будзе праз месяц.

Загрузка...