Легалiзацыя гомасэксуалiзму, наркаманii ды iншага гаўнаедзтва - быццам бы прыкметы дэградацыi чалавечага роду, выраджэньня. Але хто можа сказаць, што ня гэта патрабуецца? Патрабуецца - кiм?..
Ёсьць зададзенасьцi. Мы прасачылi зададзенасьць працягу роду. Але цi ня можа зададзенасьць зьмяняцца? I цi ёсьць яна? I дзеля чаго мы? I дзеля чаго ўсё?
Дзеля любовi? - адзiнага, чаго няма на тым сьвеце.
Любоў да кагосьцi - гэта шкадаваньне, што ён усё адно ня дойдзе сэнсу (уласнага йснаваньня).
Чалавек любiць сабаку ад падсьвядомага шкадаваньня цi крыўды, што той нiколi ня будзе чалавекам.
Але калi чалавек любiць (шкадуе) чалавека, - у iм гаворыць штосьцi вышняе.
Чалавек любiць сваё дзiця ад нязбыўнае тугi, бо зразумець сваё пачуцьцё ня дадзена. Растлумачыць ня дадзена. Гэтаксама тужлiва - ад немагчымасьцi вытлумачыць бясконцасьць.
Многiя веды памнажаюць тугу ад таго, што ўсё адно галоўнага зьведаць ня дадзена.
Ёсьць дзьве абсалютныя дадзенасьцi - iнстынкты, разам зь якiмi зададзеныя i ўсе магчымыя спосабы iх пераадоленьня, i так званы ўласны досьвед, якi ўвесь ускосна таксама зададзены, бо чалавек зьмяняе сьвет толькi паводле тае лёгiкi, якой у гэтага ж сьвету навучыўся. Зманлiвае пытаньне - кiм, якiм розумам i якой лёгiкай гэта ўсё зададзена? I вось тут - табу, сьцяна, якая, аднак, тоiць надзеi. Чалавечы розум пачынае як бы кружляць перад гэтым.
Вось просты сьвет - вёска, хата, карова. Карова бачыць чалавека, ведае ягоныя рухi, голас. Але гэта чалавек задаў ёй сытуацыю йснаваньня. Чалавек цалкам валодае сытуацыяй каровы, тады як карова зусiм не валодае анi сытуацыяй каровы, анi тым больш сытуацыяй чалавека. Сытуацыя каровы цалкам усьведамляецца чалавекам, але не ўсьведамляецца каровай. У адрозненьне ад каровы, чалавек мае розум, але ня мае чагосьцi яшчэ, каб усьведамляць сытуацыю чалавека.
Прырода розуму цалкам вынiкае з прыроды ўвогуле, з прыроды сытуацыi каровы. Значыць i тое іншае, наступнае можа вынiкаць з гэтае прыроды. Значыць i чалавеку дадзена бачыць i чуць Трэцяга, якi валодае сытуацыяй чалавека?
Адчуваньне альбо нават толькi спакуса гэтага працягу i недахоп чагосьцi на гэты шляху i мучылі Камю. Можна было б уявiць сабе Бога - уяўленага людзьмi Трэцяга. Але Бог - не дае сатысфакцыi прагматычнага адказу. Яго нельга памацаць. Яго адказам нельга здаволiцца. Бо калi ён Трэцi, то за iм пытлiвы розум адразу пачынае шукаць Чацьвертага. Таго, хто валодае сытуацыяй Бога, якая тады робiцца тоеснай сытуацыi чалавека альбо папросту - творам чалавечага розуму.
Развагi захапляюць, але заўсёды ёсьць спакуса спынiцца: маўляў, памiж сытуацыямi йснуюць неадольныя бар'еры, i гэтаксама як карова нiколi не зразумее сытуацыю чалавека, так i чалавек нiколi не зразумее сытуацыю Трэцяга. Розум ня можа мысьлiць пра большае, чым яму зададзена.
I зноў - кiм зададзена?..
ТАЛЕНТ I ТЛЕН
Усё жыцьцё - гэта вяртаньне з набыткамi, наiў аснашчаных, дзяцiнства мудрых.
Канец стагодзьдзя правакуе думкi пра канец гiсторыi, канец сьвету, канец слова... Мы йдзем мiж пагоркамi, i кожны наступны выглядае апошнiм, мы дапускаем у сэрца вусьцiшны салодкi страх - пачуцьцё фатальнага канца. Але вось пагорак пройдзены, i на даляглядзе ўжо вiдаць наступны. Зямля круглая, пакаленьне зьмяняе пакаленьне, жыцьцё пэрыядычнае, як казаў Борхес.
Усё, што нi робiць чалавек, - гэта толькi праекцыя яго самога й навакольнай прыроды. Кола - праекцыя перакацi-поля, поршнева-штамповачная сувязь - праекцыя бiялягiчнае зьвязкi, крык - iмiтацыя зьвера або птушкi, мова - шэпт трысьнягу...
Усё, што нi выдумляе чалавек - праекцыя ў адцягненую лёгiку. Чалавеку ня дадзена выйсьцi з заканамернасьцяў уласнага пачатку. Гэтая абмежаванасьць i ёсьць форма, якая надае сэнс усяму iснаму.
Чалавек жыве пасярод малекулаў i электронаў, але ўсё гэта - цалкам прыдуманы, названы, умоўны сьвет. Рэальны - сьвiст патрывожанага дразда, невыносна рэальны плач мацi, даўка-рэальны плоцевы акт i хрыпатае слова бабулi. Усё гэта спараджае культуру чалавека. Усё гэта не разьвiваецца, а значыць, нiколi не памiрае. Прагрэс - у iнфраструктуры, якая будзе разьвiвацца, пакуль ня зьнiкне, не растворыцца ва ўласнай дасканаласьцi, ня вернецца ў тло прыроды, зрабiўшы чалавека паўбогам.
"Лiхаманкавыя спэцкасьцюмы" - "не назаўсёды".
Увесь гэты алюмiнiй, гэтыя тэхна, электра, кiбэр i г.д. iмклiва разьвiваюцца, каб урэшце перастаць быць. Яны - рыштаваньнi, якiя толькi паўтараюць форму будынка, але нiколi не становяцца самiм будынкам. Дом актуальны вечна, а навуковыя дасягненьнi ўжо мiнулае пяцiгодкi выглядаюць зусiм рэтра. (Як дапатопна ўжо сёньня ўсё гэта выглядае ў творах ранейшых фантастаў.) Яны патрэбныя толькi для таго, каб зрабiць жыцьцё функцыянальным, г.зн. безадыходным. Каб нашчадак рукою зрываў чысты яблык з натуральнага дрэва, а не выклiкаў з агрэгату кнопкаю кансэрвант.
Нават якiя-небудзь лiтаратурныя жанры больш жывучыя за навуковыя тэорыi разам зь iхнiмi практыкамi. Што такое сацыялiзм? - пытаўся Мао Цзэдун i сам адказваў, - адна трацiна эпохi Мiнь... Жанры - гэта эпохi.
Пакуль чалавек дакранаецца да рукi дзiцяцi - ён чалавек. Калi б ён выйшаў у нейкае iншае вымярэньне i пачаў намацваць свае малекулы - гэта было б ужо нешта iншае. I гэтаксама як застаецца iстотным дотык рукi дзiцяцi, сябра, жанчыны, - таксама iстотным застаецца слова.
Дзiва кiно, тэле або кiбэрнэтыкi вытлумачваецца адразу. Вытлумачэньне цуду слова нараджае лiтаратуру й нiколi ня можа быць дастатковым.
Слова йснуе незалежна ад нас. Яно можа ляжаць у кнiзе тысячу гадоў, i яго не хвалюе, возьмем цi ня возьмем кнiгу ты або я.
Слова нефункцыянальнае. Гэта мы функцыянальныя адносна яго. Мы яго выкарыстоўваем гэтаксама, як выкарыстоўваем дрэва.
Слова належыць да базавых рысаў чалавека - як есьцi, кахаць, спаць, памiраць. Усё астатняе - мiкра- i макракосмы - толькi вiзii, толькi праекцыi гэтых базавых рысаў.
Мы ня мысьлiм той моваю, якой мысьлiць электронiка, не жывем у яе хуткасьцях, не валодаем яе аб'ёмамi памяцi. Яна заўсёды будзе другаснай, нават калi мы зробiм яе бiялягiчнай i самаразьвiцьцёвай. Бо мы нiколi ня выйдзем за межы сябе, туды, дзе йснуе той, якi кiруе намi.
Да наступнага пагорку мы прыйдзем не ў лiхаманкавых спэцкасьцюмах, а ў кашулi i з кнiгаю ў руцэ. У кнiзе будуць словы, лiтаратура - тое, што сьведчыць пра эвалюцыю розуму, а не пра эвалюцыю iнфраструктуры. Апошняя будзе заўсёды заставацца ззаду, на ўскрайку нашага шляху, як руцiна, як благая лiтаратура i неталенавiтае, тленнае слова.
Вось i ўсё. Талент i тлен. I больш нiчога.
Канец правакуе думкi пра канец. Пачатак - пра пачатак.