КВЕТКІ


Пра сябе

Рэгіструю сына Дамініка ў ЗАГСе Ленінскага раёну Менску. Падрыхтаваўся да пытаньняў, маўляў, што за імя такое? Супрацоўніца да калегі: “Пісьмовую заяву браць будзем?” “Не. Сёлета ўжо быў адзін Дамінік. Нават Адам-Дамінік”. Я цікаўлюся: “А якое самае рэдкае імя вы сустракалі ў сваёй практыцы?” “Вашае”.


Пра імёны-1. Бартосік і мінэралка

Пытаюся ў Зьмітра Бартосіка:

— Як назавеце сына?

Кажа, жонка ўжо кліча Данікам, а вось наконт поўнай формы ёсьць пытаньні.

— Я ніякіх Данілаў-Даніілаў не хачу.

— А ў каталіцкай традыцыі як?

— ДАНІЕЛЬ, — расьпеўна, з драматычным пафасам адказвае Бартосік і сьмяецца.

А мне было надта цікава, як залатвіцца канфлікт Захаду — Усходу. Бо Даніла надта па-ўсходнему, а Даніель надта па-заходнему.

Залез у слоўнік пана Ластоўскага, дзе знайшоў форму Данут. (Цікава, што ў палякаў мужчыны Даніелі, а жанчыны Дануты.) Даведаўся пра вырашэньне праблемы. Варыянт аказаўся блізкім да Ластоўскага, але які штуршок да разьвязаньня!

Бартос кажа, еду ў мэтро, бачу на рэклямным плякаце выяву немаўляці на фоне мінэральнай вады, якая завецца “Данат”.

Кажа, выходжду з мэтро, шукаю краму, знаходжу там мінэралку “Данат” і дома стаўлю на стол перад жонкай — ёсьць ТАКОЕ імя.


Пра імёны-2. Хадановіч і жывы клясык

Сустрэў Андрэя Хадановіча, у якога два месяцы як дзіцё нарадзілася. Пытаюся, як дачку назвалі? Кажа, Аленай. Кажа, спачатку хацелі ў гонар Арлова назваць.

— ?!

— Імя Вова даць.


Пра жызьнь

Калісьці тэлевядоўцы Аксана і Анатоль Вечары жылі ў тэлеабшчазе. Ясна, пакой быў невялікі, а госьцікаў на Новы год набілася многа. Раніцай 1 студзеня маленькая (толькі гаварыць навучыўшыся) дачка Поля глядзіць на целы на падлозе і пытаецца ў таты:

— Што эта?

— Эта жызьнь, дочка.

— ТАКАЯ жызьнь?!


Гендэрнае пытаньне

Ксюша (9 гадоў):

— Мне трэба для ўроку напісаць казку пра

бусьліка і дзяўчынку. Маці:

—Жыла дзяўчынка, знайшла бусьліка з падбітым крылом. Усё лета лекавала бусьліка, карміла. А калі прыйшоў час птушцы ляцець у вырай, бусьлік сказаў чалавечым голасам: “Чым я магу табе аддзячыць, дзяўчынка?” Дзяўчынка: “Прынясі мне браціка”. Роўна празь дзевяць месяцаў у дзяўчынкі зьявіўся брацік. Бачыш, як бывае?

Ксюша:

—Ага. Толькі чаму ў цябе адпачатку на тэсьце зьявіліся дзьве рысачкі?


Пра Кляру Цэтлік… ці Цэньнік

Савецкія героі выглядаюць недарэчна на пачатку ХХІ стагодзьдзя. Іх вобразы застаюцца ў прасторы ў выглядзе помнікаў, але існуюць, як кітайскія герогліфы, — усё менш зразумелыя народжаным пасьля СССР.

8 сакавіка 2006 году Ксюша паведаміла, што ведае гісторыю сьвята 8 Сакавіка:

— Кляра Цэ…

— Ну-ну?..

— Ну, на “Цэ”…

— Ну-ну?!

— Кляра… Ну, гэта — Цэцкін жыла ў Нью-Ёрку і хацела, каб жанчыны атрымлівалі больш грошай. Яна сабрала ўсіх жанчын і зрабіла так, каб усе пра іх ведалі. Так узьнікла сьвята 8 Сакавіка. Ну што вы сьмяецеся! Нам так у школе сказалі.


Глёбус Родзіны

Ксюша разглядае сваю любімую дзіцячую энцыкляпэдыю. Ксюшы сярод іншага падабаюцца карцінкі пра старажытныя цывілізацыі. Паралельна па ТВ анансуюць тэлесэрыял “15” — “пра лёсы савецкіх рэспублік пасьля распаду СССР”. Ксюша:

— А пра Эгіпет там будзе?


Дзіцячае пытаньне

Кася Камоцкая распавядала пра сваю дачку — Касю ж — дашкольнага ўзросту. Ідзе сабе Кася-старэйшая на радыё, што на Чырвонай, 4, разам з Касяй-малодшай. На двары пачатак 1990-х, а на прахадной — міліцыянт.

— Дзядзя, а ты што — камуніст?

— Не! А з чаго ты ўзяла?!

— А чаго ў цябе пісталет на партупэі?


Сапраўдныя кепскія

Неўзабаве пасьля вулічных баталіяў дэманстрантаў зь міліцыяй на Чарнобыльскім шляху — 1996, выходзячы са сваёй пяціпавярхоўкі, я схамянуўся ад воклічу “Слава нацыі!”, на які адразу ж пачуўся водгук: “Сьмерць ворагам!” У маім двары васьмідзесяцігадовыя дзеці гулялі ў сутыкненьні паміж дэманстрантамі й АМОНам.

Хлапчукі парабілі сабе з фанэры шчыты, пабралі дубцы, а адзін нават узьдзеў сабе на галаву хакейны шлем. Супрацьлеглы бок кідаўся грудкамі зямлі й дзіцячымі абразамі. Гульня скончылася досыць хутка, бо прыблізна аднолькавыя ў колькасьці “бакі” не стрымалі сваіх шэрагаў і рассыпаліся па ўсім двары. Малыя пачалі гуляцца ў разгон дэманстрацыі.

У дзяцінстве мы гуляліся ў “добрых” і “кепскіх”: у “белых” і “красных”, у “міліцыю” і “бандытаў”, у “партызанаў” і “паліцаяў”, “нашых” і “немцаў”, а таксама ў “немцаў“ і “рускіх”…

Калі 26 красавіка шыхт шчытастых-шлямастых міліцыянтаў зьбягаў з горкі перад праваслаўным Катэдральным саборам на вуліцу Нямігу, побач са мною спыніўся нейкі спадар зь пяцігадовым хлопчыкам на плячах. Яны глядзелі, як АМОН распачынае бойку з дэманстрантамі, і раптам малы спытаўся: “Тата, тата, а гэта рускія?” “?” — “Ну, тата, гэта рускія ці не?” — “Гэта калхозьнікі, сынок”. — “А яны рускія?” — “Яны кепскія, сынок”. — “Што, САПРАЎДНЫЯ?!!”


Джынса

Мінае дзесяць гадоў, на двары 2006ты. Ксюша пасьля школы ходзіць у гурток, дзе робіць розныя, як яна кажа, “паддзелкі”. Паддзелак у доме ўжо шмат. Калі Ксюша атрымлівае ня надта добрую адзнаку, жартуем: “Нічога, Ксюша, як ня скончыш школы, будзеш свае паддзелкі прадаваць”. Дарэчы, Ксюша мае талент, і ейныя вырабы вельмі якасныя, як на ўзрост дзесяці гадоў. І вось, Ксюша прыносіць чарговы твор — феньку з джынсавай тканіны, упрыгожаную бісэрам.

Я акурат раблю інфармацыю пра непаўналетніх з Салігорску, якіх затрымалі за тое, што яны, нібыта, навязвалі джынсавыя стужкі на дрэвы. Жартуем:

— Добрая фенька, але зь ёй цяпер небясьпечна ў Менску хадзіць…

— Чаму?

— Э… Доўга тлумачыць.

Мінае колькі часу, мы ўжо забыліся на размову, ажно падыходзіць Ксюша:

— Усё роўна буду насіць, бо яна мне падабаецца.


Пра віды і формы кандыдацтва

2006 год напярэдадні “трэціх выбараў першага прэзыдэнта РБ”. Мы з жонкай глядзім навіны ОНТ у сваім пакоі. У дзесяцігадовай Ксюшы ў дзіцячым пакоі таксама ёсьць тэлевізар.

ОНТ спачатку паказала ППРБ, пасьля прадстаўніка Цэнтравыбаркаму Мікалая Лазавіка, які сказаў, што “празь дзьве гадзіны будзем ведаць, хто з прэтэндэнтаў на прэзыдэнта будзе зарэгістраваны”, а пасьля двух калдыроў з аднаго з гомельскіх заводаў. Карэспандэнтка паведаміла, што калдыры — “лучшыя работнікі заводу і змагаюцца за права ўдзельнічаць ва ўсебеларускім сходзе” на пачатку сакавіка. Пасьля карэспандэнтка назвала імя калдыра, які перамог “у няраўнай барбе”. Раптам зь дзіцячага пакою:

— Яшчэ аднаго кандыдата ў прэзыдэнты выбралі!


Пра віды і формы лідэрства

Пасьля наступнай гісторыі мы з жонкай беспрытульных сабак інакш як “лідэрамі” не называем.

Хто ня бачыў сабачага сэксу? Часам групавуху назірае цэлы аўтобусны прыпынак. Стаяць чалавек сорак, а перад імі бегае зграйка кабялькоў самых неверагодных масьцей і ростам ад кішэннай шаўкі да сярэдніх памераў бычка. Кабялькі бегаюць за сучачкай: ну, як у сабак — там нюхнуць, там нюхнуць… Адзін спрабуе ззаду прыладзіцца, другі адштурхоўвае… Сучачка, радасна трасучы вушамі, рушыць наперад, зграйка за ёю…

Дзесяцігадовая Ксюша, паказваючы пальцам на сучачку, бліснула веданьнем новага слова:

— Я знаю, хто гэта. Гэта лідэр!


Загрузка...