Кабінет першага сакратара райкома партыі. Бюро праходзіць бурна. Раздражнёныя галасы. Стук алоўка па графіне.
Новікава (мілавідная строгая жанчына гадоў пад сорак). Таварышы! Ідзе пасяджэнне бюро райкома. Пётр Іванавіч, калі будзеце ўсіх перапыняць, да ночы не разыдземся.
Вераб’ёў (бледны хударлявы мужчына). Парушэнні, злоўжыванні… Партызаншчына ў горшым сэнсе гэтага слова!.. Так кіраваць гаспадаркай, таварыш Зязюля, нельга. (Кіўнуў на пухлую папку з паперамі.) Камісія пераканаўча гэта даказала.
Зязюля (гадоў пяцідзесяці, з абветраным тварам, насупіўся, засоп, маленькія вочкі пабялелі). Так — нельга! А як можна?! Як вы? Чаму ў нас у раёне кожная ўборка — чарговы штурм! А не штодзённая работа?.. Самі не ўмееце кіраваць, таварыш Вераб’ёў! Больш таго — перашкаджаеце кіраўнікам гаспадарак!
Члены бюро сядзяць, нізка апусціўшы галовы ад няёмкасці.
Сівы. Раней, пасля такіх слоў, выкладвалі партбілет.
Зязюля (агрызнуўся). А ты мне яго даваў?!
Мужчына ў акулярах. Алена Мікалаеўна! Калі тут… Як ён людзьмі кіруе?
Вераб’ёў. Як кіруе — сказана ў гэтых пісьмах. (Кіўнуў на папку.)
Новікава (раптам). Ці не адкласці бюро?
Ляшчук (дзелавіты, спартыўны, гадоў пад сорак). Няма калі адкладваць! Вобласць зацікаўлена як мага хутчэй… Калі ў пятніцу не аддадзім дакументы на будаўніцтва, год страцім!
Новікава (цярпліва). Пётр Іванавіч, давайце спакойна. Вы самі заказалі праект комплексу.
Зязюля (уздыхнуў). Мы прасілі меншы. Нам рэкамендавалі гэты. Згадзіліся. А калі пералічылі…
Мужчына ў акулярах (абурана). Дзіцячы сад!
Вераб’ёў. Санаторый у калгасе! Ён вельмі вам патрэбны?
Зязюля. Здароўе народа — вышэй за ўсё.
Вераб’ёў. Не дасць ён здароўя — саматужніцтва! Раёну давялі такі план па малаку!.. А ён задумаў — басейн на 50 метраў! Палац з зімнім садам!.. Ці не занадта рана?
Зязюля. Нашы хочуць жыць, як у горадзе.
Вераб’ёў. Паказуха! Колькі сродкаў — на вецер!
Мужчына ў скураным пінжаку. Толькі за тое, што адмовіўся выручыць суседзяў і здаць дадаткова пяцьдзесят тон збожжа…
Зязюля (абурыўся). У мяне што — бразільскі клімат, іншае сонца?! Няхай працуюць!
Сусед. Як ты мог прадаць цялушак у чужую вобласць, калі так маюць патрэбу суседзі? Ты патрыёт ці не?
Зязюля. А хто мне дасць навейшае абсталяванне для кармацэха — ты, суседзі?!
Мужчына ў акулярах. Дзіўна! З такой псіхалогіяй — і столькі гадоў на чале калектыву…
Ляшчук. Як старшыня камісіі павінен сказаць наступнае. Нездаровае становішча ў Галынцы — не выпадковасць. Гэта вынік недальнабачнай палітыкі старшыні. Усе мы добра памятаем партыйныя дакументы аб развіцці асабістых гаспадарак. Але ўзмацняючы вось гэтак, без меры, уласніка, Зязюля падрывае грамадскую вытворчасць. Іншая псіхалогія! Слаба прымацаваны провад на ферме — ну і няхай, калгаснае. Каровы аб’ядаюцца канюшынай — не маё… Калі Зязюля і надалей будзе кіраваць калгасам, ён яго разваліць!
Сівы. Здаецца, у вас няма вышэйшай адукацыі?
Зязюля (выцягнуў губы). Дваццаць тры гады гэта нікога не бянтэжыла!
Сівы. Але раней не ставіліся і такія задачы.
Новікава. Пётр Іванавіч, будзеце будаваць? Не? Значыць, семдзесят восем тысяч за праект…
Зязюля (пачухаў дрэнна паголены падбародак). Спішам.
Сівы. Вядома, кішэня ж не свая…
Зязюля. Лепш спісаць гэтыя тысячы, чым… Мала навокал помнікаў безгаспадарчасці?
Мужчына ў міліцэйскім кіцелі (усміхнуўся). А можа, ён мае рацыю?
Вераб’ёў. А хто будзе выконваць Харчовую праграму? Ваша міліцыя?
Новікава. Пётр Іванавіч, вырашаецца ваш лёс. Хочаце што-небудзь дадаць?
Зязюля (пакруціў кудлатай галавой). Не.
Новікава (абвяла ўсіх вачыма, памаўчала). Прапануецца наступнае рашэнне. За зніжэнне надояў малака, за адмову ад будаўніцтва заказанага комплексу, за супрацьпастаўленне ўласных гаспадарак вытворчасці, за сістэматычнае невыкананне ўказанняў райкома партыі старшыні калгаса «Сцяг» Зязюлю Пятру Іванавічу аб’явіць строгую вымову з занясеннем ва ўліковую картку. Рэкамендаваць сходу калгаснікаў вызваліць яго… ад пасады старшыні калгаса.
Мужчына ў міліцэйскім кіцелі. Ці не занадта? Пленум запатрабаваў уважлівых адносін…
Вераб’ёў. На гэтым жа Пленуме гаварылася: трэба рашуча мяняць кіраўнікоў, якія не адпавядаюць пастаўленым задачам!
Зязюля (нечакана, дзелавіта). З абкомам узгоднена?
Ляшчук. Зразумела.
Зязюля (задаволена кіўнуў, раптам). Футбол — у колькі?!
Сусед незадаволена цмокнуў языком.
Новікава. Няма іншых прапаноў? Тады галасуем…
Утульная гарадская кватэра. Абстаўлена з густам. Прыглушанае няяркае святло, музыка. Тэлефон. З суседняга пакоя ў халаце выходзіць маладая прыгожая жанчына — Таіса.
Таіса. Слухаю! А! Зразумела. Засумаваў? (Жартаўліва.) Але, таварышы, пры чым жа тут я? (Смяецца.) Не ведаю, не ведаю. (Ажывілася.) Пераехаць назусім? О-ля-ля! Таварышы, гэта немагчыма, зусім выключана… (Рассмяялася.)
За акном шум аўтамашыны.
(Паглядзела ў акно, са злосцю.) Я пазваню пазней. Не, не, я сама.
Паклала трубку. Званок у дзверы. Наспех паправіўшы валасы, пайшла адчыняць. Уваходзіць Зязюля.
Зязюля (працягвае кветкі). Ну, добры дзень, доктар!
Таіса (памарудзіўшы, прытулілася да яго). З днём нараджэння, мілы!
Зязюля. Ты адна?
Таіса. Праходзь. Рэгіна ў школе. Семінар, нарада?
Зязюля. Да чаго ж ты прыгожая!
Таіса. Дай руку і заплюшчы вочы… Так… (Надзявае бранзалет.)
Зязюля. Магнітны? Ух ты! (Пацалаваў яе ў шчаку.) Маланку не прыцягне?
Таіса (з націскам). Табе дапаможа.
Зязюля. Дзякую. Як я засумаваў!
Таіса (накрывае стол). Сёння яшчэ адзін юбілей — год і шэсць месяцаў! (Налівае віно, чокаюцца, п’юць.)
Зязюля (незадаволена). Лічыш? У чалавека падскочыў ціск, прыходзіць да ўрача і… вось, юбілей… З ціскам лепш не стала…
Таіса. Хіба?
Зязюля. Але з’явіліся прыемныя станоўчыя эмоцыі. Так запісала ў гісторыю хваробы?
Таіса. Даслоўна!
Зязюля. Не кватэрка — аазіс! Тут я проста ажываю!
Таіса. Хоць бы раз зрабіў падарунак — нікуды не спяшаўся!
Зязюля. Ты небяспечная жанчына — чытаеш чужыя думкі! Сёння не спяшаюся.
Таіса. Што-небудзь здарылася?
Зязюля. Вырашыў жыць, як усе.
Таіса. Чаму раптам? Еш!
Зязюля. Хадзі да мяне…
Таіса (уздыхнула). Бягом, бягом… Паміж нарадамі ў сельгастэхніцы і семінарамі па аграхіміі… (Паслухмяна падышла, села побач.) Мой старшыня… Ад адной сустрэчы да другой — тыдні, а то і месяц… Толькі я магла так. Іншая даўно б…
Зязюля (лёгенька пацалаваў). Доктар, а чаму б нам не махнуць на поўдзень? Мора, сонца… Бархатны сезон… Хачу зрабіць для цябе такі круіз!..
Таіса. Нешта ты ўзвінчаны. Дай руку, памераю ціск…
Зязюля. Потым.
Таіса (усміхнулася). Я ведаю, што потым будзе ніжэйшы…
Зязюля (абдымаючы). Што б я рабіў без цябе… (Памаўчаў.) Анекдот!.. Якую ж хохму я хацеў… Ах, так! Мяне вызвалілі. Сёння, на бюро.
Таіса. Ну і жартачкі ў вас, боцман!
Зязюля. Гэта праўда, Тася.
Таіса (расплюшчыла вочы, працверазела). Сам папрасіў?
Зязюля. Ды не — з трэскам!
Таіса. За падзеж кароў?
Зязюля. Каровы — апошняя кропля. Успомнілі ўсе грахі. У чым быў вінаваты, у чым не быў… Як ваўка аблажылі!..
Таіса (пяшчотна правяла пальцамі па яго скронях, пацалавала). Чаму яны не зрабілі гэта раней? Столькі часу страціла… Каго замест цябе?
Зязюля (усміхнуўся, не адразу). Не здагадаешся… Твайго мужа.
Таіса. Харытона?! Сапраўды — свет цесны. Табе — іншую гаспадарку?
Зязюля. Наўрад ці.
Таіса. Чым думаеш заняцца?
Зязюля. Кахаць цябе, нікуды не спяшацца. (Пацягнуўся да яе.)
Таіса (адхілілася). Для мужчын гэта галоўнае?
Зязюля. Вось табе і на! Таіса, я чакаў, пакуль падрасце сын, дачку хацеў выдаць… Давай здзівім свет — пажэнімся. Я застаюся ў цябе.
Таіса. Ха! Калі стаў беспрацоўным… Мілы, ты мне патрэбен на кані!
Зязюля. Шкада, коней перавялі.
Таіса. Распачынаць важданіну з разводам… Ці не з’ездзіць табе ў ЦК?
Зязюля. За іншага — мог бы.
Таіса. Калі памёр адзін з каралёў, на яго грудзях выявілі наколку: «Далоў караля!..» Ты даўно хацеў вызваліцца.
Зязюля. Я?!
Таіса. Падсвядома. Хіба ж не? Ну што ж, няма ліха без дабра. Як гаварыў Чапай — напляваць і забыць. Паслухай, як завуць твайго прыяцеля? (Накінула халат, ходзіць.)
Зязюля. Якога?
Таіса. З Ленінграда. Памятаеш, ты вазіў нас у паляўнічы домік…
Зязюля. А, Фёдар, сябар дзяцінства.
Таіса. Што ён табе прапанаваў? Падсобную гаспадарку?
Зязюля. Ды ну, гэта жарт.
Таіса. Настойліва ён гэта рабіў! Звані.
Зязюля. Навошта?
Таіса. Што табе тут свеціць? А колькі нерваў, знявагі!.. Ну?
Зязюля. Хочаш жыць пад Ленінградам?
Таіса. Гэта табе трэба паехаць!
Зязюля (дастае запісную кніжку, шукае нумар, набірае па аўтамату). Алё. Сельскае прывітанне генеральнаму дырэктару! Нарада? Фёдар, два словы. Ты мне жартам прапанаваў падсобную гаспадарку. А калі б я… жартуючы, згадзіўся? Нічога асаблівага — абрыдла! Неспакой падабаецца толькі паэтам. Колькі? (Паморшчыўся.) Сыдзе. І трохпакаёвую кватэру. Добра, няхай не адразу. Так! Месца для ўрача-тэрапеўта… Дамовіліся. (Паклаў трубку.)
Таіса. Наперадзе ў цябе — новае жыццё. Васьмігадзінны рабочы дзень, тэатр, кнігі…
Зязюля. Столькі гадоў аддаў калгасу!
Таіса. Праз год, другі, калі гаспадарка пакоціцца ўніз, яны зразумеюць, каго страцілі! Што з табой?
Зязюля. Нічога.
Таіса. Забудзь, выкінь з галавы! Пачні жыць, як людзі!
Зязюля. Так, так.
Таіса (налівае віно ў бакалы). Чын-чын, дырэктар!
Зязюля. Так.
П’юць.
Таіса. А ведаеш, сёння я хацела з табой развітацца. Назаўсёды.
Зязюля. Лепшага моманту не будзе.
Таіса. Не злуй! Калі звольнішся са старшыняў — што нам перашкодзіць быць разам? Такіх мужыкоў — пашукаць!
Зязюля. Калі пачыналі, кожную карову ведаў пайменна.
Таіса. Час пажыць і для сябе.
Зязюля. На першую зарплату купіў веласіпед. І па фермах. Раніцай даваў заданне — увечары правяраў…
Таіса. Забудзь!
Зязюля. А калі не было чым карміць цялушак…
Таіса. Спыніся!
Зязюля. Добра, паспрабую. (Заціснуў галаву рукамі, застагнаў.)
Таіса (пільна глядзіць, пасля працяглага маўчання). Нікуды табе ад гэтага не ўцячы. Ленінград — гэта не выйсце.
Зязюля. Што?
Таіса (узяла яго за руку, паслухала пульс). Ніжні ціск мог быць меншы.
Зязюля. Так? Тады ідзі да мяне…
Таіса (хмурна адхілілася). Калі сход?
Зязюля. Гэтымі днямі.
Таіса. Калгаснікі цябе адпусцяць?
Зязюля. Куды яны дзенуцца?
Таіса. Ведаеш, чаму я пайшла ад Харытона?
Зязюля (расчаравана). Не з-за мяне?
Таіса. Не ўмееце за сябе пастаяць!
Зязюля. Не шумі. Я зараз пайду.
Таіса. Я буду з табой. Але ты не павінен здавацца!
Зязюля. Няхай маладыя.
Таіса. Стары?! Французскія вучоныя лічаць, што малады ўзрост — да 45, сталы — да 59, пажылы — да 75, а стары — за 75…
Зязюля. Пакуль малады — махнём на поўдзень! Ляжыш на цёплай хвалі…
Таіса. Поўдзень табе нічога не дасць. Трэба змяніць сітуацыю.
Зязюля. Хочаш на другое месца?
Таіса. На тое ж самае.
Зязюля (усміхнуўся). Пасля бюро? Вазьміся за гэтую справу, доктар, — мыш’як, стрыхнін… Што там яшчэ?
Таіса. Вазьмуся.
Зязюля. Ну-ну! Дай Божа нашаму цяляці ды воўка спаймаці. (Пайшоў.)
Таіса. Ты куды?
Зязюля. Здаваць справы твайму мужу.
Таіса тужліва глядзіць услед. Кінула бакал на падлогу.
Вёска. Раніца. Да Зязюлі, накульгваючы, падышоў хударлявы мужчына гадоў пад шэсцьдзесят, Бондар. Паздароўкаліся.
Зязюля. Як быццам дажджу не будзе. Што сумны, камісар? Вясёлыя людзі менш хварэюць і даўжэй жывуць.
Бондар. Як яны маглі?
Зязюля. Ведаеш?
Бондар. Вераб’ёў званіў — рыхтуй сход…
Зязюля. Ты тут ні пры чым. За ўсё адкажу сам.
Бондар. Хіба я пра гэта? Не маглі без парторга! Парушэнне!
Зязюля. Паеду — і ўсё забудзецца.
Бондар (дастаў люльку, але не закурыў). Што ж ты — людзей пакінеш?
Зязюля. А што прапануеш — брыгадзірам?
Бондар. Трэба штосьці рабіць.
Зязюля. Яшчэ адзін! Статут партыі ведаеш?
Бондар. Ляшчук — яшчэ не партыя.
Зязюля. Крыўдна — столькі гадоў, а ні храна не паспеў!
Бондар. Гэта ты не паспеў? Давай рыхтавацца да сходу. Лічбы, факты… Людзі выступяць…
Зязюля. Безнадзейная рэч. Лукіч, на сваё месца я прапаную… цябе.
Бондар. Блёкату наеўся?
Зязюля. На два-тры гады патрэбен свой чалавек! Інакш — усё замарозяць!
Бондар. А пратэз мой чым заменіш?
Да іх падыходзяць на лятучку галоўныя спецыялісты. Вітаюцца. У дыспетчарскай па тэлефоне гаворыць пажылая жанчына ў вялікай хустцы.
Жанчына. Алё! Алё! Галя, гэта ты? Прыязджайце з Віктарам! У нас тут такое… Дом прададзім, парсючка заколем, а карову адзін пытаўся. Дачушка, потым растлумачу… Парфяновічы таксама збіраюцца…
Зязюля (падышоў, выхапіў трубку). Нічога не здарылася! Можаце не прыязджаць! (Паклаў трубку.)
Жанчына (загаласіла). Авой, людцы, што ж гэта будзе!..
Зязюля. Бабы, вы што — звар’яцелі?! Хочаце зрабіць з мяне пасмешышча? Спыніць паніку!
Жанчына. Іванавіч, памятаем мы ранейшых старшыняў!
Зязюля. Калі тое было! Горш не будзе. Тое, што расказваюць пра новага…
Жанчына (уздыхнула). Абяцанка — цацанка, а дурню радасць…
Зязюля. У Мексіцы хаваюць чалавека весела. У Японіі паведамляюць аб няшчасці з усмешкай. І толькі ў маёй Галынцы… Так, здымаюць. Ну і што? Каровы перастануць даваць малако? Куры — несці яйкі? Натуральны працэс — мяняюць кіраўніка.
Мужчына. Калі б — натуральны…
Зязюля. Галоўныя спецыялісты сабраліся? Паслязаўтра пачынаем уборку бульбы. Усе службы гатовы? Галоўны інжынер, абмалюй момант.
Міхась (малады энергічны мужчына, час ад часу пяшчотна пазіраючы на дзяўчыну, раскрыў блакнот). Тры капалкі не зможам выцягнуць у поле. Стаяць трактары. Далі б запчасткі, самі б зрабілі. І машын не стае на вываз. Хоць бы дзесятак, па два рэйсы…
Зязюля. Што нам Лунёў падкіне? Як на Бога!
Таня. Дык адмовіў!
Зязюля. Як? Чаму?
Таня. Я думала, вы бачылі… (Падае паперу.)
Зязюля (прачытаў). Няма Бога… Злучы!
Таня (набірае нумар, нягучна перагаворваецца). Пётр Іванавіч!
Зязюля (узяў трубку, пачаў ласкава). Аляксей Міхайлавіч? Зязюля. Рады чуць ваш магутны голас! Аляксей Міхайлавіч, нейкае непаразуменне? Мы прасілі… Стаяць трактары! З-за ерунды. Калі па бульбе ўдараць маразы… Аляксей Міхайлавіч, ну хоць бы пяць… На каленях — тры… Родны мой, добры, інакш — катастрофа! Страцім ураджай. На першым годзе праграмы. Так, але… Як — самім выкручвацца? (Вочы поўныя гневу, голас пераходзіць на высокія ноты.) Дык вось, запомніце! У бліжэйшыя пяцьдзесят гадоў я не звярнуся да вас ні з адной просьбай! Але ўсім, кожнаму стрэчнаму буду трубіць — каб да вас не звярталіся! Таму што вы не можаце вырашыць ніводнага пытання! Што? Ах, вось… Ну і што, калі знялі? Калгас застаецца без запчастак! (Кінуў трубку.) Разумны дае сам, сярэдняга розуму — калі папросяць. І толькі дурань не дае ніколі… Што ж змянілася? Клопат партнёраў, а галава па-ранейшаму баліць толькі ў нас… Танюша, якія пытанні на праўленні?
Таня (падсунула заявы). Аксюціч просіць пазыку, дом купляе.
Зязюля. Далей.
Таня. У Мішчанкі сын жэніцца. Просіць дастаць сто бутэлек шампанскага, трыста авансу, цяля выбракаванае з фермы і машыну на дзень.
Зязюля. Гэта каторы — Юра жэніцца?
Таня. Ага. Мазура Ганна просіць тысячу, пазыку для завяршэння будаўніцтва. Трынаццаць тысяч ужо ўкладзена.
Зязюля. Вялікі дом?
Таня. Не вельмі. Шэсць пакояў, кухня, склеп, гараж, пуня…
Міхась. Іванавіч, ёсць яшчэ адна гаспадарка, якая можа нас выручыць, — Камінскі!
Зязюля. Я толькі што падумаў! Злучы.
Таня набрала нумар, перадала трубку.
Вітаю! Зязюля. Даўненька не бачыліся! Дай, думаю, пазваню, можа, на возера, на юшку, альбо ў лазню… Пра што гаворка? Дробязь… Глеба ў нас цяжкая, камяністая… Для «Беларусаў»… Правільна! А ты не тэлепат? Можаце?! Дык вы ж нас… Што? (Прыкрыўшы трубку.) Пытаецца — «царскае паляванне» будзе? (Уздыхнуўшы, у трубку.) Будзе. А раней? Ніяк? (Паклаў трубку.) Зусім зрабіўся нахабным! У пушчы забіць па кабанчыку!
Міхась. Запчасткі — калі?
Зязюля. Дваццаць сёмага.
Міхась (прысвіснуў, пакруціў галавой). Позна. Ездзілі мы ўчора на выстаўку. Вось гэта тэхніка! Нам бы такую ў калгас! Мы б тут…
Зязюля (падхапіўся, ходзіць). Што там учора ў сталоўцы?
Міхась. Ды ўсё гэта, камерцыя, хімічыць… Мяса абрэзалі, далі механізатарам адно сала. Каўбаса мясцовая, з душком… Ну, хлопцы і выкінулі…
Зязюля (звоніць). Тамара, золатка! Ты хочаш, каб я прывёў сто дваццаць чалавек механізатараў і яны разнеслі сталоўку? Разам з такой прыгажуняй загадчыцай?.. Вось і цудоўна. Разумныя людзі заўсёды зразумеюць адзін аднаго. (Паклаў трубку.) Усё?
За акном праехала легкавая машына, спынілася. Ляпнулі дзверцы.
Жанчына. Карпук! Фермер!
У памяшканне ўвайшоў дужы, з нахабнымі вачыма мужчына гадоў пад шэсцьдзесят, у капелюшы, у куртцы, халявы ботаў адгорнуты — Карпук.
Карпук (хмурна). Старшыня, усім далі сена. А мне?
Зязюля (здзіўлена). Хіба ты яшчэ ў калгасе? Жонка не ходзіць на ферму…
Карпук. Хварэе.
Зязюля. А на выгляд — кроў з малаком! Дзе твае сыны — сабакам сена косяць?
Карпук. Твой Лёшка таксама не тут.
Зязюля. Не блытай божы дар з яешняй! Лёшка ў акадэміі, потым будзе ў калгасе. Паклаўшы руку на сэрца — колькі разоў выйшаў на работу?
Карпук. Не мае значэння. Я — калгаснік.
Зязюля. Карыстаешся правамі і прывілеямі калгаснікаў. А вось з работай… Цяпліцы, нутрыі… Часцей на рынку, чым… За што ж сена?
Карпук. Ведаю, што цябе злуе. Хочаш праўду? Ніколі ў вас не будзе такога парадку, як у мяне. Чаму? Я ўкалваю! Ад світання да змяркання. Без перакураў, п’янак… А калі сеяць альбо ўбіраць — мне не патрэбны сходы, званкі, семінары… (Пастукаў сябе па лбе.) Вось мой райком! (Павярнуў рукі далонямі ўверх.) А вось мае кадры! (Паглядзеў навокал.) І няма ў мяне цэлага штату нахлебнікаў! Таму ты мне зайздросціш, таварыш старшыня… Былы! Цяпер ты ніхто — пшык!
Зязюля (прыжмурыў вочы, засоп). Калі праўда на тваім баку і гэтак добра ідуць справы — навошта табе калгасныя соткі? З бульбай столькі клопату…
Карпук (да носу Зязюлі працягнуў фігу). А гэта бачыў?
Бондар. Ах ты сукін сын…
Мужчыны кінуліся да Карпука, але Зязюля спыніў іх жэстам.
Зязюля. Ты іх сеяў? Тваё насенне?
Карпук. Сеяў калгас! А выдзелілі мне.
Зязюля. Шкада, у цябе больш няма сотак у агульным масіве!
Карпук. Ні храна ты іх не забярэш! Пасля Пленума? «Пітацельнай» праграмы?! Адразу выкладвай партбілет!.. Хопіць, пацарстваваў! Прыемна было вяльможыць? Пойдзеш у брыгадзіры! А то і ніжэй… Адвернуцца сябрукі, перастануць здымаць шапкі, клікаць на самагон…
Зязюля (выцягнуў губы). Калі так, я падумаю, ці варта здаваць партфель.
Карпук. Што? А! (Усміхнуўся.) Ведаеш, чаму ты паляцеў? У цябе ёсць вораг. Моцны вораг! І ведаеш, хто гэта?
Зязюля. Ну, хто?
Карпук. А, не! Здагадайся сам. (Шчоўкнуў пальцамі, выйшаў.)
Мужчына. Нягоднік! Даўно б яго прыціснуць!
Зязюля. Лёгка сказаць! Вывучыў «пітацельную» праграму… Усе могуць ісці, акрамя Міхася. (Неяк дзіўна паглядзеў на Бондара.) Лукіч, дзе ў нас апошні цыркуляр з райкома?
Бондар. Зараз прынясу. (Устаў, кульгаючы, выйшаў.)
Зязюля (пачакаў, пакуль за ім зачыняцца дзверы). Дык вось, галоўны інжынер, штосьці ты заседзеўся… Бяры паўкабана — аформім як прэмію — дуй на завод, на прахадную, пагавары з хлопцамі… Можа, свінінкі хочуць…
Міхась (прысвіснуў). Пракурорам пахне!
Зязюля. У мяне няма іншага выйсця. Можна, вядома, нічога не рабіць…
Міхась. А калі пападуся?
Зязюля. Не пападайся! Ну, а калі… Будзем выручаць.
Міхась. Вам добра — здымаюць… Пасадзяць мяне — хто выручыць? Га?
Зязюля (паглядзеў на Таню). Калі будзеш насіць перадачы, улічы: Міхась любіць боршч, дранікі са смятанай і піва. Так?
Таня ўсміхнулася. Міхась паглядзеў на яе, уздыхнуў, устаў.
У выпадку чаго — валі на мяне. Мне цяпер усё можна!
Міхась пакруціў незадаволена галавой. Вярнуўся Бондар.
Бондар. Іванавіч, там… госці прыехалі! На «бобіку».
Зязюля. Зноў камісія? Ты сказаў, што дзве працуюць?
Бондар. Ды не — Лешч… З ім новы старшыня.
Усе глядзяць на Зязюлю. Ён пазяхнуў, усміхнуўся Бондару.
Зязюля. Як там у дыпламатаў? Калі па пратаколу — сустракаць табе.
Поле, луг, удалечыні фермы. Адчыніліся і зачыніліся дзверцы аўтамабіля, шум машыны. З’яўляюцца Ляшчук у скураным паліто, элегантны, упэўнены ў сабе, і Харытончык у плашчы, невысокі, мяккі, з уважлівымі вачыма, сумны.
Ляшчук (глыбока ўздыхнуў, пацягнуўся). Галынка! Пах траў пазнаю!
Харытончык. Часта бываеце?
Ляшчук. Я тут працаваў. Лепшыя гады! Часам з такім сумам… Самая вялікая любоў… Па сутнасці, адзіная.
Харытончык. А потым?
Ляшчук. А потым?.. Вось тут, Харытон, будзе стаяць наш прыгажун! Падабаецца месца?
Харытончык. Вам, спецыялісту па комплексах, лепей відаць.
Ляшчук. Не прыбядняйся — сам кандыдат!
Харытончык. Кандыдатаў шмат. А вось беспамылковых, аптымальных рашэнняў… З кім гэта ідзе Вераб’ёў?
Ляшчук. З парторгам. Павінен будзеш адразу змяніць…
Да іх падыходзяць Вераб’ёў і Бондар.
Вераб’ёў. Знаёмцеся, Харытон Васільевіч, — партыйны бог калгаса.
Мужчыны прывіталіся. Дзесьці працуюць трактары.
Харытончык. Выконваецца праграма?
Бондар. Шмат шумім.
Харытончык (усміхнуўся). Хто шуміць?
Бондар (уздыхнуў). Многія. Часцей пачалі адрываць ад справы. За апошні месяц — трыццаць шэсць разоў галоўных спецыялістаў выклікалі на нарады! А папераў…
Харытончык. Лічыце, справа непатрэбная?
Бондар. Калі ў эскімоса няма рыбы — ён што робіць? Сядае ў лодку і едзе лавіць.
Вераб’ёў. Чаму не быў на бюро?
Бондар. Прыступ адолеў.
Вераб’ёў. Партком правялі? Далі ацэнку рабоце Зязюлі?
Бондар. Калі? Уборка.
Вераб’ёў. Ох, Бондар! Грахі старшыні на тваім сумленні — дзе кантроль за дзейнасцю адміністрацыі?.. Людзей падрыхтаваў?
Бондар. Аб’ява аб сходзе вісіць.
Вераб’ёў. Сакратар парткома! Народ павінен разумець — гэта не чыёсьці свавольства. Надзённая неабходнасць!
Бондар (дастаў люльку, але не закурыў). Мяне камуністы пытаюць — чаму не параіліся з партыйнай арганізацыяй?
Вераб’ёў. А дзе была партыйная арганізацыя, калі старшыня парушаў статут, злоўжываў уладаю?
Ляшчук. Харытон Васільевіч, твае планы да сходу?
Харытончык. Хацеў бы агледзець гаспадарку.
Бондар (мякка ўсміхнуўся). Ці не занадта рана?
Вераб’ёў. Рана? Ды за гэты час вы такое наробіце — новы за год не расхлёбае!
Бондар. Есці будзеце?
Вераб’ёў. Ці не збіраешся нас пачаставаць?
Бондар. Клопат пра людзей — асноўны прынцып калгаса.
Вераб’ёў (усміхнуўся Харытончыку). Калі чалавек загаварыў лозунгамі, трэба здымаць… А я па прастаце думаў, што асноўны прынцып — развіццё грамадскай вытворчасці… Таму ў вас каровы, як мухі…
Бондар. Няшчасны выпадак.
Вераб’ёў. У кожнага няшчаснага выпадку, гаворыць пракурор, ёсць аўтар. Дрэнна з людзьмі працуеце! Пойдзем паглядзім, дзе будзе сход.
Ляшчук. І прышлі да нас старшыню!
Бондар сунуў люльку ў кішэню, пайшоў з Вераб’ёвым.
Харытончык. Надвор’е нялётнае. (Пакурчыўся.)
Ляшчук. Надвор’ем таксама настаў час кіраваць.
Харытончык. Як Зязюля стаў старшынёй?
Ляшчук. Працаваў другім сакратаром райкома камсамола. А потым — дайце самы адсталы калгас… Пачынаў нядрэнна. А сёння — рэтраград, кансерватар… Дзе, калі спыніўся? А можа, спалохаўся?
Харытончык. Як вы думаеце — чаму я згадзіўся яго замяніць?
Ляшчук. Вядома, там было спакайней. Але ты даўно здольны на большае. Што такое старшыня калгаса? Фенаменальная фігура! Неяк, яшчэ пры мне, Зязюля паехаў да сваякоў жонкі, далёка… І ўбачыў — развал, п’янства… Прыходзіць да першага… Чакае сорак мінут. Праз гадзіну сакратарка паведамляе — прыняць не зможа. Зязюля: «Зайдзіце і перадайце — праз дзве гадзіны я буду ў абкоме, а праз чатыры ў кабінеце сакратара абкома ён будзе прасіць у мяне прабачэння…» Тая зайшла, далажыла…
Харытончык. І Зязюля быў прыняты.
Ляшчук. Але хто такі Зязюля? Старшыня калгаса. 450 чалавек. Столькі ж у любым цэху фабрыкі. Але ці можа начальнік цэха пайсці да першага сакратара райкома і патрабаваць спаткання? А Зязюля можа. Незвычайная пасада! Чалавек можа мець доступ да генеральнага сакратара, застаючыся на адной і той жа пасадзе дзесяткі гадоў.
Харытончык. У калгасе ў старшыні няма росту.
Ляшчук. Правільна! Калі пойдзе вышэй — раён, вобласць, — то штосьці страціць… Нават калі выскачыць у намеснікі міністра! Адзіная пасада, унікальная. Усё — ад размаху асобы. Можа высокага замежнага госця прымусіць выпіць з піўнога куфля віно — маўляў, аб мужчынскай годнасці ў нас мяркуюць па велічыні бакала… Можа разыграць міністра… Сыходзіць з рук. Гэта значыць, Зязюлю гэта даравалі. Таму дзейнічай! Іншага выпадку…
Харытончык. Вы задаволены сваёй работай?
Ляшчук. Ведаеш, чаго мне часам хочацца? Сабраць усе паперы — што нам пішуць і што мы пішам — і зрабіць на плошчы вялікае вогнішча! А потым махнуць куды-небудзь у вёску…
Харытончык. Кажуць, у Мінску амалоджваюць кадры і вам прапанавалі…
Ляшчук. Ага. Я адмовіўся.
Харытончык. Як?!
Ляшчук (усміхнуўся, адчуваючы асалоду ад зробленага эфекту). Такі ж твар быў у цесця!.. Ёсць у мяне думкі, Харытон… Здолееш укараніць — «зорачку» павесіш!.. Моцна на цябе спадзяюся! Сябрам буду і ў радасці, і ў горы… А вось і былы старшыня. Не верыцца, што калісьці быў арол… Прывітанне, гаспадар!
Падышоў Зязюля, з абодвума прывітаўся за руку.
У гэтым гаі выступаў хор Пятніцкага! Дырэктар фабрыкі — можа гэта дазволіць?
Харытончык (ажывіўся). Сур’ёзна?
Зязюля (усміхнуўся). Было. І цяпер спевакі з гордасцю гавораць: «Парыж і Лондан, Нью-Йорк і Дэлі, Рым і Галынка — усюды выступаў хор Пятніцкага!»
Харытончык. Як вы іх угаварылі?
Ляшчук. Ён каго хочаш угаворыць. А вось дарогу не зрабіў.
Зязюля. Рук не хапае.
Ляшчук. Навошта адмовіўся ад шэфаў?
Зязюля. Печань пачала пабольваць пасля банкетаў.
Харытончык. Хіба не ад вас залежыць, як прымаць шэфаў?
Зязюля (усміхнуўся наіўнасці пытання). А гэта наш адкормачнік.
Ляшчук. Зязюля, ты ж недурны мужык! Ці можна параўноўваць умовы працы тут і на комплексе?
Зязюля (не адразу). Што і казаць — на комплексе лягчэй, утульней. Але мы яшчэ раз прыкінулі — кармавая база…
Ляшчук. Дзяржава падкіне!
Зязюля. Не хачу дзяржаўнага! І ці заўсёды яна зможа мне падкінуць? Ездзіў я нядаўна. Пабудавалі, а…
Ляшчук. Ну як ты не разумееш! Збожжа не хапае, бульбы… То засуха, то скрозь дажджы, холад… А дай нам тры… Ну хаця б два ўдалыя гады… Эх, Зязюля… Калі б не ўпарціўся…
Зязюля. Пакінулі б старшынёй? (Усміхнуўся.)
Ляшчук. Хіба цябе толькі за гэта?
Зязюля (гучна прашаптаў Харытончыку). Я бачыў жудасны сон — комплекс праглынуў калгас разам са старшынёй! Гэта можна будаваць дзе хочаш, але толькі не тут. А калі тут, то не сёння.
Ляшчук (Харытончыку). Зразумеў? Няхай іншыя…
Падышла Таня ў белым халаце.
Таня. Пётр Іванавіч, звоняць з Мінска. З міжнароднай выстаўкі. Сказалі, вельмі важна! (Пайшла.)
Ляшчук. Чакай! Свайму пераемніку пашукай кватэру. Самую лепшую!
Зязюля (глянуў, пайшоў услед за дзяўчынай). Няўжо і я, гадоў праз дзесяць-пятнаццаць… Шкада!
Харытончык. Пахаджу я адзін.
Ляшчук. Калі ласка!
Харытончык пайшоў. Ляшчук накіраваўся да Тані. З’яўляецца Міхась, спыніўся, здалёк назірае.
Сырадоем пачастуеце?
Таня. Спазніліся — адвезлі!
Ляшчук. Штосьці я цябе не помню?
Таня. А я вас помню. Кацярыну Лукашэвіч ведаеце?
Ляшчук. Ну як жа! Такая прыгожая дзяўчына на ферме — скарб!
Таня. Не прыгожая, але даволі мілая! (Прайшлася, павярнулася, быццам манекеншчыца.) Гэта — па-першае. А па-другое, я тут апошні дзень — ад’язджаю! Паколькі здымаюць Іванавіча…
Ляшчук (з прыкрасцю). Як ён усіх настроіў! Ты чаго ж едзеш?
Таня. Хлопцам цікава — тэхніка! А нам — ручная праца? Пах аміяку ніякім душам не адмыеш. Прыйдзеш на танцы, а хлопцы нос вернуць: «Ферма прыйшла!» (Кінула позірк на Міхася.)
Ляшчук. Так, трэба будаваць комплекс.
Таня. Там таксама: летам уставаць — у чатыры раніцы, апошняе даенне — у дзевяць вечара…
Ляшчук. Значыць, выйсця няма? Закрываем сельскую гаспадарку!.. Ну, а абавязак? Камсамолка?
Таня. Вы ж не засталіся ў вёсцы!
Ляшчук (усміхнуўся). Зубастая! А можа, мне даручылі іншае?.. Валянціну ведаеш?
Таня. Пляменніцу старшыні?
Ляшчук. Замужам? Не? Якія песні яна спявае? (Памаўчаў.) А раней спявала. І як спявала…
Таня. За што вы здымаеце Пятра Іванавіча? Наш калгас лепшы за суседні!
Ляшчук. Калі я працую дрэнна, а сусед яшчэ горш, значыць, я перадавік? Арыентавацца трэба на ўзровень, які мог бы быць, павінен быць! Мне самому яго шкада. Але… (Пайшоў.)
Да Тані падыходзіць Міхась, сарамліва глядзіць, бянтэжыцца. Таня з усмешкай пазірае.
Міхась. Іванавіч сказаў, каб я ўзяў паўкабана.
Таня. Паўкабана? Бяры пілу, злаві кабана і пілуй… Табе трэба на склад. Што ты тут топчашся?
Выцершы ўспацелы лоб, Міхась выходзіць. Таня задуменна глядзіць услед. Вяртаецца Зязюля.
Зязюля. Чыя гэта машына пыліць? О, гэтага яшчэ не хапала…
Набліжаецца шум легкавой машыны, адчыніліся і ляпнулі дзверцы. З’яўляецца Таіса. Таня пайшла.
Звар’яцела! На таксі? Толькі ўрачы могуць сабе гэта дазволіць!
Таіса (цмокнула яго ў шчаку). Дарэчы, заплаці за машыну.
Зязюля дастаў бумажнік, выйшаў за кулісу. Аддаляецца шум машыны. Вяртаецца Зязюля, разглядае апусцелы бумажнік, круціць галавой, хавае ў кішэню.
Зязюля. Аднак!
Таіса. Дык вось яна, Галынка! (Не ідзе — ляціць.)
Зязюля. Па грыбы, па арэхі?
Таіса. Водпуск! Магу я распараджацца, як мне хочацца?
Зязюля (кісла). Рады табе страшэнна!
З памяшкання выходзіць Харытончык, убачыў жонку, ад нечаканасці спыніўся. Таіса яго не бачыць.
Таіса. Займайся справамі. Я кошка, якая сама па сабе… Прывезла таблеткі — сёння спатрэбяцца… Па адной тры разы.
Зязюля неадрыўна глядзіць на Харытончыка. Таіса павярнулася.
Харытон? О-ля-ля!
Харытончык (нервова). Добры дзень, Таіса. Як дачка?
Таіса. У парадку. Не мог выбраць другі калгас?
Харытончык (уздыхнуў.) Былі такія сваты, што нельга было адмовіцца.
Таіса (паглядзела на яго з пагардай). Зразумела! Працягвайце, хлопчыкі, свае гульні. Хачу наведаць хворых. Бранзалет?
Зязюля. Нашу, нашу. (Паказаў.)
Таіса, напяваючы, пайшла. Мужчыны глядзяць адзін на аднаго.
Харытончык (горка пажартаваў). Раней былі дуэлі.
Зязюля. Я прывёз цудоўнае чэшскае піва! І таранку. Хто больш вып’е?
Харытончык. Кідаеце пальчатку?
Зязюля і Харытончык п’юць піва.
Зязюля. А ракаў у нас — кошыкамі! Табе тут спадабаецца. Харытон, я пакажу ўсе слабыя месцы гаспадаркі. Раскажу, на чым можна пагарэць, страціць рэнтабельнасць… Пі піва.
Харытончык (хвалюецца). Дзякуй, я шмат не п’ю!
Зязюля. А я алкаголік, так?.. Калі не раскрыць тайную механіку, маленькія хітрыкі — у трубу! Але — адна ўмова. Дакладней, просьба. Не згаджайся на комплекс, пакуль не адбудуеш КБА, кацельню, водаправод…
Харытончык (разглядае бранзалет на яго руцэ). Гэта так важна?
Зязюля. Інакш людзі пастаянна будуць успамінаць мяне. А табе з імі працаваць.
Харытончык. Не абяцаю. У мяне свае планы. (Раптам узяў бутэльку каньяку, адкаркаваў, пачаў шчодра разліваць у шклянкі.)
Зязюля. Ці варта? Наперадзе работа.
Харытончык (не звярнуўшы ўвагі, залпам выпіў). Пётр Іванавіч, вы прыйшлі потым… Але… Ці можаце… Чаму пайшла? Горача кахаў…
Зязюля (уважліва паглядзеў, пакруціў калматай галавой). Я толькі ведаю, што паважае. А чаму пайшла — думаю, і сама… Жанчыны!
Харытончык (усміхнуўся). Паважае… (Разбіў шклянку.)
Зязюля. Ого! Ха… Харытон, табе патрэбен вопытны лоцман. Стаўлю яшчэ дзве бутэлькі піва. Вазьмі намеснікам.
Харытончык. За дзве бутэлькі?
Зязюля. Тры бутэлькі! Намеснік-кансультант.
Харытончык. І за пяць не згодзен. У адной гаспадарцы нам будзе цесна.
Зязюля. Каб не прыйшлося табе пашкадаваць… Такое піва рэдка дзе знойдзеш.
Вечар. Па ўсім сяле гучыць музыка. Раптоўна яна абрываецца, і звонкі дзявочы голас аб’яўляе: «Увага! Праз трыццаць мінут у Доме культуры пачнецца справаздачна-выбарны сход праўлення калгаса». Зноў гучыць музыка. Насустрач адна адной ідуць пажылая сялянка Кацярына і Таня, яе дачка.
Таня. Мам, ты куды?
Кацярына. Хацела выступіць, а трэба на ферму.
Таня. Хочаш, зноў падмяню?
Кацярына. Не, дачка. Ідзі, паслухай, як з’елі чалавека, потым раскажаш.
Таня. Лешч пытаўся пра Валянціну, цікавіўся…
Кацярына. Сапсаваў дзяўчыне жыццё, а цяпер соль на рану…
Таня. Што ў іх было?
Кацярына. Усё было. Вяселле намячалася. Але аднойчы паехаў на семінар, а адтуль ужо не вярнуўся. Таму што знайшоў сабе кралю. Ды не простую, а дачку начальніка. Як угору пайшоў!
Таня. Здольны!
Кацярына. Здольных шмат. Падтрымку займеў!
Таня. Не веру! У яго сумленныя вочы.
Кацярына. Дурная ты яшчэ.
Таня. Калі б галава ў яго не працавала…
Кацярына. Хто без галавы? Інстытутаў хапае. А вось сэрца — не ў кожнага… Яго інстытут не заменіць. Памятаю, Іванавіч атрымаў шыфер — тады так цяжка было дастаць! Пачаў раздаваць людзям. Падскоквае адзін, у галіфэ: «Ты што робіш? Пад суд захацеў?» А Іванавіч: «Калгас — гэта людзі…» Лешч хіба б так зрабіў? Як падумаю, што здымаюць, — выць хочацца.
Таня. Мама, ты павінна пайсці на сход!
Кацярына (пакруціла галавой). Што гэта зменіць?
Маці і дачка разыходзяцца. Да Бондара накіроўваецца Зязюля, аглянуўся.
Зязюля. Лукіч, сёння сход не павінен адбыцца.
Бондар. Што?!
Зязюля. Ты стары партызан… Вырубі святло… Арганізуй што-небудзь на ферме! Любое ЧП!..
Бондар. Звар’яцеў?! Ты дзе жывеш?
Зязюля. Мне вось так патрэбен заўтрашні дзень! (Правёў рукой па горле.) Колькі ў маім жыцці было пустых, бескарысных дзён! Усё аддаў бы за адзін заўтрашні дзень…
Бондар. Цябе не турбуе твой лёс?!
Зязюля (пакруціў галавой). Вырашаецца лёс калгаса — якім яму быць заўтра!
Бондар. Прадумаў выступленне?
Зязюля. Я быў заняты з аграномам.
Бондар. Не падрыхтаваў даклад?!
Зязюля. Перажывуць. Ну?
Бондар (памаўчаў). Памятаю, перад боем, калі нас акружылі ў лесе, страху не было. Бязлітаснасць, жаданне змагацца!
Зязюля. З кім? Хто мае ворагі?
Бондар. З няпраўдай.
Зязюля. Дамовіліся? Усё аддам! За адзін дзень!
Бондар. Лепш пагавары з людзьмі — паразважай уголас. Пра сумленне. Пра сэнс жыцця. Што галоўнае?..
Зязюля. Шмат гаворым! Лукіч, ёсць шанс забіць мядзведзя… Зрабі! (Убачыў дзяўчыну.) Таня!
Дзяўчына падыходзіць.
Ты што — ад’язджаеш?
Таня. У горадзе ў нас цётка.
Зязюля. Справа, вядома, твая. Але ўцякаць ад свайго шчасця…
Таня. Вы пра што?
Зязюля. Пра Мішу.
Таня. Што ж ён не гаворыць?
Зязюля. Калгасу пашанцавала на галоўнага інжынера. Далёка пойдзе! Усё ў цябе, Таццяна, будзе ў горадзе. А вось хлопца такога можаш і не сустрэць… Пойдзем, Лукіч. Гэта мая апошняя просьба.
Пакінуўшы разгубленую дзяўчыну, яны адыходзяць.
Вечарэе. Па вуліцах і завулках, па дарогах і сцяжынках збіраюцца калгаснікі на сход. То тут, то там узнікаюць групы, людзі абмяркоўваюць, спрачаюцца, пераходзяць ад адной групы да другой, кожнаму хочацца паслухаць, што гавораць і тут, і там.
Пажылая жанчына. Жыццё старшыні, Таіска, на віду. Як бы ні стараўся, людзі ўсё бачаць, усё пра цябе ведаюць. Як перад Богам — за ўсе гады Іванавіч не ўзяў лішняй капейкі!
Таіса. Раскажыце пра гэта на сходзе.
Пажылая жанчына. Авой, дачушка, столькі людзей!
Падыходзіць Карпук.
Карпук (з пагрозай). Я раскажу. Доўга чакаў!
Таіса. І што вы скажаце?
Карпук (уважліва паглядзеў). Вы, доктар, жывяце ў горадзе. Пасварыліся з начальствам — перайшлі ў другую бальніцу. А куды дзецца селяніну і як жыць, калі не паладзіў са старшынёй? Хто дасць паліва, камбікорм, машыну або каня? Хто заступіцца?
Пажылая жанчына. Ну, тады я таксама скажу! Але другое!
Падышоў Ляшчук.
Ляшчук. Збіраешся прамову трымаць, Сямёнаўна?
Пажылая жанчына. А, Міхайлавіч!.. Дзе нам! Сёе-тое… Пра што кумекаем…
Ляшчук (паглядзеў на Таісу). Штосьці такіх сімпатычных раней я тут…
Таіса (зірнула на часопіс, які несла жанчына). З рэдакцыі часопіса «Крестьянка». Па пісьму даяркі.
Хтосьці хіхікнуў. Ляшчук не надаў гэтаму значэння.
Ляшчук. А, адразу на баль! Сёння мяняем старшыню.
Таіса. Піў?
Ляшчук. Хто сёння не п’е?
Таіса. Заваліў гаспадарку?
Ляшчук. Перастаў адпавядаць. Самі ведаеце, якія цяпер задачы…
Таіса. А вы — адпавядаеце?
Ляшчук. Гэта вырашаюць іншыя. (Усміхнуўся.) Такія прыгожыя вочы — і суровы характар! Ой, гэтыя масквічкі!
Таіса. Вам патрэбен канфарміст. А калі асоба — з’есці гатовы!
Ляшчук. Што ж, доля праўды… Аркестр тады добры, калі ўсе слухаюць дырыжора. Патрэбен вам гадзіннік, дзе кожнае колца ідзе сваім ходам?
Таіса. Да гэтага часу людзей лічыце вінцікамі?
Ляшчук (усміхнуўся). Адзін-нуль! Пасля сходу не знікайце — будзе вячэра. Прадоўжым дыялог. (Кагосьці ўбачыў.) Рыгор!
Падышоў пажылы здаравяка ў клятчастай кашулі, у пінжаку.
Рыгор. Вітаю, Сяргей Міхайлавіч!
Поціск рук.
Я гавару, дарэмна старшыням далі такую волю. Жартачкі, на тэрыторыі калгаса ён мае больш улады, чым Саўмін! Сапраўды! Любую авантурную ідэю прапануе, праўленне прагаласавала — і ніхто не адменіць… Некалькі гадоў — і чалавек робіцца горшым.
Жанчына ў квяцістай хустцы. Жонку тваю Іванавіч аслабаніў ад кладаўшчыцы за доўгія рукі. Вось ты і зуб на яго…
Рыгор. Я за праўду! А вы — баіцеся!
Жанчына. На каго Бог, на таго і людзі.
Да Рыгора падышоў шыракаплечы мужчына, узяў загрудкі.
Мужчына. Я б табе за Іванавіча, за «сігналы»…
Рыгор. Ты загрудкі не хапай! Ужо нахлябтаўся, наліў бельмы, праслаўляеш калгас!
Мужчына. Так, я выпіў. Таму што добра ў нас ужо не будзе…
Рыгор. Незаменны!
Мужчына. Для нас — незаменны! Табе — любы, хоць з гліны!
Пажылая жанчына. Даўно вайны не было, вось і псуюцца людзі.
Маладая. Адсохні табе, Паліна, язык!
Пажылая. Верка пытаецца: «Баба, а што такое вошы?»
Маладая. Што?
Пажылая. Вошы. Ну, вош, гніда…
Маладая. А! Забіце — не разумею, за што здымаюць!
Пажылая. Памятаеш, як упаўнаважанага прымусіў сесці за руль камбайна? «Ты, дарагі таварыш, папрацуй да вечара, а потым я табе далажу зводку!» Мала было такіх момантаў?
Антонавіч (сутулы, востратвары стары, мудры, хітры). Бабы, а памятаеце, як Іванавіч, тады яшчэ худы, першы раз з’явіўся ў калгасе? Іншыя старшыні ішлі ў кантору, на ферму. А ён — па дварах, з кніжачкай…
Жанчына. Сіненькай…
Антонавіч. Так. І не гаварыў, а пытаўся — як жывяце, у чым маеце патрэбу…
Жанчына. А ведаеце, калі я ў Іванавіча паверыла? Калі пабудаваў лазню! Як мы дагэтуль мыліся? Сорамна сказаць!
Маладая. У начоўках.
Мужчына (з наколкай на руцэ). А мне спадабаліся словы: «У мінулым не корпаюся. Пачынаем новы рахунак добрых спраў».
Гарэзлівы хлопец. Вы ўсе — як на пахаванні… Кузьміч, а памятаеш, як Іванавіч хацеў адправіць цябе ў санаторыю, а ты прыбег з палкай: «Не паеду! Знайшлі дурня! Ведаю, чым там займаюцца!»
Людзі смяюцца. Стары сарамліва пакашлівае.
Жанчына. Смяемся, а хто ведае — як будзе з новым…
Маладая. У суседзяў, у Каменцы, усе разбегліся.
Да Лешчука падышоў Харытончык.
Харытончык. Сяргей Міхайлавіч, калі б гаспадарка была вашай, уласнай, каго б вы прызначылі — мяне ці Зязюлю?
Ляшчук. Ні цябе, ні яго — сам… (У жаху.) Паслухай, ты дзе…
Харытончык. А! Мы дарэмна саромеемся гаварыць — маё. Рана! А Зязюля ўмела выкарыстоўвае псіхалогію людзей у інтарэсах калгаса.
Ляшчук. Зможаш выступіць?
Харытончык (пацешна ўзбіў прычоску, какетліва прыняў позу). Жаніх гатовы. Можаце сватаць.
Ляшчук. Харытон, Харытон! (Нягучна.) Паглядзі на тую жанчыну. Бачыў калі-небудзь такія вочы?
Харытончык (панік, не адразу). Гэта мая жонка. Былая.
Ляшчук. Як?! Ты яе пакінуў?!
Харытончык. Сама пайшла. (Памаўчаўшы.) Шалёная. Але калі б сказала: «Харытон…» Другой такой няма.
Ляшчук. Хіба ў наш час каханне чаго-небудзь вартае?
Харытончык. Калі такая жанчына — многага вартае… Як вы думаеце, калі на гэтай пасадзе я здолею, змагу даказаць… Яна вернецца?
Ляшчук маўчыць. Да іх падыходзіць стары з кійком.
Стары. Новы старшыня? Дай пагляджу… Дзевяты на маім вяку. Э… Слабаваты! Не ў тыя аглоблі ўпрагаешся, сынок. Не пацягнеш, матузы тонкія.
Ляшчук (нервова засмяяўся). Памыляешся, дзед! Харытон Васільевіч такую гаспадарку ўзняў на ногі!
Паяўляюцца Бондар, Вераб’ёў, за імі ідзе Зязюля.
Бондар. Таварышы, заходзьце. Пачынаем сход.
Людзі накіраваліся за імі.
Таіса (нягучна). Жанчыны, як дамовіліся, сядзем разам. Таму-сяму сапсуем свята!
Сцэна пусцее. Гасне святло. Праходзіць вартаўнік, пастукваючы палкай. Вартаўнік вяртаецца, здзіўлена глядзіць.
Вартаўнік. А бо! Гадзіна ночы! Справы… (Выходзіць.)
З’яўляецца Кацярына, насустрач бяжыць Таня.
Таня (пранізліва). Мама! Іванавіча не адпусцілі!
Кацярына. Не адпусцілі? Хто?
Таня. Калгаснікі!
Кацярына (перахрысцілася). Ёсць Бог!
Таня. Што было!
Кацярына. Пачакай, дачушка… А Лешч? Ён так не пакіне! (Засмучана пакруціла галавой.) Пойдзем, раскажаш…
Абедзве пайшлі. Прастору сцэны можна ўмоўна падзяліць на тры часткі, дзе амаль паралельна будуць ісці тры заключныя сцэны першага вечара.
Кабінет парторга. Уваходзяць Бондар, Вераб’ёў, Ляшчук і Харытончык, размяшчаюцца. Вераб’ёў кінуў шапку на стол.
Вераб’ёў (абурана). Чорт ведае, што адбываецца! Райком дае ўказанне зняць, а вы… Хто ні выступіць — фіміям старшыні! Ды яшчэ размовы, колькі мяса і малака даюць асабістыя гаспадаркі!
Бондар. У нас сапраўды так.
Вераб’ёў. Так лічыць — гэта значыць, не разумець сутнасці! Нельга гэтыя працэнты класці ў аснову! Людзі бясплатна карыстаюцца грубымі кармамі, іх жывёла паўгода пасвіцца на грамадскіх землях! А маладняк па ільготнай цане, збожжа?! Урэшце, селянін купляе ў дзяржаўным магазіне прадукты, у тым ліку самы танны ў свеце наш хлеб!.. Прыйдзецца, парторг, зрабіць вывады…
Бондар. Што я? Калгаснікі…
Ляшчук. Не прыкідвайся авечкай! Ты за каго галасаваў?
Бондар. За Зязюлю. Яго я ведаю лепш. Да таго ж прэтэндэнт, Харытончык, быў… падпіты, спаў.
Вераб’ёў. Ды не п’е ён! Ты — супраць пастановы райкома?
Бондар. Райком рэкамендуе, а вырашае сход.
Вераб’ёў. Думаеш, гэта пройдзе табе дарма?
Бондар (памаўчаў, дастаў люльку, але не закурыў). Павел Паўлавіч, спачатку я не выступаў. Хацеў паслухаць іншых. І пераканаўся — райком паспяшаўся.
Вераб’ёў. Ты ўяўляеш, чым гэта для цябе абернецца? Вось што, ідзі да Зязюлі. Няхай адмовіцца. Пісьмова! Інакш…
Бондар. Ноччу? У яго такі сабака!..
Вераб’ёў. Шкада, што табе так весела. Прыйдзецца вярнуцца ў школу. (Зірнуў на гадзіннік, падышоў да тэлефона, набраў нумар.) Алена Мікалаеўна? Прабачце, што так позна. Адбылося нечаканае… Мы яго недаацанілі. На сходзе актыўна дзейнічала група яго прыхільнікаў… Нават з горада выклікаў. Да чаго дайшоў — умудрыўся спаіць Харытончыка… Прапаную — стварыць камісію… Самі прыедзеце? Добра, раніцай я вас сустракаю. (Паклаў трубку, паглядзеў на Бондара.) Заўтра прыходзь з партбілетам.
На другім канцы провада Новікава, у халаце, паклала трубку, паглядзела на гадзіннік, прысела, задумаўшыся.
Муж (падышоў, закурыў). Не вызвалілі Зязюлю?
Новікава (стрымана). Не. Работнічкі!
Муж (пасля кароткага маўчання). Жанчына, што ты мітусішся? Няхай гаспадарыць, няхай багацеюць. Калі калгасы ўдосталь дадуць малака і мяса…
Новікава. Зайздрошчу вам, хірургам!
Муж. Гаварыў — не згаджайся на райком!
Новікава. Не згадзілася б я — першым стаў бы чалавек накшталт цябе, для якога ўсё проста і ясна. Намеціў — і рэж…
Муж. Не разумею — ты баішся яго магутных асабістых гаспадарак? Быў нэп. Патрэба адпала — адмовіліся.
Новікава. І цяпер селяніна не прымусіш працаваць на агародзе.
Муж. Дык што ў Зязюлі?
Новікава. У яго перабор — толькі гэтым і заняты. Не мясам і малаком, а тым, што лягчэй і больш даходна — гароднінай! І на базар! А на фермах надоі ўпалі.
Муж. А па раёне?
Новікава. А па раёне — дзевяць звышбагацеяў… І побач — голыя асабістыя гаспадаркі: ні парасяці, ні курыцы… Што ж далей? Або лепш не бачыць гэтай дысгармоніі? Не думаць?
Муж. Так, дзяўчынка, табе не пазайздросціш! Ты добра ведаеш Зязюлю?
Новікава. Калі мне было гэтым заняцца? Камісія разабралася грунтоўна.
Муж. Калі б я аперыраваў толькі на падставе вывадаў камісіі… О-хо-хо!
Да веснічкаў падыходзяць Зязюля і Таіса. Шырока ўсміхаючыся, насустрач ідзе Міхась.
Зязюля (здзіўлена). Не пасадзілі?
Міхась. І нават кабанчыка не ўзялі! Зайшоў у камітэт камсамола — хлопцы, выручайце!..
Зязюля. А як жа з перадачамі? Міхась, Таня ад’язджае.
Міхась. А што я магу?
Зязюля. Ты мужчына ці не? Я ў твае гады… Спалі мост, перакапай дарогу!.. Калі ўпусціш такую дзяўчыну… Ідзі, яна чакае!
Міхась. Як — зараз?!
Зязюля. Раніцай яна паедзе.
Міхась паспешліва адыходзіць. Зязюля адчыніў веснічкі, прапанаваў Таісе ўвайсці.
Таіса (пакруціўшы галавой). Дай мне машыну.
Зязюля. Зараз?!
Таіса. Раніцай я буду ў абкоме.
Зязюля (развёў магутнымі рукамі). Але Вася, гультай, не любіць уставаць ноччу — маладая жонка…
Таіса. Няўжо не разумееш — заўтра прымчыцца Новікава і правядзе новы сход!
Зязюля. Значыць, да раніцы можна піць-гуляць?
Таіса. Дай машыну!
Зязюля. Прывесці ў дом жанчыну і адпусціць… Ты хочаш падарваць мой аўтарытэт? Ці не зразумела, чаму жанчыны так горача мяне абаранялі?
Таіса. Заўтра мы прайграем.
Зязюля. Праходзь у дом, чырвоны агітатар… Заўтра мы правернем такую аперацыю!.. Лешчуку і не снілася!
Раніца ў дыспетчарскай. Да Тані шпарка накіроўваецца Зязюля.
Зязюля. Зводку па малаку!
Таня падае́. Зязюля праглядае, задаволены.
Таня. Падпішыце. (Падае паперы.)
Зязюля. Коля прыехаў?
Таня. Пакуль не. Вам званілі са знешторга і з таможні.
Зязюля. А машына Мірончыка?
Таня. Абяцаў зрабіць да абеду. (Падае пісьмы.) Просяцца прыняць у калгас. Калісьці паехалі ў горад.
Зязюля (хутка праглядзеў). Вось гэтаму адкажы — калі жонка згодзіцца выхавацельніцай, хай едуць. Кватэру праз паўгода. (Звоніць па тэлефоне, ціха.) Вася, залі поўны бак і чакай мяне за паркам. Нікому ні слова! (Націснуў на рычаг, звоніць.) Вікенцьеўна, выпішы мне каністру мёду (дастаў грошы з кішэні, пералічыў), не, каністру мнагавата… Дзесяць кіло. І сто кілаграмаў яблык, адборных! За кошт авансу… (Паклаў трубку, адчыніў сейф, дастаў дзве каробкі парфумы, панюхаў адну, другую.)
Таня. Ого! Французскія?!
Зязюля. Якія з іх лепшыя?
Таня. Мусіць, гэтыя.
Зязюля схаваў каробку ў партфель, другую паклаў у сейф.
Зязюля. Таня, пазыч мне… рублёў трыццаць, да зарплаты.
Таня. Не падабаецца мне, Пётр Іванавіч, як вы жывяце. Чалавек павінен траціць столькі, колькі зарабляе. (Перадае грошы.)
Зязюля (цяжка ўздыхае). Згодзен, Таццяна, згодзен…
Уваходзіць Міхась.
Загрузілі машыны бульбай?
Міхась. Усё зроблена, як казалі! А вы ведаеце, чым рызыкуеце?
Зязюля. Лепшай сітуацыі, Міхась, не будзе — і абласное, і раённае начальства адсутнічаюць!
Міхась. Дзіўны вы чалавек, Пётр Іванавіч! Вам бы — ніжэй травы…
Зязюля. Э! (Тані.) Не выходзь за яго замуж!
Таня. А хто гаварыў пра замуж?
Зязюля. Я! (Дастаў праект.) Вось праект дома, у якім вы будзеце жыць! Два паверхі, гараж, сауна!.. У самым прыгожым месцы! Над ракой… Калі вы атрымаеце такое ў горадзе?! Таццяна, у каго ў нас у вёсцы самыя прыгожыя кветкі?
Таня. Мусіць, у Юлі.
Зязюля. Папрасі для мяне тры букеты. Таццяна, хто б мяне ні спытаў — не ведаю, недзе ў брыгадах!
Таня. Пётр Іванавіч, а госці?
Зязюля. Што госці? Прыедуць — паедуць. А працаваць — гаспадарам.
Зязюля накіраваўся да выхаду, але ўвайшоў Ляшчук.
Ляшчук. Прывітанне! Ёсць важная размова.
Зязюля (глянуў на гадзіннік). Пяць мінут!
Ляшчук паглядзеў на Мішу і Таню, яны выйшлі.
Ляшчук. Не можаш дараваць мінулага?
Зязюля. Што ты! За тое, што не вярнуўся ў калгас, я гатоў аформіць табе калгасную пенсію.
Ляшчук. Была прычына не вяртацца… Ты лічыш, гэта я пакінуў Валянціну? Спытай яе пра лётчыка.
Зязюля. Гэта мяне не цікавіць.
Ляшчук. Значыць, будаваць не маеш намеру?
Зязюля. Праблеме малака і мяса, дарагі Сяргей Міхайлавіч, я аддаў немалы кавалак жыцця. І мой шматгадовы вопыт падказвае: галоўнае не суперферма, а бялковы баланс, навукова абгрунтаваныя рацыёны…
Ляшчук. Ты ўпэўнены, што адкрыў Амерыку? Праграма адказвае на ўсе пытанні.
Зязюля. Дык што — цяпер і думаць не трэба? (Памаўчаў.) У народа, найбагацейшай скарбонцы мудрасці, — дзесяткі прыказак тыпу: «Малако ў каровы на языку»… А ты вырашыў — пабудуеш для каровы крыштальны палац — будзеш з малаком.
Ляшчук. Зязюля, не трэба дэмагогіі. Для людзей патрэбны нармальныя ўмовы працы! Пакідае моладзь! Шукаюць не клуб, не танцы, а іншыя, сучасныя ўмовы працы!
Зязюля. Палітэканомія, Сяргей, такая штука, што дазваляе з сябе здзекавацца, але нікому гэтага не даруе! Сельская гаспадарка павінна рабіць справаздачу не колькасцю бетону, а колькасцю прадукцыі — мяса, малака, збожжа. Гэта можна атрымаць без гіганцкага будаўніцтва.
Ляшчук (цяжка ўздыхнуў). Чорта з два! Калі-небудзь твае біёграфы напішуць: гэта была глыбокая памылка Зязюлі!
Зязюля. Як у футболе! Усе вучаць. Толькі адказваць за гэтую навуку…
Ляшчук. Зязюля, ваша гаспадарка можа гэта выцягнуць! А ты хочаш адкруціцца мізерам — рэканструкцыяй… (Паўза.) Ці ўжо не думаеш ты, што вырашэнне праблемы — у асабістых гаспадарках?
Зязюля. Не, не думаю. У нашых умовах яны былі і будуць на другім месцы. Але за дваццаць тры гады работы я пазнаў адно з вузлавых і галоўных пытанняў — умелае спалучэнне асабістага і грамадскага. Ты задумваўся, які на душы людзей робяць уплыў кветкі перад сваёй хатай? Яблыкі са свайго саду? Бачыў твары дзяцей, якія гладзяць цяля на двары? Памятаю, на Каляды выносілі хлеб і давалі карове. Дзеці таму і былі дабрэйшыя, што побач заўсёды была жывёла…
Ляшчук. Вось галоўная твая памылка — тэндэнцыя да індывідуалізму! Зязюля, калі ты выгадаваў, выкарміў Карпука, аб якім разумным спалучэнні асабістага і грамадскага можаш гаварыць? Шлях да адасаблення заўсёды быў варожы нашай натуры. Яна тады лічыла сябе шчаслівай, калі жыла для іншых! Давайце ўзбагачацца — не наш лозунг. У свой час ён быў рашуча асуджаны.
Зязюля. Калі ёсць алкаголікі, ці разумна астатнім забараняць піць шампанскае? Тваё параджэнне — Рыгор. Тут яго ўжо нішто не ўтрымлівае — ні дом, ні гаспадарка… Пазайздросціў — вялікія дамы! Якая ў цябе кватэра?
Ляшчук. Нічога асаблівага. Але, здаецца, яшчэ ніхто не ўводзіў ураўнілаўку? Вось візітка. (Перадае.) Будзеш у вобласці, заходзь.
Зязюля. Прыбіральшчыца ў горадзе жыве лепш за мяне і маіх намеснікаў. Не? Ходзіць па асфальце, мае цёплы клазет, гарачую ваду… У яе ніколі не баліць галава — дзе дастаць паліва…
Ляшчук. Зручная ў цябе пазіцыя — за людзей, для іх дабрабыту… А тэхнакрат Ляшчук — за бяздушныя агрэгаты… Ты маеш рацыю. Заўсёды маеш рацыю. Акрамя аднаго выпадку — калі я заходжу ў магазін. Вось там я бачу — Зязюля памыляецца. Моцна!
Зязюля. А на сябе ўзяць віну не хочацца?.. Калі так, сядай на маё месца.
Ляшчук. Лічыш, не мог бы цябе замяніць?
Зязюля (крыва ўсміхнуўся). Не-а.
Ляшчук. Чаму?
Зязюля. Калгас — гэта людзі.
Ляшчук. Так, я людаед… Калгас — гэта сучасная тэхналогія, пародзістая жывёла, энергаўзброенасць! Шмат памяняў бы!
Зязюля. Акрамя адносін да чалавека… Хутка згарэў бы!
Ляшчук. Думаеш?
Зязюля. Сёння на сяле псіхалогія важней за тэхналогію. «Без асабістай зацікаўленасці нічога не атрымаецца. Трэба здолець зацікавіць».
Ляшчук. Спрэчна!
Зязюля. Ленінскія словы. (Глянуў на гадзіннік.)
Ляшчук (узняў рукі). Здаюся. Перад адыходам зрабі добрую справу. Падпішы паперы. На комплекс. Тэрмінова — год страцім!
Зязюля. Спяшаешся?
Ляшчук. Заўтра гэта зробіць Харытончык. Ты ж ведаеш Новікаву!
Зязюля. Хрэн з вамі… Скрынку каньяку!
Ляшчук (пільна паглядзеў). Гэта вы, старшыні, людзі багатыя. Бутэльку, так і быць… Месца лепшае падшукаем.
Зязюля. Мне і тут някепска.
Ляшчук. Ты яшчэ на штосьці спадзяешся?! Ну-ну! (Азірнуўся.) Зязюля, я мог бы… усё перайграць. Цяжка, але паспрабую. Угаварыць Новікаву, уладзіць у абкоме…
Зязюля. Што за гэта?
Ляшчук. Подпіс і пячатку.
Зязюля. Здзелка веку?
Ляшчук (не адразу). Гэты эксперыментальны комплекс дарабляўся маім прафесарам. У яго два інфаркты. Калі ён даведаецца…
Зязюля. Ганебная тактыка раёншчыкаў — любой цаной любое мерапрыемства!
Ляшчук (з гневам). Ну, глядзі! Галаву пакладу, але ты тут не застанешся!.. Бачыш? Райкомаўская «Волга»!
Зязюля. Што ж, ідзі сустракай.
Ляшчук. А ты?!
Зязюля. Мне трэба… банкет рыхтаваць.